Дапамагчы ў цяжкай сітуацыі

Удасканаленню крызіснай дапамогі навучэнцам устаноў сярэдняй, прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі і ўзаемадзеянню прадстаўнікоў усіх зацікаўленых ведамстваў была прысвечана абласная навукова-практычная канферэнцыя “Міжведамаснае ўзаемадзеянне пры аказанні крызіснай дапамогі непаўналетнім: праблемы і перспектывы”, якая прайшла ў Гродзенскім абласным інстытуце развіцця адукацыі.

У рабоце канферэнцыі прынялі ўдзел звыш 150 чалавек: намеснікі старшынь аддзелаў адукацыі, спорту і турызму райвыканкамаў, намеснікі дырэктараў навучальных устаноў па вучэбна-выхаваўчай рабоце, педагогі-псіхолагі, медыцынскія работнікі. Як адзначыла на адкрыцці канферэнцыі начальнік Цэнтра ідэалагічнай, выхаваўчай і сацыяльнай работы ГрАІРА Алена Акімава, на працягу апошняга года ў Гродзенскай вобласці вялася работа па выкананні комплексу мер, накіраваных на павышэнне якасці работы спецыялістаў псіхолага-педагагічных службаў устаноў адукацыі. Міжведамаснае супрацоўніцтва павінна вывесці іх работу на новы ўзровень, абагаціць новымі формамі і метадамі.

Аб узаемадзеянні сям’і і школы ў прафілактыцы і пераадоленні крызіснага стану ў непаўналетніх гаварыла ў сваім выступленні дацэнт кафедры псіхолага-педагагічнага суправаджэння адукацыі Гродзенскага абласнога інстытута развіцця адукацыі Лілія Баброўнік.

— Не заўсёды сям’я разумее, што трэба рабіць і да якіх спецыялістаў звярнуцца ў крызіснай сітуацыі, — падкрэсліла Лілія Іванаўна. — Мы павінны стварыць атмасферу адкрытасці, каб дзеці і бацькі маглі заўсёды атрымаць дапамогу і ведалі, куды звярнуцца па яе.

Шляхі пераадолення крызісных сітуацый і падрыхтоўкі спецыялістаў асвятлілі ў сваіх дакладах прадстаўнікі факультэта псіхалогіі Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы: загадчык кафедры ўзроставай і педагагічнай псіхалогіі Аксана Шульга расказала аб аднаўленчым падыходзе ў прафілактыцы правапарушэнняў з боку непаўналетніх; старшы выкладчык гэтай кафедры Вольга Венска — аб прафесіянальнай падрыхтоўцы педагогаў-псіхолагаў у арганізацыі і забеспячэнні псіхалагічнага суправаджэння моладзі, якая знаходзіцца ў складаных жыццёвых сітуацыях. Новы напрамак работы — медыяцыю і яе значэнне для прафілактыкі правапарушэнняў і захавання асобы — прадставіў дырэктар Гродзенскага філіяла Цэнтра “Медыяцыя і права” Іван Хурс, мадэль сацыяльнай панарамы для ацэнкі дынамікі эмацыянальных станаў у крызісных сітуацыях — дацэнт Віцебскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта Юрый Фомчанка.

З вялікай цікавасцю ўспрынялі ўдзельнікі канферэнцыі паведамленні медыцынскіх работнікаў, урача-псіхатэрапеўта Кацярыны Юхневіч аб псіхалагічным стане асобы непаўналетняга ў крызісных сітуацыях і аб суіцыдальных паводзінах у дзіцячым узросце і метамарфозах сацыяльнага асяроддзя, аб якіх расказала галоўны пазаштатны дзіцячы псіхіятр Гродзенскага аблвыканкама Наталля Шостка.

Вопыт работы педагогаў-псіхолагаў навучальных устаноў быў прадстаўлены падчас майстар-класаў і стэндавых дакладаў, прысвечаных узаемадзеянню сям’і і школы ў прафілактыцы і пераадоленні крызісных станаў непаўналетніх, асаблівасцям адаптацыі дзяцей у прыёмных сем’ях, прафілактыцы дэвіянтных паводзін у дзяцей і дэструктыўных паводзін у класным калектыве, антыстрэсаваму стылю паводзін педагога-псіхолага.

У другі дзень канферэнцыя праходзіла на базе Гродзенскага дзяржаўнага прафесійнага ліцэя будаўнікоў № 1 і пачалася з дэманстрацыі вопыту работы гэтай навучальнай установы. Навучэнцы і выкладчыкі ліцэя прадставілі флэш-моб “Рабі, як я!”, арт-прастору “Усё ў тваіх руках”, вернісаж “Вытокі майстэрства”. Работа канферэнцыі працягнулася ў секцыях “Сучасныя тэхналогіі ў рабоце з крызіснымі станамі”, “Псіхалагічнае суправаджэнне дзяцей і падлеткаў, схільных да крызісных станаў і суіцыдальных паводзін”, “Прафілактыка і папярэджанне насілля ў дзіцячым і падлеткавым асяроддзі”.

Рэктар ГрАІРА дацэнт Святлана Сяргейка адзначыла важнасць і актуальнасць абмеркаваных пытанняў, магчымасць зваротнай сувязі з прадстаўнікамі псіхолага-педагагічных службаў і бачанне ў сувязі з гэтым кірункаў далейшай работы, у тым ліку па павышэнні кваліфікацыі гэтай катэгорыі спецыялістаў. Удзельнікі канферэнцыі выказалі прапанову зрабіць мерапрыемства традыцыйным. С.А.Сяргейка запэўніла, што гэтая ініцыятыва будзе падтрымана інстытутам і канферэнцыі па псіхолага-педагагічнай падтрымцы адукацыі будуць праходзіць раз у два гады. У найбліжэйшы час лепшы вопыт удзельнікаў навукова-практычнай канферэнцыі будзе прадстаўлены у зборніку “Прафілактыка крызісных станаў непаўналетніх”.

Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.
Фота аўтара.

З марай пра свет, дружалюбны да моладзі

Горад, дружалюбны да дзяцей… Гэты выраз за апошнія паўтара года гучаў прыцішана, і здавалася, што ініцыятыва на тэрыторыі Беларусі завяршылася. Але цяпер яна атрымала новы імпульс. І дала новы штуршок ініцыятыве нядаўняя рэспубліканская канферэнцыя “Горад, дружалюбны да дзяцей: развіццё ініцыятыў, роўныя магчымасці для дзяцей і моладзі”, арганізатарамі якой выступілі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь і Прадстаўніцтва Дзіцячага фонду ААН (ЮНІСЕФ) у Рэспубліцы Беларусь.

Дасягненні дзесяцігоддзя

Удзел у канферэнцыі прынялі больш за 120 чалавек, у тым ліку прадстаўнікі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, міністэрстваў адукацыі, працы і сацыяльнай абароны, аховы здароўя, унутраных спраў, выканаўчых і распарадчых органаў, Дзіцячага фонду ААН (ЮНІСЕФ) у Рэспубліцы Беларусь, дзіцячых і маладзёжных парламентаў гарадоў, якія далучыліся да ініцыятывы “Горад, дружалюбны да дзяцей”, навуковай грамадскасці, грамад­скіх аб’яднанняў і міжнародных арганізацый.

Галоўнай мэтай сустрэчы быў аналіз вопыту практычнай дзейнасці дарослых і дзяцей па рэалізацыі ініцыятывы “Горад, дружалюбны да дзяцей” і абмеркаванне далейшага супрацоўніцтва і ўдасканаленне механізмаў далучэння дзяцей і моладзі да прыняцця рашэнняў.

У сваім выступленні Віктар Якжык, намеснік міністра адукацыі Рэспублікі Беларусь, адзначыў, што клопат аб дзецях знаходзіцца ў цэнтры нашага штодзённага жыцця, а Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь ініцыіруе і садзейнічае рэалізацыі праектаў і праграм, якія спрыяюць таму, каб наша краіна стала тэрыторыяй шчаслівага дзяцінства. Сярод гэтых праектаў і міжнародная ініцыя­тыва “Горад, дружалюбны да дзяцей”.

Гаворачы пра вынікі дзесяцігоддзя рэалізацыі гэтай ініцыятывы ў нашай краіне, Віктар Віктаравіч нагадаў, што да яе далучыліся 24 гарады, і сямі з іх афіцыйна прысвоена ганаровае і ў той жа час адказнае званне “Горад, дружалюбны да дзяцей”. Гэта Брэст, Наваполацк, Полацк, Пінск, Пружаны, Жодзіна і Салігорск. Выступоўца зазначыў: “Гэтая ініцыятыва дапамагае гораду стаць больш добразычлівым да дзяцей ва ўсіх аспектах, якія тычацца кіравання, інфраструктуры і паслуг, інтэгруе найбольш уразлівыя катэгорыі дзяцей у грамадства, удасканальвае дзяржаўную палітыку ў інтарэсах дзяцей і моладзі, дазваляе забяспечыць базавыя гарантыі ў іх жыццядзейнасці і развіцці, спрыяе актыўнаму развіццю сацыяльнага партнёрства ў галіне абароны правоў дзіцяці і стымулюе дзей­насць мясцовых органаў выканаўчай і распарадчай улады ў інтарэсах дзяцей і сем’яў, актывізуе ўдзел дзяцей у жыцці горада і прыняцці рашэнняў з іх непасрэдным удзелам”.

Андрэй Аляксеевіч Таранда, намеснік начальніка ўпраўлення глабальнай палітыкі і гуманітарнага супрацоўніцтва Галоўнага ўпраўлення шматбаковай дыпламатыі міністра замежных спраў Рэспублікі Беларусь, падзякаваў Міністэрству адукацыі за супрацоўніцтва. Падкрэсліў ён і плённы характар су­працоўніцтва з ЮНІСЕФ: “У мінулым годзе ў нас была распрацавана і прынята “Трэцяя краінавая праграма ЮНІСЕФ для Беларусі” на 2016— 2020 гады, у рамках якой запланавана шмат кірункаў дзейнасці. І мы разлічваем сумеснымі намаганнямі ўсё задуманае рэалізаваць. Тым больш што бюджэт гэтай праграмы вельмі амбіцыйны — складае крыху менш за 8,5 млн долараў.

Мы вельмі вітаем ініцыятыву “Горад, дружалюбны да дзяцей”, на працягу ўсяго перыяду ўважліва адсочваем развіццё гэтай ініцыятывы ў Рэспубліцы Беларусь, аказваем усялякую падтрымку ЮНІСЕФ у яе пашырэнні і прасоўванні. Нам прыемна прызнаць, што колькасць гарадоў, якія далучыліся да гэтай ініцыятывы, павялічваецца. Спадзяюся, што яна атрымае далейшае развіццё і ў тым ліку ў Мінску”.

Дэвід Маклафлін, намеснік рэгіянальнага дырэктара ЮНІ СЕФ для краін Цэнтральнай і Усходняй Еўропы і СНД, адзначыў, што рады маштабнасці ўключэння Беларусі ў ініцыятыву і гэта — чарговы крок да таго, каб увесь свет стаў дружалюбным да дзяцей. Ён адзначыў: “ЮНІ СЕФ працуе ў Беларусі са сваімі парт­нёрамі пачынаючы з 1997 года для таго, каб палепшыць жыццё дзяцей і іх сем’яў, каб падтры­маць намаганні, якія прыкладае краіна для захавання інтарэсаў сваіх самых маладых грамадзян і для таго, каб іх інтарэсы прызнаваліся на ўсіх узроўнях, звяртаючы асаблівую ўвагу на тое, каб дапамагчы найбольш уразлівым і выключаным з жыцця грамадства дзецям. Уд зел падлеткаў з’яўляецца краевугольным каменем усіх праграм і праектаў ЮНІСЕФ. Заснаваныя дзіцячыя і маладзёжныя саветы і парламенты — гэта цудоўныя платформы, на якіх падлеткі могуць выказваць свой пункт гле­джання, быць пачутымі і ўцягнутымі ў стварэнне сапраўднага інклюзіўнага грамадства, даступнага для ўсіх.

Мне таксама хацелася б звяр­нуць увагу на значны прагрэс, які дасягнуты ў сацыяльна-эканамічным развіцці за гэтыя гады, і на неверагодныя намаганні, якія былі прыкла­дзены Беларуссю для таго, каб палеп­шыць становішча і ўзровень сацыяльнай абароны дзяцей, жанчын і сем’яў. Тут, у Беларусі, смяротнасць немаўлят і дзяцей ва ўзросце да 5 гадоў, а таксама мацярынская смяротнасць значна скарацілася, а перадача ВІЧ ад маці дзіцяці была поўнасцю ліквідавана.

Таксама краіна прапаноўвае ўсеагульны доступ да адукацыі і паказвае значны прагрэс ва ўзроўні здароўя ў дзяцей і падлеткаў. Адрасна сфакусіраваны намаганні, каб умацаваць сістэму аказання дапамогі ўразлівым сем’ям і дзецям, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы, дапоўнены рэалізацыяй права дзіцяці, каб яно магло жыць у асяроддзі, у сям’і, якая аказвае яму дапамогу.

Тое, як дзяржава звяртае ўвагу на правы дзяцей, азначае, што краіна бярэ на сябе абавязкі на міжнароднай арэне і абавязваецца гаранта­ваць дабрабыт дзяцей, ствараючы для іх асяроддзе, у якім яны могуць расці і рэалізоўваць свой патэнцыял.

Разам з тым трэба прыкла­даць дадатковыя намаганні для таго, каб гарантаваць сітуацыю, калі сістэма сацыяльнай абароны, накіраваная на дзяцей, будзе адпавядаць самым высокім стандартам сацыяльнай інклюзіі”.

Галоўны педыятр Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь Валянціна Іванаўна Валчок засяро­дзіла ўвагу прысутных на дасягненнях і праблемах медыцыны. У прыватнасці, ва ўсіх рэгіёнах дасягнуты прырост дзіцячага насельніцтва, і толькі ў Віцебскай вобласці з году ў год колькасць дзяцей ад агульнай колькасці зніжаецца. Што тычыцца ўзроўню лячэння анкалагічна хворых дзяцей, Беларусь знаходзіцца на 10-м месцы ў свеце, абагнаўшы ЗША, Ізраіль і іншыя краіны, у якія прынята ехаць на лячэнне.

“У нас ёсць усе ўмовы для паспяховага лячэння, адзін з самых высокіх узроўняў даступнасці аказання медыцынскай дапамогі дзецям, і ён быў прызнаны, прычым не намі”, — заявіла выступоўца. І ў той жа час зазначыла, што нам неабходна засяродзіцца на паляпшэнні сітуацыі з хранічнымі дзіцячымі захворваннямі. Сярод іх лідзіруюць захворванні органаў дыхання, вачэй, органаў стрававання, траўмы. Дарэчы, захворванні органаў стрававання раней былі на другім месцы, але дзякуючы гарачаму харчаванню, якім забяспечаны ўсе школьнікі, заўважна знізілася колькасць гэтых захворванняў. І найбольш устры­вожаны медыкі статыстыкай траўмаў і смерцяў малышоў, якія гінуць па недаглядзе бацькоў. Больш за палову смярцей у падлеткавым узросце — гэта траўмы і суіцыды.

Супрацоўніцтва на справе

Падрабязна вопыт рэалізацыі ініцыятывы прадставіла дырэктар Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і мола­дзі На­дзея Васільеўна Васільчанка. Яна паведаміла, што згодна з выніковым дакладам ААН 2015 года па індэксе чалавечага развіцця Рэспубліка Беларусь сярод 188 краін сусветнай супольнасці перамясцілася з 68-га месца ў 2000 годзе на 50-е месца. Сёння Беларусь уваходзіць у групу краін з высокім узроўнем чалавечага развіцця. Усяго адно месца аддзяляе краіну ад краін з вельмі высокім узроўнем чалавечага развіцця. Істотна палепшылася дэмаграфічнае становішча: з 2014 года ўпершыню за апошнія 20 гадоў колькасць жыхароў у краіне пачала расці. Дзіцячае насельніцтва ва ўзросце да 18 гадоў складае 1 824 054 чалавекі, гэта 19,2 % (2014 год — 18,9 %) ад колькасці насельніцтва краіны. Гарад­ское дзіцячае насельніцтва складае 1 427 810 чалавек — 78,3%.

Гаворачы пра гарадскія праблемы, На­дзея Васільеўна зазначыла: “Гарады прадастаўляюць дзецям вялікія магчымасці ў плане развіцця свайго патэнцыялу за кошт якасных паслуг у сферы адукацыі, аховы здароўя, культуры і спорту і інш. У той жа час гарад­ское жыццё падвяргае дзяцей шэрагу пагроз і небяспек. Далучэнне Беларусі да глабальнай ініцыятывы “Горад, дружалюбны да дзяцей” на нацыянальным і рэгіянальным узроўнях дазваляе сёння больш паслядоўна і прадукцыйна вырашаць “гарадскія” праблемы ў інтарэсах і з удзелам дзяцей; вызна­чаць і рэалізоўваць сістэму эфектыўных і ўзаемазвязаных мер, накіраваных на павышэнне дабрабыту падрастаючага пакалення.

Так, дзіцячыя і маладзёжныя праекты і ініцыятывы знаходзяць падтрымку і рэалізуюцца на месцах: праводзяцца мерапрыемст­вы па добраўпарадкаванні гарадоў “Адрас клопату: дом, вуліца, двор”, “Футбольнае поле — школе”, “Прыступкі беражлівасці”, “Зрабі горад ярчэйшым”, “Горад без бар’ераў”. Дзецьмі ствараюцца месцы адпачынку, адкрываюцца дзіцячыя кафэ, рэалізуюцца такія праекты, як “Добрае сэрца”, “Валанцёрскі цэнтр “На­дзея”, “Роўныя магчымасці”, што фарміруюць у дзяцей і мола­дзі пачуццё міласэрнасці і спагады да дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, з абмежаванымі магчымасцямі, пажылых і адзінокіх людзей, право­дзіцца вялікая работа па фарміраванні ЗЛЖ, прафілактыцы супрацьпраўных паводзін.

У перыяд рэалізацыі ініцыятывы праве­дзены такія мерапрыемствы для дзяцей і моладзі, як вучэбныя семінары, круглыя сталы, рэгіянальныя кансультацыі і трэнінгі па абмеркаванні актуальных пытанняў парадку дня ў галіне развіцця чалавецтва пасля 2015 года (прайшлі ў 10-ці гарадах, больш за 210 удзельнікаў); Нацыянальныя дзіцячыя форумы (у 2016 годзе праведзены Х юбілейны форум), конкурсы дзіцячых і мала­дзёжных сацыяльных праектаў, ініцыятыў “Ты ў эфіры!”, “Нашы справы роднаму гораду”, у якіх прынялі ўдзел маладыя аўтары сацыяльных праектаў самай рознай накіраванасці з Пінска, Брэста, Наваполацка, Полацка, Ліды, Навагрудка, Мазыра, Светлагорска, Магілёва, Шклова, Маладзечна, Жодзіна, Салігорска і Мінска, усяго 18 праектаў, трэнінгі па пытаннях узаемадзеяння і інклюзіі (2016 год) і інш.

Планы на будучае

Гаворачы пра планы на найбліжэйшыя гады, удзельнікі канферэнцыі пагадзіліся з Віктарам Якжыкам, які адзначыў, што неабходна будзе працягнуць работу па стварэнні ўмоў для ўсебаковага развіцця дзяцей і моладзі, сацыяльнай адаптацыі і інтэграцыі ў грамадства дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, пашы­раць паслугі ў галіне адукацыі, аховы здароўя, культуры і спорту, укараняць інавацыйныя формы здаровага ладу жыцця, пашыраць прафілактычную работу з моладдзю, істотна ўзмацніць узаема­дзеянне з сям’ёй. Важна сумеснымі намаганнямі стымуляваць самастойнасць і дзелавую ініцыятыву ў дзяцей і моладзі.

Падтрыманы былі і прапановы Рашэда Мустафы Сарвара. Першая з іх — пашырыць ініцыятыву да “Горада, дружалюбнага да дзяцей і моладзі”, каб і падлеткі, і маладыя людзі таксама адыгрывалі актыўную ролю ў гэтай ініцыятыве. Другая — на абласным узроўні стварыць тую структуру, якая б аб’ядноўвала маладзёжныя парламенты і іншыя структуры. І трэцяя яго прапанова — каб у кожным горадзе быў канкрэтны план дзеянняў на год і каб штогод усе іх прадстаўнікі маглі збірацца разам і расказваць пра свае дасягненні.

Святлана НІКІФАРАВА.
Фота прадастаўлена НЦМТДіМ.

 

Мележаўскія чытанні

“Сяброўства без межаў” — дэвіз мерапрыемства на працягу амаль усяго часу яго існавання. Дванаццаць гадоў назад у чытаннях упершыню прынялі ўдзел вучні з Самары, а 10 гадоў назад — з Ірпеня. Агульныя традыцыі аб’ядноўваюць славян, і конкурс даказвае, што сяброўства, сапраўды, без межаў. Сімвалам чатырнаццатых Мележаўскіх чытанняў стала рабіна, таму што гэта любімае дрэва Івана Мележа. Увогуле, канферэнцыя сведчыць аб тым, што імя славутага пісьменніка жыве, людзі яго не забываюць.

З кожным годам з’яўляецца ўсё больш жадаючых прыняць удзел у чытаннях, таму ўжо на працягу апошніх двух гадоў арганізатары праводзяць адборачны этап. Сёлета ў вочны тур прайшлі толькі 92 работы. Дарэчы, многіх удзельнікаў у гэтым годзе парадвала новаўвядзенне: вучні, якія прайшлі адборачны тур, але не змаглі прыехаць на вочны этап, мелі магчымасць прымаць удзел у е-mail-канферэнцыі. Усяго было 45 е-mail-работ.

— Усе работы цікавыя і актуальныя, але ж вельмі многае залежыць ад таго, як работа будзе прадстаўлена вучнем, — падзялілася думкай член журы Таццяна Пархоменка.

— Я чакаю ад вучняў глыбокіх ведаў, упэўненых адказаў на пытанні, — падтрымала яе калега Вольга Лявоненка. — Я заўважыла, што з кожным годам тэмы становяцца больш цікавымі і навуковымі, а адказы — больш якаснымі.

Было відаць, што ўдзельнікі конкурсу хваляваліся. Больш спакойна адчувалі сябе тыя, хто ўжо не першы раз прадстаўляў свае даследаванні на Мележаўскіх чытаннях. А такіх было нямала. Прычым традыцыйна ўдзельнічаюць у конкурсе даследчых работ не толькі навучэнцы ўстаноў адукацыі Гомельшчыны, але і замежныя госці.

Удзельнікі з Самары пасля выступленняў прызналіся, што чытанні заўсёды пакідаюць добрыя ўражанні, а веды пра гісторыю славян сталі больш грунтоўнымі.

Наталля ЛУТЧАНКА.
Настасся ЖЫТНІКАВА.

Як стаць айцішнікам

Далучыць моладзь да індустрыі інфармацыйных тэхналогій і праграмавання, азнаёміць з рознымі прафесіямі ў ІТ-сферы, раскрыць магчымасці іх будучай працы ў гэтай сучаснай галіне паспрабавалі на Гомельшчыне ў рамках канферэнцыі пад назвай ProIT, якая прайшла днямі ў сценах Гомельскага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта імя П.В.Сухога.

Арганізатарамі цікавага мерапрыемства выступілі ўпраўленне адукацыі Гомельскага аблвыканкама, Гомельскі абласны цэнтр тэхнічнай творчасці дзяцей і моладзі і ГДТУ імя П.В.Сухога, з якім цэнтр даўно і паспяхова супрацоўнічае ў прафарыентацыйным кірунку.

Амаль 150 таленавітых юнакоў і дзяўчат з розных устаноў адукацыі рэгіёна сабралася на канферэнцыі, каб узбагаціць свае веды адносна ІТ-сферы, даведацца непасрэдна ад спецыялістаў, хто такі праграміст, якім ён павінен быць і што трэба рабіць, каб стаць прафесіяналам у гэтай галіне. Узрост дзяцей ад 14 да 17 гадоў, і многія з іх, магчыма, ужо зрабілі свой выбар будучай прафесіі. Няхай не ўсе яны стануць айцішнікамі і праграмістамі, затое ў іх застануцца атрыманыя падчас адукацыйнага мерапрыемства веды.

Канферэнцыя складалася з некалькіх частак. Першая ўяўляла сабой выступленні выкладчыкаў палітэха, інакш кажучы, гэта былі лекцыі, на якіх навукоўцы паспрабавалі даць дзецям агульныя веды па праграмаванні і сістэмным адміністраванні, растлумачылі тэндэнцыі і перспектывы развіцця ІТ-прафесій. Загадчык кафедры інфарматыкі тэхнічнага ўніверсітэта Таццяна Ціханенка паведаміла аб магчымасцях установы ў падрыхтоўцы ІТ-спецыялістаў, расказала пра паспяховыя даследчыя праекты студэнтаў. Перад удзельнікамі канферэнцыі выступілі не толькі выкладчыкі, але і запрошаныя спікеры — прадстаўнікі Гомельскага абласнога цэнтра тэхнічнай творчасці дзяцей і моладзі і эксперты гомельскага філіяла кампаніі Epam Systems Аляксандр Ражкоў і Алесь Цвіль. Хлопцам і дзяўчатам было асабліва цікава даведацца ад практыкуючых айцішнікаў пра тое, як яны прыйшлі ў прафесію, з чаго пачыналі, як набіраліся вопыту.

Дзве другія часткі мелі практычны характар і ўключалі ў сябе экскурсію па ўніверсітэце, яго даследчых лабараторыях і цэнтрах, а таксама майстар-класы па робататэхніцы, 3D-мадэляванні, java-праграмаванні і стварэнні вэб-сайтаў.

— Першы вопыт паказаў, што ў школьнікаў да гэтай тэматыкі даволі вялікі і жывы інтарэс, — падзялілася вынікамі дырэктар Гомельскага абласнога цэнтра тэхнічнай творчасці дзяцей і моладзі член арганізацыйнага камітэта Наталля Алейнік. — Асабліва каштоўным для нас, арганізатараў, было тое, што мы змаглі прыцягнуць да ўдзелу навучэнцаў з глыбінкі, дзе ў іх няма магчымасці больш падрабязна разабрацца ў сучасных прафесійных кірунках. А разам з тым сярод гэтых дзяцей шмат таленавітых і старанных, і яны могуць зрабіць паспяховую кар’еру ў запатрабаваных сёння прафесіях.

Пляцоўкай для першай канферэнцыі стаў Гомельскі дзяржаўны тэхнічны ўніверсітэт імя П.В.Сухога. На наступны год арганізатары ма юць намер пашырыць межы і далучыць да ўдзелу ў адукацыйным мерапрыемстве яшчэ дзве ўстановы вышэйшай адукацыі — Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Францыска Скарыны і Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт транспарту.

Наталля ЛУТЧАНКА.

Умацоўваць намаганні па раззбраенні і нераспаўсюджванні зброі

Беларуская дэлегацыя на чале з намеснікам начальніка ўпраўлення міжнароднай бяспекі і кантролю над узбраеннямі Міністэрства замежных спраў Мікалаем Аўсянкай прымае ўдзел у рабоце 8-й агляднай канферэнцыі Канвенцыі аб забароне біялагічнай і таксічнай зброі (КБТЗ), якая праходзіць у Жэневе. Аб гэтым паведамілі ў прэс-службе знешнепалітычнага ведамства.

У ходзе агульнай дыскусіі дэлегацыя Беларусі ў якасці старшынствуючай у АДКБ краіны выступіла з заклікам да дзяржаў — удзельніц КБТЗ прадоўжыць сумесныя намаганні па ўмацаванні канвенцыі на надзейнай юрыдычна абавязковай аснове.

Мікалай Аўсянка падкрэсліў, што КБТЗ з’яўляецца асноватворным інструментам у галіне міжнароднай бяспекі, раззбраення і нераспаўсюджвання.

Прадстаўнік Беларусі заклікаў дзяржавы — удзельніцы КБТЗ прыняць меры, каб адказаць на выклікі, звязаныя з хуткім прагрэсам у навуцы і тэхніцы, процідзеяннем траплянню біялагічных агентаў у рукі недзяржаўных фарміраванняў. Дзяржавы былі праінфармаваны аб мерах, што прымаюцца Беларуссю па ўдасканаленні нацыянальнага заканадаўства, выкананні рэзалюцыі СБ ААН 1540, а таксама аб існуючым патэнцыяле і распрацоўках у галіне біябяспекі.

8-я аглядная канферэнцыя КБТЗ прадоўжыцца да 25 лістапада.

Методыка поспеху

Абласная педагагічная канферэнцыя прайшла 25 жніўня на Віцебшчыне

Па традыцыі напярэдадні Дня ведаў лепшыя настаўнікі і кіраўнікі ўстаноў адукацыі рэгіёна разам з прадстаўнікамі камітэтаў, упраўленняў, аддзелаў аблвыканкама і абласнога камітэта Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі, намеснікамі старшынь і начальнікамі аддзелаў адукацыі, спорту і турызму рай(гар)выканкамаў і адміністрацый раёнаў Віцебска абмеркавалі работу сістэмы адукацыі вобласці за папярэдні навучальны год, падзяліліся перадавым педагагічным вопытам, вызначылі перспектыўныя напрамкі і адзіную стратэгію развіцця на новы навучальны год і бліжэйшую пяцігодку. У рабоце канферэнцыі прынялі ўдзел першы намеснік міністра адукацыі Рэспублікі Беларусь Вадзім Богуш, старшыня Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па ахове здароўя, фізічнай культуры, сямейнай і маладзёжнай палітыцы Аляксандр Цацоха, намеснік старшыні Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па адукацыі, культуры і навуцы Міхаіл Волкаў і намеснік старшыні Віцебскага аблвыканкама Уладзімір Цярэнцьеў. Месцам правядзення вялікага жнівеньскага педсавета сёлета было выбрана Лужасна: шаноўных гасцей прымала Віцебскае кадэцкае вучылішча.

Перад пачаткам пленарнага пасяджэння ўдзельнікаў канферэнцыі запрасілі на адкрытую інтэрактыўную пляцоўку па абмене перадавым педагагічным вопытам. Тут можна было азнаёміцца з дасягненнямі, цікавымі інавацыйнымі праектамі, актуальнымі метадычнымі распрацоўкамі і мультымедыйнымі прэзентацыямі абласных інстытута развіцця адукацыі і вучэбна-метадычнага цэнтра прафесійнай адукацыі, палаца дзяцей і моладзі, устаноў агульнай сярэдняй і прафесійнай адукацыі.
Авацыяй віталі ўсе прысутныя на пасяджэнні ветэранаў педагагічнай працы Аляксандра Меліхава, Ніну Барысенка, Надзею Коршыкаву, Валянціну Калядка, Надзею Задроўскую, Валянціну Ткачэнка, Рэгіну Такарэнка, Міхаіла Валоха, Надзею Іўлеву. Віншаванні са святам і ўручэнне падарункаў старэйшым калегам напярэдадні новага навучальнага года — даўняя і слаўная традыцыя рэгіёна. Для сённяшняга настаўніцтва ветэраны былі і застаюцца выдатным узорам для пераймання, прыкладам прафесіяналізму і самаадданай працы.З асноўным дакладам аб выніках работы сістэмы адукацыі вобласці выступіў начальнік упраўлення адукацыі Віцебскага аблвыканкама Іван Шчурок. Іван Антонавіч даў разгорнуты аналіз і прынцыповую ацэнку сумеснай дзейнасці ўстаноў адукацыі, органаў кіравання адукацыяй, выканаўчай улады, дэпутацкага корпуса, грамадскіх арганізацый па выкананні дзяржаўных і абласных праграм у сферы адукацыі, а таксама акрэсліў асноўныя задачы і прапанаваў для абмеркавання перспектыўную стратэгію развіцця сістэмы адукацыі Віцебшчыны на 2015/2016 навучальны год і наступную пяцігодку. У ліку ключавых напрамкаў былі вызначаны захаванне даступнасці дашкольнай адукацыі, забеспячэнне здароўезберагальнага працэсу ва ўстановах дашкольнай адукацыі на аснове міжведамаснага ўзаемадзеяння; рэалізацыя канцэпцыі профільнага навучання і рост матывацыі, кампетэнтнасці педагагічных работнікаў; актывізацыя інклюзіўных працэсаў у адукацыі, павышэнне якасці інтэграванага навучання і выхавання дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця; інтэнсіфікацыя інавацыйнай дзейнасці; работа над зместам і павышэнне эканамічнай эфектыўнасці дзейнасці ўстаноў адукацыі; пашырэнне спектра адукацыйных праграм прафесійнай і дадатковай адукацыі дарослых і моладзі, стварэнне новых рэсурсных цэнтраў, удасканаленне сістэмы прафесійнай адукацыі і павышэнне прывабнасці рабочых прафесій.
— Усе ўстановы адукацыі вобласці гатовы да пачатку новага навучальнага года і поўнасцю забяспечаны педагагічнымі кадрамі. На Віцебшчыне 1 верасня за школьныя парты сядуць 11 783 першакласнікі (іх больш, чым у мінулым годзе). Для першакласнікаў першы ў жыцці ўрок асабліва важны. Усе яны атрымаюць каштоўны падарунак — вучэбны дапаможнік ад Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнкі “Беларусь — наша Радзіма”. На свой першы ўрок у школьныя аўдыторыі з радасным хваляваннем прыйдуць 530 маладых спецыялістаў. Вядома, што раённыя і гарадскія выканаўчыя камітэты, аддзелы адукацыі, спорту і турызму, пасялковыя выканкамы вядуць вялікую работа па папярэджанні адтоку педагагічных кадраў. Эфектыўнасць гэтых мер відавочная: расце працэнт замацавання маладых спецыялістаў. Але менавіта ад нас, педагогаў, у першую чаргу залежыць, ці застанецца нядаўні студэнт працаваць на сваім першым працоўным месцы. Няхай жа для маладога папаўнення вучнёўскіх і педагагічных калектываў Дзень ведаў стане днём яркім, цікавым, па-сапраўднаму незабыўным, — звярнуўся да педагогаў Іван Шчурок. — У кастрычніку 2015 года пройдзе важная палітычная падзея для нашай краіны — выбары Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. На базе большасці ўстаноў адукацыі будуць размяшчацца выбарчыя ўчасткі. Упэўнены ў вашай выразнай грамадзянскай пазіцыі, адказнасці, мудрасці і палітычнай зоркасці. Напярэдадні Дня ведаў я хачу выказаць шчырыя словы падзякі за вашу нялёгкую, але высакародную працу, вернасць настаўніцкаму абавязку. Дзякуючы вашаму прафесіяналізму, на Віцебшчыне захоўваюцца і прымнажаюцца лепшыя традыцыі школы. З новым навучальным годам, дарагія калегі!
У абмеркаванні даклада прынялі ўдзел намеснік начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму Глыбоцкага райвыканкама Аліна Будзько, начальнікі аддзелаў адукацыі, спорту і турызму Аршанскага райвыканкама Андрэй Загурскі і Віцебскага гарвыканкама Ігар Кіруценка, рэктар ВДУ імя П.М.Машэрава Аляксей Ягораў, намеснік дырэктара Наваполацкага дзяржаўнага прафесійна-тэхнічнага каледжа будаўнікоў Наталля Калдуненка, настаўніца фізікі гімназіі № 7 Віцебска Алена Маруцько. Аліна Будзько прэзентавала эфектыўную мадэль дапрофільнай падрыхтоўкі і профільнага навучання пры рэалізацыі Тыпавога вучэбнага плана ў сельскім раёне, створаную на аснове вопыту педагогаў Глыбоччыны. Андрэй Загурскі азнаёміў з сістэмай прафарыентацыйнай работы з навучэнцамі, якая склалася на Аршаншчыне, і асобна спыніўся на рабоце раённага рэсурснага цэнтра інфармацыйных тэхналогій. Карыстаючыся выпадкам, ён запрасіў у Оршу выпускнікоў 9—11 класаў з Дуброўна, Талачына, Сянна, Лёзна для праходжання тэсціравання з дапамогай пакета псіхадыягнастычных методык “Профіль 2.0”, распрацаваных Рэспубліканскім цэнтрам прафарыентацыі моладзі, і прапанаваў разгледзець пытанне аб прысваенні рэсурснаму цэнтру статусу міжрэгіянальнага. Ігар Кіруценка расказаў, як у сучасных умовах рэалізоўваюцца адукацыйныя запыты навучэнцаў устаноў адукацыі Віцебска.
— Важным і значным для сістэмы адукацыі горада з’яўляецца не толькі вывучэнне і задавальненне адукацыйных патрэб навучэнцаў, але і фарміраванне гэтых патрэб з тым, каб у далейшым дапамагчы выпускніку вызначыцца з прафесійным выбарам, — запэўніў Ігар Юр’евіч.
Шляхі супрацоўніцтва ВДУ імя П.М.Машэрава і ўстаноў адукацыі рэгіёна ў пытаннях падрыхтоўкі педагагічных кадраў прааналізаваў Аляксей Ягораў. Наталля Калдуненка акцэнтавала ўвагу на дзейнасці прафесійна-тэхнічнага каледжа як шматузроўневай установы адукацыі, якая забяспечвае якасць падрыхтоўкі спецыялістаў.
— Сёння для работы настаўніка ёсць усё, нават дыдактычныя сцэнарыі ўрокаў, — нагадала Алена Маруцько. — І ўсё ж, калі настаўнік жадае быць паспяховым, ён павінен пастаянна самаўдасканальвацца, развіваць сваё прафесійнае майстэрства. Любыя перамогі на алімпіядах і конкурсах, высокія вынікі на ЦТ — гэта не шчаслівы латарэйны білет, а пастаянная сумесная праца вучня, настаўніка і бацькоў. Менавіта настаўнік павінен быць генератарам развіцця інтарэсаў навучэнца, яго інтэлектуальнага патэнцыялу.
— Гаворачы аб профільным навучанні, неабходна ўсведамляць: мы не вяртаемся да таго, што ў сістэме адукацыі было раней, падобнае вяртанне не мае сэнсу, — адзначыў намеснік старшыні Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па адукацыі, культуры і навуцы Міхаіл Волкаў.
На думку Міхаіла Мікалаевіча, у профільных класах павінны вучыцца матываваныя дзеці, здольныя да паспяховага засваення праграмы, адбор вельмі важны. Для паспяховай рэалізацыі профільнага навучання неабходна многае, разам з тым аснова — якасныя праграмы, падручнікі і паспяховы настаўнік. Прэстыж прафесіі настаўніка ў многім залежыць ад дзяржавы, але найперш ад педагога, яго асобы, таленту, ведаў, майстэрства. Калі настаўнік — добры метадыст і прадметнік, нарэшце проста добры чалавек, то дзіцяці ў яго камфортна вучыцца. Дэпутат даў станоўчы водгук ідэі вывесці прафтэхадукацыю на ўзровень бакалаўрыята праз сістэму бесперапыннай адукацыі.
Высокую ацэнку рабоце педагогаў Віцебскай вобласці даў першы намеснік міністра адукацыі Рэспублікі Беларусь Вадзім Богуш. Задачы, пастаўленыя сёння перад беларускімі настаўнікамі, складаныя і амбіцыйныя. Трэба якасна правесці пераход на профільнае навучанне, прычым складнікі тут досыць простыя: меркаванне педагагічнага калектыву, бацькоў і вучняў, падрыхтаванасць матэрыяльна-тэхнічнай і навукова-педагагічнай базы. На думку Вадзіма Анатольевіча, калі ўсе яны працуюць на агульны вынік, поспех гарантаваны. Другі напрамак — прафарыентацыя. Віцебшчына тут мае пазітыўны вопыт работы, разам з тым існуюць падставы гаварыць пра пэўныя рэзервы. Вадзім Анатольевіч падкрэсліў: прафарыентацыйная работа павінна ісці не толькі на ўзроўні “дырэктар установы адукацыі — прадпрыемству”, але і ў адваротным напрамку, і папрасіў райвыканкамы звярнуць увагу менавіта на такую пастаноўку праблемы. Што тычыцца ініцыятыў, звязаных з прафесійна-тэхнічнай адукацыяй, то яе змест патрабуе дынамічнага змянення. Нельга трапіць у пастку, калі каледж ператворыцца ў падрыхтоўчы факультэт УВА. Гэта асобная ступень з дакладна акрэсленымі задачамі.
Ад імя абласной выканаўчай улады і асабіста старшыні аблвыканкама Мікалая Шарснёва, абласнога Савета дэпутатаў удзельнікаў канферэнцыі павітаў і павіншаваў з надыходзячым новым навучальным годам Уладзімір Цярэнцьеў. Радасным і кранальным момантам канферэнцыі стала ўзнагароджанне лепшых настаўнікаў. Нагрудны знак “Выдатнік адукацыі Рэспублікі Беларусь” Вадзім Богуш уручыў дырэктару Верхнядзвінскай гімназіі Галіне Васёха, намесніку дырэктара па вучэбна-вытворчай рабоце Полацкага дзяржаўнага хіміка-тэхналагічнага каледжа Наталлі Анціпавай і дырэктару сярэдняй школы № 6 Віцебска Іі Кучко. Ганаровую грамату Міністэрства адукацыі атрымаў настаўнік гісторыі Віцебскага кадэцкага вучылішча Мікалай Півавар, граматы Міністэрства адукацыі — начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму адміністрацыі Кастрычніцкага раёна Віцебска Андрэй Пахолкін і выхавальнік ясляў-сада № 2 Лёзна Валянціна Сакалова. Многія іх калегі былі адзначаны ганаровымі граматамі і граматамі Віцебскага аблвыканкама, абласнога Савета дэпутатаў, упраўлення адукацыі аблвыканкама, абласнога камітэта Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі.
Заключным акордам канферэнцыі стала святочная канцэртная праграма, падрыхтаваная юнымі артыстамі Прыдзвіння ў падарунак любімым настаўнікам.

Таццяна БОНДАРАВА.
Фота аўтара.

З добрай традыцыі да новых дасягненняў

Каляндар адлічвае апошнія дні летніх канікул. Яшчэ крыху — і пералівістыя школьныя званкі паведамяць аб пачатку новага навучальнага года. Да свята Дня ведаў рыхтуюцца не толькі вучні, але і педагогі. Для настаўніцкай грамадскасці канец жніўня — час традыцыйных жнівеньскіх канферэнцый, на якіх падводзяцца вынікі работы, вызначаюцца прыярытэты на будучыню. У мінулы аўторак для дыялогу ў адкрытым фармаце сустрэліся педагогі Магілёўшчыны.

Жнівеньская канферэнцыя сабрала разам прадстаўнікоў педагагічных калектываў, старшынь, намеснікаў старшынь, начальнікаў упраўленняў і аддзелаў адукацыі рай(гар)выканкамаў, кіраўнікоў навучальных устаноў рэгіёна. Ганаровымі гасцямі мерапрыемства сталі старшыня аблвыканкама Уладзімір Даманеўскі, памочнік прэзідэнта галоўны інспектар па Магілёўскай вобласці Генадзь Лаўранкоў, намеснік міністра адукацыі Раіса Сідарэнка.У раённым цэнтры Асіповічы ўспаміналі пра справы і поспехі абласной сістэмы адукацыі ў мінулым навучальным годзе, пазначалі задачы на год надыходзячы. Удзельнікі педагагічнага форуму наведалі Асіповіцкую гімназію, раённы цэнтр фізічнай падрыхтоўкі, спецыяльную агульнаадукацыйную школу-інтэрнат, дэталёва пазнаёміліся з іх дзейнасцю і зазірнулі на разнапланавыя секцыі, дзе лепшыя педагогі вобласці разглядалі найбольш актуальныя напрамкі ў адукацыі. Настаўніцтва Магілёўшчыны абменьвалася вопытам, думкамі і меркаваннямі наконт эфектыўнага кіравання навучальнымі ўстановамі, методык выкладання вучэбных прадметаў, фарміравання навыкаў здаровага ладу жыцця ў школьнікаў, развіцця інклюзіўнай адукацыі, удасканалення якасці вучэбнага працэсу.
Усім гэтым тэмам была ўдзелена павышаная ўвага і падчас пленарнага пасяджэння, якое адбылося ў раённым выканаўчым камітэце. Да прыходу ўдзельнікаў канферэнцыі ў фае будынка разгарнулася выстава дасягненняў адукацыйнай галіны рэгіёна. Дашкольная, агульная сярэдняя, прафесійная, спецыяльная, вышэйшая, дадатковая адукацыя, фізкультура і спорт, навукова-метадычнае забеспячэнне вучэбнага працэсу — усюды ёсць свае, значныя поспехі. Але, нягледзячы на гэта, па-ранейшаму прысутнічаюць і праблемныя моманты, якія патрабуюць вырашэння. Іх агучыў начальнік упраўлення адукацыі аблвыканкама Уладзімір Рыжкоў.— Органамі кіравання, установамі адукацыі забяспечана стабільнае функцыянаванне галіны, дасягнуты добрыя вынікі. Існуючая сетка навучальных устаноў цалкам задавальняе запыт насельніцтва, значна ўдасканалена матэрыяльна-тэхнічная база ўстаноў адукацыі, назіраецца і шмат іншых станоўчых аспектаў развіцця. Лепшае пацвярджэнне гэтага — бліскучыя перамогі, атрыманыя магілёўскімі школьнікамі на рэспубліканскіх і міжнародных алімпіядах, конкурсах і спартыўных спаборніцтвах. Але ёсць і праблемы, галоўная з якіх — кадравае забеспячэнне, — адзначыў Уладзімір Уладзіміравіч.
Па словах Уладзіміра Рыжкова, аб кадравым дэфіцыце пакуль гаварыць рана. Нягледзячы на недахоп настаўнікаў асобных профіляў, у цэлым установы адукацыі педагогамі забяспечаны. Але значная частка педагагічных работнікаў — сталага, а то і пенсійнага ўзросту. Выпускнікі не гараць жаданнем атрымліваць педагагічныя спецыяльнасці, а маладыя спецыялісты — заставацца ў сістэме адукацыі. Для пералому сітуацыі неабходна актывізаваць работу па павышэнні прэстыжу прафесіі педагога, прафарыентацыі школьнікаў, заключэнні мэтавых дагавораў на навучанне. Не варта забываць і пра пачынаючых педагогаў, аказваючы ім дапамогу. Шэраг стымулюючых мер па падтрымцы маладых настаўнікаў у вобласці ўжо прыняты, і іх замацавальнасць узрасла. Сёння яна складае звыш 60 працэнтаў.— Неабходна і далей плённа працаваць у гэтым кірунку. Тады і цікавасць да прафесіі настаўніка з’явіцца, і вяртацца працаваць маладыя людзі будуць у родную вобласць, — падкрэсліў Уладзімір Уладзіміравіч.
Адпаведны падыход да работы ўсебакова выкарыстоўваюць у Бабруйску. І вынік дасягнуты той, да якога трэба імкнуцца астатнім. Практычна ва ўсіх установах адукацыі горада педагогамі зараз працуюць былыя выпускнікі. У некаторых жа навучальных установах выпускнікі складаюць чвэрць педагагічнага калектыву. Як адзначыла начальнік упраўлення адукацыі, спорту і турызму Бабруйскага гарвыканкама Ірына Рынейская, яны спадзяюцца на павелічэнне гэтага паказчыка, бо сёлета на базе сярэдняй школы № 4 адкрываецца профільны педагагічны клас.
Станоўчых напрацовак настаўнікі Бабруйска дасягнулі і ў рабоце з адоранымі навучэнцамі. У горадзе выбудавалі пакрокавую сістэму работы з таленавітымі дзеткамі, якая пачынаецца з дашкольнага ўзросту. Уключаны ў гэтую сістэму не толькі педагогі, але і бацькі. Ім расказваюць, як правільна аказаць маральна-псіхалагічную падтрымку сваім юным вундэркіндам. Ну а настаўнікі вырашылі працаваць у адным ключы. У горадзе стварылі адзіную сетку метадычных аб’яднанняў педагогаў-прадметнікаў, цэнтры па рабоце з адоранымі навучэнцамі, спецыяльныя трэнерскія клубы. Аб эфектыўнасці такой сістэмы лепш за ўсё гавораць дасягненні дзяцей. Вучні бабруйскіх школ з’яўляюцца пераможцамі заключнага этапу рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах, міжнародных алімпіяд. Выніковасць іх удзелу ў алімпіядным руху літаральна за некалькі гадоў павысілася ў два разы. Годны прыклад для пераймання, таму яго вырашана было актыўна ўкараняць у іншых раёнах.
Станоўчага вопыту ў пэўных кірунках дасягнулі многія. Так, у Дрыбіне стварылі эфектыўную мадэль работы па прадухіленні сацыяльнага сіроцтва, дзякуючы якой удаецца пазбегнуць адабрання дзяцей з сем’яў. У Магілёўскім дашкольным цэнтры развіцця дзіцяці плённа працуюць над арганізацыяй платных адукацыйных паслуг. Ва ўстанове дзейнічаюць платныя групы на аснове частковай самаакупнасці, прапануюцца платныя паслугі звыш базавага кампанента. Бацькі задаволены паслугамі, якія аказваюцца за дадатковую плату. А дашкольнай установе сродкі, заробленыя за кошт пазабюджэтнай дзейнасці, дазваляюць удасканальваць матэрыяльую базу, а таксама павялічваць заработную плату выхавальнікаў. Плюсы відавочныя. Таму падобныя станоўчыя напрацоўкі ў бліжэйшы час будуць распаўсюджаны па ўсёй вобласці.Тое, што ў Магілёўшчыны нядрэнныя паказчыкі работы, заўважыла і намеснік міністра адукацыі Раіса Сідарэнка. Вядома, ёсць і недапрацоўкі. Але гэта значыць, што ёсць куды рухацца далей. Асаблівую падзяку намеснік міністра выказала старшыні аблвыканкама.
— Рэдкі выпадак, калі на канферэнцыі педагогаў можна ўбачыць усіх старшынь райвыканкамаў разам са сваімі намеснікамі. Значыць, тое, што адбываецца ў адукацыі, важна для кожнага жыхара рэгіёна, — адзначыла Раіса Станіславаўна.
Па яе словах, прыцягнуць моладзь у педагогіку можа толькі сам настаўнік, які павінен стаць наглядным прыкладам прэстыжнасці гэтай прафесіі. Для таго ж, каб моладзь вярталася на малую радзіму, неабходна працаваць з дзецьмі, дапамагаць ім знайсці сябе ў прафесійнай сферы.
Акрамя агляду вынікаў работы адукацыйнай галіны вобласці, Раіса Сідарэнка акрэсліла асаблівасці надыходзячага навучальнага года. Раіса Станіславаўна падрабязна растлумачыла, як будзе ажыццяўляцца профільнае навучанне, расказала пра новыя тыпавыя вучэбныя планы і праграмы.
Лейтматывам выступлення старшыні аблвыканкама Уладзіміра Даманеўскага таксама стала кадравае пытанне. Губернатар засяродзіў увагу прысутных на тым, што сфера адукацыі павінна ўлічваць патрэбы ў кадрах, хутка рэагаваць на запыты рынку працы, а таксама паляпшаць якасць падрыхтоўкі рабочых.
— Неабходна фарміраваць у дзяцей паважлівае стаўленне да прадстаўнікоў розных прафесій. Важную ролю ў гэтым плане адыгрываюць установы дадатковай адукацыі, магчымасці якіх неабходна максімальна выкарыстоўваць, — сказаў Уладзімір Віктаравіч.
На думку кіраўніка рэгіёна, адным з рашэнняў кадравай праблемы стане стварэнне абласной мадэлі прафарыентацыі, якая будзе фарміраваць прафесійнае вызначэнне яшчэ з пачатковай школы. Выразна прадуманая сістэма дазволіць кожнаму маладому чалавеку правільна выбраць будучую прафесію.
Адметна, што асаблівая ўвага ў час пленарнага пасяджэння была ўдзелена педагогам, якія за мінулы навучальны год унеслі дастойны ўклад у развіццё адукацыі вобласці. Гэтыя настаўнікі былі адпаведна адзначаны. Заслужаныя ўзнагароды атрымалі педагогі, якія падрыхтавалі пераможцаў заключнага этапу алімпіяды па вучэбных прадметах. Ганаровыя граматы ад Міністэрства адукацыі, абласнога выканаўчага камітэта былі ўручаны шматлікім настаўнікам за добрасумленную працу. А намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце сярэдняй школы — каледжа мастацтваў Бабруйска Алена Вяроўкіна, дырэктар Лапіцкай сярэдняй школы Асіповіцкага раёна Мікалай Пісьмянкоў і настаўнік працоўнага навучання Асіповіцкай спецыяльнай агульнаадукацыйнай школы-інтэрната для дзяцей з парушэннямі функцый АРА Анатоль Невядомскі былі ўзнагароджаны нагруднымі знакамі “Выдатнік адукацыі”.
На такой прыемнай ноце чарговая абласная педагагічная канферэнцыя была завершана. Цяпер эстафету падхопяць раёны, у кожным з якіх традыцыйна пройдуць свае педагагічныя форумы.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота аўтара.

Ад інтэрната да сям’і

Дзесяць гадоў у Беларусі рэалізоўваецца праект Міжнароднага дзіцячага фонду “Развіццё паслуг для ўразлівых груп насельніцтва”. Азірнуцца на пройдзены шлях на выніковай канферэнцыі сабраліся прадстаўнікі фонду, спецыялісты сістэмы абароны дзяцінства, адукацыі, іншых дзяржаўных устаноў нашай краіны, а таксама людзі, якім праект дапамог чагосьці дасягнуць у жыцці, вырашыць пэўныя праблемы.
Пры гэтым, канечне, тыя, хто сабраўся ў Мінскім міжнародным адукацыйным цэнтры імя Ё.Рау, не толькі падводзілі вынікі, але і прадстаўлялі перадумовы далейшага развіцця вынікаў праекта. І галоўнай была думка аб тым, што толькі аб’яднаныя намаганні дзяржавы, грамадскіх арганізацый і асобных людзей прыводзяць да жаданага выніку. Хаця, як сказала адна з удзельніц канферэнцыі, і адзін у полі воін, калі ўпарта дабіваецца сваёй мэты, запальваючы ідэяй іншых.

Пачыналася з малога

Рэалізацыя праекта была накіравана на тое, каб замацаваныя законам правы дзіцяці ― права на жыццё без насілля, на жыццё ў сям’і, на адукацыю — былі цалкам даступнымі для найбольш уразлівых груп дзяцей: малых з інваліднасцю, сірот, дзяцей, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы.
Зараз мы можам гаварыць пра тое, што ў Беларусі ўсё больш малых, якія аказаліся без апекі бацькоў, застаюцца на сямейных формах выхавання, усё менш дзяцей, якія трапляюць у інтэрнаты. Па даных Міжнароднага дзіцячага фонду, у населеных пунктах, якія цесна супрацоўнічалі з праектам, доля дзяцей, якія трапляюць у інтэрнатныя ўстановы, блізкая да 0%, у 36% раёнаў Беларусі дзяцей наогул не адпраўляюць у інтэрнаты.
— Хачу падзякаваць Міністэрству адукацыі за ўсю тую падтрымку, якую на нацыянальным узроўні яно аказала праекту, — сказала, адкрываючы канферэнцыю, дырэктар прадстаўніцтва Міжнароднага дзіцячага фонду ў Рэспубліцы Беларусь Ірына Міронава. — Мы ўдзячны інстытутам развіцця адукацыі, цэнтрам карэкцыйна-развіццёвага навучання, СПЦ, камісіям па справах непаўналетніх, установам вышэйшай адукацыі, грамадскім арганізацыям і ўсім іншым за сумесную работу.
Далей яна расказала, што на момант пачатку праекта каля 65% дзяцей-сірот аказваліся ў інтэрнатах. Пры гэтым прыкладна 90% гэтых дзяцей мелі бацькоў, г.зн. былі сацыяльнымі сіротамі, а інстытут прыёмнага бацькоўства толькі пачынаў развівацца. Першапачаткова праект (пры падтрымцы Агенцтва ЗША па міжнародным развіцці) рэалізоўваўся ў пяці беларускіх гарадах: Валожыне, Жодзіне, Кобрыне, Оршы і Чавусах. Зараз вопыт праекта распаўсюджаны на 168 населеных пунктаў.
— Прапанаваная мадэль спрацавала, — упэўнена І.Міронава. — Адбылося рэзкае падзенне колькасці дзяцей, якіх адпраўляюць у інтэрнатныя ўстановы, — гэта тычыцца і мясцовага ўзроўню, нашых партнёраў, і краіны ў цэлым. Ды і колькасць інтэрнатных устаноў знізілася на 36% за 10 гадоў. А яшчэ ў спадчыну пасля завяршэння праекта застаюцца тысячы падрыхтаваных спецыялістаў, застаюцца вопыт, адаптаваныя інавацыйныя методыкі і праграмы, стандарты абароны дзяцінства, трэнерскія каманды і, канечне, наша работа з УВА і інстытутамі развіцця адукацыі. 100% універсітэтаў, якія рыхтуюць сацыяльных педагогаў, і 100% абласных ІРА, якія рыхтуюць такіх педагогаў і псіхолагаў, атрымалі трэнераў па ўсіх нашых праграмах і паспяхова рэалізоўваюць гэтыя праграмы самастойна.
Кіраўнік прадстаўніцтва фонду ў Беларусі расказала пра вынікі і перспектывы рэалізацыі праекта “Пашырэнне ўдзелу людзей з інваліднасцю ў грамадскім жыцці і працэсе прыняцця рашэнняў”, заўважыўшы, што зараз у галіновым міністэрстве створана канцэпцыя інклюзіўнай адукацыі, у тым ліку пры пэўным удзеле Міжнароднага дзіцячага фонду і грамадскіх арганізацый. Мяркуецца, што канцэпцыя будзе прынята ў хуткім часе.
— Гэта вялікі крок наперад, і мы ганарымся тым, што маем дачыненне да гэтага, — дадала Ірына Міронава. — Пілотныя праекты па інклюзіўнай адукацыі, якія былі рэалізаваны ў фармаце “дзіцячы сад — школа — універсітэт” — гэта бясцэнны вопыт, які можна распаўсюджваць і далей. У нас было рэалізавана больш за сто ініцыятыў, што тычыліся адукацыі, працаўладкавання, спорту, сацыяльнай падтрымкі людзей з інваліднасцю. Самае цікавае, што яны не толькі былі створаны для людзей з інваліднасцю, але і людзьмі з інваліднасцю.

Уласны вопыт

Пра тое, як усё пачыналася і да чаго прывяло, расказала дырэктар сацыяльна-педагагічнага цэнтра Жодзіна Людміла Міхайлаўна Музычэнка.
— На 2005 год у нас у горадзе, лічу, не было міжведамаснай каманды, якая б у поўным складзе падключалася да праблем сям’і, — адзначыла яна. — У кожным рэгіёне, таксама і ў нас, былі інтэрнаты, прычым даволі вялікія. Многае з таго часу змянілася.
Людміла Міхайлаўна расказала, што на той час у Жодзіне існавалі дзве інтэрнатныя ўстановы — дашкольны дзіцячы дом, у якім выхоўваліся 200 малых, і школа-інтэрнат, у якой было больш чым 200 хлопчыкаў і дзяўчынак. А зараз ідзе ўжо трэці год, як Жодзінскую школу-інтэрнат закрылі, а ў дашкольным дзіцячым доме колькасць выхаванцаў не перавышае 60.

Праект “Развіццё паслуг для ўразлівых груп насельніцтва” ажыццяўляўся з удзелам амаль 1500 партнёраў — дзяржаўных і грамадскіх арганізацый, якія працуюць у сферы абароны правоў дзяцей-сірот, дарослых і дзяцей з інваліднасцю.

— Мы імкнуліся падключыцца да кожнага праекта праграмы Міжнароднага дзіцячага фонду, — заўважыла Л.М.Музычэнка. — Гэта і курсы прыёмных бацькоў і ўсынавіцеляў, і інфармацыйная кампанія “Дзяцінства без жорсткасці і насілля”, і сямейна-арыентаваны падыход у рабоце з нядобранадзейнымі сем’ямі, які даў нам вельмі многа для развіцця, і шмат чаго яшчэ.
Па словах спецыяліста, у Жодзіне пачалі прадастаўляцца новыя паслугі для дзяцей і сем’яў, былі падрыхтаваны каманды трэнераў па ўсіх праграмах, распрацаваны і зацверджаны міжведамасныя дакументы для эфектыўнага ўзаемадзеяння, навучана міжведамасная каманда аховы дзяцінства.
Асабліва дырэктар Жодзінскага СПЦ спынілася на рэалізацыі праекта “Адкрыты свет”. Спецыяліст лічыць, што дзякуючы яму ў горадзе сфарміравана гатоўнасць да інклюзіўнага падыходу і ў педагогаў устаноў дашкольнага выхавання, і ў бацькоў. Жыхары горада атрымалі інфармацыю аб дзецях з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця і аб наступствах для іх ізаляцыі ад здаровых равеснікаў.
Юныя жодзінцы з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, як расказала Людміла Міхайлаўна, зараз наведваюць звычайныя ўстановы адукацыі па месцы жыхарства — зроблены першыя крокі па стварэнні ўніверсальнага адукацыйнага асяроддзя для падтрымкі ўсіх навучэнцаў. Акрамя таго, яшчэ ў 2007 годзе ў горадзе па ініцыятыве аддзела адукацыі і сацыяльна-педагагічнага цэнтра створана і зацверджана рашэннем гарвыканкама гарадская сістэма абароны дзяцінства. Яна ўключае ў сябе наступныя часткі: ранняе выяўленне сямейнай нядобранадзейнасці, сацыяльнае расследаванне, міжведамаснае ўзаемадзеянне ў рабоце па рэабілітацыі нядобранадзейных сем’яў і іх суправаджэнне. Раз у два гады на пасяджэнне гарвыканкама выносіцца пытанне аб гарадской сістэме абароны дзяцінства. Важна, што ўсе спецыялісты горада навучаны сямейна-арыентаванаму падыходу, навучаюцца і міжведамасныя каманды.
У Жодзіне ёсць дзве прыёмныя дзяжурныя сям’і, што прымаюць дзяцей да трох гадоў, якіх адабралі ў бацькоў. Такім чынам, малыя ўжо шмат гадоў не трапляюць у дом дзіцяці. Да таго ж існуе рашэнне гарвыканкама аб будаўніцтве дзіцячага дома сямейнага тыпу для самых маленькіх. А яшчэ ў горадзе працуе кругласутачная гарачая лінія, якая прымае сігналы аб цяжкіх сітуацыях у сям’і, дзейнічае служба тэрміновага рэагавання. Ёсць і іншыя праграмы, накіраваныя на работу з нядобранадзейнымі сем’ямі, дзецьмі, якія трапілі ў складаныя жыццёвыя сітуацыі. Напрыклад, група дзённага знаходжання для дзяцей, у сем’ях якіх часова склалася нейкая цяжкая сітуацыя. На базе групы працуе аздараўленчы лагер, які дзейнічае ў тры змены. У выніку ўсёй работы пачынаючы з 2007 года ні адно дзіця з раёна не трапіла ў інтэрнатную ўстанову.
Пра свой вопыт работы з уразлівымі групамі насельніцтва расказалі і прадстаўнікі іншых рэгіёнаў Беларусі — з Чавус, Баранавіч, Брэста і іншых. Так, спецыяліст з Чавус зазначыла, што за апошнія сем гадоў у раёне дзеці не накіроўваліся ў інтэрнатныя ўстановы, некалькі гадоў тут няма адбірання малых з сем’яў. У раёне нават няма дзяцей, якім неабходна ўладкаванне ў прыёмныя сем’і, спецыялісты зараз накіроўваюць свае намаганні на работу па ўсынаўленні малых.
Перад прысутнымі выступіла старшыня грамадскай арганізацыі інвалідаў “Асаблівы свет” Алена Сяркульская, якая расказала і пра работу з дзецьмі, якія разам з бацькамі навучаюцца бальным танцам на калясках, і пра работу непасрэдна з бацькамі, і наогул пра ўдзел грамадскага аб’яднання ў дзейнасці па змяненні становішча дзяцей з інваліднасцю ў грамадстве. “Дабіцца навучання дзяцей з інваліднасцю ў звычайнай школе можна, — упэўнена Алена, — толькі трэба ведаць, навошта гэта, розныя ж бываюць сітуацыі. Галоўнае, каб у кожнага была магчымасць такога выбару”.
У адукацыйны цэнтр прыехала і Маргарыта Шніп, выпускніца курса лідарства для моладзі фонду, член маладзёжнага грамадскага аб’яднання “Откровение”, каб расказаць пра свой вопыт уваходжання ў свет здаровых людзей.
— У мяне ніколі не было аднакласнікаў, я вучылася дома, — расказала дзяўчына ў інваліднай калясцы. — І мне здавалася неверагодна складаным кантактаваць са здаровымі людзьмі, але дзякуючы вучобе на курсах я зразумела, што ўсё магчыма. І, думаю, такія зносіны больш патрэбны нават не нам, а менавіта здаровым людзям.

***

…З экрана на ўдзельнікаў канферэнцыі глядзелі дзеці — маленькая Вера з Полацка, у якой сіндром Даўна, чые бацькі і бабулі з дзядулямі разгарнулі актыўную кампанію па сацыялізацыі такіх дзяцей і тым самым далі вялікую веру сем’ям, у жыццё якіх увайшла гэтая хвароба. Глядзелі ўдзельнікі фотамарафону па ацэнцы безбар’ернага асяроддзя таксама ў Полацку, якія з дапамогай родных і сяброў паспрабавалі на інвалідных калясках трапіць у розныя ўстановы горада (атрымалася не так дрэнна, хоць і не ідэальна). Глядзеў студэнт Баранавіцкага дзяржаўнага ўніверсітэта Улад — адзін з больш чым дваццаці маладых людзей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, якія навучаюцца ў гэтай УВА. Глядзелі выхаванцы сацыяльнага прытулку з Глыбокага, якія расказвалі пра свае мары. Яна адна на ўсіх: хутчэй вярнуцца дамоў, і каб маці і тата не пілі. А ў выхаванцаў Дзівінскага дзіцячага дома (Брэсцкая вобласць), выпускнікоў тутэйшай базавай школы, для якіх даўно ўжо няма іншага дому, акрамя гэтага, мары дарослыя: адкрыць уласны салон прыгажосці, стаць аўтамеханікам, шэф-кухарам, стварыць сям’ю.

Марына ХІДДЖАЗ.
Фота аўтара.

Кіраваць выпадкам — кіраваць жыццём

За апошнія пяць гадоў колькасць зноў выяўленых дзяцей-сірот значна знізілася — у 2013 годзе на 30% у параўнанні з 2009 і на 50% у параўнанні з 2007 гадамі. Колькасць адмаўленняў бацькоў ад дзяцей за апошнія 12 гадоў таксама стала значна меншай — больш чым у пяць разоў. Змяншаецца і колькасць бацькоў, пазбаўленых бацькоўскіх правоў. За апошнія пяць гадоў — на 61%. І, наадварот, павялічылася колькасць бацькоў, адноўленых у бацькоўскіх правах.
Усё гэта — вынік мэтанакіраванай работы, якую спецыялісты па ахове дзяцінства называюць ёмістым словам “сямейна-арыентаваны падыход”. І выдатна, што ў гэтую работу з часам уключаюцца і грамадскія арганізацыі.
Пра адметны вопыт такой работы расказалі ўдзельнікі канферэнцыі, арганізаванай цэнтрам сацыяльна-эканамічных даследаванняў CASE Belarus і дабрачыннай грамадскай арганізацыяй “Беларускі фонд SOS-Дзіцячая вёска”.

Дабрачынная грамадская арганізацыя “Беларускі фонд SOS-Дзіцячая вёска” дзейнічае ў Беларусі з 1994 года, яго мэта — забяспечыць выхаванне дзяцей у клапатлівым сямейным асяроддзі. Фонд з’яўляецца членам міжнароднай грамадскай арганізацыі “SOS-Кіндэрдорф Інтэрнацыяналь”, што дзейнічае ў 132 краінах свету. На сёння ў нашай краіне працуюць тры SOS-Дзіцячыя вёскі: у Бараўлянах, Мар’інай Горцы і Магілёве.
SOS-Дзіцячая вёска аказвае паслугі дзецям, якія рызыкуюць страціць бацькоўскую апеку; дзецям, якія засталіся без апекі бацькоў, і дзецям-сіротам па некалькіх напрамках. Гэта і доўгатэрміновая апека на базе сямейнага выхавання ў SOS-сем’ях. І ўмацаванне сям’і і прафілактыка сацыяльнага сіроцтва — падтрымка сем’яў у цяжкай жыццёвай сітуацыі для іх захавання і ўмацавання. І работа з мясцовымі супольнасцямі, накіраваная на тое, каб супольнасці (уключаючы школы, бальніцы, грамадскія арганізацыі і г.д.) лепш рэагавалі на сітуацыю з дзецьмі, якія знаходзяцца на мяжы страты бацькоўскага клопату.
— Лепшым спосабам падтрымкі паўнавартаснага развіцця дзяцей з’яўляецца ўмацаванне і захаванне сям’і. Таму такая важная прафілактычная работа з сям’ёй, нацэленая на паляпшэнне ўмоў яе жыцця і фарміраванне навыкаў самастойна спраўляцца з цяжкасцямі, — адзначыла падчас канферэнцыі прадстаўнік грамадскай арганізацыі “Беларускі фонд SOS-Дзіцячая вёска” Алеся Чарняўская. — Адрозненне работы грамадскай арганізацыі ад дзяржаўных структур па ахове дзяцінства найперш у тым, што мы працуем з сем’ямі на самых ранніх этапах праяўлення нядобранадзейнасці ці нават толькі пры магчымасці ўзнікнення такой сітуацыі, яшчэ да таго, як сям’я афіцыйна атрымала статус той, што знаходзіцца ў сацыяльна небяспечным становішчы. Разам з тым нашы спецыялісты працуюць у звязцы з прадстаўнікамі мясцовых сацыяльна-педагагічных цэнтраў па рэабілітацыі тых сем’яў, якія ўжо афіцыйна прызнаны тымі, што маюць патрэбу ў дапамозе.
У рамках напрамку па ўмацаванні сям’і і прафілактыцы сацыяльнага сіроцтва на базе SOS-Дзіцячых вёсак былі створаны падраздзяленні — сацыяльныя цэнтры: Сацыяльны цэнтр маці і дзіцяці імя Германа Гмайнера (Бараўляны), Сацыяльны цэнтр “Шчаслівы малыш” (Мінск), Сацыяльны крызісны цэнтр для жанчын (Магілёў) і Цэнтр “Ранняе прадухіленне сацыяльнага сіроцтва” (Мар’іна Горка).
— Гэтыя сацыяльныя цэнтры працуюць з сем’ямі, у якіх ёсць рызыка адбірання дзяцей, — расказала Юлія Чарняўская. — Часцей за ўсё гэта маладыя сем’і, дзе бацькі з прычыны розных абставін (непадрыхтаванасць да сямейнага жыцця і ўсвядомленага бацькоўства, нізкі дастатак, асаблівасці псіхафізічнага развіцця членаў сям’і, нізкі сацыяльны статус і інш.) не спраўляюцца са сваімі абавязкамі. У рабоце з сям’ёй спецыялісты SOS-Дзіцячая вёска выкарыстоўваюць метад кіравання выпадкам, або кейс-менеджмент (адпаведна спецыяліст, які працуе з сям’ёй, — гэта куратар сям’і або кейс-менеджар). Гэты падыход быў цалкам укаранёны ў 2013 годзе, а асобныя яго элементы выкарыстоўваліся з 2004 года.
Сям’я групы рызыкі трапляе ў сацыяльныя цэнтры двума шляхамі. Першы — гэта самастойны зварот (непасрэдна ці на тэлефон гарачай лініі) па парадзе знаёмых, спецыялістаў сацслужб, пасля рэкламы ў СМІ, грамадскім транспарце, пасля сустрэчы са спецыялістамі цэнтраў па месцы працы ці вучобы. Другі — па накіраванні тэрытарыяльных цэнтраў сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва або іншых органаў сацыяльнай абароны, з якімі ёсць такая дамоўленасць.
Супрацоўнікі сацыяльных цэнтраў могуць прысутнічаць на наведванні сям’і службамі апекі, а таксама на пасяджэннях камісіі па справах непаўналетніх па пытаннях адбірання дзіцяці.
— Міжнародны вопыт паказвае, што эфектыўныя дзеянні па прафілактыцы сацыяльнага сіроцтва немагчымы без укаранення ў сістэму абароны дзяцінства шэрага асноватворных прынцыпаў. Да найбольш важных з іх можна аднесці ранняе выяўленне і мабілізацыю рэсурсаў сям’і, — падкрэсліла спецыяліст. — Ранняе выяўленне сем’яў, якія адчуваюць істотныя цяжкасці ў выхаванні дзяцей, дазваляе аказаць дапамогу на ранніх стадыях, не даводзіць сітуацыю да адбірання дзіцяці і яго перадачы на апеку дзяржавы. Мабілізацыя ўнутраных рэсурсаў сям’і дазваляе аднавіць сацыяльна-педагагічныя навыкі бацькоў больш эфектыўна, чым метады знешняга прымусу. У свеце напрацаваны значны вопыт прафілактыкі сацыяльнага сіроцтва. У розных краінах склаліся свае, унікальныя сістэмы прадухілення гэтай сацыяльнай з’явы, якія складаюцца з пэўнага набору інстытутаў, форм і метадаў дзейнасці. Адметнай асаблівасцю найбольш паспяховых сістэм з’яўляюцца адраснасць прафілактыкі, сістэмнасць і комплекснасць дапамогі; павышэнне даступнасці паслуг, накіраваных на абарону правоў дзяцей; стандартызацыя дзейнасці па абароне правоў дзяцей пры правядзенні прафілактычных мера-прыемстваў; адмаўленне ад рэпрэсіўнага падыходу ў рабоце з бацькамі, мабілізацыя ўнутраных рэсурсаў сям’і, а таксама актыўнае ўцягванне няўрадавых арганізацый у работу з сям’ёй. У той ці іншай меры названыя прынцыпы прыняты на ўзбраенне і дзяржаўнымі ўстановамі, адказнымі за прафілактыку сіроцтва ў Беларусі.
У той жа час, па меркаванні ўдзельнікаў мерапрыемства, існуе значны рэзерв па павелічэнні выкарыстання сучасных форм і метадаў прафілактыкі. У тым ліку гэта можа ажыццяўляцца і праз супрацоўніцтва з грамадскімі арганізацыямі на аснове сацыяльнага заказу.
— Прафілактыка, безумоўна, вельмі дарагая рэч, — падсумавалі ўдзельнікі канферэнцыі. — Але яна больш танная, чым сацыяльнае сіроцтва. На аснове аналізу, праведзенага Цэнтрам сацыяльна-эканамічных даследаванняў CASE Belarus, урон грамадству ад наступстваў сіроцтва аднаго дзіцяці — з улікам доўгатэрміновага аналізу — складае да 48 тысяч долараў.

Алена МАРКЕВІЧ.

Вучыцца інклюзіі з INOVEST

У новым навучальным годзе ў Мінскім гарадскім інстытуце развіцця адукацыі стартаваў міжнародны адукацыйны курс па ўкараненні ідэй інклюзіі ў дзейнасць устаноў адукацыі сталіцы. Ён мае на ўвазе ўдзел у завочным (дыстанцыйным) навучанні кіраўнікоў устаноў, намеснікаў кіраўнікоў, настаўнікаў — удзельнікаў Міжнароднага праекта INOVEST 530417-TEMPUS-1-2012-1-DE “Усходняе партнёрства ў сферы педагагічных інавацый у рамках інклюзіўнай адукацыі”, а таксама актыўнае супрацоўніцтва педагогаў пры абмеркаванні праблем інклюзіі, абмен вопытам і яго відэапаказ падчас канферэнцый.

Зыходнымі пунктамі адукацыйнага курса сталі некалькі ўстановачных семінараў, якія прайшлі ў верасні для ўдзельнікаў праекта з краін-партнёраў (Беларусі, Малдовы, Украіны, Германіі). Адзін з іх — “Тэхналогіі дыстанцыйнага навучання ў інклюзіўнай адукацыі” — праходзіў у Мінскім гарадскім інстытуце развіцця адукацыі для прадстаўнікоў сталічных рэсурсных цэнтраў па інклюзіўнай адукацыі, якія з’яўляюцца адначасова і пілотнымі школамі праекта INOVEST “Усходняе партнёрства ў сферы педагагічных інавацый у рамках інклюзіўнай адукацыі”.
Падчас семінараў разглядаліся пытанні, якія тычацца дыстанцыйнага навучання і магчымасці выкарыстання пры правядзенні заняткаў відэаканферэнц-сувязі, абмену вопытам па прымяненні ў дзейнасці ўстаноў матэрыялаў, распрацаваных згодна з праектам. Навуковы кіраўнік міжнароднага праекта дырэктар Дзяржаўнага інстытута бесперапыннай адукацыі Кішынёва (Малдова) С.М.Кайсын расказаў пра асноўныя вучэбныя дапаможнікі (модулі), якія будуць выкарыстоўвацца пры навучанні па праекце: “Уводзіны ў псіхалогію чалавечай унікальнасці”, “Інавацыйная педагогіка”, “ІКТ для студэнтаў са спецыяльнымі патрэбамі”, “Дапаможныя тэхналогіі ў адукацыі”, “Выкладанне сёння”, “Псіхадыягностыкі. Псіхалагічныя тэсты”, “Творчасць і інавацыі ў школе”, “Навыкі выкладання мыслення”, “Педагагічныя інавацыі ў галіне інклюзіўнай адукацыі ў школе”, “Школьны менеджмент педагагічных інавацый (кіраванне педагагічнымі інавацыямі ў школе)”, “Інфармацыйна-камунікацыйныя тэхналогіі для дзяцей з асаблівымі адукацыйнымі патрэбамі”, “Лічбавыя лабараторыі FourierEdu”, “Воблачныя тэхналогіі ў інклюзіўнай адукацыі”.
Гэтыя модулі педагогі могуць вывучаць з выкарыстаннем віртуальнай пляцоўкі Інстытута бесперапыннай адукацыі Кішынёва.
Рэктар МГІРА Т.І.Мароз, нацыянальны каардынатар праекта INOVEST, адзначыла, што, акрамя яго навукова-метадычнага суправаджэння, інстытут праводзіць арганізацыйна-тэхнічныя мерапрыемствы па каардынацыі дзейнасці ўдзельнікаў праекта з установамі вышэйшай адукацыі Беларусі, рыхтуе да выдання згодна з праектам дапаможнікі на рускай мове, займаецца перакладам матэрыялаў для сайта INOVEST. Для педагогаў сталіцы МГІРА распрацаваў 3 праграмы павышэння кваліфікацыі, якія будуць рэалізаваны ў завочнай (дыстанцыйнай) форме навучання. Гэтыя праграмы будуць укараняцца ў першую чаргу ва ўстановах — пілотных пляцоўках праекта. У Мінску 10 такіх устаноў адукацыі: сярэднія школы №№ 5, 111, 25, 30, 12, 81, 177, 137, 91, 104.
Тэма першай праграмы — “Менеджмент педагагічных інавацый у галіне інклюзіўнай адукацыі ў школе”. Яна падзелена на 4 раздзелы (кожны з іх разлічаны на 36 гадзін) і прызначана ў першую чаргу для кіраўнікоў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі (рэсурсных цэнтраў па інклюзіўнай адукацыі), а таксама ўсіх кіраўнікоў іншых устаноў адукацыі, якія зацікавяцца гэтай тэмай. Педагогі-спецыялісты азнаёмяцца з тэарэтычнымі аспектамі кіравання педагагічнымі інавацыямі ва ўмовах інклюзіўнай адукацыі, з сучаснымі тэхналогіямі ў гэтым кірунку, атрымаюць рэкамендацыі па практычнай дзейнасці.
Накіраванасць другой праграмы “Педагагічныя інавацыі ў інклюзіўнай адукацыі ў школе”, якая ўключае 2 раздзелы (таксама па 36 гадзін), перш за ўсё на настаўнікаў-прадметнікаў. Трэцяя праграма — “Арганізацыя інклюзіўнага адукацыйнага працэсу з выкарыстаннем інавацый” (10 раздзелаў па 60 гадзін) будзе карыснай пры падрыхтоўцы мультыплікатараў для больш эфектыўнага ўкаранення інавацый у гэтай галіне адукацыі.
Да праекта па дыстанцыйным навучанні ў сталіцы далучыліся і супрацоўнікі БДПУ імя МаксімаТанка.
— Ва ўсе 10 мінскіх школ мы выязджаем з установачнымі семінарамі, — адзначыла загадчыца кафедры асноў дэфекталогіі ўніверсітэта В.В.Радыгіна. — Наша мэта — дапамагчы з праграмным забеспячэннем, а таксама правесці інструктаж спецыялістаў, якія будуць ажыццяўляць тэхнічнае суправаджэнне дыстанцыйных курсаў. Мы праводзім сустрэчы — педагагічныя студыі — з калектывамі школ па тэме “Настаўнік як арганізатар сумеснага навучання і выхавання вучняў ва ўмовах інклюзіі”. Падчас заняткаў акцэнтуем увагу на адрозненні інклюзіўнай адукацыі ад інтэграванага навучання і выхавання, адзначаем перавагі інклюзіі, вызначаем веды, уменні і навыкі, якімі павінны валодаць настаўнікі інклюзіўных класаў. Пры гэтым даведваемся аб цяжкасцях, з якімі сутыкаюцца педагогі пры выкладанні ў класах сумеснага навучання, перадаём ім адпаведную літаратуру. Акрамя таго, ад універсітэта па пытаннях, звязаных з гэтым праектам, працуюць кансультанты.
У кастрычніку прайшло некалькі відэаканферэнцый па абмене вопытам і ўкараненні інавацыйных тэхналогій у сферы інклюзіі з удзелам устаноў адукацыі Беларусі, Малдовы і Украіны. Узаемадзеянне наладжвалі супрацоўнікі МГІРА, сярэдняй школы № 111 Мінска, устаноў адукацыі Гомеля, Кішынёва, Адэсы — усяго звыш 150 чалавек.
Наступныя міжнародныя відэаканферэнцыі будуць праводзіцца згодна з графікам 1—2 разы ў месяц да мая 2015 года. А з 1 снежня пачнецца дыстанцыйнае навучанне з выкарыстаннем платформы MOODLE ў МГІРА для пілотных школ праекта.

Надзея ЦЕРАХАВА.