Юбілей з працягам

Які найлепшы навагодні падарунак для юнага краязнаўца? Адкрыццё чарговай таямніцы роднага краю? Атрыманне дыплома за ўдзел у конкурсе? А можа, сустрэча з Дзедам Марозам? І раскрыццё таямніцы, і атрыманне дыплома, і сустрэча з добрым чараўніком. І ўсё ж самая галоўная, самая радасная, самая прыемная ўзнагарода — гэта зімовы адпачынак у “Зубраняці”. Па добрай традыцыі ў апошні месяц года і першы месяц зімы на заснежаным беразе Нарачы збіраюцца юныя краязнаўцы, а таксама эколагі, тэхнікі, журналісты — актыўныя ўдзельнікі рэспубліканскай акцыі навучэнскай моладзі “Жыву ў Беларусі і тым ганаруся”. На мінулым тыдні завяршылася чарговая аднайменная змена, падведзены вынікі конкурсаў, лічаныя гадзіны засталіся і да завяршэння 2016 года, які для акцыі быў юбілейным: 10 гадоў яна ўпэўнена крочыць па беларускай зямлі.

Ад Крычава пакрочыла

Чэрвень 2006 года… Крычаў… Гарадскі стадыён… Маштабнае свята… Аляксандр Міхайлавіч Радзь­коў дае ўрачысты старт акцыі “Жыву ў Беларусі і тым ганаруся”… 10 гадоў мінула з таго памятнага дня, і цяпер можна смела гава­рыць, што ні адно з доўгатэрміновых выхаваўчых мерапрыемстваў сістэмы адукацыі нашай краіны не карыстаецца ў педагогаў і навучэнцаў такой папулярнасцю. І пацвярджа­юць гэтыя словы тысячы работ, што дасылаюцца на раённыя, абласныя і рэспубліканскія этапы конкурсаў. А гэтых конкурсаў самай рознай тэматыкі праведзены ўжо не адзін дзясятак. Даследаванне роднага краю вядзецца па такіх напрамках, як “Мой род, мая сям’я”, “Мая школа — часцінка майго жыцця”, “Мая вёска, мой горад”, “Мая Радзіма — Беларусь”. У якасці аб’ектаў даследавання выбіраюцца помнікі гісторыі, культуры, прыроды. Удзельнікі акцыі распрацоўваюць рэгіянальныя праграмы адраджэння, захавання, папулярызацыі адметных мясцін малой ра­дзімы, сістэматызуюць веды па родным краі. Акцыя “Жыву ў Беларусі і тым ганаруся” настолькі трывала ўвайшла ў жыццё ўстаноў адукацыі, што паняцці “выхаваўчы працэс” і “Жыву ў Беларусі і тым ганаруся” з’яўляюцца адным цэлым.

— Адкрыццё акцыі стала знакавай падзеяй, пераломным этапам у багатай, напоўненай традыцыямі краязнаўчай рабоце, якая вядзецца ва ўстановах адукацыі Беларусі яшчэ з канца ХІХ стагоддзя. Калі звярнуцца да гісторыі развіцця краязнаўчага руху, то варта адзначыць, што асаблівую папулярнасць ён набыў у 30-я гады ХХ стагоддзя. Тады з усёй колькасці краязнаўцаў пераважную большасць складалі настаўнікі і вучні. Потым у 70—80-я гады лепшыя традыцыі краязнаўчага руху даваеннай школы ўвасобіліся ва Усесаюзнай турыстычна-краязнаўчай экспедыцыі “Мая Радзіма СССР”. Пасля таго як Беларусь стала незалежнай дзяржавай, эстафету ад усесаюзнай экспедыцыі пераняла Усебеларуская турыстычна-края­знаўчая экспедыцыя навучэнцаў “Наш край”, накіраваная на вывучэнне, папулярызацыю беларускай гісторыі, культуры, прыроды. Акцыя “Жыву ў Беларусі і тым ганаруся” стала наступным крокам у далучэнні навучэнцаў да вывучэння малой ра­дзімы. З тым, што было зроблена падчас экспедыцыі “Наш край” за 15 гадоў, акцыя “Жыву ў Беларусі і тым ганаруся” справілася ўсяго за год-два. Яна з’яўляецца больш шырокім, доўгатэрміновым мера­прыемствам, да якога далучыліся ўсе ўстановы адукацыі, — паведаміла адказны сакратар акцыі Аляксандра Яўгенаўна Кравец.

Адпачыць у “Зубраняці” і гэтым ганарыцца

Навучэнцы кожнай школы, гімназіі, ліцэя, каледжа, кожнай установы дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі хоць адзін раз, хоць на раённым узроўні, ды ўдзельнічалі ў конкурсах акцыі. І па традыцыі вынікі гэтых конкурсаў падво­дзяцца напярэдадні Новага года ў НДЦ “Зубраня”. Сёлета лепшыя з лепшых вызначаліся ў рэспубліканскіх конкурсах даследчых і творчых работ “Мой род, мая сям’я”, “Юны натураліст”, “Чыстыя сэрцы роднай зямлі”, “Радзімы спадчына — мой гонар”, конкурсе фотаздымкаў “Краіна мая дарагая”, якія право­дзіліся на працягу года Рэспубліканскім цэнтрам экалогіі і краязнаўства, Нацыянальным цэнтрам мастацкай творчасці дзяцей і моладзі, Рэспубліканскім цэнтрам інавацыйнай і тэхнічнай творчасці і рэдакцыяй газеты “Пераходны ўз рост”.

Кожнае лета настаўнік інфарматыкі і матэматыкі нарацкай сярэдняй школы № 1 Вячаслаў Генрыхавіч Жалубоўскі разам з удзельнікамі турыстычна-краязнаўчага гуртка “Непаседы” садзіцца на ведасіпеды і адпраўляецца ў падарожжы. І так ужо 23 гады, 10 з якіх выпадаюць на акцыю “Жыву ў Беларусі і тым ганаруся”. Колькі за гэты час было пераадолена кіламетраў па Мядзельшчыне, суседніх Пастаў­шчыне, Вілейшчыне, па ўсёй Беларусі, ска­заць складана. Аднойчы падчас сапраў­днага марш-кідка за 8 дзён настаўнік праехаў каля 600 кіламетраў. Турыстычна-края­знаўчую мэту падарожжаў педагог сумяшчае з духоўнай, таму падчас вандровак абавязкова наведваюцца касцёлы, цэрквы, а перасоўныя палатачныя лагеры часам разбіваюцца на тэрыторыі кляштараў і манастыроў.

Як і кожная “зубраняцкая” змена, змена “Жыву ў Беларусі і тым ганаруся” — гэта рэалізацыя асобнай праграмы выхавання. Так, сёлета з 4 па 21 снежня быў рэалізаваны праект “Якія мы, беларусы?”, што знаёміў удзельнікаў змены з адметнымі рысамі і якасцямі характару беларусаў. Яшчэ адзін праект “Беларусь у казках і паданнях” быў рэалізаваны падчас свое­асаблівых вячорак, на якіх дзеці знаёміліся з народнай творчасцю. Фарміраванню патрыятычных пачуццяў спрыялі мерапрыемствы агульналагернага і атраднага ўзроў­няў (святочнае адкрыццё змены, важацкая вечарына, конкурс візітовак атрадаў “Здзіўляемся разам”, конкурсы інсцэніраванай казкі “Скарб­ніца народнай мудрасці” і відэа­рэкламы “Беларусь запрашае”, шоу-праграма “Міс “Купалінка” і фестываль мастацтваў “Нарачанскае сузор’е” і інш.), дыскусійны і гульнявы мультыпаркі, спартыўныя мерапрыемст­вы, тэматычныя класныя гадзіны.

А яшчэ кожная зубраняцкая змена — гэта абавязкова святочны настрой. Стваралі яго “Кола гульняў”, прысвечанае Новаму году, гульнявая сітуацыя “Пісьмо Дзеду Марозу”, конкурс “Парад снегавікоў” і інш. На працягу змены рэалізоўваўся арганізацыйна-гульнявы праект “Здзіўляй.by”, дзе кожны атрад умоўна быў ператвораны ў вэб-студыю, якая займаецца распрацоўкай інтэрнэт-сайта з мэтай прыцягнення ў нашу краіну замежных турыстаў. Для ўдзельнікаў змены было арганізавана наведванне рэспубліканскіх устаноў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі, майстар-класы ад іх супрацоўнікаў, а таксама наведванне вядучых сталічных музеяў.

Першыя дыпломы

На шматлікіх мерапрыемствах акцыі часта гучаць словы пра тое, што “Жыву ў Беларусі і тым ганаруся” ўпэўнена крочыць па краіне. Такое параўнанне не выпадковае і нават не вобразнае. Калі ўлічыць, што ўдзельнікі многіх конкурсаў падчас пошуку неабходнага матэрыялу адпраўляюцца ў вандроўкі, экскурсіі, то слова “крочыць” мае прамое значэнне. Настаўнікі і вучні накіроўваюцца з дыктафонамі, алоўкамі, блакнотамі, фотаапаратамі ад школы — да мясцовых старажылаў, былых пан­скіх сядзіб, помнікаў, пастаўленых у памяць пра тых, хто загінуў падчас Вялікай Айчыннай вайны, у лес, напоўнены птушыным
шчэбетам і пахам духмяных кветак, ад школы — у новае, дарослае, жыццё… Ужо даўно сталі дарослымі пераможцы першых конкурсаў. У кожнага свае сем’і, свая жыццёвая сцяжына. І на выбар гэтай жыццёвай сцяжыны пэўны ўплыў, безумоўна, аказаў удзел у акцыі. Паколькі наша выданне — газета для педагогаў, то і гава­рыць мы будзем пра настаўнікаў, якія ўжо на працягу 10 гадоў накіроў­ваюць, ра яць, падтрымліваюць, даюць слушныя краязнаўчыя парады сваім выхаванцам.

Школьныя музеі з’яўляюцца сапраўднымі цэнтрамі выхаваўчай работы, таму нядзіўна, што самы першы конкурс акцыі — гэта конкурс музеяў устаноў адукацыі “Гісторыка-культурныя каштоўнасці рэгіёна ў змесце дзейнасці сучаснага музея ўстановы адукацыі”. Сярод пераможцаў і лаўрэатаў дыплома І ступені — гістарычны музей сярэдняй школы № 3 Мёраў, створаны ў 1986 годзе. Наведацца ў адзін з самых лепшых музеяў краіны мне пашчасціла двойчы: у 2009 і 2015 гадах. З багатай экспазіцыяй, сабранай пад кіраўніцтвам настаўніка гісторыі, выдатніка адукацыі, лаўрэата прэміі “За духоўнае адраджэнне” Вітаўта Антонавіча Ермалёнка, можна знаёміцца некалькі гадзін. Кожны раздзел — гэта цэлая эпоха, захапляльны аповед пра таямніцы Мёр­скага краю. І расказваюць пра гэтыя таямніцы тысячы экспанатаў. Ужо 30 гадоў у самым добрым суседстве знахо­дзяцца прадметы інтэр’ера пакояў шляхецкага і сялянскага дома канца ХІХ стагоддзя, каштоўныя знаходкі са старадаўніх могільнікаў, курганоў і гарадзішчаў, сведчанні пра па­дзеі 1812 года, школьныя і вучнёўскія прылады даваеннай Беларусі, матэрыялы і асабістыя рэчы славутых ураджэнцаў Мёршчыны.

За 40 гадоў педагагічнай дзейнасці і 10 гадоў удзелу ў акцыі “Жыву ў Беларусі і тым ганаруся” Вітаўт Антонавіч Ермалёнак дасягнуў многіх краязнаўчых вяршынь. Стварыў музейнае аб’яднанне, куды ўваходзяць чатыры музеі, сабраў каля 30 тысяч артэфактаў мінулага (сярод апошніх знаходак — турэцкі ваенны бубен з бітвы пад Венай 1683 года), калекцыю дыпломаў акцыі, прывіў любоў да роднага краю сотням вучняў, некалькім пакаленням жыхароў Мёрскага раёна і, як сапраўдны мужчына-краязнаўца, вырасціў сына-гісторыка, пабудаваў разам з ім этнаграфічны дом-музей, пасадзіў вакол гэтага дома цэлы сад.

Мой род, мая сям’я

Вітаўт Антонавіч сабраў не толькі багатую калекцыю экспанатаў і дыпломаў акцыі “Жыву ў Беларусі і тым ганаруся”, але і багатыя звесткі пра сваіх продкаў. Дарэчы, пра радавод. Конкурсы радаводаў праводзіліся ўжо неаднойчы. Вось і сёлета ў юбілейны год акцыі Рэспубліканскі конкурс даследчых работ “Мой род, мая сям’я” стаў адным са знакавых. Падобныя конкурсы заўсёды карыстаюцца папулярнасцю. І справа не толькі ў тым, што даследаваць радавод становіцца модным. Дзякуючы конкурсу радаводаў, вучні знаёмяцца з сямейнымі гісторыямі, традыцыямі, рэліквіямі. А цікавыя гісторыі, традыцыі, рэліквіі ёсць у кожнай сям’і. Конкурс накіраваны на фарміраванне светапогляду і духоўных каштоўнасцей асобы вучня праз даследаванне свайго радаводу, матэрыяльнай і духоўнай спадчыны продкаў, выхаванне патрыятызму праз непарыўную сувязь гісторыі сям’і з гісторыяй свайго народа.

— У фінальным этапе прынялі ўдзел 58 конкурсных матэрыя­лаў, прадстаўленых навучэнцамі з усіх рэгіёнаў краіны. На папярэднім туры рэспубліканскага этапу праводзіўся прагляд конкурснага матэрыялу, а на выніковым — творчае прадстаўленне навучэнцамі сваіх работ. Прадстаўлены вучнямі матэрыял мае высокі змястоўны і інфармацыйны ўзровень, складаецца з уласнага радаводу, генеалагічнага дасье на кожнага прадстаўніка роду, апісання жыццядзейнасці сваякоў і важных для сям’і падзей у храналагічнай паслядоўнасці, апісання сямейных традыцый і абрадаў, паданняў і легенд, сямейных рэліквій, матэрыялу па правядзенні антрапанімічных даследаванняў сям’і, роду, картасхе­мы з адлюстраваннем геаграфіі рассялення прадстаўнікоў роду, — паведаміла Аляксандра Яўгенаўна Кравец.

Раскласці карту

Любое падарожжа, вывучэнне роднага краю немагчыма без карты, таму сярод першых конкурсаў акцыі конкурс па складанні карта­схем малой радзімы і конкурс буклетаў, даведачна-інфармацыйных матэрыялаў пра родны край. “Фантазіі ўдзельнікаў конкурсу па стварэнні картасхем малой радзімы можна толькі пазайздросціць. Мне і цяпер помняцца тыя работы, — дзеліцца намеснік дырэктара Рэспубліканскага цэнтра экалогіі і краязнаўства Лідзія Андрэеўна Жур. — Помню, што юныя турысты са Шчучына ўмоўныя значкі ўпрыгожылі бісерам, запалкамі, кавалачкамі каляровай паперы. Настаўнікі і вучні сярэдняй школы № 1 Ліды зрабілі карту горада тапаграфічным спосабам. Вельмі цікавыя работы даслалі і ўстановы адукацыі Віцеб­скай вобласці. Напрыклад, на карце Палатоўскай і Ветрынскай сярэдніх школ Полацкага раёна каля кожнага невялікага фотаздымка пэўнага аб’екта гісторыі, культуры, прыроды быў наклеены яго выява-малюнак, створаны вучнямі. Аднак найбольш уразіла картасхема з Цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі “Кантакт” Цэнтральнага раёна Мінска. Мы, члены журы, ужо шмат цікавага і арыгінальнага бачылі за 10 гадоў акцыі, аднак каб паказаць сваю родную зямлю ў выгля­дзе вялікага палотнішча, а замест рэк пры­шыць сінія стужкі тканіны — гэта сапраўды ўразіла. Хаця кожная работа кожнага конкурсу — гэта не толькі багатыя звесткі, але і сапраўдны шэдэўр дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Якія радаводы, якія летапісы ўстаноў адукацыі дасылаюцца на конкурсы! Гэта трэба бачыць! Напэўна, варта нават арганізаваць спецыяльную выставу такіх работ”.

Двухколавыя сябры

Паход і экскурсія — два ключавыя словы, якія ляжаць у аснове дзейнасці і ладу жыцця ўдзельнікаў акцыі. Гэтыя два словы сталі асновай і Рэспубліканскага конкурсу на лепшы праект краязнаўчага маршруту “Мой край”. Сярод пераможцаў — гурток веласіпеднага турызму нарацкай сярэдняй школы № 1 Мядзельскага раёна. З кіраўніком аб’яднання Вячаславам Генрыхавічам Жалубоўскім мне таксама, як і з Вітаўтам Антонавічам, пашчасціла сустракацца двойчы. Калі на нашу сустрэчу я прыязджаў на камандзіровачным аўтобусе, то Вячаслаў Генрыхавіч, як нескладана здагадацца, на двухколавым сябры.

— Асноўнай мэтай нашых падарожжаў з’яўляецца вывучэнне роднага краю, патрыятычнае, духоўнае выхаванне дзяцей. Турызм — толькі сродак для дасягнення гэтых мэт. У час вандровак мы, настаўнікі, разам з дзецьмі пераадольваем на веласіпедах за некалькі дзён па кіламетраў 300—400, знаёмім вучняў з гісторыяй Нарачанскага краю, помнікамі архітэктуры, абавязкова наведваем касцёлы і цэрквы. Перад тым, як адправіцца ў вандроўку, ладзім сход, на якім распрацоўваем маршрут. Пасля вучні актыўна даследуюць яго адметнасці, працуюць у інтэрнэце, вывучаюць кнігу “Па­мяць”. Гэта дае цудоўную магчымасць у будучым параўнаць тэарэтычны матэрыял з практычным. Пасля падарожжаў падво­дзім іх вынікі, — паведаміў Вячаслаў Генрыхавіч.

Сакрэт папулярнасці

Акцыя доўгатэрміновая і праводзіцца на працягу 10 гадоў. Не кожнае мерапрыемства сістэмы адукацыі вытрымлівае такое выпрабаванне часам. У чым сакрэт папулярнасці “Жыву ў Беларусі і тым ганаруся”? Ці толькі магічныя словы: “Беларусь”, “жыву”, “ганаруся”? Як адзначыла адказны сакратар акцыі Аляксандра Яўгенаўна Кравец, любая справа павінна мець сістэму. Калі ёсць сістэм­насць у конкурсах, сістэмнасць у іх арганізацыі, то поспех акцыі гарантаваны. Доўгатэрміновасць акцыі дазваляе вызначыць недахопы яе першых этапаў, правесці работу над памылкамі.

— Асноўная частка конкурсаў — краязнаўчыя. Аднак грамад­ства развіваецца, час патрабуе новых тэм для даследаванняў, таму ў рамках акцыі праводзяцца і конкурсы на экалагічную тэматыку, конкурсы творчых работ, конкурсы па вывучэнні эканамічнага развіцця рэгіёнаў. Правядзенне конкурсу юных экскурсаводаў таксама выклікана патрабаваннямі часу, адкрытасцю нашай краіны для замежных гасцей, а станоўчае ўяўленне пра краіну, як вядома, у многім залежыць ад прафесіяналізму экскурсавода. Навучэнцы з педагогамі вывучаюць розныя аспекты жыцця малой ра­дзімы, таму ў наступным годзе плануецца правесці конкурс па даследаванні тапанімікі роднага краю. У 2018 го­дзе прадугледжаны конкурс “Страчаная спадчына”, абавязковай умовай удзелу ў якім будзе даследаванне страчаных у віхуры часу і людской абыякавасці аб’ектаў гісторыка-культурнай, прыроднай і духоўнай спадчыны беларускага народа, — падзялілася Аляксандра Яўгенаўна.

Будзем разам!

Дзесяць гадоў, дзясяткі конкурсаў, тысячы ўдзельнікаў, дзясяткі тысяч добрых спраў… Рэспубліканская акцыя навучэнскай моладзі “Жыву ў Беларусі і тым ганаруся” працягвае крочыць па нашай зямлі: ад школы да школы, ад гімназіі да гімназіі, ад ліцэя да ліцэя, ад каледжа да каледжа, ад сэрца да сэр­ца. Будзем крочыць разам!

Ігар ГРЭЧКА.
Фота аўтара,
Алега ІГНАТОВІЧА,
з архіва арганізатараў і ўдзельнікаў конкурсаў акцыі.

“Шыкоўная пяцерка“ з Гомельскай вобласці, або “Арыенцір” на п’едэстале гонару

Штогод на базе НДЦ «Зубраня» праходзіць рэспубліканскі конкурс педагагічных каманд выхаваўча-аздараўленчых устаноў адукацыі «Энергічнае лета. Далучайся!». У гэтым годзе годна прадставілі Гомельскую вобласць педагогі Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Калінкавіч.

Педагагічная каманда з Калінкавіч паказала мерапрыемства «Аўкцыён прафесій», прадстаўляючы прафарыентацыйны лагер з кругласутачным знаходжаннем «Арыенцір». Падчас гульні ўсім удзельнікам удалося не толькі пагуляць, але і прымерыць на сябе розныя прафесіі і нават зарабіць свае першыя грошы. Не менш займальнымі сталі мерапрыемствы «Форт Баярд» дзіцячага аздараўленчага лагера «Дружба» Мінскай вобласці, «Энэрджы Мікс» лагера «Цімураўцы.by» сярэдняй школы № 7 Навагрудка Гродзенскай вобласці, «Свет хаосу» аздараўленчага лагера «Арляня» Віцебскай вобласці і «Вялікая жартоўная алімпіяда» летняга лагера Маларыцкага раённага цэнтра турызму і краязнаўства дзяцей і моладзі Брэсцкай вобласці.

Пасля фінальнага выступлення журы, у склад якога ўваходзілі кансультант упраўлення сацыяльнай, выхаваўчай і ідэалагічнай работы Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь Ларыса Васільеўна Емяльянчык, кандыдат педагагічных навук намесніка дэкана па навуковай рабоце факультэта педагогікі і псіхалогіі Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.А.Куляшова Алена Аляксандраўна Башаркіна і кандыдат педагагічных навук дацэнт кафедры сацыяльнай работы Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка Святлана Якаўлеўна Ярмоліч, абвясцілі вынікі конкурсу.

Ганаровае трэцяе месца падзялілі паміж сабой аздараўленчы лагер «Дружба» пасёлка Энергетыкаў Мінскай вобласці і аздараўленчы лагер дзённага знаходжання «Юны выратавальнік» сярэдняй школы № 27 Магілёва. Другое месца занялі пазітыўныя важатыя аздараўленчага прафарыентацыйнага лагера з кругласутачным знаходжаннем «Арыенцір» Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Калінкавіч Гомельскай вобласці. Першае месца аказалася ў энергічнага калектыву спартыўна-аздараўленчага комплексу «Брыганціна» Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Усе пераможцы былі адзначаны дыпломамі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь.

Ала ВЕКА,
педагог дадатковай адукацыі Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Калінкавіч.

Сябруюць кадэты

Штогод у Нацыянальным дзіцячым адукацыйна-аздараўленчым цэнтры “Зубраня” праводзіцца міжнародная грамадзянска-патрыятычная кадэцкая змена вучняў Саюзнай дзяржавы “За гонар Айчыны”. Кадэты cярэдняй школы № 9 Слоніма ўдзельнічалі ў ёй дзесяць разоў. 

У “Зубраняці” не толькі адпачываюць, спаборнічаюць, але і сябруюць. Менавіта тут у кадэтаў Слоніма завязаліся сяброўства і супрацоўніцтва з Увараўскім кадэцкім корпусам імя Святога Георгія Пераможцы Тамбоўскай вобласці Расійскай Федэрацыі. У маі бягучага года дэлегацыя кадэцкага корпуса нашай школы па запрашэнні адміністрацыі горада Уварава прыняла ўдзел у Міжнародным фестывалі “Кадэцкая сімфонія”, які сабраў кадэтаў з Расіі, Беларусі і Сербіі.

Верасень 2016 года зноў аб’яднаў выхаванцаў са Слонімскага і Увараўскага кадэцкіх карпусоў у НДЦ “Зубраня”. А ў кастрычніку сярэдняя школа № 9 Слоніма сустракала гасцей з далёкага Уварава: намесніка кіраўніка адміністрацыі горада Валянціну Кабзар і начальніка аддзела па справах моладзі Алену Новікаву. Ва ўрачыстай сустрэчы прынялі ўдзел начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Слонімскага райвыканкама Тэрэза Юшкевіч, намеснік камандзіра 11-й механізаванай брыгады падпалкоўнік Дзмітрый Бякрэнь, афіцэры брыгады — выпускнікі кадэцкага корпуса школы, благачынны Слонімскай акругі Вадзім Пятліцкі.

Урачыстым маршам сустрэлі гасцей барабаншчыцы школы. З вітальнымі словамі да гасцей звярнулася дырэктар школы Людміла Рубец, затым была прадстаўлена творчая візітка кадэцкага корпуса. А Валянціна Кабзар прадоўжыла ваенную тэму ў выступленні перад кадэтамі, пранікнёна прачытаўшы “Волжскую баладу” Льва Ашаніна.

Усіх прысутных зацікавіў і аповед пра горад Увараў, Увараўскі кадэцкі корпус імя Святога Георгія Пераможцы. Асаблівую ўвагу выклікаў фільм пра фестываль “Кадэцкая сімфонія — 2016”, у якім былі прадстаўлены і слонімскія кадэты.

Для гасцей правялі экскурсію па школе. Акрамя таго, яны пабывалі ў музеі “Ваенная гісторыя Слонімшчыны”. Валянціна Кабзар адзначыла, што наведванне Беларусі, Слоніма, дзявятай школы пакінула ў душы добрыя ўражанні і надзею на далейшае супрацоўніцтва.

Несумненна, сяброўства з кадэтамі Уварава працягнецца. Задача ў педагогаў Слонімскага і Увараўскага кадэцкіх карпусоў аднолькавая: выхоўваць патрыётаў, сапраўдных грамадзян, гатовых і да ваеннай службы, і да мірнай працы, садзейнічаць росквіту сваіх дзяржаў, сяброўству беларускага і рускага народаў, захаванню міру і спакою на ўсёй зямлі.

Святлана КОВАЛЬ,
намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце сярэдняй школы № 9 Слоніма.

Змена для будучых педагогаў

Сёння ў НДЦ “Зубраня” завяршаецца змена “Ад захаплення да педагагічнай прафесіі”. Змена пяты раз аб’яднала юнакоў і дзяўчат, якія задумваюцца над тым, каб звязаць сваё жыццё з настаўніцтвам. Амаль тры тыдні ў “Зубраняці” падарылі ім незабыўныя мерапрыемствы, якія, верагодна, упэўнілі маладых людзей, што яны рухаюцца ў правільным напрамку. Таксама змена падарыла ім магчымасць больш даведацца аб установах, дзе можна атрымаць педагагічную прафесію. А БДПУ імя Максіма Танка ўвогуле падрыхтаваў для дзяцей шэраг яркіх мерапрыемстваў.

Удзельнікамі змены “Ад захаплення да педагагічнай прафесіі” сталі навучэнцы профільных педагагічных класаў, лідары школьнага самакіравання, члены грамадскіх аб’яднанняў з высокім узроўнем вучэбнай паспяховасці, якія плануюць у будучыні выбраць прафесію педагога. У “Зубраняці” будучым педагогам прапанавалі цікавую і насычаную праграму, якая спрыяла фарміраванню найважнейшых духоўна-маральных каштоўнасцей, развіццю актыўнай жыццёвай пазіцыі, а таксама папулярызацыі педагагічнай прафесіі.

Свята адкрыцця змены задало актыўны і заўзяты тон наступным дням. Мерапрыемства ўяўляла сабой чаргаванне незвычайных “урокаў” і творчых “перапынкаў”. На “ўроках” вядучыя і ўдзельнікі свята расказвалі пра “Зубраня”, пра змест змены. А творчыя “перапынкі” былі запоўнены выступленнямі дзіцячых танцавальных і вакальных калектываў. Гэтак жа ярка і актыўна праходзілі ўсе дні змены. Хлопцы і дзяўчаты маглі праявіць сябе ў сацыяльных акцыях, культурна-масавых справах, індывідуальных конкурсах, для іх праводзіліся спартыўныя спаборніцтвы, інтэрактыўныя прагулкі, яны сталі ўдзельнікамі клубаў па інтарэсах, творчых трэнінгаў, экскурсійных праграм. Важнай часткай змены стала адукацыйная праграма “Акадэмія “Клас!”, якая ўключала такія трэнінгі, тэарэтычныя і практычныя заняткі, як “Прафесійная кампетэнтнасць”, “Арганізатарскія здольнасці”, “Чалавечыя здольнасці”, “Творчыя здольнасці”, “Камунікатыўныя здольнасці”, “Артыстычныя здольнасці”, “Педагагічнае ўяўленне”, “Аналітычныя здольнасці” і заняткі “Як стаць педагогам”.

Дзень Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка стаў адной з яркіх і запамінальных падзей змены. Мерапрыемства атрымалася і змястоўным, і цікавым. Моладзь, якая сабралася ва ўтульнай канцэртнай зале “Зубраняці”, вітаў рэктар БДПУ Аляксандр Іванавіч Жук расказаў аб універсітэце — яго матэрыяльнай базе, спецыялістах, якія тут працуюць, і таленавітых навучэнцах. Рэктар звярнуў увагу на тое, што расце прэстыж педагагічнай прафесіі і ва ўніверсітэт паступае ўсё больш медалістаў, растуць прахадныя балы і конкурс пры паступленні, мяняецца і гендарны склад навучэнцаў — ва ўніверсітэт прыходзіць усё больш хлопцаў. Аляксандр Іванавіч нагадаў, што плануецца ўвядзенне новых умоў паступлення для навучэнцаў педагагічных класаў і што БДПУ чакае ў сваіх шэрагах матываваных хлопцаў і дзяўчат. Рэктар адзначыў, што ўніверсітэт працуе па-сучаснаму, пільна сочыць за ўсімі актуальнымі тэндэнцыямі ў педагогіцы, адукацыі, каб ісці ў нагу з часам. Педагагічная прафесія і патрабаванні да яе мяняюцца, а разам з імі ўдасканальваецца навучанне ва ўніверсітэце, каб яго выпускнікі былі здольны працаваць у новых умовах, каб яны былі сапраўды сучаснымі педагогамі. БДПУ — член Еўразійскай асацыяцыі ўніверсітэтаў, што сведчыць аб высокай якасці падрыхтоўкі спецыялістаў, а таксама аб інтэграцыі ўніверсітэта ў міжнародную супольнасць. Аляксандр Іванавіч расказаў і аб вялікай універсітэцкай сям’і, якой з’яўляецца навучальная ўстанова. “Мы — адна сям’я” — з такой устаноўкай працуюць і вучацца ў БДПУ. І гэтая атмасфера вельмі спрыяльная для прафесійнага і творчага росту. БДПУ дае цудоўныя магчымасці не толькі для вучобы, але і для рэалізацыі разнастайных здольнасцей студэнтаў — як спартыўных, так і творчых. Пасля заняткаў жыццё кіпіць ва ўніверсітэце: працуюць студыі, творчыя калектывы, аб’яднанні па інтарэсах. У сваёй прамове Аляксандр Іванавіч прывёў 10 прычын выбраць БДПУ і ста ць педагогам, хаця прычын гэтых значна больш.

Далей на сцэну з творчымі нумарамі выйшлі навучэнцы і педагогі БДПУ. Іх выступленні сталі пацвярджэннем слоў рэктара аб тым, што ва ўніверсітэце вучацца і працуюць цікавыя, таленавітыя людзі і што БДПУ стварае спрыяльныя ўмовы для іх творчага росквіту. Перад удзельнікамі змены выступіў вакальны калектыў “Модус”, сваё вакальнае майстэрства таксама паказалі выканаўцы Настасся Козел, Марыя Хлань і Аляксандр Кустаў, цудоўны настрой стваралі харэаграфічныя нумары танцавальнага калектыву “О2” і мастацкага праекта “АРТ-Юніці”. Удзельнікі калектыву “Лайфстайл” прадэманстравалі віртуознае валоданне мячом. На каго раўняюцца навучэнцы ўніверсітэта, стала відавочна з выхадам на сцэну дуэта педагогаў — Уладзімір Бубен і Уладзімір Федарук, салісты ансамбля “Фестываль”, падарылі гледачам цудоўны музычны мікс на акардэонах. Завяршылі канцэртную праграму ўдзельніцы гурта “БайСіці”.

Выступленне рэктара перад удзельнікамі змены было змястоўным і інфарматыўным, а для тых, у каго засталіся пытанні, быў арганізаваны круглы стол. Да размовы былі запрошаны не толькі тыя, хто ўжо вызначыўся з прафесіяй і УВА, але таксама і тыя, хто свой выбар яшчэ не зрабіў. Рэктар БДПУ Аляксандр Іванавіч Жук і першы прарэктар Святлана Іванаўна Копцева, якія бралі ўдзел у круглым стале, пастараліся шчыра і поўна адказаць на ўсе пытанні, якіх было шмат. Гэта былі і асабістыя пытанні да кіраўніка ўніверсітэта: хлопцы і дзяўчаты пыталіся, як Аляксандр Іванавіч стаў рэктарам, якім відам спорту займаецца, дзе любіць адпачываць і які прадмет не любіў у школе. Рэктар расказаў аб сваім прафесійным шляху і падзяліўся навіной аб тым, што літаральна на днях быў выбраны віцэ-прэзідэнтам асацыяцыі рэктараў педагагічных універсітэтаў Еўропы. Цікавіла прысутных, якім бачыць Аляксандр Іванавіч педагога будучыні і перспектывы развіцця прафесіі, як адбываецца размеркаванне пасля навучання ва ўніверсітэце, дзе студэнты праходзяць практыку, які факультэт карыстаецца найбольшай папулярнасцю ў абітурыентаў. Чарговы раз удакладнялі ў рэктара інфармацыю аб ільготах пры паступленні для навучэнцаў педкласаў — відавочна, што гэтае пытанне вельмі хвалюе навучэнцаў, у чые планы ўваходзіць паступленне ў педагагічныя УВА. Запыталі ў рэктара і аб перспектывах далейшага развіцця ўніверсітэта. Аляксандр Іванавіч адказаў, што хацеў бы, каб БДПУ стаў паўнацэнным суб’ектам сусветнай адукацыйнай прасторы, каб узровень падрыхтоўкі выпускнікоў педуніверсітэта стаў такім высокім, што вучыцца сюды прыязджалі б хлопцы і дзяўчаты з усяго свету. А яшчэ рэктар прызнаўся, што марыць аб стварэнні ліцэя БДПУ.

Дар’я РЭВА.
Фота аўтара.

Сур’ёзная размова ў святочны дзень

Дзецям, якія адпачываюць зараз у “Зубраняці”, неверагодна пашанцавала. Акрамя таго што сам па сабе адпачынак у галоўным дзіцячым адукацыйна-аздараўленчым цэнтры краіны — гэта ўжо радасць і падарунак, ім яшчэ давялося адзначыць разам з “Зубранём” яго дзень нараджэння і нават сустрэцца з міністрам адукацыі нашай краіны.

Сёлета Нацыянальны дзіцячы адукацыйна-аздараўленчы цэнтр “Зубраня” адзначае 47 гадоў з дня адкрыцця. Па традыцыі гэтай падзеі прысвячаецца мноства яркіх мерапрыемстваў, на якія з’язджаюцца шматлікія ганаровыя госці і сябры цэнтра. Днямі цэнтр наведалі міністр адукацыі нашай краіны Міхаіл Жураўкоў і яго намеснік Віктар Якжык. Міхаіл Анатольевіч і Віктар Віктаравіч шмат увагі ўдзяляюць непасрэднай камунікацыі з моладдзю і не маглі не выкарыстаць магчымасць сустрэцца чарговы раз з лепшымі навучэнцамі школ і гімназій краіны. За круглым сталом з міністрам і намеснікам міністра сабраліся дыпламанты заключнага этапу рэспубліканскай прадметнай алімпіяды, якія зараз адпачываюць у “Зубраняці”. Размова ішла пра стан і перспектывы развіцця творчага і развіццёвага адукацыйнага асяроддзя.

Вітаючы прысутных, Міхаіл Анатольевіч расказаў, што з цеплынёй успамінае свой адпачынак у “Зубраняці”, куды ён у свой час трапіў, як і ўдзельнікі круглага стала, дзякуючы паспяховаму выступленню на алімпіядзе. Узгадаў міністр і сваё наведванне “Зубраняці” ў мінулым годзе, аналагічную сустрэчу са школьнікамі і іх меркаванні, якія ўразілі і здзівілі. Сёлета Міхаіл Анатольевіч адзначыў, што паспрабуе развеяць некаторыя адмоўныя ілюзіі і міфы, у палоне якіх нярэдка аказваюцца маладыя людзі.

— Паспяховасць і грошы не з’яўляюцца эквівалентам. Паспяховасць — гэта магчымасць самарэалізацыі ў той сферы дзейнасці, да якой ляжыць душа. Неабходна спачатку вырашыць свае прафесійныя пытанні, а потым думаць пра эканамічны складнік. Калі чалавек займаецца любімай справай, то ўсё паступова ўпарадкуецца і атрымаецца, — звярнуўся да ўдзельнікаў круглага стала Міхаіл Анатольевіч і дадаў: — Тым больш што сёння веды — самы вялікі капітал і каштоўнасць любой краіны. На першы план ва ўсім свеце выходзіць эканоміка ведаў.

Другі “шкодны” міф, у які вераць многія школьнікі і студэнты, — гэта тое, што самую лепшую адукацыю можна атрымаць толькі за мяжой. Аднак, запэўніў міністр, у нашай краіне студэнтам прадастаўляецца шмат унікальных магчымасцей для вучобы, стажыровак, практыкі, абмену вопытам.

— Існуе шмат разнастайных стыпендый для падтрымкі адораных студэнтаў. Працуюць праграмы двайных дыпломаў, калі, паспяхова навучаючыся ў беларускім універсітэце, студэнт мае магчымасць выязджаць і вучыцца ва ўніверсітэце іншай краіны і ў выніку атрымаць дыпломы абедзвюх устаноў.
Таксама Міхаіл Анатольевіч падкрэсліў, што існуе шмат магчымасцей для стажыровак за мяжой практычна па любой спецыяльнасці. Аднак не ўсе студэнты гэтым цікавяцца і не ўсе на гэта здольны.

— У Міністэрстве адукацыі ёсць спецыяльны фонд. Каб паехаць на стажыроўку за мяжу, трэба валодаць пэўнымі ведамі ў сваёй галіне і ведаць другую мову на такім узроўні, каб мець зносіны і атрымліваць веды. Але кожны год фонд выбіраецца максімум напалову, — звярнуў увагу міністр. — Калі гутарыш са студэнтамі — усе хочуць ехаць. Толькі потым аказваецца, што яны не ведаюць той жа англійскай мовы, у іх няма неабходных ведаў. І тут пачынаецца адсеў.

Потым у работу ўключыліся школьнікі і адразу пачалі з даволі сур’ёзных пытанняў. Напрыклад, наконт таго, як праводзіцца работа па прыцягненні ў педагагічную прафесію матываваных і прафесійных кадраў. Міхаіл Анатольевіч падкрэсліў, што першае, над чым неабходна працаваць, — павышэнне статусу педагога. Зараз гэты статус, мякка кажучы, зусім не такі, якім павінен быць. Ёсць у гэтым віна сродкаў масавай інфармацыі, якія вышукваюць негатыўныя, правакацыйныя і скандальныя сюжэты, а аповеды пра дастойных настаўнікаў, іх дасягненні і поспехі іх выхаванцаў лічаць нецікавымі. Ёсць неабходнасць працаваць і з бацькамі навучэнцаў, якія нярэдка ў прыватных размовах непаважліва выказваюцца аб настаўніках, здараецца, што адгаворваюць сваіх дзяцей, калі тыя хочуць выбраць для сябе педагагічную прафесію.

— Разам з тым і сам педагог павінен адчуваць адказнасць за свой вобраз, статус, выхоўваць дзяцей уласным прыкладам, — заўважыў міністр. — Педагог павінен быць не толькі сапраўдным прафесіяналам, але і дастойным чалавекам, бо навучэнцы ацэньваюць яго не толькі па ведах, але і па паводзінах, уменні ладзіць з вучнямі і нават па манеры апранацца.

Пазней у размове з журналістамі Міхаіл Анатольевіч заявіў, што пэўныя крокі ўжо зроблены, таксама на найбліжэйшы час плануецца шэраг значных мерапрыемстваў, якія будуць спрыяць павышэнню статусу настаўніка. Рыхтуюцца спецыяльныя выданні аб сістэме адукацыі, ёсць некалькі цікавых задум адносна інфармацыйных праектаў, адбудуцца і іншыя падзеі, якія не застануцца незаўважанымі. Таксама міністр адзначыў, што зараз прадумваецца комплекс мер, якія дапамогуць павялічыць заработкі настаўнікаў, аднак гэта не будзе “механічнае” павышэнне, аплата працы павінна стымуляваць на больш эфектыўную дзейнасць.

Удзельнікаў круглага стала цікавілі, зразумела, і іншыя пытанні. У прыватнасці, ці будуць забяспечвацца сучасным абсталяваннем школьныя кабінеты.

— З гэтага года мы пачалі актыўна забяспечваць школы сучаснымі кабінетамі фізікі, хіміі, інфарматыкі, біялогіі. Аднак важная не толькі наяўнасць такога абсталявання, але і жаданне і ўменне педагога яго выкарыстоўваць, — адказаў міністр і заклікаў падлеткаў да ўдзелу ў стварэнні віртуальных лабараторый, каб зрабіць навучанне карысным і цікавым. Таксама Міхаіл Анатольевіч расказаў, што сучасным абсталяваннем забяспечваюцца і лабараторыі ўстаноў вышэйшай адукацыі.
— Тут мы пайшлі шляхам стварэння рэсурсных цэнтраў, дзе сабрана найлепшае абсталяванне пэўнага кірунку. Такія цэнтры павінны быць карыснымі не толькі для ўніверсітэтаў, але і для школ. Я заклікаю ўніверсітэты больш актыўна ў шосты школьны дзень запрашаць да сябе школьнікаў, каб паказваць свае магчымасці і расказваць вучням аб сучаснай навуцы і прафесіях, якія можна атрымаць у гэтых універсітэтах.

Гэтую ідэю горача падтрымалі ўдзельнікі круглага стала, якія паскардзіліся, што вучням складана сарыентавацца ў мностве спецыяльнасцей, зразумець, што прадугле-джвае кожная з іх, і чым яны адрозніваюцца. Міхаіл Анатольевіч расказаў, што ўжо зараз вядзецца работа па ўзбуйненні спецыяльнасцей. Так, спецыяльнасць стане больш шырокім паняццем, а ўнутры яе будзе раздзяленне на профілі.

За круглым сталом прагучала скарга-прапанова: школьнікі расказвалі пра тое, што некаторыя школьныя падручнікі напісаны складанай мовай. Удзельнікі алімпіяд ведаюць, пра што кажуць: яны штудзіруюць шмат літаратуры і могуць параўнаць розныя выданні, падручнікі і дапаможнікі. У прыватнасці, прыводзіўся прыклад падручнікаў па біялогіі.

— Пра гэтую праблему мы ведаем і працуем над ёй. Менавіта для спрашчэння мовы ствараецца базавы падручнік, дзе проста і даступна выкладаюцца базавыя веды, якія павінен засвоіць кожны вучань. Там жа даюцца спасылкі на разнастайныя рэсурсы, дзе можна глыбей вывучыць тэму, здабыць дадатковыя веды, — расказаў міністр адукацыі і адзначыў: — для таго каб напісаць добры падручнік, неабходны сапраўдны талент, гэта цэлае мастацтва і вельмі складаная справа. Не кожны на гэта здольны, таму мы абмяркоўваем зараз, як стымуляваць на стварэнне падручнікаў тых, хто на гэта здольны.

Наступнае пытанне тычылася адукацыйных стандартаў і праграм: ці будуць яны ўдасканальвацца, мяняцца?

— У чалавека, які не надта разбіраецца ў сістэме адукацыі, можа скласціся ўражанне, што ў адукацыі адбываюцца пастаянныя рэформы і змены, — працягнуў міністр, — аднак сістэма адукацыі не можа быць застылай. Усё хутка мяняецца ў свеце, і мы павінны трымаць руку на пульсе, каб не адстаць ад гэтых змен. У той жа час неабходна не страціць тое каштоўнае, напрацаванае гадамі, што ў нас ужо ёсць. Такі баланс складана захаваць. Для гэтага працуюць спецыялісты, эксперты, якія сочаць за тым, якія тэндэнцыі з’яўляюцца ў навуковым і адукацыйным свеце, вырашаюць, што трэба мадэрнізаваць, а што пакінуць нязменным. Словам, удасканальванне сістэмы адукацыі, пра-грам — гэта пастаянны працэс.

Да Віктара Віктаравіча Якжыка ўдзельнікі круглага стала звярнуліся з пытаннем, хто, акрамя настаўніка-прадметніка, можа дапамагчы адоранаму дзіцяці, да каго звярнуцца ў школе, калі самастойна цяжкасці пераадольваць не атрымліваецца.

— Сапраўды, быць таленавітым — гэта значыць быць асаблівым, з дзіцячых гадоў выконваць асаблівую місію — абараняць гонар сваёй школы, раёна, вобласці, краіны. Гэта прадугледжвае і асаблівы рытм вучэбнага працэсу. У сувязі з гэтым таленавітым дзецям неабходна падтрымка і дапамога. Вялікая роля ў рабоце з адоранымі дзецьмі належыць педагогам-псіхолагам, сацыяльным педагогам, класным кіраўнікам. Калі яны працуюць прафесійна, то могуць дапамагчы вучням умацаваць нервовую сістэму, падтрымаць матывацыю да вучобы, вызначыць жыццёвыя прыярытэты, выбраць прафесію, скласці правільны распарадак дня. Важна не забывацца, што педагог-псіхолаг і педагог сацыяльны павінны працаваць не толькі з праблемнымі дзецьмі, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы, але і з юнымі талентамі. Праводзяцца спецыяльныя заняткі, мерапрыемствы, семінары для гэтай катэгорыі педагагічных работнікаў, для таго каб яны маглі лепш аказаць падтрымку вучням.

На ўсе пытанні госці круглага стала адказвалі разгорнута і шчыра, прыводзячы шмат прыкладаў, у тым ліку з асабістага вопыту. На жаль, усе пытанні дзеці задаць не паспелі, аднак былі перададзены міністру адукацыі. Міхаіл Анатольевіч паабяцаў азнаёміцца з кожным пытаннем, каб разумець, што хвалюе маладых людзей, а таксама запэўніў, што гэта не апошняя іх сустрэча.

Дар’я РЭВА.
Фота аўтара.

Новы этап партнёрскіх адносін

Цэнтр інавацый і партнёрства пры падтрымцы Дзіцячага фонду ААН (ЮНІСЕФ) у Беларусі адкрыўся ў Нацыянальным дзіцячым адукацыйна-аздараўленчым цэнтры “Зубраня”.

Узаемадзеянне “Зубраняці” і ЮНІ СЕФ ажыццяўлялася і раней, аднак не было сістэматычным. З адкрыццём Цэнтра інавацый і партнёрства пачаўся новы этап партнёрскіх адносін. Цэнтр актывізуе і будзе каардынаваць работу па ахове правоў дзіцяці. У цэнтры сабраны неабходнае абсталяванне і інфармацыйныя матэрыялы. Тут з дапамогай гульнявых мадэлей, якія ў хуткім часе будуць распрацаваны, дзеці змогуць знаёміцца з работай ЮНІСЕФ і больш даведвацца аб сваіх правах. Сімвалічна, што адкрываецца ён у год святкавання 70-годдзя Дзіцячага фонду ААН (ЮНІСЕФ).


На цырымонію ўрачыстага адкрыцця цэнтра ў НДЦ “Зубраня” прыехалі Рашэд Мустафа Сарвар, прадстаўнік Дзіцячага фонду ААН (ЮНІСЕФ) у Беларусі, Уладзімір Леанідавіч Шапуроў, начальнік упраўлення міжнароднага супрацоўніцтва, Наталля Іванаўна Пшанічная, начальнік упраўлення па справах моладзі Міністэрства адукацыі, паслы Кыргызстана, Індыі, Італіі ў Беларусі, прадстаўнікі пасольстваў Туркменістана і Украіны, міжнародных і грамадскіх арганізацый. Для гасцей мерапрыемства, хлопчыкаў і дзяўчынак, якія адпачываюць у НДЦ “Зубраня”, у гэты дзень працавалі інтэрактыўныя пляцоўкі, прайшоў фестываль дзіцячай творчасці, прэзентацыі, выставы, віктарыны, адбыліся майстар-класы па розных напрамках і святочны канцэрт дзіцячых творчых калектываў.

— Упэўнена, што наша супрацоўніцтва будзе прыемным і карысным для абодвух бакоў, — лічыць дырэктар НДЦ “Зубраня” Надзея Генадзьеўна Ануфрыева. — Дзіцячы фонд акумулюе вопыт работы мноства краін свету па абароне правоў дзіцяці, важна, што мы можам пазнаёміцца з вопытам і зрабіць свой уклад у гэтую годную справу.
У планах партнёраў — пашыраць супрацоўніцтва, разам садзейнічаць рэалізацыі правоў дзіцяці шляхам стварэння і рэалізацыі інавацыйных сацыяльных і адукацыйных праграм і праектаў. Гэтае імкненне знайшло сваё адлюстраванне ў мемарандуме аб узаемаразуменні, які быў падпісаны пасля пераразання чырвонай стужкі. Асноўныя кірункі далейшага ўзаемадзеяння, якія дэкларуе мемарандум, — гэта ўкараненне інавацый для вырашэння сацыяльна значных праблем, стымуляванне творчасці дзяцей і моладзі праз гульні, конкурсы, фестывалі, удасканаленне сацыяльнай інклюзіі, прапаганда бяспечнага і здаровага ладу жыцця, развіццё валанцёрскага руху, далучэнне моладзі да грамадскай дзейнасці, павышэнне ўзроўню інфармаванасці дзяцей аб іх правах.

Дар’я РЭВА.

Дыялог на мове сяброўства

— Мне назаўжды запомніцца прыгажосць Нарачы, — кажа студэнтка Анжэліка з Польшчы.

— А мне парадак і чысціня беларускіх гарадоў, — хуценька падхоплівае тэму італьянец Ларэнцо.

— І “Зубраня” — проста незабыўнае месца, сапраўдная краіна дзяцінства, — дадае Таццяна з Расіі.

— А людзі навокал якія! Дружалюбныя, шчырыя, добразычлівыя, — працягвае школьніца Хрысціна з Латвіі. Госці Беларусі з розных краін, здаецца, гатовы бясконца пералічваць, што ім спадабалася ў краіне, і дзяліцца сваімі ўражаннямі, якія падарыў ім маладзёжны форум “Сяброўства без межаў”. Тыдзень, насычаны падзеямі, прайшоў у асаблівай атмасферы братэрства.

XII Міжнародны маладзёжны форум “Сяброўства без межаў” сабраў у НДЦ “Зубраня” лідараў маладзёжных арганізацый, актывістаў маладзёжнага руху з усяго свету. З 2005 года, калі форум адбыўся ўпершыню, удзел у ім узялі больш за 700 чалавек з 17 краін. Год ад году ўсё больш краін-удзельніц далучаліся да мерапрыемства, і вось сёлета ў “Зубраня” прыехалі дэлегацыі з Беларусі, Балгарыі, Італіі, Казахстана, Латвіі, Літвы, Палесціны, Польшчы, Расіі, Таджыкістана, Турцыі, Узбекістана і Украіны. У склад дэлегацый уваходзілі школьнікі, студэнты, а таксама педагогі, якія працуюць з маладзёжнымі арганізацыямі.

Форум — гэта ўнікальная магчымасць для стварэння міжнароднай сеткі кантактаў і пошуку аднадумцаў у ажыццяўленні значных для грамадства праектаў і ініцыятыў. Удзельнікі форуму прыцягваюць увагу да праблем маладых людзей і падлеткаў па ўсім свеце, працуюць дзеля ўмацавання добрасуседскіх адносін, пашырэння форм культурнага супрацоўніцтва. Праграма форуму ўключала адукацыйны, спартыўна-аздараўленчы, культурны і пазнавальна-экскурсійны кампаненты, а таксама прыцягвала моладзь да сацыяльна значнай дзейнасці.


Асаблівая атмасфера сяброўства ўзнікла на першай жа сустрэчы ля “Кастра знаёмстваў”, калі ўдзельнікі сталі ў традыцыйны “зубраняцкі” круг і заспявалі разам песні. Тут жа пачалося і знаёмства з Беларуссю — упершыню яны пачулі беларускую мову і паспрабавалі печаную на кастры бульбу. Знаёмства прадоўжылася ў наступны дзень падарожжам у агратурыстычны комплекс “Наносы-Наваселле”, дзе ўдзельнікі форуму даведаліся аб гісторыі і традыцыях нашай краіны, паспрабавалі хлеб, выраблены ў печы, пакаталіся на конях, пабывалі ў музеі самавараў. Яшчэ больш аб гісторыі Беларусі даведаліся госці падчас падарожжа ў Мір і Нясвіж.

У Мінску моладзь з форуму пазнаёмілася з адметнымі мясцінамі сталіцы, Нацыянальнай бібліятэкай. Госці пабывалі ў Палаце прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, дзе аб кірунках работы з моладдзю ў нашай краіне ім расказала Алена Уладзіміраўна Шамаль, член Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па ахове здароўя, фізічнай культуры, справах сям’і і моладзі. Далей “фарумчане” накіраваліся ў Мінскі дзяржаўны палац дзяцей і моладзі, дзе пазнаёміліся з цікавымі маладзёжнымі праектамі — Лігай маладых выбаршчыкаў і Мінскім гарадскім саветам навучэнскай моладзі.

Кіраўнікі дэлегацый Палесціны, Турцыі, Балгарыі, Літвы, Казахстана і Расіі сустрэліся ў Мінску з прадстаўнікамі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь. Гасцей віталі Уладзімір Леанідавіч Шапуроў, начальнік упраўлення міжнароднага супрацоўніцтва, Марыя Аляксандраўна Саротнік, начальнік упраўлення сацыяльнай, выхаваўчай і ідэалагічнай работы, Наталля Іванаўна Пшанічная, начальнік упраўлення па справах моладзі міністэрства, Надзея Генадзьеўна Ануфрыева, дырэктар НДЦ “Зубраня”. Сваім замежным калегам беларускія спецыялісты расказалі аб маладзёжнай палітыцы, якая рэалізуецца ў краіне. Зацікавіў прадстаўнікоў дэлегацый аповед аб праекце “100 ідэй для Беларусі”. Кіраўнік дэлегацыі Палесціны Аттаф Махаммад Алі Алджарадат ад імя ўсіх дэлегатаў форуму падзякаваў прадстаўнікам міністэрства і НДЦ “Зубраня” за цёплы прыём, а таксама дадаў, што спадзяецца на далейшае супрацоўніцтва моладзі нашых краін.

У “Зубраняці” для “фарумчан” былі арганізаваны святы, акцыі, прэзентацыі і сустрэчы па пытаннях маладзёжнай палітыкі, адукацыі, патрыятычнага выхавання. На форуме ідэй “Канвеер маладзёжных праектаў” моладзь прапаноўвала свае варыянты сацыяльна значных мерапрыемстваў і акцый, якія маглі б у будучыні аб’яднаць міжнародную маладзёжную супольнасць у “Зубраняці”. Кожная дэлегацыя мела магчымасць прадставіць сваю краіну, яе гісторыю, традыцыі — маладыя людзі спявалі песні на роднай мове, чыталі вершы, паказвалі відэаролікі, частавалі стравамі нацыянальнай кухні.

Важнай часткай работы форуму сталі разнастайныя дыскусіі, дзе моладзь дзялілася тым, што яе хвалюе. Хлопцы і дзяўчаты абмяркоўвалі шырокую палітру пытанняў: эфектыўнасць маладзёжнай палітыкі, узроставы цэнз і дыскрымінацыя, як «дастукацца» да палітыкаў, барацьба з беднасцю, беспрацоўе сярод моладзі, прафесійнае лідарства і інавацыі, як пазбегнуць шкодных звычак, моладзь як фактар перамен і многае іншае. Адной з найважнейшых пляцовак для абмеркавання актуальных пытанняў стаў адкрыты дыялог па тэме правоў дзіцяці. За круглым сталом разам з удзельнікамі форуму гэтую тэму абмяркоўвалі прадстаўнік Дзіцячага фонду ААН (ЮНІСЕФ) у Беларусі Рашэд Мустафа Сарвар, начальнік упраўлення па справах моладзі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь Наталля Іванаўна Пшанічная, прадстаўнікі пасольстваў Туркменістана і Украіны. Таксама былі абмеркаваны пытанні далейшага развіцця форуму “Сяброўства без межаў”.

Маладыя людзі — удзельнікі форуму — чарговы раз даказалі, што ведаюць і забеспакоены ўсімі актуальнымі праблемамі сучаснасці — палітычнымі, сацыяльнымі, эканамічнымі — і гатовы прыкладаць намаганні, каб зрабіць свой уклад у іх рашэнне.

Дар’я РЭВА.

Мы адна сям’я!

Вось і замкнулася кола яшчэ аднаго “Вясёлкавага карагода”. Адзінаццаты раз кружыў ён па нашай краіне, далучаючы ўсё больш і больш дзяцей у кожнай вобласці, кожным раёне. Яркія фарбы выспявалі на абласных і сталічным гала-канцэртах, каб потым аб’яднацца і заззяць адзінай непаўторнай вясёлкай над “Зубранём”. Менавіта тут, у Нацыянальным дзіцячым адукацыйна-аздараўленчым цэнтры, адбыўся заключны гала-канцэрт XI Рэспубліканскага фестывалю мастацкай творчасці “Вясёлкавы карагод”.

Фестываль “Вясёлкавы карагод” праводзіцца адзін раз у тры гады. Ужо амаль чвэрць стагоддзя ён дорыць свята творчасці выхаванцам дзіцячых дамоў, школ-інтэрнатаў, спецыяльных школ і цэнтраў карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі. Па традыцыі рэспубліканскае журы пабывала на гала-канцэртах у кожнай вобласці і Мінску, дзе былі вызначаны і ўзнагароджаны лепшыя ўдзельнікі. Шмат падарункаў і сюрпрызаў атрымалі яны ад арганізатараў фестывалю, і адзін з іх — магчымасць трапіць у “Зубраня”. 130 пераможцаў “Вясёлкавага карагода” з усёй краіны зараз адпачываюць у цэнтры. Яны прымаюць актыўны ўдзел ва ўсіх “зубраняцкіх” справах і мерапрыемствах. Не забываліся дзеці і рыхтавацца да галоўнай для іх падзеі — выхаду на сцэну ў заключным гала-канцэрце фестывалю.
Кожнае дзіця прыязджае ў “Зубраня” з чамаданам або дарожнай сумкай. Удзельнікі “Вясёлкавага карагода”, як і ўсе артысты, везлі з сабой не проста чамаданы, а агромністы багаж — рэквізіт і касцюмы. І, як і ўсе сур’ёзныя артысты, яны шмат рэпеціравалі, каб выступленне атрымалася бездакорным. А дапамагала ім у гэтым рэжысёр шоу Наталля Мікалаеўна Камзалава, загадчык аддзела культурна-забаўляльных праграм Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі, якая, дарэчы, пацвярджае, што ўдзельнікі гала-канцэрта працавалі як сапраўдныя прафесіяналы.

— Немагчыма перадаць, як гарэлі іх вочы, як старанна яны рыхтаваліся, якія яны дысцыплінаваныя і адказныя. Дзеці рэагуюць на кожную заўвагу, усё ўспрымаюць сур’ёзна. Проста пакараюць сваімі адносінамі да работы і адно да аднаго. Іх дабрыня, чалавечнасць, шчырасць на сцэне і ў жыцці ўражвае, — дзеліцца назіраннямі Наталля Мікалаеўна.

“Мы адна сям’я” — такую назву атрымаў фінальны гала-канцэрт. І сапраўды, мерапрыемства было падобна на сустрэчу вялікай, вясёлай, няўрымслівай сям’і, якую аб’ядноўвае клопат адно пра аднаго, любоў да творчасці. Кожнага госця вітала гаспадыня “дома”, дзе гэтая сям’я сабралася, — дырэктар НДЦ “Зубраня” Надзея Генадзьеўна Ануфрыева. Яна адзначыла, што цэнтр гатовы штогод прымаць такіх цудоўных, таленавітых дзяцей.
І, як гэта часта бывае падчас сямейных сустрэч, кожны расказваў сваю гісторыю. Мовай мастацтва дзеці гаварылі пра тое, чым жывуць, пра што мараць і сумуюць, чаму радуюцца. Арцём Мінгелевіч, навучэнец Гродзенскай спецыяльнай агульнаадукацыйнай школы-інтэрната для дзяцей з парушэннямі зроку, заспяваў вясёлую песеньку аб простых дзіцячых радасцях “Бібіка”, Дзіяна Фядотава, якая выхоўваецца ў гэтай жа школе, выканала энергічную песню — гімн маладосці і юнацкаму запалу “Патанцуем, пагарэзнічаем”, песня Настассі Радчук, навучэнкі Жабінкаўскай спецыяльнай агульнаадукацыйнай школы-інтэрната, “Гэты адвечны механізм” была прысвечана першым рамантычным пачуццям. У сваіх выступленнях дзеці ўзнімалі і адвечныя, глабальныя, філасофскія тэмы: любоў да радзімы, мір, дабрыня, талерантнасць, сэнс жыцця.

На сцэне была прадстаўлена разнастайная палітра жанраў. Акрамя традыцыйных вакальных, інструментальных, харэаграфічных твораў, дэкламавання вершаў і дэфіле тэатра мод, дзеці паказалі нават цыркавое выступленне і нумары арыгінальнага жанру. “Цыркавую мазаіку” прадставілі на сцэне ўдзельнікі калектыву-спадарожніка ўзорнай цыркавой студыі “Сонейка” Кобрынскай спецыяльнай агульнаадукацыйнай школы-інтэрната. Пантаміма “Жыццё як адзін дзень” тэатра пантамімы “Спадарожнік” спецыяльнай агульнаадукацыйнай школы-інтэрната № 13 для дзяцей з парушэннем слыху Мінска была надзвычай глыбокай па сэнсе. У сваіх выступленнях дзеці нярэдка звярталіся да народных вытокаў, як, напрыклад, творчы калектыў “Крынічка” Мінскай абласной дзяржаўнай спецыяльнай агульнаадукацыйнай школы-інтэрната для дзяцей з парушэннем слыху ў танцавальнай кампазіцыі “Душачка”. Цікава адлюстравалі ў сваім выступленні народныя традыцыі ўдзельнікі тэатра мод Мсціслаўскай спецыяльнай агульнаадукацыйнай школы-інтэрната для дзяцей з цяжкімі парушэннямі маўлення: яны паказалі калекцыю “Каляндар народных свят і абрадаў”, дзе кожны ўбор сімвалізаваў пэўнае свята.

Дзеці паказалі, што, не забываючыся пра свае карані, ідуць у нагу з часам, былі ў праграме канцэрта і арыгінальныя сучасныя нумары. Так, напрыклад, удзельнікі аб’яднання “Танцавальны калейдаскоп” Віцебскай спецыяльнай агульнаадукацыйнай школы-інтэрната для дзяцей з парушэннем слыху танцавалі ў стылі хіп-хоп. А ўдзельнікі з Жабінкаўскай спецыяльнай агульнаадукацыйнай школы-інтэрната чыталі рэп. Дарэчы, песню “Вечная памяць”, прысвечаную героям Вялікай Айчыннай вайны, адзін з яе выканаўцаў, Яўген Гараднічук, напісаў сам. Другая песня, якую Яўген выконваў у дуэце з Міхаілам Супрунчыкам, усхваляла іх родную Жабінку і проста ўзарвала залу, стала хітом. Верагодна, да канца змены яе вывучаць усе ўдзельнікі фестывалю .

Не абышлося мерапрыемства і без узнагарод. Ганаровымі граматамі Міністэрства адукацыі былі адзначаны ўпраўленне адукацыі Брэсцкага аблвыканкама за высокую якасць падрыхтоўкі і правядзення абласнога этапу фестывалю і ўпраўленне адукацыі Магілёўскага аблвыканкама за высокую якасць выставы выяўленчай і дэкаратыўна-прыкладной творчасці абласнога этапу “Вясёлкавага карагода”.

Падводзячы вынікі XI Рэспубліканскага фестывалю “Вясёлкавы карагод”, старшыня журы Антаніна Міхайлаўна Змушко, начальнік аддзела спецыяльнай адукацыі Міністэрства адукацыі, адзначыла:

— Сёлета мы ўбачылі надзвычай высокі ўзровень на канцэртах у кожнай вобласці і горадзе Мінску. Парадавала разнастайнасць выступленняў, дасканалае афармленне сцэны, цудоўныя касцюмы. Можна сказаць, што пакаленні дзяцей і педагогаў выраслі за гады існавання “Вясёлкавага карагода”, і сам фестываль расце.

Антаніна Міхайлаўна падкрэсліла, што з кожным разам фестываль становіцца ўсё больш яскравым, узровень выступленняў павышаецца. Усё глыбейшым становіцца разуменне таго, якое вялікае значэнне мае фестываль для ўдзельнікаў і соцыуму. Для дзяцей, што выходзяць на сцэну, гэта магчымасць самарэалізавацца, праявіць сваю індывідуальнасць, а для грамадства гэта магчымасць іх пачуць, убачыць і прыняць.

Дар’я РЭВА.
Фота аўтара.

Маларыцкія “зубры”

Каманда “Джэнтльмены ўдачы” з Маларыцкай раённай гімназіі нядаўна абараняла гонар Брэстчыны на Рэспубліканскім турніры інтэлектуальных каманд “Крышталёвы зубр”, які праходзіў у Нацыянальным дзіцячым адукацыйна-аздараўленчым цэнтры “Зубраня”. Вынікам выступлення стала 1-е месца ў сваёй узроставай групе і галоўны прыз “Крышталёвы зубр”.

— Для нас гэта значны поспех, — расказвае трэнер юных знаўцаў Леанід Лук’янчук. — У інтэлектуальным руху каманды гімназіі ўдзельнічаюць амаль 10 гадоў. За гэты час скарбонка дасягненняў пастаянна папаўнялася ўзнагародамі рознага ўзроўню. Да турніру “Крышталёвы зубр” сур’ёзна рыхтаваліся на працягу некалькіх месяцаў. І вось галоўны прыз у нас. За каманду “Джэнтльмены ўдачы” выступалі 6 вучняў: сямікласнікі Іван Буглак, Яўген Карпук, Рэнат Ібрагімаў і Вадзім Дзяніс і шасцікласнікі Уладзіслаў Шульшык і Дзмітрый Краснажон. Гімназісты станавіліся лепшымі і па выніках іншых інтэлектуальных гульняў.
— Уражанняў і станоўчых эмоцый засталося вельмі шмат, — гаворыць Вадзім Дзяніс. — Запомнілася многае, у тым ліку і гульня са знаўцамі элітарнага клуба “Што? Дзе? Калі?” на чале з Алесем Мухіным, а таксама спартыўныя спаборніцтвы, розныя творчыя трэнінгі, інтэрактыўныя прагулкі і экскурсійныя праграмы.

Мікалай НАВУМЧЫК,
намеснік дырэктара па вучэбна-метадычнай рабоце Маларыцкай раённай гімназіі.
Фота аўтара.

Гуляюць усе!

З 28 па 30 кастрычніка ў НДЦ “Зубраня” з мэтай выяўлення і распаўсюджвання станоўчага вопыту работы педагогаў у арганізацыі гульнявой дзейнасці, павышэння ўзроўню іх прафесійнага майстэрства праводзіліся міжнародны фестываль і рэспубліканскі конкурс гульнявых праектаў “Гуляюць дзеці — гуляем мы!”.

Калі аб’яднаць два вядомыя выслоўі “Усё наша жыццё — гульня” і “Век жыві — век вучыся”, то атрымаецца прыкладна такі выраз: “Усё жыццё гуляй — усё жыццё вучыся”. Менавіта гэтыя словы з’яўляюцца своеасаблівым дэвізам для педагогаў-гульнятэхнікаў, якія прыязджаюць на бераг Нарачы ў славуты цэнтр “Зубраня” з усіх куточкаў Беларусі, з суседніх Літвы, Украіны, Расіі і блізкіх нам Малдовы і Казахстана, каб выдатна адпачыць, а таксама даказаць, што гульня можа быць не толькі забаўляльным адпачынкам, але і адпачынкам карысным, падчас якога можна не толькі скакаць, танцаваць, усміхацца, але і развівацца інтэлектуальна, спазнаваць гэты свет, набываць пэўныя ўменні і навыкі. Адным словам, гульня — гэта класна, гульня — гэта карысна, гульня — гэта здорава. — На працягу ўжо 11 гадоў “Зубраня” становіцца міжнароднай педагагічнай пляцоўкай для абмену вопытам па арганізацыі і правядзенні гульнявых праграм. Асабліва гэты вопыт карысны для важатых, для іх гэта сапраўдная акадэмія творчасці і талентаў. Кожны год да нас прыязджаюць новыя каманды, аднак ёсць ужо і свае заўсёднікі. Гэта ўсерасійскія дзіцячыя цэнтры “Арляня” і “Акіян”, “Змена”, цэнтр “Балдаурэн” з Казахстана. Яны традыцыйна прывозяць нешта новае, цікавае, як і традыцыйна вязуць з берагоў Нарачы багаты багаж беларускага вопыту правядзення гульнявых праграм, — падзялілася дырэктар НДЦ “Зубраня” Надзея Генадзьеўна Ануфрыева.
Супрацоўнікі “Зубраняці” робіць вялікую справу па папулярызацыі культуры адпачынку. Па выніках фестывалю і конкурсу выдаюцца спецыяльныя брашуры, ствараюцца належныя ўмовы для абмену вопытам, правядзення семінараў, майстар-класаў, трэнінгаў, што выдатна садзейнічае развіццю конкурсу, павышэнню ўзроўню прадстаўленых праграм. Ды і Нарачанскі край, сасновы бор, чыстае паветра, залатыя восеньскія далягляды — выдатнае месца і час для такога ўзаемадзеяння.
— Мэта самага першага конкурсу была вельмі простая: нам хацелася проста паглядзець, прааналізаваць, чым займаюцца цэнтры дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі ў плане гульнявой арганізацыі вольнага часу навучэнцаў, у чым сутнасць зместу гульнявых праектаў, наколькі гэтыя праграмы карысныя для падрастаючага пакалення і дарослых, на што яны накіраваны, на якім узроўні знаходзіцца валоданне педагогамі методыкай правядзення гульнявых праграм, якія формы адпаведнай работы яны выкарыстоўваюць. Праграмы першага конкурсу, канечне, не параўнаюцца з сучаснымі. З кожным годам іх якасць, як і колькасць, павялічваецца. Сёння гульнятэхнікі выдатна разумеюць, што смяяцца можна з пальца, а можна і з цікавай незвычайнай сітуацыі, якую можна прайграць, — расказала прафесар, кандыдат педагагічных навук, загадчык кафедры педагогікі сацыякультурнай дзейнасці Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў, адна з ініцыятараў правядзення конкурсу і фестывалю, а сёлета старшыня яго журы Людміла Іванаўна Казлоўская. Два дні на вялікай і малой “зубраняцкай” сцэне доўжыўся гульнявы марафон, падчас якога ўдзельнікі адзін за адным прадстаўлялі гульнявыя праграмы. Вечарам і раніцай, у перапынках марафону ладзіліся трэнінгі, прафесійныя разборы, расстаўляліся пэўныя акцэнты на развіцці культуры адпачынку, працавалі інфармацыйныя і дыскусійныя пляцоўкі. Члены журы праводзілі майстар-класы па акцёрскім майстэрстве, рэжысуры пастаноўкі гульнявой праграмы, сцэнічным маўленні, асаблівасцях пабудовы гульнявой праграмы. Гэтыя сустрэчы заўсёды праходзяць цікава, насычана, удзельнікам ёсць што сказаць, ёсць што прадэманстраваць, ёсць чым падзяліцца. Напрыклад, Людміла Іванаўна Казлоўская яшчэ ў 1991 годзе абараніла кандыдацкую дысертацыю па тэме “Аптымізацыя гульнявой дзейнасці ў маладзёжных культурна-адпачынкавых праграмах”. Хто-хто, а яна дакладна ведае, як гуляць, калі гуляць, з кім гуляць, як праводзіць вольны час забаўляльна, карысна, здорава. Як, дарэчы, і яе калега, старшыня журы сёлетняга рэспубліканскага конкурсу, актрыса тэатра і кіно, дацэнт кафедры тэатральнай рэжысуры Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў Алена Мікалаеўна Акулёнак.
У прадстаўленых на конкурс гульнявых праграмах журы ацэньвала арыгінальнасць сцэнарнай ідэі, кампазіцыйнае рашэнне гульнявога праекта, якаснае і правільнае выкарыстанне сродкаў мастацкай выразнасці, майстэрства і артыстычнасць выканання, работу з глядацкай аўдыторыяй, эфектыўнасць далучэння да сюжэтна-гульнявога дзеяння. Адным з важных крытэрыяў ацэньвання была актуальнасць праграмы. Так, гульнявы праект “Песня мацней за вайну” Шматпрофільнага цэнтра па рабоце з дзецьмі і моладдзю “Юнацтва” Магілёва быў прысвечаны 70-годдзю перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. Па выніках конкурсу ён заняў ганаровае 3-е месца. Разам з магіляўчанамі дыпломамі адпаведнага ўзроўню былі ўзнагароджаны прадстаўнікі Асіповіцкага раённага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Магілёўскай вобласці за паказ гульнявой праграмы “Аднойчы ў сетцы…” і Смаргонскага раённага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Гродзенскай вобласці за праграму “Гузікавы ваяж”.
— Многія гульнявыя праграмы расказваюць пра прыроду Беларусі, пра нашу гісторыю, традыцыі, актуальныя праблемы жыцця сучаснай моладзі. А педагогі са Смаргоні зрабілі раптоўны паварот і вырашылі паведаміць пра гузікі. Незвычайна, да таго ж вельмі цікава. Дык хто ж першым стварыў гузікі? Калі гледачам было зададзена гэтае пытанне, яны ўсе з задавальненнем далучыліся да гульні, ніхто не саромеўся, як нярэдка здараецца. У гульнявой праграме прысутнічаў момант нечаканасці, момант падарожжа ў мінулае, калі ўдзельнікі гульні даведаліся пра гісторыю стварэння гузікаў, а таксама прафарыентацыйны момант, калі гледачам расказвалі, які гузік прышываецца да формы чыгуначніка, а які да формы лесніка або марака, — паведаміла Алена Мікалаеўна. Актуальнай з’яўляецца і тэма фінансавай граматнасці навучэнцаў. На павышэнне яе ўзроўню была накіравана гульнявая праграма “PROденьги” Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі “Ювента” Светлагорска Гомельскай вобласці. Гульня была напоўнена фінансавымі тэрмінамі, аднак гульнятэхнікі настолькі метадалагічна выверана адаптавалі праграму да дзіцячай глядацкай аўдыторыі, што знаёмства з сухой тэрміналогіяй ператварылася ў цікавую і захапляльную гульню. На думку старшыні журы рэспубліканскага конкурсу, такую праграму было б карысна паказаць ва ўсіх школах краіны, каб дзеці вучыліся не толькі траціць грошы, але і ведалі, як няпроста яны зарабляюцца. Праект светлагорскіх педагогаў быў удастоены дыплома ІІ ступені, як і гульнявыя праекты “Вясёлая падзарадка” Мастоўскага раённага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Гродзенскай вобласці, а таксама “Школа магіі і чараўніцтва” Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў.
Пераможцам конкурсу быў прызнаны праект “Жарты, танцы, гульні, смех — здаровай формулы поспех” Абласнога цэнтра творчасці Магілёва. Па словах Алены Мікалаеўны Акулёнак, гульнявая праграма мае пераважна забаўляльнае значэнне, аднак абаяльнасць вядучага, яго харызматычнасць, уменне працаваць з залай, завесці залу, прычым завесці граматна, дакладна расставіць мізансцэны зрабілі сваю справу — праграма была прызнана журы лепшай, а яе стваральнікі ўзнагароджаны дыпломам І ступені. Гран-пры конкурсу атрымала гульнявая праграма Палаца дзіцячай творчасці Баранавіч (Брэсцкая вобласць) “Мы пачынаем наш шлях…”. Па выніках двухдзённага марафону міжнароднага фестывалю лепшай была прызнана гульнявая праграма Палаца дзіцячай творчасці Петраградскага раёна Санкт-Пецярбурга (Расійская Федэрацыя) “Как молодцу полюбиться и как девицы добиться”.
Вызначаць пераможцаў было няпроста. Кожная праграма атрымала высокія балы, а раздзялілі пераможцаў усяго некалькі пунктаў пратакольнага ліста журы. Так, праграма “Сярод шумлівага балю”, паказаная супрацоўнікамі НДЦ “Зубраня”, расказала яе ўдзельнікам, як правільна, у адпаведнасці з традыцыямі праводзіць баль, як правільна запрашаць даму або кавалера на танец, як правільна кружыцца ў танцы, як правільна рабіць піруэты і, нарэшце, як правільна трымаць веер. Праграма накіравана на павышэнне культуры маўлення яе ўдзельнікаў, вучыць іх быць ветлівымі, выхаванымі людзьмі. Праект “Намалюй дзяцінства” гімназіі № 8 Віцебска атрымаўся па-дамашняму цёплым, добрым, светлым і быў накіраваны на папулярызацыю гульняў, калісьці папулярных у асяроддзі нашых бацькоў і дзядоў. Цікавым атрымалася і выкарыстанне рэквізіту, некаторыя гульнятэхнікі правялі ўвесь час на сцэне на… хадулях.
— Падчас гэтай праграмы мы з калегамі ўзгадалі сваё дзяцінства, як калісьці з равеснікамі ў выхадныя дні і падчас канікул ад раніцы да самай ночы знаходзіліся на свежым паветры. Летам прыходзілі дадому пыльныя, брудныя, а ўзімку з ног да галавы выкачваліся ў снезе. Мы гулялі ў “Ручаёк”, “Лапту”, “Бульбу”, “Мора хвалюецца раз…”. Добра, што гульні нашага дзяцінства арганічна далучаюцца да сучасных гульнявых праграм. Як паказвае конкурс, такія сучасныя прыёмы, як, напрыклад, відэарад, выдатна спалучаюцца з традыцыйнымі гульнявымі прыёмамі. Дзякуючы конкурсу захоўваецца пераемнасць пакаленняў, павага да народных традыцый, — адзначыла Алена Мікалаеўна.
Упошуках цікавых форм выхаваўчай работы педагогам часта даводзіцца звяртацца да метадычнай літаратуры, адпраўляцца ў бібліятэкі, на прасторы інтэрнэту. Аднак эфектыўны крок у гэтай справе можа быць больш простым: дастаткова прыехаць у “Зубраня” на бераг Нарачы і прыняць удзел у традыцыйным міжнародным фестывалі і рэспубліканскім конкурсе “Гуляюць дзеці — гуляем мы!”. Вас чакаюць не толькі выдатны адпачынак, але і своеасаблівыя курсы павышэння кваліфікацыі, знаёмства з цікавым светам гульні.

Л.І.КАЗЛОЎСКАЯ: “Гульня заўсёды была, ёсць і будзе важным сродкам выхавання. Цяпер гэта асабліва актуальна, бо гульня ў яе традыцыйным выглядзе пакрыху забываецца. Прыйшлі планшэты, смартфоны, якія паніжаюць значэнне рэальных гульняў. А рэальная гульня — гэта школа ведаў, школа адаптацыі дзяцей да свету, маральнага, эстэтычнага выхавання. У сённяшніх навучэнцаў яскрава адчуваецца недахоп жывой гутаркі, а празмерная захопленасць віртуальнымі гульнямі нярэдка выліваецца ў агрэсію. Кожная гульнявая праграма, прадстаўленая на конкурсе і фестывалі, з’яўляецца своеасаблівым адукацыйным і выхаваўчым асяроддзем, прапагандай здаровага ладу жыцця. Гульня далучае дзіця да працэсу дзеяння, дапамагае яму праявіць свае таленты, падчас гульні дзіця самасцвярджаецца, самавыражаецца, пазбаўляецца комплексаў, вучань бачыць лідара, разумее, у чым праяўляецца лідарства, сам становіцца лідарам”.

Ігар ГРЭЧКА.
Фота аўтара.