Ініцыятывы для таленавітых

Пытанні ўдасканалення работы з адоранымі дзецьмі былі ў цэнтры ўвагі падчас круглага стала “Сістэма работы з адоранымі і высокаматываванымі навучэнцамі: поспехі, праблемы, рашэнні”, які прайшоў у канцы студзеня ў Акадэміі паслядыпломнай адукацыі і сабраў спецыялістаў абласных упраўленняў адукацыі, начальнікаў аддзелаў і метадыстаў абласных інстытутаў развіцця адукацыі, Мінскага гарадскога інстытута развіцця адукацыі, якія курыруюць работу з адоранымі і высокаматываванымі навучэнцамі.

Адораныя, здольныя і высокаматываваныя дзеці вучацца ў кожнай школе нашай краіны, таму наладжванне эфектыўнай работы з гэтай катэгорыяй вучняў хвалюе кожнага адміністратара і педагога. Тое, што адоранае дзіця патрабуе індывідуальнага падыходу і ўласнай траекторыі развіцця, ужо аксіёма. Такому дзіцяці неабходна і цьютарскае суправаджэнне, пра што спецыялісты гавораць ужо не першы год.
У нас на базе школ і гімназій працуюць інавацыйныя пляцоўкі па ўкараненні цьютарскага суправаджэння. Усе яны дэманструюць добрыя вынікі, але ўвядзенне цьютарства для інтэлектуальна адораных вучняў прадугледжвае пэўнае нарматыўнае рэгуляванне (неабходна прапісаць функцыянальныя абавязкі цьютараў, колькасны склад навучэнцаў, нормы аплаты працы цьютара і інш.). Дарэчы, у Расіі не так даўно ўвялі стаўку цьютара. У Амерыцы і Еўропе такая дзейнасць — даўно распаўсюджаная з’ява.Адораныя вучні маюць патрэбу і ў распрацоўцы спецыяльных адукацыйных праграм, якія выходзяць за рамкі традыцыйных, стварэнні адукацыйнага асяроддзя, якое забяспечвае ўмовы для максімальна магчымага асобаснага развіцця. Не менш важнымі з’яўляюцца і пытанні псіхолага-педагагічнага суправаджэння высокаматываваных вучняў і іх сацыялізацыі. Усе гэтыя патрэбы абмяркоўваюцца ўжо даўно. Нельга сказаць, што яны не задавальняюцца. Кожная ўстанова адукацыі імкнецца стварыць максімальна камфортныя ўмовы для сваіх самых здольных і таленавітых вучняў.
Вырашыць акрэсленыя пытанні, магчыма, дапамагла б канцэпцыя выяўлення, развіцця і прафесійнага станаўлення інтэлектуальна адоранай моладзі ў Рэспубліцы Беларусь. Пакуль у педагагічнай грамадскасці ідзе яе абмеркаванне і існуе толькі праект канцэпцыі, але дакумент мае комплексны характар і можа дапамагчы вывесці работу з адоранымі дзецьмі на якасна новы ўзровень.
Прынамсі, на круглым стале адзін з аўтараў канцэпцыі, прафесар кафедры маладзёжнай палітыкі Рэспубліканскага інстытута вышэйшай школы, доктар філасофскіх навук, прафесар Валерый Уладзіміравіч Пазнякоў звярнуў увагу прысутных на новыя часткі праекта дакумента, якія былі распрацаваны за апошні час. Гаворка ішла пра кіраванне, кантроль і ацэнку эфектыўнасці функцыянавання сістэмы работы з інтэлектуальна адоранай моладдзю.
Прыняцце канцэпцыі стала б вялікай падтрымкай у рабоце з адоранымі дзецьмі, але рэаліі часу такія, што працаваць з таленавітымі, здольнымі і высокаматываванымі навучэнцамі трэба цяпер. Прычым рабіць гэта на максімуме сваіх магчымасцей, бо, як заўважыў некалі К.Тэйлар, “тыя дзяржавы, якія ўмеюць лепш за ўсё пазнаць творчыя асобы, развіць іх і стварыць для іх найбольш спрыяльныя ўмовы, будуць мець вялікія перавагі”. А сістэма работы з такімі вучнямі ў нас ёсць.
Святлана Дзмітрыеўна Шакура, начальнік аддзела творчых методык навучання моладзі АПА, у сваім выступленні спынілася на дзейнасці супрацоўнікаў свайго аддзела, якія працуюць, каб удасканаліць гэтую сістэму. За 2015 год імі было праведзена 16 курсавых і міжкурсавых мерапрыемстваў для педагагічных работнікаў, метадыстаў ІРА, раённых і гарадскіх вучэбна-метадычных кабінетаў, спецыялістаў аддзелаў (упраўленняў) адукацыi рай(гар)выканкамаў, у якіх прынялі ўдзел 1067 чалавек (з іх 582 — дыстанцыйна). Адной з самых запамінальных і ўражлівых стала сустрэча з вялікім педагогам-гуманістам Шалвай Аманашвілі і ІV Міжнародны фестываль “Сузор’е талентаў”.
Акрамя таго, быў дапоўнены электронны банк патэнцыяльных кансультантаў устаноў вышэйшай адукацыі па падтрымцы і развіцці адораных і высокаматываваных навучэнцаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі (125 чалавек). Дапоўнілі і электронны банк даных педагогаў, якія ўнеслі значны ўклад у работу з адоранымі навучэнцамі (199 чалавек), стварылі электронны банк алімпіядных заданняў і праектных задач дыстанцыйнай алімпіяды, фестывалю “Сузор’е талентаў” па вучэбных прадметах прыродазнаўча-матэматычнага напрамку (больш за 300 заданняў).
Таксама пастаянна актуалізуецца банк даных адораных навучэнцаў. Распрацаваны і апублікаваны 14 вучэбна-метадычных дапаможнікаў і 9 артыкулаў навукова-метадычнага характару па актуальных праблемах інтэлектуальна-творчага развіцця асобы, выяўленні, падтрымцы і навучанні адораных і высокаматываваных навучэнцаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі.

* * *

Вядома, што поспех у выяўленні і развіцці адораных дзяцей магчымы пры ўмове, калі побач з такімі дзецьмі будзе прафесійны педагог, здольны працаваць з таленавітымі і высокаматываванымі вучнямі. Пацвярджэннем гэтага факта стала выступленне метадыста аддзела па падтрымцы і развіцці педагагічных ініцыятыў у рабоце з адоранымі дзецьмі Віцебскага абласнога інстытута развіцця адукацыі Наталлі Віктараўны Шэйдаі Нежад.
Як заўважыла Наталля Віктараўна, у аснове дзейнасці аддзела — работа, накіраваная на павышэнне ІКТ-кампетэнцый адораных навучэнцаў і педагогаў, якія сёння з’яўляюцца асновай станаўлення новай якасці адукацыі, а таксама стымуляванне і інтэнсіфікацыя працэсаў укаранення інфармацыйных тэхналогій у адукацыйны працэс. Работа вядзецца як ва ўмовах стацыянара, так і дыстанцыйна — у сетцы інтэрнэт — па чатырох напрамках: навучанне педагогаў і падтрымка іх перадавых ініцыятыў; навучанне вучняў, сумесныя масавыя мерапрыемствы педагогаў і навучэнцаў; удзел у міжнародных мерапрыемствах.
З апошніх найбольш цікавых прапаноў аддзела можна вылучыць воблачныя сэрвісы і платформы ў адукацыі, укараненне тэхналогіі мабільнага навучання, тэхналогію вэб-квеста, тэхналогію лічбавага старытэлінгу, электронны падручнік, перавернуты клас і г.д .
Акрамя сказанага вышэй, супрацоўнікі аддзела з’яўляюцца ініцыятарамі і арганізатарамі мерапрыемстваў для высокаматываваных дзяцей: алімпіяд, фестываляў, турніраў, віктарын, конкурсаў, гульняў, вэб-квестаў, якія праводзяцца пры дапамозе найноўшых інфармацыйных тэхналогій у розных прадметных галінах: хіміі, біялогіі, літаратуры, мове, інфарматыцы, матэматыцы, краязнаўстве, гісторыі, мастацтве.
— У сярэднім за навучальны год аддзелам (нас 3 + 2 (паўстаўкі) праводзіцца каля сямнаццаці мерапрыемстваў для навучэнцаў рознага школьнага ўзросту. Абсалютная большасць з іх праходзіць дыстанцыйна ў сетцы інтэрнэт, шмат чаго ў анлайн-рэжыме. Усе мерапрыемствы накіраваны не толькі на вырашэнне задач, вызначаных канкрэтнай прадметнай галіной, але і ў абавязковым парадку на павышэнне ІКТ-кампетэнцыі навучэнцаў і педагогаў-кіраўнікоў.
Хаця многія з мерапрыемстваў за час работы аддзела сталі традыцыйнымі, кожны навучальны год мы стараемся з дапамогай дыстанцыйных форм укараніць нешта новае. Пры гэтым мы не вынаходзім веласіпед, вызначаючыся з кірункам, тэматыкай. Тонкасць толькі ў тым, што ўсе ідэі і традыцыйныя формы мы ставім на камп’ютарныя рэйкі, пастаянна адсочваючы з’яўленне новых праграм, інструментаў, сэрвісаў, тэхналогій. Гэта патрабаванне часу, у якім мы жывём.
Напрыклад, у цяперашні момант у нас праходзяць два абласныя дыстанцыйныя бліцтурніры па біялогіі для навучэнцаў 7 і 3 класаў, выкарыстоўваюцца пры гэтым магчымасці форм і прэзентацый Google, што вельмі падабаецца і дзецям, і педагогам, а таксама вэб-квест для навучэнцаў пачатковых класаў “Я — даследчык. Космас. Пытанні. Адказы”. Зарэгістраваліся 190 каманд.
Фестываль старытэлераў “Дзівоснае побач!” — яшчэ адно дыстанцыйнае мерапрыемства для высокаматываваных падлеткаў 6—11 класаў Віцебшчыны. Яно нацэлена на вывучэнне і ўкараненне найноўшай інфармацыйнай тэхналогіі ў працэс адукацыі, у рамках якой удзельнікі ствараюць і прадстаўляюць у сетцы лічбавыя гісторыі, прысвечаныя персаналіям, фактам, падзеям роднага краю. Цікавая і новая ў нашай краіне тэхналогія лічбавага старытэлінгу накіравана на развіццё пазнавальнай цікавасці, эмацыянальнага інтэлекту, аўдыявізуальнай і медыяпісьменнасці навучэнцаў, уяўлення і метафарычнай мовы, а таксама на фарміраванне камунікатыўнай кампетэнцыі.
Некалькі гадоў назад гэтая тэхналогія здзейсніла сапраўдны пераварот у сістэме адукацыі на Захадзе як адна з найбольш дзейсных. У рамках падрыхтоўкі (стартуе фестываль у сакавіку) супрацоўнікі нашага аддзела праводзяць двухтыднёвае дыстанцыйнае навучанне педагогаў-куратараў творчых работ навучэнцаў. Такім чынам, працуючы адначасова і з высокаматываванымі навучэнцамі, і з педагогамі-наватарамі, мы паспрабуем укараніць і гэтую тэхналогію ў адукацыйны працэс, — расказала Наталля Віктараўна.
У сярэднім за навучальны год у дыстанцыйных мерапрыемствах у сетцы інтэрнэт прымае каля 8000 навучэнцаў Віцебскай вобласці. З мэтай павышэння ўзроўню інфармаванасці і павелічэння колькасці ўдзельнікаў у гэтым навучальным годзе супрацоўнікамі аддзела быў створаны сайт, на якім размешчана ўся інфармацыя пра абласныя і міжнародныя мерапрыемствы для адораных дзяцей, што праводзяцца ў сетцы.
Трэба адзначыць, што інфармацыйнае выступленне прадстаўніцы Віцебскага абласнога інстытута слухалася пад аловак і выклікала рэзананс, бо сталенне і станаўленне сучаснага пакалення навучэнцаў адбываецца ў час тэхнічнага прагрэсу, у непарыўнай сувязі са скарацечнымі зменамі ў свеце тэхналогій. Кішэнны інтэрнэт, неабмежаваны доступ да любой інфармацыі, магчымасць зносін з усім светам, сацыяльныя сеткі, гульні — гэта тое, чым жыве сучасны падлетак. Ён неразлучны са сваім дэвайсам, гнуткі, інтуітыўна асвойвае ўсё новае і часта апярэджвае сваіх настаўнікаў, і не толькі ў пытаннях тэхналогій. На Віцебшчыне гэта вырашылі выкарыстаць на карысць.
На Брэстчыне, як заўважыў начальнік вучэбна-метадычнага цэнтра дашкольнай і агульнай сярэдняй адукацыі Брэсцкага абласнога інстытута развіцця адукацыі Андрэй Мікалаевіч Кісель, асаблівы клопат — падрыхтоўка да алімпіяд і навукова-практычных канферэнцый. Зусім нядаўна, 30 студзеня, на базе сярэдняй школы № 1 Драгічына сумесна з аддзелам адукацыі, спорту і турызму Драгічынскага райвыканкама праводзілася абласная канферэнцыя (конкурс даследчых работ) навучэнцаў “З навукай у будучыню”.
На працягу двух гадоў па выніках удзелу ў конкурсах работ даследчага характару (навукова-практычных канферэнцый) каманда Брэсцкай вобласці займае трэцяе агульнакаманднае месца. Напрыклад, Дзмітрый Крывянчук, навучэнец з Пінска, стаў пераможцам у секцыі “Фізіка” на Рэспубліканскім навукова-інжынерным конкурсе Belarus Science and Engineering Fair — 2015.
Калі гаварыць пра падрыхтоўку да алімпіяд, то на ўзроўні раёнаў, гарадоў, на абласным узроўні праводзяцца вучэбна-трэніровачныя зборы па падрыхтоўцы да трэцяга і заключнага этапу рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах. Работа профільных лагераў для адораных навучэнцаў арганізавана як на гарадскім, раённым узроўні, так і на абласным. Профільныя летнікі працуюць практычна ва ўсіх раёнах і гарадах Брэсцкай вобласці. Асабліва актыўна выкарыстоўвалі патэнцыял профільных лагераў Ганцавіцкі, Драгічынскі, Івацэвіцкі раёны, Маскоўскі раён Брэста, Пінск.
У ліпені і лістападзе на базе Брэсцкага абласнога ліцэя імя П.М.Машэрава працуе абласны профільны летнік для адораных вучняў па фізіцы, матэматыцы, інфарматыцы, хіміі, біялогіі, рускай мове і літаратуры, беларускай мове і літаратуры, а таксама рэсурсны цэнтр, у рамках якога ажыццяўляецца падрыхтоўка навучэнцаў вобласці да рэспубліканскай і міжнародных алімпіяд па вучэбных прадметах і навукова-практычных канферэнцый.
На базе ліцэяў і гімназій Баранавіч, Пінска, Ганцавіч, Жабінкі, Драгічына, Іванава, Івацэвіч, Камянца, Лунінца, Ляхавіч, Століна, у Белаазёрску Бярозаўскага раёна, у Ленінскім і Маскоўскім раёнах Брэста функцыянуюць кансультацыйныя пункты (рэсурсныя цэнтры) па рабоце з адоранымі навучэнцамі. У выніку на заключным этапе алімпіяды ў 2015 годзе навучэнцы Брэсцкай вобласці заваявалі 73 дыпломы (у 2014 годзе іх было 58). А Міхаіл Стрэмаус з сярэдняй школы № 18 Баранавіч стаў бронзавым прызёрам ХІІ Міжнароднай геаграфічнай алімпіяды.
Безумоўна, за ўсімі дасягненнямі вучняў стаіць карпатлівая праца настаўнікаў. Каб яны маглі дэманстраваць такія вынікі, працаваць трэба і з імі. Эфектыўная сістэма павышэння кваліфікацыі педагагічных кадраў ажыццяўляецца ў Мінскай вобласці, дзе на базе абласнога інстытута развіцця адукацыі праводзяцца розныя вэбінары, арганізоўваюцца майстар-класы, круглыя сталы і проста сустрэчы з перадавымі педагогамі рэгіёна, з псіхолагамі. Поспех магчымы толькі ва ўзаемадзеянні, што яшчэ раз засведчыў круглы стол у АПА.

Вольга ДУБОЎСКАЯ.
Фота аўтара.

Новыя ІТ-лабараторыі адкрыты на базе МГІРА

У Мінскім гарадскім інстытуце развіцця адукацыі адбылося ўрачыстае адкрыццё дзвюх ІТ-лабараторый, якія ўвайшлі ў структуру гарадскога рэсурснага цэнтра інфармацыйных тэхналогій, — лабараторыі робататэхнікі “STEAM-акадэмія” і лабараторыі інтэлектуальных сістэм і тэхналогій “ЛІСТ”. У цырымоніі адкрыцця прынялі ўдзел начальнікі і спецыялісты ўпраўленняў адукацыі, спорту і турызму раёнаў Мінска, кіраўнікі ўстаноў адукацыі, рэсурсных цэнтраў, педагогі-практыкі.

Адкрыццё гарадскіх адкрытых ІТ-лабараторый было прымеркавана да Дня горада, каб падкрэсліць важнасць гэтай падзеі не толькі для развіцця інстытута, сістэмы павышэння кваліфікацыі і ўкаранення новых тэхналогій у адукацыйны працэс, але і ў цэлым для развіцця ўсёй рэгіянальнай сістэмы адукацыі. Па словах рэктара Мінскага гарадскога інстытута развіцця адукацыі Т.І.Мароз, новыя лабараторыі, якія былі аснашчаны ў межах міжнароднага праекта TEMPUS Inovest “Усходняе партнёрства ў сферы педагагічных інавацый у межах інклюзіўнага навучання” з’яўляюцца лагічным працягам развіцця ідэй інфарматызацыі ў сталіцы, укаранення найноўшага абсталявання ў адукацыйны працэс, а таксама азнаямлення педагогаў з тымі навінкамі, якія ў найбліжэйшы час з’явяцца або ўжо працуюць у сістэме адукацыі. Таццяна Іванаўна выказала ўпэўненасць, што лабараторыі дадуць магчымасць інтэграваць прадметы прыродазнаўча-матэматычнага цыкла, выконваць задачы па прафарыентацыйнай рабоце, арганізоўваць сумесную даследчую дзейнасць паміж педагогам і навучэнцам, весці падрыхтоўку да інтэлектуальных конкурсаў, канферэнцый і ў цэлым работу з высокаматываванымі дзецьмі, якія ў далейшым выберуць для сябе тэхнічныя спецыяльнасці. А метадычная служба інстытута дапаможа кожнаму зацікаўленаму.
— Перад намі пастаўлена задача навучыць школьнікаў працаваць у інфармацыйным асяроддзі, свабодна валодаць інфармацыйна-камунікацыйнымі тэхналогіямі. У сучасным грамадстве запатрабаваны тэхнічна граматныя людзі, і мы павінны арыентаваць дзяцей на атрыманне інжынерных спецыяльнасцей. Гэтыя задачы і дапамогуць вырашыць новыя ІТ-лабараторыі, — дадала намеснік начальніка аддзела дашкольнай, агульнай сярэдняй і спецыяльнай адукацыі камітэта па адукацыі Мінгарвыканкама Таццяна Паўлаўна Харужая.
Лабараторыя робататэхнікі “STEAM-акадэмія” арганізавана з мэтай адкрыцця доступу педагогам і навучэнцам да сучасных дасягненняў у галіне кібернетыкі і авалодання імі асновамі работы з робататэхнікай з дапамогай набораў LEGO. Гэтыя наборы арыентаваны на вывучэнне асноўных механічных прынцыпаў і элементарных тэхнічных рашэнняў, якія ляжаць у аснове ўсіх сучасных канструкцый і прылад. LEGO з’яўляецца і самастойным сродкам развіццёвага навучання, і найбольш пераважным наглядным дапаможнікам. Навучэнцы знаёмяцца з тэхналогіяй стварэння пэўнай мадэлі робата і кіравання пабудаванай мадэллю. Сабраная канструкцыя далучаецца да мікракамп’ютара, які ўяўляе сабой праграмуемы блок LEGO, што функцыянуе як аўтаномны камп’ютар. Мадэль ажыццяўляе рухі і ўключае розныя кіруемыя элементы зыходзячы з паказанняў датчыкаў.
— Чаму для назвы лабараторыі мы выбралі абрэвіятуру STEAM? — заўважыла яе кіраўнік намеснік начальніка аддзела інфарматызацыі Цэнтра інфармацыйных рэсурсаў сістэмы рэгіянальнай адукацыі Таццяна Сяргееўна Дыбоўская. — У дзейнасці нашай лабараторыі мы абапіраемся на інтэграваны падыход да вывучэння прадметаў, паколькі ў працэсе работы з адукацыйнай робататэхнікай неабходны веды з розных галін. Заняткі ў лабараторыі разлічаны на вучняў 1—8 класаў, а таксама на педагогаў. Задачы лабараторыі — арганізацыя адукацыйнай прасторы, дзе педагогі і навучэнцы маглі б у творчай атмасферы спасцігаць тэхналогіі адукацыйнай робататэхнікі, арганізацыя даследчай дзейнасці і распаўсюджванне эфектыўнага педвопыту. А паколькі вучэбна-даследчая дзейнасць будзе займаць адно з вядучых месцаў, то хацелася б, каб у выніку атрымаўся сумесны даследчы праект: ці то гэта ўдзел у LEGO-фестывалі, які зараз становіцца вельмі папулярным, ці то арганізацыя факультатыўнай і гуртковай дзейнасці на базе ўстановы адукацыі, якая ў рэшце рэшт павінна прывесці да павышэння якасці адукацыі.
Асноўныя напрамкі дзейнасці лабараторыі: арганізацыйна-метадычны, інавацыйны, навукова-метадычны. У працэсе работы плануецца праводзіць павышэнне кваліфікацыі, навучанне на платнай аснове, кансультацыйную дзейнасць. У найбліжэйшы час мяркуецца хаця б па адным педагогу з кожнай установы адукацыі горада пазнаёміць з магчымасцямі робататэхнікі.
Мэта другой лабараторыі — лабараторыі інтэлектуальных сістэм і тэхналогій “ЛІСТ” — павышэнне кваліфікацыі педагогаў Мінска ў сферы выкарыстання сучасных тэхнічных сродкаў навучання, асваення новых лічбавых лабараторый, прымянення перадавых тэхналогій работы з адоранымі дзецьмі.
— Лабараторыя аснашчана сучаснымі тэхнічнымі сродкамі, якія выпускаюцца і ў нашай краіне, і за яе межамі: інтэрактыўнай дошкай, мультыбордам, лінейкай сучасных лічбавых лабараторый па прадметах і інш., — адзначыў кіраўнік лабараторыі “ЛІСТ” начальнік аддзела прыродазнаўча-матэматычных і тэхнічных дысцыплін Цэнтра вучэбна-метадычнай работы з кадрамі адукацыі Аляксандр Мікалаевіч Зык. — Дастаткова складанай застаецца задача падрыхтоўкі высакакласных спецыялістаў, якія гатовы працаваць з новым абсталяваннем. Таму супрацоўнікамі інстытута распрацавана серыя семінараў, дзе мы пастараемся пазнаёміць педагогаў прыродазнаўча-матэматычных дысцыплін з навінкамі, тэхнічнымі сродкамі і лічбавымі лабараторыямі. У далейшым плануецца аснасціць лабараторыю тэхнічнымі прыладамі кабінетаў біялогіі, хіміі, геаграфіі. А вось пазнаёміцца з сучасным абсталяваннем кабінета фізікі і асвоіць работу з ім можна ўжо зараз.
Удзельнікі цырымоніі адкрыцця лабараторый мелі магчымасць наведаць майстар-класы ў ІТ-лабараторыях.

Наталля КАЛЯДЗІЧ.

У прыярытэце — развіццё сеткавага ўзаемадзеяння

Пасяджэнне гарадскога метадычнага аб’яднання па інфарматызацыі “Сеткавае ўзаемадзеянне ўдзельнікаў адукацыйнага працэсу шляхам сучасных інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій” прайшло напярэдадні новага навучальнага года ў сталіцы ў рэжыме анлайн. У ім прынялі ўдзел спецыялісты ўпраўленняў адукацыі, спорту і турызму адміністрацый раёнаў Мінска, намеснікі дырэктараў устаноў адукацыі, якія курыруюць пытанні інфарматызацыі, кіраўнікі раённых, школьных метадычных аб’яднанняў педагогаў. Арганізатарамі мерапрыемства выступілі супрацоўнікі Цэнтра інфармацыйных рэсурсаў сістэмы рэгіянальнай адукацыі Мінскага гарадскога інстытута развіцця адукацыі.

У рэжыме анлайн

У цэнтры ўвагі ўдзельнікаў пасяджэння былі пытанні арганізацыі сеткавага метадычнага ўзаемадзеяння ў педагагічнай практыцы ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі шляхам выкарыстання сучасных ІКТ, тэхнічных сродкаў навучання, дыстанцыйных і воблачных тэхналогій, 3D-тэхналогій, элементаў робататэхнікі ў адукацыйным працэсе, арганізацыі профільнага навучання.
Па словах начальніка Цэнтра інфармацыйных рэсурсаў сістэмы рэгіянальнай адукацыі МГІРА Наталлі Валянцінаўны Сакаловай, мэтай метадычнага аб’яднання з’яўляецца стварэнне ўмоў для павышэння эфектыўнасці адукацыйнага працэсу ва ўмовах сеткавага метадычнага ўзаемадзеяння ўстаноў адукацыі. Ужо пяты год пасяджэнні праходзяць у дыстанцыйнай форме ў сістэме Moodle. Гэтая форма садзейнічае эканоміі часу і выдаткаў на правядзенне мерапрыемства, стварае адзінае адукацыйнае асяроддзе, адкрывае магчымасць індывідуальнага тэмпу навучання, спрыяе авалоданню педагогамі сучаснымі камп’ютарнымі і тэлекамунікацыйнымі тэхналогіямі. Педагагічныя работнікі маюць магчымасць незалежна ад месца знаходжання ў любы зручны для сябе час зайсці ў сістэму і азнаёміцца з матэрыяламі эфектыўнага педвопыту.
У Мінску ўкаранёна комплексная мадэль адзінай інфармацыйнай адукацыйнай прасторы, якая імкліва абнаўляецца і становіцца мабільнай. Ва ўстановах адукацыі горада створана тэхнічная інфраструктура. Усе ўстановы агульнай сярэдняй адукацыі аснашчаны камп’ютарнай тэхнікай і камп’ютарнымі класамі. Колькасць устаноў адукацыі, у якіх выконваецца стандарт (не больш за 30 навучэнцаў на 1 камп’ютар), у мінулым навучальным годзе склала 93, 9% для навучэнцаў 5—11 класаў. Па стане на 2014/2015 навучальны год большасць устаноў адукацыі падключаны да інтэрнэту з дапамогай інтэрнэт-тэхналогіі ADSL (HDSL) — 86, 64%, dial-up (камутуемы) — 3,45%, RС кабель-мадэм — 4,74%, тэхналогіі Ethernet — 2,59%, і маюць бесправадную сетку — 0,43%, іншае — 2,16%.
Як адзначыла Н.В.Сакалова, у цяперашні час у сувязі з інтэнсіўным развіццём інфармацыйных тэхналогій актуальнай застаецца задача мадэрнізацыі тэхнічнай інфраструктуры ўстаноў адукацыі. Аналіз стану матэрыяльна-тэхнічнай базы паказаў высокі ўзровень зношанасці камп’ютарнай тэхнікі: 10,3 % камп’ютараў у Мінску выкарыстоўваецца больш за 10 гадоў — гэта тэхніка, якая патрабуе замены.

Электронная школа

З верасня 2013 года ва ўстановах адукацыі Мінска рэалізоўваецца рэгіянальны пілотны праект “Апрабацыя мадэлі кіруемага развіцця адукацыйных паслуг для фарміравання і стымулявання самаадукацыйнай дзейнасці навучэнцаў сродкамі інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій” (“Электронная школа”). Рэалізацыя праекта вядзецца ў напрамку ўкаранення анлайн-рашэнняў па прадастаўленні інфармацыйных сэрвісаў (электроннага журнала, дзённіка, раскладу заняткаў), што дазволіць стварыць аснову для пераходу на сістэму электроннага дакументаабароту ва ўстановах адукацыі, знізіць выдаткі на пабудову і суправаджэнне лакальных інфармацыйных структур і баз даных. Для аўтаматызацыі працэсаў збору, захавання і перадачы інфармацыі аб адукацыйным працэсе асноўным інструментам павінны стаць інтэлектуальныя дакументы навучэнцаў на аснове пластыкавых смарт-картак.
Педагогі штодзень уносяць адзнакі і каментарыі да іх у электронны дзённік навучэнцаў. Перавагай гэтага сэрвісу з’яўляецца зручнасць у атрыманні актуальнай інфармацыі па дамашніх заданнях і школьных падзеях у любы час і пры дапамозе любой персанальнай камп’ютарнай прылады, падключанай да інтэрнэту.
“Карта навучэнца” ўяўляе сабой комплексны інструмент, які сумяшчае ў сабе ўніверсальны дакумент і банкаўскую плацежную картку. Для ўстаноў адукацыі на аснове “карты навучэнца” даступны наступныя функцыі: бескантактны пропуск ва ўстановы адукацыі, магчымасць правядзення разлікаў у гандлёвых аб’ектах, безнаяўная аплата гарачага харчавання, ключ аўтарызацыі ў камп’ютарным класе, чытацкі білет у бібліятэцы, праязны білет у гарадскім транспарце. Плануецца, што да 2016 года ў праект “Электронная школа” будуць уцягнуты ўсе сярэднія навучальныя ўстановы.

З адукацыйным азартам

У сучасных умовах усё часцей узнікае патрэба ў неабходнасці арганізацыі сеткавага метадычнага ўзаемадзеяння сродкамі ІКТ для развіцця патэнцыялу навучэнцаў і задавальнення іх адукацыйных запытаў. Выкарыстанне сеткавага ўзаемадзеяння дазволіць вучыць і выхоўваць навучэнцаў, не выводзячы іх са звыклага кола зносін, стварыўшы ўмовы для развіцця і рэалізацыі іх індывідуальных магчымасцей.
Па меркаванні начальніка аддзела інфарматызацыі Цэнтра інфармацыйных рэсурсаў сістэмы рэгіянальнай адукацыі Алены Мікалаеўны Емяльянавай, пабудова мадэлі эфектыўнага і паспяховага сеткавага метадычнага ўзаемадзеяння адбываецца па наступных прынцыпах: адукацыйнага азарту (інтарэс стымулюе памяць, увагу і садзейнічае значнаму павышэнню актыўнасці і працаздольнасці); тэарэтычнай і інфармацыйнай карэктнасці (абавязковай умовай сеткавага метадычнага ўзаемадзеяння з’яўляецца адкрытае насычанае інфармацыйнае асяроддзе, якое адрозніваецца навуковасцю, даступнасцю, дакладнасцю); навігацыі і змястоўнай упарадкаванасці (змест сеткавага ўзаемадзеяння набывае ўстойлівыя формы, якія дазваляюць эфектыўна падключацца да яго на розных этапах адукацыйнага працэсу новым удзельнікам, але пры гэтым граматна і карэктна сістэматызаваць і ўпарадкоўваць узаемадзеянне з рознымі ўдзельнікамі сеткавай супольнасці); адукацыйнай адказнасці і эфектыўнасці.
Эфектыўнасць сеткавага ўзаемадзеяння ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі ў адзіным адукацыйным асяроддзі залежыць ад інфармацыйна-камунікацыйнай інфраструктуры рэгіёна: структуры рэсурсных цэнтраў, размеркавання адукацыйных рэсурсаў, сістэмы кіравання лічбавымі патокамі.
Адной з пераваг адукацыйнага працэсу ва ўмовах сеткавага ўзаемадзеяння з’яўляецца магчымасць навучання па індывідуальных адукацыйных траекторыях. Індывідуальная траекторыя дасягнення пастаўленай мэты выбудоўваецца навучэнцам сумесна з настаўнікам як з дапамогай існуючых для агульнага навучання элементаў, так і з дапамогай дадатковага набору метадычных элементаў.
Як падкрэслівалася, сеткавае метадычнае ўзаемадзеянне ўстаноў адукацыі можа быць ажыццёўлена шляхам выкарыстання педагагічнай тэхналогіі “навучанне ў супрацоўніцтве”. У адрозненне ад традыцыйных форм сумеснай групавой работы, яна характарызуецца наступнымі аспектамі: узаемазалежнасць усіх членаў групы, асабістая адказнасць кожнага члена групы за ўласныя поспехі і поспехі сваіх таварышаў, сацыялізацыя дзейнасці навучэнцаў у групах, агульная ацэнка работы групы, якая складаецца з ацэнкі формы зносін навучэнцаў у групе і акадэмічных вынікаў работы.
Несумненнымі перавагамі сеткавага метадычнага ўзаемадзеяння з’яўляецца магчымасць прыцягнення высакакласных выкладчыкаў для ўдасканалення арганізацыі навучання адораных вучняў. Акрамя таго, пры сеткавым узаемадзеянні адбываецца распаўсюджванне інавацыйных распрацовак. Інавацыі ва ўмовах адукацыйнай сеткі набываюць эвалюцыйны характар, што звязана з бесперапынным абменам інфармацыяй і абменам вопытам адораных вучняў адно з адным.
Па меркаванні А.М.Емяльянавай, развіццё сеткавага метадычнага ўзаемадзеяння навучальных устаноў сродкамі ІКТ садзейнічае выпрацоўцы новых метадаў і форм для выкарыстання ў адукацыйным працэсе, групавых форм паводзін, фарміраванню вучэбных груп і супольнасцей, аб’яднаных агульнай вучэбнай дзейнасцю, наяўнасцю непасрэдных кантактаў у пэўнай групе, павышэнню матывацыі навучэнцаў і як вынік якасці адукацыі.

“STEAM-акадэмія”

Таццяна Сяргееўна Дыбоўская, метадыст аддзела Цэнтра інфармацыйных рэсурсаў сістэмы рэгіянальнай адукацыі, прадставіла ўдзельнікам пасяджэння магчымасці лабараторыі робататэхнікі “STEAM-акадэмія”, якая была аснашчана ў межах міжнароднага праекта “Inovest 530417-Tempus -1-2012-1-De-Tempus-Smhes — “Усходняе партнёрства ў сферы педагагічных інавацый у межах інклюзіўнага навучання” і прызвана стаць своеасаблівай стажыровачнай пляцоўкай для педагагічных работнікаў устаноў адукацыі ў авалоданні асновамі работы з робататэхнікай, перадавымі тэхналогіямі лега, для абмену эфектыўным педагагічным вопытам, а таксама прадаставіць магчымасць вучыцца на базе лабараторыі з педагогамі, выкладчыкамі, якія маюць адпаведны ўзровень адукацыі.
На думку Т.С.Дыбоўскай, стварэнне лабараторыі дазваляе сфарміраваць у навучэнцаў базавыя ўяўленні ў сферы інжынернай культуры, развіваць інтарэс навучэнцаў да прыродазнаўчых і дакладных галін навукі, фарміраваць нестандартнае мысленне, а таксама пошукавыя навыкі ў вырашэнні прыкладных задач, развіваць творчы патэнцыял падлеткаў і моладзі ў працэсе канструявання і праграмавання робатаў.
У якасці асноўнага абсталявання пры навучанні школьнікаў робататэхніцы ў лабараторыі прапаноўваюцца лега-канструктары Mindstorm. Тэхналагічныя наборы лега арыентаваны на вывучэнне асноўных механічных прынцыпаў і элементарных тэхнічных рашэнняў, якія ляжаць у аснове ўсіх сучасных канструкцый і прылад. Лега з’яўляецца і самастойным сродкам развіццёвага навучання, і пераважным наглядным дапаможнікам.
Асяроддзе праграмавання Lego Mindstorms Education NXT дазваляе навучэнцам пазнаёміцца з асновамі праграмавання і навучыцца кіраваць сабранымі мадэлямі. Навучэнцы знаёмяцца з тэхналогіяй стварэння пэўнай мадэлі робата і кіравання пабудаванай мадэллю. Сабраная канструкцыя далучаецца да мікракамп’ютара, які ўяўляе сабой праграмуемы блок лега, што функцыянуе як аўтаномны камп’ютар. Ажыўшая мадэль ажыццяўляе рухі і ўключае розныя кіруемыя элементы, зыходзячы з паказанняў датчыкаў.
— Заняткі па робататэхніцы нацэлены на фарміраванне ў вучняў навыкаў праектнай і вучэбна-даследчай дзейнасці. Выкарыстанне робататэхнікі будзе садзейнічаць ранняй прафарыентацыі навучэнцаў. Элементы гульні, якія, несумненна, прысутнічаюць пры першапачатковым знаёмстве з курсам, матывуюць навучэнца, падводзяць яго да пазнання складаных фундаментальных асноў дарослага канструявання і праграмавання, — мяркуе Т.С.Дыбоўская.
Лабараторыя робататэхнікі адкрывае перад навучэнцамі і педагогамі новыя інавацыйныя магчымасці: спалучэнне тэорыі і практыкі, фарміраванне матывуючага творчага асяроддзя, інструмент для ўвасаблення ідэй.
Дзейнасць лабараторыі робататэхнікі прапаноўвае для навучэнцаў, педработнікаў устаноў адукацыі і шырокага кола слухачоў наступныя формы арганізацыі адукацыйнага працэсу: павышэнне кваліфікацыі для педагогаў горада, кансультацыйная дзейнасць, метадычныя мерапрыемствы (семінары, семінары-практыкумы, майстар-класы), анлайн-мерапрыемствы.

Лабараторыя інавацыйных тэхналогій

З мэтай развіцця інавацыйных форм рэалізацыі вочнай і завочнай адукацыі на аснове ўкаранення элементаў дыстанцыйных адукацыйных тэхналогій, накіраваных на павышэнне кваліфікацыі педкадраў у галіне выкарыстання ІКТ, на павышэнне даступнасці адукацыйных паслуг і развіцця безбар’ернага адукацыйнага асяроддзя горада, на базе МГІРА створана лабараторыя інавацыйных тэхналогій “Адукацыя без межаў”. Як паведаміла начальнік аддзела інфарматызацыі Цэнтра інфармацыйных рэсурсаў сістэмы рэгіянальнай адукацыі Іна Пятроўна Арцюхова, задачы лабараторыі наступныя: інфармацыйна-метадычнае і тэхнічнае суправаджэнне ўкаранення элементаў дыстанцыйных тэхналогій у адукацыйны працэс; распаўсюджванне перадавога педагагічнага вопыту ў гэтай сферы; ажыццяўленне дзейнасці, накіраванай на далейшае развіццё інфармацыйнага асяроддзя інстытута ў галіне ўкаранення дыстанцыйных форм навучання, а таксама выкарыстанне розных форм сеткавага метадычнага ўзаемадзеяння з іншымі суб’ектамі адукацыі па пытаннях выкарыстання і ўкаранення дыстанцыйных тэхналогій.
Пра воблачныя тэхналогіі ў адукацыйным працэсе паведаміла начальнік аддзела тэлекамунікацый і інфармацыйнага забеспячэння Цэнтра інфармацыйных рэсурсаў сістэмы рэгіянальнай адукацыі Святлана Ігараўна Каляда. Воблачныя тэхналогіі дазваляюць захоўваць, рэдагаваць, а таксама дзяліцца цікавымі файламі і дакументамі з сябрамі і калегамі. Патрэба ў падобных сэрвісах для адукацыі прадыктавана неабходнасцю мець асабістую заўсёды даступную і лёгка кіруемую інфармацыйную прастору настаўніка, навучэнца і як варыянт бацькоў, якія могуць перасякацца пэўным чынам, ствараючы сумесную адукацыйную прастору. Такі падыход у корані мяняе ролю настаўніка ў школе, ператвараючы яго з лектара, кантралёра ў кансультанта, партнёра. У выніку ўкаранення воблачных тэхналогій адбываецца шэраг змяненняў у адукацыйным працэсе: навучэнцы маюць магчымасць ажыццяўляць навучанне ў любы час і ў любым месцы, дзе ёсць інтэрнэт, павышаецца інтэрактыўнасць навучання, узнікае магчымасць хутка ствараць, адаптаваць і тыражаваць інфармацыйныя рэсурсы і адукацыйныя сэрвісы падчас адукацыйнага працэсу; навучэнцы могуць ажыццяўляць зваротную сувязь з настаўнікам шляхам выкарыстання шырокага набору адукацыйных сэрвісаў; узровень персаналізацыі інфармацыйна-адукацыйнай прасторы становіцца высокім.

У інтэрактыўным свеце

Інтэрактыўныя сродкі навучання ўсё актыўней уваходзяць у адукацыйны працэс. Аб развіцці творчага патэнцыялу педагогаў шляхам выкарыстання інтэрактыўных сродкаў навучання расказала начальнік аддзела тэхнічных сродкаў навучання і дыстанцыйнай адукацыі Цэнтра інфармацыйных рэсурсаў сістэмы рэгіянальнай адукацыі Таццяна Уладзіміраўна Чалдышкіна. Паводле яе слоў, эфектыўнасць прымянення інтэрактыўных сродкаў вызначаецца трыма ўзаемазвязанымі аспектамі яе забеспячэння — тэхнічным, метадычным і арганізацыйным. Тэхнічнае забеспячэнне ўключае ў сябе адаптацыю, асваенне сучасных інтэрактыўных сродкаў навучання, якія выкарыстоўваюцца для перадачы інфармацыі навучэнцамі, для арганізацыі зваротнай сувязі ад вучняў да выкладчыка, кантролю ведаў, правядзення самастойных заняткаў, адпрацоўкі і дакументавання інфармацыі. Але нават звышсучасныя інтэрактыўныя сродкі навучання не забяспечаць неабходнага эфекту без пэўнай метадычнай падрыхтоўкі і распрацоўкі дыдактычных матэрыялаў. У якасці інтэрактыўных сродкаў навучання выкарыстоўваецца інтэрактыўная прыстаўка, інтэрактыўная дошка, праектар, сістэма інтэрактыўнага апытання і галасавання, дакумент-камера, фабрыка друку, праграмнае забеспячэнне для распрацоўкі ўласных інтэрактыўных сродкаў навучання ў адукацыйным працэсе.
У Мінску вядзецца работа па вывучэнні, абагульненні, распаўсюджванні перадавога педагагічнага вопыту ў галіне выкарыстання сучасных інтэрактыўных сродкаў навучання. З мэтай пашырэння і ўкаранення практычнага выкарыстання сучасных тэхнічных сродкаў навучання быў праведзены конкурс “Інтэрактыўны свет ведаў”.
У межах конкурсу педагогі прадэманстравалі аптымальнае спалучэнне педагагічных тэхналогій і магчымасці ўкаранення сучасных інтэрактыўных сродкаў навучання. Так, робячы высновы аб эфектыўнасці ўзаемадзеяння інтэрактыўнага камплекта тэхнікі Epson з інструментамі праграмнага абсталявання RM Easiteach Next Generation, настаўніца пачатковых класаў сярэдняй школы № 45 Таццяна Мікалаеўна Слабадзянік адзначае, што іх мэтазгодна выкарыстоўваць як на этапе падрыхтоўкі да ўрока, так і на этапах самога ўрока. Інтуітыўна зразумелая панэль інструментаў праграмнага забеспячэння, банк медыярэсурсаў, віджэтаў, а таксама магчымасць укараняць і адкрываць уласныя электронныя вучэбныя матэрыялы дазваляе лёгка і проста падрыхтаваць вучэбныя заняткі для першакласнікаў у цікавай і даступнай форме, у адпаведнасці з такімі прынцыпамі, як нагляднасць і даступнасць. Банк віджэтаў дазваляе педагогу ў кароткі прамежак часу ствараць дыдактычныя гульні. Выкарыстанне сучасных інтэрактыўных сродкаў навучання павышае ўвагу, цікавасць навучэнцаў да вылічальнай тэхнікі і тым самым стварае ўмовы для фарміравання іх вылічальнай культуры.
Кожны педагог, які працуе ў 5 класе, ведае, як складана ўтрымліваць увагу дзяцей, якія яшчэ ўчора лічыліся пачаткоўцамі, бо вобразнае мысленне ў іх дамінуе над слоўна-лагічным. З улікам гэтага была створана работа настаўніцы рускай мовы і літаратуры сярэдняй школы № 118 Мінска Ірыны Уладзіміраўны Канаваленка. Інтэрактыўны ультракароткафокусны праектар выкарыстоўваецца педагогам на этапе мэтавызначэння, праверкі дамашняга задання, актуалізацыі ведаў, на этапе засваення новых ведаў, вырашэння праблемнай сітуацыі, у групавой рабоце, а таксама на этапе рэфлексіі. Ірына Уладзіміраўна прымяняе лічбавую дакумент-камеру пры праверцы практыкавання для хуткага рэдагавання работ навучэнцаў, пры разгадванні навучэнцамі крыжаванак. Абсталяваванне можа быць выкарыстана ў якасці відэакамеры для запісу з наступнай дэманстрацыяй, а таксама для аператыўнай дэманстрацыі вынікаў галасавання. Дзякуючы выкарыстанню мультымедыятэхналогій вучэбны матэрыял становіцца больш наглядным, зразумелым і запамінальным.

***

Пасля вывучэння прапанаваных матэрыялаў у сістэме Moodle ўдзельнікам пасяджэння было прапанавана прайсці анлайн-тэсціраванне. Тым настаўнікам, якія паспяхова з імі справіліся, былі выдадзены імянныя электронныя сертыфікаты ўдзельніка. Вопыт паказвае, што такая форма правядзення метадычных аб’яднанняў запатрабавана педагагічнай грамадскасцю. Па меркаванні педагогаў, гэтая форма дазваляе вывучаць матэрыялы ў індывідуальным тэмпе, незалежна ад месца жыхарства, стану здароўя, самастойна планаваць час, месца і працягласць заняткаў, эфектыўна рэалізоўваць зваротную сувязь.
— Інфармацыйнае грамадства, якое пастаянна развіваецца, вылучае новыя патрабаванні да адукацыі, яе якасці і зместу, — падкрэсліла Н.В.Сакалова. — У сувязі з гэтым доўгатэрміновая мэта інфарматызацыі сістэмы адукацыі Мінска заключаецца ў стварэнні і аказанні на аснове мадэлі кіруемага развіцця электронных адукацыйных паслуг. Вызначана і зона найбліжэйшага развіцця: мадэрнізацыя тэхнічнай інфраструктуры інфарматызацыі сістэмы адукацыі, развіццё кадравага патэнцыялу, забеспячэнне сеткавага ўзаемадзеяння ўдзельнікаў адукацыйнага працэсу, фарміраванне адукацыйнага асяроддзя на базе воблачных тэхналогій, распаўсюджванне дыстанцыйнай формы атрымання адукацыі, пашырэнне міжнароднага супрацоўніцтва ў сферы выкарыстання ІКТ.

Наталля КАЛЯДЗІЧ.
Фота аўтара.

Магчымасці рэсурсных цэнтраў — на карысць педагогаў і навучэнцаў

Добрай традыцыяй стала ў сталіцы арганізацыя Мінскім гарадскім інстытутам развіцця адукацыі жнівеньскіх сустрэч з педагогамі. Так і сёлета да пачатку новага навучальнага года ўпраўленнем каардынацыі метадычнай работы праведзена 30 міжраённых і 3 гарадскія секцыі для настаўнікаў-прадметнікаў, у якіх прынялі ўдзел каля трох тысяч педагогаў.

Як расказала намеснік начальніка ўпраўлення каардынацыі метадычнай работы МГІРА Валянціна Леанідаўна Маеўская, асноўная мэта такіх сустрэч — садзейнічаць павышэнню ўзроўню прафесійнай кампетэнтнасці настаўнікаў. Для гэтага на міжраённых секцыях супрацоўнікі Нацыянальнага інстытута адукацыі, аўтары падручнікаў, метадысты МГІРА азнаёмілі педагогаў горада з асаблівасцямі арганізацыі адукацыйнага працэсу па вучэбных прадметах. Асаблівая ўвага ўдзельнікаў секцый была сканцэнтравана на арганізацыі профільнага навучання, якое прадугледжвае вывучэнне асобных вучэбных прадметаў на павышаным узроўні. Акрамя таго, на секцыях трансліраваўся эфектыўны педагагічны вопыт.
Жывы водгук атрымаў вопыт работы настаўніка геаграфіі гімназіі № 22 Мінска С.П.Шарамета па тэме “Роля інтэграцыі ў навучанні геаграфіі і замежнай мовы высока-матываваных навучэнцаў”. Настаўнікі гісторыі Заводскага, Маскоўскага і Кастрычніцкага раёнаў абмеркавалі эфектыўнасць вопыту работы творчай групы, які трансліраваўся на раённай канферэнцыі “Трасцянец — месца смутку. Трасцянец — месца памяці”. Вопыт па выкарыстанні сэрвісаў WEB 2.0. для развіцця іншамоўнай кампетэнцыі навучэнцаў на трэцяй ступені агульнай сярэдняй адукацыі настаўніка-метадыста І.У.Зубрылінай быў прадстаўлены ў гімназіі № 24. Платформай для рэалізацыі вопыту і методыкі рэфлексіўнага навучання, якая ўвасабляецца шляхам чытання артыкулаў, каменціравання, праслухоўвання, прагляду і аналізу аўдыя і відэа, стаў вучэбны блог педагога TEACHING EXTRAS (http://zubrilina.blogspot.com).
Цікавым вопытам з калегамі падзялілася кіраўнік раённага метадычнага аб’яднання настаўнікаў хіміі Кастрычніцкага раёна В.У.Аляксеева па выкарыстанні актыўнай ацэнкі, якая дазваляе павысіць якасць ведаў вучняў па прадмеце і матывацыю да больш актыўнага і выніковага ўдзелу ў раённых і гарадскіх конкурсах. Непадробную цікавасць ва ўдзельнікаў міжраённай секцыі па хіміі выклікала выступленне настаўніцы сярэдняй школы № 87 Мінска кіраўніка метадычнага аб’яднання настаўнікаў хіміі Партызанскага раёна Г.У. Чалай, якая прадставіла вопыт работы па актывізацыі пазнавальнай дзейнасці навучэнцаў праз выкарыстанне элементаў праблемнага навучання. Урокі з такімі элементамі даюць магчымасць навучэнцам самім фармуляваць пытанні і шукаць адказы на іх. А вольнае выкладанне думак, разважанне, сумесны пошук ісціны садзейнічае фарміраванню пазнавальнай актыўнасці вучняў.
Удзельнікі секцыі кіраўнікоў школьных метадычных аб’яднанняў настаўнікаў пачатковых класаў Партызанскага, Першамайскага і Савецкага раёнаў азнаёміліся з эфектыўнымі формамі метадычнай работы на першай ступені агульнай сярэдняй адукацыі, якія прадставілі педагогі сярэдняй школы № 87 Мінска — намеснік дырэктара С.С.Елісеева і кіраўнік школьнага МА настаўнікаў пачатковых класаў Т.Н.Меляшчэня. У работу з педагогамі ўведзены такія формы, як кірмаш педагагічных ідэй, трэнінг, майстар-клас, педагагічная студыя, метадычны аўкцыён. Выкарыстанне метадаў стварэння спрыяльнай атмасферы, прыёмаў актывізацыі і падрыхтоўкі педагогаў да ўспрымання інфармацыі і ўдзелу ў дыялогу — неад’емная частка кожнага метадычнага мерапрыемства.

***

Жнівеньская міжраённая секцыя настаўнікаў-філолагаў “Асаблівасці выкладання вучэбных прадметаў “Руская мова” і “Руская літаратура” ў 2015/2016 навучальным годзе”, якая аб’яднала педагогаў Партызанскага, Першамайскага і Савецкага раёнаў Мінска, прайшла на базе сталічнай гімназіі № 7. Гэтая навучальная ўстанова была выбрана невыпадкова. Тут працуе зладжаная каманда настаўнікаў-славеснікаў, дзейнічае рэсурсны цэнтр па рускай мове і літаратуры, мэта якога — удасканаленне сістэмы павышэння кваліфікацыі настаўнікаў, азнаямленне педагогаў горада з сістэмай інавацыйнай работы гімназіі. У прыватнасці, тут створаны ўмовы для авалодання настаўнікамі інфармацыйна-камунікацыйнымі кампетэнцыямі, для навучання іх прымяненню сучасных аўдыявізуальных і інтэрактыўных сродкаў і інш. Узначальвае ўстанову Ларыса Леанідаўна Смагіна.
Аб асаблівасцях арганізацыі адукацыйнага працэсу па рускай мове і літаратуры ў новым навучальным годзе расказала метадыст аддзела метадычнага забеспячэння гуманітарнай адукацыі Нацыянальнага інстытута адукацыі Таццяна Аляксандраўна Валковіч. Яна засяродзіла ўвагу прысутных на некаторых змяненнях у змесце вучэбных праграм. Так, з мэтай паляпшэння якасці літаратурнай адукацыі і павышэння чытацкай культуры навучэнцаў з праграмы 5 класа выключаны некаторыя складаныя для ўспрымання навучэнцаў творы (А.Кальцоў “Песня аратага”, М.Някрасаў “Школьнік”) і творы, якія вывучаліся на першай ступені агульнай сярэдняй адукацыі (А.Талстой “Дзяцінства Мікіты”), павялічана колькасць гадзін на вывучэнне твораў, якія патрабуюць больш падрабязнага разгляду, прыцягнення творчых заданняў або вызначаных праграмай для завучвання на памяць ці пераказу (І.С.Тургенеў “Муму”, Х.К.Андэрсен “Снежная каралева” і інш.) і г.д.
Выкладанне ў 10 класе рускай літаратуры на павышаным узроўні прадугледжвае больш глыбокае вывучэнне творчасці выбітных рускіх пісьменнікаў другой паловы XIX — пачатку XX стагоддзя і засваенне тэарэтыка-літаратурных асноў курса. Акцэнтуецца ўвага на вывучэнні мастацкага тэксту з апорай на літаратурную крытыку, пашырана кола твораў і пісьменнікаў (М.Ляскоў “Лэдзі Макбет Мцэнскага павета”, І.Ганчароў “Абломаў”), павялічаны аб’ём ведаў па біяграфіі пісьменніка, пашыраны спіс мастацкіх тэкстаў, якія прапаноўваюцца для вывучэння і дадатковага чытання. У вучэбнай праграме базавага ўзроўню адбылася істотная разгрузка: паменшана колькасць твораў, якія вывучаюцца, спрошчаны патрабаванні да ведаў і ўменняў навучэнцаў, павялічана колькасць гадзін на вывучэнне аб’ёмных і складаных твораў, якія патрабуюць больш падрабязнага разгляду.
Метадыст аддзела грамадска-гуманітарных і эстэтычных дысцыплін цэнтра вучэбна-метадычнай работы з кадрамі адукацыі МГІРА Валянціна Фёдараўна Круглікава пазнаёміла прысутных з планам павышэння кваліфікацыі педагогаў у 2015/2016 навучальным годзе. Яна падкрэсліла, што павышэнне кваліфікацыі педагогаў павінна адбывацца адзін раз у тры гады, а пацвярджэнне катэгорыі — на працягу 5 гадоў.
Вопытам па выкарыстанні магчымасцей рэсурснага цэнтра ў рабоце з высокаматываванымі і адоранымі навучэнцамі падзялілася настаўніца рускай мовы і літаратуры гімназіі № 7 Мінска Алена Анатольеўна Лугаўская. У практыцы работы на вучэбных, факультатыўных, індывідуальных занятках педагог выкарыстоўвае элементы ІКТ. Для задавальнення запытаў дзяцей з рознай матывацыяй прымяняюцца такія сеткавыя праграмы, як база ведаў “Русский язык для школ” і Net op School. У інфармацыйным сховішчы базы ведаў прадстаўлены вучэбныя заданні рознага ўзроўню складанасці. Навучэнцы маюць магчымасць самастойна ствараць падборкі вучэбных матэрыялаў, што асабліва актуальна для тых, хто выбудоўвае самастойную адукацыйную траекторыю. Работа з базай ведаў у спалучэнні з сеткавай праграмай Net op School дазваляе зрабіць адукацыйны працэс інтэрактыўным. Гэтая праграма прадастаўляе педагогу магчымасць са свайго рабочага месца кантраляваць работу кожнага навучэнца, ажыццяўляць рассылку індывідуальных заданняў на камп’ютары, пры неабходнасці арганізоўваць дыялог з выкарыстаннем прыватнага чата, выступаць у ролі кансультанта для навучэнцаў, якія працуюць у індывідуальным рэжыме.
Настаўніца актыўна далучае матываваных навучэнцаў для стварэння наглядных дапаможнікаў для ўрокаў. Выхаванцы А.А.Лугаўской прымаюць удзел у праектаванні будучых урокаў з выкарыстаннем інтэрактыўнай прыстаўкі. Творчым прадуктам навучэнцаў становіцца таксама ілюстрацыйны прэзентацыйны матэрыял да ўрокаў, тэматычны інтэрактыўны слоўнік пэўнай тэмы, складанне бібліятэкі даведачных інтэрнэт-крыніц па зададзенай тэме.
На этапе праверкі і кантролю ведаў значна павышае эфектыўнасць адукацыйнага працэсу і актывізуе пазнавальную дзейнасць выкарыстанне камп’ютарнага тэсціравання з дапамогай сістэмы інтэрактыўнага апытання TB Voting.
Адной з форм індывідуальнага цьютарскага суправаджэння адораных і высокаматываваных вучняў з’яўляецца дыстанцыйнае навучанне. Яно рэалізоўваецца праз традыцыйную электронную пошту, з дапамогай праграмы скайп, якая дазваляе арганізаваць індывідуальныя анлайн-кансультацыі, і праз персанальны блог настаўніка. Такі від работы эфектыўны пры падрыхтоўцы да навукова-практычных канферэнцый. Навучэнцы, якія займаюцца даследаваннем і працуюць у аўтаномным рэжыме, маюць магчымасць тэрмінова звязацца з педагогам. У гэтым рэжыме зручна ажыццяўляць і кантраляваць падрыхтоўку да эпісталярных конкурсаў.
Сістэма работы А.А.Лугаўской прыносіць станоўчыя вынікі. Выхаванцы настаўніцы паспяхова здаюць цэнтралізаванае тэсціраванне, а таксама выступаюць на алімпіядах, рознага роду конкурсах, навукова-практычных канферэнцыях.

* * *

Сёння ў Нацыянальнай бібліятэцы Рэспублікі Беларусь пройдзе жнівеньскі форум педагагічных работнікаў Мінска “Грамадзянская адказнасць, кампетэнтнасць і стваральная актыўнасць маладых — фундамент паспяховага развіцця сталіцы”. У межах форуму будзе працаваць выстава дасягненняў сталічнай адукацыі па трох напрамках: “Поспех выбірае прафесіяналаў”, “Вучыць і вучыцца! Сучасная гарантыя поспеху”, “Стратэгіі адзінай будучыні”, а таксама адбудзецца ўрачыстая цырымонія ўзнагароджання лепшых педагогаў і ўшаноўвання маладых спецыялістаў.

Наталля КАЛЯДЗІЧ.
Фота аўтара.

Першыя навуковыя адкрыцці: ад колькасці да якасці

Як убачыць гук? Ці цяжка быць ляўшой? Карась і ратан — сябры ці ворагі? Як захаваць папуляцыю жаб? Пра што гавораць гадавыя колцы дрэў? Кніга будучыні — якая яна? На гэтыя і многія іншыя пытанні паспрабавалі адказаць юныя навукоўцы сталіцы на гарадскім фестывалі праектна-даследчых работ навучэнцаў І ступені агульнай сярэдняй адукацыі “Пазнанне і творчасць”. Вынікі гэтага фестывалю падвялі ў Мінскім гарадскім інстытуце развіцця адукацыі. Урачыстае ўзнагароджанне пераможцаў прайшло ўчора ў актавай зале гімназіі № 23.

Сёлета фестываль праводзіўся другі раз. Яго арганізатарамі выступілі Мінскі гарадскі інстытут развіцця адукацыі разам з Саветам маладых вучоных Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Асноўныя задачы фестывалю — з аднаго боку, фарміраваць даследчую культуру і асновы навуковага светапогляду навучэнцаў пачатковых класаў, стымуляваць іх пазнавальную актыўнасць і інтарэс да навуковых ведаў, а з другога боку, выпрацоўваць у педагогаў навыкі арганізацыі вучэбна-даследчай і праектнай дзейнасці, вызначыць найбольш эфектыўныя формы яе арганізацыі.
Фестываль быў арганізаваны сярод навучэнцаў 2—4 класаў. Кіраўнікамі работ школьнікаў маглі выступаць як педагогі, так і бацькі. Гарадскі этап фестывалю право-дзіўся ў два туры — завочны і вочны. На завочны тур, які прайшоў з 21 па 31 кастрычніка, было пададзена 312 работ. Высокую актыўнасць прадэманстравалі малодшыя школьнікі з устаноў адукацыі Ленінскага, Першамайскага, Фрунзенскага і Цэнтральнага раёнаў горада. Прычым у некаторых раёнах, напрыклад, у Фрунзенскім, Партызанскім, прайшлі свае адборачныя туры.
Па словах метадыста аддзела пачатковага навучання МГІРА Галіны Браніславаўны Шпакоўскай, сёлетні фестываль вучэбна-даследчых работ і праектаў пачаткоўцаў меў свае асаблівасці. Па-першае, ён пашырыў свае межы: у гэтым годзе ў ім упершыню прынялі ўдзел расійскія школьнікі — навучэнцы ўстаноў адукацыі Саранска. Па-другое, да трох намінацый “Незвычайнае ў звычайным”, “Мае першыя адкрыцці”, “Тваё здароўе ў тваіх руках” дадалася яшчэ адна новая намінацыя — “7 цудаў Беларусі”, якая была вызначана для таго, каб прыцягнуць увагу малодшых школьнікаў да гістарычнай спадчыны нашай радзімы. Яшчэ адно новаўвядзенне — абавязковае прадстаўленне ўдзельнікамі на першы тур фестывалю разам з папяровай работай відэазапісу яе прэзентацыі. Гэта дазволіла падчас публічнай абароны весці з дзіцем змястоўную гаворку, даведацца пра самастойнасць правядзення работы і глыбіню пагружэння ў тэму.
Самымі запатрабаванымі і папулярнымі аказаліся намінацыі “Мае першыя адкрыцці” — 141 работа, “Незвычайнае ў звычайным” — 86 работ. 24 работы малодшых школьнікаў былі заяўлены ў намінацыі “7 цудаў Беларусі”. 5 вучнёўскіх работ сёлета было прадстаўлена на англійскай мове.
Кола інтарэсаў малодшых школьнікаў вельмі шырокае і разнастайнае. Сёння пачаткоўцаў хвалюе праблема забруджвання паветра, уплыў гаджэтаў на здароўе людзей, роля кальцыю ў цвёрдасці яечнай шкарлупіны і ўздзеянне “Кока-Колы” на эмаль зубоў. Малодшыя школьнікі высвятлялі, як працягласць светлавога дня ўплывае на настрой, працаздольнасць і здароўе дзяцей класа, вывучалі арфаграмы рускай мовы на абгортаках ад цукерак, незвычайныя ўласцівасці звычайнага крухмалу, атрымлівалі рэдкія адценні руж у дамашніх умовах.
Другакласніца гімназіі № 16 Эмілія Церахава пад кіраўніцтвам свайго таты правяла даследаванне “Як захаваць папуляцыю жаб” (дыплом ІІІ ступені). Аднойчы на дачы дзяўчынка ўбачыла ў лужы ікру і задалася пытаннем, ці можна з яе вырасціць жабяня. “Мы ўзялі ікру і змясцілі яе ў вядро, дадалі пітной вады і дачакаліся, пакуль з’явяцца апалонікі. Падчас назірання за імі высветлілася, што апалонікі найбольшую актыўнасць праяўляюць пры тэмпературы 18—23°C, лепшая асветленасць для іх — сярэдняя, а лепшая падкормка — яйка, тварог і белы хлеб. Прыкладна праз 1,5 месяца ў нас з’явіліся першыя травяныя жабяняты. Усяго іх вывелася 115, і мы выпусцілі іх у траву”, — расказала Эмілія. Юная даследчыца распрацавала рэкамендацыі па вырошчванні жабянят у дамашніх умовах і вяртанні іх у прыроднае асяроддзе. У планах аўтара работы — пабудаваць садовую сажалку, дзе з апалонікаў будуць расці жабяняты.
Цікавы і той факт, што сёлета ў фестывалі прынялі ўдзел пачаткоўцы, якія прадстаўлялі свае работы ў мінулым годзе. Навучэнцы пачатковай школы № 29 Іван Велікодны і Варвара Шайкіна прадставілі работу “Карась і ратан — сябры ці ворагі?”(у мінулым годзе дзеці даследавалі салаўёў у Лошыцкім парку); Улад Бялоў з гімназіі № 17 — “Як людзі лічылі ў даўніну” (летась прадстаўляў даследаванне пра Паўла Сухога); Мікіта Гузаў, Дар’я Лукашэнка з гімназіі № 16 — “Шакалад і яго ўплыў на настрой і паспяховасць” (у мінулым годзе навучэнцы даследавалі казкі).
Журы конкурсу, якое ўзначалілі першы прарэктар МГІРА доктар гістарычных навук Сяргей Пятровіч Странкоўскі і загадчык лабараторыі Інстытута агульнай неарганічнай хіміі, старшыня савета маладых вучоных НАН Беларусі, кандыдат хімічных навук Андрэй Іванавіч Іванец, вывучалі прадстаўленыя матэрыялы, ацэньвалі іх актуальнасць, адпаведнасць патрабаванням. Сярод асноўных крытэрыяў ацэнкі вучэбна-даследчых работ — адпаведнасць зместу пастаўленым мэтам і прадмету даследавання, узровень аналізу аб’екта ці з’явы, узровень вылучэння гіпотэз, узровень самастойнай дзейнасці, наяўнасць ілюстрацыйных матэрыялаў. У праектах пад увагу бралася практычная значнасць, фармуляванне задачы, наяўнасць даследаванняў, выпрацоўка ідэй і іх разнастайнасць, тэхналогія вырабу і рэалізацыя выбранай ідэі, апрабаванне і ацэнка праекта, якас ць прадукту (вырабу). У выніку ў другі тур выйшлі 145 работ, якія набралі ад 25 да 30 прызавых балаў.
Другі тур фестывалю праводзіўся 10—14 лістапада ў форме вуснага прадстаўлення. Тут вызначаліся пазнавальныя інтарэсы і творчыя здольнасці навучэнцаў, уменне прэзентаваць вынікі сваёй дзейнасці, выказваць уласны пункт гледжання, выяўляліся арыгінальныя і нестандартныя рашэнні праблемы. Дарэчы, змест і форма вуснага прадстаўлення праектна-даследчай работы (а яно павінна было доўжыцца да 7 хвілін) вызначаліся даследчыкамі самастойна і маглі ўключаць дэманстрацыю эксперымента, відэароліка, мультымедыйнай прэзентацыі, стэндавую абарону.
Сёлета журы фестывалю вельмі парадавала разнастайнасць тэматыкі вучнёўскіх работ, іх змястоўнасць і глыбіня, практыка-арыентаванасць даследаванняў. У параўнанні з мінулым годам менш стала работ рэфератыўнага характару, узрасла самастойнасць навучэнцаў у правядзенні даследаванняў і афармленні іх вынікаў.
— Хацелася б параіць педагогам і бацькам, якія выступаюць кіраўнікамі работ малодшых школьнікаў, больш уважліва чытаць палажэнне аб фестывалі, бо многія работы былі нізка ацэнены менавіта з-за адсутнасці відэаабароны. У праектах і вучэбна-даследчых работах варта таксама захоўваць апарат даследавання (мэты, задачы, гіпотэза і г.д.). Акрамя таго, вельмі хочацца, каб колькасць прадстаўленых работ сапраўды перайшла ў якасць, — адзначыла Г.Б.Шпакоўская.
Усяго на фестывалі малодшыя школьнікі заваявалі 145 дыпломаў (33 дыпломы І ступені, 48 — ІІ ступені, 64 — ІІІ ступені). Вынікова выступілі навучэнцы Фрунзенскага, Маскоўскага, Савецкага, Ленінскага раёнаў. Сярод уладальнікаў дыпломаў І ступені — чацвёртакласнік сярэдняй школы № 175 Павел Кратовіч з работай “Вывядзенне вялікага трапічнага матылька ў дамашніх умовах”, навучэнец 4 класа гімназіі № 1 Аляксей Тумаркін з работай “Народная калыханка як складнік сна і развіцця дзіцяці”, трэцякласнікі пачатковай школы № 29 Іван Велікодны і Варвара Шайкіна з работай “Карась і ратан — сябры ці ворагі?”, навучэнка 4 класа гімназіі № 5 Ксенія Краснікава з работай “Мой Мінск”. А таксама чацвёртакласнік сярэдняй школы № 202 Мікалай Пенкрат з работай “І ўсё-такі яны выжылі”, другакласнік сярэдняй школы № 51 Павел Кавальчук з работай “Як працягласць светлавога дня ўплывае на настрой, працаздольнасць і здароўе дзяцей нашага класа”, чацвёртакласніца гімназіі № 40 Дар’я Саснова з работай “Падарожжа ў краіну Марфея” і інш.
Пераможцы фестывалю былі адзначаны дыпломамі, атрымалі значкі з лагатыпам фестывалю і памятныя падарункі. Віншуем!

Наталля КАЛЯДЗІЧ.
Фота аўтара.

Крок за крокам да новых адкрыццяў

Педагагічная майстэрня для настаўнікаў пачатковых класаў “Адкрываючы ўласны вопыт…” па тэме “Фарміраванне асноў экалагічнай культуры навучэнцаў на вучэбных занятках курса “Чалавек і свет” з выкарыстаннем тэхналогіі “Крок за крокам” прайшла на базе сярэдняй школы № 118 Ленінскага раёна сталіцы. Арганізатарам мерапрыемства выступіў Мінскі гарадскі інстытут развіцця адукацыі.

Па словах метадыста аддзела пачатковай адукацыі МГІРА Галіны Браніславаўны Шпакоўскай, асноўныя задачы мерапрыемства — разгледзець сучасныя падыходы па выкарыстанні тэхналогіі “Крок за крокам” на І ступені агульнай сярэдняй адукацыі, прэзентаваць вопыт работы педагогаў і вызначыць найбольш эфектыўныя формы, метады і прыёмы работы.
Як расказала намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце сярэдняй школы № 118 Ірына Аляксееўна Раманава, у пачатковай школе ўстановы дзейнічае 12 класаў, педагогі пяці з іх працуюць па тэхналогіі “Крок за крокам”, якая з’яўляецца той сучаснай педагагічнай сістэмай, у якой вызначальнымі каштоўнасцямі становіцца асоба дзіцяці, яе права на свабодны выбар, творчасць і самавыяўленне. Работа ў межах гэтай тэхналогіі дазваляе выпрацоўваць і развіваць у вучняў спецыфічныя ўменні і навыкі праектавання і даследавання, вучыць дзяцей самааналізу, рэфлексіі, практычнаму прымяненню школьных ведаў у розных сітуацыях, спрыяе развіццю творчага ўяўлення, усведамленню ўласнай рэалізацыі і значнасці. Асноўныя структурныя элементы тэхналогіі — ранішнія сустрэчы, работа ў цэнтрах, праектная дзейнасць, “Супердзіця”, работа з бацькамі.
Кожны вучэбны дзень педагогі ў класах пачынаюць з ранішняй сустрэчы. Яна праводзіцца за 15 хвілін да пачатку заняткаў на дыванку з мэтай настроіць вучняў на работу, стварыць псіхалагічны камфорт, адкрытую, сяброўскую атмасферу ў класе. Вучні па-рознаму вітаюць адно аднаго. І такое вітанне настройвае дзіця на станоўчую работу на працягу цэлага дня. Малодшыя школьнікі дзеляцца сваёй радасцю ці няўдачай, вучацца суперажываць, радавацца і сумаваць разам са сваімі аднакласнікамі. Дзіцяці вельмі важна адчуваць, што яго любяць у класе, што яно патрэбна. І калі дзеці садзяцца на дыванку, яны бачаць вочы адно аднаго, адчуваюць абароненасць, што садзейнічае фарміраванню моцнага сяброўскага калектыву.

Настаўніца пачатковых класаў Наталля Васільеўна Дадычэнка разам са сваімі першакласнікамі прадэманстравала прысутным, як арганізуюцца ранішнія сустрэчы. Прадстаўленая ранішняя сустрэча была звязана з праектам “Залатая восень”, які дзеці рэалізуюць разам з настаўніцай і бацькамі, і з тэмай “Асеннія з’явы ў прыродзе” па курсе “Чалавек і свет”. Дзеці з радасцю віталі адно аднаго, гаварылі пра надвор’е, дзяліліся сваімі навінамі. Некалькі малодшых школьнікаў падрыхтавалі малюнкі, кампазіцыю з асенніх лісцікаў, а таксама фотаздымкі да праекта, якія з гонарам прадэманстравалі аднакласнікам. З задавальненнем навучэнцы адгадвалі загадкі, даведаліся пра сакрэт царыцы восені і сабралі ўсе прыкметы золатавалосай гаспадыні ў чароўную скарбонку. Напрыканцы ранішняй сустрэчы дзеці прыйшлі да высновы, што восенню прырода рыхтуецца адпачываць і ёй можна дапамагчы, збіраючы лісце, беражліва адносячыся да яе.
Пры падрыхтоўцы да ранішняй сустрэчы настаўнікі выкарыстоўваюць псіхалагічныя праграмы, трэнінгі па адаптацыі першакласнікаў, па развіцці згуртаванасці ў калектыве. Педагогі маюць магчымасць заглянуць у вочы кожнаму дзіцяці, кожнага пачуць. Падчас ранішніх сустрэч арганізуюцца развіццёвыя гульні, ставяцца задачы праблемнага характару. Часта дзецям прапаноўваюцца заданні, якія служаць падрыхтоўкай да першага ўрока. Пачаткоўцы разгадваюць загадкі, крыжаванкі, рашаюць галаваломкі. Працуючы з такімі матэрыяламі, дзеці без асаблівых намаганняў развіваюць увагу, памяць, кругагляд.

Прыходзячы ў школу, малодшыя школьнікі трапляюць у новае для іх сацыяльнае акружэнне, у выніку чаго часта не могуць уключыцца ў агульную дзейнасць. У многіх маленькіх навучэнцаў развіваецца пачуццё школьнай трывожнасці, няўпэўненасці ў сабе, што часам прыводзіць да нежадання наведваць школу, зніжае інтарэс да пазнання. Вось чаму з першага дня вучобы ў школе неабходна стварыць такія ўмовы, пры якіх дзіця змагло б самасцвердзіцца, набыць упэўненасць у сваіх магчымасцях. А дасягнуць гэтага можна шляхам арганізацыі вучэбнай дзейнасці школьнікаў у цэнтрах. Гэта яшчэ адна асаблівасць навучання па мадэлі “Крок за крокам”. У залежнасці ад жадання пачаткоўцаў ці педагога клас падзяляецца на групы. Прычым у склад груп могуць уваходзіць як дзеці з аднолькавым узроўнем развіцця, так і з розным.
Работа ў цэнтрах дазваляе кожнаму дзіцяці ўключыцца ў актыўную дзейнасць, вучыць самастойнасці, адказнасці. Навучэнец мае права зрабіць выбар таго цэнтра, у якім ён у поўнай меры можа праявіць свае веды і здольнасці. Праблемныя сітуацыі, якія настаўнікі прапаноўваюць дзецям, стымулююць іх да пошуку, вучаць разважаць, выказваць сваё меркаванне. Усе навучэнцы праяўляюць актыўнасць. Затым кожны цэнтр робіць справаздачу. Прычым работа ў цэнтрах мае свае правілы і нормы, да якіх адносяцца правіла паднятай рукі (дзеці паведамляюць аб жаданні выступіць), права кожнага члена групы на выказванне ўласных думак, якія ўзгадняюцца з астатнімі ўдзельнікамі групы; чарговасць выступленняў, захаванне якой выхоўвае ўменне ўважліва слухаць паведамленне кожнага ўдзельніка, і інш.
Фрагмент урока “Чалавек і свет” па тэме “Мацерыкі і акіяны” прадставіла настаўніца пачатковых класаў Аксана Уладзіміраўна Руткоўская. Матэрыял урока быў цесна звязаны з праектам “Падводны свет”, які рэалізуецца дзецьмі. Клас быў раздзелены на тры цэнтры: навуковы, пазнавальны і цэнтр матэматыкі, кожны з якіх атрымаў заданні. Заданні, якія прапаноўвалі навучэнцам, патрабавалі не толькі актуалізацыі атрыманых ведаў, але і ўмення прымяняць гэтыя веды ў розных сітуацыях. Так, аднаму з цэнтраў неабходна было разгадаць крыжаванку і знайсці зашыфраванае слова, запоўніць кластар, прачытаць прапанаваны настаўніцай тэкст і пераказаць яго. У рабоце на ўроку прымалі ўдзел і бацькі навучэнцаў. Было відаць, што ўсе навучэнцы актыўна працуюць над заданнем, а не пасіўна назіраюць. Не было сумных вачэй, абыякавага погляду, ніхто з вучняў не застаўся без справы.
Такая арганізацыя работы, безумоўна, мае свае перавагі: адораныя вучні могуць праяўляць свае здольнасці, не прыцягваючы ўвагі ўсяго класа, не баючыся стаць выскачкай, а навучэнцы, якіх раней не заўважалі ў класе, могуць праявіць свае веды і здольнасці ў менш стрэсавай сітуацыі. Няўпэўненым навучэнцам група дае магчымасць набыць упэўненасць у сабе і сваіх магчымасцях. А самае галоўнае — гэтая работа дапамагае развіваць прыродныя задаткі і творчыя здольнасці дзяцей.

Значнае месца ў рабоце па тэхналогіі “Крок за крокам” займае праектная дзейнасць. Праект — вялікая калектыўная справа класа. Аснову метаду праектаў складае развіццё пазнавальных навыкаў, уменняў самастойна канструяваць свае веды, арыентавацца ў інфармацыйнай прасторы, развіваць крытычнае мысленне.
Пасля вызначэння тэмы педагогі высвятляюць, што вучні ўжо ведаюць па ёй, што ім цікава і што хацелася б ведаць. Зайшоўшы ў класны пакой, адразу бачыш, над якім праектам працуюць дзеці: сцены пакоя аформлены плакатамі, малюнкамі, вырабамі па тэме праекта.
Праект можа доўжыцца тыдзень, месяц, чвэрць і прасочваецца ўсюды: і на ранішніх сустрэчах, і на ўроках, і на перапынках, і на пазакласных мерапрыемствах. Тэматыка праектаў ускладняецца з кожным класам. Работа над праектам можа праходзіць у розных напрамках: інфармацыю вучням прадастаўляюць настаўнік, выхавальнік, бацькі, сябры, але часцей за ўсё дзеці шукаюць матэрыял самастойна — чытаюць энцыклапедыі, слоўнікі, наведваюць бібліятэкі, глядзяць тэлеперадачы і г.д. На працягу ўсёй работы над праектам малодшыя школьнікі фантазіруюць, сачыняюць, ствараюць. Яны так захапляюцца тэмай, што, здаецца, ужо ўсе пытанні вывучаны, што нічога невядомага больш няма.
Фрагмент работы па праекце “Птушкі Беларусі” прадэманстравала настаўніца пачатковых класаў Ірына Уладзіславаўна Таргонская. Як адзначыла педагог, па гэтым праекце малодшыя школьнікі пачалі працаваць у верасні. Работа праводзіцца не толькі на ўроках, але і ў пазаўрочны час на класнай гадзіне і ў групе прадоўжанага дня. Пачаткоўцы разгадвалі крыважанку “Чый гэта голас?”, потым даведаліся, дзе гняздуецца, чым харчуецца бусел, якую карысць прыносіць. Інфармацыю пра гэтую прыгожую птушку рыхтавалі самі вучні. Малодшыя школьнікі прыйшлі да высновы, што прыроду трэба берагчы, што, выратоўваючы ўсё жывое, мы выратоўваем сябе.
Выхаванцы І.У.Таргонскай свабодныя і нязмушаныя ў зносінах, умеюць абгрунтавана выказваць свае думкі, працаваць з навукова-пазнавальнай літаратурай. Вучні здольны кантраляваць працэс і вынік сваёй дзейнасці і ацэньваць яго крытычна.

Цеснае супрацоўніцтва з бацькамі з’яўляецца неад’емным напрамкам работы па тэхналогіі “Крок за крокам”. Дзверы школы заўсёды адкрыты для бацькоў. Прысутнасць іх на ўроку ў пачатковых класах стала прывычнай і жаданай для дзяцей. Марудлівыя, сарамлівыя вучні ў прысутнасці бацькоў адчуваюць сябе спакойна, упэўнена. Бацькі прымаюць удзел і ў ранішніх сустрэчах, праводзяць заняткі, пазакласныя мерапрыемствы, дапамагаюць у афармленні кабінета.
Лепш пазнаць адно аднаго, пераадолець няўпэўненасць, сцвердзіць сябе сярод равеснікаў дазваляе пачаткоўцам асобная лінія тэхналогіі, якая не звязана з вучэбнай дзейнасцю і накіравана на работу з дзецьмі і з сям’ёй, — “Супердзіця”. З методыкай яе правядзення прысутных пазнаёміла настаўніца пачатковых класаў Наталля Іванаўна Бельская. На тыдзень або на дзень (у залежнасці ад сітуацыі) пачатковец становіцца самым галоўным у класе. Звычайна гэта прыпадае на дзень нараджэння. Каб прэзентаваць сваё дзіця, бацькі прыходзяць на дапамогу. Формы правядзення “Супердзіцяці” могуць быць рознымі: дзіця можа прадстаўляць сябе і сваю сям’ю, свае захапленні і г.д. Так, гераіняй дня падчас мерапрыемства стала Каця, якая пазнаёміла аднакласнікаў і гасцей са сваімі захапленнямі. Другакласніца любіць спяваць, танцаваць і падарожнічаць з бацькамі па краіне. Курган Славы, Хатынь, Белавежская пушча, Каробчыцы, Смаргонь — гэта не поўны пералік мясцін, якія наведала дзяўчынка. Расказ Каці суправаджаўся нагляднасцю.
У выніку ў малодшых школьнікаў павышаецца самаацэнка, выхоўваецца пачуццё гонару за сябе, сваю сям’ю. Атрымліваецца так, што дзіця, нават самае пасіўнае, знахо-дзіцца ў цэнтры ўвагі і такім чынам адаптуецца: яму камфортна, яго любяць, паважаюць і ведаюць аб перавагах.
Напрыканцы мерапрыемства настаўніца пачатковых класаў Вольга Аляксееўна Дзюбайла правяла дзелавую гульню “Збяром Беларусь у сваім сэрцы”, падчас якой удзельнікі педагагічнай майстэрні самі пабывалі ў ролі навучэнцаў і папрацавалі ў цэнтрах. Педагогі ўпэўніліся, што “Крок за крокам” — эфектыўная форма перадачы ведаў, уменняў, вопыту, навыкаў ад настаўніка да навучэнцаў, якая дазваляе дзіцяці самому будаваць свае веды, актыўна, творча карыстацца імі ў жыцці. Гэта стварэнне такой атмасферы, калі навучэнец перакананы, што вынікі яго асабістага пошуку будуць сустрэты з цікавасцю і прадстаўлены ўвазе класа для актыўнага сумеснага пошуку, для развіцця ўсіх і кожнага.

Наталля КАЛЯДЗІЧ.
Фота аўтара.

Інтэрактыўнае навучанне з ІКТ

На базе сталічнай гімназіі № 22 Мінска прайшоў гарадскі семінар “Выкарыстанне інтэрактыўных інфармацыйных тэхналогій на першай ступені агульнай сярэдняй адукацыі як адзін са спосабаў павышэння матывацыі ўдзельнікаў адукацыйнага працэсу”. Мерапрыемства было арганізавана Мінскім гарадскім інстытутам развіцця адукацыі для настаўнікаў пачатковых класаў горада.

Ва ўмовах інфармацыйнага грамадства адной з эфектыўных тэхналогій з’яўляецца інтэрактыўнае навучанне з выкарыстаннем ІКТ, якое накіравана на фарміраванне актыўнай, дзейснай, творчай, канкурэнтаздольнай асобы. Інтэрактыўныя тэхналогіі — гэта не проста працэс узаемадзеяння настаўніка і навучэнца, гэта новая ступень арганізацыі вучэбнага працэсу, неад’емным элементам якога выступае спецыяльнае абсталяванне: інтэрактыўныя дошкі, прыстаўкі, праектары, дакумент-камеры і г.д. Роля настаўніка, які выкарыстоўвае інтэрактыўныя тэхналогіі, зводзіцца не столькі да простага выкладання матэрыялу, колькі да ўмення накіраваць пазнавальныя здольнасці навучэнцаў у патрэбнае рэчышча. Навучэнец атрымлівае веды не ў выглядзе гатовай сістэмы, а ў працэсе ўласнай актыўнасці.

Зусім невыпадкова месцам правядзення семінара была абрана гімназія № 22: яе педагогі актыўна выкарыстоўваюць інтэрактыўныя інфармацыйныя тэхналогіі. Па словах намесніка дырэктара па вучэбнай рабоце гімназіі Валянціны Мікалаеўны Саковіч, якая адкрыла семінар і прадставіла прысутным адукацыйную прастору ўстановы, укараненне інфармацыйна-камунікацыйных сродкаў у вучэбны працэс непарыўна звязана з аснашчэннем гімназіі сучаснай камп’ютарнай тэхнікай. Вучэбныя кабінеты пачатковых класаў пры гімназіі маюць камп’ютары або ноўтбукі. У распараджэнні педагогаў ёсць інтэрактыўная дошка, дакумент-камера, унутраная лакальная сетка, падключэнне да інтэрнэту. Усё гэта дазваляе павялічыць магчымасці выбару сродкаў, форм і тэм на вывучэнне пэўнага матэрыялу, павысіць цікаўнасць навучэнцаў да вучэбных прадметаў, дэманстраваць і мадэляваць доследы, якія немагчыма назіраць у рэжыме рэальнага часу.
Валянціна Мікалаеўна адзначыла імкненне настаўнікаў-пачаткоўцаў гімназіі авалодаць майстэрствам выкарыстання інтэрактыўных сродкаў навучання. Два педагогі здалі экзамены і атрымалі сертыфікаты карыстальнікаў інфармацыйных тэхналогій у адукацыі ў катэгорыі “Вучэбна-выхаваўчая работа” і “Адміністрацыйная работа”. 9 педагогаў маюць пасведчанні аб праходжанні курсаў па праектаванні і распрацоўцы электронных вучэбных матэрыялаў, арыентаваных на прафесійную дзейнасць.
Настаўнікі гімназіі падзяліліся з удзельнікамі семінара практычным вопытам па выкарыстанні інтэрактыўных інфармацыйных тэхналогій. Якім чынам прымяняецца AVerMedia дакумент-камера і інтэрактыўная дошка на розных этапах урока матэматыкі ў 2 класе, прадэманстравала настаўніца пачатковых класаў Мая Іванаўна Якіменка.

Дакумент-камера прызначана для перадачы выявы на манітор, інтэрактыўную дошку ці на экран. Яе выкарыстанне апраўдана, калі настаўніку неабходна аператыўна данесці да ўсяго класа пэўную візуальную інфармацыю. Так, дакумент-камера эфектыўна прымяняецца М.I.Якіменка на этапе праверкі дамашняга задання, калі на экран праектуюцца запісы дзіцяці ў сшытку. І адразу гэта бачаць і настаўнік, і іншыя навучэнцы. Ёсць магчымасць зверыць адказы і выправіць памылкі. Дакумент-камера часта прымяняецца на этапе кантролю ведаў. Напрыклад, можна праверыць самастойную работу, выкананую дзецьмі на ўроку, прычым больш прадукцыйна, калі ў ролі правяраючых выступаюць самі навучэнцы.
М.І.Якіменка практыкуе і такую форму работы, калі ўвесь клас рашае прыклады і звярае адказы з адказамі аднаго вучня, рашэнні якога праектуюцца з дапамогай дакумент-камеры на экран. Пры гэтым задзейнічана і зрокавая, і слыхавая памяць дзяцей. Таксама дакумент-камера выкарыстоўваецца настаўніцай пры вывучэнні новага матэрыялу (напрыклад, педагогам загадзя рыхтуецца малюнак да той ці іншай задачы), пры вырашэнні навучэнцамі праблемных сітуацый.
Эфектыўным сродкам навучання з’яўляецца і інтэрактыўная дошка, якая незалежна ад таго, для якіх мэт і на якім этапе прымяняецца, з’яўляецца інструментам візуальнага выяўлення (у малодшым школьным узросце пераважае наглядна-дзейснае і наглядна-вобразнае мысленне). Дошка якраз і рэалізуе адзін з найважнейшых прынцыпаў навучання ў пачатковай школе — нагляднасць, на ёй можна размяшчаць розную колькасць разнапланавай інфармацыі (схемы, табліцы, тэксты, ілюстрацыі, анімацыі, гукавыя эфекты і г.д.). Пры выкарыстанні дошкі не ўзнікае неабходнасці затрачваць час на змену наглядных матэрыялаў, разлінейванне дошкі для паказу напісання лічбаў, запісу новых практыкаванняў. А ў выніку павялічваецца час, які можна патраціць на вывучэнне новага ці замацаванне вывучанага матэрыялу, паскорыць тэмп урока. Дзякуючы памерам інтэрактыўнай дошкі выявы бачны ўсяму класу, а гэта ў сваю чаргу — спосаб засяродзіць і ўтрымліваць увагу школьнікаў. Нагляднасць асабліва мае каштоўнасць для работы з няўседлівымі дзецьмі. Яна цалкам захапляе іх.

Як адзначалася, інтэрактыўная дошка выкарыстоўваецца настаўнікамі гімназіі часцей за ўсё на ўроках рускай мовы, матэматыкі, літаратурнага чытання, пры абагульненні вывучанага ці ўвядзенні ў тэму для развіцця пазнавальнага інтарэсу і актыўнасці дзяцей (прыкладна 1-2 разы на тыдзень).
М.І.Якіменка правяла з дзецьмі гульню-падарожжа на замацаванне табліцы множання і дзялення на 2, прадэманстравала, як з дапамогай інтэрактыўнай дошкі праводзіцца чыстапісанне, як рашаюцца лагічныя задачы на перасоўванне, пераліванне, устанаўленне заканамернасцей, як праводзяцца фізкультхвілінкі і арганізуецца рэфлексія. Прычым усе атрыманыя на дошцы матэрыялы можна захоўваць і пры неабходнасці выкарыстаць у далейшым. Абапіраючыся на іх, настаўнік можа прааналізаваць урок і ўлічыць некаторыя моманты пры планаванні сваёй дзейнасці.

Настаўніца пачатковых класаў гімназіі Ала Сяргееўна Гук прадставіла фрагмент урока рускай мовы ў 4 класе па тэме “Дзеяслоў”, на якім прадэманстравала прыёмы работы з інтэрактыўнай дошкай. Урок замацавання вывучанага матэрыялу быў прысвечаны чэмпіянату свету па хакеі. Па задумцы педагога, у сталіцу на чэмпіянат прыбылі тры асілкі, якім малодшыя школьнікі дапамагалі дабрацца да Мінск-Арэны. Маршрут асілкаў пралягаў праз тры асноўныя пункты — Прывакзальная плошча, Палац спорту, стэла “Мінск — горад-герой”. На гэтым уроку яскрава прасочваліся міжпрадметныя сувязі з урокамі “Чалавек і свет”, “Літаратурнае чытанне”. З дапамогай інтэрактыўнай дошкі навучэнцы спачатку ўспомнілі часціны мовы (было дадзена шэсць слоў, якія неабходна было размеркаваць у табліцы), граматычныя катэгорыі дзеяслова (у спецыяльную шафу вучні змяшчалі толькі тыя катэгорыі, якія характарызуюць дзеяслоў). Малодшыя школьнікі прыгадалі, што такое спражэнне і як яго вызначыць. На інтэрактыўнай дошцы былі прадстаўлены два колы, а ўнізе размешчаны словы. Вучні вызначалі спражэнне дзеяслова па неазначальнай форме і змяшчалі яго ў адпаведнае кола. Калі спражэнне было вызначана правільна, то дзеяслоў без перашкод трапляў у кола, калі не — то пачынаў круціцца і выкідваўся за яго межы.
Было відаць, што малодшым школьнікам падабаецца працаваць з інтэрактыўнай дошкай. Яны не баяцца выходзіць да яе. Яна дапамагае пераадолець неўсвядомлены страх, псіхалагічны бар’ер, лёгка ўцягваючы іх у вучэбны працэс. Калі была зроблена памылка, то з дапамогай маркера можна выцерці няправільную частку альбо адмяніць дзеянне.
Работа з інтэрактыўнымі тэхналогіямі пераўтварае выкладанне традыцыйных вучэбных прадметаў, аптымізуе працэсы разумення і запамінання вучэбнага матэрыялу, а галоўнае, узнімае на больш высокі ўзровень інтарэс дзяцей. І хаця на першых этапах падрыхтоўка да ўрока з выкарыстаннем інтэрактыўных тэхналогій займае шмат часу ў педагога, вынікі акупляюць усё з лішкам. Як прызнаюцца настаўнікі, ёсць цяжкасці з праграмным забеспячэннем для інтэрактыўнай дошкі: яно прапануецца на англійскай мове, аднак, нават ведаючы яе, варта мець і навыкі інжынера-праграміста.
Педагогі гімназіі прымяняюць магчымасці інтэрактыўных тэхналогій не толькі ў адукацыйным працэсе. Для навучэнцаў 2 класа арганізаваны заняткі гуртка “Развіццёвая інфарматыка”. Акрамя таго, навучэнцы 2—4 класаў прымаюць актыўны ўдзел у вучэбна-даследчай дзейнасці, дзе таксама без прымянення ІКТ не абыходзіцца.

Як расказала ўдзельнікам семінара настаўніца пачатковых класаў Ірына Канстанцінаўна Грышкевіч, вучэбна-даследчая работа ў гімназіі вядзецца ўжо 6 гадоў. У навучальнай установе створана вучэбна-даследчае таварыства малодшых школьнікаў “Школа Чамучак”. Вучні паспяхова выконваюць самастойныя даследаванні ў розных галінах і па розных цікавых для сябе тэмах. Свае даследаванні дзеці прадстаўляюць на ўнутрыгімназічным фестывалі “Хачу ўсё ведаць!”. У мінулым навучальным годзе гімназісты занялі першыя месцы ў раённым конкурсе даследчых работ, а сёлета вучні 2—4 класаў Ганна Сергель з работай “Беларускі нацыянальны касцюм: мінулае і сучаснасць”, Ян Цярохін (“Свяцільнік для малодшага брата”), Паліна Прахарэнка (“Лялькі нашых продкаў”) прынялі ўдзел у гарадскім фестывалі даследчых работ “Пазнанне і творчасць” і атрымалі дыпломы.
Па словах І.К.Грышкевіч, настаўнікі дапамагаюць дзецям у даследчым пошуку: выбраць і сфармуляваць тэму даследавання, паставіць мэту, задачы, падабраць даследчыя метады для раскрыцця тэмы і абагульніць матэрыял.

Інфармацыйныя тэхналогіі пачаткоўцы часцей за ўсё выкарыстоўваюць на этапе азнаямлення з матэрыялам, пошуку інфармацыі, пры падрыхтоўцы прэзентацыі.
Чацвёртакласніца гімназіі Ганна Сергель прадставіла прысутным даследчую работу “Беларускі нацыянальны касцюм: мінулае і сучаснасць”, прэзентацыя якой была выканана ў выглядзе віртуальнай інтэрактыўнай кнігі. Даследчая работа заключалася ў тым, каб не толькі вывучыць беларускі нацыянальны касцюм, але і выявіць тыя нацыянальныя элементы, якія захаваліся і зараз выкарыстоўваюцца ў модзе. Ганна распрацавала свае мадэлі адзення з выкарыстаннем нацыянальных элементаў.
Аб вопыце стварэння і выкарыстання электронных сродкаў навучання ў пачатковай школе ўдзельнікам семінара расказала намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Вераніка Мікалаеўна Сабіч. Яна адзначыла, што сённяшні рынак прапаноў ЭСН ахоплівае такія прадметы пачатковай школы, як руская і беларуская мова, матэматыка. Акрамя таго, па гэтых прадметах для метадычнай дапамогі настаўніку створаны разнастайныя метадычныя матэрыялы на друкаванай аснове. Але разам з тым педагогі адчуваюць неабходнасць у электронных сродках навучання і для іншых прадметаў, у тым ліку “Чалавек і свет” і “Выяўленчае мастацтва”.
“Для педагога важна, каб ЭСН не толькі адказваў агульнапрынятым патрабаванням (агульнадыдактычным, эрганамічным і г.д.), але і, па-першае, змяшчаў для пачынаючага настаўніка метадычныя рэкамендацыі па правядзенні ўрокаў з выкарыстаннем ЭСН, прэзентацыі, раздатачны матэрыял; па-другое, уключаў бы матэрыялы, падабраныя з улікам рознага ўзроўню падрыхтаванасці навучэнцаў і спецыфікі прадметаў; па-трэцяе, па сваім напаўненні змяшчаў неабходную і дастатковую колькасць вучэбнай інфармацыі для вывучэння матэрыялу ўрока пры дыстанцыйным навучанні; па-чацвёртае, для бацькоў ЭСН прадстаўляў магчымасць аказання дапамогі дзецям пры падрыхтоўцы дамашніх заданняў”, — падкрэсліла В.М.Сабіч.

Асаблівасцю створанага настаўніцай праграмнага прадукту “Выяўленчае мастацтва, 1 клас” з’яўляецца тое, што ён распрацаваны для ўсяго курса выяўленчага мастацтва ў 1 класе і мае 4 асноўныя раздзелы: “Карцінная галерэя”, “Музычная скарбонка”, “У гасцях у Алоўка”, “Урок на ўра!”. Акрамя таго, раздзел “Карцінная галерэя” змяшчае больш за 200 рэпрадукцый карцін. Перавагай гэтага сродку з’яўляецца і тое, што біяграфічныя звесткі аб 21 мастаку выкладзены вядомай для дзяцей мовай — у выглядзе казак. Аўдыя- і відэаматэрыялы (гукі прыроды, музычныя творы аб прыродзе, відэаказкі, мультыплікацыйныя фільмы) не толькі разнастайваюць урок, але і садзейнічаюць развіццю пачуццёва-эмацыянальнай сферы навучэнцаў. У раздзеле “У гасцях у Алоўка” змешчаны апорныя малюнкі (табліцы), якія раскрываюць паслядоўнасць дзеянняў пры выкананні работы ў розных відах мастацкай дзейнасці. Праграмны прадукт змяшчае рэкамендацыі па выкарыстанні ЭСН — распрацоўкі планаў-канспектаў да ўрокаў і мультымедыйныя прэзентацыі да іх.
На апошнім рэфлексіўным этапе мерапрыемства настаўніца пачатковых класаў гімназіі кіраўнік метадычнага аб’яднання Вікторыя Мікалаеўна Радаман прадэманстравала сістэму інтэрактыўнага апытання ў дзеянні. Гэтая сістэма дазваляе максімальна паскорыць і спрасціць працэс тэсціравання навучэнцаў на прадмет атрыманых ведаў, а таксама робіць эфектыўным працэс атрымання імгненнай зваротнай сувязі ад аўдыторыі выкладчыку.
Кожнаму ўдзельніку быў раздадзены пульт, з дапамогай якога ён і выказваў сваё меркаванне наконт выкарыстання ў адукацыйным працэсе ІКТ. Вынікі апытання сапраўды прымушаюць задумацца. Мяркуйце самі, пастаянна ёсць камп’ютар у 45% педагогаў, якія прымалі ўдзел у семінары, 2% настаўнікаў увогуле не маюць камп’ютара. Амаль у паловы педагогаў ёсць магчымасць карыстацца інтэрактыўнай дошкай. Упэўнена валодаюць ІКТ толькі 4% настаўнікаў, элементарныя навыкі маюць 30%, і 66% не валодаюць імі зусім. Часцей за ўсё інтэрактыўныя інфармацыйныя тэхналогіі педагогі выкарыстоўваюць у вучэбным працэсе — 45%, у праектнай дзейнасці — 10%, свой сайт не вядзе ніхто з настаўнікаў; не выкарыстоўваюць гэтыя тэхналогіі 41% педагогаў. Толькі 20% настаўнікаў удзельнічалі ў прафесійных педагагічных інтэрнэт-форумах, аўтарскія інтэрактыўныя камп’ютарныя матэрыялы ёсць толькі ў 10% педагогаў. Прычыны, якія перашкаджаюць прымяненню сучасных тэхнічных сродкаў для інтэрактыўнага навучання: іх адсутнасць (30%), патрабуюць шмат часу (20%), невалоданне педагогамі патрэбнымі навыкамі (46%). Асноўныя прычыны, якія пабуджаюць педагогаў прымяняць сучасныя тэхнічныя сродкі: адпаведнасць статусу сучаснага настаўніка, эфектыўнасць работы калег, якія прымяняюць гэтыя сродкі.

Такім чынам, апытанне паказала, што настаўнікі пачатковых класаў яшчэ не асвоілі выкарыстанне інтэрактыўных інфармацыйных тэхналогій і практыку правядзення падобных семінараў неабходна працягваць і далей.

 

Наталля КАЛЯДЗІЧ.
Фота Аляксея КРУГЕРА.

Да інклюзіі з TEMPUS

Днямі ў Мінску прайшлі мерапрыемствы ў межах рэалізацыі міжнароднага праекта TEMPUS Inovest “Усходняе партнёрства ў сферы педагагічных інавацый у інклюзіўнай адукацыі”. Арганізатарам мерапрыемстваў выступіў Мінскі гарадскі інстытут развіцця адукацыі.

Нагадаем, што праект INOVEST рэалізуецца ў межах Праграмы Еўрапейскага саюза TEMPUS. Ён з’яўляецца вынікам сумеснай работы групы экспертаў з Тэхналагічнага інстытута Карлсруэ (Германія), Інстытута Непарыўнай Адукацыі (Кішынёў), Універсітэта Алікантэ (Іспанія), Каралеўскага Тэхналагічнага інстытута (Стакгольм), Мінскага гарадскога ІРА, БДПУ імя Максіма Танка, Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Францыска Скарыны, Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, а таксама інстытутаў і ўніверсітэтаў Украіны і Малдовы.

Праект распрацаваны ў адпаведнасці з еўрапейскай праграмай TEMPUS для Беларусі, Украіны і Малдовы. У апошніх 10 гадоў у гэтых краінах праведзены рэформы ў сферы спецыяльнай адукацыі, у выніку чаго значная колькасць дзяцей з асаблівымі адукацыйнымі патрэбамі пераведзена ў звычайныя школы. Галоўная праблема пры такім пераходзе ў тым, што арганізацыйныя і метадалагічныя прынцыпы навучання ў школах Беларусі, Украіны і Малдовы арыентаваны на дзяцей са звычайным развіццём, і асаблівасці вучэбна-пазнавальнай дзейнасці дзяцей з асаблівымі адукацыйнымі патрэбамі пры гэтым амаль не ўлічваюцца. Неадэкватныя формы і метады педагагічнага ўздзеяння на такіх дзяцей могуць стварыць перадумовы для фарміравання ў іх негатыўных адносін да школы.

Укараненне педагагічных інавацый у сферы інклюзіўнай адукацыі на аснове найноўшых асістыўных тэхналогій і ІКТ — асноўная мэта праекта INOVEST. Мяркуецца, што ў яго межах будуць распрацаваны і ўкаранёны вучэбныя праграмы падрыхтоўкі настаўнікаў і дырэктараў школ згодна з сучаснымі педагагічнымі інавацыямі ў гэтай сферы, а таксама створаны курсы лекцый і вучэбныя комплексы. Будзе распрацавана і рэгіянальная сетка прамоўтараў педагагічных інавацый у інклюзіўнай адукацыі.
Сярод вучэбных праграм, якія прапаноўвае INOVEST, “Педагагічныя інавацыі ў інклюзіўнай адукацыі ў школе” (курс для настаўнікаў, разлічаны на 2 тыдні) і такі ж курс перападрыхтоўкі для прамоўтараў (на 7 месяцаў), “Кіраванне педагагічнымі інавацыямі і сучаснае навучанне” (курс для дырэктараў школ на 4 тыдні). Слухачы курсаў павінны будуць вывучаць розныя дысцыпліны, у іх ліку “Уводзіны ў псіхалогію чалавечай унікальнасці”, “Інавацыйная педагогіка”, “ІКТ для дзяцей з асаблівымі адукацыйнымі патрэбамі”, “Дапаможныя тэхналогіі ў адукацыі”, “Творчасць і інавацыі ў школе” і іншыя.
Існуе дарожная карта INOVEST, якая прадугледжвае мерапрыемствы, што будуць рэалізоўвацца, тэрміны іх правядзення, называе партнёраў-выканаўцаў. Ёсць сярод мерапрыемстваў і круглыя сталы з удзелам прадстаўнікоў каманды праекта. У 2013 годзе сустрэчы ў межах INOVEST праходзілі ў Германіі, Іспаніі, Швецыі.

Сёлета мерапрыемствы прайшлі ў Мінску. У іх прынялі ўдзел прадстаўнікі ўсіх краін — удзельніц праекта і ўстаноў-партнёраў. Рэктар Мінскага гарадскога інстытута развіцця адукацыі Таццяна Мароз азнаёміла прысутных з сістэмай адукацыі Мінска, укараненнем інавацый ва ўстановы адукацыі сталіцы, мерапрыемствамі Мінгарвыканкама па падтрымцы творчых педагогаў, а таксама дзейнасцю інстытута па суправаджэнні інавацый, развіцці інклюзіўнай адукацыі. Выступіла каардынатар па фінансавых пытаннях праекта Утэ Хубер з Тэхналагічнага Інстытута Карлсруэ. Аб папярэдніх выніках і перспектывах праекта расказаў яго навуковы каардынатар Сімон Кайсын з Інстытута непарыўнай адукацыі Малдовы.
Акрамя таго, тры рабочыя групы ўдзельнікаў INOVEST прэзентавалі курсы для педагогаў па трох вучэбных кірунках (псіхалогія, інавацыі, ІКТ), матэрыялы якіх падрыхтаваны ўжо да выдання.
У бліжэйшы час за кошт сродкаў праекта плануецца пастаўка ў кожную ВНУ і ў пілотныя школы па ўкараненні інклюзіўнай адукацыі лабараторнага абсталявання для “Лабараторыі раскрыцця і развіцця здольнасцей вучняў” і “Лабараторыі мультымедыйных вучэбных інавацый”. Для навучання персаналу пілотных школ па ўкараненні інклюзіўнай адукацыі з верасня 2014 года плануецца арганізаваць кароткачасовыя курсы.
Прадстаўнік офіса Праграмы TEMPUS у Беларусі Кацярына Мінюковіч адзначыла, што праект INOVEST тычыцца прыняцця мер па фарміраванні структуры, паслядоўнасці дзеянняў, згодна з якімі павінна адбывацца рэалізацыя інклюзіўнай адукацыі ў працэс навучання і выхавання ўстаноў адукацыі нашай краіны. З 26 праектаў TEMPUS, якія сёння рэалізуюцца ў Беларусі, падобных праектаў толькі чатыры. Ім, як правіла, аддаецца прыярытэт, увага да іх вынікаў сур’ёзная. Падчас маніторынгу былі адзначаны станоўчыя моманты праекта. У БДПУ імя Максіма Танка распрацавана новая праграма па дысцыпліне “Тэорыя і практыка спецыяльнай адукацыі”, якая заснавана на ўкараненні педагагічных інавацый у інклюзіўны працэс. У Гомельскім дзяржаўным універсітэце імя Францыска Скарыны спецыяльныя курсы па інклюзіўнай адукацыі былі ўключаны ў навучальныя планы па чатырох спецыяльнасцях. У ходзе маніторынгу былі дадзены і некалькі даволі сур’ёзных рэкамендацый. Важна, каб праграмы педагагічных інавацый у інклюзіўнай адукацыі, якія будуць выкарыстоўвацца для павышэння кваліфікацыі школьных педагогаў, былі разгледжаны і адобраны Міністэрствам адукацыі Рэспублікі Беларусь.

Падчас круглага стала ў Мінску яго ўдзельнікі пазнаёміліся з вопытам работы рэсурсных цэнтраў (пілотных школ) па ўкараненні інклюзіўнай адукацыі, наведалі сярэднія школы №№ 25 і 91, а таксама сярэднюю школу № 111, дзе азнаёміліся з вопытам арганізацыі дыстанцыйнага навучання дзяцей-інвалідаў, на свае вочы ўбачылі створанае ва ўстанове безбар’ернае асяроддзе. У сярэдняй школе № 51 госці паназіралі за рэалізацыяй праекта “Электронная школа”, а ў БДПУ імя Максіма Танка азнаёміліся з асаблівасцямі навучання студэнтаў, якія будуць працаваць у сферы інклюзіўнай адукацыі. У ЦКРНіР Партызанскага раёна Мінска ўдзельнікі праекта паназіралі за выкарыстаннем альтэрнатыўных камунікацый з дзецьмі з аўтычнымі парушэннямі.
Падчас сустрэчы адбыліся майстар-класы з удзельнікамі праекта з Беларусі, Украіны, Малдовы, Германіі. Прадстаўнікі вышэйшых навучальных устаноў краін — удзельніц міжнароднага семінара адзначылі высокі ўзровень дзейнасці сістэмы адукацыі Рэспублікі Беларусь — кадравы патэнцыял устаноў адукацыі, матэрыяльна-тэхнічную базу, творчасць і апантанасць сталічных педагогаў.

 

Надзея ЦЕРАХАВА.

Роднай мовы гукаў пералівы

“Якая прыгожая, мілагучная, мяккая і ў той жа час яскравая, звонкая, моцная мова чуецца на ўроках у пачатковай школе!”, “Пасля прагляду конкурсных урокаў хацелася сказаць настаўніку: “Слухаеш — слухаць хочацца”. І насуперак Станіслаўскаму гаварыць: “Веру!” — такія ўражанні пакінулі ў журы ўрокі педагогаў, прадстаўленыя на мінскі гарадскі конкурс “Сучасны ўрок беларускай мовы на I ступені агульнай сярэдняй адукацыі”. Заснавальнікам гэтых спаборніцтваў выступіў камітэт па адукацыі Мінгарвыканкама, арганізатарам — Мінскі гарадскі інстытут развіцця адукацыі. Урачыстая цырымонія ўзнагароджання пераможцаў і ўдзельнікаў конкурсу гэтымі днямі прайшла ў актавай зале гімназіі № 23.

“Сёлета конкурс праводзіўся ўпершыню. Ідэя яго правядзення ўзнікла не толькі дзеля таго, каб прадэманстраваць узор сучаснага ўрока беларускай мовы, а і для прапаганды творчых пошукаў, задумак і прафесійных знаходак настаўнікаў пачатковых класаў, выяўлення ўзораў лепшага педагагічнага вопыту, папулярызацыі беларускай мовы ва ўмовах рускамоўнага асяроддзя, — адзначае метадыст аддзела пачатковай адукацыі МГІРА Галіна Браніславаўна Шпакоўская. — Справа ў тым, што сёння праводзіць урокі беларускай мовы даволі складана — адсутнічае беларускамоўнае асяроддзе, настаўнікі самі недакладна валодаюць беларускай мовай — ва ўмовах білінгвізму мы ўсё ж такі думаем па-руску. І правядзенне шматлікіх прафесійных конкурсаў (“Сталічны настаўнік — сталічнай адукацыі”, “Акадэмія ўрока” і інш.) паказвае, што не вельмі ахвотна нашы педагогі, якія працуюць у пачатковых класах, выбіраюць для прадстаўлення менавіта ўрокі беларускай мовы. А таму мы вырашылі, каб нейкім чынам узняць беларускую мову на больш высокі ўзровень, прапанаваць настаўнікам правесці конкурсныя ўрокі менавіта ў сваіх класах, бо яны добра ведаюць дзяцей, іх магчымасці, і далі ім магчымасць выбраць на першым этапе любую тэму, якую яны могуць прэзентаваць”.
Конкурс праводзіўся на добраахвотнай аснове сярод педагогаў пачатковых класаў у два этапы. Першы этап прайшоў у лістападзе — снежні мінулага года на ўзроўні ўстаноў адукацыі ў асабістым класе (дарэчы, упраўленні адукацыі, спорту і турызму адміністрацый Фрунзенскага і Партызанскага раёнаў правялі раённыя конкурсы), другі этап — на гарадскім узроўні (складаўся з двух тураў і прайшоў з 3 лютага па 25 сакавіка).
На першым туры гарадскога этапу 54 настаўнікі з 53 устаноў адукацыі горада (адзін урок быў інтэграваны і праводзіўся двума педагогамі) прадставілі ўрок беларускай мовы ў асабістым класе ў відэазапісе, а таксама план-канспект гэтага ўрока і самапрэзентацыю. Сярод удзельнікаў — як вопытныя настаўнікі са стажам работы больш за 20 гадоў, так і маладыя спецыялісты.
На працягу ўсяго конкурсу працавала кампетэнтнае журы ў складзе супрацоўнікаў НІА, АПА, МГІРА, настаўнікаў-практыкаў на чале з рэктарам Мінскага гарадскога інстытута развіцця адукацыі, кандыдатам педагагічных навук, дацэнтам Таццянай Іванаўнай Мароз.
На другім этапе конкурсу журы вызначыла “цудоўную дзявятку”, якая прадэманстравала майстэрства непасрэдна ў сваіх установах адукацыі ў веданні методыкі правядзення ўрокаў, рэалізацыі творчых задумак пры выкладанні беларускай мовы. Акрамя таго, што канкурсанты праводзілі ўрокі, яны яшчэ і рабілі іх самааналіз. Па водзывах журы, часта тыя метады і прыёмы, што выкарыстоўваліся на першым уроку, можна было бачыць і на другім, а гэта сведчыць пра работу настаўнікаў у сістэме.
“Калі мы глядзелі ўрокі, то ў першую чаргу звярталі ўвагу на рэалізацыю зместу вучэбнага матэрыялу: як забяспечана практычная накіраванасць, як адпавядае змест вучэбных заняткаў узроставым асаблівасцям дзяцей, — адзначае Г.Б.Шпакоўская. — Мы прасочвалі дзейнасць настаўніка і вучняў на ўроку. Важна было паглядзець, наколькі дакладна валодае настаўнік педтэхнікамі, методыкай выкладання прадмета, наколькі метады і прыёмы работы працуюць на пастаўленыя мэты. Журы таксама засяроджвала ўвагу на тым, як рацыянальна арганізавана вучэбная дзейнасць (якімі спосабамі дзеці засвойваюць матэрыял, як праводзяць самаацэнку, узаемаацэнку, як каменціруюць сваю адзнаку, адказы аднакласнікаў, якое месца адводзіцца самастойнай рабоце, як школьнікі працуюць з падручнікам) і які ўзровень камунікацыі настаўніка і малодшых школьнікаў. Для нас вельмі важна было пачуць, як дзеці гавораць па-беларуску, які ў іх лексічны запас і як настаўнік ажыццяўляе сваю работу па матывацыі да вывучэння беларускай мовы, да культуры мовы і маўлення.
Многія конкурсныя ўрокі былі не проста пранікнуты беларускасцю, але неслі вялікі патэнцыял для развіцця мовы вучняў. І хаця беларуская мова чуецца ў навакольным асяроддзі ўсё менш, нашы настаўнікі імкнуцца правесці кожны ўрок не толькі метадычна правільна, граматна, але і так, каб гэты ўрок пакінуў у сэрцах вучняў яскравы адбітак, абуджаў у іх пазнавальны інтарэс, спрыяў выхаванню цікаўнасці да гісторыі роднага краю, любові да роднай мовы, пачуцця гонару за беларускі народ. Радасна было бачыць урокі канкурсантаў, наскрозь прасякнутыя гістарычнай тэматыкай.
Шмат прадстаўленых урокаў былі на адну і тую ж тэму, аднак праведзены яны былі ў розных формах з выкарыстаннем сучасных інфармацыйных і педагагічных тэхналогій, кожны настаўнік паказаў свой адметны почырк, свае метадычныя знаходкі.
У далейшым педагогам неабходна звярнуць увагу на прыёмы, метады работы, накіраваныя на развіццё маўлення дзяцей. Настаўнік, задаўшы пытанне, павінен не сам на яго адказаць, як гэта даводзілася часам бачыць на конкурсе, а менавіта пачуць адказ вучня”.
Паміж удзельнікамі конкурсу разгарнулася сур’ёзная канкурэнцыя. У выніку 3 месца падзялілі настаўніца гімназіі № 17 Мінска Ніна Аляксандраўна Роўба і настаўніца пачатковай школы № 198 Аляксандра Яўгенаўна Падкосава. 2 месца заняла настаўніца сярэдняй школы № 43 Алена Аляксееўна Сакалянская. А пераможцай конкурсу стала настаўніца сярэдняй школы № 126 Іна Уладзіміраўна Саладуха.

Настаўніца пачатковых класаў гімназіі № 17 Мінска Ніна Аляксандраўна Роўба правяла ўрок беларускай мовы ў 4 класе па тэме “Займеннік як часціна мовы”. На ім вучні паглыбілі свае веды пра асабовыя займеннікі, вучыліся ставіць склонавыя пытанні, рэдагаваць тэкст, выкарыстоўваць займеннік “вы” пры паважлівым звароце да старэйшых.
Пры планаванні ўрока настаўніца ўлічыла такія асаблівасці класа, як эмацыянальнасць дзяцей, іх артыстычнасць, захапленне гісторыяй Беларусі, а таксама дастатковы ўзровень навучання. У сувязі з гэтым асноўная задума прайшла дзвюма паралельнымі лініямі: па-першае, займеннік — загадкавая часціна мовы, па-другое, у гісторыі роднага краю шмат таямніц. Тып урока — першаснае засваенне ведаў, уменняў і навыкаў — дазволіў у асноўных элементах структуры абапірацца на гэтыя напрамкі.
У час правядзення арганізацыйнага моманту для актывізацыі ўвагі вучняў, для абуджэння пазнавальнай цікавасці дзецям была прапанавана вершаваная загадка, разгадкай якой з’яўлялася тэма ўрока. Таксама ў час паведамлення тэмы і мэт урока вучні, дзякуючы часткова-пошукаваму метаду, актывізавалі атрыманыя раней веды (з’яўленне на слайдзе тэзісаў) і змаглі сфармуляваць новыя мэты, якія ставіліся перад імі. На працягу ўсіх заняткаў перад вачыма дзяцей знаходзілася табліца з асноўнымі задачамі ўрока.
Для падвядзення да асноўнага этапу была прапанавана інсцэніроўка, якая дазволіла малодшым школьнікам выдзеліць галоўныя звесткі аб займенніку, параўнаць яго з назоўнікам. Затым на працягу ўрока вучні абгрунтоўвалі свае гіпотэзы — веды пра займеннік і адначасова атрымлівалі звесткі па прадмеце “Чалавек і свет”. Яркім момантам урока стаў “мовазнаўчы” камень, пры дапамозе якога малодшыя школьнікі навучыліся адрозніваць родны склон ад вінавальнага, таксама дзеці ўзнавілі свае веды пра валуны, якія сустракаюцца на тэрыторыі Беларусі.
На прыкладзе практыкавання падручніка вучні пазнаёміліся з ветлівым ужываннем займенніка “вы” ў розных склонавых формах. Затым навучэнцы змаглі выкарыстаць атрыманыя веды пры рабоце ў групах. Н.А.Роўба прапанавала ім уставіць гэты займеннік пры рэдагаванні пісьма-падзякі да славутых людзей Беларусі. Малодшыя школьнікі не толькі замацавалі на практыцы ўменне ветліва звяртацца да старэйшых, а яшчэ ўзнавілі свае веды пра знакамітых дзеячаў роднай зямлі. Так, на працягу ўсяго ўрока дзеці пры дапамозе чароўнага кола “вандравалі” не толькі па старонках гісторыі Беларусі, але і па асноўных мовазнаўчых напрамках.

Настаўніца сярэдняй школы № 43 Алена Аляксееўна Сакалянская прадставіла на суд журы ўрок у 2 класе па тэме “Звонкія і глухія зычныя гукі. Іх абазначэнне на пісьме” — урок замацавання вывучанага матэрыялу. Для стымулявання цікаўнасці здольных дзяцей у працэсе навучання выкарыстоўваліся індывідуальныя заданні. Не засталіся па-за ўвагай педагога і дзеці, якім патрэбна індывідуальная падтрымка: своечасовая арганізацыя ўстойлівай увагі, розныя віды паэтапнага кантролю засваення матэрыялу, дапамога ў самаацэнцы, стварэнне сітуацыі поспеху, умоў для актыўнага ўдзелу ў працэсе авалодання ведамі.
Па меркаванні настаўніцы, у паспяховым вырашэнні задач вывучэння беларускай мовы на І ступені агульнай сярэдняй адукацыі самымі важнымі з’яўляюцца жаданне вывучаць родную мову, зацікаўленасць і актыўнасць дзяцей. Для гэтага ў пачатку ўрока педагог выкарыстала інтэрактыўны метад стварэння спрыяльнай атмасферы, потым стварыла моўную сітуацыю, актуальную для дзяцей (урок праходзіў напярэдадні 8 Сакавіка). Цікавая і зразумелая для пачаткоўцаў тэма дапамагла хутка ўключыць іх у працэс камунікацыі.
Для актывізацыі пазнавальнай дзейнасці вучняў і аптымальнай праверкі дамашняга задання быў выкарыстаны прыём вывядзення тэмы праз правільныя адказы па дамашнім заданні. Гэты прыём псіхалагічна праграмуе вучня на тое, што паспяховае выкананне дамашняга задання — прыступка да поспеху ў вывучэнні новай тэмы на ўроку.
Абавязковай часткай урока мовы ў пачатковай школе з’яўляецца работа над навыкамі каліграфіі. Улічваючы дзіцячую псіхалогію, зразумела, што гэта не самы цікавы занятак, таму, каб ён не быў механічным, а сапраўды прымушаў пісаць правільна, акуратна і прыгожа, напісанне вялікай літары К чаргавалася з напісаннем элемента літары К, падобнага да падснежніка, што знайшло свой працяг у запісах кветак-першацветаў. Матэрыял чыстапісання стварыў таксама магчымасці і для правядзення такой значнай лексічнай работы. На праведзеным уроку былі ўстаноўлены міжпрадметныя сувязі з беларускай літаратурай (праз зварот да вершаў беларускага аўтара), прадметам “Чалавек і свет” (праз зварот да расліннага свету).
Урок беларускай мовы па тэме “Звонкія і глухія зычныя гукі. Іх абазначэнне на пісьме” правяла настаўніца пачатковай школы № 198 Аляксандра Яўгенаўна Падкосава. На ім выкарыстоўваўся рэпрадуктыўны і часткова-пошукавы метады навучання. Пры арганізацыі пазнавальнай дзейнасці задачай настаўніцы стала стварэнне ўмоў для развіцця пазнавальнага інтарэсу, самастойнага мыслення і стварэнне псіхалагічнага камфорту. Навучэнцы разам з педагогам вызначалі задачы для выканання той ці іншай работы. Для таго каб пазбегнуць перагрузкі навучэнцаў, настаўніца чаргавала розныя віды дзейнасці: франтальную, парную, самастойныя формы работы. Кантрольна-ацэначная дзейнасць ажыццяўлялася на кожным этапе ўрока, была разгорнутай і змястоўнай, што адрознівала ўрок ад многіх іншых урокаў канкурсантаў. У вучняў фарміраваліся навыкі самакантролю і самаацэнкі.
Журы адзначыла, што на ўсіх этапах урока малодшыя школьнікі былі арганізаванымі і актыўнымі. У выніку адукацыйная, развіццёвая і выхаваўчая мэты ўрока былі дасягнуты. Як паказала выкананне самастойнай работы і падвядзенне вынікаў урока, вучэбны матэрыял быў засвоены вучнямі на дастатковым і высокім узроўнях.

Пераможца конкурсу настаўніца пачатковых класаў сярэдняй школы № 126 Іна Уладзіміраўна Саладуха правяла ўрок у 3 класе па тэме “Род назоўнікаў”. Гэта быў урок адкрыцця новых ведаў — урок-падарожжа па свяце “Масленіца”. Па задумцы кожны этап урока — пэўны масленічны дзень.
Само вывядзенне новых ведаў было арганізавана праз вырашэнне праблемнага задання: вызначыць прынцып дзялення слоў на 3 слупкі. Такім чынам вучні вывелі правіла і дапоўнілі яго звесткамі з падручніка.
У практыцы сваёй работы І.У.Саладуха выкарыстоўвае праблемныя метады навучання і прыёмы ТРКМ, таму што лічыць неабходным не даваць у гатовым выглядзе веды дзецям, а даць ім магчымасць самастойна здабываць іх. Гэта дазваляе найбольш поўна развіваць лагічнае мысленне. Матэрыял урока падаваўся па прынцыпе “ад простага да складанага”. Класу нават удалося выйсці на прымяненне ведаў у новай нестандартнай сітуацыі, калі назоўнікі даваліся ў склонавых формах і дзеці павінны былі здагадацца паставіць іх у пачатковую форму. Напрыканцы ўрока малодшым школьнікам сярод іншых былі прапанаваны і абстрактныя назоўнікі, якія адразу паказалі разуменне тэмы навучэнцамі і засваенне яе ў поўным аб’ёме. На ўроку вялікая ўвага ўдзялялася развіццю мовы, пашырэнню слоўнікавага запасу вучняў. Дзеці самастойна складалі тэкст, працавалі з прымаўкамі, забаўлянкамі.
У класе, дзе праводзіўся ўрок, вучацца дзеці з розным узроўнем развіцця і навучанасці. Сярод іх ёсць і лідары, і слабыя вучні. Таму настаўніца выбрала групавую форму работы, якая дазваляе весці узаеманавучанне. У групах праводзілася даследаванне, гульня “Карусель”. Гэты ж прынцып узаеманавучання працаваў і пры рабоце ў парах (работа з перфакартамі, рашэнне крыптаграм). Узаемаправерка вырашала задачы развіцця ўвагі, арфаграфічнай пільнасці.
Паралельна з навучальнай рэалізоўвалася выхаваўчая мэта ўрока: садзейнічанне выхаванню цікавасці і павагі да нацыянальных традыцый беларусаў. Прычым гэтая мэта была дасягнута, сэнс свята быў зразумелы дзецям. Аб чым яскрава засведчылі і тэксты, складзеныя вучнямі, і іх адносіны да даравальнай нядзелі.
Іна Уладзіміраўна падзялілася сваімі ўражаннямі ад конкурсу:
— Не магу сказаць, што перамога стала зусім нечаканай, але, шчыра прызнацца, калі пачынала прымаць удзел у конкурсе, на перамогу не разлічвала. Асноўная мэта была выйсці хаця б на горад. А калі аказалася, што я першая ў раёне, тады, безумоўна, хацелася заняць месца вышэй. І мне гэта ўдалося. У школе я працую ўжо 22 гады і зразумела, што толькі на ўроках малодшых школьнікаў нельга навучыць свабодна размаўляць на роднай мове. А таму лагічным працягам урочнай работы стаў гурток беларускай мовы, на якім вывучаюцца звычаі, традыцыі, святы беларусаў. На гуртку ёсць рэальная магчымасць нарошчваць лексічны запас дзяцей. Увесь клас з задавальненнем наведвае гэты гурток. Думаю, веды, назапашаныя дзецьмі падчас заняткаў, адыгралі станоўчую ролю і на конкурсных уроках.

 

Наталля КАЛЯДЗІЧ.
Фота аўтара.

Адукацыйны холдынг “Сталіца”: умацоўваючы імідж рэгіёна

Рэгіянальны праект “Адукацыйны холдынг “Сталіца” як сістэма сеткавага ўзаемадзеяння дзяржаўных органаў кіравання адукацыяй і ўстаноў адукацыі ў адукацыйнай прасторы Мінска” рэалізуецца ў горадзе. Ён быў распрацаваны аўтарскім калектывам у складзе старшыні камітэта па адукацыі Мінгарвыканкама М.У.Мірончыка, першага намесніка старшыні камітэта па адукацыі М.С.Кіндзірэнкі і рэктара Мінскага гарадскога інстытута развіцця адукацыі Т.І.Мароз. Пра асаблівасці рэалізацыі праекта, структуру мадэлі адукацыйнага холдынга і задачах, што ставяцца перад ім, наш карэспандэнт гутарыць з рэктарам МГІРА, кандыдатам педагагічных навук, дацэнтам Таццянай Іванаўнай МАРОЗ.

— Таццяна Іванаўна, раскажыце, калі ласка, як узнікла ідэя распрацоўкі такога маштабнага рэгіянальнага праекта?
— Сёння сістэма адукацыі сталіцы — гэта разнастайнасць відаў і тыпаў навучальных устаноў, зместу і форм вучэбнага працэсу, аб’ёму інавацый у сістэме адукацыі, якія пастаянна павялічваюцца. Адукацыйная сфера нашага горада становіцца ўсё больш адкрытай, хутказменлівай, яна генерыруе вялікую колькасць лакальных і рэгіянальных ініцыятыў. Адным з перспектыўных шляхоў фарміравання новай мадэлі кіравання адукацыйнымі працэсамі бачыцца павышэнне эфектыўнасці гарызантальнага адукацыйнага ўзаемадзеяння, канцэнтрацыі ўсемагчымых рэсурсаў, выпрацоўкі новай сістэмы кіраўніцкага мыслення і дзейнасці ў адукацыі — сістэмы супрацоўніцтва і каардынацыі. Таму галоўная мэта праекта, які ўжо другі год рэалізуецца ў Мінску, — распрацоўка і абгрунтаванне сістэмы сеткавага ўзаемадзеяння праз дзейнасць рэгіянальнага адукацыйнага холдынга “Сталіца”.
Зразумела, праект не ўзнік на пустым месцы. Да яго распрацоўкі мы паступова ішлі з 2005 года. На той час у горадзе складвалася карпаратыўная інфармацыйна-адукацыйная прастора, якая дазволіла аб’яднаць намаганні інстытута і іншых устаноў: гімназій, школ, якія сталі своеасаблівымі астраўкамі новых адукацыйных практык. І калі ў 2005—2006 гадах мы працавалі з установамі як з апорнымі пляцоўкамі (арганізоўвалі курсы, семінары, майстар-класы з выкарыстаннем іх патэнцыялу), то потым прыйшла ідэя вылучыць тыя ўстановы, у якіх ёсць высокі кадравы патэнцыял, шмат напрацовак, у тым ліку і метадычных, паспяхова рэалізаваны пэўныя праекты (гарадскія, міжнародныя). Так паўстала пытанне аб адкрыцці рэсурсных цэнтраў, якія змаглі б выступаць у сваіх раёнах як узоры лепшай адукацыйнай практыкі.
Акрамя таго, мы паралельна вывучалі тыя напрацоўкі па кіраванні рэгіянальнай сістэмай адукацыі, якія ёсць у краінах СНД: інстытуты развіцця (бесперапыннай або адкрытай) адукацыі ёсць ва ўсіх краінах блізкага і далёкага замежжа. Дзейнасць гэтых устаноў дазваляе аб’яднаць магчымасці органаў мясцовага кіравання і інстытута развіцця адукацыі ў фарміраванні якаснай адукацыйнай прасторы: укараняць тыя інавацыі, якія найбольш патрэбны рэгіёну. Дарэчы, вопыт метадычных структур Масквы ў фарміраванні механізмаў кіравання рэгіянальнай сістэмай адукацыі нам вельмі спатрэбіўся. Электронная школа, аб’яднанне ўстаноў адукацыі ў адукацыйныя комплексы, ідэі адукацыйных холдынгаў (кансорцыумаў) ужо знайшлі прымяненне ў сталічнай сістэме адукацыі. Мы вельмі цесна супрацоўнічалі з вучонымі і метадычнымі структурамі НІА, кансультаваліся, распрацоўвалі сумесныя навуковыя тэмы, якія таксама ляглі ў аснову фарміравання мадэлі сеткавага ўзаемадзеяння. Першы вопыт у гэтым напрамку — навуковая тэма, прысвечаная кіраванню рэгіянальнай сістэмай адукацыі (як выбудаваць сістэму ўзаемадзеяння паміж установамі, каб яна функцыянавала на прынцыпова новым якасным узроўні). Паступова былі рэалізаваны больш вузкія лакальныя ініцыятывы на ўзроўні падтрымкі Мінгарвыканкама: абагульненне вопыту (прэміі) і гранты на рэалізацыю праектаў. Яны былі прысвечаны ўкараненню кансалтынгавых паслуг установам адукацыі Мінска. Гэта, дарэчы, таксама ад зін з кіраўніцкіх механізмаў, які дазваляе дэталёва вывучыць дзейнасць канкрэтнай установы адукацыі, выявіць праблемы і дапамагчы ліквідаваць іх. Укараняліся праекты па стварэнні рэгіянальнай сістэмы работы з адоранымі дзецьмі, укараненні інфарматызацыі ў дзейнасць устаноў адукацыі. Многія праекты выходзілі нават на рэспубліканскі ўзровень.
У 2012 годзе на аснове загада камітэта па адукацыі Мінгарвыканкама ад 30 чэрвеня № 233 было зацверджана Палажэнне аб рэсурсным цэнтры, вылучаны пляцоўкі. На базе рэсурсных цэнтраў па інфармацыйных тэхналогіях (гімназіі №№ 5, 10, 13, 15, 16, 21, 37, сярэднія школы №№ 30, 55, 101, 196, Мінскі дзяржаўны каледж электронікі), а потым і на базе прадметных рэсурсных цэнтраў, якія ёсць у кожным раёне Мінска, праводзілася работа па падрыхтоўцы ўстаноў адукацыі сталіцы да выкарыстання новых тэхналогій і методык, эксперыментальнай, інавацыйнай дзейнасці. Дзейнасць рэсурсных цэнтраў сапраўды рознабаковая. Яна ўключае і работу з навучэнцамі, і сеткавае ўзаемадзеянне з іншымі ўстановамі раёна. Да гэтай работы паступова сталі падключацца не толькі школы і гімназіі, але і іншыя ўстановы дадатковай (МДГАЦ “Лідар”), прафесійнай адукацыі. Быў створаны гарадскі каардынацыйны савет па сеткавым узаемадзеянні, на якім разглядаюцца вынікі работы, дасягненні, праблемы ў арганізацыі дзейнасці рэсурсных цэнтраў.
Для таго каб гэтая работа была больш сур’ёзнай, структураванай, мы прадугледзелі і такое ўзаемадзеянне, як дыстанцыйнае навучанне і павышэнне кваліфікацыі педагогаў з выкарыстаннем рэсурсных цэнтраў. Справа ў тым, што не толькі інстытут праводзіць курсы, майстар-класы, семінары, круглыя сталы, але і рэсурсныя цэнтры разам з намі могуць таксама арганізаваць курсавую падрыхтоўку. Такім чынам, абапіраючыся на базу і магчымасці інстытута, рэсурсных цэнтраў, мы прапанавалі такую форму сеткавага ўзаемадзеяння, як сеткавы адукацыйны холдынг.

— Якія задачы ставяцца перад холдынгам?
— Галоўная задача адукацыйнага холдынга — аб’яднанне намаганняў дзяржаўных служачых і педагогаў Мінска ў фарміраванні якаснай інфармацыйна-адукацыйнай прасторы сталіцы, адзінае кіраванне рэалізацыяй стратэгіі, аператыўны збор інфармацыі, забеспячэнне празрыстасці ў сістэме адукацыі. А таму пры рэалізацыі праекта нам неабходна вызначыць тэарэтыка-метадалагічныя падыходы да праблемы развіцця рэгіянальнага кіравання сістэмай адукацыі, даць навуковае абгрунтаванне мадэлі адукацыйнага холдынга. Неабходна таксама распрацаваць навукова-метадычныя рэкамендацыі па развіцці кіравання інавацыйнай дзейнасцю ўстаноў з мэтай стварэння перагаворных пляцовак па актуальных пытаннях, аператыўнага рэагавання на праблемы, фарміравання кадравага патэнцыялу рэгіёна. У межах праекта рэалізуюцца больш дробныя праекты, вядзецца работа па шматлікіх напрамках дзейнасці.

— Таццяна Іванаўна, якой вам бачыцца арганізацыйная структура адукацыйнага холдынга?
— Кіруючай кампаніяй холдынга з’яўляецца камітэт па адукацыі Мінгарвыканкама, які ажыццяўляе стратэгічнае кіраванне сістэмай. Мацярынская кампанія — Мінскі гарадскі інстытут развіцця адукацыі, які арганізуе кансалтынгавае, навукова-метадычнае суправаджэнне, укараненне напрамкаў мадэрнізацыі, кансультацыі, каардынацыю дзейнасці ўсіх структур, навучанне кадраў даччыных структур (устаноў адукацыі горада, у тым ліку і тых, якія ўваходзяць у холдынг), арганізацый, партнёраў. Кіраўнікі ўстаноў адукацыі, якія ўваходзяць у холдынг, кіраўнікі ўпраўленняў адукацыі і іншыя зацікаўленыя ўтвараюць Савет дырэктараў, які будзе займацца распрацоўкай стратэгіі развіцця, зацвярджаць гадавыя планы дзейнасці, бюджэту, вырашаць стратэгічныя пытанні навукова-даследчай палітыкі, развіцця кадравага патэнцыялу.
Такім чынам, сеткавае ўзаемадзеянне ў межах рэгіянальнай сістэмы адукацыі — адукацыйнага холдынга — гэта новы тып самаразвіццёвага сацыяльнага арганізма. Безумоўна, паняцце гэтай структуры пакуль што віртуальнае. Гэта тлумачыцца тым, што звычайна ў холдынгу прадугледжана пэўнае фінансавае ўзаемадзеянне. У нас жа кожная структура, якая ўваходзіць у холдынг, — гэта самастойная юрыдычная асоба. Але ў межах арганізацыі гэтай дзейнасці мы цесна ўзаемадзейнічаем, зыходзячы з Праграмы развіцця сталічнай адукацыі, канцэпцыі якасці сталічнай адукацыі і інш.

— МГІРА ў гэтай структуры будзе выступаць як цэнтр развіцця педагагічных ініцыятыў і новых адукацыйных практык?
— Не толькі. МГІРА будзе з’яўляцца ключавым звяном у рэалізацыі рашэнняў, якія тычацца адаптацыі адукацыйнай сістэмы да навукова-тэхнічных, эканамічных і сацыякультурных рэалій рэгіёна, выпрацоўкі канструктыўнай пазіцыі педагагічнай грамадскасці па асноўных праблемах рэгіянальнай адукацыі, а таксама сістэме бесперапыннай адукацыі.
Інстытут на сёння як шматступеньчатая бесперапынная сістэма дадатковай адукацыі дарослых увабраў у сябе такія структурныя падраздзяленні, якія непасрэдна працуюць не толькі на інстытут, а і ўвогуле на ўсю сістэму адукацыі горада. Напрыклад, Цэнтр аналітычнага менеджменту і якасці адукацыі заняты работай з кіраўнікамі. І гэта не толькі курсы, а і шэраг іншых мерапрыемстваў, якія дазваляюць праводзіць атэстацыю, супрацоўнічаць з рознага роду структурамі, у тым ліку і з Акадэміяй кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь, Нацыянальным цэнтрам прававой інфармацыі Рэспублікі Беларусь, МУС і інш.
Вельмі важным для інстытута з’яўляецца вопыт міжнароднага супрацоўніцтва. У інстытуце рэалізуецца шэраг міжнародных праектаў, якія дазваляюць не толькі пераняць лепшы вопыт, але і прыцягнуць замежныя інвестыцыі ў бюджэт краіны. За тры гады ў межах рэалізацыі праектаў атрымана 188 тысяч еўра. Супрацоўніцтва з установамі вышэйшай адукацыі і сістэмай дадатковай адукацыі замежных краін дазваляе прымяняць новыя методыкі, якія ў нас выкарыстоўваюцца не так актыўна. Разам з Цэнтрам бесперапыннай адукацыі Палменія ўніверсітэта Хельсінкі (Фінляндыя) быў рэалізаваны праект па тэме “Развіццё патэнцыялу сумеснай дзейнасці органаў мясцовай улады і грамадскіх аб’яднанняў па сацыяльным уключэнні і пашырэнні правоў і магчымасцей асоб з абмежаванымі магчымасцямі ў Рэспубліцы Беларусь”. Мы ўбачылі, наколькі эфектыўна працуюць практыка-арыентаваныя методыкі з выкарыстаннем інтэрактыўных падыходаў у рабоце з дарослым насельніцтвам. У Фінляндыі, напрыклад, нам паказалі, як вучаць мігрантаў і беспрацоўных, каб яны маглі паспяхова сацыялізавацца і займаць тыя рабочыя месцы, на якія не вельмі ахвотна ідзе мясцовае насельніцтва.
Зусім нядаўна мы падвялі вынікі работы па Міжнародным праекце “Беларусь і свет: укараненне інавацый у пазашкольную адукацыю моладзі”, які рэалізуецца з нямецкімі калегамі. Праект прадугледжваў вывучэнне школьнікамі пэўнага тэарэтычнага матэрыялу праз яго рэалізацыю на практыцы. Так, навучэнцы зацікавіліся ідэяй валанцёрства, вывучылі тэорыю і потым сваімі рукамі стварылі зону адпачынку. У межах праекта было закуплена абсталяванне для правядзення відэаканферэнцый, дыстанцыйнага навучання школьнікаў. Дзякуючы такой форме работы, можна выходзіць на якасна новы ўзровень у арганізацыі выхаваўчай работы. Выхоўваць не проста лозунгамі і тэорыяй, а ісці менавіта ад праблемы да вырашэння ў супрацоўніцтве дарослага з дзіцем.

— Таццяна Іванаўна, вы сказалі, што ў межах рэгіянальнага праекта рэалізуецца шэраг лакальных праектаў? Што гэта за праекты?
— Асноўныя напрамкі дзейнасці холдынга — фарміраванне і развіццё сацыякультурнага асяроддзя Мінска; арганізацыя работы з высокаматываванымі навучэнцамі сталіцы; выкарыстанне ІКТ; суправаджэнне дзейнасці прафесійных педагагічных суполак; укараненне тэхналагічных рашэнняў па аўтаматызацыі кіраўніцкага працэсу, а таксама выкарыстанне новых форм педагагічнага і кіраўніцкага працэсу ў школе. Менавіта ў адпаведнасці з гэтымі напрамкамі і рэалізуецца шэраг праектаў. Так, у межах адукацыйнага холдынга будуць апрабаваны электронны журнал і дзённік, электронная картка навучэнца. На гэта накіравана рэалізацыя праектаў “Развіццё новых форм арганізацыі педагагічнага і кіраўніцкага працэсу ў школе на аснове выкарыстання электроннага журнала” (сярэдняя школа № 51) і “Мадэрнізацыя тэхналагічных рашэнняў па аўтаматызацыі кіраўніцкага працэсу на аснове выкарыстання карты навучэнца” (сярэдняя школа № 161). Гэтыя праекты зарадзіліся ў сістэме адукацыі горада і ў далейшым выйшлі на рэалізацыю ў межах структуры, якая будзе развіваць інфармацыйна-адукацыйную прастору сталіцы.
У межах сеткавага адукацыйнага холдынга прадугледжаны і іншыя напрамкі работы. У Мінску ёсць яшчэ шмат нявырашаных праблем: недахоп педагогаў дашкольнай адукацыі, недахоп настаўнікаў-прадметнікаў. Таму і абмяркоўваецца пытанне стварэння ў сталіцы педагагічнага каледжа як структуры, якая будзе вырашаць кадравыя пытанні ўстаноў адукацыі горада. Плануецца, што навукова-метадычную падтрымку каледжу будзе прадастаўляць інстытут развіцця адукацыі.
Яшчэ адзін момант, які дазваляе аб’яднаць намаганні розных рэспубліканскіх структур па павышэнні прафесійнай падрыхтоўкі кіраўніцкіх кадраў, — апрабацыя вочна-дыстанцыйнай формы павышэння кваліфікацыі дырэктараў і загадчыкаў разам з Акадэміяй кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь. Гэта таксама новы і перспектыўны напрамак дзейнасці.

— Якія вынікі чакаюцца ад укаранення холдынгавай стратэгіі?
— Пакуль мы хацелі б апрабаваць гэтую мадэль і паглядзець, наколькі яна будзе вырашаць тыя задачы, якія ставяцца перад сістэмай адукацыі. У межах гэтай віртуальнай структуры мы ўбачым, наколькі якасна ажыццяўляецца сеткавае ўзаемадзеянне і якія праблемы могуць узнікнуць, каб у далейшым планаваць развіццё рэгіянальнай сістэмы адукацыі. Сама спецыфіка сталічнага рэгіёна ў многім адрозніваецца ад дзейнасці іншых рэгіянальных сістэм.
Думаецца, што распрацаваная холдынгавая стратэгія дазволіць наладзіць эфектыўнае ўзаемадзеянне з дзяржаўнымі органамі кіравання сістэмай адукацыі, будзе садзейнічаць развіццю інтэграцыйнага ўзаемадзеяння, а таксама дасць магчымасць аптымальна выкарыстоўваць сучасную тэхніку, тэхналогіі і метады навучання ў арганізацыі інфармацыйна-адукацыйнай прасторы сталіцы, прымяняць эфектыўны менеджмент з мэтай павышэння якасці адукацыйных паслуг патэнцыяльным заказчыкам. Усё гэта, безумоўна, будзе працаваць на станоўчы імідж сістэмы адукацыі сталіцы.

— Вялікі дзякуй за размову!

 

Гутарыла Наталля КАЛЯДЗІЧ.