Юбілей з працягам

Які найлепшы навагодні падарунак для юнага краязнаўца? Адкрыццё чарговай таямніцы роднага краю? Атрыманне дыплома за ўдзел у конкурсе? А можа, сустрэча з Дзедам Марозам? І раскрыццё таямніцы, і атрыманне дыплома, і сустрэча з добрым чараўніком. І ўсё ж самая галоўная, самая радасная, самая прыемная ўзнагарода — гэта зімовы адпачынак у “Зубраняці”. Па добрай традыцыі ў апошні месяц года і першы месяц зімы на заснежаным беразе Нарачы збіраюцца юныя краязнаўцы, а таксама эколагі, тэхнікі, журналісты — актыўныя ўдзельнікі рэспубліканскай акцыі навучэнскай моладзі “Жыву ў Беларусі і тым ганаруся”. На мінулым тыдні завяршылася чарговая аднайменная змена, падведзены вынікі конкурсаў, лічаныя гадзіны засталіся і да завяршэння 2016 года, які для акцыі быў юбілейным: 10 гадоў яна ўпэўнена крочыць па беларускай зямлі.

Ад Крычава пакрочыла

Чэрвень 2006 года… Крычаў… Гарадскі стадыён… Маштабнае свята… Аляксандр Міхайлавіч Радзь­коў дае ўрачысты старт акцыі “Жыву ў Беларусі і тым ганаруся”… 10 гадоў мінула з таго памятнага дня, і цяпер можна смела гава­рыць, што ні адно з доўгатэрміновых выхаваўчых мерапрыемстваў сістэмы адукацыі нашай краіны не карыстаецца ў педагогаў і навучэнцаў такой папулярнасцю. І пацвярджа­юць гэтыя словы тысячы работ, што дасылаюцца на раённыя, абласныя і рэспубліканскія этапы конкурсаў. А гэтых конкурсаў самай рознай тэматыкі праведзены ўжо не адзін дзясятак. Даследаванне роднага краю вядзецца па такіх напрамках, як “Мой род, мая сям’я”, “Мая школа — часцінка майго жыцця”, “Мая вёска, мой горад”, “Мая Радзіма — Беларусь”. У якасці аб’ектаў даследавання выбіраюцца помнікі гісторыі, культуры, прыроды. Удзельнікі акцыі распрацоўваюць рэгіянальныя праграмы адраджэння, захавання, папулярызацыі адметных мясцін малой ра­дзімы, сістэматызуюць веды па родным краі. Акцыя “Жыву ў Беларусі і тым ганаруся” настолькі трывала ўвайшла ў жыццё ўстаноў адукацыі, што паняцці “выхаваўчы працэс” і “Жыву ў Беларусі і тым ганаруся” з’яўляюцца адным цэлым.

— Адкрыццё акцыі стала знакавай падзеяй, пераломным этапам у багатай, напоўненай традыцыямі краязнаўчай рабоце, якая вядзецца ва ўстановах адукацыі Беларусі яшчэ з канца ХІХ стагоддзя. Калі звярнуцца да гісторыі развіцця краязнаўчага руху, то варта адзначыць, што асаблівую папулярнасць ён набыў у 30-я гады ХХ стагоддзя. Тады з усёй колькасці краязнаўцаў пераважную большасць складалі настаўнікі і вучні. Потым у 70—80-я гады лепшыя традыцыі краязнаўчага руху даваеннай школы ўвасобіліся ва Усесаюзнай турыстычна-краязнаўчай экспедыцыі “Мая Радзіма СССР”. Пасля таго як Беларусь стала незалежнай дзяржавай, эстафету ад усесаюзнай экспедыцыі пераняла Усебеларуская турыстычна-края­знаўчая экспедыцыя навучэнцаў “Наш край”, накіраваная на вывучэнне, папулярызацыю беларускай гісторыі, культуры, прыроды. Акцыя “Жыву ў Беларусі і тым ганаруся” стала наступным крокам у далучэнні навучэнцаў да вывучэння малой ра­дзімы. З тым, што было зроблена падчас экспедыцыі “Наш край” за 15 гадоў, акцыя “Жыву ў Беларусі і тым ганаруся” справілася ўсяго за год-два. Яна з’яўляецца больш шырокім, доўгатэрміновым мера­прыемствам, да якога далучыліся ўсе ўстановы адукацыі, — паведаміла адказны сакратар акцыі Аляксандра Яўгенаўна Кравец.

Адпачыць у “Зубраняці” і гэтым ганарыцца

Навучэнцы кожнай школы, гімназіі, ліцэя, каледжа, кожнай установы дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі хоць адзін раз, хоць на раённым узроўні, ды ўдзельнічалі ў конкурсах акцыі. І па традыцыі вынікі гэтых конкурсаў падво­дзяцца напярэдадні Новага года ў НДЦ “Зубраня”. Сёлета лепшыя з лепшых вызначаліся ў рэспубліканскіх конкурсах даследчых і творчых работ “Мой род, мая сям’я”, “Юны натураліст”, “Чыстыя сэрцы роднай зямлі”, “Радзімы спадчына — мой гонар”, конкурсе фотаздымкаў “Краіна мая дарагая”, якія право­дзіліся на працягу года Рэспубліканскім цэнтрам экалогіі і краязнаўства, Нацыянальным цэнтрам мастацкай творчасці дзяцей і моладзі, Рэспубліканскім цэнтрам інавацыйнай і тэхнічнай творчасці і рэдакцыяй газеты “Пераходны ўз рост”.

Кожнае лета настаўнік інфарматыкі і матэматыкі нарацкай сярэдняй школы № 1 Вячаслаў Генрыхавіч Жалубоўскі разам з удзельнікамі турыстычна-краязнаўчага гуртка “Непаседы” садзіцца на ведасіпеды і адпраўляецца ў падарожжы. І так ужо 23 гады, 10 з якіх выпадаюць на акцыю “Жыву ў Беларусі і тым ганаруся”. Колькі за гэты час было пераадолена кіламетраў па Мядзельшчыне, суседніх Пастаў­шчыне, Вілейшчыне, па ўсёй Беларусі, ска­заць складана. Аднойчы падчас сапраў­днага марш-кідка за 8 дзён настаўнік праехаў каля 600 кіламетраў. Турыстычна-края­знаўчую мэту падарожжаў педагог сумяшчае з духоўнай, таму падчас вандровак абавязкова наведваюцца касцёлы, цэрквы, а перасоўныя палатачныя лагеры часам разбіваюцца на тэрыторыі кляштараў і манастыроў.

Як і кожная “зубраняцкая” змена, змена “Жыву ў Беларусі і тым ганаруся” — гэта рэалізацыя асобнай праграмы выхавання. Так, сёлета з 4 па 21 снежня быў рэалізаваны праект “Якія мы, беларусы?”, што знаёміў удзельнікаў змены з адметнымі рысамі і якасцямі характару беларусаў. Яшчэ адзін праект “Беларусь у казках і паданнях” быў рэалізаваны падчас свое­асаблівых вячорак, на якіх дзеці знаёміліся з народнай творчасцю. Фарміраванню патрыятычных пачуццяў спрыялі мерапрыемствы агульналагернага і атраднага ўзроў­няў (святочнае адкрыццё змены, важацкая вечарына, конкурс візітовак атрадаў “Здзіўляемся разам”, конкурсы інсцэніраванай казкі “Скарб­ніца народнай мудрасці” і відэа­рэкламы “Беларусь запрашае”, шоу-праграма “Міс “Купалінка” і фестываль мастацтваў “Нарачанскае сузор’е” і інш.), дыскусійны і гульнявы мультыпаркі, спартыўныя мерапрыемст­вы, тэматычныя класныя гадзіны.

А яшчэ кожная зубраняцкая змена — гэта абавязкова святочны настрой. Стваралі яго “Кола гульняў”, прысвечанае Новаму году, гульнявая сітуацыя “Пісьмо Дзеду Марозу”, конкурс “Парад снегавікоў” і інш. На працягу змены рэалізоўваўся арганізацыйна-гульнявы праект “Здзіўляй.by”, дзе кожны атрад умоўна быў ператвораны ў вэб-студыю, якая займаецца распрацоўкай інтэрнэт-сайта з мэтай прыцягнення ў нашу краіну замежных турыстаў. Для ўдзельнікаў змены было арганізавана наведванне рэспубліканскіх устаноў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі, майстар-класы ад іх супрацоўнікаў, а таксама наведванне вядучых сталічных музеяў.

Першыя дыпломы

На шматлікіх мерапрыемствах акцыі часта гучаць словы пра тое, што “Жыву ў Беларусі і тым ганаруся” ўпэўнена крочыць па краіне. Такое параўнанне не выпадковае і нават не вобразнае. Калі ўлічыць, што ўдзельнікі многіх конкурсаў падчас пошуку неабходнага матэрыялу адпраўляюцца ў вандроўкі, экскурсіі, то слова “крочыць” мае прамое значэнне. Настаўнікі і вучні накіроўваюцца з дыктафонамі, алоўкамі, блакнотамі, фотаапаратамі ад школы — да мясцовых старажылаў, былых пан­скіх сядзіб, помнікаў, пастаўленых у памяць пра тых, хто загінуў падчас Вялікай Айчыннай вайны, у лес, напоўнены птушыным
шчэбетам і пахам духмяных кветак, ад школы — у новае, дарослае, жыццё… Ужо даўно сталі дарослымі пераможцы першых конкурсаў. У кожнага свае сем’і, свая жыццёвая сцяжына. І на выбар гэтай жыццёвай сцяжыны пэўны ўплыў, безумоўна, аказаў удзел у акцыі. Паколькі наша выданне — газета для педагогаў, то і гава­рыць мы будзем пра настаўнікаў, якія ўжо на працягу 10 гадоў накіроў­ваюць, ра яць, падтрымліваюць, даюць слушныя краязнаўчыя парады сваім выхаванцам.

Школьныя музеі з’яўляюцца сапраўднымі цэнтрамі выхаваўчай работы, таму нядзіўна, што самы першы конкурс акцыі — гэта конкурс музеяў устаноў адукацыі “Гісторыка-культурныя каштоўнасці рэгіёна ў змесце дзейнасці сучаснага музея ўстановы адукацыі”. Сярод пераможцаў і лаўрэатаў дыплома І ступені — гістарычны музей сярэдняй школы № 3 Мёраў, створаны ў 1986 годзе. Наведацца ў адзін з самых лепшых музеяў краіны мне пашчасціла двойчы: у 2009 і 2015 гадах. З багатай экспазіцыяй, сабранай пад кіраўніцтвам настаўніка гісторыі, выдатніка адукацыі, лаўрэата прэміі “За духоўнае адраджэнне” Вітаўта Антонавіча Ермалёнка, можна знаёміцца некалькі гадзін. Кожны раздзел — гэта цэлая эпоха, захапляльны аповед пра таямніцы Мёр­скага краю. І расказваюць пра гэтыя таямніцы тысячы экспанатаў. Ужо 30 гадоў у самым добрым суседстве знахо­дзяцца прадметы інтэр’ера пакояў шляхецкага і сялянскага дома канца ХІХ стагоддзя, каштоўныя знаходкі са старадаўніх могільнікаў, курганоў і гарадзішчаў, сведчанні пра па­дзеі 1812 года, школьныя і вучнёўскія прылады даваеннай Беларусі, матэрыялы і асабістыя рэчы славутых ураджэнцаў Мёршчыны.

За 40 гадоў педагагічнай дзейнасці і 10 гадоў удзелу ў акцыі “Жыву ў Беларусі і тым ганаруся” Вітаўт Антонавіч Ермалёнак дасягнуў многіх краязнаўчых вяршынь. Стварыў музейнае аб’яднанне, куды ўваходзяць чатыры музеі, сабраў каля 30 тысяч артэфактаў мінулага (сярод апошніх знаходак — турэцкі ваенны бубен з бітвы пад Венай 1683 года), калекцыю дыпломаў акцыі, прывіў любоў да роднага краю сотням вучняў, некалькім пакаленням жыхароў Мёрскага раёна і, як сапраўдны мужчына-краязнаўца, вырасціў сына-гісторыка, пабудаваў разам з ім этнаграфічны дом-музей, пасадзіў вакол гэтага дома цэлы сад.

Мой род, мая сям’я

Вітаўт Антонавіч сабраў не толькі багатую калекцыю экспанатаў і дыпломаў акцыі “Жыву ў Беларусі і тым ганаруся”, але і багатыя звесткі пра сваіх продкаў. Дарэчы, пра радавод. Конкурсы радаводаў праводзіліся ўжо неаднойчы. Вось і сёлета ў юбілейны год акцыі Рэспубліканскі конкурс даследчых работ “Мой род, мая сям’я” стаў адным са знакавых. Падобныя конкурсы заўсёды карыстаюцца папулярнасцю. І справа не толькі ў тым, што даследаваць радавод становіцца модным. Дзякуючы конкурсу радаводаў, вучні знаёмяцца з сямейнымі гісторыямі, традыцыямі, рэліквіямі. А цікавыя гісторыі, традыцыі, рэліквіі ёсць у кожнай сям’і. Конкурс накіраваны на фарміраванне светапогляду і духоўных каштоўнасцей асобы вучня праз даследаванне свайго радаводу, матэрыяльнай і духоўнай спадчыны продкаў, выхаванне патрыятызму праз непарыўную сувязь гісторыі сям’і з гісторыяй свайго народа.

— У фінальным этапе прынялі ўдзел 58 конкурсных матэрыя­лаў, прадстаўленых навучэнцамі з усіх рэгіёнаў краіны. На папярэднім туры рэспубліканскага этапу праводзіўся прагляд конкурснага матэрыялу, а на выніковым — творчае прадстаўленне навучэнцамі сваіх работ. Прадстаўлены вучнямі матэрыял мае высокі змястоўны і інфармацыйны ўзровень, складаецца з уласнага радаводу, генеалагічнага дасье на кожнага прадстаўніка роду, апісання жыццядзейнасці сваякоў і важных для сям’і падзей у храналагічнай паслядоўнасці, апісання сямейных традыцый і абрадаў, паданняў і легенд, сямейных рэліквій, матэрыялу па правядзенні антрапанімічных даследаванняў сям’і, роду, картасхе­мы з адлюстраваннем геаграфіі рассялення прадстаўнікоў роду, — паведаміла Аляксандра Яўгенаўна Кравец.

Раскласці карту

Любое падарожжа, вывучэнне роднага краю немагчыма без карты, таму сярод першых конкурсаў акцыі конкурс па складанні карта­схем малой радзімы і конкурс буклетаў, даведачна-інфармацыйных матэрыялаў пра родны край. “Фантазіі ўдзельнікаў конкурсу па стварэнні картасхем малой радзімы можна толькі пазайздросціць. Мне і цяпер помняцца тыя работы, — дзеліцца намеснік дырэктара Рэспубліканскага цэнтра экалогіі і краязнаўства Лідзія Андрэеўна Жур. — Помню, што юныя турысты са Шчучына ўмоўныя значкі ўпрыгожылі бісерам, запалкамі, кавалачкамі каляровай паперы. Настаўнікі і вучні сярэдняй школы № 1 Ліды зрабілі карту горада тапаграфічным спосабам. Вельмі цікавыя работы даслалі і ўстановы адукацыі Віцеб­скай вобласці. Напрыклад, на карце Палатоўскай і Ветрынскай сярэдніх школ Полацкага раёна каля кожнага невялікага фотаздымка пэўнага аб’екта гісторыі, культуры, прыроды быў наклеены яго выява-малюнак, створаны вучнямі. Аднак найбольш уразіла картасхема з Цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі “Кантакт” Цэнтральнага раёна Мінска. Мы, члены журы, ужо шмат цікавага і арыгінальнага бачылі за 10 гадоў акцыі, аднак каб паказаць сваю родную зямлю ў выгля­дзе вялікага палотнішча, а замест рэк пры­шыць сінія стужкі тканіны — гэта сапраўды ўразіла. Хаця кожная работа кожнага конкурсу — гэта не толькі багатыя звесткі, але і сапраўдны шэдэўр дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Якія радаводы, якія летапісы ўстаноў адукацыі дасылаюцца на конкурсы! Гэта трэба бачыць! Напэўна, варта нават арганізаваць спецыяльную выставу такіх работ”.

Двухколавыя сябры

Паход і экскурсія — два ключавыя словы, якія ляжаць у аснове дзейнасці і ладу жыцця ўдзельнікаў акцыі. Гэтыя два словы сталі асновай і Рэспубліканскага конкурсу на лепшы праект краязнаўчага маршруту “Мой край”. Сярод пераможцаў — гурток веласіпеднага турызму нарацкай сярэдняй школы № 1 Мядзельскага раёна. З кіраўніком аб’яднання Вячаславам Генрыхавічам Жалубоўскім мне таксама, як і з Вітаўтам Антонавічам, пашчасціла сустракацца двойчы. Калі на нашу сустрэчу я прыязджаў на камандзіровачным аўтобусе, то Вячаслаў Генрыхавіч, як нескладана здагадацца, на двухколавым сябры.

— Асноўнай мэтай нашых падарожжаў з’яўляецца вывучэнне роднага краю, патрыятычнае, духоўнае выхаванне дзяцей. Турызм — толькі сродак для дасягнення гэтых мэт. У час вандровак мы, настаўнікі, разам з дзецьмі пераадольваем на веласіпедах за некалькі дзён па кіламетраў 300—400, знаёмім вучняў з гісторыяй Нарачанскага краю, помнікамі архітэктуры, абавязкова наведваем касцёлы і цэрквы. Перад тым, як адправіцца ў вандроўку, ладзім сход, на якім распрацоўваем маршрут. Пасля вучні актыўна даследуюць яго адметнасці, працуюць у інтэрнэце, вывучаюць кнігу “Па­мяць”. Гэта дае цудоўную магчымасць у будучым параўнаць тэарэтычны матэрыял з практычным. Пасля падарожжаў падво­дзім іх вынікі, — паведаміў Вячаслаў Генрыхавіч.

Сакрэт папулярнасці

Акцыя доўгатэрміновая і праводзіцца на працягу 10 гадоў. Не кожнае мерапрыемства сістэмы адукацыі вытрымлівае такое выпрабаванне часам. У чым сакрэт папулярнасці “Жыву ў Беларусі і тым ганаруся”? Ці толькі магічныя словы: “Беларусь”, “жыву”, “ганаруся”? Як адзначыла адказны сакратар акцыі Аляксандра Яўгенаўна Кравец, любая справа павінна мець сістэму. Калі ёсць сістэм­насць у конкурсах, сістэмнасць у іх арганізацыі, то поспех акцыі гарантаваны. Доўгатэрміновасць акцыі дазваляе вызначыць недахопы яе першых этапаў, правесці работу над памылкамі.

— Асноўная частка конкурсаў — краязнаўчыя. Аднак грамад­ства развіваецца, час патрабуе новых тэм для даследаванняў, таму ў рамках акцыі праводзяцца і конкурсы на экалагічную тэматыку, конкурсы творчых работ, конкурсы па вывучэнні эканамічнага развіцця рэгіёнаў. Правядзенне конкурсу юных экскурсаводаў таксама выклікана патрабаваннямі часу, адкрытасцю нашай краіны для замежных гасцей, а станоўчае ўяўленне пра краіну, як вядома, у многім залежыць ад прафесіяналізму экскурсавода. Навучэнцы з педагогамі вывучаюць розныя аспекты жыцця малой ра­дзімы, таму ў наступным годзе плануецца правесці конкурс па даследаванні тапанімікі роднага краю. У 2018 го­дзе прадугледжаны конкурс “Страчаная спадчына”, абавязковай умовай удзелу ў якім будзе даследаванне страчаных у віхуры часу і людской абыякавасці аб’ектаў гісторыка-культурнай, прыроднай і духоўнай спадчыны беларускага народа, — падзялілася Аляксандра Яўгенаўна.

Будзем разам!

Дзесяць гадоў, дзясяткі конкурсаў, тысячы ўдзельнікаў, дзясяткі тысяч добрых спраў… Рэспубліканская акцыя навучэнскай моладзі “Жыву ў Беларусі і тым ганаруся” працягвае крочыць па нашай зямлі: ад школы да школы, ад гімназіі да гімназіі, ад ліцэя да ліцэя, ад каледжа да каледжа, ад сэрца да сэр­ца. Будзем крочыць разам!

Ігар ГРЭЧКА.
Фота аўтара,
Алега ІГНАТОВІЧА,
з архіва арганізатараў і ўдзельнікаў конкурсаў акцыі.

Краязнаўцы краіны, яднайцеся!

Для незабыўнага летняга адпачынку сапраўднаму краязнаўцу трэба нямнога: над галавой — блакітнае неба з белымі аблачынкамі, пад нагамі — родная зямля з яе нязведанымі мясцінамі, побач — надзейныя сябры, і, безумоўна, некалькі дзён, праведзеных у сталіцы. І блакітнае неба, і надзейныя сябры, і нязведаныя мясціны мітуслівай сталіцы — усё гэта чакала актыўных удзельнікаў акцыі “Жыву ў Беларусі і тым ганаруся”. З 18 па 26 чэрвеня для 100 хлопчыкаў і дзяўчынак з усіх рэгіёнаў краіны на базе Рэспубліканскага цэнтра экалогіі і краязнаўства працаваў краязнаўчы профільны летнік.

“Мы зробім ваш адпачынак цікавым і запамінальным”, — паабяцалі юным краязнаўцам арганізатары летніка на яго ўрачыстым адкрыцці і абяцанне сваё выканалі. На працягу 9 дзён кожная хвіліна змены была напоўнена цікавымі мерапрыемствамі: экскурсіямі па Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі, па музеі валуноў, царкоўна-гістарычным музеі Беларускай Праваслаўнай Царквы, па сталічных храмах, прагулкамі па Лошыцкім парку і вячэрніх праспектах, пераадоленнем лабірынтаў вяровачнага гарадка “Ліяны”, наведваннем Беларускага дзяржаўнага цырка. Чакалі юных краязнаўцаў і сустрэчы з творчымі людзьмі ў “Гасцёўні сяброў”.


Аднак якое краязнаўчае лета без краязнаўчай канферэнцыі? Ужо на другі дзень работы летніка навучэнцы прадставілі багатую палітру кірункаў школьнай краязнаўчай справы. Як паведаміла начальнік летніка Аляксандра Яўгенаўна Кравец, вучань Крулеўшчынскай сярэдняй школы Докшыцкага раёна Яўген Мальчонак знаёміў з гісторыяй ваколіц аграгарадка Крулеўшчына, а яго зямляк Андрэй Косцін расказваў пра цэрквы Докшыцкага раёна ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Юля Зуева і Анжаліка Крот з гімназіі № 1 Дзяржынска пазнаёмілі равеснікаў з адметнасцямі Станькава, здзейснілі завочнае гістарычнае падарожжа ад Крутагор’я да Дзяржынска. З мінулым малой радзімы знаёмілі вучань Міханавіцкай сярэдняй школы Мінскага раёна Іван Цыаненка і Ганна Краменская з Брынеўскага дзіцячага сада — сярэдняй школы Петрыкаўскага раёна. Пра фартыфікацыйныя збудаванні Першай сусветнай вайны на тэрыторыі Лідскага раёна паведаміла навучэнка ліцэя № 1 Ліды Настасся Клышэйка, а Дар’я Міхалькевіч з гэтай жа ўстановы адукацыі ў рабоце “Любоў не шукае свайго” пазнаёміла юных краязнаўцаў з ахвярным служэннем святара Мікалая Канстанцінавіча Усціновіча. Цікавым атрымаўся і тэатралізаваны аповед вучняў Кадзінскай сярэдняй школы Магілёўскага раёна Валерыі Новікавай, Настассі Мікуліч, Вольгі Врукала, Аляксандры Крукоўскай пра вясельны пасаг.


Цэнтральнай тэмай выступленняў стала Вялікая Айчынная вайна. Данііл Абрамчук і Валянціна Бялінская з сярэдняй школы № 33 Брэста паведамілі пра подзвіг сваіх землякоў — праведнікаў народаў свету, а Арцём Голахаў з Раманавіцкай сярэдняй школы Магілёўскага раёна выступіў з дакладам “Памяць сэрца. Вайна ў лёсе маёй сям’і”. Пра памяць нашых сэрцаў гаварылася і на мітынгу, прысвечаным 75-й гадавіне пачатку Вялікай Айчыннай вайны, які адбыўся 22 чэрвеня ў сталічным парку Чалюскінцаў, каля помніка на брацкай магіле, у якой пахаваны больш за 10 тысяч савецкіх ваеннапалонных, падпольшчыкаў і мірных жыхароў, расстраляных нямецка-фашысцкімі захопнікамі. Ганаровымі ўдзельнікамі мітынгу сталі палкоўнік у адстаўцы, выдатнік друку Беларусі, удзельнік штурму Берліна Павел Сафронавіч Ерашэнка, а таксама прадстаўнікі грамадскага аб’яднання “Таварыства памяці воінаў і ахвяр Вялікай Айчыннай вайны” (намеснік старшыні таварыства Мікалай Аляксеевіч Папоў і члены папячыцельскага савета ветэраны вайны Мікалай Данілавіч Драпачка і Гермаген Кандрацьевіч Рубцоў).


“Ведаць гісторыю Вялікай Айчыннай вайны, захоўваць памяць пра подзвіг савецкіх воінаў, захоўваць сямейныя рэліквіі, звязаныя з вайной, чытаць мастацкія творы і глядзець кінафільмы пра Вялікую Айчынную вайну, створаныя цудоўнымі савецкімі пісьменнікамі, паэтамі і рэжысёрамі, беражліва адносіцца да сімвалаў Чырвонай Арміі, Вялікай Айчыннай вайны, помнікаў і магіл савецкім воінам, ведаць гісторыю стварэння мемарыяльных комплексаў, віншаваць са святам Перамогі родных, сяброў, знаёмых, памятаць, што Перамога была дасягнута ў адзінстве народаў Савецкага Саюза і краін антыфашысцкага блока — толькі пры выкананні гэтых запаветаў мы здольны быць адзіным народам і будаваць шчаслівую будучыню”, — звярнуліся да юных краязнаўцаў члены таварыства.

— Мы не можам да канца ўявіць тыя цяжкасці, якія вы пераадолелі падчас вайны, аднак мы можам вас запэўніць: маладое пакаленне і педагагічная супольнасць робяць усё магчымае для захавання памяці пра ваш подзвіг, — звярнулася да ветэранаў намеснік дырэктара Рэспубліканскага цэнтра экалогіі і краязнаўства Лідзія Андрэеўна Жур.


“Мінская вобласць — сэрца Беларусі. Сюды, нібыта артэрыі, сыходзяцца шляхі-сцяжыны з усіх куточкаў краіны. Тут засяроджаны магутны навуковы і прамысловы патэнцыял краіны. У нас прыгожая еўрапейская сталіца. Наш Мінск — краса беларускага краю і творчай думкі ўзлёт. Слаўны край Прыдняпроўскі, гераічны край Прыдняпроўскі… Многія гады Магілёўшчына была надзейным абарончым заслонам на ўсходніх рубяжах нашай краіны. Віцебшчына — паўночны край Беларусі, край блакітных азёр і цудоўных краявідаў, лясоў і лугоў. Паазерцы ганарацца сваімі землякамі, вучонымі, мастакамі, пісьменнікамі. Белавежскія зубры і найбагацейшая прырода Палесся, Камянецкая вежа і палац у Косаве, помнікі драўлянага дойлідства і старажытны абрадавы фальклор з’яўляюцца візітоўкай Брэстчыны. Гомельшчына захавала самыя раннія стаянкі чалавека, самыя даўнія абрады і традыцыі, захавала велічны палацава-паркавы комплекс Румянцавых-Паскевічаў. Перакрыжаванне розных культур і народаў, найпрыгажэйшы паўночна-заходні край Беларусі… Гарадзеншчына — яе зямля авеяна багатай сівой гісторыяй. Яе помнікі, як дыяменты. Вось якая ты, наша Беларусь!” — так прыгожа, паэтычна расказвалі пра сваю малую радзіму, пра нашу Беларусь удзельнікі рэспубліканскага краязнаўчага летніка.

Усё добрае калі-небудзь заканчваецца. Завяршыліся і 9-дзённыя сталічныя канікулы для актыўных удзельнікаў акцыі “Жыву ў Беларусі і тым ганаруся”. Аднак гэта не нагода для суму. Краязнаўчае лета працягваецца, а значыць, нас яшчэ чакаюць новыя знаходкі і адкрыцці.

Ігар ГРЭЧКА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.

Краязнаўчае прывітанне ад “зубранят”

Напрыканцы года па добрай краязнаўчай традыцыі ў НДЦ “Зубраня” падводзяцца вынікі конкурсаў акцыі “Жыву ў Беларусі і тым ганаруся”. Фіналісты, прызёры і пераможцы з’язджаюцца на бераг Нарачы, каб не толькі адпачыць падчас аднайменнай змены, абмяняцца вопытам, але і абараніць, прэзентаваць свае работы, калі пашчасціць, то і атрымаць дыпломы Міністэрства адукацыі, а таксама каштоўныя падарункі ад арганізатараў конкурсаў: Рэспубліканскага цэнтра экалогіі і краязнаўства, Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі, Рэспубліканскага цэнтра інавацыйнай і тэхнічнай творчасці, рэдакцыі газеты “Переходный возраст”.

Такіх шчасліўчыкаў, якія перамаглі ў краязнаўчай акцыі “Збяры Беларусь у сваім сэрцы”, аграбіялагічным конкурсе “Юны натураліст”, конкурсах творчых работ “Наш падарунак Перамозе”, “Мае землякі — мой гонар”, конкурсе відэафільмаў “Мая чароўная Беларусь”, журы вызначыла 16. Гэта навучэнцы і творчыя калектывы. Прычым толькі тыя, хто атрымаў дыпломы І ступені. Калі ж гэтую лічбу памножыць мінімум на 6, то атрымаем прыкладную колькасць прызёраў і лаўрэатаў рэспубліканскага этапу, а калі гэтую колькасць памножыць яшчэ мінімум на 7, то атрымаем прызёраў і лаўрэатаў абласных этапаў, а калі памножым яшчэ і на 118 (колькасць раёнаў краіны)… Адным словам, атрымліваецца даволі вялікая краязнаўчая армія навучэнцаў і педагогаў, якая з кожным годам, з кожным конкурсам, кожным этапам акцыі толькі павялічваецца.Супрацоўнікі “Зубраняці” сумесна з арганізатарамі акцыі “Жыву ў Беларусі і тым ганаруся” (супрацоўнікамі Міністэрства адукацыі і рэспубліканскіх цэнтраў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі) рыхтуюць для навучэнцаў насычаную праграму. Кожны снежаньскі дзень быў напоўнены не толькі творчымі абаронамі і прэзентацыямі работ, але і канцэртнымі нумарамі, гульнямі, майстар-класамі вядучых педагогаў дадатковай адукацыі. Змена нагадвае своеасаблівую эстафету, дзе дзень за днём добры настрой змяняецца добрым настроем, новыя знаёмствы змяняюцца новымі знаёмствамі, а творчыя абароны змяняюцца… правільна, творчымі абаронамі. І першымі на гэты своеасаблівы старт выйшлі ўдзельнікі краязнаўчай акцыі “Збяры Беларусь у сваім сэрцы”. Па словах загадчыка аддзела краязнаўства і патрыятычнага выхавання Рэспубліканскага цэнтра экалогіі і краязнаўства Аляксандры Яўгенаўны Кравец, акцыя “Збяры Беларусь у сваім сэрцы” стартавала ў 2013 годзе. Яе ўдзельнікі наведвалі пэўныя населеныя пункты, папярэдне вывучалі іх гісторыю, асаблівасці ландшафту, культурнай спадчыны, а па выніках падарожжаў здымалі відэафільмы. У 2013 годзе краязнаўцы падарожнічалі па Брэсцкай і Гродзенскай абласцях, у 2014 годзе — па Мінскай і Віцебскай, а ў 2015 — па Гомельскай і Магілёўскай.
Па выніках кожнага этапу акцыі вызначаліся 42 відэафільмы-фіналісты (па шэсць лепшых ад кожнай вобласці і Мінска). Творчыя вынікі сваіх падарожжаў па Гомельшчыне і Магілёўшчыне фіналісты абаранялі ў першыя дні змены. Хлопчыкі і дзяўчынкі прадэманстравалі якасны ўзровень работ, захопленасць краязнаўствам, нестандартны погляд на штодзённыя рэчы, парадавалі журы сур’ёзным падыходам да ўдзелу ў конкурсе. Пераможцам стаў і, адпаведна, атрымаў дыплом І ступені па выніках падарожжаў па Магілёўскай вобласці творчы калектыў Быхаўскага цэнтра турызму, краязнаўства і экскурсій дзяцей і моладзі (кіраўнік Л.М.Карнеева). У намінацыі “Гомельская вобласць” пераможцам прызнана творчая група навучэнцаў Цэнтра турызму і краязнаўства дзяцей і моладзі “Ветразь” Мінскага раёна (кіраўнікі М.М.Леўкавец, С.А.Зубрыцкая, В.І.Мацюшонак).

У гэтыя ж дні паралельна з акцыяй “Збяры Беларусь у сваім сэрцы” падводзіліся і вынікі конкурсу творчых работ “Мае землякі — мой гонар”. “Чым больш шануе чалавек памяць сваіх бацькоў і землякоў, тым лепш усведамляе ён сваё месца ў гэтым свеце, тым глыбей адчувае сваю адказнасць за будучыню. На разуменне гэтых ісцін навучэнцамі і быў накіраваны конкурс “Мае землякі — мой гонар”, — адзначыла загадчык сектара сацыяльна-педагагічнай работы Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі Тамара Паўлаўна Шарамет.Конкурсы творчых работ праходзяць ужо не першы год, не першы год у Нацыянальным цэнтры мастацкай творчасці дзяцей і моладзі расце своеасаблівае разгалістае дрэва. На гэтым дрэве сотні галін (столькі работ было даслана за некалькі гадоў) і тысячы лістоў (пра столькіх продкаў і землякоў расказваецца ў вучнёўскіх работах). Прычым работы гэтыя калектыўныя, разам з вучнямі іх стваралі педагогі, бацькі, дзядулі і бабулі. На рэспубліканскі этап конкурсу было прадстаўлена 47 работ у намінацыі “Гонар маёй Бацькаўшчыны” і 36 работ у намінацыі “Творцы сучаснай гісторыі”. Па выніках працы журы конкурсу 14 канкурсантаў сталі прызёрамі і ўзнагароджаны міністэрскімі дыпломамі
І, ІІ і ІІІ ступені, 34 чалавекі ўзнагароджаны дыпломамі лаўрэата, 35 удзельнікаў узнагароджаны дыпломамі Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі.
— Рэспубліканскі конкурс творчых работ “Мае землякі — мой гонар” выявіў вялікую зацікаўленасць навучэнцаў, педагогаў, бацькоў у даследаванні жыццёвага шляху землякоў, прадстаўнікоў розных прафесій. Сярод іх паэты, пісьменнікі, журналісты, архітэктары, дыпламаты, мастакі, народныя майстры, механізатары, старшыні СВК, педагогі, дзеячы тэатральнага і кінамастацтва, ветэраны Вялікай Айчыннай вайны і ветэраны працы, геолагі, урачы, вайскоўцы, святары, спартсмены, музыканты, будаўнікі. Кожная работа вызначалася арыгінальнасцю творчай задумкі, яе ўвасабленнем, рознабаковасцю прадстаўленых матэрыялаў, магчымасцю іх далейшага выкарыстання, — паведаміла Тамара Паўлаўна.
Напрыклад, навучэнец 9 класа сярэдняй школы № 2 імя А.К.Флегантава Чэрвеня Мінскай вобласці экскурсавод школьнага музея касманаўтыкі Павел Рудакоў прадставіў творчую работу “Наш Алег Навіцкі”, у якой ён захапляецца знакамітым земляком-касманаўтам. У намінацыі “Творцы сучаснай гісторыі” былі прадстаўлены арыгінальныя відэаматэрыялы. Так, навучэнка 11 класа Косаўскай сярэдняй школы Івацэвіцкага раёна Брэсцкай вобласці Аліна Савіцкая ў рабоце “Настаўнік па прызначэнні, акцёр па жыцці” паведаміла пра Аляксандра Мар’янавіча Сароку. Навучэнец 9 класа сярэдняй школы № 104 Мінска імя Р.Н.Мачульскага Мацвей Мычко расказаў пра ветэрана працы, заслужанага работніка Мінскага хлебазавода № 2, аўтара рэцэпта беларускага хлеба “Нарачанскі” Святлану Іванаўну Загнетаву. І Аліна, і Мацвей па выніках конкурсу сталі пераможцамі ў намінацыі “Творцы сучаснай гісторыі”. У намінацыі “Гонар і слава маёй Бацькаўшчыны” дыпломы І ступені атрымалі Мікіта Шаблюк і Станіслаў Глінскі з Уздзенскай сярэдняй школы № 2 імя Кандрата Крапівы Мінскай вобласці.Калі канчатковыя вынікі акцыі “Збяры Беларусь у сваім сэрцы” і конкурсу творчых работ “Мае землякі — мой гонар” падводзіліся непасрэдна ў НДЦ “Зубраня”, то ўдзельнікаў конкурсаў “Юны натураліст” і “Мая чароўная Беларусь” Нарач сустракала не проста ў якасці намінантаў, а ў якасці прызёраў: вынікі гэтых творчых спаборніцтваў былі вызначаны загадзя. Для гэтых навучэнцаў адпачынак сумяшчаўся не з абаронай творчых работ, а з прэзентацыяй. Дык што прэзентавалі юныя натуралісты і юныя тэхнікі?
Па словах метадыста аддзела раслінаводства Рэспубліканскага цэнтра экалогіі і краязнаўства Алены Фёдараўны Пільнік, у конкурсе “Юны натураліст” навучэнцы ва ўзросце 11—16 гадоў прадстаўлялі свае работы ў намінацыях “Віртуальная экскурсія ў куток жывой прыроды”, “Падарожжа ў краіну зёлак”, “Сад гурманаў”, “Незвычайныя расліны”, “Сады Перамогі”. Напрыклад, у намінацыі “Віртуальная экскурсія ў куток жывой прыроды” паказваліся відэаролікі-прэзентацыі куткоў жывой прыроды ва ўстановах адукацыі, у намінацыі “Падарожжа ў краіну зёлак” — праекты аптэкарскіх агародаў і ўчасткаў лекавых раслін, у намінацыі “Сад гурманаў” — эколага-біялагічныя праекты па стварэнні на агародзе калекцыйнага ўчастка сельскагаспадарчых культур у выглядзе садзіка з гародніны, градкі-кветніка, у намінацыі “Незвычайныя расліны” былі прадстаўлены навукова-даследчыя праекты па вырошчванні травяністай гародніннай ці кветкавай расліны, якая штучна створана рукамі юнага даследчыка метадам прышчэпкі. Намінацыя “Сады Перамогі” — гэта фотаздымкі, на якіх адлюстраваны квітнеючыя яблыневыя сады — беларускі сімвал нядаўняга юбілею Вялікай Перамогі.
Лепшымі з лепшых журы прызнала творчыя калектывы навучэнцаў: у намінацыі “Віртуальная экскурсія ў куток жывой прыроды”— Аршанскага раённага эколага-біялагічнага цэнтра дзяцей i моладзi (кіраўнік С.У.Мезiт), у намінацыі “Падарожжа ў краіну зёлак” — Гомельскага дзяржаўнага абласнога эколага-біялагічнага цэнтра дзяцей і моладзі (кіраўнік I.Я.Кавалёва), у намінацыі “Сад гурманаў” — Вiцебскага абласнога палаца дзяцей i моладзi, экалагічны аддзел (кіраўнікі — Т.У.Сцяпанава, Т.М.Аляксеева), у намінацыі “Незвычайныя расліны” — Барысаўскага экалагічнага цэнтра (кіраўнік I.В.Паўлава), у намінацыі “Сады Перамогі” — Хрысціну Пясецкую, навучэнку Брэсцкага абласнога цэнтра турызму i краязнаўства дзяцей і моладзі (кіраўнік А.В.Марэйка). Усе пераможцы атрымалі дыпломы І ступені і каштоўныя падарункі.

Рэспубліканскі цэнтр інавацыйнай і тэхнічнай творчасці ў рамках акцыі “Жыву ў Беларусі і тым ганаруся” звычайна праводзіць конкурс фотаздымкаў. Аднак прыкладна раз у тры гады навучэнцам прапануецца адчуць сябе відэааператарамі і рэжысёрамі і зняць відэаролік або кароткаметражны фільм пра малую радзіму. Гэтыя работы прадстаўляліся ў намінацыі “Мая радзiма” (юныя відэографы стваралі вiдэазамалёўкі працягласцю да 3 хвілін пра родны горад, вёску, гістарычныя і культурныя адметнасці малой радзімы), “Прырода і я” (у гэтай намінацыі відэастужкі прысвячаліся экалагічным праблемам і ролі моладзі ў іх вырашэнні), “Гульнявы фільм” (тэматыка вольная, працягласць да 5 хвiлiн), “Анімацыйны фільм” працягласцю да 2 хвiлiн і відэапраекты да 5 хвілін, прысвечаныя 70-годдзю перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне ў намінацыі “70 гадоў міру”.
— З кожным конкурсам тэхнічная якасць работ паляпшаецца. Калі яшчэ некалькі гадоў назад незвычайныя ракурсы ствараліся традыцыйным спосабам, то сёлета канкурсанты актыўна задзейнічалі квадракоптары. У нас, членаў журы, была цудоўная магчымасць праз такія работы навучэнцаў і дзякуючы сучасным тэхналогіям здзейсніць палёты над Беларуссю. Многія мясціны, якія падчас мінулага відэаконкурсу паказваліся толькі на ўзроўні чалавечых вачэй, сёлета дэманстраваліся з вышыні птушынага палёту. Такімі ракурсамі асабліва была багата намінацыя “Мая радзіма”. А вось намінацыя “70 гадоў міру” вылучалася рэпартажнымі відэастужкамі, — паведаміла загадчык аддзела тэхнічнага мадэлявання Рэспубліканскага цэнтра інавацыйнай і тэхнічнай творчасці Наталля Васільеўна Бурая.
Якасныя, адметныя работы ўнеслі і пэўныя карэктывы ў вызначэнне прызёраў. Так, першыя месцы былі вызначаны толькі ў намінацыях “Мая радзіма”, прычым адразу чатыры (Аляксандр Мацюшаў з Дварышчанскага дзіцячага сада — сярэдняй школы Лідскага раёна Гродзенскай вобласці, Настасся Вайцяховіч і Настасся Сохань са Станькаўскай сярэдняй школы імя Марата Казея Дзяржынскага раёна Мінскай вобласці, Ганна Мікуліч з Заеліцкага дзіцячага сада — сярэдняй школы Глускага раёна Магілёўскай вобласці і калектыў сярэдняй школы № 2 Мастоў Гродзенскай вобласці), і “70 гадоў міру” (Дзіяна Макарчык і Яўген Каханскі з сярэдняй школы № 3 Гродна).

Своеасаблівым міксам-прэзентацыяй лепшых конкурсных работ стаў традыцыйны форум “Вектар на будучыню”, які праводзіўся за дзень да ўрачыстага ўручэння дыпломаў і афіцыйнага закрыцця змены. Які вектар на будучыню выбіраюць удзельнікі акцыі “Жыву ў Беларусі і тым ганаруся”, здагадацца не цяжка. Галоўным тут з’яўляецца слова “краязнаўства”. Краязнаўчы вектар, краязнаўчы стыль жыцця, краязнаўчае прывітанне з берагоў Нарачы, якое кожны год у снежні дасылаюць сваім родным, сябрам, педагогам юныя краязнаўцы.

Ігар ГРЭЧКА.
Фота Алега БАГІНСКАГА.

У аб’ектыве — СЯМ’Я, КРАІНА, РОДНЫ КРАЙ

Для актыўных удзельнікаў Рэспубліканскай акцыі навучэнскай моладзі “Жыву ў Беларусі і тым ганаруся” чаканне Каляд традыцыйна праходзіць у асаблівай “зубраняцкай” атмасферы, калі ў Нацыянальным адукацыйна-аздараўленчым цэнтры падводзяцца вынікі рэспубліканскіх конкурсаў акцыі. Нядаўна заснежаныя берагі Нарачы сустракалі фіналістаў конкурсу юных экскурсаводаў “Мая малая радзіма”, сацыяльных праектаў “Мая сям’я — мой гонар”, на лепшы фотаздымак аб малой радзіме “Квітней, мая Беларусь!”, творчых работ “І гучала над калыскай”, конкурсу-выставы “Упрыгожым Беларусь кветкамі”.

Кожны раз, калі выпадае нагода разам з рэспубліканскім журы пазнаёміцца з конкурснымі работамі ўдзельнікаў акцыі, здзіўляешся творчасці, фантазіі, пошукавай няўрымслівасці педагогаў і навучэнцаў. Здаецца, за тыя восем гадоў, на працягу якіх праводзіцца акцыя, былі даследаваны ўсе куточкі беларускай зямлі. Аднак новыя конкурсы адкрываюць новыя таямніцы, новыя імёны. І гэта імёны не толькі славутых землякоў, але і тых настаўнікаў, вучняў, кароткія звесткі пра якіх сціпла пазначаюцца на тытульнай старонцы конкурснай работы. Што ж, не будзем прытрымлівацца прынцыпу сціпласці і пастараемся, каб праз нашу газету гэтыя імёны загучалі на ўсю краіну.
Конкурс “Мая малая радзіма” з’яўляецца другой часткай своеасаблівай трылогіі, галоўнымі героямі якой выступаюць юныя экскурсаводы. У пазамінулым годзе гэта былі экскурсаводы школьных музеяў, у 2014-м — экскурсаводы малой радзімы. Але гэта яшчэ не ўсё: у наступным навучальным годзе чакаецца выхад трэцяй часткі, калі будуць падведзены вынікі конкурсу “Мая радзіма — Беларусь”. Але вернемся да другой часткі. Конкурс юных экскурсаводаў “Мая малая радзіма” праводзіўся з мэтай духоўнага ўзбагачэння навучэнцаў праз далучэнне да матэрыяльнай і духоўнай спадчыны сваіх землякоў, развіцця творчых здольнасцей, камунікатыўных навыкаў праз далучэнне да экскурсійнай дзейнасці. Адным словам, на працягу мінулага года вялася актыўная падрыхтоўка будучых экскурсаводаў.
Творчая абарона ўяўляла сабой прэзентацыю экскурсіі па малой радзіме. У адпаведнасці з намінацыямі, гэта маглі быць гарады, адміністрацыйна-тэрытарыяльныя раёны ў складзе горада, гарады раённага падпарадкавання, пасёлкі гарадскога тыпу, сельскія населеныя пункты. Каб абарона прайшла годна, канкурсанты на працягу некалькіх месяцаў збіралі неабходны матэрыял, апрацоўвалі яго, стваралі своеасаблівыя “партфелі юнага экскурсавода”, складалі маршрут, працавалі над тэкстам і методыкай правядзення экскурсіі.
— Амаль усе творчыя абароны (а нам давялося ўважліва слухаць усіх 115 фіналістаў) прайшлі на высокім узроўні: і тэматыка была вытрымана, і цікавыя звесткі пра розныя рэгіёны краіны мы даведаліся, і ва ўменні юных экскурсаводаў валодаць аўдыторыяй пераканаліся. Адзіны недахоп — празмерны антураж некаторых экскурсій, за якім гублялася асоба экскурсавода, — паведаміла адказны сакратар акцыі загадчык аддзела краязнаўства і патрыятычнага выхавання Рэспубліканскага цэнтра экалогіі і краязнаўства Аляксандра Яўгенаўна Кравец.
Акрамя аглядавых экскурсій, шмат было і тэматычных. Шыкоўную экскурсію па тэме Першай сусветнай вайны правёў навучэнец Смаргонскага раённага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Сяргей Смолік, разам з Аляксандрам Рафаловічам з Іўеўскай сярэдняй школы члены журы завочна прайшліся па вулачках беларускага Іерусаліма, дзякуючы Лізавеце Малюта з гімназіі № 13 Мінска і яе вобразу Стэфаніі Станюта прагуляліся па дарэвалюцыйнай сталіцы. Арыгінальнымі былі і вершаваныя экскурсіі. Тут варта адзначыць Яну Бондараву з Насовіцкай сярэдняй школы Добрушскага раёна, вершаваны тэкст экскурсіі для якой напісаў Віктар Пятровіч Серпікаў. Прыемна, што дзякуючы акцыі навучэнцы сталеюць, у тым ліку і ў краязнаўчым плане. Яскравым прыкладам гэтага з’яўляецца вучаніца Дараганаўскага дзіцячага сада — сярэдняй школы Асіповіцкага раёна Ксенія Сітнік. Яшчэ ў 5 класе дзяўчынка выдатна расказвала пра родны край. Цяпер Ксенія вучыцца ў 8 класе. Яе імправізацыі і артыстызму можна толькі парадавацца. Нават на дадатковыя пытанні яна адказвала не завучанымі словамі, а гэтак жа мілагучна, напеўна.
Калі ад юных экскурсаводаў для паспяховага ўдзелу ў конкурсе патрабавалася ўменне валодаць аўдыторыяй, мець добрыя камунікатыўныя навыкі, то юным фатографам неабходны іншыя якасці. Каб з дапамогай фотаапарата спыніць яркія імгненні нашага жыцця, заўважыць арыгінальнае ў штодзённым, патрэбны назіральнасць, пачуццё моманту, пачуццё прыгожага і, канечне, удача, без якой немагчыма зрабіць якасны фотаздымак.
Толькі на фінальны этап конкурсу “Квітней, мая Беларусь!” было прадстаўлена 1100 такіх якасных фотаздымкаў, якія пераадолелі папярэднія этапы, у намінацыях “Беларусь сінявокая” (фотавыявы сельскага і гарадскога пейзажу, рэк і азёр, фотаздымкі нашых помнікаў гісторыі і прыроды, жывёл Беларусі), “Я — з Белай Русі” (партрэты жыхароў Беларусі).
— Адметнасцю сёлетняга конкурсу стала намінацыя “Беларусь у фармаце 3D”. І гэта заканамерна, бо цікавасць да стэрэафатаграфіі сярод навучэнцаў павялічваецца. Мы бачым, з якім захапленнем хлопцы і дзяўчаты наведвалі ў “Зубраняці” адпаведныя майстар-класы ад супрацоўнікаў нашага цэнтра. Дарэчы, наступны фотаконкурс у рамках акцыі “Жыву ў Беларусі і тым ганаруся” плануем цалкам прысвяціць стэрэафатаграфіі. Пры вызначэнні пераможцаў улічвалася арыгінальнасць сюжэта, мастацкае адлюстраванне і раскрыццё тэмы намінацыі, тэхнічная якасць фотаздымка. На правільнасці кампазіцыі ўвага не засяроджвалася. Галоўнае для навучэнца — бачанне кадра, моманту. Канечне, ёсць недахопы, але для юных фатографаў яны не істотныя, — паведаміла загадчык аддзела тэхнічнага мадэлявання Рэспубліканскага цэнтра інавацыйнай і тэхнічнай творчасці Наталля Васільеўна Бурая.
Рэспубліканскі конкурс сацыяльных праектаў “Мая сям’я — мой гонар”, які праводзіўся Нацыянальным цэнтрам мастацкай творчасці дзяцей і моладзі, паказаў вялікі інтарэс навучэнцаў, іх бацькоў, педагогаў да сямейных традыцый, вывучэння гісторыі свайго роду, папулярызацыі сямейнага выхавання, павышэння прэстыжу сям’і, ролі бацькоўства і мацярынства. На рэспубліканскі этап конкурсу было прадстаўлена 44 работы ў намінацыі “Ад прадзедаў спакон вякоў…” і 39 у намінацыі “Сям’я — адзінства думак і спраў”. Усе яны створаны на высокім узроўні, з арыгінальнай творчай задумай, цікавым і разнастайным дадатковым матэрыялам.
— Пра кожную работу варта сказаць добрыя словы. Аднак асабліва хочацца адзначыць вучняў 9 класа Старобінскай сярэдняй школы Салігорскага раёна Кацярыну Дзялендзік, Сільвію Бойка, Паліну Дзялендзік, Аліну Шакалян, Ксенію Шпакоўскую, якія прадставілі сацыяльны інтэрнэт-праект “Кола сям’і”, накіраваны на фарміраванне ў навучэнцаў сямейных каштоўнасцей, выхаванне патрыятызму і грамадзянскасці сродкамі ўключэння ў сумесную масмедыйную праектную дзейнасць навучэнцаў, бацькоў і настаўнікаў, — паведаміла адказны сакратар конкурсу загадчык сектара сацыяльна-педагагічнай работы Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі Тамара Паўлаўна Шарамет.
Праекты намінацыі “Ад прадзедаў спакон вякоў…” былі прысвечаны вывучэнню генеалагічнага дрэва, стварэнню радаводаў, арыгінальных відэаматэрыялаў. Так, конкурсная работа Міхаіла Лук’янчыка з сярэдняй школы № 3 Жабінкі была прадстаўлена ў выглядзе папулярнай тэлеперадачы “Падарожжы дылетанта”. У якасці вядучага выступіў сам вучань. З асаблівай любоўю ён паведаміў пра гісторыю роду, прафесійныя і творчыя заняткі сваіх бацькоў, дзядоў і прадзедаў, узнагароды продкаў, іх ваенныя заслугі.
У ліку канкурсантаў — і вучні малодшых класаў. Сярод іх — Сымон Грыгаран з Расонскай сярэдняй школы імя П.М.Машэрава. У відэароліку хлопчык расказвае пра свае “маленькія радасці” (бацькоў, браціка і сястрычку). На думку Сымона, калі гэтыя “маленькія радасці” злучацца ў адным дзіўным, непаўторным сузор’і “сям’я”, то шмат карыснага і добрага яны прынясуць людзям, падораць святло “вялікага сямейнага шчасця”.
Свой найлепшы навагодні падарунак актыўныя ўдзельнікі акцыі “Жыву ў Беларусі і тым ганаруся” ўжо атрымалі. І гэта не толькі дыпломы, каштоўныя прызы, але і выдатны адпачынак у дружнай “зубраняцкай” сям’і, на маляўнічай нарачанскай зямлі.

Ігар ГРЭЧКА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА
і ўдзельнікаў конкурсу “Квітней, мая Беларусь!”.

Колькі важыць партфель юнага экскурсавода?

Не сакрэт, што патрыятызм пачынаецца з любові да малой радзімы. Гэта наглядна даказалі ўдзельнікі мінскага гарадскога конкурсу юных экскурсаводаў “Мая малая радзіма”, які праводзіўся ў рамках рэспубліканскай акцыі навучэнскай моладзі “Жыву ў Беларусі і тым ганаруся”. Конкурс праходзіў у некалькі этапаў, самым адказным з якіх было творчае прадстаўленне экскурсій.

У суботу ўсіх, хто цікавіцца краязнаўствам, гасцінна запрасіла сярэдняя школа № 19 імя Янкі Купалы. Менавіта тут удзельнікі конкурсу паказалі свае таленты. Журы, гледачам і канкурсантам вельмі пашчасціла! За адзін толькі дзень яны завочна пабывалі ў розных куточках нашай краіны, даведаліся пра гісторыю адміністрацыйных раёнаў сталіцы, атрымалі магчымасць наведаць Мінск гімназічны, тэатральны, спартыўны. Не пакінула абыякавымі і тэма вайны. 70 гадоў мы жывём пад мірным небам. Пра вайну нам нагадваюць вуліцы, якія носяць імёны герояў тых дзён. Усе ўдзельнікі вельмі адказна паставіліся да конкурсу: падабралі матэрыял для экскурсіі, даследавалі аб’екты, апрацавалі сабраны фактычны матэрыял, стварылі “партфель юнага экскурсавода”, знялі відэаматэрыял экскурсіі.
Вельмі цікава пра аб’екты сваіх даследаванняў паведамілі ўсе ўдзельнікі, але найбольшае ўражанне выклікалі навучэнцы 11 класа сярэдняй школы № 77 Савецкага раёна Уладзіслаў Боеў і Аліна Пасюк (у цэнтры іх аповеду духоўны скарб Валожыншчыны — Лоск), а таксама самы маленькі экскурсавод конкурсу навучэнец 2 “Б” класа сярэдняй школы № 215, што ў Маскоўскім раёне, Іван Кравец, які запрасіў нас на радзіму сваёй матулі ў гарадскі пасёлак Плешчаніцы Лагойскага раёна. Пра свой родны мікрараён Залатая Горка з любоўю расказаў Мікіта Стругальскі, навучэнец 6 “А” класа 19-й школы Савецкага раёна, які аздобіў экскурсію батлейкай, а дапамаглі яму ўдзельнікі школьнага танцавальнага калектыву. Незвычайны маршрут прапанавала Ірына Кірдань (сярэдняя школа № 125 Фрунзенскага раёна), якая правяла экскурсію па Кальварыйскіх могілках.
Усе канкурсанты малайцы! Пераможцы і лаўрэаты будуць узнагароджаны дыпломамі і памятнымі падарункамі. Узнагароджанне пройдзе 20 кастрычніка ў рамках фальклорнага свята “Пакроўскі кірмаш”, якое ладзіць аддзел краязнаўства Мінскага дзяржаўнага турыстычна-экалагічнага цэнтра дзяцей і моладзі.

Ганна САЖНЕВА,
загадчыца аддзела краязнаўства МДТЭЦДіМ.