Алімпіядныя зоркі на ўвесь свет

Напярэдадні Дня настаўніка ў Ліцэі БДУ міністр адукацыі С.А.Маскевіч сустрэўся з пераможцамі міжнародных алімпіяд і кіраўнікамі каманд. Разам з ім віншавалі вучняў і абмяркоўвалі далейшае ўдасканаленне алімпіяднай сістэмы ў нашай краіне намеснік міністра адукацыі В.А.Будкевіч, прарэктар БДУ па навуковай рабоце А.А.Івашкевіч і дырэктар Ліцэя БДУ В.Э.Матуліс.

“Віншую вас з паспяховым выступленнем”, — з такімі словамі звярнуўся да таленавітай моладзі Сяргей Аляксандравіч Маскевіч. — Для нас гэта вельмі важна: і для Міністэрства адукацыі, і для рэспублікі, і для кіраўнікоў каманд. Мы чакалі ад вас перамог, таму што вы сур’ёзна рыхтаваліся”. Сёлета беларускія школьнікі 44 разы падымаліся на міжнародны п’едэстал. Як трымаць і падымаць гэтую планку — свае прапановы і бачанне выказвалі кіраўнікі каманд і алімпіяднікі.
“У апошнія гады ўсё большую папулярнасць набірае наша беларуская рэспубліканская алімпіяда па фізіцы, — адзначыў А.І.Слабадзянюк, кіраўнік каманды па фізіцы на міжнароднай алімпіядзе. — Яна становіцца адкрытай. У мінулым годзе ў заключным этапе прымалі ўдзел не толькі беларусы, прыязджалі таксама каманды з Расіі і Казахстана. Выказваюць жаданне прыязджаць і прадстаўнікі іншых краін”.
А вось вопыту ўдзелу ў падобных замежных спаборніцтвах нацыянальных каманд не заўсёды хапае. Аб гэтым гаварылі ўсе кіраўнікі каманд, і справа не толькі ў сродках. “Згодна з Палажэннем аб алімпіядзе, удзельнічаць у заключным этапе могуць пераможцы папярэдняга этапу (абласныя алімпіяды, мінская гарадская, алімпіяда Ліцэя БДУ). На час правядзення абласных алімпіяд у нашай краіне выпадае, напрыклад, прэстыжная Жаўтыкаўская алімпіяда па фізіцы, матэматыцы і інфарматыцы, якая праходзіць у казахстанскім горадзе Алматы”, — адзначыў А.І.Слабадзянюк. Таму школьніку трэба выбіраць паміж рэспубліканскай і замежнай міжнароднай. І шалі схіляюцца ў бок айчыннай. Каб усё ж такі даць магчымасць набрацца вопыту ўдзелу ў міжнародных спаборніцтвах і не прапусціць беларускія, будуць уносіцца карэктывы ў Палажэнне аб рэспубліканскай алімпіядзе.
Перамога на алімпіядзе — гэта заўсёды талент і мэтанакіраваная работа настаўнікаў, выкладчыкаў і вучняў. Таму без арганізаванай падрыхтоўкі на рэспубліканскім узроўні не абысціся. Ядром можа стаць Цэнтр па падрыхтоўцы да алімпіяды з адгалінаваннямі ў рэгіёнах. Менавіта такая прапанова гучала на круглым стале. “Адзін цэнтр у Мінску гэтай праблемы не вырашыць, — адзначыў А.І.Слабадзянюк. — Зараз, напрыклад, школьнікі Нясвіжа і Барысава кожную суботу прыязджаюць у Мінск і займаюцца на фізічным факультэце БДУ. Аднак з усёй рэспублікі ў Мінск ездзіць не будзеш”.
Пераможцы напружана рыхтаваліся на працягу года. З імі працавалі як настаўнікі, так і ўніверсітэцкія выкладчыкі. “Для шасці-, сямі-, васьмікласнікаў вы сапраўдныя свяцілы, — звярнуўся да алімпіяднікаў, якія толькі выпусціліся са школы, В.М.Хвалюк, кіраўнік каманды на міжнароднай алімпіядзе па хіміі. — Знайдзіце сабе школьніка і дзяліцеся тым, што ведаеце. Калі вы яго зачэпіце, крышку падцягнеце, гэта будзе яшчэ адзін пераможца”. Такая практыка навучання ўжо ёсць. Як адзначыў дырэктар Ліцэя БДУ В.Э.Матуліс, студэнты, асабліва 2 і 3 курса, прыходзяць і займаюцца з алімпіяднікамі. Аднак тут узнікае іншая загваздка: іх немагчыма аформіць нават як настаўнікаў факультатыўных заняткаў. Гэта парушэнне працоўнага заканадаўства. Як адзначыў С.А.Маскевіч, гэтае пытанне будзе абавязкова вырашацца.
На алімпіядзе шукаюць самых таленавітых, таму 50-працэнтны бар’ер — менавіта столькі заданняў трэба рашыць, каб атрымаць дыплом, С.А.Мазанік, кіраўнік каманды па матэматыцы на міжнароднай алімпіядзе лічыць неапраўданым. “На алімпіядзе мы павінны даваць такія задачы, каб іх маглі рашыць 1, 2, максімум 3 удзельнікі. Менавіта такіх мы і шукаем. З гэтым бар’ерам мы вымушаны не даваць такіх задач”.
З задачамі на міжнароднай алімпіядзе школьнікі спраўляюцца добра. Яшчэ большае пачуццё годнасці нашых пераможцаў адчуваецца, калі ведаеш, што яны змагаюцца са старэйшымі сапернікамі. Як расказаў С.С.Секержыцкі, кіраўнік беларускай каманды на міжнароднай алімпіядзе па астраноміі, ліцэі ў многіх краінах школьнікі заканчваюць у 19, амаль 20 гадоў. І мы з імі спаборнічаем са сваімі 16 — 18-гадовымі школьнікамі і дасягаем такіх поспехаў”.

Святлана ШЫЯН.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.

Сакрэт перамогі — у зладжанай камандзе!

Студэнты Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта заваявалі сярэбраныя медалі на чэмпіянаце свету па праграмаванні, які прайшоў у пачатку ліпеня ў Санкт-Пецярбургу. Нашу краіну і ўніверсітэт на гэты раз праславілі пяцікурснікі факультэта прыкладной матэматыкі і інфарматыкі Раман Удавічэнка, Андрэй Малевіч і Сяргей Жгіроўскі. Медалістаў павіншаваў міністр адукацыі Сяргей Маскевіч, падкрэсліўшы, што дзяржава вельмі высока цэніць поспехі маладых праграмістаў.

На сустрэчы з міністрам студэнты атрымалі граматы Міністэрства адукацыі. Яны расказалі аб сваіх уражаннях і вопыце ўдзелу ў спаборніцтвах, пагаварылі пра канкурэнтаў — найбольш моцныя школы свету па праграмаванні, а таксама падтрымку праграмісцкіх спаборніцтваў і ІТ-адукацыі.
Па словах Рамана Удавічэнкі, атрымаць высокі вынік (хлопцы правільна рашылі 7 задач з 11 прапанаваных) дапамог сапраўдны камандны дух, зладжаная работа. У камандзе ролі размеркаваліся такім чынам, што кожны мог праявіць свае наймацнейшыя бакі.
Раман звярнуў увагу на тое, што беларускія ІТ-кампаніі, на жаль, недастаткова ўвагі ўдзяляюць падтрымцы школьных спаборніцтваў, а таксама настаўнікаў-энтузіястаў, якія імкнуцца прывіць навучэнцам інтарэс да праграмавання. “Кампаніі больш укладваюць у студэнтаў і вышэйшую адукацыю, бо нацэлены на хуткую аддачу: студэнты — гэта іх будучыя супрацоўнікі. А вось у выпадку са школьнікамі вынік не такі відавочны”, — заўважыў медаліст.
На сустрэчы закранулі тэму стварэння ІТ-кампаніямі фондаў, з якіх, у прыватнасці, магла б фінансавацца аплата працы педагогаў. Па словах міністра адукацыі, гэтая ідэя, магчыма, хутка атрымае заканадаўчае замацаванне.

Ганаровыя граматы Міністэрства адукацыі атрымалі таксама дэкан факультэта прыкладной матэматыкі і інфарматыкі БДУ Павел Мандрык, трэнеры каманды Уладзімір Котаў і Павел Іржаўскі. Павел, дарэчы, не так даўно выступаў як студэнт на праграмісцкіх спаборніцтвах сусветнага ўзроўню, а зараз ужо асістэнт кафедры дыскрэтнай матэматыкі і алгарытмікі, трэніруе малодшых калег. Новая змена выкладчыкаў на ФПМІ падрастае! Вось і сярэбраны медаліст чэмпіянату Андрэй Малевіч застаецца ва ўніверсітэце. Двое іншых членаў каманды ўжо працуць у беларускім прадстаўніцтве кампаніі “Яндэкс”. У гэтым годзе хлопцы атрымалі дыпломы БДУ.
Цікава, што чэмпіёнамі свету 2013 года сталі студэнты Санкт-Пецярбургскага нацыянальнага даследчага ўніверсітэта інфармацыйных тэхналогій, механікі і оптыкі, на базе якога праходзіў фінал. У камандзе выступаў беларус Генадзь Караткевіч.
Залатыя медалі атрымалі таксама каманды Шанхайскага ўніверсітэта Цзяо Тонг, Такійскага ўніверсітэта і Нацыянальнага Тайваньскага ўніверсітэта. Сярэбраныя медалі чэмпіянату разам з БДУ заваявалі каманды Санкт-Пецярбургскага дзяржуніверсітэта, Варшаўскага ўніверсітэта і Кіеўскага нацыянальнага ўніверсітэта імя Тараса Шаўчэнкі. Бронзавыя медалі дасталіся камандам Ягелонскага ўніверсітэта (Польшча), Маскоўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя М.В.Ламаносава, Універсітэта Карнэгі-Мэлан (ЗША), Універсітэта Цінхуа (Кітай, Пекін), Пермскага дзяржаўнага ўніверсітэта.
Чэмпіянат свету сёлета ахапіў 29 000 студэнтаў з 2322 універсітэтаў 91 краіны — столькі было ўдзельнікаў у адборачных турах. У фінал выйшлі лепшыя каманды 120 універсітэтаў.

Вольга ІВАНОВА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.

Сяргей МАСКЕВІЧ: “Няма ў Беларусі чалавека, які не хварэе за Аляксандру Герасіменю. Я не выключэнне”

Міністр адукацыі Беларусі Сяргей Маскевіч сустрэўся з міністрам адукацыі і навукі Татарстана Энгелем Фатахавым, наведаў у Казані вёску ўніверсіяды, цырымонію адкрыцця студэнцкіх спартыўных гульняў і прызнаўся, што будзе хварэць за Аляксандру Герасіменю.

“Наша сустрэча з міністрам адукацыі і навукі Татарстана не была запланаванай, — адзначыў Сяргей Аляксандравіч. — Яна адбылася дзякуючы ўніверсіядзе і стала даволі плённай. Сёння мы плануем стварыць спецыяльную сістэму супрацоўніцтва на розных узроўнях адукацыі”. Узаемную цікавасць для абодвух бакоў складае сістэма павышэння кваліфікацыі педагогаў, сістэма падрыхтоўкі кадраў для сферы авіябудавання. Як вядома, Татарстан сёння з’яўляецца адным з лідараў у галіне інфармацыйных тэхналогій для сярэдняй і вышэйшай школы, а таксама сістэмы кіравання адукацыяй. Міністр адукацыі Беларусі падкрэсліў, што гэты вопыт таксама патрабуе асаблівага вывучэння, для чаго пазней у Казань будзе накіравана група беларускіх спецыялістаў. “Я ўпершыню ў Казані, — адзначыў Сяргей Аляксандравіч. — Аднак ужо паспеў крыху дакрануцца да гісторыі горада і наведаць казанскі Крэмль. Ну і, канечне, наведаў студэнцкую вёску. Гэта маштабны жыллёвы комплекс, які, на мой погляд, з цягам часу стане сімвалам горада. Усе кампусы будуць выкарыстаны ў далейшым як студэнцкія інтэрнаты”. Міністр адукацыі параўнаў студэнцкую вёску Казані з яе беларускім аналагам, падкрэсліўшы пры гэтым, што беларуская вёска змяшчае нават больш камфортныя зоны пражывання. Аднак ёй нестае таго ўзроўню развіцця інфраструктуры, які ёсць у Казані. Таксама ў сферу інтарэсаў беларускага боку трапілі спартыўныя аб’екты на тэрыторыі вёскі. “Для нас перайманне падобнага вопыту надзвычай важнае, улічваючы, што ўжо ў наступным годзе Мінск чакае чэмпіянат свету па хакеі і чэмпіянат свету сярод студэнтаў па веславанні на байдарках і каноэ”, — паведаміў Сяргей Маскевіч. Вынікам сустрэчы двух міністраў стане і шэраг праектаў у галіне маладзёжнай палітыкі. Сяргей Аляксандравіч выказаў словы падтрымкі зборнай камандзе беларускіх спартсменаў на ўніверсіядзе. Ён прызнаўся, што хварэе за ўсе віды спорту, у якіх выступаюць беларусы. “Я вельмі люблю гульнявыя віды спорту, — падзяліўся Сяргей Маскевіч, — таму з цікавасцю сачу за выступленнямі нашай валейбольнай каманды. Таксама мне цікавыя выступленні ў грэка-рымскай барацьбе. Калі гаварыць пра канкрэтных спартсменаў, то тут вельмі цяжка вызначыцца ў сімпатыях. Але думаю, няма ў Беларусі чалавека, які не хварэе за Аляксандру Герасіменю, і я не выключэнне”.

Наталля АЛЁХІНА.
Фота аўтара.

Якасць адукацыі павышаецца, але рэзервы не вычарпаны

Аб рабоце сістэмы адукацыі Брэсцкай вобласці па забеспячэнні якасці адукацыі вялася гутарка на пасяджэнні калегіі галіновага міністэрства, якое прайшло ў Баранавічах. Функцыянаванне ўстаноў адукацыі ўсіх узроўняў Брэстчыны было прадстаўлена ўпраўленнем адукацыі Брэсцкага аблвыканкама і дэпартаментам кантролю якасці адукацыі Міністэрства адукацыі. Вёў пасяджэне міністр адукацыі С.А. Маскевіч.

З грунтоўнай справаздачай аб развіцці рэгіянальнай сістэмы адукацыі перад удзельнікамі калегіі выступіў начальнік абласнога ўпраўлення адукацыі М.А.Ціханчук. Статыстычныя паказчыкі, прадстаўленыя ў дакладзе, пераконваюць у тым, што сістэма адукацыі Брэстчыны развіваецца з улікам тых сучасных патрабаванняў, якія прад’яўляюцца да нацыянальнай сістэмы адукацыі з боку дзяржавы і грамадства. Вобласць імкнецца не толькі развіваць адукацыйныя паслугі, але і значна пашыраць, разнастайваць іх, каб задаволіць запыты дзяцей і бацькоў.
Адукацыйная галіна ў вобласці фінансуецца, як правіла, своечасова і ў поўным аб’ёме. Істотны той факт, што ў параўнанні з папярэднімі гадамі сёлета бюджэтнае фінансаванне ўзрасло і складае амаль 4 трлн рублёў. Вобласць досыць актыўна інвесціруе ў адукацыю. Значныя сродкі з абласнога бюджэту накіраваны на рамонт, рэканструкцыю і мадэрнізацыю ўстаноў адукацыі для стварэння найбольш сучасных умоў для навучання дзяцей. У гэтым годзе на будаўніцтва новых адукацыйных аб’ектаў прадугледжана ў абласным бюджэце 174,2 млрд рублёў.
Фота з сайта www.amurpress.ru.Варта адзначыць, што асноўнымі фінансава ёмістымі ўзроўнямі адукацыі з’яўляюцца дашкольная і агульная сярэдняя адукацыя. Напрыклад, за папярэднія два гады рэканструяваны 4 і пабудаваны 7 школ агульнай умяшчальнасцю амаль 1,5 тысячы месцаў, 9 устаноў дашкольнай адукацыі.
— Асноўнымі напрамкамі работы ў сістэме дашкольнай адукацыі вобласці з’яўляюцца далейшае развіццё здароўезберагальнага асяроддзя, павышэнне якаснага ўзроўню педагагічных кадраў і ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы адпаведных устаноў, — адзначыў Міхаіл Андрэевіч. — У параўнанні з мінулым годам ахоп дзяцей дашкольнай адукацыяй павялічыўся да 94%, у тым ліку на сяле — да 74,8% (рэспубліканскія паказчыкі адпаведна 94,6% і 73,8%).

Начальнік упраўлення адукацыі аблвыканкама канстатаваў, што ў вобласці з кожным годам расце нараджальнасць, што прыводзіць да павелічэння попыту на ўстановы дашкольнай адукацыі. Таму прыкладаюцца ўсе намаганні, каб іх запыты на атрыманне месца ў дзіцячай установе, на якасць дашкольнай адукацыі былі цалкам задаволены. Аднак у раёнах, дзе адбываецца масавае будаўніцтва жылля, а таксама ў сельскай мясцовасці, пакуль захоўваецца чарга ў дзіцячыя сады.
— З мэтай ліквідацыі дэфіцыту месцаў паралельна з будаўніцтвам дашкольных устаноў мы праводзім мэтанакіраваную работу па стварэнні дадатковых месцаў ва ўстановах адукацыі, — заявіў Міхаіл Андрэевіч. — Для ўдасканалення сістэмы ўладкавання дзяцей у дашкольныя ўстановы па месцы пражывання бацькоў толькі ў мінулым годзе з дзіцячых садкоў у школы быў выведзены 41 першы клас. Гэта дазволіла дадаткова прадаставіць дашкольнікам 850 месцаў.
Адначасова вядзецца работа па рэарганізацыі малакамплектных школ у вучэбна-педагагічныя комплексы “дзіцячы сад — школа”. Сёлета ў рэгіёне працуе 112 вучэбна-педагагічных комплексаў. У сельскай мясцовасці, дзе дашкольныя ўстановы адсутнічаюць, арганізаваны падвоз дзяцей у найбліжэйшыя ўстановы дашкольнай адукацыі.
Што датычыцца якасці працы педагагічных работнікаў устаноў дашкольнай адукацыі, то захоўваецца пазітыўная тэндэнцыя павышэння іх прафесійнага ўзроўню. Напрыклад, у мінулым годзе колькасць педагогаў з вышэйшай адукацыяй складала больш за 60%. Для педагогаў, якія не маюць педагагічнай адукацыі па спецыяльнасці “Дашкольная адукацыя”, арганізавана работа пастаянна дзеючага інтэрнэт-семінара. Такая форма навучання з’яўляецца эканамічна мэтазгоднай, бо дазваляе пры найменшых матэрыяльных выдатках спрыяць працэсу самаразвіцця работнікаў.

Гаворачы аб сітуацыі ў агульнай сярэдняй адукацыі, М.А.Ціханчук адзначыў, што асаблівасцю яе развіцця ў апошнія гады з’яўляецца істотнае скарачэнне колькасці дзяцей у школах. У сувязі з чым у вобласці была распачата работа па аптымізацыі сеткі ўстаноў адукацыі.
— Адэкватна рэагаваць на дэмаграфічную сітуацыю — вельмі складаная задача для сістэмы адукацыі, паколькі гэта мае на ўвазе закрыццё навучальных устаноў, што з’яўляецца цяжкім рашэннем у любой краіне, — падкрэсліў Міхаіл Андрэевіч. — Мы вельмі асцярожна паставіліся да гэтага пытання і закрывалі школы пераважна ў тых раёнах вобласці, дзе гэта больш за ўсё было неабходна ў сувязі са скарачэннем колькасці насельніцтва.
Безумоўна, аптымізацыя сеткі цягне за сабой неабходнасць арганізацыі падвозу навучэнцаў. Сёння падвозіць трэба каля 15 тыс. дзяцей і падлеткаў. Для гэтага толькі ў бягучым годзе плануецца набыць 16 аўтобусаў. У мясцовым бюджэце на гэтыя мэты запланавана 8 млрд рублёў.
Сёння неактуальным стала існаванне вячэрніх школ. У сувязі з чым былі закрыты вячэрнія школы ў Брэсце, Пінску і Кобрыне. Тыя грамадзяне, якія ўжо працуюць і жадаюць атрымаць агульную сярэднюю адукацыю, змогуць скарыстацца адукацыйнымі паслугамі звычайных сярэдніх школ у вячэрняй або завочнай форме ці авалодаць неабходнымі ведамі з дапамогай экстэрнату.
Была таксама вывучана работа ўсіх міжшкольных вучэбна-вытворчых камбінатаў працоўнага навучання і прафесійнай арыентацыі вобласці і дадзены рэкамендацыі па іх закрыцці або рэарганізацыі на працягу наступнага навучальнага года.

Што датычыць умацавання матэрыяльна-тэхнічнай базы сістэмы агульнай сярэдняй адукацыі, то сёння актуальнай застаецца праблема якаснага абсталявання кабінетаў фізікі, хіміі, біялогіі, замежнай мовы. Ужо праведзена работа па цэнтралізаванай пастаўцы абсталявання па фізіцы (38 кабінетаў фізікі плануецца абсталяваць за кошт рэспубліканскага бюджэту). За кошт абласнога бюджэту ў гэтым годзе ва ўстановы агульнай сярэдняй адукацыі будзе пастаўлена 70 камп’ютарных класаў.
У выкладанні замежнай мовы актыўна выкарыстоўваюцца мультымедыйныя комплексы, інтэрактыўныя матэрыялы, тэхнічныя сродкі навучання. За кошт сродкаў абласнога бюджэту было ўстаноўлена 16 лінгафонных кабінетаў.
Кіраўнік сістэмы адукацыі вобласці закрануў і пытанне кадравага складу ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі. Як паказвае аналіз, у вобласці адбываецца амаладжэнне педагагічных калектываў. Штогод у рэгіён прыязджае больш за 700 маладых спецыялістаў па розных спецыяльнасцях педагагічнага профілю. Аднак на працягу апошніх трох гадоў установы адукацыі адчуваюць вострую патрэбу ў спецыялістах фізіка-матэматычнага профілю. Не выконваецца заяўка па хіміі, біялогіі, замежных мовах. Разам з тым у вобласці назіраецца перанасычанасць рынку працы спецыялістамі па такіх спецыяльнасцях, як пачатковая адукацыя, беларуская і руская мова і літаратура, гісторыя, геаграфія, выяўленчае мастацтва.

З кожным годам павышаюцца якасныя паказчыкі агульнай сярэдняй адукацыі. Па выніках цэнтралізаванага тэсціравання ў мінулым годзе навучэнцы вобласці палепшылі свае вынікі па фізіцы, хіміі, біялогіі, матэматыцы, гісторыі Беларусі, англійскай, нямецкай мовах, сусветнай гісторыі. Максімальны вынік (100 балаў) атрымалі 14 абітурыентаў вобласці. Каб павысіць выніковасць удзелу школьнікаў вобласці ў рэспубліканскіх алімпіядах па вучэбных прадметах, для ўстаноў адукацыі пашыраны магчымасці па падрыхтоўцы школьнікаў да алімпіяд. Так, напрыклад, створаны рэсурсны цэнтр па падрыхтоўцы алімпіяднікаў на базе Брэсцкага абласнога ліцэя. У найбліжэйшыя гады плануецца арганізаваць якасную падрыхтоўку адораных вучняў да рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах праз факультатыўныя заняткі (у тым ліку міжшкольныя), стымулюючыя заняткі, індывідуальную падрыхтоўку, дзейнасць рэгіянальных профільных лагераў для адораных навучэнцаў, рэсурсных цэнтраў.
У працяг размовы першы намеснік міністра адукацыі А.І.Жук заўважыў, што, згодна з аналізам вынікаў рэспубліканскіх прадметных алімпіяд, цэнтралізаванага тэсціравання папярэдніх гадоў, Брэсцкая вобласць ужо традыцыйна паказвае не самыя лепшыя вынікі, і гэта пры тым, што ўзровень кваліфікацыі, педагагічнае майстэрства работнікаў сістэмы адукацыі вобласці вельмі высокія. Напэўна, у гэтым ёсць істотныя недапрацоўкі, якія трэба прааналізаваць і намеціць шляхі выкаранення праблем.

Дэпартамент кантролю якасці адукацыі галіновага міністэрства правёў праверку стану спраў сістэмы адукацыі Брэсцкай вобласці ў адпаведнасці з зацверджанымі крытэрыямі ацэнкі якасці адукацыі. Быў зроблены аналіз функцыянавання ўстаноў адукацыі ўсіх узроўняў і вызначаны вынікі іх дзейнасці.
Як расказаў дырэктар дэпартамента У.М.Здановіч, праведзеная праверка пацвердзіла, што ў рэгіёне здолелі захаваць агульную колькасць устаноў дашкольнай адукацыі і нават яе павялічылі. Аднак існуе некаторая разбежка ў іх напаўняльнасці. Так, на адну ўстанову ў сельскай мясцовасці прыходзіцца 40 дзяцей, у гарадской — 184. Забяспечанасць месцамі ў дзіцячых садах Брэста склала ўсяго 90%, што значна ніжэй за сярэдні паказчык па вобласці. У той жа час 27 садоў Маскоўскага раёна абласнога цэнтра перапоўненыя, а 7 — не запоўнены, аналагічная сітуацыя склалася і ў Пінску, Баранавічах, Кобрыне, іншых райцэнтрах. Чаму? Адказ відавочны: установы непрывабныя для бацькоў. Акрамя таго, забяспечанасць адукацыйнага працэсу сродкамі выхавання і навучання ў дашкольных установах вобласці, на жаль, недастатковая і яе неабходна павысіць.
Кіраўнік дэпартамента пацвердзіў, што ў вобласці адбылося паляпшэнне якаснага складу педагогаў устаноў дашкольнай адукацыі. За апошнія тры гады вырасла колькасць работнікаў з вышэйшай адукацыяй па спецыяльнасці “Дашкольная адукацыя”. Адметна і тое, што на Брэстчыне ў дашкольных установах працуе найменшая ў краіне колькасць педагогаў з агульнай сярэдняй адукацыяй.
Уладзімір Мацвеевіч адзначыў, што сетка агульнай сярэдняй адукацыі вобласці ў цэлым сфарміравана і задавальняе запыты навучэнцаў і іх бацькоў. Сёння яе аптымізацыя ажыццяўляецца з улікам дэмаграфічнай сітуацыі і патрэб рэгіёна.
Аднак да гэтага часу функцыянуюць установы з нізкай напаўняльнасцю. Напрыклад, з 28 школ Бярозаўскага раёна 20 запоўнены толькі на 20 — 40%. Такая карціна існуе і ў іншых раёнах вобласці.
Адначасова частка навучэнцаў рэгіёна займаецца ў другую змену, і гэты паказчык павялічваецца ў асноўным за кошт буйных гарадоў і райцэнтраў. Уладзімір Мацвеевіч адзначыў, што ўзнятая праблема вырашыцца за кошт павышэння нарматыву напаўняльнасці класаў. Акрамя таго, побач з райцэнтрамі, у школах якіх заняткі праводзяцца ў дзве змены, у радыусе 5—7 кіламетраў знаходзяцца паўпустыя, у добрым стане школы. “Магчыма, мае сэнс арганізаваць зваротны падвоз вучняў з горада ў вёску”, — прапанаваў У.М.Здановіч.

Як бачна па выніках праверкі, у вобласці даволі актыўна праводзіцца аптымізацыя сеткі ўстаноў адукацыі, але патрабуецца больш дэталёвая прапрацоўка некаторых пытанняў, асабліва ў частцы аптымізацыі колькасці навучэнцаў ва ўстановах, класах, групах.
Што тычыцца забеспячэння навучальным абсталяваннем агульнаадукацыйных устаноў вобласці, то ў іх выконваецца адпаведны сацыяльны стандарт па забеспячэнні камп’ютарамі, шырока выкарыстоўваюцца электронныя сродкі навучання, але, як і ў цэлым па краіне, сучаснага абсталявання і наглядных дапаможнікаў не хапае ў кабінетах фізікі, хіміі, біялогіі.
Характэрны і той факт, што кожны год ва ўстановы адукацыі вобласці прыязджае каля 700 маладых спецыялістаў. Варта адзначыць, што яны атрымліваюць сацыяльныя гарантыі (надбаўкі да зарплаты, матэрыяльную дапамогу, месцы ў інтэрнатах іншых арганізацый, кампенсацыю выдаткаў па найме жылля і інш.). У гэтай сувязі расце працэнт замацаванасці педагогаў пасля абавязковай адпрацоўкі. Так, у 2011/2012 навучальным годзе ён, напрыклад, склаў 94,6%. Аднак, як ужо адзначалася, у вобласці не хапае настаўнікаў фізікі, матэматыкі, замежнай мовы, хіміі, біялогіі, дэфектолагаў, лагапедаў. У той жа час у вобласці назіраецца лішак настаўнікаў пачатковай школы, беларускай і рускай моў і літаратуры. Як бачна, неабходна весці падрыхтоўку і размеркаванне кадраў з улікам рэальнай патрэбы. Было прызнана, што Брэсцкая вобласць стабільна займае лідзіруючыя пазіцыі па краіне па выніках экзаменаў за курс сярэдняй і базавай школы. Аднак слабым месцам Брэстчыны пакуль застаюцца вынікі рэспубліканскіх прадметных алімпіяд і ЦТ.
— Першую праблему можна вырашыць, наладзіўшы больш цесную сувязь гімназій з выкладчыкамі УВА, якія маюць вопыт па падрыхтоўцы алімпіяднікаў, — адзначыў Уладзімір Мацвеевіч. — А што тычыцца цэнтралізаванага тэсціравання, то атрымліваецца парадокс: невысокія вынікі па беларускай мове і ў той жа час лішак настаўнікаў па гэтым прадмеце. А па фізіцы, хіміі, матэматыцы выпускнікі школ Брэстчыны палепшылі свае вынікі, а настаўнікаў па гэтых прадметах у рэгіёне не хапае.

Для вызначэння якасці і ўзроўню навучанасці школьнікаў у вобласці дэпартамент правёў свае кантрольныя зрэзы па матэматыцы, рускай мове і фізіцы. У цэлым навучэнцы справіліся з заданнямі. Сярэдні бал па выніках кантрольных зрэзаў у гімназіях склаў 7,6 (па выніках трэцяй чвэрці 2012/2013 навучальнага года — 7,7), у звычайных школах — 5,9 (6,2). Гэта сведчыць аб адпаведнасці зместу і якасці адукацыі сённяшнім патрабаванням.
Аднак у некаторых установах агульнай сярэдняй адукацыі вынікі кантрольных зрэзаў вучняў 9-х, 11-х класаў не карэлююць з адзнакай па прадмеце па выніках трэцяй чвэрці гэтага навучальнага года. У некалькіх гімназіях пры паступленні ў 5 клас адбор праводзіцца выключна сярод сваіх жа вучняў з пачатковай школы. Прахадны бал вышэй за 50 толькі ў трох гімназіях з 25. На думку У.М.Здановіча, неабходна ўсталяваць жорсткую планку і па конкурсе, і па прахадным бале.
Застаецца адкрытым пытанне эфектыўнасці факультатыўных заняткаў. Па выніках анкетавання да 40% выпускнікоў 11-х класаў, у тым ліку ў гімназіях, карыстаюцца паслугамі рэпетытараў, а каля 70% бацькоў падтрымліваюць прапанову вывучэння на 3 ступені асобных прадметаў на павышаным узроўні.
— У цэлым дзейнасць органаў кіравання адукацыяй устаноў адукацыі Брэсцкай вобласці па забеспячэнні якасці дашкольнай, агульнай сярэдняй і прафесійна-тэхнічнай адукацыі можна прызнаць станоўчай, аднак неабходна больш пільна прааналізаваць існуючыя праблемы і своечасова іх вырашыць, — адзначыў У.М.Здановіч.
На пасяджэнні калегіі было разгледжана таксама пытанне аб мерах па павышэнні якасці агульнай сярэдняй адукацыі. Прынятыя прапановы былі ўнесены ў пастанову пасяджэння калегіі і будуць рэалізоўвацца ў найбліжэйшы час.

Ала КЛЮЙКО.

Сям’я і школа: пачуць адно аднаго

Амаль 500 чалавек сабралася ў Брэсце на абласной бацькоўскай канферэнцыі, прысвечанай узаемадзеянню сям’і і ўстаноў адукацыі ў развіцці дзіцяці. У рабоце мерапрыемства прынялі ўдзел міністр адукацыі С.А.Маскевіч, намеснік старшыні Брэсцкага аблвыканкама Л.А.Цупрык, начальнік абласнога ўпраўлення адукацыі М.А.Ціханчук, педагогі, кіраўнікі і бацькі.

Перад пачаткам пленарнага пасяджэння, якое праходзіла ў абласным Цэнтры маладзёжнай творчасці, удзельнікі канферэнцыі наведалі выставу, падрыхтаваную педагогамі і навучэнцамі ўстаноў дадатковай адукацыі, а таксама метадыстамі абласнога ІРА.
— На Брэстчыне назапашаны станоўчы вопыт па ўзаемадзеянні сям’і і школы, — адзначыў М.А.Ціханчук. — На гэта скіравана дзейнасць амаль 1,3 тысячы ўстаноў адукацыі. Штогод на сістэму адукацыі рэгіёна траціцца 30% абласнога бюджэту. УМіністр адукацыі С.А. Маскевіч падчас знаёмства з выставай. лада актыўна інвесціруе ў адукацыю: значныя грашовыя сродкі накіроўваюцца на будаўніцтва, рамонт і мадэрнізацыю ўстаноў, стварэнне ў іх сучасных умоў для адукацыйнага працэсу. Дзякуючы гэтаму, амаль усе аб’екты адукацыі сёння з’яўляюцца не толькі сучаснымі адукацыйнымі, але яшчэ і эстэтычнымі цэнтрамі.
Сённяшняя школа не толькі вучыць і выхоўвае, але і сацыялізуе дзяцей, фарміруе жыццёвую кампетэнтнасць і грамадзянскасць. Зразумела, што займацца гэтым аўтаномна яна не можа. Таму адной з важных задач з’яўляецца наладжванне эфектыўнага партнёрскага ўзаемадзеяння з сям’ёй. Школа гатова і абавязана дапамагаць бацькам у вырашэнні выхаваўчых пытанняў. Разам з тым яна ні ў якім разе не канкурыруе з ёй і не замяняе яе. Толькі сям’я з’яўляецца першасным і самым магутным сродкам у фарміраванні асобы дзіцяці. Менавіта ў сям’і (яшчэ да школы) фарміруюцца асноўныя рысы характару і звычкі будучага дарослага. У сям’і дзеці спасцігаюць агульначалавечыя каштоўнасці, набываюць навыкі самаабслугоўвання, вучацца паважаць старэйшых і клапаціцца пра малодшых, далучаюцца да працы і інш.
Установы адукацыі звяртаюцца як да традыцыйных (кансультацыі, трэнінгі, дзелавыя гульні, бацькоўскія вечарыны, наведванне сем’яў і інш.), так і да інавацыйных (дыстанцыйныя зносіны, аказанне аператыўнай псіхолага-педагагічнай дапамогі праз афіцыйныя інтэрнэт-сайты, web-канферэнцыі і бацькоўскія сходы ў рэжыме анлайн) форм работы з сем’ямі.
Сёння ва ўстановах адукацыі вобласці рэалізоўваюцца комплексныя мэтавыя праграмы і праекты ўзаемадзеяння сям’і і школы: “Стаць чалавекам” (сярэдняя школа № 2 Ляхавіч), “Дом здароўя” (гімназія Ляхавіч), “Сям’я і школа — дамашні ачаг” (Востраўская сярэдняя школа Ганцавіцкага раёна), “Школа сямейнай духоўнай культуры” (Альхоўская сярэдняя школа Ляхавіцкага раёна), “Школа плюс сям’я ў ідэйна-маральным выхаванні школьнікаў” (гімназія Ганцавіч), “Роля школы, сям’і і грамадскіх арганізацый у фарміраванні асобы дзіцяці” (сярэдняя школа № 1 Ганцавіч).
Па словах М.А.Ціханчука, эфектыўнымі формамі ўзаемадзеяння з сям’ёй з’яўляюцца савет установы адукацыі, папячыцельскі савет, бацькоўскі камітэт, сямейныя клубы, дні сямейных традыцый, сустрэчы з сямейнымі працоўнымі дынастыямі і інш. Сталі традыцыйнымі конкурсныя і святочныя праграмы (“На сямейным рынгу”, “Давайце, бабулькі”), спартыўныя святы (“Таты могуць усё”, “Супермама”), турыстычныя злёты, кулінарныя конкурсы, працоўныя дэсанты па добраўпарадкаванні тэрыторыі школы і населеных пунктаў. Сярод актуальных форм работы з бацькамі варта назваць трэнінгі, ток-шоу, фестывалі і бенефісы сямейных прафесій, экскурсіі на прадпрыемствы, гасцявыя ўрокі і інш. Усё гэта дапамагае наладзіць канструктыўныя адносіны паміж бацькамі і педагогамі.
У Брэсцкім раёне рэалізоўваецца праграма “Паспяховае бацькоўства”. На базе бацькоўскіх клубаў устаноў адукацыі гэтага рэгіёна ажыццяўляецца праект “Навучыць бацькоў, каб шчаслівымі былі дзеці”. Мэта праекта — аказанне падтрымкі бацькам праз навучанне метадам выхавання на ўсіх этапах сямейнага жыцця для пабудовы канструктыўных узаемаадносін з дзецьмі без насілля.
Праекты па павышэнні эфектыўнасці ўзаемадзеяння з сям’ёй рэалізоўваюцца ў 8 школах Ганцавіччыны. З 2006 года настаўніца гісторыі і грамадазнаўства Н.А.Петручэня з гімназіі Ганцавіч працуе з дзецьмі над даследчым праектам “Соцыум і дзеці”.
У гімназіі Ляхавіч дзейнічае псіхолага-педагагічны практыкум з элементамі інсцэніроўкі рэальных жыццёвых сітуацый.
— Станоўчым вынікам узаемадзеяння школы з сям’ёй стала стабільнае змяншэнне ў вобласці дзіцячай безнагляднасці і колькасці непаўналетніх парушальнікаў закона, — падсумаваў М.А.Ціханчук. — Калі дзецям добра ў сям’і, калі яны адчуваюць з боку бацькоў увагу і падтрымку, яны абавязкова вырастуць дастойнымі і добрымі людзьмі. Рэцэпт поспеху просты: сярод нас не павінна быць абыякавых. Тады паспяховым будзе кожнае дзіця.
Дэкан псіхолага-педагагічнага факультэта БрДУ імя А.С.Пушкіна А.І.Мядзведская прэзентавала работу навукова-метадычнага цэнтра “Школа — сям’я”. Цэнтр, створаны летась, аб’ядноўвае пад кіраўніцтвам прафесара М.П.Осіпавай псіхолагаў, педагогаў і медыкаў. Супрацоўнікі цэнтра ствараюць навукова-метадычныя матэрыялы для вырашэння найбольш актуальных праблем сям’і (выпушчана 13 кніг), кансультуюць педагогаў і бацькоў, арганізоўваюць спецыяльныя адукацыйныя курсы для маладых сем’яў, а таксама сем’яў, якія выхоўваюць “асаблівых” і адораных дзяцей.
Падчас канферэнцыі сваімі поспехамі і праблемамі дзяліліся бацькі навучэнцаў. Так, бацька траіх дзяцей-навучэнцаў гімназіі № 4 Баранавіч настаяцель мясцовага храма В.В.Лазоўскі прызнаўся, што імкнецца быць для ўласных дзяцей не столькі выхавальнікам, колькі блізкім сябрам. Важнае месца ў сям’і Віталя Валер’евіча займае духоўнае выхаванне. Ён вучыць дзяцей, што ад жыцця трэба браць не ўсё, а толькі лепшае.
Член клуба бацькоў гімназіі № 6 Брэста ўрач-анколаг Дзмітрый Іванавіч Сосік лічыць, што без належнага мужчынскага выхавання, станоўчага прыкладу таты немагчыма вырасціць маральна і псіхічна здаровых дзяцей. Татаў, упэўнены Д.І.Сосік, варта больш актыўна прыцягваць да выхаваўчай работы ў школах.
Цікава было паслухаць таксама старшыню бацькоўскага савета Купяціцкай сярэдняй школы Пінскага раёна прыёмную маці Л.І.Кухарэнка, намесніка загадчыка па асноўнай дзейнасці ясляў-сада № 3 Баранавіч А.А.Журбу, члена бацькоўскага савета сярэдняй школы № 2 Жабінкі работніцу ААТ “Жабінкаўскі цукровы завод” І.І.Мартынюк і старшыню бацькоўскага класнага камітэта сярэдняй школы № 4 Лунінца Т.В.Мшар.
— Усе бацькі, як, дарэчы, і педагогі, зацікаўлены ў тым, каб іх дзеці былі паспяховымі. Каб дабіцца гэтага, варта шмат працаваць абодвум бакам. Мы павінны выхоўваць грамадства не спажыўцоў, а стваральнікаў каштоўнасцей, адказных, ініцыятыўных і творчых людзей, якія ўмеюць адстойваць уласныя погляды. Навучыўшыся пераадольваць цяжкасці ў школе, дзеці навучацца канкурыраваць у жыцці, годна трымаць удар перад любымі акалічнасцямі. Паміж сям’ёй і школай не павінна існаваць псіхалагічнага бар’ера. Сярод перспектыўных задач — павышэнне бацькоўскай адказнасці за выхаванне дзяцей, — падагульніў міністр адукацыі С.А.Маскевіч.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.
Фота аўтара.

Інтэлектуальны капітал краіны

На пачатку мінулага тыдня ў Ліцэі БДУ адбылася сустрэча міністра адукацыі Сяргея Аляксандравіча Маскевіча з адоранымі навучэнцамі і студэнтамі. У мерапрыемстве ўзялі ўдзел рэктары вядучых універсітэтаў краіны — рэктар Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта Сяргей Уладзіміравіч Абламейка і рэктар Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта інфарматыкі і радыёэлектронікі Міхаіл Паўлавіч Батура.

Урачыстаць мерапрыемству надала цырымонія ўзнагароджання сярэбраных і бронзавых прызёраў міжнародных інтэлектуальных спаборніцтваў 2012 года. Прысутныя навучэнцы і студэнты атрымалі пасведчанні спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў і нагрудныя знакі “Лаўрэат спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў”.

Віншаванні ад міністра адукацыі С.А. Маскевіча атрымлівае студэнт БДУІР Аляксандр Янкоўскі.“Існуючая ў нашай краіне сістэма падтрымкі таленавітай моладзі гаворыць пра тое, што ў Рэспубліцы Беларусь не столькі дэкларыруюць ці проста гавораць, а рэальна займаюцца падрыхтоўкай кадраў для інавацыйнай эканомікі. Павышэнне канкурэнтаздольнасці нашай эканомікі, авалоданне новымі кірункамі развіцця высокатэхналагічнай вытворчасці можа быць рэалізавана толькі пры ўмове вашай асабістай зацікаўленасці. А вашы перамогі — гэта інвестыцыі ў ваш інтэлектуальны рэсурс”, — адзначыў міністр.
Акрамя таго, ён зазначыў, што перамогі нашых школьнікаў на міжнародным узроўні яшчэ раз даказваюць канкурэнтаздольнасць беларускай сістэмы адукацыі. Разам з тым работа з адоранымі дзецьмі патрабуе высокага ўзроўню падрыхтоўкі педагогаў, адказнасці з боку ўстаноў адукацыі.
Міністр не раз адзначаў, што неабходна імкнуцца да таго, каб за кожным адораным школьнікам, гімназістам, ліцэістам, студэнтам быў замацаваны педагог-прафесар, які дапамог бы юнаму таленту развіць свой патэнцыял. Адпаведнае адукацыйнае асяроддзе дапаможа далучыць будучых навукоўцаў да сур’ёзнай навуковай працы.
Сёння мы ганарымся тым, што ў нашай краіне ёсць сапраўдныя героі інтэлекту, якія толькі ў 2012 годзе заваявалі 28 медалёў рознай вартасці, у тым ліку 6 залатых. Гэта выдатны вынік для ўсёй сістэмы адукацыі, бо гэта больш, чым у мінулыя гады.

Падчас сустрэчы гаворка ішла і пра тое, што ўніверсітэты павінны не заставацца ўбаку, а весці сур’ёзную работу з адоранымі навучэнцамі. Кожны з алімпіяднікаў-першакурснікаў павінен стаць прадметам асаблівага клопату педагагічнага складу ўстановы вышэйшай адукацыі.
“Як сказаў кіраўнік нашай дзяржавы Аляксандр Лукашэнка, стаўка на веды, талент і інтэлект — аснова сучаснай стратэгіі сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі. Пошук і выхаванне маладых талентаў — найважнейшая дзяржаўная задача”, — падкрэсліў С.А.Маскевіч.

У звароце Сяргея Уладзіміравіча Абламейкі таксама гучалі словы гонару. “Мы вельмі рады, што з году ў год колькасць пераможцаў міжнародных алімпіяд расце. А яшчэ мы рады таму, што львіную долю ў агульнай колькасці займаюць прадстаўнікі Ліцэя Белдзяржуніверсітэта”, — адзначыў рэктар.
Як вядома, на базе ліцэя будзе створаны цэнтр па падрыхтоўцы да рэспубліканскіх алімпіяд. Цяпер закупляецца ўсё неабходнае абсталяванне і падбіраюцца выкладчыкі.
Акрамя таго, С.У.Абламейка адзначыў, што патрэбныя ўмовы для далейшага развіцця юных інтэлектуалаў створаны і ў самім універсітэце: “Пачынаючы з першага курса вы можаце ўдзельнічаць у самых розных канферэнцыях, алімпіядах. Як паказвае практыка, алімпіяднікі-школьнікі становяцца паспяховымі алімпіяднікамі-студэнтамі і паспяховымі навукоўцамі, якія затым атрымліваюць навуковыя ступені”, — адзначыў рэктар БДУ.

Шмат пераможцаў міжнародных алімпіяд працягваюць сваё навучанне і ва ўніверсітэце інфарматыкі і радыёэлектронікі. М.П.Батура яшчэ раз пацвердзіў жаданне ўніверсітэта прыняць такіх таленавітых маладых людзей у сваю студэнцкую супольнасць.
Разам з тым Міхаіл Паўлавіч Батура адзначыў, што нельга спыняцца на дасягнутым, пачываючы на лаўрах. “Ваш поспех на міжнародных алімпіядах — гэта ўжо ўчора, а сёння трэба думаць пра далейшы рух. У нашым універсітэце пройдзе мерапрыемства, дзе мы будзем уручаць студэнтам сертыфікаты. Гэтыя студэнты прайшлі курсы Ілінойскай тэхналагічнай асацыяцыі. Каб трапіць на іх, трэба было прайсці адпаведнае тэсціраванне на англійскай мове. Праз такое тэсціраванне пажадалі прайсці 232 чалавекі, але прайшлі толькі 75, а да канца дайшлі 33 студэнты, якія атрымаюць адпаведныя сертыфікаты.
Восенню мы зноў аб’яўляем набор студэнтаў на праходжанне курсаў Ілінойскай тэхналагічнай асацыяцыі, і я запрашаю вас паўдзельнічаць у гэтым праекце. Курсы будуць праходзіць па тэме “Бізнес-аналітыка і вялікія даныя”. Гэта вельмі перспектыўныя веды”, — адзначыў рэктар БДУІР.
Далей ён сказаў, што маладыя, ініцыятыўныя і разумныя — гэта інтэлектуальны капітал любой краіны. Цяпер у свеце ідзе сапраўдная бітва за яго. На сур’ёзнае развіццё грамадства выйдзе тая краіна, якая адваюе сабе гэты інтэлектуальны капітал.
“Мы ствараем сучаснае інфармацыйнае грамадства, але сёння выкарыстоўваецца новы тэрмін — смарт-грамадства. Гэта грамадства з дынамічнымі ведамі. І калі мы з вамі зможам валодаць такімі ведамі, то пабудуем сваё смарт-грамадства”, — звярнуўся да прысутных М.П.Батура.

У сваю чаргу выкладчык Ліцэя БДУ трэнер нашай міжнароднай зборнай па астраноміі Аляксандр Леанідавіч Паплаўскі адзначыў, што для таго, каб перамагчы ў міжнароднай алімпіядзе, трэба пераадолець доўгі няпросты шлях падрыхтоўкі.
“Для гэтага трэба не толькі знайсці межы ўласных пазнанняў, але і выйсці за іх. Наша каманда штогод дастойна абараняе гонар краіны на Міжнароднай алімпіядзе па астраноміі і астрафізіцы. Мы штогод змагаемся ў групе лідараў”, — зазначыў А.Л.Паплаўскі.

Антон Хвалюк, навучэнец гімназіі № 29 Мінска, пераможца Міжнароднага турніру юных фізікаў, ад імя ўсіх удзельнікаў сустрэчы падзякаваў за падтрымку і дапамогу ў рэалізацыі сваіх інтэлектуальных магчымасцей.

Вольга ДУБОЎСКАЯ.

dubowska@ng-press.by

Фота прадстаўлена  прэс-службай БДУІР.

Узаемаўзбагачальнае партнёрства

Пытанні сумесных адукацыйных праектаў і маладзёжных праграм былі ў цэнтры ўвагі падчас сустрэчы міністра адукацыі нашай краіны Сяргея Аляксандравіча Маскевіча з міністрам адукацыі Ніжагародскай вобласці Сяргеем Васільевічам Навумавым. Планы на сумесную дзейнасць былі агучаны ў аўторак у беларускім галіновым ведамстве.

Беларускі бок на чале з міністрам адукацыі прадстаўлялі спецыялісты і кіраўнікі ўпраўленняў вышэйшай, агульнай сярэдняй, сярэдняй спецыяльнай адукацыі, упраўлення міжнародных сувязей Мінадукацыі. А ў ніжагародскую дэлегацыю на чале з міністрам адукацыі ўваходзілі рэктары вядучых ВНУ Ніжняга Ноўгарада, спецыялісты па маладзёжнай палітыцы, прадстаўнікі заканадаўчага сходу, а таксама каледжаў і тэхнікумаў расійскага рэгіёна.

Падчас сустрэчы С.В. Навумава з С.А. Маскевічам.Як адзначыў С.А.Маскевіч, супрацоўніцтва нашай краіны з рэгіёнамі Расіі эфектыўнае і карыснае на ўсіх узроўнях узаемадзеяння. А што тычыцца адукацыі, то кантакты з Ніжагародскай вобласцю наладжаны ўжо даўно. Разам з тым, як заўважыў міністр, ёсць сэнс і жаданне іх умацоўваць і пашыраць. У прыватнасці, была агучана прапанова пашырыць спектр сумесных маладзёжных праграм, формы іх арганізацыі і агульныя пляцоўкі рэалізацыі.
“Сёння вельмі важны абмен вопытам, прычым ва ўсіх галінах адукацыі. У нашым партнёрстве ўжо закладзены пэўныя традыцыі, таму хацелася б іх развіваць і далей. Актуальна і ўніверсітэцкая навука, інавацыйная дзейнасць і ўвогуле адукацыйная прастора, таму наша супрацоўніцтва і партнёрства павінны насіць узаемаабагачальны характар”, — сказаў у сваім звароце да расійскіх калег С.А.Маскевіч.

У сваю чаргу С.В.Навумаў, міністр адукацыі Ніжагародскай вобласці, адзначыў, што супрацоўніцтва з беларускімі калегамі даўно плённа ўздзейнічае на сістэму адукацыі іх рэгіёна. У прыватнасці, у Ніжагародскай вобласці ўзялі на заметку беларускі вопыт захавання і развіцця ўстаноў прафесійна-тэхнічнай адукацыі.
Сёння адукацыя Ніжагародскай вобласці развіваецца хуткімі тэмпамі. Як адзначыў С.В.Навумаў, з прыходам новага губернатара (Валерыя Шанцава) значна павялічыўся бюджэт вобласці, што паўплывала і на развіццё адукацыі. У прыватнасці, з першага студзеня бягучага года была павялічана заработная плата настаўнікаў. Цяпер у сярэднім яна складае 19 000 расійскіх рублёў і вышэй. Акрамя таго, дзейнічае спецыяльная праграма падтрымкі педагогаў. Калі настаўнік падпісвае кантракт на 10 гадоў, то ён бясплатна забяспечваецца жыллём і машынай. І калі гэтыя 10 гадоў ён працуе аддана і добрасумленна, то і кватэра, і машына поўнасцю пераходзяць у яго валоданне. На думку міністра Ніжагародскай вобласці, такі падыход з’яўляецца выдатным стымулам для настаўнікаў.
Ёсць у Ніжагародскай вобласці свой вопыт знаходжання прымальных рашэнняў у сувязі з закрыццём школ. Каб забяспечыць аптымальныя ўмовы самым маленькім вучням, якія, як правіла, больш за ўсё пакутуюць ад закрыцця школы (дабірацца ў новую далёка і ўставаць трэба рана), яны пайшлі па шляху будаўніцтва дамоў настаўніка, калі першы паверх адводзіцца пад класы, а на другім жыве настаўнік.
Але і праблемы ў сферы адукацыі расійскага рэгіёна па-ранейшаму застаюцца. Напрыклад, у іх катастрафічна не хапае педагогаў для дашкольных устаноў (як, зрэшты, і саміх садкоў), лагапедаў, дэфектолагаў. Каб нейкім чынам вырашыць праблему недахопу садкоў і выхавальнікаў, у Ніжагародскай вобласці пачалі ствараць сістэму сямейных дзіцячых садкоў.

Спецыялісты ўпраўлення вышэйшай адукацыі Мінадукацыі нашай краіны зацікавіліся вопытам расійскіх калег па наладжванні эфектыўнага ўзаемадзеяння паміж установай вышэйшай адукацыі і патэнцыяльнымі работадаўцамі. У нашай краіне пакуль робяцца толькі першыя крокі ў гэтым напрамку, таму вопыт, агучаны рэктарам Ніжагародскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Н.І.Лабачэўскага, можа быць запатрабаваны.
Рэктар універсітэта Я.У.Чупруноў адзначыў, што іх універсітэт з работадаўцамі ўзаемадзейнічае па пэўнай схеме, сэнс якой заключаецца ў тым, што ў адной камандзе працуюць універсітэт, студэнт і прадпрыемства. “Працэс гэты, канечне, вельмі затратны, але ў выніку будучы спецыяліст набывае патрэбныя прадпрыемству ўменні і навыкі яшчэ будучы студэнтам, бо само прадпрыемства прымала актыўны ўдзел у падрыхтоўцы (гэта могуць быць, напрыклад, лабараторыі, набытыя з дапамогай прадпрыемства, ці практыка непасрэдна на прадпрыемстве)”, — заўважыў Я.У.Чупруноў. Канечне, гаворка не ідзе пра тое, што ўніверсітэт уладкуе на работу ўсіх сваіх выпускнікоў, але, па крайняй меры, большую частку. Акрамя таго, цяпер ва ўніверсітэце працуюць у напрамку рэалізацыі міжгаліновых праектаў, у якіх задзейнічаны, напрыклад, спецыялісты медыцынскай галіны, інжынеры, праграмісты.

У сваю чаргу міністр адукацыі нашай краіны заўважыў, што ў нас пакуль яшчэ абмяркоўваюцца пытанні тэрмінаў, этапаў і зместу практыка-арыентаванай падрыхтоўкі будучых спецыялістаў, роля ў гэтым працэсе магістратуры, прадпрыемстваў. У гэтай сувязі, вопыт расійскіх калег, безумоўна, варты ўвагі. Акрамя таго, падчас сустрэчы ішла гаворка і пра новы адукацыйны дакумент, які нядаўна быў прыняты ў Расіі, — Закон аб адукацыі Расійскай Федэрацыі, знаёмства з якім карысна і для беларускіх спецыялістаў.
Зразумела, падчас сустрэчы ў Міністэрстве адукацыі ў большасці абмяркоўваліся агульныя тэндэнцыі супрацоўніцтва з установамі адукацыі Ніжагародскай вобласці. Прыватныя ж размовы са спецыялістамі розных галін адукацыі адбываліся пасля, калі расійскія госці наведвалі ўстановы вышэйшай, сярэдняй спецыяльнай і прафесійнай адукацыі. Можна меркаваць, што сустрэчы і перамовы прайшлі гэтак жа прадукцыйна, як і сустрэча міністраў адукацыі С.А.Маскевіча і С.В.Навумава.

Вольга ДУБОЎСКАЯ.

dubowska@ng-press.by

Фота Алега ІГНАТОВІЧА.

Эфектыўнасць пацверджана

У мінулую суботу прайшлі ўрачыстасці ў гонар пераможцаў рэспубліканскіх алімпіяд. Пераможцаў рэспубліканскай алімпіяды па інфарматыцы павіншаваў міністр адукацыі Сяргей Аляксандравіч Маскевіч.

Цырымонія ўшанавання адбылася на базе Гродзенскага абласнога прафесійна-тэхнічнага каледжа лёгкай прамысловасці, які стаў арганізатарам камфортнага побыту алімпіяднікаў. А святочны настрой падчас адкрыцця і закрыцця алімпіяды забяспечваў Гродзенскі дзяржаўны абласны Палац творчасці дзяцей і моладзі. І трэба адзначыць, што гэта ў іх атрымалася выдатна.

Уладальнік дыплома І ступені Канстанцін Вільчэўскі атрымаў віншаванні асабіста ад міністра адукацыі Сяргея Аляксандравіча Маскевіча.Безумоўна, трыумфальны настрой у першую чаргу быў у пераможцаў алімпіяды, уладальнікаў дыпломаў І ступені, бо свае дыпломы яны атрымалі з рук міністра адукацыі. Такіх шчасліўчыкаў было 11 чалавек. А Сяргей Аляксандравіч у сваю чаргу адзначыў, што ўдзельнікі заключнага этапу рэспубліканскай прадметнай алімпіяды прадэманстравалі сур’ёзны ўзровень падрыхтоўкі, у чым заслуга не толькі саміх алімпіяднікаў, але і навучальнай установы, якая стварае неабходныя ўмовы для раскрыцця і развіцця здольнасцей сваіх навучэнцаў.

“Удзел школьнікаў у прадметных алімпіядах рознага ўзроўню пацвярджае эфектыўнасць работы педагогаў-наватараў з адоранымі і таленавітымі навучэнцамі”, — прадоўжыў міністр. А затым заўважыў, што алімпіяда па інфарматыцы характарызуецца яшчэ і тым, што выяўляе школьнікаў, якія дэманструюць бліскучыя вынікі на міжнародным узроўні, як гэта было са знакамітым Генадзем Караткевічам.

“Некаторыя навучэнцы — удзельнікі міжнародных алімпіяд мінулага года — адзначылі вельмі сур’ёзны ўзровень алімпіядных заданняў. Яны лічаць, што заданні былі цікавейшымі і больш складанымі, чым на міжнародным узроўні”, — сказаў міністр і выказаў спадзяванне, што сярод сёлетніх пераможцаў ёсць тыя, хто гучна заявіць пра сябе на міжнароднай алімпіядзе.
Увогуле, як заўважыў С.А.Маскевіч, інфарматыка захоўвае свае лідарскія пазіцыі сярод захапленняў сучаснай моладзі. Прынамсі, не першы год выдатныя вынікі на міжнародных алімпіядах дэманструюць студэнты. Развіццё алімпіяднага руху ў галіне інфарматыкі актыўна падтрымлівае Парк высокіх тэхналогій, а ўстановы вышэйшай адукацыі ў сваю чаргу пашыраюць магчымасці студэнтаў па спецыяльнасцях, звязаных з праграмаваннем.

Традыцыйна на закрыцці алімпіяды ўручаецца прыз Міністэрства адукацыі сельскаму вучню, які прадэманстраваў найлепшыя вынікі. Сёлета на рэспубліканскай алімпіядзе па інфарматыцы былі толькі 4 сельскія навучэнцы, а лепшым аднадушна быў прызнаны ўладальнік дыплома І ступені (другое месца) выхаванец вучэбна-педагагічнага комплексу “Забалоцкі яслі-сад — сярэдняя школа” Канстанцін Вільчэўскі. Заслужаныя віншаванні Канстанцін прымаў асабіста ад міністра адукацыі Сяргея Аляксандравіча Маскевіча. Трэба адзначыць, што Косця ўжо тытулаваны ўдзельнік рэспубліканскай алімпіяды па інфарматыцы — стаў пераможцам трэці раз. Наперадзе юнака чакаюць падрыхтоўчыя зборы да міжнароднай алімпіяды.

Вольга БАРЫСЕВІЧ.

Фота Ганны РАМАНЧУК.

Першыя крокі да інклюзіі

Днямі ў Капыльскім раёне прайшло пасяджэнне калегіі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь “Аб рабоце ўстаноў спецыяльнай адукацыі ў сучасных умовах”. Удзельнікі калегіі на чале з міністрам адукацыі Сяргеем Аляксандравічам Маскевічам абмеркавалі асноўныя пытанні навучання і выхавання дзяцей з асаблівымі патрэбамі, наведалі раённыя ўстановы спецыяльнай адукацыі, узнялі шэраг праблем, у прыватнасці праблему развіцця ў нашай краіне інклюзіўнай адукацыі.

Дасягненні, праблемы, перспектывы

Адкрываючы пасяджэнне калегіі С.А.Маскевіч адзначыў, што пытанні, якія стаяць сёння перад сістэмай спецыяльнай адукацыі краіны, патрабуюць маштабнага асэнсавання і прыняцця сур’ёзных рашэнняў пры ўмове, што мы выбіраем вектар развіцця сістэмы ў адпаведнасці з вядучымі краінамі Еўропы. Пакуль наша краіна знаходзіцца на пачатковым этапе развіцця інклюзіўнай адукацыі: слова “інклюзія” для многіх незразумелае, грамадства яшчэ не гатова прыняць людзей з асаблівымі патрэбамі. Праблема заключаецца не толькі ў адсутнасці безбар’ернага асяроддзя на вуліцах і ва ўстановах, якія наведваюць людзі з асаблівасцямі ў развіцці. Міністр узгадаў мінулагодняе залічэнне абітурыента з асаблівасцямі ў развіцці ў Баранавіцкі дзяржаўны ўніверсітэт. Добра, што кіраўніцтва ўніверсітэта паспела адрэагаваць і дапамагчы маладому чалавеку стаць студэнтам (ён меў патрэбу ў дыстанцыйнай форме навучання). Кожны педагог павінен быць загадзя падрыхтаваны да сітуацыі і ведаць, як сябе паводзіць, калі побач з ім будзе чалавек з псіхафізічнымі асаблівасцямі. Трэба сур’ёзна падысці да вырашэння пытання аб інклюзіўнай адукацыі, зрабіць аб’ектыўную ацэнку таго, што адбываецца ў нашай сістэме з гэтых пазіцый, а таксама вызначыць кірункі нарматыўна-прававога характару і метадычныя аспекты інклюзіі, прыняць да ўвагі арганізацыйныя прапановы.

Падчас візіту міністра адукацыі С.А. Маскевіча ва ўстанову адукацыі "Санаторная яслі-сад г.Копыля".“Адносіны да людзей з асаблівасцямі развіцця, ступень іх удзелу ва ўсіх сферах жыцця вызначаюць узровень цывілізаванасці грамадства і ўзровень яго адукаванасці”, — падкрэсліла начальнік аддзела спецыяльнай адукацыі Міністэрства адукацыі Антаніна Міхайлаўна Змушко. — Асобы з абмежаванымі магчымасцямі складаюць значную частку нашага грамадства. Што тычыцца дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, то на 15 верасня 2012 года ў банку даных былі звесткі аб 131 717 дзецях (з іх 10 469 інваліды). Сярод іх 14 512 дзяцей вучацца і выхоўваюцца ва ўстановах спецыяльнай адукацыі, 40 017 асвойваюць адукацыйныя праграмы спецыяльнай адукацыі ва ўмовах адукацыйнай інтэграцыі, 77 188 дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця атрымліваюць карэкцыйна-педагагічную дапамогу ў пунктах карэкцыйна-педагагічнай дапамогі ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі і ўстановах дашкольнай адукацыі”. Якія станоўчыя тэндэнцыі і дасягненні характэрны сёння для сістэмы спецыяльнай адукацыі? Перш за ўсё адзначаецца павелічэнне працэнта ахопу дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця спецыяльнай адукацыяй і карэкцыйна-педагагічнай дапамогай (у 2000 годзе ён складаў 76,13%, у 2012 годзе — 97,65%). Адбываецца аптымізацыя сістэмы спецыяльнай адукацыі, ствараюцца ўмовы для навучання асоб з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця па месцы жыхарства, адпаведна скарачаецца колькасць устаноў спецыяльнай адукацыі (іх стала менш на 37% у параўнанні з 2000 годам). “Нягледзячы на заяўлены намі рух да інклюзіўнай адукацыі, — падкрэсліла А.М.Змушко, — установы спецыяльнай адукацыі маюць права на існаванне, бо гэта захоўвае для бацькоў магчымасць выбару формы атрымання адукацыі для дзяцей. Нават у Швецыі — калысцы інтэграцыі — не закрывалі школы для дзяцей з парушэннем слыху, зноў аднаўляюць работу школы для дзяцей з парушэннем зроку. Існуюць падобныя ўстановы і ў іншых краінах (у тым ліку школы для дзяцей з цяжкімі парушэннямі маўлення). У той жа час мы можам адмовіцца ад школ для дзяцей з цяжкасцямі ў навучанні. Іх навучэнцы пяройдуць ва ўстановы агульнай адукацыі па месцы жыхарства або ў спецыяльныя класы школ для дзяцей з ЦПМ. Думаю, што павінны застацца дапаможныя школы”. Адно з дасягненняў сістэмы спецыяльнай адукацыі — стварэнне ЦКРНіР. З іх адкрыццём значна знізілася колькасць сем’яў, якія пры нараджэнні дзіцяці-інваліда прымаюць рашэнне адмовіцца ад яго, адправіць у дом-інтэрнат. Дзякуючы рабоце ЦКРНіР, у сем’ях пераадольваецца “штамп няшчасця і бязвыхаднасці”, для бацькоў адкрываецца магчымасць рэалізацыі сябе ў прафесіі, яны працягваюць весці актыўную грамадскую дзейнасць. Цэнтры дапамагаюць выяўляць дзяцей, якія маюць патрэбу ў спецыяльнай адукацыі, у раннім узросце і своечасова аказваюць ім падтрымку. На сёння ў рэспубліцы працуюць 143 ЦКРНіР, у якіх вучацца і атрымліваюць карэкцыйна-педагагічную дапамогу 7792 дзіцяці з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця. Выпускнiкi спецыяльных школ часта працягваюць навучанне ва ўстановах сярэдняй спецыяльнай і вышэйшай адукацыі. З 2008 года з 54 выпускнікоў Шклоўскай спецыяльнай школы для дзяцей з парушэннем зроку ва ўстановы вышэйшай адукацыі паступілі 8 чалавек (15%) і ва ўстановы сярэдняй спецыяльнай адукацыі — 27 чалавек (50%). У дапаможных школах-інтэрнатах павялічваецца колькасць класаў сацыяльнай і прафесійнай падрыхтоўкі для асоб з інтэлектуальнай недастатковасцю, пашыраецца і пералік прафесій, якія можна атрымаць на базе гэтых устаноў. Практычна ва ўсіх такіх установах ствараюцца ўмовы для арганізацыі навучання і самастойнага пражывання выпускнікоў. Найбольш цікавы вопыт арганізацыі самастойнага пражывання склаўся ў дапаможных школах-інтэрнатах Мінскай і Брэсцкай абласцей. Напрыклад, у Капыльскай дапаможнай школе-інтэрнаце ідзе работа па аграсацыяпраекце, у межах якога рэалізуецца праграма “Самастойнае пражыванне”. Навучэнцы маюць магчымасць пражываць самастойна ў дамах, пабудаваных пры падтрымцы галандскага фонду “Дзіцячыя дамы Беларусі”, і пад кіраўніцтвам педагогаў асвойваць побытавыя навыкі, спасцігаць азы кулінарыі, сямейнай эканомікі, вучыцца самастойна арганізоўваць адпачынак.

Удзельнікаў калегіі сустракаюць навучэнцы Капыльскай дапаможнай школы-інтэрната.Навучэнцаў спецыяльных агульнаадукацыйных школ рыхтуюць да ўдзелу ў прадметных алімпіядах, і яны часта перамагаюць у іх. Так, навучэнцы Бабруйскай спецыяльнай школы для дзяцей з парушэннем слыху ў 2012 і 2013 гадах прынялі ўдзел у міжнароднай прадметнай анлайн-алімпіядзе “Крыніца ведаў” нароўні з навучэнцамі з 37 школ краін СНД. 9 навучэнцаў школы сталі прызёрамі алімпіяды і былі адзначаны дыпломамі I, II і III ступеней. На працягу трох апошніх гадоў навучэнцы Шклоўскай спецыяльнай школы для дзяцей з парушэннем зроку займаюць прызавыя месцы ў абласных прадметных алімпіядах па агульнаадукацыйных прадметах. У 2011/2012 навучальным годзе навучэнец 11 класа школы стаў пераможцам рэспубліканскай алімпіяды па гісторыі. У 2012/2013 годзе навучэнец 10 класа стаў уладальнікам дыплома III ступені ў трэцім этапе рэспубліканскай алімпіяды па прадмеце “Нямецкая мова”. У гэтым годзе ўпершыню навучэнцы з асаблівасцямі развіцця прымуць удзел у міжнароднай алімпіядзе “Інтэлектуальны марафон”, зборы па падрыхтоўцы да якой якраз цяпер праходзяць. “Невідушчы навучэнец Шклоўскай спецыяльнай агульнаадукацыйнай школы-інтэрната Кірыл Марозаў стаў пераможцам рэспубліканскай алімпіяды ў мінулым годзе, — адзначыла А.М.Змушко. — Такіх прыкладаў магло быць і больш, калі б пры правядзенні алімпіяд ствараліся спецыяльныя ўмовы для навучэнцаў з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця. Менавіта спецыяльныя ўмовы, а не прэферэнцыі. Але гаварыць аб тым, што гэтую праблему разумеюць на месцах, пакуль не прыходзіцца. Не адлюстравана неабходнасць уліку асаблівых адукацыйных патрэб і ў Інструкцыі аб парадку правядзення алімпіяд па вучэбных прадметах». Якія змяненні і дапаўненні ў Кодэкс аб адукацыі Рэспублікі Беларусь неабходна ўнесці? Перш за ўсё замацаваць магчымасць дзесяцігадовага навучання ў другім аддзяленні дапаможнай школы і ў ЦКРНіР. Неабходна нарматыўнае прававое замацаванне арганізацыі самастойнага пражывання навучэнцаў спецыяльных агульнаадукацыйных і дапаможных школ-інтэрнатаў. Важна пашырыць пералік структурных падраздзяленняў устаноў спецыяльнай адукацыі, у прыватнасці, вылучыць у рамках ЦКРНіР самастойнае структурнае падраздзяленне для ажыццяўлення дыягнастычнай дзейнасці. Неабходна ўзаконіць магчымасць бясплатнага пражывання дзяцей-інвалідаў разам з бацькамі ў інтэрнатах пры ЦКРНіР, а таксама вызначыць катэгорыі навучэнцаў з парушэннем слыху, для якіх адукацыйны працэс арганізуецца на жэставай мове. Трэба акрэсліць узроўні вывучэння замежнай мовы для асоб з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, а таксама замацаваць магчымасць правядзення вучэбных заняткаў з імі як у індывідуальным парадку дома, так і спалучэння індывідуальных заняткаў дома з заняткамі ва ўстанове адукацыі.

Прапановы практыкаў

“Практыка паказвае, што арганізацыя навучання дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця ва ўмовах адукацыйнай інтэграцыі больш эканамічная, чым ва ўмовах інтэрнатнай установы, — адзначыў дырэктар ЦКРНіР “Вясёлка” Лёзненскага раёна Пётр Сямёнавіч Даговіч. — Для таго каб працэсы адукацыйнай інтэграцыі не выклікалі негатыўнай рэакцыі ў бацькоў здаровых дзяцей і педагогаў, вельмі важна ажыццяўляць метадычнае суправаджэнне інтэграванага навучання, аказваць дапамогу настаўнікам і выхавальнікам у арганізацыі вучэбна-выхаваўчага працэсу, адукоўваць усіх, хто будзе мець дачыненне да асаблівых дзяцей. Таму ў цэнтрах карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі жыццёва неабходны настаўнік-метадыст”.

Падчас візіту міністра адукацыі С.А. Маскевіча ў Копыльскую дапаможную школу-інтэрнат.“Сёння важна перагледзець вучэбныя праграмы для класаў другога аддзялення, — заўважыла дырэктар дапаможнай школы Брэста Людміла Георгіеўна Дзенісевіч. — Для першага аддзялення вучэбная праграма дастаткова складаная, а для другога — занадта спрошчаная. Разам з тым ёсць пэўная колькасць навучэнцаў, якіх нельга аднесці ні да той, ні да другой катэгорыі, у сувязі з чым і патрабуецца ўскладненне праграм другога аддзялення. А для навучэнцаў з нізкім узроўнем развіцця неабходна распрацоўваць індывідуальныя вучэбныя праграмы, якія адпавядаюць іх магчымасцям. Трэба павялічыць колькасць гадзін для арганізацыі заняткаў па інтарэсах з навучэнцамі другога аддзялення”. Людміла Георгіеўна адзначыла таксама, што на працягу апошніх дзесяці гадоў мяняўся кантынгент навучэнцаў дапаможных школ, зараз у іх амаль адсутнічаюць дзеці з інтэлектуальнай недастатковасцю без ускладненняў, а гэта вядзе да таго, што многія навучэнцы пасля заканчэння школы не могуць быць працаўладкаваны па стане здароўя. У сувязі з гэтым важна перагледзець пералік прафесій, па якіх можна ажыццяўляць падрыхтоўку навучэнцаў, і пералік медыцынскіх паказчыкаў і проціпаказанняў да атрымання такой падрыхтоўкі. Патрабуецца перагледзець колькасць штатных адзінак намесніка дырэктара, сацыяльнага педагога і педагога-псіхолага, ініцыіраваць увядзенне штатнай адзінкі памочніка выхавальніка для класаў другога аддзялення і інш. (Справа ў тым, што катэгорыя дзяцей дапаможнай школы дастаткова складаная, сем’і навучэнцаў, як правіла, нядобранадзейныя.) Для якаснай работы рэсурснага цэнтра патрабуецца таксама ўвядзенне дадатковых штатных адзінак загадчыка рэсурснага цэнтра і інжынера-праграміста. “У 2005 годзе ў Мінскай вобласці былі закрыты школы для дзяцей з цяжкасцямі ў навучанні і было прынята рашэнне арганізаваць адукацыйны працэс для такой катэгорыі дзяцей на базе нашай установы адукацыі, — заўважыў дырэктар Вілейскай спецыяльнай школы-інтэрната для дзяцей з цяжкімі парушэннямі маўлення Уладзімір Уладзіміравіч Палубятка. — Наш педагагічны калектыў здольны арганізаваць карэкцыйную, у тым ліку лагапедычную дапамогу і для такіх дзяцей. Але, на жаль, у нарматыўных прававых дакументах такая магчымасць не прадугледжана, таму прапануем унесці ў Кодэкс Рэспублікі Беларусь аб адукацыі палажэнне аб адкрыцці ў школах для дзяцей з цяжкімі парушэннямі маўлення класаў для дзяцей з цяжкасцямі ў навучанні”. Яшчэ адна праблема, якую акрэсліў Уладзімір Уладзіміравіч, — педагогі Вілейскага цэнтра дадатковай адукацыі і цэнтра эстэтычнага выхавання актыўна працуюць з навучэнцамі школы-інтэрната, што дапамагае задавальняць індывідуальныя запыты дзяцей, развіваць іх здольнасці. Але часам у педагогаў дадатковай адукацыі ўзнікаюць праблемы пры рабоце з дзецьмі з асаблівасцямі, таму, лічыць У.У.Палубятка, неабходна пры павышэнні кваліфікацыі педагогаў дадатковай адукацыі ўключаць у праграмы іх навучання пытанні, якія непасрэдна тычацца работы з такімі дзецьмі. “Укладанне фінансаў у адукацыйны працэс дзяцей, якія не чуюць, эканамічна апраўдана, таму што ёсць рэальны вынік: да школьнага ўзросту змяншаецца колькасць дзяцей, якія маюць патрэбу ва ўстановах спецыяльнай адукацыі, — падкрэсліла ў сваім выступленні дырэктар Рэспубліканскага цэнтра для дзяцей дашкольнага ўзросту з парушэннем слыху Ларыса Якаўлеўна Гаўрыльцава. — Таму лічу першарадным набыццё для спецыяльных дашкольных устаноў апаратуры калектыўнага карыстання для работы з дзецьмі, у якіх у вялікай ступені страчаны слых. Неабходна таксама выпрацаваць сумесныя дзеянні з Міністэрствам аховы здароўя па пытаннях бінаўральнага слыхапратэзавання (на два вухі) дзяцей ранняга і дашкольнага ўзросту”. Падчас пасяджэння калегіі прагучала шмат прапаноў, якія знайшлі сваё адлюстраванне ў праекце рашэння калегіі.

Надзея ЦЕРАХАВА.

terekhova@ng-press.by.

Фота аўтара.

strong