Аптымізаваць сетку ўстаноў адукацыі і тэрміны навучання

Змяненні і дапаўненні, якія плануецца ўнесці ў новую рэдакцыю Кодэкса аб адукацыі ў частцы прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі прадстаўляе кансультант упраўлення прафесійнай адукацыі Міністэрства адукацыі Таццяна Рыгораўна Арцем’ева.

Пачынаючы з 2006 года ў сістэме прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі актыўна ідзе працэс аптымізацыі сеткі навучальных устаноў. Ён знайшоў адлюстраванне і ў праекце кодэкса. Згодна з новымі нормамі, будзе скарочаны пералік відаў устаноў прафесійнай адукацыі, і на кожным яе ўзроўні застанецца толькі адзін від навучальнай установы. Так, на ўзроўні прафесійна-тэхнічнай адукацыі будзе функцыянаваць толькі від установы — прафесійны ліцэй. Ён будзе рэалізоўваць адукацыйныя праграмы прафесійна-тэхнічнай адукацыі, якія забяспечваюць атрыманне прафесіі рабочага і атрыманне, альбо без атрымання агульнай сярэдняй адукацыі. На ўзроўні сярэдняй спецыяльнай адукацыі будзе дзейнічаць таксама адзін від навучальнай установы — каледж, які будзе рэалізоўваць усе вышэйназваныя праграмы прафесійнага ліцэя і адукацыйныя праграмы сярэдняй спецыяльнай адукацыі, у тым ліку і інтэграваныя.

Акрамя таго, плануецца аптымізаваць тэрміны атрымання прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі, што прывядзе да скарачэння тэрміну навучання на ўзроўні ПТА на аснове агульнай сярэдняй адукацыі і на аснове спецыяльнай адукацыі на паўгода. Калі сёння гэты тэрмін складае ад аднаго да двух гадоў, то згодна з новымі нормамі кодэкса, гэты тэрмін складзе ад паўгода да аднаго года. Таксама на паўгода будзе зменшаны тэрмін навучання на ўзроўні сярэдняй спецыяльнай адукацыі. Калі цяпер ніжняя мяжа ў тэрміне навучання на базе 9 класаў складае 3 гады, то па новых нормах, якія плануецца прыняць, тэрмін навучання будзе складаць 2 гады і 6 месяцаў. На аснове агульнай сярэдняй адукацыі новы тэрмін складзе ад 2 да 3 гадоў (існуючая норма — ад 2,5 да 4 гадоў). На аснове ПТА тэрмін атрымання сярэдняй спецыяльнай адукацыі застанецца без змяненняў. Такі падыход па аптымізацыі тэрмінаў навучання дазволіць у значнай меры сэканоміць бюджэтныя сродкі.

Яшчэ адным новаўвядзеннем, якое плануецца ўнесці ў новую рэдакцыю кодэкса, стане прадастаўленне магчымасці атрымання адукацыі ў дыстанцыйнай форме і рэалізацыі праграм сеткавага навучання. Дыстанцыйная форма навучання сёння вельмі запатрабавана як на міжнародным узроўні, так і ў нашай краіне. Дзякуючы сучасным тэхналогіям, дыстанцыйная форма навучання выйшла на такі ўзровень, што прыраўноўваць яе толькі да завочнай формы навучання ўжо нельга. У сувязі з гэтым мэтазгодна было ўнесці ў новую рэдакцыю кодэкса тыя нормы, якія прадугле­джваюць яе развіццё як самастойнай формы.

Акрамя таго, у мэтах забеспячэння даступнасці прафесійна-тэхнічнай адукацыі прадугледжана адмена дзеючай цяпер нормы па наяўнасці ўступнага іспыту па асобных спецыяльнасцях такіх профіляў адукацыі, як мастацтва і дызайн, архітэктура і будаўніцтва. Пры існуючай дэмаграфічнай сітуацыі мэтазгодна прадаставіць большы даступ нашых грамадзян для паступлення ва ўстановы прафесійна-тэхнічнай адукацыі, што і прапаноўваюць новыя нормы кодэкса.

Таксама ў новай рэдакцыі кодэкса на ўзроўнях прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі будуць уведзены такія паняцці, як прамежкавая і бягучая атэстацыя, якія будуць уніфікаваны для ўсіх узроўняў прафесійнай адукацыі, што дазволіць праводзіць атэстацыю навучэнцаў больш якасна і дасканала.

Хацелася б адзначыць яшчэ адзін важны момант праекта кодэкса. У мэтах сацыяльнай абароны выпуск­нікоў з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, выпускнікоў, якія з’яўляюцца дзецьмі-сіротамі, дзецьмі, якія засталіся без апекі бацькоў, што атрымалі прафесійна-тэхнічную і сярэднюю спецыяльную адукацыю, устанаўліваецца браніраванне рабочых месцаў для іх працаўладкавання, калі месца працы не можа быць прадастаўлена ў адпаведнасці з атрыманай спецыяльнасцю і прысвоенай кваліфікацыяй шляхам размеркавання ў сувязі з яго адсутнасцю. Пры гэтым прадугледж­ваецца ўнясенне адпаведных норм і ў заканадаўства аб занятасці насельніцтва. Важна адзначыць, што выпускнікі, якія будуць працаўладкоўвацца за кошт броні, не згубяць статус маладога спецыяліста, маладога рабочага. Увядзенне такой нормы дазволіць у большай меры сацыяльна абараніць  выпускнікоў устаноў прафесійнай адукацыі, якія не могуць на роўных умовах канкурыраваць на рынку працы.

Запісала Ала КЛЮЙКО.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.

Будзе ўведзена норма аб профільным навучанні

І.У.Каржова, намеснік начальніка ўпраўлення агульнай сярэдняй адукацыі галіновага міністэрства, прадстаўляе тыя асноўныя змяненні, якія плануецца ўнесці ў новую рэдакцыю Кодэкса аб адукацыі на ўзроўні агульнай сярэдняй адукацыі.

— Адразу хачу адзначыць, што тыя новаўвядзенні, якія ўносяцца ў кодэкс у частцы агульнай сярэдняй адукацыі, не з’яўляюцца якімісьці карэннымі рэвалюцыйнымі змяненнямі. Яны навеяны папярэдняй практыкай рэалізацыі тых ці іншых норм кодэкса. У першую чаргу гэта тычыцца прыёму нашых дзяцей у першы клас. Цяпер дзейнічаюць нормы, згодна з якімі ў першы клас прымаюцца асобы, якія на пачатак навучальнага года дасягнулі 6 гадоў альбо больш позняга ўзросту, а таксама дзеці, якім 6 гадоў спаўняецца да 30 верасня. Але ў Міністэрства адукацыі паступае дастакова многа зваротаў ад бацькоў будучых першакласнікаў з просьбай прыняць іх дзяцей у школу ў больш раннім узросце. У новай рэдакцыі кодэкса прадугледжана магчымасць прыёму ў першы клас дзяцей у больш раннім узросце па заяве аднаго з бацькоў і па рашэнні заснавальніка ўстановы адукацыі. Мы лічым, што такое новаўвядзенне дапаможа зменшыць колькасць зваротаў у наша міністэрства па гэтым пытанні і на месцы вызначыцца бацькам аб далейшым навучанні іх дзяцей у школе альбо знаходжанні ў дзіцячым садзе.

Яшчэ адным істотным змяненнем у новай рэдакцыі кодэкса з’яўляецца норма, якая тычыцца ўвядзення профільнага навучання. Сёння неабходнасць і мэтазгоднасць профільнага навучання ўжо не ставіцца пад сумненне. Яно ўведзена з 2015 года на трэцяй ступені агульнай сярэдняй адукацыі і накіравана на павышэнне якасці агульнай сярэдняй адукацыі. Адна з мэт профільнага навучання — развіць здольнасці і магчымасці навучэнцаў і такім чынам дапамагчы ім зрабіць правільны прафесійны выбар. Згодна са сваімі памкненнямі, частка выпускнікоў выбера для паступлення ўстанову вышэйшай адукацыі, другія накіруюцца ва ўстановы прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі, іншыя працягнуць навучанне ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі.

Прадстаўляю яшчэ адно новаўвядзенне ў кодэксе. Сёння дазволена праводзіць факультатыўныя заняткі ў шосты школьны дзень толькі для навучэнцаў 9—11 класаў. У мэтах разгрузкі навучэнцаў у вучэбны пяцідзённы тыдзень мы прапаноўваем праводзіць факультатыўныя заняткі ў шосты школьны дзень для навучэнцаў 5—11 класаў.

За час практыкапрымянення кодэкса ўзнікала шмат нараканняў наконт вялікай колькасці відаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі. Мы плануем выправіць сітуацыю і прапаноўваем скараціць колькасць відаў устаноў. Так, у прыватнасці, плануецца вывесці з пераліку такія віды, як вячэрнія школы, вучэбна-вытворчыя камбінаты, комплексы “дзіцячы сад — школа”. Хачу заўважыць, што, хаця комплексу “дзіцячы сад — школа” як віду ўстановы адукацыі існаваць не будзе, установе агульнай сярэдняй адукацыі будзе прадастаўлена права рэалізоўваць праграмы дашкольнай адукацыі. Гэта значыць, што бацькам не трэба хвалявацца і на практыцы ўсе гэтыя пытанні будуць урэгуляваны.

Акрамя таго, у новай рэдакцыі кодэкса будзе прыменена новая норма па напаўняльнасці класаў. Сёння напаўняльнасць класаў вар’іруецца ў залежнасці ад ступені навучання. Так, на першай ступені дазваляецца да 20 навучэнцаў у класе, на другой і трэцяй ступенях — да 25 навучэнцаў. Таксама колькасць навучэнцаў у класе залежыць ад віду ўстановы адукацыі. Так, у сярэдняй школе гэтая норма складае 25 навучэнцаў у класе, у гімназіі, ліцэі — 20 навучэнцаў. У новай рэдакцыі кодэкса мы прапаноўваем прывесці ўсё да адзінай напаўняльнасці ў розных відах устаноў і ўстанавіць норму да 30 навучэнцаў у класе. Пры гэтым канчатковае рашэнне аб напаўняльнасці класаў ва ўстанове адукацыі прымае заснавальнік установы з улікам колькасці дзяцей, якія пражываюць у мікрараёне, у якім размешчана ўстанова адукацыі, а таксама з улікам выканання санітарных норм, якімі рэгламентуецца плошча вучэбнага памяшкання ў разліку на аднаго вучня. Трэба адзначыць, што павелічэнне колькасці навучэнцаў у класе ні ў якім разе не паўплывае на якасць адукацыйнага працэсу. Сёння ўжо прадугледжана дзяленне класаў на групы пры вывучэнні замежнай мовы, інфарматыкі, пры правядзенні лабараторных і практычных работ, што дазваляе ажыццяўляць індывідуальны падыход да кожнага навучэнца.

Запісала Ала КЛЮЙКО.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.

Кодэкс абмяркоўваем разам

У чацвер, 15 снежня, у канферэнц-зале рэдакцыі “Настаўніцкай газеты” адбыўся круглы стол па абмеркаванні Кодэкса аб адукацыі ў новай рэдакцыі. У размове прынялі ўдзел непасрэдна яго распрацоўшчыкі — кіраўнікі і прадстаўнікі ўпраўленняў і аддзелаў Міністэрства адукацыі: начальнік упраўлення вышэйшай адукацыі С.А.Каспяровіч, начальнік упраўлення навукі і інавацыйнай дзейнасці В.І.Валасацікаў, начальнік аддзела дашкольнай адукацыі А.Л.Давідовіч, начальнік аддзела павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў Д.А.Канапацкі, намеснік начальніка ўпраўлення агульнай сярэдняй адукацыі І.У.Каржова, намеснік начальніка ўпраўлення сацыяльнай, выхаваўчай і ідэалагічнай работы А.В.Галаўнёва, кансультант упраўлення прафесійнай адукацыі Т.Р.Арцем’ева.

Прыняты парламентам у снежні 2010 года Кодэкс Рэспублікі Беларусь аб адукацыі стаў, без перабольшання, знамянальнай падзеяй у нашай краіне і адным з першых прыкладаў на постсавецкай прасторы кадыфікацыі заканадаўства ў гэтай сферы. Згодна з кодэксам створаны адзіны цэласны механізм прававога рэгулявання адукацыйных адносін, сістэматызаваны і ўпарадкаваны прававыя нормы ў сферы нацыянальнай сістэмы адукацыі. Але імклівы час прыносіць перамены не толькі ў наша жыццё, але і вызначае новыя патрабаванні да функцыянавання сістэмы адукацыі.

У канцы 2013 года у Палаце прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу прайшлі парламенцкія слуханні на тэму “Удасканаленне заканадаўчай базы сістэмы адукацыі ў сучасных умовах”, дзе абмяркоўвалася неабходнасць уключэння ў Кодэкс аб адукацыі новых палажэнняў і істотнай дапрацоўкі дзеючых заканадаўчых норм. Паколькі адукацыя знаходзіцца ў цэнтры прыярытэтных дзяржаўных інтарэсаў, то ад стану адукацыйнай сістэмы шмат у чым залежаць будучыня дзяржавы, яе эканамічнае развіццё, узровень дабрабыту грамадства і кожнага з нас. Таму кіраўнік дзяржавы паставіў для адукацыйнай сферы найважнейшыя задачы, якія павінны быць вырашаны ў найбліжэйшай перспектыве. Гэта абнаўленне зместу школьнага навучання, пераадоленне адрыву прафесійнай адукацыі ад патрэб заказчыкаў кадраў, прыцягненне да работы ў школе творчых, ініцыятыўных педагогаў, павышэнне прэстыжу педагагічнай дзейнасці. Гэтыя задачы могуць быць выкананы ў поўнай меры толькі пры ўмове своечасовага ўдасканалення заканадаўства. Справа гонару галіновага міністэрства, дэпутатаў, зацікаўленых структур, усяго грамадства — зрабіць кодэкс люстэркам айчыннай адукацыі, каб усе яго нормы спрыялі інтарэсам педагагічнай супольнасці, кожнага настаўніка, кіраўніка, вучня і студэнта.

У наступных нумарах нашай газеты будзе прадстаўлена падрабязная інфармацыя аб тым, якія змяненні і дапаўненні мяркуецца ўнесці ў кодэкс на кожным узроўні адукацыі. Запрашаем да абмеркавання новай рэдакцыі кодэкса ўсіх, каго цікавіць, якой будзе нацыянальная сістэма адукацыі, якія веды будуць атрымліваць нашы дзеці, якой будзе іх будучыня. Далучайцеся!

Ала КЛЮЙКО.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.