Душэўнае свята для ветэранаў

Мы любім навагоднія святы за тое, што яны дораць нам асаблівы настрой і непаўторную атмасферу. Але галоўнае — гэта магчымасць адчуць цеплыню чалавечых сэрцаў, а таксама агарнуць дабрынёй і любоўю іншых. У гэтыя чароўныя дні выхаванцы Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі дарылі сваю творчасць і ўвагу жыхарам гарадскога дома-інтэрната “Світанак”.

Гарадскі дом-інтэрнат для ветэранаў вайны і працы “Світанак” адкрыўся ў 2010 годзе ў пасёлку Траскоў­шчына Мінскага раёна. Сёння тут 87 жыхароў — гэта людзі, якія сваімі подзвігамі і шчырай працай стваралі гісторыю і дабрабыт нашай краіны. Сярод іх нават ёсць ветэран, удзельнік Вялікай Айчыннай вайны, які 3 ліпеня 1944 года адным з першых уехаў на танку ў Мінск падчас вызвалення сталіцы ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Дастойныя людзі тут жывуць у годных умовах, ім прада­стаўляецца жыллё, харчаванне, медыцынскае абслугоўванне.

 — Жыхары дома-інтэрната добра забяспечваюцца дзяржавай, — расказвае Алена Міхайлаўна Варывончык, дырэктар дома-інтэрната “Світанак”, — але, акрамя матэрыяльных рэчаў што­дзённага камфорту, ім патрэбны ўвага, клопат, дабрыня і пазітыўныя эмоцыі. Таму яны вельмі рады гасцям і асабліва дзецям.

І сапраўды шчырай радасцю была напоўнена зала, дзе сабраліся ветэраны для сустрэчы з юнымі гасцямі. Выхаванцы Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі выступалі тут упершыню і адчувалі вялікую адказ­насць.

— Гэта будзе самае душэўнае выступленне, па-дамашняму цёплае. І я рада, што магу павіншаваць са святамі лю­дзей, якія так многа для нас зрабілі, нашых ветэранаў, — гаворыць Ліза Акуліч, выхаванка НЦМТДіМ.

Сваю творчасць ветэранам дарылі ўзорны харэаграфічны ансамбль “Дзіця свету”, харэаграфічны ансамбль “Смайлікі”, ансамбль сучаснай харэаграфіі “Натхненне”, выхаванцы аддзялення эстраднага вакалу і тэатра юнацкай творчасці. Праграма атрымалася разнастайнай, а завяршылі яе віншаванні Дзеда Мароза і Снягуркі, у ролі якіх выступілі супрацоўнікі НЦМТДіМ.

— Мне вельмі спадабалася, я люблю канцэрты, творчыя выступленні, сама некалі выступала ў самадзейных калектывах, — дзеліцца ўражаннямі Галіна Рыгораўна Жыранчук, жыхарка дома-інтэрната. — А выступленні дзяцей люблю больш за іншыя, бо яны асаблівыя, шчырыя. Мы ўсе вельмі ўдзячны, што дзеці зрабілі нам такі падарунак, і што наогул не забываюць нас.

Педагогі НЦМТДіМ адзначаюць, што такія мерапрыемствы — гэта не проста добрая справа, але і выхаваўчая работа. Дзеці вучацца павазе да старэйшых, разумеюць значнасць дабрачыннасці і каштоўнасць добразычлівых чалавечых зносін. Верагодна, гэтая навагодняя акцыя стане пачаткам узаемадзеяння паміж домам-інтэрнатам “Світанак” і НЦМТДіМ, аб наступнай сустрэчы, 23 лютага, дзеці з ветэранамі ўжо дамовіліся.

Дар’я РЭВА.
Фота аўтара.

Усё робіцца дзеля людзей

Сродкі на падтрымку старых і дзяцей павінны расходавацца максімальна эфектыўна. Такую задачу Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка паставіў, наведваючы ў Стаўбцоўскім раёне Мікалаеўшчынскі дом-інтэрнат для ветэранаў вайны, працы і інвалідаў.

Прэзідэнту, у прыватнасці, далажылі аб развіцці сістэмы сацыяльнага абслугоўвання грамадзян пажылога ўзросту і інвалідаў у рэспубліцы, розных формах работы ў гэтай сферы. “Вядома, добра, што ёсць розныя формы падтрымкі старых людзей. Але трэба падумаць над тым, каб неяк сістэматызаваць тое, што ёсць”, — сказаў кіраўнік дзяржавы, звяртаючыся да міністра працы і сацыяльнай абароны Валерыя Малашкі.

“Дзяржава павінна падтрымліваць старых і дзяцей. Гэтым і вызначаецца сацыяльная дзяржава. Але ў гэтым плане павінна быць аптымальная сістэма і структура, каб больш сродкаў ішло непасрэдна на старых і дзяцей”, — заявіў беларускі лідар.

Бізнес у Беларусі павінен больш актыўна ўдзельнічаць у дабрачыннасці і падтрымцы старых і дзяцей, адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Паводле слоў прэзідэнта, у гэтым пытанні ёсць станоўчы замежны вопыт. Ён даручыў прапрацаваць адпаведныя напрамкі і ў Беларусі. “Калі ты багаты чалавек, калі ў цябе мінімум мільён долараў у год даходу, чаму ты не можаш займацца гэтай дабрачыннасцю (зразумела, і падаткі заплаціў, і іншае), — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Прадумайце гэтае пытанне. Можа, і абавязалаўкі нам не трэба ўводзіць. Проста папрасіць людзей, сарыентаваць іх на гэта, і людзі будуць пакрыху даваць гэтыя грошы. Самі ж будуць старымі. І не факт, што шмат грошай да такога ўзросту застанецца”.

Прэзідэнт падкрэсліў, што дапамога старым і дзецям не павінна быць эпізадычнай, па нейкіх асобных падставах ці святах, а павінна праводзіцца на пастаяннай аснове. “Каб быў нейкі фонд. Аж да таго, што яны няхай самі кантралююць гэты фонд. Але трэба падумаць, як гэта зрабіць”, — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.
Кіраўнік дзяржавы, тлумачачы прычыны апошніх кадравых назначэнняў у кіраўніцтве Адміністрацыі прэзідэнта, якія сведчаць аб упоры на сацыяльны блок, падкрэсліў: “У любой дзяржаве, а мы дэкларуем сацыяльна арыентаваную дзяржаву, дзяржаву для народа, галоўнае — гэта людзі. Усе гэтыя, як я часта кажу, гайкі, балты, эканоміка тады нечага каштуюць, калі гэта робіцца дзеля людзей. Калі робіцца не для людзей, то не патрэбна і такая эканоміка, і не трэба такая дзяржава народу. Таму ўсё дзеля людзей”.

Аляксандр Лукашэнка запэўніў, што і ў далейшым сацыяльным пытанням у краіне будзе ўдзяляцца самая пільная ўвага.

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ў час наведвання Мікалаеўшчынскага дома-інтэрната для ветэранаў вайны, працы і інвалідаў, адказваючы на пытанне журналістаў, ці ёсць падарунак, які марыць атрымаць кіраўнік дзяржавы, адказаў: “Так, ёсць — гэта $500 у сярэднім (сярэдняя зарплата па краіне. — Заўв. БелТА.). Гэта быў бы для мяне падарунак, я аб гэтым мару”.

Пры гэтым прэзідэнт падкрэсліў, што для дасягнення названай мэты трэба прыкласці каласальныя, неймаверныя намаганні.

“Хто ў гэта не верыць — мне шкада. Хто павінен гэта зрабіць, але не хоча, — з імі мы расстанемся. Чаго б нам гэта ні каштавала, мы будзем ісці да такой мэты”, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

У кіраўніка дзяржавы таксама пацікавіліся, якая падзея ў насычаным 2016 годзе аказала або акажа на краіну найбольшы ўплыў. “Самай галоўнай падзеяй стала тое, што ліхалецце і няшчасці мінулі нашу краіну”, — заявіў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка таксама адзначыў у якасці важнай падзеі той факт, што ў Беларусі ў 2016 годзе нарадзілася больш дзяцей, чым у папярэднія гады суверэннай гісторыі краіны. “І мы перавысілі ўжо смяротнасць. Значыць, мы прыбаўляем”, — адзначыў прэзідэнт.

Фота Мікалая ПЯТРОВА, БелТА.

Унукі па перапісцы

Неяк раніцай выхаванка Гомельскага дзіцячага дома Вераніка Кудрыс прачнулася знакамітасцю, стаўшы гераіняй тэлевізійных рэпартажаў і матэрыялаў газет. Невялічкая акцыя, якую аднойчы задумала дзяўчынка, перарасла ў цікавы рэгіянальны праект пад назвай “Унукі па перапісцы”.

Сутнасць акцыі заключаецца ў пісьмах, якія дзеці пішуць адзінокім бабулям, дзядулям і тым, хто пражывае ў дамах-інтэрнатах для састарэлых і інвалідаў.

“Унукі па перапісцы”, па сутнасці, з’ява не новая, у многіх краінах праекты накшталт гэтага даўно сталі добрай традыцыяй, якая дазваляе адзінокім людзям адчуваць радасць зносін і сяброўства. Таму ідэя Веранікі хутка была падхоплена і выведзена на абласны ўзровень. Падобны праект дае магчымасць не толькі звярнуць увагу на праблему адзінокіх састарэлых людзей, але і служыць выхаванню падрастаючага пакалення.

Старт сацыяльнаму праекту далі актывісты валанцёрскага атрада “Рэха” пярвічнай арганізацыі БРСМ Гомельскага дзіцячага дома пры падтрымцы абласнога камітэта маладзёжнай арганізацыі. На мінулым тыдні атрадаўцы наведалі сваіх старэйшых сяброў па перапісцы з Дуянаўскага дома-інтэрната, што ў Гомельскім раёне, з якімі абменьваліся пісьмамі ўжо на працягу некалькіх гадоў. Першая сустрэча аказалася цікавай і змястоўнай: дзеці шмат гутарылі і ўспаміналі розныя моманты з жыцця, якімі дзяліліся падчас перапіскі. Многія жыхары дома-інтэрната прынеслі пісьмы на гэтую сустрэчу. Здавалася, яны памятаюць кожны радок, напісаны “ўнукамі”.

У аўтара акцыі Веранікі Кудрыс у Дуянаўскім доме-інтэрнаце цяпер ёсць дзядуля Анатоль Пракопавіч. “Гэтыя пісьмы дарагія таму, што ў іх пачуцці, эмоцыі і, калі ты чытаеш радок за радком, яны перадаюцца і табе”, — дзеліцца ён. У другой выхаванкі дзіцячага дома, сямігадовай Розы, у доме-інтэрнаце зараз — два блізкія чалавекі. Дзяўчынка сустрэлася са сваім названым дзядулем і вельмі пасябравала з 40-гадовым інтэрнацкім жыхаром з абмежаванымі магчымасцямі.

Арганізатары плануюць распаўсюдзіць гэты рух ва ўсёй Гомельскай вобласці. Упор робіцца на моладзь, але стаць удзельнікамі сацыяльнага праекта могуць усе жадаючыя.

Першая сустрэча сяброў па перапісцы прынесла мноства эмоцый як дзецям, так і дарослым. Малодшае пакаленне, дарэчы, прыехала не з пустымі рукамі. Актывісты валанцёрскага атрада “Рэха” прывезлі з сабой пісьмы ад іншых выхаванцаў дзіцячага дома і падрыхтавалі невялічкі канцэрт. Завяршылася сустрэча сумесным чаяваннем. Развітваючыся, пажылыя людзі і дзеці выказалі надзею на хуткую чарговую сустрэчу, якая запланавана ў снежні.

Наталля ЛУТЧАНКА.

Падарыць свята дзецям

Да Новага года і Каляд Мінская гарадская арганізацыя БелАДДІіМІ правяла акцыю “Падары дзецям дабро”, у якой прынялі ўдзел сем’і, якія выхоўваюць дзяцей-інвалідаў. Яны сабралі падарункі для выхаванцаў Чэрвеньскага дома-інтэрната для дзяцей-інвалідаў і маладых інвалідаў з АПФР і для дома-інтэрната для дзяцей-інвалідаў з АПФР, што размешчаны ў пасёлку Навінкі пад Мінскам. Такая святочная акцыя прайшла ўпершыню, таму адчуванні ў бацькоў-дабрачынцаў і іх дзяцей былі самыя незвычайныя — на гэты раз яны выступілі ў ролі тых, хто робіць дабро дзецям, якім у жыцці пашанцавала яшчэ менш, бо яны не маюць сваёй сям’і.

“Сэнс акцыі — падтрымаць дзяцей, якія растуць без бацькоў, падарыць ім прыемныя хвіліны, хоць кропельку цяпла і клопату ў гэтыя святочныя дні, якія яны праводзяць у інтэрнаце, — заўважыла Алена Новік, старшыня Мінскай гарадской арганізацыі БелАДДІіМІ. — У акцыі прынялі ўдзел бацькі з усіх першасных раённых арганізацый Мінска. Мы ўбачылі, наколькі яны спагадлівыя і чулыя, падчас акцыі праявіліся ўсе іх лепшыя якасці. У дзіцячых дамах нас сустракалі шчыра і гасцінна. Мы размаўлялі з выхаванцамі нефармальна. Яны з гонарам паказвалі свае ўпрыгожаныя навагоднія ёлкі, чыталі вершы, радаваліся нашым падарункам. У Чэрвеньскім доме-інтэрнаце дзеці нават самі перанеслі падарункі з мікрааўтобуса прама пад ёлку. Падарункі былі асобна для хлопчыкаў і для дзяўчынак. Гэта самыя розныя канцтавары, у тым ліку фламастары, алоўкі і крэйдачкі, прадметы гігіены — зубная паста і шчотка, мыла, а таксама вязаныя шапачкі, рукавіцы, шалікі, хустачкі, мяккія цацкі і, канечне, салодкае — шакаладкі, цукеркі. У адказ мы атрымалі шмат удзячнасці і радасці!”
У Мінскую гарадскую арганізацыю БелАДДІіМІ ўваходзяць 750 сем’яў. У кожным раёне сталіцы для іх была прадугледжана свая навагодняя праграма. Акрамя таго, Алена Новік паведаміла, што традыцыйна ў канцы года іх арганізацыя праводзіць ранішнік для маленькіх дзетак-інвалідаў і навагоднюю дыскатэку для старэйшых з удзелам прафесійных музыкантаў і спевакоў — сёлета іх вітаў клуб “Рэпаблік”. У святочныя дні дзяцей і маладых людзей-інвалідаў гасцінна сустракаюць у Батанічным садзе і на дзіцячай чыгунцы. На ўсіх дабрачынных мерапрыемствах іх падтрымліваюць валанцёры з грамадскага аб’яднання “Альтэра”. Валанцёры ў ролях Дзеда Мароза і Снягуркі таксама наведваюць і дораць падарункі тым, хто прыкаваны да ложка або проста не можа па стане здароўя прыйсці на свята.
“Калі мы праводзім акцыі, дабрачынныя мерапрыемствы ў падтрымку асаблівых дзяцей і маладых людзей, то стараемся запрашаць да ўдзелу і іх звычайных равеснікаў, — падкрэслівае Алена Новік. — Важна не вылучаць людзей з АПФР у асобную катэгорыю і заўсёды памятаць, што ўсе людзі роўныя, толькі ў кожнага свае магчымасці”.

Надзея ЦЕРАХАВА.