Разумець дзяцей з паўслова

“Можна шмат разважаць аб мужчынскіх і жаночых прафесіях, але дакладна адно: яўнай мяжы паміж імі не існуе. Сучасныя юнакі з поспехам асвойваюць традыцыйныя жаночыя заняткі, і, наадварот, дзяўчатам усё больш падабаюцца класічныя прафесіі мужчын, — адзначыў загадчык ясляў-сада № 226 Мінска Сяргей Рабертавіч Рыко. — Калі задумацца, сапраўды, якая розніца, хто за рулём тралейбуса, які вязе вас раніцай на работу, або хто займаецца выхаваннем вашага дзіцяці. Галоўнае, каб чалавек рабіў гэта правільна і з любоўю да сваёй прафесіі”.

Педагагічныя карані

Сяргей Рабертавіч Рыко — не выпадковы ў адукацыі чалавек, а прадстаўнік педагагічнай дынастыі. Ён з цеплынёй згадаў пра сваю бабулю Галіну Мікалаеўну Урбановіч, якая доўгі час працавала ў Хоцімску настаўніцай нямецкай і французскай мовы, а пасля ўзначальвала ў гэтым гарадскім пасёлку сярэднюю школу № 2, і пра дзядулю Івана Аляксандравіча, які быў дырэктарам вучэбна-курсавога камбіната пры Хоцімскім райсельгасхарчы. Сяргей Рыко працягнуў працоўны шлях сваёй мамы Ірыны Іванаўны Балухцінай, якая спачатку была выхавальніцай у адным з мінскіх дзіцячых садоў, а затым у Хоцімску стала загадчыцай дашкольнай установы.

Мой суразмовец вучыўся ў сярэдняй школе № 1 Хоцімска, сур’ёзна займаўся шашкамі, нават займаў першыя месцы на рэспубліканскіх спаборніцтвах, уваходзіў у зборную Хоцімска па шашках — адну з самых моцных у краіне каманд. Захапляўся таксама бегам, скачкамі з разбегу, валейболам, футболам. Спорт сфарміраваў яго як чалавека вельмі дзейснага. У БДПУ імя Максіма Танка Сяргей Рабертавіч атрымаў спецыяльнасць “Дэфекталогія. Дашкольная адукацыя”, якая ў той час карысталася папулярнасцю. Праз некалькі гадоў у рамках перападрыхтоўкі ў АПА набыў яшчэ адну спецыяльнасць — “Менеджар у сферы адукацыі”.

“На мой погляд, у адукацыі павінны рэалізоўваць сябе ў роўнай ступені як жанчыны, так і мужчыны, — лічыць Сяргей Рабертавіч. — Калі першыя звычайна вельмі творчыя і эмацыянальныя натуры, то другія больш паслядоўныя і дысцыплінаваныя, але ў прафесійным тандэме яны цудоўна дапаўняюць адно аднаго. Калі гаварыць пра дашкольныя ўстановы, то ў ясельнай групе, на мой погляд, мужчыну няма чаго рабіць. Дзеці да 3—4 гадоў яшчэ пабойваюцца іх, на першым месцы для малышоў у гэты час знаходзяцца жанчыны, мамы. У сярэднім і старэйшым дашкольным узросце выхаванцы, як правіла, добра рэагуюць на педагогаў мужчын. Калі я ўладкаваўся на работу ў дзіцячы сад выхавальнікам, даволі хутка зразумеў, што з дзецьмі мне не складана. Наадварот, усё вельмі добра атрымлівалася, яны з цікавасцю ўспрымалі тое, што я ім гаварыў, з радасцю ішлі на заняткі”.

З кім яшчэ, як не з Сяргеем Рабертавічам, хлопчыкі і дзяўчынкі заўзята маглі паганяць мяч, згуляць у хакей або адрамантаваць зламаную цацку. Звычайна больш адказна выхаванцы рэагуюць на заўвагі і просьбы педагога-мужчыны. І праяўляецца гэта перш за ўсё ў штодзённых справах: мыцці рук, засціланні пасля сну ложкаў, самастойным апрананні. Усе гэтыя навыкі паступова ўваходзяць у звычку малышоў. Выбудоўваць даверлівыя адносіны з дзецьмі настолькі ж складана, як і працаваць на заводзе або кіраваць калектывам дарослых. У гэтым Сяргей Рабертавіч перакананы стапрацэнтна.

“Што больш важнае ў педагогіцы — індывідуальны падыход ці дысцыпліна? — разважае мой суразмовец. — Галоўнае — індывідуальны падыход, але без дысцыпліны яго будзе вельмі цяжка рэалізаваць. Я не за тое, каб трымаць дзяцей у жорсткіх рамках. Проста для ўсяго ў распарадку дня ёсць свой час і сваё месца — і для гульняў, і для сур’ёзных заняткаў. Калі ў групе парадак, педагог зможа вырашыць задачы, якія на сёння перад сабой паставіў, у тым ліку і наладзіць індывідуальную работу з малышамі. Хаця, як паказвае практыка, калі ў групе больш за 15 дзяцей, знаходзіць індывідуальны падыход да кожнага вельмі складана”.

Чаму павінны навучыцца дашкольнікі ў садзе? Сяргей Рабертавіч лічыць, што самае галоўнае, каб дзеці зразумелі, што такое “добра” і што такое “дрэнна”, як у вядомым усім вершы, а яшчэ — што значыць слова “справядлівасць”. Калі малыш дрэнна зрабіў, ён павінен зразумець, у чым ён вінаваты. Неабходна з ранняга ўзросту фарміраваць у малышоў лідарскія якасці, каб яны мелі свой пункт погляду на тое, што адбываецца навокал, маглі адстойваць яго і маглі адказваць за ўласныя словы. Педагог можа ствараць сітуацыі для праяўлення такіх якасцей у дзяцей. Так, напрыклад, паказаць ім малюнак вавёрачкі і папрасіць назваць, хто на ім намаляваны. Малышы, зразумела, адкажуць правільна. Для таго каб дзеці прывялі аргументы ў падтрымку свайго правільнага сцвярджэння, педагог можа запярэчыць: “Гэта ж заяц!”

Наступны важны для будучых школьнікаў момант — уменне працаваць у камандзе. Дарэчы, вельмі многім дарослым не хапае такой якасці. Сяргей Рабертавіч прызначаў дзяцей кіраўнікамі і кожнаму даваў 2—3 памочнікаў. Напрыклад, ставіў перад малышамі задачу прыбраць раскіданыя ў групе цацкі або навесці парадак у двары на гульнявой пляцоўцы. Педагог не ўмешваўся ў дзіцячыя ўзаемаадносіны, а толькі назіраў за сітуацыяй. Як толькі кіраўнік пачынаў шмат гаварыць, пераставаў сачыць за рабочым працэсам, ухіляўся ад узятых на сябе абавязкаў, Сяргей Рабертавіч нагадваў яму, што менавіта ад яго многае залежыць у агульнай справе, што кіраўнік павінен усім паказваць добры прыклад.

“У наш час, каб арганізаваць эфектыўную вытворчасць і не баяцца ўзяць на сябе адказнасць, кожнаму кіраўніку варта ўмець рабіць тое, што робяць яго падначаленыя, — адзначыў Сяргей Рабертавіч. — А да гэтага трэба прывучаць з ранняга дзяцінства. У ролі кіраўніка каманды паспрабаваў сябе некалькі разоў кожны выхаванец у маёй групе. Аднойчы адбылася вельмі цікавая сітуацыя. Я быў заняты дакументацыяй, а дзеці свабодна гулялі ў групе пад наглядам памочніка выхавальніка. У пэўны момант я зразумеў, што ў пакоі стала вельмі ціха. Заглянуў у групу і ўбачыў, што дзеці арганізавалі сваю дзейнасць самастойна. Вызначыўся лідар, які аб’яднаў усіх, і малышы сталі спакойна гуляць, нават тыя, хто звычайна не адрозніваўся дысцыплінай і паводзіў сябе шумна”.

З агеньчыкам натхнення ў вачах

Сяргей Рабертавіч быў выхавальнікам на працягу чатырох гадоў і за гэты час паспеў разабрацца ў многіх прафесійных тонкасцях, наладзіць добрыя адносіны з калектывам установы і з бацькамі выхаванцаў.

“Вось толькі Дзед Мароз з мяне на ранішніках быў непрафесійны, дзеці адразу пазнавалі мяне ў гэтай ролі, — усміхаецца Сяргей Рыко. — Адна з асаблівасцей майго характару такая: як толькі я дасягаю пэўнай мэты, пачынаю адчуваць сум, мне трэба заўсёды ісці наперад, вырашаць новыя задачы, развівацца, бачыць вынікі сваёй работы. Калі ў мяне ўсё добра складвалася як у выхавальніка, калі дзеці пачалі разумець мяне з паўслова і погляду, я засумаваў. Патрэбен быў новы штуршок і рух наперад. Узрадаваўся, калі мне прапанавалі пасаду намесніка загадчыка ўстановы, а праз два гады, у 2014 годзе, у 29 гадоў прызначылі загадчыкам ясляў-сада № 226 Мінска”.

Першае, што вырашыў зрабіць Сяргей Рыко на новай пасадзе, — наладзіць эфектыўную дзейнасць калектыву, крыху абнавіць яго. Галоўнай умовай здзяйснення такіх планаў стала жаданне супрацоўнікаў працаваць творча, з агеньчыкам натхнення ў вачах.

“За два гады ў гэтым кірунку нам удалося дасягнуць добрых вынікаў, — падкрэсліў Сяргей Рыко. — Нашы спецыялісты імкнуцца да самаадукацыі, да ўдасканалення прафесійнага вопыту, павышэння кваліфікацыйнай катэгорыі. Яны могуць пры неабходнасці дастойна прадставіць сябе і калектыў па-за межамі ўстановы, на конкурсах, падчас адкрытых заняткаў, а таксама наладзіць супрацоўніцтва з бацькамі. Не скажу, што мы сёння працуем ідэальна, ёсць у педагогаў шмат новых мэт і надзённых планаў.

Перада мной як перад кіраўніком нямала актуальных праблем, якія патрабуюць вырашэння. У першую чаргу весці карпатлівую работу па падтрыманні будынка ў належным стане. Мы паступова абнаўляем матэрыяльную базу, часткова — за кошт бацькоўскай дапамогі і сродкаў, атрыманых ад аказання платных паслуг. У наступным годзе планую наладзіць работу са спонсарамі. Адна з задач, якую агучваю перад калектывам і якую мы паспяхова вырашаем, — жыць па законах эканоміі і беражлівасці. У апошні час нам удалося значна знізіць спажыванне электраэнергіі. Усе лямпы ва ўстанове заменены на энергазберагальныя, іншыя рэсурсы таксама расходуем эканомна. Прывучаем да гэтага і дзяцей.

Работа з бацькамі — наступны надзвычай важны кірунак дзейнасці педагагічнага калектыву. Зразумела, што дзеці падобныя да сваіх бацькоў. Калі ў сям’і яны чуюць і робяць не тое, што трэба, то гэта абавязкова праявіцца і ў садзе. Педагогі могуць толькі карэкціраваць хібы выхавання. Сапраўды добрых вынікаў удаецца дасягнуць тады, калі наладжаны даверлівыя адносіны паміж установай і бацькамі.

Што мяне непакоіць сёння? Бацькі перасталі нармальна кантактаваць з дзецьмі, іх зносіны часта павярхоўныя. Дарослыя не заўсёды правільна разумеюць сваіх дзяцей. Часта прад’яўляюць да іх павышаныя патрабаванні, перагружаюць заняткамі, запісваюць у многія гурткі і тым самым наносяць моцныя псіхалагічныя траўмы. Даводзіцца тлумачыць бацькам, што не трэба асабістыя амбіцыі рэалізоўваць праз дзіця, не трэба ўскладаць на яго абавязак здзейсніць тое, чаго не ўдалося ім. Варта выявіць уласныя здольнасці малыша, тое, што ў яго атрымліваецца лепш за ўсё, што яму падабаецца. Можна толькі падказаць, каб дзіця зрабіла правільны выбар, а не вырашаць за яго.

Мяне вельмі хвалюе, што з кожным годам дзеці становяцца слабейшымі і фізічна, і псіхалагічна. Усё больш праблем у іх са здароўем. Імкнуся ўдзяляць гэтым пытанням сур’ёзную ўвагу, рабіць акцэнт на загартоўцы, больш дыферэнцыравана падыходзіць да фізічнай нагрузкі малышоў, падбіраць практыкаванні для іх з улікам стану здароўя кожнага і карэкціраваць тым самым існуючыя парушэнні”.

Навучыцца радавацца дробязям

“Я шчыры беларус з прымессю кубінскай крыві”, — прызнаўся раптам Сяргей Рабертавіч. Прозвішча Рыко (у перакладзе з іспанскай — “багаты”) ён узяў ад бацькі. У яго сям’і па бацькоўскай лініі ўсе кубінцы. Яго тата ў часы СССР прыехаў у Беларусь на вучобу, дзе і пазнаёміўся з беларускай Ірынай Балухцінай.

“Калі мне быў адзін год, бацькі паехалі на Кубу. Цэлы год я правёў у гэтай краіне. На жаль, мне не падышоў мясцовы клімат, у якім вялікая вільготнасць спалучаецца з высокай тэмпературай. У два гады маці са мной вярнулася ў Беларусь. Аб’яднацца нашай сям’і не дазволіў распад СССР, калі ранейшыя сувязі і кантакты паміж краінамі былі страчаны. Лісты, якія мы адпраўлялі на Кубу, напэўна, не даходзілі, — расказаў Сяргей Рабертавіч. — Мая запаветная мара з дзяцінства — убачыць сваіх родных з гэтай далёкай краіны. І ў мінулым годзе я з жонкай нарэшце ажыццявіў яе. Гэтая паездка дапамагла ўбачыць жыццё іншымі вачыма, больш аптымістычна. Уявіце, сярэдні заробак на Кубе — 25 долараў. Калі бацька сказаў мне: “На заўтра ў нас няма ежы”, я задаў пытанне: “Як знаходзіце выйсце з такой сітуацыі?” У адказ пачуў любімае чароўнае слова кубінцаў “маньяна”, маўляў, заўтра нешта прыдумаем. І сапраўды, на наступны дзень знаёмыя прывезлі бацьку мяшок з садавіной. Я быў уражаны, як можна так жыць, трэба ж усё планаваць, клапаціцца пра будучыню. Дзіўным было і тое, як кубінцы ўмеюць радавацца жыццю. У людзей няма чаго есці, а яны ладзяць свята, адно аднаго вадой паліваюць і г.д. Знік пэўны від прадуктаў з магазінаў — нічога, праз тры дні з’явяцца. На Кубе людзі вельмі жывыя ў зносінах, любяць весці задушэўныя сяброўскія размовы. У параўнанні з імі я адчуў сябе панурым чалавекам. І зразумеў, што проста адвык бачыць радасць у малым, у простых рэчах.

Жыццё такое, што ніколі не прадбачыш, калі сустрэнеш важных для цябе людзей і як гэта адаб’ецца на тваёй будучыні. Каб лепшае праявілася ў тваім жыцці, трэба верыць у гэта, быць аптымістам і ўмець радавацца нават дробязям. Калі мы зразумеем, што не ўсё так дрэнна, мы пачнём думаць творча. І ў нас вызваліцца прытоены нерэалізаваны патэнцыял. Да гэтага я заклікаю і супрацоўнікаў нашай дашкольнай установы”.

Надзея ЦЕРАХАВА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.

Каб маладыя педагогі засталіся ў прафесіі

Дашкольны цэнтр развіцця дзіцяці № 97 Гродна — установа ў абласным цэнтры вядомая. Сярод дасягненняў калектыву — першае месца ў абласным конкурсе на лепшую арганізацыю работы па пазнавальнай практычнай дзейнасці ў ДЦРД, другое месца ў гарадскім аглядзе-конкурсе ўстаноў адукацыі, званне лаўрэата Рэспубліканскага конкурсу “Лепшая дашкольная ўстанова года”, званне “Брэнд адукацыі — 2010” Гродзенскай вобласці. Пра адзін са складнікаў дасягненняў калектыву — работу з маладымі педагогамі — мы папрасілі расказаць загадчыка дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці № 97 Гродна Галіну Віктараўну СМУРАГА і намесніка па асноўнай дзейнасці Элу Іванаўну НОВІКАВУ.

Г.В.Смурага. Замацаванне маладых спецыялістаў лічым вельмі важнай задачай. Нездарма кажуць: “Кадры вырашаюць усё”. Малады педагог, прыходзячы ва ўстанову адукацыі, нясе адказнасць і мае тыя ж абавязкі, што і вопытныя педагогі. Бацькі, выхаванцы, калегі чакаюць ад яго прафесіяналізму, педагагічнага майстэрства. Сваю эфектыўнасць ужо некалькі гадоў даказвае школа маладога спецыяліста. Гэтая форма работы дапамагае маладым калегам хутчэй адаптавацца да ўмоў прафесійнай дзейнасці, атрымліваць метадычную дапамогу своечасова і мэтанакіравана. Сёння ў нашым педагагічным калектыве 19 педагогаў (а гэта 54 працэнты) маюць стаж меншы за дзесяць гадоў. Сярод іх — 7 маладых спецыялістаў.

Э.І.Новікава. Метадычная служба дашкольнага цэнтра знаходзіцца ў пастаянным пошуку новых падыходаў да работы з кадрамі, забяспечваючы бесперапыннае павышэнне іх прафесійнага ўзроўню, рэалізацыю творчага патэнцыялу кожнага педагога. Мы працуем дзеля таго, каб маладыя педагогі засталіся ў прафесіі.

Работа школы маладога спецыяліста пачынаецца з вывучэння прафесійнага, асобаснага, творчага патэнцыялу маладых спецыялістаў. Выяўляюцца цяжкасці педагогаў у рэалізацыі вучэбнай праграмы дашкольнай адукацыі, аналізуюцца матывацыя да работы, чаканні ад яе, індывідуальныя асаблівасці. Далей распрацоўваецца тэматычны план на навучальны год.

Праз самаадукацыю, субяседаванне і іншыя формы метадычнай работы праходзіць вывучэнне нарматыўных прававых актаў. Раздзел “Павышэнне кваліфікацыі і ўзроўню прафесійнага майстэрства” рэалізоўваецца з дапамогай інтэрактыўных форм і метадаў работы. Тэмы выцякаюць з дыягнастычнага блока. Мерапрыемствы плануюцца дыферэнцыравана: для розных катэгорый спецыялістаў, для педагогаў, якія наведваюць школу другі год, і для пачаткоўцаў. Так, былі арганізаваны кансультацыі “Планаванне адукацыйнага працэсу на аснове мэт і задач вучэбнай праграмы дашкольнай адукацыі”, практычныя заняткі “Работа з інтэрактыўнай дошкай”, майстар-клас настаўніка-дэфектолага “Лагарытміка”, прэзентацыя метадычнага кабінета “Выкарыстанне матэрыялаў метадычнага кабінета ў адукацыйным працэсе”. На гэты навучальны год запланавалі правесці кансультацыі “Формы ўзаемадзеяння з сем’ямі выхаванцаў” і “Канструяванне розных тыпаў і відаў заняткаў”, заняткі ў педагагічнай майстэрні па тэме “ТРВЗ-РТУ-тэхналогія ў навучанні выхаванцаў бяспечнай жыццядзейнасці”. Шмат заняткаў з дзеткамі праводзіцца ў зімовым садзе нашага цэнтра, таму лічым карысным для маладых выхавальнікаў практыкум “Догляд жывёл і раслін зімовага саду”.

Г.В.Смурага. Абавязковым з’яўляецца наведванне заняткаў вопытных педагогаў, вывучэнне іх прафесійнага майстэрства, каб малады педагог мог рабіць аналіз убачаных форм работы. У рэалізацыі тэматычнага плана задзейнічана не толькі метадычная служба цэнтра, але і выхавальнікі дашкольнай адукацыі з першай і вышэйшай катэгорыяй, спецыялісты. Напрыклад, майстар-клас “Правядзенне артыкуляцыйнай, дыхальнай, пальчыкавай гімнастыкі з дзецьмі дашкольнага ўзросту” праводзіць настаўнік-дэфектолаг.

Маладыя педагогі не толькі вывучаюць вопыт старэйшых калег, асвойваюць новыя педагагічныя тэхналогіі, але і дэманструюць свае знаходкі праз удзел у “Педагагічным дэбюце”. Маладыя выхавальнікі Марына Глінская і Аліна Крывеня прэзентавалі свае напрацоўкі па методыцы даследчага навучання дзяцей старэйшага дашкольнага ўзросту. Настаўнік-дэфектолаг Вераніка Русіна ў гэтым годзе ўдзельнічала ў першым раённым фестывалі педагагічнага майстэрства з работай “Выкарыстанне дапаможніка В.Васкабовіча ў рабоце настаўніка-дэфектолага”.

Э.І.Новікава. Пачынаючыя супрацоўнікі маюць патрэбу і ў псіхалагічнай падтрымцы, таму адзін з раздзелаў тэматычнага плана — “Псіхалагічнае суправаджэнне дзейнасці педагога ДЦРД”. Вельмі важна дапамагчы маладым калегам уліцца ў калектыў, стаць часткай каманды аднадумцаў. Як выбудаваць узаемадзеянне з бацькамі, з выхаванцамі, з калегамі? Як разабрацца ў сабе? На гэтыя пытанні дапаможа даць адказ педагог-псіхолаг. Распрацавана памятка “Узаемадзеянне з рознымі катэгорыямі сем’яў”, праводзяцца трэнінгі “Аб’яднанне калектыву, адаптацыя супрацоўнікаў у новым калектыве”. Прапаноўваем маладым выкладчыкам абмяняцца думкамі аб цяжкасцях у рабоце і вызначыць шляхі іх пераадолення, аказваем неабходную дапамогу.

Г.В.Смурага. У нас стала традыцыяй у ходзе ўрачыстага мерапрыемства, прысвечанага Дню настаўніка, прадстаўляць маладых спецыялістаў. Жартоўнае інтэрв’ю, самапрэзентацыя, партфоліа педагога раскрываюць яго творчыя таленты. Абавязкова выконваецца рытуал пасвячэння ў педагогі з уручэннем памятных сувеніраў. Штогод падчас Тыдня прафесійнага майстэрства маладыя педагогі з групай падтрымкі ў складзе вопытных педагогаў рыхтуюць творчыя заданні, удзельнічаюць у конкурсе акцёрскага майстэрства “Хвіліна славы”. Такія мерапрыемствы спрыяюць добраму псіхалагічнаму клімату ў педагагічным калектыве, атмасферы адзінства і згуртаванасці.

Э.І.Новікава. Апошні раздзел плана “Рэфлексія” прадугледжвае зваротную сувязь ад маладых педагогаў: як прайшла адаптацыя, што было карысным у мерапрыемствах школы маладога спецыяліста, чаму метадычная служба павінна ўдзяліць увагу ў наступным годзе. Педагогам прапаноўваюцца розныя творчыя заданні: напісанне эсэ “Я і мая прафесія”, распрацоўка канспекта, стварэнне партфоліа “Мае перамогі і дасягненні”, якія прэзентуюцца на спецыяльнай выставе. Аб сваіх асабістых дасягненнях маладыя педагогі расказваюць падчас круглага стала.

Г.В.Смурага. Прафесійнае крэда нашых супрацоўнікаў: заўсёды наперад, пасля кожнага кроку рыхтавацца да наступнага, усе намеры накіроўваць на тое, што яшчэ трэба будзе зрабіць. З першых дзён работы ў цэнтры мы і маладых супрацоўнікаў падводзім да гэтай высновы.

Падрыхтавала Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.

Імкнецца да большага

Як дасягнуць поспеху ў прафесіі? Загадчык вучэбна-метадычнага кабінета Дрыбінскага аддзела адукацыі, спорту і турызму Любоў Тарасенка ўпэўнена: для гэтага неабходна проста любіць справу, якой займаешся.


Сама Любоў Васільеўна яшчэ ў дзяцінстве вырашыла, што яе прафесійны шлях — настаўніцкая праца. Ёй заўсёды падабалася займацца з малымі, чаму-небудзь іх вучыць. А яшчэ перад вачыма заўсёды быў добры прыклад у асобе настаўніцы біялогіі Ядвігі Генрыхаўны Атрашкевіч, якая жыла па суседстве. Яшчэ дзяўчынкай Любоў Тарасенка часта заходзіла да суседкі ў госці. Ёй вельмі падабалася назіраць за тым, як тая рыхтуецца да ўрокаў, гутарыць з ёй пра школу і вучняў.

— Цікава, што да педагогікі ляжала душа і ў маёй старэйшай сястры. Скончыўшы школу, яна, не раздумваючы, адправілася працягваць адукацыю ў Горацкі педагагічны каледж. Услед за сястрой у гэтую навучальную ўстанову паступіла і я, — расказвае Любоў Васільеўна.

Яшчэ ў студэнцкія гады, праходзячы вытворчую практыку, Любоў Тарасенка зразумела: у выбары прафесіі не памылілася. Педагогікай яна была захоплена цалкам, нават вопытныя настаўнікі, назіраючы за ўрокамі практыканткі, дзівіліся, як добра ў яе атрымліваецца знаходзіць кантакт з дзецьмі, метадычна правільна выбудоўваць заняткі. А атрымлівалася ўсё гэта ў Любові Васільеўны таму, што да любой справы яна прывыкла адносіцца добрасумленна, з поўнай самааддачай. Гэтую важную якасць яна пранесла праз увесь перыяд сваёй працяглай і паспяховай педагагічнай дзейнасці.

Між тым за плячыма Любові Тарасенка ўжо больш за трыццаць гадоў педагагічнага стажу. Скончыўшы педкаледж у Горках, яна пачала настаўнічаць у Барадзёнкаўскай малакамплектнай школе, паралельна працягваючы адукацыю ў МДУ імя А.А.Куляшова.

— Праца ў Барадзёнкаўскай школе дала шмат патрэбнага вопыту, бо даводзілася выконваць абавязкі загадчыка ўстановы і адначасова весці ўрокі ў адным з класаў. У мяне было 7 вучняў — усе рознаўзроставыя. Трэба было знаходзіць ідэі, каб кожны з іх атрымаў максімальна якасную адукацыю. Працаваць было цікава, але разам з тым хацелася паспрабаваць свае сілы ў вялікай школе, — узгадвае Любоў Васільеўна.

Мара неўзабаве ажыццявілася. Малакамплектная школа ў Барадзёнках закрылася, і Любоў Тарасенка атрымала пасаду настаўніка пачатковых класаў у Дрыбінскай сярэдняй школе. І так атрымалася, што з гэтай навучальнай установай была звязана большая частка яе прафесійнай дзейнасці. Тут Любоў Васільеўна прайшла шлях ад настаўніка да дырэктара, адбылася як прафесіянал, рэалізавала шматлікія метадычныя ідэі. Дарэчы, многія з аўтарскіх распрацовак настаўніцы былі абагульнены і распаўсюджаны ў iншых агульнаадукацыйных установах вобласці. Гэта методыкі дыферэнцыраванага навучання, гульнявыя метады правядзення ўрокаў у вершаванай форме. Адметна, што вершы да заняткаў Любоў Тарасенка пісала сама, прычым гэтае творчае захапленне не пакінула і цяпер.

Наогул, яна лічыць, што настаўнік павінен пастаянна знаходзіцца ў працэсе развіцця, удасканалення сваіх прафесійных навыкаў. Напэўна, па гэтай прычыне яна і стала загадваць раённым вучэбна-метадычным кабінетам. Хацелася не толькі развівацца асабіста, але і дапамагаць у гэтым усім дрыбінскім педагогам, дзяліцца з імі сваімі ведамі і вопытам.

Пад кіраўніцтвам Любові Васільеўны ў вучэбна-метадычным кабінеце была створана адзіная структура дзеянняў. Усю работу выразна падзялілі па канкрэтных напрамках: удасканаленне прафесійнага майстэрства педагагічных работнікаў і ўсебаковая дапамога ім у бесперапынным павышэннi квалiфiкацыi, дыягностыка і маніторынг вынікаў адукацыйнага працэсу ў навучальных установах, суправаджэнне і падтрымка здольных навучэнцаў. Па кожным з кірункаў былі распрацаваны дэталёвыя планы актыўнай дзейнасці. Для таго каб матываваць настаўнікаў на плённую працу і прафесійнае развіццё, у раёне праводзяцца пасяджэнні метадычных аб’яднанняў, некаторыя з іх выязныя і носяць практычны характар. Акрамя таго, арганізоўваюцца семінары, практыкумы, майстар-класы, прэзентацыі вопыту лепшых педагогаў, адкрытыя педагагічныя саветы, на якіх настаўніцкай грамадскасцю абмяркоўваюцца надзённыя пытанні сістэмы адукацыі. На творчы пошук мясцовых педагогаў стымулююць таксама раённыя конкурсы прафесійнага майстэрства. Асаблівая ўвага ўдзяляецца і рабоце з маладымі спецыялістамі. Каб дапамагчы ім у прафесійным станаўленні, пры РВМК дзейнічае спецыяльная школа для пачынаючых настаўнікаў.

— Стымулюем і нашых навучэнцаў. Дасягненні ў вучобе абавязкова павінны заахвочвацца, таму мы рэгулярна праводзім разнастайныя конкурсы, адзначаем лепшых вучняў. Усё гэта матывуе іх на дасягненне новых вучэбных вышынь, — упэўнена Любоў Тарасенка.

Такі падыход прыносіць адпаведны вынік. Сёння Дрыбінскі раённы вучэбна-метадычны кабінет — у ліку плённа працуючых у вобласці. Мясцовыя педагогі паспяхова прадстаўляюць раён на рэгіянальных конкурсах прафесійнага майстэрства, а іх пастаянны творчы пошук спрыяе павышэнню якасці і эфектыўнасці адукацыі. Лепш за ўсё гэта пацвярджаюць дасягненні дрыбінскіх школьнікаў. За апошнія некалькі гадоў імі заваявана 9 прызавых дыпломаў на трэцім і заключным этапах рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах, а таксама 10 пераможных дыпломаў на абласным і рэспубліканскім этапах конкурсу даследчых работ навучэнцаў.

Па словах Любові Тарасенка, у падобным ключы ў РВМК плануюць працаваць і надалей.

— У нас яшчэ шмат ідэй, задум і планаў, накіраваных на паляпшэнне адукацыйнага працэсу, таму будзем аб’ядноўваць педагагічныя калектывы і разам імкнуцца да яшчэ большага ўдасканалення сябе і сваёй працы.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота аўтара.

Талерантнае выхаванне бацькоў і дзяцей

Дашкольны цэнтр развіцця дзіцяці аграгарадка Парэчча Гродзенскага раёна — адна з чатырох устаноў адукацыі рэспублікі, дзе рэалізоўваецца інавацыйны праект “Укараненне мадэлі талерантнага адукацыйнага асяроддзя пры арганізацыі інтэграванага навучання і выхавання ва ўстановах дашкольнай адукацыі”. Аб рэалізацыі праекта і яго мэтах мы папрасілі расказаць загадчыцу цэнтра Леакадзію ЦІМАФЕЕВУ.

— У нашым цэнтры працуюць інтэграваныя групы, дзе выхоўваюцца і дзеткі з цяжкімі парушэннямі маўлення, — гаворыць Леакадзія Іванаўна. — Інклюзіўная практыка ў адукацыі прадугледжвае паляпшэнне якасці жыцця такіх дзяцей і іх сем’яў, стварэнне неабходных умоў для павышэння сацыяльнай адаптацыі і доступу да адукацыі.Стварэнне талерантнага адукацыйнага асяроддзя ў нашай дашкольнай установе ажыццяўляецца па трох кірунках: работа з педагагічным калектывам па фарміраванні ўнутранай пазіцыі, крэатыўнасці мыслення, камунікабельнасці, жадання трансліраваць свой педагагічны вопыт; узаемадзеянне з бацькамі па стварэнні здаровай псіхалагічнай атмасферы ў сям’і, перадача ім ведаў пра выхаванне ў дзяцей культуры зносін; фарміраванне ў дашкольнікаў навыкаў паважлівых і добразычлівых паводзін ва ўзаемаадносінах з равеснікамі і дарослымі, што асабліва каштоўна ў групе інтэграванага навучання і выхавання.
Традыцыйныя ўяўленні аб дзецях з асаблівасцямі развіцця ў апошні час значна змяніліся. Калі раней такія дзеці маглі выклікаць толькі спачуванне, мелі патрэбу ў дапамозе і доглядзе, то зараз яны лічацца раўнапраўнымі, незалежнымі, але яны маюць патрэбу ў падтрымцы. З улікам сучаснага падыходу неабходна змяніць стаўленне бацькоў, спецыялістаў і ўсяго грамадства да такіх дзяцей.
Важнай умовай дасягнення пастаўленых задач з’яўляецца талерантнасць бацькоў, якая прадугледжвае шэраг ведаў, уменняў і кампетэнцый, звязаных з роляй дарослага.
Для гэтага выкарыстоўваем разнастайныя формы работы: сходы, кансультацыі (“Вучым дзіця мець зносіны”, “Выхаванне сяброўскіх адносін у гульні”, “Бацькі і дзеці: эфектыўнае ўзаемадзеянне”), выставы работ дзяцей і іх бацькоў (з размяшчэннем інфармацыі на сайце ўстановы і ў сродках масавай інфармацыі), сумесныя святы, забавы (“Падарожжа па станцыях бяспекі”, “Харчаванне — залог здароўя”), індывідуальныя гутаркі, якія павышаюць гатоўнасць бацькоў да фарміравання ў дашкольнікаў асноў талерантнасці.
Новая форма ўзаемадзеяння з сям’ёй — арганізацыя хатніх свят (Калядкі, Новы год, дні нараджэння дзяцей і іншыя) з удзелам работнікаў установы дашкольнай адукацыі і членаў сям’і дзіцяці. Такая ўзгодненасць у рабоце дашкольнай установы і сям’і становіцца найважнейшай умовай паўнавартаснага развіцця дзіцяці. Удзел бацькоў, іншых членаў сям’і, іх падтрымка і дапамога ў правядзенні мерапрыемстваў у Дашкольным цэнтры развіцця дзіцяці аграгарадка Парэчча і ў хатніх умовах спрыяюць стварэнню атмасферы ўпэўненасці, спакою, жадання раскрыць свае здольнасці, радавацца дасягнутым вынікам выхаванцаў інтэграванай групы.
Для педагагічнай асветы бацькоў была выбрана такая форма работы, як бацькоўскі клуб “Быць разам”. Галоўная задача аб’яднання — выхаванне талерантнасці. Змест работы клуба ўключаў як шэраг арганізацыйных сустрэч па розных тэмах, так і практычнае ўзаемадзеянне. Гэта спрыяла імкненню бацькоў актыўна ўдзельнічаць у навучанні дзяцей, прыўносіць у вучэбныя сітуацыі ўласны вопыт.
У далейшым у рабоце з бацькамі будзем часцей выкарыстоўваць трэнінгі і новыя формы: мадэляванне, дыялогі, якія выключаюць дамінаванне аднаго з удзельнікаў і накіраваны на развіццё педагагічнай рэфлексіі, актыўнае выкарыстанне ведаў і ўменняў саміх бацькоў, сумесныя хатнія заданні для бацькоў і іх дзяцей — падрыхтоўка работ на выставы сувеніраў, малюнкаў.
Такая ўзгодненасць у рабоце дашкольнай установы і сям’і з’яўляецца найважнейшай умовай паўнавартаснага развіцця дзіцяці, фарміравання ў яго маральных норм паводзін, этычнай культуры.
Вядома, фарміраванне талерантнасці адбываецца паступова, таму што ўсе дзеці розныя: адны добразычлівыя, актыўныя, другія сарамлівыя, трэція замкнёныя. У кожнага свае індывідуальныя асаблівасці, што ярка бачна ў групе інтэграванага навучання і выхавання. Усё гэта вельмі важна ўлічваць выхавальнікам у розных відах дзейнасці.
Спецыяльна арганізаваная дзейнасць насычана разнастайнымі метадычнымі прыёмамі для фарміравання ўменняў невербальных зносін (гульні і практыкаванні “Адгадай”, “Любімы казачны герой”), для развіцця пачуцця блізкасці з іншымі дзецьмі (“Ласкавае імя”, “Кампліменты”), гарманізацыі ўсведамлення свайго імя і прозвішча (“Як цябе завуць?”, “Адгадай, хто гэта”), развіцця ўмення разумець настрой іншых людзей (“Што можна зрабіць для сябра?”), праяўлення пачуцця міласэрнасці, спагады да іншых людзей (“Я добры!”, “Сляпы і павадыр”).
Калектыў педагогаў, дзяцей і бацькоў нашага Дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці толькі ў пачатку няпростага шляху па стварэнні талерантнага мікрасвету. У новым навучальным годзе мы прадоўжым пачатую работу. Нядаўна чарговы раз сустрэліся з нашым навуковым кансультантам, кандыдатам педагагічных навук, дацэнтам Інстытута павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі БДПУ імя Максіма Танка Юліяй Мікалаеўнай Кісляковай. Вырашылі, што трэба звярнуць асаблівую ўвагу на работу са шматдзетнымі і няпоўнымі сем’ямі.

Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.

У дзіцячым садзе летам

Лета — цудоўная пара для таго, каб атрымаць зарад бадзёрасці на ўвесь год. Бацькі загадзя клапоцяцца аб тым, дзе і як дзіця будзе праводзіць лета. Лепшы варыянт — адправіць малога ў вёску да родных або паехаць усёй сям’ёй на мора. Але не ва ўсіх ёсць такая магчымасць. Многія дзеці праводзяць лета ў дзіцячым садку. У нашай дашкольнай установе пад кіраўніцтвам загадчыка Алены Анатольеўны Заблоцкай створаны бяспечныя і спрыяльныя ўмовы для эфектыўнай аздараўленчай і адукацыйнай работы з выхаванцамі.

Асноўнымі напрамкамі арганізацыі летняга адпачынку і аздараўлення дзяцей з’яўляюцца: арганізацыя рацыянальнага распарадку дня, забеспячэнне неабходнай працягласці сну, стварэнне ўмоў для аптымальнага рухальнага рэжыму, разнастайнай гульнявой дзейнасці, забеспячэнне аздараўленчых мерапрыемстваў, паўнацэннае рацыянальнае харчаванне, забеспячэнне атмасферы псіхалагічнага камфорту.
Тэрыторыя нашага дзіцячага сада дакладна прадумана. Гульнявыя пляцоўкі маюць травяное пакрыццё, агароджаны кустамі. На прасторных верандах знаходзяцца цацкі і спартыўны інвентар. Гульнявое абсталяванне пляцовак (горкі, пясочніцы, домікі, арэлі) прыцягвае ўвагу малышоў яркімі фарбамі.
Для заняткаў фізкультурай прадугледжаны: фізкультурная пляцоўка са спартыўнымі і гульнявымі комплексамі, кальцавая бегавая дарожка, яма для скачкоў, валейбольная пляцоўка, стол для настольнага тэніса. Ёсць пляцоўка для азнаямлення дашкольнікаў з Правіламі дарожнага руху.
Летам у садзе дзеці шмат часу праводзяць на свежым паветры. Аптымальнае спалучэнне спецыяльна арганізаванай педагогамі і нерэгламентаванай дзейнасці выхаванцаў дазваляе кожнаму з іх займацца любімай справай. У прыярытэце — фізкультурна-аздараўленчая і мастацка-эстэтычная дзейнасць.
Традыцыйна ў нашым садзе праводзяцца тэматычныя тыдні. На кожным тыдні прадугледжаны свой комплекс мерапрыемстваў. Іх тэматыка наступная: “Добры дзень, лета!”, “Солнце, воздух и вода — нашы лучшие друзья”, “Тыдзень нясумнага здароўя”, “Мая Радзіма — Беларусь”, “Праца людзей летам”, “Жывая і нежывая прырода”, “Тыдзень бяспекі”, “Цуды з лесу”, “В сказочном царстве, в сказочном государстве”, “Тыдзень летніх гульняў і забаў”, “Экалагічны тыдзень”, “Ад зярнятка да каравая”.
З ранняга ўзросту мы фарміруем у выхаванцаў імкненне да здаровага ладу жыцця, заняткаў фізкультурай і спортам. У дзіцячым садзе рэалізоўваецца абласны творчы праект “Укараненне мадэлі алімпійскага мегакомплексу для аздараўлення, развіцця фізічных якасцей і выхавання патрыятычнага пачуцця ў дзяцей дашкольнага ўзросту”.

Гульня “У казла”

Дзеці становяцца ў круг. Адзін з іх выконвае ролю казла. Дзеці рухаюцца па крузе і спяваюць: “Як пайшоў наш казёл, ды па ельнічку, хлопцаў-дзевак запрашаў на вяселлечка”. У гэты час казёл, зрабіўшы ўказальнымі пальцамі “рожкі” над галавой, рухаецца пасярэдзіне круга ў супрацьлеглы бок, спыняецца каля аднаго з дзяцей і кажа: “Запрашаю я цябе”. Дзіця, якога выбралі, павінна таксама зрабіць “рожкі”, адказаць “бе-е-е” і стаць ззаду за казлом. Усе дзеці лічаць: “Раз, два, тры, гоп!” Казёл адначасова з дзіцём, якога выбралі, скачком паварочваецца на 180 градусаў, бярэцца за плечы дзіцяці, і такім чынам казлом становіцца яно. Гульня паўтараецца шмат разоў. Кожны раз павялічваецца колькасць дзяцей, якія рухаюцца за казлом унутры круга. Гульня атрымліваецца вельмі вясёлая.

Асаблівую ўвагу мы ўдзяляем гімнастыцы, рухавым гульням, фізкультурным святам. Ранішняя гімнастыка летам праводзіцца не толькі на фізкультурнай пляцоўцы, але і ў парку, на паляне, на лужку, з выкарыстаннем шышак, галінак і іншага прыроднага матэрыялу.
Кожны дзень з выхаванцамі праводзяцца рухавыя гульні і гульнявыя практыкаванні, як знаёмыя дзецям, так і новыя. Шмат увагі ўдзяляецца правядзенню беларускіх народных гульняў. Асабліва падабаюцца дзецям гульні “У казла”, “Грушка”, “Гарлачык”.
Гульня “У казла” — старажытная гульня полацкага рэгіёна, якой падзяліліся з намі ўдзельнікі гісторыка-археалагічнага клуба “Княжыч”, што існуе пры Наваполацкім цэнтры культуры і рамёстваў.
На дзіцячых пляцоўках у распараджэнні выхаванцаў спартыўны інвентар: бадмінтон, настольны тэніс, гарадкі, кеглі, боўлінг, каталкі, мячы, рознакаляровыя шары, прапелеры і шмат чаго іншага. Выхавальнікі сочаць за тым, каб пасля гульняў, якія патрабуюць значных фізічных намаганняў, дзеці далучаліся да больш спакойных гульняў, каб яны не перагрэліся на сонцы.
Заняткі фізкультурай у вольны час разнастайныя па сваёй тэматыцы. У малодшай групе яны праводзяцца па тэмах “Верабейчыкі”, “Квактуха і кураняты”, “Спрытныя малышы”. У сярэдняй і старшай групах — па тэмах “Вясёлкавыя бурбалкі”, “Цікавыя гульнявыя практыкаванні”, “Гульня з лятаючымі талеркамі”, “Мяч праз сетку”, “Здароўе ў парадку”, “Гульнявы гарадок”.
Радасць ад зносін з прыродай дораць дзецям прагулкі-паходы, падчас якіх малышы адпачываюць, пазнаюць навакольнае асяроддзе, пашыраюць сацыяльныя кантакты, умацоўваюць здароўе. Мы гуляем у парку, на лужку, каля ракі, на стадыёне. Падчас такіх прагулак мы назіраем за светам раслін і жывёл, праводзім вясёлыя гульні, інсцэніроўкі. Загадзя з дзецьмі ладзяцца гутаркі, дыдактычныя гульні на замацаванне правіл бяспекі і правіл паводзін на прыродзе.
Летам дзеці загартоўваюцца. Могуць басанож пабегаць (на пляцоўках травяное пакрыццё), пагуляць з вадой, пяском, пакупацца ў басейне.
Прасторныя веранды дзіцячага сада абараняюць ад непагадзі і ад перагрэву ў спякотныя дні. Тут створаны цудоўныя ўмовы для арганізацыі заняткаў маляваннем, лепкай або канструяваннем, для чытання кніг, гульняў у настольна-друкаваныя гульні, разыгрывання сцэнак лялечнага тэатра або проста для адпачынку ў куточку адасаблення. Прадметна-развіццёвае асяроддзе створана клапатлівымі і ўмелымі рукамі педагогаў і бацькоў.
Карысць для дзіцячага здароўя прыносіць пасільная праца: на агародзе, у кветніку, у куточку прыроды. Кожная ўзроставая група мае сваю градку на агародзе. Многія малышы назіраюць за працай бацькоў на дачы і ў дзіцячым садку з задавальненнем вырошчваюць свой ураджай разам з выхавальнікамі. Чаго тут толькі няма: кабачкі, перац, буракі, пятрушка, цыбуля, бабовыя… Але самае галоўнае — гэта адчуванне радасці ад ураджаю, які яны самі вырасцілі.
Стала добрай традыцыяй праводзіць у пачатку лета малыя летнія алімпійскія гульні. У гэтым годзе яны прайшлі ўжо дзясяты раз. Ім папярэднічала штодзённая фізічная падрыхтоўка выхаванцаў старшай групы разам з кіраўніком фізічнага выхавання дзіцячага сада Ірынай Уладзіміраўнай Канчуковай, педагогам з трыццацігадовым стажам. Пры правядзенні такога дзіцячага свята захоўваюцца ўсе традыцыі і рытуалы сапраўдных спартыўных спаборніцтваў. На малыя алімпійскія гульні ў сад запрашаюць вядомых спартсменаў. Адным з ганаровых гасцей быў алімпійскі чэмпіён Вадзім Дзевятоўскі.
Наколькі цікава дзеці будуць праводзіць лета ў дзіцячым садку, залежыць ад жадання і ўмення выхавальнікаў зрабіць кожны дзень дзіцяці яркім. Калі адзін дзень падобны да другога, дзеці пачынаюць сумаваць. Нашы педагогі прыкладаюць усе намаганні, каб унесці ў жыццё выхаванцаў як мага больш разнастайнасці.

Ірына ІГНАЦЬЕВА,
намеснік загадчыка па асноўнай дзейнасці ясляў-сада № 5 Наваполацка.
Фота аўтара.

Фарміраваць сеткавыя прафесійныя супольнасці педагогаў

На базе ўстаноў адукацыі Піншчыны прайшоў абласны семінар загадчыкаў раённых (гарадскіх) вучэбна-метадычных кабінетаў на тэму “Забеспячэнне якасці дадатковай адукацыі педагагічных работнікаў раёна: практыка работы, праблемы, перспектывы”. Падчас насычанага мерапрыемства, арганізаванага Брэсцкім абласным ІРА, яго ўдзельнікі наведалі Малоткавіцкую, Бярозавіцкую, Пагост-Загародскую, Парахонскую, Пінкавіцкую, Гарадзішчанскую сярэднія школы і Малоткавіцкую дапаможную школу-інтэрнат, дзе праз прэзентацыі, тэматычныя выставы, майстар-класы і творчыя лабараторыі азнаёміліся з цікавымі і карыснымі напрацоўкамі.

Пра адукацыйную прастору рэгіёна і ролю раённай метадычнай службы ў павышэнні прафесійнай кампетэнтнасці педагогаў расказала начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Пінскага райвыканкама А.І.Прылоўская:
— Роля органаў кіравання адукацыяй заключаецца найперш у стварэнні ўмоў для якаснай арганізацыі адукацыйнага працэсу. У 75 установах адукацыі Піншчыны створаны неабходныя ўмовы для рэалізацыі духоўнага і інтэлектуальнага патэнцыялу кожнага дзіцяці.
Сістэма дашкольнай адукацыі сарыентавана на задавальненне запытаў сям’і і грамадства, рознабаковае развіццё малышоў у адпаведнасці з іх узроставымі і індывідуальнымі асаблівасцямі. Дашкольнай адукацыяй у раёне ахоплена каля 94% дзяцей. Вялікая ўвага ўдзяляецца іх здароўезберажэнню.
Над павышэннем якасці адукацыі працуюць 38 школ. Выніковая атэстацыя іх выпускнікоў паказвае, што прадметная падрыхтоўка вучняў палепшылася ў старшых класах і знізілася ў 5—9-х. Павялічылася колькасць адзінаццацікласнікаў, якія здаюць экзамены на высокім і дастатковым узроўні. Але вынікі ЦТ сведчаць пра неабходнасць удасканалення работы ў гэтым напрамку. 69% выпускнікоў базавай школы працягваюць навучанне ў старшых класах.
Прыярытэтным кірункам развіцця сістэмы адукацыі Піншчыны ў бягучым навучальным годзе застаецца далейшае павышэнне якасці дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі. Сёння ёй ахоплена амаль 86% вучняў.
Работа ўстаноў дадатковай адукацыі па развіцці творчых здольнасцей дзяцей і арганізацыі іх занятасці з’яўляецца важным фактарам зніжэння ўзроўню злачыннасці сярод непаўналетніх. Усе падлеткі, якія стаяць на прафілактычным уліку, задзейнічаны ў аб’яднаннях і спартыўных секцыях, розных мерапрыемствах.
У адукацыйнай галіне Піншчыны працуюць каля 1,2 тысячы педагогаў. Амаль 87% настаўнікаў маюць вышэйшую адукацыю, амаль 19% — вышэйшую кваліфікацыйную катэгорыю. У сістэме дашкольнай адукацыі гэтыя лічбы больш нізкія: 42% і 10% адпаведна.
Шмат увагі ўдзяляецца бесперапыннаму павышэнню кваліфікацыі педагогаў праз курсавую падрыхтоўку і работу метадычнай сеткі ў міжкурсавы перыяд. На жаль, сустракаюцца асобныя работнікі, якіх даводзіцца літаральна ўгаворваць прайсці курсавую падрыхтоўку. Але ёсць і тыя, хто гатовы штомесяц наведваць розныя курсы.
А.І.Прылоўская лічыць, што неабходна пабудаваць сістэму адсочвання эфектыўнасці метадычнай работы, аптымізаваць метадычную сетку такім чынам, каб яна не адцягвала педагогаў ад асноўнай работы.
Радуе, што ў раёне павялічваецца колькасць настаўнікаў, якія выкарыстоўваюць у сваёй дзейнасці ІКТ. Усе ўстановы забяспечаны асобнымі камп’ютарамі для кіраўніцкай і адукацыйнай дзейнасці. Сярод прыярытэтаў — развіццё электроннага адукацыйна-інфармацыйнага асяроддзя ўстаноў адукацыі як асноўнага навучальнага рэсурсу ў павышэнні якасці адукацыі і фарміраванне сеткавых прафесійных супольнасцей педагогаў.
У стварэнні ўмоў для творчай дзейнасці педагогаў і павышэнні якасці адукацыі вядучая роля належыць раённаму вучэбна-метадычнаму кабінету. Выніковасць яго работы штогод аналізуецца на пасяджэннях савета аддзела адукацыі, спорту і турызму. Далейшае ўдасканаленне сістэмы метадычнай работы А.І.Прылоўская бачыць у аптымізацыі сеткі метадычных фарміраванняў і рэалізацыі сістэмна-дзейнаснага падыходу.
— Удасканаленне метадычнай работы ўключае максімальнае далучэнне да яе педагогаў праз розныя формы дзейнасці (ад пастаянных да разавых), развіццё педагагічнай творчасці і самарэалізацыі педагогаў, узмацненне ролі метадычных фарміраванняў па пошуку, абагульненні перадавога педагагічнага вопыту і яго распаўсюджванні, арганізацыю рэфлексійнай дзейнасці педагогаў пры аналізе іх дзейнасці і выпрацоўцы шляхоў вырашэння педагагічных праблем і цяжкасцей, а таксама самааналіз педагагічных працэсаў і фарміраванне ўмення абагульняць уласны вопыт, — адзначыла А.І.Прылоўская.
— Кіраванне метадычнай работай працякае эфектыўна тады, калі яе задачы, змест і арганізацыйныя асновы дакладна і ясна ўсведамляюць усе ўдзельнікі, таму запыты кіраўнікоў і педагогаў па ўдасканаленні навукова-метадычнай падрыхтоўкі ў значнай ступені можна задаволіць пры ўмове захавання прынцыпаў індывідуалізацыі і дыферэнцыяцыі, — заўважыла загадчыца раённага ВМК А.Я.Шпакоўская. — Дыферэнцыраваны падыход да зместу і форм метадычнай работы з педагогамі (як маладымі, так і вопытнымі) рэалізуецца з улікам аналізу паказчыкаў якаснага і колькаснага складу педкадраў раёна і вынікаў дыягностыкі па выяўленні іх прафесійных цяжкасцей і адукацыйных запытаў. Пастаўленыя задачы ажыццяўляюцца праз метадычны савет, сетку з 57 метадычных фарміраванняў кіраўнікоў і педагогаў, міжшкольных і школьных метадычных аб’яднанняў на базе 36 устаноў адукацыі.
Самымі шматлікімі фарміраваннямі з’яўляюцца раённыя метадычныя аб’яднанні (26), дзе разглядаюцца пытанні нарматыўнага прававога забеспячэння, арганізацыі адукацыйнага працэсу, выкарыстання прыватных методык і інш. Адной з асноўных структур метадычнай работы з’яўляюцца міжшкольныя метадычныя аб’яднанні. Іх работа будуецца на дыягностыцы праблем і цяжкасцей пры выкладанні прадметаў. Педагогі авалодваюць найбольш эфектыўнымі метадамі і прыёмамі работы, вучацца іх творча прымяняць і інш. Пасяджэнні праводзяцца на базе школ, дзе прэзентуецца творчая справаздача ўстановы і асобных педагогаў, арганізуюцца адкрытыя вучэбныя і выхаваўчыя мерапрыемствы.
Аднымі з самых прадукцыйных метадычных фарміраванняў з’яўляюцца творчыя групы настаўнікаў пачатковых класаў, рускай і беларускай мовы і літаратуры, геаграфіі, біялогіі і інфарматыкі, настаўнікаў-дэфектолагаў і кіраўнікоў дашкольных устаноў. Вынікі дзейнасці такіх груп прадстаўлены ў выглядзе распрацовак урокаў, тэм, раздзелаў, памятак, прэзентацый і інш.
Эфектыўна працуюць і праблемныя групы педагогаў, створаныя для вырашэння канкрэтных метадычных праблем. Так, намеснікі загадчыкаў па асноўнай дзейнасці дзіцячых садоў працуюць над каляндарна-тэматычным планаваннем па вучэбнай праграме дашкольнай адукацыі, настаўнікі хіміі — над павышэннем узроўню прафесійнай кампетэнтнасці ў рашэнні алімпіядных задач, настаўнікі пачатковых класаў распрацоўваюць заданні для алімпіяд і інтэлектуальных марафонаў малодшых школьнікаў.
У раёне дзейнічаюць прафесійныя клубы “Гаспадыня” і “Прыёмная сям’я”. Іх работа накіравана на тое, каб кожны педагог мог знайсці занятак па душы, рэалізаваўшы свае асобасна-прафесійныя патрэбы. Эфектыўна функцыянуе і творчая лабараторыя кіраўнікоў гурткоў раённага цэнтра творчасці “Скарбніца”, дзе можна апрабаваць розныя педагагічныя ідэі.
— Безумоўна, колькасць метадычных фарміраванняў не з’яўляецца паказчыкам якасці работы метадычнай службы рэгіёна, але менавіта іх разнастайная сетка дазваляе ўлічваць жыццёвыя і прафесійныя ўстаноўкі, каштоўнасныя арыентацыі, вопыт і ўзровень прафесіяналізму кіраўнікоў і педагогаў, — адзначыла А.Я.Шпакоўская. — Аказваюцца кансалтынгавыя паслугі па падрыхтоўцы ўстаноў да комплекснага вывучэння іх дзейнасці і самакантролю. Гэта дазваляе эфектыўна і аптымальна арганізаваць метадычную падтрымку як асобных кіраўнікоў і педагогаў, так і педкалектываў.
Штогод педагогі Піншчыны павышаюць прафесійныя навыкі ў АПА і Брэсцкім абласным ІРА. Добра зарэкамендавала сябе работа выязных курсаў на базе раёна, што дазваляе ахапіць найбольшую колькасць педагогаў і значна сэканоміць грашовыя сродкі і час.
Падчас семінара прагучала шмат цікавых і змястоўных дакладаў. Удзельнікі мерапрыемства расказвалі пра арганізацыю інавацыйнай дзейнасці ў школе, апрабацыю мадэлі рэсурснага цэнтра ва ўстанове спецыяльнай адукацыі, ролю музейнай педагогікі ў адукацыйным працэсе, актыўныя формы метадычнай работы з настаўнікамі і інш.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.

Працаваць і кіраваць з любоўю

Метад націску і дэманстрацыя ўлады не з’яўляецца эфектыўным спосабам кіравання. Кіраўніку неабходна шукаць іншыя падыходы да супрацоўнікаў, з улікам той сітуацыі, якая складваецца ў калектыве. Ён павінен быць гібкім, умець бачыць праблемы, вызначаць перспектывы і заўсёды мець свежыя ідэі па ўдасканаленні работы ўстановы. У гэтым упэўнена загадчык ясляў-сада № 566 Мінска Вераніка Станіславаўна Каралькова. Вопыт яе кіраўніцкай работы ў 2013 годзе быў адзначаны прэміяй Мінгарвыканкама. Сёння яна дзеліцца з намі сакрэтамі свайго поспеху на гэтым шляху, расказвае аб маральным і матэрыяльным заахвочванні супрацоўнікаў, аб тым, як яна ператварыла звычайны калектыў у каманду аднадумцаў.

Калектыў або каманда?

Прафесійная дзейнасць Веранікі Станіславаўны пачалася ў 17 гадоў, калі яна ўладкавалася памочнікам выхавальніка ў дзіцячы сад. А потым адна за другой былі ўсе прыступкі кар’ернай лесвіцы. І вось ужо 14 гадоў яна на пасадзе загадчыка дашкольнай установы. Праблемы лідарства і асабістай прафесійнай кампетэнтнасці, самаўдасканалення і іміджу яе цікавілі заўсёды. У мінулым годзе мая суразмоўца прымала ўдзел у конкурсе “Сталічны настаўнік — сталічнай адукацыі”, дзе ў намінацыі “Лідар адукацыі” выйшла ў фінал. У Партызанскім раёне Мінска ёй у гэтай жа намінацыі ўручылі прэмію “Трыумф”. З мэтай набыцця неабходных для загадчыка сада ведаў Вераніка Станіславаўна нядаўна прайшла курсавую падрыхтоўку па ўдасканаленні кіраўніцкай дзейнасці ў Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь.
“У 2011 годзе я сутыкнулася з вялікай праблемай — адтоку кадраў, — прыгадвае Вераніка Станіславаўна. — Прафесійна падрыхтаваныя педагогі звальняліся, таму што знаходзілі пасады з больш высокім заробкам, пераходзілі ў тым ліку і ў прыватныя ўстановы адукацыі. На гэтым фоне паміж супрацоўнікамі ўзнікалі міжасабовыя праблемы, зніжалася матывацыя да працоўнай дзейнасці і самаадукацыі. Жаданых вынікаў у рабоце калектыў ужо не дасягаў. Перада мной паўстала задача: утрымаць педагогаў, зацікавіць іх чымсьці новым, нестандартным у самім працэсе іх работы, каб не толькі матэрыяльны стымул “саграваў” іх.
Імкнулася знайсці лепшыя спосабы раскрыцця прафесійных і асабістых якасцей сваіх калег, каб кожны з іх адчуў сябе значным і незаменным, мог выказаць сваё меркаванне і быў упэўнены, што яго пачуюць. Маёй мэтай стала стварэнне згуртаванай каманды аднадумцаў. Якія адметнасці каманды і чым яна адрозніваецца ад звычайнага калектыву супрацоўнікаў? Перш за ўсё, на мой погляд, каманда — гэта група спецыялістаў, якія падпарадкоўваюцца адным правілам, зацікаўлены ў дасягненні агульнага выніку і прыкладаюць для гэтага ўсе намаганні. Каманда спрыяе праяўленню індывідуальнасці кожнага яе ўдзельніка і падтрымлівае любую ініцыятыву. Кіраўнік каманды знаходзіцца не над супрацоўнікамі, а побач з імі, і з’яўляецца звяном, якое аб’ядноўвае ўвесь калектыў. Калі такое ўдаецца ажыццявіць, то людзі ідуць на работу не толькі за заробкам, а яшчэ і за натхненнем і працуюць з любоўю”.

Майстэрства жыць сярод людзей

“Гнуткі падыход да стымулявання і рэальная ацэнка значнасці кожнага ў агульнай справе — вось тое, чаго, на мой погляд, трэба прытрымлівацца кіраўніку пры ўзаемаадносінах з калектывам, — адзначае Вераніка Станіславаўна. — Хтосьці з супрацоўнікаў больш цэніць матэрыяльнае заахвочванне, другога натхняе маральная падтрымка яго прафесійных дасягненняў, а камусьці неабходны проста ўвага, разуменне і часам нават удзел у вырашэнні асабістых жыццёвых праблем”.
Сфарміраваць каманду можна з ліку толькі тых людзей, якія не канфліктуюць паміж сабой. Каб высветліць, наколькі талерантны калектыў 566-га ясляў-сада, педагог-псіхолаг установы Ніна Фёдараўна Маліноўская праводзіла дыягностыку. Тых супрацоўнікаў, якія былі схільны да канфліктаў, яна запрашала на спецыяльныя псіхалагічныя трэнінгі, падчас якіх яны вучыліся майстэрству жыць сярод людзей. Зараз усе канфлікты ва ўстанове агульнымі намаганнямі ліквідуюцца, яшчэ не паспеўшы разгарэцца.
У садзе ўзнікла творчая група педагогаў, якая па любых пытаннях і праблемах рыхтуе свае прапановы і ідэі. Пры гэтым кожны супрацоўнік сада можа адкрыта выказаць свае заўвагі, і яны ўлічваюцца і разглядаюцца творчай групай і кіраўніцтвам. Адзін раз у квартал Вераніка Станіславаўна сустракаецца з супрацоўнікамі ў творчай майстэрні кіраўніка. Праводзіць так званыя коўчынг-сустрэчы, падчас якіх педагогі набываюць як тэарэтычную падрыхтоўку па ўзаемадзеянні ў камандзе, так і практычную. Падчас актыўнага абмеркавання на адной з такіх сустрэч былі выбраны гімн, герб і сцяг дашкольнай установы.
З мінулага года раз у квартал на базе сада праходзяць пасяджэнні метадычнага аб’яднання педагогаў-дашкольнікаў Партызанскага раёна. Як кіраўнік раённага клуба загадчыкаў дашкольных устаноў “Эверэст” Вераніка Станіславаўна дзеліцца сваімі творчымі знаходкамі і вопытам і ў сваю чаргу ўкараняе вопыт калег у практыку дашкольнай установы. Кіраўнікі садоў падчас сустрэч абмяркоўваюць самыя актуальныя пытанні — атэстацыю педработнікаў, вядзенне нарматыўных дакументаў, планаванне і прагназаванне з улікам ужо дасягнутых вынікаў і перспектыў.
“Адно з пытанняў, якое пастаянна ў цэнтры ўвагі на пасяджэннях клуба загадчыкаў садоў — матэрыяльнае заахвочванне педагогаў, — адзначае Вераніка Станіславаўна. — Мы дзелімся сваім вопытам гнуткай сістэмы матэрыяльнага стымулявання. Кожны наш супрацоўнік атрымлівае дадатковую прэмію або надбаўку за пэўнае дасягненне, за вынікі работы. Заахвочваць работнікаў мы можам як з бюджэтных сродкаў, так і са сродкаў, атрыманых ад аказання платных паслуг”.
У садзе працуе “Маміна школа”, у межах якой ажыццяўляецца навучанне дзяцей плаванню з 3 месяцаў і да дасягнення імі 3 гадоў. Сярод дадатковых паслуг для дзяцей, якія наведваюць сад, — плаванне і аэробіка. З 2013 года была арганізавана група з комплексам дадатковых паслуг для дзяцей сярэдняга дашкольнага ўзросту. На платнай аснове прапаноўваюцца гурткі інтэлектуальнага цыкла (па падрыхтоўцы да школы), эстэтычнага (па вакале і харэаграфіі) і гурток па навучанні англійскай мове.
“Калі ў групе, напрыклад, зніжаецца ўзровень захваральнасці — значыць, выхавальнікі будуць прэміраваны, — працягвае Вераніка Станіславаўна. — Добра папрацавалі педагогі з бацькамі, напрыклад, пры правядзенні творчых сустрэч, конкурсаў, выстаў-кірмашоў — таксама атрымліваюць дадатковае матэрыяльнае ўзнагароджанне. З поспехам выступілі на раённых або гарадскіх конкурсах і мерапрыемствах — зноў матэрыяльнае заахвочанне. Педагогі, якія маюць вышэйшую кваліфікацыйную катэгорыю, доўгія гады працуюць у садзе і маюць станоўчы вопыт зносін з бацькамі, з соцыумам, з дзецьмі, таксама атрымліваюць дадатковыя даплаты за сваю дзейнасць. За кожным з вопытных педагогаў кіраўніцтва сада замацоўвае маладых спецыялістаў, якія могуць знайсці ў іх адказ на любое пытанне.
Сад, дарэчы, стаў базай для праходжання практыкі студэнтамі ўніверсітэтаў. Мы клапоцімся аб маладых кадрах, аб тым, каб ім было камфортна ў нашай установе. У пачатку рабочага дня я перш за ўсё заходжу ў ясельныя групы, дзе працуюць маладыя спецыялісты Настасся Ігараўна Юхнік і Віялета Юр’еўна Панова. Як вядома, галоўная праблема, з якой сутыкаюцца педагогі ў яслях, — неадаптаванасць малышоў да ўмоў сада. І тут толькі тэарэтычныя веды не дапамогуць, патрэбна яшчэ ўласная кемлівасць і фантазія. Як супакоіць малыша, калі дзверы за мамай зачыніліся? Часам трэба забыць, што ты дарослы, і ператварыцца, напрыклад, у кошачку, сабачку або лісічку. Апрануць маску, стаць на калені і папоўзаць разам з дзіцем, парыкаць разам з ім і памяўкаць. Аднойчы і мне давялося пабыць у такой ролі, каб наглядна прадэманстраваць маладому педагогу прыём падобных зносін з малышамі. Нават мамы іншы раз здзіўлена глядзяць на такую нашу “работу” з дзецьмі, спрабуюць і сфатаграфаваць на памяць, але паступова прывыкаюць да таго, што ў нас так прынята працаваць”.

“Пошта даверу” для бацькоў

Сёння яслі-сад № 566 Мінска — адна з нямногіх дашкольных устаноў сталіцы, якая практычна поўнасцю ўкамплектавана выхавальнікамі і памочнікамі выхавальнікаў. За апошнія два гады павялічылася колькасць педагогаў з вышэйшай і першай кваліфікацыйнай катэгорыяй (да 60 працэнтаў). Сёння тут працуюць 30 творчых, энергічных і ўлюбёных у сваю справу педагогаў, якія не ведаюць, што такое прафесійнае выгаранне. Іх аб’ядноўвае не толькі работа, але і адпачынак — традыцыйна сумеснае правядзенне свят, сумесныя паездкі на прыроду, паходы ў тэатр, на канцэрты, спартыўныя мерапрыемствы.
Многія педагогі ўдзельнічаюць у выставах, конкурсах, творчых майстэрнях. Выхавальнік Аксана Міхайлаўна Наркевіч заняла прызавое месца на рэспубліканскім конкурсе “Я — грамадзянін Рэспублікі Беларусь”. У гарадскім конкурсе на званне “Выхавальнік года” ўдзельнічала Алена Фердынандаўна Канапацкая. Першае месца ў конкурсе на лепшы кабінет псіхолага сярод дашкольных устаноў раёна ў 2012 годзе было ў Ніны Фёдараўны Маліноўскай. У адпаведным конкурсе на лепшы кабінет выхавальніка перамога ў Людмілы Генадзьеўны Адынец. Сёлета ў ясляў-сада № 566 трэцяе месца ў раённым конкурсе на лепшы кабінет кіраўніка фізвыхавання. На стэндзе каля спартыўнай залы ўстановы можна ўбачыць шматлікія граматы педагогам за дасягненні ў фізічным выхаванні дашкольнікаў. Музычныя кіраўнікі сада Наталля Уладзіміраўна Міхальцова і Алена Уладзіміраўна Кот атрымлівалі перамогі на раённым фестывалі “Карусель дзяцінства”. Зараз яны разам з дзецьмі рыхтуюцца да конкурсу-фестывалю дзіцячай творчасці на лепшы творчы калектыў, лепшага спевака, лепшага чытальніка і лепшую дзіцячую работу аб сваёй дашкольнай установе.
У мінулым годзе яслі-сад стаў першым у рэйтынгу сярод устаноў дашкольнай адукацыі Партызанскага раёна Мінска. Установа карыстаецца бясспрэчным аўтарытэтам сярод бацькоў. З кожным годам павялічваецца колькасць выпускнікоў сада, якія становяцца першакласнікамі гімназій. Аб прэстыжнасці ўстановы сведчаць вынікі анкетавання сярод бацькоў, а таксама лісты-падзякі ад іх, якія яны пакідаюць у “пошце даверу” — спецыяльнай скрынцы каля ўваходу ў сад.

Планы і перспектывы

“У маіх найбліжэйшых планах — стварыць адзіную адукацыйную сетку ўстаноў у мікрараёне Дражня, якія б асаблівую ўвагу ўдзялялі пытанням пераемнасці паміж дзіцячым садам і школай, — сказала Вераніка Станіславаўна. — У нашага сада ўжо наладжана супрацоўніцтва з дзвюма школамі мікрараёна (№№ 223 і 72), у якія паступаюць нашы дзеці. Ёсць традыцыі ўзаеманаведвання, сумеснага правядзення заняткаў, экскурсій, дзён адкрытых дзвярэй, спецыялісты ўстаноў выступаюць перад калегамі і бацькамі па самых розных пытаннях. Хацелася б такую работу зрабіць яшчэ больш разнастайнай. Наш сад можа выступіць ініцыятарам стварэння адукацыйнага цэнтра ў мікрараёне. Мацярынская школа, на мой погляд, павінна працаваць не толькі для малышоў, што вучацца плаваць і адаптуюцца да ўстановы. На яе занятках могуць разглядацца пытанні планавання сям’і, прэнатальнага выхавання, закранацца ўсе аспекты дашкольнага жыцця і падрыхтоўкі да школы. Мы разглядаем магчымасць аб’яднання праграм па падрыхтоўцы да школы — садаўскай і школьнай — па ўсіх аспектах: па мэтах, задачах, структуры, праграмным змесце.
Днямі нашай установе спаўняецца 20 гадоў! Цікавых ідэй і планаў у нас яшчэ вельмі многа. Спадзяюся, што нашай камандзе хопіць часу і сіл на ажыццяўленне задуманага”.

 

Надзея ЦЕРАХАВА.
Фота аўтара.

Азы тэорыі і тонкасці методыкі

Загадчык ясляў-сада № 134 Мінска Ірына Анатольеўна Баскакава і яе намеснік па асноўнай дзейнасці Юлія Яўгенаўна Пшанічнікава напрыканцы мінулага года атрымалі грант Мінгарвыканкама за распрацоўку блокавай мадэлі метадычнай работы з пачынаючымі выхавальнікамі, якія не маюць профільнай адукацыі, з мэтай фарміравання прафесійнай кампетэнтнасці. Да такой тэмы іх падштурхнула сітуацыя, якая склалася ва ўстанове: 63% выхавальнікаў у ёй не маюць дашкольнай адукацыі і адпаведнага стажу работы. Іх трэба з азоў вучыць тэорыі і методыцы выхавання дашкольнікаў, даваць веды па псіхалогіі і фізіялогіі дзяцей гэтага ўзросту, дзяліцца ўсімі тонкасцямі няпростай педагагічнай працы.

“Наша ўстанова была адкрыта пасля рэканструкцыі ў другім квартале 2013 года, і мы адразу сутыкнуліся з праблемай недахопу кадраў, — паведаміла Ірына Анатольеўна. — Мы звярнуліся да метадаў па прыцягненні персаналу, якія выкарыстоўваюцца ў менеджменце. Адзін з іх — рэкрутынг. Пачалі выкарыстоўваць у рэкламных аб’явах аб вакансіях арыгінальную падачу тэксту, размяшчалі аб’явы на сайтах вядучых кадравых інтэрнэт-парталаў, праводзілі інтэрв’юіраванне кандыдатаў на пасаду. Выкарыстанне прыёмаў рэкрутынгу дало добрыя вынікі — ва ўстанову прыйшлі 95% супрацоўнікаў. Сёння ў нас ужо няма вакансій. Сярэдні ўзрост калектыву сада 32 гады. Маладых спецыялістаў — трое. Яны прыйшлі пасля ўніверсітэта, дзе атрымалі дашкольную адукацыю. Многія з выхавальнікаў уладкаваліся да нас таму, што ў сад ходзяць іх дзеці і яны хацелі быць побач з імі. Я ўсё гэта разумею, для мяне як кіраўніка самае галоўнае, каб педагогі любілі дзяцей, астатняму можна навучыцца. І, трэба сказаць, я не памылілася ў сваім выбары. У сённяшніх маладых педагогаў ёсць імкненне працаваць і самаўдасканальвацца, вучыцца таму, чаго яны яшчэ не ўмеюць. Сярод іх ужо ёсць жадаючыя прайсці перападрыхтоўку на базе БДПУ імя Максіма Танка”.
У дашкольнай педагогіцы добра зарэкамендавала сябе такая традыцыйная форма работы з маладымі выхавальнікамі, як настаўніцтва, калі за кожным навічком замацоўваецца вопытны і паспяховы педагог-майстар. Аднак у 134-м садзе такая форма не можа быць рэалізавана ў поўнай меры, таму што выхавальнікаў са стажам работы больш за 10 гадоў тут толькі 15%. Затое яны задзейнічаны ў арганізацыі і правядзенні семінараў, трэнінгаў, кансультацый.
З якімі праблемамі звяртаюцца да вопытных калег навічкі? Як правіла, цяжкасці ўзнікаюць з выкарыстаннем тых ці іншых метадаў і прыёмаў навучання і выхавання дзяцей, а таксама пры ўзаемадзеянні з сем’ямі выхаванцаў. Маладыя педагогі часта губляюцца, калі раптам штосьці пойдзе не па плане, не так як яны задумалі, калі бацькі іншы раз праявяць фамільярнасць у адносінах да іх. Каб адказаць на ўсе “чаму?” і “як?”, якія гучаць ад маладых выхавальнікаў, метадыст і загадчык сада распрацавалі мадэль метадычнай работы з імі, у якую было ўключана некалькі блокаў: выхаваўчы блок (ён прадугледжвае павышэнне кваліфікацыі па пытаннях тэорыі і методыкі выхавання дзяцей дашкольнага ўзросту), дыдактычны блок (уключае абнаўленне ведаў па праблемах павышэння эфектыўнасці навучання дзяцей), псіхалагічны блок (забяспечвае павышэнне кваліфікацыі выхавальнікаў у кірунку агульнай, узроставай і педагагічнай псіхалогіі) і фізіялагічны блок (прадстаўляе веды па агульнай і ўзроставай фізіялогіі і гігіене).
“У метадычнай рабоце з педагогамі мы выкарыстоўваем метады і прыёмы інтэрактыўнага навучання, — адзначае Ірына Анатольеўна. — Праводзім серыі тэарэтычных семінараў (семінары-знаёмствы, семінары-дыскусіі, семінары-віктарыны), педагагічныя майстэрні, трэнінгі, на якія ўсе маладыя спецыялісты павінны прыходзіць добра падрыхтаванымі. Папярэдне яны атрымліваюць матэрыялы па тэме семінараў. На такіх сустрэчах выхавальнікі знаёмяцца з эфектыўнымі метадамі і прыёмамі навучання дашкольнікаў, пашыраюць веды аб розных формах работы з бацькамі, развіваюць камунікатыўныя навыкі. Выкарыстанне “кейс-метаду” дазваляе, напрыклад, мадэляваць розныя сітуацыі ўзаемадзеяння з сем’ямі выхаванцаў, выяўляць праблемы і знаходзіць іх рашэнні. Мы праводзім цыкл семінарскіх заняткаў па азнаямленні выхавальнікаў з метадамі і прыёмамі ТРВЗ-педагогікі, падчас якіх маладыя педагогі вывучаюць і практыкуюцца ў выкарыстанні метаду дыхатаміі і марфалагічнага аналізу, колцамі Лулія. Выхавальнікі знаёмяцца з метадам нагляднага мадэлявання і прыёмамі работы, якія актывізуюць маўленчае развіццё дзяцей. Педагогі развучваюць нетрадыцыйныя тэхнікі малюнка і гульні для выхаванцаў на развіццё ўвагі, памяці, уяўлення і мыслення. Атрыманыя веды яны прымяняюць пры рабоце з дзецьмі. Такім чынам, усе педагогі нашага сада актыўна і творча працуюць, наведваюць заняткі сваіх калег, падводзяць і аналізуюць вынікі сваёй работы”.

Надзея ЦЕРАХАВА.