Музей стаў на якар

Марскі музей у сухапутнай школе — гэта магчыма, калі за справу бяруцца энтузіясты. Так, дзякуючы настойлівасці ветэранаў, якія служылі ў Ваенна-марскім флоце СССР, і разуменню дырэктара школы Уладзіміра Сямёнава таго, што музей стане важным элементам выхаваўчай работы, у лідскай сярэдняй школе № 10 з’явіўся цэнтр-музей “Ваенныя маракі Лідчыны”.

ДАВЕДКА. Па звестках Лідскага райваенкамата, у Ваенна-марскім флоце СССР праходзілі службу каля 300 ураджэнцаў Лідчыны. У 2009 годзе ветэраны-маракі зарэгістравалі раённую арганізацыю Беларускага саюза ваенных маракоў.

Грамадская арганізацыя адразу актыўна ўключылася ў жыццё горада, яе члены займаліся ваенна-патрыятычным выхаваннем, збіралі матэрыялы аб сваіх земляках, а таксама прадметы, якія мелі дачыненне да службы. І праз некаторы час паўстала пытанне аб стварэнні экспазіцыі, дзе б можна было паказаць усё гэта моладзі, расказаць аб ваеннай службе. Маракі звярнуліся да кіраўніцтва горада з просьбай выдзеліць для такой работы памяшканне. Для стварэння экспазіцыі была выбрана сярэдняя школа № 10.

ДАВЕДКА. Сярэдняя школа № 10 Ліды пабудавана ў 1937 годзе. Да гэтага заняткі з 1928 года вяліся ў прыстасаваным памяшканні. Пасля вызвалення Ліды ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў вучоба ў школе пачалася 1 верасня 1944 года. Першы пасляваенны выпуск — 10 чалавек — адбыўся ў 1949 годзе. З 2005 года ў сярэдняй школе № 10 працуюць прававыя класы.

Вучні гэтых класаў і сталі сапраўднай апорай ветэранаў. Дапамагалі ім у рамонце памяшкання, арганізацыі экспазіцыі. Дарэчы, усе работы былі праведзены без прыцягнення знешніх грашовых сродкаў, самімі маракамі.

Урачыстае адкрыццё цэнтра-музея “Ваенныя маракі Лідчыны” адбылося ў лютым 2013 года. Першую экскурсію правёў капітан другога рангу старшыня Лідскага раённага грамадскага аб’яднання “Беларускага саюза ваенных маракоў” Міхаіл Гузееў.

— Назва “цэнтр-музей” з’явілася з уяўлення таго, што гэта будзе не проста выстава флоцкіх атрыбутаў, а цэнтр патрыятычнай работы з моладдзю нашай школы, а таксама горада і Лідскага раёна, застаючыся пры гэтым ваенным музеем маракоў Лідчыны, — гаворыць Уладзімір Мікалаевіч Сямёнаў. — У музеі праводзяцца не толькі экскурсіі, але і ўрачыстыя мерапрыемствы да Дня абаронцаў Айчыны і Дня Ваенна-марскога флоту, пасвячэнне ў члены піянерскай арганізацыі, БРСМ, класныя гадзіны.

За гады работы ў музеі пабывалі не толькі школьнікі Ліды і Лідскага раёна, але і прадстаўнікі прадпрыемстваў, госці з-за мяжы — Расіі, Польшчы, Літвы. Адбылося звыш 150 экскурсій. А паглядзець ёсць на што. У экспазіцыі — звыш 400 экспанатаў, раздзеленых на тэматычныя выставы: “Форма адзення ВМФ”, “Штурманскія прыборы караблёў ВМФ”, “Лідчына і гісторыя флоту”, “Хадзілі мы паходамі”. Прадстаўлена экспазіцыя аб мараках, якія загінулі пры выкананні службовага абавязку. Ёсць і ўнікальныя экспанаты, напрыклад, фрагмент корпуса падводнай лодкі “Курск”, які перадалі ў музей маракі-падводнікі Паўночнага флоту.

Экспанаты трапляюць у музей рознымі шляхамі: асноўную частку перадалі лідскія ветэраны, цікавыя экспанаты хадавых частак караблёў пераслалі з Пінскага рамонтнага завода. Наладжваюцца кантакты з ваеннымі маракамі з Расіі. Вядзецца работа па падпісанні дагавора аб супрацоўніцтве з Музеем гісторыі падводных сіл Расіі імя Аляксандра Марынеска з Санкт-Пецярбурга.

Асаблівасць цэнтра-музея і ў тым, што многія экспанаты можна ўзяць у рукі, напрыклад, памераць бесказырку, чым абавязкова скарыстаюцца вучні малодшых класаў, і нават зробяць сэлфі. Правядуць тут і майстар-клас па вязанні марскіх вузлоў, вялікая калекцыя якіх прадстаўлена на адным са стэндаў. Дарэчы, экскурсіі праводзяць і ветэраны-маракі, і навучэнцы школы. Ну а тых, хто трапляе ў 10-ю школу і ў яе марскі музей упершыню, канечне, зацікавіць незвычайны экспанат, размясціць які ў сценах экспазіцыі было б вельмі цяжка, — сапраўдны карабельны якар перад уваходам у школу як сімвал таго, што цэнтр-музей тут надоўга і трывала.

Лілія ДАЙНЕКА,
метадыст Лідскага раённага вучэбна-метадычнага кабінета;
Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.
Фота Надзеі ВАШКЕЛЕВІЧ.

Настаўнік, якому вераць

Калегі Уладзіміра Мечыслававіча гавораць, што ён гімназію адчыняе і ён жа яе зачыняе. Так вобразна можна сказаць аб адданасці педагагічнай справе настаўніка геаграфіі гімназіі № 1 Ліды У.М.Валюка. І гэтая любоў да справы і вучняў вызначаецца не толькі гадзінамі працы, але і дасягненнямі яго вучняў. Толькі за пяць апошніх гадоў 25 вучняў Уладзіміра Мечыслававіча станавіліся пераможцамі абласнога этапу Рэспубліканскай алімпіяды па геаграфіі, 15 чалавек — заключнага, а Раман Дубіцкі ў 2014 годзе быў удзельнікам зборнай каманды Беларусі на Міжнароднай алімпіядзе па геаграфіі.

Навучыць любіць прадмет можна, напэўна, толькі тады, калі і сам лічыш яго цікавым. Зацікаўліваць геаграфіяй гімназістаў у У.М.Валюка атрымліваецца не адзін год. І не проста зацікаўліваць, а дапамагаць разумець прадмет, дзе неабходны таксама веды па матэматыцы, гісторыі, фізіцы, які спалучае фізіка-геаграфічныя і сацыяльна-эканамічныя навукі. Адна з самых старажытных навук у выкладанні Уладзіміра Мечыслававіча “абрастае” сучаснымі методыкамі, параўнаннямі, апорнымі схемамі, якія дапамагаюць дзецям паспяхова засвойваць прадмет.

— Высокаэрудзіраваны, адказны, надзейны, — так характарызуе настаўніка дырэктар гімназіі Наталля Зайцава. — Ён са сваімі вучнямі і на ўроках, і пасля ўрокаў. Такія якасці вельмі каштоўныя. У нашай гімназіі праводзіцца шмат мерапрыемстваў, у якіх удзельнічаюць і вучні, і настаўнікі. Нягледзячы на вялікую вучэбную нагрузку, Уладзімір Мечыслававіч не застаецца ўбаку: ён і на спартыўнай пляцоўцы, і ў інтэлектуальных гульнях у складзе каманды настаўнікаў і каманды выкладчыкаў і гімназістаў.

У.М.Валюк — адзіны географ у гімназіі. 21 клас, каля 500 вучняў. А яшчэ выкладанне ў Гродзенскім абласным інстытуце развіцця адукацыі, раённай школе па геаграфіі. Акрамя таго, настаўнік з’яўляецца трэнерам абласной каманды заключнага этапу Рэспубліканскай алімпіяды па геаграфіі, удзельнікам абласной творчай групы настаўнікаў геаграфіі.

Без перабольшання, у гімназіі У.М.Валюка ведаюць усе вучні. У яго вучацца і дзеці былых вучняў, старэйшыя браты і сёстры расказваюць малодшым пра Уладзіміра Мечыслававіча. Так што нічога дзіўнага няма ў тым, што на суботнія заняткі да яго прыходзяць і вучні малодшых класаў. Ён прымае ўсіх, калі бачыць зацікаўленасць у прадмеце. Так, Іну Карняйчук, калі яна яшчэ вучылася ў 5 класе, прывёў да педагога яго былы вучань, а зараз настаўнік рускай мовы і літаратуры гімназіі Аляксей Сымановіч. Іна цікавілася камянямі, а праз гэта з’явілася цікавасць і да геаграфіі.

У практыцы Уладзіміра Мечыслававіча быў таксама выпадак, калі на той час вучань 3 класа Васіль Сечка папрасіўся на суботнія заняткі па геаграфіі, а ўжо праз год удзельнічаў у раённай алімпіядзе за 7 клас і стаў яе прызёрам.

Намеснік дырэктара гімназіі па пачатковай школе Наталля Курганская згадала і такі выпадак. У класе Васіля яна вяла заняткі па казках паўночных народаў, і калі прагучала пытанне пра Нарвегію, хлопчык сам выйшаў да дошкі і пачаў расказваць пра гэтую краіну: хто кароль, паходжанне назвы краіны і што яна азначае. На пытанне, адкуль ён гэта ведае, Васіль адказаў, што з аповедаў настаўніка геаграфіі.

— Мне тады засталося толькі дадаць, што Васілю можна верыць, бо ён займаецца з Уладзімірам Мечыслававічам, — гаворыць Наталля Аляксееўна і адзначае, што геаграфія ніколі не была такой папулярнай у гімназіі, як з прыходам У.М.Валюка.

Сваю прафесійную дзейнасць У.М.Валюк пачынаў у сярэдняй школе № 11 Ліды пасля заканчэння геаграфічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Універсітэт стаў не толькі месцам вучобы, але і “радзімай” сям’і студэнтаў геафака Уладзіміра і Люцыны. На 4 курсе яны сталі бацькамі. Старэйшая дачка Ганна таксама пайшла па слядах мамы і таты — скончыла геаграфічны факультэт і працуе зараз у навукова-даследчым інстытуце геалогіі і разведкі карысных выкапняў. Дарэчы, Ганна скончыла сярэднюю школу № 11 з залатым медалём і была пераможцай Рэспубліканскай алімпіяды па геаграфіі. Малодшая дачка, дзевяцікласніца-гімназістка Яна, геаграфіяй таксама цікавіцца, але больш яе вабіць іспанская мова. Дома ў Валюкоў вісіць вялікая карта Еўропы — і гэта падабаецца ўсім членам сям’і.

— Люцына Эдвардаўна ўвесь час выкладае геаграфію ў першай лідскай школе. І рыхтаваць алімпіяднікаў пачала яна. Неяк няёмка было адставаць ад жонкі — і я ўцягнуўся ў гэтую работу, — усміхаецца Уладзімір Мечыслававіч. — Першую перамогу на рэспубліканскім этапе ў 1998 годзе атрымаў мой вучань Дзмітрый Мікулка.

Пачынаць маладому настаўніку было нялёгка, але, як ён сам адзначае, цікава. Было жаданне працаваць, прыдумваць нейкія “хады”, каб дзеці лягчэй успрымалі прадмет. Напрыклад, што значыць Афрыка? Не толькі кантынент, але і магчымасць хутчэй запомніць шэсць асноўных моў свету пры ААН.

— Урокі Уладзіміра Мечыслававіча вылучаюцца разнастайнасцю форм і метадаў падачы вучэбнага матэрыялу. Настаўнік добра ведае індывідуальныя асаблівасці сваіх вучняў, што дазваляе яму шырока выкарыстоўваць рознаўзроўневыя заданні, падыходзіць да працэсу навучання дыферэнцыравана, — гаворыць Наталля Андрэеўна Зайцава. — Выхаванне культуры зносін, павагі да традыцый сваёй краіны і культуры іншых народаў ляжыць у аснове ўрока. Яго вучнi маюць права на памылку, умеюць слухаць сябе і суразмоўцу, вучацца навыкам рэфлексіўнай дзейнасці. Гэтаму спрыяюць змястоўнае дыдактычнае забеспячэнне ўрока, добры псіхалагічны клімат, карэктнасць настаўніка, выкарыстанне славеснай ацэнкі для падтрымання высокай матывацыі да вывучэння геаграфіі.

— Вопыт дазваляе адразу адчуваць настрой класа. Часам бывае, што трэба крыху адысці ад плана заняткаў, зымправізаваць, даць дадатковую інфармацыю, каб выклікаць цікавасць, стварыць рабочы настрой, — гаворыць педагог.

Вучні Уладзіміра Мечыслававіча ўслед за настаўнікам паўтараюць яго любімыя выказванні: “Без гісторыі ты ніхто, без геаграфіі ты нідзе”, “Не плыві па цячэнні, не плыві супраць цячэння, а плыві туды, куды трэба”, “Карта — мова геаграфіі”. А сам У.М.Валюк гаворыць, што залатым правілам для яго з’яўляюцца словы: “Вучы, бо ты настаўнік”, і яшчэ педагог павінен не нашкодзіць, а дапамагчы свайму вучню не толькі атрымаць веды, але і стаць грамадзянінам і патрыётам. А любіць сваю Радзіму вучыць і геаграфія, і яе выкладчык.

Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.
Фота аўтара.

Адпачынак на «Арбіце»

На восеньскіх канікулах у сярэдняй школе № 11 Ліды працаваў прышкольны аздараўленчы лагер «Арбіта.by». Былі створаны тры атрады — «касмічныя караблі», у якія ўваходзілі дзеці розных узростаў. У кожнага «карабля» свой «дом» — свая станцыя, свая эмблема. Кожны «касмічны карабель» выбіраў назву, афармляў сваю «станцыю».

У «Арбіце.by» дзейнічала грашовая адзінка «зорка». «Зоркі» дзеці атрымлівалі за ўдзел у спартыўна-аздараўленчых мерапрыемствах. Удзел атрада («касмічнага карабля») у мерапрыемствах адзначаўся на экране «Зорнага экспрэса», які афармлялі дзеці ў пачатку змены. Кожны «касмічны карабель» афармляў свой альбом — летапіс. У ім асвятляўся кожны пражыты атрадам дзень; найбольш яркія мерапрыемствы, якія спадабаліся, запомніліся дзецям.

Арганізаваны адпачынак спрыяў выхаванню ў дзяцей дысцыпліны, працавітасці, дружбы і калектывізму, адказнасці, камунікабельнасці, талерантнасці. Кожны знайшоў сабе справу па душы, праявіў свае лепшыя якасці, набыў новых сяброў. Дзеці вывучылі шмат новых песень, музычных гульняў, танцавальных нумароў, разгадалі бясконцае мноства загадак і галаваломак, майстравалі вырабы, «падарожнічалі» па казачных краінах, усталёўвалі свае маленькія рэкорды, вывучалі правілы дарожнага руху і бяспечных паводзін. У лагеры праводзіліся спартыўныя мерапрыемствы: першынствы лагера па гульнявых відах спорту, спартыўныя эстафеты (як камандныя, так і асабістыя), у якіх былі задзейнічаны ўсе дзеці. З вялікім задавальненнем яны ўдзельнічалі ў спартыўных конкурсах, дзе паказвалі сілу, цярпенне, уменне суперажываць, спагадаць. Вынікам змены стала арганізацыя і правядзенне «Параду зорак» на «Арбіце».

Ірына ГЕБЕНЬ,
настаўніца фізічнай культуры і здароўя сярэдняй школы № 11 Ліды.

У апантаных вучняў навучыцца і настаўнік

Да прафесійнага свята педагогаў сёлета настаўнік фізікі і астраноміі гімназіі № 1 Ліды Віктар Баляслававіч Чункевіч за шматгадовую эфектыўную прафесійную дзейнасць па развіцці інтэлектуальных і творчых здольнасцей навучэнцаў быў узнагароджаны нагрудным знакам Міністэрства адукацыі “Выдатнік адукацыі”.

За апошнія тры гады вучнямі Віктара Баляслававіча атрыманы 33 дыпломы на розных этапах Рэспубліканскай алімпіяды па фізіцы і астраноміі, у тым ліку 8 — на заключным этапе рэспубліканскай алімпіяды. Двойчы яго дзеці станавіліся членамі каманды Рэспублікі Беларусь і ўдзельнічалі ў міжнародных алімпіядах па астраноміі і астрафізіцы. Так, у верасні 2010 года Павел Лявоненка ў складзе каманды школьнікаў краіны прымаў удзел у IV Міжнароднай алімпіядзе па астраноміі і астрафізіцы (у Пекіне) і атрымаў пахвальны водгук. У жніўні 2014 года ў VIII Міжнароднай алімпіядзе па гэтых жа прадметах (у Румыніі) удзельнічаў Сяргей Бірыч.

Больш чым за 10 гадоў педагог падрыхтаваў шмат пераможцаў раённых, абласных і рэспубліканскіх алімпіяд, удзельнікаў турніраў юных фізікаў. На працягу многіх гадоў яго навучэнцы паспяхова здаюць цэнтралізаванае тэсціраванне па фізіцы. У 2016 годзе Аляксандр Герман атрымаў сертыфікат з вынікам 100 балаў, сярэдні ж бал вучняў Віктара Баляслававіча склаў 68, што значна вышэй, чым абласны паказчык — 36,2 бала.

На сваіх занятках настаўнік у першую чаргу ўдзяляе асаблівую ўвагу практычнай накіраванасці ведаў. Каб зрабіць урокі больш эфектыўнымі, выкарыстоўвае сучасныя сродкі навучання. Фізіка для многіх яго вучняў становіцца прэстыжным заняткам, сферай рэалізацыі алімпіядных памкненняў, а з цягам часу і прафесіяй. Педагог кіруе алімпіяднай школай, заняткі ў якой дапамагаюць паглыбляць веды па прадмеце і дасягаць поспехаў.

“Я заканчваў школу ў вёсцы Солы Смаргонскага раёна, — расказаў Віктар Баляслававіч. — У старшых класах настаўніца фізікі захапіла мяне алімпіяднымі задачамі, я пачаў цікавіцца электронікай, у кнігах і часопісах знаходзіў электронныя схемы, выпайваў розныя дэталі са старых тэлевізараў. Аднойчы зрабіў радыёпрыёмнік. Пасля школы паступіў у БДУ на фізічны факультэт, які скончыў у 1985 годзе. Па размеркаванні вярнуўся працаваць у свой раён, а праз два гады пераехаў у Ліду, дзе ўладкаваўся ў сярэднюю школу № 7, якая затым стала гімназіяй”.

У педагагічнай рабоце, лічыць настаўнік, ёсць шмат плюсоў. Самы галоўны з іх у тым, што работа са школьнікамі, іх адкрытае, шчырае светаўспрыманне дае адчуванне ўласнай маладосці. Віктар Баляслававіч аддае рабоце шмат часу. Як правіла, ён у гімназіі з васьмі гадзін раніцы і да шасці вечара. Настаўнік вядзе ва ўстанове школу алімпійцаў, узначальвае і раённую школу па падрыхтоўцы да алімпіяд, аказвае дадатковыя платныя паслугі.

“Галоўнае, каб педагог знайшоў зацікаўленых у сваім прадмеце вучняў, — гаворыць Віктар Баляслававіч. — Але важна не проста зацікавіць, больш складана падтрымліваць і развіваць гэтую цікавасць. Ніколі не лічыў, што мой прадмет самы галоўны. Многім дзецям веды па фізіцы патрэбны толькі для падтрымання агульнага развіцця і эрудыцыі, фарміравання правільнага светаўспрымання і разумення правіл тэхнікі бяспекі. Да прыроджаных гуманітарыяў прад’яўляю крыху меншыя патрабаванні, але гэта не значыць, што яны не могуць атрымаць дзясятку па фізіцы.

У першую чаргу імкнуся даваць дзецям базавыя веды па прадмеце, якія дазваляюць ім самастойна працаваць і ўдасканальвацца. Калі вучань “узяў базу”, мая задача — накіроўваць яго далейшы працэс навучання, дапамагаць, кансультаваць. Упэўнены, што значна больш вучняў могуць паказваць выдатныя вынікі. Але чаму не ўсе яны ў высокай ступені рэалізоўваюць свой патэнцыял? На мой погляд, многім не хапае пэўнага фанатызму. У вучобе, як і ў спорце, трэніроўкі павінны быць амаль штодзённымі. Найбольш апантаныя навучэнцы вымушаюць і настаўніка заўсёды трымаць сябе ў форме. Я і сам часам вучуся ў дзяцей, якія выйшлі на высокі алімпіядны ўзровень. Калі Сяргей Бірыч збіраўся на Міжнародную алімпіяду па астраноміі, то мы з ім, можна сказаць, рыхтаваліся разам. Тлумачылі адно аднаму, што камусьці з нас было незразумела”.

Зараз настаўнік займаецца з Антонам Міхайлавым — сёлетнім пераможцам Рэспубліканскай алімпіяды па астраноміі, які мае шанс паехаць на міжнародную алімпіяду. Юнак захапляецца астраноміяй з дзяцінства і хоча ў будучыні працаваць у гэтай сферы. Раней паспяхова ўдзельнічаў у алімпіядах па матэматыцы і фізіцы.
Пераможцы рэспубліканскіх алімпіяд — гэта сапраўды ўнікальныя людзі. Іх дасягненні асобным радком пазначаны ў адукацыйнай сферы. Але не менш важнымі, лічыць Віктар Баляслававіч, з’яўляюцца жыццёвыя і прафесійныя поспехі вучняў, якія, стаўшы дарослымі, з удзячнасцю ўспамінаюць пра сваіх любімых настаўнікаў.

Надзея ЦЕРАХАВА.

Літаратары адказалі на пытанні

У рамках тыдня беларускай мовы і літаратуры ў cярэдняй школе № 11 Ліды адбылася сустрэча вучняў 11-х класаў з пісьменнікамі Лідчыны, членамі літаратурнага аб’яднання “Суквецце”. У госці да вучняў і настаўнікаў завіталі кіраўнік “Суквецця” Алесь Хітрун, паэтэса Ганна Ралікоўская і лідскі бард-песеннік Сяржук Чарняк.

“І жартам, і ўсур’ёз!” — менавіта так гучала тэма сустрэчы, якая аб’яднала ўдзельнікаў літаратурнай гасцёўні. Алесь Хітрун прэзентаваў свой “Вясёлы слоўнік”, у якім сабраны словы, што выклікаюць розныя смешныя асацыяцыі ў людзей, напрыклад: дымаход — нос курыльшчыка, жар-птушка — перапечаная курыца, правадыр — парушальнік руху, куркума — ліса. Акрамя гэтага, Алесь пазнаёміў прысутных з копіямі старонак часопіса “Вожык” за розныя гады, што выклікала асаблівую цікавасць у настаўнікаў і вучняў.

Ганна Ралікоўская прачытала свае гумарыстычныя вершы. Госці мерапрыемства мудра адзначылі, што смяяцца трэба са сваіх недахопаў і паводзін, а не з іншага чалавека. Далей сустрэча працягвалася ў музычным суправаджэнні — спявалі і госці, і нашы вучні.

Адказалі літаратары і на шэраг адрасаваных ім пытанняў: “На што скіроўваюць увагу ў сваёй сатыры сучасныя пісьменнікі Лідчыны?”, “Ці сапраўднае прозвішча ў Алеся Хітруна? Можа, гэта творчы псеўданім?”, “Ці даводзілася лідскім паэтам прымаць удзел менавіта ў конкурсах сатыры і гумару?”

Напрыканцы сустрэчы вучні падзякавалі гасцям за гумарыстычныя вершы, цікавыя гісторыі з уласнага жыцця, за шчырыя адказы на пытанні. А яшчэ яны падарылі ўдзельнікам мерапрыемства невялікія салодкія пачастункі, каб ім жылося весялей і хацелася далей пісаць вершы на актуальныя тэмы.

Святлана БЯЛЯЎСКАЯ,
настаўніца беларускай мовы і літаратуры сярэдняй школы № 11 Ліды.

Выхоўваем маленькіх “нехварэек”

Паўнацэннае выхаванне і развіццё дзіцяці магчыма толькі пры інтэграцыі адукацыйнай і аздараўленчай дзейнасці дашкольнай установы. Сумеснымі намаганнямі педагагічнага і медыцынскага персаналу мы дасягаем пэўных пазітыўных вынікаў у захаванні і ўмацаванні здароўя выхаванцаў.

Вынікі маніторынгу здароўя выхаванцаў становяцца прадметам абмеркавання педагогаў і медыкаў падчас педагагічных нарад. Сярод асноўных мерапрыемстваў, якія праводзяцца ў рамках маніторынгавай дзейнасці дашкольнай установы, — вывучэнне эфектыўнасці работы па стварэнні здароўезберагальнай сістэмы, па ахове і ўмацаванні фізічнага і псіхічнага здароўя выхаванцаў, што дазваляе даць якасную ацэнку дзейнасці ўстановы адукацыі. У цэнтры ўвагі спецыялістаў — вынікі паглыбленых медаглядаў дашкольнікаў, захворванні выхаванцаў, асаблівасці летняга аздараўлення, арганізацыі харчавання, выканання патрабаванняў СанПіН. Педагогі і медыкі робяць справаздачы аб мерах па зніжэнні захворванняў.

Мы імкнёмся вырашыць праблему ўмацавання здароўя дзяцей шляхам стварэння адаптыўнага фізкультурна-аздараўленчага асяроддзя, асаблівую ўвагу ўдзяляем забеспячэнню здароўезберагальнай накіраванасці адукацыйнага працэсу, уліку ўзроставых асаблівасцей дашкольнікаў. Педагогі дазіруюць разумовыя нагрузкі для дзяцей, падчас заняткаў праводзяць з імі рэлаксацыйныя паўзы, фізкультхвілінкі, ствараюць сітуацыі эмацыянальнага ўсплёску, выкарыстоўваюць спецыяльныя аздараўленчыя рухавыя гульні, элементы дыхальнай, зрокавай, пальчыкавай гімнастыкі.

Бацькі выхаванцаў перш за ўсё зацікаўлены ва ўмацаванні і захаванні здароўя дзяцей. З мэтай фарміравання ўсвядомленага бацькоўства ў пытаннях аздараўлення дзяцей у нашай дашкольнай установе працуе сямейны клуб “нехварэек”. Медыцынскія работнікі ўстановы праводзяць асветніцкую, кансультацыйную работу сярод бацькоў, рыхтуюць буклеты на тэмы “Мерапрыемствы па загартоўванні як аснова фарміравання здароўя дзяцей”, “Асцярожна — грып!”, “Меню выхаднога дня”, “Хатнія вячэры” і інш.

Сёння ў дашкольнай установе пры падтрымцы медыкаў праводзіцца прафілактыка парушэнняў паставы і плоскаступнёвасці, ранняя прафілактыка парушэнняў маўлення, зроку, карэкцыя асобасных адхіленняў у дашкольнікаў.

Жанна ФАЛІТАРЧЫК,
загадчык ясляў-сада № 9 Ліды.

Што я ведаю пра школу?

Ці трэба рыхтаваць дзяцей дашкольнага ўзросту да школы? На маю думку, вельмі неабходна, прычым не толькі дзяцей, але і іх бацькоў. Падрыхтоўка да школы павінна пачынацца задоўга да таго часу, калі дзіця пойдзе ў школу, можна сказаць, з моманту, як яно толькі пераступіць парог дзіцячага сада. Але найбольш актыўна падрыхтоўка павінна весціся ў старшай групе. Мэта падрыхтоўкі да школы — развіццё пазнавальнай матывацыі, цікавасці да школы, да чытання.

У нашай дашкольнай установе створана сістэма падрыхтоўкі да школы.

Стала добрай традыцыяй першага верасня з дзецьмі старэйшага ўзросту праводзіць экскурсію да помніка Францыска Скарыны.

Дашкольнікі атрымліваюць звесткі пра першадрукара, мы размаўляем з імі пра тое, навошта патрэбны веды, разважаем, ці трэба ведаць родную мову. У другой палове дня звычайна праводзіцца музычная забаўка “Падарожжа ў краіну ведаў”.

У першы тыдзень верасня праводзіцца тэст “Што я ведаю пра школу”. Гэты тэст мы праводзім і ў канцы навучальнага года, каб параўнаць адказы дзяцей.

На працягу навучальнага года мы час ад часу размаўляем з дзецьмі пра школу, расказваем пра ўрокі, вучым правілам паводзін у школе. На базе нашай установы размешчаны першыя класы школы, і дашкольнікі з цікавасцю назіраюць за жыццём першакласнікаў. У нас праводзяцца сумесныя з імі спартыўныя мерапрыемствы. Нашы выхаванцы наведваюць памяшканне класаў, дзе спрабуюць сябе ў ролі школьніка: сядзяць за партай, пішуць на дошцы, гартаюць буквар. Усё гэта стварае добры, пазітыўны настрой у адносінах да школы, пашырае веды дзяцей. Дашкольнікі таксама наведваюць школьную бібліятэку, назіраюць за ўрокамі фізкультуры, працоўнага навучання.

У старшых групах сада створаны куткі для правядзення сюжэтна-ролевай гульні “Школа”, дзе знаходзіцца лялька-школьніца, дошка, сшыткі, алоўкі, класны журнал, літары. Гэта дазваляе дзецям у гульнях замацоўваць веды, атрыманыя падчас гутарак, экскурсій у школу.

Нашы педагогі праводзяць пазнавальна-матывацыйныя комплексы заняткаў “Я хачу ў школу”, якія не толькі заахвочваюць дашкольнікаў новай вучэбнай дзейнасцю, але і развіваюць працэсы пазнання, камунікатыўныя здольнасці. Падрыхтоўка да школы не магчыма без удзелу бацькоў. Для іх кожны год праводзіцца дзень адкрытых двярэй “Хутка ў школу”. На сустрэчы з бацькамі мы запрашаем спецыялістаў: педагога-псіхолага, настаўніка-дэфектолага, які расказвае бацькам пра асаблівасці моўнай падрыхтоўкі дзяцей, дае парады, як папоўніць слоўнікавы запас дзяцей, як навучыць іх правільна размаўляць. Кіраўнік фізічнага выхавання паказвае бацькам практыкаванні для фарміравання правільнай паставы, расказвае пра фізічную падрыхтоўку дашкольнікаў.

Працуе ў нас і завочная школа будучага першакласніка, дзякуючы якой бацькі папаўняюць педагагічныя веды па тэмах “Калі пачынаць рыхтаваць дзіця да школы”, “Як сфарміраваць у дашкольнікаў элементарныя матэматычныя ўяўленні”, “Як дапамагчы авалодаць чытаннем і пісьмом”, “Як выбраць кнігу для дашкольніка, які пачынае чытаць”, “Як сфарміраваць пазітыўныя адносіны да школы” і інш.

На сайце дашкольнай установы кожная група мае сваю старонку. Для выхаванцаў старшых груп педагогі размясцілі заданні для дадатковай падрыхтоўкі да школы. Выконваючы гэтыя заданні, дзеці не толькі развіваюць свае інтэлектуальныя здольнасці, але і весела і з карысцю праводзяць час разам з бацькамі. Напрыканцы навучальнага года праводзіцца бацькоўскі сход, на які запрашаецца настаўнік пачатковых класаў. Ён дае карысныя парады, раіць практыкаванні, якія можна выконваць з дзецьмі ў час летніх канікул.

Я вельмі спадзяюся, што мае сённяшнія дашкаляты праз год з усмешкамі пераступяць парог школы. Нашы дзеці будуць ведаць, што вучоба ў школе — гэта сур’ёзная праца, але ў той жа час гэта захапляльнае падарожжа ў краіну ведаў!

Тэст “Што я ведаю пра школу”

1. Што такое школа? (Школа — гэта вялікі прыгожы дом з класамі, са спартыўнай залай, бібліятэкай, сталовай, медыцынскім кабінетам. У школе дзеці вучацца.)

2. Што такое ўрок? (Гэта час, калі дзеці вучацца чаму-небудзь новаму, слухаюць тлумачэнне настаўніка, адказы вучняў, выконваюць розныя заданні і не выходзяць з класа.)

3. Як даведацца, што час пачынаць урок? (Звініць званок, калідоры пусцеюць, дзеці ідуць у клас.)

4. Як у школе называецца стол, за якім дзеці пішуць? (Парта.)

5. Якая адзнака ў школе самая высокая? (Самая высокая адзнака — “дзясятка”. Яе атрымліваюць уважлівыя і працалюбівыя дзеці.)

6. Што такое школьны дзённік? (Гэта спецыяльны сшытак, куды пішацца расклад заняткаў, заданне на дом і куды настаўнік ставіць адзнакі.)

7. Што такое перапынак? (Гэта свабодны час паміж урокамі.)

8. Для чаго ён патрэбен? (Ён патрэбен для таго, каб падрыхтавацца да наступнага ўрока, выйсці з класа, пагуляць, паесці.)

9. У школе вучацца дзеці аднаго ўзросту ці рознага? (Рознага. Самыя малодшыя з іх — першакласнікі. Самыя старэйшыя вучацца ў 11 класе.)

10. Дзе і чым піша настаўнік, калі тлумачыць заданне? (На дошцы крэйдай.)

11. Як звярнуць на сябе ўвагу настаўніка, калі трэба аб нечым спытаць на ўроку? (Моўчкі падняць руку так, каб яе было відаць.)

Калі дзеці правільна адказалі:

* на 1—3 пытанні — неабходна ўдзяліць шмат увагі, каб дзеці атрымалі неабходную інфармацыю пра школу;

* на 4—6 пытанняў— трэба падрабязней пазнаёміць іх са школай;

* на 6—10 пытанняў — нядрэнна, але не пашкодзіла б яшчэ пагутарыць або пачытаць пра школу.

Алена ЖЭГЗДРЫН,
выхавальніца ясляў-сада № 29 Ліды.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.

Даступная адукацыя для дзяцей ад 1 да 2 гадоў

Адукацыя дзяцей ва ўзросце ад 1 да 2 гадоў ва ўмовах установы дашкольнай адукацыі набывае ўсё большую актуальнасць. Павышэнне попыту на адукацыйныя паслугі для дзяцей ранняга ўзросту звязана са зменамі дэмаграфічнай і сацыяльна-эканамічнай сітуацыі: ростам нараджальнасці, неабходнасцю або жаданнем маці выйсці на работу, усведамленнем важнасці атрымання якаснай ранняй адукацыі для дзіцяці і інш. Менавіта таму з 2015 года ў яслях-садзе № 26 Ліды праводзілася работа па стварэнні належных умоў для атрымання адукацыі дзецьмі ў групе другога ранняга ўзросту.

Відавочна, што выхавання і навучання дзяцей, якія зводзяцца ў асноўным толькі да арганізацыі догляду і нагляду за малышом, клопату пра яго фізічнае здароўе, для паўнацэннага развіцця дзіцяці ранняга ўзросту яўна недастаткова. Неабходна навукова абгрунтаваная работа па развіцці асобы дзіцяці ў адпаведнасці з яго ўзроставымі і індывідуальнымі магчымасцямі, здольнасцямі і патрэбамі, па фарміраванні ў яго маральных норм, набыцці ім сацыяльнага вопыту.

Калектыў нашай установы ўпэўнены, што для дзяцей ранняга ўзросту неабходны асаблівыя псіхолага-педагагічныя ўмовы, паколькі ў гэтым узросце дзіця паўнацэнна засвойвае толькі тое, што яму цікава. Паколькі на спецыялістах, якія працуюць з самымі маленькімі дзецьмі, ляжыць велізарная адказнасць, мы прыцягваем да работы ў групе другога ранняга ўзросту толькі кваліфікаваныя кадры, якія маюць дашкольную адукацыю і валодаюць адпаведнымі ведамі, метадамі работы з дзецьмі гэтага ўзросту.

Вялікая ўвага ў рабоце з дзецьмі ад 1 да 2 гадоў удзяляецца перыяду адаптацыі. Паступленне малыша ў дзіцячы сад выклікае, як правіла, сур’ёзную трывогу ў яго бацькоў, таму што дзеці ўпершыню пераходзяць з даволі замкнутага сямейнага свету ў свет шырокіх сацыяльных кантактаў. Паспяховасць адаптацыі дзяцей залежыць як ад майстэрства выхавальніка, так і ад зладжанных дзеянняў зацікаўленых у гэтым працэсе дарослых — бацькоў і супрацоўнікаў дзіцячага сада.

Мы ствараем спрыяльныя ўмовы для адаптацыі дзяцей да ўстановы. У першую чаргу стараемся не дапускаць стрэсавых станаў у дзяцей ранняга ўзросту. Дзеянні педагогаў накіраваны на зняцце эмацыянальнага і мышачнага напружання, зніжэнне імпульсіўнасці, залішняй рухальнай актыўнасці, трывогі, агрэсіі, на развіццё камунікатыўных навыкаў дзяцей, на развіццё ўвагі, успрымання, маўлення, уяўлення, агульнай і дробнай маторыкі, каардынацыі рухаў, на развіццё гульнявых навыкаў, адвольных паводзін. Праводзіцца цэлы комплекс мерапрыемстваў па адаптацыі малышоў: паступовае фарміраванне груп выхаванцаў; гнуткі графік наведвання сада; кароткачасовае знаходжанне дзіцяці ў садзе (пачынаючы з 2—3 гадзін); прысутнасць (непрацяглая) мамы разам з дзіцем у групе.

Наша група для дзяцей ва ўзросце ад 1 да 2 гадоў адпавядае патрабаванням часу. У групе прадугледжана гібкае комплекснае заніраванне прадметна-прасторавага асяроддзя. Заніраванне ўлічвае натуральную патрэбу дзяцей у актыўнай самастойнай дзейнасці. Вылучаецца прастора з пастаяннымі і мабільнымі (якія трансфармуюцца) элементамі і пераменнымі габарытамі. Асяроддзе арганізоўваецца з улікам гендарных асаблівасцей развіцця дзяўчынак і хлопчыкаў. Асаблівая ўвага ў групе ўдзелена афармленню інтэр’ера, які фарміруе станоўчы эмацыянальны настрой дзяцей. Асяроддзе ў групе другога ранняга ўзросту ў нашай установе зручнае і бяспечнае.

Для ўсебаковага развіцця дзіцяці важна цеснае ўзаемадзеянне сям’і і дзіцячага сада. Бацькам неабходны педагагічныя веды, з нараджэннем дзіцяці яны, фактычна, вымушаны асвойваць прафесію выхавальніка. З мэтай прапаганды псіхолага-педагагічных і гігіенічных ведаў сярод бацькоў дзяцей ад 1 да 2 гадоў выкарыстоўваюцца розныя формы работы: індывідуальныя і групавыя гутаркі, кансультацыі, бацькоўскія сходы, бацькоўскія канферэнцыі, семінары, медыка-педагагічныя нарады, дні адкрытых дзвярэй і інш. Медыцынскі і педагагічны персанал нашай установы знаёміць бацькоў з арганізацыяй розных рэжымных момантаў (кармленне, сон, працэдуры загартоўвання, прагулкі, гульнявая дзейнасць), фізкультурна-аздараўленчых мерапрыемстваў і г.д. Пры гэтым выкарыстоўваецца наглядная агітацыя: маляўнічыя стэнды, табліцы, фотамантажы, альбомы, папкі-перасоўкі, слайды, аматарскія кінафільмы і інш.

Практыка пацвердзіла, што эфектыўны як непасрэдны абмен вопытам бацькоў па выхаванні дзяцей ранняга ўзросту, так і абмен вопытам ва ўмовах анлайн-зносін на афіцыйным сайце ўстановы дашкольнай адукацыі. Наша мэта ў тым, каб забяспечыць прадукцыйнасць гэтых зносін, даць бацькам разнастайныя практычныя і тэарэтычныя веды, якія могуць ім спатрэбіцца.

Адзін з найважнейшых напрамкаў развіцця даступнай і якаснай дашкольнай адукацыі — укараненне новых форм арганізацыі дашкольнай адукацыі, у тым ліку на платнай аснове, што дазваляе захаваць даступнасць адукацыйных паслуг, задаволіць запатрабаванні сям’і на якасную дашкольную адукацыю. На базе нашай установы атрымалі развіццё і такія новыя формы адукацыі дзяцей ранняга ўзросту, як мацярынская школа, адаптацыйныя, прагулачныя і вячэрнія групы ва ўмовах кароткатэрміновага знаходжання выхаванцаў.

Набыты намі вопыт дазваляе адзначыць, што ў сучаснай беларускай сям’і ўзрос давер да адукацыі дзяцей ва ўмовах дзяржаўных устаноў адукацыі пачынаючы ўжо з самага ранняга дзяцінства (нярэдка яны звяртаюцца да нас па дапамогу), што павышае ўзровень канкурэнтаздольнасці на рынку адукацыйных паслуг.

Павелічэнне колькасці дзяцей ва ўзросце ад 1 да 2 гадоў, якія наведваюць установу дашкольнай адукацыі, адбываецца на фоне ўсё большага ўсведамлення важнасці ранняга ўзросту ў жыцці чалавека, таму што менавіта перыяд ранняга дзяцінства, па прызнанні многіх вучоных свету, з’яўляецца ўнікальным у развіцці чалавека, а фундамент чалавечых паводзін і псіхікі, які закладваецца ў гэты час, абумоўлівае ход далейшага развіцця.

Алеся ШЛАПІК,
загадчык ясляў-сада № 26 Ліды.

Педагог-натхненне

“Педагог-натхненне”, — пісала я пра Таццяну Міхайлаўну Глыздову некалькі гадоў назад. А нядаўна сустрэла яе ў Міністэрстве адукацыі, мы перакінуліся літаральна некалькімі словамі. І ў галаве зноў усплылі гэтыя словы — педагог-натхненне.

Таццяна Міхайлаўна працуе ў гімназіі № 1 Ліды, дзе выкладае рускую мову і літаратуру ўжо 21 год. Заўсёды вучні ідуць да яе на ўрокі з задавальненнем. Яны імкнуцца вучыцца, а яна імкнецца іх вучыць. Таццяна Міхайлаўна — педагог па прызванні, што поўнасцю адлюстроўвае яе ўнутраную сутнасць і грамадзянскую пазіцыю.

“Жаданне стаць настаўнікам з’явілася яшчэ ў дзяцінстве, калі мы разам з сястрой гулялі ў школу, дзе вучнямі былі нашы цацкі. У школе я любіла многія прадметы і з задавальненнем хадзіла на ўрокі хіміі, матэматыкі, замежнай мовы. Але для мяне заўсёды важнай была асоба настаўніка. І, напэўна, сіла ўздзеяння настаўнікаў-філолагаў была мацнейшай за ўсе астатнія. У мяне былі выдатныя настаўнікі рускай і беларускай мовы і літаратуры. А пасля, калі давялося рабіць выбар, я ўжо ведала, што стану настаўніцай рускай мовы і літаратуры. Дарэчы, і мая сястра таксама выбрала шлях педагога. Яна стала настаўніцай беларускай мовы і літаратуры”, — падзялілася падчас нашай першай размовы Таццяна Міхайлаўна.

Яе жыццёвы аптымізм і прафесіяналізм прыцягваюць дзяцей, якія становяцца такімі ж адданымі слову, мове, як і яна. Зразумела, што ў такога педагога і вучні паспяховыя. Яны ўвесь час змагаюцца за новыя перамогі. Не апошнюю ролю тут адыгрывае і імкненне самой Таццяны Міхайлаўны да самаўдасканалення. Дзеля ўдасканалення яна ўвесь час аналізуе сваю педагагічную дзейнасць.

Акрамя таго, росту прафесіяналізму вельмі спрыяе і калектыў аднадумцаў, а педагагічны калектыў гімназіі № 1 Ліды пад кіраўніцтвам Наталлі Андрэеўны Зайцавай ужо на працягу многіх гадоў дэманструе, як гаворыцца, вышэйшы пілатаж, — праўда, не ў небе, а ў працэсе навучання і выхавання сваіх вучняў. Гімназія штогод рыхтуе шматлікіх пераможцаў рэспубліканскай прадметнай алімпіяды.

Асаблівую ўвагу Таццяна Міхайлаўна ўдзяляе рабоце з адоранымі дзецьмі. Дарэчы, яе вучні таксама станавіліся героямі маіх артыкулаў і, нягледзячы на свой юны ўзрост, былі цікавымі суразмоўцамі. Цяпер вопыт работы Таццяны Міхайлаўны па падтрымцы і развіцці дзіцячай адоранасці трансліруецца на раённым і абласным узроўні.

Так, у 2015 годзе ў рамках семінара творчай групы настаўнікаў беларускай мовы і літаратуры Гродзенскай вобласці яна праводзіла майстар-клас “Словаўтварэнне. Склад слова. Метадычныя прыёмы вырашэння праблемы”. На працягу 2015/2016 навучальнага года яе двойчы запрашалі праводзіць заняткі для слухачоў курсаў павышэння кваліфікацыі настаўнікаў беларускай мовы і літаратуры Гродзенскага абласнога інстытута развіцця адукацыі.

Пра эфектыўнасць работы настаўніцы з навучэнцамі высокай вучэбнай матывацыі сведчаць вынікі цэнтралізаванага тэсціравання. Сярэдні бал вучняў Таццяны Міхайлаўны ў 2016 годзе склаў 81,3 бала.

Не першы год яе вучні дэманструюць высокія вынікі на алімпіядзе школьнікаў Саюзнай дзяржавы “Расія і Беларусь: гістарычная і духоўная еднасць” (з 2010 года на іх рахунку — 8 дыпломаў), на заключным этапе Рэспубліканскай алімпіяды па рускай мове і літаратуры. Так, за апошнія тры гады яе навучэнцы атрымалі 14 дыпломаў трэцяга этапу і 6 дыпломаў заключнага этапу Рэспубліканскай алімпіяды па рускай мове і літаратуры.

Безумоўна, Таццяна Міхайлаўна Глыздова карыстаецца заслужаным аўтарытэтам сярод педагагічнай, вучнёўскай і бацькоўскай грамадскасці Лідчыны. Сем разоў яна ўзнагароджвалася прэміяй спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў, была дэлегатам IV Усебеларускага народнага сходу, а ў 2015 годзе яе ўзнагародзілі медалём Францыска Скарыны. Прызнаецца ганаруся тым, што ведаю такога чалавека.

Вольга ДУБОЎСКАЯ.

Карані і галасы

Сёння працягваем цыкл публікацый у рамках сумеснага праекта “Настаўніцкай газеты” і Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі “АРТ-вакацыі”: галерэя творцаў”. На гэты раз наш карэспандэнт выправіўся ў прыгожы заходнебеларускі горад Ліду, дакладней, у дзве тамтэйшыя ўстановы адукацыі — Лідскі дзяржаўны прафесійны ліцэй меліярацыйнага будаўніцтва і Лідскі каледж Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы, каб пазнаёміцца з іх творчымі калектывамі, пераможцамі і лаўрэатамі Рэспубліканскага фестывалю мастацкай творчасці навучэнцаў “АРТ-вакацыі”.

Прызнацца, яшчэ ніколі за час вядзення рубрыкі “АРТ-вакацыі”: галерэя творцаў” мне не было так цесна на газетным развароце. Мяркуйце самі: за дзень камандзіроўкі ў Ліду я сустрэўся і дастаткова падрабязна пагутарыў з двума дырэктарамі вышэйназваных устаноў адукацыі, адпаведна, з двума іх намеснікамі, з пяццю кіраўнікамі творчых калектываў і з тузінам, а можа быць, і большай колькасцю навучэнцаў. Усяго — з больш чым 20 рэспандэнтамі, кожнаму з якіх хацелася б даць слова і тут, на старонках газеты. А таму, яшчэ калі знімаў з дыктафона запісанае ў Лідзе, адчуваў, што нейкага разгорнутага паслядоўнага эсэ з усімі плаўнымі пераходамі і аўтарскімі акцэнтамі на гэты раз не атрымаецца з той простай прычыны, што мне не хопіць на гэта газетнай плошчы. Адчуваў: трэба шукаць менавіта нейкую схему, будаваць “соты”, а ў іх ужо, як мёд, уліваць пачутае ў як мага больш канцэнтраваным выглядзе. Можа, толькі тады ўдасца хоць збольшага данесці да чытача інфармацыю, здабытую ў Лідзе.

У выніку ўсіх ваганняў і шуканняў вынайшаў наступную схему. Спачатку кіраўнік калектыву расказвае пра сябе і пра свой прафесійны і жыццёвы бэкграўнд; потым па магчымасці апісвае нумар, з якім калектыў выступаў на “АРТ-вакацыях”; затым дзеліцца вопытам работы і асаблівасцямі сваёй методыкі; нарэшце, фармулюе сваё крэда. Побач, у асобным блоку, навучэнцы, удзельнікі мастацкага калектыву, у сваю чаргу расказваюць пра свой творчы вопыт, свайго кіраўніка і таксама фармулююць сваё крэда. Тут жа, таксама ў асобным блоку, пэўныя высновы падводзіць дырэктар установы адукацыі. І ўсё гэта па прынцыпе no comment, нярэдка — у лаканічным жанры “правілы жыцця”.

Адхіленні ад гэтай схемы, безумоўна, непазбежныя, але ў цэлым ніжэйзмешчаны тэкст будзе ёй падпарадкоўвацца.

Такім чынам, слухаем лідскія галасы такія, якія яны ёсць…

Лідскі дзяржаўны прафесійны ліцэй меліярацыйнага будаўніцтва: фальклорна-этнаграфічны ансамбль “Карані” творчага аб’яднання “Сузор’е”

Святлана Мікалаеўна ЛАПЯН, педагог-арганізатар ліцэя, мастацкі кіраўнік творчага аб’яднання “Сузор’е”:

* У маім выпадку можна гаварыць пра дынастыю музыкантаў. Калі я яшчэ была малодшакласніцай, нашай сям’і прапанавалі выступіць на нейкім конкурсе сямейным калектывам. (Мама тады працавала музычным кіраўніком у дзіцячым садку і паралельна дырыжыравала хорам у ліцэі; тата, супрацоўнік ліцэя, спяваў у тым хоры; так яны ў свой час і пазнаёміліся.) Праз пару гадоў яшчэ раз папрасілі выступіць, а на той час у мяне ўжо з’явілася сятрычка — нас стала ўжо чацвёра ў сямейным ансамблі. А яшчэ праз нейкі час у мяне з’явіўся брацік, і ён таксама стаў удзельнікам нашага калектыву. Так і нарадзіўся наш сямейны ансамбль “Сахонь” (гэта маё дзявочае прозвішча): я, сястра, брат, мама і тата. Званне народнага калектыву мы насілі 20 гадоў. Апошні раз абаранілі яго, калі ў мяне самой нарадзілася дачушка. Потым — яшчэ адна. Мае дочкі Каця і Даша сталі трэцім пакаленнем нашай дынастыі, бо яны са мной сёння вельмі часта выступаюць на сцэне ліцэя. Трэба анёлачак для нумара на конкурс “Песня пра маму”? Дзе ўзяць таго анёлачка? Канечне ж, у Святланы Мікалаеўны! Прывядуць таго анёлачка, прычэпяць яму крылцы, ён проста пастаіць побач з вакальнай групай навучэнцаў — і 1-е месца на конкурсе! Маіх дзяўчынак тут, у ліцэі, усе ведаюць, і яны ўсіх ведаюць. Дарэчы, тата мой з музыкай як такой зусім не звязаны, хоць і любіць выходзіць на сцэну. Мы ў сваім сямейным ансамблі жартуем так: мама — кіраўнік ансамбля, а тата — кіроўца. Гэта значыць, мама кіруе, а тата нас возіць на машыне па розных конкурсах. А куды яму дзецца?

* Я скончыла Лідскае музычнае вучылішча (сёння гэта каледж) па класе акадэмічнай харавой музыкі, але мне заўсёды было бліжэй народнае. І таму ў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў я паступіла менавіта на аддзяленне народнай харавой музыкі. Гэта была неверагодна карысная для мяне школа ў плане пастаноўкі народнага голасу, ды і проста ведаў пра наш беларускі фальклор.

* У творчае аб’яднанне “Сузор’е”, якім я кірую, уваходзяць, акрамя ансамбля “Карані”, група “Патрыёты” (яе ўдзельнікі спяваюць песні патрыятычнай накіраванасці, прычым найчасцей — аўтарскія), агітбрыгада. А “Карані”, трэба прызнацца, не заўсёды былі менавіта “Каранямі”. Першыя нашы выступленні на “АРТ-вакацыях” нагадвалі салянку: асобна паказвалі народныя танцавальныя нумары, асобна — эстрадныя танцавальныя. Тады нашы куратары з абласнога ўпраўлення адукацыі, у прыватнасці Лілія Вацлаваўна Курылёнак, параіла мне зрабіць менавіта фальклорны калектыў, у які ўваходзілі б інструментальны, танцавальны і вакальны блокі. Мы пачалі спяваць і танцаваць беларускае. Але ўсё адно нечага не хапала. І тады, зноў жа з падказкі Ліліі Вацлаваўны, мы вырашылі зрабіць акцэнт на мясцовы фальклор. Разам з дзецьмі выяз-джалі ў фальклорныя экспедыцыі ў найбліжэйшыя вёскі (Крупава, Буды і інш.). Навучэнцам гэта было надзвычай цікава. Потым ужо кожны па сваёй ініцыятыве прывозіў з роднай вёскі нешта сваё: ці нейкі танец, ці цэлую песню, ці нават адно мясцовае слоўца ў вядомай песні. Так, паступова, мы цалкам перайшлі на мясцовы фальклор і былі ўжо сапраўднымі “Каранямі”, якія не на паверхні растуць, а ўсё глыбей і глыбей сягаюць…

Слова дырэктара

Сяргей Іванавіч БУДНІК, дырэктар Лідскага дзяржаўнага прафесійнага ліцэя меліярацыйнага будаўніцтва:

“У нас склаўся няправільны, некарэктны стэрэатып, маўляў, у сістэму прафтэхадукацыі прыходзяць дзеці, якія для далейшай вучобы ў школе не прыдаліся, а лепшыя застаюцца якраз у школе. Мне вельмі лёгка абвергнуць гэты стэрэатып, бо ў ліцэй я прыйшоў працаваць усяго тры гады назад якраз са школы і бачу тут сёння тых дзяцей, якіх бачыў раней у школе. Не буду называць прозвішча аднаго падлетка, але гэта проста неверагодна: у школе ён сапраўды быў сярод апошніх, калі і выводзілі яго перад школьнай лінейкай, дык толькі для таго, каб паўшчуваць ці за дрэнныя паводзіны, ці за пропускі, ці за неахайны выгляд. А тут я яму грамату ўручаю перад усімі дзецьмі. Ён апарат зварачны набыў. Дома ў мамы ўсё пераварыў. Вось жа знайшоў чалавек сябе! І зніклі ўсе яго ранейшыя нягоды.

А творчыя таленты нашых навучэнцаў — гэта наогул асобная размова. Я і сам быў надзвычай уражаны, калі ўпершыню прысутнічаў на прафарыентацыйным канцэрце нашых навучэнцаў. Бачыў рэакцыю абітурыентаў, якія прыйшлі на канцэрт. Здавалася б, ну што такога можна ўбачыць у ліцэі, калі столькі ўсяго вакол — і ў горадзе, і ў інтэрнэце, і па тэлебачанні? Гляджу, а школьнікі ў зале дасталі свае тэлефоны і здымаюць канцэрт нашых дзяцей…

Я сам паходжу з вялікай педагагічнай дынастыі. Мае прадзядуля, дзед, тата, мама, сястра, жонка, муж сястры — у маім родзе больш настаўнікаў, чым ненастаўнікаў. Невыпадкова наша дынастыя была выбрана ад Гродзенскай вобласці для ўдзелу ў першым з’ездзе педагагічных дынастый у 2009 годзе. Тады ў кожнай дынастыі мусіў быць нейкі свой жыццёвы слоган. Мне тады ўспомніліся словы мамы: “Дай мне розум і душэўны спакой прыняць тое, што я не ў сілах змяніць. Мужнасць — змяніць тое, што магу змяніць. І мудрасць — адрозніць адно ад другога”. Гэтыя словы як малітва — заўсёды на маім рабочым стале”.

* На апошнім Рэспубліканскім фестывалі мастацкай творчасці навучэнцаў “АРТ-вакацыі” мы паказалі два нумары: танец “Нажнічкі” і вакальна-інструментальны нумар “Сэрца мае”, у якім мы і танцавалі, і спявалі, і вадзілі карагод. І ўся зала з намі танцавала, у карагод мы ўцягнулі нават сяброў журы!

* Я ніколі нікога не прымушаю ўдзельнічаць у нашым калектыве. Звычайна пачынаецца ўсё з таго, што я проста ўключаю для навучэнцаў відэа з запісамі папярэдніх складаў ансамбля. Яны глядзяць, напрыклад, абрад юр’еўскі, які мы рабілі некалькі галоў назад, потым другі раз пераглядаюць, трэці. Абдумваюць усё гэта. Мая задача — своечасова запытацца: “А вы б хацелі зрабіць нешта падобнае?” Хто хоча, хто не хоча, а хто разважае так: “Ну, калі большасць хоча, дык і я хачу”. Яны адно за адным вельмі цягнуцца. Гэтакая калектыўная самасвядомасць. А хто катэгарычна не хоча, дык і не трэба. Знойдзе сябе ў нечым іншым.

Галасы навучэнцаў

Павел ВАДЭЙША: “У дзяцінстве, калі ездзіў да бабулі ў вёску Мінойты, я часта чуў, як яна напявала народныя песні, і мне гэта заўсёды вельмі падабалася. І таму без ніякіх ваганняў я далучыўся на першым курсе да ансамбля “Карані”. Думаю, што і пасля заканчэння ліцэя, калі буду працаваць меліяратарам на палях, калі буду варочаць нашу беларускую зямлю, фальклор са мной застанецца. Мы ж танцуем і спяваем не для таго, каб на працягу трох гадоў вучобы адсядзецца тут, у гэтым фальклоры, а потым выйсці адсюль і ўсё забыць адразу. Мы ў першую чаргу танцуем і спяваем для сябе, таму што нам гэта падабаецца”.

Дар’я ЖОЛУД: “Нашы беларускія песні і танцы — гэта тое наша роднае, што нас усіх яднае, робіць з нас адно цэлае, неаддзельнае ад нашай агульнай гісторыі. Мне наогул падабаецца ўсё наша больш, чым замежнае”.

Павел РАЎПУК: “Нашы продкі гэтым жылі, цяпер гэтым жывём мы. І мы бачым, што людзям падабаецца глядзець на нашы выступленні. Гонар тады праймае і за сябе, і за родную культуру”.

* Мы ў нашым ансамблі — адно цэлае, можна сказаць, адна вялікая сям’я. Мне дарагі кожны навучэнец. Некалі яны мяне вучылі ўключаць ноўтбук, заходзіць у сацыяльныя сеткі, спампоўваць з інтэрнэту песні і танцы… Яны пастаянна вучаць мяне сучаснасці, а я прывучаю іх да каранёў, да нашай гісторыі, нашай нацыянальнай культуры.

Лідскі каледж Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы: чатыры калектывы ў адной дзеі

Святлана Пятроўна КАЧАН, культарганізатар, мастацкі кіраўнік тэатра гістарычнага касцюма “Лідзейка”:

* Прэзентацыя нашага каледжа ў рамках Рэспубліканскага фестывалю мастацкай творчасці навучэнцаў “АРТ-вакацыі” ўяўляляла сабой адну вялікую кампазіцыю: спачатку выходзіў наш тэатр гістарычнага касцюма “Лідзейка” і дэманстраваў калекцыю стылізаванага гістарычнага адзення часоў князя Гедыміна, калі быў заснаваны наш горад. Дэфіле суправаджалася дэкламацыяй адпаведнага верша “Горад над Лідзейкаю”, які напісала начальнік выхаваўчага аддзела Алена Эдуардаўна Руцкая. Затым дэманстрацыя гістарычных касцюмаў плаўна перацякла ў наступны нумар — гісторыка-побытавы танец “Паланэз” у выкананні харэаграфічнай студыі “Паўлінка”, у сваю чаргу “Паланэз” перацёк у інструментальную кампазіцыю “Ойра-ойра!” у выкананні ансамбля народнай музыкі “Версалінка”. А заключным акордам стала песня “Будзь зоркай!” (эстрадная студыя “Жамчужынка”), якая як бы выводзіла моладзь з гісторыі і заклікала ў будучыню.

* А хіба можна зазірнуць у будучыню, не ведаючы сваёй гісторыі? Можна, але гэта будзе скажоны погляд. Трэба ведаць сваю гісторыю, свае карані.

* Творчасць — гэта маё жыццё. Я жыву тут, у гэтай актавай зале каледжа, дзе мы з вамі цяпер знаходзімся.
Ганна Валер’еўна БУЧЫНСКАЯ, кіраўнік харэаграфічнай студыі “Паўлінка”:

* Я скончыла факультэт эстэтычнай адукацыі Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка. Адным з маіх выкладчыкаў быў незабыўны фронтмен этнатрыа “Троіца” Іван Кірчук — самы светлы ўспамін ад вучобы ва ўніверсітэце. Менавіта ад яго ў маіх пастаноўках імкненне да аўтэнтыкі, да таго, каб па магчымасці нічога не змяняць з таго, што калісьці было.

* У 2013 годзе на “АРТ-вакацыях” мы паставілі “Пчолку”. Гэта такі аўтэнтычны народны танец. У 2015 годзе — “Паланэз”, па ўсіх канонах і правілах, так, як танцавалі гэты танец у ХІХ і першай палове ХХ стагоддзя. У нас, у Лідзе, якая да 1939 года была пад Польшчай, вельмі добра ведаюць гэты танец. У наступным годзе маем намер паказаць абрад “Гуканне вясны”. Зноў пойдзем шляхам Кірчука.

* Я заўсёды пытаюся ў сваіх студэнтаў, што б самі яны хацелі станцаваць. Гэта шчасце, калі нашы жаданні супадаюць. А менавіта так яно і адбываецца часцей за ўсё.

Ядвіга Леанідаўна КАРЭЦКАЯ, кіраўнік ансамбля народнай музыкі “Версалінка”:

* За плячыма ў мяне сур’ёзная адукацыя: дзіцячая музычная школа, музычнае вучылішча, Беларуская дзяржаўная кансерваторыя (клас домры). Усё жыццё займалася інструментальнай музыкай. Іграла сола, іграла ў калектывах. Сын мой таксама музыкант, іг рае на духавых народных інструментах.

* Раней у каледжы быў вельмі вялікі аркестр — з кантрабасам, домрай, балалайкай, баянам. Усё было. Потым да нас стала менш паступаць дзяцей з музычнай адукацыяй, прыйшлося калектыву даць іншы — больш камерны — напрамак. Мы сталі выбіраць назву. Нешта прапаноўвала я, нешта — дзеці, але неяк не было цікавых варыянтаў. І тут мне ўспомнілася, што мой сын у свой час удзельнічаў у калектыве, які называўся “Версалінка”. І не стала я нічога больш прыдумляць. “Версалінка” — у гэтым слове ёсць нешта такое беларускае, восеньскае (ад “верасень”) і ў той жа час французскае (ад “Версаль”).

* Я доўга думала над тым, які нумар прадставіць на “АРТ-вакацыях”. Разумела: трэба было знайсці нешта нестандартнае, каб здзівіць і журы, і гледачоў. І каб не проста нумар быў, а шоу, рух нейкі. Спынілася на варыянце сярэдневяковай музыкі — кампазіцыі “Ойра-ойра!”. Гэта складаная шматпластавая кампазіцыя. Спачатку дзеці рытм выстукваюць на драўляных палках, потым дзве дзяўчынкі выходзяць і на дудачках іграюць, потым уключаюцца ўдарныя, дадаюцца выгукі, шумавыя эфекты… Такі вось паступовы накал ідзе: крэшчэнда, крэшчэнда, фарцісіма, фарцісіма… і заканчэнне ціхае. У рэспубліканскім конкурсе мы занялі з гэтым нумарам 1-е месца, а адзін з сяброў журы сказаў: “Мы аб’ездзілі ўсе ўстановы, але такога яшчэ нідзе не бачылі”.

* Тут, у каледжы, я кірую ансамблем, але я яшчэ і сама іграю ў аркестры народных інструментаў Лідскага музычнага каледжа. Мы шмат дзе канцэртуем, выступалі ў Францыі, Іспаніі, Бельгіі, Балгарыі, ва Украіне. І ўсюды, дзе мы ні бываем, я стараюся падгледзець, узяць для сябе нешта новае. Укараняю тады гэтае новае тут, у каледжы.

Слова дырэктара

Галіна Якаўлеўна БАРХЕРЫТ, дырэктар Лідскага каледжа Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы:

“Я лічу, залог нашага поспеху ў тым, што мы ніколі не спрачаемся, што больш важнае ў адукацыйным працэсе — вучоба ці выхаванне. Мы даўно прыйшлі да таго, што вучэбная дзейнасць і выхаваўчая дзейнасць павінны ісці паралельна, толькі тады можна дасягнуць нейкага станоўчага эфекту. Залог нашага поспеху яшчэ і ў тым, што ў каледжы створана развіццёвае адукацыйнае асяроддзе. І якраз нашы творчыя калектывы з’яўляюцца структурнымі элементамі гэтага адукацыйнага асяроддзя. Уся наша работа ў гэтым плане — гэта не нейкія разрозненыя мерапрыемствы, а менавіта сістэма. Мы можам гаварыць пра адкрытую выхаваўчую сістэму, таму што да гэтай работы прыцягваюцца не толькі супрацоўнікі каледжа, але і розныя ўстановы дадатковай адукацыі, дзяржаўныя органы. Мне вельмі пашанцавала з педагагічным калектывам. У плане выхаваўчай дзейнасці гэта найперш мой намеснік Наталля Леанідаўна Мікша, начальнік выхаваўчага аддзела Алена Эдуардаўна Руцкая… Яны заўсёды ў палёце, у іх заўсёды безліч нейкіх ідэй. Яны і ўсіх іншых умеюць настроіць на тое, што, толькі калі ўсе мы будзем гарэць, запаліцца шчаслівая зорка нашага каледжа. Але зноў жа ў аснове ўсёй гэтай работы сістэма, сістэма і яшчэ раз сістэма. Сістэма — ва ўсім”.

* Шчыра кажучы, яшчэ некалькі гадоў назад, калі дзеці чулі пра народны кірунак, то адразу крывіліся, маўляў, ой, нам бы ў эстраду, а што нам гэтае народнае… Нават у харэаграфію лягчэй было набраць дзяцей. Я не ведаю, што падзейнічала, можа быць, нашы поспехі на “АРТ-вакацыях”, а можа, сёлета я проста інакш паглядзела на першакурснікаў, можа іншым голасам загаварыла з імі, але ў верасні я так лёгка набрала ўдзельнікаў ансамбля. Цяпер у мяне ў калектыве ажно 35 чалавек (у мінулым годзе было 25). Прыйшлі нават тыя, каго я і не клікала. Яны ж адно аднаму ўсё расказваюць. Сказалі б сабраць 50 чалавек — і 50 сабрала б.

* Без лішняй сціпласці скажу: я люблю працаваць, я не шкадую сябе. І іншым кажу таксама, што нельга сябе шкадаваць. Калі шкадуеш сябе, то рызыкуеш стаць калекай і ў фізічным, і ў духоўным плане. Дэпрэсіі пачнуцца, няўдачы ва ўсім — у рабоце, у асабістым жыцці. А праца — гэта ўсё! Калі ты працуеш, то зробіш вельмі многа!

Таццяна Рыгораўана КАПАЧЭЛЬ, кіраўнік эстраднай студыі “Жамчужынка”:

* У свой час я скончыла дзіцячую музычную школу, музычнае вучылішча, музычна-педагагічны факультэт Мінскага педінстытута імя Максіма Горкага па класе баяна і акардэона. А голас мне Бог даў. Мяне ў нашым горадзе ведаюць найперш як спявачку.

* У структуры студыі эстраднай песні “Жамчужынка” ёсць салісты, дуэты, трыа “Ірыска”, квінтэт. Часта мы з дзецьмі разам спяваем на сцэне, як гэта было з дабрынінскай “Льецца музыка…”. Спяваем яе квінтэтам — чатыры навучэнцы і я пятая.

* Як педагог я дастаткова талерантны і лаяльны чалавек. Для мяне, безумоўна, важныя вакальныя даныя, але пры наборы дзяцей у студыю я стараюся не падкрэсліваць гэта. Проста прашу выканаць кавалачак якой-небудзь песні — і я тады адразу ўлоўліваю: якія абертоны, якая атэмброўка, якім дыяпазонам дзіця валодае… Я ўсё адчуваю адразу. І часам бяру дзяцей з нацяжкай, са спадзяваннем, што яны яшчэ праявяць сябе.

Галасы навучэнцаў

Вольга КРУГЛАЯ (харэаграфічная студыя “Паўлінка”): “У адпаведнасці са спецыялізацыяй “рытміка і харэаграфія”, якую я атрымліваю ў каледжы, мне даводзіцца вывучаць усе стылі — не толькі народны танец, але і класічны, сучасны. Але больш за ўсё цягне да народнага. Я думаю, што менталітэт чалавека, які танцуе народнае, адрозніваецца ад менталітэту таго, хто танцуе брэйк-данс. Першы будзе аўтаматычна шанаваць народныя традыцыі. І да сваёй краіны, да культуры свайго народа ён будзе адносіцца не так, як той, які пераймае іншую культуру”.

Рэната СЯНКЕВІЧ (харэаграфічная студыя “Паўлінка”): “Студыя “Паўлінка” стала для мяне сапраўдным адхланнем для душы, а ў “Паланэз” я проста ўлюбілася. Чуеш гэтую музыку і адчуваеш, што зараз будзе нешта ўрачыстае, велічнае. Не магу дачакацца, калі пайду працаваць у дзіцячы садок (я вучуся тут на дашольным аддзяленні). Пра “Паланэз” абавязкова раскажу дзеткам”.

Саша НАВАСЕЛЬСКАЯ (ансамбль народнай музыкі “Версалінка”): “Выступленні на сцэне выпрацоўваюць упэўненасць, якая вельмі прыдасца нам, будучым настаўнікам, у сталым жыцці, бо ў школьным класе на нас таксама будзе глядзець нямала цікаўных вачэй нашых вучняў. Безумоўна, гэта не вельмі лёгка — спалучаць заняткі ў каледжы з заняткамі ў ансамблі. Але я, напрыклад, стараюся не прапускаць ніводнай рэпетыцыі. З Ядвігай Леанідаўнай неверагодна цікава займацца, бо ў яе заўсёды шмат цікавых ідэй. А яшчэ я неяк адчула, што “Версалінка” зрабіла мяне дабрэйшай. Нядаўна я ляжала ў бальніцы. Побач на суседні ложак паклалі маленькую дзяўчынку — яе забралі з нядобранадзейнай сям’і… Гэтая дзяўчынка плакала тады ўсю ноч. І я з ёй плакала, суцяшала яе. З таго моманту я загарэлася яшчэ адным жаданнем: стаць не толькі настаўніцай, але і быць неяк звязанай з інспекцыяй па справах непаўналетніх…”

Аляксей МІРАНЮК (эстрадная студыя “Жамчужынка”): “Наогул, я спяваю для сябе, для сваёй душы. Але Таццяна Рыгораўна Капачэль прывіла мне адну важную якасць — імкненне быць прыемным для людзей”.

Святлана КУЧА (эстрадная студыя “Жамчужынка”): “Таццяна Рыгораўна Капачэль — гэта не толькі душэўны чалавек, але і вялікі прафесіянал сваёй справы. Многія ж выкладчыкі толькі гавораць, маўляў, можна зрабіць так і так, а сама я гэтага вам паказаць не магу. А Таццяна Рыгораўна якраз сама ўсё паказвае”.

* Гэтакая ж лаяльная я і ў адносінах да знешняга выгляду дзяцей. Мне дастаткова аднаго — каб яны ўмелі ўсміхацца. А ўсё астатняе мы зробім і знойдзем у адпаведнасці з той знешнасцю, якая ёсць.

* З пэўнага часу я свядома адмовілася ад самастойнасці ў выбары рэпертуару. Час ідзе, і, напрыклад, на рэп я і не звярнула б сёння ўвагі, калі б не падказалі дзеці. Так у студыі нарадзіўся цудоўны дуэт — хлопец і дзяўчына. Ён рэп чытае паміж прыпевамі, яна спявае. Так модна сёння.

* Я ніколі не дапушчу вульгаршчыны на сцэне каледжа. Нават сама, калі спяваю ў лідскіх рэстаранах, строга сачу за гэтым. Верагоднасць таго, што я заспяваю “Экспанат” групы “Ленінград”, зусім мізэрная.

* Не люблю, калі нехта з навучэнцаў пачынае задзіраць нос і з вышыні глядзець на іншых. Мы ўсе людзі, і трэба разумець адно аднаго.

* Тут, у каледжы, я працую ўжо амаль 30 гадоў. З многімі сваімі выхаванцамі мы застаемся сябрамі на ўсё жыццё. Некаторыя жэняцца ці выходзяць замуж і просяць мяне паспяваць у іх на вяселлі. Некалькі разоў я так і рабіла.

Мікола ЧЭМЕР.
Мінск — Ліда — Мінск.
Фота аўтара.