Здароўе на талерцы

Добра, калі так можна сказаць пра абед у школьнай сталовай

Калі я звярнулася ў Мінскі гарадскі цэнтр гігіены і эпідэміялогіі з просьбай назваць некалькі адрасоў устаноў адукацыі, дзе, з пункту гледжання санітарных урачоў, дасканала арганізавана харчаванне школьнікаў, мне назвалі ў тым ліку сярэднюю школу № 23, што ў Фрунзенскім раёне сталіцы, дадаўшы, што гэта, канечне, не адзіны падобны прыклад. Што ж, чым больш добрых прыкладаў, тым лепш. Мы яшчэ звернемся да іх, а пакуль давайце завітаем у 23-ю школу, якая, між іншым, была адным з удзельнікаў гарадскога конкурсу на лепшую арганізацыю работы па ахове здароўя навучэнцаў, прывіцці навыкаў бяспечных паводзін і фарміраванні здаровага ладу жыцця.

Рукі мылі?

Спецыяльная агульнаадукацыйная школа-інтэрнат для дзяцей з парушэннем слыху № 13, сярэднія школы №№ 51, 101, дзіцячыя сады №№ 407 і 469, сярэдняя школа № 23 (гэта частка ўстаноў адукацыі Мінска), паказалі сябе з лепшага боку ў названым конкурсе. Дакладней, пералічаныя ўстановы, як і многія іншыя, былі ўдзельнікамі конкурсу, што праводзіўся напрыканцы 2016 года, у намінацыі “Лепшая арганізацыя здаровага і рацыянальнага харчавання навучэнцаў і выхаванцаў”.

Кожны ўдзельнік запомніўся журы асаблівасцямі пры агульнай добрай арганізацыі харчавання школьнікаў, многім ёсць чым пахваліцца. Ініцыятарамі конкурсу выступілі камітэт па адукацыі Мінгарвыканкама, Мінскі гарадскі інстытут развіцця адукацыі, Мінскі дзяржаўны палац дзяцей і моладзі, гарадскі цэнтр фізічнага выхавання і спорту навучэнскай моладзі, турысцка-экалагічны цэнтр, вучэбна-метадычны цэнтр дзяцей і моладзі. Вынікі спаборніцтва падведзены, але пра іх мы раскажам пазней, калі адбудзецца ўрачыстая цырымонія ўзнагароджання.

Пакуль жа вернемся да 23-й школы. Установа размяшчаецца на ўскраіне горада ў сталічным мікрараёне Сухарава. Школа даволі новая (ёй 7 гадоў) і вельмі вялікая — тут вучыцца больш за 1200 дзяцей і працуе прыкладна 100 педагогаў на чале з дырэктарам Святланай Вячаславаўнай Сачко.

Адна трэцяя навучэнцаў школы — з мнагадзетных сем’яў, адна пятая — з няпоўных, таму зразумела, што бясплатныя снеданні, двух- і трохразовае харчаванне атрымлівае даволі шмат хлопчыкаў і дзяўчынак. Так, бясплатныя снеданні атрымліваюць 330 чалавек, 309 з якіх — вучні 1—4-х класаў, а таксама навучэнцы спартыўнага класа, дзеці з сем’яў, дзе адзін з бацькоў з’яўляецца інвалідам першай або другой групы, дзеці, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы. Двухразовае бясплатнае харчаванне арганізавана для 263 хлопчыкаў і дзяўчынак з мнагадзетных сем’яў, двух дзяцей з малазабяспечаных сем’яў, 16 дзяцей-інвалідаў (у школе ёсць інтэграваныя класы). Тры разы ў дзень у школе харчуюцца 25 дзяцей з мнагадзетных сем’яў і 2 дзіцяці-інваліды. Гэта адбываецца, калі дзеці застаюцца ў групе прадоўжанага дня.
— У сувязі з тым, што школа такая вялікая, наш харчаблок працуе без перапынкаў увесь дзень, — расказвае намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Наталля Мікалаеўна Хурсевіч. — За адзін перапынак сталовую наведвае амаль 250 вучняў. Пачынаецца харчаванне ў 8.45 раніцы, заканчваецца ў 16 гадзін 10 хвілін, таму і ўваход у сталовую падзелены на два патокі, а буфет размяшчаецца ў асобным пакоі.

Паколькі да візіту ў 23-ю школу мяне падштурхнула ацэнка спецыялістаў Цэнтра гігіены і эпідэміялогіі, перш за ўсё звяртаю ўвагу на рады ўмывальнікаў пры ўваходзе ў залу. Дарэчы, мыццё рук навучэнцамі перад ядой — адзін са складнікаў, які абавязкова адсочваюць дзяжурныя педагогі і школьнікі кожны дзень (што робіцца ў кожнай навучальнай установе) і ўносяць у спецыяльную кантрольную картку (а гэта ўбачыць можна далёка не ўсюды). У гэтай картцы, дарэчы, адзначаюцца таксама спраўнасць умывальнікаў, наяўнасць гарачай вады, умовы для сушкі рук, наяўнасць поўнага камплекта спецадзення для дзяжурных, аднаразовых пальчатак, ацэнка санітарнага стану абедзеннай залы, захаванне асабістай гігіены персаналам блока харчавання, выкананне прыкладнага меню, наяўнасць дыетычнага харчавання, чэргі ў буфеце і іншыя параметры.

Медыцынскі работнік (іх у школе нават два) разам з дзяжурным адміністратарам аглядае дзяжурных вучняў і работнікаў кухні, каб у іх не было ніякіх бачных воку захворванняў. Такую форму кантролю прапанаваў школе Цэнтр гігіены і эпідэміялогіі Фрунзенскага раёна, і ўстанова адукацыі гэтым скарысталася, завёўшы журнал здароўя.

Смайлік за смак

Калі ж зазірнуць на кухню, дзе гаспадараць работнікі Фрунзенскага раённага камбіната школьнага харчавання, то можна ўбачыць новае і ўжо не вельмі новае сучаснае абсталяванне, напрыклад, параканвектамат. Хаця ўсё блішчыць так, што без тлумачэнняў супрацоўнікаў блока і не зразумееш, што і ў якім годзе тут з’явілася — усё выглядае як новенькае. Адны з апошніх набыткаў — сушыльная шафа для сталовых прыбораў (яе школа купіла за пазабюджэтныя сродкі), частка мэблі, кацёл для варкі. Унесены змяненні і ў афармленне залы. Так, для яе набыты вялікі тэлевізар, з дапамогай якога праводзяць мерапрыемствы з салодкімі сталамі ў рамках шостага школьнага дня: пасвячэнне ў першакласнікі, дні імяніннікаў і г.д.

Але наяўнасць сучаснай тэхнікі наўрад ці хвалюе галоўных знаўцаў тутэйшай кухні — школьнікаў. Ім важна, каб у школьнай сталовай смачна кармілі. Пасля размовы з двума хлопчыкамі, вучнямі 5 і 6 класаў школы № 23 Арцёмам Арлоўскім і Радзівонам Масленкам, высветлілася, што безумоўныя лідары сярод страў — курыны шашлычок, адбіўныя, пюрэ. Здзіўляцца такому, канечне, не прыходзіцца, галоўнае, што стравы гэтыя карысныя, таму — на здароўе. Праўда, Арцём адзначыў, што яму падабаюцца таксама рыбныя катлеты.
Як паказвае анкетаванне, харчаванне ў школе падабаецца 92% школьнікаў і 96% бацькоў. Анкета для дарослых “Харчаванне школьнікаў вачыма бацькоў” уключае ў тым ліку і пытанне пра задаволенасць бацькоў санітарным станам сталовай, якасцю прыгатаванай ежы, работай буфета. Дарэчы, любы жадаючы бацька або маці, як, безумоўна, і іх дзеці, могуць даведацца пра меню школьнай сталовай, якое штодня дэманструюць па тэлевізары, размешчаным у холе — нават да сталовай ісці не трэба.

Ды і стравы можна выбіраць на свой густ, а плаціць за іх кожны дзень асобна — у школе ўведзены папярэдні заказ страў на заўтра з трох варыянтаў. Класны кіраўнік складае па гэтых заяўках меню да 14.00, робіць папярэднюю заяўку, на наступны дзень да 8.30 раніцы ўдакладняе яе, калі трэба. Можна, напрыклад, узяць катлету не з пюрэ, а з салатам або заказаць адразу дзве катлеты, што для старшакласнікаў, канечне, важна. У любым выпадку кошт комплексу не можа перавышаць 2,5 рубля, а вось меншым можа быць.

Бацькоўскія камітэты класаў праводзяць свае рэйды-праверкі арганізацыі і якасці харчавання, як і члены савета лідараў навучэнцаў, якія ўваходзяць у “Дружыну здароўя”. Зразумела, як і ўсюды, тут працуюць бракеражная камісія і савет па харчаванні. Дзеці ацэньваюць работу сталовай няхай не ў строгай, затое ў забаўнай і даступнай форме — размяшчаюць на спецыяльным стэндзе ў абедзеннай зале вясёлыя або сумныя смайлікі ў залежнасці ад таго, спадабалася або не спадабалася ім ежа. Хаця пры жаданні ацаніць такім чынам снеданне, абед або падвячорак можа любы дарослы: педагогі, бацькі, госці.

Зрэшты, агульнашкольныя сходы “Здаровыя дзеці — шчаслівыя бацькі” з удзелам дырэктара камбіната школьнага харчавання раёна і ўрача-тэрапеўта, класныя гадзіны “Асновы правільнага харчавання”, “Пра што можа расказаць упакоўка”, інтэрактыўная віктарына “Здаровае харчаванне”, конкурс рэцэптаў і іншыя падобныя мерапрыемствы таксама сталі абавязковымі ў школе.

— Я кіраўнік метадычнага аб’яднання намеснікаў дырэктараў па выхаваўчай рабоце Фрунзенскага раёна, — гаворыць Н.М.Хурсевіч, — таму маю магчымасць на метадычных мерапрыемствах пераймаць вопыт у калег і самае цікавае увасабляць у сваёй школе. Ды і дырэктар нашай установы нярэдка прапаноўвае цікавыя ідэі, якія мы потым ажыццяўляем.

Хаця і на базе школы № 23 неаднойчы праводзіліся гарадскія і рэспубліканскія семінары па харчаванні, наладжаныя гарадскім цэнтрам гігіены і эпідэміялогіі. У 2015 годзе пераймаць вопыт сюды нават прыязджалі калегі з Масквы, і ім вельмі спадабалася беларуская сістэма школьнага харчавання.

Марына ХІДДЖАЗ.
Фота з архіва сярэдняй школы № 23 Мінска.

Мультымедыйны ўрок — у практыку кожнага педагога

На Брэстчыне падвялі вынікі ІІІ Абласнога конкурсу “Мультымедыйны ўрок у адукацыйнай практыцы педагога”. Арганізатарамі спаборніцтва выступілі ўпраўленне адукацыі Брэсцкага аблвыканкама і Брэсцкі абласны інстытут развіцця адукацыі.

— Конкурс, у фінальным этапе якога ўдзельнічалі 54 педагогі, праводзіўся з мэтай аб’яднання намаганняў настаўнікаў вобласці ў распрацоўцы эфектыўных урокаў з выкарыстаннем мультымедыйных матэрыялаў, павышэння матывацыі педагогаў да іх прымянення пры паказе вучэбнай інфармацыі ў сучаснай, цікавай і максімальна даступнай для вучняў форме, папаўнення абласнога банка распрацовак мультымедыйных урокаў, папулярызацыі і эфектыўнага ўкаранення сучасных методык правядзення вучэбных заняткаў з выкарыстаннем інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій, развіцця творчых здольнасцей педагогаў, — расказаў начальнік вучэбна-метадычнага цэнтра інфарматызацыі і рэсурснага забеспячэння адукацыі Брэсцкага абласнога ІРА А.У.Нарывончык.

Удзельнікі конкурсу (настаўнікі пачатковых класаў і настаўнікі-прадметнікі) распрацоўвалі ўрокі па пэўных тэмах з абавязковым уключэннем у іх структуру і змест медыя- і мультымедыякампанентаў, якія забяспечваюць нагляднасць вучэбнага матэрыялу, яго інтэрактыўнасць і даступнасць успрымання і асваення вучнямі. Вочны тур спаборніцтва праводзіўся ў форме адкрытых заняткаў “Інфармацыйныя тэхналогіі ў адукацыйнай практыцы педагога”. Пры ацэньванні конкурсных матэрыялаў улічваліся эфектыўнасць арганізацыі педагагічнай дзейнасці (структура ўрока, яго змест, выкарыстаныя метады, прыёмы і формы яго рэалізацыі, работа вучняў, псіхалагічны рэжым заняткаў) і якасць мультымедыйнага кампанента ўрока.

Па выніках конкурсу дыпломы І ступені атрымалі настаўніца геаграфіі кваліфікацыйнай катэгорыі “настаўнік-метадыст” Ірына Уладзіміраўна Пабожная са Стрыгінскай сярэдняй школы Бярозаўскага раёна, настаўніца матэматыкі кваліфікацыйнай катэгорыі “настаўнік-метадыст” Алена Барысаўна Пратасевіч з сярэдняй школы № 1 Драгічына і настаўніца пачатковых класаў Наталля Мікалаеўна Базар з Каладнянскага ясляў-сада — базавай школы Столінскага раёна. Акрамя дыпломаў, пераможцы былі адзначаны каштоўнымі падарункамі.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.

Моладзь, якая будуе будучыню

20 снежня ў Беларускім дзяржаўным маладзёжным тэатры прайшоў Усебеларускі злёт студэнцкіх атрадаў “Маладосць. Праца. Рамантыка”, які аб’яднаў больш за 300 байцоў лепшых студэнцкіх атрадаў розных профіляў з усіх куткоў краіны. Камандзіры і камісары, прадстаўнікі прымаючых арганізацый, а таксама кіраўнікі органаў дзяржаўнага кіравання сабраліся на ўрачыстай цырымоніі, дзе падводзіліся вынікі трэцяга працоўнага семестра і ўзнагароджваліся пераможцы Рэспубліканскага конкурсу “Працоўны семестр — 2016”.

Студатрадаўскі рух — адзін з вядучых кірункаў дзейнасці БРСМ. Сёлета сіламі ўсіх структурных падраздзяленняў Рэспубліканскага штаба студэнцкіх атрадаў было працаўладкавана ў студэнцкія атрады розных профіляў каля 72,4 тысячы чалавек, а індывідуальна — каля 2 тысяч.

“Адна з асноўных задач, якая сёння стаіць перад дзяржавай, — фарміраванне здаровай асобы, якая ўжо разумее, што такое працоўны рубель, дзяржаўныя задачы і што сёння сацыяльна карысная дзейнасць — гэта не пусты гук, а важныя справы, у якіх можа прымаць удзел моладзь”, — падкрэсліў намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь (на час мерапрыемства.Заўв.аўт.) Ігар Іванавіч Бузоўскі.

Першы сакратар ЦК БРСМ намеснік старшыні Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу па адукацыі, навуцы, культуры і сацыяльным развіцці Андрэй Эдуардавіч Белякоў звярнуў увагу на навізну і традыцыі ў студэнцкіх будатрадах. “Сёння мы ўкладваем у рух студэнцкіх атрадаў адну з мэт фарміравання працавітасці і адказнасці моладзі. Але студэнцкія атрады — гэта яшчэ і ўменне працаваць у калектыве, а ў такім узросце вельмі важна знайсці сяброў, адчуць сябе лідарам. Сёння з’яўляюцца новыя навуковыя атрады, нават ІТ-атрады, а значыць, рух ідзе ў нагу з часам. І я абсалютна ўпэўнены, што ў ім будуць з’яўляцца новыя кірункі. Прыемна, што традыцыі застаюцца, што ў нашай краіне захавана пераемнасць, бо сёння нават у былых краінах Савецкага Саюза словы “студэнцкі атрад” успрымаюцца як нейкая гісторыя. Вельмі прыемна, што ў нас гэта не проста гісторыя, а сучаснасць і, я ўпэўнены, будучыня”.

Сёлета ў трэцім працоўным семестры студэнцкія атрады БРСМ дапамагалі будаваць дзіцячую абласную клінічную бальніцу ў Гомелі, Цэнтральную раённую бальніцу ў Астраўцы, аперацыйны блок Магілёўскага абласнога анкалагічнага дыспансера. Таксама студатрады ўдзельнічалі ў будаўніцтве трэцяй лініі Мінскага метрапалітэна, Кітайска-беларускага індустрыяльнага парка “Вялікі камень”. Акрамя таго, яны займаліся зборам ураджаю, працавалі з дзецьмі ў аздараўленчых лагерах, добраўпарадкоўвалі тэрыторыі помнікаў воінскай славы і г.д.

Пераможцы Рэспубліканскага конкурсу “Працоўны семестр” былі ўзнагароджаны па шматлікіх намінацыях. Лепшы педагагічны атрад “Палаючыя сэрцы” Бярозаўскага тэрытарыяльнага штаба БРСМ Брэсцкай вобласці павіншаваў першы намеснік міністра адукацыі В.А.Богуш: “Будатрад — гэта, напэўна, яшчэ адна школа, школа жыцця, якая дае тое, чаго нельга атрымаць ні ад аднаго настаўніка. Яна дае вопыт і сяброў”, — адзначыў Вадзім Анатольевіч.

Павіншаваў з перамогай лепшы будаўнічы атрад “Магістраль” штаба працоўных спраў пярвічнай арганізацыі БРСМ Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта транспарту (Гомельская вобласць) намеснік міністра архітэктуры і будаўніцтва Дзмітрый Ігаравіч Семянкевіч. Ён адзначыў, што навыкі, якія юнакі і дзяўчаты атрымліваюць у студэнцкіх будатрадах, спатрэбяцца ім ва ўзвядзенні ўласных дамоў і стварэнні сем’яў.

Лепшым сельскагаспадарчым атрадам быў прызнаны атрад “Вясёлыя рабяты” імя Героя Савецкага Саюза У.Р.Карачуна Хатлянскай сярэдняй школы (Уздзенскі ТШСА БРСМ, Мінская вобласць). Пераможцам у намінацыі “Лепшы сэрвісны атрад” стаў атрад імя Героя Савецкага Саюза К.Я.Варашылава штаба працоўных спраў ПА БРСМ Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта транспарту. Вытворчасць таксама не засталася без увагі: у намінацыі “Лепшы вытворчы атрад” быў узнагароджаны атрад “Беларусь” імя Героя Беларусі А.І.Дубко ТШСА Гродзенскага гаркама БРСМ.

Сярод медыцынскіх атрадаў лепшым быў прызнаны “Медык”, сфарміраваны на базе Гродзенскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта. Але рашэннем рэспубліканскай конкурснай камісіі была зацверджана яшчэ адна спецыяльная намінацыя — “За творчасць у рабоце”, у якой перамог медыцынскі атрад “Клініка” Гомельскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта.

Сярод экалагічных вызначыўся атрад “Бярэзінскі біясферны запаведнік” імя І.І.Гусакоўскага Міжнароднага дзяржаўнага экалагічнага інстытута імя А.Д.Сахарава БДУ. Спецыяльная намінацыя “Лепшы добраахвотніцкі археалагічны атрад” была прысуджана археалагічнаму атраду імя М.Яроцкага Рэчыцкага ТШСА БРСМ (Гомельская вобласць).

Лепшым атрадам, які працаваў за межамі Рэспублікі Беларусь, быў прызнаны педагагічны атрад “НЛА” (“Новы лідарскі атрад”) імя Героя Савецкага Саюза М.Ф.Шмырова Віцебскага абласнога штаба студэнцкіх атрадаў БРСМ. Акрамя таго, асобна былі адзначаны лепшыя штабы працоўных спраў ПА БРСМ устаноў вышэйшай, прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі, названы лепшыя тэрытарыяльныя штабы студэнцкіх атрадаў БРСМ.

Асобнай намінацыяй стала “Асвятленне дзейнасці студэнцкіх атрадаў у СМІ”, узнагароду ў якой атрымаў Віцебскі карэспандэнцкі пункт БелТА. А павіншавала пераможцу міністр інфармацыі Лілія Станіславаўна Ананіч.

Намеснік старшыні Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Марыяна Акіндзінаўна Шчоткіна расказала, што таксама 5 разоў была байцом у будаўнічым атрадзе: выконвала бетонныя работы, была маляром, тынкоўшчыкам і кухарам. Яна ўручыла ўзнагароду ў намінацыі “Лепшы наймальнік” ААТ “Гроднапрамбуд”. Акрамя таго, пераможца атрымаў пераходны сцяг лепшай прымаючай арганізацыі.

Апошняй і галоўнай стала намінацыя “Лепшы студэнцкі атрад, што працуе на аб’екце будаўніцтва, якому прысвоены статус Усебеларускай ці абласной (Мінскай гарадской) маладзёжнай будоўлі”. Па выніках работы ў 2016 годзе за высокія вытворчыя паказчыкі званне “Лепшы студэнцкі атрад” атрымаў будаўнічы атрад “Дружба” БНТУ, а яго камандзіру — Андрэю Платуну — уручылі пераходны сцяг лепшага студэнцкага атрада.

Рашэннем рэспубліканскай конкурснай камісіі была таксама зацверджана спецыяльная намінацыя “Лепшы атрад Усебеларускай маладзёжнай будоўлі”, у якой быў адзначаны будаўнічы атрад “Эўрыка” імя Героя Савецкага Саюза В.І.Яронькі, сфарміраваны на базе Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта.

Людміла ГУРСКАЯ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.

І досціп, і мудрасць

Надзвычай багатым на знакавыя даты выдаўся адыходзячы год. Многа юбілейных дат звязана з імёнамі беларускіх літаратараў. І ўстановы адукацыі жылі гэтымі падзеямі, па-асабліваму адзначыўшы кожную з іх. У Нясвіжскім раёне таксама не пакінулі гэтыя падзеі без увагі. Івану Шамякіну прысвяцілі літаратурна-музычную кампазіцыю “Пісьменніцкае сэрца на далоні”, Максіму Багдановічу — свята песні і паэзіі “Жыве Максімава імя”. З нагоды юбілею Кандрата Крапівы прайшоў конкурс інсцэніраванай байкі “І досціп, і мудрасць”.

Сёлета адзначаецца 120-годдзе з дня нараджэння Кандрата Крапівы — пісьменніка, драматурга, сатырыка, публіцыста, вучонага-мовазнаўцы і, зразумела, байкапісца. Нават той, хто вучыўся ў школе даўно і не надта добра, напэўна, можа згадаць некалькі радкоў з той ці іншай байкі Кандрата Крапівы. Яго творы, поўныя сатыры і гумару, сталі непаўторнай з’явай у беларускай літаратуры. Навучэнцы ўстаноў адукацыі Нясвіжскага раёна, увасобіўшы творы на сцэне, паказалі, што і сёння іх тэмы такія ж злабадзённыя, актуальныя і вострыя.

Раённы конкурс інсцэніраванай байкі “І досціп, і мудрасць” прайшоў у Нясвіжскай гімназіі. Удзел у ім бралі каманды 16 устаноў адукацыі Нясвіжскага раёна, якія падрыхтавалі каля 30 творчых нумароў. Конкурс праходзіў на працягу двух дзён у двух узроставых катэгорыях. У першы дзень на сцэну выйшлі вучні 5—7 класаў з інсцэніроўкамі баек “Мурашка і жук”, “Дзіця, вожык і змяя”, “Ганарысты парсюк”, “Кукарэку”, “Шляхі да ісціны”. Пераможцамі сталі навучэнцы Сноўскай сярэдняй школы, якія прадставілі байку “Еш, дурань, бо то з макам”.

Другі дзень быў прысвечаны выступленням навучэнцаў 8—11 класаў. Яны для інсцэніроўкі выбралі творы “Памагаты”, “Мода”, “Мядзведзь”, “Стары і малады”, “Дзед і баба” і інш. Перамогу ў гэтай узроставай катэгорыі падзялілі паміж сабой творчыя каманды сярэдняй школы № 2 Гарадзеі з байкай “Старшыня” і сярэдняй школы № 4 Нясвіжа, што прадставіла на суд журы байку “Махальнік Іваноў”.

— Вывучэнне ў рамках школьнай праграмы байкі ўвогуле і баек Кандрата Крапівы ў прыватнасці заўсёды выклікае ў вучняў асаблівую цікавасць. Аднак, як вядома, прагляд пастаноўкі байкі на сцэне — гэта нешта іншае, чым проста яе чытанне. Па смеху, які панаваў у зале падчас выступленняў, было яскрава відаць, наколькі актуальнымі, зразумелымі для сучаснага вучня з’яўляюцца тыя праблемы, заганы, якія Кандрат Крапіва выкрывае ў сваіх творах, — дзеліцца ўражаннямі Настасся Сяргееўна Гурко, метадыст вучэбна-метадычнага кабінета аддзела адукацыі, спорту і турызму Нясвіжскага райвыканкама. — Спадзяёмся, што ўдзел у конкурсе — гэта своеасаблівы штуршок для далейшага знаёмства з байкамі Кандрата Крапівы, развіцця тэатральных здольнасцей вучняў.

Усе ўдзельнікі вельмі стараліся — падрыхтавалі цудоўныя касцюмы, прывезлі з сабой дэкарацыі і мноства рэквізіту (кошыкі, збанкі, воз, плот). Выступленні атрымаліся артыстычныя, яркія і вельмі смешныя.

Даръя РЭВА.
Фота прадастаўлена ВМК аддзела адукацыі,
спорту і турызму Нясвіжскага райвыканкама.

Робаты, на старт!

Абласны конкурс па робататэхніцы носіць сімвалічную назву — “Дарога ў будучыню”, падкрэсліваючы, што новыя тэхналогіі здольны зрабіць наша жыццё якасна іншым і прыблізіць яго да самых смелых і неверагодных чалавечых мар. Сёлета на конкурсе сваю дарогу ў будучыню шукалі 77 школьнікаў.

Акрамя назвы, сімвалічным было і месца правядзення конкурсу. Мерапрыемства адбылося на факультэце інфармацыйных тэхналогій і робататэхнікі БНТУ, бо гэты факультэт з’яўляецца адзіным у нашай краіне цэнтрам падрыхтоўкі спецыялістаў у гэтай галіне.

— Робататэхніка — актуальны і папулярны кірунак дзейнасці моладзі, які актыўна развіваецца ва ўсім свеце. І ў Мінскай вобласці мы стараемся зацікаўліваць дзяцей гэтай справай, — расказвае Марына Аляксееўна Краснова, прарэктар па навукова-метадычнай рабоце МАІРА. — Конкурс праводзіцца з мэтай папулярызацыі робататэхнікі, LEGA-канструявання, прыцягнення дзяцей да інавацыйнай і навукова-тэхнічнай творчасці.

У конкурсе прымалі ўдзел навучэнцы 1—11 класаў. Конкурс быў адкрытым, таму, акрамя прадстаўнікоў Міншчыны, яго ўдзельнікамі сталі школьнікі з Брэсцкай вобласці і сталіцы.

Абласны конкурс “Дарога ў будучыню” прайшоў другі раз, але ўпершыню — у форме спаборніцтваў. Першы конкурс быў у выглядзе выставы-прэзентацыі. Сёлета ж робаты і іх стваральнікі ўступілі ў сапраўдную барацьбу ў трох дысцыплінах.

Самыя маленькія ўдзельнікі — навучэнцы пачатковых класаў — бралі ўдзел у спаборніцтвах “Робататэхніка”. Яны даволі сур’ёзна падышлі да справы і парадавалі сваёй стараннасцю. Заданні былі няпростыя, але канкурсанты гэтага, здаецца, і не заўважылі, бо вельмі захоплены робататэхнікай і канструяваннем.

— Было нескладана, мне спадабалася, — з дзіцячай непасрэднасцю гаворыць канкурсант Мацвей Петухоў, які вучыцца ў гімназіі Дзяржынска.

Канкурсанты стваралі мадэлі па інструкцыі і робатаў па малюнках, а таксама праграмавалі іх дзеянні. Пераможцам у спаборніцтвах “Робататэхніка” стаў навучэнец сярэдняй школы № 4 Салігорска Алег Маркевіч.

Спаборніцтвы па міні-сумо сталі самымі відовішчнымі і эмацыянальнымі. Гучна хварэючы за сваіх сяброў, знаёмых і іншых удзельнікаў, гледачы сачылі за тым, як робаты, створаныя канкурсантамі, змагаліся на рынгу, спрабуючы выціснуць адзін аднаго за чорную лінію, якая абмяжоўвала тэрыторыю для барацьбы.

— Міні-сумо проста цудоўныя спаборніцтвы, — кажа Артур Жаброўскі, навучэнец сярэдняй школы № 16 Барысава, які займаецца ў вучэбным цэнтры “Робататэхніка” Барысава. — Мне падабаецца, калі робат, якога ты збіраеш, быццам ажывае. А тут такіх робатаў мноства. Вельмі цікава!

У напружаных спаборніцтвах па міні-сумо ўдзельнічалі навучэнцы 5—8 класаў. А перамогу атрымаў Арцём Чаўлытка, навучэнец гімназіі-інтэрната Мядзела, са сваім робатам.

Старшакласнікі (9—11 класы) сабраліся на спаборніцтвах “Траекторыя”. Многія з гэтых канкурсантаў бачаць у робататэхніцы і праграмаванні не проста захапленне, а будучую прафесію.

— Мне гэта не проста цікава. Гэта менавіта тое, чым я хацеў бы займацца ў жыцці, — прызнаецца Кірыл Сяховіч, навучэнец гімназіі № 10 Мінска, які займаецца ў адукацыйным цэнтры Парка высокіх тэхналогій. — Гэта мой першы конкурс. У некаторыя дні я рыхтаваўся да яго па 7—8 гадзін.

Стараннасць Кірыла не была дарэмнай: ён стаў пераможцам спаборніцтваў “Траекторыя”. Трэба адзначыць, што выпрабаванне было няпростым: канкурсанты праграмавалі сваіх робатаў, каб яны маглі прайсці да фінішу па зададзенай траекторыі, на якой былі прамыя, дугападобныя і перарывістыя лініі, скрыжаванні, крутыя павароты.

Конкурс завяршыўся, але работа па развіцці і папулярызацыі робататэхнікі і канструявання на Міншчыне будзе прадоўжана. На працягу некалькіх гадоў актыўна працуюць абласныя рэсурсныя цэнтры інфармацыйных тэхналогій. Там створаны спецыяльныя лабараторыі робататэхнікі, дзе навучэнцы ўстаноў адукацыі Мінскай вобласці вучацца LEGA-мадэляванню і праграмаванню. А ў МАІРА арганізавана падрыхтоўка і павышэнне кваліфікацыі для педагогаў, якія праводзяць заняткі з дзецьмі па гэтых кірунках. Ды і справа гэтая не проста забава, а дзейсны спосаб рознабаковага развіцця дзіцяці.

— Гэта толькі на першы погляд робаты падобны да цацак. Але гэта не цацкі, а складаныя механізмы, і падчас іх стварэння праводзіцца каласальная работа, — гаворыць Вячаслаў Станіслававіч Саўчык, выкладчык інфарматыкі гімназіі-інтэрната Мядзела. Яго навучэнцы сталі прызёрамі і пераможцамі сёлетняга і мінулагодняга конкурсу “Дарога ў будучыню”, а таксама конкурсаў JuniorSkills Belarus і “РобаФэст”.

— Ствараючы робатаў, — працягвае суразмоўца, — мае выхаванцы глыбока вывучаюць фізіку і матэматыку, апераджаючы школьную праграму і выходзячы далёка за яе межы. Акрамя таго, робататэхніка і праграмаванне патрабуюць не толькі жадання вучыцца, але і працавітасці, настойлівасці, плённай самастойнай работы. Валодаючы такімі ўменнямі і навыкамі, у далейшым навучэнцы будуць мець поспех у розных сферах дзейнасці.

Дар’я РЭВА.
Фота аўтара.

Павышаць прафесійнае майстэрства кіраўнікоў школ

У Брэсцкім абласным інстытуце развіцця адукацыі падвялі вынікі абласнога конкурсу метадычных матэрыялаў “Эфектыўныя заняткі ў сістэме метадычнай работы з кіраўнікамі ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі”. Арганізатарам конкурсу, у якім удзельнічалі 18 раённых (гарадскіх) вучэбна-метадычных фарміраванняў кіраўнікоў школ і іх намеснікаў, выступіў вучэбна-метадычны цэнтр кіраўніцкай дзейнасці ў адукацыі Брэсцкага абласнога ІРА.

— Трансляцыя і прапаганда эфектыўных кіраўніцкіх практык — адзін з прыярытэтных напрамкаў дзейнасці абласнога інстытута развіцця адукацыі, — расказала начальнік вучэбна-метадычнага цэнтра кіраўніцкай дзейнасці ў адукацыі Брэсцкага абласнога ІРА В.Г.Строганава. — Развіццё сістэмы адукацыі ў сучасных дынамічных умовах патрабуе высокага ўзроўню кампетэнтнасці і прафесійнага майстэрства, адпаведных асобасных і дзелавых якасцей кіраўнікоў устаноў. Прыроджаных лідараў і таленавітых кіраўнікоў няшмат. Але добрым кіраўніком можна стаць, абапіраючыся на веды, новыя тэхналогіі, інавацыі і высокую працаздольнасць.

Сёння на Брэстчыне шмат прыкладаў пазітыўнай практыкі ў арганізацыі метадычнай работы з кіраўнікамі. Конкурс накіраваны на павышэнне эфектыўнасці дзейнасці раённых (гарадскіх) вучэбна-метадычных фарміраванняў кіраўнікоў школ, распаўсюджанне інавацыйнага кіраўніцкага вопыту і фарміраванне станоўчага сацыяльнага і прафесійнага іміджу сучасных кіраўнікоў устаноў адукацыі.

Журы пад кіраўніцтвам рэктара Брэсцкага абласнога ІРА Ю.А.Іванова ацэньвала актуальнасць тэматыкі конкурсных матэрыялаў, іх практычную значнасць, інфарматыўнасць, метадычнае забеспячэнне, тэхнічнае суправаджэнне, творчы падыход і мэтазгоднасць формы правядзення заняткаў. 7 лепшых метадычных матэрыялаў былі прэзентаваны ўдзельнікам вучэбна-метадычных фарміраванняў: “Лідарства дырэктара як фактар паспяховасці кіравання калектыўнай дзейнасцю”, “Арганізацыя дзейнасці членаў адміністрацыі па прыняцці кіраўніцкіх рашэнняў”, “Інавацыйныя працэсы як рэсурс развіцця ўстановы адукацыі”, “Павышэнне кампетэнтнасці кіраўнікоў у пытанні атэстацыі педагагічных кадраў”, “Маніторынг якасці адукацыі ва ўстанове агульнай сярэдняй адукацыі з пазіцыі кіраўніцкага падыходу”, “Пра некаторыя пытанні функцыянавання афіцыйных інтэрнэт-сайтаў устаноў адукацыі” і “Магчымасці выкарыстання воблачных тэхналогій у практыцы работы намесніка дырэктара па вучэбнай рабоце”.

Дыпломы пераможцаў з рук намесніка начальніка абласнога ўпраўлення адукацыі І.А.Паповай атрымалі дырэктар сярэдняй школы № 9 Кобрына Г.М.Дземідовіч, дырэктар гімназіі Ганцавіч І.У.Бараноўская, дырэктар сярэдняй школы № 3 Пінска А.М.Лабачэўская, дырэктар дзіцячага сада — пачатковай школы № 9 Брэста А.Я.Івашова, дырэктар сярэдняй школы № 7 Баранавіч А.А.Шпакоўская, дырэктар рэсурснага цэнтра інфармацыйных тэхналогій і тэхнічных сродкаў навучання аддзела адукацыі, спорту і турызму Камянецкага райвыканкама У.В.Кунц і намеснік начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму Бярозаўскага райвыканкама А.В.Мінко.

Пераможцы конкурсу лічаць, што сучасны кіраўнік павінен глядзець у будучыню, бачыць праблемы і стратэгічныя прыярытэты развіцця школы, прадбачыць рэальныя вынікі сваёй дзейнасці, праяўляць ініцыятыву, аператыўна рэагаваць на ўсе змены, прымаць адказныя рашэнні, упэўнена весці калектыў за сабой, пастаянна павышаць прафесійную кампетэнтнасць педагогаў, скіроўваць іх да інавацыйных пошукаў, арыентавацца ў ІКТ і інш.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.

Вызначаць чалавека Года культуры

Пераможцаў конкурсу “Чалавек Года культуры” аб’явяць у 14 намінацыях. Конкурс праводзіць Міністэрства культуры Беларусі.

У конкурсе могуць удзельнічаць грамадзяне Беларусі — работнікі сферы культуры, педагогі ўстаноў адукацыі ў сферы культуры, супрацоўнікі СМІ (у намінацыі “Асвятленне пытанняў культуры ў сродках масавай інфармацыі”), члены творчых саюзаў.

Крытэрыямі ацэнкі ўдзельнікаў у намінацыях “Выяўленчае мастацтва”, “Тэатральнае мастацтва”, “Музычнае мастацтва”, “Харэаграфічнае мастацтва”, “Эстраднае мастацтва”, “Цыркавое мастацтва”, “Кінавідэамастацтва” вызначаны мастацкі ўзровень вынікаў творчай дзейнасці ўдзельніка конкурсу на працягу перыяду правядзення конкурсу; іх публічны паказ на працягу года, атрыманы пры гэтым сацыяльны і эканамічны эфект; грамадскі рэзананс вынікаў дзейнасці, у тым ліку поспехі на міжнародных спаборніцтвах, водзывы ў прэсе; прафесійныя і маральныя якасці ўдзельнікаў.

Для намінацый “Музейная дзейнасць”, “Бібліятэчная дзейнасць”, “Клубная дзейнасць” крытэрыямі служаць прафесійнае майстэрства, дасягненні, наватарства; праведзеныя ў 2016 годзе новыя значныя акцыі; удзел у міжнародных і рэспубліканскіх форумах.

Крытэрыямі ў намінацыях “Народная творчасць”, “Народная дэкаратыўна-прыкладная творчасць” названы мастацкі ўзровень і грамадскі рэзананс вынікаў дзейнасці ўдзельніка ў перыяд правядзення конкурсу; арыгінальнасць выкарыстання нацыянальных мастацкіх традыцый; значнасць культурных праектаў, якія рэалізоўваюцца ў напрамку адраджэння, захавання традыцый і развіцця сучасных кірункаў мастацкай творчасці; удзел у 2016 годзе ў міжнародных, рэспубліканскіх конкурсах, фестывалях.

У намінацыі “Педагагічная дзейнасць з творчай моладдзю” ўлічваецца прымяненне эфектыўных форм работы па падтрымцы таленавітай моладзі; эфектыўнасць работы па падрыхтоўцы пераможцаў міжнародных конкурсаў, алімпіяд; узровень прафесійнага майстэрства і дасягненняў педагагічных работнікаў; актуальнасць і адпаведнасць вопыту педагагічнай дзейнасці сучасным тэндэнцыям развіцця адукацыі.

Для намінацыі “Асвятленне пытанняў культуры ў сродках масавай інфармацыі” важнымі з’яўляюцца грамадскае прызнанне, актуальнасць і папулярнасць аўтарскіх публікацый па пытаннях культурнага жыцця краіны; паўната і рознабаковасць асвятлення культурных падзей; майстэрства падачы матэрыялу.

Тэрмін падачы заявак у Міністэрства культуры — да 25 студзеня, прадстаўленыя матэрыялы будуць разгледжаны да 31 студзеня. Вынікі конкурсу журы падвядзе ў перыяд з 1 па 10 лютага.

Пераможцам конкурсу будуць уручаны спецыяльныя дыпломы і грашовыя прэміі ў памеры 25 базавых велічынь.

Студэнт года Магілёўшчыны вучыцца ў БДСГА

На Магілёўшчыне прайшоў абласны этап конкурсу “Студэнт года”. Яго ўдзельнікамі сталі лепшыя прадстаўнікі студэнцкай моладзі вобласці, тыя, хто дасягнуў высокіх вынікаў у вучобе, праявіў сябе ў розных сферах дзейнасці.

Сёлетнія канкурсанты — гэта сапраўды яркія, таленавітыя, актыўныя, мэтанакіраваныя маладыя людзі. Так, прадстаўніца Беларуска-Расійскага ўніверсітэта Вольга Пуранкова з’яўляецца ўдзельніцай і прызёрам шматлікіх фестываляў і конкурсаў. Акрамя таго, дзяўчына распрацавала ўласны бізнес-праект “Арыгінальныя лаўкі для паркавых зон”. Вельмі рознабаковая асоба і студэнтка Беларускай сельскагаспадарчай акадэміі Даяна Рошча. Яна — лаўрэат Рэспубліканскага конкурсу “АРТ-вакацыі”, удзельніца летняга лагера беларускіх студэнтаў у Кітаі, пераможца акадэмічнага конкурсу патрыятычнай песні і шэрага іншых творчых спаборніцтваў.

Гонар Магілёўскага інстытута МУС на конкурсе абараняў курсант Дзмітрый Каласёнак. Малады чалавек сур’ёзна захапляецца спортам. Хлопцу няма роўных у лёгкаатлетычным кросе і службовым мнагаборстве, што пацвярджаюць яго перамогі на розных чэмпіянатах. Студэнтка Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта харчавання Алеся Алейнікава, акрамя паспяховай вучобы, паспявае займацца валанцёрствам і творчасцю. Яна — член універсітэцкага валанцёрскага клуба “Міласэрнасць”, кіруе танцавальнай групай падтрымкі “Эфект”. А вось прадстаўніца Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.А.Куляшова Дар’я Івашкевіч сур’ёзна захапляецца англійскай мовай. Дзяўчына неаднаразова станавілася прызёрам адпаведных алімпіяд розных узроўняў, да таго ж яна — уладальнік сертыфіката на веданне англійскай мовы ад арганізацыі Cambridge ESOL.

— Гэты конкурс вельмі патрэбны. Ён дазваляе студэнцтву паказаць сябе, праявіць свае здольнасці. У нашай вобласці шмат маладых талентаў, аб чым яскрава сведчаць вынікі рэспубліканскага этапу спаборніцтва мінулых гадоў. Прадстаўнікі Прыдняпроўскага краю неаднаразова заваёўвалі там прызавыя месцы. Перамогі спрыяюць іх далейшаму самаразвіццю. Многія з удзельнікаў конкурсу зараз з’яўляюцца маладзёжнымі лідарамі, — адначыў першы сакратар абласнога камітэта ГА “БРСМ” Павел Алекса.

Каб мець права насіць ганаровае званне “Студэнт года — 2016”, маладым людзям неабходна было справіцца са шматлікімі конкурснымі выпрабаваннямі. Арганізатары падбіралі заданні такім чынам, каб ацаніць усе якасці і ўменні ўдзельнікаў. Завочна на суд журы студэнты прадстаўлялі партфоліа ўласных дасягненняў у сферы навуковых даследаванняў, грамадскага жыцця, культуры і спорту, відэаролік “Я — студэнт!”, свае сацыяльныя праекты. А пасля на сцэне дэманстравалі творчыя таленты і інтэлектуальныя здольнасці.

Крэатыўна прадстаўлялі сябе ўсе пяцёра канкурсантаў. Кампетэнтнаму журы прыйшлося доўга раіцца, перш чым вызначыць пераможцаў. У выніку трэцяга месца ўдастоілася студэнтка МДУ імя А.А.Куляшова Дар’я Івашкевіч, уладальнікам дыплома ІІ ступені стаў курсант Магілёўскага інстытута МУС Дзмітрый Каласёнак. Перамогу ж, а таксама званне “Студэнт года” і “Студэнт года ONLINE” заваявала прадстаўніца Беларускай сельскагаспадарчай акадэміі Даяна Рошча. Менавіта яна ў хуткім часе прадставіць Магілёўшчыну на рэспубліканскім этапе конкурсу.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота аўтара.

Рыхтуемся да конкурса прафесійнага майстэрства

Кожны разумее, што удзел у конкурсе прафесійнага майстэрства педагагічных работнікаў “Настаўнік года Рэспублікі Беларусь” — гэта не толькі пачэсная справа, але і вельмі адказная. Конкурс патрабуе многа душэўных, фізічных і псіхалагічных сіл. Таму так важна быць падрыхтаваным да ўдзелу ў ім. У рамках падрыхтоўкі да такога важнага мерапрыемства ў Воранаўскім раёне па ініцыятыве загадчыка метадычнага кабінета Ірыны Генрыхаўны Зубель быў праведзены метадычны дэсант “Педагог года — педагогу”. 

Мерапрыемствы праводзіліся на працягу двух дзён раённай творчай групай намеснікаў дырэктараў па вучэбнай рабоце і членамі раённага клуба “Пошук”, членамі якога з’ўляюцца педагогі, што маюць вопыт удзелу ў такім конкурсе. Педагогі, жадаючыя прыняць удзел у конкурсе, былі не толькі гледачамі, але і актыўнымі ўдзельнікамі мерапрыемстваў.

У першы дзень група пад кіраўніцтвам намесніка дырэктара па вучэбнай рабоце Радунскай школы-інтэрната Г.А.Дудко падрыхтавала міні-ўрок на сцэне. Тэма ўрока “Марское падарожжа” з першай хвіліны выклікала цікавасць у удзельнікаў. К.М.Рак (пераможца раённага этапу конкурса “Педагог года — 2014”) прапанавала прысутным разгадаць загадку, суаднесці часткі карабля (адгадкі) з пэўнымі этапамі ўрока. Затым педагогі разважалі, што такое карабель ведаў і куды ён павінен плысці.

Другое мерапрыемства — майстар-клас — было прадстаўлена групай пад кіраўніцтвам Г.Э.Станкевіч, намесніка дырэктара Паляцкішскай сярэдняй школы. Напрыканцы майстар-класа групы атрымалі заданне: зыходзячы з пэўнага пункту погляду (педагогі-кансерватары, педагогі актыўныя, перагогі “ў рамцы”, педагогі-наватары), скласці калаж па тэме “Майстар-клас”.

Другі дзень быў прысвечаны ўроку. Вучні 5 класа Рудунскай школы вывучалі тэму “Ураўненне” пад кіраўніцтвам незнаёмай настаўніцы Вольгі Генрыхаўны Шчэрба, настаўніцы Воранаўскай сярэдняй школы (пераможцы раённага этапу конкурса “Педагог года — 2014”). І.В.Удаева, намеснік дырэктара Радунскай школы, са сваёй групай расказалі прысутным аб патрабаваннях да ўрока ў незнаёмым класе і асаблівасцях яго самааналізу, правялі дзелавую гульню.

Апошняе мерапрыемства метадычнага дэсанта — публічнае выступленне. Група Т.Ю.Клімовіч (намесніка дырэктара Жырмунскай сярэдняй школы) і Н.І.Ненартовіч (намесніка дырэктара Пагародзенскай сярэдняй школы) падрыхтавалі патрабаванні да публічнага выступлення, прапанавалі прагляд відэа выступленняў з аналізам убачанага.

Галіна СТАНКЕВІЧ,
намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце
Паляцкішскай сярэдняй школы Воранаўскага раёна.

“Шыкоўная пяцерка“ з Гомельскай вобласці, або “Арыенцір” на п’едэстале гонару

Штогод на базе НДЦ «Зубраня» праходзіць рэспубліканскі конкурс педагагічных каманд выхаваўча-аздараўленчых устаноў адукацыі «Энергічнае лета. Далучайся!». У гэтым годзе годна прадставілі Гомельскую вобласць педагогі Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Калінкавіч.

Педагагічная каманда з Калінкавіч паказала мерапрыемства «Аўкцыён прафесій», прадстаўляючы прафарыентацыйны лагер з кругласутачным знаходжаннем «Арыенцір». Падчас гульні ўсім удзельнікам удалося не толькі пагуляць, але і прымерыць на сябе розныя прафесіі і нават зарабіць свае першыя грошы. Не менш займальнымі сталі мерапрыемствы «Форт Баярд» дзіцячага аздараўленчага лагера «Дружба» Мінскай вобласці, «Энэрджы Мікс» лагера «Цімураўцы.by» сярэдняй школы № 7 Навагрудка Гродзенскай вобласці, «Свет хаосу» аздараўленчага лагера «Арляня» Віцебскай вобласці і «Вялікая жартоўная алімпіяда» летняга лагера Маларыцкага раённага цэнтра турызму і краязнаўства дзяцей і моладзі Брэсцкай вобласці.

Пасля фінальнага выступлення журы, у склад якога ўваходзілі кансультант упраўлення сацыяльнай, выхаваўчай і ідэалагічнай работы Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь Ларыса Васільеўна Емяльянчык, кандыдат педагагічных навук намесніка дэкана па навуковай рабоце факультэта педагогікі і псіхалогіі Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.А.Куляшова Алена Аляксандраўна Башаркіна і кандыдат педагагічных навук дацэнт кафедры сацыяльнай работы Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка Святлана Якаўлеўна Ярмоліч, абвясцілі вынікі конкурсу.

Ганаровае трэцяе месца падзялілі паміж сабой аздараўленчы лагер «Дружба» пасёлка Энергетыкаў Мінскай вобласці і аздараўленчы лагер дзённага знаходжання «Юны выратавальнік» сярэдняй школы № 27 Магілёва. Другое месца занялі пазітыўныя важатыя аздараўленчага прафарыентацыйнага лагера з кругласутачным знаходжаннем «Арыенцір» Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Калінкавіч Гомельскай вобласці. Першае месца аказалася ў энергічнага калектыву спартыўна-аздараўленчага комплексу «Брыганціна» Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Усе пераможцы былі адзначаны дыпломамі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь.

Ала ВЕКА,
педагог дадатковай адукацыі Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Калінкавіч.