Цуды на Ражство

Не пакінуць нікога ў святочныя дні, падарыць цяпло, акружыць клопатам і ўвагай — менавіта да гэтага імкнуліся ўдзельнікі традыцыйнай дабрачыннай акцыі “Цуды на Ражство”.

Удзел у ёй прынялі ўсе піянерскія дружыны устаноў адукацыі Навагрудскага раёна. Кожны член арганізацыі пастараўся ўнесці свой пасільны ўклад, зрабіць добрую справу. Сабраны канцылярскія тавары, цацкі, кнігі. Дзеці падрыхтавалі падарункі, віншаванні. Асабліва прыемна, што шмат падарункаў было зроблена сваімі рукамі. Святочна аформленыя і ўпрыгожаныя сімвалічнай чырвонай рукавічкай іх даставілі ў сацыяльна-педагагічны прытулак, дзіцячае аддзяленне раённай бальніцы. Для дзяцей былі арганізаваны святочныя карагоды з гульнямі, конкурсамі і салодкімі пачастункамі. Атрымалі падарункі і дзеці з мнагадзетных сям’яў, дзеці-інваліды. Не засталіся без увагі ветэраны, адзінокія і пажылыя людзі. Піянеры наведалі іх з сувенірамі, паштоўкамі, святочнымі канцэртамі.

Усе сустрэчы прайшлі ярка, весела і цікава. А Снягурцы і Дзеду Марозу ўдалося запаліць іскрынку ў вачах, усяліць часцінку свайго цяпла, дабрыні ў адзінокія сэрцы.

І дзеці, і дарослыя яшчэ раз упэўніліся ў тым, што дарыць радасць — сапраўдны цуд. Але вельмі хочацца, каб цуды не заканчваліся Ражством! Давайце рабіць цуды кожны дзень!

Таццяна АНІКЕВІЧ,
метадыст Навагрудскага раённага ЦТДіМ.

Вянок наваградскіх абрадаў

У верасні 2014 года па ініцыятыве Цэнтра дзіцяча-юнацкага турызму і краязнаўства ў Навагрудскім раёне стартаваў турыстычна-краязнаўчы праект “Народная спадчына Навагрудчыны”. Навучэнцы раёна адкрывалі для сябе народныя аўтэнтычныя традыцыі, развучвалі народныя танцы і песні. Былі наладжаны раённыя конкурсы народнай аўтэнтычнай абрадавай песні і танца, самабытнай нацыянальнай кухні. У 2016 годзе вучні працавалі над вывучэннем народных аўтэнтычных абрадаў. Атрымаўся вянок навагрудскіх, альбо, як кажуць яшчэ старыя людзі ў вёсках, наваградскіх, абрадаў.

Што адбываецца, калі дзяўчына і хлопец пакахалі адно аднаго і сабраліся пабрацца шлюбам? Канечне, спачатку хадзілі ў сваты, а затым право­дзілі “Заручыны”, альбо “Дагаворы”. Праз некалькі дзён — вяселле. У хаце дзяўчыны праводзіўся “дзявоцкі вечар”, альбо “зборная субота”. Навучэнцы гімназіі № 1 Навагрудка паказалі абрад з вёскі Чарэшля, дзе галоўным рытуалам з’яўлялася пляценне вянка. Напярэдадні вяселля садзілі нявесту на пасад, гэта значыць на хлебную дзяжу, пакрытую кажухом. А затым брат браў за руку ся­стру і вадзіў яе вакол стала тры разы, астатнія прымаўлялі: “Брат сястру на пасад вядзе, // Ручніком сцежку мяце, // Жытам пасыпае, золатам палівае, // Косу расплятае”.

Ну што ж, прашумела вяселле — час сустракаць гасцей на наваселле, альбо, як кажуць на Навагрудчыне, на “Уваходзіны”. Да ўвагі журы былі прапанаваны абрады, якія ладзілі ў вёсках Бенін і Вуглы. Вучні Уселюбскага дзіцячага сада — сярэдняй школы адзначалі, што у вёсцы Бенін на “Уваходзіны” галоўнай стравай была дранка, якую каштавалі ўсе госці па чарзе, прыпяваючы: “Хата нова, хата нова, нова гаспадарка. // Каб заўсёды на стале былі мёд і скварка”. А вось у вёсцы Вуглы, як расказалі вучні сярэдняй школы № 4 Навагрудка, госці, калі пры­ходзілі ў хату, клалі грошы на чатыры вуглы стала, мазалі вуглы стала мёдам, каб жыццё гаспадароў было салодкім і багатым. Выбіралі месца ў хаце, каб паставіць гаршчок, у якім павінна было завесціся павуцінне — ізноў жа да багацця і шчасця.

Адбыліся “Уваходзіны” — зажыла маладая сям’я. І, як кажуць, угодна Богу і людзям, у сям’і з’яўляецца немаўля. З гэтай нагоды ў вёсцы Малыя Карнышы, як паказалі нам юныя этнографы з Ладзеніцкага дзіцячага сада — базавай школы, праводзіўся абрад “Ушанаванне бабы-павітухі”, якую бацькі дзіцяці і сваякі адорвалі хусткамі, пацеркамі, малявалі ёй румяны. А затым садзілі ў каляску і каталі ў знак пашаны па вёсцы.

“Адведкі” былі прадстаўлены дзяўчатамі з Пятрэвіцкага дзіцячага сада — сярэдняй школы. У “Адведкі” ха­дзілі замужнія жанчыны да маладой маці і яе дзіцяці. Дык вось у маёнтку Лоўцы да хрышчэння ўсіх хлопчыкаў называлі Багданька, а ўсіх дзяўчынак — Лялька. Цікава тое, што, прыйшоўшы ў хату, жанчыны раскладвалі розны інст­румент, а затым праз яго пераступалі ў знак таго, што хлопчык будзе здатны да мужчынскай працы. Праходзіў некаторы час, і дзіця неабходна было хрысціць. “Хрэсьбіны” — абрад, які прадэманстравалі вучні з Вераб’евіцкага дзіцячага сада — сярэдняй школы.

Жыццё працягвалася і было звязана з сельскай гаспадаркай. Вучні Любчанскай сярэдняй школы прадставілі абрад “Зажынкі”, калі жанчыны выходзілі ў поле на ніву, рассцілалі ручнік, на які ставілі ежу, клалі хлеб. Побач уста­наўлівалі першы сноп, які ўпрыгожвалі ручнікамі, кветкамі. На галаву гаспадара палеткаў таксама клалі вянок, вадзілі вакол яго карагод. За восень заканчваліся ў вёсцы амаль усе сельскагаспадарчыя работы, і 21 верасня, па народным календары, адзначалі “Багач” — старажытнае свята заканчэння ўборкі збожжавых, што і было прадстаўлена вучнямі сярэдняй школы № 3 Навагрудка.

Мерапрыемства прайшло на славу, а нашаму падрастаючаму пакаленню, мы спадзяёмся, — на навуку і на карысць. Тым больш што веданне спадчыны, асабліва спадчыны твайго народа, ніколі не бывае лішнім.

Ігар КОМАР,
дырэктар Навагрудскага раённага
цэнтра дзіцяча-юнацкага турызму і краязнаўства.

Клопаты ў радасць

Ва Уселюбскім дзіцячым садзе — сярэдняй школе Навагрудскага раёна напярэдадні Новага года шмат клопатаў. Трэба ўсё паспець, многа чаго зрабіць. Падрыхтоўка да навагодніх свят пачалася яшчэ ў канцы лістапада, калі адбыўся раённы этап рэспубліканскага конкурсу “Ёлка-фэст”, у якім прынялі ўдзел педагогі нашай установы.

Па выніках конкурсу ў намінацыі “Лепшы творчы нумар” Дзед Мароз і Снягурка ўстановы атрымалі 2-е месца. Штогод вучні прымаюць удзел у раённым этапе рэспубліканскай выставы-конкурсу “Лёд. Кветкі. Фантазія.” У намінацыі “Елачнае калье” вучні пачатковых класаў Дар’я Маліноўская, Надзея Сакалдан, Марыя Папроцкая занялі 1-е месца.

Традыцыйна перад святамі аб’яўляецца конкурс сярод устаноў адукацыі раёна на лепшую навагоднюю цацку. У гэтым годзе вучні падрыхтавалі дзве навагоднія цацкі “Талісман года”, якія ўпрыгожылі галоўную ёлку раёна. Святочны настрой адчуваецца ў кожным куточку нашай установы. Вучні ўпрыгожылі класы, фае, паколькі ўстанова прымае ўдзел у раённым аглядзе-конкурсе на лепшае мастацкае афармленне “Навагодні настрой”.

Многа зроблена, але наперадзе яшчэ шмат цікавых спраў. Аб’яўлены школьны конкурс “Парад Снегавікоў”. Афармляецца выстава дзіцячых работ, лепшыя будуць прадстаўлены на раённым конкурсе. Педагогі і вучні не пакінулі без увагі рэспубліканскую акцыю “Цуды на Каляды”. Кіпіць работа па зборы падарункаў для дзяцей, якія аказаліся ў цяжкай жыццёвай сітуацыі. У гэтым годзе мы плануем перадаць падарунак у дзіцячае аддзяленне Навагрудскай раённай бальніцы. Такому падарунку будуць рады хворыя дзеці, якія, на вялікі жаль, не змогуць сустрэць Новы год дома. Шмат у нас клопатаў, але ж усе яны ў радасць.

Тамара МАЦКЕВІЧ,
педагог-арганізатар Уселюбскага дзіцячага сада — сярэдняй школы Навагрудскага раёна.

Урокі духоўнага выхавання

У Навагрудскім раёне цеснае супрацоўніцтва сістэмы адукацыі і Беларускай Праваслаўнай Царквы ажыццяўляецца на працягу апошніх дзесяці гадоў. За гэты час у раёне склалася сістэма духоўна-маральнага выхавання навучэнцаў. Аб гэтай рабоце мы гутарым з метадыстам Навагрудскага вучэбна-метадычнага кабінета Г.Я.КАРАТАЙ.

— Галіна Яўгенаўна, а хто быў першапраходцам у супрацоўніцтве школы з Беларускай Праваслаўнай Царквой? З чаго пачыналі гэтую работу ў раёне?

— Першапачаткова традыцыі супрацоўніцтва былі закладзены ў сярэдняй школе № 2 Навагрудка. Духоўна-маральнае выхаванне навучэнцаў з 2002 года з’яўляецца выхаваўчым прыярытэтам школы, складае аснову школьнай праграмы выхавання. З 1 верасня 2011 года школа з’яўляецца рэспубліканскай інавацыйнай пляцоўкай, якая працуе па тэме “Укараненне мадэлі арганізацыйна-метадычнага забеспячэння праграм духоўна-маральнага выхавання вучняў на праваслаўных традыцыях беларускага народа”. На базе школы прайшлі рэспубліканскі семінар “Рэалізацыя інавацыйнага праекта духоўна-маральнага выхавання дашкольнікаў і школьнікаў на праваслаўных традыцыях беларускага народа ў Гродзенскай вобласці”, канферэнцыя для педагогаў “Духоўна-маральнае выхаванне: традыцыі, праблемы, вопыт” падчас наведвання Навагрудчыны Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі мітрапаліта Паўла.

— У школах раёна арганізаваны факультатывы “Асновы праваслаўнай маральнасці”. Раскажыце, калі ласка, аб іх рабоце.

— З 2005 года ва ўстановах адукацыі Навагрудскага раёна праводзіцца факультатыў “Асновы праваслаўнай маральнасці”. На сённяшні дзень у 16 установах агульнай сярэдняй адукацыі гэты факультатыў наведваюць 282 вучні другой і трэцяй ступені навучання. Усяго ж у 2016/2017 навучальным годзе ў школах Навагрудчыны пачалі работу 64 факультатывы духоўна-маральнай накіраванасці. Павелічэнне колькасці факультатываў выклікана тым, што з мінулага навучальнага года на першай ступені навучання стаў выкладацца факультатыў “Асновы праваслаўнай культуры”. У 2016/2017 навучальным годзе факультатыў “АПК” выкладаецца ў 15 першых класах з удзелам 112 чалавек і ў 17 другіх класах з ахопам 134 вучні.

Пачалася работа па стварэнні рэсурснага цэнтра духоўна-маральнага выхавання дашкольнікаў на праваслаўных традыцыях беларускага народа на базе ясляў-сада № 3 Навагрудка. У маі 2014 года тут быў арганізаваны і праведзены семінар для кіраўнікоў устаноў дашкольнай адукацыі “Праваслаўныя сустрэчы”. У гутарках-занятках “Урокі дабрыні” ў дашкольных установах прымае ўдзел больш за 80 працэнтаў дзяцей 4—5-гадовага ўзросту.

Дзевяць гурткоў духоўна-маральнай накіраванасці арганізавана ў 4 установах адукацыі (“Тэатр “Батлейка”), “Дабраталюбства”, “Вакальны” — у сярэдняй школе № 2, два гурткі бальнага танца — у сярэдняй школе № 7 і пры храме святых Барыса і Глеба і інш. У сямі ўстановах адукацыі горада арганізавана работа 27 апорных класаў, у якіх сістэматычна (два разы ў месяц) праводзяць заняткі выкладчыкі праваслаўнага сястрынства па васьмі спецыяльна распрацаваных праграмах (“Карыснае слова”, “Час з карысцю для душы”, “Урокі дабраталюбства”, “Добрае сэрца”, “Праваслаўная культура і этыка”, “Вера. Надзея. Любоў”, “Асновы хрысціянскай этыкі”, “Будзь прыгожай і шчаслівай”).

— Валанцёрства і дабрачыннасць з’яўляюцца асновай духоўнага выхавання дзяцей. А яшчэ якія кірункі дзейнасці распаўсюджаны ў раёне?

— На працягу апошніх гадоў разам з Навагрудскім благачыннем праводзяцца дабрачынныя акцыі “Нашы дзеці”, “Клопат”, “Падары радасць блізкаму”, “Захавай дзіцяці жыццё!”, сустрэчы для дзяцей з мнагадзетных сем’яў, дзяцей-сірот. Асаблівая ўвага ўдзяляецца дзецям з аддзялення прытулку пры сацыяльна-педагагічным цэнтры, для якіх сям’я не стала тым цёплым, утульным і камфортным месцам, дзе яны могуць знайсці спакой і паразуменне.

Не застаюцца ўбаку і бацькі. Акрамя традыцыйных сустрэч на бацькоўскіх сходах, вельмі плённым стала адкрыццё праваслаўнага бацькоўскага клуба “Кантакт”, які дзейнічае ўжо 13 гадоў на базе сярэдняй школы № 1 Навагрудка. У яслях-садзе № 6 працуе сямейнае аб’яднанне “Пакроў” для мнагадзетных сем’яў.

Краязнаўчая работа ва ўстановах адукацыі па вывучэнні гістарычных помнікаў беларускага і іншых народаў раскрывае не толькі іх культурную, але і духоўную значнасць, іх месца і ролю ў духоўным жыцці краіны. На рэгіянальным этапе Міжнароднага конкурсу дзіцячай творчасці “Прыгажосць Божага свету” ў Слоніме даследчая работа “Праваслаўныя абразы храмаў горада Навагрудка” вучняў сярэдняй школы № 7 Віталя Рытуса і Аляксея Кур’яна заняла першае месца ў намінацыі “Даследаванне”. Усяго ж на гэтым конкурсе вучні Навагрудскага раёна занялі 16 прызавых месцаў з 36, з іх 4 — першыя, 7 — другія і 5 — трэція.

Рэалізацыя праграмы супрацоўніцтва ажыццяўляецца праз мерапрыемствы ў рамках Тыдня маці, Дня сям’і, святочных і велікодных сустрэч, акцый “У абарону жыцця на зямлі”, месячніка грамадзянска-патрыятычнага выхавання. Актывізавана сумесная работа з благачыннем па прапагандзе здаровага ладу жыцця, па прафілактыцы наркаманіі і алкагалізму сярод моладзі. Змест гэтай дзейнасці ўключае інтэрактыўныя гульні, семінары, круглыя сталы, сустрэчы, дэкады дабрыні і міласэрнасці, творчыя майстэрні, арганізацыю выстаў і экспазіцый у музеях устаноў адукацыі, шэфства над ветэранамі, пажылымі людзьмі і інвалідамі, догляд магіл і іншыя мерапрыемствы.

Найбольш значнымі мерапрыемствамі духоўна-маральнай і грамадзянска-патрыятычнай накіраванасці, праведзенымі па ініцыятыве благачыння за апошнія гады, з’яўляюцца штогадовы малебен-благаславенне выпускнікоў з уручэннем прэміі святых роўнаапостальных Кірылы і Мяфодзія выпускнікам — актыўным удзельнікам духоўна-асветніцкіх мерапрыемстваў, а таксама падзячны малебен аб здароўі вучняў у пачатку навучальнага года; штогадовыя дзіцячыя Свята-Кірыла-Мяфодзіеўскія чытанні, штогадовыя праваслаўныя балі, якія сталі візітнай карткай Навагрудка, праваслаўныя алімпіяды “Святыя і святыні зямлі навагрудскай”, фестывалі хрыстаславаў, выставы дзіцячай творчасці.

— Галіна Яўгенаўна, каб весці такую рознабаковую дзейнасць, трэба і настаўнікам быць да яе падрыхтаванай. Якая работа право-дзіцца з педагогамі?

— Так, без накіраванасці педагогаў да такой дзейнасці працаваць было б немагчыма. У раёне праводзіцца сістэматычная духоўна-асветніцкая работа з педагагічнымі кадрамі: штогадовыя праваслаўныя Свята-Елісееўскія педагагічныя чытанні, сустрэчы, епархіяльныя семінары па пытаннях духоўна-маральнага выхавання, паломніцкія паездкі настаўнікаў, якія выкладаюць курсы “АПМ” і “АПК”.

31 педагог задзейнічаны ў выкладанні факультатыўных курсаў “Асновы праваслаўнай маральнасці” і “Асновы праваслаўнай культуры”. Трэба адзначыць, што выкладанне “АПМ” і “АПК” — справа нялёгкая, патрабуе ад педагога шмат часу, сіл і поўнай самааддачы. Плённа працуе раённае метадычнае аб’яднанне педагогаў “АПМ” і “АПК” (кіраўнік настаўнік вышэйшай катэгорыі Тамара Мікалаеўна Сурага). Пры праваслаўным сястрынстве створана школа праваслаўнага педагога для педагагічных работнікаў Навагрудскага раёна з графікам заняткаў адзін раз у месяц. На базе праваслаўнага сястрынства працуюць бібліятэка, метадычны кабінет, дзе можна атрымаць дапамогу і кансультацыю па правядзенні мерапрыемстваў духоўна-маральнай накіраванасці. У Навагрудскай епархіі распрацаваны паўрочныя заняткі для 1—4-х класаў. Старшая сястра сястрынства Ірына Уладзіміраўна Кокаш забяспечыла настаўнікаў метадычнымі дапаможнікамі і ўрокамі з прэзентацыямі ў электронным выглядзе. У студзені 2016 года адбыліся выязныя курсы павышэння кваліфікацыі для настаўнікаў устаноў адукацыі Навагрудскага раёна, якія вядуць факультатыўныя заняткі “АПМ” і “АПК”. 25 педагогаў атрымалі пасведчанні дзяржаўнага ўзору, што было арганізавана ўпершыню ў Гродзенскай вобласці.

Творча і самааддана на працягу многіх гадоў працуюць Т.М.Сурага (Валеўскі дзіцячы сад — сярэдняя школа), А.Б.Сталярчук, Н.Г.Марцуль, Н.А.Пашкевіч, Н.В.Клок (сярэдняя школа № 2 Навагрудка), Д.У.Няўжынская (сярэдняя школа № 7 Навагрудка), М.П.Ляўша (Любчанская сярэдняя школа), А.М.Золатава (Навагрудская спецыяльная агульнаадукацыйная школа-інтэрнат для дзяцей з ЦПМ), Л.В.Прахарэвіч (гімназія № 1 Навагрудка), А.А.Чысцякова (сярэдняя школа № 5 Навагрудка), В.М.Падалянчык (сярэдняя школа № 1 Навагрудка) і інш. Дырэктар сярэдняй школы № 2 Навагрудка Ала Барысаўна Сталярчук, намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце сярэдняй школы № 2 Навагрудка Наталля Генадзьеўна Марцуль, настаўнік гісторыі і грамадазнаўства Валеўскага дзіцячага сада — сярэдняй школы Тамара Мікалаеўна Сурага ўзнагароджаны медалём РПЦ “У памяць 1000-годдзя прастаўлення роўнаапостальнага вялікага князя Уладзіміра”.

— Навучэнцы Навагрудчыны маюць магчымасць удзельнічаць і ў мерапрыемствах, якія праводзяцца і па-за межамі раёна. Вынікова выступаюць са сваімі даследаваннямі на розных алімпіядах і конкурсах.

— Навучэнцы і педагогі ўстаноў адукацыі Навагрудскага раёна прынялі ўдзел у трох конкурсах, прысвечаных 1000-годдзю прастаўлення роўнаапостальнага князя Уладзіміра. У конкурсе сачыненняў “Вера ў сэрцы маім” вучні Навагрудскага раёна атрымалі 6 прызавых месцаў (1 дыплом I ступені, 2 дыплом II ступені, 3 дыплом III ступені), а таксама 7 падзячных лістоў. У конкурсе навуковых работ навучэнцаў “Біблейскія сюжэты ў сусветным мастацтве” 3-е месца атрымала вучаніца сярэдняй школы № 7 Навагрудка Настасся Маслоўская. Пераможцы былі запрошаны ў Мінск для ўзнагароджання. Дэлегацыя нашага раёна была самай шматлікай.
У конкурсе метадычных распрацовак і вучэбна-метадычных матэрыялаў 8 педагогаў раёна прызнаны пераможцамі і запрошаны ў Мінск для ўзнагароджання і абмену вопытам на Першыя беларускія калядныя чытанні, якія адбыліся 2 снежня 2015 года. Пераможцы таксама былі заахвочаны бясплатнай паломніцкай паездкай у Пскова-Пячэрскую лаўру.

Нашы педагогі прымаюць удзел у навуковых канферэнцыях і чытаннях рознага ўзроўню. Педагогі разам з вучнямі былі запрошаны ў Маскоўскі дзяржаўны абласны ўніверсітэт для абмену вопытам работы на пасяджэнне круглага стала “Традыцыйныя сямейныя каштоўнасці: дыялог пакаленняў”. Настаўнікі Навагрудчыны прадстаўлялі вопыт работы на Полацкіх чытаннях, Тураўскіх чытаннях, на Першых беларускіх калядных чытаннях у Мінску, Пінскіх калядных чытаннях, на V Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі “Праваслаўны вучоны ў сучасным свеце”. Выкладчыкі факультатыву “Асновы праваслаўнай культуры” прымалі ўдзел у рабоце Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі “Цывілізацыйныя асновы духоўна-маральнага выхавання асобы” ў Маскве.

— Разам з традыцыйнымі мерапрыемствамі ажыццяўляецца і пошук новых форм у духоўна-маральным выхаванні моладзі. Раскажыце аб гэтым і найбліжэйшых планах.

— Адным з апошніх значных мерапрыемстваў стала рэалізацыя праекта “Свет веры, ці Прыгажосць выратуе свет” на першай змене духоўна-маральнай накіраванасці аздараўленчага лагера “Свіцязь”. Такая змена ладзілася ў раёне ўпершыню. Старшым выхавальнікам і галоўным ініцыятарам усіх спраў з’яўлялася Т.М.Сурага. Адпачынак дзяцей быў насычаны цікавымі мерапрыемствамі: паломніцтвамі, экскурсіямі, наведваннем храма, сустрэчамі, конкурсамі, міласэрнымі і працоўнымі справамі. Дзеці не толькі адпачылі, умацаваліся фізічна, але, маючы зносіны са святарамі ў нязмушанай атмасферы, многае запазычылі для душы. У дзень развітання ў лагеры была закладзена алея веры.

Наперадзе чарговае пасяджэнне метадычнага аб’яднання педагогаў па тэме “Сям’я і сямейныя каштоўнасці”, XIV Свята-Елісееўскія педагагічныя чытанні, удзел у шэрагу конкурсаў і іншых мерапрыемствах.

— Што вы лічыце галоўным дасягненнем у такой рабоце з дзецьмі?

— Аналізуючы сумесную дзейнасць адукацыі і царквы, можна сказаць, што гэтая праца дае свае вынікі. Свет праваслаўя прапаноўвае вучням пазнаць сябе, зрабіць свой маральны выбар. Вучні адчуваюць сваё дачыненне да гісторыі, задумваюцца над праблемамі навакольнага свету, у іх з’яўляецца патрэба ўдасканальваць сябе і сваё жыццё, яны становяцца больш памяркоўнымі адно да аднаго, больш праяўляюць павагі да дарослых, аднагодкаў.

Спадзяёмся, што разам з праваслаўнай царквой мы здолеем выхаваць у навучэнцаў устойлівае перакананне, што паводзіны — гэта люстэрка, у якім кожны паказвае сваё аблічча, што дабрачыннасць развіваецца добрымі справамі, а не пустымі размовамі.

Гутарыла Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.

“Дзеткі – манеткі” і эканамічная культура

Фарміраванне асноў эканамічнай культуры падлеткаў – адзін з галоўных напрамкаў дзейнасці нашай школы, які непарыўна звязаны з падрыхтоўкай выпускніка да жыцця, працы.

У нашай школе у рамках тыдня фінансавай граматнасці праводзіцца шэраг мерапрыемстваў па фарміраванні эканамічных ведаў аб працы і вытворчасці, аб адносінах уласнасці, прадпрымальніцтве, камерцыялізацыі: дзелавая гульня “Прадпрымальніцкая этыка”, практычныя занятакі “Падлетак як прадпрымальнік”, гадзіны зносін “Арганізацыйна-прававыя формы гаспадарчай дзейнасці”, “З гісторыі ўзнікнення прадпрымальніцтва”. Гэта дае магчымасць дзецям не толькі вывучаць сучасныя правілы, якія дапамогуць прыняць рашэнне і дасягнуць мэты, але і развіваць такія сацыяльна асобасныя якасці, як ініцыятыва, прадпрынімальніцтва, самастойнасць, адказнасць, упэўненасць ў сабе. Ужо ў школьныя гады юнакі і дзяўчаты вучацца разумець, што эканамічны бок жыцця ўладкоўваецца пэўным чынам і без ведання асноў эканомікі можна трапіць у складаную сітуацыю.
Ці можна павысіць ўсім зарплату і адначасова знізіць цэны? Ці трэба аднесці свае грошы ў фірму, якая абяцае неверагодныя даходы? Што стаіць за ўсім гэтым? На гэтыя і іншыя пытанні дзеці маглі знайсці адказы праз шэраг мерапрыемстваў, якія былі арганізаваны і праведзены падчас вясенніх канікулаў у лагеры фінансавай граматнасці “Дзеткі – манеткі”.
Мы упэўнены, што аздараўленчы лагер – гэта магчымасць не толькі адпачыць з карысцю, але і час для развіцця інтэлекту і творчых здольнасцей дзяцей.
Педагогі школы стварылі ўнікальная праграма для дзяцей і падлеткаў, якая дапамагла сарыентавацца ў свеце грошай і фінансаў, атрымаць асноўныя веды аб эканоміцы і яе законах, навучыцца фінансавай грамаце, што дало магчымасць школьнікам упэўнена адчуваць сябе ў розных абставінах.
Шэсць вясновых дзён былі напоўнены цікавымі справамі. Хлопчыкаў і дзяўчынак чакалі ролевыя гульні, работа ў камандзе, інтэрактыўныя квэсты, майстар-класы і спаборніцтвы. Падчас падарожжа ў часе ”Першыя грошы ў розных краінах” дзеці даведаліся аб тым, адкуль бяруцца грошы і які іх рэальны кошт. У час ролевай гульні “Як размеркаваць асабістыя даходы” навучыліся складаць свой асабісты фінансавы план, на майстар-класе падумалі, як разумна і эканомна патраціць дадзеныя бацькамі грошы. У інтэрактыўнай форме ўдзельнікі нашай праграмы не толькі атрымалі новыя веды, але і праверылі іх на практыцы. Разам мы абмяркоўвалі рэальныя жыццёвыя сітуацыі і звязвалі гульнёвы вопыт з жыццём.
Дзеці працавалі над праблемай страху знаёмства з новымі людзьмі. Яшчэ Ракфелер у сваіх знакамітых “12 залатых правілах” адзначаў, што грошы нам прыносяць іншыя людзі, таму таму, хто хоча быць багатым, трэба быць адкрытым, дабразычлівым, умець будаваць узаемаадносіны з рознымі людзьмі.
Падчас рэалізацыі нашай праграмы кожны яе ўдзельнік палепшыў свае камунікатыўныя навыкі, навучыўся выкладаць думкі зразумела і дакладна. У межах лагера фінансавай граматнасці дзеці рашалі фінансавыя задачы, чыталі цікавыя кнігі, пазнаёміліся з акцыямі для дзяцей, якія ладзяць банкі нашай краіны. Кожны ўдзельнік праграмы адкрыў ў лагеры сваю “банкаўскую ячэйку”. Штодзённа яна папаўнялася каштоўнымі паперамі і грашовымі знакамі пэўнага наміналу за актыўны ўдзел у жыцці лагера.

Таццяна Нагорная,
намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце
Нягневіцкай сярэдняй школы Навагрудскага раёна Гродзенскай вобласці.

Павышаецца якасць і расце даступнасць адукацыі

У адукацыйнай сістэме Навагрудскага раёна ў апошні час адбыліся станоўчыя змены. Перш за ўсё павысілася якасць і даступнасць адукацыі, аб чым сведчаць вынікі дзейнасці ўстаноў адукацыі па шэрагу кірункаў. Аб гэтым расказвае начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Навагрудскага райвыканкама Алег Аркадзьевіч Анікевіч.

— Алег Аркадзьевіч, якія дасягненні сістэмы адукацыі раёна вы можаце адзначыць сёння? Раскажыце, калі ласка, пра поспехі педагогаў і дзяцей.
— Неабходна адзначыць, што колькасць выхаванцаў ад 1 да 6 гадоў у нашым раёне з кожным годам павялічваецца. Расце і даступнасць дашкольнай адукацыі, якая забяспечваецца праз стварэнне варыятыўнай сеткі ўстаноў і арганізацыю гувернёрскіх паслуг. У раёне развіваецца сетка спецыялізаваных класаў — спартыўных і кадэцкіх, адкрываюцца класы прававой накіраванасці. У гімназіі № 2 Навагрудка функцыянуе структурнае падраздзяленне Гродзенскага дзяржаўнага вучылішча алімпійскага рэзерву па біятлоне. На тэрыторыі раёна пастаянна праводзяцца спартыўныя спаборніцтвы абласнога і рэспубліканскага ўзроўню. У нас ёсць 3 міні-футбольныя пляцоўкі са штучным пакрыццём, у зімовы час дзейнічаюць 4 хакейныя пляцоўкі. У складзе нацыянальнай зборнай Рэспублікі Беларусь зараз 12 выхаванцаў са спартыўных школ Навагрудчыны.
Паспяховым стаў для раёна ўдзел у XVI Рэспубліканскай выставе навукова-метадычнай літаратуры, педагагічнага вопыту і творчасці ў рамках святкавання 70-годдзя Вялікай Перамогі і Года моладзі, дзе мы атрымалі 4 дыпломы на рэспубліканскім узроўні і 3 — на абласным.
Адзначу і асабістыя дасягненні педагогаў. Дырэктар гімназіі № 1 Навагрудка стала пераможцай раённага конкурсу “Лепшы кіраўнік года” ў сацыяльнай сферы, а сама ўстанова адукацыі трэці год запар становіцца абсалютным лідарам у раённым рэйтынгу ўстаноў па захаванні ўзорнай якасці і парадку. Дыплом І ступені ў абласным конкурсе “Камп’ютар. Адукацыя. Інтэрнэт” атрымала настаўнік-дэфектолаг сярэдняй школы № 7 Навагрудка Таццяна Вітальеўна Антропава. Яна прадстаўляла электронны сродак навучання “Нязнайкіна грамата”. Абсалютнай пераможцай раённага конкурсу “Мы маладыя, мы таленавітыя” стала настаўніца біялогіі гэтай жа школы Марына Міраславаўна Бяляк.
Рабоце з адоранымі вучнямі ў раёне таксама ўдзяляецца належная ўвага. Створана раённая школа “Алімпіёнік”, працуюць міжшкольныя факультатывы па 11 прадметах вучэбнага плана, у гімназіі № 1 Навагрудка прадугледжаны гадзіны індывідуальна-групавой работы, накіраванай на падрыхтоўку вучняў да алімпіяд. У рамках узаемадзеяння з Цэнтрам дадатковай адукацыі “Альтэрнатыва” БДПУ імя Максіма Танка і з ГрДУ імя Янкі Купалы праводзяцца семінары-практыкумы для педагогаў па падрыхтоўцы вучняў да алімпіяд і інтэлектуальных конкурсаў.
У бягучым 2015/2016 навучальным годзе школьнікі раёна атрымалі 11 дыпломаў на трэцім этапе рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах. Нашы вучні ўдзельнічаюць і перамагаюць у міжнароднай адкрытай дыстанцыйнай алімпіядзе па эканоміцы, якая праводзіцца ў рамках узаемадзеяння з Валагодскай вобласцю Расіі, і ў абласной дыстанцыйнай алімпіядзе па матэматыцы сярод малодшых школьнікаў. Упершыню ў раёне ў бягучым навучальным годзе для выхаванцаў устаноў дашкольнай і вучняў першай ступені агульнай сярэдняй адукацыі былі арганізаваны конкурсы даследчых работ “Я — даследчык”.
Дзякуючы падтрымцы раённага выканаўчага камітэта, створана сістэма фінансавай падтрымкі вучняў, якія вучацца на выдатна. Па выніках кожнай чвэрці і года ім выплачваецца стыпендыя ў памеры 1 базавай велічыні кожнаму за кошт сродкаў базавых прадпрыемстваў. За апошні год па выніках мерапрыемстваў абласнога і рэспубліканскага ўзроўню прэміі райвыканкама атрымалі 74 вучні і 5 педагогаў. На гэтыя мэты было выдзелена 32,220 млн рублёў.

— З якімі праблемамі даводзіцца сутыкацца? Якія шляхі іх вырашэння вы бачыце?
— Актуальнай з’яўляецца для нас праблема стварэння ва ўстановах адукацыі адаптыўнага адукацыйнага асяроддзя і адзінай інфармацыйнай прасторы. Шмат увагі патрабуюць і пытанні развіцця матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстаноў. Усё вырашаем праз заключэнне грамадзянска-прававых дагавораў, прыцягваем пазабюджэтныя сродкі, звяртаемся па дапамогу да спонсараў. Згодна з праграмай развіцця агульнай сярэдняй адукацыі, набываем камп’ютарную тэхніку, тэхнічныя сродкі навучання, сучаснае абсталяванне для кабінетаў фізікі, хіміі.

— Як вырашаюцца ў раёне кадравыя пытанні?
— Установы адукацыі ў большасці сваёй укамплектаваны кадрамі. Толькі ў некаторых ёсць патрэба ў сацыяльных педагогах, педагогах-арганізатарах, педагогах дашкольнай адукацыі, настаўніках замежнай мовы. У 2015 годзе на педагагічныя спецыяльнасці паступілі 45 выпускнікоў раёна. Каля 40 маладых спецыялістаў штогод прыязджае да нас і, як правіла, замацоўваецца на месцах, мы забяспечваем іх жыллём. Для іх працуе школа стажора і школа маладога спецыяліста, дзе заняткі праводзяць вопытныя педагогі, арганізавана стажыроўка для маладых спецыялістаў. Штомесяц яны атрымліваюць прэміі і надбаўкі.

— Алег Аркадзьевіч, раскажыце пра арганізацыю профільнага навучання ў вашым раёне.
— У дзевяці ўстановах адукацыі ў бягучым навучальным годзе былі адкрыты дзесяць профільных 10-х класаў, у якіх 86 вучняў вывучаюць прадметы на павышаным узроўні. У чатырох установах агульнай сярэдняй адукацыі функцыянуюць шэсць 11-х класаў з вывучэннем асобных прадметаў на павышаным узроўні. У іх займаюцца 92 вучні. Найбольш запатрабаваныя ў дзяцей хіміка-біялагічны, фізіка-матэматычны, філалагічны кірункі. На базе сярэдняй школы № 4 і гімназіі № 1 Навагрудка функцыянуюць педагагічныя класы. У шасці ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі арганізавана вывучэнне факультатыву “Уводзіны ў педагагічную прафесію”.

— Якія цікавыя мерапрыемствы прапаноўваюцца школьнікам у шосты школьны дзень і падчас канікул?
— У рамках рэалізацыі праграмы “Супердзень — субота” арганізоўваюцца самыя розныя мерапрыемствы. На базе спартыўна-біятлоннага комплексу ў в.Сялец, у гарадскіх парках праводзяцца спартыўныя святы, дні здароўя, спаборніцтвы па біятлоне, лыжныя гонкі, спартакіяды школьнікаў і інш. Традыцыйнымі сталі інтэлек-туальныя турніры “Што? Дзе? Калі?”, турнір на кубак Барыса Кіта, конкурс песні на замежнай мове NovоVision, рэгіянальныя праваслаўныя маладзёжныя балі, кірмашы прафесій, адкрытыя дыялогі з вядомымі людзьмі Гродзеншчыны. Праводзяцца конкурсы аўтэнтычнай песні, танцаў, рэкламных відэаролікаў “Запрашаем на Навагрудчыну”, страў нацыянальнай кухні ў рамках рэалізацыі праекта “Народная спадчына Навагрудчыны”, гарадская краязнаўчая гульня “Я этим городом храним”. У сярэдняй школе № 2 назапашаны вопыт па духоўна-маральным выхаванні школьнікаў на праваслаўных традыцыях беларускага народа, які дэманструецца на форумах і семінарах абласнога, рэспубліканскага і міжнароднага ўзроўню.

— Алег Аркадзьевіч, якія новыя ідэі вы збіраецеся рэалізаваць у найбліжэйшы час?
— У рамках рэалізацыі праекта мадэрнізацыі сістэмы адукацыі Рэспублікі Беларусь за кошт сродкаў Міжнароднага банка рэканструкцыі і развіцця плануем стварыць больш якасныя ўмовы навучання ва ўстановах адукацыі, якія прымаюць вучняў з закрытых і рэарганізаваных устаноў, плануем завяршыць работы па мадэрнізацыі інжынерных сетак у сярэдняй школе № 5. Будзе рэалізавана мясцовая ініцыятыва “Укараненне рэсурсазберагальных тэхналогій” у рамках праекта ЕС/ПРААН “Садзейнічанне развіццю на мясцовым узроўні ў Рэспубліцы Беларусь” у яслях-садзе № 6. Калектыў сярэдняй школы № 4 працягне работу ў адукацыйным праекце міжнароднага вышаградскага фонду “Увядзенне ў зялёную хімію: Беларусь і краіны вышаградскай чацвёркі”.

Надзея ЦЕРАХАВА.

Аншлаг у Пятрэвічах

Горад Субоцк. Яго няма ні на адной карце свету, яго няма ні ў адным даведніку, але менавіта яго штотыдзень наведваюць навучэнцы Пятрэвіцкага дзіцячага сада — сярэдняй школы Навагрудскага раёна і іх бацькі. Сюды адкрыта дарога ўсім жадаючым, якія пражываюць у аграгарадку Пятрэвічы.

Галоўных вуліц тут чатыры: Здароўя, Тэматычная, Гуртковая, Карысных спраў. Горад папаўняецца завулкамі, новымі адміністрацыйнымі будынкамі. Тут жывуць свае традыцыі, з’яўляюцца новыя справы (тыя, што былі не даспадобы жыхарам гэтага горада, адсейваюцца, а крэатыўныя, душэўныя прыжываюцца).
Бывае ў гэтым горадзе аншлаг: яго вуліцы запаўняюцца сталымі наведвальнікамі, турыстамі, якія ўпершыню сюды трапілі з мэтай азнаямлення, проста цікаўнымі людзьмі, спартсменамі і ахвотнымі культурна, з карысцю правесці вольны час. Такія дні тут завуцца “бацькоўскімі суботамі”.
Такім стаў чарговы суботні дзень. Вуліцы горада былі маляўніча аформлены, адкрыты спартыўныя, інфармацыйныя аб’екты, галоўная плошча горада зіхацела агнямі, грукатала музыка, чуўся дзіцячы смех.
Жыхары і госці горада маглі наведаць спартыўнае свята “Снег кліча”, гадзіну сумеснага адпачынку “Я магу навучыць сваё дзіця…”, канцэрт “Дзеці — бацькам!”.
На спартыўным свяце спаборнічалі тры каманды. Дзеці дзівіліся спартыўным здольнасцям сваіх бацькоў, бацькі — магчымасцям сваіх дзяцей.
Пры наведванні гадзіны сумеснага адпачынку “Я магу навучыць сваё дзіця…” бацькі паказвалі майстар-класы па розных кірунках: гатавалі ежу (салодкае жэле, манты), віртуозна прасоўвалі падушку ў навалачку, выраблялі арыгамі да святочнага стала, прышывалі гузікі, выводзілі на адзенні плямы. Ад работы адрываліся толькі для ўдзелу ў жартоўных конкурсах.
На галоўнай плошчы горада выступалі з гала-канцэртам самыя вядомыя спевакі, танцоры, музыканты горада — дзеці.
Час праляцеў імгненна. Сустрэча зацікавіла бацькоў, маладых педагогаў. Наступны раз горад сустрэне дзядуляў і бабуль. Яны будуць вучыць унукаў асновам моцнага здароўя. Па ініцыятыве бацькоў у горадзе пройдзе КВЗ “Бацькі — настаўнікі — дзеці”.

Аксана ЗАСАДЗІНСКАЯ,
намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце
Пятрэвіцкага дзіцячага сада — сярэдняй школы Навагрудскага раёна.

Пакуль што на Свіцязі восень

Складана выбраць галоўную адметнасць Навагрудскага раёна. Канечне, у першую чаргу варта назваць славуты замак, які з ХІІІ стагоддзя ўзвышаецца на старажытным гарадзішчы. Але ж велічны Любчанскі замак заслугоўвае не меншай увагі. А як наконт старадаўніх храмаў, якія, напэўна, толькі дзякуючы малітвам нашых продкаў, выстаялі ў віхуры часу і дагэтуль узносяцца сваімі вежамі і купаламі да неба? Нельга не адзначыць і маляўнічыя ўзгоркі, і адмысловыя легенды і паданні, і багатую прыроду. Вось такая яна, Навагрудчына, паспрабуй сарыентавацца ў рознакаляровай мазаіцы яе адметнасцей. І ўсё ж такі жамчужынай гэтай зямлі з’яўляецца знакамітае возера Свіцязь.

Возера ці сажалка?

Свіцязь і сапраўды падобна на жамчужыну. Круглае, заўсёды празрыстае, а ўлетку, у самую спёку, яшчэ і прахалоднае, яно, нібыта магніт, прыцягвае да сябе жыхароў Навагрудскага і суседніх Баранавіцкага, Карэліцкага, Дзятлаўскага раёнаў. Любяць адпачываць на беразе возера і сталічныя госці. На жаль, культура адпачынку некаторых нашых суграмадзян знаходзіцца, мякка кажучы, на нізкім узроўні. Таму можна толькі ўявіць, што творыцца на беразе Свіцязі летам. Менавіта творыцца, іншае слова складана падабраць, паколькі за адзін дзень мясцовыя настаўнікі і вучні збіраюць вакол вогнішчаў мяхі паперы, пластыкавых і шкляных бутэлек. Рэкрэацыйная нагрузка на возера ў цёплую пару года настолькі вялікая, што толькі дзіву даешся, як возера яшчэ трымаецца, як яно не ператварылася ў сажалку?
Аднак восенню возера выглядае зусім па-іншаму, яно нібыта адпачывае ад шматлікіх “аматараў” прыроды. На азёрных берагах, засыпаных жоўта-аранжавай лістотай, ужо не сустрэнеш шумных кампаній, не рассцілаецца паміж бяроз і клёнаў туман ад дыму вогнішчаў. Такі ж спакой панаваў тут і ў часы Адама Міцкевіча, які любіў прагульвацца па беразе Свіцязі са сваёй каханай Марыляй. Напэўна, пад пошум восеньскай лістоты і нараджаліся знакамітыя радкі балад “Свіцязь” і “Свіцязянка”. Гавораць, неяк закаханыя пасадзілі ў Туганавіцкім парку непадалёк ад возера бярозу. Падчас разлукі з каханым Марыля палівала гэтую бярозу слязамі журбы, дрэва вырасла стромкае, аднак неяк ноччу бярозу знішчыла маланка. З таго часу дзяўчаты з навакольных вёсак вераць, што бяроза жыве і дзяўчыне, якая яе знойдзе, дрэва прынясе ўдачу. Можа, гэта адна з тых бяроз, якія глядзяцца ў празрыстае люстэрка Свіцязі, асыпаюць на ваду сваё пажаўцелае лісце? Хто ведае, можа, і так, тады, каб спазнаць шчаслівыя імгненні, неабавязкова ў пошуках легендарнага дрэва блукаць у лясным гушчары, дастаткова некалькі хвілін моўчкі пастаяць каля адной з прыбярэжных беластволых прыгажунь.

Горад, які ёсць

Па словах дырэктара Валеўскага дзіцячага сада — сярэдняй школы Нэлі Канстанцінаўны Санько і намесніка дырэктара па выхаваўчай рабоце Таццяны Мікалаеўны Шымко, з пакалення ў пакаленне сярод мясцовых жыхароў перадаецца легенда і пра горад Свіцязь, які нібыта стаяў на месцы возера. Аднойчы напалі на Навагрудак чужынцы, і свіцязянскі князь са сваёй дружынай пайшоў на дапамогу землякам. У горадзе ж засталіся толькі старыя, жанчыны і дзеці, сярод якіх была і прыгожая князева дачка. Ворагі разбілі войска князя і падышлі пад сцены горада. Раптоўна перад князёўнай з’явіўся стары чалавек і сказаў, што ператворыць горад у возера, а людзей — у кветкі. Так і адбылося. На месцы горада разлілося возера, а па яго паверхні плавалі прыгожыя кветкі-цары. Па іншай версіі, жыхары Свіцязя ніколі не пускалі ў свае дамы начаваць падарожнікаў. Але адна жанчына парушыла традыцыю і пусціла на начлег старога падарожніка. На наступны дзень за непаслушэнства суседзі вырашылі пакараць жанчыну. Аднак чужынец заступіўся за яе і вырашыў пакараць жыхароў горада за такі ўчынак. Ён сказаў жанчыне ісці разам з дзецьмі з горада і не абарочвацца. Толькі яна выйшла за сцены, як вуліцы і дамы пачало заліваць вадой, пачаўся крык, плач, жанчына не вытрымала, азірнулася і тут жа ператварылася ў камень. Гэты камень і цяпер знаходзіцца ў вадзе непадалёк ад берага.
“Сапраўды, прыгожыя легенды, і не больш за тое”, — падумалася пасля захапляльнага аповеду. Аднак раптоўна Нэлі Канстанцінаўна прапанавала: “Цяпер давайце прагуляемся да гэтага горада”. Спачатку падумаў, што дырэктар жартуе, аднак за акном яе кабінета і сапраўды віднеліся магутныя сцены, стромкія вежы, абабітая жалезам уязная брама. Вяла ж да легендарнага горада брукаваная дарога і невялікі драўляны мост.
— Ідэя стварэння Свіцязя ўзнікла невыпадкова. Менавіта дзякуючы вось гэтым вялікім шчытам, на якіх вы бачыце выяву старажытнага горада, мы знаёмім нашых гасцей з легендамі і паданнямі роднага краю. Стварыў выяву горада таленавіты мастак-афарміцель, наш лабарант, выпускнік школы Аляксандр Аркадзьевіч Пліска. А вось брукаванку выклалі вучні старэйшых класаў школы падчас летніх канікул, працуючы ад раённага цэнтра занятасці насельніцтва. Шчыра кажучы, работы па “будаўніцтве” горада яшчэ не закончаны. Мы плануем паставіць каля ўязной брамы макеты стражнікаў. Са знаёмства з горадам пачынаецца для нашых гасцей экскурсія па школьным Народным гісторыка-краязнаўчым музеі. Знаходзіцца музей якраз за сценамі горада, у старым будынку школы, — расказвае Нэлі Канстанцінаўна.

Адзін з самых

Музей Валеўскага дзіцячага сада — сярэдняй школы, стваральнікамі якога з’яўляюцца заслужаныя настаўнікі БССР Міхаіл Фёдаравіч Петрыкевіч, Васіль Піліпавіч Ускоў і настаўнік беларускай мовы і літаратуры, краязнаўца Уладзімір Аляксандравіч Урбановіч, унікальны. Яго ўнікальнасць заключаецца не толькі ў колькасці экспанатаў, але і іх арыгінальнасці. Пад шклом, напрыклад, захоўваецца зуб маманта, падараваны школьнаму музею вядомым археолагам Фрыдай Давыдаўнай Гурэвіч, якая праводзіла ў свой час раскопкі на Навагрудчыне. Амаль усе экспанаты археалагічнага раздзела знойдзены валеўскімі вучнямі падчас іх удзелу ў раскопках пад кіраўніцтвам прафесійных археолагаў. Вось такі цудоўны прыклад плённага супрацоўніцтва ўстановы адукацыі з навукоўцамі ў выхаваўчай рабоце.
— Апошнія такія раскопкі ў ваколіцах Валеўкі, у якіх удзельнічалі і нашы вучні, праводзіліся чатыры гады назад на Гарадзішчы. Вучні тады працавалі пад кіраўніцтвам старшага навуковага супрацоўніка Інстытута гісторыі НАН Беларусі Эдварда Міхайлавіча Зайкоўскага, — расказвае кіраўнік музея Тамара Мікалаеўна Сурага.
Унікальнасць валеўскага музея яшчэ і ў тым, што гэта адзін з самых старых школьных музеяў Беларусі. Ён быў адкрыты ў далёкім 1955 годзе, а ў 1968-м яму было прысвоена ганаровае званне народнага. За дзесяцігоддзі дзейнасці музея ў ім перапляліся як сучасныя элементы афармлення, так і 60—70-х гадоў. Канечне, музею патрэбна рэканструкцыя, і, як запэўніла дырэктар школы, яе плануецца правесці ў найбліжэйшы час. Аднак ці не страціць абноўленая экспазіцыя арыгінальнасць? Усё ж такі бліскучыя, стальныя і пластыкавыя стэнды, якія знаходзяцца ў сучасных музеях, нярэдка выглядаюць аднатыпна, у іх не адчуваецца той цеплыні, якая ўласціва стэндам, створаным настаўнікамі і вучнямі ў савецкі час. Будзем спадзявацца, што гэтага не адбудзецца, а адзін з самых старых школьных музеяў застанецца і надалей адным з самых арыгінальных.
Асобныя раздзелы экспазіцыі прысвечаны падзеям Вялікай Айчыннай вайны на
Навагрудчыне, гісторыі школы, якая бярэ свой пачатак з 1869 года, развіццю школьнага піянерскага і камсамольскага руху, правядзенню актыўнай турыстычна-краязнаўчай работы, флоры і фаўне ландшафтнага заказніка “Свіцязянскі”, гісторыі валеўскай царквы.
— Дарэчы, наша царква з’яўляецца драўляным помнікам архітэктуры XVII стагоддзя. У спецыяльным раздзеле прадстаўлены старажытныя богаслужбовыя кнігі, элементы рызаў святара, звесткі пра валеўскіх святароў. З храмам звязаны і такі цікавы факт. Існуе меркаванне, што іканастас валеўскай царквы — гэта фрагмент іканастаса варшаўскага сабора Аляксандра Неўскага, які быў узарваны палякамі ў даваенны час. Адна частка іканастаса, калі вывозілася ў Савецкі Саюз, трапіла ў Баранавічы, а другая — у нашу вёску. У свой час у Валеўку любіў прыязджаць Уладзімір Караткевіч. Пісьменнік абавязкова прыходзіў да айца Міхаіла, браў у яго ключы ад царквы і падоўгу сядзеў каля іконы Божай Маці. Можа, дзякуючы тым малітвам, і пісаў ён свае цудоўныя творы. А яшчэ кажуць, што крыж на купале царквы знаходзіцца на адным узроўні з паверхняй возера Свіцязь, — расказвае Тамара Мікалаеўна.
Дарэчы, тэме “Пісьменнікі і Навагрудчына” таксама прысвечаны асобны раздзел экспазіцыі. У ім прадстаўлены шматлікія кнігі з аўтографамі паэтаў, пісьменнікаў, якія ў розныя часы наведвалі валеўскую школу. Гэта былі, напрыклад, удзельнікі семінара для творчай моладзі, што праходзіў у пансіянаце “Свіцязь” у 1968 годзе, Янка Брыль, Максім Танк, Барыс Сачанка, Анатоль Вярцінскі. Бывалі ў Валеўцы і Рыгор Шырма, і Ігар Лучанок. Цікавы, напрыклад, лёс мясцовага паэта Гаўрыла Шутэнкі. Па нацыянальнасці ён рускі, нарадзіўся на Стаўрапольшчыне. У часы вайны служыў у ваеннай разведцы і быў цяжка паранены, страціў зрок. Пасля вайны жыў на Навагрудчыне і ствараў надзвычай пранікнёныя вершы, хоць і не бачыў возера, а толькі чуў плёскат яго хваляў.
— Сярод арыгінальных экспанатаў музея і вось гэты стары фотаздымак маёнтка Чамброва, дзе жылі памешчыкі Узлоўскія. Менавіта ў гэтым маёнтку выхоўвалася Барбара Маеўская, маці Адама Міцкевіча, і менавіта тут яна ўпершыню сустрэлася з бацькам пісьменніка. Адбылося спатканне так. Неяк Мікалай Міцкевіч ехаў праз гэтыя мясціны, пачаўся моцны дождж, навальніца. Падарожнік вырашыў перачакаць непагоду ў добра знаёмага Узлоўскага. Гаспадар маёнтка ветліва сустрэў госця і папрасіў Барбару прынесці яму чай. Вось як бывае. А кажуць кахання з першага погляду няма, — расказвае кіраўнік музея.

Спыніся, смецце!

Усе гэтыя звесткі сабраны членамі савета музея пад кіраўніцтвам Тамары Мікалаеўны Сурага. Юныя даследчыкі роднага краю актыўна ўдзельнічаюць у рэспубліканскай акцыі навучэнскай моладзі “Жыву ў Беларусі і тым ганаруся”, краязнаўчай экспедыцыі “Гістарычныя сядзібы: шлях да адраджэння”, абласным турыстычна-краязнаўчым праекце “Усё помніцца, нішто не забыта…”, распрацавалі турыстычны маршрут “Свіцязянскі пярсцёнак”. А напрыканцы кожнага навучальнага года яны разам з іншымі вучнямі і настаўнікамі паказваюць свае турыстычныя здольнасці на школьным турзлёце, які традыцыйна праводзіцца на беразе Свіцязі.
Падчас экскурсіі па музеі настаўніца некалькі разоў сказала “адно з самых старых”. Нагадаем яшчэ раз: валеўская школа адна з самых старых у раёне (адкрыта ў 1869 годзе), школьны Народны гісторыка-краязнаўчы музей таксама адзін з найстарэйшых у краіне (адкрыты ў 1955 годзе). Акрамя таго, у Валеўцы ў 1966 годзе створана адно з найстарэйшых у краіне школьных лясніцтваў, а яшчэ раней, у 1961 годзе, настаўнікамі і вучнямі закладзены адзін з найстарэйшых школьных паркаў-дэндрарыяў. Адным словам, у валеўскай школе на працягу некалькіх дзесяцігоддзяў вядзецца актыўная работа па рознабаковым даследаванні свіцязянскага краю. Адзін з асноўных накірункаў такой работы — вывучэнне экалагічнага стану возера і яго прыбярэжнай тэрыторыі.
Па словах намесніка дырэктара па выхаваўчай рабоце Таццяны Мікалаеўны, даследаванні прыроды разам з вучнямі пачала ў 1961 годзе настаўніца біялогіі Алімпіяда Юльянаўна Шымка. Паступова было наладжана сяброўства з Акадэміяй навук БССР. Так, яе супрацоўнік А.Т.Федарук у сваёй кніжцы “Інтрадуцыраваныя дрэвы і кустоўе заходняй часткі Беларусі” спасылаецца на вынікі доследаў валеўскіх вучняў. З 1966 года экалагічнай работай займаюцца ўдзельнікі школьнага лясніцтва. Пра дзейнасць валеўскага школьнага лясніцтва яшчэ ў 70-я гады быў зняты кіначасопіс кінастудыяй “Беларусьфільм”. А ў 80-я гады валеўская школа, як адна з лепшых у рэспубліцы па экалагічным выхаванні, была прадстаўлена на ВДНГ у Маскве. Цяпер юныя лесаводы працуюць на экалагічнай сцяжыне, створанай пад кіраўніцтвам настаўніц біялогіі Ліліі Іванаўны Чыж і Алімпіяды Юльянаўны Шымка. На працягу года ладзяцца акцыі “Увага! Мурашы!”, “Стоп, смецце!”. Удзельнічалі валеўскія вучні і настаўнікі і ў нядаўняй рэспубліканскай акцыі “Чысты лес”. На сёння работа школьнага лясніцтва вядзецца пад кіраўніцтвам Ліліі Іванаўны Чыж і прыносіць не толькі выхаваўчы, але і матэрыяльны эфект. Напрыклад, сёлета вучні пасадзілі амаль 9 гектараў лесу і зарабілі каля 3 мільёнаў рублёў, якія былі выдаткаваны на экскурсіі па адметных мясцінах Віцебшчыны.
Актыўным даследаваннем флоры і фаўны ландшафтнага заказніка “Свіцязянскі” займаецца і настаўнік выяўленчага мастацтва і працоўнага навучання Аляксандр Мікалаевіч Цвырко, дзякуючы якому, мне пашчасціла павандраваць па свіцязянскіх сцяжынах Адама Міцкевіча. У 2007 годзе пад кіраўніцтвам Аляксандра Мікалаевіча вучнем Арцёмам Богданам была створана навуковая работа “Відавы склад і распаўсюджванне відаў раслін, што ахоўваюцца, на тэрыторыі ландшафтнага заказніка “Свіцязянскі”, якая дапамагла Арцёму стаць пераможцам XVIII Рэспубліканскага конкурсу навуковых біёлага-экалагічных работ навучэнцаў агульнаадукацыйных устаноў і ўстаноў пазашкольнага выхавання і навучання.

Работа і вынік

Нягледзячы на тое, што найбліжэйшай установай адукацыі да Свіцязі з’яўляецца Валеўскі дзіцячы сад — сярэдняя школа, вывучэннем экалагічных праблем возера займаюцца настаўнікі і вучні і з іншых устаноў адукацыі, каардынуе гэтую работу Навагрудскі раённы эколага-біялагічны цэнтр.
— Для вучняў мы выкарыстоўваем разнастайныя формы работы і метады. Старшакласнікаў больш цікавіць даследчая работа, якая арганізоўваецца непасрэдна ў прыродзе падчас экскурсій, паходаў, экспедыцый. Першым кіраўніком і натхняльнікам экспедыцый была Таццяна Валянцінаўна Хрышчановіч, потым Наталля Іосіфаўна Каспер, якія працавалі ў нашым цэнтры загадчыкамі аддзела экалогіі, — расказвае дырэктар цэнтра Вольга Віктараўна Котава.
У рамках экспедыцый была распрацавана Праграма комплекснага вывучэння экалагічнага стану возера Свіцязь і прылеглых тэрыторый. Удзельнікі экспедыцый вывучаюць наземныя і водныя экасістэмы. Для работы створаны дзве лабараторыі. У лабараторыі водных экасістэм працуюць групы гідролагаў і гідрабіёлагаў, якія праводзяць мікракліматычныя даследаванні, вызначаюць тэмпературу і вільготнасць паветра, вады, хуткасць і кірунак ветру, ацэньваюць экалагічны стан берага і паверхні вады. У выніку работы юныя даследчыкі прыйшлі да высновы, што вада ў возеры чыстая, але ўсё ж адбываецца паступовы працэс забалочвання возера. Асноўная прычына — вялікая антрапагенная нагрузка на возера. Геабатанікі з лабараторыі наземных экасістэм вывучаюць раслінны свет, выяўляюць месцы знаходжання рэдкіх і знікаючых відаў раслін (выяўлена больш за 10 такіх відаў). Сярод іх лабелія Дортмана, белымі кветкамі якой любаваўся Адам Міцкевіч і ўсхваліў іх у баладзе “Свіцязь”, і тэтрадыніум яванікум, які, акрамя Навагрудчыны, расце толькі на востраве Ява. Падчас апошняй экспедыцыі былі выяўлены 4 рэдкія віды папараці.
У выніку кожнай экспедыцыі, якія праводзяцца з 1996 года, пішуцца справаздачы, ствараюцца навукова-даследчыя работы, гербарыі і фотаальбомы, якія выкары-стоўваюцца ў вучэбна-выхаваўчым працэсе. З вынікамі даследаванняў навучэнцы штогод выступаюць на абласных і рэспубліканскіх конкурсах і канферэнцыях, дзе займаюць прызавыя месцы. Раённыя экспедыцыі на возера Свіцязь заўсёды праходзяць на высокім узроўні, таму нездарма ў 1999 годзе на Навагрудчыне прайшла ХІ Рэспубліканская эколага-краязнаўчая экспедыцыя “Жыві, наш край”, арганізаваная Рэспубліканскім эколага-біялагічным цэнтрам. За шматгадовую работу па маніторынгу возера Свіцязь юныя даследчыкі раённага эколага-біялагічнага цэнтра (вучні сярэдняй школы № 1 Навагрудка) на чале з кіраўніком экспедыцый Наталляй Іосіфаўнай Каспер (цяпер намеснікам дырэктара па вучэбнай рабоце сярэдняй школы № 2 Навагрудка) атрымалі ў 1999 годзе дыплом першай ступені Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь. Шэсць удзельнікаў гуртка “Юныя эколагі” сталі стыпендыятамі спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў.
— Калі глядзіш на велічнасць і прыгажосць возера, перагортваеш матэрыялы экспедыцый, зусім не хочацца думаць пра тое, што чалавек знішчае гэтую прыгажосць. Смецце і вогнішчы на беразе возера, вырваныя з коранем палушнік азёрны і лабелія Дортмана — гэта, на жаль, рэаліі сённяшняга дня. Нашы няведанне і абыякавасць могуць прывесці да вымірання гэтай прыгажосці, таму да возера неабходна беражліва адносіцца, каб Свіцязь заўсёды была жамчужынай нашай зямлі, — сказала Наталля Іосіфаўна.
Педагогі спадзяюцца, што хутка рэкрэацыйная нагрузка на жамчужыну навагрудскага краю пачне змяншацца, а да наступнага лета на беразе возера з’явяцца хаця б шчыты з тлумачэннямі аматарам “культурнага” адпачынку правілаў паводзін на прыродзе. А пакуль што на Свіцязі восень. Стомленае за напружаны сезон адпачынкаў возера набіраецца сіл, бо міне ўсяго некалькі месяцаў, і зноў прыйдуць вясна, лета, зноў з’явяцца шумныя кампаніі, вогнішчы, аўтамабілі, смецце… Хочацца ў гэта не верыць.

Ігар ГРЭЧКА.
Фота аўтара.