Час харыстаў не прайшоў!

Сёння вялікая рэдкасць, калі дзіця спявае ў хоры. Для большасці гэта — перажыткі мінулага, калі ўсіх вучылі быць як усе: хадзіць строем, апранацца аднолькава, вучыць рачоўкі, спяваць хорам. Сучасная ж моладзь імкнецца быць у цэнтры ўвагі і ва ўсім выдзяляцца: ад эпатажнага вобраза да неардынарнага хобі. А калі ўсё ж гаворка ідзе пра вакальнае развіццё, то ў марах толькі эстрадная кар’ера і зноў-такі са сваім уласным стылем. Таму выхаванцы Мінскага дзяржаўнага палаца дзяцей і моладзі хутчэй выключэнне з правіл.

30 гадоў славы

У гэтыя дні заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь хор “Крынічка” Мінскага дзяржаўнага палаца дзяцей і моладзі святкуе чарговую круглую дату — 30-годдзе. Час харыстаў яшчэ не прайшоў, аб гэтым гаворыць тое, што ў хоры ў трох узроставых групах больш за 150 чалавек! Самым маленькім няма і 4 гадоў, а права голасу для старэйшых харыстаў тут не абмяжоўваецца гадамі. Ёсць нават дарослыя харысты, якія спяваюць у старшай групе, а іх дзеці ў малодшай групе. На іх юбілейны канцэрт, які пройдзе ў Дзяржаўнай філармоніі ў суботу, даўно няма ніводнага білета.

Калектыў — жаданы госць і на замежных пляцоўках. Хор “Крынічка” — лаўрэат фестывалю поліфанічнай музыкі ў Італіі, фестывалю творчых калектываў “Міленіум-2000” у Вялікабрытаніі, фестывалю харавых калектываў у Нідэрландах. Геаграфія гастрольных паездак юных спевакоў шырокая — Германія і Аўстрыя, Польшча і Румынія, Нідэрланды і Італія, ЗША і Вялікабрытанія, Францыя і Балгарыя і інш. Некалькі гадоў назад хор “Крынічка” быў удастоены генеральнай аўдыенцыі ў Іаана Паўла II у Ватыкане. Прымаў удзел калектыў і ў міжнародных дабрачынных акцыях, напрыклад, у ходзе адной з іх, “Дзеці — дзецям”, якая праходзіла ў ЗША і мела сваёй мэтай збор грошай для хворых дзяцей Беларусі, было сабрана 10 тысяч долараў, якія былі перададзены ў дзіцячую бальніцу № 3 Мінска.

Людміла Уладзіміраўна Налівайка, канцэртмайстар старшага хору “Крынічка”, запэўнівае, што сакрэт такога поспеху — у асобе стваральніка і нязменнага мастацкага кіраўніка, дырыжора Наталлі Віктараўны Суханавай, якая, нягледзячы на сваю знешнасць — далікатная, невысокая, стрункая, — унутры мае неверагодны стрыжань, дзякуючы чаму з поспехам закруціла гэты велізарны механізм пад назвай “хор”, які тры дзесяцігоддзі ні на дзень не прыпыніўся і, наадварот, толькі набірае свой ход. Вось чаму Людміла Уладзіміраўна не перастае здзіўляцца ўжо 25 гадоў, якія працуе з ёй поруч.

“Пачынала Наталля Віктараўна з маленькай групы, якая хутка пашыралася, — успамінае Людміла Уладзіміраўна. — Так з’явіліся малодшы і сярэдні хор, атрымалася база для пераходу ў розныя ўзроставыя групы: не набіраць, а рыхтаваць сабе харыстаў — шмат значыць. Выхоўваючыся разам з маленькага ўзросту, яны вельмі адданыя калектыву, жывуць яго жыццём, нягледзячы на тое, што ў будучыні яны перагружаны школай, вучобай, сям’ёй, дзецьмі, — час для заняткаў знаходзяць заўсёды.

Безумоўна, сакрэт і ў самім рэпертуары. Калі мы не знаходзім у класічным варыянце тое, што шукаем, мы ствараем яго самі: у нас працуюць лепшыя ў горадзе аранжыроўшчыкі і гукарэжысёры. У нашым рэпертуары і сучасныя дзіцячыя песні, што дапамагае пашыраць дзіцячы кругагляд і выхоўваць музычнасць, і эстрада, і класіка, і фальклор, і дуэты, і квартэты. Удзельнікі хору спяваюць на некалькіх мовах — англійскай, італьянскай, лацінскай, беларускай, рускай, нямецкай, іўрыце. Пры харавым калектыве існуе фальклорны гурт, у рэпертуары якога — народныя беларускія песні з элементамі танца ў суправаджэнні народных інструментаў.

Мы выкарыстоўваем дзіцячыя здольнасці так, што атрымліваецца шоу. У нас няма статычнасці, праграмы яркія, насычаныя. Калі новыя людзі трапляюць на нашы канцэрты, яны крыху збянтэжаны такой шматпланавасцю. І за 30 гадоў наш рэпертуар ні разу не паўтарыўся. Мы робім стаўку і на атмасферу — яна ў нас цёплая, сямейная, душэўная. Дзецям тут камфортна. Вось чаму, нягледзячы на тое, што сёння дзяцей зацікавіць чымсьці вельмі цяжка, нашы рады папаўняюцца. Ды і мы, адчуваючы дзіцячую энергію, не маем права старэць”.

Фінансы спяваюць рамансы…

“Калі гаварыць увогуле пра Беларусь, то, на жаль, сёння харавыя спевы не вельмі папулярныя, — гаворыць Наталля Віктараўна Суханава. — Некалі ў нас было шмат школ і харавых аддзяленняў. Увесь Мінск спяваў, было шмат дастойных калектываў ва ўсёй краіне.

Падчас навучання ў кансерваторыі мне пашчасціла вучыцца ў Віктара Уладзіміравіча Роўды, народнага артыста Беларусі і СССР, мастацкага кіраўніка і галоўнага дырыжора Акадэмічнага хору Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі Рэспублікі Беларусь. Тады мы часта выязджалі ў Прыбалтыку на святы песні. Былі велізарныя пеўчыя палі і гучалі харавыя калектывы тысячы па дзве харыстаў! Гэта была харавая культура.

Сёння ж мы — аблічча палаца і, на шчасце, творчасць хору не губляе актуальнасці, ніводнае знаёмства з установай не праходзіць без “Крынічкі”.

Так спрабуе патлумачыць поспех і папулярнасць хору яго кіраўнік, сціпла ўтойваючы свае ўласныя намаганні.

Невядомы кумір

А пачынаюцца гэтыя намаганні з самага складанага — матываваць дзіця спяваць менавіта ў хоры, растлумачыць, што, нават стоячы ў некага за спінай, можна быць навідавоку, знайсці аргументы, што аўдыторыя можа любіць творчасць калектыву, нават не ведаючы імён усіх яго ўдзельнікаў, што, аб’ядноўваючы галасы рознай сілы і тэмбру, музыка набывае аб’ём, гарманічнасць. Наталля Віктараўна ўпэўнена, што тлумачыць гэта дзіцяці — дарэмная трата часу: яно ўсё роўна гэтага не зразумее, — лепш даць яму адчуць гэта. І пакуль дзіця сябе спрабуе, Наталля Віктараўна робіць стаўку на бацькоў. Ім яна і тлумачыць, што любому артысту, які плануе кар’еру на эстрадзе, усё роўна неабходна прайсці акадэмічную школу спеваў. Такая школа — значная дапамога і для паступлення і навучання ў музычнай школе. Пройдзеш гэтую прыступку, навучышся валодаць голасам — ідзі на эстраду.

І сапраўды, напачатку амаль усе ўспрымаюць хор як прыступку на эстраду, але ж саступаць з яе, маючы ўсе правы і магчымасці, асабліва ніхто не спяшаецца. І справа не толькі ў тым, што эстрадная кар’ера патрабуе вельмі вялікіх сродкаў, а ў тым, што нікому ўжо не трэба творчасці па-за межамі хору. Дарэчы, калі ёсць жаданне, і ў калектыве ў эстраднай групе ёсць магчымасць рабіць сольную кар’еру. Толькі жадаючых спяваць сола тут няшмат.

Наталля Марцінкевіч спявае ў хоры яшчэ з часоў сваёй вучобы ў школе з харавым ухілам. Яна ўжо вырасла, атрымала адукацыю, працуе менеджарам па продажы, але не развітваецца з хорам — 25 гадоў спявае ў калектыве.

“Я прыйшла ў хор гадоў у 11 і амаль адразу трапіла ў канцэртную групу да Наталлі Віктараўны, — успамінае Наталля. — Мне падабалася ўсё — і калектыў, і тая атмасфера, якая ў нас была. І думак кінуць усё гэта ў мяне не было ні разу. Дагэтуль мы сустракаемся, рэпеціруем, адзначаем разам усе святы, разам адпачываем, тэлефануем адно аднаму, прычым не толькі з нагоды репетыцый”.

У хоры амаль палову свайго пакуль яшчэ кароткага жыцця спявае і дачка Наталлі — 8-гадовая Паліна. Дзяўчынка, як і мама, з дзяцінства любіць спяваць, але для яе было вельмі важна здзейсніць сваю мару — спяваць з мамай на адной сцэне.

“Каб дзіця зацікавіць хорам, дастаткова хоць раз узяць яго на рэпетыцыю, — тлумачыць захопленасць музыкай у сваёй дачкі Наталля. — У нашым хоры большасць навічкоў — тыя, хто трапіў на наш канцэрт. Ён разбівае ўсе стэрэатыпы пра хор, сярод якіх самы галоўны — што ў ім губляецца індывідуальнасць. У хоры кожны ведае сваё месца, ведае, што толькі ён можа праспяваць сваю партыю так, як спявае ён. Харавыя калектывы, якія былі некалі даўно, і наш — розныя рэчы. У нас не адзін саліст, як было некалі, а ледзь не кожны”.

Але, на думку Наталлі, у хоры ёсць яшчэ больш значнае, чым уласная рэалізаванасць: “Хор — гэта другое жыццё, духоўнае. Музыка шмат дае чалавеку. Гэта іншае вымярэнне, у якім — свае перажыванні, радасці, надзеі. Пераступаеш парог палаца — і абстрагуешся ад усіх сваіх праблем. Гэта аддушына. І, безумоўна, усім нам падабаецца спяваць, падабаецца тое, што мы робім”.

З гэтым згодны і Аляксей Півавар. Яму 25 гадоў, і 15 з іх ён спяваў у хоры. Яшчэ да нядаўняга часу вучыў палітычныя навукі ў магістратуры аднаго з універсітэтаў Бельгіі для работы ў ААН, але ўсё роўна яго вабіць музыка.

“Кожны раз, калі прыязджаў на канікулы, прыходзіў на хор — проста сядзеў і слухаў, — гаворыць Аляксей. — Цяпер я зноў сюды вярнуўся, бо тут я знаходжу тое, чаго не магу знайсці больш нідзе”.

Рэпертуар-«салянка» для любой аўдыторыі

Не дае зрабіць хор толькі кароткім этапам свайго жыцця і сама творчасць. “Калі хлопцы, якім ужо за 20, на вуліцы сустрэчным скажуць, што ідуць на хор, тыя пакруцяць пальцам ля скроні — у такім узросце — і на хор? — усміхаецца Наталля Віктараўна. — Але яны кажуць, што ў нас незвычайны хор. Мы ў сваім рэпертуары маем творы на любую аўдыторыю. Мы не ведаем, дзе ў нас заўтра будзе канцэрт, таму праграма наша будуецца так, каб было ўсяго патрошку, каб было цікава любому гледачу. І такая “салянка” — і блок духоўнай музыкі, і свецкай, народнай, блок эстраднай музыкі, руска-еўрапейскай класікі — стала традыцыяй кожнага канцэрта”.

Дарэчы, што да аўдыторыі, то ёсць вялікая розніца ва ўспрыманні творчасці “Крынічкі” аўдыторыяй. Па словах Наталлі Віктараўны, юныя беларусы ўспрымаюць намнога спакайней, і ўвогуле вялікай патрэбы ў жывым гучанні ў іх, на жаль, няма — большасці з іх хапае тэлебачання. А вось дарослыя ўспрымаюць харавыя спевы захоплена, асабліва за мяжой. Сярод іх заўсёды ёсць мігранты з Беларусі, і калі гучыць “Белавежская пушча” ці нешта такога кшталту, яны выціраюць слёзы. Яны падыходзяць пасля канцэрта да артыстаў і доўга гутараць з імі пра музыку, пра творчасць, пра Беларусь.

З музыкай па жыцці

Адчуўшы, якая гэта асалода — спяваць для тых, хто гэта цэніць, многія з выхаванцаў “Крынічкі” самі мараць пра музычную кар’еру. Вось чаму яны прыязджаюць на рэпетыцыі з усяго горада, з розных школ, розных змен, розных УВА. Самы рабочы дзень — нядзеля. Толькі ў гэты дзень яны могуць праводзіць зводныя рэпетыцыі. Удзельнікі калектыву шмат гадоў запар не ведаюць, што такое адпачынак у нядзелю. У іх няма ні канікул, ні свят — усе вольныя дні яны ў палацы.

“Некаторыя нашы выхаванцы звязваюць жыццё з музыкай, — гаворыць Наталля Віктараўна. — Напрыклад, Таццяна Клімянкова — кіраўнік хору, Настасся Гіль вучыцца ў Пецярбургу ў кансерваторыі на вакальным аддзяленні, Марыя Фішман скончыла музычнае вучылішча, а Алёна Якавук яшчэ вучыцца там на вакальным аддзяленні. Надзея Кароль вучыцца ў Акадэміі музыкі, Таццяна Шуранкова і Святлана Карасёва атрымалі спецыяльнасць “Эстрадны вакал” у Інстытуце сучасных ведаў. Саша Няхай яшчэ школьніца і спявае сольна. Можна доўга пералічваць, але ўсё роўна іх будзе куды менш, чым тых, хто вучыцца і працуе па іншай спецыяльнасці, але працягвае спяваць у нашым хоры. Мне прыемна, што яны ўжо не могуць без музыкі. Яны тут знайшлі сяброў і адлучыцца ад іх ім складана. Гэта мяне найбольш радуе, і я лічу гэта галоўным дасягненнем нашага калектыву”.

Калі бачыш такіх паслядоўнікаў, можна быць упэўненым, што колькасць беларусаў, аматараў жывой музыкі, будзе павялічвацца — і на сцэнах, і ў залах. І залы будуць напаўняцца тымі, хто будзе ацэньваць выканаўцаў не па дэцыбелах, якія выдавалі калонкі, а па тым паслясмаку, які застаецца ад адчування аб’ёму і глыбіні гуку ў некалькі дзясяткаў галасоў.

Святлана НІКІФАРАВА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА і з архіва хору “Крынічка”.

На старт! Увага! Памчалі!

З 28 па 30 кастрычніка Мінскі дзяржаўны палац дзяцей і моладзі прымаў удзельнікаў першага этапу адкрытага чэмпіянату і першынства краіны па аўтамадэльным спорце ў класе трасавых мадэлей. Шэсць каманд з Мінска, Гродна, Салігорска, Оршы (усяго 38 спартсменаў) сабраліся каля сучаснай, аснашчанай у адпаведнасці з еўрапейскімі стандартамі 8-дарожкавай трасы, каб не толькі на калег паглядзець, аўтамадэлі пазапускаць, але і праверыць узровень сваёй спартыўнай падрыхтоўкі, падняць планку развіцця айчыннага трасавага аўтамадэлізму на новы ўзровень.

На старт! Увага! Паехалі!.. Пасля гэтай судзейскай каманды і гукавога сігналу восем аўтамадэляў жоўтага, чырвонага, сіняга, зялёнага, фіялетавага, белага, чорнага, шэрага колераў з хуткасцю ветру імчаць на чарговае кола, да новых рэкордаў. Імчаць — гэта яшчэ слаба сказана. Лепш так: ляцяць, нясуцца. Некалькі крутых паваротаў — і кола даўжынёй у 42 метры аўтамадэль праязджае менш чым за 4 секунды. Для пераадолення такой адлегласці мадэлі павінны развіваць хуткасць да 100 км/г. Пры гэтым вага іх матора складае ўсяго 11 грам, а магутнасць дасягае паказчыка ў 100 Вт пры напружанні на трасе 12 В. Мадэлі, што ўдзельнічаюць у спаборніцтвах, створаны са спецыяльнай сталі.

Спаборніцтвы па аўтамадэльным спорце ў класе трасавых мадэлей праводзяцца штогод у адпаведнасці з планам супрацоўніцтва Мінскага дзяржаўнага палаца дзяцей і моладзі, Цэнтра тэхнічнай творчасці дзяцей і моладзі Салігорскага раёна і арганізацыйнай структурай ДТСААФ Мінска і Мінскай вобласці. Сёлета яны праходзяць у два этапы (другі пройдзе ў снежні на базе Цэнтра тэхнічнай творчасці дзяцей і моладзі Салігорскага раёна) у класе мадэлей G-33, G-12, ES-32, F-1, ES-24. У наступным годзе плануецца правядзенне ўжо трох этапаў (яшчэ адзін этап пройдзе ў Гродне). Павелічэнне колькасці этапаў сведчыць пра папулярызацыю трасавага мадэлізму, высокія вынікі, якія паказваюць удзельнікі спаборніцтваў, рэкорды, якія кожны год абнаўляюцца.

— Першая наша траса была невялікая, даўжынёй усяго 30 м з чатырма дарожкамі. Аднак прагрэс не стаіць на месцы, хуткасці мадэлей павялічваюцца, таму для якасных спаборніцтваў патрабавалася новая траса. Яна была зроблена па еўрапейскіх стандартах намаганнямі ў першую чаргу нашага педагога Юрыя Аляксандравіча Дубіка, — адзначыў суддзя спаборніцтваў загадчык кабінета агульнатэхнічнага мадэлявання МДПДіМ Вячаслаў Мікалаевіч Вінцэк.

Каб паспяхова пераадолець трасу, паказаць высокія вынікі і стаць прызёрам спаборніцтваў, ад спартсмена-тэхніка патрабуецца высокае майстэрства. Трэба ведаць, калі прытармазіць мадэль, каб яе не занесла на павароце, калі разагнаць, каб апярэдзіць саперніка. На вынік уплывае і тое, як настроены маторы, шасі, якой якасці пульт. Важна правільна выбраць камплекты гумы для аўтамадэлі. І гэта толькі невялікая частка сакрэтаў трасавых перамог. Дарэчы, пераможцам чэмпіянату ў пэўным класе прысвойваецца званне кандыдата ў майстры спорту.

— Першы этап чэмпіянату прайшоў вельмі напружана, навучэнцы паказалі высокія вынікі. З кожным годам хуткасці павышаюцца, мадэлі становяцца больш устойлівымі на віражах. Развіваць трасавы аўтамадэлізм неабходна. Удзельнікі цяперашніх спаборніцтваў — гэта будучыя інжынеры, якія будуць ствараць матэрыяльныя каштоўнасці для краіны, — адзначыў педагог Цэнтра тэхнічнай творчасці дзяцей і моладзі Салігорскага раёна Аляксандр Мікалаевіч Скалабан, фіналіст Рэспубліканскага конкурсу “Педагог года ўстановы дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі”.

Нягледзячы на некаторыя памылкі, салігорскія навучэнцы паказалі высокія вынікі. Так, у індывідуальным заліку ў класе G-33 і класе F-1 пераможцамі сталі адпаведна Уладзіслаў Стражэвіч і Іван Васілеўскі. У класе G-12 1-е месца заняў Уладзіслаў Бекасаў з Мінска (трэнер Ю.А.Дубік), у класе ES-32 і ES-24 — Юрый Дубік з Мінска. У агульна-камандным заліку пераможцай стала каманда А.М.Скалабана арганізацыйнай структуры ДТСААФ Салігорска, 2-е і 3-е месцы падзялілі сумесная каманда Мінскага дзяржаўнага палаца дзяцей і моладзі і Маскоўскай раённай арганізацыйнай структуры ДТСААФ Мінска (трэнер Ю.А.Дубік) і сумесная каманда Гродзенскага дзяржаўнага абласнога палаца творчасці дзяцей і моладзі і арганізацыйнай структуры ДТСААФ Гродна (трэнер К.М.Юшкевіч).

На старт! Увага! Паехалі!.. Гэтая каманда зноў прагучыць у снежні ў сценах Цэнтра тэхнічнай творчасці дзяцей і моладзі Салігорскага раёна. Аўтамадэлі, створаныя будучымі інжынерамі, паляцяць на чарговае кола, да новых рэкордаў.

Ігар ГРЭЧКА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.

Служу чалавеку!

Спаборніцтвы па нейрапілатаванні, робасумо, майстар-класы, навукова-папулярныя лекцыі пра сакрэты робататэхнічнай творчасці і шмат чаго іншага цікавага, захапляльнага — усё гэта чакала ўдзельнікаў адкрытага робататэхнічнага фестывалю “Робафэст — Беларусь”, які прайшоў 16—18 верасня ў Мінскім дзяржаўным палацы дзяцей і моладзі. Арганізатарамі фестывалю выступілі Міністэрства адукацыі, адукацыйны цэнтр Парка высокіх тэхналогій, Рэспубліканскі цэнтр інавацыйнай і тэхнічнай творчасці, Мінскі дзяржаўны палац дзяцей і моладзі.

Фестываль можна па праве лічыць ключавой падзеяй 2016 года ў сферы тэхнічнай творчасці моладзі. На працягу трох дзён фестываль наведала больш за тысячу школьнікаў і іх бацькоў, педагогаў, студэнтаў. Гасцям прапаноўвалася пабываць на адкрытых пляцоўках для тэхнамейкерства, сабраць робата ці дрона, змайстраваць яго з кардону або паперы, стварыць на спецыяльным прынтары 3D-мадэль. Спаборніцтвы праходзілі ў 6 дысцыплінах, у іх прынялі ўдзел больш за 250 чалавек з усіх рэгіёнаў Беларусі, а таксама Санкт-Пецярбурга і Казані. “Робафэст — Беларусь” адкрыў новыя імёны дзяцей, падлеткаў і студэнтаў, якія цікавяцца робататэхнікай, інавацыямі, інфармацыйнымі тэхналогіямі.

— Гэта знамянальная і знакавая падзея для нашай краіны. Падобнае мерапрыемства праводзіцца не ўпершыню, аднак на гэты раз мы вырашылі сабраць пад адным дахам усе кірункі робататэхнікі, аматараў сучасных тэхналогій, каб паказаць, што такое сённяшняя робататэхніка. Калі гучыць слова “робаты”, то мы ўяўляем нешта чалавекападобнае, хаця паняцце “робататэхніка” надзвычай шырокае. Яно звязана з ІТ-сферай, мехатронікай, электронікай. За робататэхнікай — будучыня. Моладзь, якая сёння прыйшла паглядзець, паўдзельнічаць, паспаборнічаць, заўтра будзе студэнцтвам, а паслязаўтра будзе вызначаць аблічча нашай дзяржавы, якая павінна ісці ў нагу з сучасным светам, перадавымі краінамі. Дзякуй усім, хто дапамагае ў арганізацыі гэтага свята. Дзякуй энтузіястам, якія працуюць з нашай моладдзю ў гуртках, імкнуцца дапамагчы моладзі разабрацца ў сучасным, няпростым, цікавым свеце, патоку ведаў, — адзначыў у прывітальным слове міністр адукацыі Міхаіл Анатольевіч Жураўкоў.

Па словах дырэктара адукацыйнага цэнтра Парка высокіх тэхналогій Вадзіма Віктаравіча Зелянкова, арганізатары фестывалю не чакалі, што ён пройдзе ў такім маштабе, што на заклік далучыцца да робаспаборніцтваў адгукнецца вялікая колькасць энтузіястаў. “Спадзяёмся, фестываль стане зыходным пунктам для сумеснай работы па папулярызацыі тэхнічнай адукацыі і творчасці ўсіх зацікаўленых. Мы неаднаразова абмяркоўвалі, што Беларусі патрэбен свой фармат робататэхнічных спаборніцтваў, мы паспрабавалі гэты фармат прыдумаць, упэўнены, што ў нас атрымалася. Робаквест — гэта вельмі складаная дысцыпліна, якая ўвабрала ў сябе розныя конкурсы, складаныя задачы. І мы бачым, што ўдзельнікі справіліся”, — падзяліўся Вадзім Віктаравіч.

Адным з цэнтральных мерапрыемстваў фестывалю стаў круглы стол, на якім прадстаўнікі Міністэрства адукацыі, педагагічнай і бізнес-супольнасці Беларусі, Расіі і Украіны абмяркоўвалі праблемы і перспектывы развіцця адукацыйнай робататэхнікі. З актуальнымі пытаннямі, узнятымі ўдзельнікамі круглага стала, адказамі на гэтыя пытанні нашы чытачы азнаёмяцца ў адным з наступных нумароў.

Ігар ГРЭЧКА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.

Лета ў вялікім горадзе

Вось і пачаліся самыя вялікія і такія доўгачаканыя школьныя канікулы! І для бацькоў, і для школьнікаў лета звычайна ўжо спланавана: хтосьці накіруецца на адпачынак да бабулі, камусьці пашанцуе разам з мамай і татам паехаць на мора, а хтосьці застанецца ў горадзе. Што ж, і такі адпачынак можа быць якасным і нават вельмі аздараўленчым! У гэтым упэўнены супрацоўнікі Мінскага дзяржаўнага палаца дзяцей і моладзі. Аб арганізацыі дзіцячага адпачынку ў перыяд летніх канікул расказала дырэктар установы Галіна Леанідаўна Шкляр падчас брыфінгу “Лета ў горадзе”.

Працоўнае і лагернае лета

“Летні адпачынак мы арганізоўваем у адпаведнасці з дынамікай запытаў бацькоў і зыходзячы з нашага шматгадовага вопыту работы, але штогод, зразумела, штосьці мяняецца. Многія старшыя школьнікі, напрыклад, імкнуцца летам працаваць, каб зарабіць грошы. Для гэтага некалькі гадоў назад у нас была спроба арганізацыі лагера працы і адпачынку, але, на жаль, ён праіснаваў усяго два гады. Справа ў тым, што цяпер ідзе барацьба ўстаноў адукацыі за рабочыя месцы для школьнікаў. Сёлета нам удалося заключыць дагавор і ўзяць 44 рабочыя месцы ў камітэце па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Мінгарвыканкама. Такім чынам, мы распісалі другасную занятасць для некаторых жадаючых навучэнцаў ад 14 да 18 гадоў”, — растлумачыла Галіна Леанідаўна.

Тыя, хто хоча не толькі адпачыць, але і зарабіць грошы, змогуць паспрабаваць свае сілы ў вырабе сувенірнай прадукцыі, уборцы і азеляненні тэрыторыі палаца, а таксама рамонце выставачнага абсталявання. Па словах Галіны Леанідаўны, жадаючых працаваць шмат, а таму ўжо ўсе 44 месцы аказаліся занятымі. Дарэчы, прыкладная заработная плата школьнікаў складзе 2,3 млн у месяц і будзе выплачвацца праз Фонд сацыяльнай абароны. Але ў адпаведнасці з узростам рабочы дзень будзе няпоўным. У палацы хлопчыкі і дзяўчынкі атрымаюць свае першыя рабочыя месцы і працоўныя кніжкі.

Запатрабаванымі па-ранейшаму застаюцца і аздараўленчыя лагеры. У прыватнасці, на базе палаца ўжо больш за 20 гадоў працуе лагер “Чабарок”, у якім адпачываюць дзеці ад 6 да 14 гадоў уключна.

“У першую змену, якая працягваецца 18 дзён, мы бяром максімальную колькасць дзяцей, якую можам прыняць, — гэта 360 чалавек, што, па сутнасці, паўнавартасны загарадны лагер. У асноўным у лагеры будуць адпачываць дзеці малодшага школьнага ўзросту, паколькі ў гэты час старшыя школьнікі яшчэ заняты ў школе. Сёлета мы вымушаны былі абмежавацца тым, што прымаем толькі тых дзяцей, якія займаюцца ў гуртках палаца, тым не менш на сёння ў нас каля 600 заяў, а прыняць мы можам толькі 360”, — растлумачыла дырэктар установы. Сапраўды, жадаючых шмат, бо лагер даўно стаў вельмі папулярным сярод бацькоў дзякуючы сваёй насычанай і цікавай праграме. Большую частку часу дзеці будуць праводзіць на свежым паветры, а два разы на тыдзень наведваць басейн “Арляня”. Акрамя таго, прадугледжаны разнастайныя экскурсіі, спектаклі, тэатральныя пастаноўкі, наведванне лабараторыі натуральна-навуковых ведаў “Планетарый” і разнастайных выстаў, таксама будзе магчымасць пазаймацца ў гуртках установы. Што тычыцца харчавання, то і тут усё прадугледжана: яно будзе збалансаваным і ўзмоцненым.

У лагеры будзе абавязкова наладжана і псіхолага-педагагічнае суправаджэнне. Па словах Галіны Леанідаўны, гэтая паслуга асабліва запатрабаваная, бо дзеці пасля навучальнага года прыходзяць вельмі ўзрушаныя і перанапружаныя. Сеансы рэлаксацыі будуць праходзіць у спецыяльным пакоі, дзе пры жаданні можна будзе і адпачыць. “Нам бы хацелася, каб літаральна з першага тыдня дзеці пасябравалі, згуртаваліся і добра ставіліся адно да аднаго, каб быў пазітыўны настрой штодзень, менавіта за гэтым будуць сачыць педагогі і псіхолагі”, — запэўніла яна.

Да таго ж гарадскі цэнтр псіхолага-педагагічнай дапамогі адчыніць свае дзверы і для ўсіх жадаючых. У палацы будуць праходзіць псіхалагічныя кансультацыі для дзяцей і дарослых, у тым ліку па пытаннях падрыхтаванасці да школы, будзе праводзіцца дыягностыка прафесійнага самавызначэння для моладзі, сямейнае кансультаванне, індывідуальныя і групавыя рэлаксацыйныя заняткі.

Другая змена лагера “Чабарок” плануецца з 27 чэрвеня па 20 ліпеня, бо на яе таксама ёсць попыт. Дарэчы, пуцёўкі ў аздараўленчы лагер каштуюць 1,2 млн рублёў для малодшых школьнікаў і 1,6 млн для старэйшых дзяцей, улічваючы дзяржаўную датацыю.

“На Мінскай абласной спартыўна-аздараўленчай базе “Галактыка” пад Ракавам ужо трэці год мы арганізоўваем тэматычныя профільныя заезды з кругласутачным знаходжаннем. Свой лагер мы назвалі “Мінчане”, і ён карыстаецца зараз вялікай папулярнасцю ў нашых дзяцей сярэдняга і старэйшага ўзросту. Нягледзячы на тое, што база спартыўная і шмат увагі ўдзяляецца спорту, нашы педагогі рыхтуюць сваю спецыялізаваную праграму для гэтага выязнога лагера”, — расказала Галіна Леанідаўна.

Акрамя таго, на базе Мінскага гарадскога адукацыйна-аздараўленчага цэнтра “Лідар” будуць працаваць два выязныя палатачныя лагеры: у чэрвені — “Лідар-wave”, а ў жніўні — “Патрыёт”.

Гуртковае лета

Мінскі дзяржаўны палац дзяцей і моладзі нельга ўявіць сабе без гурткоў, а таму на працягу ўсяго лета тут будзе арганізавана работа каля 200 гурткоў з ахопам 2,2—2,5 тысячы дзяцей. Гэта будуць гурткі самых разнастайных кірункаў, асаблівы ўпор будзе зроблены на дзяцей сярэдняга ўзросту. Дарэчы, улетку палац будзе працаваць па буднях, але калі будзе неабходна, адчыніць свае дзверы і ў выхадныя.

Акрамя гурткоў, на базе палаца ў Цэнтральным дзіцячым парку імя Максіма Горкага працуюць яшчэ два яго аб’екты — гэта “Планетарый”, які будзе працаваць без выхадных на працягу ўсяго лета, і клуб “Адкрыты свет”, які знаходзіцца побач. Дарэчы, улетку ў клубе таксама будуць дзейнічаць разнастайныя гурткі для школьнікаў.

Па словах дырэктара палаца, існуе некалькі добра апрабаваных і запатрабаваных праектаў, якія будуць працаваць і сёлета. Сярод іх — летняя школа маладых вучоных “Першыя крокі ў навуку”, разлічаная на таленавітых і адораных дзяцей, якія хочуць у летні перыяд не толькі адпачываць, але і папоўніць багаж ведаў. “Калі ў мінулыя гады ў нас былі дзве групы такіх дзяцей, то сёлета іх ужо чатыры. Мы вядзём актыўную кампанію, таму інфармацыю і праграму гэтых летніх школ накіравалі ў кожную ўстанову сярэдняй адукацыі”, — паведаміла Галіна Леанідаўна.

Працягвае сваю дзейнасць і летняя школа журналістыкі. Запатрабаванасць да заняткаў у ёй таксама вялікая. А ў гэтым годзе каля 10 дзяцей, якія займаліся тут, плануюць паступаць на спецыяльнасці, звязаныя з журналістыкай.

Дарэчы, вялікая колькасць дзяцей займаецца ў палацы ў спартыўна-тэхнічных гуртках — шахматы, судна- і авіямадэлізм, радыёэлектроніка. У чэрвені — ліпені для іх будуць праходзіць рэспубліканскія і міжнародныя этапы разнастайных спаборніцтваў, таму на базе вучэбных кабінетаў у чэрвені пройдуць вучэбна-трэніровачныя зборы, дзе школьнікі змогуць дапрацаваць мадэлі, з якімі будуць прымаць удзел у гэтых этапах.

“У нас вельмі актыўна развіваецца кабінет шахмат, дзе працуюць не толькі гурткі класічных шахмат. У апошні час вялікую папулярнасць набываюць японскія шахматы сёгі і кітайскія шахматы го. І сёлета нашы дзеці дасягнулі вялікіх поспехаў на міжнародных спаборніцтвах, якія праходзілі ў Расіі і краінах Еўропы. Нават тыя дзеці, якія займаюцца ўсяго 2—3 гады, паказалі вельмі высокі ўзровень і ўдасканалілі свае разрады. Яны фанатычна любяць свой кірунак, але гэтыя заняткі патрабуюць працяглага часу, таму летам якраз ёсць такая магчымасць. Але іх чакае, зразумела, не толькі сядзенне за шахматнай дошкай. Разам з нашымі трэнерамі дзеці будуць выходзіць на трэніроўкі, займацца агульнай фізічнай падрыхтоўкай на вольным паветры”, — запэўніла дырэктар установы.

Добрай традыцыяй сталі ўлетку вучэбна-трэніровачныя зборы. Сёлета яны плануюцца для калектыву бальнага спартыўнага танца “Дуэт”, клуба “Стратэг”, а таксама іншых гурткоў. Дарэчы, каля 60 дзяцей у чэрвені і каля 50 у жніўні стануць удзельнікамі вучэбна-трэніровачных збораў.

Бяспечнае вандроўнае лета

“Асаблівая тэма для нас — бяспечная жыццядзейнасць дзяцей. Гэтай тэмай мы займаемся на працягу 5 гадоў, яна пашыраецца ў сваіх аспектах, а ў нашым сектары “Бяспечнае дзяцінства” вядзецца пастаянная работа па прафілактыцы надзвычайных сітуацый і навучанне правільным паводзінам, напрыклад, пры пажары, на вадзе, на дарогах”, — растлумачыла Галіна Леанідаўна. Дарэчы, каля палаца будзе арганізавана пляцоўка, на якой разгорнуцца шматлікія гульнявыя пазнавальныя праграмы: “Вялікае вандраванне юнага веласіпедыста”, “Прыгоды без бед”, “Школа выжывання”, “Азбука бяспекі”. Гэтыя пляцоўкі будуць працаваць усё лета.

Асобны блок работы палаца — сацыякультурная дзейнасць. 25 мая ў мастацкай галерэі “Палац” адкрылася выстава дэкаратыўна-прыкладной і мастацкай творчасці “Каларыстычны прастор”, дзе прадстаўлены многія гурткі ўстановы. У гэтай галерэі на працягу ўсяго лета будуць праходзіць гульнявыя праграмы, а кожны жадаючы зможа выбраць сабе аб’яднанне па інтарэсах на наступны навучальны год. Акрамя таго, будзе працаваць рыцарскі клуб і пастаянная выстава “Гадаванец”, якая карыстаецца нязменным поспехам у дзяцей.

Многія навучэнцы палаца накіруюцца ўлетку і за межы краіны. Хто з дабрачыннымі канцэртамі ў Францыю, хто на першынство ў Эстонію, хто на чэмпіянат у Галандыю, а хто і на турнір у Кастраму. Адным словам, і ў іншых краінах дзецям сумаваць не давядзецца.

“На працягу лета мы плануем арганізаваць адпачынак амаль для 5 тысяч дзяцей, а ў палацы ў гэтым навучальным годзе займалася 8,5 тысячы, таму практычна кожнае другое дзіця будзе мець магчымасць вельмі цікава адпачыць, паправіць сваё здароўе і атрымаць новыя ўражанні”, — упэўнена Галіна Леанідаўна Шкляр.

Як паведаміла дырэктар Палаца дзяцей і моладзі, на сайце кожнай установы дадатковай адукацыі, як і на сайце камітэта па адукацыі Мінгарвыканкама, ужо створаны партал “Лета”. Такі паўнавартасны гарадскі летні партал адкрыты ўпершыню і пачаў працаваць з 1 чэрвеня. У хуткім часе ў ім размесціцца расклад заняткаў гурткоў, каляндар масавых мерапрыемстваў горада, тэлефоны псіхалагічных службаў даверу. Акрамя таго, тут будзе змешчана інфармацыя аб лагерах працы і адпачынку або другаснай занятасці. Хочацца спадзявацца, што такая вялікая летняя праграма дапаможа хлопчыкам і дзяўчынкам, якія застануцца ў горадзе, знайсці сабе занятак па душы.

Людміла ГУРСКАЯ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.

Гонкі па формуле “1+1”

Апошнія вучэбныя дні для многіх беларускіх школьнікаў і студэнтаў атрымалі тэхнічную афарбоўку і перапляліся з найважнейшымі робападзеямі. Іх эпіцэнтрам стаў Мінскі дзяржаўны палац дзяцей і моладзі, у якім нядаўні IV Мінскі адкрыты робатурнір змяніў Першы беларуска-кітайскі маладзёжны турнір па робататэхніцы. Турнір прайшоў пад патранажам Пасольства Кітайскай Народнай Рэспублікі ў Беларусі, Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Беларусі і Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь.

Здружыць людзей — задача робатаў

Гэта першыя спаборніцтвы па робататэхніцы паміж беларускімі і кітайскімі студэнтамі, якія праводзяцца ў рамках двухбаковага супрацоўніцтва ў галіне навукова-тэхнічных інавацый. Адкрываючы мерапрыемства, Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Кітая ў Рэспубліцы Беларусь Цуй Цымін падкрэсліў: “Беларуска-кітайскія маладзёжныя спаборніцтвы па робататэхніцы — гэта важнае мерапрыемства для развіцця міжнародных адносін і наватарскі праект у галіне навукова-тэхнічнага інавацыйнага супрацоўніцтва паміж Кітаем і Беларуссю. Акрамя таго, гэтая падзея знакавая і ў галіне адукацыйнага, гуманітарнага і культурнага супрацоўніцтва”.

У спаборніцтвах прынялі ўдзел каманды з чатырох кітайскіх УВА — Харбінскага політэхнічнага ўніверсітэта, Паўночна-Усходняга ўніверсітэта, Шэньянскага авіякасмічнага ўніверсітэта, Шэньянскага тэхналагічнага ўніверсітэта, а таксама пяць беларускіх каманд — БНТУ, БДУІР, ПДУ, БрДТУ і Рэспубліканскага цэнтра інавацыйнай і тэхнічнай творчасці.

Па словах Аляксея Алдошына, арганізатара з беларускага боку і спецыяліста па знешнеэканамічнай дзейнасці Навукова-практычнага парка БНТУ “Палітэхнік”, для ўдзельнікаў сысціся на міжнароднай трасе — гэта выдатная магчымасць не толькі паспрабаваць свае сілы, але і павучыцца ў больш дасведчаных удзельнікаў: “Унікальнасць кітайскай дэлегацыі ў тым, што ў яе ліку да нас прыехаў Харбінскі політэхнічны ўніверсітэт — прызёр міжнародных турніраў па “Робагонках”. Гэта вельмі моцная і сур’ёзна падрыхтаваная каманда, якая можа прадэманстраваць нашым дзецям, дзе і што трэба дапрацаваць, куды імкнуцца”.

Раскрываючы журналістам сакрэты поспеху каманд і асаблівасці навучання ў Харбінскім універсітэце, дэкан факультэта інфарматызацыі гэтай установы і галоўны суддзя турніру Ван Біншэнг паведаміў, што, каб мець магчымасць працягнуць навучанне на яго факультэце і сумежных, студэнты пачынаючы з другога курса рыхтуюць курсавыя работы — уласных робатаў. А каб навучыцца працаваць у калектыве, робатаў ствараюць каманды студэнтаў адразу пяці спецыялізацый.

Вадзім Богуш, першы намеснік міністра адукацыі Рэспублікі Беларусь, выказаў упэўненасць, што турнір не толькі ўмацуе сяброўства паміж беларускім і кітайскім народамі, але і паспрыяе развіццю самой робататэхнікі як галіны. “Стварэнне робата — комплексная задача, якая патрабуе ведаў у галіне фізікі, механікі, хіміі, праграмавання і асноў інфармацыйных тэхналогій. Удзел у гэтым турніры — першы крок да вырашэння задач, якія, як нам цяпер здаецца, немагчыма вырашыць”.

Узроставыя асаблівасці

Турнір праходзіў у дзвюх намінацыях. У спаборніцтве па кіраванні робатаў Interplanetary Exploration разумныя машыны даследавалі касмічную прастору: шукалі там мінералы ў выглядзе шарыкаў для гольфа, збіралі іх і дастаўлялі на базу. У конкурсе на дакладнасць і выверанасць рухаў удзельнічалі толькі робаты — аўтарамі яны запраграмаваны па такіх алгарытмах, якія пасля запуску машыны не прадугледжваюць удзел чалавека. Нягледзячы на ўяўную прастату мадэлей, кожная з іх можа стаць прамысловым агрэгатам і выкарыстоўвацца ў рэальным жыцці, там, дзе чалавек фізічна не справіцца, напрыклад, у лагістычных цэнтрах пры пагрузцы цяжкіх грузаў ці пры выбухованебяспечнай рабоце.
Выкладчык Шэньянскага тэхналагічнага ўніверсітэта Лью Цзындун займаецца арганізацыяй міжнародных мерапрыемстваў у галіне робататэхнікі і ўпершыню з гэтай мэтай прыехаў у Беларусь. “Я вельмі здзіўлены, што ў Беларусі робататэхнікай займаюцца падлеткі. І гэта маё галоўнае ўражанне, — адзначыў ён. — Я ўпэўнены, што, калі з такога ранняга ўзросту сур’ёзна займацца робататэхнікай, гэта абяцае высокі прафесіяналізм у будучыні. У нас у такім узросце падлеткі не ствараюць, а толькі гуляюць у робатаў, а ў тэхналогію іх стварэння амаль не ўнікаюць. Ды і ва ўніверсітэтах стаўка робіцца на практыку, на пастаянны ўд зел у такога роду спаборніцтвах з удзельнікамі іншых краін”.

Прадстаўляючы свайго робата, ён расказаў, што яго стварэннем займаліся студэнцкія каманды 5 розных спецыяльнасцей, якія зрабілі стаўку на дакладнасць рухаў робата. Убудаваны ў яго лазер сам вызначае адлегласць да перашкоды і зыходзячы з гэтага выбірае траекторыю і хуткасць. Канчатковаму варыянту папярэднічалі два больш простыя робаты, якія ўвесь час удасканальваліся.

Ад затоенага дыхання — да візгату шын

На суседняй пляцоўцы дакладнасць і выверанасць рухаў робатаў змяніла хуткасць, а затоенае дыханне балельшчыкаў і аўтараў — драйв. Тут праходзілі гонкі Roborace — пра гэта яшчэ здалёк апавяшчаў візгат шын (хоць сабе і мініяцюрных). Гэта міні-версія “Формулы-1”: такая ж траса, белыя і чорныя палосы на ёй — своеасаблівы маяк для разумных машын. Робаты па спецыяльных датчыках арыентуюцца на гоначнай трасе і вызначаюць, як хутчэй яе праехаць. Удзельнікі павінны былі праехаць некалькі кругоў на час. У залік ішла і чысціня праходжання трасы: калі робаты сутыкаліся з бартамі ці адзін з адным, пачыналі са старту.

Ёсць што пераняць прыхільнікам гоначнай трасы ў каманд Брэсцкага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта. Кіраўнік студэнцкай навукова-даследчай лабараторыі “Робататэхніка” БрДТУ галоўны суддзя гонак “Робарэйс”Андрэй Дунец расказаў: “Мы выкарыстоўваем простыя, добра адточаныя алгарытмы, якія дазваляюць вырашыць задачу максімальна проста і эфектыўна. Напрыклад, адзін з робатаў выкарыстоўвае чорную лінію, якая па рэгламенце заўсёды нанесена на трасу, а не абыходзіць перашкоды. Таму іх прадстаўляюць другакурснікі — не вельмі вопытныя студэнты, якія займаюцца робататэхнікай усяго толькі паўгода. Больш вопытныя навучэнцы пабудавалі больш складаны алгарытм для другога нашага робата, які арыентуецца на трасе, вызначаючы перашкоды, аб’язджаючы сапернікаў і абганяючы іх, і, уваходзячы ў паварот, вар’іруе сваю хуткасць у залежнасці ад таго, наколькі складаная карціна перашкод знаходзіцца перад ім у гэты момант”.

Гаворачы пра галоўныя складнікі поспеху, Андрэй Дунец зазначыў:

“Робататэхніка — гэта даволі складаная галіна дзейнасці. Без захопленасці, без самааддачы тут немагчыма, таму мы будуем наша навучанне ў тым ліку і на розных інтэрактыўных спаборніцтвах, але гонкі сярод іх — ключавыя. Наша лабараторыя займаецца гонкамі “Робарэйс” з моманту заснавання гэтага руху, калі яны толькі з’явіліся ў Беларусі ў супрацоўніцтве з украінскай асацыяцыяй робататэхнікі”.

Відавочна, такі падыход спрацоўвае. Студэнты БрДТУ прымаюць удзел ва ўсіх спаборніцтвах, якія праходзяць на тэрыторыі нашай краіны і ў суседніх. Апошнія іх перамогі былі на турнірах Брэста, ва Украіне (у Львове, Івана-Франкоўску), на IV Мінскім адкрытым турніры па робататэхніцы, у якім 21 мая прынялі ўдзел больш за 200 чалавек з усёй Беларусі і які стаў найбуйнейшым спаборніцтвам робататэхнікаў за ўсю гісторыю нашай краіны.

Для студэнта БНТУ Максіма Масальскага, якога пасля паказальных заездаў усе лічылі фаварытам, гонкі — гэта любімае спаборніцтва з дзяцінства. Юнак захапіўся нанатэхналогіямі яшчэ ў школе, калі прыйшоў у аўтамадэльны спорт, а ўжо студэнтам разам з камандай стварыў адукацыйныя наборы для школьнікаў, наладзіў іх вытворчасць, напісаў вучэбную праграму пры падтрымцы Intel і цяпер плануе ўкараняць гэты прадукт у цэнтрах тэхнічнай творчасці, школах, універсітэтах.

“У нас ёсць каманда, і мы вядзём некалькі аб’яднанняў па інтарэсах у Мінскім дзяржаўным палацы дзяцей і моладзі, у Цэнтры тэхнічнай творчасці “Зорка”, дзе апрабоўваем нашы наборы на практыцы, — расказвае Максім. — Праграма мае тры ўзроўні складанасці. Першы дазваляе пяцікласнікам вывучыць электроніку і праграмаванне, другі — збіраць гоначных робатаў. Каб школьнікі маглі ўдзельнічаць са сваімі робатамі ў спаборніцтвах, мы зрабілі трасу. Трэці ўзровень прадугледжвае зборку робатаў-маніпулятараў. Гэта больш прасунутыя наборы для студэнтаў, якія вывучаюць кінематыку”.

Пра паспяховасць навучання гаворыць тое, што яго выхаванцы ўжо заваявалі гучныя перамогі. Напрыклад, нядаўна на JuniorSkills каманды пад яго кіраўніцтвам прадстаўлялі робатаў-маніпулятараў і ўсе атрымалі перамогу. Акрамя таго, Максім самастойна распрацаваў яшчэ некалькі разумных машын для сябе і з імі паспяхова прымае ўдзел у міжнародных спаборніцтвах. На гэтым турніры ён прадставіў двух сваіх робатаў — вялікага колавага гоначнага робата Маклайф-роба і адукацыйнага робата Робаровер-М1. Яшчэ да конкурсных заездаў удзельнікаў дзвюх намінацый Максім прадказаў конкурсныя пазіцыі каманд: “Узровень падрыхтоўкі ў кітайскіх робататэхнікаў высокі, асабліва на зборы шарыкаў, нам тут ёсць чаму павучыцца. А што тычыцца “Робарэйса”, узровень іх падрыхтоўкі ў цэлым ніжэйшы: для іх гэта новы від спаборніцтваў, магчыма, яны не паспелі як след падрыхтавацца”.

У выніку ўпэўненая перамога ў робагонках была за Максімам Масальскім. Другое месца падзялілі Юлія Бунас з Брэсцкага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта і каманда з Паўночна-Усходняга ўніверсітэта (КНР). Каманда з БрДТУ заваявала месца і на трэцяй прыступцы. Разам з ёй на гэтай пазіцыі размясцілася і каманда з Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта інфарматыкі і радыёэлектронікі.

А вось галоўным козырам кітайскіх робататэхнікаў, як і прадказвалася, аказаліся касмічныя даследаванні. Перамогу ў гэтай намінацыі атрымала каманда з Харбінскага політэхнічнага ўніверсітэта. Другое месца зававалі студэнты Шэньянскага тэхналагічнага ўніверсітэта. Міжнародная барацьба была толькі за трэцяе месца. Яно дасталася адразу чатыром камандам: беларускім — з Рэспубліканскага цэнтра інавацыйнай і тэхнічнай творчасці і Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта і кітайскім — з Паўночна-Усходняга і Шэньянскага авіякасмічнага ўніверсітэтаў.

Цуй Цымін, пасол Кітая ў Беларусі, сказаў: “Нашы краіны наладжваюць супрацоўніцтва ва ўсіх галінах, у тым ліку ў навуковых, адукацыйных, культурных і дзелавых. І, канечне, наша супрацоўніцтва мае вялікі патэнцыял і перспектыву і патрабуе вялікую колькасць высакаякасных спецыялістаў. Мне думаецца, што гэтае мерапрыемства карыснае для падрыхтоўкі гэтых спецыялістаў. Хочацца, каб яны ўжо тут завязвалі партнёрскія і сяброўскія адносіны, а на наступны год мы хочам, каб яны прадоўжыліся і ў нашай краіне. Мы плануем запрасіць беларускіх студэнтаў пазнаёміцца з нашай культурай, навукай і тэхнікай”.

Па меркаванні Анатоля Сільчанкі, намесніка старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Беларусі, такая прафесійная дружба дапаможа ўзбагаціць эканоміку абедзвюх краін і дасць абедзвюм краінам старт на далейшае ўзаемавыгаднае супрацоўніцтва.

Святлана НІКІФАРАВА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.

Сучасныя баі на мячах прайшлі ў Мінску

Мінскі дзяржаўны палац дзяцей і моладзі стаў пляцоўкай Чэмпіянату Еўропы па сучасных баях на мячах. 12 і 13 сакавіка ў спаборніцтвах прынялі ўдзел лепшыя спартсмены з 11 краін. Чэмпіянат быў агранізаваны Расійскай федэрацыяй сучаснага мечавога спорту і прадстаўляе сабой індывідуальныя залікі і баі на выбыванне.

Сучасны мечавы бой — гэта новая спартыўная дысцыпліна з тактыкай турніраў Сярэднявечча. Захапляльны і відовішчны від спорту даступны практычна ўсім, нават дзецям з шасці гадоў. У мэтах бяспекі байцы выкарыстоўваюць імітацыю зброі, ахоўны шчыт і шлем. Удар палімернага мяча адчуваецца, але не наносіць сур’ёзных пашкоджанняў. Заняткі спрыяюць далучэнню да гістарычных традыцый нашых продкаў, дапамагаюць самарэалізавацца, фарміраваць стрэсаўстойлівасць і добрую фізічную падрыхтоўку.
Суарганізатар чэмпіянату кіраўнік клуба гістарычнай рэканструкцыі “Люцэрн” Яўген Петрапаўлаўскі расказвае:
— Зручнае размяшчэнне Беларусі дазволіла другі раз праводзіць чэмпіянат у нашай краіне. Да чэмпіянату на адборачны тур адгукнуліся клубы Мінскай вобласці. Для моладзі карысна займацца сучасным мечавым боем, займацца ў клубах гістарычнай рэканструкцыі. Іх у Мінску — каля дзесяці. Зараз дзейнічаем у трох напрамках: выраб гістарычных рэчаў, сярэднявечны бой і сучасны бой на мячах. Бітвы з жалезнымі даспехамі і сапраўднай зброяй даступныя толькі паўналетнім, таму бяспечным мечавым боем падрастаючае пакаленне падрыхтоўваецца да рыцарскіх турніраў.

Вольга КАСЦЮШКА.
Фота аўтара.

Патанцуем, або Куба ў Мінску

7 лютага Мінскі дзяржаўны палац дзяцей і моладзі прымаў гасцей, якія пажадалі правесці час у рытме Кубы — пазітыўна і сонечна. Фестываль пад назвай “Энергія рытму” сабраў разам каля 200 чалавек, сярод якіх былі як дзеці, так і старэйшае пакаленне. На працягу дня ўсе жадаючыя адкрывалі для сябе цудоўны свет сальса.

У праграме фестывалю былі запланаваны творчыя майстэрні. Спецыяльна для майстар-класаў арганізавалі пляцоўку на танцавальным паркеце ў цэнтры мармуровай залы палаца. Урокі для тых, хто хацеў пераняць некаторыя навыкі ад прафесіяналаў, праводзілі інструктары сацыяльных танцаў з Беларусі, Украіны, Расіі. Вопытныя настаўнікі арганізавалі і правялі майстар-класы па сальса, рэгетоне, ча-ча-ча, бачатэ, руэда да бачатэ і кізомбе. Для ўдзельнікаў тых заняткаў цяпер гэта не пералік незнаёмых слоў, а кірункі танца, якія маюць кожны свае характэрныя асаблівасці. А 19-й гадзіне падчас фестывалю наступіў кітайскі Новы год, які ўдзельнікі сустрэлі на танцавальным паркеце. З гэтай нагоды ўсе атрымалі пачастункі ў выглядзе дызайнерскіх імбірных пернікаў, а таксама зарад лацінаамерыканскай энергіі на ўвесь новы год. Напрыканцы “Энергіі рытму” адбылася летняя сальса-вечарына — час для адпачынку, знаёмстваў і, безумоўна, танцаў пад самыя яркія рытмы далёкай Кубы, якая стала бліжэй для ўдзельнікаў фестывалю. Шмат сюрпрызаў падрыхтавалі арганізатары мерапрыемства для сваіх наведвальнікаў: гэта і бразільскае шоу, і вясёлыя навуковыя доследы для дзяцей на сцэне фестывалю, і майстар-клас па крэмаварэнні, і лекцыя па водаратэрапіі, і кубінская фотасесія, а таксама розыгрыш шматлікіх прызоў ад партнёраў.
Арганізатарам фестывалю з’яўляецца Юлія Шапо, якая ўсё сваё жыццё займаецца танцамі і з задавальненнем вучыць танцаваць іншых. Пачынала Юля сваю танцавальную дзейнасць з народных танцаў, затым захапілася спартыўнымі бальнымі танцамі, а пасля — эстраднымі. Шмат гадоў яна аддае перавагу сальса, якая прывабіла сваёй адкрытасцю, пазітывам і, канечне, асаблівай лацінаамерыканскай музыкай. “Мне даспадобы арганізацыя творчых праектаў, трэнінгаў і фестываляў, якія дапамагаюць людзям навучыцца рухацца згодна з рытмам, а таксама адчуваць сябе энергічна, — дзеліцца Юлія. — Сальса адкрывае новыя магчымасці зносін на мове танца. Менавіта гэтым магчымасцям я і мае калегі стараемся навучыць тых, хто прыходзіць да нас”.

Алеся УШАКОВА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.

Журналістыка з маладзёжным акцэнтам

Адкрыты фестываль маладзёжных СМІ, што сабраў навучэнцаў і студэнтаў, якім цікава паспрабаваць свае сілы ў журналістыцы, прайшоў 28 кастрычніка ў Мінскім дзяржаўным палацы дзяцей і моладзі.

Удзельнікамі “Маладзёжнага акцэнту”, узрост якіх — ад 16 да 25 гадоў, сталі 18 каманд з 13 навучальных устаноў. Канкурсанты прадставілі журналісцкія работы ў намінацыях “Друкаваныя СМІ”, “Інтэрнэт-СМІ”, “Відэапраграма”, а таксама “Крэатыўны вядучы”. Спачатку планавалася ў кожнай намінацыі прысуджаць толькі адно прызавое месца, але работы настолькі ўразілі журы, што ў выніку вызначаліся па два пераможцы. У склад журы ўвайшлі прадстаўнікі Інстытута журналістыкі БДУ, адной з папулярных газет і вядомага інтэрнэт-партала.Удзельнікі падрыхтавалі візітоўкі — выступленні з інфармацыяй аб сваіх навучальных установах. Усе каманды адказна падышлі да ўдзелу ў фестывалі, што яскрава прасочвалася ўжо ў афармленні азнаямляльных стэндаў. Каманды Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта, Беларускага дзяржаўнага аграрнага тэхнічнага ўніверсітэта, Мінскага дзяржаўнага прафесійнага ліцэя № 10 будаўніцтва імя І.М.Жыжаля нават запрасілі на фестываль калектывы мастацкай самадзейнасці. Рэдакцыя газеты “Імпульс” Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта інфарматыкі і радыёэлектронікі падрыхтавала для ўдзельнікаў фестывалю віктарыну па журналістыцы.
Падчас фестывалю былі арганізаваны і тэматычныя майстар-класы. Адзін з іх — “Эфектная фатаграфія і сакрэты экспертаў” — правялі спецыялісты Інстытута журналістыкі. Майстар-клас па рабоце з мэтавай аўдыторыяй, а таксама па правілах паводзін у сацыяльных сетках арганізаваў офіс прасоўвання ініцыятыў.
У намінацыі “Друкаваныя СМІ” першае месца заняла рэдакцыя газеты “БДАТУ сёння” Беларускага дзяржаўнага аграрнага тэхнічнага ўніверсітэта, у намінацыі “Інтэрнэт-СМІ” — інтэрнэт-газета “Дыялог” Міжнароднага ўніверсітэта “МІТСО”, у намінацыі “Відэапраграма” перамогу атрымала рэдакцыя маладзёжнага тэлебачання Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта інфарматыкі і радыёэлектронікі. У намінацыі “Крэатыўны вядучы” ў малодшай узроставай катэгорыі пераможцам стаў навучэнец Мінскага дзяржаўнага каледжа электронікі Арсеній Пятровіч, а ў старэйшай — Вольга Быкава, студэнтка Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэта. Пераможцы былі ўзнагароджаны кубкамі, дыпломамі, а таксама памятнымі падарункамі.

Алеся УШАКОВА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.

Шчасця шмат не бывае!

Пад такім дэвізам 17 кастрычніка ў Мінскім дзяржаўным палацы дзяцей і моладзі прайшоў фестываль блізнят і двайнят “Падвойнае шчасце”. Дзеці, якія робяць усе справы разам, якіх адрозніваюць толькі бацькі, якія падобны адно да аднаго як дзве кроплі вады, але зусім розныя па характары, прыехалі на свята з розных гарадоў Беларусі. Удзельнічалі ў святочнай праграме больш за 70 сем’яў, у пяці з якіх выхоўваюцца трайняты. Вясёлае мерапрыемства, прымеркаванае да Дня маці, ужо другі год праходзіць у рамках выставы “Мацярынства і дзяцінства”.

Узрост юных удзельнікаў — ад 9 месяцаў да 10 гадоў. Усе блізняты, двайняты і трайняты пераканаўча даказвалі на асабістым прыкладзе, што шмат дзяцей у сям’і — гэта здорава. Дзеці на сцэне палаца дэманстравалі свае таленты: спявалі, танцавалі, чыталі вершы, паказвалі гімнастычныя нумары. Падчас фестывалю, акрамя шоу талентаў, конкурсаў, святочнага канцэрта, паказу адзення для малых, адбыўся парад блізнят “Да чаго ж яны цудоўныя!”. Для дзетак быў арганізаваны паказ з удзелам казачных герояў, шоу мыльных бурбалак і, канечне ж, з салодкімі пачастункамі.Павіншаваць бацькоў і дзяцей, уручыць ім памятныя падарункі ад мноства спонсараў прыйшлі ганаровыя госці: артысты Беларускага дзяржаўнага маладзёжнага тэатра эстрады блізняты Андрэй і Дзмітрый Дубешка, а таксама пісьменніца і тэлевядучая Тамара Лісіцкая. Арганізатарамі свята з’яўляюцца УП “Экспафорум” і Мінгарвыканкам, а ідэйным натхняльнікам — Наталля Даніловіч, кіраўнік сямейнага сайта аб двайнятах і блізнятах, маці хлопчыкаў-блізнят.

Алеся УШАКОВА.
Фота аўтара.

Мікалай МІРНЫ: “Калі ў жыцці ёсць памочнік — да любой мэты рухацца лягчэй”

Мікалая Мікалаевіча Мірнага даўно ведаюць аматары беларускага тэніса. Шмат гадоў запар ён нязменна побач з сынам — вядомым тэнісістам Максімам Мірным. Нядаўна заслужаны трэнер Рэспублікі Беларусь сустрэўся з прадстаўнікамі Маладзёжнай палаты IV склікання пры Мінгарвыканкаме на базе Крэатыўна-інавацыйнага цэнтра Мінскага дзяржаўнага палаца дзяцей і моладзі, дзе расказаў, што прывяло яго да спартыўнай дзейнасці, які від спорту ён лічыць найбольш перспектыўным і ў якіх умовах ён выхоўваў сына.

Іду наперад, не зважаючы ні на што

— У сваёй кнізе “Мірны тэніс” вы, расказваючы пра сябе, неаднаразова выкарыстоўваеце тры словы: “удача”, “шанцаванне” і “лёс”. Наколькі сёння яны важныя ў вашым жыцці?
— Я думаю, што крыху памыляўся тады, калі пісаў кнігу. Быў я, і быў мой Максім, і вы ўявіць сабе не можаце, колькі мы працавалі. Таму — удача, шанцаванне, лёс і праца! Карпатлівая і цяжкая. Праца мышцаў, розуму, праца характару…

— Мікалай у перакладзе з грэчаскай значыць “пераможца народаў”. Існуе нават характарыстыка гэтага імені. Кажуць, што Мікалай заўсёды імкнецца да руху наперад, не зважаючы на іншых. Некаторыя людзі з іменем Мікалай здольныя зусім нечакана змяніць лёс.
— Вы як быццам сачылі за мной. Сапраўды, іду наперад, не зважаючы ні на што. Калі Максім быў трынаццацігадовым падлеткам, лёс даў яму магчымасць вучыцца і трэніравацца ў ЗША. Я хацеў быць побач з сынам, дапамагаць яму. Але ў Беларусі мне не адкрылі амерыканскую візу. Паехаў у Маскву, дзе ўсё ж здолеў атрымаць яе. Каб наскрэбці грошай на білет, усе свае кнігі аднёс у камісійны магазін. І ўсё роўна не хапала. Чаго я толькі ні рабіў, каб купіць яго.
Прызямліўся ў Нью-Ёрку з 15 доларамі ў кішэні. А далей трэба жыць, быць апорай для сына. Так што, мабыць, нешта ў маім імені ёсць, хоць я і не веру ў такія рэчы.

— На пытанне, якую ролю вы іграеце ў дуэце з сынам, вядомы расійскі тэнісіст Яўген Кафельнікаў адказвае: “Сябар, трэнер, менеджар, кансультант па фінансах…”. Якую з гэтых функцый вы выконваеце і сёння?
— Здаецца, што ўсе. Максім разумее, што са мной выгадна. Мне не трэба плаціць зарплату як менеджару ці як трэнеру. З фінансамі, якія ён зарабіў, я абыходжуся вельмі разумна, пакуль што ўдаецца іх множыць.
Канечне, я цяпер не трэнірую Максіма, як раней, але мы ўвесь час на сувязі незалежна ад таго, дзе знаходзімся. У нас ёсць спартыўны цэнтр, іншая маёмасць, і за ўсім трэба сачыць, чым я і займаюся. Добра, калі вялікіх грошай няма, тады і вялікіх праблем няма. Калі з’яўляецца запас, трэба ўвесь час думаць, як яго захаваць.

— За прызавыя месцы спартсмены атрымліваюць грашовыя ўзнагароды, кубкі, медалі. Але ў гісторыі ёсць некалькі неардынарных выпадкаў. Арганізатары турніру ў Швейцарыі ў 2003 годзе ўручылі лепшаму на той момант тэнісісту Роджэру Федэрэру жывую карову. Якія цікавыя прызы атрымліваў Максім Мірны?
— Сёння ў Максіма 51 перамога. Шмат узнагарод. Але сапраўды быў адзін цікавы выпадак. У Сінгапуры Максім выйграў турнір, дзе спонсарам з’яўлялася вядомая піваварная кампанія Heineken. Як аказалася, кампанія вырашыла ўзнагародзіць пераможцу свежым півам. Пасля перамогі да мяне падышлі яе прадстаўнікі і спыталіся, куды адправіць “бонус”. Называю свой адрас у Фларыдзе. Не паспелі мы вярнуцца дадому, як убачылі: перад домам стаіць 25(!) скрынь піва. Зразумела, што праз месяц я на піва глядзець не мог, таму пачаў актыўна хадзіць па гасцях з падарункамі.
Нямногія ведаюць, што Максім і да гэтага часу не ведае смаку піва. Гэта той лад жыцця, які ён абраў для сябе.

— З самага нараджэння Максіма вы знаходзіліся побач, але, як ужо ўзгадалі, у трынаццацігадовым узросце ён паляцеў у ЗША з трэнерам, без вас. Дзесяць месяцаў разлукі. Як адпусцілі сына?
— Падрыхтоўка да прафесійнай дзейнасці патрабуе пэўных ахвяр. Ужо ў 8 гадоў мы адпускалі яго на спаборніцтвы з трэнерам. А потым прынялі рашэнне аб неабходнасці трэніравацца ў ЗША.
Мне было зразумела, што я таксама хутка туды паеду. Я не мог кінуць свайго хлопчыка аднаго. Як зраблю гэта, тады нават не думаў. Быў шанс, і яго неабходна было скарыстаць. Па гараскопе я Вадалей, кажуць, што Вадалеі здольныя на авантуры.

— Вы завочна скончылі геаграфічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. А праўда, што выбралі гэтую спецыяльнасць з той прычыны, што ў школе вам вельмі падабалася настаўніца геаграфіі?
— Праўда. Але былі і іншыя прычыны. Я паступаў ужо ў дарослым узросце, і на геафак БДУ было паступіць лягчэй, чым, скажам, у цяперашні лінгвістычны ўніверсітэт. На хімфак не было шансаў: я і сёння не ведаю, у чым розніца паміж арганічнай і неарганічнай хіміяй. Ніколькі не пашкадаваў пра свой выбар. Мне было, здаецца, трыццаць гадоў. Толькі тады я зразумеў, што такое вучыцца.

— Вядома, што вашым агульным з сынам хобі з’яўляюцца музыка і рыбалка. Вядома таксама, што аднойчы вы падарылі сыну гітару…
— Так, і некалькі гадоў я цягаў гэтую гітару па ўсіх аэрапортах. Гэта быў мой боль. Максім нёс ракеткі і форму, а гітара была маёй задачай.

— Вы нават выступалі на нейкіх музычных пляцоўках…
— Было. У Монтэ-Карла штогод арганізоўваецца шоу, у якіх мы прымаем удзел. А іншыя тэнісісты і іх сябры весела праводзяць час. Максім заўсёды спявае некалькі песень, якія вывучыў на гітары.
Што тычыцца рыбалкі, то нам не вельмі шанцуе. Мы самі нічога ў ёй не разумеем. Сябры бяруць нас з сабой, і тады мы атрымліваем неверагоднае задавальненне. А было, што злавілі маленькую акулку.

— Магчыма, з’яўляюцца нейкія новыя захапленні?
— Новае хобі — дзеці. У Максіма чацвёра дзяцей. Для мяне гэта сапраўднае шчасце.

Пра генетыку, біятлон і кошт перамог

— Вядомы тэнісіст Грэг Руседскі сказаў, што, чым бы ні займаліся Максім і Мікалай Мірныя, яны ўсё роўна дасягнулі б поспеху. Калі б не тэніс, то што?
— Я ўсім хачу сказаць: неабавязкова быць Максімам Мірным ці спартсменам увогуле. Калі ў жыцці ёсць памочнік — да любой мэты рухацца лягчэй.
Важна ў жыцці знайсці правільнага чалавека, які будзе побач. Не павядзе вас, а вы будзеце весці адно аднаго, дапамагаць адзін аднаму. Цяпер Максім вучыць мяне, і я згаджаюся з яго рашэннямі і прапановамі.

— Каб стаць алімпійскім чэмпіёнам, дастаткова цяжка працаваць ці абавязкова патрэбны генетычныя задаткі?
— Усё разам. Генетычныя задаткі вельмі важныя. Калі твой дзядуля Давід Ойстрах (савецкі скрыпач, альтыст, дырыжор і педагог. — Заўв. аўт.), то малаверагодна, што ты станеш вядомым хімікам.
Але ёсць і выключэнні з правілаў. Меліта Станюта, праўнучка вядомай артысткі Стэфаніі Станюта, — сёння вядомая гімнастка. У астатнім генетыка іграе неверагодна важную ролю.

— Які від спорту, на ваш погляд, з’яўляецца самым перспектыўным у Беларусі?
— Тэніс!

— А што думаеце наконт поспехаў Дар’і Домрачавай?
— Даша — унікальная спартсменка і ўвогуле цікавая дзяўчына, якая ацэнена на міжнароднай арэне і ў нашай дзяржаве. Мне яна падабаецца тым, што не стала зорнай. Неаднаразова назіраў, як у людзей “дах зносіць”. І вось тут вельмі важна, каб у блізкім акружэнні знайшоўся чалавек, які скажа: “Эй! Чуеш? Адумайся!” Калі няма такога чалавека, прыходзіцца вельмі цяжка. Грошы, слава, пастаянная ўвага. Німб хутка з’яўляецца.
Цяпер у беларускім спорце час біятлона, і чаму не гаварыць пра гэта. Домрачава нясе нашу марку па ўсёй планеце! Чаму не ганарыцца?
Даша — вялікі чалавек. Яна светлая і прыгожая знутры.

— У які бок зменіцца становішча ў беларускім спорце праз дваццаць гадоў?
— У нас спорт і так на высокім узроўні. Я шмат падарожнічаў, нямала бачыў. Жыў у ЗША. Пасля алімпіяды, якую Максім выйграў з Вікай Азаранка, дзяржава выплаціла яму 150 тысяч долараў. Я спытаў у амерыканскіх братоў Брайн, якія выйгралі Алімпіяду ў пары колькі атрымалі яны. Па дваццаць пяць тысяч!
Што тычыцца развіцця, у нас столькі будуецца стадыёнаў, спартыўных пляцовак! З нашых дзяцей абавязкова вырастуць чэмпіёны.

— Якія, па-вашаму, віды спорту трэба ўключыць у праграму Алімпійскіх гульняў?
— Я б сказаў, якія можна выключыць. Напрыклад, жаночы бокс, жаночую штангу, жаночую барацьбу. Калі гаварыць пра барацьбу, то змагацца павінны мужчыны і за жанчын.

— Якую якасць павінен выхаваць у сваіх дзецях кожны бацька?
— Працавітасць. Кропка!

— Ці трэба даваць дзецям поўную свабоду дзеянняў або ўсё неабходна трымаць пад кантролем?
— Дысцыпліна. Кропка!
Вы разумееце, што на свет не нарадзілася яшчэ ні адно дзіця, якое б свядома прыходзіла на корт ці садзілася за піяніна толькі таму, што гэта патрэбна. “Ой, мам, мне сем гадоў, і я выдатна ведаю, што сёння трэба чатыры гадзіны папрацаваць алоўкам, каб нечага дабіцца”. Смешна, праўда?
Задача педагога — навучыць дзіця дысцыпліне. Прымушаць, амаль любымі спосабамі. Ад гэтага мы нікуды не дзенемся. Без працавітасці нічога не будзе.

— Ці хацелі б вы, каб вашы ўнукі былі спартсменамі?
— Сілы не хопіць ні ў Максіма, ні ў мяне. Я зразумеў, што калі ўдзяляць увагу ўсім дзецям, то фізічна не хопіць сіл быць самім сабой. Прыходзіцца нешта выбіраць. Я ўвесь свой час аддаваў Максіму, разам з тым у Максіма ёсць брат Пётр. Дык вось Пётр, якому сёлета будзе трыццаць, і цяпер не ведае, чым бы ён хацеў займацца ў жыцці. Варыянтаў мноства, але ён пакуль не вызначыўся. Пеця вырас выдатным чалавекам. Думаю, яму проста камфортна за бацькам, за братам.

— Былі выпадкі, калі Максім гаварыў: “Не хачу, не буду!”? І як вы прыглушалі ў сабе такую жорсткую патрабавальнасць да сына?
— Не ведаю, ці прыглушаў я яе. Максім па характары спакойны і працалюбівы. Ён выконваў усё, што было патрэбна, а калі не выконваў, я яго прымушаў. Усялякае было, і даваў у карак у тым ліку. Ці было шкада? Мне шкада яго сёння. Я прывёў яго як да дасягненняў, так і да страт. Ніхто, акрамя сям’і, не будзе бачыць балячак, якія непазбежныя ў вялікім спорце. Максім — баец. Ён дасягнуў усяго, чаго хацеў. І гэта таго каштавала!

Падрыхтавала Наталля АЛЁХІНА.