Выхаванне не мае межаў

Алена Васільеўна Галаўнёва, намеснік начальніка ўпраўлення сацыяльнай, выхаваўчай і ідэалагічнай работы Міністэрства адукацыі, сёння прадстаўляе тыя змяненні і дапаўненні, якія былі ўнесены ў новую рэдакцыю Кодэкса аб адукацыі ў раздзеле, прысвечаным выхаваўчай рабоце.

— Згодна з прыняццем Канцэпцыі бесперапыннага выхавання дзяцей і навучэнскай моладзі да 2020 года, у новай рэдакцыі Кодэкса аб адукацыі ў артыкуле 18 удакладняюцца складнікі выхавання, даюцца азначэнні выхавання і замацоўваецца норма аб тым, што працэсам выхавання павінны займацца не толькі сацыяльныя педагогі, педагогі-псіхолагі, намеснікі дырэктараў па выхаваўчай рабоце, але і іншыя педагагічныя работнікі, якія працуюць на ўсіх ступенях выхавання, у прыватнасці класны кіраўнік, куратар вучэбнай групы. Акрамя гэтага, з мэтай рэалізацыі бесперапыннасці адукацыі і выхавання, забеспячэння сацыяльнай абароны навучэнцаў і выканання сацыяльных гарантый для кожнага з іх у новай рэдакцыі кодэкса ўпершыню прадугледжана норма, якая тычыцца тых, хто ўтрымліваецца пад вартай. У перыяд знаходжання навучэнца ва ўстановах сістэмы выканання пакаранняў будзе працягвацца адукацыйны і выхаваўчы працэс для такой катэгорыі навучэнцаў.

Новаўвядзенні прадугледжаны і ў сферы дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі. Сёння гэтая адукацыя вельмі запатрабавана сярод навучэнцаў, з кожным годам пашыраецца сетка ўстаноў, дзе рэалізоўваюцца праграмы дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі. З улікам яе высокай папулярнасці і для пашырэння магчымасці рэалізацыі здольнасцей нашых дзяцей з самага ранняга ўзросту ў кодэксе ўпершыню будзе замацавана норма аб тым, што праграмы дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі могуць рэалізоўвацца ва ўстановах дашкольнай адукацыі. Будзе таксама аптымізавана напаўняльнасць аб’яднанняў па інтарэсах ва ўстановах адукацыі.

Калі закранаць на заканадаўчым узроўні тэму аздараўлення дзяцей у перыяд канікулярнага часу, то ў кодэксе ўдакладняецца, што рэалізоўваць праграму выхавання дзяцей, якія маюць патрэбу ў аздараўленні, могуць і спецыяльныя ўстановы закрытага тыпу, якія функцыянуюць у сістэме адукацыі. Што тычыцца больш дакладных змяненняў, якія плануецца ўнесці ў кодэкс, то яны звязаны з прыняццем Закона аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у заканадаўчыя акты ў сувязі з прыняццем Дэкрэта № 6 “Аб неадкладных мерах па супрацьдзеянні незаконнаму абароту наркотыкаў”. У адпаведнасці з гэтым у новай рэдакцыі кодэкса ўносяцца змяненні ў тыя артыкулы, якія рэгулююць дзейнасць спецыяльных вучэбна-выхаваўчых і лячэбна-выхаваўчых устаноў. У лячэбна-выхаваўчых установах будуць знаходзіцца непаўналетнія, якія дапускаюць ужыванне алкагольных і слабаалкагольных напіткаў, наркатычных, псіхатропных рэчываў і іх аналагаў. Усе астатнія непаўналетнія, якія ўступілі ў канфлікт з законам і па прыгаворы суда прызнаны вінаватымі, але маюць патрэбу ў асаблівых умовах выхавання, будуць накіроўвацца ў вучэбна-выхаваўчую ўстанову.

Запісала Ала КЛЮЙКО.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.

Чацвёрты тэст і льготы для выпускнікоў педкласаў

Змены ў Правілах прыёму ва ўстановы вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі патлумачылі прадстаўнікі Міністэрства адукацыі і ўніверсітэтаў.

Сяргей Якавенка, адказны сакратар прыём­най камісіі БДПУ імя Максіма Танка: “На шэраг спецыяльнасцей могуць узнік­нуць конкурсы сярод выпускнікоў педагагічных класаў, медалістаў і пераможцаў алімпіяд, якія таксама маюць права на залічэнне без уступных экзаменаў. Перавагу атрымаюць абітурыенты з больш высокім сярэднім балам атэстата”.

Дзякуючы ўнесеным зменам, цяпер у абітурыентаў з’яўляецца магчымасць здачы цэнтралізаванага тэсціравання па чатырох вучэбных прадметах. Пры гэтым у прыёмную камісію, як і раней, будзе падавацца тры сертыфікаты ЦТ, якія адпавядаюць профілю выбранай спецыяльнасці.

“Права здаваць чацвёрты экзамен істотна пашырае свабоду дзеянняў абітурыентаў, — адзначыў адказны сакратар прыёмнай камісіі БДУ Вячаслаў Малафееў. — Асабліва гэта паўплывае на выбар тых спецыяльнасцей, якія знаходзяцца на стыку прадметных галін. Напрыклад, на геаграфічным факультэце БДУ ёсць дзве групы спецыяльнасцей: інжынерныя і геа­графічныя. Пры паступленні на інжынерныя спецыяльнасці трэба здаваць матэматыку і фізіку, а пры паступленні на геа­графічныя — матэматыку і геа­графію. У 2016 годзе абітурыентам яшчэ на этапе рэгістрацыі на ЦТ даводзілася пры­маць канчатковае рашэнне наконт профілю. А цяпер пры наяўнасці чатырох сертыфікатаў (па мове, матэматыцы, фізіцы і геаграфіі) яны змогуць прааналізаваць свае магчымасці і вызначыцца са спецыяльнасцю ўжо на этапе падачы дакументаў. Падобная сітуацыя і на хімічным факультэце БДУ, дзе на адну групу спецыяльнасцей трэба здаваць хімію і матэматыку, а на другую — хімію і біялогію. Цяпер пры наяўнасці чатырох сертыфікатаў абітурыенты змогуць выбіраць любыя спецыяльнасці хімічнага факультэта, што вельмі зручна.

Правіламі прыёму ў рэдакцыі 2017 года тэрмін дзеяння сертыфікатаў цэнтралізаванага тэсціравання павялічваецца да двух гадоў. Гэта значыць, што абітурыенты, якія сёлета бу­дуць здаваць ЦТ, але па нейкіх прычынах не паступяць ва ўстановы адукацыі, змогуць скарыстацца імі праз год.

Карына Гаркуша, дэкан факультэта электрыфікацыі БДАТУ: “Пры паступленні на сельскагаспадарчыя спецыяльнасці абітурыенты вызваляюцца ад неабходнасці зда­ваць экзамены па рускай ці беларускай мове, абавязковымі з’яўляюцца толькі два профільныя экза­мены”.

Яшчэ адно новаўвядзенне — арганізацыя трох рэзервовых дзён для правядзення цэнтралізаванага тэсціравання (раней быў адзін дзень). Гэтая норма істотна павялічвае шансы рэалізаваць сваё права на паступленне тых абітурыентаў, якія трапілі ў складаныя жыццёвыя сітуацыі і прапусцілі тэсты, што праводзіліся ў асноўныя дні.

У адпаведнасці з дакументам, уво­дзіцца льгота для выпускнікоў педагагічных класаў пры паступленні на педагагічныя спецыяльнасці. Цяпер іх залічэнне на дзённую бюджэтную форму вышэйшай педагагічнай адукацыі бу­дзе адбывацца па выніках субяседавання. Пры гэтым тэрмін іх работы па размеркаванні складзе не менш за 5 гадоў.

Як паведаміў першы намеснік міністра адукацыі Вадзім Богуш, каб прэтэндаваць на залічэнне без уступных экзаменаў, выпускнікі педагагічных класаў павінны засвоіць адпаведную праграму, мець ацэнкі па профільных прадметах не ніжэйшыя за 8 і не ніжэйшыя за 7 — па ўсіх астатніх прадметах. Акрамя таго, выпускнікі павінны мець рэкамендацыю педагагічнага савета ўстановы адукацыі.

Вядома, што медалісты, выпускнікі каледжаў, якія маюць дыплом з адзнакай, і пераможцы алімпіяд таксама маюць права залічвацца на педагагічныя спецыяльнасці без уступных экзаменаў. Вадзім Богуш паведаміў, што пералік спецыяльнасцей для іх бу­дзе карэкціравацца.

“Педагагічныя класы дзейнічаюць ва ўсіх рэгіёнах краіны, і сёлета выпуск ажыццяўляюць 102 такія класы — больш як паўтары тысячы адзінаццацікласнікаў, — паведаміў адказны сакратар прыёмнай камісіі БДПУ імя Максіма Танка Сяргей Якавенка. — Натуральна, на шэраг спецыяльнасцей могуць узнікнуць конкурсы сярод выпускнікоў педагагічных класаў, медалістаў і пераможцаў алімпіяд. Таму мы літаральна з сённяшняга дня пачынаем тлумачальную работу на месцах. Справа ў тым, што, акрамя БДПУ імя Максіма Танка, педагагічны профіль ёсць яшчэ ў дзесяці беларускіх універсітэтах, куды таксама можна паступаць”.

Вячаслаў Малафееў, адказны сакратар прыёмнай камісіі БДУ: “Мы прагназуем, што прахадныя балы на шэраг спецыяльнасцей могуць нязначна вырасці. Сёлета крыху павялічыцца колькасць выпускнікоў 11-х класаў, а кантрольныя лічбы прыёму, верагодна, будуць карэкцірацца ў бок зніжэння. Гаворка не ідзе пра спецыяльнасці, дзе прахадныя балы ўжо гранічна высокія, але там, дзе прахадныя балы былі на ўзроўні 200—250, мы, хутчэй за ўсё, убачым рост”.

“Наша задача зараз — давесці да ўсіх, што пасля залічэння выпускнікоў педкласаў на агульны конкурс па педагагічных спецыяльнасцях застанецца менш месцаў, — заўважыў адказны сакратар прыёмнай камісіі БДУ Вячаслаў Малафееў. — Ужо ў 2016 годзе ў БДУ на педагагічныя спецыяльнасці прыйшло ў 4 разы больш медалістаў, чым у 2015-м. І ў апошні дзень прыёму дакументаў у нас была вельмі напружаная сітуацыя: калі б прынеслі дакументы яшчэ 1—2 медалісты, прыйшлося б праводзіць конкурс паміж імі, а на агульны конкурс месцаў увогуле не засталося б. Аднак цяпер такая сітуацыя цалкам магчыма, таму выпускнікам педагагічных класаў, медалістам, алімпіяднікам не варта прахалоджвацца, а лепш падстрахавацца і здаць цэнтралізаванае тэсціраванне. Асабліва гэта тычыцца паступлення на папулярныя педагагічныя спецыяльнасці, напрыклад, на замежныя мовы, дзе сярод уладальнікаў ільгот магчымы конкурс”.

Указам прэзідэнта створаны роўныя ўмовы конкурсу пры паступленнi на сельскагаспадарчыя спецыяльнасці ва ўсе ўстановы вышэйшай адукацыі.

“Змяненні ў Правілах прыёму, якія тычацца залічэння на сельскагаспадарчыя спецыяльнасці, даюць нашым абітурыентам усіх форм падрыхтоўкі магчы­масць самім выбіраць форму здачы ўступных выпрабаванняў: цэнтралізаванае тэсціраванне або ўнутраныя экзамены ва ўніверсітэце. Мы спадзяёмся, што такі выбар прыцягне да нас яшчэ больш моладзі”, — адзначыла дэкан факультэта электрыфікацыі БДАТУ Карына Гаркуша.

Нагадаем, што раней падобная норма дзейнічала толькі ў дачыненні да паступаючых у сельскагаспадарчыя ўста­новы вышэйшай адукацыі на завочную форму. Цяпер абітурыенты бу­дуць самі выра­шаць, прадастаўляць ім у прыёмную камісію сертыфікаты ЦТ або здаваць уступныя экзамены.

“Акрамя таго, згодна з новай рэдак­цыяй Правіл прыёму, цяпер пры паступленні на сельскагаспадарчыя спецыяльнасці абітурыенты вызваляюцца ад неабходнасці зда­ваць экзамены па рускай ці беларускай мове, абавязковымі з’яўляюцца толькі два профільныя экзамены — і гэта таксама пашырае нашы магчымасці, — заўважыла Карына Гаркуша. — Безумоўна, спецыяліст з вышэйшай адукацыяй павінен быць пісьменным. Але, па Правілах прыёму ў рэдакцыі 2014 года, мы ўжо праводзілі прыём абітурыентаў на скарочаны тэрмін навучання па двух профільных прадметах, і нельга сказаць, што з іх выйшлі слабыя, непісьменныя студэнты. Сёння сельская гаспадарка — гэта высокатэхналагічная галіна, а прадукцыя перапрацоўкі сельскай гаспадаркі стала экспартаўтваральнай у нашай краіне. Любая перапрацоўчая вытворчасць — гэта высокія тэхналогіі, таму пры прыёме на сельскагаспадарчыя спецыяльнасці ўхіл робіцца менавіта на профільныя прадметы”.

Для паступаючых ва ўстановы вышэйшай адукацыі на скарочаны тэрмін прадугле­джаны два ўступныя іспыты па дысцыплінах вучэбнага плана сярэдняй спецыяльнай адукацыі. Нагадаем: раней ім трэба было здаваць цэнтралізаванае тэсціраванне па беларускай (рускай) мове, цяпер гэтае патрабаванне адсутнічае.

Што да паступлення на ўзровень сярэдняй спецыяльнай адукацыі, то, як паведаміў начальнік упраўлення прафесійнай адукацыі Міністэрства адукацыі Аляксандр Лашук, Правілы прыёму змяніліся нязначна. У прыватнасці, спрошчаны пэўныя ўмовы для выпускнікоў 9-х і 11-х класаў. Раней ім трэба было мець у атэстаце мінімум 4 балы па беларускай (рускай) мове і профільным прадмеце, зараз абмежаванне ў дачыненні да мовы знята. Нова­ўвядзенне распаўсю­джваецца на выпускнікоў 9-х класаў, якія паступаюць на спецыяльнасці, дзе конкурс летась быў 3 і менш чалавек на месца, а таксама на адзінаццацікласнікаў пры паступленнi на спецыяльнасцi, дзе конкурс быў 1,5 і менш чалавек на месца. Гэта дазволіць пашырыць кола абітурыентаў, якія жадаюць ўдзельнічаць у конкурсе на атрыманне сярэдняй спецыяльнай адукацыі.

Яшчэ адно новаўвядзенне тычыцца выпускнікоў 11-х класаў, якія не прайшлі па конкурсе ў бягучым годзе: яны атрымаюць магчымасць быць залічанымі на вакантныя месцы ў групы, набраныя год назад, на базе 9-х класаў.

Галіна СІДАРОВІЧ.
Фота БелТА.

Наладзіць эфектыўны кантакт з заказчыкамі кадраў

Сяргей Антонавіч КАСПЯРОВІЧ, начальнік упраўлення вышэйшай адукацыі Міністэрства адукацыі, прадстаўляе новаўвядзенні, якія плануецца ўнесці ў прысвечаны вышэйшай школе раздзел новай рэдакцыі Кодэкса аб адукацыі.

— Пры ўнясенні змяненняў і дапаўненняў у раздзел новай рэдакцыі кодэкса, які тычыцца вышэйшай школы, асноўны акцэнт быў зроблены на захаванні і выкананні нацыянальных інтарэсаў, пераемнасці адукацыі, назапашванні нашага лепшага вопыту, які быў напрацаваны ў мінулыя гады. Улічваліся таксама сусветныя напрацоўкі і еўрапейскія падыходы. У выніку кодэкс у частцы вышэйшай адукацыі спазнаў з нашага пункту погляду тыя змяненні, якія маюць дастаткова прынцыповы характар і звязаны з неабходнасцю істотна павысіць якасць падрыхтоўкі спецыялістаў з вышэйшай адукацыяй. У іх ліку знаходзяцца сістэмныя змяненні, напрыклад, прывядзенне ўсіх вышэйшых навучальных устаноў да трох асноўных відаў, згодна з чым у нас будуць функцыянаваць універсітэт, інстытут і акадэмія. Зменяцца і статусы УВА. Цяпер некаторыя з іх будуць мець статус нацыянальных, іншыя будуць лічыцца вядучымі, астатнія застануцца звычайнымі навучальнымі ўстановамі вышэйшай адукацыі.

Мы звярнулі сур’ёзную ўвагу і на пералік адукацыйных праграм, якія будуць рэалізоўвацца на вышэйшым узроўні. Так, у прыватнасці, адукацыйная праграма першай ступені, эквівалентная бакалаўрыяту, прызначана для атрымання агульнай вышэйшай адукацыі з тэрмінам навучання ад 4 да 4,5 года.

Другі ўзровень — магістратура — паглыбленая вышэйшая адукацыя — прадугледжвае навучанне тэрмінам ад года да двух. Таксама будуць выкарыстоўвацца бесперапынныя адукацыйныя праграмы. Гэты ўзровень прадугледжвае навучанне па спецыяльнасцях, напрыклад, медыцынскага профілю, складаных тэхнічных спецыяльнасцях. Такія адукацыйныя праграмы не дзеляцца на два ўзроўні і маюць тэрмін навучання ад 5 і 6 гадоў. Акрамя таго (і тут у нас ёсць добры вопыт), плануецца і ў далейшым рэалізацыя інтэграваных з сярэдняй спецыяльнай адукацыяй праграм вышэйшай адукацыі ў скарочаны тэрмін, які складае 3 гады. Практыка паказала эфектыўнасць гэтага кірунку, асабліва ў завочнай форме. Яго рэалізоўваюць амаль усе нашы УВА.

Асаблівай увагі заслугоўвае развіццё дыстанцыйнага навучання, якое не суадносіцца з завочнай формай навучання, а вынесена ў асобны разрад. Тут выкарыстоўваюцца зусім іншыя тэхналогіі, падыходы і рэсурсы. Дыстанцыйнае навучанне можна супаставіць хутчэй з вячэрняй формай навучання.

У лік прыярытэтных напрамкаў будзе ўваходзіць і сеткавае навучанне, рэалізацыя якога дазваляе ўніверсітэтам аб’ядноўваць свае рэсурсы ў падрыхтоўцы кадраў па той ці іншай спецыяльнасці, тым самым дасягаць большага эфекту ў навучанні і эканоміць фінансавыя сродкі. Такія аб’яднанні могуць быць як з беларускімі ўніверсітэтамі, так і з установамі вышэйшай адукацыі іншых краін, у першую чаргу краін Садружнасці. І такія прыклады ўжо ёсць.

Хацелася б адзначыць і тое, што адначасова з новай рэдакцыяй кодэкса фактычна ўжо завершана распрацоўка новага Агульнадзяржаўнага класіфікатара спецыяльнасцей і кваліфікацый. Гэта вельмі важны сістэмны дакумент, які вызначае пералік спецыяльнасцей прафесійнай адукацыі ўсіх узроўняў, у тым ліку вышэйшага. У новым класіфікатары будуць рэалізаваны зусім новыя падыходы, якія істотна адрозніваюцца ад папярэдніх. Так, у прыватнасці, спецыяльнасці будуць гарманізаваны з відамі эканамічнай дзейнасці, якія афіцыйна зацверджаны ў нашай краіне, а таксама згодна з Міжнароднай стандартнай кваліфікацыяй адукацыі. Гэта дазволіць дасягнуць больш высокага ўзроўню адпаведнасці патрэб рынку працы з пералікам спецыяльнасцей, якія запраектаваны, а таксама ўзгадніць нашы падыходы з сусветнымі і еўрапейскімі тэндэнцыямі. Важнай асаблівасцю новага класіфікатара з’яўляецца тое, што будуць цалкам выключаны раней існуючыя спецыялізацыі, а таксама напрамкі спецыяльнасцей. Цяпер, згодна з новым класіфікатарам, будзе існаваць адна базавая класіфікацыйная адзінка — спецыяльнасць. Прадугледжваецца, што ўніверсітэты, ажыццяўляючы падрыхтоўку па той ці іншай спецыяльнасці, могуць фарміраваць сваю прафілізацыю з улікам патрэб рынку працы, попыту моладзі і тых рэсурсаў, якія ў іх ёсць, у памеры да 50—60 працэнтаў вучэбнага часу ў бакалаўрыяце і да 70 працэнтаў вучэбнага часу ў магістратуры. У рамках гэтага рэсурсу часу ўніверсітэт сам напаўняе прафілізацыю з улікам патрэб заказчыкаў кадраў, узгадняючы з імі той ці іншы кірунак. Асабліва цікавай і перспектыўнай бачыцца рэалізацыя прафілізацыі ўнутры спецыяльнасці ў рэгіянальных УВА.

Хацелася б закрануць і пытанні, звязаныя з фарміраваннем зместу адукацыі, аб чым я ўжо сказаў раней. Замест тыпавой вучэбна-праграмнай дакументацыі прадугледжваюцца прыкладныя вучэбныя планы, у рамках якіх ва ўніверсітэтах з’явіцца значна больш свабоды адносна фарміравання зместу адукацыі. Узгадняючы з заказчыкамі кадраў напаўненне рэальнага вучэбнага плана на аснове прыкладнага, мы бачым новыя магчымасці для больш эфектыўнай і якаснай падрыхтоўкі спецыялістаў і больш поўнай рэалізацыі попыту работадаўцаў. Сёння на ўзроўні нашага міністэрства адной з найважнейшых сваіх задач мы бачым наладжванне эфектыўнага кантакту з заказчыкамі кадраў, што дазволіць сфарміраваць такую траекторыю навучання, якая магла б у найбольшай ступені задаволіць попыт рынку працы ў высокакваліфікаваных спецыялістах.

Важным момантам можна лічыць і тое, што ў новай рэдакцыі кодэкса будуць прадугледжаны гарантыі працаўладкавання выпускнікоў, якія вучыліся ва УВА не толькі на бюджэтнай аснове, але і на платнай. Такія выпускнікі па сваім жаданні могуць атрымаць накіраванне на працу і будуць мець статус маладога спецыяліста.

Запісала Ала КЛЮЙКО.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.

Ты можаш больш, чым думаеш

Майстэрня сацыяльнага кіно пры падтрымцы праграмы малых грантаў Пасольства ЗША ў Беларусі і Міністэрства адукацыі рэалізавала крэатыўны праект па інклюзіўнай адукацыі “Новы погляд”. Гэтая ініцыятыва накіравана на фарміраванне станоўчых адносін моладзі да інклюзіі людзей з інваліднасцю, на ўключэнне іх у сумесную грамадскую дзейнасць.

Майстэрня сацыяльнага кіно — гэта некамерцыйная арганізацыя, створаная для таго, каб дапамагчы людзям сарыентавацца ў сферы кіно, рэкламы і анімацыі і з поспехам далучацца да яе. Праект “Новы погляд” стартаваў у 2015 годзе, а завяршыўся напрыканцы мінулага года. Ён уключаў правядзенне бясплатных сцэнарна-крэатыўных курсаў па рэкламнай дзейнасці (ТРВЗ), па стварэнні сцэнарыяў, курсаў Filmmaking (па рэжысуры і аператарскім майстэрстве), Post-production (па камп’ютарнай графіцы, мантажы, гукарэжысуры). Акрамя таго, удзельнікам праекта прапаноўваўся “Workshop: ствары сацыяльны ролік за 4 дні!” і курс па вывучэнні эвалюцыі кінастыляў XX стагоддзя. Прайшлі і круглыя сталы, прысвечаныя тэмам развіцця творчых здольнасцей людзей з інваліднасцю і іх працаўладкаванню ў медыясферу, абмяркоўваліся і пытанні інклюзіі ў медыяасяроддзі.

“Новы погляд” сабраў 85 зацікаўленых удзельнікаў — людзей рознага ўзросту, з інваліднасцю і без інваліднасці. Яны былі размеркаваны па інклюзіўных групах. На базе майстэрні сацыяльнага кіно з імі займаліся выкладчыкі ўстаноў вышэйшай адукацыі, тэарэтыкі і практыкі беларускага кіно і рэкламы. Сярод іх — сцэнарыст і рэжысёр Андрэй Курэйчык, рэжысёр, прадзюсар, заснавальнік Мінскай кінашколы-студыі Андрэй Палупанаў, рэкламіст і дызайнер Ян Карпаў, а таксама рэжысёр Станіслаў Турко, аператар Аляксандр Алейнікаў, гукарэжысёр Ганна Беларэцкая і інш.

Курс па тэорыі рашэння вынаходніцкіх задач, напрыклад, праводзіла Наталля Эдуардаўна Чыжэўская — выкладчык кафедры тэорыі і гісторыі дызайну акадэміі мастацтваў, педагог Цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі “Вікторыя”, кіраўнік школы мыслення АТММ-ТРВЗ. Мэта курса — азнаёміць слухачоў з асновамі моцнага мыслення, сфарміраваць у іх уменні і навыкі па граматным аналізе праблемнай сітуацыі і пошуку выйсця з яе. Такі падыход дапамог удзельнікам праекта знайсці цікавыя, крэатыўныя ідэі пры стварэнні сацыяльных ролікаў. Веды, атрыманыя імі пры азнаямленні з курсам, яны змогуць рэалізоўваць у сваёй прафесійнай дзейнасці і ў звычайным жыцці пры вырашэнні нестандартных задач.

Удзельнікі праекта вучыліся пісаць сцэнарыі, здымаць відэаролікі, манціраваць відэа і гук, прычым рэалізоўвалі рэкамендацыі выкладчыкаў адразу, на практыцы. У выніку такой дзейнасці было створана каля 20 сцэнарыяў, знята больш за 10 сацыяльных ролікаў. У іх ліку: “Ты можаш больш, чым думаеш”, “Нічога для нас без нас”, “Былы сябар”, “Перадай дабро іншаму”, “Выратаваныя зажыва” і інш. Здымкі сацыяльных ролікаў працягваюцца і зараз.

Дырэктар Майстэрні сацыяльнага кіно кіраўнік адукацыйнай праграмы праекта Андрэй Палупанаў адзначыў: “Задача перад удзельнікамі праекта была няпростая: ім трэба было асвоіць максімальную колькасць інструментаў для трансфармацыі крэатыўных ідэй у візуальны прадукт. Але яна вырашана. Нашым дарослым навучэнцам усё ўдавалася з лёгкасцю. Прыкладам гэтага служаць знятыя імі фільмы і ролікі”.

“З самага пачатку мы імкнуліся тэму інклюзіі разглядаць маштабна, — расказаў каардынатар праекта Канстанцін Варабей. — Размова аб безбар’ерным асяроддзі, напрыклад, вялася не толькі ў дачыненні да людзей з інваліднасцю, але і да людзей пажылога ўзросту, абмяркоўваліся і пытанні гендарнай роўнасці. Праект стаў цудоўным прыкладам нефармальнай адукацыі для дарослых. Адразу мы меркавалі, што ў ходзе яго рэалізацыі ў асноўным людзі з інваліднасцю будуць здымаць відэаролікі толькі пра сябе і свае праблемы. Але, як аказалася, яны цікавіліся самым шырокім спектрам тэм, дэманстравалі свой погляд, напрыклад, на ахову птушак, на бяспечнае кіраванне транспартам і парушэнне правіл дарожнага руху”.

У якасці сцэнарыста, рэжысёра, аператара і акцёра падчас праекта паспрабавала сябе Аляксандра Гароднікава — удзельніца чэмпіянату Беларусі і Кубка свету і кантынентаў па спартыўных танцах на калясках. У 2016 годзе Аляксандра не змагла паступіць у акадэмію мастацтваў на спецыяльнасць “Рэжысура кіно і тэлебачання” па прычыне медыцынскіх супрацьпаказанняў, што дзейнічаюць яшчэ з 2004 года. Але ў Майстэрні сацыяльнага кіно “Новы погляд” яна адчула сябе сапраўдным рэжысёрам. Дзяўчына марыць аб гэтай прафесіі і ў будучыні плануе набыць адпаведную адукацыю.

Адзін з самых яркіх удзельнікаў праекта Аляксандр Ергулевіч — магістр юрыдычных навук Расійскага дзяржаўнага сацыяльнага ўніверсітэта, дзе ён сёння працягвае вучыцца з мэтай стаць магістрам сацыяльнай псіхалогіі. Выбар яго невыпадковы. Аляксандр — чалавек з інваліднасцю, і ён стапрацэнтна ўпэўнены, што кожны юрыст павінен быць яшчэ і псіхолагам, асабліва тады, калі гэта тычыцца аказання юрыдычнай дапамогі людзям з абмежаваннямі. За час уд зелу ў праекце малады чалавек зняў тры ролікі: “Востраў даступнасці”, прысвечаны належнаму абсталяванню безбар’ернага асяроддзя Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, “Рэтракамп’ютар”, у якім заклікае нас не выкідваць старыя рэчы, напрыклад, камп’ютары, якія яшчэ працуюць і могуць камусьці паслужыць, і ролік “Творчыя майстэрні ў інтэрнаце” пра тое, наколькі важна людзям з інваліднасцю, пажылым людзям, якія пражываюць у інтэрнатах, знайсці для сябе карысныя заняткі па сваіх сілах і здольнасцях.

Надзея ЦЕРАХАВА.

Аптымізаваць сетку ўстаноў адукацыі і тэрміны навучання

Змяненні і дапаўненні, якія плануецца ўнесці ў новую рэдакцыю Кодэкса аб адукацыі ў частцы прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі прадстаўляе кансультант упраўлення прафесійнай адукацыі Міністэрства адукацыі Таццяна Рыгораўна Арцем’ева.

Пачынаючы з 2006 года ў сістэме прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі актыўна ідзе працэс аптымізацыі сеткі навучальных устаноў. Ён знайшоў адлюстраванне і ў праекце кодэкса. Згодна з новымі нормамі, будзе скарочаны пералік відаў устаноў прафесійнай адукацыі, і на кожным яе ўзроўні застанецца толькі адзін від навучальнай установы. Так, на ўзроўні прафесійна-тэхнічнай адукацыі будзе функцыянаваць толькі від установы — прафесійны ліцэй. Ён будзе рэалізоўваць адукацыйныя праграмы прафесійна-тэхнічнай адукацыі, якія забяспечваюць атрыманне прафесіі рабочага і атрыманне, альбо без атрымання агульнай сярэдняй адукацыі. На ўзроўні сярэдняй спецыяльнай адукацыі будзе дзейнічаць таксама адзін від навучальнай установы — каледж, які будзе рэалізоўваць усе вышэйназваныя праграмы прафесійнага ліцэя і адукацыйныя праграмы сярэдняй спецыяльнай адукацыі, у тым ліку і інтэграваныя.

Акрамя таго, плануецца аптымізаваць тэрміны атрымання прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі, што прывядзе да скарачэння тэрміну навучання на ўзроўні ПТА на аснове агульнай сярэдняй адукацыі і на аснове спецыяльнай адукацыі на паўгода. Калі сёння гэты тэрмін складае ад аднаго да двух гадоў, то згодна з новымі нормамі кодэкса, гэты тэрмін складзе ад паўгода да аднаго года. Таксама на паўгода будзе зменшаны тэрмін навучання на ўзроўні сярэдняй спецыяльнай адукацыі. Калі цяпер ніжняя мяжа ў тэрміне навучання на базе 9 класаў складае 3 гады, то па новых нормах, якія плануецца прыняць, тэрмін навучання будзе складаць 2 гады і 6 месяцаў. На аснове агульнай сярэдняй адукацыі новы тэрмін складзе ад 2 да 3 гадоў (існуючая норма — ад 2,5 да 4 гадоў). На аснове ПТА тэрмін атрымання сярэдняй спецыяльнай адукацыі застанецца без змяненняў. Такі падыход па аптымізацыі тэрмінаў навучання дазволіць у значнай меры сэканоміць бюджэтныя сродкі.

Яшчэ адным новаўвядзеннем, якое плануецца ўнесці ў новую рэдакцыю кодэкса, стане прадастаўленне магчымасці атрымання адукацыі ў дыстанцыйнай форме і рэалізацыі праграм сеткавага навучання. Дыстанцыйная форма навучання сёння вельмі запатрабавана як на міжнародным узроўні, так і ў нашай краіне. Дзякуючы сучасным тэхналогіям, дыстанцыйная форма навучання выйшла на такі ўзровень, што прыраўноўваць яе толькі да завочнай формы навучання ўжо нельга. У сувязі з гэтым мэтазгодна было ўнесці ў новую рэдакцыю кодэкса тыя нормы, якія прадугле­джваюць яе развіццё як самастойнай формы.

Акрамя таго, у мэтах забеспячэння даступнасці прафесійна-тэхнічнай адукацыі прадугледжана адмена дзеючай цяпер нормы па наяўнасці ўступнага іспыту па асобных спецыяльнасцях такіх профіляў адукацыі, як мастацтва і дызайн, архітэктура і будаўніцтва. Пры існуючай дэмаграфічнай сітуацыі мэтазгодна прадаставіць большы даступ нашых грамадзян для паступлення ва ўстановы прафесійна-тэхнічнай адукацыі, што і прапаноўваюць новыя нормы кодэкса.

Таксама ў новай рэдакцыі кодэкса на ўзроўнях прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі будуць уведзены такія паняцці, як прамежкавая і бягучая атэстацыя, якія будуць уніфікаваны для ўсіх узроўняў прафесійнай адукацыі, што дазволіць праводзіць атэстацыю навучэнцаў больш якасна і дасканала.

Хацелася б адзначыць яшчэ адзін важны момант праекта кодэкса. У мэтах сацыяльнай абароны выпуск­нікоў з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, выпускнікоў, якія з’яўляюцца дзецьмі-сіротамі, дзецьмі, якія засталіся без апекі бацькоў, што атрымалі прафесійна-тэхнічную і сярэднюю спецыяльную адукацыю, устанаўліваецца браніраванне рабочых месцаў для іх працаўладкавання, калі месца працы не можа быць прадастаўлена ў адпаведнасці з атрыманай спецыяльнасцю і прысвоенай кваліфікацыяй шляхам размеркавання ў сувязі з яго адсутнасцю. Пры гэтым прадугледж­ваецца ўнясенне адпаведных норм і ў заканадаўства аб занятасці насельніцтва. Важна адзначыць, што выпускнікі, якія будуць працаўладкоўвацца за кошт броні, не згубяць статус маладога спецыяліста, маладога рабочага. Увядзенне такой нормы дазволіць у большай меры сацыяльна абараніць  выпускнікоў устаноў прафесійнай адукацыі, якія не могуць на роўных умовах канкурыраваць на рынку працы.

Запісала Ала КЛЮЙКО.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.

Адукацыйнае партнёрства

На мінулым тыдні міністр адукацыі нашай краіны Ігар Карпенка сустракаўся з паслом Вялікабрытаніі Фіёнай Гіб. Сустрэча насіла рабочы характар і праходзіла ў Міністэрстве адукацыі.

Спадарыня Фіёна для абмеркавання прапанавала два пытанні. Найперш яна запрасіла міністра прыняць удзел у Міжнародным адукацыйным форуме, які мае адбыцца ў канцы студзеня ў Лондане. “Форум — гэта не толькі абмен адукацыйнымі дасягненнямі і абмеркаванне праблем і перспектыў у адукацыі. Гэта яшчэ і выдатная пляцоўка для ўсталявання новых кантактаў”, — адзначыла Фіёна Гіб.

Акрамя таго, у 2017 годзе будзе адзначацца 25-годдзе ўсталявання дыпламатычных адносін паміж Беларуссю і Вялікабрытаніяй, і пасол адзначыла, што рыхтуецца спецыяльная праграма, мэта якой — паказаць важнасць і значнасць гэтых адносін для абедзвюх краін.

Другім пытаннем візіту Фіёны Гіб стала папярэдняе абмеркаванне ўдзелу Вялікабрытаніі ў Міжнароднай кніжнай выставе-кірмашы, якая пройдзе ў Мінску ў пачатку лютага. Плануецца, што Англія стане ганаровым госцем на выставе, і спадарыня Фіёна падзялілася планамі пабудовы англійскага стэнда.

“У нас будзе вялікі стэнд, на якім мы хочам аддаць даніну англійскай мове і адукацыі. Плануецца, што падчас выставы пройдуць не толькі аўтограф-сесіі нашых літаратараў, але і майстар-класы англійскіх выкладчыкаў, топавых метадыстаў, якія раскажуць, як вучыць англійскай мове па-сучаснаму. Мы прадэманструем сучасную вучэбную літаратуру па англійскай мове, і, магчыма, яна зацікавіць вашых выкладчыкаў і педагогаў”, — расказала пасол.

Фіёна Гіб адзначыла, што 2017 год будзе асаблівым для Беларусі, бо мы будзем адзначаць 500-годдзе беларускага кнігадрукавання. У Лондане ёсць музей Францы­ска Скарыны, прадстаўнік якога таксама будзе на кніжнай выставе.

У адказ міністр адукацыі Ігар Карпенка найперш падзякаваў за запрашэнне на Міжнародны адукацыйны форум і адзначыў, што Міністэрства адукацыі падтрымлівае ідэю дэманстрацыі англамоўнай вучэбнай літаратуры на кніжнай выставе-кірмашы.

“Мы таксама пакажам свае падручнікі, якія ў нас прадстаўлены як у друкаваным, так і электронным выглядзе. Нашы аўтары імкнуцца, каб беларуская вучэбная літаратура адпавядала ўсім сучасным патрабаванням і была ў сусветным трэндзе.

Разам з тым нас цікавіць метадычная літаратура па англійскай мове, якую можна было б выкарыстоўваць як у школах, так і ва ўніверсітэтах. Акрамя таго, было б вельмі карысна, калі б англійскія выкладчыкі маглі прыязджаць да нас, каб вучыць нашых школьнікаў і студэнтаў.

Мы разгледзелі б і магчымасці стажыровак беларускай моладзі ў Англіі, і англійскай у нас, у Беларусі. Мы можам прапанаваць вывучэнне як рускай, так і беларускай мовы. Мы былі б рады больш цеснаму супрацоўніцтву з англійскімі ўніверсітэтамі”, — сказаў Ігар Васільевіч.

Міністр запрасіў пасла Вялікабрытаніі ў студзені разам наведаць лінгвістычны ўніверсітэт і пабываць у вучэбна-метадычным цэнтры па вывучэнні англійскай мовы. І падчас той сустрэчы абмеркаваць канчатковыя нюансы арганізацыі англійскага стэнда на міжнародным кніжным кірмашы.

Пасол Вялікабрытаніі адзначыла, што прапрацуе ўсе прапановы, якія агучыў міністр адукацыі, і ў пачатку новага года яны змогуць абмеркаваць узаемавыгадныя ўмовы іх рэалізацыі.

Напрыканцы сустрэчы Ігар Карпенка перадаў у лонданскі музей Францыска Скарыны кнігу “Шляхамі Францыска Скарыны”, а Фіёне Гіб падарыў кнігу пра Беларусь.

Вольга ДУБОЎСКАЯ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.

Урэгуляваць пытанне аказання платных паслуг

Сёння начальнік аддзела дашкольнай адукацыі Міністэрства адукацыі А.Л.Давідовіч расказвае аб магчымых змяненнях і дапаўненнях, якія закрануць раздзел Кодэкса аб адукацыі, прысвечаны дашкольнай адукацыі.

У час правядзення маніторынгу практыкапрымянення Кодэкса аб адукацыі ў галіновае міністэрства паступала шмат прапаноў як ад саміх устаноў дашкольнай адукацыі, так і ад кіруючых структур сістэмы адукацыі сталіцы і рэгіёнаў нашай краіны. Абагульніўшы ўсю інфармацыю, мы засяродзілі ўвагу на наступных новаўвядзеннях, якія мяркуецца ўнесці ў новую рэдакцыю кодэкса. У першую чаргу неабходна ўрэгуляваць пытанне аказання платных паслуг ва ўстановах дашкольнай адукацыі. Згодна з гэтым, на ўзроўні дашкольнай адукацыі прынята такая прапанова, каб даць права ўстановам дашкольнай адукацыі рэалізоўваць праграму дадатковай адукацыі дзяцей і мола­дзі. Такім чынам мы зможам арганізаваць ва ўстановах дашкольнай адукацыі розныя формы работы для развіцця здольнасцей дзяцей дашкольнага ўзросту ў адпаведнасці з умовамі канкрэтнай установы і запытамі бацькоў. Акрамя таго, мы прадастаўляем магчымасць атрымання дашкольнай адукацыі на платнай аснове ў дзяржаўных ­установах адукацыі па жаданні ­бацькоў.

Яшчэ адзін з кірункаў, які плануецца ўнесці ў кодэкс, звязаны з забеспячэннем даступнасці ўстаноў дашкольнай адукацыі. На жаль, сёння ў мікрараёнах-новабудоўлях ёсць праблема забяспечанасці месцамі ва ўстановах дашкольнай адукацыі, і таму ў новую рэдакцыю кодэкса прапаноўваецца ўнесці норму аб надзяленні паўнамоцтвамі мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў па змяненні норм напаўняльнасці ў дзіцячых садах пры наяўнасці аб’ектыўных абставін і станоўчага заключэння органаў і ўстаноў, якія ажыццяўляюць дзяржаўны санітарны нагляд. Такая прапанова была ўзгоднена з Міністэрствам аховы здароўя. Але я падкрэсліваю, што гэта магчыма толькі ў выключных выпадках у тых мікрараёнах, дзе ва ўстановах дашкольнай адукацыі існуе праблема з забеспячэннем месцамі.

Яшчэ адным кірункам, які прапаноўваецца ўнесці ў кодэкс, з’яўляецца падтрымка і развіццё прыватных устаноў дашкольнай адукацыі. Так, мяркуецца ўнесці прапанову аб фінансаванні часткі расходаў прыватных устаноў дашкольнай адукацыі за кошт сродкаў мясцовых бюджэтаў.

Запісала Ала КЛЮЙКО.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.

Насустрач кампетэнцыям ХХI стагоддзя

“Насустрач кампетэнцыям ХХI стагоддзя!” — пад такім дэвізам на мінулым тыдні на базе Акадэміі паслядыпломнай адукацыі праходзіў міжнародны навукова-практычны семінар “Выкарыстанне стратэгій актыўнага навучання для развіцця функцыянальнай дасведчанасці навучэнцаў”. Мерапрыемства прайшло пры садзейнічанні Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь і сакратарыята праграмы прафесійных абменаў і павышэння кваліфікацыі Савета Еўропы Pestalozzi.

Мэтамі семінара былі прасоўванне іміджу Рэспублікі Беларусь і нацыянальнай сістэмы адукацыі ў міжнародную адукацыйную прастору, пашырэнне супрацоўніцтва па еўрапейскіх праграмах у сферы дадатковай адукацыі дарослых, дэманстрацыя і распаўсюджванне эфектыўнага вопыту нацыянальнай сістэмы адукацыі.

У рабоце міжнароднага семінара прынялі ўдзел педагагічныя работнікі з 11 краін: Балгарыі, Венгрыі, Латвіі, Партугаліі, Польшчы, Румыніі, Сербіі, Славеніі, Турцыі, Францыі, Эстоніі, а таксама кіраўнікі і педагогі ўстаноў адукацыі Рэспублікі Беларусь.

Першы прарэктар Акадэміі паслядыпломнай адукацыі каардынатар праграмы павышэння кваліфікацыі і прафесійных абменаў Савета Еўропы Pestalozzi Людміла Георгіеўна Тарусава азнаёміла замежных гасцей з асаблівасцямі нацыянальнай сістэмы адукацыі.

У Мінскім абласным ліцэі ўдзельнікі семінара на практыцы азнаёміліся з вопытам метадычнага канструявання адкрытай адукацыйнай прасторы, арыентаванай на фарміраванне ключавых кампетэнцый навучэнцаў, перш за ўсё грамадзянскасці, адказнасці і здольнасці да паспяховай самарэалізацыі ва ўмовах зменлівага грамадства.

Як заўважыла намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Алена Пазнякова, адукацыйная прастора Мінскага абласнога ліцэя рэалізоўвае прынцыпы індывідуалізацыі (тэхналогію цьютарскага суправаджэння адоранасці), халістычнай адукацыі (паводле Джона Мілера), мабільнага навучання (сучасныя інфармацыйныя тэхналогіі), а таксама традыцыйныя формы і метады навучання.

У ліцэі даўно выкарыстоўваецца ідэя халістычнага мыслення, якое заснавана на ўменні і здольнасці бачыць сувязь розных прадметаў школьнага цыкла, а таксама з’яў жыцця, прыроды і культуры. Ліцэісты актыўна і паспяхова займаюцца навуковай і даследчай дзейнасцю, вынікі якой высока ацэньваюцца як на рэспубліканскім, так і на міжнародным узроўні. Напрыклад, даследчая работа-праект “Новы тып крыла” ў трактоўцы Increasing wing lift for safer landing прадстаўлялася на Intel ISEF у Пітсбургу (штат Пенсільванія, ЗША). У гэтым даследаванні свае ідэі рэалізоўвалі навучэнцы ліцэя Віктар Беляўцоў, Мікіта Сыраватнікаў і Алег Карабко.

“На пытанне “Што патрабуецца ад школы?” у дакладзе Сусветнага навуковага таварыства даецца адказ: “Развіты розум, імкненне вучыцца і здольнасць прымяняць веды на практыцы — вось ключ да нашай будучыні”. Разам з трыма асноўнымі кампетэнцыямі, якія павінна фарміраваць у вучняў сучасная школа, асабліва хочацца вылучыць здольнасць да самаадукацыі. Паспяховая яе выпрацоўка будзе немагчыма, калі ў дзіцяці адсутнічае вопыт вядзення навукова-даследчай работы”, — заўважыла Алена Уладзіміраўна Пазнякова.

Для таго каб удзельнікі семінара змаглі пагрузіцца ў вучэбны працэс ліцэя, яго настаўнікі падрыхтавалі цэлую галерэю адкрытых урокаў.

Над распрацоўкай інтэграванага ўрока біялогіі, фізікі і беларускай літаратуры “Амбівалентны характар балота: біялагічны, фізічны і літаратурны аспекты” працавалі Л.М.Кавалеўская, В.А.Званцова, В.Д.Скіба. Урок з’яўляецца рэалізацыяй халістычнай адукацыі на трансдысцыплінарным узроўні. Гэта значыць, настаўнік і вучні аб’ядноўваюцца вакол пэўнай грамадска значнай праблемы і разглядаюць яе ў фармаце 3D. У гэтым выпадку тэмай урока сталі балоты — нязменны складнік прыроднага ландшафту Беларусі, ці, як іх яшчэ называюць, лёгкія Еўропы.

Цікавым атрымаўся ўрок нямецкай мовы “Фальклорны вобраз ката ў дыялогу культур”. “Адным з важных напрамкаў работы на факультатыўных занятках па нямецкай мове з’яўляецца напісанне з навучэнцамі работ даследчага характару. Практычныя матэрыялы выкарыстоўваюцца ў далейшым на ўроках. Урок прысвечаны параўнальнаму аналізу канцэпта “кот — котка” на матэрыялах фальклорных твораў.

У сучасным свеце мы павінны імкнуцца разумець іншыя культуры. Менавіта фальклорныя творы змяшчаюць у сабе інфармацыю аб традыцыях, звычаях і асаблівасцях побыту любога народа”, — расказала пра свой урок А.І.Дубоўская.

Урок геаграфіі “Харчовая праблема” праводзіла Л.Г.Альгамец. “Сучаснае грамадства жыве ва ўмовах пастаянных змен каштоўнасцей і ідэалаў, неадназначнасці жыццёвага выбару. У сувязі з гэтым вялікае значэнне набывае мэтанакіраваная работа школы па фарміраванні ў падрастаючага пакалення цэласнага погляду на свет і месца чалавека ў гэтым свеце.

Прадстаўлены праграмны ўрок грунтуецца на інтэграцыі школьных дысцыплін, што дазваляе ўсебакова разгледзець аспекты харчовай праблемы, выкарыстоўваючы веды з англійскай мовы, матэматыкі, грамадазнаўства, біялогіі. На занятках кожны вучань быў уцягнуты ў актыўны пазнавальны працэс, які дапамагаў выразна ўсведамляць: думай глабальна, а дзейнічай лакальна”, — адзначыла Людміла Георгіеўна.

Урок беларускай літаратуры “Ці патрэбна нам “Мова”? Зрабі свой выбар” прадстаўляла Н.В.Лянкевіч. “Урок праводзіўся ў форме дзелавой гульні — прэзентацыі навуковага доследу “Прытчавасць рамана Віктара Марціновіча “Мова” (вопыт навуковага доследу)”. Гэты ўрок — імітацыя абароны дысертацыі. Літаратура апошніх дзесяцігоддзяў імкнецца да філасофскіх абагульненняў, да разумення быцця чалавека, што ў сваю чаргу прывяло да з’яўлення ў літаратуры такой з’явы, як прытчавасць. “Мова” — раман пра Беларусь без Беларусі. Народ, які страціць сваю мову, сваю культуру, асуджаны на выраджэнне. Гісторыя ведае шмат прыкладаў, калі на зямлі зніклі мовы, а ўслед за імі — іх носьбіты. Раман “Мова” — яркае таго пацвярджэнне. Гэта твор, які чарговы раз у іншасказальнай форме прымушае задумацца над глабальнымі праблемамі чалавецтва”, — пракаменціравала свой выбар настаўніца.

“Наш урок “Вывучэнне маральных каштоўнасцей на прыкладзе філасофскіх катэгорый свабоды і шчасця” праводзіўся зыходзячы з халістычнага прынцыпу навучання на аснове французскай мовы і грамадазнаўства ў 9, 10 і 11 класах. Навучэнцы паспрабавалі самастойна вызначыць паняцці “свабода” і “шчасце”, высветліць іх значэнне для сябе”, — адзначылі В.В.Шыманоўская і І.В.Нікіцінская.

* * *

На працягу двух дзён з удзельнікамі працавалі трэнеры. З беларускага боку ў іх ролі выступалі прафесар кафедры педагогікі і менеджменту адукацыі Мікалай Іванавіч Запрудскі і начальнік цэнтра прафесійнага развіцця і інавацыйнай адукацыі Акадэміі паслядыпломнай адукацыі Алена Уладзіміраўна Радзевіч, а таксама трэнер Савета Еўропы Баяна Галубовіч з Сербіі.

Трэнінг М.І.Запрудскага быў на тэму “Актыўная ацэнка як новая стратэгія навучання”. “Такая тэма была вызначана таму, што тэхналогія актыўнай ацэнкі мае вялікі патэнцыял фарміравання ў вучняў ведаў і прадметных уменняў, павышэння вучэбнай матывацыі і адказнасці за асабістае навучанне. Яна скіравана таксама на фарміраванне ў вучняў кампетэнцыі ХХІ стагоддзя, што адпавядае тэме семінара”, — патлумачыў Мікалай Іванавіч.

Ён таксама адзначыў, што гэтая тэхналогія блізкая да той, якая ў многіх краінах Еўропы вядома пад назвай Formative Assessment. У беларускім варыянце яна мае свае асаблівасці, таму на першых семінарах, якія ў 2009 годзе праводзілі ў Мінску педагогі з Польшчы, была прынята іншая назва — актыўная ацэнка (АА).

Паколькі АА мае сістэмны характар і за абмежаваны час немагчыма вывучыць усе метады і сродкі тэхналогіі, М.І.Запрудскі арганізаваў работу па двух істотных кампанентах: тэхніцы работы з мэтамі і рабоце настаўніка і вучняў з пытаннямі на ўроку.

На прыкладах было паказана, як беларускія настаўнікі фармулююць мэты пры падрыхтоўцы да ўрокаў:

• фактычна, настаўнік піша не мэту, а дэкларуе свае намеры, указваючы на тое, што сам збіраецца рабіць на ўроку;

• навучэнцы часта не ведаюць мэты, навошта яны сядзяць на ўроку, бо настаўнік не агучвае яе;

• у класе не параўноўваецца тое, чаму будзем вучыцца і чаму навучыліся.

Далей, па просьбе Мікалая Іванавіча, удзельнікі семінара расказалі, як арганізоўваецца работа з мэтамі ў іх школах. Працуючы ў групах па 4—5 чалавек, удзельнікі распрацавалі спісы правіл работы з мэтамі, прычым правілы павінны былі максімальна працаваць на фарміраванне кампетэнцый нашага стагоддзя. У канцы трэнер прапанаваў і пракаменціраваў свой спіс правіл, якія паспяхова выкарыстоўваюцца ў нашай краіне тымі настаўнікамі, якія валодаюць і прымяняюць АА.

Аналагічна ажыццяўлялася работа па такім кампаненце АА, як пастаноўка пытанняў. Групы ўдзельнікаў семінара распрацоўвалі адпаведныя правілы, якія потым прадстаўлялі і тлумачылі прысутным. “Калі настаўнік кіруецца гэтымі правіламі, то павышаецца актыўнасць дзяцей, развіваюцца іх камунікатыўныя здольнасці, крытычнасць і крэатыўнасць, адказнасць, уменні бачыць і фармуляваць праблемы. Актуальнасць гэтых кампетэнцый не выклікае сумненняў.

Такім чынам, і педагогі з Беларусі, і замежныя госці атрымалі новыя веды па АА, паглыбліся ў два істотныя кампаненты гэтай тэхналогіі, павысілі сваю педагагічную кампетэнтнасць, а таксама атрымалі адукацыйныя прадукты, якія, хочацца спадзявацца, будуць выкарыстоўвацца ў нашай краіне і за яе межамі”, — рэзюмаваў М.І.Запрудскі.

Алена Уладзіміраўна Радзевіч на сваім трэнінгу засяродзілася на развіцці крытычнага мыслення, якое беларускія педагогі даўно развіваюць у навучальных установах. Разам з удзельнікамі семінара яна шукала адказ на пытанне “Што такое крытычнае мысленне сёння?”.

“Іншым разам паводзіны вучняў прымушаюць задумацца над тым, што нешта мы робім не так. Напэўна, у сувязі з вялікім інфармацыйным цяжарам, які сёння адчувае кожны з нас, змяніліся падыходы да фарміравання крытычнага мыслення. Гэтае паняцце патрабуе пераасэнсавання. Спроба гэта зрабіць і лягла ў аснову майго трэнінгу”, — адзначыла Алена Уладзіміраўна.

А.У.Радзевіч разглядала стратэгіі развіцця крытычнага мыслення ў сучаснай школе, у прыватнасці такія метады, як “Мазгавы штурм”, “Актыўная ацэнка”, “Работа з візуальнымі выявамі”.

Баяна Галубовіч у сваім выступленні, прадстаўляючы праграму Савета Еўропы Pestalozzi, звярнула ўвагу на інструменты, якія яна выкарыстоўвае для павышэння кваліфікацыі і прафесійнай мабільнасці еўрапейскіх педагогаў. Затым Баяна правяла два трэнінгі. Адзін быў прысвечаны кампетэнцыі ХХІ стагоддзя — фарміраванню здольнасці вучыцца на працягу жыцця, а другі — прынцыпам і стратэгіі навучання на працягу жыцця. Абодва трэнінгі былі заснаваны на адчуваннях і пачуццях яго ўдзельнікаў і накіраваны на развіццё індывідуальнага светаадчування, развіццё творчых здольнасцей у групе. Жаданне вучыцца ўзнікае ў кожнага, і ажыццявіць яго можна ў мікра- ці макракалектыве. Галоўнае — мець матывацыю, якая грунтуецца на пачуццях “хачу” або “не буду”.

Вольга ДУБОЎСКАЯ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.

Якасць — у эфектыўнасці сумесных дзеянняў

На базе Акадэміі паслядыпломнай адукацыі прайшоў семінар, прысвечаны дзейнасці ўстаноў адукацыі ў 2016/2017 навучальным годзе ў разрэзе арганізацыйна-педагагічных і навукова-метадычных аспектаў. Семінар быў праведзены па выніках першай чвэрці, што дало магчымасць зрабіць прамежкавы кантроль і намеціць кірункі далейшага развіцця і ўдасканалення сістэмы.

У рабоце семінара ўзялі ўдзел прадстаўнікі Міністэрства адукацыі, кіраўнікі Акадэміі паслядыпломнай адукацыі, Нацыянальнага інстытута адукацыі, Рэспубліканскага інстытута кантролю ведаў, Дэпартамента кантролю якасці адукацыі Міністэрства адукацыі, начальнікі абласных упраўленняў адукацыі. Мерапрыемства прайшло пад старшынствам намесніка міністра адукацыі Раісы Станіславаўны Сідарэнка.

Як пасля адзначыла Раіса Станіславаўна, такая форма ўзаемадзеяння, нягледзячы на новы фармат, з’яўляецца плённай, бо дае магчымасць не толькі акрэсліваць праблемы, але і аператыўна прымаць неабходныя рашэнні. У сувязі з гэтым практыка правядзення падобных семінараў працягнецца і далей.

* * *

Начальнік упраўлення агульнай сярэдняй адукацыі Мінадукацыі Святлана Васільеўна Уклейка засяродзілася на праблемных момантах арганізацыі працэсу навучання ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі ў 2016/2017 навучальным годзе. Першым пытаннем стала забяспечанасць школьнікаў падручнікамі. Святлана Васільеўна адзначыла, што аналіз гэтага пытання на пачатак 2016/2017 навучальнага года паказаў, што па ўсіх пазіцыях тыраж падручнікаў перавышае кантынгент навучэнцаў. Гэта сведчыць аб наяўнасці ў цэлым у рэспубліцы і ў рэгіёнах дастатковай колькасці падручнікаў і магчымасці іх пераразмеркавання з улікам патрэб канкрэтных устаноў агульнай сярэдняй адукацыі.

Падчас першых месяцаў навучання ўзнікалі пытанні, якія тычацца арганізацыі бяспекі адукацыйнага працэсу, таму С.В.Уклейка нагадала, што ўсе адказы на такія пытанні выкладзены ў адпаведным Інструктыўна-метадычным пісьме Міністэрства адукацыі ад 23 жніўня 2016 года “Аб арганізацыі работы па прафілактыцы дзіцячага траўматызму падчас адукацыйнага працэсу ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі ў 2016/2017 навучальным годзе”. Задача органаў кіравання адукацыяй і адміністрацыі ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі — забяспечыць пастаянны кантроль за няўхільным выкананнем патрабаванняў усіх нарматыўных прававых актаў і інструктыўна-метадычных пісьмаў.

“Не спыняюцца шматлікія вусныя і пісьмовыя звароты па пытаннях збору грошай з бацькоў, — працягвала Святлана Васільеўна. — У 2015 годзе быў загад міністра адукацыі аб абавязковым размяшчэнні на галоўных старонках афіцыйных сайтаў органаў кіравання адукацыяй на ўсіх узроўнях, устаноў агульнай сярэдняй адукацыі інфармацыі аб дзейнасці папячыцельскіх саветаў. У жніўні быў праведзены аналіз усіх сайтаў аддзелаў адукацыі, спорту і турызму рай(гар)выканкамаў, у выніку чаго было выяўлена, што частка з іх загад не выканала.

Інфармацыя пра невыкананне загаду была ўключана ў аналітычныя запіскі аб стане развіцця рэгіянальных сістэм адукацыі да пачатку навучальнага года. У лістападзе 2016 года будзе праведзены аналіз сайтаў устаноў адукацыі па гэтым пытанні. Акрамя таго, Міністэрства адукацыі падрыхтавала праект пастановы аб унясенні змяненняў у палажэнні аб бацькоўскім і папячыцельскім камітэтах у частцы размежавання функцый названых органаў самакіравання.

Акрамя таго, у 2017 годзе запланавана вывучэнне дзейнасці органаў кіравання адукацыяй і кіраўніцтва ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі за станам і эфектыўнасцю ўнутранага кантролю ва ўстановах адукацыі з наступным разглядам вынікаў гэтага кантролю на пасяджэнні калегіі міністэрства”.

* * *

Дырэктар Нацыянальнага інстытута адукацыі Сяргей Аляксандравіч Важнік спыніўся на абнаўленні зместу агульнай сярэдняй адукацыі, якое рэалізоўвае прынцыпы дапрофільнай падрыхтоўкі і адноснай завершанасці зместу адукацыі на другой ступені і профільнага навучання на трэцяй ступені агульнай сярэдняй адукацыі ў кантэксце кампетэнтнаснага падыходу.

У цяперашні час абноўлены вучэбныя праграмы па ўсіх вучэбных прадметах з 1 па 11 клас. Яны прайшлі працэдуры экспертызы і шырокага грамадскага абмеркавання (на базе Акадэміі паслядыпломнай адукацыі, Мінскага гарадскога і абласнога інстытутаў развіцця адукацыі, БДПУ імя Максіма Танка, устаноў агульнай сярэдняй адукацыі, асобныя праграмы — у БДУ, Нацыянальнай акадэміі навук).

Сяргей Аляксандравіч пералічыў найбольш істотныя змены ў абноўленых вучэбных праграмах:

1. Узмоцнена практыкаарыентаванасць зместу адукацыі пры захаванні яго фундаментальнасці. У абноўленым змесце адукацыі закладваецца аснова для авалодання вучнямі практычнымі ўменнямі і навыкамі, спосабамі дзейнасці, гатоўнасцю прымяняць атрыманыя веды, сфарміраваныя ўменні і кампетэнцыі ў штодзённай практыцы, у розных жыццёвых сітуацыях. Гэта знаходзіць адлюстраванне як у адборы зместу адукацыі, так і ў прад’яўленні патрабаванняў да ведаў, уменняў, навыкаў, спосабаў дзейнасці, кампетэнцый.

2. Вучэбныя праграмы перагледжаны з пункту погляду пераемнасці і ўзмацнення міжпрадметных сувязей, што будзе спрыяць аблягчэнню засваення вучэбнага матэрыялу навучэнцамі, выключэнню дубліравання аднаго і таго ж вучэбнага матэрыялу ў вучэбных праграмах па сумежных прадметах, эканоміі вучэбнага часу на адпрацоўку практычных уменняў і навыкаў, спосабаў дзейнасці, кампетэнцый. У гэтых мэтах, напрыклад, вучэбныя праграмы па фізіцы праходзілі праз абмеркаванне на секцыі матэматыкі навукова-метадычнага савета, праграмы па матэматыцы абмяркоўваліся на секцыях фізікі, хіміі, інфарматыкі. Такое перакрыжаванае абмеркаванне адбылося па ўсіх вучэбных праграмах.

3. Сфарміраваны адносна завершаны змест вучэбных праграм 5—9 класаў, бо навучэнец, які скончыў 9 класаў, павінен асвоіць асноўны змест вучэбнага прадмета, неабходны яму для паспяховай сацыялізацыі і далейшага працягу адукацыі. Зроблена неабходнае пераразмеркаванне вучэбнага матэрыялу паміж другой і трэцяй ступенямі агульнай сярэдняй адукацыі.

4. У праграмах для 10—11 класаў змест адукацыі прадстаўлены на 2 узроўнях: базавым (абавязковы неабходны мінімум) і павышаным.

5. Аптымізаваны ўзровень даступнасці вучэбнага матэрыялу. Аб’ём вучэбнага матэрыялу прыведзены ў адпаведнасць з колькасцю гадзін, якія адводзяцца на яе вывучэнне, а таксама з узроставымі пазнавальнымі асаблівасцямі вучняў.

6. Паменшаны аб’ём тэарэтычнага матэрыялу, частка яго перанесена на практычны ўзровень засваення.

7. Выключана складаная тэрміналогія.

У 2016/2017 навучальным годзе ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі краіны выкарыстоўваюцца абноўленыя вучэбныя праграмы па ўсіх вучэбных прадметах для 1—2, 5—6, 10—11 класаў. Варта адзначыць, што ў 10—11 класах пакуль дзейнічаюць пераходныя вучэбныя праграмы базавага і павышанага ўзроўняў. Цалкам абноўлены цыкл вучэбных праграм з 1 па 11 клас будзе ўкаранёны да 2021/2022 навучальнага года.
Абноўленыя вучэбныя праграмы патрабуюць адпаведнай вучэбнай літаратуры. З 1 верасня 2015 года Нацыянальны інстытут адукацыі праводзіць конкурс на стварэнне вучэбных дапаможнікаў для ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі. Конкурс праводзіцца паэтапна. З 1 верасня 2015 года па 1 лістапада 2016 года быў праведзены конкурс на стварэнне 46 вучэбных дапаможнікаў для 1—3, 5—7 класаў. Па 18 вучэбных дапаможніках пераможцамі сталі новыя аўтарскія калектывы, па 18 — аўтарскія калектывы дзеючых вучэбных дапаможнікаў, па 10 — аўтарскія калектывы, у якіх аўтары дзеючых вучэбных дапаможнікаў аб’ядналіся з новымі аўтарамі.

У цяперашні час праводзіцца конкурс на стварэнне вучэбных дапаможнікаў для 4 і 8 класаў (гэта вучэбныя дапаможнікі, якія павінны быць выдадзены да 2018/2019 навучальнага года).

* * *

“У Рэспубліцы Беларусь набліжаецца да завяршэння пачатая ў канцы 2014 года акрэдытацыя ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі, — паведаміў дырэктар дэпартамента кантролю якасці адукацыі Міністэрства адукацыі Уладзімір Мацвеевіч Здановіч. — Нягледзячы на тое, што па Мінску яна яшчэ не завершана, ужо цяпер можна зрабіць выснову, што ў цэлым дзейнасць устаноў агульнай сярэдняй адукацыі адпавядае заканадаўству аб адукацыі, адукацыйным стандартам і вучэбна-праграмнай дакументацыі адукацыйных праграм”.

Разам з тым Уладзімір Мацвеевіч спыніўся на некаторых (выяўленых у ходзе акрэдытацыі) парушэннях, а таксама праблемных пытаннях. Найперш ён адзначыў, што школы ў асноўным забяспечаны кадрамі. Сістэмных прэтэнзій да работы настаўнікаў не выяўлена. У большасці школ працуюць адукаваныя старанныя педагогі, тыя, хто любіць дзяцей і свой прадмет. Павялічылася колькасць настаўнікаў з вышэйшай адукацыяй. Але патэнцыял для прафесійнага росту ёсць, таму ў кожнай школе павінны паклапаціцца пра рэалізацыю гэтага патэнцыялу.

У прыватнасці, як заўважыў У.М.Здановіч, не павiнна заставацца па-за ўвагай кантрольна-ацэначная дзейнасць настаўнікаў. “Асобныя з іх грашаць нізкім накапленнем ад знак. Асабліва гэта заўважна ў канцы чвэрці. Пры гэтым сцвярджаюць, што вядуць асобны сшытак, у які ставяць адзнакі амаль за кожны ўрок кожнаму вучню. Тлумачаць так: каб не псаваць журнал, а ў канцы чвэрці акуратна выставіць у яго адзнакі. Такія дзеянні з’яўляюцца грубым парушэннем правіл ацэньвання навучэнцаў і нават могуць быць аднесены да карупцыйных.

Шчыра адзначым, што мы яшчэ не сустрэлі школу, гімназію або ліцэй, у якіх не было б парушэнняў у вядзенні і афармленні дакументацыі. Навесці парадак у гэтым пытанні можна толькі шляхам вывучэння педагагічнымі работнікамі вядомай усім Інструкцыі па справаводстве, зацверджанай пастановай Міністэрства юстыцыі, а таксама пісьма Дзяржаўнага камітэта па стандартызацыі, метралогіі і сертыфікацыі “СТБ. Патрабаванні да афармлення дакументаў” і патрабавання безумоўнага іх выканання падначаленымі”, — адзначыў Уладзімір Мацвеевіч.

Акрамя таго, кіраўнікам устаноў адукацыі варта звярнуць асаблівую ўвагу настаўнікаў фізічнай культуры і здароўя на неабходнасць уліку рэкамендацый педыятра (урача агульнай практыкі) пры арганізацыі адукацыйнага працэсу.

Увага прысутных была засяроджана і на арганізацыі харчавання, якое ў большасці ўстаноў арганізавана на належным узроўні. Парушэнні звязаны пераважна са зносам кухоннага абсталявання ці незабеспячэннем ім, невыкананнем работнікамі харчаблокаў устаноўленых абавязкаў, патрабаваннямі асабістай гігіены і г.д. А вось з медыцынскім абслугоўваннем ёсць праблемы. “Усюды з боку органаў аховы здароўя на працягу школьнага дня яно з’яўляецца кароткачасовым, а ў суботні дзень адсутнічае наогул. Хоць, як вы ведаеце, менавіта гэты дзень павінен быць запоўнены мерапрыемствамі спартыўнай і працоўнай накіраванасці, якія з’яўляюцца найбольш траўманебяспечнымі. Гэта вельмі сур’ёзная праблема, вырашэнне якой патрабуе намаганняў усяго грамадства”, — зазначыў У.М.Здановіч.

* * *

Начальнік упраўлення маніторынгу якасці адукацыі Нацыянальнага інстытута адукацыі Алена Міхайлаўна Аўласцова падзялілася некаторымі вынікамі маніторынгу чытацкай пісьменнасці вучняў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі. Маніторынг праводзіцца 2 гады, у ім прымаюць удзел навучэнцы 5 і 8 класаў. У двух этапах даследавання прыняло ўдзел каля 9000 рэспандэнтаў (3478 навучэнцаў, 3349 бацькоў навучэнцаў і 2084 педагогаў).

Як заўважыла Алена Міхайлаўна, выбар класаў для даследавання невыпадковы. 5 класы — бо да моманту заканчэння пачатковай школы і пераходу ў базавую школу навучэнцы павінны авалодаць чытаннем да такой ступені, каб яно стала сродкам іх далейшага навучання, а 8 клас — бо яны павінны быць гатовы вучыцца ва ўмовах узрастання аб’ёму вучэбнай інфармацыі.

Аналіз вынікаў маніторынгу за 2 гады дазволіў вылучыць наступныя тэндэнцыі, характэрныя як для вучняў 5-х, так і 8-х класаў:

Навучэнцы больш паспяхова выконваюць заданні на праверку ўмення знаходзіць інфармацыю, зададзеную ў відавочным выглядзе, менш паспяхова — заданні на праверку ўмення інтэграваць і інтэрпрэтаваць інфармацыю тэксту; найбольш складанымі сталі заданні, якія правяраюць уменне аналізаваць і ацэньваць інфармацыю.

Большасць памылак навучэнцаў звязана з няўменнем уважліва (удумліва) чытаць тэкст і пастаянна звяртацца да яго ў пошуках адказу на пастаўленае пытанне; знаходзіць у тэксце адзінкі інфармацыі, аб’яднаныя агульнай тэмай; фармуляваць лагічныя высновы на аснове інфармацыі, прыведзенай у тэксце, набытых ведах і ўласным вопыце; вылучаць асноўную і другарадную інфармацыю.

З кантрольнай работай лепш справіліся навучэнцы з сем’яў, у якіх любяць чытаць як бацькі, так і дзеці. Пры гэтым варта адзначыць, што на паспяховае выкананне кантрольнай работы таксама аказалі ўплыў такія фактары, як актыўнае ўцягванне бацькоў у чытанне дзіцяці, падрыхтоўка бацькамі дзяцей да школы і наведванне дзецьмі ўстаноў дашкольнай адукацыі.

Аналіз вынікаў анкетавання педагогаў па пытанні арганізацыі навучання чытанню паказаў, што большасць з іх удзяляюць дастаткова ўвагі фарміраванню чытацкіх уменняў: актыўна выкарыстоўваюць розныя віды дзейнасці, адпрацоўваюць чытацкія ўменні вучняў на вучэбных занятках. Існуе думка, што якасць чытання вучняў залежыць ад колькасці гадзін, адведзеных на ўрокі чытання і літаратуры. Аднак варта адзначыць, што па выніках міжнародных даследаванняў якасці чытання не выяўлена строгай заканамернасці паміж колькасцю гадзін, адведзеных на навучанне чытанню, і вынікамі краін.

Так, у Злучаных Штатах Амерыкі на навучанне чытанню ў год адводзіцца 246 гадзін, на Тайвані — 65 гадзін, а вынікі навучэнцаў гэтых краін у даследаванні PIRLS-2011 прыкладна аднолькавыя (5 і 7 месца адпаведна з 49 краін, якія прымалі ўдзел у даследаванні). У Расіі на навучанне чытанню ў пачатковай школе адводзіцца 130 гадзін у год, па выніках міжнароднага даследавання PIRLS-2011 яна займае 2 месца. Гэта дазваляе зрабіць выснову, што важна не колькасць часу, адведзеная на навучанне чытанню, а эфектыўнасць яго выкарыстання.

Вольга ДУБОЎСКАЯ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.

Да Парыжа ўжо рукой падаць

Днямі Міністэрства адукацыі нашай краіны наведаў Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Французскай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь Дзідзье Канес, які сустрэўся з міністрам адукацыі М.А.Жураўковым. На сустрэчы прысутнічалі прадстаўнікі дэпартамента французскай мовы і адукацыі Міністэрства замежных спраў і міжнароднага развіцця Французскай Рэспублікі, франка-беларускага цэнтра еўрапейскіх даследаванняў. Міністэрства адукацыі нашай краіны прадстаўлялі супрацоўнікі ўпраўленняў міжнароднага супрацоўніцтва, агульнай сярэдняй адукацыі, вышэйшай адукацыі.

М.А.Жураўкоў у пачатку сустрэчы павіншаваў Дзідзье Канеса з прызначэннем на дыпламатычную пасаду ў якасці пасла Францыі ў Беларусі.

— Мы вельмі рады вас бачыць у нашым міністэрстве і спадзяёмся, што ваш візіт стане працягам шматгадовага і эфектыўнага супрацоўніцтва паміж нашымі краінамі, асабліва ў галіне адукацыі і культуры, — падкрэсліў Міхаіл Анатольевіч. — У нас з пасольствам Францыі заўсёды былі вельмі добрыя сяброўскія і дзелавыя стасункі, якія прынеслі плён абедзвюм краінам і нашым народам.

Міністр адукацыі нагадаў, што наша супрацоўніцтва ў сферы адукацыі з Францыяй ажыццяўляецца на аснове прамых дагавораў і дамоўленасцей паміж установамі адукацыі, навуковымі арганізацыямі дзвюх краін.

Так, у прыватнасці, установы вышэйшай адукацыі Беларусі сёння маюць звыш 25 прамых дагавораў аб супрацоўніцтве з вышэйшымі навучальнымі ўстановамі Францыі. Найбольш актыўна працуюць у гэтым напрамку БДУ, БДУІР, БДТУ, БДЭУ, шэраг рэгіянальных універсітэтаў.

Згодна з дамоўленасцямі, рэалізуюцца навукова-даследчыя праекты, праводзіцца абмен выкладчыкамі і навуковымі супрацоўнікамі, аспірантамі і студэнтамі.

— У нас склаліся вельмі цёплыя адносіны з выкладчыцкім складам універсітэтаў, са студэнцкай супольнасцю Францыі, і наша супрацоўніцтва па абмене студэнтамі і выкладчыкамі працягваецца ўжо шмат гадоў, — адзначыў Міхаіл Анатольевіч. — Вось і на нядаўняй міжнароднай канферэнцыі па ІТ-сферы, якая праходзіла ў БДУ, я сустракаўся са сваімі калегамі-прафесарамі з Францыі. На маю кафедру ў БДУ таксама штогод прыязджалі студэнты з Францыі, якія праходзілі стажыроўку на працягу месяца. У сваю чаргу нашы студэнты, выкладчыкі, навуковыя супрацоўнікі праходзяць стажыроўку, павышэнне кваліфікацыі ў навуковых цэнтрах і ва ўніверсітэтах Францыі. Хачу згадаць цэнтр ядзерных даследаванняў як найбольш яскравы прыклад таго, як нашы студэнты і выкладчыкі праходзяць курсавую падрыхтоўку і займаюцца даследчай дзейнасцю па ядзернай энергетыцы. Я таксама прымаю ў гэтым удзел. Дарэчы, мая былая аспірантка цяпер узначальвае адзін з дэпартаментаў у навуковым цэнтры горада Тулузы.

М.А.Жураўкоў адзначыў і кантакты паміж краінамі ў сферы школьнай адукацыі, непасрэдна паміж навучальнымі ўстановамі, педагогамі і школьнікамі. У мінулым навучальным годзе французскую мову як вучэбны прадмет вывучалі больш за 22 тысячы школьнікаў. На факультатыўных занятках яе сёння вывучаюць 654 вучні. У Беларусі ёсць некалькі вядомых гімназій, якія маюць добрую гісторыю вывучэння французскай мовы, і для многіх выпускнікоў гэта становіцца прафесіяй. Аднак у апошнія гады адзначаецца зніжэнне колькасці школьнікаў, якія выбралі для вывучэння гэтую мову. Па словах міністра адукацыі, трэба адрадзіць інтарэс нашых дзяцей да французскай мовы. Лепшым пасылам для гэтага павінна стаць станоўчая дынаміка ў культурных і адукацыйных адносінах дзвюх краін. Гэта дазволіла б больш эфектыўна развіваць супрацоўніцтва ў сферы агульнай сярэдняй адукацыі, ажыццяўляць абмен школьнікамі. Такое, як кажуць, жывое знаёмства нашых вучняў з гісторыяй, культурай, адукацыяй Францыі стала б своеасаблівай прафесійнай арыентацыяй на вывучэнне французскай мовы.

Міхаіл Жураўкоў паведаміў, што ў наступным навучальным годзе плануецца правесці эксперымент у некалькіх школах, дзе ў профільных філалагічных класах будуць вывучацца дзве замежныя мовы, у тым ліку і французская. Прыцягваць да вывучэння замежнай мовы, а таксама французскай, трэба з дашкольнага ўзросту, заявіў міністр. З гэтай мэтай трэба адкрываць гурткі, дзе ўрокі французскай мовы могуць весці студэнты МДЛУ. Міхаіл Жураўкоў адзначыў, што трэба пашыраць інфармацыйнае поле паміж краінамі, у тым ліку ў сферы адукацыі і культуры, распрацоўваць сумесныя праекты, праводзіць семінары і канферэнцыі, каб станавіцца бліжэй адзін да аднаго. Сумесная праца, як нішто іншае, аб’ядноўвае людзей і стымулюе да вывучэння мовы, адзначыў міністр.

Пасол Дзідзье Канес расказаў, што за час сваёй дзейнасці пасольства Францыі арганізавала шмат разнастайных мерапрыемстваў, якія спрыяюць умацаванню супрацоўніцтва паміж Беларуссю і Францыяй і павышэнню матывацыі вывучэння французскай мовы ў Беларусі. Пасол нагадаў, што доўгі час пасольства Францыі сумесна з Міністэрствам адукацыі рэалізуе праект “Двухмоўная франкафонная адукацыя”, які распаўсюдзіўся на многія рэгіёны нашай краіны. Выкладанне французскай мовы ў школах ажыццяўляецца беларускімі настаўнікамі, якія прайшлі стажыроўку ў міжнародных адукацыйных цэнтрах за кошт сродкаў французскага боку. У рамках рэалізацыі праекта кабінеты французскай мовы аснашчаны сучаснай лінгафоннай тэхнікай, маюць наглядныя дапаможнікі, вучэбную і метадычную літаратуру, слоўнікі, карты, якія паступаюць з Францыі. З мінулага года паміж краінамі дзейнічае пагадненне аб адкрыцці і функцыянаванні двухмоўных франкафонных секцый. Навучанне ў такіх секцыях прадугледжвае вывучэнне французскай мовы на павышаным узроўні і нямоўных дысцыплін на французскай мове (DNL) па праграмах факультатыўных заняткаў, а таксама пры дапамозе арганiзацыi на французскай мове пазакласнай і пазашкольнай работы. Такі праект спрыяе павелічэнню колькасці навучэнцаў, якія вывучаюць французскую мову, станоўча ўплывае на развіццё культурных і эканамічных адносін паміж краінамі, павышае зацікаўленасць у вывучэнні мовы. Мяркуецца пры пасольстве ў Мінску адкрыць інфармацыйнае бюро, каб расказаць пра Францыю і магчымасці навучання ва ўніверсітэтах.

Міністэрства адукацыі зацікаўлена ў пашырэнні практыкі арганізацыі стажыровак у Францыі настаўнікаў і выкладчыкаў французскай мовы, якія працуюць ва ўстановах адукацыi нашай краіны, правядзенні ў нас вучэбных семінараў па новых тэхналогіях навучання замежным мовам, а таксама ва ўдзеле французскага боку ў правядзенні летніх лінгвістычных лагераў для навучэнцаў беларускіх устаноў агульнай сярэдняй адукацыі, якія вывучаюць французскую мову. Пасол падтрымаў намеры Міністэрства адукацыі і запэўніў, што пасольства Францыі ў Беларусі будзе гэтаму актыўна садзейнічаць.

Ала КЛЮЙКО.
Фота аўтара.