Дызайн для маленькіх

У Капыльскім раёне супрацоўнікі ўстаноў дашкольнай адукацыі актыўна дзеляцца сваім вопытам работы падчас правядзення творчых майстар-класаў. Шэраг такіх мерапрыемстваў быў прысвечаны развіццю творчых здольнасцей дзяцей.

— Правядзенне майстар-класаў у нашым раёне не з’яўляецца спантанным. Па выніках анкетавання выхавальнікаў у канцы кожнага навучальнага года мы выяўляем пэўныя запыты педагогаў раёна па розных актуальных тэмах дашкольнай адукацыі, — расказвае Алена Віктараўна Серадзінская, метадыст раённага вучэбна-метадычнага кабінета аддзела адукацыі, спорту і турызму Капыльскага райвыканкама. — Падчас наведвання ўстаноў дашкольнай адукацыі, франтальнага вывучэння іх дзейнасці, правядзення конкурсаў мы выяўляем цікавых, творчых, зацікаўленых педагогаў. На шчасце, ва ўстановах раёна шмат сапраўдных прафесіяналаў, якія гатовы не толькі творча працаваць, але і дзяліцца сваімі працоўнымі здабыткамі. Многа і тых, хто імкнецца самаўдасканальвацца і з задавальненнем наведвае такія майстар-класы.

Так, напрыклад, з ахвотай калегі ішлі на майстар-клас да С.В.Гецман, выхавальніка ДЦРД “Сонейка” Капыля, па тэме “Выкарыстанне нетрадыцыйных тэхнік малявання ў выяўленчай дзейнасці дашкольнікаў”. Педагог упэўнена, што нетрадыцыйныя тэхнікі цудоўна развіваюць творчыя здольнасці дзяцей. Асаблівую ўвагу Святлана Валер’еўна ўдзяляе рабоце з выхаванцамі спецыяльнай групы з цяжкімі парушэннямі маўлення, бо ў такіх дзяцей часта назіраецца і парушэнне маторыкі. На занятках для творчасці няма ніякіх абмежаванняў — можна маляваць чым хочаш і як хочаш, слова “нельга” выхавальнік не вымаўляе. Малюючы незвычайным спосабам, дзеці не баяцца памыляцца, бо ўсё лёгка можна выправіць. Дзеці на занятках адчуваюць станоўчыя эмоцыі, знаходзяць упэўненасць у сабе і пачынаюць адчуваць сябе мастакамі. На майстар-класе педагог прапанавала калегам паспрабаваць тэхнікі гратаж, манатыпія, ніткаграфія, малявання пальцамі, далонямі, ватнымі палачкамі, кавалачкамі паралону, каляровымі пырскамі і інш.

А.М.Каленчыц, выхавальнік ясляў-сада № 1 Капыля, праводзіць майстар-клас па тэме “Развіццё творчых здольнасцей дашкольнікаў у дызайн-дзейнасці”. Дзіцячы дызайн — гэта асаблівы і надзвычай разнастайны від творчасці. На занятках Алена Міхайлаўна стараецца пашыраць веды дзяцей пра ўласцівасці розных матэрыялаў, сфарміраваць навыкі і ўменні работы з імі, заклікае іх эксперыментаваць з матэрыяламі. Дзеці пад яе кіраўніцтвам робяць не проста вырабы, а прадметы для афармлення інтэр’ера, падарункі для бацькоў або сяброў. Тэматыка работ разнастайная: запрашэнні на свята, віншавальныя паштоўкі, валянцінкі, роспіс велікодных яек. Падчас майстар-класа Алена Міхайлаўна падкрэслівае, што першыя крокі ў дызайне настолькі простыя, што не патрабуюць ад дзяцей вялікіх намаганняў. Разам з ёй калегі стваралі з прыродных матэрыялаў міні-сады ў шкляных ёмістасцях.

Т.Р.Мельнічэнка, выхавальнік ДЦРД “Сонейка” Капыля, праводзіць майстар-клас па тэме “Метад нагляднага мадэлявання ў навучанні дашкольнікаў”. Метад мадэлявання — рэальнага, матэматычнага, нагляднага, сімвальнага — з’яўляецца надзвычай эфектыўным для навучання, развівае прасторавае ўяўленне, дазваляючы ўспрымаць складаную інфармацыю і зрокава ўявіць абстрактныя паняцці. На майстар-класе Таццяна Рыгораўна дэманструе выкарыстанне метаду мадэлявання пры навучанні дзяцей асновам бяспекі жыццядзейнасці, матэматыкі, на занятках па выяўленчым мастацтве, для прывіцця працоўных навыкаў. Педагог звяртае ўвагу на эфектыўнасць метаду для развіцця маўлення, у тым ліку і ў дзяцей з цяжкімі парушэннямі.

Дар’я РЭВА.
Фота прадастаўлена раённым ВМК аддзела адукацыі,спорту і турызму
Капыльскага райвыканкама.

Сучасныя падручнікі — для сучасных настаўнікаў

На фестывале вучэбнай кнігі адбыліся майстар-класы па ўсіх вучэбных прадметах агульнай сярэдняй адукацыі, а таксама па дашкольнай і пачатковай адукацыі. Тэматыка ўключала ўсе аспекты выкарыстання вучэбна-метадычных комплексаў па вучэбных прадметах у адукацыйным працэсе. Праводзілі майстар-класы вядомыя навукоўцы, метадысты і педагогі краіны — аўтары вучэбных і вучэбна-метадычных дапаможнікаў. Рабочай пляцоўкай стаў Ліцэй БДУ.

Цэнтральным звяном майстар-класа з’яўляецца дэманстрацыя эфектыўных метадаў зас­ваення вучэбнага матэрыялу пры актыўнай ролі ўсіх яго ўдзель­нікаў. Галоўнае ў тэхналогіі правя­дзення майстар-класа — не столькі паведаміць новую вучэбную інфармацыю, колькі авалодаць прадукцыйнымі прыёмамі, метадамі, методыкамі дзейнасці.

Цікавым стаў майстар-клас па рускай мове і літаратуры, на якім з педагогамі-практыкамі сваім дос­ведам дзялілася заслужаны дзеяч навукі Рэспублікі Беларусь, галоўны навуковы супрацоўнік лабараторыі гуманітарнай адукацыі Нацыянальнага інстытута адукацыі, доктар педагагічных навук, прафесар, аўтар падручнікаў па рускай мове Ларыса Аляксандраўна Мурына.

Як кіраўнік аўтарскіх калектываў па распрацоўцы нарматыўнага, вучэбнага і вучэбна-метадычнага забеспячэння па вучэбным прадмеце “Руская мова” Л.А.Мурына раскрыла канцэптуальныя, метадалагічныя асновы навучання рускай мове ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі, якія знайшлі адлюстраванне ў сучасных вучэбных і вучэбна-метадычных дапаможніках па рускай мове для 5—11 класаў, падзялілася з педагогамі сваімі перспектыўнымі ідэямі, што будуць рэалізаваны ў вучэбных праграмах і падручніках новага пакалення. З новымі прадметнымі тэхналогіямі, накіраванымі на маўленчае, лінгвакультуралагічнае і сацыякультурнае развіццё вучняў у працэсе навучання рускай мове, пазнаёміла настаўнікаў дацэнт БДУ, кандыдат педагагічных навук, настаўнік-метадыст Ліцэя БДУ Т.У.Ігнатовіч.

А настаўнікі беларускай мовы і літаратуры сталі актыўнымі ўдзель­нікамі майстар-класа, вядучымі якога былі распрацоў­шчыкі навукова-метадычнага і вучэбна-метадычнага забеспячэння па вучэбных прадметах “Беларуская мова” і “Беларуская літаратура”. Загадчык лабараторыі гуманітарнай адукацыі НІА, доктар педагагічных навук, дацэнт Ганна Міхайлаўна Валочка расказала настаўнікам пра асаблівасці рэалізацыі кампетэнтнаснага падыходу пры навучанні беларускай мове на базавым і павышаным узроўнях, акцэнтавала ўвагу педагогаў на ўзаемасувязі паміж кампанентамі сучасных вучэбна-метадычных комплексаў.

Арыгінальна і нестандартна прайшоў майстар-клас аўтараў падручнікаў па фізіцы, які правялі вядучы навуковы супрацоўнік лабараторыі матэматычнай і прыродазнаўчай адукацыі Нацыянальнага інстытута адукацыі, кандыдат фізіка-матэматычных навук, дацэнт Ларыса Арцёмаўна Ісачанкава і настаўнік фізікі Мiнскага сувораўскага ваеннага вучылі­шча Уладзімір Уладзіміравіч Дарафейчык. Удзельнікі майстар-класа паспрабавалі сябе ў ролі вучняў, што не толькі падарыла ім пазітыўны настрой, але і стымулявала да культуратворчасці ў педагагічнай справе.

“Улічваючы асаблівасці “геа­графіі” ўдзельнікаў нашага май­стар-класа — а гэта былі ў асноўным настаўнікі з раённых сельскіх школ, — нам хацелася пака­заць ім у дзеянні сучасны вучэбна-метадычны комплекс па фізіцы для 9 класа”, — адзначыла Ларыса Арцёмаў­на.

У прыватнасці, вядучыя май­стар-класа прадэманстравалі настаўнікам, як у вучэбна-метадычным комплексе рэалізаваны псіхадыдактыка і кампетэнтнасны падыход пры вывучэнні фізікі. Майстар-клас складаўся з некалькіх частак. У першай разглядалася выкарыстанне метадалагічнага дыскрэтнага падыходу пры вывучэнні тэмы “Нераўнамерны рух”. Тут у ролі педагога выступіла Л.А.Ісачанкава. Кожны настаўнік (удзельнік семінара) на сабе адчуў усе перавагі дыскрэтнага падыходу пры вывучэнні фізікі, а таксама азнаёміўся з рознымі спосабамі рэалізацыі кампетэнтнаснага (дзейнаснага) падыходу. Затым настаўнік фізікі Мінскага сувораў­скага вучылішча У.У.Дарафейчык звярнуўся да інтэрактыўных ма­дэ­лей пры вывучэнні тэмы. Па роўнапераменным прамалінейным руху ён прадставіў інтэрактыўныя мадэлі, якія выконваюць функцыі не толькі віртуальнага дэманстрацыйнага эксперымента, але і ролю дыдактычнага матэрыялу, на аснове якога можна дыягнаставаць і кантраляваць веды навучэнцаў, праводзіць віртуальныя даследаванні, вывучаць графічныя залежнасці кінематычных велічынь, арганізоўваць трэнінгі.

Акрамя інфармацыі пра вучэбныя выданні на ўсіх майстар-класах было паказана, як можна выкарыстоўваць электронныя адукацыйныя сродкі ў вучэбным працэсе. Удзельнікі майстар-класаў пазнаёміліся з працэдурай аўтэнтыфікацыі карыстальнікаў на дыстанцыйным рэсурсе Moodle Нацыянальнага інстытута адукацыі, складнікамі электронных адукацыйных рэсурсаў, іх асаблівасцямі і методыкай прымянення.

У такім жа кантэксце праходзілі майстар-класы па іншых вучэбных прадметах (матэматыцы, біялогіі, хіміі, замежнай мове і інш.), а таксама па дашкольнай і пачатковай адукацыі.

Ці карыснымі былі майстар-класы для ўдзельнікаў фестывалю? Безумоўна, так. Як адзначылі спецыялісты Нацыянальнага інстытута адукацыі, у далейшым варта працягнуць практыку правядзення майстар-класаў і больш актыўна задзейнічаць у іх вядучых спецыялістаў Нацыянальнай акадэміі навук, настаўнікаў, выкладчыкаў ВНУ, аўтараў падручнікаў і вучэбна-метадычных комплексаў. Прамыя зносіны будуць карысным і для ўсіх удзельнікаў семінара.

* * *

Заключным мерапрыемствам фестывалю стаў круглы стол “Сучасны школьны падручнік”, дзе аўтары вучэбных дапаможнікаў, педагагічныя работнікі, спецыялісты Нацыянальнага інстытута адукацыі, прадстаўнікі выдавецтваў абмеркавалі найбольш актуальныя праблемы вучэбнага кнігавыдання: падыходы да распрацоўкі сучасных вучэбных дапаможнікаў для ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі.

У прыватнасці, абмяркоўваліся пытанні афармлення школьнага падручніка. Дызайн сучаснага падручніка павінен быць такім, каб ён мог выклікаць інтарэс вучняў да вучэбнага прадмета, каб вучню хацелася звяртацца да яго як да крыніцы ведаў. Ілюстрацыйны матэрыял у падручніку павінен быць сучасным, якасным, метадычна мэтазгодным. Неабходна, каб ілюстрацыі ўспрымаліся не толькі як упрыгажэнне падручніка, а былі крыніцай інфармацыі, з якой неабходна працаваць.

Аўтарамі было паднята пытанне аб новым фармаце вучэбнага дапаможніка. Аналіз сучасных еўрапейскіх падручнікаў паказвае, што там многія школьныя падручнікі выдаюцца фарматам А4. У нас таксама ёсць аўтарскія калектывы, якія прытрымліваюцца думкі, што такі фармат вельмі зручны, бо дазваляе матэрыял аднаго пара­графа размясціць на адным развароце вучэбнага выдання.

Сёння гэтае пытанне абмяркоўваецца ў Нацыянальным інстытуце адукацыі. Як заўважыла намеснік дырэктара інстытута па навукова-метадычнай рабоце кандыдат педагагічных навук Валянціна Васільеўна Гінчук, у вырашэнні гэтага пытання ўсе зацікаўленыя звязаны шматлікімі рэгламентамі і інструкцыйнымі матэрыяламі, якія рэгулююць вучэбнае кнігавыданне. Прынцыпова важным з’яўляецца дакумент аб санітарна-гігіенічных нормах, які рэгулюе аб’ём і вагу падручніка. “Сёння пытанне аб іншым фармаце школьнага падручніка вывучаецца ў сукупнасці з пытаннем аб аблегчанай (інтэгральнай) вокладцы”, — адзначыла В.В.Гінчук.

Выдаўцы, у прыватнасці галоўны рэдактар “Аверсэв” Аляксандр Мікалаевіч Таранда, адзна­чылі, што перавод школьных пад­ручнікаў у фармат А4 неабходна вывучаць не толькі з боку дызайну і інструктыўных дакументаў, але і зыходзячы з тэхнічных магчымасцей паліграфкамбіната.

Акрамя таго, размова ішла пра тыя праблемы ўзаемадзеяння аўтараў і выдавецтваў, якія су­стракаюцца ў рэальнай практыцы і якія трэба вырашаць разам, каб ва ўстаноўленыя тэрміны выпусціць якасны падручнік.

Удзельнікі круглага стала ўзды­малі актуальнае пытанне данясення выніку сумеснай работы аўтарскіх калектываў, спецыялістаў НІА і выдавецтваў да педагогаў, да самай глыбінкі, да самых аддаленых сельскіх школ. Было б выдатна, каб работу ў гэтым напрамку актывізаваў не толькі Нацыянальны інстытут адукаці, але і выда­вецтвы.

* * *

Фестываль вучэбнай кнігі ўключаў у сябе мерапрыемствы метадычнага і інфармацыйнага характару. Адным з іх была выстава вучэбнай і вучэбна-метадычнай літаратуры, якая на сёння распрацавана па ўсіх прадметах і адукацыйных галінах для дашкольнай і агульнай сярэдняй адукацыі.

“Для нас было прынцыпова важна паказаць, што вучэбна-метадычнае забеспячэнне распрацоўваецца комплексна па кожным прадмеце. Акрамя вучэбнага дапаможніка, з якім працуе вучань, ёсць вучэбна-метадычны дапаможнік для педагога, сцэнарыі і планы-канспекты ўрокаў. У нас ёсць таксама вучэбна-метадычныя комплексы па факультатыўных занятках. Яны прадстаўлены трыма кампанентамі: вучэбнай праграмай, дыдактычнымі матэрыяламі для навучэнцаў, метадычнымі рэкамендацыямі для педагогаў, якія выдадзены ў выглядзе вучэбных дапаможнікаў.

Сёння вучэбна-метадычныя комплексы выдадзеныя на друкаванай аснове, дапаўняюцца электроннымі адукацыйнымі рэсурсамі, якія распрацаваны па ўсіх вучэбных прадметах для 1—11 класаў. Асобным блокам ідуць электронныя адукацыйныя рэсурсы па праблемах выхавання асобы”, — адзначыла Валянціна Васільеўна.

Электронныя адукацыйныя рэсурсы ўключаюць у сябе даведачна-інфармацыйныя модулі (напрыклад, хрэстаматыі, даведнікі, наборы мультымедыйных рэсурсаў, якія дапаўняюць вучэбны дапаможнік), кантрольна-дыягнастычныя матэрыялы (у асноўным прадстаўлены тэставымі заданнямі для праверкі засвоенага вучэбнага матэрыялу) і інтэрактыўныя заданні, якія на этапе засваення матэрыялу дазваляюць адпрацаваць пэўныя ўменні, навыкі і кампетэнцыі.

Такім чынам, вучэбна-метадычны комплекс па вучэбным прадмеце ўключае ў сябе цэлы шэраг вучэбных і вучэбна-метадычных дапаможнікаў на друкаванай аснове плюс электронны адукацыйны рэсурс. “Дарэчы, тыя новыя вучэбныя дапаможнікі, якія мы распрацоўваем у адпаведнасці з канцэпцыяй базавага падручніка, змяшчаюць спасылкі на розныя кампаненты ВМК. Сам вучэбны дапаможнік выконвае навігацыйную ролю. Паколькі гэта базавы падручнік, то ў ім выкладзены мінімальна неабходны, але ў той жа час дастатковы для якаснай адукацыі змест вучэбнага прадмета.

Усе аўтарскія калектывы імкнуліся выкласці вучэбны матэрыял даступна, з улікам узроставых пазнавальных здольнасцей навучэнцаў. Але калі браць пад увагу, што дзеці ў класе розныя, то для больш матываваных дыферэнцыяцыя забяспечваецца за кошт спасылак. Напрыклад, па гісторыі спасылкі будуць на дзеючыя атлас, хрэстаматыю, якая ёсць як у друкаваным выглядзе, так і ў электронным, а таксама на электронныя адукацыйныя рэсурсы (размешчаны на нацыянальным адукацыйным партале). Мяркую, што ў такім выглядзе нашы базавыя падручнікі будуць задавальняць адукацыйныя запыты самай шырокай школьнай аўдыторыі.

На выставе былі прадстаўлены вучэбна-метадычныя комплексы па ўсіх напрамках: гуманітарным (беларуская, руская, замежныя мовы, беларуская і руская літаратуры), прыродазнаўча-навуковым (матэматыка, фізіка, хімія, біялогія, геаграфія, інфарматыка), сацыякультурным (гісторыя, грамадазнаўства, працоўнае навучанне, дапрызыўная і медыцынская падрыхтоўка, асновы бяспекі жыццядзейнасці), а таксама для пачатковай школы і ўстаноў дашкольнай адукацыі. У нас вялікія напрацоўкі, і на сёння вельмі важным лічым данесці інфармацыю да педагогаў-практыкаў пра вучэбна-метадычнае забеспячэнне вучэбных прадметаў і методыку іх эфектыўнага выкарыстання ў адукацыйным працэсе”, — працягвала намеснік дырэктара інстытута па навукова-метадычнай рабоце.

На жаль, як паказаў аналіз (восенню спецыялісты НІА і аўтары вучэбных дапаможнікаў выя­зджалі ва ўсе рэгіёны краіны для правядзення метадычных семінараў па пытаннях профільнага навучання), не ўсе педагогі і не ва ўсіх выпадках ведаюць пра наяўнасць вучэбна-метадычнага забеспячэння. Здавалася б, жывём у час інфармацыйных тэхналогій і ўся інфармацыя размешчана на нацыянальным адукацыйным партале, але ў НІА прыйшлі да высновы, што інфармаваць неабходна не толькі праз партал, але і пры асабістым кантакце, таму ў інстытуце аўтарамі ВМК праводзяцца індывідуальныя кансультацыі для педагогаў (па іх запытах).

Фестываль вучэбнай кнігі задумваўся як адзін са спосабаў папулярызацыі вучэбна-метадычных дапаможнікаў сярод педагогаў. Нацыянальным інстытутам адукацыі мерапрыемства падобнага фармату было арганізавана ўпершыню, аднак яго поспех і станоўчыя водгукі з боку педагагічнай грамадскасці ўмацоўваюць думку пра тое, што правядзенне фестывалю вучэбнай кнігі стане добрай традыцыяй.

Вольга ДУБОЎСКАЯ.

Майстар-класы ад Герасімені для школьнікаў

Двухразовы сярэбраны прызёр Алімпійскіх гульняў у Лондане і ўладальніца бронзавай узнагароды ў Рыа-дэ-Жанэйра Аляксандра Герасіменя плануе праводзіць бясплатныя майстар-класы па плаванні для школьнікаў. Аб гэтым спартсменка расказала на сваёй старонцы ў сацсетцы.

Групы школьнікаў і студэнтаў ужо могуць падаваць заяўкі праз афіцыйную старонку плыўчыхі ў Facebook. “Гэтая акцыя больш для дзяцей з іншых гарадоў Беларусі. Мяне неаднаразова запрашалі прыехаць, правесці заняткі, але па прычыне занятасці не магла гэтага зрабіць. Цяпер з’явілася такая магчымасць, і я з задавальненнем правяду трэніроўкі”, — адзначыла спартсменка.

Заслужаны майстар спорту Аляксандра Герасіменя раней адкрыла клуб плавання, у якім пад кіраўніцтвам вопытных спецыялістаў і самой спартсменкі кожны жадаючы можа навучыцца ўпэўнена трымацца на вадзе або палепшыць тэхніку розных стыляў плавання.

Fashion-фота: увесь час на грані

Надоечы, 20 снежня, у Мінску ў Нацыянальным цэнтры мастацкай творчасці дзяцей і моладзі адбыўся майстар-клас “Арганізацыя і правядзенне fashion-здымкі для ўдзельнікаў — фатографаў і фотамадэлей — “Млына моды —2017”. Фато­графы, ахвочыя здымаць, сабраліся ў НЦМТДіМ у вельмі разнашэрсным складзе: хтосьці з іх толькі ўчора ўзяў у рукі фотаапарат дзеля таго, каб здымаць дзяўчат і хлопцаў у прыгожым модным адзен­ні, у кагосьці ў руках блішчэлі “кэнаны” і “ніканы” за некалькі тысяч долараў кожны, а нехта шчыра думаў, што нармальная фэшн-здымка можа атрымацца і сродкамі мабільніка… Іх жаданні, інтэнцыі і настроі па-свойму ўдакладнялі вядомыя прафесійныя фатографы спецыялі­сты ў галіне фэшн-фатаграфіі Аляксандр Канатоп і Аляксей Майсевіч. І выказвалі свае, здаецца, вельмі арыгінальныя думкі.

Шчыра кажучы, даўно ўжо я не прысутнічаў на такіх вясёлых майстар-класах, калі 30-гадовыя (ну, мачыма, 40-гадовыя) людзі-прафесіяналы дзяліліся сваімі ўражаннямі і нюансамі роднай прафесіі амаль што са сваімі аднагодкамі. Між тым тэмы, пра якія гаварылі Аляксандр Канатоп і Аляксей Майсевіч, былі і цікавыя, і арыгінальныя адначасова: “Задача здымкі і выбар стылю”, “Студыя ці пленэр?”, “Постпрадакшн (рэтуш)”, “Камандная работа”, “Рэжысура здымкі (эмацыянальны месыдж, апраўданы стан чалавека ў кадры)” і інш.

Наступныя радкі будуць як бы цытатамі слоў Аляксея і Аляксандра, якія не хацелася б тут размяжоўваць, бо яны бясконца перадавалі мікрафон адзін аднаму ў рукі. Але галоўнае, што я зразумеў з іх слоў: сёння, калі ў кожнага ёсць добры фотаапарат ці смартфон, для якаснага фота патрабуецца не толькі націск пальца на кнопку. Усё адно, як і ў залаты век фатаграфіі, у фатографа з лічбавай камерай павінны быць чулая душа, пільны зрок, умелыя рукі, адчуванне моманту “тут і цяпер”, імкненне зразумець і адчуць чалавека, якога ён здымае… Нават калі гэта вельмі прыгожая дзяўчына ў адзенні ўнікальнага моднага брэнда. Такім чынам, вось некаторыя, пададзеныя ў вельмі сціслым выглядзе рэцытацыі прамоўленага Аляксеем Майсевічам і Аляксандрам Канатопам на семінары.

Гэтыя фрагменты з іх прамовы, думаецца, прыдадуцца і для ўсіх, хто трымае ў руках “фоцер” і спрабуе зрабіць добры кадр.

Каб паглядзець з радасцю і шчымлівым хваляваннем на яго не толькі сёння, але і праз 50 гадоў.

У нас на дварэ зараз эпоха постмадэрнізму (ці як хочаце яе назавіце!), калі здзівіць гледача нечым вельмі складана. У кожнага ёсць інтэрнэт, а гэта зна­чыць, “Фэйсбук”, YouTube, “Інста­грам”. Там ёсць усё. Паўта­рыць некага вельмі складана. Але ў тым і справа, што можна паўта­рыць! Памятаеце, як раней, у вядомых мастакоў, як правіла, былі чаляднікі. Яны малявалі копіі. І гэтыя копіі часта былі вельмі высокага ўзроўню! Яны прадаваліся як быццам арыгіналы! Так і ў фэшн-фота сёння: ёсць безліч класічных фота, якія сталі ўзорамі. Але калі вы змаглі паўтарыць у стылі кагосьці з класікаў фотаіндустрыі — гэта ўжо вельмі крута. Не бойцеся паўта­раць класікаў. Фота ў класічным стылі — гэта крутое фота. Паўтарыць кагосьці з геніяў — гэта заўсёды складаней, чым нешта зрабіць з нуля. Калі вы хочаце стаць прафесійным фато­графам, па­спрабуйце паўта­рыць каго-небудзь з класікаў фотама­стацтва. Атрымаецца — ідзіце, рабіце ўжо нешта сваё. Менавіта на моманце паўтору адточваецца майстэрства.

…Задача здымкі — гэта вельмі тонкі момант. Напрыклад, калі трэба зняць рэкламны білборд з пыласосам, які будзе размешчаны на шашы Е 30, разумееш, што людзі, едучы на хуткасці 120 кіламетраў у гадзіну, будуць успры­маць яго максімум 3 секунды. І ніякія дзяўчаты ў шыкоўных сукенках з барадатымі мача на скалах там не патрэбны. Іх проста не ўгледзяць. Патрэбны толькі пыласос. І тады я проста здыму вельмі маштабны партрэт чалавека, а там ужо недзе будзе фрагмент пыласоса — можа, нават адной толькі шчоткі  з лагатыпам фірмы. Я ўжо сабе паставіў задачу — і мне лягчэй яе рэалізаваць. Прынамсі, мне ўжо не трэба ду­маць, маўляў, бяры ў рукі пыласос: а як жа мне цябе зняць?

…Яшчэ наконт задачы. Мы павінны добра ўсведамляць, хто будзе глядзець на нашы здымкі. Не бойцеся прагматыкі. Калі нашы фота будуць разглядаць у Міні­стэрстве культуры, трэба ехац­ь у Азярцо, у Беларускі музей народнай архітэктуры і побыту. А калі нашы фота будуць глядзець панкі, трэба ехаць у тым жа народным калядным адзенні на які-небудзь закінуты завод.

…Фэшн-індустрыя — гэта, як ні круці, заўсёды геаметрыя. Геаметрыя форм. І таму, калі я атрымліваю задачу зняць мадэль і бачу геаметрыю той ці іншай калекцыі адзення, заўсёды думаю, ці ёсць у мяне ў горадзе патрэбны фон, па­трэбная геаметрыя. Вуліцы, завулкі, пло­шчы… Не знаходжу ў Мінску — еду ў бліжэйшыя гарады. І калі і там не знаходжу, запрашаю мадэль у студыю, дзе ствараю ўжо сваю геаметрыю. Геаметрыя на геаметрыі — іншага прынцыпу ў фэшн-здымцы яшчэ не вынайшлі.

…Постпрадакшн — гэта адзін з самых спецыфічных складнікаў у сучаснай фатаграфіі… У нашых калег быў такі выпадак, калі яны ўсё знялі, усё аддалі ў друк, але забылі пачысціць матрыцу. У выніку яны былі вымушаны ўсё зды­маць нанова.

…Сёння фатограф ва ўсім вінаваты. Ён шукаў фон, ствараў кампазіцыю, рабіў здымкі, але ў выніку фоткі дрэнна апрацавалі. А вінаваты ўсё роўна фатограф. Гэта трэба проста прыняць — абвінавацяць ва ўсім вас, а не друкара, не рэтушораў і г.д. Вы, канечне, можаце выказаць свае прэтэнзіі таму ж рэтушору і ён вам нават заплаціць нейкія 100 баксаў. Ён скажа вам, што ў яго не было настрою ці ў яго былі чырвоныя вочы ад бясконцай працы ноччу… Але хто згубіць у выніку? Не ён, а вы. Вы страціце свой аўтарытэт. Таму старайцеся працаваць камандай — з людзьмі, якім вы давяраеце і якія вас не падвядуць.

…Фоташоп — гэта данасць. Ад яго нікуды не дзенешся. Але, насам­рэч, гэта вельмі далікатная рэч. Яна тычыцца наўпрост прынцыпу ўспрымання фатаграфіі. Вы хочаце, напрыклад, зрабіць партрэт сям’і ў цёплых жоўтых тонах, а на гэтым фоне каб мужчына як правадыр сям’і быў крышку больш халодным, сінім… Націснеце нейкую іншую кнопачку, чым трэба, і бу­дзе абсурд. Абыходзьцеся з фоташопам вельмі асцярожна. І прафесійна.

…Мы робім вельмі многа здымак для нашых вядучых фірм — “Cоcа-Cоla”, “Pampers” і г.д. У нас вельмі шмат партфоліа. Гэтыя партфоліа аддаеш у агенцтвы. Ты ведаеш, што была цудоўная здымка і атрымаліся цудоўныя фатаграфіі. А потым ідзеш у нейкім гіпермаркеце і бачыш, што на цябе глядзіць… чыр­воная, як быццам бы з тыднёвага запою, ма­дэль. Або едзеш недзе па шашы і бачыш білборд, а табе сябар кажа: “Хто зняў так нягегла такую прыгожую дзяўчыну?” А ты сам чырванееш, бо ведаеш, што сам зняў і яна была насамрэч прыгожай. Але апра­цоўшчыкі зрабілі з яе такую…

…У нашай прафесіі ёсць шмат нюансаў, пра якія не ведае нават касметолаг.

…Рэпартаж ці пастаноўка? Гэта — пытанне. Можна было б адразу сказаць, што пастаноўка — гэта вельмі сумныя людзі ў кадры, а рэпартаж — гэта імправізацыя, жыццё, рух. Але не гэта галоўнае. Галоўнае — даць мадэлі заданне зрабіць нешта. “Всё, что да, — поднимаешь рельсы и несёшь туда”. І калі мадэль у дзеянні, ты здымаеш — і ў цябе тады эмоцыі, і ў яе тады эмоцыі. Сапраўдныя, непадробныя эмоцыі. Ёсць фатографы, якія могуць выставіць мадэль так, каб гледачу не здавалася, што ёй цяжка і невыносна. Гэта, на самай справе, таксама шлях. Кожны фатограф выбірае для сябе свой шлях. Ёсць моцныя пастаноўшчыкі і ёсць моцныя рэпарцёры. Гэта зусім не супастаўляльныя людзі. Два розныя псіхалагічныя тыпы.

…У мяне шмат сяброў-фато­графаў. Маё першае вяселле здымалі адразу тры. Я вельмі люблю іх усіх. На фотаздымках былі мы — прыгожыя — з нявестай, прыгожая машына. Але сёння я гляджу на тыя фота і ўспамінаю толькі пра тое, як я пацеў у касцюме і як мне было дрэнна. Гэта былі пастановачныя фота. Гэта былі вельмі класныя фотаздымкі, ідэальна вычышчаныя. Але за імі нічога няма. А калі я жаніўся другі раз, я папрасіў свайго сябра не ўмеш­вацца ў сюжэт. Ён фатаграваў усё, нічога не кажучы. І, гледзячы на яго фоткі сёння, я ўспамінаю маленькія кавалачкі нашага жыцця: як мы хваляваліся перад роспісам, як мы абменьваліся пярсцёнкамі, як мы цалаваліся, як рабілі глыток шампанскага, як мы танцавалі, як я выпадкова ёй наступіў на сукенку і яна парвалася… Гэтыя кадры застануцца з намі на ўсё жыццё. Гэта са­праўдныя моманты.

…Рэпартажны момант непаўторны. Што будзе больш крута на фота — Клаўдзія Шыфер у вясельным уборы на нейкім шэрым фоне ў рамантычнай позе ці тая ж Клаў­дзія Шыфер раніцай — памятая, з размазанай тушшу на вачах, з цыгарэтай, з келіхам віскі? І адно, і другое крута. Але першае фота будзе пастановачным. А другое — рэпартажным. Дзе будзе імітацыя прыгожага галівудскага жыцця? Гэтыя ўсе прыгожыя сукенкі, крутыя тачкі, бясконцыя заходы сонца на даражэннай віле? Ці “адхаднякі” з келіхам віскі? А самі здагадайцеся… І выберыце, што вам бліжэй — пастановачная ці рэпартажная Клаўдзія Шыфер. Толькі майце на ўвазе, што, рэкламуючы вам кока-колу, яе рэкламадаўцы ніколі не скажуць, што гэта напой з аднолькавай колькасцю цукру і вады. Яны скажуць вам, што кока-кола — гэта пляжы, сонца, сёрфінг, худыя падцягнутыя лю­дзі… Ніколі не маніпуліруйце гэтымі момантамі, калі ласка.

…Я не ўмею паставіць ма­дэль, каб не было відаць, што яна пазіруе. І я не буду яе ставіць. Нехта іншы паставіць. Але я злаўлю яе ў зручны момант — гэта будзе ўжо рэжысура.

…Ёсць мужчынскі погляд на фатаграфію, а ёсць жаночы. Гэта адчуваецца заўсёды. Мужчынскі — часцей за ўсё рэпартажны. Жаночы — здалёк, на нейкія дробязі.

…А найбольш ідэальны варыянт, калі фатограф-пастаноўшчык здымае ў пары з фатографам-рэпарцёрам. Наогул, сёння фатаграфія — гэта камандная праца. Якім бы геніяльным вы ні былі мастаком-інтравертам, вам прыйдзецца працаваць у камандзе, калі вы хочаце атрымаць добры фотаздымак. Выключайце эгаізм — інакш вы проста зашыецеся ў гэтай справе.

…Ці прыгажэй у Львове, чым у Мінску? Ці прыгажэй у Італіі, чым у Беларусі? Ці лепшы там фон для фотаздымкаў? Ды не!!! Так, у Львове шмат старой архітэктуры, так, у Італіі многа сонейка. Але гэта толькі для вясельных фота. Што тычыцца фэшн-здымкі, у Мінску хапае прасторы. Аднойчы мы ўзялі на кінастудыі старыя пражэктары, якія даўно ўжо не працавалі, зацягнулі іх на верхавіну “Сільвертаўэра”, падсвяцілі ўсё гэта адной успышкай… і атрымаўся Галівуд. Мінск  насамрэч вельмі вялікі і прыдатны для фэшн-здымкі. Ты тут можаш здымаць мадэлей на даху дома, у падвале, на ўскраіне на полі.

…Сёння ёсць так шмат цікавых фотаздымкаў, якія робіць моладзь! Часам дзяўчынка робіць на ўсхо­дзе сонца такое класнае фота на свой айфон! А калі гэтая дзяўчынка яшчэ і разумніца і ўсю здымку падсвеціць белым аркушам паперы, цаны не будзе таму фота! А тут побач нейкі дзядуля бурчыць, маўляў, ён усё перазняў у гэтым жыцці.

…Фэшн-фота — гэта правакацыя. А правакацыя — гэта тэрыторыя найперш маладых людзей. І таму ты павінен увесь час быць на грані, на вастрыі. Калі ў патыліцу табе дыхае мільён маладых лю­дзей, якія хочуць таксама быць фатографамі, у цябе валасы варушацца. Моладзь развіваецца сёння фантастычнымі тэмпамі. Як і тэхніка. Фотасправа сёння вам ніколі не дасць перадыхнуць.

Мікола ЧЭМЕР.

P.S. Фіналісты фатографы Рэс­публіканскага фестывалю-конкурсу моды і фота “Млына моды — 2017” стануць вядомы 14 студзеня 2017 года.

 

Стваралі разам

“Справа майстра баіцца” — пад такой назвай прайшлі майстар-класы для выхаванцаў усіх узроставых груп гомельскага ясляў-сада № 111. Маленькія гамяльчане і іх бацькі таксама змаглі прымераць на сябе ролю майстроў-стваральнікаў.

Ініцыятарамі гэтага цікавага мерапрыемства сталі старшыня папячыцельскага савета Людміла Нікіценка і загадчык дашкольнай установы Алена Караткевіч.

Самыя маленькія выхаванцы разам са сваімі бацькамі пабывалі на майстар-класе ранняга навучання ў выхавальнікаў Ганны Нагоды і Веранікі Галіулінай. Старэйшыя ўжо самі спрабавалі навучыць бацькоў, праўда, пакуль яшчэ з дапамогай выхавальніка Алены Высоцкай.

У рамках рэалізацыі інавацыйнага праекта дзеці групы духоўна-маральнага выхавання разам з выхавальнікамі Кацярынай Аляхно і Кацярынай Федарэнка запалілі агеньчык дабрыні як сімвал сям’і. Госцем групы быў протаіерэй Мікалай Кадацкі.

Рэцэпт здароўя прапанавалі выхаванцам малодшай групы кіраўнік фізічнага выхавання Аксана Ганчарова і выхавальнік Ларыса Аземша. А майстры-ўмельцы намеснік загадчыка Людміла Коніна і выхавальнік Святлана Чагіна правялі майстар-клас творчасці з бацькамі, навучаючы іх рамёствам нашых прадзедаў — элементам ткацтва.

Сапраўдным сюрпрызам аказаўся для ўсіх гасцей удзел у аўкцыёне-продажы кандытарскіх вырабаў. Колькі майстэрства, выдумкі і любові было ўкладзена ў салодкія пірагі, духмяныя кексы і булкі, а тарты былі незабыўнымі! І ўсё гэта — сумесная праца бацькоў і супрацоўнікаў ясляў-сада.

— Мы невыпадкова далі такую назву сваёй акцыі, — падкрэсліла загадчык дашкольнай установы А.У.Караткевіч. — Кожны педагог для нас майстар, адны з іх ужо адбыліся, другія — будучыя майстры сваёй педагагічнай справы.

Наталля ЛУТЧАНКА.

Урокі для студэнтаў

Напярэдадні Дня настаўніка педагогі Гродзенскай вобласці прыйшлі ва ўніверсітэцкія аўдыторыі, каб правесці майстар-класы для сваіх будучых калег, студэнтаў педагагічных спецыяльнасцяў Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы.

Такая сустрэча вядучых педагогаў-практыкаў, настаўнікаў-метадыстаў, пераможцаў конкурсу «Настаўнік года» са студэнтамі прайшла ў рамках бесперапыннай педагагічнай адукацыі па ініцыятыве ўпраўлення адукацыі Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта. Па словах будучых педагогаў, такія сустрэчы для іх вельмі карысныя, паколькі дазваляюць з першых рук атрымаць актуальную інфармацыю аб рабоце школьнага настаўніка.

Наталля ЧАРКЕС,
настаўнік-метадыст, настаўнік рускай мовы і літаратуры
сярэдняй школы № 1 Скідзеля Гродзенскага раёна.
Фота аўтара.

Садок сагрэе сонейка

Майстар-клас па энергазберажэнні правялі для гасцей выхаванцы ясляў-сада № 45 Гродна. Яны расказалі аб тым, чаму навучыліся за час удзелу дашкольнай установы ў пілотным праекце “Распрацоўка інтэграванага падыходу да пашырэння праграмы па энергазберажэнні” (“Энергаэфектыўнасць у школах”). Вынік удзелу ясляў-сада № 45 у праекце — мадэрнізацыя будынка з выкарыстаннем энергазберагальных тэхналогій. Дашкольная ўстанова стала першым у Гродне энергаэфектыўным дзіцячым садам.

У гэты дзень установу наведала шмат гасцей: намеснік старшыні Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта Віктар Лісковіч, старшыня Гродзенскага гарвыканкама Мечыслаў Гой, каардынатар праектаў прадстаўніцтва ПРААН у Беларусі Ігар Чульба, намеснік кіраўніка аддзела праектаў і праграм прадстаўніцтва Еўрасаюза ў Беларусі Аўдроне Урбанавічутэ, намеснік дырэктара дэпартамента па энергаэфектыўнасці Дзяржаўнага камітэта па стандартызацыі Рэспублікі Беларусь Уладзімір Камашка, начальнік упраўлення адукацыі Гродзенскага аблвыканкама Аляксандр Сонгін. Прысутнічалі на ўрачыстасці выхаванцы і іх бацькі, супрацоўнікі дзіцячага сада.


Загадчыца ясляў-сада Людміла Кушнірук правяла экскурсію па адноўленым будынку. Тут зроблена ўцяпленне сцен і даху, устаноўлены новая прытокава-выцяжная вентыляцыя, 122 акны з трайным шкленнем, што дазволіць скараціць страты цяпла на 50 працэнтаў, энергаэфектыўнае асвятленне зніжае спажыванне электраэнергіі на 10 працэнтаў. На даху будынка ўстаноўлены 24 сонечныя калектары, аб’яднаныя з сістэмай гарачага водазабеспячэння, што дазволіць знізіць спажыванне цеплавой энергіі на гарачае водазабеспячэнне на 50—100 працэнтаў у залежнасці ад пары года. У верасні гарачую ваду ў садку атрымлівалі ад работы сонечных калектараў.

— Наша ўстанова пачала работу ў 1971 годзе. Капітальны рамонт з таго часу ні разу не праводзіўся, — расказвае Людміла Іванаўна, — у рамках праекта быў праведзены энергааўдыт будынка і былі дадзены рэкамендацыі па рэалізацыі энергаэфектыўных мерапрыемстваў.

Абсталяванне на кухні таксама стала “разумным”. Замест старых пліт з чыгуннымі канфоркамі ўстаноўлены электраіндукцыйныя электрапліты са шклокерамічнай паверхняй. Так, электрычная пліта сама адключаецца тады, калі з яе здымаюць посуд. Чакаецца, што праведзеная мадэрнізацыя ў два разы знізіць энергаспажыванне.

— Работа па мадэрнізацыі дазволіць эканоміць больш як 180 тысяч рублёў у год. Мы імкнёмся зрабіць знаходжанне дзяцей у садках і школах камфортным, бяспечным, утульным і, што сёння таксама важна, энергаэфектыўным, — адзначыў намеснік старшыні Гродзенскага аблвыканкама Віктар Лісковіч.

Утульнасць і камфортнасць абноўленага дзіцячага сада адзначаюць і бацькі выхаванцаў. У сям’і Габрусевіч наведваюць садок пяцігадовы Саша і чатырохгадовая Насця. Мама Люда гаворыць, як дома дзеці расказваюць, што іх садзік грэе сонейка, вучаць бацькоў, як важна быць беражлівымі і эканомна расходаваць ваду, газ, электрычнасць.

І такія веды — яшчэ адзін вынік праекта. Ініцыятыва ШРЭК — школы развіцця эканамічнай культуры — дазваляе весці актыўную работу з выхаванцамі і іх бацькамі, грамадскасцю і вучыць энергазберагальным тэхналогіям. Педагогі дашкольнай установы распрацавалі шмат вучэбных матэрыялаў па гэтай тэматыцы, выпускаюць газету “ШРЭК”, якую распаўсюджваюць у сем’ях выхаванцаў. Яслі-сад № 45 заняў 2-е месца на абласным этапе Рэспубліканскага конкурсу па энергазберажэнні “Энергамарафон-2015” у намінацыі “Культурна-відовішчнае мерапрыемства па прапагандзе эфектыўнага і рацыянальнага выкарыстання энергарэсурсаў”. Педагогі разам з дзецьмі падрыхтавалі тэатральную пастаноўку “Як Балабушка шукала новыя шляхі да зберажэння энергіі”. Тры лялькі-талісманы — Элік, Каплюша і Цяплоша — навучаюць дзяцей і іх бацькоў эканоміць электраэнергію, ваду і цяпло.

Праект “Энергаэфектыўнасць у школах” ажыццяўляецца пры фінансавай падтрымцы Еўрапейскага саюза і рэалізоўваецца Праграмай развіцця ААН (ПРААН) у Рэспубліцы Беларусь. Нацыянальнай выконваючай арганізацыяй з’яўляецца дэпартамент па энергаэфектыўнасці Дзяржаўнага камітэта па стандартызацыі Рэспублікі Беларусь. У фінансаванні мадэрнізацыі ясляў-сада № 45 удзельнічаў таксама Гродзенскі гарвыканкам. Яслі-сад стануць дэманстрацыйнай пляцоўкай па ўкараненні інавацыйных тэхналогій энергаэфектыўнасці.

У праекце “Энергаэфектыўнасць у школах” удзельнічаюць яшчэ тры ўстановы адукацыі краіны — яслі-сад № 6 Ашмян, сярэдняя школа № 4 Дзяржынска і Віцебскі дзяржаўны прафесійна-тэхнічны каледж машынабудавання імя М.Ф.Шмырова. 23 верасня ўрачыстасці па адкрыцці яшчэ адной энергазберагальнай установы адбудуцца ў Ашмянах.

Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.
Фота аўтара.

Лепшыя — з Лепеля

Конкурсныя выступленні ўдзельнікаў, майстар-клас для вядучых дыска-праграм, забаўляльная праграма для ўдзельнікаў фестывалю, сучасная музыка, шчаслівыя ўсмешкі, падтрымка сяброў, імкненне да перамогі, неверагодны зарад бадзёрасці і пазітыву… А ўсё гэта разам — абласны фестываль танцавальна-забаўляльных праграм “Пакаленне-2016”.

Арганізатарам творчага марафону традыцыйна выступае Віцебскі абласны палац дзяцей і моладзі. У фестывалі бяруць удзел творчыя групы навучэнцаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі і дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі — арганізатары і вядучыя танцавальна-забаўляльных праграм. Па ўмовах конкурсу, у камандзе дапускаецца да васьмі ўдзельнікаў ва ўзросце ад 12 да 18 гадоў, якія прадстаўляюць па адной кароткай (да 15 хвілін) праграме ад кожнага раёна, апрабаванай ва ўмовах устаноў адукацыі. Кожны міні-калектыў, у склад якога ўваходзяць дыджэі, вядучыя і харэаграфічная група падтрымкі, прадстаўляе ўвазе гледачоў і журы сваю праграму, насычаную інфармацыйна-прапагандысцкімі і гульнявымі момантамі, непасрэднымі зносінамі з залай і прысвечаную памятным датам і папулярным у маладзёжным асяроддзі святам. У перыяд з 15 студзеня па 15 лютага ў раёнах і гарадах рэгіёна прайшлі адборачныя туры, па выніках якіх былі вылучаны самыя дружныя, таленавітыя і крэатыўныя каманды — фіналісты фестывалю. — Прыярытэтныя задачы нашага мерапрыемства — павышэнн выхаваўчага патэнцыялу танцавальна забаўляльных праграм, што арганізоўваюцца ва ўстановах адукацыі вобласці, а таксама выяўленне і распаўсюджванне лепшага вопыту ў правядзенні танцавальна-забаўляльных праграм і ўкараненне ў практыку масавай работы сучасных тэхнічных сродкаў і інфармацыйных рэсурсаў, развіццё творчых і арганізатарскіх здольнасцей навучэнцаў; фарміраванне агульнай культуры вольнага часу падлеткаў і стварэнне ўмоў для іх сацыяльнай адаптацыі, — расказала загадчык аддзела сацыяльна-мастацкіх і гульнявых форм Вольга Бельчанкова. — Абавязковых умоў, па сутнасці, няшмат: гульні і конкурсы, рэквізіт і касцюмы павінны мець арыгінальную творчую ідэю, адпавядаць тэматыцы праграмы, а самі выканаўцы — умела карыстацца сцэнічнай прасторай і наяўным рэквізітам, мастацкім, музычным, тэхнічным афармленнем. Мастацкі густ, якасць выканання вітаюцца і ўлічваюцца журы. Пры правядзенні праграмы магчыма выкарыстанне светлавых і гукавых эфектаў. Выключэнне складаюць толькі любыя піратэхнічныя сродкі і крыніцы адкрытага агню (свечкі, запальніцы і інш.) — яны строга не дапускаюцца. Падводзячы вынікі, журы ўлічвае такія крытэрыі, як кампазіцыйная пабудова праграмы, паўната раскрыцця абранай тэмы, разнастайнасць інфармацыйнага і музычнага матэрыялу, эстэтыка падачы матэрыялу і наяўнасць гульнявых момантаў, выступленні танцавальных калектываў, індывідуальных выканаўцаў, музыкантаў, адпаведнасць зместу праграмы ўзроставым асаблівасцям навучэнцаў, стыль вядзення праграмы (імідж вядучага, карэктнасць тэкстаў, уменне вядучага і дыджэя працаваць у пары, імправізацыя пры правядзенні конкурсаў), касцюміраванне і наяўнасць рэквізіту. Пераможцы і прызёры вызначаюцца ў трох асноўных намінацыях: “Лепшая танцавальна-забаўляльная праграма”, “Лепшы вядучы танцавальна-забаўляльнай праграмы”, “Лепшы дыджэй танцавальна-забаўляльнай праграмы”. Калі гаварыць пра сёлетні конкурс, то яго самым яркім сузор’ем можна назваць каманду “МЫ” з гімназіі імя І.М.Ерашова Лепеля. І журы, і ўдзельнікі былі ў захапленні ад артыстычнага, дынамічнага, практычна бездакорнага выступлення! Як вынік — лепяльчане вярнуліся дадому з дыпломамі адразу ў дзвюх намінацыях — за танцавальна-забаўляльную праграму (І ступені) і выступленне дыджэя (дыплом ІІ ступені ў Канстанціна Мацюша).
Пераможцамі фестывалю сталі таксама каманды Air star сярэдняй школы № 44 Віцебска (лепшым вядучым прызнаны навучэнец гэтай установы адукацыі Яўген Назаранка) і “Клуб “Дыска” гімназіі № 8 Віцебска (лепшы ў вобласці малады дыджэй па версіі журы — яе навучэнец Арцём Макаранка).

Таццяна БОНДАРАВА.
Фота прадастаўлена Віцебскім абласным палацам дзяцей і моладзі.

Цукровыя ночы, салодкія дні…

Майстэрства прыгатавання ласункаў цанілася ва ўсе часы, а сакрэты іх вытанчанага смаку некалі захоўваліся ў строгай тайне. Самі ж кандытары былі на вагу золата. Сёння кандытарскую адукацыю можа атрымаць любы жадаючы, але ўсё ж стаць майстрам сваёй справы ўдаецца не многім. Сярод іх, несумненна, і мая гераіня — магіляўчанка Таццяна Каржова, спецыяліст Міжнароднай школы цукровага мастацтва. Па яе тарты і салодкія кветкі прыязджаюць ласуны нават з-за мяжы. А тым, хто марыць “вырошчваць” такія кветкі ў сябе на кухні, яна дае майстар-класы. Не ўстаялі і мы перад ашаламляльным водарам шакаладу, фруктаў і ванілі і прачынілі кухонныя дзверы Таццяны.

Крылы раскрываюцца на кухні

Гадоў 10—20 назад, чуючы слова “торт”, мы ўяўлялі “Мінскі” ці “Казку”, шчодра аздоблены крэмам. Потым усе гэтыя лісточкі-грыбочкі змяніла яркая цукровая масціка, якой зацягвалі тарты, а зверху пачалі прымацоўваць дэкор — быццам злепленыя дзецьмі з пластыліну элементы з той жа масцікі. Такія тарты хоць і былі часам прыгожымі, але апетытнымі іх цяжка было назваць і зусім не хацелася паспрабаваць. Тарты ж Таццяны таксама не хочацца есці, але выключна таму, што кожны з іх — гэта твор мастацтва, знішчыць які — штосьці накшталт варварства. Дзіцячыя каруселі, цырк, цацкі, мультыплікацыйныя героі і казачныя сюжэты — усё гэта і шмат чаго яшчэ да дробязей паўтарае, быццам па чарадзействе, майстар.
Па просьбе заказчыкаў Таццяна пераносіла на торт дакладныя копіі архітэктурных славутасцей, будынкаў. Юбіляры атрымлівалі на святы сваіх паменшаных двайнікоў, супрацоўнікі кампаній — салодкую копію іх прадукцыі. Напрыклад, для аднаго з магілёўскіх заводаў Таццяна зрабіла яго 15-кілаграмовую копію з газонамі, паркамі, паркоўкамі і машынамі супрацоўнікаў з іх нумарамі. Але асабліва вытанчанымі ў кандытара атрымліваюцца вясельныя тарты, на якіх яна і спецыялізуецца. Яе тарты былі галоўным святочным упрыгажэннем ужо больш як на тысячы вяселляў. Дарэчы, два гады назад майстар стала пераможцай конкурсу “Інавацыі ў дызайне вясельных тартоў”, які праходзіў у Мінску ў межах Міжнароднай спецыялізаванай выставы-форуму HoReCa&RetailTech. І гэта пры тым, што тарты сталі толькі фонам для яе галоўных твораў — цукровых кветак. Лілеі і півоні, браткі і рамонкі, гіяцынты і архідэі, лотасы і фрэзія — канкурэнцыю такому буянству кветак можа скласці хіба толькі батанічны сад. Толькі вось кветкі маёй гераіні не толькі прыгожыя, але і вельмі смачныя.
Назіраючы, як стварае Таццяна свой чарговы салодкі шэдэўр, як распускаюцца на ім па-ранішняму свежыя ружы з жамчужнымі кропелькамі расы, ніколі не скажаш, што яна мае такую зусім не творчую прафесію: бухгалтарскі аналіз, улік і аўдыт ну ніяк не сумяшчаецца з гэтай жанчынай!
А справа ў тым, што Таццяна вельмі добра вучылася і, заканчваючы школу, прыняла ўдзел ва ўступных алімпіядах, якія напярэдадні ўвядзення ЦТ праводзілі УВА. Улічваючы, што яна набрала найвышэйшы бал адразу па трох прадметах — матэматыцы, фізіцы і хіміі, адразу 4 вышэйшыя навучальныя ўстановы прадаставілі ёй немалы спіс спецыяльнасцей, на якія яе гатовы былі залічыць без экзаменаў. І Таццяна выбрала тую, на якую быў самы высокі конкурс.
Сваю памылку яна ўсвядоміла амаль адразу. Не, вучыцца ёй было вельмі лёгка, але таму і нецікава. Усе студэнцкія гады яна актыўна займалася творчасцю: выступала на сцэне з самадзейнымі нумарамі, пісала вершы, песні і музыку (гэты талент праявіўся ў яе яшчэ ў 7 гадоў), іграла на гітары, прымала ўдзел ледзь не ва ўсіх конкурсах, былі поспехі і ў спартыўных спаборніцтвах. Пасля вучобы працавала галоўным бухгалтарам і вяла справы адразу 6 фірм, але ўсё ж нечага, самага важнага, ёй не хапала. Адчувала гэта Таццяна і калі выйшла замуж, яшчэ больш востра — калі нарадзіла трох дачушак-пагодак. А чаго прагла яе душа, яна зразумела гады 4 назад, калі выпадкова ўбачыла кветку з цукровай пасты, якую немагчыма было адрозніць ад жывой.
“На той момант у мяне былі зусім малыя дзеці, муж шмат працаваў, у доглядзе дзяцей я магла разлічваць толькі на сябе, — успамінае мая суразмоўніца. — Мы жылі на апошнім летам заўсёды спякотным паверсе, у доме не было ліфта. І выходзілі на прагулку мы так: адна дачка на руках, другую нясу разам з каляскай, трэцяя ідзе сама, трымаючыся за парэнчы. Спа ць удавалася ўсяго па дзве гадзіны ў суткі. Ад стомленасці пачыналіся галюцынацыі: заўсёды здавалася, што плача дзіця. А калі я рабіла сваю першую кветку, усю гэтую стомленасць, напружанасць як рукой зняло. Гэта дало выхад маім эмоцыям, энергіі, прынесла адчуванне свабоды, магчымасць жыць, дыхаць, лятаць”.

Талент скульптара ў спадчыну

Для Таццяны цукровая фларыстыка стала новым, нязведаным відам творчасці. Маляваць яна ўмела і любіла з маленства, а такія скульптурныя задаткі, відаць, перадаліся ёй на генным узроўні. Усе яе сваякі па бацькавай лініі — прафесійныя мастакі, дызайнеры, музыканты. Асабліва шмат у сям’і скульптараў. Напрыклад, Аляксандр, Уладзімір, Багдан Ганчарукі, як і іх бацька — скульптары, выкладаюць у Львоўскай нацыянальнай акадэміі мастацтваў скульптуру. Тым не менш гены генамі, а трэба ж было і навучыцца гэтай справе.
“Я правяла на кухні безліч бяссоных начэй, — успамінае Таццяна. — Пад раніцу тут вырасталі горы бруднага, а часам і разбітага посуду, сапсаваных прадуктаў. Усяму прыходзілася вучыцца на сваім вопыце. Праблема ў тым, што навучыцца не было ў каго. Не было ў нас ні майстроў, ні кніг адпаведных, нават інтэрнэт не дапамагаў. Не было і курсаў, якімі стракаціць сёння інтэрнэт і якія дазваляюць за некалькі дзён пераняць шматгадовы вопыт майстра. Таму я праз сваю аднакласніцу выйшла на майстра ў Англіі, і тая дасылала мне свае відэаўрокі на англійскай мове. Ужо пазней я стала наведваць шматлікія майстар-класы і профільныя выставы ва Украіне і Расіі. Асвойвала стварэнне цукровых кветак у вядомага расійскага кандытара Таццяны Хегай. А потым удалося прайсці навучанне ў Англіі ў сусветна вядомага майстра Алана Дана, які стаіць ля вытокаў цукровай фларыстыкі. Самую складаную — англійскую — тэхніку я асвойвала ў Міжнароднай школе цукровага мастацтва Squires Kitchen International School.
Кветкі ў англійскай тэхніцы робяцца з кветкавай, ці цукровай шаўковай, пасты. Звычайная цукровая масціка для іх не падыдзе: яна вельмі грубая. Кожны пялёстак раскатваецца амаль да празрыстасці, асобна робяцца песцік, тычынкі. Кожны элемент сохне паасобку некалькі дзён, а потым яны прымацоўваюцца да бутона спецыяльным кандытарскім клеем. Спецыяльнымі інструментамі дасягаецца эфект раскрыцця кветкі. Потым выраб трэба пафарбаваць кветкавым пылком так, каб зайгралі розныя адценні. Часта ў адным пялёстку спалучаецца да 6 адценняў. Пасля гэтага робім апошні штрых — адпарваем, каб зд зьмуць лішні пылок і ажывіць кветкі. Такімі кветкамі можна ўпрыгожваць торт ці ствараць букеты”.
Цяпер кветкавыя кампазіцыі сталі галоўным упрыгажэннем тартоў, за якімі людзі становяцца ў чэргі (два гады як Таццяна адкрыла ўласную кандытарскую майстэрню). Шмат жадаючых падарыць сваім любімым і родным духмяныя букеты. Дарэчы, ні адзін торт, ні адна кветка ў Таццяны не паўтараюцца. Усе яна робіць выключна з улікам пажаданняў заказчыка, яго настрою, колеравых пераваг і тых пачуццяў, якія ён хоча выказаць блізкім сваім падарункам. І абавязкова дабаўляе да ўсяго гэтага часцінку сваіх пачуццяў, адчуванняў, свайго захаплення жыццём. “Кожны мой торт — гэта карціна, песня, мелодыя, напісаная маёй душой”, — гаворыць Таццяна. — І таму я не разглядаю сур’ёзна прапанову сваіх знаёмых і заказчыкаў праводзіць выставы сваіх кветак і тартоў. Для мяне галоўнае — індывідуальнасць, а яна страціцца на выставе. Кожны свой торт я раблю для канкрэтнага чалавека, і самае прыемнае — бачыць шчаслівыя вочы заказчыка. Большага мне не трэба. Гэтыя эмоцыі застаюцца і ў мяне, і ў тых, для каго гэты торт ці кветкі прыгатаваны”.
Шмат жадаючых не проста заказаць у Таццяны такія цудоўныя букеты, але і навучыцца іх ствараць. Як сцвярджае мая гераіня, дастаткова толькі захацець. У гэтым перакананы многія нашы суайчынніцы, якія пабывалі на яе майстар-класах. Ацанілі павышэнне кваліфікацыі і іх выкладчыкі (многія вучні Таццяны атрымліваюць прафесію кандытара ў навучальных установах рэспублікі), і журы шматлікіх конкурсаў. Праўда, прызёрамі і нават пераможцамі рэспубліканскіх і міжнародных конкурсаў кандытараў станавіліся і навічкі, якія свае першыя кулінарныя шэдэўры зрабілі за месяц да перамогі на майстар-класах Таццяны. Першыя крокі на кулінарны алімп робяць і маленькія памочніцы маёй гераіні — дочкі Марыя, Вольга і Настасся. Сямейныя кветкавыя кампазіцыі часта становяцца вынікам сумесных выхадных. Ці будзе працягвацца кветкавая дынастыя, Таццяна не загадвае.
“Галоўнае, чаму я вучу сваіх дзяцей, — мэтанакіраванасці, — дзеліцца мая суразмоўніца. — Асабліва гэта ім спатрэбіцца, калі яны таксама выберуць творчую прафесію, бо таленавітых людзей вельмі шмат: адны добра спяваюць, другія — малююць, танцуюць, і ўсе спадзяюцца, што некалі яны, як і іх куміры, дасягнуць сапраўдных вышынь. Але поспех не бывае выпадковым, і трэба навучыцца ісці да мэты праз усе перашкоды, праз усе “цяжка” і “не магу”. А яшчэ я вучу іх не баяцца памылак, бо ў нас заўсёды ёсць права іх выправіць. У юнацтве чалавек выбірае сваю прафесію, не разумеючы, што яму трэба. І калі вы некалі зразумееце, што памыліліся, памятайце, што ніколі не позна змяніць прафесію. Як казаў Канфуцый, “выберыце сабе работу па душы — і ніводнага дня не будзеце працаваць”. Толькі ў гэтым выпадку ў вас будуць гарэць вочы, вы не будзеце спаць начамі, бо не ў сілах будзеце дачакацца, калі зноў возьмецеся за любімую справу. Асабліва прыемна, калі ваша праца прыносіць асалоду не толькі вам, але і іншым. У маёй справе гэта самае важнае і бясцэннае, гэта тое, дзеля чаго варта жыць”.

Святлана НІКІФАРАВА.

Пазітыўны імідж — вынік карпатлівай працы

Канкурэнцыя паміж установамі адукацыі існавала і існуе, і яна будзе павялічвацца, калі колькасць навучэнцаў будзе скарачацца. Бацькі выстройваюцца ў чаргу, каб аддаць сваё дзіця ў школу з добрай рэпутацыяй, педагогі больш ахвотна ідуць працаваць у такую ўстанову, моцны пазітыўны імідж аблягчае доступ да лепшых фінансавых і інфармацыйных рэсурсаў. Як жа стварыць такі імідж установы адукацыі? Аб гэтым на абласным майстар-класе “Фарміраванне пазітыўнага іміджу ўстановы адукацыі” даведаліся педагогі, якія ўваходзяць у рэзерв кіруючых кадраў.

Майстар-клас адбыўся ў Дзераўнянскай сярэдняй школе Стаўбцоўскага раёна. У тым, што ў гэтай школы з іміджам усё ў парадку, можна не сумнявацца. Для аграгарадка Дзераўное гэта больш, чым проста школа, гэта інтэлектуальны і культурны цэнтр. У раёне гэтая школа служыць прыкладам для ўсіх устаноў адукацыі, усё новае і перадавое з’яўляецца тут раней, чым у іншых. На працягу трох гадоў Дзераўнянская школа прызнавалася лепшай установай адукацыі ў арганізацыі вучэбнага працэсу сярод сельскіх устаноў адукацыі Мінскай вобласці. На базе школы праводзяцца семінары раённага, абласнога і рэспубліканскага ўзроўню. Словам, невялічкую сельскую школу, якая знаходзіцца не блізка ад сталіцы і нават ад райцэнтра, ведаюць і ў раёне, і ў вобласці, і ў рэспубліцы. Як ствараўся гэты імідж, расказалі і паказалі педагагічныя работнікі школы.
На парозе школы гасцей сустракалі “гаспадары” — навучэнцы і педагогі, апранутыя ў нацыянальныя касцюмы, з караваем у руках. Як вялікая сям’я, яны віталі гасцей у сваім “доме” вершамі і песнямі на беларускай мове. Па сутнасці, Дзераўнянская школа і з’яўляецца вялікай беларускай сям’ёй, члены якой паважліва і з любоўю ставяцца адно да аднаго, а дзверы ўтульнага дома, дзе яны жывуць, заўсёды адкрыты для добрых людзей.
Як тэатр пачынаецца з вешалкі, так і школа пачынаецца з добраўпарадкаванай тэрыторыі і моцнай матэрыяльна-тэхнічнай базы. Дзераўнянская школа патанае ў зеляніне і квецені. Усюды прыгажосць і парадак. Абсталявана і аздоблена зона адпачынку і гульнявая пляцоўка. На тэрыторыі пасаджана алея Памяці настаўнікам школы, якія ўжо пайшлі з жыцця. Дырэктар школы Марыя Мар’янаўна Шумчык многа ўвагі ўдзяляе стварэнню ўтульнасці і прыгажосці. І дзеці таксама “ўвабралі” гэтую любоў і імкненне да таго, каб асяроддзе, у якім яны штодзень знаходзяцца, было ўтульным. Так, напрыклад, адзін з вучняў прапанаваў на лужку, дзе часта праводзяцца лінейкі, стварыць клумбу ў выглядзе званочка. Цяпер квяцісты званочак радуе вока. Такая ж дагледжанасць і парадак і ў самой школе. З мінулага года тут пачалі рамонт кабінетаў гасспосабам, і з кожным днём школа становіцца яшчэ прыгажэйшай. Камп’ютары, інтэрактыўныя дошкі, мультымедыйныя ўстаноўкі — у тутэйшых школьнікаў ёсць усё неабходнае для паспяховага навучання.
На імідж установы адукацыі ўплывае імідж педагагічнага калектыву: кваліфікацыя, асабістыя якасці, педагагічная, сацыяльная і кіраўнічая кампетэнтнасць супрацоўнікаў. Настаўнікі Дзераўнянскай школы — людзі, якіх паважаюць бацькі, калегі, кіраўніцтва і дзеці. Педагогі тут лічаць, што высокі прафесіяналізм і любоў да дзяцей — гарант трывалых ведаў. Зыходзячы з гэтага і працуюць. Сваё майстэрства яны паказалі ў рабоце і запрасілі да сябе на заняткі гасцей мерапрыемства. “Школа — другі дом, у якім утульна і камфортна ўсім” — майстар-клас па такой тэме правялі Наталля Чаславаўна Вільнявец, педагог-псіхолаг, і Алена Алегаўна Канановіч, настаўніца пачатковых класаў, удзельніца конкурсу прафмайстэрства “Настаўнік года Мінскай вобласці”, член абласнога клуба педагагічных работнікаў “Флагман”. Сакрэтамі майстэрства падзялілася і Ганна Іванаўна Дзямянка, настаўніца беларускай мовы. Ужо не адзін год Ганна Іванаўна паспяхова рыхтуе дзяцей да прадметнай алімпіяды і яны прывозяць дыпломы з розных яе этапаў. Таксама ўдзельнікі мерапрыемства пазнаёміліся з вопытам работы настаўніц Святланы Міхайлаўны Юнцэвіч, Ірыны Іванаўны Бець, Ларысы Віктараўны Рослік. Аб узроўні работы настаўнікаў школы сведчыць той факт, што вучні гэтай сельскай школы не карыстаюцца паслугами рэпетытараў і без праблем паступаюць у прэстыжныя УВА, а потым упэўнена адчуваюць сябе ў студэнцкай аўдыторыі, бо маюць трывалыя веды. Яшчэ амаль палова педагогаў — былыя вучні школы. Гэты факт таксама гаворыць пра многае.
Вучні, іх поспехі і дасягненні таксама ўплываюць на імідж школы. Алімпіяды, паступленні, удзел у конкурсах — усё гэта на высокім узроўні. Але галоўнае разумееш, гледзячы на мясцовых школьнікаў. Усе яны выхаваныя, старанныя і неабыякавыя. Школа пастаянна атрымлівае ад УВА, дзе вучацца яе выпускнікі, падзячныя лісты за выхаваных і разумных дзяцей. Ніводзін вучань школы не стаіць на ўліку ў міліцыі. Кожнаму наведвальніку адразу бачны паважлівыя і добразычлівыя адносіны дзяцей да педагогаў і адно да аднаго. Падрабязней пра школьнае жыццё расказала вучаніца Таццяна Касцючэнка. Яна пазнаёміла гасцей са сваім партфоліа і расказала аб школьных буднях з пункту гледжання навучэнцаў. Таксама ўдзельнікі майстар-класа даведаліся аб сумеснай праектна-даследчай дзейнасці педагогаў і навучэнцаў. Да праекта “Энергазберажэнне. ХХІ стагоддзе” далучыліся ўсе: фізікі расказалі аб выкарыстанні энергіі, гісторыкі зрабілі экскурс у гісторыю развіцця энергіі, лірыкі забяспечылі эмацыянальны бок праекта, краязнаўцы сабралі матэрыял аб выкарыстанні энергіі ў штодзённым жыцці. У рамках праекта навучэнцы стварылі каля двух дзясяткаў даследчых работ.
Асоба кіраўніка таксама адзін са складнікаў іміджу школы. Марыя Мар’янаўна Шумчык кіруе ўстановай на працягу 12 гадоў. І час яе дырэктарства — гэта час бесперапыннага змянення да лепшага. Яе называюць пчолкай, якая штохвілінна дбае аб сваім вуллі і яго жыхарах. Пры гэтым яна ўмее не толькі працаваць сама, але і натхняць іншых на старанную работу. А каб вобраз дырэктара быў поўны, дадайце да працавітасці і гаспадарлівасці прыгажосць, шчырасць і ветлівасць — тады будзе зразумела, хто кіруе Дзераўнянскай школай. Марыя Мар’янаўна адзначае, што ніколі ў школе спецыяльна і мэтанакіравана не працавалі над іміджам, і тым больш ніякіх спецыялістаў-іміджмейкераў тут няма. Увесь сакрэт стварэння іміджу навучальнай установы — у высокім прафесіяналізме работнікаў і іх жаданні аддавацца поўнасцю сваёй справе. Няма невырашальных праблем, калі ёсць жаданне, гарэнне дзейнічаць. І ў словах вопытнага кіраўніка ёсць ісціна.

Дар’я РЭВА.
Фота аўтара.