Музейная практыка як фактар паспяховасці навучэнцаў

Рэспубліканскі семінар кіраўнікоў музеяў устаноў адукацыі “Музей установы адукацыі — цэнтр актывізацыі пошукавай, даследчай і праектнай краязнаўчай дзейнасці” адбыўся ў Віцебскай вобласці. Арганізатарамі семінара выступілі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, Рэспубліканскі цэнтр экалогіі і краязнаўства, упраўленне адукацыі Віцебскага аблвыканкама, абласны Палац дзяцей і моладзі і Віцебскі райвыканкам. Адкрыццё форуму прайшло на базе Віцебскага абласнога краязнаўчага музея.

Гасцей семінара віталі загадчык аддзела выхаваўчай работы ўпраўлення адукацыі Віцебскага аблвыканкама Валерый Кунашка, намеснік дырэктара па вучэбна-метадычнай рабоце Рэспубліканскага цэнтра экалогіі і краязнаўства Лідзія Каліноўская і загадчык аддзела краязнаўства і патрыятычнага выхавання Рэспубліканскага цэнтра экалогіі і краязнаўства Аляксандра Кравец. З праблемамі і здабыткамі сучаснай прафесійнай музейнай адукацыі азнаёміла загадчык кафедры гісторыі Беларусі і музеязнаўства Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў, доктар гістарычных навук, прафесар Марыя Бяспалая. Перспектывы развіцця Дзяржаўнага каталога Музейнага фонду Рэспублікі Беларусь акрэсліў намеснік дырэктара Нацыянальнага гістарычнага музея Аляксандр Храмы. Вопытам стварэння эфектыўных мадэлей узаемадзеяння дзяржаўнага музея з установамі адукацыі вобласці падзялілася загадчык навукова-асветніцкага аддзела Віцебскага абласнога краязнаўчага музея Алена Зорына.

— Асаблівую ўвагу мы ўдзяляем праектам, якія дапамагаюць актывізаваць пошукавую, даследчую і праектную краязнаўчую дзейнасць, — адзначыла Аляксандра Кравец. — Наша мэта не арганізаваць музей у кожнай школе, а стварыць прывабны для гасцей адукацыйны цэнтр, дзе акумулююцца артэфакты мясцовай гісторыі і культуры і жыве памяць аб падзеях мінулага пэўнай мясцовасці.

Мясцовы краязнаўчы матэрыял найбольш блізкі, наглядны, а таму менавіта ён дазваляе навучэнцам успрыняць працэс станаўлення і развіцця нацыянальнай культуры. Дзякуючы музейным прадметам навучэнцы асабіста судакранаюцца з рэгіянальнымі гістарычнымі падзеямі, фактамі і такім чынам замацоўваюць, пашыраюць атрыманыя на ўроках веды. Моладзь выступае не як спажывец прадукту музейнай дзейнасці, а як актыўны яго стваральнік. Сённяшняя задача — арганічна ўключыць музейную дзейнасць у адукацыйны працэс.

Удзельнікі семінара з цікавасцю азнаёміліся з вопытам выкарыстання архіўных дакументаў у краязнаўчай рабоце, які прадставіла вядучы архівіст дзяржаўнага архіва Віцебскай вобласці Святлана Мясаедава. Аб ролі музеяў устаноў адукацыі Віцебшчыны ў грамадска-патрыятычным выхаванні вучнёўскай моладзі расказаў настаўнік гісторыі Віцебскага кадэцкага вучылішча дацэнт кафедры гісторыі Беларусі ВДУ імя П.М.Машэрава Мікалай Півавар.

Ва ўстановах адукацыі краіны дзейнічае каля 1,5 тысячы музеяў. Важная задача, якая стаіць перад іх кіраўнікамі, — захаваць цікаўнасць дзяцей і падлеткаў, разумна далучыць іх да музейнага жыцця праз паходы, экспедыцыі, экскурсіі, вандроўкі, што з’яўляюцца неад’емнай часткай музейнай дзейнасці і асабліва прывабліваюць моладзь. Безумоўна, інфармацыйнае забеспячэнне адукацыйнага працэсу музеямі ўстаноў адукацыі немагчымае без шырокага выкарыстання сучасных тэхнічных сродкаў, што дае навучэнцам прастору для самастойнасці і ініцыятывы. Актуальнымі застаюцца пошук новых адукацыйных тэхналогій і гатоўнасць педагогаў выкарыстоўваць іх у сваёй рабоце, арганізацыя віртуальных музеяў, экспазіцый і выстаў, краязнаўчых гульняў, інтэрнэт-канферэнцый і г.д. Пацвярджэннем актыўнага прымянення музеямі ўстаноў адукацыі сучасных тэхналогій стала паспяховая прэзентацыя іх дзейнасці на нацыянальных форумах “Музеі Беларусі” ў Гродне, Гомелі і Магілёве.

У рамках работы семінара госці пазнаёміліся з лепшымі музеямі ўстаноў агульнай сярэдняй і вышэйшай адукацыі Віцебскай вобласці. Сістэму грамадзянска-патрыятычнага выхавання моладзі ва ўстановах адукацыі раёна прадставіла начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Віцебскага райвыканкама Вольга Разанава. Да абмеркавання вопыту работы музеяў устаноў адукацыі па актывізацыі захавання гісторыка-культурнай спадчыны праз праектную дзейнасць музеяў запрасілі намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце Цэнтра дзяцей і моладзі Віцебскага раёна Наталля Прыгожая, кіраўнік школьнага гісторыка-этнаграфічнага музея настаўніца беларускай мовы і літаратуры Вымнянскага дзіцячага сада — сярэдняй школы Віцебскага раёна Наталля Вінаградава і загадчык народнага гісторыка-этнаграфічнага музея “Гісторыя Заронаўскага краю” Людміла Нікіціна. Акрамя згаданых музеяў Віцебскага раёна, госці наведалі музейны комплекс “Горад дзяцінства” на базе ясляў-сада № 11 абласнога цэнтра, а таксама музеі ВДУ імя П.М.Машэрава, у тым ліку народны музей гісторыі ўніверсітэта, народны музей П.М.Машэрава, народны літаратурны музей і народны музей біялагічнага факультэта.

— Музей не толькі адлюстроўвае гісторыю і выступае крыніцай гістарычных звестак, але і фарміруе ў чалавека асабістае стаўленне да гістарычных фактаў і такім чынам набывае важную ролю ў выхаванні маладога пакалення, — акцэнтавала ўвагу прарэктар ВДУ па выхаваўчай рабоце кандыдат гістарычных навук Ірына Бондал. — Менавіта таму ў нашым універсітэце музеі, а іх у нас 6, заўсёды былі і з’яўляюцца неад’емнай часткай сістэмы выхаваўчай работы.

Таццяна БОНДАРАВА.
Фота аўтара.

Жыхар горада над Лошыцай

Мінск — сталіца Беларусі, а значыць, самы даследаваны ў краязнаўчым плане горад краіны. Здаецца, усё лагічна і відавочна. Аднак у выдатніка адукацыі кіраўніка народнага краязнаўчага музея сярэдняй школы № 90 Мінска Станіслава Браніслававіча Холева іншае меркаванне. Педагог лічыць Мінск недастаткова даследаваным. Кожны дзень на працягу ўжо 38 гадоў ён разам з вучнямі раскрывае таямніцы горада над Свіслаччу.

Горада над Свіслаччу, горада над Нямігай, горада над Лошыцай, горада над Сярэбраным Ручаём, горада над Пярэспай, горада над Слоўсцю, горада над Дзівівелкай… Рэкі, рэчкі, рачулкі, якія на працягу стагоддзяў жывілі і жывяць Мінск сваёй гаючай сілай, — гэта толькі адзін з кірункаў даследчай работы выхаванцаў Станіслава Браніслававіча. Дарэчы, за даследаванне ракі Лошыцы ў 2013 годзе вучні 90-й школы атрымалі дыплом І ступені на Рэспубліканскім конкурсе “Сцяжынкамі Бацькаўшчыны” акцыі “Жыву ў Беларусі і тым ганаруся”.

— Хоць сталіца Беларусі даследавана, як кажуць, уздоўж і ўпоперак, яшчэ дастаткова нявывучанага, малавядомага. Гэтыя белыя плямы і з’яўляюцца тэмамі нашых даследаванняў. Адна з апошніх прысвечана рэчкам, якія раней працякалі па сучаснай тэрыторыі Мінска. Жыхары сталіцы ў асноўным ведаюць Свіслач, чулі пра Нямігу, а была ж раней і Пярэспа, і Сярэбраны Ручай (ад яго назвы пайшла назва мікрараёна Серабранка), які пачынаўся ў раёне былога аэрапорта. Яшчэ адна амаль забытая рэчка працякала ў раёне станцыі метро “Аўтазаводкская”. Гэта рэчка Слоўсць. Яна знікла з геаграфічных карт у пачатку ХХ стагоддзя. На месцы яе рэчышча засталіся каналы, уздоўж берагоў цяпер размешчаны скверы. У апісаннях старога Мінска, якія адносяцца да XVI стагоддзя, упамінаецца і рэчка Дзівівелка (цяпер там мікрараён Захад). Вельмі добра, калі адміністрацыя горада захоўвае памяць пра старыя назвы: некалькі гадоў назад парку ў мікрараёне Захад далі назву Дзівівелка, — адзначыў Станіслаў Браніслававіч.

Займаючыся разам з кіраўніком народнага краязнаўчага музея сярэдняй школы № 90 Станіславам Браніслававічам Холевым географа-краязнаўчым даследаваннем Лошыцы, вучні не толькі знайшлі сапраўдны яе выток, але і адшукалі руіны будынка, які ў ХІХ стагоддзі належаў памешчыку Немаршанскаму. Загарадны дом Немаршан-скага быў пабудаваны на высокім узгорку ва ўрочышчы Замчышча, каля вёскі Лошыцы, праз якую праходзіў старадаўні Койданаўскі тракт. Магчыма, менавіта тут, як лічыць настаўнік, і знаходзіўся летапісны Менск. На карысць прапанаванай версіі гаворыць назва ўрочышча — Замчышча (месца, дзе раней існаваў замак, умацаваны горад) і даследаваныя археолагамі курганы ХІ ст. Пра гэтую версію можна даведацца ў школьнай краязнаўчай газеце “Койданаўскі тракт”. Змяшчаюцца ў школьным выданні і пытанні методыкі краязнаўчых даследаванняў. Што тычыцца ўрочышча Замчышча і магчымага знаходжання на яго тэрыторыі летапіснага Менска, то, безумоўна, тут патрэбны сур’ёзныя навуковыя даследаванні і правядзенне археалагічных раскопак.

Разам з вучнямі і навукоўцамі настаўнік таксама ўдзельнічаў у археалагічных раскопках: у 1986 годзе на месцы былога Дамініканскага манастыра на тэрыторыі сучаснай Кастрычніцкай плошчы і ў 2002 годзе на Нямізе насупраць гандлёвага дома. А пачалося вывучэнне роднага краю для нашага героя яшчэ ў дзяцінстве. Нарадзіўся Станіслаў Браніслававіч у вёсцы Шчорсы Навагрудскага раёна. Вёска знакаміта тым, што там знаходзіўся палац Храптовічаў і вельмі прыгожы парк. Потым бацькі пераехалі ў Карэлічы. Сям’я была вялікая, жылі незаможна, таму магчымасці падарожнічаць не было. Аднак хлопчыка заўсёды цягнула ў нязведаныя мясціны і краіны. Калі прыйшоў час вызначацца з будучай прафесіяй, Станіслаў вырашыў рэалізаваць свае мары і быць геолагам. Пасля спроб стаць шахцёрам, вярнуўся ў Беларусь і паступіў на геаграфічны факультэт БДУ. Многае ў прафесійным лёсе вызначыла тэма дыпломнай работы, якая знаходзілася на стыку любімых прадметаў — геаграфіі і гісторыі. Гэта тапаніміка Панямоння. У 1978 годзе прыйшоў настаўнікам геаграфіі ў сярэднюю школу № 90 Мінска, дзе працуе ўжо 38 гадоў.

— Як і ў многіх маладых настаўнікаў, на маіх уроках у вучняў часам былі праблемы з дысцыплінай. Каб вырашыць гэтыя пытанні і зацікавіць вучняў, адразу арганізаваў геаграфічны гурток, які перарос у краязнаўчы клуб “Брыганціна”. Пачаліся падарожжы. Калісьці праводзілася экспедыцыя “Мая Радзіма СССР”, накшталт сучаснай акцыі “Жыву ў Беларусі і тым ганаруся”. Удзельнікам экспедыцыі давалася маршрутная кніжка. За наведванне, скажам, 50 аб’ектаў Мінскай вобласці вучань атрымліваў значок ІІІ ступені. На значок ІІ ступені неабходна было наведаць такую ж колькасць мясцін па Беларусі, а каб атрымаць залаты значок, трэба было аб’ездзіць амаль увесь Саюз. Мае вучні атрымалі бронзавы, сярэбраны і залаты значкі і былі аднымі з першых у Беларусі, хто дасягнуў такіх краязнаўчых вяршынь. За гады дзейнасці “Брыганціны” ў клубе займалася больш за 500 вучняў, — падзяліўся педагог.

Сёння сваю краязнаўчую зацікаўленасць, жаданне знаходзіць, даследаваць Станіслаў Браніслававіч сканцэнтраваў на метадычнай рабоце (выдадзены дапаможнік па факультатыўным курсе “Раёназнаўства”, брашура па гісторыі школы, падрыхтаваны да друку дапаможнік для настаўнікаў па арганізацыі краязнаўчай работы са школьнікамі) і папаўненні экспазіцыі школьнага музея. Пра народны краязнаўчы музей сярэдняй школы № 90 Мінска, пра музейную дзейнасць вядомага педагога-краязнаўца мы абавязкова раскажам больш падрабязна ў адным з наступных нумароў нашага выдання.

Ігар ГРЭЧКА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.

У імя славутага выпускніка

У Пярэжырскай школе Пухавіцкага раёна адкрыты музей імя Анатоля Емяльянавіча Гурыновіча. З 2000 года школа носіць імя свайго знакамітага выпускніка, былога міністра замежных спраў БССР, дыпламата, патрыёта сваёй краіны. Адкрыццё музея было прымеркавана да святкавання 150- годдзя ўстановы.

Урачыстае адкрыццё музея адбылося з удзелам дэлегацыі Міністэрства замежных спраў Рэспублікі Беларусь. Ганаровае права перарэзаць чырвоную стужку было прадастаўлена намесніку міністра замежных спраў Рэспублікі Беларусь Я.А.Шастакову і начальніку ўпраўлення адукацыі Г.М.Казак.

— Сёння мы паўдзельнічалі ў цырымоніі адкрыцця музея, дзе ўбачылі экспазіцыі, якія дадуць шмат новага для патрыятычнага выхавання дзяцей і моладзі, — адзначыла Галіна Мікалаеўна Казак. — Гэта ўнікальны ў сваім родзе музей, які будзе карысна наведаць вучням не толькі Мінскай вобласці, але і ўсёй краіны.

Сапраўды, шэсць раздзелаў залы не проста раскажуць наведвальнікам пра біяграфію знакамітага беларуса праз фотаздымкі, дакументы і рэчы, але і дапамогуць вынесці з гэтага шмат карыснага. У дзень адкрыцця музея экскурсію, можна сказаць, па жыцці знакамітага выпускніка Пярэжырскай школы правяла настаўніца гісторыі Наталля Аўсянік разам з навучэнкай установы Дар’яй Бузук. Першая зала музея знаёміць з дзяцінствам А.Гурыновіча. Яго бацькі — Васіліса Васільеўна (якая потым 25 гадоў будзе працаваць дырэктарам Пярэжырскай школы) і Емяльян Фаміч — хоць былі простымі сялянамі, але імкнуліся атрымаць адукацыю, вывучыць сына. Падчас вайны Анатоль Гурыновіч разам з бацькам і маці стаў сувязным Мінскага падпольнага гаркама партыі. За свой уклад у змаганне з нямецка-фашысцкімі захопнікамі Анатоль Гурыновіч быў узнагароджаны медалямі “Партызану Айчыннай вайны” і “За перамогу над Германіяй”.

Пасля вайны і вучобы Анатоль Емяльянавіч служыў сакратаром Пастаяннага прадстаўніцтва СССР пры ААН у Нью-Ёрку. Выконваючы службовыя абавязкі ў рэферэнтуры па эканамічных пытаннях, А.Гурыновіч займаўся і справамі, звязанымі з хуткім адкрыццём Пастаяннага прадстаўніцтва Беларусі пры ААН. Пазней быў назначаны міністрам замежных спраў БССР. Анатоль Емяльянавіч заўсёды змагаўся за краіны, якія пакутавалі ад голаду, агрэсіі і бяспраўя. Як дыпламата яго прызнавалі не толькі ў Беларусі, але і далёка за яе межамі.

Вікторыя ГОМЗА.
Фота аўтара.

Сучасна — пра традыцыі

Візітоўкай любой установы адукацыі, як вядома, з’яўляецца музей. А музею вядучай педагагічнай альма-матар краіны проста наканавана быць узорнай візітоўкай, сумяшчаць лепшыя традыцыі музейнай педагогікі з дасягненнямі сучасных інфармацыйных тэхналогій. Менавіта такі музей і быў урачыста адкрыты 21 лістапада ў Беларускім дзяржаўным педагагічным універсітэце імя Максіма Танка па ініцыятыве рэктара Аляксандра Іванавіча Жука.

21 лістапада 1914 года — адкрыццё Мінскага настаўніцкага інстытута. 1936 год — Мінскаму дзяржаўнаму педагагічнаму інстытуту прысвоена імя А.М.Горкага. 2 верасня 1944 года — аднаўленне дзейнасці МДПІ. 1966 год — І Зорны паход студэнтаў і выкладчыкаў па месцах баявой і працоўнай славы. 1995 год — прысваенне Беларускаму дзяржаўнаму педагагічнаму ўніверсітэту імя народнага паэта Беларусі Максіма Танка. 2007 год — уступленне ў Еўразійскую асацыяцыю ўніверсітэтаў…

Гэта толькі невялікая частка асноўных вех гісторыі БДПУ. А колькі такіх вех у асабістым студэнцкім жыцці можа назваць кожны з выпускнікоў? Першая лекцыя, першы залік, першы экзамен, першая практыка, першы дзяржаўны экзамен… Пра ўсе гэтыя вехі (агульнаўніверсітэцкія і асабістыя) расказваюць фотаздымкі, архіўныя матэрыялы, пісьмы і ўспаміны, разнастайныя прадметы. Экспазіцыя арыентавана на выпускнікоў і выкладчыкаў розных пакаленняў, але ў першую чаргу сённяшніх студэнтаў.

— Наша альма-матар адзначае Дзень універсітэта, а ў святы прынята рабіць падарункі. Абноўленая экспазіцыя музея — гэта своеасаблівае падарожжа ў часе, аповед пра дзейнасць сучаснай навучальнай установы, якая набыла дзяржаўнае і міжнароднае прызнанне. У музеі прадстаўлены ўнікальныя экспанаты, якія раскрываюць дынаміку развіцця і станаўлення ўніверсітэта на гістарычным фоне развіцця краіны і ўклад ВНУ ў развіццё адукацыі Беларусі. Гэта жывая памяць пра людзей і падзеі, пра студэнтаў, выкладчыкаў і рэктараў, чые імёны ўпісаны ў летапіс універсітэта. Мы па праве ганарымся дасягненнямі нашых выпускнікоў, вядомых дзеячаў навукі, культуры, адукацыі. Музейны матэрыял паказвае наведвальнікам пераемнасць пакаленняў, захаванне традыцый, — адзначыў Аляксандр Іванавіч Жук.

Кожны стэнд музея — гэта дзесяцігоддзе жыцця ўстановы. Значная частка фондаў даступна наведвальнікам у электронным выглядзе. У інфакіёсках размешчаны не толькі гістарычныя дакументы, але і сучасныя фота- і відэаматэрыялы, якія адлюстроўваюць насычанае вучэбнае, культурнае, грамадскае і спартыўнае жыццё флагмана педагагічнай адукацыі краіны. У кожнага экспаната ёсць QR-код, які дае наведвальнікам магчымасць пры дапамозе гаджэтаў і спецыяльнага дадатку атрымаць падрабязную інфармацыю аб тым ці іншым дакуменце. Абноўленая экспазіцыя разам з мастацкай галерэяй “Асветнікі зямлі беларускай” стане асновай музейна-адукацыйнай прасторы ўніверсітэта і будзе цікавая не толькі студэнтам, але і навучэнцам профільных педагагічных класаў, абітурыентам, гасцям універсітэта.

Адкрыццё музея прайшло ў цёплай сямейнай атмасферы, паколькі сённяшнія выкладчыкі і студэнты, а таксама прадстаўнікі розных пакаленняў выпускнікоў — гэта адна вялікая педагагічная сям’я. “Мне заўсёды радасна пераступаць парог роднай альма-матар, я ніколі не бываю тут госцем. Ва ўніверсітэце робіцца многае, каб захаваць і перадаць лепшыя традыцыі педагагічнага майстэрства будучым пакаленням. Экспазіцыя будзе расказваць пра гэтыя традыцыі і выхоўваць студэнцкую моладзь”, — адзначыў акадэмік-сакратар аддзялення гуманітарных навук і мастацтваў НАН Беларусі, член-карэспандэнт, доктар гістарычных навук, прафесар, выпускнік 1975 года Аляксандр Аляксандравіч Каваленя.

102 гады — гэта цэлая эпоха, гэта прыкладна 20 пакаленняў студэнтаў, якія разам з выкладчыкамі дзякуючы сваёй плённай вучобе, навуковай дзейнасці, актыўнаму грамадскаму жыццю стваралі летапіс універсітэта. Традыцыі працягваюцца, летапіс дапаўняецца, экспазіцыя ўзбагачаецца…

Ігар ГРЭЧКА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.

Пры вялікім горадзе

Калі чалавек жыве ў вёсцы, у сваім доме, мае агарод, гаспадарку, значыць, ён хто? Правільна, вясковец. А калі гэты чалавек працуе ў вялікім горадзе, праводзіць там значную частку дня, значыць, ён гараджанін? Ці ўсё ж вясковец? Лепш так: жыхар прыгарада. Асаблівасці школьнага, сямейнага, штодзённага жыцця жыхароў населеных пунктаў, размешчаных пры вялікім горадзе, разгледзім на прыкладзе Віцебскага раёна.

Вясковы і гарадская

Фізічная і духоўная мяжа паміж вёскай і горадам размываецца. Сёння жыццё вяскоўца ў плане побыту і ў плане заможнасці мала чым адрозніваецца ад жыцця чалавека ў вялікім горадзе, а песні пра тое, што яна, маўляў, з горада, а ён з вёскі, у іх розны сацыяльны статус, яны ніколі не сыдуцца характарамі, даўно сталі набыткам фалькларыстаў. Ды і колькасць гараджан, якія імкнуцца вырвацца з гарадской мітусні і набыць у вёсцы ўчастак зямлі для будаўніцтва ўласнага дома, не меншая, чым колькасць вяскоўцаў, якія гатовы прамяняць кавалак зямлі на кватэру ў гарадской панэльцы. Жыць каля вялікага горада на сваёй зямлі — мара многіх беларусаў. Мары спраўджваюцца — і ўзнікаюць прыгарады са сваім асаблівым ладам жыцця, у якім цесна пераплялося вясковае і гарадское. Гэтае перапляценне яскрава праяўляецца і ў сістэме адукацыі.

Руралізацыя

Аграгарадок Мазалава, цэнтр сельсавета. Ад Віцебска — 5 кіламетраў. Колькасць вучняў Мазалаўскай сярэдняй школы — 206, у класах нярэдка налічваецца больш за 20 чалавек. Пры гэтым усенавучам ахоплена больш за 400 дзяцей. Гэты факт сведчыць пра тое, што прыкладна палова юных мазалаўцаў кожную раніцу адпраўляюцца на вучобу ва ўстановы адукацыі Віцебска. А чаму не? Бацькі працуюць у вялікім горадзе. Ім зручна пасадзіць дзіця ў машыну, падвезці да школы, а пасля працоўнага дня забраць са школы дадому. Сітуацыя тыповая не толькі для прыгарада Віцебска, але і для іншых буйных гарадоў краіны.

У сельскіх населеных пунктах, якія знаходзяцца за некалькі кіламетраў, а то і сотні метраў ад Віцебска, амаль не знойдзеш пустых участкаў: зямля тут каштуе вялікіх грошай. “Зямля ў ваколіцах Мазалава карыстаецца вялікім попытам. Пустуючых участкаў практычна няма. У нас шмат азёр, маляўнічыя мясціны, таму гараджане любяць ваколіцы Мазалава. Многія набытыя імі дамы выкарыстоўваюцца як дачы”, — адзначае работнік Мазалаўскага сельсавета, а па сумяшчальніцтве захавальнік фондаў музея гісторыі адукацыі Віцебскага раёна Кацярына Васільеўна Каралёва.

Менавіта блізкасцю да Віцебска тлумачыць вучань 9 класа Яраслаў Шумскі павелічэнне колькасці насельніцтва Мазалаўскага сельсавета. У сваёй даследчай рабоце “Сучасныя дэмаграфічныя тэндэнцыі на тэрыторыі Мазалаўскага сельскага Савета”, створанай пад кіраўніцтвам настаўніка геаграфіі і біялогіі Уладзіміра Сяргеевіча Аўфяронка, хлопец адзначае: “З 2014 года адзначаецца міграцыйны прырост насельніцтва. Гэтая тэндэнцыя тлумачыцца будаўніцтвам шматкватэрных жылых дамоў у аграгарадку Мазалава”.

Дружны калектыў

— Толькі дзякуючы размяшчэнню каля Віцебска, у нашай школе паспяхова функцыянуе міжшкольны факультатыў па вучэбных прадметах для навучэнцаў 10—11 класаў. На базе ўніверсітэтаў выкладчыкі праводзяць заняткі з дзецьмі, рыхтуюць іх да цэнтралізаванага тэсціравання. Нашы вучні ў вольны ад вучобы час займаюцца ў цэнтрах дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі Віцебска, дзе ёсць належная матэрыяльная база. Дзякуючы такому супрацоўніцтву, навучэнцы паказваюць высокія вынікі на конкурсах і спаборніцтвах рознага ўзроўню. Мы штогод удзельнічаем у спаборніцтвах “Снежны снайпер”. У 2013 годзе Ганна Маслакова стала чэмпіёнкай Рэспублікі Беларусь, у мінулым годзе Максім Рамчанка стаў двухразовым чэмпіёнам краіны ў комплексе “Здароўе”, а ў пазамінулым годзе Арцём Сярэбранікаў стаў чэмпіёнам Рэспублікі Беларусь у спаборніцтвах “Абаронца Айчыны”. Рыхтуе юных чэмпіёнаў настаўнік фізічнай культуры і здароўя Іван Іванавіч Марчанка. Мы таксама імкнёмся не адставаць ад вучняў, падтрымліваць добрую спартыўную форму, таму многія нашы карпаратыўныя мерапрыемствы маюць спартыўны ўхіл. Гульня паміж педагогамі ў лазертаг, валейбол, удзел у турзлётах згуртоўваюць калектыў, — гаворыць дырэктар Мазалаўскай сярэдняй школы Сяргей Аляксандравіч Зубовіч.

Сакрэт дружнасці мазалаўскіх педагогаў не толькі ў спартыўных карпаратывах, але і ў творчасці, ініцыятыўнасці адміністрацыі. У тым, наколькі творчым з’яўляецца Сяргей Аляксандравіч, можна пераканацца, зазірнуўшы ў яго кабінет. На стале рабочыя паперы, ручкі, алоўкі, у сейфе пячатка, а вось у шафе, акрамя адзення, знаходзяцца баксёрскія пальчаткі, пальчаткі для футбольнага галкіпера, пальчаткі для язды на лыжах, а яшчэ электралобзік, масцярок муляра, пліткарэз, нажоўка па гіпсакардоне. Калі спартыўныя пальчаткі сведчаць пра высокія вынікі ўдзелу школы ў спартыўных спаборніцтвах, то электралобзік, масцярок, нажоўка, пліткарэз указваюць на арыгінальнае афармленне школьных кабінетаў. Адзін з прыкладаў вы можаце ўбачыць на фотаздымку.

Азбука падарожжаў

Цеснае супрацоўніцтва Мазалаўская школа наладзіла не толькі з установамі дадатковай адукацыі горада, але і з прыватнай турыстычнай фірмай, сумесна з якой рэалізуецца інавацыйны праект “Азбука падарожжаў”. Удзельнікамі праекта з’яўляюцца яшчэ і Віцебскі гарадскі цэнтр дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі, Віцебскі абласны палац дзяцей і моладзі, Віцебскі абласны краязнаўчы музей, музей Марка Шагала ў Віцебску, установы сярэдняй адукацыі вобласці. Праект “Азбука падарожжаў” распрацаваны з мэтай удасканалення работы ў адукацыйным турызме, знаёмства навучэнцаў з асноўнымі відамі экскурсій. Экскурсійная дзейнасць у рамках праекта арганізуецца ў адпаведнасці з пералікам рэкамендаваных Міністэрствам адукацыі для наведвання навучэнцамі экскурсійных аб’ектаў і турыстычных маршрутаў па праграме вучэбных і факультатыўных заняткаў. Урок-экскурсія, экскурсія-падарожжа, экскурсія-экспедыцыя, квест-экскурсія праводзяцца ў адпаведнасці з наступнымі тэмамі-этапамі: “Мая малая радзіма”, “Край родны — Віцебшчына”, “Мая Радзіма — Беларусь”, “Адкрыты свет: падарожнічаем пазнаючы”.

На знаёмства навучэнцаў Віцебскага раёна з адметнасцямі малой радзімы накіравана і праграма факультатыву “Краязнаўства Прыдзвінскага краю”, распрацаваная намеснікам дырэктара па вучэбнай рабоце Мазалаўскай сярэдняй школы Ірынай Мікалаеўнай Выхадцавай. Краязнаўчы факультатыў з’яўляецца спробай сістэматызаваць матэрыял, прысвечаны прыродзе, гісторыі і культуры Віцебскага раёна. Праграма факультатыву складзена ў адпаведнасці з раздзеламі дапаможніка “Віцебскі раён: краязнаўчыя нарысы”. У канцы кожнага раздзела запланаваны практычныя заняткі, экскурсіі. Адметнасцю факультатыву з’яўляецца спалучэнне комплекснага падыходу ў вывучэнні Прыдзвінскага краю і самастойнай даследчай дзейнасці вучняў.

Мілыя мясціны

Дапаможнік “Віцебскі раён: краязнаўчыя нарысы”, які стаў асновай для праграмы краязнаўчага факультатыву, быў створаны творчай групай настаўнікаў раёна. Каардынатарам работы па стварэнні зборніка быў выкладчык Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П.М.Машэрава Мікалай Васільевіч Півавар. Свой уклад зрабілі і мазалаўскія педагогі, у прыватнасці, Ірына Мікалаеўна Выхадцава. “У нашым раёне ў кожнай школе дзейнічае калі не музей, то музейны куток, дзе абавязкова расказваецца пра вядомых землякоў. У Вымне нарадзіўся і жыў вядомы фалькларыст Мікалай Нікіфароўскі, каля Старога Сяла нарадзіўся самы высокі чалавек у свеце Фёдар Махноў, у Мазалаве жыў віцэ-губернатар Віцебска Ігнацій Манькоўскі”, — дзеліцца Ірына Мікалаеўна.

Менавіта гэтай цікавай і неардынарнай асобе прысвечаны першы раздзел экспазіцыі школьнага гісторыка-краязнаўчага музейнага пакоя. Ёсць цікавая легенда пра тое, як ён, з’яўляючыся сынам збяднелага віцебскага шляхціца, апынуўся на дзяржаўнай службе. Ігнацій закахаўся ў Рахель Макавецкую, але іх шлюб быў бы няроўны, і тады жанчына ў роспачы напісала ліст імператару Паўлу І і адправіла з гэтым лістом свайго каханага ў Санкт-Пецярбург прасіць, каб імператар за іх заступіўся і благаславіў. Падысці да імператара было няпроста. Каб звярнуць на сябе ўвагу, Ігнацій стаў на адно калена, а ліст паклаў сабе на галаву. Павел, выходзячы на прагулку, звярнуў увагу на незвычайную позу чалавека і запрасіў яго ў госці. Так Макавецкім ад імя імператара быў накіраваны ліст, у якім адзначалася, што Ігнацій адукаваны, выхаваны чалавек, яму даецца чын саветніка Беларускай губерні і землі, на якіх ён потым пабудаваў маёнтак Мілае. Па адной з версій, такую мілагучную назву Ігнацій Манькоўскі даў маёнтку ў гонар сваёй мілай жанчыны. Па другой версіі, назва Мілае паходзіць ад “мілыя краявіды”. Ваколіцы Мазалава, сапраўды, маляўнічыя. Нядзіўна, што жыхары абласнога цэнтра імкнуцца набыць тут кавалак зямлі, а палова мясцовага педагагічнага калектыву — гэта жыхары Віцебска, якія кожны дзень прыязджаюць сюды на работу з вялікага горада ў мілую іх сэрцу школу.

З гэтага навучальнага года ў Мазалаўскай сярэдняй школе дзейнічае яшчэ адзін музей — музей гісторыі адукацыі Віцебскага раёна. Першапачаткова ён быў створаны ў 2009 годзе на базе Бабініцкай сярэдняй школы, а сёлета змяніў прапіску. Першы раздзел прысвечаны гісторыі адукацыі былых Суражскага і Віцебскага раёнаў, якія былі аб’яднаны ў адзін Віцебскі. Наступны раздзел прысвечаны гісторыі ўстаноў адукацыі раёна. На вялізнай карце кропкамі адзначаны населеныя пункты, дзе знаходзяцца школы. Прадстаўлены прадметы, якія звязаны з гісторыяй развіцця адукацыі. Расказваецца пра ветэранаў працы, заслужаных настаўнікаў, начальнікаў аддзела адукацыі, пра шматлікія дасягненні, гісторыю грамадскіх арганізацый. Асобны раздзел расказвае пра гісторыю партызанскага руху, вучобу ў лясных школах, пра настаўнікаў і вучняў франтавікоў, партызан. Першым экскурсаводам і стваральнікам гэтага музея была Людміла Канстанцінаўна Нікіціна, на якой, як вобразна гавораць заронаўцы, і трымаецца ўсё культурнае, краязнаўчае жыццё Заронава.

Любоў і боль яе Заронава

Аграгарадок Заронава — цэнтр сельсавета. Ад Віцебска — 17 кіламетраў. Па вуліцы на сустрэчу з карэспандэнтам “Настаўніцкай газеты” элегантна крочыць з густам апранутая жанчына. У Людмілы Канстанцінаўны Нікіцінай, вядомага педагога-краязнаўца, кіраўніка народнага гісторыка-краязнаўчага музея “Гісторыя Заронаўскага краю”, выдатны густ праяўляецца не толькі ў адзенні, але і ў афармленні музейнай экспазіцыі. Дарэчы, некаторыя элементы яе адзення з’яўляюцца экспанатамі. Гэта, напрыклад, капелюшы.

— У мяне 16 капелюшоў. У адным у агародзе сяджу, грады палю, у другім у паход хаджу, у трэцім па вёсцы прагульваюся, 5—7 капелюшоў на выезд у горад, ёсць парадна-выхадныя. Вось гэты мой капялюш аднойчы прынялі за галаўны ўбор XVI стагоддзя. Дарэчы, у ім на нядаўніх абласных “Дажынках” я выконвала ролю Просі — жонкі нашага знакамітага Фёдара Махнова, — з гордасцю адзначае Людміла Канстанцінаўна.

Капелюшы, біжутэрыя, пацеркі, элементы адзення — гэта толькі невялікая частка экспанатаў заронаўскага музея. Усяго ў 5 залах іх налічваецца каля 20 тысяч! Вы толькі ўдумайцеся ў гэтую лічбу! 20 тысяч! Не толькі раённыя, нават абласныя музеі не заўсёды могуць пахваліцца такой колькасцю экспанатаў. А тут вясковы музей. Сакрэт вельмі просты. “30 гадоў пошуку і творчасці” — пад такой назвай прайшла сёлета прэзентацыя кнігі Людмілы Канстанцінаўны “Любоў і боль майго Заронава”. Такімі словамі можна неафіцыйна назваць і народны заронаўскі музей. Сваю любоў да гэтага куточка Віцебшчыны, боль за яго праблемы і перадала ў экспанатах педагог.

— У 1986 годзе былыя дырэктар школы і саўгаса Аляксандр Якімавіч Гушчанка і Валерый Рыгоравіч Бермант вырашылі, што ў Заронаве будзе музей. Я на той час была камсамолкай, актывісткай, таму згадзілася прыняць удзел у стварэнні музея. Пачалося ўсё з экспазіцыі, прысвечанай гісторыі Савецкага Саюза і Камуністычнай партыі. Заронаўскай гісторыі было зусім мала. Мне было цікава збіраць матэрыял пра мінулае Заронава, бо краязнаўствам займаюся са школьных гадоў. Мая малая радзіма — Баранавіцкі раён, вучылася я ў Маўчадскай санаторнай школе-інтэрнаце, дзе працаваў Анатоль Іванавіч Качанаў, які і зацікавіў мяне вывучэннем мінулага роднага краю. Прычым зацікавіў настолькі, што я аж тры гады паступала на гістарычны факультэт Гродзенскага ўніверсітэта. Шкада, не паступіла. Тады ў роспачы пайшла служыць у армію. Служыла ў Полацку два гады сувязісткай. Пасля арміі вырашыла зноў паступаць, цяпер ужо ў Віцебск. Паколькі тут не было гістфака, таму пайшла на філфак, на беларускую філалогію. У душы я гісторык, таму рэалізавала сябе ў краязнаўстве, — гаворыць Людміла Канстанцінаўна.

Краязнаўчы шлях быў няпросты. Настаўніца вырашыла зрабіць да старога будынка музея прыбудову, і пачалося, як кажуць, “хождение по мукам”. Аднак дзякуючы няўрымслівасці, творчаму пошуку, усе цяжкасці былі пераадолены, і цяпер да народнага заронаўскага музея не зарастае народная сцяжына. Не зарастае яна не толькі дзякуючы таму, што тут захоўваецца каля 20 тысяч арыгінальных, унікальных экспанатаў, але і таму, што экскурсіі праводзяцца вельмі захапляльна:

“У першай зале этнаграфічнай // Многія рэчы ўжо непрывычны. // Тут ёсць печка, куфар, лавы, // Дываны ды бёрдаў пары, // Ручнікі ёсць ды трапач, // Цэп і ступа, і гарлач… // Другая зала гістарычная: // Чырвонай ніткай тут вайна Айчынная… // Хочаш вярнуцца ў СССР, // Пойдзем у трэцюю залу цяпер. // Глянем на быт у савецкі час… // Наступная зала калекцыйная // Найбольш эмацыйная, // Бо тут калекцый сабрана багата, // Ад лялькі да фотаапарата… // Пятая зала музея — хата-чытальня, // Для шматлікіх гасцей вітальня: // Тут працуем, гарбату п’ём, // Калі па тэме, то й пяём… // Вельмі здзівім зараз вас // Залай незвычайнай: // Пасялілася ў нас // Нечысць віртуальная: // Аржавень, Балотнік, Багнік, // Вірнік, Лознік, Вадзянік… // Паветка — невялікі хлявок, // Дзе вы ўбачыце санкі, саначкі, вазок. // Кола трактара, хамут, дошка першакласніка. // Незвычайная лавушка, // Барана ды валакушка. // Селяніну ўсё дарэчы, // Таму й захоўваем яго мы рэчы”.

Вось такімі словамі сустракаюць гасцей гвардзейцы Людмілы Канстанцінаўны (так настаўніца называе сваіх экскурсаводаў — вучняў Суйкаўскай сярэдняй школы). Аднак перад тым, як пачаць аповед пра “залы эмацыйныя”, па даўняй традыцыі госці сядаюць за стол і пачынаюць знаёмства з асаблівасцямі заронаўскіх страў, прычым знаёмства практычнае, бо ўсе стравы прыгатаваны гасціннымі рукамі заронаўскай гаспадыні ў сапраўднай печы. Асаблівым смакам вылучаецца смажаная бульба. Сакрэт смажанай бульбы па-заронаўску абавязкова даведаюцца ўдзельнікі рэспубліканскага семінара кіраўнікоў музеяў устаноў адукацыі, які пройдзе ў сярэдзіне лістапада на базе Віцебскага раёна.

За 30 гадоў творчых пошукаў Людміла Канстанцінаўна падрыхтавала не адно пакаленне юных экскурсаводаў. Залы вялікія, экспанатаў шмат, таму экскурсію адначасова праводзяць каля 10 чалавек, многія з якіх (напрыклад, Аляксандра Гвоздзева) з’яўляюцца актыўнымі ўдзельнікамі і пераможцамі конкурсаў акцыі “Жыву ў Беларусі і тым ганаруся”.

Маленькая радзіма

Акрамя юных экскурсаводаў, актыўнымі памочнікамі Людмілы Канстанцінаўны ў музейнай справе з’яўляюцца яе сын Станіслаў, які пайшоў таксама па педагагічнай сцяжыне, муж і, канечне, былая вучаніца, а цяпер загадчык Заронаўскага дзіцячага сада Зоя Пятроўна Пека. Менавіта з дашкольнага ўзросту маленькія заронаўцы пачынаюць знаёміцца з гісторыяй роднага краю, яго адметнасцямі. Гэтае знаёмства адбываецца ў рамках праекта “Мая маленькая радзіма Заронава”. Рэалізацыя праекта — гэта не толькі правядзенне экскурсій па аграгарадку, але і стварэнне макета населенага пункта. Сярод мініяцюрных будынкаў дзіцячага сада, дамоў вучняў, музея можна заўважыць і мемарыяльны комплекс на брацкай магіле, дзе пахаваны больш за 10 тысяч воінаў, якія вызвалялі Заронава ў студзені 1944 года. Вялікі спіс герояў дзякуючы актыўнай пошукавай рабоце Людмілы Канстанцінаўны і яе памочнікаў актыўна папаўняецца. Яшчэ адзін вынік праекта — гэта стварэнне ў дзіцячым садзе этнаграфічнага кутка. “Музейчык наш — крама незвычайная і на вітрынах рэчы ўнікальныя…”. Тут не толькі прадметы побыту, але і багатыя калекцыі гузікаў, тканіны, шпілек для валасоў, калекцыя цацак з шакаладных яек. Дарэчы, словы вершаванай экскурсіі ў этнаграфічным кутку напісала маці адной з выпускніц садка Ганна Варган — таксама былая вучаніца Людмілы Канстанцінаўны.

Захаваць візітоўку

Мяжа паміж вёскай і горадам размываецца. Шкада, ці не праўда? Усё ж вёска з яе адвечным ладам жыцця, традыцыямі на працягу многіх стагоддзяў з’яўляецца візітоўкай нашай зямлі. І губляць гэтую візітоўку, канечне, не хочацца. Як зрабіць так, каб горад не паглынуў вёску, каб нават прыгарад заставаўся вясковым, архаічным у плане традыцый, ладу жыцця? Адказ варта шукаць у актыўнай краязнаўчай дзейнасці педагогаў Віцебскага раёна, якія захоўваюць традыцыі роднай зямлі, жывуць і працуюць пры вялікім горадзе.

Ігар ГРЭЧКА.
Фота аўтара.

Смілавіцкі La Ruche

5 кастрычніка на базе Смілавіцкага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі і музея “Прастора Хаіма Суціна” пры падтрымцы Белгазпрамбанка быў урачыста адкрыты дзіцячы арт-цэнтр “Вулей”.

Стварэнне дзіцячага арт-цэнтра “Вулей” на базе Смілавіцкага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі, у якім у 2008 годзе быў адкрыты музей “Прастора Хаіма Суціна”, стала лагічным крокам у развіцці і гэтай установы дадатковай адукацыі, і гэтага музея, аднаго з культурных цэнтраў Міншчыны. Гэтай ідэяй даўно гарэлі людзі, якія стаялі ля вытокаў музея ці далучыліся да яго жыцця крыху пазней, — слынны культурны дзеяч, да нядаўняга часу старшыня Нацыянальнай камісіі Рэспублікі Беларусь па справах ЮНЕСКА Уладзімір Шчасны, знаная даследчыца беларускага мастацтва супрацоўніца Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь Надзея Усава, старшыня праўлення вядомага сваёй дабрачыннай і фундатарскай дзейнасцю Белгазпрамбанка Віктар Бабарыка і інш. І яны выдатна ведалі, што там, у Смілавічах, іх ініцыятывам ахвотна пойдуць насустрач мясцовыя кіраўнікі і рупліўцы: начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Чэрвеньскага райвыканкама Ларыса Асановіч, дырэктар Смілавіцкага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Ала Лаўрыновіч, яе намеснік загадчык музея “Прастора Хаіма Суціна” Святлана Хасіневіч. 5 кастрычніка было свята для іх усіх, а таксама для іншых вядомых людзей, якія завіталі ў той дзень у Смілавічы (у прыватнасці, дырэктара фонду “Спадчына і час” Юрыя Абдурахманава, тэлевядучага, сцэнарыста і рэжысёра, аўтара цыкла дакументальных фільмаў “Мастакі Парыжскай школы. Ураджэнцы Беларусі” Алега Лукашэвіча, мастацтвазнаўцы і галерыста Ларысы Фінкельштэйн), некалькіх журналістаў і, безумоўна, смілавіцкіх дзяцей, выхаванцаў цэнтра. Тых, для каго і быў створаны арт-цэнтр “Вулей” — гэтакая адукацыйная надбудова некласічнага тыпу над “класічным” Смілавіцкім цэнтрам творчасці дзяцей і моладзі.
Чаму некласічнага тыпу? Чаму назва такая дзіўная — “Вулей”?

Наогул, Смілавічы і, шырэй, Ігуменшчыну (Чэрвеньшчыну) можна было б назваць другім па значнасці пасля Віцебска гняздоўем мастакоў, ураджэнцаў нашай зямлі, якія значна ўзбагацілі сусветнае мастацтва і тым самым праславілі Беларусь на ўвесь свет. Але калі пра “віцебскіх” Шагала і Малевіча ведае, бадай, кожны школьнік, то пагалоска ў “чэрвеньскіх” славутасцей значна меншая. А між тым гэта такія гучныя імёны мастакоў ХІХ—ХХ стагоддзяў, як Валенцій Ваньковіч, Апалінарый Гараўскі, Хаім Суцін, Файбіш-Шрага Царфін, Міхаіл Станюта… Менавіта Хаіма Суціна і Файбіша-Шрагу Царфіна лёс у розныя часы “засяляў” у “Вулей” (па-французску La Ruche) — знакамітую парыжскую мастацкую камуну, у якой майстэрні былі нарэзаны як маленечкія “соты” плошчай у 3 квадратныя метры. Усяго ў “Вулеі” было 140 такіх студый, акрамя Суціна і Царфіна, іх здымалі такія знакамітасці, як Лежэ, Мадыльяні, Шагал, Цадкін, Крэмень, Касцецкі… У першыя дзесяцігоддзі ХХ стагоддзя “Ля Руш” літаральна гудзеў, абвяшчаючы на ўвесь свет аб нараджэнні ўнікальнай Парыжскай школы, мастацтва з абсалютна новымі філасофіяй і экзістэнцыяй.

Безумоўна, назваць “Вулеем” новы дзіцячы арт-цэнтр у Смілавічах для яго заснавальнікаў і было адмысловай данінай памяці пра слынных смілавіцкіх “пчол” Суціна і Царфіна. Але ёсць у гэтай назве сённяшняга цэнтра і іншы падтэкст: са стварэннем “Вулея” ў Смілавічы будуць залятаць сённяшнія “пчолы ад мастацтва” — вядомыя беларускія мастакі, скульптары, дызайнеры, музейшчыкі, мастацтвазнаўцы… Будуць натхняць і сілкаваць смілавіцкіх дзяцей сваімі ведамі, навыкамі, ідэямі. Гэты момант непасрэднага кантактавання дзяцей з прызнанымі майстрамі закладзены ў канцэпцыю новага арт-цэнтра ці не ў першую чаргу. Сёння ў дворыку Смілавіцкага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі і, адпаведна, у дворыку “Вулея” можна ўбачыць два арт-аб’екты — “Вуллі” і “Пчала”, якія яе аўтар скульптар Павел Вайніцкі падарыў новай установе. Гэта сімвалы і талісманы смілавіцкага “Вулея”. Гэтакія манументальныя клічнікі ў дачыненні да мінулага і пытальнікі ў дачыненні да будучыні. Ці будзе багатым на пчол і мёд новы “Вулей”? Ці з’явіцца ў Смілавічах у ХХІ стагоддзі новы Суцін ці новы Царфін?

5 кастрычніка ў гонар нараджэння новай адукацыйнай структуры выхаванцы Смілавіцкага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі далі невялікі канцэрт, а ў перапынках паміж нумарамі выступалі пачэсныя госці.

“Мы, сапраўды, задумвалі гэты дзіцячы арт-цэнтр як школу будучых Суціных і Царфіных, — адзначыў Уладзімір Шчасны. — І хай не ўсе навучэнцы “Вулея” стануць Суцінымі ці Царфінымі, але, калі праз гады чалавек зможа ўжо для свайго дзіцяці намаляваць яго любімага сабачку, рэйтынг таты або мамы значна павысіцца ў вачах дзіцяці. А калі ён зможа сур’ёзна паразважаць пра мастацтва Суціна ці Царфіна ў коле сяброў, то яго рэйтынг павысіцца ўжо не толькі ў сям’і, але і ў грамадстве ў цэлым”.

Верыць найперш у сябе самога заклікаў будучых навучэнцаў “Вулея” старшыня праўлення Белгазпрамбанка Віктар Бабарыка: “Безумоўна, можна гаварыць пра нейкіх чараўнікоў, без якіх не бывае цудаў. Але гэта, паверце, няпраўда. Не было б тут нікога і нічога, але ўсё адно былі б тут вы і было б тут нешта. Я хачу, каб вы заўсёды пра гэта памяталі: вы — гэта тое, што вы робіце. Безумоўна, вам дапамагаюць бацькі, безумоўна, вам дапамагаюць вашы настаўнікі, безумоўна, уся навакольная рэчаіснасць заклікана да таго, каб вам дапамагчы… Але вы ва ўсякім выпадку з’яўляецеся цэнтральнай часткай гэтай школы, гэтага праекта. А хто з вас атрымаецца ў рэшце рэшт — Марк Шагал, Хаім Суцін ці Біл Гейтс, гэта, па вялікім рахунку, не важна. Больш за тое, крый божа, каб з некага з вас атрымаўся другі Суцін! Павінны атрымацца менавіта вы новыя, а не новыя Суціны! Зразумейце, што, дзе б вы сябе ні рэалізоўвалі ў будучыні, ваша мара не павінна быць копіяй, не павінна паўтараць чыюсьці мару, хай нават мару генія… Кожны ваш лёс індывідуальны. А новы дзіцячы арт-цэнтр “Вулей” — гэта проста дапамога вам у тым, каб вы знайшлі сваю ўнікальную жыццёвую дарогу. Усё, што вы тут набудзеце, з вамі застанецца назаўсёды. А ўсё ваша жыццё будзе на 90 працэнтаў залежаць ад таго, як вы яго для сябе збудуеце. А для таго, каб яго збудаваць, найперш трэба паверыць у сябе”.

Начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Чэрвеньскага райвыканкама Ларыса Асановіч заўважыла: “У свой час, адкрываючы музей “Прастора Хаіма Суціна”, мы нават не думалі, што зможам некалі сягнуць яшчэ далей і адкрыць на базе музея арт-цэнтр. Самымі галоўнымі інвестыцыямі заўсёды былі і застаюцца інвестыцыі ў нашых дзяцей, у нашу будучыню. З такімі думкамі мы і адкрываем сёння наш “Вулей”.

“Кожны навучэнец нашай установы, у якім бы аб’яднанні па інтарэсах ён ні займаўся, абавязкова наведвае наш унікальны музей “Прастора Хаіма Суціна”, — сказала ў працяг слоў Ларысы Асановіч дырэктар Смілавіцкага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Ала Лаўрыновіч. — Там яны натхняюцца, і гэтае натхненне вядзе іх да перамог. А перамог у нас, сапраўды, многа. На працягу апошніх двух гадоў нашы дзеткі, якія займаюцца мастацтвам, заваявалі на розных конкурсах каля 40 дыпломаў міжнароднага ўзроўню. Такія цудоўныя вынікі ў прынцыпе і падштурхнулі нас да ідэі стварэння арт-цэнтра, да той думкі, што з такімі таленавітымі і неардынарнымі дзецьмі трэба і займацца нейкім неардынарным чынам”.

Дык якім жа гэта — неардынарным чынам?

Аб стратэгіях развіцця дзіцячага арт-цэнтра “Вулей” на будучы год падрабязна расказала супрацоўніца Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь і галоўны аўтар праграмы навучання ў новай структуры Надзея Усава.

Два разы на тыдзень навучэнцы “Вулея” будуць вучыцца ствараць класічны малюнак — маляваць кубы, збаны, гіпсавыя маскі і г.д. — займацца фактычна па праграме звычайнай дзіцячай мастацкай школы. Гэтыя заняткі будуць весці выкладчыкі Смілавіцкага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі.

А самае цікавае будзе адбывацца па суботах. Як ужо адзначалася вышэй, навучэнцаў арт-цэнтра чакаюць сустрэчы з вядомымі спецыялістамі з мастакоўскай супольнасці, якія будуць размаўляць з дзецьмі зусім не так, як гэта робіцца ў звычайных школах. Заняткі з удзелам запрошаных гасцей будуць грунтавацца на методыцы “Стратэгіі візуальнага мыслення”, распрацаванай 26 гадоў назад амерыканскім музейным работнікам Філіпам Енавайнам і кагнітыўным псіхолагам Абігаль Хаўзінг. Гэтая методыка прайшла апрабацыю ў школах і гімназіях Францыі, ЗША і Украіны ў пачатку ХХІ стагоддзя. “Стратэгіі візуальнага мыслення” кідаюць выклік стандартнай дыдактычнай мадэлі навучання мастацтву. Замест чытання лекцый і механічнага паўтарэння матэрыялу выкладчык будзе вучыць сродкамі пастаноўкі пытанняў вучню і сумеснага пошуку адказаў на іх. Праект арт-цэнтра “Вулей” фактычна і задуманы як асаблівы фармат кантактавання педагога з вучнем, адмысловая размова прафесіянала і дылетанта, жывы дыялог на тэму сучаснага, класічнага і традыцыйнага народнага мастацтва.

Адукацыйнай праграмай арт-цэнтра “Вулей” прадугледжана наведванне яго навучэнцамі на працягу гэтага навучальнага года 10 беларускіх музеяў, майстэрань вядомых мастакоў і рэстаўратараў, грунтоўнае абмеркаванне 10 сусветных шэдэўраў.

Акрамя таго, у рамках адукацыйнай праграмы арт-цэнтра яго навучэнцы пазнаёмяцца з тым, што такое перформанс, інсталяцыя, графіці і іншыя формы сучаснага мастацтва. На майстар-класах дзеці навучацца пісаць эсэ, правільна фатаграфаваць, рабіць калаж і манатыпію, выцінанку, паспрабуюць прачытаць арнаменты ручніка, намаляваць карціну на шкле. Навучэнцы будуць атрымліваць і дамашнія заданні, напрыклад, зрабіць партрэты сваіх бабуль і дзядуляў, што ў перспектыве можа рэалізавацца ў выглядзе адмысловай галерэі партрэтаў пажылых жыхароў Смілавіч.

Запланаваны таксама ўдзел дзяцей у ролевых гульнях “Я — арткрытык” і “Я — мытнік”.

Галоўным жа вынікам дзейнасці арт-цэнтра на працягу года стане вялікая справаздачная выстава работ дзяцей, па выніках якой незалежным журы на чале са старшынёй праўлення Белгазпрамбанка В.Д.Бабарыкам будзе выбраны лепшы навучэнец ці лепшая навучэнка “Вулея”. Пераможца атрымае галоўны прыз — паездку ў Парыж, дзе ён зможа на свае вочы ўбачыць сапраўды “Ля Руш”. А лепшыя дзіцячыя малюнкі, магчыма, будуць выстаўлены ў асобным дзіцячым раздзеле штогадовага “Восеньскага салона з Белгазпрамбанкам”.

Музей “Прастора Хаіма Суціна”

Музей “Прастора Хаіма Суціна” займае тры залы — тры колішнія кабінеты Смілавіцкага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі.

У першай зале “На Радзіме: Смілавічы — Мінск — Вільня” размешчана інфармацыя пра радавод Хаіма Суціна, яго сям’ю, пра яўрэйска-татарскае мястэчка Смілавічы перыяду дзяцінства і юнацтва мастака, пра яго вучобу ў рысавальнай школе Якава Кругера і Віленскай школе мастацтваў. Між іншым экспазіцыя гэтай залы пераканаўча развейвае пашыраны міф пра тое, што Хаім Суцін “скочыў” адразу са Смілавіч у Парыж. Адзін з самых каштоўных экспанатаў залы — Тора ХІХ стагоддзя.

У другой зале наведвальнік акунаецца ў атмасферу парыжскіх вуліц: памяшканне стылізавана пад тыповую парыжскую кавярню з барнай стойкай, некалькімі столікамі і крэсламі. На сценах размешчаны рэпрадукцыі твораў Хаіма Суціна і яго сяброў, мастакоў Парыжскай школы, ураджэнцаў Беларусі і Літвы: Шагала, Цадкіна, Кікоіна, Крэменя, Мешчанінава, а таксама Мадыльяні, Марэўны і інш.

Трэцяя зала прысвечана яшчэ аднаму знакамітаму ўраджэнцу Смілавіч — жывапісцу, дызайнеру па тканіне, паэту, кніжнаму ілюстратару Файбішу-Шрагу Царфіну. Надоечы Белгазпрамбанк перадаў музею на захаванне на працягу года шэраг арыгіналаў карцін Царфіна са сваёй карпаратыўнай калекцыі, якія і можна тут убачыць. Дарэчы, французскія вучоныя эксперыментальным шляхам прыйшлі да высновы, што карціны гэтага мастака маюць рэальны псіхатэрапеўтычны эфект. Яны здольны станоўча ўздзейнічаць на чалавека, нармалізуючы яго пульс і ціск, паляпшаючы яго агульны стан. Акрамя таго, у экспазіцыі прадстаўлены фотаздымкі з сямейнага альбома Шрагі Царфіна, палітра і пэндзлі мастака, нататнік з яго малюнкамі, эскізы тканін і інш. Ахвочыя могуць паглядзець тут фільм пра Шрагу Царфіна, у якім ён… спявае калыханку на беларускай мове!

Мікола ЧЭМЕР.
Фота аўтара.

Матуліна пяшчота

Мама — самае прыгожае слова на зямлі! Мама — самы дарагі на свеце чалавек! Ніхто не ўмее так любіць, як мама, не ўмее так цярпець і ахвяраваць сабой, як мама! Мама! Матуля! Заплюшчыце вочы і прыслухайцеся. Дзе б вы ні знаходзіліся, пачуеце матулін голас. Чалавек усё жыццё памятае яго, памятае і матуліны ласкавыя рукі, матуліны прыгожыя песні, матуліны пяшчотныя вочы. Нашай гімназіі пашанцавала: у нас знаходзіцца адметны музей, у якім можна знайсці цікавыя звесткі пра мам, пра знакамітых жанчын Ваўкавышчыны.

Напярэдадні 8 Сакавіка і Дня маці ў гімназіі праводзіцца шмат мерапрыемстваў. І гэта нядзіўна, бо 5 гадоў тут працуе музей жанчыны-маці. За гэты час ён зрабіў вялікі ўклад у выхаванне падрастаючай моладзі, спрыяе павышэнню сацыяльнай ролі і статусу жанчыны-маці ў грамадстве, прэстыжу мацярынства. Пра музей ведаюць не толькі ў Ваўкавыску, але і Шчучыне, Воранаве, Лідзе і інш. У музеі можна паслухаць цікавыя аповеды экскурсаводаў, паглядзець экспанаты, якіх налічваецца ўжо 306, а таксама прэзентацыі. Кіруе музеем настаўніца гісторыі Маргарыта Рыгораўна Апановіч, якая актыўна прапагандуе выхаваўчыя магчымасці музея, праводзіць цікавыя экскурсіі. Хочацца адзначыць і бясцэнную працу першага кіраўніка музея — Соф’і Альфрэдаўны Лантух, якая прымала актыўны ўдзел у адкрыцці музея, пошуку экспанатаў, распрацоўцы прэзентацый і экскурсій, сустракалася са знакамітымі жанчынамі Ваўкавышчыны, іх сем’ямі, запісвала ўспаміны.Музей мае некалькі раздзелаў: “Маці — увесь свет”, “Салдацкія маці”, “Жанчына-працаўніца”, “Жанчына-майстрыха”, “Жанчыны-кіраўнікі”, “Жанчына і вайна”. У музеі праводзяцца ўрокі-лекцыі на тэму “Лёсы, абпаленыя вайной”, “Жанчыны, якія вызвалялі Ваўкавыск”, “Подзвіг мацярынскага сэрца”. Першы раздзел экспазіцыі прысвечаны жанчынам Ваўкавыска, удзельніцам Вялікай Айчыннай вайны. На жаль, яны адыходзяць ад нас, але застаюцца экспанаты, якія апавядаюць пра іх подзвіг і жыццё. Знаёміцца з імі будуць не толькі сённяшнія навучэнцы, але і іх дзеці, і дзеці іх дзяцей. І так ад пакалення да пакалення. Усё гэта магчыма дзякуючы былому дырэктару гімназіі Тамары Іванаўне Навасад, якая з’яўляецца ініцыятарам стварэння музея, і сучаснаму дырэктару — Тамары Васільеўне Федарэнкавай, якая гэтую ідэю ажыццявіла.
У музеі вучні не толькі слухаюць аповеды пра знакамітых жанчын Ваўкавышчыны, але і сустракаюцца з імі, запісваюць успаміны, уручаюць падарункі, віншуюць са святамі. Калектыў гімназіі ганарыцца мамай сацыяльнага педагога Алены Віктараўны, якая падарыла музею ордэн Жукава і медалі сваёй мамы — Марыі Сямёнаўны Гальвідзіс. Побач з узнагародамі ляжаць фотаздымкі, на якіх ёй 16 гадоў, яна скончыла курсы медыцынскіх сясцёр, папрасілася на фронт. Мужная дзяўчына выратавала сотні параненых салдат.
Цікавая экспазіцыя і пра жанчын мірнага часу. У ёй, напрыклад, расказваецца пра дынастыю дактароў — сям’ю Марчук. Хочацца нізка пакланіцца Ганне Мікалаеўне Бурак, якая атрымала “Медаль мацярынства” II ступені, а таксама ордэн “Мацярынская слава”. Гэтая працавітая жанчына нарадзіла і, як гавораць, вывела ў людзі семярых дзяцей, якімі ганарыцца і славіцца наш горад, — 5 кандыдатаў і 1 доктар навук. Не пакідае раўнадушным раздзел “Салдацкія маці”. Уладзіслава Баляславаўна Чарніцкая падарыла музею самыя дарагія яе сэрцу рэчы — медаль “Воіну-інтэрнацыяналісту” і запісную кніжку з адрасамі баявых сяброў сына Яўгена, які праходзіў службу ў Афганістане і загінуў у кастрычніку 1981 года пры выкананні баявога задання. У гэтым раздзеле пад шклом мы бачым грамату Вярхоўнага Савета БССР, якой была ўзнагароджана наша зямлячка кандытар Ганна Мікалаеўна Грышко. Упэўнена, што ўсе жыхары горада каштавалі яе смачныя тарты “Ваўкавыскі” і “Аніта”. Раздзел “Жанчына-майстрыха” таксама прыцягвае ўвагу наведвальнікаў. Тут захоўваюцца вырабы з саломкі і выцінанкі Алы Аляксееўны Суміравай, якая з’яўляецца мастацкім кіраўніком гімназічнага тэатра моды “Спадчына”. Яна не толькі таленавітая настаўніца, але і аўтар калекцыі сцэнічных касцюмаў, якія зроблены з дапамогай бабуліных дываноў, макрамэ, саломы і гліны. Тут можна паглядзець карціны Веры Канстанцінаўны Жолдак, азнаёміцца з творчасцю Надзеі Канстанцінаўны Развадоўскай. Прыдуманыя ёй лялькі захоўваюцца ў розных тэатрах і радуюць маленькіх гледачоў сваёй незвычайнай прыгажосцю.
Яблыньку ўпрыгожваюць яблыкі, а жанчыну — яе дзеці. Пра гэта гавораць вучні-экскурсаводы, пра гэта яны чытаюць вершы. Можна заслухацца іх аповедам і не заўважыць, як праляціць цэлая гадзіна. У нашым музеі выдатна разумееш, што жанчына, маці і мір — галоўныя словы, якія азначаюць жыццё, радасць і шчасце.

Тэрэза КАВАЛЬЧУК,
загадчык бібліятэкі гімназіі № 2 Ваўкавыска.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА і з архіва гімназіі.

Памяць аб героі

З 1984 года сярэдняя школа № 3 Гродна носіць імя героя-пагранічніка Віктара Усава, а музей у гонар гэтага чалавека быў створаны на пяць гадоў раней — у 1979 годзе. 22 снежня 2016 года споўніцца сто гадоў з дня нараджэння Героя Савецкага Саюза Віктара Міхайлавіча Усава. 2016 год пройдзе ў нашай школе пад знакам гэтай падзеі.

Адной з першых знакавых падзей стала адкрыццё пасля рэканструкцыі мемарыяльнага музея Віктара Усава. Выстава папоўнілася новымі фотаматэрыяламі і экспанатамі аб жыцці і подзвігу героя-пагранічніка і аб дзейнасці пагранзаставы імя В.М.Усава, з якой школа сябруе на працягу многіх гадоў.
Пасля ўрачыстага адкрыцця абноўленай экспазіцыі прайшла першая экскурсія. Сярод экскурсантаў былі ветэран Вялікай Айчыннай вайны і пагранічных войскаў ганаровы грамадзянін Гродна Рыгор Абялеўскі, кіраўнікі сістэмы адукацыі вобласці і Кастрычніцкага раёна Гродна, ваеннаслужачыя Гродзенскай пагранічнай групы, вучні і настаўнікі школы.
Падчас адкрыцця музея адбыўся відэамост са школай № 32 украінскага Нікапаля, роднага горада героя-пагранічніка. У гэтым годзе плануем візіт у Нікапаль, а ўкраінскія школьнікі прыедуць у Гродна.
У канцы мерапрыемства да помніка В.М.Усава, які ўстаноўлены ў двары школы, вучні ўсклалі вянок.

Алена ЕРМАШКЕВІЧ,
намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце
сярэдняй школы № 3 імя В.М.Усава Гродна.

“Ад абака да камп’ютара”

Пад такой назвай у Ліноўскай сярэдняй школе Пружанскага раёна працуе выстава экспанатаў музея гісторыі развіцця вылічальнай тэхнікі.

— Ідэя стварыць музей узнікла ў 2004 годзе, а першыя экспанаты з’явіліся яшчэ ў 1994-м: лічыльнікі, лагарыфмічная лінейка, арыфмометр “Фелікс М”, вылічальная машына ВМП-2 і іншыя, — расказвае кіраўнік музея настаўнік інфарматыкі А.І.Гук. — Паступова збіраліся новыя экспанаты. Музейны фонд папаўняўся дзякуючы ўласным сродкам, падтрымцы вучняў, сяброў, калег і неабыякавых да майго захаплення людзей.
Больш за 100 экспанатаў дазваляюць, няхай і не ў поўнай ступені, узнавіць гісторыю развіцця сусветнай і айчыннай вылічальнай тэхнікі — ад самых простых да высокатэхналагічных прылад, аб’яднаных па раздзелах “Устройствы ліку” (макет абака, лічыльнікі, лагарыфмічныя лінейкі), “Механічныя вылічальныя ўстройствы” (арыфмометры), “Электрамеханічныя вылічальныя ўстройствы” (вылічальныя дзесяціклавішныя і мнагаклавішныя машыны), “ЭВМ” (дыскеты, магнітныя стужкі і мадэмы вытворчасці ГДР), “Камп’ютары, камплектуючыя і перыферыя” (персанальныя камп’ютары, ноўтбукі і прынтары мінулага стагоддзя), “Калькулятары” (1970—1990-х гадоў) і “Гульнявыя прыстаўкі”. З усімі экспанатамі можна азнаёміцца на школьным сайце.
— Дзеці з вялікім інтарэсам вывучаюць вылічальную тэхніку мінулага. Музейныя экспанаты актыўна выкарыстоўваюцца на ўроках і ў пазаўрочнай дзейнасці, — гаворыць А.І.Гук.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.

Ведаць імя кожнага героя

Шмат людзей загінула ў час Вялікай Айчыннай вайны. Шмат невядомых салдат засталося ляжаць у безыменных магілах удалечыні ад роднага дома. Такіх магіл на прасторах былога СССР не злічыць. Але памяць пра кожнага загінуўшага байца павінна жыць. Мы абавязаны героям далёкай вайны сённяшнім мірным небам.

У нашым ліцэі пры музеі працуе клуб “Пошук”, удзельнікі якога займаюцца актыўнай пошукавай работай. Нядаўна навучэнцы сустрэліся з жыхаром вёскі Горыцы С.С.Салавейкам. Ён расказаў пра аднаго невядомага чырвонаармейца, пахаванага на могілках за вёскай.
Баец загінуў 16 ліпеня 1944 года. Паводле аповеду С.С.Салавейкі, тут пахаваны салдат 12-й ці 212-й дывізіі Чырвонай Арміі, якая ў той час вызваляла ў Драгічынскім раёне гарадскі пасёлак Антопаль.
Навучэнцы наведалі могілкі і ўстанавілі на месцы пахавання невядомага салдата крыж і памятную таблічку. Пошукаўцы ўпэўнены, што ўсё-такі знойдуць імя байца і ў наступны раз замацуюць на крыжы ўжо імянную таблічку. Гэта вельмі важна, бо кожны з нас у неаплатным даўгу перад вядомымі і невядомымі героямі, якія адстаялі Радзіму і мір на зямлі.

Алена НЯСЦЮК,
выкладчыца гісторыі Абласнога аграрна-вытворчага прафесійнага ліцэя Драгічына.