У атмасферы добразычлівасці і душэўнага камфорту

Юрацішкаўскі яслі-сад — сярэдняя школа Іўеўскага раёна добра вядомы не толькі ў Гродзенскай вобласці, але і ў рэспубліцы найперш дасягненнямі навучэнцаў і настаўнікаў, паспяховай рэалізацыяй інавацыйных адукацыйных праектаў. Сёлета тут пачаты новы праект па рэалізацыі мадэлі дапрофільнай падрыхтоўкі навучэнцаў. Пра сутнасць гэтага інавацыйнага праекта, асаблівасці арганізацыі адукацыйнага працэсу, а таксама сакрэты кіравання педагагічным калектывам нашаму карэспандэнту расказвае дырэктар установы Вольга Эдвардаўна ЧАСНОЎСКАЯ — чалавек ініцыятыўны, энергічны, творчы, аптыміст па натуры, патрабавальны да сябе і да навакольных.

— Вольга Эдвардаўна, чым быў адметны мінулы год для вашай установы адукацыі?

— Кожны пражыты год унікальны і непаўторны. 2016 год — год новых узлётаў, адкрыццяў і дасягненняў. Для кожнага педагога галоўная перамога — гэта поспехі яго навучэнцаў. Па якасці ведаў наш вучэбна-педагагічны комплекс займае чацвёртае месца сярод устаноў адукацыі Іўеўскага раёна (сярэдні бал — 7,34, што вышэй за раённы). У сёлетнім навучальным годзе навучэнцы заваявалі 8 прызавых месцаў на другім этапе рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах. У скарбонку ўстановы дабаўляюцца перамогі і на абласных этапах алімпіяды: у 2016 годзе Вікторыя Крэнь (сёння ўжо студэнтка ВНУ) заняла трэцяе месца на абласным этапе алімпіяды па беларускай мове і літаратуры (настаўніца Н.У.Сілюк). Кацярына Аленцыновіч атрымала грамату Гродзенскага аблвыканкама за дасягнутыя поспехі ў аўдзіраванні на алімпіядзе па нямецкай мове (настаўніца В.В.Арэф’ева). Значная для нас і перамога дзевяцікласніка Вадзіма Казакевіча ў VIII Абласным конкурсе работ даследчага характару “Крыштальная Альфа” — у юнака дыплом ІІІ ступені за работу “Айконімы Юрацішкаўскага сельсавета Іўеўскага раёна” (настаўніца Г.С.Мінаева). Дыплом ІІІ ступені абласнога этапу Рэспубліканскага конкурсу навуковых біёлага-экалагічных работ навучэнцаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі і дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі ў намінацыі “Экалогія раслін і біяіндыкацыя” заваявала навучэнка 11 класа Кацярына Канарская пад кіраўніцтвам настаўніцы хіміі М.І.Палтаржыцкай.

Садзейнічаюць развіццю ў навучэнцаў літаратурных і творчых здольнасцей педагогі вышэйшай катэгорыі А.К.Свякла і Н.У.Сілюк. Прымаючы ўдзел у абласным паэтычным інтэрнэт-конкурсе “У мастацкiм агародзе…”, прысвечаным 120-годдзю з дня нараджэння Кандрата Крапівы, у намінацыі “Байка” навучэнка 7 класа Ганна Капачэўская заняла першае месца, другое — васьмікласніца Алёна Чакавая, трэцяе — навучэнка 9 класа Таццяна Канарская. Першае месца ў Рэспубліканскім завочным конкурсе літаратурных работ “Пасланне настаўніку” заваявала Таццяна Канарская.

На высокім узроўні арганізоўваецца метадычная вучоба не толькі для педагогаў установы, але і раёна, вобласці. Вясной 2016 года ў супрацоўніцтве з загадчыкам вучэбна-метадычнага кабінета Т.В.Бакуновіч на базе ўстановы прайшоў абласны семінар для загадчыкаў і метадыстаў раённых ВМК, якія курыруюць атэстацыю педагагічных работнікаў.

Наша ўстанова славіцца добрай трады­цыяй: штогадовым правядзеннем калядных сустрэч для ветэранаў педагагічнай працы і маладых спецыялістаў устаноў адукацыі Іўеўскага раёна. Старшыня Іўеўскага райкама прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі С.С.Захар з’яўляецца ініцыятарам гэтага свята. Цёплыя сустрэчы ўзнімаюць прэстыж педагагічнай прафесіі і даюць магчымасць мола­дзі пераканацца ў правільнасці прафесійнага выбару. Адзначу лідара прафсаюзнай арганізацыі нашай установы Ж.П.Лукшу, якая ўмее арганізаваць увесь калектыў на актыўны адпачынак, уключаючы экскурсійныя паездкі, традыцыйныя святы ў калектыве з запрашэннем ветэранаў педагагічнай працы.

— Раскажыце, калі ласка, пра свой педагагічны калектыў. Якімі якасцямі павінен валодаць настаўнік, якога вы прымаеце ў калектыў?

— Кожны педагог нашага калектыву — чулы псіхолаг, які не толькі вучыць дзяцей, але і сам гатовы развівацца і вучыцца, павышаць свой прафесіяналізм, імкнуцца да самаразвіцця і самаўдасканалення.

Педагагічны калектыў установы дружны, творчы, крэатыўны. Ва ўстанове працуе 40 педагогаў, 78 працэнтаў з іх маюць вышэйшую і першую кваліфікацыйную катэгорыю, з’яўляюцца сертыфікаванымі карыстальнікамі ІКТ. Прычым уся адміністрацыя школы мае такія сертыфікаты. Сёлета тры педагогі паступілі ў педагагічныя УВА з мэтай павышэння адукацыйнага ўзроўню.

Работа любога педагога не абмяжоўваецца ўрокамі і праверкай дамашняга задання. Некаторыя педагогі актыўна транслі­руюць свой вопыт за межамі ўстановы адукацыі. У прыватнасці, настаўніца замежнай мовы Н.В.Гайдуцкая прадстаўляла ўстанову на раённай навукова-практычнай канферэнцыі педагогаў, па выніках якой стала пераможцай і пасля змагла прыняць уд зел у Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі “Асоба. Адукацыя. Грамадства”. Творчыя настаўнікі-філолагі Н.У.Сілюк і Г.С.Мінаева прадстаўлялі свой вопыт на баркемпе ByProject — 2016, арганізаваным ГрДУ імя Янкі Купалы.

Самаадукацыя педагога з’яўляецца не­ад’ем­най часткай яго дзейнасці, гэта дапамагае яму раскрыцца мнагагранна. Так, выхавальнік дашкольнай адукацыі Т.А.Бычкоўская па выніках правядзення кірмашу педагагічных ідэй устаноў адукацыі раёна, якія забяспеч­ваюць атрыманне дашкольнай адукацыі, узнагароджана дыпломам пераможцы за ўд зел у творчым конкурсе “Палёт ідэй і натхнення” (першае месца ў намінацыі “Майстэрні педагога”, другое месца ў намінацыі “Навагоднія кампазіцыі”).

— Ці папаўняюцца рады вашага калектыву маладымі спецыялістамі? Якая работа вядзецца з імі, каб яны засталіся працаваць у вашай установе?

— Маладых спецыялістаў мы імкнёмся прыцягнуць у нашу ўстанову адукацыі яшчэ на стадыі размеркавання выпускнікоў УВА. Запрашаючы іх на работу, мы прадумваем іх вучэбную нагрузку, прадастаўляем жыллё, прапаноўваем розныя варыянты правядзення вольнага часу.

На першых этапах самастойнай педагагічнай дзейнасці за кожным маладым спецыя­лістам замацоўваецца вопытны настаўнік, аказваецца метадычная дапамога ў вядзенні дакументацыі, падрыхтоўцы да ўрокаў і пазакласных мерапрыемстваў. Радуе тое, што пасля заканчэння педуніверсітэтаў вяртаюцца ў ролі педагогаў былыя навучэнцы.

— Быць кіраўніком няпроста. Не кожны здольны да гэтай дзейнасці. У чым сакрэт вашай праца­здольнасці?

— Адназначна адказаць на гэтае пытанне, на маю думку, немагчыма. Лёгка, таму што любіш сваю справу і верыш у поспех. Побач — надзейная каманда і высокакваліфікаваныя спецыялісты, але самае галоўнае — бачыш станоўчыя вынікі сваёй працы: установа імкліва развіваецца, а навучэнцам, іх бацькам і настаўнікам у ёй камфортна. Складана, бо дзеля агульнай справы часам даводзіцца прымаць жорсткія рашэнні і пры гэтым правільна сябе пазіцыянаваць. Дырэктар — гэта не толькі педагог, адміністратар, гаспадарнік, але і псіхолаг, які рэгулюе чалавечыя адносіны. Ён, як маяк, павінен быць крыніцай святла, умець натхніць ідэяй і павесці калектыў за сабой.

Калі пра работу гавораць “другі дом”, я не бачу ў гэтым мастацкага перабольшання. Тым больш, калі гаворка ідзе пра школу. А наша школа стыльная, утульная, сучасная, чыстая, светлая, але яшчэ важна, які дух пануе ўнутры. Мне як дырэктару ўстановы адукацыі хочацца, каб наша школа была не толькі месцам, дзе вучаць дзяцей, але і прасторай іх паўнацэннага сталення, урадлівым асяроддзем станаўлення паспяховых, шчаслівых і здаровых людзей. А гэта магчыма толькі ў атмасферы душэўнага камфорту і спрыяльнага сацыяльна-псіхалагічнага клімату для ўсіх удзельнікаў адукацыйнага працэсу.

— Што для вас як для кіраўніка важнейшае за ўсё ў школе? Раскажыце, калі ласка, аб прынцыпах сваёй дзейнасці. Як настроіць калектыў на поспех?

— Для мяне ўсё важна: пачынаючы з прышкольнай тэрыторыі і заканчваючы вучэбнымі дасягненнямі. Я дастаткова дакладна планую кожны рабочы дзень, бо ўменне правільна і эфектыўна спланаваць свой дзень так, каб удзя­ліць дастаткова ўвагі бягучым, важным і тэрміновым пытанням, дапамагае ў арганізацыі ўсяго адукацыйнага працэсу.

Яшчэ я імкнуся правільна дэлегаваць паўнамоцтвы, бо кіраўнік у многім залежыць ад каманды, з якой ён цесна працуе. Нездарма ж існуе выказванне, што эфектыўная работа дырэктара правяраецца ў перыяд яго адсутнасці. Мне ў гэтым плане вельмі пашанцавала. Намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Святлана Вітольдаўна Рынкевіч — вопытны, кампетэнтны і ініцыятыўны педагог, яна многа гадоў займае гэтую пасаду. Намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Люцыя Генрыхаўна Каспяровіч працуе на пасадзе толькі першы год, але ў яе вялікі педагагічны стаж. Я ведаю, што на іх выканальніцкую дысцыпліну раўняюцца іншыя члены калектыву. Працаваць з такімі людзьмі — адно задавальненне. Хочацца адзначыць добра спланаваную работу спецыялістаў СППС: педагога-псіхолага М.П.Авіжыч, сацыяльнага педагога Г.С.Канарскай, якія забяспеч­ваюць цеснае ўзаемадзеянне з бацькоўскай грамадскасцю і соцыумам.

Поспех у рабоце ў многім залежыць ад дысцыпліны і парадку, упэўненасці, дакладнага кантролю і аналізу і, безумоўна, ад заахвочвання ініцыятывы і творчасці. У сваёй рабоце прытрымліваюся прынцыпу: “Магчыма ўсё. На немагчымае проста патрабуецца больш часу”. Я рада, што сёння педагагічны калектыў падтрымлівае адміністрацыю ўстановы ва ўсіх пачынаннях, давярае нам.

— Вольга Эдвардаўна, што прыцягвае бацькоў у вашай установе?

— Установу адукацыі наведваюць дзеці з 219 сем’яў. Думаю, што ў асноўным наш комплекс бацькі выбіраюць усвядомлена, бо ў многіх ёсць магчымасць аддаваць сваіх дзяцей у іншыя ўстановы адукацыі. Хутчэй за ўсё галоўную ролю адыгрывае высокапрафесійны педагагічны калектыў, атмасфера добразычлівасці, адкрытасць у зносінах з бацькамі. Любыя пытанні і пажаданні бацькоў улічваюцца пры арганізацыі адукацыйнага працэсу, шмат увагі ўдзяляецца раскрыццю дзіцячых зольнасцей, таленту. Кожны вучань унікальны па-свойму, і асобасны падыход да кожнага дзіцяці дае адчуванне ўпэўненасці і спакою для бацькоў, што садзейнічае ўзняццю іміджу нашай установы.

— Якія асаблівасці мае арганізацыя адукацыйнага працэсу ў вашай школе?

— Асаблівасць нашай установы адукацыі ў тым, што мы з’яўляемся вучэбна-педагагічным комплексам, а гэта значыць, што адукацыйны працэс пачынаецца на ступені дашкольнай адукацыі, таму і прымяняюцца розныя тэхналогіі: ад гульнявых да воблачных. Найбольш часта педагогі выкарыстоўваюць інфармацыйна-камунікацыйныя тэхналогіі, паколькі педагагічны калектыў рэалізоўваў рэспубліканскі інавацыйны праект з 2011 па 2014 год па ўкараненні ма­дэлі інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій у адукацыйным працэсе. Педагогі штогод прымаюць уд зел у Рэспубліканскім конкурсе “Камп’ютар. Адукацыя. Інтэрнэт” і дасягаюць высокіх вынікаў. Так, настаўніца беларускай мовы і літаратуры Н.У.Сілюк у 2014 го­дзе ўзнагароджана дыпломам ІІІ ступені, а ў 2016 годзе выйшла ў фінал гэтага конкурсу.

Павышаная ўвага ўдзяляецца ва ўстанове фарміраванню даследчых навыкаў, прычым пачынаючы з дашкольнага ўзросту. Так, Даніэль Войшніс, калі быў выхаванцам дзіцячага сада, заняў першае месца, а зараз, ужо першакласнік, трэцяе месца ў раённым конкурсе даследчых работ навучэнцаў пачатковых класаў “Я — даследчык” (кіраўнік В.С.Пуцік). Вылучылася летась і дашкольніца Паліна Арэф’ева, якая заняла трэцяе месца ў гэтым жа конкурсе (кіраўнік А.Л.Панцюшкова).

Калі педагог сам імкнецца да даследаванняў, вывучэння новага, нязведанага, то і яго выхаванцы і вучні з задавальненнем уключаюцца ў гэтую работу. А ў выніку павышаецца ўзровень ведаў, самаацэнка, з’яўляецца ўпэўненасць. Ці гэта не радуе?

— Якое месца ў адукацыйным працэсе займае арганізацыя дапрофільнай падрыхтоўкі і профільнага навучання?

— З мэтай павышэння прафарыентацыйнай кампетэнтнасці навучэнцаў і арганізацыі сістэмнай работы педагогаў па аказанні дапамогі ў самавызначэнні старшакласнікаў з 1 верасня 2016 года ва ўстанове рэалізуецца рэспубліканскі інавацыйны праект “Укараненне мадэлі дапрофільнай падрыхтоўкі навучэнцаў ва ўмовах узаемадзеяння ўстаноў агульнай сярэдняй і прафесійнай адукацыі, сям’і і соцыуму”. Асноўная ідэя праекта ў тым, што для паспяховай рэалізацыі профільнага навучання на ІІІ ступені агульнай сярэдняй адукацыі навучэнцы павінны ўмець выбіраць і аргументаваць свой выбар. Значыць, павінна быць арганізавана мэтанакіраваная работа па развіцці навыкаў адукацыйнага, асобаснага і прафесійнага самавызначэння вучняў 5—9 класаў. На працягу падлеткавага перыяду навучэнцы павінны мець магчы­масць паспрабаваць пэўную колькасць розных сацыяльных і прафесійных роляў, без якіх-небудзь абавязкаў па іх прыняцці. Адна з задач педагагічнага калектыву — арыентацыя навучэнцаў на педагагічныя, рабочыя і сельскагаспадарчыя прафесіі ў працэсе ўзае­мадзеяння з сям’ёй і соцыумам.

Прапаноўваецца арганізацыя прафесійных проб навучэнцаў 7—9 класаў, што дазволіць ім скласці ўяўленне аб характары прафесійнай працы людзей на аснове асабістага вопыту. На сёння праведзены дыяг­настычныя даследаванні, па выніках якіх сфарміраваны групы навучэнцаў для правядзення прафесійных проб. Прадугледжваецца арганізацыя тэарэтычных заняткаў па прафесійных блоках, якія адпавядаюць пэўным сферам чалавечай дзейнасці (“чалавек — чалавек”, “чалавек — тэхніка”, “чалавек — вобраз”), і практычных заняткаў па знаёмстве з сутнасцю і асаблівасцямі прафесій гэтага блока. Такая работа арганізоўваецца не толькі ў ВПК, але і ва ўстановах прафесійнай і дадатковай адукацыі, на прадпрыемствах і ў іншых арганізацыях нашага мікрараёна, што значна ўзмацняе рэгіянальны кампанент прафарыентацыйнай работы і прафесійнага выбару навучэнцаў. Паралельна педагогамі разам з бацькамі арганізоўваецца адпаведная работа ў сістэме ўрочнай і пазаўрочнай работы.

У сёлетнім навучальным годзе арганізавана профільнае навучанне ў 10 класе. Навучэнцы на павышаным узроўні вывучаюць матэматыку і беларускую мову.

— Якія праблемы асабліва клапоцяць вас як кіраўніка?

— Для нашай установы існуе пэўная праблема ў замацаванні маладых спецыя­лістаў на сяле. Дзяўчаты выходзяць замуж і з’язджаюць, хлопцы мяняюць месца жыхарства ў пошуках лепшага ў горадзе. Калі б кватэрнае пытанне вырашалася на стадыі размеркавання выпускнікоў, была б упэўненасць у тым, што маладыя спецыялісты застануцца жыць і працаваць у нас.

— Якой бачыцца ваша ўстанова ў будучыні?

— Толькі ўзнімаючы адукацыйны ўзровень навучэнцаў і педагогаў, можна дасягаць пэўных вышынь. А атрымаўшы вынік, ісці наперад па новыя перамогі. Наша ўстанова — гэта саюз захопленых, мэтанакіраваных аднадумцаў — навучэнцаў, бацькоў і педагогаў, якія гатовы працаваць у рэжыме развіцця. Зазіраючы ў будучыню, хацелася б у кадравым складзе бачыць як мага больш сваіх выпускнікоў, якія сваёй працай, прыкладам і адказнасцю навучаць падрастаючае пакаленне прыносіць карысць сваёй малой радзіме.

— Вялікі дзякуй за размову.

Гутарыла Наталля КАЛЯДЗІЧ.

Ірына КІРЫК: “Удзел у інавацыях і захаванне якасці адукацыі — наша галоўная задача”

Гімназія № 3 Барысава заслужана з’яўляецца адной з прэстыжных сярэдніх навучальных устаноў горада. Паглыбленае вывучэнне англійскай мовы, а таксама распрацоўка і рэалізацыя ўласных інавацыйных праектаў надаюць установе яшчэ больш папулярнасці. Нездарма паступаць у гімназію прыходзяць навучэнцы з розных раёнаў горада, але стаць гімназістамі могуць толькі самыя лепшыя.

Пра асноўныя кірункі навуковай дзейнасці, інавацыі, а таксама пра тое, як адбываецца павышэнне якасці адукацыі гімназістаў згодна з запытамі і патрэбамі сучаснага грамадства, нам расказала дырэктар гімназіі № 3 Ірына Валер’еўна КІРЫК.

— Ірына Валер’еўна, што прывяло вас у прафесію?

— Я з сям’і педагогаў і заўсёды ведала, што менавіта з настаўніцкай дзейнасцю будзе звязана і маё жыццё. Мама працавала настаўніцай матэматыкі ў сярэдняй школе № 12 Барысава. Гэтую ж школу заканчвала і я. І адразу пасля навучання ў школе пачалася мая педагагічная дзейнасць. Атрымаўшы сярэднюю адукацыю, я паступіла на завочнае навучанне ў БДУ на геаграфічны факультэт. Адначасова з гэтым працавала піянерважатай у сваёй школе. Пасля вучобы ў БДУ засталася там працаваць, а праз некаторы час стала намеснікам дырэктара па выхаваўчай рабоце. 13 гадоў назад была прызначана дырэктарам сярэдняй школы № 15.

— Гімназіі № 3 усяго 6 гадоў. Раскажыце, калі ласка, якой сёння з’яўляецца ваша навучальная ўстанова?

— У 2008 годзе школа № 15 з паглыбленым вывучэннем англійскай мовы была рэарганізавана ў гімназію № 3 Барысава. І менавіта тады перад намі ўзнікла пытанне захавання кантынгенту навучэнцаў. Нам неабходна было выходзіць на новы ўзровень развіцця. Дзеці ў нас вучыліся і вучацца толькі самыя лепшыя. Яны не падводзяць. Нашы гімназісты штогод прывозяць са шматлікіх алімпіяд і конкурсаў як мінімум 100 дыпломаў.

Увогуле, падрыхтоўка ў гімназіі заўсёды была на высокім узроўні. Штогод мы набіраем 5 першых класаў. Конкурс пры паступленні да нас у 5 клас складае 1,6 чалавека на месца. На сёння ў гімназіі вучыцца 1046 дзяцей.

На цяперашні момант у нашай гімназіі працуюць 99 настаўнікаў, 91,9 працэнта з якіх маюць вышэйшую адукацыю. Першую і вышэйшую кваліфікацыйную катэгорыю маюць 81,9 працэнта настаўнікаў. 100 працэнтаў педагогаў з’яўляюцца сертыфікаванымі карыстальнікамі інфармацыйных тэхналогій. Што тычыцца навучэнцаў, іх дасягненняў у вучобе, то хочацца адзначыць, што ў нас сярэдні бал па ЦТ складае 58,5. Наша вучаніца Дар’я Цябус сёлета атрымала 100 балаў на ЦТ па рускай мове. Акрамя гэтага, на працягу трох гадоў яшчэ адна наша навучэнка Надзея Лазерка перамагала ў Рэспубліканскай алімпіядзе па беларускай мове. На вобласці яна на працягу трох гадоў была першай, а з рэспубліканскага этапу алімпіяды прывозіла тры гады запар дыплом ІІІ ступені. Сёлета наша вучаніца 11 класа Марыя Чапрасава атрымала дыплом ІІІ ступені на Абласной канферэнцыі даследчых работ (кіраўнік работы Юлія Уладзіміраўна Сцяпанава).

— Гімназія № 3 з’яўляецца Асацыіраванай школай ЮНЕСКА. Наколькі неабходны навучальнай установе такія міжнародныя сувязі?

— Дзякуючы таму, што гімназія з’яўляецца Асацыіраванай школай ЮНЕСКА, мы прымалі ўдзел у такіх мерапрыемствах, як, напрыклад, міжнародныя канферэнцыі па мадэляванні ААН сярод школьнікаў GYMUN, Дзень японскай культуры “PRO Японію”, які праводзіцца пры падтрымцы Пасольства Японіі ў рамках фестывалю “Японская восень у Беларусі”. З мэтай грамадзянска-патрыятычнага выхавання гімназістаў восенню 2015 года было наладжана міжнароднае супрацоўніцтва з сярэдняй школай № 5 Надыма (Расійская Федэрацыя). Выкарыстоўваліся інавацыйныя формы зносін з калегамі і вучнямі са школы Надыма: тэлемасты, скайп-канферэнцыі.

— Ваша гімназія першая ў вобласці і адна з першых у краіне пачала развіваць інавацыйныя праекты. Што падштурхнула выкарыстоўваць такое новаўвядзенне ў адукацыйным працэсе?

— На працягу трох гадоў — з 2010 па 2013 — мы прымалі ўдзел у праекце па рабоце з высокаматываванымі навучэнцамі. Калі работа над праектам была завершана, мы даведаліся, што Акадэмія паслядыпломнай адукацыі прапаноўвае новую тэму для інавацыйнай дзейнасці — “Укараненне мадэлі суправаджэння інтэлектуальна адоранай моладзі ў працэсе яе прафесійнага станаўлення”. Нас гэтая тэма зацікавіла. Калектыў падтрымаў ідэю прыняць удзел у праекце. Мэтай нашай маштабнай інавацыйнай работы з’яўляецца фарміраванне ключавых кампетэнцый інтэлектуальна адораных навучэнцаў з дапамогай іх псіхолага-педагагічнага і цьютарскага суправаджэння ў працэсе прафесійнага станаўлення. У 2015/2016 навучальным годзе пасля падрыхтоўчага этапу быў рэалізаваны дыягнастычны этап інавацыйнага праекта, падчас якога была праведзена псіхолага-педагагічная дыягностыка для вызначэння інтэлектуальных здольнасцей і прафесійных задаткаў высокаматываваных і адораных навучэнцаў. Былі распрацаваны 8 індывідуальных маршрутаў і адукацыйных праграм па фарміраванні ключавых кампетэнцый навучэнцаў, а таксама забяспечана псіхолага-педагагічнае і цьютарскае суправаджэнне навучэнцаў.

— Вы ўзгадалі пра адукацыйныя маршруты, па якіх працуюць навучэнцы, уключаныя ў інавацыйную дзейнасць. У чым іх сутнасць?

— Дзеці, якія задзейнічаны ў праектах, працуюць па асобных адукацыйных маршрутах. Гэтыя маршруты яны складаюць разам з бацькамі і настаўнікам. Наш педагог-псіхолаг Лілія Канстанцінаўна Арлоўская праводзіла анкетаванне, вывучала, што цікавіць навучэнцаў. І ўжо на аснове ўсіх даных: інтарэсаў, здольнасцей дзіцяці, запытаў бацькоў, зацікаўленасці навучэнца — складаўся гэты маршрут. Нам было вельмі важна зразумець, што сам навучэнец хоча атрымаць ад удзелу ў праекце, якія веды імкнецца набыць, каб гэта дапамагло павысіць узровень яго ўласнай самаадукаванасці. Паколькі наш праект называецца “Укараненне мадэлі суправаджэння інтэлектуальна адоранай моладзі ў працэсе яе прафесійнага станаўлення”, то ўдзел у ім павінен у будучыні прывесці дзіця да той прафесіі, пра якую яно марыць. Зразумела, каб наблізіцца да сваёй мэты, гімназіст на паглыбленым узроўні вывучае тыя прадметы, якія яму неабходны для паступлення на выбраную спецыяльнасць. Займаюцца дзеці і на факультатывах, і на індывідуальных занятках з настаўнікам.
Псіхалагічнае даследаванне праводзіцца для таго, каб вызначыць першапачатковы ўзровень кампетэнцыі навучэнца. Удзельнічаць у даследаваннях, як правіла, дзеці павінны з 9 класа, але ў гімназіі такое ўзаемадзеянне пачынаецца з 8 класа. І гэта сапраўды важна — як мага раней выявіць, наколькі добра дзеці самі для сябе вырашылі, з якой прафесіяй ім хочацца звязаць сваю будучыню. Настаўнікі бачаць, якія здольнасці мае вучань. А гэта значыць, мы можам, калі навучэнец, напрыклад, не ўпэўнены ў сваім выбары, дапамагчы яму ў самым пачатку прыняць правільнае рашэнне і не дапусціць сур’ёзнай памылкі — выбраць не тую спецыяльнасць.

Калі гаварыць пра педагогаў, то, дзякуючы праекту, яны маглі вызначыць, на якім этапе прафесійнага самавызначэння знаходзіцца дзіця. І ўжо зыходзячы з гэтых даных, спланаваць далейшае развіццё навучэнца. Такім чынам, галоўная мэта настаўніка — зрабіць так, каб дзіця не нарабіла памылак у выбары прафесіі. Дарэчы, дзякуючы праекту, адбываецца развіццё навучэнца як асобы, развіццё яго пэўных кампетэнцый.

Важна, што ў праекце задзейнічаны не толькі настаўнікі, выкладчыкі пэўных дысцыплін, але і педагог-псіхолаг, а таксама загадчык школьнай бібліятэкі. З нашымі навучэнцамі праводзяцца лекцыі, семінары, адбываецца выезд у шматлікія ўстановы вышэйшай адукацыі, дзе дзеці могуць разабрацца з асаблівасцямі будучай прафесіі.

Адметнасцю праекта з’яўляецца тое, што ў ім задзейнічаны не ўсе дзеці. У нас выбраны кантрольная і экспертная групы, сутнасць якіх заключаецца ў тым, што з адной групай займаюцца нашы спецыялісты-выкладчыкі, а другая развіваецца самастойна. Праз пэўны час мы будзем параўноўваць гэтыя групы і ўбачым, ці ёсць эфект ад заняткаў. Будзе зразумела, наколькі важнай у такой сур’ёзнай дзейнасці з’яўляецца падтрымка спецыяліста.

— Як вы лічыце як кіраўнік, ці ёсць сэнс прымушаць настаўнікаў удзельнічаць у інавацыйных праектах, навуковых распрацоўках?

— Безумоўна, каб работа прыносіла поспех, педагог сам павінен быць зацікаўлены ва ўзаемадзеянні з навучэнцамі. Увогуле, далучаць настаўнікаў да работы ў інавацыйным праекце няпроста, таму што гэта патрабуе з боку самога настаўніка дадатковага і вялікага аб’ёму работы. А гэта значыць, што настаўнік павінен мець добраахвотнае жаданне атрымліваць новыя веды і развівацца ў выбраным кірунку разам са сваімі навучэнцамі. Адметнай рысай удзелу ў інавацыйным праекце з’яўляецца тое, што педагог на працягу года рыхтуе педагагічнае даследаванне. Напрыканцы навучальнага года даследаванне выносіцца на абмеркаванне. Разам з гэтым настаўнік выдае пэўную колькасць распрацовак заняткаў, на аснове якіх ён працаваў разам з дзецьмі на працягу навучальнага года. Дарэчы, важным з’яўляецца і тое, што настаўнік павінен весці дзённік, у якім дэталёва будуць распісаны і адлюстраваны праблемы і задачы, якія ставяцца перад навучэнцамі. У гэтым дакуменце павінны таксама быць і вывады наконт таго, ці былі дасягнуты пастаўленыя мэты і што яшчэ неабходна зрабіць, каб палепшыць выніковасць работы.

На лета навучэнцы атрымліваюць заданне ад свайго цьютара, і ўжо на пачатку верасня цьютары і цьютаранты збіраюцца і разам думаюць аб тым, якія праблемы яшчэ хацелася б вырашыць. На аснове гэтага складаюцца новыя адукацыйныя маршруты.

— Якія абавязкі, акрамя непасрэднага ўдзелу ў інавацыйных праектах, ускладваюцца на навучэнцаў, што вырашылі паспрабаваць сябе ў навуковым эксперыменце?

— Калі гаварыць пра навучэнцаў, кожны з удзельнікаў адукацыйнага маршруту складае сваё партфоліа, у якім апісвае не толькі мэты і задачы, пастаўленыя перад сабой. Партфоліа — гэта ўласная творчая скарбонка. Усе дзеці, якія прымаюць удзел у праекце, распрацоўваюць свае маршруты па розных прадметах. Супадзенняў няма. Некаму цікавая матэматыка, хтосьці аддаў перавагу чарчэнню. Карацей кажучы, дзеці робяць усвядомлены выбар.

Зараз ідзе другі этап праекта, а гэта значыць, што цяпер перад намі стаяць новыя мэты і задачы. Плануем, што праз год будзе сабраны ўвесь матэрыял адносна распрацоўкі педагагічных маршрутаў. Такая з’ява ў сістэме школьнай адукацыі, як педагагічны маршрут, для нашай краіны з’яўляецца пакуль што нечым нязведаным. А гэта значыць, што яшчэ адной задачай, якая стаіць перад намі, з’яўляецца распаўсюджванне інфармацыі наконт “пракладвання” гэтых маршрутаў.

У нашай гімназіі зацікаўленасць у рабоце над маршрутамі выказваюць і маладыя педагогі. Напрыклад, педагагічны экалагічны праект пад назвай “Фарміраванне экалагічнай культуры навучэнцаў у працэсе вывучэння зместу прыродазнаўчанавуковых прадметаў” курыруюць педагогі прыродазнаўчанавуковага цыкла. Іх задача — развіваць у навучэнцаў экалагічную культуру. Адным з “рухавікоў” праекта з’яўляецца малады настаўнік фізікі Ягор Аляксеевіч Мандрык, які ў 2013 годзе заняў 2-е месца ў конкурсе “Настаўнік года”.

Яшчэ адной навуковай распрацоўкай, якая аказалася вартай увагі, стаў сацыяльны праект, распрацаваны маладой настаўніцай пачатковых класаў Юліяй Аляксандраўнай Несцярук. Гэты праект заняў 1-е месца ў Мінскай вобласці.

— Ірына Валер’еўна, выканання якіх задач вы як дырэктар патрабуеце ад свайго калектыву?

— Галоўная задача, якую павінен ставіць дырэктар перад сваім калектывам, — гэта захаванне якасці адукацыі, павышэнне якасці ведаў навучэнцаў і ўдзел як педагогаў, так і навучэнцаў у інавацыях. Я ўпэўнена ў тым, што настаўнік усё жыццё павінен вучыцца і сам, а не толькі вучыць дзяцей. Усе навінкі адукацыі мы павінны падхопліваць і ўкараняць у нашай гімназіі. Мы ў сваім развіцці павінны быць заўсёды на крок наперадзе, чым школы. Увогуле, ад дырэктара заўсёды павінны гучаць новыя ідэі, ініцыятывы. І менавіта ад дырэктара залежыць, якая атмасфера будзе панаваць у калектыве. Любы кіраўнік, у падначаленні якога знаходзіцца многа людзей, павінен быць у першую чаргу чалавекам, а пасля ўжо кіраўніком. Усе спрэчныя пытанні, якія ўзнікаюць у калектыве, павінны вырашацца канструктыўна і без канфліктаў.

— Бацькі, збіраючыся аддаваць сваіх дзяцей у 1 клас, імкнуцца знайсці ідэальную ва ўсіх сэнсах установу адукацыі. Як вы лічыце, ці існуюць сёння ідэальныя школы?

— Любой установе адукацыі ёсць да чаго імкнуцца. Я лічу, што ні адна са школ, гімназій не можа быць ідэальнай. Таму што, калі назавёмся ідэальнымі, мы перастанем расці. А гэтага нельга дапускаць. Развівацца павінны і настаўнікі, і вучні, і бацькі. Увогуле, ідэальная школа для кожнага свая. Для бацькоў яна адна, для дзяцей ідэал заключаецца зусім у іншым. А для настаўніка такога паняцця існаваць не павінна. Каб нечага дасягнуць і падняць сваю навучальную ўстанову вышэй за астатнія, трэба, безумоўна, імкнуцца да нейкага ідэалу, а, дайшоўшы да яго, крочыць далей, расці і памнажаць свой вопыт у выкладанні дысцыплін і выхаванні таленавітых і адораных навучэнцаў.

Гутарыла Наталля САХНО.
Фота з архіва гімназіі № 3.

Поспех кіраўніцтва ў сістэмным аналізе

На гэтым тыдні ў Акадэміі паслядыпломнай адукацыі праходзілі курсы павышэння кваліфікацыі для дырэктараў агульнаадукацыйных навучальных устаноў, якія з’яўляюцца інавацыйнымі цэнтрамі. Усяго на сёння ў нас 23 такія цэнтры, якія ў канцы мінулага навучальнага года ўвайшлі ў створаную Асацыяцыю інавацыйных устаноў краіны. Старшынёй асацыяцыі была выбрана дырэктар гімназіі № 1 імя Ф.Скарыны Мінска кандыдат педагагічных навук Наталля Уладзіміраўна Бушная.

Дзейнасць асацыяцыі заклікана аб’яднаць намаганні ўдзельнікаў інавацыйных праектаў, накіраваныя на стварэнне адзінай інавацыйнай адукацыйнай прасторы ў нашай краіне. 1-я гімназія Мінска з’яўляецца інавацыйным цэнтрам па аналітычнай дзейнасці ў сістэме кіравання ўстановай адукацыі, таму ўдзельнікам асацыяцыі інавацыйных устаноў краіны было цікава пазнаёміцца з вопытам арганізацыі кіраўніцкай і аналітычнай дзейнасці гімназіі № 1 імя Ф.Скарыны Мінска і тымі кампетэнцыямі, якія развіваюць прадстаўнікі адміністрацыі гімназіі.

З мэтай вылічэння эфектыўнасці і выніковасці

Увогуле 1-я гімназія — вядомая навучальная ўстанова не толькі ў межах Мінска. Яе ведаюць у краіне і за яе межамі. Навучальная ўстанова з’яўляецца асацыіраванай школай ЮНЕСКА, у ёй штогод, з моманту адкрыцця, праходзіць адкрытая гімназічная навуковая канферэнцыя, тут дзейнічае некалькі клубаў, у тым ліку і бацькоўскі, а таксама бібліятэка імя С.Міхалкова. Гімназія з’яўляецца адным з лідараў алімпіяднага руху, тут штогод рэалізуюцца новыя кіраўніцкія, адукацыйныя і выхаваўчыя праекты, удзельнікамі якіх з’яўляюцца і педагогі, і навучэнцы.

Педагагічны калектыў вельмі разнастайны, але творчы, і нацэлены на вынік. Многія педагогі з’яўляюцца выдатнікамі адукацыі, лаўрэатамі прэміі спецыяльнага фонду прэзідэнта нашай краіны, пераможцамі этапаў конкурсу “Настаўнік года”. У гімназіі працуюць тры настаўнікі-метадысты.

На рахунку навучальнай установы — гранты і прэміі Мінгарвыканкама, узнагароды гарадскога, рэспубліканскага і міжнароднага ўзроўняў. Як заўважыла Наталля Уладзіміраўна Бушная, сёння адбываецца глабалізацыя адукацыі, што павышае канкурэнтаздольнасць настаўнікаў, якія павінны быць інавацыйна-мабільнымі.

“Мы працуем у супярэчнасцях: сістэма адукацыі не паспявае за зменамі, якія адбываюцца ў грамадстве. Мы гаворым пра паніжэнне прэстыжу педагагічнай прафесіі, а ўсё таму, што настаўнікі страцілі манаполію на адукацыю. Цяпер педагог не ўспрымаецца як нейкі абсалют. Сучасныя інфармацыйныя тэхналогіі дазваляюць вучыцца ў любым месцы і ў любы час. І мы павінны падумаць пра тое, як не трансліраваць вопыт папярэдніх пакаленняў, у тым ліку і кіраўніцтва, а як ісці наперад”, — адзначыла дырэктар.

Аналітычная дзейнасць ва ўстанове адукацыі ажыццяўляецца з мэтай вылічэння эфектыўнасці і выніковасці. Аб’ектам аналітычнай дзейнасці з’яўляецца дзейнасць функцыянальных структур, сістэм планавання і кантролю. І аналіз павінен быць сістэмным, паслядоўным, непарыўным і публічным.

Унутраны кантроль

Намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце гімназіі Наталля Уладзіміраўна Целяпун адзначыла, што практыка кіравання школай, гімназіяй паказвае: сістэмаўтваральным звяном у ланцужку кіраўнічых дзеянняў з’яўляецца кантроль, які цесна звязаны з педагагічным аналізам.

“Кантроль дае багатую, сістэматызаваную інфармацыю, паказвае разыходжанне паміж мэтай і атрыманым вынікам, у той час як аналіз дзейнасці ўстановы адукацыі накіраваны на выяўленне прычын, умоў гэтых адрозненняў і адхіленняў. Пры гэтым менавіта даныя ўнутранага кантролю часта з’яўляюцца асновай для правядзення аналізу, бо аналізу падвяргаецца якраз той фактычны матэрыял, які быў атрыманы ў працэсе ўнутранага кантролю”, — сказала Наталля Уладзіміраўна.

Як жа арганізаваны ўнутраны кантроль у 1-й гімназіі Мінска? Тут вызначылі для сябе 9 патрабаванняў у арганізацыі ўнутранага кантролю.

Планавасць (перспектыўнае (гадавое), бягучае (месячнае) і аператыўнае (тыднёвае) планаванне кантролю), сістэмнасць (стварэнне сістэмы правядзення кантролю, якая забяспечвае яго рэгулярнасць, аптымальнасць, усебаковасць), шматбаковасць (ахоп асноўных бакоў дзейнасці гімназіі на працягу навучальнага года), дыферэнцыраванасць (улік індывідуальных асаблівасцей педагогаў у працэсе ажыццяўлення кантролю), інтэнсіўнасць (кантрольная дзейнасць павінна планавацца па вучэбных перыядах з мэтай папярэджання перагрузкі кіраўнікоў і супрацоўнікаў установы адукацыі).

Далей ідзе арганізаванасць (працэдура правядзення кантролю павінна быць дакладна вызначана ў праграме або схеме кантролю, даведзена да ведама правяраемых і павінна строга выконвацца ў адпаведнасці з патрабаваннямі заканадаўства), аб’ектыўнасць (праверка дзейнасці педагогаў на аснове дзяржаўных стандартаў, адукацыйных праграм, а таксама праграм кантролю з указаннем распрацаваных паказчыкаў і крытэрыяў павінна ўлічваць асаблівасці ўмоў, у якіх працуе правяраемы, а таксама асаблівасці яго асобы), выніковасць, або дзейснасць (наяўнасць пазітыўных змяненняў у дзейнасці педагога, метадычнага аб’яднання, устараненне выяўленых у ходзе кантролю недахопаў).

Безумоўна, важнай з’яўляецца кампетэнтнасць правяраючага (веданне ім прадмета і методыкі кантролю, уменне ўбачыць у ходзе кантролю вартасці і недахопы ў працы, прагназаваць развіццё вынікаў кантролю, прааналізаваць з правяраемым вынікі кантролю такім чынам, каб выклікаць у яго імкненне да паляпшэння дзейнасці і хутчэйшай ліквідацыі недахопаў).

“Аналізуючы стан унутранага кантролю ў гімназіі, можна сцвярджаць: ён з’яўляецца тым неабходным звяном, па выніках якога пачынае працаваць функцыя рэгулявання, якая ажыццяўляе неабходныя карэктывы і ў аналітычным працэсе, і ў працэсе планавання і арганізацыі практычнага дзеяння”,— рэзюмавала Наталля Уладзіміраўна Целяпун.

Аператыўны, бягучы і на перспектыву

Яшчэ адзін намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце гімназіі № 1 Мінска Ірына Уладзіміраўна Чарнова спынілася на аналізе метадычнай работы як эфектыўным сродку павышэння кваліфікацыі педагога. Ірына Уладзіміраўна адзначыла, што па характары рашэнняў, якія прымаюцца, на аснове аналізу прынята вылучаць аператыўны, бягучы і перспектыўны аналіз.

“Аператыўны аналіз (тыдзень, месяц) закліканы выяўляць прычыны і ўмовы, якія спрыялі негатыўным праяўленням, і своечасова рэагаваць на іх. Такім відам бягучага аналізу з’яўляецца нарада педагагічнага калектыву пры дырэктары. На нарадзе мы аналізуем вынікі нашых дасягненняў, агульную паспяховасць навучэнцаў і многія іншыя пытанні. Напрыклад, у гэтым годзе ў выніку бягучага аналізу было выяўлена зніжэнне адзнак па матэматыцы ў вучняў 8-х класаў. Настаўнікам-прадметнікам з’яўляецца малады педагог, якому аказалася дастаткова складана ажыццяўляць ацэначную дзейнасць. Каб аказаць яму неабходную метадычную дапамогу, было арганізавана настаўніцтва з боку вопытных калег.

У мінулым навучальным годзе мы сутыкнуліся з такой праблемай: нашы настаўнікі-прадметнікі, якія хацелі б павысіць сваю кваліфікацыйную катэгорыю або пацвердзіць вышэйшую, мелі патрэбу ў метадычных рэкамендацыях па арганізацыі абагульнення педагагічнага вопыту. Для ліквідацыі гэтай праблемы на адміністрацыйнай нарадзе было прынята рашэнне правесці тэарэтыка-практычны семінар і запрасіць прафесара кафедры прыватных методык ІПКіП БДПУ імя Максіма Танка доктара педагагічных навук Віктара Уладзіміравіча Чачота.

Калі ў 2014/2015 навучальным годзе 4 педагогі пацвердзілі вышэйшую кваліфікацыйную катэгорыю, то ў 2015/2016 — 4 педагогі пацвердзілі і 2 атрымалі вышэйшую кваліфікацыйную катэгорыю. Трэба адзначыць, што ў гэтым навучальным годзе плануюць пацвярджэнне катэгорыі настаўнікі, якія раней гэтае пытанне нават не разглядалі”, — расказала Ірына Уладзіміраўна Чарнова.

Мэтай бягучага аналізу (за чвэрць, паўгоддзе) з’яўляецца перыядычная ацэнка бягучых спраў, выяўленне непажаданых адхіленняў і прыняцце своечасовых мер. Такі аналіз можа ажыццяўляцца на пасяджэнні тэматычнага педагагічнага савета, метадычнага савета, на серыі рабочых сустрэч па камплектаванні педагогаў, педагагічным кансіліуме, які аб’ядноўвае работу настаўнікаў у адной паралелі.

“У лістападзе 2015 года ў рамках падрыхтоўкі да педагагічнага савета “Карпаратыўная культура — аснова адукацыйнай палітыкі” паспяхова прайшоў навукова-тэарэтычны семінар “Карпаратыўныя стандарты як элемент карпаратыўнай культуры гімназіі”. Паколькі адзіная тэма работы педагагічнага калектыву звязана з карпаратыўнай культурай установы, а гэта ў сваю чаргу для нас было новым, мы прааналізавалі і палічылі неабходным правесці семінар, які закладзе тэарэтычную аснову па гэтай праблематыцы.

Паняцце “Карпаратыўная культура” даволі шырокае, таму неабходна было выбраць найбольш прымальны варыянт для нас. У якасці асноўнага элемента разглядаліся ўнутраныя каштоўнасці гімназіі, якія, несумненна, з’яўляюцца ядром арганізацыйнай культуры ўстановы.

У нашай практыцы часцей

выкарыстоўваецца камбінаваная форма правядзення педагагічных саветаў з уключэннем інтэрактыўных прыёмаў і метадаў арганізацыі калектыўнай мыслядзейнасці. Каб выключыць аўтарытарнасць правядзення педагагічнага савета, што часта характэрна для традыцыйных, мы нашым педагагiчным саветам стараемся надаць сучасны выгляд. Па сваёй структуры педагагічны савет уключае аналіз выканання рашэнняў папярэдняга педсавета і асноўны даклад па гэтай праблематыцы. Як правіла, гэта праца адміністрацыйнага звяна. Намеснік дырэктара коратка, лаканічна выкладае сутнасць пытання і знаёміць удзельнікаў педагагічнага савета з вынікамі праведзенай работы. Даклад з аналізам суправаджаецца прэзентацыяй, відэаролікам і іншымі інфармацыйнымі сродкамі. Далей надыходзіць час абмеркавання даклада, якое часцей за ўсё праходзіць у інтэрактыўнай форме.

Тут мы можам падзяліцца вопытам выкарыстання тэхналогіі “Савет-семінар”. Так, у мінулым годзе адбылося пасяджэнне педагагічнага савета па тэме “Роля дзіцяча-дарослага ўзаемадзеяння (педагог-навучэнец) у фарміраванні адказнасці за вынікі вучэбнай работы”. Было прадстаўлена некалькі майстар-класаў, дзе трансліраваўся вопыт работы па фарміраванні адказнасці за вынікі вучэбнай работы. Калектыву было прапанавана падзяліцца на тры групы, кожная з якіх наведала выбраны ім майстар-клас”, — працягвала намеснік дырэктара.

У мінулым навучальным годзе ў гімназіі прайшоў педагагічны савет па тэме “Карпаратыўная культура — аснова адукацыйнай палітыкі гімназіі”. Інтэрактыўная частка была праведзена ў форме “Савета-аўкцыёну”, дзе педагагічнаму калектыву быў прапанаваны шэраг праблемных пытанняў, якія тычацца далейшага развіцця карпаратыўнай культуры гімназіі. Педагогі прапаноўвалі свае ідэі па вырашэнні пастаўленых праблем. Напрыклад, сутнасць аднаго з заданняў складалася ў распрацоўцы дрэс-коду настаўніка па прынцыпе адмаўлення. Гэтае заданне выконвалі настаўнікі пачатковых класаў. У далейшым у праект рашэнняў была закладзена распрацоўка праекта кодэкса настаўніка гімназіі, што з’яўляецца свайго роду працягам кодэкса гімназіста.

“Выніковы аналіз (год і больш). На яго аснове вырашаюцца задачы, звязаныя з прагназаваннем магчымасцей развіцця. Гэта адлюстроўваецца ў складанні аналізу працы за год, складанні плана работы на будучы год, у рабоце выніковага педсавета. Аналіз вынікаў дзейнасці нашай установы структурна ўключае ў сябе аналіз метадычнай работы, выніковасці адукацыйнага працэсу, самакантролю, выхаваўчай і ідэалагічнай работы, аналіз работы па матэрыяльна-тэхнічным і фінансавым забеспячэнні гімназіі, высновы, вызначэнне адзінай тэмы і задач на будучы год”, — падвяла вынікі свайго выступлення Ірына Уладзіміраўна Чарнова.

Менавіта сістэмны аналіз дзейнасці навучальнай установы, пастаянны ўнутраны кантроль дазваляюць развівацца і рухацца наперад. І, як заўважыла дырэктар 1-й сталічнай гімназіі, за прафесійным развіццём педагога стаіць рост вучня. І сёння гэта не аспрэчыш.

Вольга ДУБОЎСКАЯ.
Фота аўтара.

Апантаны дырэктар, творчы калектыў, таленавітыя навучэнцы

Адна са старэйшых прафесійных устаноў Прыдняпроўскага краю — Магілёўскі дзяржаўны эканамічны прафесійна-тэхнічны каледж сёлета адзначае 50-годдзе. Сёння гэтая ўстанова добра вядомая сваімі дасягненнямі ў справе навучання і выхавання моладзі. У вобласці каледж на працягу амаль дваццаці гадоў з’яўляецца нязменным пераможцам па ўсіх паказчыках вучэбна-вытворчай і выхаваўчай работы працоўных спаборніцтваў. Плённая праца мясцовага педагагічнага калектыву перыядычна адзначаецца занясеннем на абласную Дошку гонару, а летась каледж атрымаў права занясення на Дошку гонару рэспублікі ад устаноў адукацыі і навукі.

Такія значныя поспехі, а гэта толькі малая частка з іх, вядома, уражваюць. Але трэба сказаць, што так было не заўсёды. Большую частку свайго функцыянавання тагачаснае вучылішча хімікаў ніякімі дасягненнямі не вызначалася. Больш за тое, у 1997 годзе планавалася яго закрыццё. Аднак менавіта гэты час стаў пераломным для развіцця навучальнай установы. Усё кардынальна змянілася пасля таго, як ля штурвала гэтага карабля ведаў стаў чалавек года, чыё імя занесена ў Кнігу славы Магілёўшчыны, заслужаны работнік адукацыі Рэспублікі Беларусь Алег Адамавіч Бахановіч. Вядомая мудрасць аб тым, што поспехі калектыву залежаць ад яго кіраўніка, цалкам пацвярджаецца на прыкладзе эканамічнага каледжа: з прызначэннем гэтага дырэктара ўстанова сямімільнымі крокамі рушыла да наладжвання работы па ўсіх напрамках. Аб тым, што было зроблена за час мэтанакіраванага развіцця, планах на будучыню — наша гутарка з Алегам БАХАНОВІЧАМ.

— Алег Адамавіч, калі ўзначальвалі тагачаснае вучылішча, над уста­новай пагрозліва павісла пытанне аб закрыцці. З якімі цяжкасцямі прыйшлося сутыкнуцца па першым часе дырэктарства?

— Сёння, калі я ўваходжу ў каледж, мяне сустракае прыгожая, утульная, сучасная навучальная ўстанова. Аднак у далёкім 1997 годзе, у першы раз зайшоўшы сюды, убачыў зусім іншае: занядбаныя класы, дабітае тэхналагічнае абсталяванне, аварыйны стан майстэрань і інтэрната, запушчаная, неўпарадкаваная тэрыторыя… Але я не з тых людзей, што разводзяць рукі, пускаючы ўсё на самацёк. Працаваць па шаблоне, для птушачкі, не ўмею. На гэта арыентаваў і калектыў. Не ленавацца думаць, браць на сябе адказнасць, укараняць новыя рэвалюцыйныя ідэі і падыходы ў адукацыі — вось прынцыпы, па якіх мы ўсе разам пачалі працаваць. Хутка прыйшлі і першыя поспехі ў рабоце.

— Што ўяўляе сабой сучасны эканамічны каледж?

— Сумеснымі намаганнямі наш педагагічны калектыў некалі згуртаваўся на змены да лепшага, на выкананне самых складаных задач з атрыманнем максімальнага выніку. І ў нас усё атрымалася. МДЭПТК сёння з’яўляецца ўнікальнай кузняй кадраў. Гэта інавацыйны вучэбны комплекс сучаснага тыпу, які ўключае ў сябе тры віды ўстаноў: ПТА, ССА і Цэнтр прафесійнай і са­цыяльнай рэабілітацыі дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця. Мы ажыццяўляем падрыхтоўку на ўзроўні прафесійна-тэхнічнай адукацыі на аснове базавай, сярэдняй адукацыі і на ўзроўні сярэдняй спецыяльнай на базе прафесійна-тэхнічнай больш чым па 20 спецыяльнасцях. Для забеспячэння вучэбнага працэсу каледж мае самыя сучасныя вучэбныя кабінеты, вытворчыя майстэрні, лабараторыі, камп’ютарныя класы. Прычым матэрыяльна-тэхнічная база пастаянна ўмацоўваецца. Наша стратэгія ў гэтым плане — выкарыстанне ўсіх наяўных рэзерваў. Ні адно памяшканне ў каледжы не пустуе, а задзейнічана ў вучэбна-вытворчых мэтах. Яскравы прыклад таго — надбудаваны другі паверх у будынку майстэрань, які дазволіў значна пашырыць іх плошчы, гаражна-лабараторны, спартыўна-аздараўленчы і бытавы комплексы, размешчаныя ў цокальных памя­шканнях будынкаў, музеі, якія размясціліся на калідорах і гарышчы. На гэтыя і іншыя мэты было выдаткавана каля 10 млрд недэнамінаваных рублёў пазабюджэтных сродкаў.

— Дарэчы, па арганізацыі паза­бюджэтнай дзейнасці, як і па яшчэ адным актуальным напрамку — эканоміі энергарэсурсаў, каледж — на перадавых пазіцыях сярод устаноў ПТА рэгіёна. 

— Сапраўды. Як жа інакш? Добра развітая пазабюджэтная дзейнасць дазваляе каледжу быць самадастатковай навучальнай установай, якая ідзе ў нагу з часам, таму мы пастаянна імкнёмся да пашырэння спектра пазабюджэтных паслуг. А пачыналася наша эканамічная дзейнасць з рэалізацыі гатовай прадукцыі дэкаратыўна-прыкладной творчасці, якая высока развіта ў каледжы. На занятках вытворчага навучання і ў гуртках ствараюцца дэкаратыўна-ма­стацкія вырабы з саломы, лазы і іншых матэрыялаў, разьбяная, сталярная, швейная і абутковая прадукцыя, якая карыстаецца добрым попытам і рэалізоўваецца ў вялікіх колькасцях.

Даходы ад гэтай дзейнасці дазволілі значна пашырыць пералік пазабюджэткі. Сёння ў каледжы эфектыўна функцыянуюць лячэбна-аздараўленчы і спартыўны комплексы, буфет, абутковая майстэрня, пральня, цырульня, ажыццяўляецца падрыхтоўка вадзіцеляў катэгорый B і С, дзейнічае станцыя тэхнічнага абслугоўвання аўтамабіляў, аказваюцца турыстычныя паслугі і паслугі аргтэхнікі. Акрамя таго, у нас працуе аддзяленне медыцынскай рэабілітацыі, абсталяванне якога ўключае ардынатарскі, масажны, два стаматалагічныя, фізіятэрапеўтычны і працэдурны кабінеты, ізалятар і лячэбныя гідрамасажныя ванны. Зараз напрамкі ажыццяўлення пазабюджэтнай дзейнасці ў нас шырокія, але на дасягнутым мы не спыняемся. Пастаянна шукаем новыя ідэі. Не так даўно набылі спецыялізаваныя станкі, якія дазволілі наладзіць выпуск сувенірнай прадукцыі з лагатыпамі. Новыя формы работы будзем укараняць і далей.

— А што наконт энергазберажэння?

— Энергарэсурсы эканомім усімі магчымасцямі. Не так даўно ў нас была завершана поўная тэрмарэнавацыя ўсіх будынкаў, праведзена замена аконных і дзвярных блокаў, тэхнічнага абсталявання. Значнай эканоміяй цеплаэнергіі стала забеспячэнне кожнага радыятара фальгіраванай плёнкай, устаноўка па перыметры тэрыторыі ўстановы пяці пражэктараў з датчыкамі інфрачырвонага выпраменьвання, рэгуляванне цепланосьбіта на воданагравальніку і батарэях ацяплення. Электрычнасць дапамагаюць эканоміць устаноўленыя ва ўсіх вучэбных класах і майстэрнях энергазберагальныя люмінісцэнтныя лямпы. Такое тэхнічнае аснашчэнне каштавала нямала, але яно апраўдвае сябе, бо дазваляе нам штогод эканоміць каля 300 млн недэнамінаваных рублёў і накіроўваць гэтыя сродкі на іншыя патрэбы. Напрыклад, год назад да нашай установы далучылі тэхналагічны каледж, стан вучэбных карпусоў і іншых памяшканняў у якім быў далёкім ад сучаснасці. Зрабіць добры рамонт, замяніць абсталяванне нам удалося за даволі кароткі тэрмін. А ўсё таму, што, акрамя бюджэтных сродкаў, на гэтыя мэты мы накіравалі грошы, заробленыя ад пазабюджэтнай дзейнасці і эканоміі рэсурсаў.

— У свой час ваша навучальная ўстанова стала піянерам у плане стварэння магчымасцей для набыцця прафесіі асаблівымі дзецьмі…

— Па нашай ініцыятыве ў 1997 годзе на базе каледжа ўзнік першы ў рэспубліцы і на ўсёй постсавецкай прасторы Цэнтр прафесійнай і сацыяльнай рэабілітацыі дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця. Гэты праект накіраваны найперш на тое, каб змяніць стаўленне грамадства да дзяцей з абмежаванымі магчымасцямі. Сёння, акрамя навучання ў цэнтры, дзеці з асаблівасцямі могуць атрымаць адукацыю ў інтэ­граваных групах. А ўвогуле, за дзевятнаццаць гадоў годнае месца ў жыцці знайшлі 2000 “асаблівых” выпускнікоў каледжа. Вынікам іх якаснай падрыхтоўкі стала працаўладкаванне па прафесіі, замацаванне на вытворчасці. Дарэчы, дваццаць чатыры чалавекі з ліку гэтых выпускнікоў зараз працуюць на розных пасадах у каледжы.

— У эканамічным каледжы створана ўласная сістэма выхаваўчай работы, эфектыўнасць якой адзначана на розных узроўнях. У чым яе асаблівасці?

—  Найважнейшым кампанентам паспяховай выхаваўчай работы мы лічым пазаўрочную дзейнасць, якую наш калектыў і імкнецца плённа развіваць. Для арганізацыі выхаваўчага працэсу ў пазаўрочны час у каледжы зараз працуюць разнастайныя творчыя гурткі, спартыўныя секцыі, факультатывы, клубныя фарміраванні, у якіх занята звыш 97 працэнтаў навучэнцаў.

Немалую ролю ў выхаваўчай рабоце наш педагагічны калектыў адводзіць таксама ідэалагічнаму і грамадзянска-патрыятычнаму выхаванню, бо менавіта гэтыя напрамкі ў рабоце з’яўляюцца асновай разумення навучэнцамі сябе і свайго месца ў грамадстве. У каледжы пастаянна право­дзяцца адзіныя дні інфармавання, сустрэчы з прадстаўнікамі выканаўчай улады і грамадскіх аб’яднанняў, арганізоўваюцца экскурсійныя паездкі па месцах баявой славы. Нашы вучні прымаюць актыўны ўдзе­л у мітынгах, нясуць Вахту памяці. Такім чынам, мы не проста вучым дзяцей грамадзян­скасці і патрыятызму, а ўсяляем гэтыя пачуцці ў іх душы і сэрцы.

Значны ўпор робім на духоўна-маральнае выхаванне моладзі. Дзякуючы эфек­тыўнаму ўзаемадзеянню з Праваслаўнай царквой, выкладчыкамі каледжа право­дзіцца шэраг мерапрыемстваў, якія са­дзейнічаюць фарміраванню ў вучняў высокамаральных якасцей, калектывізму, міласэрнасці, а таксама ўмення і жадання працягнуць руку дапамогі тым, хто мае ў ёй патрэбу. Пэўную ўвагу ўдзяляем і працоўнаму выхаванню навучэнцаў. Асаблівасцю ў гэтым кірунку з’яўляецца пастаянная арганізацыя працоўных мерапрыемстваў, якія ахопліваюць усю навучальную ўстанову: і педагогаў, і вучняў.

У развіцці здольнасцей сваіх вучняў мы дасягнулі значных вынікаў. За апошнія васямнаццаць гадоў нашымі вучнямі заваявана звыш 2000 пераможных і прызавых дыпломаў у міжнародных, рэспубліканскіх і абласных конкурсах прафесійнага май­стэрства, алімпіядах, аглядах і фестывалях мастацкай самадзейнасці, дэкаратыўна-прыкладной творчасці, спартыўных спаборніцтвах. Менавіта з эканамічнага каледжа на вялікую сцэну выйшлі вядомыя артысты беларускай эстрады Іван Буслай і Алёна Ланская.

— Шмат чаго ў каледжы робіцца і для павышэння якасці адукацыі…

— Вучэбны працэс у нас ідзе ў інавацыйным рэжыме. Педагогі пастаянна працуюць над паляпшэннем якасці адукацыі, укараненнем найноўшых адукацыйных тэхналогій і методык. З мэтай развіцця практыка-арыентаванасці навучання сёлета ў нас быў адкрыты рэсурсны цэнтр па спецыяльнасцях “Слесар па рамонце аўтамабіляў” і “Тэхнік-механік”. Тут ёсць усё неабходнае для замацавання прафесійных ведаў і навыкаў навучэнцаў. Вучэбныя кабінеты і майстэрні цэнтра аснашчаны сучасным абсталяваннем, інтэрактыўнай дошкай, навучальнымі стэндамі, разнастайнымі вучэбнымі дапаможнікамі. Адметна, што ў плане павышэння прафесійнай падрыхтоўкі моладзі мы адкрыты для супрацоўніцтва. Вытворчае навучанне на базе рэсурснага цэнтра праходзяць не толькі нашы навучэнцы, а і навучэнцы з іншых устаноў адукацыі рэгіёна. Толькі ў бягучым навучальным годзе свой прафесійны ўзровень на базе цэнтра павысяць каля 300 маладых людзей.

— Алег Адамавіч, эканамічны каледж даўно стаў своеасаблівым адукацыйным брэндам Магілёўшчыны. У чым формула вашага поспеху?

— Нашы шматлікія дасягненні — заслуга ўсяго педагагічнага калектыву. Педагогі каледжа — гэта каманда аднадумцаў. Кожны ў нас на сваім месцы. Усе работнікі таленавітыя, працавітыя прафесіяналы сваёй справы. Прыемна гаварыць аб тым, што многія сённяшнія кадры — нашы выпускнікі, прычым некаторыя з іх — гэта людзі з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця. Педагагічны калектыў я лічу сапраўдным здабыткам каледжа. І гэта без усялякіх перабольшанняў. Кожны наш работнік адданы працы. Усе разам мы накіраваны наперад, але ў развіцці абапіраемся на традыцыі і вопыт, таму ніколі не забываемся пра тых, хто ў свой час прысвяціў каледжу частку свайго жыцця, а зараз знаходзіцца на заслужаным адпачынку. Ветэранам і пенсіянерам аказваем самы дбайны клопат, бо ў тых поспехах, якія мы маем сёння, ёсць і іх уклад.

— Да свайго 50-годдзя эканамічны каледж прыйшоў с важкімі дасягненнямі. А якія планы на найбліжэйшую перспектыву?

— Перад намі пастаўлена задача забяспечыць якасць навучання нашых выхаванцаў. Гэта галоўная мэта, і мы планамерна ідзём да яе, год за годам пераадольваючы праблемы, якія ўзнікаюць на шляху атрымання пуцёвак у жыццё нашымі выпускнікамі. Дасягнута нямала, але спыняцца на гэтым мы не збіраемся. У далейшым бу­дзем таксама мэтанакіравана працаваць над удасканаленнем дзейнасці каледжа. Ёсць шмат цікавых задум і праектаў, таму кірунак будзе на іх рэалізацыю, увасабленне ў жыццё.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота аўтара і з архіва каледжа.

Завод — міні, затое эфект — максі,

або Як у Маладзечанскім політэхнічным каледжы рыхтуюць кадры для інавацыйнай вытворчасці

Калі аналізаваць сітуацыю ў цэлым па краіне, наколькі сістэма прафесійнай адукацыі ў тэме па падрыхтоўцы кадраў для інавацыйнай эканомікі, то абсалютным лідарам у гэтым можна лічыць Маладзечанскі дзяржаўны політэхнічны каледж, філіял Рэспубліканскага інстытута прафесійнай адукацыі, які пачаў навучанне не па адной, а па некалькіх спецыяльнасцях інавацыйнага напрамку. У ліку іх — дзве спецыяльнасці мехатроніка, якія прадугледжваюць кваліфікацыю рабочага з сярэдняй спецыяльнай адукацыяй “мехатронік 5 разраду” для вытворчасці харчовых прадуктаў і халадзільнага абсталявання, а таксама спецыяльнасць “Абслугоўванне і эксплуатацыя жылых дамоў”. Па сутнасці, той, хто добра ведае ў Маладзечне гэты каледж, не здзівіцца, што і тут ён у лідарах. Такая ў яго рэпутацыя — быць у трэндзе. І трымаць гэтую высокую планку ўдаецца каледжу з лішкам. Каледж мае амаль 60-гадовую гісторыю, лічыцца самым буйным у рэгіёне. Цяпер там займаецца тысяча навучэнцаў па спецыяльнасцях самых розных профіляў. Амаль 30 гадоў свайго жыцця прысвяціў установе Міхаіл Мікалаевіч Клокель, які прыйшоў туды працаваць выкладчыкам спецдысцыплін, а апошнія 8 гадоў кіруе каледжам. Менавіта гэтыя гады для ўстановы і для самога кіраўніка сталі бурлівым часам у пошуку свайго месца ў сістэме прафесійнай адукацыі, вызначэння свайго шляху і кірункаў, якія б забяспечылі далейшы поспех. Мяркуючы па выніках, якія ёсць на цяперашні час у біяграфіі дырэктара і самой навучальнай установе, жыццё, як кажуць, удалося. Міхаіла Мікалаевіча можна па праве назваць сучасным менеджарам, якому ўласцівы творчы і мабільны падыход да сваёй справы. Колькі думак і ідэй нараджаецца ў яго штодзённа! І ўсе яны для рэалізацыі адной мэты: каб падлеткі знайшлі сабе справу па душы, паспяхова ўладкаваліся ў жыцці, мелі надзейны заробак, а рэгіён атрымаў тыя кадры, якія яму патрэбны.

Мехатроніка ў харчовай галіне

Тое, што кіраўніцтва каледжа старанна сочыць за станам спраў на рэгіянальным рынку працы, даказвае шматпрофільнасць напрамкаў у прафесійнай падрыхтоўцы навучэнцаў, якую праводзіць навучальная ўстанова.

— Каледж політэхнічны (ад слова “полі” — “многа”), а значыць, мы рыхтуем па цэлым спектры спецыяльнасцей, — тлумачыць дырэктар. — І самае галоўнае, што падрыхтоўка вядзецца ў залежнасці ад патрэб нашых прадпрыемстваў і арганізацый. Таму спецыяльнасці, якія прапаноўвае каледж, маюць розныя профілі. Напрыклад, разам з падрыхтоўкай кадраў для прамыслова-грамадзянскага будаўніцтва па запатрабаванні жыллёва-камунальнай гаспадаркі мы адкрылі спецыяльнасць “Эксплуатацыя жылых дамоў”. Доўгі перыяд часу рыхтуем кадры па спецыяльнасці “Мантаж і эксплуатацыя электраабсталявання”, якая па-ранейшаму запатрабавана работадаўцамі.

Але ж, без перабольшання, галоўным кірункам дзейнасці каледжа з’яўляецца падрыхтоўка кадраў для харчовай галіны. Гэты блок уключае тры спецыяльнасці: “Тэхналогія захавання і перапрацоўкі харчовай расліннай сыравіны”, дзе вядзецца падрыхтоўка спецыялістаў для камбікормавых заводаў, для камбінатаў хлебапрадуктаў (каледж адзіны ў краіне, дзе на ўзроўні ССА рыхтуюць такіх спецыялістаў). Па спецыяльнасці “Тэхналогія харчовых вытворчасцей” у каледжы рыхтуюць па трох спецыялізацыях: “тэхналогія хлебапякарнай, макаронна-кандытарскай вытворчасцей”, “тэхналогія кансервавання і вытворчасць харчканцэнтратаў”, “тэхналогія брадзільных вытворчасцей і вінаробства” (у гэтай падрыхтоўцы каледж таксама адзіны ў краіне). Вышэйшы ўзровень па спецыяльнасцях харчовай сферы ў падрыхтоўцы інжынераў-тэхнолагаў забяспечвае Магілёўскі дзяржаўны ўніверсітэт харчавання, а падрыхтоўку на ўзроўні сярэдняй спецыяльнай адукацыі, як бачна, узяў на сябе Маладзечанскі політэхнічны каледж. Дарэчы, у выпускнікоў каледжа ёсць магчымасць паступіць у Магілёўскі дзяржаўны ўніверсітэт харчавання, з якім каледж цесна супрацоўнічае і мае пагадненне на падрыхтоўку сваіх выпускнікоў на вышэйшай ступені па скарочанай праграме на завочнай форме навучання. Працуе сеткавы прынцып узаемадзеяння “каледж — універсітэт”.

У працэсе падрыхтоўкі кадраў установа наладзіла самыя цесныя ўзаемаадносіны з вядучымі арганізацыямі харчовай галіны, такімі як вытворчае аб’яднанне “Мінскхлебпрам”, куды ўваходзяць 8—9 заводаў, “Гроднахлебпрам”, РУП “Мінск-Крышталь” і шэраг іншых прадпрыемстваў канцэрна “Белдзяржхарчпрам” і Мінсельгасхарча.

— Вобраз будучага рабочага і спецыяліста для харчовай прамысловасці мы стваралі разам з заказчыкамі кадраў, — адзначае Міхаіл Мікалаевіч. — А інакш і не можа быць. Трыяда “эканоміка — прадпрыемства — навучальная ўстанова” сёння актуальная як ніколі. Калі мы не высветлім дасканала, што патрэбна нашай эканоміцы, непасрэдна прадпрыемствам, нашы кадры можна лічыць умоўнымі, недасканалымі, якія трэба перавучваць непасрэдна на вытворчасці. Каб гэтага не здарылася, мы наладзілі самыя цесныя сувязі з прадпрыемствамі і арганізацыямі рэгіёна. Мы рэгулярна аб’язджаем прадпрыемствы, сустракаемся з працоўнымі калектывамі, кіраўніцтвам, знаёмімся з вытворчай базай, абсталяваннем і такім чынам імкнёмся вызначыць напрамкі, якія будуць прыярытэтнымі ў прафесійнай падрыхтоўцы.

Важна пры гэтым вызначыцца, зазначае дырэктар, ці змогуць прадпрыемствы забяспечыць навучэнцаў каледжа плошчамі для паўнацэннай вытворчай практыкі, таму што галоўны козыр навучальнай установы — гэта практыка-арыентаваная падрыхтоўка. Мяркуючы па добрых водгуках з боку работадаўцаў, гэты арыенцір узяты правільна, а тым больш у сённняшніх умовах вытворчасці, калі ідзе імклівая мадэрнізацыя, на змену старому абсталяванню, дзе больш за ўсё выкарыстоўвалася ручная праца, прыходзіць сучаснае электроннае.

— Як працаваць з мікрапрацэсарамі, кантролерамі? Як выкарыстоўваць іншую вылічальную тэхніку? Напэўна, гэтыя пытанні нас падштурхнулі да ідэі рыхтаваць мехатронікаў для харчовай галіны, — расказвае Міхаіл Мікалаевіч. — Дагэтуль у ПТК РІПА вялася падрыхтоўка мехатронікаў для машынабудавання, а для харчовай галіны ў падрыхтоўцы мехатронікаў мы сталі першапраходцамі. Набор ажыццяўляўся за кошт абітурыентаў з высокім сярэднім балам атэстата, і вучэбная група была сфарміравана без праблем. У наступным годзе адбудзецца яе выпуск. І мы не сумняваемся ў паспяховым працаўладкаванні выпускнікоў. Для гэтага ўжо ўсё гатова.

Апераджаць — значыць выйграваць

У каледжы створаны рэсурсны цэнтр па харчовай галіне, аналагаў якому няма ў краіне, і ў першую чаргу за кошт сучаснага і спецыфічнага абсталявання, якім аснашчаны лабараторыі цэнтра. Структура гэтага цэнтра нагадвае міні-прадпрыемства харчовай прамысловасці, у склад якога ўваходзяць і спадарожныя гэтай галіне лабараторыі, перш-наперш мікрабіялагічнага і тэхнахімічнага кантролю. У рэсурсным цэнтры, напрыклад, адкрыта лабараторыя мікрабіялогіі, дзе праводзіцца вывучэнне прадуктаў харчавання на мікрабіялагічным узроўні з дапамогай бінакулярных і трынакулярных аптычных мікраскопаў. Акрамя гэтай лабараторыі, адкрыта лабараторыя тэхнахімічнага кантролю, дзе вымяраюцца параметры прадукту (кіслотнасць, шчолачнасць, цукрыстасць і інш.), каб адпавядаць дзяржаўнаму стандарту. Для гэтага ў лабараторыі ўстаноўлены спецыяльныя прыборы для вымярэння любых параметраў харчовага прадукту. А гэты прадукт, дарэчы, вырабляецца ў рэсурсным цэнтры. Такім чынам, ствараецца замкнёнае кола вытворчасці. У цэнтры абсталявалі міні-завод па выпечцы хлеба, дзе захаваны ўсе этапы тэхналагічнага працэсу вырабу хлебабулачнай прадукцыі, якія можна пракантраляваць у той ці іншай даследчай лабараторыі. Міні-завод аснашчаны цестамясільнымі машынамі, хлебапякарнай печкай, па кожным відзе прадукцыі створана свая рэцэптура.

— Улічваючы сучаснае аснашчэнне нашай вучэбнай вытворчасці, мы арганізоўваем апераджальную падрыхтоўку сваіх навучэнцаў, — гаворыць Міхаіл Мікалаевіч. — І гэта дарагога варта. Сёння не на кожным прадпрыемстве харчовай галіны ўстаноўлена такая тэхніка, як у нашым цэнтры. Гэта нам дазваляе рыхтаваць кадры на самым высокім узроўні. Мала таго, пачатая падрыхтоўка мехатронікаў для абслугоўвання сучаснага абсталявання ў вытворчасці харчовых прадуктаў дазваляе закрыць цэлы цыкл у падрыхтоўцы кадраў для сучасных высокатэхналагічных вытворчасцей. Для падрыхтоўкі мехатронікаў мы адкрылі лабараторыі мантажу тэхналагічнага абсталявання мехатронных сістэм, праграмнага забеспячэння і праграмавання аўтаматызаванага абсталявання. Завяршаем работу па стварэнні лабараторыі гідра- і пнеўмааўтаматыкі. Усё гэта дазволіць на больш высокім узроўні вывучаць асноўныя працэсы на практыцы.

На базе рэсурснага цэнтра разгорнута работа па павышэнні кваліфікацыі работнікаў прадпрыемстваў па самых розных спецыяльнасцях — пачынаючы ад цеставода і заканчваючы слесарам КВП. Рэсурсны цэнтр стаў месцам прафарыентацыйнай работы, куды прыходзяць школьнікі і іх бацькі ў дні адкрытых дзвярэй. У цэлым прафарыентацыі тут надаюць вялікае значэнне, інакш як папулярызаваць тыя спецыяльнасці, па якіх толькі пачынаюць рыхтаваць. У каледжы склалася традыцыя рэгулярна наведваць школы рэгіёна, сустракацца з педагогамі, школьнікамі і іх бацькамі. Дырэктар лічыць станоўчым увядзенне ў школе профільнага навучання, што дазволіць зматываваць дзяцей на прафесійны выбар, вызначыць, хто на што здольны.

— На жаль, сёння нашы падлеткі не ведаюць, куды пайсці вучыцца, — адзначае Міхаіл Мікалаевіч. — Яны самі не могуць сфарміраваць свае памкненні, не ведаюць, на што здольны. Пакуль не яны робяць выбар сваёй прафесіі, а іх бацькі. Гэта не заўсёды правільна, бо бацькі ў асноўным перабольшваюць здольнасці сваіх дзяцей і прымушаюць паступаць ва ўніверсітэт. У нашым выпадку ўплыў бацькоў станоўчы. У нас склаліся нават цэлыя дынастыі па той ці іншай спецыяльнасці. Пасля таго як адвучыліся ў нас бацькі, у каледж прыходзяць іх дзеці і нават унукі. Відаць, мы зарадзілі пачуццё ў бацькоў, а бацькі — у дзяцей аб тым, што найбольш надзейна, калі працоўны шлях пачынаць з рабочай прафесіі, а потым паступова ісці з прыступкі на прыступку да больш высокага ўзроўню.

Прадэманстраваць свае прафесійныя навыкі навучэнцы каледжа змаглі на нацыянальным чэмпіянаце WorldSkills. Там, акрамя кампетэнцый па кулінарыі і кандытарстве, яны ўпершыню выступілі ў кампетэнцыі “Мехатроніка”, дзе спаборнічалі поруч са студэнтамі БНТУ і БДУІР. Дырэктар адзначае, што гэты конкурс дае імпульс для імклівай творчай дзейнасці, прыносіць у яе свежыя ідэі, вызначае перспектыўныя напрамкі. Акрамя вышэйзгаданай падрыхтоўкі па спецыяльнасці “Мехатроніка”, у каледжы вядзецца работа па адкрыцці падрыхтоўкі кадраў для абслугоўвання абсталявання па кандыцыяніраванні і вентыляцыі паветра. У рэгіёне попыт на такія кадры даволі высокі. У іх маюць патрэбу як прадпрыемствы, так і грамадскія аб’екты. Таксама ў планах дырэктара — стварыць палігон па высакавольтным электрамантажы для падрыхтоўкі кадраў па спецыяльнасці “Мантаж і эксплуатацыя электраабсталявання”.

— У нас ёсць вучэбная майстэрня па адточванні прафесійных навыкаў па гэтай спецыяльнасці, але там устаноўлена электраабсталяванне ўнутранага карыстання, а гэтага недастаткова, — гаворыць Міхаіл Мікалаевіч.—Хацелася стварыць пляцоўку для знешняга абсталявання, каб навучэнцы маглі атрымаць паўнацэнны ўзровень падрыхтоўкі і не трэба было звяртацца ў базавыя арганізацыі па дапамогу. Акрамя таго, гэты палігон можна зрабіць пляцоўкай для падрыхтоўкі канкурсантаў нацыянальнай зборнай у кампетэнцыі “Мантаж і эксплуатацыя электраабсталявання”.

Сярэдняе звяно ў новым вобразе

Што тычыцца ўвядзення новых спецыяльнасцей для інавацыйнай эканомікі, Міхаіл Мікалаевіч адзначае адну акалічнасць: у даведнік пасад яны не ўведзены, па кожнай з іх адсутнічаюць кваліфікацыйныя характарыстыкі. Гэта, безумоўна, тармозіць работу. Каб змяніць сітуацыю, па ініцыятыве РІПА ў каледжы быў пачаты эксперымент, накіраваны на абнаўленне кваліфікацыйных патрабаванняў у падрыхтоўцы спецыялістаў. У гэтым ёсць свая логіка. Каледж лічыцца ў Мінскай вобласці вядучым па метадычным суправаджэнні прафесійнай падрыхтоўкі, і тут рэгулярна праводзяцца пасяджэнні метадычных аб’яднанняў.
На гэты час створана эксперыментальная пляцоўка, дзе адпрацоўваецца механізм узаемадзеяння навучальнай установы з прадпрыемствамі — заказчыкамі кадраў, на аснове якога будзе выпрацоўвацца нарматыўная прававая база для падрыхтоўкі новых спецыяльнасцей. Стаіць пытанне аб стварэнні галіновага савета, куды ўвойдуць прадстаўнікі адукацыі, навукі, вытворчасці, якія будуць працаваць над мадэрнізацыяй кваліфікацыйных патрабаванняў. У выніку эксперымента разам з РІПА, заказчыкамі кадраў будзе створаны новы вучэбны план па падрыхтоўцы спецыялістаў з сярэдняй спецыяльнай адукацыяй для інавацыйнай вытворчасці.

Стварыць вучэбны план — гэта не проста ўнесці пералік прадметаў, якія плануецца выкладаць навучэнцам. Гэта значыць, што трэба напоўніць змест навучання менавіта тымі ведамі і навыкамі, якія б адпавядалі патрэбам вытворчасці. У гэтым напрамку работы базавыя прадпрыемствы каледжа сталі галоўнымі дарадцамі і памочнікамі, таму што ім, як нікому іншаму, вядома, што трэба ўнесці ў падрыхтоўку кадраў для інавацыйнай эканомікі. Ужо вымалёўваецца новая мадэль выпускніка з сярэдняй спецыяльнай адукацыяй: гэта спецыяліст, які валодае больш шырокім наборам кампетэнцый. Для правядзення эксперымента створана творчая група, куды ўвайшлі выкладчыкі і кіраўніцтва каледжа. Выпрацаваны план мерапрыемстваў — гэта стажыроўка выкладчыкаў на базе прадпрыемстваў, вывучэнне кваліфікацыйных патрабаванняў да сённяшняга выпускніка з мэтай іх далейшай мадэрнізацыі, вывучэнне вопыту і прапаноў прадпрыемстваў. Усе здабытыя звесткі будуць акумулявацца і стануць асновай функцыянальных карт, а ў далейшым і кваліфікацыйных характарыстык. Улічваючы тое, што сёння ў прыярытэце навучання модульны падыход, то і новы вучэбны план будзе пабудаваны на ім, а гэта забяспечыць яго гнуткасць. У такім выпадку на любым этапе можна змяніць змест вучэбнага плана згодна з патрабаваннямі часу да галіны ў цэлым альбо канкрэтнага заказчыка кадраў. Цяпер за 3 гады 8 месяцаў, якія патрэбны для навучання тэхніка-тэхнолага, дазваляецца змяніць на ўзроўні цыклавых камісій 20% зместу вучэбнага плана. Але гэта і мае на ўвазе па меншай меры змяненне аднаго прадмета на другі. А за кошт гнуткасці новага вучэбнага плана можна змяняць вучэбны працэс у корані, як таго патрабуюць інавацыйныя падыходы ў эканоміцы. І, безумоўна, станоўча паўплываць на гэты працэс можна тады, калі будуць прыменены гнуткія кіраўніцкія рашэнні. У тым, што дырэктар каледжа Міхаіл Мікалаевіч Клокель здольны да іх і гатоў іх рэалізоўваць, ужо ніхто не сумняваецца. Высокі імідж Маладзечанскага політэхнічнага каледжа гэта пацвярджае.

Ала КЛЮЙКО.
Фота аўтара.

Мару, каб мае вучні хадзілі ў звычайныя школы

“У сферы спецыяльнай адукацыі выпадковыя людзі, як правіла, не затрымліваюцца. Я ўпэўніўся ў гэтым, бо працую ў сістэме больш за 30 гадоў, — расказаў дырэктар сярэдняй школы № 188 Мінска для дзяцей з парушэннямі зроку Аляксей Мікалаевіч ПЯТНІЦА. — Педагогі, якія прыходзяць у нашу школу, асэнсавана робяць свой выбар, ясна ўсведамляючы ўсю важнасць і неабходнасць той справы, за якую бяруцца. А нашым навучэнцам нават сур’ёзныя праблемы са здароўем не перашкаджаюць вучыцца, развівацца, быць у соцыуме”.

— Аляксей Мікалаевіч, раскажыце спачатку пра сябе. Як вы сталі дырэктарам такой незвычайнай школы?

— Родам я з Ушач Віцебскай вобласці. Пасля заканчэння школы і службы ў арміі паступіў у Віцебскі тэхнікум фізічнай культуры, бо хутчэй, як кажуць, хацеў стаць на ногі. На выдатна яго закончыў і вярнуўся на радзіму, дзе ўладкаваўся ў школу настаўнікам фізкультуры. Потым паступіў у Мінскі педагагічны інстытут на спецыялізацыю “алігафрэнапедагогіка”. Чым мяне прыцягвала дэфекталогія? Сваёй незвычайнасцю. У дзяцінстве я сябраваў з хлопчыкам, які не чуў. Ён вучыўся ў школе-інтэрнаце Мсціслава, а летам прыязджаў дадому ва Ушачы. Мы шмат часу праводзілі разам, пры гэтым добра разумелі адзін аднаго. Яшчэ ў тыя часы ў мяне ўзнікла ідэя аб неабходнасці дапамогі такім дзецям. Пасля заканчэння інстытута ўладкаваўся ў школу для дзяцей з парушэннем слыху. Раней яна называлася школай для глухіх дзяцей.

Першая і адзіная ў сталіцы школа для дзяцей з парушэннямі зроку (для невідушчых дзяцей і тых, якія слаба бачаць) была адкрыта ў 1988 годзе. Нарэшце ў мінчан, якія атрымлівалі адукацыю ў спецыяльных школах іншых гарадоў, з’явілася магчымасць вучыцца ў сваім горадзе. У гэтую ўстанову я і перайшоў, спачатку — настаўнікам фізкультуры, затым у 2002 годзе ўзначаліў школу. Раней я працаваў у аддзеле адукацыі Цэнтральнага раёна сталіцы, у гарадскім аддзеле адукацыі (цяперашнім камітэце па адукацыі Мінгарвыканкама), але найбольш запатрабаваным я адчуў сябе менавіта ў школе, бо тут маю магчымасць непасрэдна ўплываць на працэс навучання дзяцей, аказваць ім дапамогу. Каб падтрымліваць працаздольнасць, жыццёвы тонус, люблю вандраваць, асабліва па Беларусі. Перамяшчаюся ў асноўным на веласіпедзе ці вяслую на лодцы. Маршруты прадумваю з вялікай дакладнасцю, тэматычна аб’ядноўваю іх, напрыклад, вывучаю мясціны, дзе ішлі баі падчас вайны 1941-га або 1812 года. Гісторыя — яшчэ адно маё захапленне.

— Што вы параіце бацькам, якія ў разважаннях: куды аддаць дзіця з парушэннем зроку — у масавую школу або ў спецыяльную?

— Зразумела, што выбар заўсёды індывідуальны. Ён залежыць ад усіх фактараў і абставін. Уявіце стандартную табліцу для праверкі зроку, якая ёсць у кожнай паліклініцы. Калі дзіця зусім не бачыць літар або бачыць толькі два верхнія радкі, то яно дакладна наш вучань. Калі ж яно бачыць літары, што размешчаны ніжэй, то, на мой погляд, дзіця можа вучыцца ў звычайнай школе. Але ж канчатковае рашэнне аб навучанні ў той ці іншай установе прымаецца на пасяджэнні псіхолага-медыка-псіхалагічнай камісіі ў ЦКРНіР.

Сёння ў сярэдняй школе № 188 — 112 навучэнцаў. Усе яны маюць сур’ёзныя афтальмалагічныя дыягназы: глаўкома, дыстрафія сятчаткі, пухліны і г.д. Усё больш сярод нашых навучэнцаў дзяцей, у якіх, акрамя асноўнага парушэння зроку, ёсць іншыя складаныя паталогіі — ДЦП, рэўматоідны артрыт, разумовая недастатковасць і г.д. Праблемы са зрокам у дзяцей часам спадчынныя, у школе вучацца дзеці яе былых выпускнікоў. Дзіця можа страціць зрок і ў выніку траўмы або ўскладненняў пры цяжарнасці і родах у маці. Да нас прыходзяць навучэнцы і з масавых школ, якія ішлі туды з нармальным зрокам, а праз некалькі гадоў сталі невідушчымі. Здараецца і наадварот, што ад нас ідуць вучыцца ў масавыя школы, каб паспрабаваць свае сілы там. Але гэта бывае не так часта. Былі выпадкі, калі нашы дзеці паступалі ў гімназіі. Здараецца, што некаторыя з масавых школ вяртаюцца да нас, бо тут ім спакайней ды і напаўняльнасць класаў меншая — максімум 12 навучэнцаў. Адукацыя ў нашай школе агульная, навучанне не дыскрымінуе інтэлектуальна развітых і таленавітых дзяцей. У гэтым можна ўпэўніцца, калі ўбачыць іх вучэбныя дасягненні, а таксама поспехі падчас творчых і інтэлектуальных конкурсаў. Тым не менш я заўсёды раю бацькам, калі бачу, што іх дзіця паспяхова вучыцца, што яго зрок у пэўнай ступені захаваны, скарыстацца шансам пайсці ў звычайную школу. Кажу так: “Да нас вы паспееце трапіць заўсёды”.

— Раскажыце, калі ласка, пра адметнасці адукацыйнага працэсу ў вашай школе.

— У класах, дзе займаюцца вучні, усё прыстасавана пад іх патрэбы: школьныя прылады, лінейкі. На кожнай парце замацаваны лямпы лакальнага асвятлення, падстаўкі для ручак, алоўкаў. Толькі частка дзяцей, якія слаба бачаць, можа вучыцца па падручніках з плоскадрукавальным тэкстам. Астатнія карыстаюцца дапаможнікамі са шрыфтам Брайля. Так, напрыклад, з дапамогай брайлеўскай “калодкі” адпрацоўваюцца навыкі ўспрымання рэльефна-кропкавага алфавіта. Ёсць друкавальныя машынкі па Брайлю. Размяшчаючы на магнітнай дошцы прыбора “Арыенцір” пэўныя збудаванні, дарожкі, перашкоды, дзеці могуць мадэляваць і вывучаць неабходныя маршруты. Для развіцця тактыльнай адчувальнасці прадугледжаны спецыяльныя аб’ёмныя фігуркі, выпуклыя, рэльефныя “ўзгоркі”, “кветкі”, дапаможнікі з шурпатымі паверхнямі.

Амаль усе навучэнцы школы займаюцца па агульнаадукацыйнай праграме. Навучанне невідушчых адбываецца пераважна на слыха-тактыльнай аснове. У іх добрая памяць, у пачатковых класах, напрыклад, многія вусна складаюць і адымаюць трохзначныя лічбы, а таксама дзеляць і множаць іх. Існуе меркаванне, што ў сляпых людзей абвостраны слых, нюх, тактыльная адчувальнасць. Гэта сапраўды так, але ўсе гэтыя кампенсаторныя здольнасці набываюцца толькі ў выніку пастаянных і ўпартых заняткаў. Дарэчы, у дзяцей, якія маюць вялікія праблемы са зрокам, як правіла, нядрэнная паспяховасць, яны вельмі старанныя.

Навучэнцы нашай школы асвойваюць усе школьныя прадметы, у тым ліку выяўленчае мастацтва, чарчэнне, інфарматыку, замежную мову. Раней нам часта задавалі пытанне: “Навошта невідушчым дзецям камп’ютар?” Сапраўды, быў час, калі нашых навучэнцаў вызвалялі ад заняткаў інфарматыкай. Але ж яны могуць асвойваць камп’ютар з дапамогай дадатковых опцый. Напрыклад, вучацца набіраць тэкст “сляпым” метадам. У кабінеце інфарматыкі створаны належныя ўмовы для навучання рабоце з камп’ютарам усіх навучэнцаў, незалежна ад ступені парушэння зроку: камп’ютары аснашчаны дысплеямі па Брайлю, гукавымі праграмамі, ёсць шматфункцыянальны тачборд. Тэкст на маніторы можна павялічыць да выявы адной літары на ўвесь экран. Праграма “Кнігалюб” дазваляе невідушчым чытаць любы плоскадрукаваны тэкст з кнігі ці газеты ў электронным выглядзе. Ёсць і прынтар, які раздрукоўвае любыя матэрыялы рэльефна-кропкавым шрыфтам. Калі навучэнец татальна невідушчы, то на інфарматыцы ён не працуе з графікай і маляваннем, вывучае гэта толькі тэарэтычна. Ён карыстаецца пераважна тэкставым рэдактарам, інтэрнэтам, табліцамі. Праграмістамі сярод невідушчых становяцца адзінкі. І яны рэалізоўваюць сябе ў вузкім кірунку, напрыклад, у сферы сінтэзу маўлення. Выкладаючы інфарматыку, настаўнік Уладзімір Уладзіміравіч Мікульчык прытрымліваецца прынцыпу, што трэба даць школьнікам як мага больш тых уменняў і навыкаў, якімі яны могуць карыстацца ў штодзённым жыцці. Камп’ютар павінен стаць для іх сябрам і памочнікам.

Нашых навучэнцаў трэба вучыць і многім побытавым навыкам. Калі тыя, хто бачыць, іх проста пераймаюць, то ў невідушчых такія навыкі трэба фарміраваць. У гэтым дапамагае настаўнік-дэфектолаг, які не толькі карэкціруе дзецям маўленне і развівае іх зрокавае ўспрыманне. У пакоі спецыяліста ёсць кухня для замацавання сацыяльна-бытавых навыкаў, дзе дзеці вучацца гатаваць, прасаваць, арыентавацца ў прасторы. Некаторыя навучэнцы праяўляюць самастойнасць ва ўсім, нават самі дабіраюцца са школы дадому. Часам жа назіраем і процілеглую сітуацыю: дзіця нараджаецца з дэфектам, у бацькоў фарміруецца комплекс віны перад ім, і яны праяўляюць гіперапеку над дзіцем з малых гадоў. Упускаюць такім чынам сензітыўны перыяд, калі малыш мог бы чамусьці навучыцца і стаць больш самастойным. Дзіця прывыкае да таго, што дастаткова адкрыць рот і яму ўсё ў гатовым выглядзе туды пакладуць. Я заўсёды нагадваю бацькам, што яны не будуць вечна маладымі і поўнымі сіл, што неабходна выхаваць дзіця так, каб яно стала ім апорай, а не абузай.

— Як рэалізуюць сябе вашы навучэнцы і выпускнікі? Раскажыце пра іх дасягненні.

— Страта зроку — ні з чым не параўнальная паталогія, калі гаварыць аб фізічных парушэннях. Інваліднасць па зроку — адна з самых цяжкіх, бо да 90 працэнтаў інфармацыі чалавек атрымлівае праз зрокавы аналізатар. Нашы навучэнцы маюць розныя магчымасці ў плане сацыялізацыі і прафесійнай рэалізацыі. Адна справа, калі ў навучэнца зусім адсутнічае зрок, і іншая, калі дзіця хоць слаба, але бачыць.

“Але ніколі не трэба адчайвацца, — звяртаюся я да навучэнцаў. — Вы лічыце, што вы самыя няшчасныя? Паглядзіце, колькі людзей з выдатным зрокам, але гэта ім не дадало талентаў, не дапамагло стаць шчаслівымі. Бог або дае чалавеку талент, або адмаўляе ў ім. Галоўнае — сіла вашага інтэлекту і моцнае імкненне да мэты. Невідушчы чалавек можа шмат чаго дасягнуць, у гісторыі шмат такіх прыкладаў, хаця гэта надзвычай складана”.

Сярод нашых выпускнікоў ёсць удзельнікі Параалімпійскіх гульняў, майстры спорту, спартсмены міжнароднага класа па лёгкай атлетыцы і плаванні, кандыдаты ў майстры спорту па веласпорце — удзельнікі спартыўных тандэмаў (калі наперадзе едзе чалавек з нармальным зрокам, а за ім — спартсмен з парушэннем зроку). Нашы дзеці займаюцца плаваннем у гарадскім Цэнтры алімпійскай падрыхтоўкі па параалімпійскіх відах спорту. У нас трое сярэбраных прызёраў Параалімпійскіх гульняў: па плаванні — Юра Рудзянок, які сам зараз трэніруе спартсменаў, і двое па лёгкай атлетыцы — Саша Кузьмічоў і Юра Бучкоў. З нашай школы выйшаў шашыст Дзіма Фадзееў, які з’яўляецца майстрам спорту міжнароднага класа.

На базе нашай установы амаль 20 гадоў дзейнічае філіял дзіцячай музычнай школы № 19, у якой займаюцца і навучэнцы з парушэннямі зроку (па класе фартэпіяна, акардэона, гітары, флейты, харавых спеваў) і атрымліваюць пасведчанне аб яе заканчэнні. У музычнай школе наша выпускніца Маша Рудко выкладае нотную грамату па Брайлю. Навучае дзяцей музыцы і лаўрэат шматлікіх рэспубліканскіх і міжнародных конкурсаў Патрыцыя Курганава, якая таксама заканчвала 188-ю школу. Частыя госці ў нас музыканты і вакалісты з філармоніі, яны праводзяць для дзяцей майстар-класы.

Хацелася б адзначыць дасягненні нашай юнай зорачкі дзевяцігадовай Мар’яны Бабіч, якая ўражвае сваім уменнем іграць на некалькіх музычных інструментах — на скрыпцы, флейце і фартэпіяна. Дзяўчынка стала пераможцай гарадской конкурснай шоу-праграмы “Маленькая фея”, конкурсу “Вясёлкавы карагод”. Інтарэс да музыкі Мар’яне прывіла мама Святлана Ігараўна — настаўніца музыкі ў нашай школе.

— У якіх навучальных установах можна сустрэць выпускнікоў 188-й школы?

— У БДПУ імя Максіма Танка, БДУ, Гродзенскім дзяржаўным медыцынскім каледжы, Расійскім дзяржаўным сацыяльным універсітэце, Курскім музычным каледжы-інтэрнаце для сляпых, Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры і мастацтваў, Мінскім дзяржаўным каледжы электронікі і нават у Каралеўскім каледжы ў Лондане. Паступаюць у гэтыя ўстановы на агульных падставах. Ёсць і ўнікальныя выпадкі: з выпуску 2013 года ўсе навучэнцы паступілі ва ўстановы вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі. Камусьці шанцуе, і ён знаходзіць работу па спецыяльнасці. Толькі ў нашай школе працуюць шасцёра педагогаў (нашых выпускнікоў), якія маюць інваліднасць па зроку. Хтосьці ўладкоўваецца на завод “Святлопрыбор” БелТІЗ. У адзінкавых выпадках дзеці, якія маюць не толькі паталогіі зроку, але і іншыя цяжкія парушэнні, пасля заканчэння школы застаюцца дома.

— Ці змогуць у будучым усе вашы навучэнцы пайсці ў масавую школу? Якім, на ваш погляд, будзе лёс спецыяльнай школы?

— Школа не стаіць на месцы, яна развіваецца. Нашы педагогі актыўна дзеляцца вопытам з калегамі, яны актыўныя ўдзельнікі прафесійных конкурсаў, уладальнікі прэмій і грантаў Мінгарвыканкама. У 2014 годзе мне пашчасціла атрымаць грант Мінгарвыканкама на праект “Інтэрнальная адукацыйная інтэграцыя ва ўмовах школы для дзяцей з парушэннямі зроку”, які быў прысвечаны пытанням аказання карэкцыйна-педагагічнай дапамогі дзецям з парушэннямі зроку, якія маюць спадарожныя паталогіі (парушэнні інтэлекту, ДЦП). Такіх навучэнцаў з кожным годам становіцца ўсё больш. Настаўнікам з імі складана працаваць. Іншы раз у адным класе неабходна рэалізоўваць адразу тры праграмы — агульнаадукацыйную, праграму дапаможнай школы і праграму для дзяцей з цяжкасцямі ў навучанні. І да таго ж ажыццяўляць навучанне па Брайлю. Але гэта патрабаванне часу, і ўсе цяжкасці мы пераадольваем.

Калі навучэнцы пытаюцца ў мяне, якая мая самая вялікая мара, адказваю: “Я мару аб тым, каб усе дзеці добра бачылі і хадзілі ў звычайныя школы”. Вельмі важна, каб для дзяцей з парушэннямі зроку былі створаны ўсе належныя ўмовы для навучання побач з домам. Каб бацькам не трэба было вазіць іх праз увесь горад у нашу школу або аддаваць у школы-інтэрнаты для дзяцей з парушэннямі зроку, што знаходзяцца ў іншых гарадах (Маладзечне, Гродне, Шклове, Васілевічах, Жабінцы). Мяркую, што інклюзіўныя працэсы будуць развівацца паступова і ў першую чаргу закрануць дзяцей, якія слаба бачаць. Татальна невідушчыя дзеці ў найбліжэйшай перспектыве ўсё ж будуць вучыцца ў спецыяльных школах. Ад такіх устаноў пакуль не адмовіліся нават у развітых заходніх краінах. Але інклюзія — двухбаковы працэс: па-першае, ва ўстановах агульнай адукацыі ствараюцца належныя ўмовы для таго, каб прыняць асаблівага навучэнца, па-другое, улічваецца жаданне бацькоў прывесці сваё дзіця ў масавую школу. Пры гэтым важна памятаць аб самым галоўным — інтарэсах дзіцяці, аб тым, наколькі камфортна яму ў той установе, дзе яно вучыцца.

Надзея ЦЕРАХАВА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.

Пасадзілі школьны сад

Значная падзея адбылася надоечы ў Гавядскай сярэдняй школе Шклоўскага раёна. Па ініцыятыве дырэктара Сяргея Мікалаевіча Шута на тэрыторыі каля школы з’явіўся ўласны пладовы сад.

— Ідэя пасадзіць каля школы сад узнікла не так даўно. Але з улікам фінансавага аспекту на ўвасабленне патрабаваўся некаторы час. Вельмі дапамагла ў рэалізацыі ініцыятывы наша шэфская гаспадарка ААТ “Гавяды-агра”, кіраўніцтва якой прафінансавала закупку неабходнай колькасці саджанцаў, — расказала настаўніца інфарматыкі ўстановы Ірына Мікалаеўна Кісялькова.

Паводле яе слоў, непасрэдна да пасадкі саду далучылася ўся школа. Першае дрэўца пасадзіў кіраўнік ААТ “Гавяды-агра”, а потым да гэтай справы далучыліся вучні і настаўнікі. Кожны клас пасадзіў сваю імянную яблыньку ці грушу. Зараз дзеці згуртавана даглядаюць маладзенькі сад і спадзяюцца ў хуткім часе збіраць тут выдатныя ўраджаі.

Дарэчы, добраўпарадкаванню прылеглай тэрыторыі ў Гавядскай сярэдняй школе ўдзяляюць асаблівую ўвагу. Усе разам: педагагічны калектыў, тэхнічны персанал, вучні — працуюць над азеляненнем школьнага двара, стварэннем цікавых малых архітэктурных форм. Сёлета тут з’явіліся казачны карабель і кніга ведаў. Сумеснымі намаганнямі ўсе імкнуцца да таго, каб вакол навучальнай установы круглы год было прыгожа.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота прадастаўлена ўстановай адукацыі.

Чытацкія кампетэнцыі — з малодшага школьнага ўзросту

У век інфармацыйных тэхналогій роля кнігі істотна змянілася, любоў да чытання падае. Дзеці аддаюць перавагу тэлебачанню, відэапрадукцыі, камп’ютару, гаджэтам. А калі вучань чытае толькі па неабходнасці, прымушаючы сябе, то гэта не толькі не садзейнічае фарміраванню яго чытацкага вопыту, але паступова перакрэслівае ўсё раней дасягнутае і адбівае ахвоту займацца чытаннем у такой ступені, каб выкарыстоўваць яго як адзін з найбольш удалых і правераных сродкаў навучання.

Вырашаць праблему падзення чытацкага інтарэсу педагогам пачатковай школы № 103 Фрунзенскага раёна сталіцы, якую ўзначальвае Марына Аляксандраўна Макарэвіч, дапамагае сістэма работы, якая склалася ва ўстанове. Перад педагогамі стаіць задача вярнуць кнігу навучэнцам, сфарміраваць актыўны чытацкі інтарэс да дастойнай увагі літаратуры, а таксама навучыць школьнікаў працаваць з інфармацыяй і выкарыстоўваць яе ў сваіх мэтах.

Нікому любоў да кнігі не давалася з нараджэння. Так не бывае, каб дзіця, прыйшоўшы ў школу, авалодала тэхнікай чытання, палюбіла кнігу настолькі, каб яна ўвайшла ў яго жыццё, а самастойнае чытанне стала цікавым. Спецыялісты называюць розныя прычыны спаду чытацкай актыўнасці: узмацненне сродкаў масавай інфармацыі (чытанне кніг замяняецца шматгадзінным сядзеннем перад тэлевізарам, камп’ютарам); рэзкае змяненне грамадскага жыцця такім чынам, што колькасць нядобранадзейных сем’яў, дзе бацькі мала зацікаўлены ў выхаванні дзіцяці, вырасла; змяненне пазіцыі дарослага да сумеснай чытацкай дзейнасці з дзецьмі (скарачаецца чытанне дарослым дзіцяці, тым самым парушаецца сістэматычныя і паўнацэнныя зносіны з разнастайнымі кнігамі; характэрны такія выказванні мам, татаў, бабуль, як “Ты цяпер дарослы, чытай сам!” і інш.); адсутнасць сістэмы мэтанакіраванага фарміравання чытацкай дзейнасці школьнікаў.

Даследаванні, якія былі праведзены Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі і Беларускім дзяржаўным універсітэтам культуры і мастацтва, паказалі, што толькі 40,3% навучэнцаў ва ўзросце 7—10 гадоў захапляюцца чытаннем. Вынікі маніторынгу якасці агульнай сярэдняй адукацыі ў 2013/2014 навучальным годзе, праведзенага НІА, паказалі, што больш за палову навучэнцаў 5-х класаў не валодае чытаннем у такой ступені, каб выкарыстоўваць яго як сродак далейшага паспяховага навучання.

— Над праблемай фарміравання чытацкай дасведчанасці малодшых школьнікаў мы працавалі заўсёды. Яна не новая, — гаворыць намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Ірына Міхайлаўна Молчан.— Проста ў апошні час у свеце айчынных і міжнародных даследаванняў яна набыла новае гучанне. Наша работа вядзецца па такіх напрамках, як сістэма ўрочнай дзейнасці, пазакласная работа, работа з сям’ёй і работа з сацыякультурнымі ўстановамі. Выдзяляецца чатыры этапы фарміравання чытацкай дасведчанасці. Падрыхтоўчы этап (1 клас). Задача настаўніка — абудзіць інтарэс да кнігі, даць дзіцяці зразумець, што чытаць — гэта добра, важна, развіваць вучэбна-пазнавальныя матывы шляхам гутаркі, дыскусіі. Другі этап — пачатковы. Асаблівая ўвага ўдзяляецца развіццю аператыўнай памяці. Мы гаворым і аб хуткасці чытання, і аб адпрацоўцы навыку чытання, выкарыстоўваючы розныя прыёмы, вучым выбіраць кнігу, пачынаюцца першыя спробы аналізу прачытанага, вучні вядуць чытацкія дзённікі, для іх арганізоўваюцца выставы. Трэці этап — асноўны. Адбываецца фарміраванне ўдумлівага, свядомага чытача. Асноўны акцэнт робіцца на работу з тэкстам, калі дзіця павінна знаходзіць вобразы, характарызаваць іх, даваць сваю ацэнку. І заключны этап — фарміраванне чытацкіх інтарэсаў, пераваг, умення працаваць з любой літаратурай. На гэтым этапе пашыраецца чытацкі кругагляд. Да канца 4 класа мы павінны навучыць дзіця знаходзіць патрэбную інфармацыю, разважаць над прачытаным, даваць яму ацэнку і працаваць з рознымі крыніцамі інфармацыі. Гэта тая асноўная мэта, да якой мы ідзём чатыры гады.

Педагогі пачатковай школы фарміруюць цікавасць да чытання на ўроках праз выкарыстанне элементаў розных тэхналогій навучання: тэхналогіі развіцця крытычнага мыслення, прыёмы якой эфектыўныя для развіцця аналітычных здольнасцей навучэнцаў, умення вылучыць галоўнае, абагульняць, сістэматызаваць; праблемнага навучання; мнагамерных дыдактычных адзінак (інтэлект-карты), гульнявыя тэхналогіі. Настаўніца пачатковых класаў Таццяна Міхайлаўна Цельпук, кіраўнік метадычнага аб’яднання настаўнікаў, прымяняе ў рабоце са сваімі выхаванцамі дзейнасны падыход. Схемы, карткі, колеравыя лінейкі педагог суадносіць з эмоцыямі дзіцяці. Усё гэта выкарыстоўваецца для таго, каб вучань змог запомніць змест твора з дапамогай пэўных вобразаў. Пасяджэнні метадычнага аб’яднання настаўнікаў пачатковых класаў праходзяць у практычнай форме, звычайна педагогі дзеляцца вопытам са сваімі калегамі, праводзяць для іх майстар-класы.

Фарміраванне чытацкай дасведчанасці адбываецца не толькі на ўроках літаратурнага чытання. Шмат гадоў школа супрацоўнічае з раённай бібліятэкай. Настаўнікі часта праводзяць на яе базе ўрокі пазакласнага чытання. Вельмі шчыльна з бібліятэкай працуюць выхавальнікі. У мерапрыемствах, якія праводзіць бібліятэка, вучні школы з’яўляюцца актыўнымі ўдзельнікамі.

Штогод у школе ладзіцца тыдзень чытача, які часцей за ўсё прымяркоўваецца да якога-небудзь віду кантролю (летась, напрыклад, быў праведзены франтальны кантроль па літаратурным чытанні). Тыдзень уключаў конкурс малюнкаў “Героі любімых кніг”, аперацыю “Збяры бібліятэку для ГПД”, рэйд “Беражыце кнігу”, па паралелях былі праведзены мерапрыемствы: у 1-х класах — конкурсная праграма “У свеце казак”, у 2-х класах — віктарына “Кнігі — лепшыя сябры”, у 3-х класах — інтэлектуальная гульня-конкурс “Чытач года”, у 4-х класах — сустрэча з дзіцячым беларускім пісьменнікам В.Квілорыя.

— Франтальны кантроль паказаў, што ўсе педагогі разумеюць важнасць фарміравання чытацкай кампетэнтнасці вучняў, выкарыстоўваюць інфармацыйныя тэхналогіі і вялікае значэнне надаюць фарміраванню агульнавучэбных уменняў і навыкаў, у прыватнасці ўменню працаваць з рознымі крыніцамі літаратуры. Цяжкасці ў вучняў выклікаюць складанне плана свайго адказу, пераказ твора, напісанне нататак у газету, — заўважае Ірына Міхайлаўна.

Настаўніца пачатковых класаў Фаіна Уладзіміраўна Сушко супрацоўнічае з выхавальнікам групы прадоўжанага дня Кацярынай Рамуальдаўнай Абражэй. У 2013 годзе педагогі сталі аўтарамі-складальнікамі “Зборніка вуснай народнай творчасці”, які выйшаў у серыі “Школьная бібліятэка”.

Кацярына Рамуальдаўна адаптавала да дзяцей малодшага школьнага ўзросту інтэлект-карты Тоні Б’юзана (інтэлект-карта — спосаб прадастаўлення любога працэсу ці падзеі, думкі ці ідэі ў комплекснай, сістэматызаванай візуальнай (графічнай) форме) і ўкараніла іх у практыку работы з дзецьмі ў другой палове дня. Выхавальнік зацікавіла гэтым настаўніка, якая таксама працуе з інтэлект-картамі.

— Мы абмяркоўваем нашу дзейнасць, вывучаем дзяцей і плануем, якія акцэнты неабходна зрабіць у рабоце з імі ў першай і другой палове дня, — адзначае Кацярына Рамуальдаўна. — Для навучання ўсвядомленаму чытанню важна сфарміраваць у дзяцей малодшага школьнага ўзросту чытацкія ўменні, якія забяспечваюць аналітычную і ацэначную работу над тэкстам, а таксама разуменне прачытанага самастойна. Удзельнічаючы ў пабудове і прымяняючы інтэлект-карты, навучэнцы вучацца выбіраць, структураваць і запамінаць ключавую інфармацыю, а таксама ўзнаўляць і дапаўняць яе. Інтэлект-карты дапамагаюць развіваць мысленне, памяць, увагу, маўленне, а таксама зрабіць працэс адукацыі больш цікавым, займальным і прадукцыйным.

Работа, накіраваная на фарміраванне цікавасці да чытання праз інтэлект-карты, умоўна падзяляецца на некалькі этапаў: падрыхтоўчы (1 клас), асноўны (2 клас), завяршальны (3 клас). На падрыхтоўчым этапе навучэнцы будуюць інтэлект-карту, адштурхоўваючыся ад асноўнага паняцця і знаходзячы ключавыя словы-асацыяцыі (асацыятыўны рад 1-га парадку) і вобразы-асацыяцыі. На асноўным этапе дзеці будуюць інтэлект-карту, знаходзячы і фіксуючы ў словах і вобразах цэнтральны вобраз, ключавыя паняцці-асацыяцыі 1-га і 2-га парадку. На заключным этапе навучэнцы ствараюць інтэлект-карту, адштурхоўваючыся ад цэнтральнага вобраза, і праз ключавыя асацыяцыі-паняцці 1-га парадку, асацыятыўны рад 2-га парадку знаходзяць асацыяцыі 3-га парадку, а таксама ўзаемасувязі паміж асацыяцыямі.

Фарміраванне і замацаванне ўмення ствараць інтэлект-карты праводзіцца паслядоўна на кожным этапе праз франтальную, групавую работу, затым работу ў парах, у парах зменнага складу, з пераходам на індывідуальную самастойную работу.

Такая дзейнасць выходзіць за межы заняткаў. Работу з інтэлект-картамі Ф.У.Сушко выкарыстоўвае не толькі на літаратурным чытанні, а і на занятках па курсе “Мая Радзіма — Беларусь”, калі інфармацыя 3—4 параграфаў прапрацоўваецца на адным лістку. Гэта вучыць дзяцей уважліва чытаць, звяртаць увагу на асноўныя моманты, вылучаць галоўнае, другараднае, узаемасувязі. З інтэлект-картамі навучэнцы працягваюць працаваць і дома. Высокаматываваныя пачаткоўцы пераносяць гэты інструмент на іншыя сферы сваёй дзейнасці.

Адным з асноўных прыёмаў асэнсавання інфармацыі з’яўляецца пастаноўка пытанняў да тэксту і пошук адказаў на іх. Эфектыўнымі прыёмамі Ф.У.Сушко лічыць прыёмы развіцця крытычнага мыслення — “Кубік Блума” альбо “Рамонак Блума”. Навучэнцы з задавальненнем вырабляюць рамонак, на кожным з шасці пялёсткаў якога запісваюцца пытанні розных тыпаў. Работа можа быць індывідуальнай, парнай ці групавой. Мэта — з дапамогай 6 пытанняў выйсці на разуменне інфармацыі, якая змяшчаецца ў тэксце, на асэнсаванне аўтарскай пазіцыі. Так, простыя пытанні правяраюць веданне тэксту, удакладняльныя — выводзяць на ўзровень разумення тэксту (“Ці праўда, што…”, “Калі я правільна зразумеў, то…”), тлумачальныя (інтэрпрэтацыйныя) — пачынаюцца са слова “Чаму?”; творчыя пытанні прадугледжваюць сінтэз атрыманай інфармацыі (“Што б адбылося, калі б…?”; “Як склаўся б лёс героя, калі б ён…?”); ацэначныя (“Як вы ставіцеся да…?”, “Што лепш…”), практычныя пытанні (нацэлены на прымяненне, на пошук узаемасувязей паміж тэорыяй і практыкай).

Работа з кубікам Блума дае магчымасць сфармуляваць тэму ўрока і пытанні, якія будуць абмяркоўвацца на занятках. Педагог кідае кубік, а вучань адказвае на пытанне і пачынае свой адказ са слова, якое выпала на грані. Калі адказ даецца няпоўны, то аднакласнікі могуць яго дапоўніць і выправіць. Вучнёўскі адказ дапамагае настаўніку не толькі выявіць узровень пазнавальнай актыўнасці навучэнцаў, але і зрабіць высновы аб эмацыянальным складніку ўрока, высветліць аспекты тэмы, якія выклікаюць цяжкасці ў дзяцей.

Настаўніца пачатковых класаў Алена Уладзіміраўна Івановіч таксама аддае перавагу тэхналогіі развіцця крытычнага мыслення, бо яна арыентавана не толькі на супрацоўніцтва настаўніка і вучня, дзейнасны ўдзел самога навучэнца, а таксама на стварэнне камфортных умоў, якія знімаюць псіхалагічнае напружанне. Тэхналогія дае магчымасць выпрацаваць уменні прагназаваць сітуацыю, назіраць, абагульняць, вылучаць гіпотэзы і ўстанаўліваць сувязі, разважаць па аналогіі і выяўляць прычыны, а таксама прадугледжвае рацыянальны творчы падыход да разгляду любых пытанняў.

— Мяне больш за ўсё хвалюе, каб дзеці не толькі авалодалі навыкам чытання — чыталі хутка, бегла, правільна, каб іх работа была не толькі чыста тэхнічная, але і каб яны ўмелі працаваць з тэкстам, змаглі для сябе атрымаць пэўную інфармацыю, асэнсаваць яе, прымяніць у сваім жыцці. Мы гаворым зараз аб кампетэнтнасным падыходзе — каб дзеці ўсё, пра што даведаліся на ўроках, маглі выкарыстоўваць у жыцці, — адзначае А.У.Івановіч.

Сярод прыёмаў, якія прымяняе настаўніца, — “Тоўстыя і тонкія пытанні” (пытанні, на якія можна даць адназначны адказ і на якія адказаць напэўна немагчыма), “Асацыяцыі”, “Канцэптуальная табліца” (выкарыстоўваецца, калі неабходна правесці параўнанне некалькіх аб’ектаў па некалькіх пытаннях), “Інсерт” (чытанне з паметамі), “Чытанне з прыпынкамі” (настаўніца прыпыняе чытанне, і вучні імкнуцца прадугледзець альбо паразважаць, чаму так ці інакш адбылося).

На думку настаўніцы пачатковых класаў Алены Анатольеўны Сабіч, адным са сродкаў фарміравання навыку чытання на ўроках навучання грамаце з’яўляецца выкарыстанне дыдактычных гульняў. Праўда, іх бессістэмнае прымяненне малаэфектыўнае, таму настаўніца сістэматызавала іх па перыядах навучання: падрыхтоўчы (дабукварны), асноўны (букварны), заключны (паслябукварны).

На другім перыядзе навучэнцы авалодваюць навыкам чытання складоў рознай структуры. У гэтым ім дапамагаюць такія гульні, як “Які склад жыве ў доміку?”, “Жывыя склады”, “З купіны на купіну” (работа са складовай табліцай). Вучні знаёмяцца з асноўнымі знакамі прыпынку ў канцы сказа і вучацца інтанацыйна правільна чытаць сказ (“Прачытай з рознай інтанацыяй”, “Адгадай знак”). У заключным перыядзе дзеці вучацца правільна па складах чытаць невялікія тэксты, захоўваць паўзы пры чытанні, імкнуцца наблізіць тэмп чытання да хуткасці маўлення, вучацца выказваць свае думкі пра прачытанае альбо ўбачанае (гульні “Слова ў слове”, “Рухавыя словы” , “Маланка”, “Чароўныя ланцужкі”).

Практыка сведчыць, што дакладны падбор дыдактычных гульняў садзейнічае фарміраванню чытацкіх уменняў, павышэнню інтарэсу вучняў на ўроку, дапамагае прымяніць атрыманыя веды пры ўдасканаленні навыку чытання ў далейшым.

***

Такая сістэма работы пачатковай школы па прывіцці цікавасці да кнігі і фарміраванні чытацкіх навыкаў малодшых школьнікаў дае станоўчыя вынікі. Вучні школы з’яўляюцца актыўнымі карыстальнікамі бібліятэкі. Перайшоўшы ў сярэдняе звяно, яны свабодна знаходзяць патрэбную інфармацыю, параўноўваюць і аналізуюць матэрыял, без асаблівых цяжкасцей складаюць паведамленні і рэфераты. Гэта значна аблягчае вучобу ў старшых класах.

Наталля КАЛЯДЗІЧ.

Праблемы пажадана вырашаць творча, а не па шаблонах

На прафесійным рахунку Сяргея Іванавіча ПРУДНІКАВА — 23 гады дырэктарскага стажу. Гімназію № 1 Горак ён узначальвае сёмы год. Сяргей Іванавіч — лёгкі на пад’ём, вельмі мабільны і крэатыўны кіраўнік, член асацыяцыі кіраўнікоў устаноў адукацыі краіны. Яго гімназія — адметная навучальная ўстанова, якая славіцца творчасцю і інавацыямі. Сёння С.І.Пруднікаў — госць нашага дырэктарскага клуба.

— Сяргей Іванавіч, давайце знаёміцца. Гімназія № 1 Горак — гэта…

— Сучасная ўстанова адукацыі. Мы, арыентуючыся на сённяшнія патрабаванні, укараняем інфармацыйна-камунікацыйныя, інтэрактыўныя, развіццёвыя тэхналогіі. Матэрыяльна-тэхнічная база ўключае вялікія рэсурсы інфармацыйнай прасторы: ёсць выхад у інтэрнэт (15 кропак), створаны школьны сайт, электронная пошта. Працуе лакальная ўнутраная сетка. Ёсць 3 камп’ютарныя класы, 2 лінгафонныя кабінеты. Выкарыстоўваецца 5 мультымедыйных праектараў, 12 інтэрактыўных дошак, 2 ноўтбукі, 27 лазерных прынтараў, 31 сканер, 5 ксераксаў, праграмныя прадукты і многае іншае.

Выкарыстанне ІКТ, ЭСН робіць працэс навучання больш наглядным і дынамічным. Эфектыўнае выкарыстанне камп’ютарнай тэхнікі на ўроках у спалучэнні з педагагічным майстэрствам дазваляюць павышаць якасць ведаў вучняў, пашыраюць гарызонты прадметаў, якія вывучаюцца. Нашы настаўнікі гэта разумеюць, таму імкнуцца засвойваць усё новае.

У гэтым навучальным годзе ў гімназіі функцыянуюць 44 класы-камплекты з агульнай колькасцю 970 навучэнцаў. На першай ступені — 19 класаў (424 навучэнцы), на другой — таксама 19 класаў (417 навучэнцаў), на 3 ступені — 6 класаў-камплектаў (129 навучэнцаў).

Увогуле ж наша ўстанова адукацыі пачала сваю дзейнасць у 1989 годзе як сярэдняя школа № 5 Горак. У 1992 годзе рашэннем гарвыканкама сярэдняй школе № 5 быў прысвоены статус гімназіі № 1. У студзені 2017 года навучальнай установе споўніцца 25 гадоў.

— Як гавораць, кадры вырашаюць усё. Уменне задаваць правільны настрой у калектыве — сапраўдны талент. Як з гэтым спраўляецеся?

— Перш за ўсё неабходна быць прыкладам для свайго калектыву, прычым у многіх напрамках. Трэба ўмець весці за сабой і бра ць на сябе адказнасць за прынятае рашэнне. Дырэктар павінен быць кампетэнтным спецыялістам, камунікабельным чалавекам, уважлівым да падначаленых. Праблемы пажадана вырашаць творча, а не па шаблонах. Калі твае калегі бачаць, што бязвыхадных сітуацый няма, то імкнуцца да творчасці разам з табой і становяцца больш адказнымі. Акрамя таго, яны становяцца больш упэўненымі ў сваіх сілах, што таксама вельмі важна. Увогуле, я не камандую, а проста прапаноўваю новыя ідэі. У гімназіі працаваць вельмі цікава. У нас і вучнёўскі, і педагагічны калектывы з вялікім патэнцыялам.

У гэтым навучальным годзе ў гімназіі працуюць 124 вопытныя педагогі, сфарміравана 7 метадычных аб’яднанняў. 84 працэнты педагогаў маюць вышэйшую і першую кваліфікацыйную катэгорыю, ёсць настаўнік-метадыст — гэта настаўніца пачатковых класаў Вольга Уладзіміраўна Печанава. 13 працэнтаў настаўнікаў маюць другую катэгорыю, 3 працэнты — спецыялісты без катэгорыі.

Вучні ў нас вельмі розныя, таму педагагічны калектыў імкнецца ў кожным убачыць асобу з яе магчымасцямі і здольнасцямі, развіваць схаваныя рэзервы дзіцяці, як інтэлектуальныя, так і творчыя. У гімназіі працуе творчы калектыў аднадумцаў, гатовых да новаўвядзенняў і самаразвіцця. Сярод педагогаў ёсць выдатнік адукацыі Рэспублікі Беларусь (Г.Е.Іскрова) і лаўрэат спецыяльнага фонду прэзідэнта па сацыяльнай падтрымцы таленавітай моладзі (В.С.Стрыжэннікава), 19 педагогаў узнагароджаны граматамі Міністэрства адукацыі нашай краіны.

Нашы педагогі — пастаянныя ўдзельнікі рэспубліканскіх і міжнародных педагагічных канферэнцый. Толькі ў 2015/2016 годзе было апублікавана 12 іх артыкулаў. Радуюць сваімі творчымі поспехамі і маладыя настаўнікі гімназіі. У лістападзе мінулага года настаўніца хіміі стала пераможцай абласнога фестывалю маладых настаўнікаў “Ініцыятыва. Пошук. Творчасць”.

— Як вы ставіцеся да кваліфікацыі сённяшніх маладых настаўнікаў?

— Ніхто адразу не станавіўся Макаранкам. Для таго каб дабіцца пэўнага выніку ў сваёй прафесіі, трэба вучыцца. Калі да нас прыходзіць малады настаўнік, то ён адразу замацоўваецца за вопытным калегам. Акрамя таго, нашы маладыя спецыялісты — гэта недзе на 70 працэнтаў былыя выпускнікі гімназіі. Наша сістэма метадычнай і адаптацыйнай дапамогі даўно адпрацавана. Мы раўняемся перш за ўсё на прафесіяналізм і пастаяннае самаўдасканаленне. Наладжана і сістэма маральнай і матэрыяльнай дапамогі. Трэба сказаць, што маральная падтрымка вельмі часта куды больш важная, чым грашовая. Настаўнікаў трэба хваліць, але ў той жа час не даваць зазнавацца.

— Сяргей Іванавіч, а што думаеце пра адраджэнне педкласаў?

— У нас няма класа педагагічнай накіраванасці, але выпускнікі нашай гімназіі штогод пры паступленні ва ўніверсітэты выбіраюць педагагічныя спецыяльнасці. Мяркую, што арганізацыя педкласаў дапаможа павысіць прэстыж прафесіі, бо на педагагічныя спецыяльнасці пачнуць паступаць больш матываваныя дзеці.

— На ваш погляд, наколькі прэстыж прафесіі настаўніка звязаны з памерам заработнай платы?

— Напэўна, знак роўнасці паміж прэстыжам і зарплатай ставіць нельга. Калі педагог працуе не за зарплату, а на сумленне, то ў рэшце рэшт атрымлівае дастойнае матэрыяльнае ўзнагароджанне.

— Наколькі ваша гімназія канкурэнтаздольная ў вобласці?

— Калі браць алімпіяды і навукова-практычныя канферэнцыі, даследчыя конкурсы, то мы канкурыруем з гімназіямі Магілёва і Бабруйска. Увогуле ж мне як дырэктару важна, як да гімназіі ставяцца ў нашым горадзе. Мы імкнёмся, каб наш імідж заставаўся пазітыўным.

Работа з высокаматываванымі і адоранымі навучэнцамі — адзін з прыярытэтных напрамкаў нашай установы. Перамогі гімназістаў у інтэлектуальных, творчых, даследчых конкурсах і алімпіядах — вынік мэтанакіраванай сістэмнай работы ўсяго педагагічнага калектыву гімназіі. Значным выпрабаваннем для інтэлектуалаў гімназіі з’яўляецца рэспубліканская алімпіяда па вучэбных прадметах. Штогод гімназісты прывозяць дыпломы з трэцяга этапу (за пяць гадоў заваяваны 41 дыплом).

І тут не магу не адзначыць такіх настаўнікаў, як Галіна Емяльянаўна Іскрова, Ніна Уладзіміраўна Рэндава, Таццяна Аляксандраўна Пруднікава, Валянціна Сцяпанаўна Данілёнак, Ларыса Міхайлаўна Шведава, Алена Сяргееўна Скаромная, Таццяна Аляксееўна Вярэніч, Ірына Васільеўна Фралова, Валянціна Сяргееўна Стрыжэннікава, Кацярына Аляксандраўна Залатарская. Сярод іх вучняў — не па адным пераможцы абласных алімпіяд. Ёсць дыпломы і на заключным этапе: у 2012 і 2013 гадах у нас былі дыпломы ІІІ ступені па матэматыцы, у 2014 годзе — спецыяльны прыз міністра адукацыі па англійскай мове.

Выніковай з’яўляецца і даследчая дзейнасць навучэнцаў. За пяць гадоў заваявана 9 дыпломаў на абласным конкурсе работ даследчага характару навучэнцаў, ёсць дыплом III ступені і на рэспубліканскім конкурсе. Ужо два гады гімназісты становяцца не толькі фіналістамі, але і прызёрамі Усерасійскага конкурсу юнацкіх даследчых работ імя Уладзіміра Вярнадскага. Актыўна ўдзельнічаем таксама ў міжнародных форумах студэнцкай і вучнёўскай моладзі “Першы крок у навуку”.

Сярод значных дасягненняў сацыяльна-выхаваўчага кірунку хачу адзначыць перамогу ў мінулым навучальным годзе ў Рэспубліканскім конкурсе на лепшы праект па арганізацыі шостага школьнага дня. Наш праект “Шукаю сябе ў свеце прафесій. Ідэі, якімі хочацца падзяліцца” быў удастоены дыплома І ступені ў намінацыі “Ствары свой брэнд” (кіраўнік і ідэйны натхняльнік — намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Юлія Аляксандраўна Панамарова).

Актыўна працуюць у гімназіі і органы вучнёўскага самакіравання і грамадскія арганізацыі БРСМ, БРПА, БМГАВП, а таксама клуб ЮНЕСКА “Мерыдыян”. Першасная гімназічная арганізацыя БРСМ ужо двойчы станавілася лепшай у вобласці. Ідэі гімназістаў высока ацэньваліся падчас рэспубліканскай акцыі “100 ідэй для Беларусі”. Праекты “Пляцоўка для скейтбордынга” і “Маладзёжны экспрэс” адзначаны рэспубліканскімі сертыфікатамі.

— Сяргей Іванавіч, ведаю таксама, што ваша гімназія славіцца і сваім мастацка-эстэтычным напрамкам. Адзін з вашых калектываў прымаў уд зел і ў творчых праектах нашай газеты.

— Нашы творчыя калектывы з’яўляюцца пастаяннымі ўдзельнікамі культурнага жыцця горада і раёна, пераможцамі міжнародных, рэспубліканскіх і абласных конкурсаў і фестываляў: “АрхНавацыя”, “Сонечная палітра”, “Ззянне талентаў”, “Беларускія таленты”, “Дняпроўскія хвалі”, “Мая мара” і многіх іншых. І сапраўды, харэаграфічны калектыў L-Freedance з 2013 года цесна супрацоўнічае з “Настаўніцкай газетай” у конкурсе “Звонкая ранiца”. Калектыў неаднаразова з’яўляўся ўдзельнікам праектаў “Будзем разам” і канцэртнай праграмы “Апошні званок з “Настаўнiцкай газетай”.

Творчаму развіццю навучэнцаў спрыяе шэраг факультатыўных заняткаў мастацка-эстэтычнага кірунку. Дзеці праходзяць навучанне з 1 па 9 клас на факультатыўных занятках музычнай, тэатральнай, харэаграфічнай і мастацкай накіраванасці. У гэтым навучальным годзе 824 вучні засвойваюць прадметы мастацка-эстэтычнага ўхілу. У гімназіі арганізаваны і функцыянуюць шматлікія творчыя калектывы. Гэта ўзорны харэаграфічны калектыў “Карусель”, харэаграфічны калектыў L-Freedance, тэатральныя калектывы “Фантазія”, “Жарт”, харавы калектыў “Юнацтва”, вакальна-харавая студыя “Асалода”, ансамбль лыжкароў “Ладачкі”, інструментальны ансамбль дамрыстаў “Экспромт”, інструментальны ансамбль цымбалістаў “Перазвоны”, інструментальны ансамбль скрыпачоў “Мелодыя”, студыі выяўленчага мастацтва “Акварэль”, “Бацік”, “Юны графік”.

— Хачу спытаць пра яшчэ адну адметнасць вашай навучальнай установы. Вы ўвесь час працуеце ў інавацыйным рэжыме, што насамрэч вельмі няпроста. Чым абумоўлена такое вірлівае педагагічнае жыццё?

— Сапраўды, у нас адзін інавацыйны праект заканчваецца, мы пачынаем новы. Так, з 1999 па 2008 год рэалізоўваўся праект “Сістэма развіццёвага навучання Эльконіна — Давыдава”, з 2008 па 2010 год — “Укараненне мадэлі фарміравання індывідуальнай вучэбнай дзейнасці ў вучняў 1—6 класаў на аснове нацыянальных праграм і ВМК”. У 2010—2013 гадах у нас дзейнічаў рэсурсны цэнтр па вышэйназваным інавацыйным праекце. 2014—2016 сталі гадамі рэалізацыі праекта “Укараненне мадэлі па фарміраванні пазнавальнай актыўнасці вучняў І ступені агульнай сярэдняй адукацыі з дапамогай рашэння праектных задач”. З гэтага года і да 2019 мы ўдзельнічаем у праекце “Укараненне мадэлі фарміравання метадалагічнай культуры вучняў у адукацыйным працэсе”.

У кожным з гэтых напрамкаў былі высокія вынікі, назіралася станоўчая дынаміка ў творчым удасканаленні педагогаў, у развіцці вучняў. Неабходна развівацца, каб рухацца далей. А інавацыйны праект дае магчымасць вывучаць новае, а лепшае ўкараняць у практыку. Гэта павышае выніковасць нашай працы. Акрамя таго, мы ахвотна дзелімся сваімі напрацоўкамі і станоўчым вопытам з калегамі іншых навучальных устаноў. Канечне, нагрузка на ўдзельнікаў інавацыйнага праекта кладзецца вялікая, але ў нас распрацавана сістэма маральнага і матэрыяльнага стымулявання для педагогаў-наватараў.

— Не менш важным напрамкам для далейшага развіцця ўстановы з’яўляецца профільнае навучанне. Якія яго мадэлі рэалізоўваюцца ў вашай гімназіі?

— У нас дзейнічаюць другая і трэцяя мадэлі арганізацыі профільнага навучання. Гэтыя мадэлі задавальняюць усіх удзельнікаў адукацыйнага працэсу: педагогаў, дзяцей і бацькоў. На сёння гімназісты выбралі фізіка-матэматычны, хіміка-біялагічны напрамкі, на павышаным узроўні вывучаюць замежную мову, гісторыю і грамадазнаўства.

Пасля заканчэння 9 класа праводзім анкетаванне навучэнцаў, якое дапамагае выявіць схільнасці вучняў. Акрамя таго, з імі па розных методыках працуюць псіхолагі. Здараецца, што дзеці хочуць быць праграмістамі або перакладчыкамі, але задаткаў для гэтай сферы дзейнасці не маюць. Мы даём ім магчымасць яшчэ раз усё пераасэнсаваць і прыняць максімальна правільнае рашэнне. Увогуле ж досыць сур’ёзная перадпрофільная падрыхтоўка ў нас вядзецца з 8 класа.

На працягу апошніх трох гадоў у 10 класе пераходаў з аднаго профілю ў іншы не было. Калі навучэнцы зрабілі выбар, то мэтанакіравана ідуць да рэалізацыі сваёй задумы.

У нашай гімназіі працуюць прафесіянальнныя псіхолагі, якія маюць адпаведную адукацыю і ўвесь час удасканальваюць свае прафесійныя навыкі. Акрамя таго, яны кіруюць метадычным аб’яднаннем псіхолагаў нашага раёна, прымаюць удзел у прафесійных мерапрыемствах абласнога і рэспубліканскага ўзроўню. Праходзілі таксама курсавую перападрыхтоўку па арганізацыі і суправаджэнні перадпрофільнай і профільнай адукацыі.

— Куды паступаюць вашы выпускнікі?

— Каля 15 працэнтаў сталі студэнтамі Беларускай сельскагаспадарчай акадэміі ў Горках. Многім пакарыліся сталічныя ўніверсітэты. Нашы вучні паступілі ў БДУІР, БДУ, БНТУ. Ёсць адзінкавыя выпадкі паступлення ў Полацкі дзяржаўны ўніверсітэт. Некаторыя выбіраюць універсітэты Віцебска. А ёсць выпускнікі, якія мэтанакіравана вырашылі атрымаць сярэднюю спецыяльную адукацыю, якая, між іншым, можа даць фору вышэйшай. Узяць, напрыклад, авіяцыйны каледж (зараз Беларуская дзяржаўная акадэмія авіяцыі) або вышэйшы каледж сувязі, які далучылі да БДУІРа.

Існуе ў нас праект “Школьная акадэмія кіравання”, які прадугледжвае цеснае супрацоўніцтва з адной з вядучых УВА краіны — Акадэміяй кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь. Праект закліканы дапамагчы школьнікам паглыбіць веды ў галіне эканомікі, права, інфармацыйных тэхналогій, прайсці кіраўніцкія трэнінгі і семінары і, нарэшце, убачыць сябе ў далейшай прафесійнай дзейнасці. Зносіны школьнікаў з выкладчыкамі і студэнтамі, удзел у студэнцкіх канферэнцыях і кейс-чэмпіянаце, масты дружбы — вось формы нашага супрацоўніцтва.

— Сяргей Іванавіч, вялікі дзякуй за размову.

Гутарыла Вольга ДУБОЎСКАЯ.

Дырэктар НЦМТДіМ Надзея ВАСІЛЬЧАНКА: “Калі ты ставіш перад сабой нейкую мэту, ідзі да яе. Толькі ідзі не з пустымі рукамі і не з пустой галавой…”

На гэтым тыдні Нацыянальны цэнтр мастацкай творчасці дзяцей і моладзі ўрачыста адзначыў сваё 80-годдзе. Адзначыў з размахам, з душой і, як заўсёды, з густам, без якога па азначэнні і не можа існаваць ніякая мастацкая творчасць. Пачатак юбілейным мерапрыемствам паклала 19 кастрычніка адкрыццё выставы лепшых работ V Міжнароднага конкурсу дзіцячага малюнка “Сябруюць дзеці на планеце” і Міжнароднага фестывалю дзіцячай творчасці “Творчасць без межаў”. 20 і 21 кастрычніка па нязменным адрасе НЦМТДіМ вул.Кірава, 16 працавала Міжнародная навукова-практычная канферэнцыя “Інавацыі сёння — традыцыі заўтра”. І ўчора ж, 21 кастрычніка, у Рэспубліканскім палацы культуры прафсаюзаў адбыўся феерычны юбілейны канцэрт “Галоўнае на свеце — гэта нашы дзеці” з удзелам як творчых калектываў цэнтра, так і замежных гасцей.

Наша газета ніколі не абыходзіла ўвагай дзейнасць Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі. Больш за тое, камусьці з нашых чытачоў такая безупынная ўвага да дзейнасці цэнтра, магчыма, здаецца нават нейкай прыхамаццю ці нейкім асаблівым фаворам. Але гэта не прыхамаць і не фавор. Проста аб’ектыўна НЦМТДіМ з’яўляецца цэнтрам усёй сістэмы дадатковай адукацыі нашай краіны, яе мозгам, сэрцам і душой. Усе дарогі і дарожкі ў гэтай сістэме вядуць у канчатковым выніку менавіта ў яе “Рым” — у цэнтр, у Мінск, на вул.Кірава, 16. І гэта не кажучы пра такія знакавыя для ўсёй культурнай і адукацыйнай супольнасці Беларусі мерапрыемствы, прадуманыя і арганізаваныя непасрэдна супрацоўнікамі НЦМТДіМ, як Рэспубліканскі фестываль мастацкай творчасці навучэнскай і студэнцкай моладзі “АРТ-вакацыі”, Рэспубліканскі агляд-конкурс дзіцячай творчасці “Прывітанне, свет!”, Рэспубліканскі фестываль-конкурс моды і фота “Млын моды”, рэспубліканскія чэмпіянаты па інтэлектуальных гульнях КВЗ, нацыянальныя форумы дзяцей Беларусі і інш.

Дык вось, гэта факт: мы часта пішам пра справы Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі, але рэдка — пра людзей, якія стаяць за гэтымі справамі. А за справамі ж заўсёды стаяць людзі… З нагоды юбілею Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі — крыху нефармальнае інтэрв’ю з яго дырэктарам Надзеяй Васільеўнай ВАСІЛЬЧАНКА.

— Надзея Васільеўна, што для вас значыць 80-гадовы юбілей НЦМТДіМ? Наколькі ён для вас асабісты?

— Ведаеце, неяк я пачула ад адной сваёй супрацоўніцы: “Для вас праца — гэта жыццё…” Я тады спачатку нават уздрыгнула: як гэта праца — жыццё? Можа, гэта занадта? А дзе ж тады ўласна само жыццё? Але потым усё-такі пагадзілася з той супрацоўніцай. Калі ты хочаш, каб любая справа, за якую ты ўзяўся, была паспяховай, напэўна, ты і павінен аддаваць ёй усё сваё жыццё, хварэць за яе, перажываць за яе, як за нешта сваё, роднае. Часам гавораць, маўляў, гэта — сваё прадпрыемства, а гэта — дзяржаўнае, і перажыванні тут абсалютна розныя. А калі ты перажываеш за дзяржаўнае, як за сваё? Тады як быць? А ў мяне менавіта такая сітуацыя. Я сапраўды перажываю за наш нацыя-нальны цэнтр, як за свой, родны. І, думаю, гэта перадаецца ўсяму калектыву, усім супрацоўнікам, а перш за ўсё — дзецям, якія займаюцца ў нас, і іх бацькам.

— На вас моцна цісне гэты юбілей?

— Безумоўна, гэта вельмі важная дата. За 80 гадоў праз нашу ўстанову прайшло нямала пакаленняў педагогаў, дзяцей. І сёння мы, супрацоўнікі Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі, нясём вялікую адказнасць перад тымі пакаленнямі педагогаў, якія тут працавалі да нас. Яны з самага пачатку, з 1936 года, калі ў Мінску быў адкрыты Палац піянераў і школьнікаў — сённяшні наш цэнтр, трымалі вельмі высокую прафесійную планку. Дастаткова ўспомніць такія прозвішчы нашых педагогаў-пачынальнікаў, як Каткоў, Рубін, Трэгубовіч, Брэйво, Галаванеўскі, Дзмітрук, Ермакоў і інш. І кожнае наступнае пакаленне імкнулася не толькі захаваць тыя высокія асновы, якія былі закладзены да іх, але і развіць іх. Імкнёмся да гэтага і мы сёння, бо разумеем, што развіццё — гэта і ёсць жыццё. Вы самі, мабыць, добра бачыце, якое актыўнае ў нас сёння жыццё… І, ведаеце, я нават часам уяўляю: калі б тыя педагогі, якія пачыналі тады, у 1936 годзе, паглядзелі на нас сённяшніх, што б яны падумалі, як бы ацанілі наш цяперашні ўзровень? Без лішняй сціпласці скажу: мне здаецца, мы б ім спадабаліся… Такім чынам, юбілей, як вы сказалі, цісне. Але гэтак па-добраму цісне.

— Вы кіруеце цэнтрам ужо 8 гадоў. А ці памятаеце той момант, калі толькі-толькі прыйшлі на пасаду дырэктара, калі даведаліся пра сваё назначэнне? Што рабілася тады ў вашай душы: тузалі сумненні, ахоплівала трывога, перапаўняла бязмежная радасць?

— Шчыра кажучы, бязмежная радасць дакладна не перапаўняла, таму што я, па-першае, усведамляла ўвесь цяжар адказнасці, які я мусіла браць на сябе, а па-другое, разумела, што мне на новай пасадзе трэба будзе вырашаць вялікае кола праблем, звязаных у першую чаргу з матэрыяльна-тэхнічнай базай. Не памятаю ўжо хто дакладна, але нехта на нейкай нарадзе тады сказаў прыблізна такія словы: “Нехта ж павінен узяць на сябе адказнасць за ўсё гэта, і вам, Надзея Васільеўна, выпала гэтая ганаровая місія!”

— І што тады? Вы зайшлі ўпершыню ў свой дырэктарскі кабінет у якасці дырэктара, зачынілі знутры дзверы, каб ніхто не перашкаджаў, селі за рабочы стол, абхапілі рукамі галаву і моцна-моцна задумаліся: “Што рабіць, з чаго пачаць?”

— А вось не паверыце! Не было такога! Мне здаецца, з самага першага дня, колькі я працую ў цэнтры (а да дырэктарства я працавала пяць гадоў намеснікам дырэктара), ні адной хвіліны я адной не была і не зачынялася. Са мной пастаянна мае калегі, якія ідуць да мяне са сваімі пытаннямі, праблемамі, прапановамі, праектамі… Са мной пастаянна людзі! Я нават больш вам скажу: у нейкі момант я зразумела, што гэта ператвараецца ў праблему. Я ж не магу ніколі засяродзіцца, не магу пабыць сам-насам. І неяк я ўзяла за звычку прыходзіць на працу вельмі рана, яшчэ да васьмі раніцы. І што вы думаеце?! Мае калегі вельмі хутка прасеклі гэтую хітрасць, таксама сталі прыходзіць на працу яшчэ да васьмі і яшчэ да васьмі стукацца ў дзверы дырэктара, каб абмеркаваць са мной той ці іншы праект! (Смяецца.М.Ч.)

— Вы на ўсе 100 працэнтаў давяраеце сваім супрацоўнікам або аддаяце перавагу прынцыпу “давярай, ды правярай”?

— Я думаю, што пры нармальным кіраўніцтве кожны супрацоўнік будзе рабіць тое, чаго ад яго чакаюць. Іншая справа — як правільна паставіць перад ім задачу; як разам з ім яе, што называецца, прагаварыць; як намеціць крокі па ажыццяўленні гэтай задачы, асабліва калі ён нявопытны, а калі вопытны, то абазначыць хоць бы нейкія контуры… І, абсалютна шчыра кажучы, сёння я не магла б назваць ніводнага супрацоўніка цэнтра, у якім я была б не ўпэўнена. Натуральна, нехта можа зрабіць лепш, нехта — горш, камусьці патрэбна меншая дапамога, камусьці — большая. Але ўсе стараюцца і жывуць адной справай, хварэюць ёй. Таму я кірую хутчэй не па прынцыпе “давярай, ды правярай”, а па прынцыпе “давярай, ды памагай”. Безумоўна, усе праекты сцякаюцца да мяне, але кожны праект у нас пачынаецца з калектыўнага абмеркавання, потым каманда збіраецца яшчэ і яшчэ… Без каманды нічога не зробіш. А ўжо ў камандзе, безумоўна, ёсць свае ключавыя фігуры.

— Якімі праектамі цэнтра, ініцыіраванымі менавіта вамі, вы найбольш ганарыцеся?

— Я не вылучала б так катэгарычна сябе адну, бо, як толькі што сказала, усё залежыць ад каманды. Але ўжо калі гаварыць аб праектах, якія нарадзіліся пры мне і пры маім непасрэдным удзеле ў іх нараджэнні і развіцці, то гэта Міжнародны конкурс дзіцячага малюнка “Сябруюць дзеці на планеце”, Рэспубліканскі агляд-конкурс дзіцячай творчасці “Прывітанне, свет!”, Рэспубліканскі фестываль харавой творчасці, Рэспубліканскі агляд-конкурс Дзядоў Марозаў і Снягурачак “Ёлка-фэст”, Рэспубліканскі конкурс дзіцячай творчасці “АрхНавацыя”, праект “Беларускае мастацтва і дзеці”… Кожны з гэтых праектаў па-свойму выхоўвае нашых дзяцей патрыётамі, сапраўднымі грамадзянамі нашай краіны. Вельмі добра памятаю эксперымент у рамках праекта “Беларускае народнае мастацтва і дзеці”, які правяла наш педагог кіраўнік творчай майстэрні “Вясёлка” Вольга Кашкурэвіч, калі дзеці спачатку вывучалі народныя беларускія строі, а потым мастацкімі сродкамі выявілі саміх сябе ў нацыянальным адзенні. Я ўпэўнена: нешта адбываецца ў душы маленькага чалавека, калі ён далучаецца да такіх спраў.

Многа знакавых канцэптуальных выстаў было арганізавана за апошнія гады. Вельмі ганаруся сёлетняй выставай “Гутарка з Малевічам”. Гэта быў сапраўдны ўзор мастацкай праектнай дзейнасці, яскравае сведчанне таго, што ў нас ёсць нямала педагогаў з сучасным мысленнем і бачаннем сваіх вучняў.

І, безумоўна, гэта тыя вялікія праекты, якія існавалі і раней, але за апошнія гады набылі абсалютна новыя фармат і маштаб. Напрыклад, “АРТ-вакацыі”: “АРТ-вакацыі” дзесяцігадовай даўнасці і “АРТ-вакацыі” сёння — гэта дзве вялікія розніцы. Сёння “АРТ-вакацыі” — гэта мноства самых розных намінацый, шэраг спадарожных падпраектаў, такіх як “Крэон”, “АРТ-партал”, “Рэцытацыя”, “PRO-вакацыi”. Нарэшце, згадаем, на якіх пляцоўках праходзілі гала-канцэрты гэтага фестывалю: канцэртная зала “Мінск”, Летні амфітэатр у Віцебску, Палац Рэспублікі, Летні амфітэатр у Маладзечне, Палац спорту… Гэта лепшыя сцэны ў краіне. Мы ўздымаліся на іх прыступка за прыступкай, мы ішлі да мэты.

— Ці маглі б вы сфармуляваць філасофію Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі нейкай ёмістай фразай, слоганам?

— Пяць гадоў назад, напярэдадні 75-годдзя цэнтра, я загарэлася ідэяй стварэння гімна нашай установы. Запрасіла кіраўніка нашага народнага вакальна-інструментальнага ансамбля “Чырвоныя зоркі” Генадзя Маркевіча і вядомага паэта Алеся Бадака, мы сталі разам абмяркоўваць, якім павінен быць гэты гімн. Бадак усё пытаўся: “А якая мусіць быць галоўная думка гімна?” І ў мяне неяк міжволі вырвалася: “Ну, якая яшчэ думка можа быць? Галоўнае на свеце — гэта нашы дзеці!” А праз некалькі дзён з’явіўся наш гімн на словы Алеся Бадака і музыку Генадзя Маркевіча “Галоўнае на свеце — гэта нашы дзеці”. Гэта наш лозунг, наш дэвіз, наш унутраны покліч — як хочаце называйце. Гэта тое, чым мы жывём, пад чым распісваемся, дзеля чаго і ў імя каго працуем… А працуем мы, які від творчасці ні вазьмі (ці гэта выяўленчае мастацтва, ці харавыя спевы, ці харэаграфія), у адным жанры, імя якому — выхаванне. Калі мастацкая творчасць дзіцяці закранае струны яго душы, уплывае на яго эмацыянальную сферу, калі юны чалавек спрабуе сродкамі мастацтва разабрацца ў сваіх і чужых учынках, ён ператвараецца на вачах, ён адухаўляецца. Часам неяк паблажліва кажуць, маўляў, галоўнае — гэта вучоба, а ўсе гэтыя танцы і песні ўсяго толькі культурна-адпачынкавая дзейнасць, не так яна ўжо і патрэбна сучаснаму прагматычнаму маладому чалавеку… Я з такім пасылам абсалютна не згодна. Няма больш эфектыўнага інструмента ўздзеяння на маладога чалавека, на станаўленне яго як асобы, чым мастацтва.

— Надзея Васільеўна, вы прыгожая, энергічная, аптымістычная. На вашых кволых жаночых плячах і на плячах вашай каманды трымаецца фактычна ўся сістэма дадатковай адукацыі нашай краіны… Падзяліцеся, калі ласка, сакрэтам вашага жыццёвага і прафесійнага поспеху.

— Для таго каб быў поспех, трэба многа працаваць. Натуральна, камусьці хочацца хутка, многа і адразу, але я ў гэта не веру. Калі ты імкнешся да нечага, то абавязкова гэтага дасягнеш. Але для дасягнення гэтай мары ты павінен нешта рабіць і павінен ставіць рэальныя задачы, нават калі напачатку яны здаюцца нерэальнымі. Згадаць, напрыклад, той факт, што мы выступілі з “АРТ-вакацыямі” ў Віцебску на галоўнай сцэне “Славянскага базару” ў Летнім амфітэатры. Многія тады не верылі ў нашы амбіцыі. Але мы даказалі, што можам, і зрабілі. Або праект, які мы рэалізоўваем разам з ЮНІСЕФ, “Горад, дружалюбны да дзяцей”. Мы ж з нуля паднялі гэты праект, але верылі ў тое, што мы гэта зможам, з самага пачатку, прыклалі для гэтага вельмі шмат намаганняў, вынасілі вельмі многа думак і памкненняў. Таму ніякага сакрэту поспеху няма: калі ты ставіш перад сабой нейкую мэту — ідзі да яе. Толькі ідзі да яе не з пустымі рукамі і не з пустой галавой.

— Ці ёсць (былі) у вашым жыцці людзі, якія для вас безумоўныя аўтарытэты?

— Так. Гэта мая школьная настаўніца рускай літаратуры ў Краснаполлі Магілёўскай вобласці, дзе я расла і вучылася. Я літаральным чынам сябравала з ёй, хадзіла да яе ў госці, мы бясконца гутарылі на самыя розныя тэмы, яна давала мне чытаць кнігі са сваёй шыкоўнай дамашняй бібліятэкі… І, безумоўна, гэта мае бацькі — мама, заслужаны настаўнік Беларусі, і бацька, былы падводнік. Бацька быў для мяне заўсёды планкай, на яго я раўнялася, для яго старалася… На вялікі жаль, два гады назад яго не стала, і я адчула вялікую спустошанасць. Ніколі не забуду словы, якія ён мне сказаў аднойчы на дзень нараджэння: “Дачушка, я табе жадаю, каб табе было цікава жыць!” Я тады цалкам не зразумела яго словы, маўляў, як гэта можа быць нецікава жыць… А потым прыйшоў пэўны ўзрост і прыйшло разуменне: некаторым жа людзям сапраўды нецікава жыць. А калі чалавеку нецікава жыць, ён неяк хутка і згасае. Цікава чалавеку жыць толькі тады, калі ў яго ёсць мэта, няхай нават самая маленькая.

— Надзея Васільеўна, вы лічыце сябе шчаслівым чалавекам?

— Ведаеце, у маёй дачкі ўчора быў дзень нараджэння (Інтэрв’ю запісвалася 19 кастрычніка.М.Ч.), мы сабраліся ўсёй вялікай сям’ёй, і дачка мне раптам гаворыць: “Ты, мама, шчаслівая жанчына… Ты нават сама не разумееш, якая ты шчаслівая! У цябе ёсць любімая праца, ты ўвесь час занятая цікавымі справамі, у цябе ёсць блізкія, якія цябе любяць і падтрымліваюць. Паглядзі, тут, за сталом, прысутнічаюць чатыры пакаленні: ты як пакаленне, твая мама, твае дзеці, твае ўнукі… Гэта ж здорава, калі бясконца цягнецца гэтая нітачка любові і павагі адно да аднаго праз пакаленні”. Шчыра кажучы, я ледзь стрымала слёзы ад гэтых слоў. Я зразумела, што я сапраўды шчаслівы чалавек.

— Вялікі дзякуй за гутарку, Надзея Васільеўна. Шчасця і надалей вам і вашаму цэнтру! З юбілеем!

Гутарыў Мікола ЧЭМЕР.