Казачнае свята для малых

Звыш 500 магілёўскіх дзяцей напярэдадні навагодніх свят атрымалі магчымасць апынуцца ў сапраўднай казцы. Чароўным святам для іх стала традыцыйная губернатарская ёлка.

Святочнае мерапрыемства стала цэнтральнай падзеяй рэалізацыі акцыі “Нашы дзеці”. ­Удзел у гэтай урачыстасці прынялі сіроты, дзеці з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, а таксама выдатнікі вучобы, пераможцы алімпіяд, конкурсаў, лідары і актывісты дзіцячых грамадскіх арганізацый. Навагодняе чараўніцтва ахутвала дзяцей яшчэ ў фае абласнога Цэнтра творчасці. Тут іх сустракалі Дзед Мароз, Снягурка, іншыя казачныя персанажы. Разам з імі дзеці вадзілі карагоды, пелі песні, танцавалі вакол ёлкі.

Пасля з надыходзячымі святамі дзяцей павіншаваў старшыня аблвыканкама Ула­дзімір Даманеўскі. Ён адзначыў, што за мінулы год магілёўскія навучэнцы дасягнулі высокіх вынікаў у вучобе, творчасці, спорце.

— За вамі будучыня не толькі нашага рэгіёна, а ўсёй краіны. Упэўнены, усе вы станеце годнымі грамадзянамі, бо мы, дарослыя, будзем усяляк падтрымліваць вас у гэтым станаўленні. Няхай у новым годзе вашы поспехі памнажаюцца, жаданні спраўджваюцца, а няўдачы застаюцца ў мінулым, — пажадаў Уладзімір Віктаравіч дзецям.

На губернатарскай ёлцы кожны атрымаў прысмакі. Своеасаблівым падарункам для дзяцей стаў і прагляд паказу-мюзікла “Шчаўкунчык і Мышыны кароль”, падрыхтаванага прадстаўнікамі абласнога Цэнтра творчасці.

Аналагічныя навагоднія ёлкі ў рамках акцыі “Нашы дзеці” адбудуцца ва ўсіх райцэнтрах вобласці.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота аўтара.

Фінансы любяць разумных

Каб навучыцца зарабляць і з розумам распараджацца грашыма, неабходна валодаць трывалымі ведамі ў сферы фінансаў. У гэтым поўнасцю перакананы кожны з удзельнікаў абласнога тура Рэспубліканскай алімпіяды па фінансавай дасведчанасці, які днямі адбыўся на Магілёўшчыне.

Алімпіяда аб’яднала звыш 80 навучэнцаў 10—11 класаў з усіх раёнаў вобласці. Кожны раён прадстаўляла міні-каманда з трох школьнікаў, якія сталі лепшымі па выніках мясцовых, рэгіянальных тураў.

Ступень падрыхтоўкі вучняў да інтэлектуальнага спаборніцтва правяралася пры дапамозе тэставых заданняў і напісання эсэ. Па словах намесніка начальніка эканамічнага ўпраўлення прадстаўніцтва Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь па Магілёўскай вобласці Таццяны Рахуба, алімпіядныя задачы закраналі розныя раздзелы эканомікі, асноў спажывецкіх ведаў і фінансавай дасведчанасці.

— Спачатку ўдзельнікам прапанавалася адказаць на 30 пытанняў, якія тычыліся дэнамінацыі, банкаўскіх укладаў і крэдытаў, лічбавага банкінгу, дзейнасці Нацыянальнага банка краіны, страхавання, падаткаў. А вось у апошнім заданні школьнікам трэба было паразважаць і выказаць свае меркаванні наконт узаемасувязі рызык і прыбытковасці. Радуе, што дзеці даволі паспяхова справіліся з заданнямі. Большасць канкурсантаў набрала звыш паловы магчымых балаў, — адзначыла Таццяна Анатольеўна.

Падобныя вынікі сведчаць аб якасці падрыхтоўкі ўдзельнікаў. Ва ўстановах адукацыі вобласці сталі вялікую ўвагу ўдзяляць фінансавай дасведчанасці вучняў. Паўсюдна праводзяцца факультатыўныя заняткі, арганізоўваюцца вучэбныя мерапрыемствы з удзелам прадстаўнікоў розных банкаў. А тры агульнаадукацыйныя ўстановы: сярэдняя школа № 35 Магілёва, Ціманаўская сярэдняя школа Клімавіцкага раёна і Свяцілавіцкі ВПК Бялыніцкага раёна зараз распрацоўваюць інавацыйныя мадэлі фарміравання асноў эканамічных ведаў у навучэнцаў.

Як адзначалі сёлетнія канкурсанты, заданні для іх не былі складанымі.

— Я ўжо не першы раз удзельнічаю ў гэтай алімпіядзе. Рыхтуючыся да іспытаў, рашаў падобныя задачы. Эсэ таксама далося лёгка, варта было толькі засяродзіцца і падумаць. Вельмі дапамагла таксама падтрымка майго педагога Сяргея Міхайлавіча Герасімовіча, — падзяліўся сваімі ўражаннямі вучань Ленінскага вучэбна-педагагічнага комплексу Бабруйскага раёна Максім Аляксееў.

— Быць фінансава дасведчаным — патрабаванне часу. Мы даўно пашыраем свае веды ў гэтым кірунку, таму і з рашэннем заданняў цяжкасцей амаль не ўзнікла. Мяркуем, што паказалі нядрэнныя вынікі. А ўвогуле на алімпіядзе было вельмі цікава. Можна было не толькі свае здольнасці прадэманстраваць, але і пабываць на пазнавальных экскурсіях па структурных падраздзяленнях банкаў горада, — расказалі вучаніцы сярэдніх школ Бабруйска Маргарыта Патапкіна і Марына Боскіна.

Закрыццё алімпіяды праходзіла ва ўрачыстай абстаноўцы. У адрас удзельнікаў, педагогаў, якія іх падрыхтавалі, прагучала шмат добрых слоў. Самым інтрыгуючым момантам стала абвяшчэнне пераможцаў. З невялікай розніцай у балах пераможцамі алімпіяды сталі навучэнец гімназіі Кіраўска Павел Хурсаў, вучань сярэдняй школы № 4 Асіповіч Ягор Буйноўскі, вучаніца сярэдняй школы № 1 Чавус Наталля Анішчанка, якія занялі першае, другое і трэцяе месцы адпаведна. Прызёры былі ўзнагароджаны ганаровымі дыпломамі і каштоўнымі падарункамі. Удзельнікам, якім поспех усміхнуўся трохі менш, былі ўручаны памятныя сувеніры.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота аўтара.

Студэнт года Магілёўшчыны вучыцца ў БДСГА

На Магілёўшчыне прайшоў абласны этап конкурсу “Студэнт года”. Яго ўдзельнікамі сталі лепшыя прадстаўнікі студэнцкай моладзі вобласці, тыя, хто дасягнуў высокіх вынікаў у вучобе, праявіў сябе ў розных сферах дзейнасці.

Сёлетнія канкурсанты — гэта сапраўды яркія, таленавітыя, актыўныя, мэтанакіраваныя маладыя людзі. Так, прадстаўніца Беларуска-Расійскага ўніверсітэта Вольга Пуранкова з’яўляецца ўдзельніцай і прызёрам шматлікіх фестываляў і конкурсаў. Акрамя таго, дзяўчына распрацавала ўласны бізнес-праект “Арыгінальныя лаўкі для паркавых зон”. Вельмі рознабаковая асоба і студэнтка Беларускай сельскагаспадарчай акадэміі Даяна Рошча. Яна — лаўрэат Рэспубліканскага конкурсу “АРТ-вакацыі”, удзельніца летняга лагера беларускіх студэнтаў у Кітаі, пераможца акадэмічнага конкурсу патрыятычнай песні і шэрага іншых творчых спаборніцтваў.

Гонар Магілёўскага інстытута МУС на конкурсе абараняў курсант Дзмітрый Каласёнак. Малады чалавек сур’ёзна захапляецца спортам. Хлопцу няма роўных у лёгкаатлетычным кросе і службовым мнагаборстве, што пацвярджаюць яго перамогі на розных чэмпіянатах. Студэнтка Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта харчавання Алеся Алейнікава, акрамя паспяховай вучобы, паспявае займацца валанцёрствам і творчасцю. Яна — член універсітэцкага валанцёрскага клуба “Міласэрнасць”, кіруе танцавальнай групай падтрымкі “Эфект”. А вось прадстаўніца Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.А.Куляшова Дар’я Івашкевіч сур’ёзна захапляецца англійскай мовай. Дзяўчына неаднаразова станавілася прызёрам адпаведных алімпіяд розных узроўняў, да таго ж яна — уладальнік сертыфіката на веданне англійскай мовы ад арганізацыі Cambridge ESOL.

— Гэты конкурс вельмі патрэбны. Ён дазваляе студэнцтву паказаць сябе, праявіць свае здольнасці. У нашай вобласці шмат маладых талентаў, аб чым яскрава сведчаць вынікі рэспубліканскага этапу спаборніцтва мінулых гадоў. Прадстаўнікі Прыдняпроўскага краю неаднаразова заваёўвалі там прызавыя месцы. Перамогі спрыяюць іх далейшаму самаразвіццю. Многія з удзельнікаў конкурсу зараз з’яўляюцца маладзёжнымі лідарамі, — адначыў першы сакратар абласнога камітэта ГА “БРСМ” Павел Алекса.

Каб мець права насіць ганаровае званне “Студэнт года — 2016”, маладым людзям неабходна было справіцца са шматлікімі конкурснымі выпрабаваннямі. Арганізатары падбіралі заданні такім чынам, каб ацаніць усе якасці і ўменні ўдзельнікаў. Завочна на суд журы студэнты прадстаўлялі партфоліа ўласных дасягненняў у сферы навуковых даследаванняў, грамадскага жыцця, культуры і спорту, відэаролік “Я — студэнт!”, свае сацыяльныя праекты. А пасля на сцэне дэманстравалі творчыя таленты і інтэлектуальныя здольнасці.

Крэатыўна прадстаўлялі сябе ўсе пяцёра канкурсантаў. Кампетэнтнаму журы прыйшлося доўга раіцца, перш чым вызначыць пераможцаў. У выніку трэцяга месца ўдастоілася студэнтка МДУ імя А.А.Куляшова Дар’я Івашкевіч, уладальнікам дыплома ІІ ступені стаў курсант Магілёўскага інстытута МУС Дзмітрый Каласёнак. Перамогу ж, а таксама званне “Студэнт года” і “Студэнт года ONLINE” заваявала прадстаўніца Беларускай сельскагаспадарчай акадэміі Даяна Рошча. Менавіта яна ў хуткім часе прадставіць Магілёўшчыну на рэспубліканскім этапе конкурсу.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота аўтара.

Сумесна — да развіцця прафесійнага бацькоўства

У мэтах удасканалення дзейнасці замяшчальных сем’яў на Магілёўшчыне адбыўся адпаведны абласны форум. Мерапрыемства аб’яднала начальнікаў і спецыялістаў аддзелаў адукацыі, спорту і турызму рай(гар)выканкамаў, апекуноў, усынавiцеляў, бацькоў-выхавальнікаў дзіцячых дамоў сямейнага тыпу, прыёмных бацькоў, кіраўнікоў устаноў адукацыі. Сумесна яны дэталёва абмеркавалі ўсе пытанні, якія тычацца аховы правоў дзяцінства.

Паводле слоў старшыні Пастаяннай камісіі па адукацыі, навуцы, культуры і сацыяльным развіцці Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Ірыны Старавойтавай, ахова дзяцінства з’яўляецца адным з прыярытэтных напрамкаў дзейнасці нашай дзяржавы. Правы і законныя інтарэсы маленькіх беларускіх грамадзян замацаваны ў Канстытуцыі і многіх іншых нарматыўна-прававых актах.

— Сямейнае ўладкаванне спрыяе больш паспяховай сацыялізацыі сірот, а таксама скарачэнню інтэрнатных устаноў. За апошняе дзесяцігоддзе ў краіне прынята шмат нарматыўных дакументаў, якія накіраваны на паляпшэнне становішча дзяцей у замяшчальных сем’ях. Аднак у гэтай сферы пакуль ёсць праблемы. У мэтах стабілізацыі працэсу фарміравання прыёмнай сям’і неабходна аддаваць большы прыярытэт правам і інтарэсам дзіцяці. Сем’і падбіраць пад дзяцей, а не наадварот. Неабходна таксама рацыяналізацыя заканадаўства па пытаннях аплаты працы прыёмных бацькоў і льгот, якія прадастаўляюцца такім сем’ям, актывізацыя работы па пашырэнні сеткі адпаведных сацыяльных службаў, узмацненне прафесійнага ўзроўню прыёмных бацькоў, растлумачальнай работы з грамадскасцю. Трэба памятаць пра тое, што будучыня нашых дзяцей залежыць ад кожнага з нас. Форум — добрая магчымасць абмеркаваць надзённыя праблемы, бо менавіта ў дыялогу знаходзяцца тыя шляхі, якія становяцца найбольш эфектыўнымі ў выкананні пастаўленых перад намі задач, — падкрэсліла Ірына Анатольеўна.

Як было заўважана падчас размовы, на Магілёўшчыне сфарміравана і рэалізоўваецца рэгіянальная мадэль абароны законных інтарэсаў дзяцей, асноўнай мэтай якой з’яўляецца забеспячэнне права дзіцяці на жыццё ў сям’і і захаванне для дзяцей роднай сям’і. Сістэмная міжведамасная работа прыносіць чаканы вынік. Колькасць дзяцей, якія застаюцца без апекі бацькоў, штогод скарачаецца. Сёлета такіх хлопчыкаў і дзяўчынак 175. З іх 157 ужо ўладкаваны на выхаванне ў замяшчальныя сем’і. А ў цэлым па вобласці 83 працэнты сірот пражываюць у сем’ях.

— У большасці раёнаў дзеці-сіроты не накіроўваюцца ў інтэрнаты, а адразу ўладкоўваюцца на сямейнае выхаванне. Акрамя таго, у рэгіёне за апошнія гады істотна павялічылася колькасць дзіцячых дамоў сямейнага тыпу. Гэта дазволіла нам значна аптымізаваць сетку інтэрнатных устаноў, — расказала намеснік начальніка ўпраўлення адукацыі аблвыканкама Ірына Кускова.

Умовы пражывання і выхавання сірот у замяшчальных сем’ях знаходзяцца на пастаянным кантролі, вызначаны і дзейнічае абласны рэгламент іх міжведамаснага суправаджэння.

— Гэты рэгламент прадугледжвае якасны адбор кандыдатаў у замяшчальныя бацькі, прыцягненне да рэалізацыі дзяржаўнай палітыкі ў сферы аховы правоў дзяцінства лепшых сем’яў, іх падтрымку, а таксама маніторынг выканання правоў і інтарэсаў выхаванцаў. Такі падыход цалкам апраўдвае сябе. Сёння прыёмныя бацькі — добрыя спецыялісты, якія прайшлі адпаведнае навучанне і перыядычна павышаюць сваю кваліфікацыю. Многія з іх — гонар Магілёўшчыны і нават краіны. Гэта Рыта Уладзіміраўна Кундзікава, Тамара Аркадзьеўна Сянцова, Наталля Усеваладаўна Салодкая, Раіса Мікалаеўна Шамак, Алена Рыгораўна Алепка і іншыя прыёмныя бацькі, узнагароджаныя граматамі і ганаровымі званнямі, — адзначыла Ірына Міхайлаўна.

Аднак, як высветлілася, не заўсёды прыёмныя сем’і даюць падставу для гонару. Негатыўныя тэндэнцыі апошняга часу вымушаюць дзяржаўныя органы рабіць больш жорсткім кантроль за іх дзейнасцю. На канкрэтныя недапушчальныя факты звярнуў увагу прысутных начальнік аддзела па наглядзе за выкананнем заканадаўства аб непаўналетніх і моладзі абласной пракуратуры Аляксандр Бардзілоўскі.

На яго погляд, у вобласці праводзіцца значная работа па абароне правоў дзяцінства, але хібаў у ёй хапае. Несвоечасовае прыняцце патрэбных мер рэагавання часам прыводзіць да ўшчамлення правоў дзяцей, сямейнага насілля, што цягне за сабой узбуджэнне крымінальных спраў, расфарміраванне прыёмных сем’яў і адпраўку сірот у інтэрнаты.

— Неабходна больш дэталёва ўнікаць ва ўсё тое, што адбываецца ў замяшчальных сем’ях, дасканала вывучаць сямейны мікраклімат, паводзінскія асаблівасці выхаванцаў, бо ўсё гэта ў далейшым вызначае лёс дзяцей-сірот, — акцэнтаваў Аляксандр Якаўлевіч.

Апекуноў і прыёмных бацькоў нельга пакідаць без увагі. Гэты заклік гучаў на форуме неаднойчы. Адпаведныя метадычныя службы павінны аказваць ім усебаковую падтрымку. У прынцыпе, шмат што ў гэтым плане ўжо зроблена. У кожным раёне створаны тэматычныя клубы, аб’яднанні, пры якіх замяшчальныя бацькі абмяркоўваюць актуальныя пытанні, змены ў заканадаўстве, атрымліваюць сацыяльна-педагагічную і псіхалагічную дапамогу. Актыўна дапамагае апекунам і абласны інстытут развіцця адукацыі. Акрамя прафесійнага навучання прыёмных бацькоў, павышэння іх кваліфікацыі, спецыялісты аддзела аховы правоў дзяцінства праводзяць для іх кансультацыі, трэнінгі, майстар-класы. Такая падтрымка звонку сапраўды дапамагае замяшчальным сем’ям справіцца са многімі праблемамі.

Патрэбным мерапрыемствам для прыёмных бацькоў стаў і форум. Яго ўдзельнікі не толькі закранулі найбольш хвалюючыя тэмы прафесійнай дзейнасці, але і маглі выступіць з заўвагамі і прапановамі, падзяліцца асабістым вопытам падчас работы розных дыскусійных пляцовак.

Фота аўтара.
Ганна СІНЬКЕВІЧ.

Прыцягваюць у прафесію моладзь

На Магілёўшчыне рознымі спосабамі імкнуцца прыцягнуць у педагагічную прафесію высокаматываваную моладзь. Адной з найбольш эфектыўных форм работы ў гэтым кірунку стала стварэнне амаль ва ўсіх раёнах вобласці профільных педагагічных класаў.

Досыць паспяхова эксперымент рэалізоўваецца ў Хоцімскім раёне. У гэтым навучальным годзе ў дзвюх гарадскіх школах арганізавана вывучэнне курса “Уводзіны ў педагагічную прафесію” для дванаццаці дзесяцікласнікаў, зацікаўленых у настаўніцкай адукацыі.

— Распрацаваны вучэбны курс разлічаны на два гады навучання. Яго асноўная мэта — развіццё ў выпускнікоў матывацыі да педагагічнай дзейнасці. У ходзе заняткаў педагог-псіхолаг сярэдняй школы № 1 Людміла Дзмітрыеўна Саўчанка і настаўніца рускай мовы і літаратуры сярэдняй школы № 2 Наталля Парфёнаўна Бяляева падрабязна знаёмяць навучэнцаў з усімі плюсамі і мінусамі настаўніцкай працы. Дзесяцікласнікі маюць рознабаковыя магчымасці для таго, каб ацаніць свае педагагічныя здольнасці, — расказала загадчыца раённага вучэбна-метадычнага кабінета Наталля Мяшкова.

Паводле яе слоў, курс “Уводзіны ў педагагічную прафесію” накіраваны не толькі на ўсебаковае вывучэнне тэорыі. Перыядычна школьнікі спрабуюць сябе ў розных відах педагагічнай практыкі. Яны наведваюць урокі ўжо вопытных настаўнікаў, арганізоўваюць тэматычныя даследаванні, распрацоўваюць планы ўрокаў, праводзяць рэальныя заняткі з вучнямі, працуюць выхавальнікамі ў прышкольных лагерах. Акрамя таго, усе старшакласнікі, якія наведваюць вучэбны курс, збіраюць уласныя партфоліа “Я — педагог”, дзе пазначаць свае памылкі і дасягненні ў навучанні прафесіі.

— Падобны падыход садзейнічае фарміраванню ў выпускнікоў першапачатковых прафесійных уменняў. За час навучання ў іх складваецца першаснае ўяўленне пра сябе як настаўніка. Знаёмства з прафесіяй адбываецца глыбей, чым проста назіранне, што дае магчымасць вучням зведаць усе тонкасці педагагічнай дзейнасці, пераканацца ў важнасці і значнасці гэтай высакароднай працы, — адзначае Наталля Уладзіміраўна.

Пасля заканчэння навучання выпускнікі атрымаюць спецыяльную адзнаку ў атэстаце аб сярэдняй адукацыі, што дасць ім пераважнае права на паступленне на жаданыя педагагічныя спецыяльнасці. У раённым вучэбна-метадычным кабінеце ўпэўнены, што арганізацыя такога прафесійнага курса сапраўды дазволіць прыцягнуць у педагогіку моладзь.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота прадастаўлена Хоцімскім раённым вучэбна-метадычным кабінетам.

Для папулярызацыі тэхнічнай творчасці

Абласны тыдзень тэхнічнай творчасці “Юнацтва. Інтэлект. Будучыня” адбыўся на Магілёўшчыне. У рамках гэтага тыдня прайшлі мерапрыемствы, накіраваныя на актывізацыю дзейнасці ўстаноў дадатковай адукацыі тэхнічнага профілю, а таксама прыцягненне падрастаючага пакалення да заняткаў інавацыйнай, рацыяналізатарскай, тэхнічнай творчасцю.

Як паведаміла начальнік аддзела выхаваўчай работы ўпраўлення адукацыі аблвыканкама Наталля Кульчанка, ва ўсіх установах былі праведзены дні адкрытых дзвярэй.

— Педагагічныя калектывы да задання падышлі з усёй адказнасцю. Дні адкрытых дзвярэй былі насычаны падзеямі. Для дзяцей і іх бацькоў праводзіліся пазнавальныя экскурсіі, майстар-класы, тэматычныя гульні і конкурсы. Акрамя таго, у ходзе мерапрыемстваў можна было атрымаць дэталёвую інфармацыю аб дзейнасці аб’яднанняў па інтарэсах, — расказала Наталля Міхайлаўна.

Завяршыўся абласны тыдзень тэхнічнай творчасці падвядзеннем вынікаў рэгіянальных тураў рэспубліканскіх конкурсаў стэрэаздымкаў “Свет 3D” і па распрацоўцы камп’ютарных гульняў патрыятычнай накіраванасці “Патрыёт.by”.

Свае работы ў тэхніцы 3D прадстаўлялі юныя фатографы з розных куткоў вобласці. Тэматыка здымкаў была разнастайнай. Дзеці фатаграфавалі родныя краявіды, рабілі рэдкія кадры, прадстаўлялі здымкі аб’ектаў гістарычнай і этнаграфічнай спадчыны. Усе творчыя работы, а іх на конкурсе было 362, адрозніваліся дастаткова высокім узроўнем выканальніцкага майстэрства. А аўтары некаторых з іх праявілі яшчэ і арыгінальны погляд на штодзённае. Яны і атрымалі перамогу ў конкурсе. Пераможцамі ў намінацыі “Зямля пад белымі крыламі” журы назвала навучэнак Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі “Крэчут” Крычава Настассю Каўзунову і Аляксандру Вашчанка. Аляксандра таксама стала пераможцай у намінацыях “Спадчына” і “3D-панарама”. Самы рэдкі кадр, на думку суддзяў, зрабіла вучаніца Завалочыцкага дзіцячага сада — сярэдняй школы Глускага раёна Наталля Сыцько. А ў намінацыі “Макраздымка” лепшым прызналі вучня сярэдняй школы № 38 Магілёва Данііла Казлова.

У адрозненне ад першага абласны тур Другога рэспубліканскага конкурсу “Патрыёт.by” праходзіў у вочнай форме. Распрацаваныя магілёўскімі навучэнцамі камп’ютарныя гульні журы ацэньвала ў дзвюх узроставых катэгорыях: ад 12 да 15 гадоў і ад 16 да 21 года. У абедзвюх катэгорыях былі дзве намінацыі. Навучэнцы прадстаўлялі праекты, якія раскрываюць гістарычныя падзеі гераічнага мінулага беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны, а таксама гульні, заснаваныя на гісторыка-культурнай спадчыне Беларусі, нацыянальных традыцыях і дасягненнях. Распрацоўкі многіх удзельнікаў сапраўды заслугоўвалі ўвагі.

Так, Яўген Мацькоў з Магілёўскага дзяржаўнага політэхнічнага каледжа распрацаваў праграму, якая ў гульнявой форме навучыць карыстальніка энергазберажэнню, эканоміі і рацыянальнаму выкарыстанню рэсурсаў. Навучэнец гэтай жа ўстановы Антон Гушча стварыў дадатак, гуляючы ў які можна засвоіць асновы тэхнікі бяспекі і пералік дзеянняў на выпадак надзвычайнага здарэння. Вучні сярэдняй школы № 19 Магілёва Арцём Сорын і Максім Шпакаў у сваёй распрацоўцы зрабілі ўпор на пашырэнне эрудыцыі карыстальнікаў аб сваёй краіне: іх камандная камп’ютарная гульня дазволіць разнастаіць веды пра беларускую культуру, гісторыю, сучаснасць. А вось навучэнец Магілёўскага дзяржаўнага прафесійнага электратэхнічнага каледжа Яраслаў Пруднікаў прадстаўляў праект “Імёны невядомыя”. Разам са сваім навуковым кіраўніком выкладчыкам гісторыі каледжа Марыяй Генадзьеўнай Капцэвіч Яраслаў адшукаў і сістэматызаваў факты аб малавядомых героях Вялікай Айчыннай вайны. Цяпер уся сабраная інфармацыя прадстаўлена на спецыяльнай укладцы інтэрнэт-сайта каледжа і любы жадаючы можа не толькі атрымаць да яе доступ, але і дадаць звесткі пра свайго сваяка.

Пасля шматгадзіннай абароны праектаў лепшымі ў конкурсе былі прызнаны работы навучэнца Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Магілёўскага раёна Глеба Панцялеева, навучэнцаў Магілёўскага дзяржаўнага політэхнічнага каледжа Уладзіслава Вырвы і Антона Гушчы, навучэнцаў Крычаўскага дзяржаўнага прафесійнага агратэхнічнага каледжа Дзмітрыя Гардзеева і Алега Вісімскіх.

Тыдзень тэхнічнай творчасці ў Магілёўскай вобласці стаў ужо традыцыйным. Як запэўнілі ў абласным упраўленні адукацыі, яго правядзенне не спыніцца і ў далейшым. Такія мерапрыемствы спрыяюць далучэнню моладзі да тэхнічнай творчасці.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота аўтара.

Словы трэба рэалізоўваць на справе

Над пошукам новых механізмаў павышэння якасці вучэбнага працэсу і шляхоў развіцця ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі разважалі кіруючыя работнікі адукацыйнай сферы Магілёўшчыны. Выязное пасяджэнне калегіі ўпраўлення адукацыі аблвыканкама сабрала разам прадстаўнікоў усіх раёнаў вобласці.

Сумесна начальнікі аддзелаў адукацыі рай(гар)выканкамаў, загадчыкі метадычных кабінетаў, дырэктары ўстаноў адукацыі абласнога падпарадкавання шукалі рэсурсы далейшага ўдасканалення работы. Неабходна наладзіць сістэму работы з адоранымі навучэнцамі, палепшыць выніковасць здачы цэнтралiзаванага тэсцiравання, эфектыўнасць прафарыентацыі, арганізацыю харчавання навучэнцаў. Таму размова была прадметнай, з канкрэтнымі прапановамі, здольнымі змяніць цяперашняе становішча спраў.

Галоўным пытаннем мінулай калегіі было павышэнне ўзроўню арганізацыйнага і метадычнага забеспячэння адукацыі. Пра тое, як палепшыць работу ў гэтым кірунку, гаварылі, наведваючы ўстановы адукацыі Слаўгарадскага раёна. У мясцовых педагогаў ёсць чаму павучыцца. Напрыклад, эканоміі бюджэтных сродкаў. У тутэйшым прафесійным ліцэі колькасць навучэнцаў на працягу некалькіх гадоў не адпавядала праектнай магутнасці будынка. А вось раённаму Цэнтру карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі для ажыццяўлення належнага адукацыйнага працэсу плошчаў не хапала. Дзякуючы адпаведнаму рашэнню, ЦКРНіР размясціўся на першым паверсе прафесійнага ліцэя. Агульнымі намаганнямі тут зрабілі бягучы рамонт, і цяпер дзеткі з асаблівасцямі ў развіцці ў поўнай меры забяспечаны своечасовай дапамогай педагагічных і медыцынскіх работнікаў.

— Гэты прыклад паказальны. Многія ўстановы адукацыі валодаюць дастаткова вялікімі вучэбнымі карпусамі, у той час як колькасць вучняў у іх штогод памяншаецца. Вызваленыя плошчы можна і неабходна выкарыстоўваць для патрэб іншых навучальных устаноў. Такі крок дазваляе і якасць навучання паляпшаць, і бюджэтныя сродкі эканоміць, — матываваў калег начальнік упраўлення адукацыі аблвыканкама Уладзімір Рыжкоў.

У сярэдняй школе № 1 Слаўгарада прысутныя на калегіі ўбачылі, як стараннямі педагогаў і мясцовых улад магчыма ператварыць старую навучальную ўстанову ў сучасную. Першай школе райцэнтра — паўтара стагоддзя, але пра гэта тут гавораць хіба толькі інфармацыйныя стэнды. Некалькі гадоў назад навучальная ўстанова падверглася маштабнай рэканструкцыі двух вучэбных корпусаў. Акрамя гэтага, тут быў з нуля пабудаваны яшчэ адзін — дадатковы — корпус. Сёння ў плане матэрыяльнага забеспячэння ва ўстанове ёсць усё, што патрэбна для паўнавартаснага развіцця навучэнцаў.

Сельскія школы раёна ў тэхнічным аснашчэнні нічым не саступаюць гарадскім. Але, акрамя якаснага навучання, упор тут робяць на далучэнне вучняў да народнай спадчыны. У Ляснянскім дзіцячым садзе — пачатковай школе педагагічны калектыў арыентуецца на полікультурнае выхаванне і стварэнне адпаведнага прадметнага адукацыйнага асяроддзя. Ва ўстанове стварылі пакой-музей баявой і працоўнай славы сваёй вёскі, куток беларускай хаты. Навучэнцы вучэбна-педагагічнага комплексу прыцягваюцца да ўдзелу ў тэатралізаваных паказах, фальклорных святах, экскурсіях па родным краі. Педагогі Бярозаўскай базавай школы патрыятычныя пачуцці, любоў да нацыянальных традыцый фарміруюць у вучняў таксама з выкарыстаннем рэгіянальнага кампанента. Такі падыход дастаткова дзейсны: навучэнцы абедзвюх навучальных устаноў свабодна выкарыстоўваюць у штодзённым жыцці беларускую мову, выконваюць народныя звычаі ў сем’ях, добра ведаюць гісторыю сваёй малой радзімы.

Як заўважыў начальнік абласнога ўпраўлення адукацыі, падобныя метады работы вартыя распаўсюджвання, бо яны спрыяюць адраджэнню беларускай мовы, далучэнню падрастаючага пакалення да роднай культуры.

— Трэба стварыць спецыяльную працоўную групу, якая б паспрыяла распаўсюджванню назапашанага слаўгарадскімі педагагічнымі калектывамі вопыту ў iншыя, асабліва гарадскія ўстановы адукацыі, — адзначыў Уладзімір Уладзіміравіч.

Абмеркаванне адукацыйнага патэнцыялу навучальных устаноў Слаўгарадчыны працягнулася ў ходзе пасяджэння калегіі. Загадчыца раённага вучэбна-метадычнага кабінета Наталля Голік адзначыла, што ў раёне педагогаў імкнуцца ўсяляк падтрымліваць і матываваць на павышэнне прафесійнай кампетэнтнасці.

Па словах начальніка аддзела агульнай сярэдняй адукацыі ўпраўлення адукацыі аблвыканкама Іны Казловай, слаўгарадскія навучальныя ўстановы не маюць звышвысокіх паказчыкаў, але стабільна функцыянуюць і, што важна, імкнуцца да развіцця. Як і ў цэлым па вобласці, тут ёсць і добрыя вынікі, і праблемы.

Начальнік мясцовага аддзела адукацыі, спорту і турызму Аляксандр Аўчыннікаў пацвердзіў: па многіх аспектах намеціліся станоўчыя тэндэнцыі, але разам з тым прысутнічаюць і асобныя недапрацоўкі, якія трэба выпраўляць.

— Вызначаючы стратэгію дзеянняў на перспектыву, будзем зыходзіць з аналізу дасягненняў і недахопаў. У нас ёсць усё для плённай працы: прафесійныя педагагічныя калектывы, належная матэрыяльна-тэхнічная база навучальных устаноў. У прыярытэце — імкненне да выканання пастаўленых перад сістэмай адукацыі задач, — сказаў Аляксандр Леанідавіч.

Як было агучана, канкрэтныя дзеянні кіраўнікам неабходна рабіць не толькі ў дачыненні да павышэння якасці навучання, эфектыўнасці работы з адоранымі навучэнцамі, але і па іншых праблемных момантах. Адным з такіх па-ранейшаму застаецца арганізацыя харчавання навучэнцаў.

Пытанні, якія тычацца гэтага важнага напрамку работы, разглядаліся на калегіях, семінарах і нарадах ужо неаднаразова. Дасканала разбіраліся ўсе хібы, была сфарміравана сістэма працы, гучалі запэўніванні аб выпраўленні недапушчальных сітуацый. Аднак час прайшоў, а вынікі планавых праверак ва ўстановах адукацыі выяўляюць тыя ці іншыя парушэнні. Самыя распаўсюджаныя — няправільнае складанне меню, недастатковы рацыён, невыкананне норм таварнага суседства і правіл захавання прадуктаў, адсутнасць маркіровак на прадукцыю. Характэрна, што ў большасці сваёй выяўляюцца хібы, на якія кіраўнікам ужо неаднаразова ўказвалася. Пасля праверкі яны выкараняюцца, а затым з-за адсутнасці кантролю з’яўляюцца зноў. Падобныя тэндэнцыі гавораць аб халатнасці некаторых кіраўнікоў у адносінах да выканання сваіх службовых абавязкаў.

— Трэба знаходзіць шляхі вырашэння гэтых праблем, бо нашы дзеці павінны вучыцца ў годных умовах, а таксама збалансавана і якасна харчавацца. Магчыма, варта ўзмацніць адказнасць дырэктараў навучальных устаноў за арганізацыю харчавання, — выказаў меркаванне начальнік упраўлення адукацыі аблвыканкама Уладзімір Рыжкоў.

Пэўная ўвага падчас пасяджэння была ўдзелена выкананню дзяржаўных сацыяльных стандартаў. У рэгіёне ўсе яны выконваюцца ў поўнай меры. На Магілёўшчыне — стапрацэнтны ахоп дзяцей пяцігадовага ўзросту падрыхтоўкай да навучання ў школе, такі ж паказчык па аснашчэнні навучальных устаноў сучаснай камп’ютарнай тэхнікай і іншых пазіцыях. Адметна, што па некаторых напрамках удаецца рабіць нават больш, чым было даведзена. Так, звыш устаноўленага нарматыву забяспечваецца прадастаўленне месцаў у дашкольных установах.

А вось з эканоміяй і беражлівасцю пакуль не ўсё так добра. Бюджэтныя сродкі не ўсюды расходуюцца рацыянальна, таму кіраўнікам была дадзена парада больш дэталёва кантраляваць свае выдаткі, а таксама актывізаваць работу па развіцці пазабюджэтнай дзейнасці.

Чарговая калегія расцягнулася практычна на цэлы дзень. Сумеснымі намаганнямі былі абмеркаваны таксама ступень падрыхтоўкі навучальных устаноў да надыходзячага ацяпляльнага сезона, стан выкладання вучэбнага прадмета “Фізічная культура і здароўе”, заняткаў “Гадзіна здароўя і спорту”, перспектывы рэалізацыі праграмы ўсеагульнага шахматнага навучання, развіцця дзіцячых грамадскіх аб’яднанняў. Быў прыняты і шэраг калегіяльных рашэнняў. Наколькі эфектыўна яны будуць выкананы — пакажа час.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота аўтара.

Канстанцін ГРЫГАРОВІЧ: “Поспех прыходзіць з плённай працай”

Канстанцін Міхайлавіч Грыгаровіч у сферы адукацыі Магілёўшчыны — вядомая асоба. Ён дырэктар абласнога ліцэя № 3, які сёння з’яўляецца адной з лепшых агульнаадукацыйных устаноў новага тыпу не толькі ў рэгіёне, але і ў рэспубліцы. Аднак гэтай паспяховасці навучальнай установы папярэднічаў доўгі шлях станаўлення, кожны этап якога праходзіў пад непасрэдным кіраўніцтвам нязменнага дырэктара.

Высокія дасягненні характарызуюць практычна ўсе напрамкі дзейнасці ліцэя. Самую пільную ўвагу і кіраўніцтва, і калектыў навучальнай установы ўдзяляюць якасці навучання, а таксама раскрыццю здольнасцей сваіх вучняў.

Высокі ўзровень ведаў дазваляе ліцэістам без складанасцей станавіцца студэнтамі прэстыжных ВНУ Беларусі, а таксама краін блізкага і далёкага замежжа. Асобныя з іх атрымліваюць падтрымку ў вучобе з боку нашай дзяржавы. На дадзены момант навучэнцы ліцэя звыш 200 разоў былі ўзнагароджаны прэміямі спецыяльнага фонду прэзідэнта па падтрымцы таленавітай моладзі.

— Аб рабоце па развіцці талентаў ліцэістаў лепш за ўсё сведчаць іх дасягненні. Толькі за апошнія тры гады 142 навучэнцы сталі пераможцамі трэцяга, а 44 — заключнага этапу Рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах. Паспяхова выступаюць нашы вучні і на міжнародных алімпіядах. У свой час яны заваявалі 20 пераможных медалёў па такіх прадметах, як “Хімія”, “Руская мова”, “Біялогія”, “Матэматыка”, “Фізіка”, “Геаграфія”, — адзначае дырэктар ліцэя.

Дзякуючы патрабавальнасці, настойлівасці, ініцыятыўнасці дырэктара, яго ўменню аб’яднаць у адзіную каманду прафесіяналаў-аднадумцаў, трэці абласны ліцэй з’яўляецца лепшай установай новага тыпу ў вобласці. У апошнія гады ўваходзіць у лік лепшых устаноў агульнай сярэдняй адукацыі ў рэспубліцы і ўзнагароджаны граматай Міністэрства адукацыі за дзейсную працу па забеспячэнні якаснага адукацыйнага працэсу.

На думку Канстанціна Грыгаровіча, сёння кіраўнікам сферы адукацыі даецца дастаткова магчымасцей і свабоды дзеянняў для таго, каб здолець зрабіць сваю ўстанову паспяховай. І тыя, хто скардзіцца, што выканаць даведзеныя планы або задачы немагчыма, проста лайдакі.

— Любая ўстанова адукацыі пачынаецца з дырэктара. Менавіта на плячах кіраўніка ляжыць адказнасць за навучальную ўстанову, эфектыўнасць яе працы. Не трэба бяздзейнічаць і сядзець склаўшы рукі, чакаючы, калі дапамога ці падтрымка паступіць звонку. Трэба здолець аб’яднаць калектыў агульнымі мэтамі, матываваць кожнага педагога на поспех. Ну і, вядома, неабходна плённа працаваць, тады абавязкова атрымаецца дасягнуць намечанага, — падкрэслівае Канстанцін Міхайлавіч.

Вопытны кіраўнік таксама адзначае, што ўстойлівае развіццё ўстановы адукацыі немагчыма без інавацыйнай дзейнасці, укаранення сучасных, перадавых адукацыйных тэхналогій, падыходаў да навучання. Але разам з тым мяркуе, што рэформаў у сістэме адукацыі праведзена дастаткова.

— Нам пара спыніцца ў рэфармаванні. Кардынальных змен ужо хопіць. Хаця многія з іх відавочна паспрыяюць паляпшэнню работы. Напрыклад, профільнае навучанне. Напярэдадні яго канчатковага ўкаранення ліцэй выступаў эксперыментальнай пляцоўкай па апрабацыі вучэбных планаў для ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі ва ўмовах профілю. Нашы педагогі займаліся распрацоўкай розных варыянтаў правядзення факультатыўных, стымулюючых, падтрымліваючых заняткаў, выкарыстання вучэбных гадзін, устаноўленых дзеючымі тыпавымі вучэбнымі планамі. На мой погляд, профільнае навучанне сапраўды пашырае магчымасці выбару адукацыйнага маршруту для старшакласнікаў, дазваляе ім загадзя арыентавацца на тую ці іншую прафесію і больш дэталёва вывучаць неабходныя прадметы. Што наконт далейшага развіцця галіны, то для паспяховага функцыянавання мы правялі шмат істотных змен. Новаўвядзенні патрэбны і далей, але ўдасканальваць неабходна методыкі выкладання, правядзення ўрокаў, змест падручнікаў. Аднак пры гэтым я прыхільнік таго, што, уводзячы карыснае новае, не варта забываць добрае старое. Гарманічнае спалучэнне сучаснага і традыцыйнага — вось ключ да поспеху, — лічыць Канстанцін Грыгаровіч.

Ёсць у Канстанціна Міхайлавіча і канкрэтная прапанова па новаўвядзенні, якое зможа павысіць якасны ўзровень ліцэйскай адукацыі.

— Зараз тэрмін навучання ў ліцэях складае два гады. Нашы навучэнцы толькі паспяваюць прывыкнуць да навучальнай установы, а ім ужо неабходна яе пакідаць. Думаю, можна разгледзець магчымасць арганізацыі чатырохгадовага ліцэйскага навучання, — кажа дырэктар трэцяга абласнога ліцэя.

Дарэчы, у гэтай навучальнай установе ўжо вядуць шырокую работу з навучэнцамі 8—9 класаў агульнаадукацыйных устаноў. На базе сярэдняй школы № 21 горада арганізаваны падрыхтоўчыя факультатывы з навучэнцамі, жадаючымі паступаць у ліцэй. З гэтай жа мэтай непасрэдна пры самой установе функцыянуе “Школа юных”.

— Крок па павелічэнні часу навучання дазволіў бы дасягнуць больш высокага ўзроўню адукацыі ліцэістаў, павысіў бы якасць адукацыйных паслуг і паспрыяў бы развіццю канкурэнцыі сярод устаноў адукацыі новага тыпу. А, як вядома, здаровая канкурэнцыя — лепшы стымул да развіцця, — выказаў меркаванне Канстанцін Грыгаровіч, заканчваючы гутарку.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.

Выхаванне ўрокамі мінулага

Трыццаць гадоў прайшло з моманту самай буйной тэхнагеннай катастрофы мінулага стагоддзя — аварыі на Чарнобыльскай атамнай электрастанцыі. Разам з шэрагам іншых беларускіх рэгіёнаў асаблівыя страты панесла Магілёўшчына. Сёння ў раёнах, пацярпелых ад радыяцыйнага ўздзеяння, жыццё нармалізавалася. Аднак пераадоленне наступстваў аварыі на ЧАЭС было і застаецца задачай дзяржаўнай значнасці. Асобная ўвага ўдзяляецца адпаведнаму выхаванню падрастаючага пакалення.

Як паведаміла начальнік аддзела выхаваўчай работы ўпраўлення адукацыі аблвыканкама Наталля Кульчанка, у магілёўскіх установах адукацыі перыядычна праводзяцца мерапрыемствы, накіраваныя на разуменне навучэнцамі маштабаў і сур’ёзнасці чарнобыльскіх падзей, а таксама фарміраванне ў іх экалагічнай культуры і актыўнай жыццёвай пазіцыі.

— У асобных навучальных установах рэалізоўваюцца інавацыйныя праекты, прысвечаныя гэтай тэме. Не забываем мы і аб аздараўленні вучняў школ, размешчаных на тэрыторыях радыеактыўнага забруджвання. Толькі за першы квартал бягучага года санаторна-курортнае лячэнне і аздараўленне прайшлі больш за 2800 школьнікаў, — адзначыла Наталля Міхайлаўна.

Большая колькасць адпаведных выхаваўчых мерапрыемстваў традыцыйна праходзіць у красавіку, напярэдадні трагічнай даты. Паўсюдна ў навучальных установах арганізоўваюцца памятныя мітынгі, тэматычныя конкурсы-выставы дзіцячай творчасці, урокі, круглыя сталы, паказ дакументальных фільмаў, сустрэчы, гутаркі з відавочцамі і ліквідатарамі катастрофы на Чарнобыльскай АЭС.

Адно з такіх памятных мерапрыемстваў на мінулым тыдні адбылося ў сярэдняй школе № 31 абласнога цэнтра. Пад кіраўніцтвам настаўніцы беларускай мовы і літаратуры Валянціны Петрачэнка ва ўстанове прайшоў круглы стол на тэму “Чарнобыль — наш боль”. Навучэнцы 9-х класаў аднавілі храналогію тых падзей, паглядзелі дакументальныя фільмы пра аварыю, агучылі ўспаміны ліквідатараў, вывучылі творы беларускіх аўтараў, прысвечаныя чарнобыльскай тэме. Арганізаваўшы міні-прэс-канферэнцыю, падчас якой адны выступілі ў ролі экспертаў, а другія — карэспандэнтаў, падлеткі даведаліся пра дадатковыя факты аб аварыі і яе наступствах. Дзевяцікласнікі таксама выступалі з дэкламацыяй вершаў, імправізаванымі тэатральнымі пастаноўкамі, дзяліліся сваім разуменнем той трагедыі.

— Аварыя на ЧАЭС аказалася страшней за вайну, таму назаўжды павінна застацца ў нашай памяці. Павінна стаць для нас горкім урокам, навучыць жыць больш свядома, адказна, каб больш не дапускаць падобных катастроф, — выказаў сваё меркаванне пасля заканчэння круглага стала дзевяцікласнік 31-й школы Уладзіслаў Патапенка.

З ім салідарныя і навучэнцы гімназіі № 3 Магілёва, якія ўспаміналі падзеі на ЧАЭС падчас пазакласнага мерапрыемства “Трагедыя даўжынёй у жыццё”. Разам з настаўнікам біялогіі Аляксандрам Афанасенкам вучні 8 “Б” класа здзейснілі экскурс у мінулае, дэталёва разгледзелі розныя версіі прычын аварыі, у малюнках адлюстравалі жыццё да і пасля катастрофы. Дзеці стварылі тэматычную групу ў папулярнай сацыяльнай сетцы і размясцілі ў ёй зробленыя на ўроку фотакалажы аб наступствах чарнобыльскай бяды. Разгледзелі навучэнцы і сучасныя экалагічныя праблемы.

Увогуле, як расказала намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Лілія Грамыка, напярэдадні гадавіны аварыі на ЧАЭС у гімназіі адбыўся цэлы экамарафон. На працягу тыдня ва ўстанове праходзілі экаўрокі, пазакласныя гадзіны, літаратурны вечар, конкурс дзіцячых плакатаў. Праз правядзенне падобных мерапрыемстваў педагогі стараюцца не толькі нагадаць навучэнцам пра чарнобыльскую трагедыю, подзвіг ліквідатараў, але і выхаваць у іх правільнае стаўленне да навакольнага асяроддзя, беражлівыя адносіны да прыроды.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота аўтара.

Праз JuniorSkills да будучай прафесіі

Магілёўшчына ўключылася ў рух па ранняй прафарыентацыі школьнікаў JuniorSkills. На мінулым тыдні ў абласным цэнтры ўпершыню прайшлі адпаведныя конкурсы прафесійнага майстэрства сярод навучэнцаў агульнай сярэдняй адукацыі па кампетэнцыях “Сістэмнае адміністраванне” і “Мабільная робататэхніка”.

Па словах намесніка дырэктара абласнога цэнтра творчасці па тэхнічным кірунку Генадзя Касцючэнкі, арганізатарам конкурсаў выступіла абласное ўпраўленне адукацыі, а праводзіліся спаборніцтвы з мэтай выяўлення творчых здольнасцей, фарміравання прафесійнай падрыхтоўкі ў дзяцей, а таксама папулярызацыі сярод іх рабочых прафесій.

— Удзел у конкурсах прынялі 27 каманд. Усяго спаборніцтвы, якія праходзілі ў розных узроставых катэгорыях, аб’ядналі звыш сарака навучэнцаў. Для іх былі распрацаваны заданні рознага ўзроўню складанасці, — адзначыў Генадзь Анатольевіч.

Так, прадстаўнікам кампетэнцыі “Сістэмнае адміністраванне” неабходна было своечасова ажыццявіць зборку камп’ютара з камплектуючых, стварыць сеткавы кабель і бесправадную камп’ютарную сетку для абмену данымі, выканаць устаноўку віртуальнай машыны і аперацыйнай сістэмы. Канкурсанты, якія цікавяцца мабільнай робататэхнікай, выконвалі розныя заданні па скораснай зборцы канструкцый робатаў, а таксама стваралі праграмныя алгарытмы на прапанаваныя задачы.

— Удзельнічаць у такім конкурсе было цікава, бо гэта шанс паказаць сябе, свае здольнасці. Да таго ж з удзельнікамі з іншых раёнаў можна пазнаёміцца, убачыць, што ўмеюць яны, даведацца нешта карыснае для сябе. Такі вопыт спатрэбіцца ў далейшым, у тым ліку і пры паступленні. Будучую сферу прафесійнай дзейнасці мы ўжо выбралі — гэта, хутчэй за ўсё, праграмаванне. Думаем, конкурс дапаможа больш дакладна вызначыцца са спецыялізацыяй, — падзяліліся навучэнцы Добраўскага вучэбна-педагагічнага комплексу Горацкага раёна Дзмітрый Багамолаў і Раман Масанін.

Усе канкурсанты паказалі дастаткова высокі ўзровень падрыхтоўкі як у веданні тэорыі, так і ў практычных дзеяннях. Пераможцамі ж па выніках набраных балаў у кампетэнцыі “Сістэмнае адміністраванне” сталі вучань сярэдняй школы № 25 Магілёва Сяргей Слуцкі і навучэнец магілёўскай гімназіі № 2 Іван Букачоў. А лепшымі ў кампетэнцыі “Мабільная робататэхніка” журы прызнала навучэнцаў абласнога цэнтра творчасці Ілью Ніжнікава і Аляксея Гарбаценку.

Абласныя спаборніцтвы прайшлі пакуль па дзвюх найбольш масавых кампетэнцыях. Аднак зборная каманда вобласці будзе складацца таксама з дзяцей, якіх цікавяць такія кампетэнцыі, як “Нейрапілатаванне” і “Інжынерны дызайн CAD”. У будучыні ж плануецца развіваць у рэгіёне ўсе кірункі руху JuniorSkills.

Адметна, што ў ходзе конкурсных адбораў магілёўскія школьнікі маглі не толькі паказаць свае таленты і прафесійныя навыкі, але і азнаёміцца з пералікам прафесій для далейшага навучання. Такім чынам, спаборніцтвы JuniorSkills сталі для навучэнцаў своеасаблівай прыступкай у авалоданні патрэбнай у дарослым жыцці спецыяльнасцю.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота аўтара.