Юбілей з працягам

Які найлепшы навагодні падарунак для юнага краязнаўца? Адкрыццё чарговай таямніцы роднага краю? Атрыманне дыплома за ўдзел у конкурсе? А можа, сустрэча з Дзедам Марозам? І раскрыццё таямніцы, і атрыманне дыплома, і сустрэча з добрым чараўніком. І ўсё ж самая галоўная, самая радасная, самая прыемная ўзнагарода — гэта зімовы адпачынак у “Зубраняці”. Па добрай традыцыі ў апошні месяц года і першы месяц зімы на заснежаным беразе Нарачы збіраюцца юныя краязнаўцы, а таксама эколагі, тэхнікі, журналісты — актыўныя ўдзельнікі рэспубліканскай акцыі навучэнскай моладзі “Жыву ў Беларусі і тым ганаруся”. На мінулым тыдні завяршылася чарговая аднайменная змена, падведзены вынікі конкурсаў, лічаныя гадзіны засталіся і да завяршэння 2016 года, які для акцыі быў юбілейным: 10 гадоў яна ўпэўнена крочыць па беларускай зямлі.

Ад Крычава пакрочыла

Чэрвень 2006 года… Крычаў… Гарадскі стадыён… Маштабнае свята… Аляксандр Міхайлавіч Радзь­коў дае ўрачысты старт акцыі “Жыву ў Беларусі і тым ганаруся”… 10 гадоў мінула з таго памятнага дня, і цяпер можна смела гава­рыць, што ні адно з доўгатэрміновых выхаваўчых мерапрыемстваў сістэмы адукацыі нашай краіны не карыстаецца ў педагогаў і навучэнцаў такой папулярнасцю. І пацвярджа­юць гэтыя словы тысячы работ, што дасылаюцца на раённыя, абласныя і рэспубліканскія этапы конкурсаў. А гэтых конкурсаў самай рознай тэматыкі праведзены ўжо не адзін дзясятак. Даследаванне роднага краю вядзецца па такіх напрамках, як “Мой род, мая сям’я”, “Мая школа — часцінка майго жыцця”, “Мая вёска, мой горад”, “Мая Радзіма — Беларусь”. У якасці аб’ектаў даследавання выбіраюцца помнікі гісторыі, культуры, прыроды. Удзельнікі акцыі распрацоўваюць рэгіянальныя праграмы адраджэння, захавання, папулярызацыі адметных мясцін малой ра­дзімы, сістэматызуюць веды па родным краі. Акцыя “Жыву ў Беларусі і тым ганаруся” настолькі трывала ўвайшла ў жыццё ўстаноў адукацыі, што паняцці “выхаваўчы працэс” і “Жыву ў Беларусі і тым ганаруся” з’яўляюцца адным цэлым.

— Адкрыццё акцыі стала знакавай падзеяй, пераломным этапам у багатай, напоўненай традыцыямі краязнаўчай рабоце, якая вядзецца ва ўстановах адукацыі Беларусі яшчэ з канца ХІХ стагоддзя. Калі звярнуцца да гісторыі развіцця краязнаўчага руху, то варта адзначыць, што асаблівую папулярнасць ён набыў у 30-я гады ХХ стагоддзя. Тады з усёй колькасці краязнаўцаў пераважную большасць складалі настаўнікі і вучні. Потым у 70—80-я гады лепшыя традыцыі краязнаўчага руху даваеннай школы ўвасобіліся ва Усесаюзнай турыстычна-краязнаўчай экспедыцыі “Мая Радзіма СССР”. Пасля таго як Беларусь стала незалежнай дзяржавай, эстафету ад усесаюзнай экспедыцыі пераняла Усебеларуская турыстычна-края­знаўчая экспедыцыя навучэнцаў “Наш край”, накіраваная на вывучэнне, папулярызацыю беларускай гісторыі, культуры, прыроды. Акцыя “Жыву ў Беларусі і тым ганаруся” стала наступным крокам у далучэнні навучэнцаў да вывучэння малой ра­дзімы. З тым, што было зроблена падчас экспедыцыі “Наш край” за 15 гадоў, акцыя “Жыву ў Беларусі і тым ганаруся” справілася ўсяго за год-два. Яна з’яўляецца больш шырокім, доўгатэрміновым мера­прыемствам, да якога далучыліся ўсе ўстановы адукацыі, — паведаміла адказны сакратар акцыі Аляксандра Яўгенаўна Кравец.

Адпачыць у “Зубраняці” і гэтым ганарыцца

Навучэнцы кожнай школы, гімназіі, ліцэя, каледжа, кожнай установы дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі хоць адзін раз, хоць на раённым узроўні, ды ўдзельнічалі ў конкурсах акцыі. І па традыцыі вынікі гэтых конкурсаў падво­дзяцца напярэдадні Новага года ў НДЦ “Зубраня”. Сёлета лепшыя з лепшых вызначаліся ў рэспубліканскіх конкурсах даследчых і творчых работ “Мой род, мая сям’я”, “Юны натураліст”, “Чыстыя сэрцы роднай зямлі”, “Радзімы спадчына — мой гонар”, конкурсе фотаздымкаў “Краіна мая дарагая”, якія право­дзіліся на працягу года Рэспубліканскім цэнтрам экалогіі і краязнаўства, Нацыянальным цэнтрам мастацкай творчасці дзяцей і моладзі, Рэспубліканскім цэнтрам інавацыйнай і тэхнічнай творчасці і рэдакцыяй газеты “Пераходны ўз рост”.

Кожнае лета настаўнік інфарматыкі і матэматыкі нарацкай сярэдняй школы № 1 Вячаслаў Генрыхавіч Жалубоўскі разам з удзельнікамі турыстычна-краязнаўчага гуртка “Непаседы” садзіцца на ведасіпеды і адпраўляецца ў падарожжы. І так ужо 23 гады, 10 з якіх выпадаюць на акцыю “Жыву ў Беларусі і тым ганаруся”. Колькі за гэты час было пераадолена кіламетраў па Мядзельшчыне, суседніх Пастаў­шчыне, Вілейшчыне, па ўсёй Беларусі, ска­заць складана. Аднойчы падчас сапраў­днага марш-кідка за 8 дзён настаўнік праехаў каля 600 кіламетраў. Турыстычна-края­знаўчую мэту падарожжаў педагог сумяшчае з духоўнай, таму падчас вандровак абавязкова наведваюцца касцёлы, цэрквы, а перасоўныя палатачныя лагеры часам разбіваюцца на тэрыторыі кляштараў і манастыроў.

Як і кожная “зубраняцкая” змена, змена “Жыву ў Беларусі і тым ганаруся” — гэта рэалізацыя асобнай праграмы выхавання. Так, сёлета з 4 па 21 снежня быў рэалізаваны праект “Якія мы, беларусы?”, што знаёміў удзельнікаў змены з адметнымі рысамі і якасцямі характару беларусаў. Яшчэ адзін праект “Беларусь у казках і паданнях” быў рэалізаваны падчас свое­асаблівых вячорак, на якіх дзеці знаёміліся з народнай творчасцю. Фарміраванню патрыятычных пачуццяў спрыялі мерапрыемствы агульналагернага і атраднага ўзроў­няў (святочнае адкрыццё змены, важацкая вечарына, конкурс візітовак атрадаў “Здзіўляемся разам”, конкурсы інсцэніраванай казкі “Скарб­ніца народнай мудрасці” і відэа­рэкламы “Беларусь запрашае”, шоу-праграма “Міс “Купалінка” і фестываль мастацтваў “Нарачанскае сузор’е” і інш.), дыскусійны і гульнявы мультыпаркі, спартыўныя мерапрыемст­вы, тэматычныя класныя гадзіны.

А яшчэ кожная зубраняцкая змена — гэта абавязкова святочны настрой. Стваралі яго “Кола гульняў”, прысвечанае Новаму году, гульнявая сітуацыя “Пісьмо Дзеду Марозу”, конкурс “Парад снегавікоў” і інш. На працягу змены рэалізоўваўся арганізацыйна-гульнявы праект “Здзіўляй.by”, дзе кожны атрад умоўна быў ператвораны ў вэб-студыю, якая займаецца распрацоўкай інтэрнэт-сайта з мэтай прыцягнення ў нашу краіну замежных турыстаў. Для ўдзельнікаў змены было арганізавана наведванне рэспубліканскіх устаноў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі, майстар-класы ад іх супрацоўнікаў, а таксама наведванне вядучых сталічных музеяў.

Першыя дыпломы

На шматлікіх мерапрыемствах акцыі часта гучаць словы пра тое, што “Жыву ў Беларусі і тым ганаруся” ўпэўнена крочыць па краіне. Такое параўнанне не выпадковае і нават не вобразнае. Калі ўлічыць, што ўдзельнікі многіх конкурсаў падчас пошуку неабходнага матэрыялу адпраўляюцца ў вандроўкі, экскурсіі, то слова “крочыць” мае прамое значэнне. Настаўнікі і вучні накіроўваюцца з дыктафонамі, алоўкамі, блакнотамі, фотаапаратамі ад школы — да мясцовых старажылаў, былых пан­скіх сядзіб, помнікаў, пастаўленых у памяць пра тых, хто загінуў падчас Вялікай Айчыннай вайны, у лес, напоўнены птушыным
шчэбетам і пахам духмяных кветак, ад школы — у новае, дарослае, жыццё… Ужо даўно сталі дарослымі пераможцы першых конкурсаў. У кожнага свае сем’і, свая жыццёвая сцяжына. І на выбар гэтай жыццёвай сцяжыны пэўны ўплыў, безумоўна, аказаў удзел у акцыі. Паколькі наша выданне — газета для педагогаў, то і гава­рыць мы будзем пра настаўнікаў, якія ўжо на працягу 10 гадоў накіроў­ваюць, ра яць, падтрымліваюць, даюць слушныя краязнаўчыя парады сваім выхаванцам.

Школьныя музеі з’яўляюцца сапраўднымі цэнтрамі выхаваўчай работы, таму нядзіўна, што самы першы конкурс акцыі — гэта конкурс музеяў устаноў адукацыі “Гісторыка-культурныя каштоўнасці рэгіёна ў змесце дзейнасці сучаснага музея ўстановы адукацыі”. Сярод пераможцаў і лаўрэатаў дыплома І ступені — гістарычны музей сярэдняй школы № 3 Мёраў, створаны ў 1986 годзе. Наведацца ў адзін з самых лепшых музеяў краіны мне пашчасціла двойчы: у 2009 і 2015 гадах. З багатай экспазіцыяй, сабранай пад кіраўніцтвам настаўніка гісторыі, выдатніка адукацыі, лаўрэата прэміі “За духоўнае адраджэнне” Вітаўта Антонавіча Ермалёнка, можна знаёміцца некалькі гадзін. Кожны раздзел — гэта цэлая эпоха, захапляльны аповед пра таямніцы Мёр­скага краю. І расказваюць пра гэтыя таямніцы тысячы экспанатаў. Ужо 30 гадоў у самым добрым суседстве знахо­дзяцца прадметы інтэр’ера пакояў шляхецкага і сялянскага дома канца ХІХ стагоддзя, каштоўныя знаходкі са старадаўніх могільнікаў, курганоў і гарадзішчаў, сведчанні пра па­дзеі 1812 года, школьныя і вучнёўскія прылады даваеннай Беларусі, матэрыялы і асабістыя рэчы славутых ураджэнцаў Мёршчыны.

За 40 гадоў педагагічнай дзейнасці і 10 гадоў удзелу ў акцыі “Жыву ў Беларусі і тым ганаруся” Вітаўт Антонавіч Ермалёнак дасягнуў многіх краязнаўчых вяршынь. Стварыў музейнае аб’яднанне, куды ўваходзяць чатыры музеі, сабраў каля 30 тысяч артэфактаў мінулага (сярод апошніх знаходак — турэцкі ваенны бубен з бітвы пад Венай 1683 года), калекцыю дыпломаў акцыі, прывіў любоў да роднага краю сотням вучняў, некалькім пакаленням жыхароў Мёрскага раёна і, як сапраўдны мужчына-краязнаўца, вырасціў сына-гісторыка, пабудаваў разам з ім этнаграфічны дом-музей, пасадзіў вакол гэтага дома цэлы сад.

Мой род, мая сям’я

Вітаўт Антонавіч сабраў не толькі багатую калекцыю экспанатаў і дыпломаў акцыі “Жыву ў Беларусі і тым ганаруся”, але і багатыя звесткі пра сваіх продкаў. Дарэчы, пра радавод. Конкурсы радаводаў праводзіліся ўжо неаднойчы. Вось і сёлета ў юбілейны год акцыі Рэспубліканскі конкурс даследчых работ “Мой род, мая сям’я” стаў адным са знакавых. Падобныя конкурсы заўсёды карыстаюцца папулярнасцю. І справа не толькі ў тым, што даследаваць радавод становіцца модным. Дзякуючы конкурсу радаводаў, вучні знаёмяцца з сямейнымі гісторыямі, традыцыямі, рэліквіямі. А цікавыя гісторыі, традыцыі, рэліквіі ёсць у кожнай сям’і. Конкурс накіраваны на фарміраванне светапогляду і духоўных каштоўнасцей асобы вучня праз даследаванне свайго радаводу, матэрыяльнай і духоўнай спадчыны продкаў, выхаванне патрыятызму праз непарыўную сувязь гісторыі сям’і з гісторыяй свайго народа.

— У фінальным этапе прынялі ўдзел 58 конкурсных матэрыя­лаў, прадстаўленых навучэнцамі з усіх рэгіёнаў краіны. На папярэднім туры рэспубліканскага этапу праводзіўся прагляд конкурснага матэрыялу, а на выніковым — творчае прадстаўленне навучэнцамі сваіх работ. Прадстаўлены вучнямі матэрыял мае высокі змястоўны і інфармацыйны ўзровень, складаецца з уласнага радаводу, генеалагічнага дасье на кожнага прадстаўніка роду, апісання жыццядзейнасці сваякоў і важных для сям’і падзей у храналагічнай паслядоўнасці, апісання сямейных традыцый і абрадаў, паданняў і легенд, сямейных рэліквій, матэрыялу па правядзенні антрапанімічных даследаванняў сям’і, роду, картасхе­мы з адлюстраваннем геаграфіі рассялення прадстаўнікоў роду, — паведаміла Аляксандра Яўгенаўна Кравец.

Раскласці карту

Любое падарожжа, вывучэнне роднага краю немагчыма без карты, таму сярод першых конкурсаў акцыі конкурс па складанні карта­схем малой радзімы і конкурс буклетаў, даведачна-інфармацыйных матэрыялаў пра родны край. “Фантазіі ўдзельнікаў конкурсу па стварэнні картасхем малой радзімы можна толькі пазайздросціць. Мне і цяпер помняцца тыя работы, — дзеліцца намеснік дырэктара Рэспубліканскага цэнтра экалогіі і краязнаўства Лідзія Андрэеўна Жур. — Помню, што юныя турысты са Шчучына ўмоўныя значкі ўпрыгожылі бісерам, запалкамі, кавалачкамі каляровай паперы. Настаўнікі і вучні сярэдняй школы № 1 Ліды зрабілі карту горада тапаграфічным спосабам. Вельмі цікавыя работы даслалі і ўстановы адукацыі Віцеб­скай вобласці. Напрыклад, на карце Палатоўскай і Ветрынскай сярэдніх школ Полацкага раёна каля кожнага невялікага фотаздымка пэўнага аб’екта гісторыі, культуры, прыроды быў наклеены яго выява-малюнак, створаны вучнямі. Аднак найбольш уразіла картасхема з Цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі “Кантакт” Цэнтральнага раёна Мінска. Мы, члены журы, ужо шмат цікавага і арыгінальнага бачылі за 10 гадоў акцыі, аднак каб паказаць сваю родную зямлю ў выгля­дзе вялікага палотнішча, а замест рэк пры­шыць сінія стужкі тканіны — гэта сапраўды ўразіла. Хаця кожная работа кожнага конкурсу — гэта не толькі багатыя звесткі, але і сапраўдны шэдэўр дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Якія радаводы, якія летапісы ўстаноў адукацыі дасылаюцца на конкурсы! Гэта трэба бачыць! Напэўна, варта нават арганізаваць спецыяльную выставу такіх работ”.

Двухколавыя сябры

Паход і экскурсія — два ключавыя словы, якія ляжаць у аснове дзейнасці і ладу жыцця ўдзельнікаў акцыі. Гэтыя два словы сталі асновай і Рэспубліканскага конкурсу на лепшы праект краязнаўчага маршруту “Мой край”. Сярод пераможцаў — гурток веласіпеднага турызму нарацкай сярэдняй школы № 1 Мядзельскага раёна. З кіраўніком аб’яднання Вячаславам Генрыхавічам Жалубоўскім мне таксама, як і з Вітаўтам Антонавічам, пашчасціла сустракацца двойчы. Калі на нашу сустрэчу я прыязджаў на камандзіровачным аўтобусе, то Вячаслаў Генрыхавіч, як нескладана здагадацца, на двухколавым сябры.

— Асноўнай мэтай нашых падарожжаў з’яўляецца вывучэнне роднага краю, патрыятычнае, духоўнае выхаванне дзяцей. Турызм — толькі сродак для дасягнення гэтых мэт. У час вандровак мы, настаўнікі, разам з дзецьмі пераадольваем на веласіпедах за некалькі дзён па кіламетраў 300—400, знаёмім вучняў з гісторыяй Нарачанскага краю, помнікамі архітэктуры, абавязкова наведваем касцёлы і цэрквы. Перад тым, як адправіцца ў вандроўку, ладзім сход, на якім распрацоўваем маршрут. Пасля вучні актыўна даследуюць яго адметнасці, працуюць у інтэрнэце, вывучаюць кнігу “Па­мяць”. Гэта дае цудоўную магчымасць у будучым параўнаць тэарэтычны матэрыял з практычным. Пасля падарожжаў падво­дзім іх вынікі, — паведаміў Вячаслаў Генрыхавіч.

Сакрэт папулярнасці

Акцыя доўгатэрміновая і праводзіцца на працягу 10 гадоў. Не кожнае мерапрыемства сістэмы адукацыі вытрымлівае такое выпрабаванне часам. У чым сакрэт папулярнасці “Жыву ў Беларусі і тым ганаруся”? Ці толькі магічныя словы: “Беларусь”, “жыву”, “ганаруся”? Як адзначыла адказны сакратар акцыі Аляксандра Яўгенаўна Кравец, любая справа павінна мець сістэму. Калі ёсць сістэм­насць у конкурсах, сістэмнасць у іх арганізацыі, то поспех акцыі гарантаваны. Доўгатэрміновасць акцыі дазваляе вызначыць недахопы яе першых этапаў, правесці работу над памылкамі.

— Асноўная частка конкурсаў — краязнаўчыя. Аднак грамад­ства развіваецца, час патрабуе новых тэм для даследаванняў, таму ў рамках акцыі праводзяцца і конкурсы на экалагічную тэматыку, конкурсы творчых работ, конкурсы па вывучэнні эканамічнага развіцця рэгіёнаў. Правядзенне конкурсу юных экскурсаводаў таксама выклікана патрабаваннямі часу, адкрытасцю нашай краіны для замежных гасцей, а станоўчае ўяўленне пра краіну, як вядома, у многім залежыць ад прафесіяналізму экскурсавода. Навучэнцы з педагогамі вывучаюць розныя аспекты жыцця малой ра­дзімы, таму ў наступным годзе плануецца правесці конкурс па даследаванні тапанімікі роднага краю. У 2018 го­дзе прадугледжаны конкурс “Страчаная спадчына”, абавязковай умовай удзелу ў якім будзе даследаванне страчаных у віхуры часу і людской абыякавасці аб’ектаў гісторыка-культурнай, прыроднай і духоўнай спадчыны беларускага народа, — падзялілася Аляксандра Яўгенаўна.

Будзем разам!

Дзесяць гадоў, дзясяткі конкурсаў, тысячы ўдзельнікаў, дзясяткі тысяч добрых спраў… Рэспубліканская акцыя навучэнскай моладзі “Жыву ў Беларусі і тым ганаруся” працягвае крочыць па нашай зямлі: ад школы да школы, ад гімназіі да гімназіі, ад ліцэя да ліцэя, ад каледжа да каледжа, ад сэрца да сэр­ца. Будзем крочыць разам!

Ігар ГРЭЧКА.
Фота аўтара,
Алега ІГНАТОВІЧА,
з архіва арганізатараў і ўдзельнікаў конкурсаў акцыі.

Вышэй, вышэй і вышэй!

З 25 па 27 лютага ў Рэспубліканскім цэнтры экалогіі і краязнаўства праходзіў першы этап першынства краіны па спартыўным скалалажанні сярод навучэнскай моладзі. Другі этап стартаваў 10 сакавіка, а ўжо 13-га былі падведзены вынікі спаборніцтваў, у якіх удзельнічала больш за 200 навучэнцаў.

Скалалажанне — від спорту, які зарадзіўся як разнавіднасць альпінізму і які становіцца папулярным па ўсім свеце. Спаборніцтвы і трэніроўкі па скалалажанні праходзяць на скаладромах — штучных збудаваннях, якія імітуюць скальны рэльеф. На скаладроме РЦЭіК вышыня трас крыху больш за 5 метраў, але колькасць іх, а таксама складанасць рэгулярна мяняецца згодна з узроставымі крытэрыямі наведвальнікаў. Удзельнікі спаборніцтваў былі падзелены на 5 груп (юніёры 18—19 гадоў, старшыя навучэнцы 16—17 гадоў, дзяўчаты і юнакі 14—15 гадоў, падлеткі 12—13 гадоў, а таксама малодшыя школьнікі 9—11 гадоў). Згодна з узростам спартсмены былі расфарміраваны на каманды па 6 чалавек. Камандам было прадастаўлена паўтары гадзіны лазання па 15 боўлдэрынгавых трасах, што абазначае серыю кароткіх, але вельмі складаных трас.
“Дзецям вельмі цікава займацца скалалажаннем, — дзеліцца загадчык аддзела турызму і спартыўнага арыентавання РЦЭіК Васіль Мікалаевіч Канавальчык. — На жаль, залаў, спецыяльна абсталяваных для скалалажання, у Беларусі вельмі мала. Хочацца, каб камфортныя ўмовы для заняткаў былі створаны ў розных кутках краіны. Сёння ў Рэспубліканскім цэнтры экалогіі і краязнаўства скалалажаннем займаецца больш за 100 дзяцей і падлеткаў. Акрамя іх, займаюцца яшчэ і групы дарослых. Скалалажанне, акрамя выдатнай спартыўнай падрыхтоўкі (пры занятках гэтым відам спорту задзейнічаны ўсе групы мышцаў), вучыць і камунікацыі. Гэта не толькі рух уверх па скале, але і работа ў камандзе”.
У зале РЦЭіК праводзіцца мноства спаборніцтваў па скалалажанні, у тым ліку і міжнароднага ўзроўню, працуюць атэставаныя інструктары па альпінізме, вядзецца падрыхтоўка да сапраўдных узыходжанняў і турыстычных паходаў ад Крыма да Гімалаяў. Магчыма, менавіта таму каманда Рэспубліканскага цэнтра экалогіі і краязнаўства перамагла на спаборніцтвах, упэўнена адарваўшыся ад іншых канкурэнтаў больш чым на 20 балаў. Другое месца заняў калектыў Пухавіцкага раёна, а “бронзу” атрымалі прадстаўнікі Гомеля. Усе пераможцы ўзнагароджаны дыпломамі і медалямі.

Алеся УШАКОВА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.

Колькі важыць партфель юнага экскурсавода?

Не сакрэт, што патрыятызм пачынаецца з любові да малой радзімы. Гэта наглядна даказалі ўдзельнікі мінскага гарадскога конкурсу юных экскурсаводаў “Мая малая радзіма”, які праводзіўся ў рамках рэспубліканскай акцыі навучэнскай моладзі “Жыву ў Беларусі і тым ганаруся”. Конкурс праходзіў у некалькі этапаў, самым адказным з якіх было творчае прадстаўленне экскурсій.

У суботу ўсіх, хто цікавіцца краязнаўствам, гасцінна запрасіла сярэдняя школа № 19 імя Янкі Купалы. Менавіта тут удзельнікі конкурсу паказалі свае таленты. Журы, гледачам і канкурсантам вельмі пашчасціла! За адзін толькі дзень яны завочна пабывалі ў розных куточках нашай краіны, даведаліся пра гісторыю адміністрацыйных раёнаў сталіцы, атрымалі магчымасць наведаць Мінск гімназічны, тэатральны, спартыўны. Не пакінула абыякавымі і тэма вайны. 70 гадоў мы жывём пад мірным небам. Пра вайну нам нагадваюць вуліцы, якія носяць імёны герояў тых дзён. Усе ўдзельнікі вельмі адказна паставіліся да конкурсу: падабралі матэрыял для экскурсіі, даследавалі аб’екты, апрацавалі сабраны фактычны матэрыял, стварылі “партфель юнага экскурсавода”, знялі відэаматэрыял экскурсіі.
Вельмі цікава пра аб’екты сваіх даследаванняў паведамілі ўсе ўдзельнікі, але найбольшае ўражанне выклікалі навучэнцы 11 класа сярэдняй школы № 77 Савецкага раёна Уладзіслаў Боеў і Аліна Пасюк (у цэнтры іх аповеду духоўны скарб Валожыншчыны — Лоск), а таксама самы маленькі экскурсавод конкурсу навучэнец 2 “Б” класа сярэдняй школы № 215, што ў Маскоўскім раёне, Іван Кравец, які запрасіў нас на радзіму сваёй матулі ў гарадскі пасёлак Плешчаніцы Лагойскага раёна. Пра свой родны мікрараён Залатая Горка з любоўю расказаў Мікіта Стругальскі, навучэнец 6 “А” класа 19-й школы Савецкага раёна, які аздобіў экскурсію батлейкай, а дапамаглі яму ўдзельнікі школьнага танцавальнага калектыву. Незвычайны маршрут прапанавала Ірына Кірдань (сярэдняя школа № 125 Фрунзенскага раёна), якая правяла экскурсію па Кальварыйскіх могілках.
Усе канкурсанты малайцы! Пераможцы і лаўрэаты будуць узнагароджаны дыпломамі і памятнымі падарункамі. Узнагароджанне пройдзе 20 кастрычніка ў рамках фальклорнага свята “Пакроўскі кірмаш”, якое ладзіць аддзел краязнаўства Мінскага дзяржаўнага турыстычна-экалагічнага цэнтра дзяцей і моладзі.

Ганна САЖНЕВА,
загадчыца аддзела краязнаўства МДТЭЦДіМ.