Літаратура ў паслоўным перакладзе,

або Як сучаснаму падлетку зразумець мову класічных пісьменнікаў

Малады настаўнік рускай мовы і літаратуры прыходзіць працаваць у старшыя класы. Ён поўны натхнення, энтузіязму, трымае томік Пушкіна ці Грыбаедава ў руцэ. А ў дзяцей у галаве “УКантакце”, “Інстаграм”, першае каханне ў сэрцах і думках… Маладая настаўніца рускай мовы і літаратуры сярэдняй школы № 165 Мінска Вікторыя Аляксандраўна СІНЮК расказвае, як шукае падыход да сваіх вучняў і што робіць, каб “разумнае, добрае, вечнае” было патрэбна маладому пакаленню, дзеліцца праблемамі, з якімі сутыкнулася падчас выкладання літаратуры ў старшых класах, і пераконвае, што адна і тая ж адзнака можа “гучаць” абсалютна па-рознаму.

Колькі крокаў ад тэорыі да практыкі?

“Калі прыходзіш у якасці маладога спецыяліста ў сваю першую адукацыйную ўстанову, пачынаеш адчуваць недахоп менавіта педагагічнай падрыхтоўкі. Так было і ў мяне: БДУ скончыла з чырвоным дыпломам, заўсёды імкнулася павышаць сваю гнасеалагічную кампетэнцыю. Тэарэтычныя веды па прадмеце атрымала цудоўныя, але па большай частцы тэорыя была адарвана ад рэальнага жыцця. Гэта становіцца вельмі адчувальна, калі пачынаеш працаваць. Адразу адзначу, што асабліва не хапае ведаў па педагагічнай псіхалогіі. На лекцыях нам расказвалі аб праграмах, канцэпцыях, адукацыйных стандартах, а пра тое, як прыйсці ў клас з 25-цю дванаццацігадовымі дзецьмі і навесці там парадак, ніхто не сказаў. Асабіста мне не хапіла яшчэ і разнастайнасці практыкі. Падчас вучобы праходзіла практыку ў юрыдычным каледжы БДУ. Навучэнцы гэтай установы ўжо прайшлі пэўны адбор, яны матываваныя, прасунутыя ў гуманітарнай сферы, таму з імі лягчэй працаваць, не адцягваючы ўвагу на выхаваўчыя моманты. У школе ж дзіця спачатку трэба зматываваць, а потым пачынаць выкладанне прадмета.

На працягу года Вікторыя Аляксандраўна працавала ў гімназіі № 9, пасля зрабіла перапынак у педагагічнай дзейнасці на 2 гады — скончыла аспірантуру БДУ, а працягнула працоўную дзейнасць у сярэдняй школе № 165 Мінска. “Розніца ў адчуванні сябе як настаўніка адразу пасля ўніверсітэта і пасля аспірантуры, канечне, вялізная. Ты пакаштаваў ужо гэтага хлеба і не ідзеш на работу, поўны рамантычных ідэй, што зараз усё пойдзе як па масле, не панікуеш, калі твой падрабязны план-канспект ужо на першых хвілінах урока аказваецца зусім нежыццяздольным”.

Адзнака як стымул

“Я лічу, што тая ж “дзясятка”, “дзявятка” ці “двойка” ў розных сітуацыях можа “гучаць” абсалютна па-рознаму. Напрыклад, дзіця, якому было цяжка, у якога нешта не атрымлівалася, зрабіла пэўны рывок, але мне не шкада будзе паставіць яму “дзясятку”, нават калі гэта не тая “дзясятка”, якую атрымлівае выдатнік Пеця Іваноў. У гэтым плане я не абсалютызую дзесяцібальную шкалу ацэнкі. Я настаўніца вельмі шчодрая на адзнакі і адчуваю вялікае задавальненне, калі стаўлю добрыя адзнакі. Я ведаю, што гэта стымулюе дзіця часам значна больш, чым нездавальняючая ацэнка яго ведаў. Зразумела, калі ў чалавека 5 памылак у дыктоўцы, я стаўлю адзнаку ў адпаведнасці з нормамі Міністэрства адукацыі. Але калі гэта літаратура і ў мяне ёсць свабода выбару адзнакі, я ацэньваю так, як таго патрабуе сітуацыя. Нават калі само дзіця адчувае, што яно не дацягнула, і ты гэта ведаеш — паставіш “10”, і ў дзіцяці крылы вырастаюць”.

Вікторыя Аляксандраўна пераканана: да такога разнастайнага свету дзяцей прыкладаць нормы і спрабаваць уціснуць у іх ацэньванне немагчыма. Адно дзіця ад “чацвёркі” і “пяцёркі” засмуціцца і наступны раз будзе баяцца нават падняць руку, а другога, наадварот, такія адзнакі падштурхнуць да дзеяння. У нашай рабоце, як банальна гэта ні гучала б, трэба быць чалавечным педагогам і добрым псіхолагам. Настаўніца прыгадвае выпадак, які здарыўся на пачатку яе педагагічнай дзейнасці.

“Толькі прыйшла працаваць у школу, а ў хлопчыка з майго класа па рускай мове стаяла “чацвёрка”. Выклікала яго ўпершыню і ўбачыла неверагоднае для непаспяховага вучня: мова пастаўлена фантастычна добра, і разважае хлопец так цікава, што заслухаешся. А пісьменнасць сапраўды на “чацвёрку”. Але ж мы не толькі за памылкі адзнакі ставім, а і за ўменне гаварыць, выказваць свае думкі. Што рабіць? Паразважала і вырашыла даць яму магчымасць зразумець, што “чацвёрка” — часовая няўдача. А пасля кожны ўрок бачыла ўзнятую ўгару руку. Хаця на першых уроках сядзеў і баяўся не тое што руку падняць, а наогул на вочы трапіць. Вось вам і матывацыя: адзін раз паказаць, што вучань можа значна больш, павысіць яго планку, а пасля назіраць паступовы поспех”.

Розны ўзрост — розны падыход

Вікторыя Аляксандраўна выкладае мову і літаратуру і ў шостых, і ў дзявятых класах. Яна заўважае, што, хоць паміж гэтымі класамі няма вялікай узроставай адлегласці, розніца ўсё ж адчувальная.

“Шасцікласнікі лёгка ідуць на кантакт. Як толькі адчуваюць тваю да іх прыхільнасць, адсутнасць “казарменнай” дысцыпліны — яны адкрываюцца. Іншая справа — у іх пачынаецца пераходны ўзрост. Зразумела, што ў гэты час у чалавеку адбываюцца такія працэсы, з якімі яму і самому цяжка даць рады. Тым больш цяжка гэта зрабіць бацькам і настаўнікам. Але, нягледзячы на гэта, шасцікласнікаў лягчэй зацікавіць, павесці за сабой. З дзевяцікласнікамі цяжэй. Яны ўжо больш-менш сфарміраваныя людзі, і кола цікавасцей у іх устаялася. Не заўсёды яно вельмі шырокае, таму прыўнесці туды штосьці новае праблематычна. Усе мы ведаем: чым старэйшы чалавек, тым цяжэй да яго знайсці падыход”.

В.А.Сінюк выкарыстоўвае розныя метады, каб прыцягнуць увагу на ўроку. Нешта спрацоўвае ў сярэдніх класах, нейкія метады актуальныя ў старшакласнікаў.

“Старшакласнікі адразу пераключаюць на цябе ўвагу, калі сутыкаюцца з нетыповым прывітаннем або калі я пачынаю размову пра рэчы, якія не тычацца ўрока (выпадкі з жыцця, навіны дня). Шасцікласнікам асабліва цяжка ў плане падтрымання дысцыпліны на ўроку: у іх шмат энергіі, якую ім цяжка суняць, а тут яшчэ вучыцца прымушаюць. Калі прыходзіш і бачыш, што ў класе эмацыянальны непарадак, — уключаеш “начальніка”, каб на цябе адрэагавалі. Скажу шчыра: у працэсе ўрока мне не шкада крыху адысці ад тэмы, калі яна сухаватая, складаная і не знаходзіць паразумення сярод вучнёўскай аўдыторыі. Часта пераключаюся на наглядныя крыніцы інфармацыі: паказваю карціны, рэпрадукцыі — так і дзеці крыху адпачываюць, і мне лягчэй весці ўрок”.

Чытацкая культура пачынаецца з сям’і

“Амерыку не адкрыю, калі скажу: калі чалавек шмат чытае, то і пісьменным ён будзе. Хаця ёсць сярод маіх вучняў і выключэнні з правіл: дзіця чытае шмат, нават само нешта піша, вуснае маўленне пастаўлена бліскуча, а вось пісьменнасць кульгае. Я заўсёды прашу, каб яны, чытаючы, назіралі за словам, думалі, пра што чытаюць, заклікаю да таго, каб чыталі шмат разнастайнай літаратуры. Тады чалавеку прасцей без зазубрывання правіл быць дастаткова пісьменным. А арфаграфічную работу: дыктоўкі, замацаванне арфаграм — вядзём пастаянна”.

Ва ўсе часы былі дзеці, якія любілі чытаць, і тыя, якія зусім не чытаюць. Настаўнік павінен лічыцца з гэтым. Але насуперак меркаванню, што сучаснага падлетка з кніжкай амаль не сустрэнеш, шасцікласнікі Вікторыі Аляксандраўны вельмі любяць чытаць.

“Бацькам на заметку: дзеці, хаця б крыху аддаленыя ад сучасных тэхналогій, у якіх няма пастаяннай магчымасці пагружацца ў віртуальную рэальнасць, прагныя да чытання. Сярод маіх вучняў-шасцікласнікаў ёсць хлопчык, які жыве за горадам і дома зусім не мае інтэрнэту. Дзіця паглынае кнігі! Класіка дзіцячай і падлеткавай літаратуры, фантастыка, на пачатку навучальнага года прачытаў падручнік па літаратуры за шосты клас — ад кніг хлопчыка не адарваць. Дарэчы, і на ўроках рускай мовы ён паказвае высокую пісьменнасць. Цікавасць да кніжнай культуры і ведаў у яго наогул вялікая — шмат у чым па прычыне яго адарванасці ад віртуальнага асяроддзя. Чалавек, які не мае пастаяннага кантакту з камп’ютарным светам, павінен узбагачаць свой унутраны свет з дапамогай іншых крыніц інфармацыі — кніг.

Цяга да чытання залежыць ад таго, ці закладзена чытацкая культура ў сям’і. Прыходзяць да мяне шасцікласнікі і гавораць: “У мяне шмат чытае бацька, таму я таксама люблю чытаць. Ён параiў прачытаць “Забіць перасмешніка” Харпер Лі. І я разумею: вось яны, традыцыі сямейнага чытання. Калі дзіця рэгулярна бачыць бацькоў з кнігамі, над ім не трэба стаяць і дзяўбці: “Чытай, чытай!” Дзіця капіруе ў першую чаргу мадэль паводзін, а не словы.

Яшчэ адзін момант, які на маіх уроках спрацоўвае на ўра тады, калі навучэнцы не хочуць чытаць, — выкарыстанне нейкага кранальнага пазапраграмнага кніжнага сюжэта. Напрыклад, у гэтым годзе я самавольна ўключыла ў літаратурную праграму шасцікласнікаў апавяданне А.П.Чэхава “Ванька”. Чыталі не ўсе, але тыя, хто не прачытаў, а толькі слухаў нашу з класам размову пра гаротнага Ваньку, зацікавіліся і на наступны ўрок прыйшлі з кнігамі. Для мяне як для настаўніцы літаратуры вялікая радасць бачыць вучня з кнігай, нават калі яна не адносіцца да школьнай праграмы. Ніколі не трэцірую дзяцей, калі яны час ад часу чытаюць не праграмнае, а нешта сваё”.

Настаўніца з радасцю назірае за тым, што яе вучні, калі і чытаюць, то якасную літаратуру, а не творы-аднадзёнкі. Ад шасцікласнікаў апошнім часам яна чула пра “Запіскі Шэрлака Холмса” Артура Конан-Дойля, раманы Жуля Верна, фантастыку Рэя Брэдберы. А вось цікавасць да Гары Потэра і “Уладара пярсцёнкаў” яе выхаванцы перараслі яшчэ ў пятым класе. У дзевяцікласнікаў — пяшчотны ўзрост, вясна на душы, таму і схільнасці іншыя. Часцей за ўсё на дзявочых партах з’яўляецца Франсуаза Саган.

Класіка на пальцах

“Многія моманты, на якіх я засяродзілася, адносяцца да маёй работы з вучнямі сярэдняга школьнага ўзросту — пятымі, шостымі класамі. Адзінаццаці- і дванаццацігадовыя дзеці яшчэ ўспрымальныя да ўсяго новага, давяраюць даросламу, не маюць такой яршыстасці, якая ёсць у 14—15-гадовых падлеткаў, ставяцца да літаратуры больш сур’ёзна. А вось да дзевяцікласнікаў патрэбен зусім іншы падыход. У іх ужо выпрацавана свая сістэма каштоўнасцей, але, як гэта ні крыўдна, у асноўным яны заключаны ў тэлефонах і планшэтах. У гэтых падлеткаў няма інфармацыйнага голаду, наадварот, ёсць перанасычэнне. Зноў-такі, ёсць сярод іх аматары чытання і ёсць тыя, хто лічыць, што ім усё гэта наогул не трэба, ну, хіба толькі для атэстата, каб не было з ім лішніх праблем. Бывае, што дзеці ходзяць на ўрок выключна за гэтым і нават не ўтойваюць такі факт ад настаўніка. Тут я працую ў першую чаргу над тым, каб падлеткі арыентаваліся ў школьнай праграме. Аднак апошнім часам узнікае зусім нечаканы момант: калі праходзім па праграме “Гора ад розуму” А.С.Грыбаедава, мне замест таго, каб пагружацца ў глыбокі аналіз твора, даводзіцца літаральна перакладаць твор з рускай мовы на рускую. Сучасныя пятнаццацігадовыя падлеткі вучаць на памяць знакаміты маналог Чацкага, не разумеючы слоў. Гэта глабальная праблема! Тое ж самае адбываецца і з “Недаросткам” Д.І.Фанвізіна і нават з “Яўгенам Анегіным” А.С.Пушкіна. Калі пачыналі чытаць А.С.Пушкіна, дайшло да абсурду: я практычна цэлы ўрок ледзь не на пальцах тлумачыла першую страфу з “Яўгена Анегіна”. Слоўнікавы запас сучасных дзевяцікласнікаў катастрафічна малы, інтэлектуальная планка таксама зніжаецца. Баюся, каб, калі мы дойдзем да класікі ХХ стагоддзя, мне не прыйшлося перакладаць паслоўна Талстога і Ясеніна. Дзеці паспяваюць вельмі павярхоўна схапіць толькі агульную канву класічнага твора і сфарміраваць агульныя думкі. Гэта жахлівая тэндэнцыя. І праблема не толькі маіх класаў. З ёй зараз сутыкаюцца ўсе настаўнікі-славеснікі. Як яе вырашаць? На маю думку, знаёмства з рускай класікай лепш пачынаць як мага раней — у восем-дзесяць гадоў. Тады не павінна ўзнікнуць неразумення мовы класічных пісьменнікаў. Прызнаюся шчыра, я ў замяшанні, таму свой шосты клас нагружаю класічнымі творамі ўжо зараз і бачу, што калі дзеці штосьці і не разумеюць, то хаця б здагадваюцца пра значэнне многіх слоў, і ў рэшце сэнс твора ім становіцца зразумелым. Гэта крыху абнадзейвае. Ёсць спадзяванне, што з гэтымі дзецьмі мы выйдзем на крыху іншы ўзровень”.

Алёна КРЫВЯНКОВА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.

Гіперактыўнасць: прыстасавацца ці прыстасаваць?

Настаўнікаў, якія толькі нядаўна ступілі на школьны парог у якасці маладых спецыялістаў, чакае шмат прыктычных выпрабаванняў і праблем, нягледзячы на тую тэарэтычную базу, якую яны атрымалі ў ВНУ. Для таго каб дапамагчы ім не разгубіцца ў вірах педагогікі, створаны школы маладых настаўнікаў, у якіх наваспечаныя педагогі працягваюць сваю адукацыю — вучацца вучыць. Днямі ў сярэдняй школе № 165 Мінска прайшлі чарговыя заняткі гарадской школы маладых настаўнікаў пачатковых класаў.

Кіраўнік гарадской школы маладога настаўніка Ніна Дзмітрыеўна Хацян звярнулася да аўдыторыі з такімі словамі:

“Да нас прыходзяць розныя дзеці — з рознымі здольнасцямі, з рознымі магчымасцямі. І толькі мы, настаўнікі, працуючы з лепшай часткай чалавецтва, адказныя за лёс кожнага дзіцяці. Як даўно ўжо высветлілі вучоныя, некалькі працэнтаў геніяльнасці закладзена ў генах, а астатняе — у нашых руках. У нас свой унікальны інструментарый — дзеці. І вельмі хацелася б, каб вы, маладыя, успрымалі выбраную дзейнасць не проста як прафесію, а як прызванне. А школа маладога настаўніка дапаможа вам стаць больш кампетэнтнымі і падкаванымі педагогамі”.

Тэмы, якія абмяркоўваліся на занятках, набалелыя і больш чым актуальныя для кожнага маладога педагога, які прысутнічаў на семінары. Напрыклад, Ніна Дзмітрыеўна Хацян узняла праблему кантролю, ацэнкі і карэкцыі ведаў навучэнцаў пры безадзнакавым навучанні. Яна засяродзілася на тым, што сфера кантролю ведаў цяжка даецца не толькі маладым настаўнікам, але нават і вопытным. Кіраўнік школы падкрэсліла, што адна з галоўных мэт такога навучання — фарміраванне здаровай самаацэнкі дзіцяці, таму такой моцнай зброяй, як кантрольна-ацэначная дзейнасць, трэба карыстацца акуратна і ўмела, каб дзіця не страціла веру ў сябе. Вопытны педагог падзялілася сваімі шматгадовымі напрацоўкамі ў гэтай галіне, прапанавала аўдыторыі шмат дадатковых электронных матэрыялаў (табліцы, тэсты, відэапрэзентацыі, відэаўрокі і г.д.), а таксама запрасіла іх на адкрыты ўрок па матэматыцы настаўніцы вышэйшай катэгорыі сярэдняй школы № 165 Веры Антонаўны Чэрнік, якая выдатна адлюстравала на практыцы магчымасці і прыёмы безадзнакавага навучання.

Асаблівую ўвагу аўдыторыі выклікала выступленне педагога-псіхолага сярэдняй школы № 53 Мінска Вольгі Пятроўны Мігунько, якая даследавала тэму гіперактыўнасці сярод сучасных школьнікаў малодшых класаў. У кожнага з прысутных на занятках знайшлося 1—2, а ў некаторых нават 4—5 вучняў з рысамі гіперактыўнасці. Яшчэ некалькі гадоў назад у пачатковых класах гіперактыўных дзяцей было па адным-два ў класе, а цяпер у гэтую групу трапляе ўжо каля 20—30% навучэнцаў. Цалкам гэты дыягназ гучыць так: сіндром дэфіцыту ўвагі і гіперактыўнасці — СДУГ. Дзеці з такім сіндромам не толькі вельмі рухавыя, гаваркія і мітуслівыя, у іх ёсць праблемы з канцэнтрацыяй увагі, з засяроджанасцю. Такія дзеці прыцягваюць да сябе ўвагу настаўніка, якому неабходна сачыць не толькі, каб яны сядзелі спакойна, выконвалі заданні, а ў першую чаргу не перашкаджалі аднакласнікам. Гэтыя школьнікі на ўроку пастаянна заняты сваімі справамі, іх цяжка ўтрымаць на месцы, прымусіць выслухаць заданне і, тым больш, выканаць яго. Настаўнікаў яны “не чуюць”, усё губляюць, усё забываюць. Для настаўнікаў гэта, зразумела, “нязручныя” вучні. Выступаючы перад маладымі настаўнікамі, Вольга Пятроўна расказала, як прыстасавацца да работы з такімі дзеткамі, на якіх прыёмах засяродзіць увагу, каб “трымаць” урок, калі ў класе ёсць дзеці з сіндромам гіперактыўнасці:

“Гіперактыўнасць — гэта не сапсаваны характар, не эмацыянальная праблема, а праблема мінімальнай мазгавой дысфункцыі. Яна тычыцца не столькі педагагічнай і псіхалагічнай кампетэнцыі, але ў большай ступені медыцынскай — неўралагічнай. Але праблемы гіперактыўных дзяцей не вырашаюцца раптоўна і адным чалавекам. Патрэб-на комплексная ўвага як бацькоў, так і ўрачоў, педагогаў і псіхолагаў. Прычым медыцынскія, псіхалагічныя і педагагічныя задачы часам так пераплятаюцца, што немагчыма правесці размежавальную рысу паміж імі. Дапамагчы такім дзецям вучыцца — наш з вамі абавязак. Хто ведае, магчыма, у гэтым “маторчыку” зараджаецца будучы геній?”

Псіхолаг падкрэсліла, што гіперактыўным дзецям неабходна забяспечыць “мяккае”, запаволенае ўключэнне ў вучэбны працэс. Таму лепш, калі дзіця пазней пойдзе ў школу, напрыклад, з васьмі гадоў, але ні ў якім разе не ў шэсць. Таксама дзецям са СДУГ непажадана заставацца ў групе прадоўжанага дня, таму што яны ў значна большай ступені, чым іх здаровыя аднагодкі, маюць патрэбу ў адпачынку пасля школьных заняткаў, адноснай адзіноце, адпачынку ад групавых зносін. Доўгае знаходжанне сярод дзяцей, шумныя гульні, спрэчкі — усё гэта прыводзіць такіх дзяцей да пераўзбуджэння, яшчэ больш дэзарганізуючы іх разумовую дзейнасць.

“Дамашняе заданне, якое звычайна надыктоўвае настаўнік у канцы ўрока, дзеці са СДУГ ці не запісваюць наогул, ці запісваюць няправільна. Настаўніку не варта рабіць з гэтага праблему. Лепш за ўсё заданне пісаць на дошцы, у іншым выпадку дазвольце бацькам тэлефанаваць вам з пытаннем, што было зададзена.
Настройце бацькоў на тое, што ў навучанні дзяцей са СДУГ да адноснай нармалізацыі іх мазгавой дзейнасці (на працягу 1—3 класаў) асноўную ролю адыгрываюць дамашнія заняткі. Дома неабходна паўтараць матэрыял, пройдзены ў класе, каб праверыць, ці ўсё дзіця зразумела правільна і ці не засталося наогул прапушчаным што-небудзь істотнае.

У працэсе навучання пажадана вызваліць дзяцей ад усялякай неістотнай работы. Бывае, гіперактыўны вучань старанна адлічвае клеткі, якія трэба адступіць зверху і злева, і ў гэтых пошуках так стамляецца ад напружання, што, знайшоўшы, нарэшце, тое месца, адкуль трэба пісаць, працаваць ужо не можа.

Лепш, каб у 1 класе гіперактыўныя дзеці як мага менш пісалі. Зручна выкарыстоўваць сшыткі з надрукаванымі заданнямі, у якіх трэба толькі ўпісаць, абвесці ці дамаляваць адказ. Дробную моторыку, неабходную для выпрацоўкі добрага почырку, лепш развіваць з дапамогай размалёвак і заштрыховак па метадзе Мантэсоры. Паверце, гэта дзецям падабаецца значна больш, чым пакуты з вялікімі літарамі. А праблем з прапісваннем літар бывае значна менш, калі да яго дзеці прыступаюць пасля трэніровачнай работы з размалёўкамі.

Што тычыцца чытання, то яно павінна значна апярэджваць навучанне пісьму і лепш за ўсё праводзіцца не па метадзе слыхавога аналізу, а з візуальнай апорай на літары ці, яшчэ лепш, цэлыя словы. Пасля таго як сфарміруецца ўстойлівая графічная выява слова, дзіця становіцца здольным хутка схопліваць сэнс напісанага”.

Размеркаванне ўвагі ў дзяцей са СДУГ звычайна практычна адсутнічае. Таму на ўроках чытання настаўніку лепш карыстацца такім метадам: спачатку даць дзіцяці магчымасць зразумець тэкст, разабраўшы яго самому, і толькі потым прапаноўваць прачытаць уголас. Калі вучня прымушаюць адразу чытаць уголас, то яму прыходзіцца адначасова выконваць дзве аперацыі, да чаго дзіця з гіперактыўным сіндромам не здольнае.

“Матэматыка, як больш выразная і алгарытмічная навука, засвойваецца гіперактыўнымі дзецьмі значна лягчэй і падабаецца ім значна больш, чым чытанне і пісьмо. Пры тлумачэнні любога ўрока настаўніку варта выкарыстоўваць кароткія, выразна пабудаваныя фразы. Пажадана распрацоўваць графічныя выявы алгарытму для кожнай тэмы і даваць яго дзецям на картках. У дзяцей са СДУГ часта ўзнікае праблема з замацаваннем матэрыялу, пераводам яго з кароткачасовай, аператыўнай памяці ў доўгачасовую. Для замацавання матэрыялу ўрок павінен быць пабудаваны так, каб на працягу яго вар’іраваўся адзін і той жа алгарытм або тып задання. Гэта пажадана яшчэ і таму, што пры пабудове ўрока цяжка ўлічыць цыклічнасць інтэлектуальнай актыўнасці навучэнцаў са СДУГ. Дзеці працуюць у розным рытме: хтосьці яшчэ актыўны, а хтосьці ўжо стаміўся ці, наадварот, адпачыў і гатовы падключыцца да ўрока. Калі на працягу ўрока вар’іруецца адна і тая ж тэма, то ў якім бы рытме дзіця ні працавала, яно ўвесь час будзе “сустракацца” толькі з ёй. Тым самым павышаецца верагоднасць таго, што асноўны змест урока будзе засвоены”.

Асобную ўвагу педагог-псіхолаг звяртае на тое, ці варта патрабаваць дысцыпліны ад гіперактыўных навучэнцаў.

“Атмасфера на ўроках павінна быць свабоднай і нязмушанай. Не патрабуйце ад гіперактыўных дзетак немагчымага: самакантроль і захаванне дысцыпліны выключна складаныя для дзіцяці са СДУГ. Шчырыя спробы не парушаць дысцыпліну (правільна сядзець і не круціцца, не размаўляць і г.д.) і перажыванні з прычыны таго, што гэта ніяк не атрымліваецца, яшчэ хутчэй прыводзяць да ператамлення і страты працаздольнасці. Калі на дысцыпліне не завастраецца ўвага, а ўрокі праводзяцца ў гульнявой форме, дзеці паводзяць сябе спакайней і больш прадукцыйна працуюць. Дапускаючы дробныя дысцыплінарныя парушэнні, можна падтрымліваць агульную добрую працаздольнасць”.

Моцныя і яркія эмацыянальныя ўражанні, напрыклад, падчас правядзення ўрока ў гульнявой форме, небяспечны для гіперактыўных дзяцей. Яны могуць дэзарганізаваць іх вучнёўскую дзейнасць. Здараецца, эмацыянальная ўзрушанасць чаргуецца з перыядам “выключанасці”, калі вучань сядзіць з адсутным позіркам. У гэты момант любыя спробы настаўніка “ўключыць” працэс успрымання інфармацыі лішнія — дзіця ўсё роўна будзе не ў стане правільна адрэагаваць.

Напрыканцы заняткаў Вольга Пятроўна засяродзіла ўвагу ўдзячнай аўдыторыі на галоўным: самае чаканае для любога вучня, ёсць у яго гіперактыўныя рысы ці няма, — гэта пахвала. А звышактыўных “маторчыкаў” паказана хваліць шмат — і за тое, што пасіўна ўдзельнічаў у занятках (сядзеў, слухаў), і тым больш за тое, што дэманстраваў свае веды. Толькі так можна наладзіць з праблемным вучнем узаемаразуменне.

Падрыхтавала Алёна КРЫВЯНКОВА.
Фота аўтара.

Надзейная будучыня рэгіянальнай адукацыі

У шэрагу школ сёння востра адчуваецца недахоп маладых настаўнікаў, якія валодаюць адпаведнай кампетэнцыяй, узроўнем ведаў для эфектыўнай прафесійнай дзейнасці. Прычына незамацавання маладых спецыялістаў у галіне не заўсёды звязана з матэрыяльнымі аспектамі.

Патрабаванні да агульнаадукацыйнай школы штогод павышаюцца, укараняюцца новыя тэхналогіі, метады навучання. Усё гэта патрабуе адпаведнай падрыхтоўкі, якой у маладых педагогаў не заўсёды хапае. Менавіта таму ў пачатку прафесійнага шляху для іх асабліва важная падтрымка і дапамога больш вопытных калег. Такога меркавання прытрымліваюцца ва ўпраўленні адукацыі Магілёўскага аблвыканкама і абласным інстытуце развіцця адукацыі, у сувязі з чым для маладых настаўнікаў перыядычна праходзяць спецыяльныя вучэбныя мерапрыемствы, конкурсы, накіраваныя на развіццё прафесійных навыкаў. Адно з такіх мерапрыемстваў — фестываль “Ініцыятыва. Пошук. Творчасць”. — Сістэма работы з маладымі настаўнікамі ў нас наладжаная. Функцыянуюць школы маладых педагогаў, развіты інстытут настаўніцтва. Шмат робіцца і на абласным узроўні, — расказала начальнік аддзела арганізатараў адукацыі і педагагічнага працэсу МДАІРА Алена Афанасенка.
Паводле яе слоў, фестываль “Ініцыятыва. Пошук. Творчасць” задуманы як своеасаблівая матывацыя пачынаючых настаўнікаў да ўдасканалення прафесійнага майстэрства. Для ўдзелу прапаноўвалася напісаць эсэ, падзяліцца сваімі развагамі наконт выбару прафесіі, значнасці настаўніцкай працы ў грамадстве. Задумка добрая, таму яна знайшла водгук сярод маладога настаўніцтва. Усяго ў фестывалі паўдзельнічала звыш 250 педагогаў. Лідары раённых этапаў былі дапушчаны да конкурснага адбору абласнога тура. Па яго выніках вызначыліся сем фіналістаў, якіх чакала публічная абарона сваіх работ.
— Фестываль, які накіраваны на павышэнне прафесіяналізму, — гэта не толькі спаборніцтва, але і свята, магчымасць абмяняцца ведамі, таму на фінал мы запрасілі ўсіх удзельнікаў, арганізаваўшы для іх майстар-класы ад больш вопытных калег, — адзначыла Алена Афанасенка.
Асаблівую цікавасць у маладых магілёўскіх педагогаў выклікала выступленне пераможцы Рэспубліканскага конкурсу “Настаўнік года” Віктара Жука, які выкладае гісторыю ў сярэдняй школе № 11 Маладзечна. Планавалася, што Віктар Эдуардавіч правядзе на сцэне міні-ўрок. Аднак яго метады работы так захапілі аўдыторыю, што ўрок атрымаўся паўнацэнным. Настолькі цікавымі заняткі зрабіла выкарыстанне сучасных падыходаў да навучання. Маркіровачнае чытанне, складанне кросенсаў, разгадванне крыжаванак, прагляд тэматычных відэафрагментаў — усё гэта цалкам захапіла гісторыяй і педагогаў, якія выступілі ў ролі вучняў, і тых, хто назіраў за імправізаваным вучэбным працэсам з залы.
Не менш інфармацыйна насычана прайшлі майстар-класы магілёўскіх педагогаў, якія сталі ўдзельнікамі і лаўрэатамі Рэспубліканскага конкурсу “Настаўнік года”. Настаўніца гісторыі і грамадазнаўства сярэдняй школы № 15 Магілёва Галіна Дудко пазнаёміла калег з інтэрактыўнымі метадамі павышэння пазнавальнай актыўнасці вучняў і магчымасцямі іх прымянення на ўроках. Аб гэтай форме работы маладым педагогам хіміка-біялагічнага профілю расказала і настаўніца біялогіі сярэдняй школы № 3 Крычава Алена Цілюпа. Выкладчык фізічнай культуры і здароўя Ясенскага дзіцячага сада — сярэдняй школы Асіповіцкага раёна Максім Мікуліч падзяліўся вынікамі сваёй работы па выкарыстанні на занятках відэакантэнту. Прысутныя на майстар-класе настаўніцы пачатковых класаў сярэдняй школы № 10 Бабруйска Ірыны Матузавай даведаліся аб эфектыўных прыёмах павышэння пісьменнасці навучэнцаў. У рамках майстар-класа настаўніцы англійскай мовы гімназіі № 2 Магілёва Кацярыны Ляшчэвіч пачынаючыя педагогі вызначалі асноўныя напрамкі дзейнасці, накіраваныя на выхаванне полікультурнай асобы навучэнцаў. Настаўнік беларускай мовы і літаратуры Магілёўскай гарадской гімназіі № 1 Юрый Каласоўскі расказаў калегам пра тое, як вынікова выкарыстоўваць на занятках элементы актыўнай ацэнкі. А выкладчыца матэматыкі гімназіі № 3 Магілёва Настасся Асэсарава прадэманстравала магчымасці інтэрактыўнай дошкі.
Пасля пазнавальных майстар-класаў удзельнікі фестывалю перамясціліся ў актавую залу МДАІРА, каб падтрымаць фіналістаў. З невялікім хваляваннем яны расказвалі прысутным, чым быў абумоўлены іх выбар прафесіі, як праходзіў самы першы ўрок. Кожнае эсэ стала сапраўдным адкрыццём. Сур’ёзна і з гумарам фіналісты гаварылі пра тое, чаму прыйшлі ў школу, як праходзіла іх прафесійнае станаўленне, у чым яны бачаць прызначэнне настаўніка. Выступоўцаў уважліва слухалі і журы, і гледачы. Сваімі развагамі яны пераконвалі: у сістэмы адукацыі Магілёўшчыны — надзейная будучыня.
Вядома, выбар лепшых даўся журы не проста. Без узнагарод не застаўся ніхто. Тыя, хто не стаў прызёрам, атрымалі дыпломы лаўрэатаў. Педагогі, якія набралі найбольшую колькасць балаў, а гэта настаўніца хіміі гімназіі № 1 Горак Кацярына Залатарская, настаўніца англійскай мовы гімназіі № 3 Магілёва Уладзіміра Ланская і настаўнік англійскай мовы гімназіі № 2 Магілёва Дзяніс Тукаеў, акрамя пераможных дыпломаў, атрымалі яшчэ і права прыняць удзел у рэспубліканскай акцыі “Вопытныя педагогі вырастаюць з маладых”.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота аўтара.

Маладым у нас дарога

Як бы гэта пафасна ні гучала, але маладым у нас, сапраўды, усюды дарога. Перад вачыма зноў архіўны нумар “Настаўніцкай газеты”. На гэты раз за 17 лютага 1965 года. Аўтарам артыкула з’яўляецца завуч 14-й школы рабочай моладзі Мінска М.Тупіцын, з якім у мяне ўзнік унутраны дыялог. Не, я з ім не спрачалася, а гаварыла пра педагагічны лёс, праблемы і поспехі маладых настаўнікаў. Як трапна заўважыў М.Тупіцын, маладосць валодае вялікім зарадам энергіі, імкненнем да самастойнасці, але не мае вопыту. Настаўнікам-пачаткоўцам новага 2015/2016 навучальнага года прысвячаецца.

Гутарка мінулага з сучасным

Я не працую з маладымі педагогамі ў тым сэнсе, як мой шаноўны суразмовец, але таксама часта гавару пра маладых настаўнікаў. З метадыстамі, вопытнымі педагогамі, з намеснікамі дырэктараў. Пачынаючыя педагогі рэгулярна становяцца героямі маіх артыкулаў, нарысаў, інтэрв’ю, таму мне таксама ўспамінаюцца іх хваляванні. На пачатку нашай размовы яны гавораць ціха і няўпэўнена, перажываючы за кожнае сказанае слова, цікавяцца, чаму я звярнулася да іх. Маўляў, яны толькі пачалі сваю педагагічную дзейнасць і нічым адметным не вызначаюцца.
Але праз накалькі хвілін размова пераходзіць у іншую танальнасць (упэўненую), і яны дзеляцца ўражаннямі ад сваіх першых урокаў, гавораць пра свае няўдачы і перамогі, з задавальненнем расказваюць пра сваіх вучняў.
“Я вельмі люблю як хімію, так і біялогію, стараюся сваю любоў перадаць дзецям, з якімі мы выдатна адно аднаго разумеем. Прынамсі, яны ўжо добра адчуваюць, калі на ўроку можна крышачку расслабіцца, а калі трэба вельмі ўважліва паслухаць. Канечне, дзеці ў школе вучацца розныя, ёсць і цяжкія, але стараюся і з імі знаходзіць агульную мову. Напрыклад, адзін мой вучань вызначаецца няпростым характарам, але, як толькі я гавару, што сёння на ўроку хіміі мы будзем праводзіць доследы, ён умомант супакойваецца і засяроджваецца выключна на доследах”, — адзначала Кацярына Дземянкова, настаўніца хіміі і біялогіі Глазаўскай сярэдняй школы Буда-Кашалёўскага раёна Гомельскай вобласці.
Маладыя настаўнікі-мужчыны не такія эмацыянальныя, але, як і дзяўчаты, перажываюць, як навучыць кожнага ў сваім класе. “Мая задача — навучыць думаць кожнага ў класе. У сувязі з гэтым на ўроку ў асноўным арганізуецца індывідуальная і парная работа. Звяртаюся і да франтальнай, групавой работы, але не часта. Сённяшнія дзеці прывыклі атрымліваць усё ў гатовым выглядзе. Вось ім нешта паказалі, яны паглядзелі і забылі. А калі да кожнай думкі яны прыходзяць самастойна, то яна надоўга застанецца ў іх галовах”, — адзначаў у нядаўняй гутарцы Канстанцін Кавалевіч, настаўнік фізікі і інфарматыкі сярэдняй школы № 3 Бярозы Брэсцкай вобласці.
Пагаджуся з завучам 14-й школы рабочай моладзі Мінска, які адзначае, што маладым педагогам трэба дапамагаць хутчэй уваходзіць у строй. Усе маладыя настаўнікі, з якімі даводзілася гутарыць, адзначалі важнасць і неабходнасць такой падтрымкі. На сённяшні дзень у нас створана дзейсная і мабільная сістэма метадычнай і псіхалагічнай дапамогі пачынаючым педагогам. Школы маладых настаўнікаў дзейнічаюць у кожнай навучальнай установе. У кожным раёне ёсць метадыст-куратар раённых школ для маладых. У дапамогу маладым працуюць і на ўзроўні абласцей. У рэспубліцы створаны клуб маладых настаўнікаў “Будучыня”. Распрацоўваюцца адаптацыйныя праграмы для маладых, праводзяцца кансультацыі.
Каб падтрымаць унутраную матывацыю і проста прафесійны настрой, у кожным рэгіёне праходзяць конкурсы прафесійнага майстэрства для маладых настаўнікаў, арганізоўваюцца фестывалі, круглыя сталы, майстар-класы, ушаноўваюцца педагагічныя дынастыі.
“Я вельмі задаволены тым, што паўдзельнічаў у конкурсе “Мы — маладыя”, хаця былі моманты, калі хацелася ўсё кінуць. Было няпроста вучыцца ў магістратуры, працаваць і ўдзельнічаць у конкурсе. Але мне дапамог вопыт грамадскай дзейнасці ва ўніверсітэце, дзе я навучыўся сумяшчаць многія віды дзейнасці, таму працаваць на знос для мяне не ў навіну. Гэты конкурс вельмі важны тым, што напаўняе новым зместам маладых настаўнікаў, дае ім далейшыя прафесійныя арыенціры”, — дзяліўся ўражаннямі Яўген Сітко, настаўнік гісторыі сярэдняй школы № 199 Мінска.
Сапраўды, арганізацыя ўрока ў першы год работы маладога настаўніка — гэта самае балючае пытанне і для пачаткоўца, і для яго старэйшых калег, якім трэба прыкласці пэўныя намаганні, каб малады педагог стаў упэўненым у сабе і захацеў развівацца далей.
— Сістэма настаўніцтва старэйшых калег у нашай школе працуе на высокім узроўні. У нас дзейнічае “Школа маладога стажора”, дзе за кожным настаўнікам-пачаткоўцам замацоўваецца старэйшы калега. Я трапіў да настаўніка інфарматыкі Ігара Рыгоравіча Піліпчука. Ён мне вельмі дапамог і як педагог, і як чалавек. Першыя два гады я выкладаў інфарматыку, а ўжо затым пачаў весці фізіку, але педагагічныя прыёмы, якім я навучыўся ў Ігара Рыгоравіча, універсальныя.
Вялікі дзякуй хочацца сказаць Святлане Сяргееўне Нікалаевай, намесніку дырэктара па вучэбнай рабоце, якая таксама прыклала шмат намаганняў, каб з мяне атрымаўся настаўнік. За час маёй педагагічнай дзейнасці мне ніхто не адмовіў у дапамозе, што таксама паўплывала на маё рашэнне застацца працаваць у школе. Прыемна працаваць у калектыве, дзе пануе ўзаемадапамога і ўзаемапавага, — пацвярджае маё меркаванне Канстанцін Кавалевіч з 3-й школы Бярозы.
Сучасныя метадысты і намеснікі дырэктараў таксама разумеюць, што на адной падказцы педагога не выхаваеш. Неабходна цэлая сістэма дзеянняў усяго калектыву навучальнай установы, як гэта адбываецца, напрыклад, у гімназіі № 10 Гомеля.
У інтэрв’ю Наталля Фёдараўна Васіленка, намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце гімназіі № 10 Гомеля, кіраўнік “Школы маладога спецыяліста”, адзначыла: “Працэс адаптацыі маладога настаўніка мае вельмі вялікае значэнне. З аднаго боку, маладому педагогу трэба будзе вучыць і выхоўваць дзяцей, заваёўваючы іх аўтарытэт, карэкціраваць іх учынкі і развіваць здольнасці. З іншага боку, вучыцца павінен і ён сам. Улічваючы гэтую асаблівасць, дзейнасць “Школы маладога спецыяліста” арганізоўваем у адпаведнасці з прынцыпам узыходжання: спачатку прафесійная адаптацыя маладога настаўніка, затым развіццё педагагічнай кампетэнцыі і, нарэшце, выхаванне імкнення да самастойнай творчасці ў педагагічнай дзейнасці.
Навучанне ў “Школе маладога спецыяліста” доўжыцца два гады. Як заўважыла Наталля Фёдараўна, у першы год маладыя спецыялісты атрымліваюць веды і адпрацоўваюць уменні, якія спрыяюць набыццю практычных навыкаў для педагагічнай дзейнасці. Разглядаюцца пытанні, якія непасрэдна тычацца арганізацыі сучаснага ўрока. Гэта ўменне вызначаць мэты і задачы, структуру вучэбных заняткаў, тып урока, праводзіць самааналіз і аналіз урока.
У канцы першага года дзейнасці школы маладых праводзіцца такое мерапрыемства, як “Педагагічны дэбют” (адкрытыя ўрокі маладых) і выніковыя заняткі, на якіх маладыя настаўнікі робяць самааналіз уласнай педагагічнай дзейнасці. Творчая справаздача педагога павінна раскрыць асноўныя правілы арганізацыі сучаснага ўрока з улікам асабістага вопыту.
Пытанні, якія разглядаюцца ў другі год навучання ў школе маладых, аб’яднаны тэмай “Самастойны творчы пошук настаўніка”. На пасяджэннях разглядаюцца пытанні выкарыстання разнастайных форм і метадаў дзейнасці на вучэбных занятках; выкарыстання сучасных інфармацыйных тэхналогій у выкладанні; самаадукацыі як крыніцы індывідуальнага росту педагога.
“Самаадукацыя павінна быць пастаяннай жыццёвай патрэбай маладога настаўніка, бесперапынным працэсам даследавання і творчасці. У педагогаў-пачаткоўцаў часта ўзнікаюць пытанні па наладжванні кантакту з навучэнцамі, таму ў рабоце пасяджэнняў прымае ўдзел псіхолаг. У выглядзе практыкаванняў і трэнінгаў настаўнікі атрымліваюць адказы на пытанні: як знайсці найбольш эфектыўныя спосабы вырашэння канфліктных сітуацый, як не зрабіць памылак пры ўспрыманні вучня, як правільна інтэрпрэтаваць паводзіны вучня на ўроку, — працягвала Наталля Фёдараўна Васіленка.
І зноў не магу не пагадзіцца з М.Тупіцыным. Кіраўнік школы — галоўны аўтарытэт у школе. І работа маладога настаўніка заўсёды пачынаецца з гутаркі з дырэктарам. Хочацца адзначыць, што кіраўнікі да маладога пакалення настаўнікаў заўсёды ставяцца далікатна і прыязна. Яны гэтак жа хвалююцца, як і пачынаючыя настаўнікі. Але потым вельмі ганарацца поспехамі сваіх педагогаў.
Дарэчы, цяпер для іх зноў пачынаецца этап хвалявання, бо сярэдзіна жніўня традыцыйна з’яўляецца “прыёмнай” на работу выпускнікоў педагагічных спецыяльнасцей. Гэтыя жнівеньскія дні ператворацца для іх у першыя працоўныя. Многія ў аддзелы адукацыі, а затым і ў школы прыйдуць з дрыжыкамі ў каленях, але, дзякуючы падтрымцы дырэктараў, смела прыступяць да сваіх прафесійных абавязкаў, а пасля актыўна ўключацца і ў рэалізацыю сваіх задум і праектаў, каб пасля адчуць прыкладна тое ж, што і Арцём Пракоф’еў, настаўнік рускай мовы і літаратуры сталічнай гімназіі № 23 з беларускай мовай навучання:
“Для мяне настаўнік — гэта прыклад для пераймання. Паводзіны, манеры, маўленне, вобраз мыслення і спосабы яго праяўлення — усё гэта мае каласальнае ўздзеянне на тых, каго мы вырашылі вучыць. Навучанне — гэта ж не толькі давядзенне да дзяцей тых ці іншых паняццяў па прадмеце, гэта раскрыццё светаадчування, сістэмы каштоўнасцей, дэманстрацыя адносін да ўсяго, што адбываецца вакол. І ўсё гэта павінна быць шчырым, бо любы падман будзе заўважаны адразу, а гэта прамы шлях да расчаравання дзіцяці, страты яго даверу”.
Цяпер перад больш сталымі і вопытнымі настаўнікамі зноў стаіць няпростая задача падтрымліваць у пачынаючых настаўнікаў іх запал і актыўнасць як мага даўжэй, каб яны пранікліся сваёй прафесіяй і не расчараваліся. Хутка пачнуцца традыцыйныя жнівеньскія педагагічныя нарады, на якіх будуць вітаць “навабранцаў”. Гэта заўсёды адбываецца ўрачыста і ўзнёсла. І, магчыма, ужо тут адбудзецца хімія педагогікі.
Мне падабаюцца маладыя настаўнікі перш за ўсё сваім пазітывам у адносінах да прафесіі. І хоць “вопыт” і “маладосць” — паняцці несумяшчальныя, але калі чалавек у прафесіі на сваім месцы, то гэтага не заўважаеш. У маім журналісцкім партфелі назбіралася шмат газетных матэрыялаў пра маладых педагогаў. Яны розныя, як, зрэшты, і ўсе настаўнікі, але яны, як і іх сталыя калегі, любяць сваіх вучняў і імкнуцца зрабіць іх лепшымі.
А “навабранцам” хочацца пажадаць не баяцца. Гэта нармальна, калі напачатку да вас прыглядаюцца і дзеці, і настаўнікі-калегі, вывучаючы характар, стаўленне да дзейнасці. Гэта ненадоўга. Вельмі хутка яны прымуць вас у свой дружны вучнёўска-педагагічны калектыў. Поспехаў вам і прызнання!

Вольга ДУБОЎСКАЯ.

Педагагічнага палку прыбыло

У гэтым годзе ў пяцідзясяты раз Лоеўскі дзяржаўны педагагічны каледж выпусціў у свет маладых настаўнікаў. Амаль 80 педагогаў — выхадцаў з Лоеўскага педкаледжа — папоўнілі вялікі педагагічны калектыў Гомельшчыны.

Запаветныя дыпломы атрыманы, але на тварах выпускнікоў чытаецца сум, а іх сэрцы перапаўняе змяшанае пачуццё радасці і смутку. За чатыры гады навучання ўстанова стала для іх другім домам, а выкладчыкі — добрымі старэйшымі сябрамі. Неадназначныя пачуцці і ў апошніх. З аднаго боку, гордасць за сваіх гадаванцаў, радасць, што ўсе яны дайшлі да канца і сталі дыпламаванымі спецыялістамі. З другога — горыч расставання, бо за чатыры гады сэрцамі прыраслі да кожнага навучэнца.
Да таго ж сёлетні юбілейны выпуск нейкі асаблівы: не проста настаўнікі — сапраўдныя таленты. Яны паспявалі не толькі ў вучобе. Хтосьці кіраваў клубамі па інтарэсах, хтосьці аддана служыў валанцёрскай справе, іншыя былі нязменнымі лідарамі ў маладзёжным і прафсаюзным руху. Аляксандар Давыдоўскі — нязменны вядучы, арганізатар студэнцкіх мерапрыемстваў, спявак і завадатар. Вадзім Бабок — душа каледжа, музыкант, які стварыў тут свой вакальна-інструментальны ансамбль. Вадзім скончыў каледж з дыпломам з адзнакай. Акрамя яго, такіх выдатнікаў яшчэ чацвёра: Настасся Кабец, Хрысціна Кулага, Алена Стасевіч і Настасся Марчанка. Разам з дыпломамі выпускнікі атрымалі граматы і падзякі за свае таленты.
— Нават мне шкада, што гэтыя юнакі і дзяўчаты пакідаюць каледж, — гавару дырэктару ўстановы Р.В.Калядзе. — Напэўна, вам цяжка развітвацца з імі.
— У нас яшчэ такія выхоўваюцца, — з усмешкай адказвае Раіса Васільеўна. — А гэтых мы выгадавалі. Няхай цяпер паказваюць, на што здольны.
Упэўнена, яны яшчэ неаднойчы дакажуць, што не марна трацілі час у сценах каледжа. Не здзіўлюся, калі праз некалькі гадоў пачую іх імёны ў ліку пераможцаў рэспубліканскіх ці міжнародных прафесійных фестываляў і спаборніцтваў, бо ў кожнага з іх ёсць свая мэта і здаровыя амбіцыі і яны ўсе без выключэння маюць намер працягваць навучанне ва ўстановах вышэйшай адукацыі.
Неаднойчы даводзілася чуць пра тое, што шлях у педагогіку павінен пачынацца менавіта з каледжа. Маўляў, толькі тут можна набыць той каштоўны запас педагагічных навыкаў, якія фарміруюць настаўніка-прафесіянала. І толькі потым — універсітэт. Здаецца, я пачынаю разумець гэтую формулу. Тэарэтычныя веды навучэнцаў каледжа заўсёды падмацоўваюцца практычна, прычым не толькі падчас праходжання практыкі, а яшчэ на канферэнцыях і семінарах. Так са сціплых, нясмелых падлеткаў вырастаюць прамоўцы і даследчыкі.
— На абароне дыпломаў вы ўсе проста здзіўлялі мяне сваёй дасведчанасцю, уменнем грунтоўна падысці да тэмы даследавання і глыбока аналізаваць яе, — прызналася выпускнікам старшыня Дзяржаўнай кваліфікацыйнай камісіі, дацэнт кафедры беларускай культуры і фалькларыстыкі Гомельскага дзяржуніверсітэта імя Францыска Скарыны, кандыдыт філалагічных навук А.М.Палуян.
У гэты дзень юнакі і дзяўчаты атрымалі ў свой адрас шмат пажаданняў і наказаў на будучыню ад дырэктара каледжа, сваіх куратараў, выкладчыкаў, ад бацькоў і гасцей. У адказ выпускнікі дзякавалі педагогам і бацькам. Іх роля ў жыцці маладых людзей велізарная. Менавіта ў сям’і чалавек пазнае свет, фарміруецца як асоба, вызначае для сябе галоўныя жыццёвыя каштоўнасці. Гэтую эстафету працягваюць выкладчыкі. Іх задача — падтрымліваць лепшае, што заклалі маці і тата, убачыць у кожным дзіцяці таленты і задаткі і развіваць іх на працягу чатырох гадоў.
Даўным-даўно, магчыма, з самага першага выпуску Лоеўскага педкаледжа, які адбыўся 50 гадоў назад, тут зарадзілася традыцыя: адміністрацыя ўстановы ўручае падзячныя пісьмы бацькам лепшых выпускнікоў за добрасумленнае выкананне бацькоўскіх абавязкаў у выхаванні дзяцей. Сёлета гэтай традыцыі далі новы віток. Падзячнае пісьмо дырэктар каледжа ўручыла бабулі адной з выпускніц.
— Чатыры гады назад пажылая жанчына прыехала з унучкай у Лоеў, каб падаць дакументы, — расказала Раіса Васільеўна. — З таго часу я не памятаю, каб яна прапусціла хаця б адзін бацькоўскі сход ці хаця б раз у месяц не патэлефанавала, каб пацікавіцца справамі сваёй унучкі.
Цёплы і прыгожы атрымаўся выпускны вечар у Лоеўскім педагагічным каледжы. Цяпер з дыпломамі ў руках юнакі і дзяўчаты ўступяць у новы этап свайго жыцця. Развітваючыся з установай, яны абяцалі, што, дзе б ім ні давялося працаваць, яны ніколі не заплямяць добрае імя роднага каледжа.

Наталля ЛУТЧАНКА.
Фота аўтара.

Педагагічнае светаадчуванне

Сённяшні герой рубрыкі “Школа маладых” — сучасны малады чалавек, які імкнецца рэалізавацца па максімуме, выкарыстоўваючы ўсе магчымасці. Ён удзельнічае ў розных праектах, конкурсах, займаецца спортам, здымаецца ў рэкламе. Але найперш ён настаўнік. Арцём Ігаравіч Пракоф’еў у сталічнай гімназіі № 23 з беларускай мовай навучання выкладае рускую мову і літаратуру. І хоць педагагічны стаж маладога настаўніка зусім невялікі, але за гэты непрацяглы час ён здолеў заваяваць сэрцы сваіх вучняў.

— Ён класны, прыкольны і так для нас стараецца, — наперабой крычалі мне шасцікласнікі. — А вы бачылі нашага Арцёма Ігаравіча ў рэкламе “Вэлком” па тэлевізары?
— Канечне, бачыла! — адказваю.
Дарэчы, гэты рэкламны ролік быў для мяне апошнім матывацыйным штуршком, каб пазнаёміцца з гэтым маладым чалавекам і пагаварыць з ім не пра рэкламу (хаця гэты аспект у дачыненні да асноўнай прафесіі таксама цікавы, а пра педагогіку, пра яе ўздзеянне на яго жыццё, пра ўрокі і вучняў, а таксама пра планы на будучыню. Усё ж такі здымацца ў рэкламе больш прыбыткова, чым працаваць у гімназіі. Але размова пачалася не з рэкламы, а з таго, што прывяло яго ў настаўніцтва.
— Кожны з нас у дзяцінстве гуляў у гульні, прымяраючы на сябе самыя розныя ролі. Натуральна, і я не быў выключэннем. Я вучыўся ў сталічнай школе № 4, і аднойчы наш 7 клас замацавалі за класам малодшых школьнікаў. Мне было даручана падрыхтаваць з гэтымі маленькімі вучнямі навагодняе свята. Спачатку я падумаў, што гэта дрэнная ідэя і ў мяне нічога не атрымаецца, таму свайму класнаму кіраўніку, бацькам, сябрам гаварыў адно і тое ж: “Як я буду гаварыць і тым больш нешта арганізоўваць з такімі малымі? Я не ўмею! Я баюся!”
Але і мае сябры, і бацькі, і класны кіраўнік падтрымалі мяне і шмат у чым дапамаглі. У рэшце рэшт, усё атрымалася, мне нават вельмі спадабалася важдацца з той малечай. Больш за тое, мяне захапіў працэс іх навучання, я нават пачаў больш чытаць, каб адказваць на іх пытанні, а ўсе навокал у ад зін голас сцвярджалі, што мой прафесійны шлях — гэта толькі педагогіка. Таму, закончыўшы школу, я адразу стаў студэнтам Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка.
Для мяне настаўнік — гэта прыклад для пераймання. Паводзіны, манеры, маўленне, вобраз мыслення і спосабы яго праяўлення — усё гэта мае каласальнае ўздзеянне на тых, каго мы вырашылі вучыць. Навучанне — гэта ж не толькі давядзенне да дзяцей тых ці іншых паняццяў па прадмеце, гэта раскрыццё светаадчування, сістэмы каштоўнасцей, дэманстрацыя адносін да ўсяго, што адбываецца вакол. І ўсё гэта павінна быць шчырым, бо любы падман будзе заўважаны адразу, а гэта прамы шлях да расчаравання дзіцяці, страты яго даверу, — адзначыў Арцём Ігаравіч.
Прызнацца шчыра, напачатку прамільгнула думка пра занадта пафасную прамову, але далейшая размова раскрыла педагагічны сакрэт гэтага маладога настаўніка: дзеці яго любяць і давяраюць з-за яго шчырасці і дабрыні. У ім няма той жорсткасці, за якой іншым разам хаваюцца маладыя настаўнікі, будуючы сваю стратэгію па заваяванні аўтарытэту сярод вучняў.
Безумоўна, першыя педагагічныя крокі героя гэтага артыкула не былі ідэальнымі. Ён, як і многія пачынаючыя педагогі, на свае першыя ўрокі ішоў з дрыжачымі каленцамі, яму катастрафічна не хапала 45 хвілін урока і даводзілася наводзіць цішыню ў класе, але ён не расчараваўся ў абраным шляху і цярпліва выпраўляў свае метадычныя памылкі. Канечне, усё б быць інакш, калі б не дапамога старэйшых калег. У прыватнасці, пра свайго куратара намесніка дырэктара па вучэбнай рабоце 23-й гімназіі Аксану Савельеўну Вандзяеву Арцём Ігаравіч гаворыць выключна як пра сваю другую маці, якая, зрэшты, і выхоўвае з яго настаўніка.
І калі напачатку ад урокаў маладога педагога ёй хацелася хапацца за галаву, то праз некаторы час Арцём Ігаравіч стаў другім у конкурсе “Лепшы малады спецыяліст-2014”, ён з’яўляецца ўдзельнікам каманды маладых настаўнікаў Мінска “РОСТ”. А на яго асабістай дошцы гонару з’явіліся першыя дыпломы. Мне падаецца, што ён здабыў самае галоўнае для настаўніка — даверлівы позірк сваіх вучняў, якія, дарэчы, ганарацца ўсімі дасягненнямі свайго Арцёма Ігаравіча і часта прапаноўваюць свае спосабы ўзаемадзеяння падчас урока.
Асаблівымі звычайна бываюць урокі літаратуры, калі гімназісты прапаноўваюць абмеркаваць чарговы прачытаны твор.
— Яны падыходзяць на перапынку і пытаюцца, якім чынам будзе пабудаваны ўрок, так што іншым разам даводзіцца карэкціраваць планы і перабудоўвацца на хвалю вучняў, тым больш калі яны прыходзяць на ўрок пад уражаннем ад прачытанага і з пытаннямі да настаўніка. Вось нядаўна мы бурна абмяркоўвалі “Гора ад розуму” Грыбаедава і “Недаростка” Фанвізіна. Былі гарачыя дэбаты!
Вучні чытаюць, і гэта радуе. Канечне, старшакласнікі больш сканцэнтраваны на замежнай літаратуры (амерыканскай, французскай, нямецкай), але чытаюць і рускую, і беларускую класіку. Часта нешта з прачытанага прапаноўваюць і мне. Чытаю, потым нешта разам абмяркоўваем. Але калі гаварыць пра свайго пісьменніка, то вельмі люблю Сяргея Даўлатава, Антона Чэхава, Фёдара Дастаеўскага. З паэтаў мне блізкі Сяргей Ясенін. Дарэчы, не люблю розныя экранізацыі класікі. Яны скажаюць уяўленне пра твор і блытаюць адчуванні. Увогуле ж, калі шчыра, то не сачу за сучаснай модай у літаратуры, але ў мяне ёсць вучаніца Аляксандра Волкава, якая заўсёды нешта рэкамендуе,— расказаў малады настаўнік.
Гаварыць пра літаратуру можна гадзінамі, тым больш дзяліцца ўражаннямі ад прачытанага, таму пераходзім да ўрокаў мовы, дзе неабходна быць больш дакладным і прагматычным, каб сачыць за поспехамі і няўдачамі кожнага вучня. Вучнёўская пісьменнасць сёння вымушае жадаць лепшага, хаця, напэўна, навучэнцы Арцёма Ігаравіча з прычыны даволі высокай чытацкай культуры памылак многа не робяць.
— Пакуль мае ўрокі рускай мовы ў большасці сваёй традыцыйныя, але іншым разам я ўсё ж стараюся адыходзіць ад стандартных форм і звяртаюся, напрыклад, да гульні, загадак, накшталт “У якім слове рускай мовы пішуцца тры аднолькавыя літары запар?”. Дзеці адразу ўключаюцца ў пошукавую дзейнасць, і пачынаецца мазгавы штурм. Часта звяртаюся да сваіх універсітэцкіх канспектаў. Канечне, адтуль не ўсё возьмеш, але некаторыя матэрыялы бываюць вельмі дарэчы, асабліва ў плане падрыхтоўкі вучняў да цэнтралізаванага тэсціравання.
Тэмп урока, яго формы і метады залежаць ад многіх фактараў, але вызначальнай ўсё ж з’яўляецца тэма ўрока. Калі пад яе адводзіцца толькі адзін урок, то гаварыць даводзіцца хутка. Тут ужо не пажартуеш і да займальных форм не звернешся. А вось на ўроках — паўтарэннях вывучанага матэрыялу тэмп зусім іншы. Тут пачынаецца ўжо дыялог з вучнямі, і яны становяцца галоўнымі гаварунамі на ўроку, — адзначыў малады настаўнік.
Падчас гаворкі з Арцёмам Ігаравічам не раз узнікала адчуванне яго невыпадковасці ў педагагічнай прафесіі, але рэкламны ролік, шматразова паказаны па тэлевізары, не даваў гэтаму адчуванню канчаткова зацвердзіцца. Усё ж заробкі ў маладых спецыялістаў невялікія, і хлопцы, на жаль, не так часта застаюцца ў прафесіі, як хацелася б. І каб развеяць свае падазрэнні, я ўсё ж задала пытанне, якое ўзнікла яшчэ пры першым праглядзе рэкламнага роліка.
— Арцём Ігаравіч, не магу не спытацца: прафесія настаўніка для вас першасная ці ўсё ж плануеце рэалізоўваць сябе ў іншай сферы?
— У ролі настаўніка я адчуваю сябе вельмі камфортна і гарманічна. Канечне, хацелася б зарабляць крыху больш, але на сёння мяне ўсё задавальняе. У мяне добрыя вучні, і я, дарэчы, не патанаю ў паперах. Калі ўсё рабіць своечасова, не ўзнікае ніякіх паперных завалаў. Акрамя таго, я класны кіраўнік у 9 класе. Мне падабаецца працаваць з дзецьмі.
А наконт рэкламы, то гэта проста падпрацоўка. Яшчэ будучы студэнтам, я трапіў у базу мадэляў, таму мяне іншым разам запрашаюць нешта парэкламаваць. А рэкламны ролік тэлефонаў “Вэлком” атрымаўся вельмі пазітыўным і цёплым. Прынамсі, за гэтую работу мне не сорамна. Безумоўна, у мяне ёсць пэўныя табу, якія я ні ў якім разе не парушу, бо найперш я настаўнік, на якога глядзяць і раўняюцца вучні, — адказаў педагог.
Развітваючыся з Арцёмам Ігаравічам, яшчэ раз падумала пра маладых педагогаў: яны не дрэнныя, яны іншыя, як, зрэшты, і нашы дзеці. У іх будзе свая гісторыя ўзаема-адносін. Вельмі радуе, што ўзаемаадносіны складваюцца. Значыць, гісторыя будзе з добрым канцом.

Вольга ДУБОЎСКАЯ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.

Яго вялікасць Урок

Малады настаўнік, якому даводзіцца праводзіць першыя ў жыцці ўрокі, мабыць, у душы адчувае тое ж самае, што артыст на сцэне. Дзверы класа зачыняюцца, і ты застаешся адзін на адзін з некалькімі дзясяткамі пар дапытлівых вачэй, якія дасканала вывучаюць цябе. Дзеці заўважаюць усё да дробязей: як ты апрануты, тваю паходку, лёгкасць і нязмушанасць рухаў, дрыжанне голасу, уменне трымацца перад аўдыторыяй, прадметныя веды. Неабходны час, каб знайсці свой уласны стыль, сваю манеру паводзін у педагагічным асяроддзі, каб стаць Настаўнікам з вялікай літары і ніколі не пашкадаваць аб тым, што выбраў гэты шлях. Сярод шматлікіх праблем, з якімі сутыкаюцца маладыя спецыялісты, не апошняе месца займае праблема падрыхтоўкі і правядзення ўрокаў. У чым перадумова паспяховага ўрока? На якія моманты пры падрыхтоўцы варта звярнуць асаблівую ўвагу? Якія памылкі робяць пачынаючыя настаўнікі і як іх пазбегнуць? Аб гэтым і не толькі наш карэспандэнт гутарыць з намеснікам начальніка ўпраўлення вучэбна-метадычнай работы Акадэміі паслядыпломнай адукацыі Алай Георгіеўнай СЕМЯНОВІЧ.

— Ала Георгіеўна, на ваш погляд, які ён — сучасны ўрок? У чым перадумова паспяховага прадукцыйнага ўрока?
— Існуе вялікая колькасць азначэнняў паняцця “ўрок”. Напрыклад, В.Сухамлінскі даў такое азначэнне ўроку: “Урок — гэта люстэрка агульнай і педагагічнай культуры настаўніка, мерка яго інтэлектуальнага багацця, паказчык яго кругагляду, эрудыцыі”. Па словах жа М.Скаткіна, “урок — гэта клетачка педагагічнага працэсу. У ім, як сонца ў кроплі вады, адлюстроўваюцца ўсе яго бакі. Калі не ўся, то значная частка педагогікі канцэнтруецца ва ўроку”. У педагагічнай літаратуры апошніх гадоў айчынны педагог-вучоны Ю.А.Канаржэўскі дае азначэнне сучаснаму ўроку. Па яго меркаванні, сучасны ўрок — гэта перш за ўсё ўрок, на якім настаўнік умела выкарыстоўвае ўсе магчымасці для развіцця асобы навучэнца, яе актыўнага разумовага росту, глыбокага і ўсвядомленага засваення ведаў, для фарміравання яе маральных асноў.
Урок — гэта маленькі твор мастацтва з завязкай, кульмінацыяй і развязкай, на якім закранаюцца тонкія струны дзіцячай душы. І калі яны загучаць, як адзіная мелодыя, то ўрок удаўся. Важна, каб на кожным уроку дзіця перажывала радасць адкрыцця, каб у яго фарміравалася вера ў свае сілы. Урок — гэта сутворчасць настаўніка і навучэнцаў, дзе абавязкова прысутнічае імправізацыя.
Сучасны ўрок — гэта цэласны, абмежаваны пэўнымі межамі часу адрэзак адукацыйнага працэсу, галоўнай мэтай якога з’яўляецца развіццё асобы кожнага навучэнца ў працэсе навучання і выхавання. У ім прадстаўлены ва ўзаемадзеянні ўсе асноўныя элементы адукацыйнага працэсу: мэты, змест, метады і арганізацыя. Якасць урока залежыць ад правільнага вызначэння кожнага з гэтых кампанентаў і іх рацыянальнага спалучэння. Перадумова паспяховага ўрока — у якасці яго падрыхтоўкі.

— Вельмі часта маладыя спецыялісты адчуваюць цяжкасці ў падрыхтоўцы і правядзенні ўрока. На якія моманты пры планаванні варта звярнуць увагу?
— “З урока пачынаецца вучэбна-выхаваўчы працэс, урокам ён і заканчваецца. Усё астатняе ў школе адыгрывае хоць і важную, але дапаможную ролю, дапаўняючы і развіваючы ўсё тое, што закладваецца ў ходзе ўрокаў”, — так ацаніў урок Ю.А.Канаржэўскі. Урокі бываюць рознымі: добрымі і дрэннымі, цікавымі і сумнымі, пазнавальнымі і марнымі. Сапраўдны ўрок пачынаецца не са званка, а задоўга да яго. Для таго каб урок стаў сапраўды навучальным, яго варта дакладна падрыхтаваць, спраектаваць. Як канструктар рыхтуе праект будучай машыны, а архітэктар — чарцёж будучага будынка, так і настаўнік павінен дакладна прадумаць усе метады і формы работы па вывучэнні той ці іншай тэмы, з улікам яе спецыфікі, узроўню падрыхтаванасці і ўзросту навучэнцаў, пастаўленых мэт. Маладым спецыялістам можна ўзяць за аснову наступную памятку па праектаванні ўрока:
— Запішыце тэму ўрока.
— Правядзіце дыягностыку прычын поспехаў і няўдач папярэдняга ўрока, дасягнутых узроўняў навучанасці і асобаснага развіцця навучэнцаў, магчымасцей забяспечыць высокую рэзультатыўнасць урока.
— Вызначце ўмовы, пры якіх будзе праводзіцца ўрок.
— Вызначце нарматыўныя і метадычныя патрабаванні, якія неабходна будзе ўлічыць пры праектаванні і правядзенні вучэбных заняткаў.
— Вызначце тып і месца ўрока ў вучэбным раздзеле.
— Сфармулюйце вучэбную мэту і падбярыце вучэбны змест.
— Устанавіце задачы асобаснага развіцця навучэнцаў і сплануйце развіццёвыя сітуацыі.
— Спрагназуйце маючыя адбыцца заняткі.
— Сплануйце кантроль за дзейнасцю навучэнцаў на ўроку.
— Прадумайце заданні на дом.
— Вызначце паслядоўнасць, працягласць і вынікі кожнага этапу ўрока.
— Вызначце метады работы настаўніка і навучэнцаў для кожнага з этапаў урока.
— Падбярыце сродкі навучання.
— Складзіце тэхналагічную карту (план, канспект) урока.
— Ацаніце эфектыўнасць распрацаванага ўрока.
Лічу мэтазгодным папярэдзіць пачынаючых педагогаў, што калі рыхтуешся асобна да кожнага ўрока, то цэласнай сістэмы навучання не атрымаецца: непазбежны паўторы, пропускі, нерацыянальныя выдаткі вучэбнага часу і г.д.

— На ваш погляд, якія патрабаванні да сучаснага ўрока найбольш важныя? Што можна і чаго катэгарычна нельга рабіць на ўроку?
— Да сучаснага ўрока прад’яўляецца вялікая колькасць патрабаванняў. Спынюся на некаторых з іх. Па-першае, урок — гэта педагагічная з’ява, і таму ён павінен адрознівацца цэласнасцю, унутранай узаемазвязанасцю частак, адзінай логікай разгортвання дзейнасці настаўніка і навучэнцаў. Урок павінен быць эмацыянальным, выклікаць інтарэс да навучання і выхоўваць патрэбу ў ведах. Дамінаваць на ўроку павінна атмасфера добразычлівасці і актыўнага ўзаемадзеяння. Тэмп і рытм урока павінны быць аптымальнымі, дзеянні настаўніка і навучэнцаў — завершанымі. Па-другое, выкладанне вучэбнага матэрыялу на ўроку можа і павінна быць варыятыўным па сваёй структуры. Частка матэрыялу павінна быць атрымана навучэнцамі ў працэсе самастойнага пошуку шляхам рашэння пошукавых задач. Па-трэцяе, вучэбны працэс нельга ўявіць без шматразовага паўтарэння вучэбнага матэрыялу. Форма паўтарэння можа быць рознай у залежнасці ад мэт урока і яго зместу. Істотным бокам урока з’яўляецца індывідуалізацыя і дыферэнцыяцыя навучання. Акрамя таго, на ўроках павінен быць сістэматычны і планамерны кантроль за працэсам і вынікамі вучэбнай дзейнасці навучэнцаў. Галоўны крытэрый якасці ўрока — дасягненне запланаваных мэт.
Чаго катэгарычна нельга рабіць на ўроку настаўніку? Думаю, быць абыякавым і пасіўным. Захапляцца кантролем, імкнуцца апытаць многіх навучэнцаў і выставіць ім адзнакі, тым самым памяншаючы час на вывучэнне вучэбнага матэрыялу, адпрацоўку ўменняў і навыкаў, іх абагульненне і сістэматызацыю. Нельга таксама пагарджаць кантрольна-ацэначнай дзейнасцю на ўроку, бо навучэнцы павінны вучыцца ацэньваць уласную дзейнасць, яе вынікі і адэкватна адносіцца да ацэнкі іх дзейнасці аднакласнікамі і настаўнікам. Такая дзейнасць на ўроку дазволіць авалодаць школьнікам уменнямі і інструментарыем ацэначнай дзейнасці і актыўна рэалізоўваць іх у рэальным жыцці. Акрамя таго, педагогу нельга абвінавачваць навучэнцаў ва ўсіх сваіх прафесійных няўдачах. Як падрыхтаваны і праведзены ўрок, як арганізавана дзейнасць школьнікаў, кантрольна-ацэначная дзейнасць навучэнцаў і настаўніка, якія выкарыстаны сродкі павышэння вучэбнай матывацыі, актывізацыі пазнавальнай дзейнасці і многае іншае, — залежыць ад настаўніка.

— У апошні час распаўсюджана меркаванне, што традыцыйныя класічныя ўрокі неэфектыўныя і ад іх трэба адмаўляцца. Вы згодны з гэтым? Ці ўсё ж такія ўрокі неабходны на этапе станаўлення настаўніка як прафесіянала?
— Часта кіраўнікі ўстаноў адукацыі скардзяцца на тое, што ў педагагічных УВА не рыхтуюць студэнтаў адпаведным чынам. Маладыя спецыялісты не валодаюць сучаснымі адукацыйнымі тэхналогіямі, методыкай правядзення нестандартных урокаў і г.д. Гэтыя кіраўнікі забываюць, што традыцыйны ўрок — гэта класічны, які ляжыць у аснове любога сучаснага ўрока. Толькі авалодаўшы асновамі традыцыйнага ўрока, педагог зможа правесці эфектыўны ўрок любога тыпу, у любой форме, з выкарыстаннем сучасных адукацыйных тэхналогій і без іх. Многія вопытныя педагогі і сёння аддаюць перавагу класічнаму ўроку, крэйдзе і дошцы і пры гэтым дабіваюцца дастаткова высокіх вынікаў у навучанні школьнікаў. Таму кожны выбірае па сабе. Аднак неабходна памятаць, што мяняецца адукацыйная прастора, грамадства, дзеці, час. Вучэбныя заняткі сёння — гэта цікавае, пазнавальнае, развіццёвае дзеянне, якое пашырае кругагляд, стварае ўмовы для прырошчвання кожным вучнем ведаў, уменняў і навыкаў.

— Ала Георгіеўна, часта ад пачынаючых педагогаў можна пачуць скаргі на напісанне планаў-канспектаў: маўляў, адміністрацыя патрабуе ў абавязковым парадку. Як, па-вашаму, ці патрэбны канспекты? Для чаго? У якім выглядзе яны павінны быць (разгорнутыя, сціслыя і г.д.)?
— Маладым спецыялістам можна прапанаваць адказаць на пытанне: “Хто больш рыхтуецца да ўрока — вопытны педагог ці пачынаючы?” Многія з іх адкажуць, што, безумоўна, яны больш часу затрачваюць на падрыхтоўку да ўрока, што ў іх зусім не застаецца вольнага часу. Аднак рэаліі такія, што менавіта вопытныя педагогі больш часу ўдзяляюць падрыхтоўцы да ўрока. Яны доўга плануюць сваю дзейнасць і дзейнасць навучэнцаў, вызначаючы індывідуальную траекторыю развіцця кожнага навучэнца. Добра спланаваны і падрыхтаваны ўрок — гэта перадумова поспеху і якаснага выніку.
Для пачынаючага педагога канспект урока — гэта шпаргалка, падказка, даведнік, апора. Форму планавання ўрока (план, канспект, тэхналагічная карта, метадычная распрацоўка) настаўнік мае права вызначаць сам. Галоўнае, каб гэтая форма дазваляла скаардынаваць работу настаўніка і навучэнцаў на ўроку, дакладна яе структураваўшы па суб’ектах, дзеяннях, аперацыях, аб’ектах, часе.

— Часавыя межы ўрока часта аказваюцца вузкімі для маладых спецыялістаў. Як бы вы параілі вырашыць гэтую праблему?
— Пачынаючым педагогам не хапае часу, бо ў іх у поўнай меры яшчэ не сфарміравана ўменне планаваць урок і дакладна размяркоўваць час. Маладому педагогу складана адбіраць неабходны аб’ём зместу, якім павінны авалодаць навучэнцы на ўроку, вызначаць працягласць кожнага этапу ўрока, улічваць узровень падрыхтаванасці навучэнцаў да выканання вучэбнага задання і, як вынік, — немагчымасць дакладна вызначыць час на выкананнне гэтага задання ды і проста адчуваць час на ўроку. Таму ў плане ўрока неабходна фіксаваць час, адведзены на кожны этап урока, на выкананне вучэбных заданняў, на тлумачэнне настаўніка, на самастойную работу навучэнцаў і інш. Самае галоўнае, што павінен засвоіць педагог, — адсутнасць добра складзенага плана (канспекта, тэхналагічнай карты і інш.) урока вядзе да большай страты часу і галоўнае — рэзка зніжае яго эфектыўнасць.

— Як вы лічыце, каб падабраць метады і прыёмы работы, якія настаўнік жадае выкарыстоўваць на ўроку, ці патрэбна загадзя праводзіць дыягностыку ведаў навучэнцаў?
— На кожным уроку настаўніку пажадана праводзіць стартавую і выхадную дыягностыку. Стартавая дыягностыка, праведзеная ў рознай форме, дазваляе педагогу вызначыць узровень ведаў і ўменняў навучэнцаў па тэме, што вывучаецца, і скарэкціраваць уласную педагагічную дзейнасць на ўроку. Выхадная дыягностыка дае магчымасць вызначыць ступень засваення навучэнцамі вучэбнага матэрыялу на ўроку, скарэкціраваць аб’ём і форму дамашняга задання. З улікам праведзенай на ўроку дыягностыкі настаўніку лягчэй адабраць вучэбны змест, неабходны для засваення навучэнцамі на наступным уроку, метады і прыёмы навучання. Хачу падкрэсліць, што дыягностыка не азначае тэст. Гэта могуць быць розныя вусныя і пісьмовыя заданні.

— Ала Георгіеўна, на ваш погляд, ці на кожным уроку настаўнік павінен працаваць над матывацыяй навучэнцаў, каб яны не згубілі жадання вывучаць яго прадмет?
— Сёння настаўнік, вырашаючы праблему якасці навучання, стварэння ўмоў для развіцця і самаразвіцця асобы, вымушаны асаблівую ўвагу ўдзяляць матывацыі навучання. Каб забяспечыць вучэбную матывацыю школьнікаў на ўроку, педагог павінен сам любіць сваю прафесію, быць матываваным на далейшае прафесійнае ўдасканаленне. Калі настаўнік свядома прыйшоў у прафесію, любіць дзяцей і з радасцю ідзе на работу, значыць, палова поспеху ўжо забяспечана. Другая ж палова поспеху залежыць ад таго, ці разумее педагог, што такое матывацыя, якая яна бывае, як і якім чынам варта яе падтрымліваць і павышаць.
У першы клас дзіця прыходзіць з вялікім жаданнем вучыцца. Задача настаўніка — як можна даўжэй утрымаць у ім гэтае пачуццё радаснага здзіўлення перад школай, перад таямніцамі, якія яго там чакаюць. Усе ведаюць, што вучоба — гэта сур’ёзная праца. І менавіта таму навучанне павінна быць цікавым і займальным, бо інтарэс выклікае здзіўленне, абуджае думку, жаданне зразумець тую ці іншую з’яву, знайсці правільнае рашэнне, дайсці да самай сутнасці.
Па выніках назіранняў вядучымі матывамі да вучэбнай дзейнасці ў малодшых школьнікаў з’яўляюцца жаданне атрымаць высокую адзнаку, пачуццё абавязку перад бацькамі, матыў пазбягання няўдач (пакарання). Гэта ўсё знешняя матывацыя, прымусовая, няўстойлівая. А настаўніку неабходна развіваць унутраную матывацыю, у якой вядучымі матывамі з’яўляюцца пазнавальны інтарэс, матыў поспеху і супрацоўніцтва. Таму матываванымі павінны быць дзеянні навучэнцаў падчас усяго ўрока. Для гэтага настаўніку неабходна аддаваць перавагу метадам і прыёмам навучання, якія стымулююць пазнавальныя інтарэсы, ствараюць умовы для самастойнай дзейнасці навучэнцаў з рознымі крыніцамі інфармацыі.
Дзейнасць навучэнцаў павінна быць арыентавана на творчасць, на канструяванне ўласнага адукацыйнага прадукту ў выглядзе фармулявання тэмы ўрока, мэт работы, якая адбудзецца, правіл, паняццяў, вучэбных заданняў і інш., на ўсведамленне імі сваёй вучэбнай дзейнасці (рэфлексія). Рэфлексія з’яўляецца важным механізмам развіцця асобы. Метады і прыёмы, якія адбірае педагог, павінны адпавядаць патрэбам і інтарэсам школьнікаў, выклікаць у іх станоўчыя эмоцыі, жаданне ажыццяўляць гэтую дзейнасць без прымусу і асаблівага напружання. Немалаважнае значэнне для павышэння вучэбнай матывацыі маюць сітуацыя поспеху, інтэграцыя інтэлектуальнага і эмацыянальнага ў навучанні за кошт разнастайных метадычных і мастацкіх сродкаў; здольнасць настаўніка ярка выяўляць свае адносіны да ўсяго, што адбываецца на вучэбных занятках; стыль зносін педагога з навучэнцамі; пэўная ступень свабоды і імправізацыі на ўроку.

— Ад многіх вопытных настаўнікаў даводзілася чуць, што добрая дысцыпліна — гэта перадумова эфектыўнага ўрока. Ці згодны вы з гэтым? Некаторыя амбіцыйныя маладыя педагогі лічаць, што навучэнцы павінны дысцыплінавана слухаць настаўніка. Іншыя імкнуцца “заігрываць” з навучэнцамі, што, як правіла, у лепшым выпадку заканчваецца здзіўленнем: “Я з імі на роўных, а яны…”. Трэція паводзяць сябе вельмі сур’ёзна, што таксама ўспрымаецца навучэнцамі неадназначна. Як маладому педагогу дабіцца дысцыпліны на ўроку?
— З цяжкасцямі наладжвання дысцыпліны на ўроку сутыкаюцца не толькі маладыя, але і вопытныя педагогі. Адсутнасць парадку вельмі негатыўна сказваецца на засваенні вучэбнай інфармацыі. Каб наладзіць кантакт з навучэнцамі і забяспечыць дысцыпліну ў класе, настаўніку спачатку неабходна вызначыцца, навошта яму патрэбна дысцыпліна. Мёртвая цішыня ў класе падчас урока зусім не гарантуе засваення вучэбнага матэрыялу. Варта памятаць, што дысцыпліна на ўроку ствараецца не шляхам запалохвання, муштры і пакарання. Сэнс дысцыпліны не ў безагаворачнай паслухмянасці дзяцей, а ў магчымасці класа нармальна працаваць на ўроку. Дысцыпліна — гэта калі на ўроку ўсе навучэнцы заняты справай: слухаюць тлумачэнні настаўніка, абмяркоўваюць праблемы, што ўзнікаюць, разам альбо ў групах, рашаюць задачы, выконваюць практыкаванні, праводзяць доследы і інш. Сапраўдная дысцыпліна — гэта парадак, але не дзеля самога парадку, а дзеля стварэння ўмоў для прадукцыйнай працы. Такім чынам, якасць дысцыпліны можна вымераць прадукцыйнасцю навучання. Пачынаючым педагогам для наладжвання дысцыпліны на ўроку можна параіць наступнае. Па-першае, забяспечыць занятасць кожнага навучэнца справай. На ўроку настаўнік павінен быць максімальна ўважлівым, быць у курсе ўсяго, што адбываецца ў класе, умець сачыць за поспехамі кожнага навучэнца, далучаць да работы як мага больш школьнікаў, пазбягаць таго, каб некаторыя з іх заставаліся без увагі. Па-другое, кантраляваць тэмп урока. Настаўнік вядзе ўрок так, каб клас пастаянна рухаўся наперад, без непатрэбных прыпынкаў, дынамічна. Моцныя навучэнцы хутка спраўляюцца з прапанаванымі заданнямі. Каб яны не згубілі інтарэс да ўрока і не пачалі забаўляць сябе самастойна, іх дзейнасць павінна быць спланавана настаўнікам у тэмпе іх работы. Па-трэцяе, устанавіць агульныя для ўсіх правілы. Усе навучэнцы павінны дакладна прытрымлівацца ўстаноўленых класам правіл, што дазволіць сэканоміць на ўроку шмат часу і дабіцца таго, каб сам клас быў нецярпімы да парушэнняў дысцыпліны. Настаўніку тады не прыйдзецца некалькі разоў адказваць на адны і тыя ж пытанні. Па-чацвёртае, матываваць вучэбную дзейнасць навучэнцаў. Настаўніку варта імкнуцца ствараць пазітыўныя адносіны школьнікаў да навучання, стымуляваць іх дапытлівасць. Пры вывучэнні вучэбнага матэрыялу неабходна ўлічваць суб’ектны вопыт навучэнцаў, іх інтарэсы, вучыць супрацоўнічаць, падтрымліваць добрыя паводзіны і абапірацца на моцныя бакі кожнага. Па-пятае, ствараць сітуацыю поспеху. Педагог павінен выбіраць такія метады навучання, якія дадуць магчымасць навучэнцам фіксаваць свой паступовы рост ад этапу да этапу, што дае пачуццё ўпэўненасці, развівае самапавагу і адчуванне ўласнай годнасці. І апошняе, педагог павінен стаць аўтарытэтам для навучэнцаў. Маладому настаўніку я парэкамендавала б быць больш упэўненым у сабе, быць самім сабой і не імкнуцца наладзіць дысцыпліну любой цаной (крык, лаянка, уплыў дырэктара і г.д.) — гэта вядзе да страты аўтарытэту. Лепш думаць пра тое, як захапіць дзяцей, зрабіць урок цікавым для іх.

— Яшчэ адной з праблем, якія ўзнікаюць у пачынаючых настаўнікаў, з’яўляецца праблема ацэньвання ведаў навучэнцаў. На вашу думку, чаму яна ўзнікае і як яе вырашыць?
— Праблемы пры ацэньванні вынікаў вучэбнай дзейнасці навучэнцаў узнікаюць не толькі ў пачынаючых педагогаў, з імі сутыкаюцца і больш вопытныя калегі. На мой погляд, гэтыя цяжкасці ўзнікаюць, па-першае, з-за таго, што педагогі, калі вучыліся ў школе, мелі вопыт ацэньвання па іншай сістэме, якая адрозніваецца ад сучаснай, дзесяцібальнай. Па-другое, некаторыя настаўнікі не валодаюць тэарэтычнымі асновамі гэтай дзейнасці. Па-трэцяе, педагогі могуць асвоіць тэарэтычныя асновы кантрольна-ацэначнай дзейнасці, але, не бачачы ўзору рэалізацыі ў практыцы дзейнасці педагога-калегі, могуць адчуваць цяжкасці пры ажыццяўленні кантрольна-ацэначнай дзейнасці. Інакш кажучы, педагогі не маюць дастатковага вопыту ажыццяўлення гэтай дзейнасці як пад чулым кіраўніцтвам педагога-майстра, так і самастойна. А ад умення і стылю ацэньвання ў многім залежыць, як складуцца ўзаемаадносіны настаўніка і навучэнцаў, ці будзе забяспечана эмацыянальна спрыяльнае асяроддзе для іх развіцця і, як вынік, — эфектыўнасць адукацыйнага працэсу.
Каб вырашыць гэтую праблему, неабходна дапамагчы маладым настаўнікам асвоіць нарматыўныя прававыя дакументы, якія рэгулююць кантроль і ацэнку вынікаў вучэбнай дзейнасці навучэнцаў. Затым у межах метадычнай работы арганізаваць практыкум па авалоданні метадамі і прыёмамі кантрольна-ацэначнай дзейнасці, забяспечыць настаўніцтва для асобных педагогаў. Наступным этапам работы будзе кантроль за ажыццяўленнем гэтай дзейнасці педагогамі непасрэдна на вучэбных занятках і карэкцыя.

— Ала Георгіеўна, хто павінен дапамагчы маладому педагогу ў першыя месяцы, гады яго прафесійнай дзейнасці, каб ён не расчараваўся ў прафесіі?
— Матываваны малады педагог, які пераступіў парог школы і ўвайшоў у клас да сваіх першых вучняў, спадзяецца, што ў яго ўсё атрымаецца. Аднак, каб ён адаптаваўся да новых умоў, спасцігнуў азы сваёй прафесіі, неабходна дапамога і падтрымка вопытных педагогаў. Адказнасць за фарміраванне спецыяліста ляжыць на кіраўніку ўстановы адукацыі, яго намесніках, метадыстах раённага вучэбна-метадычнага кабінета, на кіраўніку “Школы маладога настаўніка”. Менавіта яны ў першыя гады работы дапамагаюць маладому педагогу адаптавацца да новых умоў, вызначыцца ў асобасна прафесійным развіцці. Узаемаадносіны з калегамі ствараюць пэўнае асяроддзе, у якім фарміруецца педагог. Таму вельмі важна, каб жыццё ва ўстанове адукацыі будавалася па законах педагагічнай этыкі, на прынцыпах узаемапавагі і ўзаемадапамогі. Кіраўнікі і вопытныя педагогі павінны стаць для пачынаючых настаўнікаў прыкладам для пераймання ва ўсім: у прафесійнай дзейнасці, у асобасным развіцці і ў зносінах. Рост маладога спецыяліста ў многім залежыць ад узроўню кіраўніцкай культуры кіраўніка ўстановы адукацыі.
Каб малады настаўнік не расчараваўся ў прафесіі, варта выяўляць і падтрымліваць яго моцныя бакі, развіваць і стымуляваць станоўчае. Аб’ектыўная ацэнка дзейнасці педагога і пахвала за станоўчыя вынікі ствараюць перадумовы для прафесійнага ўдасканалення.

— Вялікі дзякуй за гутарку.

 

Гутарыла Наталля КАЛЯДЗІЧ.
Фота аўтара.