СНД у адным роліку

22 снежня штаб-кватэра СНД сустракала асаблівых гасцей. У зале пасяджэнняў, дзе звычайна прымаюцца лёсавызначальныя для краін СНД рашэнні, ва ўтульных крэслах сядзелі… хлопчыкі і дзяўчынкі. Усе яны — навучэнцы мінскай гімназіі № 37, якія стварылі відэаролік да 25-годдзя Садружнасці Незалежных Дзяржаў “СНД — наш агульны дом” і былі запрошаны на сустрэчу з першым намеснікам старшыні Выканаўчага камітэта выканаўчым сакратаром СНД Віктарам Аляксандравічам Гумінскім.

Віктар Аляксандравіч павітаў маленькіх гасцей і педагогаў гімназіі, пазнаёміў іх з гісторыяй стварэння СНД, з мэтамі работы Выканаўчага камітэта, а таксама выказаў усім вялікую ўдзячнасць за падрыхтоўку відэароліка. В.А.Гумінскі падкрэсліў, што дзецям удалося закрануць самае галоўнае, тое, наколькі важна людзям розных краін, розных нацыянальнасцей сябраваць, быць разам, умець дамаўляцца па малых і вялікіх пытаннях і праблемах.

“Для мяне было прыемным здзіўленнем, што дзеці такога ўзросту не проста ведаюць, што такое СНД, а разумеюць яе галоўную ідэю — працягваць сяброўства і супрацоўніцтва паміж краінамі, якое існавала на прасторах Савецкага Саюза. Гэты невялікі, але такі значны відэаролік ахоплівае па змесце ўсю сутнасць нашай арганізацыі”, — заўважыў В.А.Гумінскі. Першы намеснік старшыні Выканаўчага камітэта выканаўчы сакратар СНД у асабістай размове выказаў меркаванне, што ўвогуле знаёміць дзяцей з гісторыяй стварэння СНД у большай ступені задача школы і настаўнікаў, бо зрабіць гэта, напрыклад, у сям’і дастаткова складана. “Я лічу, што гэта павінны рабіць тыя, хто вывучае гісторыю, хто адсочвае асноўныя этапы развіцця СНД і ведае, для чаго і чаму яна была створана пасля распаду Савецкага Саюза. Сённяшняе наведванне Выканаўчага камітэта — гэта якраз яшчэ адна форма, з дапамогай якой можна расказаць дзецям аб гэтым”, — упэўнены Віктар Аляксандравіч.

Па даручэнні Сяргея Мікалаевіча Лебедзева, граматай старшыні Выканаўчага камітэта выканаўчага сакратара СНД Віктар Аляксандравіч узнагародзіў намесніка дырэктара гімназіі № 37 Алену Іосіфаўну Ліцкевіч. Яна ў сваю чаргу адзначыла, што слоган, які ляжыць у аснове роліка — “Дом, у якім утульна ўсім”, з’яўляецца не толькі дэвізам іх навучальнай установы, але і цудоўна падыходзіць для Садружнасці Незалежных Дзяржаў. Алена Іосіфаўна ўручыла Віктару Аляксандравічу навагоднія падарункі ад дзяцей — ёлку, зробленую сваімі рукамі, а таксама тэматычныя малюнкі навучэнцаў 6 класа з сімволікай СНД, спецыяльна падрыхтаваныя да мерапрыемства.

Школьнікі таксама атрымалі каштоўныя падарункі ад Выканаўчага камітэта СНД. Яны расказалі аб сваёй гімназіі, любімых уроках і настаўніках, падзяліліся дасягненнямі ў вучобе і спорце.

“Сёння вы пазнаёміліся з работай людзей, работай калектыву, які робіць усё для таго, каб у нашых краінах жылося лепш, каб у нас быў мір, спакой і стабільнасць. Я ўпэўнены, што, калі вы станеце дарослымі, усе зоймеце належнае месца ў жыцці. Жадаю вам добрага здароўя, выдатнай вучобы ў гімназіі, выбраць сабе тую прафесію, якая будзе даспадобы і ў радасць, што для дзяржавы таксама прынясе карысць”, — звярнуўся да дзяцей Віктар Аляксандравіч, а таксама пажадаў поспехаў педагагічнаму калектыву гімназіі. Завяршылася гэтая важная для ўсіх сустрэча наведваннем Музея гісторыі СНД.

Людміла ГУРСКАЯ.
Фота з сайта Выканаўчага камітэта СНД.

Ад грамадзянскай пазіцыі кожнага залежыць наша будучыня

Педагагічны калектыў Сыродскай базавай школы працуе над метадычнай тэмай “Сістэмна-дзейнасны падыход як метадалагічная аснова арганізацыі сучаснага адукацыйнага працэсу”. У школе пачалася работа па стварэнні новага адукацыйнага асяроддзя. Асноўны прынцып гэтай работы — суб’ект-суб’ектныя адносіны педагогаў і вучняў як у навучанні, так і ў выхаванні.

Важным сродкам вырашэння праблемы выхавання вучняў як грамадзян з актыўнай жыццёвай пазіцыяй з’яўляецца арганізацыя тэматычных тыдняў і акцый, якія дазваляюць рэалізаваць дзейнасны падыход. Такая форма прадугледжвае ўдзел школьнікаў у абмеркаванні, складанні, выкананні і рэфлексіі плана правядзення тэматычных тыдняў. Гэта значыць, у працэсе і выніку такога падыходу нараджаецца не пасіўны сузіральнік пэўных відаў дзеянняў, падзей, а актыўны ўдзельнік і арганізатар калектыўных творчых спраў. Таксама тэматычныя тыдні і акцыі прадугледжваюць стварэнне ўмоў для станаўлення маральнай грамадзянскай пазіцыі, грамадзянскай кампетэнтнасці і здабыцця вопыту актыўнай дзейнасці.

Педагагічная практыка пераконвае нас, што абраная форма арганізацыі выхаваўчай работы з’яўляецца прыярытэтнай умовай эфектыўнага выхавання грамадзянскіх каштоўнасцей. Дзякуючы правядзенню тэматычных тыдняў, жыццё ў школе становіцца больш эмацыянальным, цікавым і насычаным.

З мэтай прапаганды ідэй здаровай будучыні для новага пакалення, выхавання экалагічнай культуры, развіцця ў вучняў беражлівых адносін да навакольнага асяроддзя ў Сыродскай базавай школе з 15 кастрычніка па 15 лістапада праходзіла тэматычная акцыя “Кожны ў адказе за жыццё на планеце”, прымеркаваная да Міжнароднага дня другаснай перапрацоўкі, які штогод адзначаецца 15 лістапада.

“Мы дзіўна, няправільна жывём на Зямлі: ахоўваем каштоўнае і цэннае, а бясцэннае не захоўваем. Брыльянты, алмазы, золата, грошы ахоўваем, а азёры, крыніцы, аблокі, зоны чыстага паветра — не. Мы не хочам засвоіць самае галоўнае: Паветра — гэта наш бацька, Вада — маці, Зямля — наш дом”, — такімі словамі адкрылі экалагічную акцыю вядучыя Iрына Cтаніславаўна Антоненка i Юлiя Iгараўна Нагорная.

Раней праблема смецця лічылася пераважна гарадской, але сёння гэта актуальна і для вёскі. Смеццем завалены абочыны аўтамабільных і чыгуначных дарог. Застаецца пазайздросціць далёкай Швейцарыі.

Анкетаванне педагогаў, тэхнічных работнікаў і вучняў паказала, што праблема аховы навакольнага асяроддзя нікога не пакідае абыякавым. Аказалася, што бацькі сучасных школьнікаў таксама збіралі макулатуру, металалом. Большасць сем’яў выкарыстоўвае штучную ёлку падчас навагодніх свят, каб зберагчы дрэвы.

Падчас удзелу ў экалагічным дэсанце “Чысціня вясковых вуліц” школьнікі ўбачылі: многія жыхары падтрымліваюць чысціню і парадак на вуліцах аграгарадка, садзяць дрэвы, кветкі. Разам з класнымі кіраўнікамі школьнікі распаўсюджвалі рэкламныя лістоўкі “Хай Сырод будзе чыстым!”, “А ты здаў макулатуру?”.

Кожная субота акцыі абвяшчалася “зялёнай”: праходзіў традыцыйны конкурс па зборы макулатуры (“Здай макулатуру — выратуй дрэва!”) і адпрацаваных элементаў сілкавання (“Уладар батарэек”).

Дзеці і іх бацькі майстравалі вырабы з другаснай сыравіны. Як вынік, у школе адкрыўся міні-музей “Дадзім адходам шанс!”. Сімпатычныя прадметы ў стылі апсайклінгу здзівілі нас.

Завяршальным акордам акцыі стаў экалагічны фестываль “Кожны ў адказе за жыццё на планеце”. Падчас яго прагучалі заклікі далучацца да добраўпарадкавання роднай вёскі ўсім яе жыхарам, праявіць маральна-экалагічную пазіцыю.

Члены атрада валанцёраў 8 класа “Пазітыў” правялі перадачу “Кінь Прыродзе выратавальны круг”, у якой звярнуліся да ўсіх неабыякавых да лёсу нашай планеты і тых, хто хоча, каб яна была чыстай і зялёнай, праяўляць мудрасць і экалагічную культуру.

Свабоду творчасці, палёт бязмежнай фантазіі праявілі ўдзельнікі карнавалу “Цуды з адходаў”, паказу мадэляў экалагічных касцюмаў з адходаў і непрыдатнага матэрыялу Аляксандра Русецкая, Ангеліна Карнеявец, Раман Шуляк, Ксенія Дулуб, Ульяна Снопік, Марыяна Антоненка, Караліна Барысенка, Карына Салодкіна, Кацярына Шуляк, Цімафей Дулуб.

Аўтары плакатаў на тэму “Лёс планеты ў тваіх руках” таксама аддалі свой голас у абарону прыроды. Дапамаглі падрыхтаваць плакаты бацькі навучэнцаў: Ігар Валер’евіч Лабада, Вольга Іванаўна Дулуб, Ганна Андрэеўна Шуляк, Таццяна Аляксандраўна Балахонцава, Яўгенія Мікалаеўна Камыш. Юныя экадызайнеры шэдэўраў атрымалі заахвочвальныя прызы.

Госць фестывалю супрацоўнік установы “Камунальнік Калінкавіцкі” Вера Іванаўна Карпенка расказала, як ідуць справы са зборам адходаў у Калінкавіцкім раёне, падзякавала за адказны падыход да экалагічных праблем.

Завяршыўся экафестываль агульнашкольнай экалагічнай акцыяй “Праспяваем гімн прыроды разам”, у якой прынялі ўдзел вучні, педагогі, бацькі, госці.

Так, у творчай і спаборніцкай атмасферы былі закрануты сур’ёзныя праблемы выжывання прыроды на планеце, прыцягнута ўвага грамадскасці да экалагічных праблем аграгарадка і раёна. Трывожныя звесткі аб стане навакольнага асяроддзя прыходзяць з усіх кантынентаў. Наш свет перарэзаны межамі ўмоўна. Экалагічная сучаснасць і будучыня ва ўсіх народаў агульныя. Гэта разумеюць і юныя, і дарослыя жыхары аграгарадка Сырод.

У жыцці нашых хлопчыкаў і дзяўчынак будзе яшчэ шмат выбараў: маленькіх і вялікіх, простых і складаных, — але яны зразумелі, што ад грамадзянскай пазіцыі кожнага залежыць будучыня роднай зямлі.

Таісія СОПАТ,
намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце Сыродскай базавай школы.

Завод — міні, затое эфект — максі,

або Як у Маладзечанскім політэхнічным каледжы рыхтуюць кадры для інавацыйнай вытворчасці

Калі аналізаваць сітуацыю ў цэлым па краіне, наколькі сістэма прафесійнай адукацыі ў тэме па падрыхтоўцы кадраў для інавацыйнай эканомікі, то абсалютным лідарам у гэтым можна лічыць Маладзечанскі дзяржаўны політэхнічны каледж, філіял Рэспубліканскага інстытута прафесійнай адукацыі, які пачаў навучанне не па адной, а па некалькіх спецыяльнасцях інавацыйнага напрамку. У ліку іх — дзве спецыяльнасці мехатроніка, якія прадугледжваюць кваліфікацыю рабочага з сярэдняй спецыяльнай адукацыяй “мехатронік 5 разраду” для вытворчасці харчовых прадуктаў і халадзільнага абсталявання, а таксама спецыяльнасць “Абслугоўванне і эксплуатацыя жылых дамоў”. Па сутнасці, той, хто добра ведае ў Маладзечне гэты каледж, не здзівіцца, што і тут ён у лідарах. Такая ў яго рэпутацыя — быць у трэндзе. І трымаць гэтую высокую планку ўдаецца каледжу з лішкам. Каледж мае амаль 60-гадовую гісторыю, лічыцца самым буйным у рэгіёне. Цяпер там займаецца тысяча навучэнцаў па спецыяльнасцях самых розных профіляў. Амаль 30 гадоў свайго жыцця прысвяціў установе Міхаіл Мікалаевіч Клокель, які прыйшоў туды працаваць выкладчыкам спецдысцыплін, а апошнія 8 гадоў кіруе каледжам. Менавіта гэтыя гады для ўстановы і для самога кіраўніка сталі бурлівым часам у пошуку свайго месца ў сістэме прафесійнай адукацыі, вызначэння свайго шляху і кірункаў, якія б забяспечылі далейшы поспех. Мяркуючы па выніках, якія ёсць на цяперашні час у біяграфіі дырэктара і самой навучальнай установе, жыццё, як кажуць, удалося. Міхаіла Мікалаевіча можна па праве назваць сучасным менеджарам, якому ўласцівы творчы і мабільны падыход да сваёй справы. Колькі думак і ідэй нараджаецца ў яго штодзённа! І ўсе яны для рэалізацыі адной мэты: каб падлеткі знайшлі сабе справу па душы, паспяхова ўладкаваліся ў жыцці, мелі надзейны заробак, а рэгіён атрымаў тыя кадры, якія яму патрэбны.

Мехатроніка ў харчовай галіне

Тое, што кіраўніцтва каледжа старанна сочыць за станам спраў на рэгіянальным рынку працы, даказвае шматпрофільнасць напрамкаў у прафесійнай падрыхтоўцы навучэнцаў, якую праводзіць навучальная ўстанова.

— Каледж політэхнічны (ад слова “полі” — “многа”), а значыць, мы рыхтуем па цэлым спектры спецыяльнасцей, — тлумачыць дырэктар. — І самае галоўнае, што падрыхтоўка вядзецца ў залежнасці ад патрэб нашых прадпрыемстваў і арганізацый. Таму спецыяльнасці, якія прапаноўвае каледж, маюць розныя профілі. Напрыклад, разам з падрыхтоўкай кадраў для прамыслова-грамадзянскага будаўніцтва па запатрабаванні жыллёва-камунальнай гаспадаркі мы адкрылі спецыяльнасць “Эксплуатацыя жылых дамоў”. Доўгі перыяд часу рыхтуем кадры па спецыяльнасці “Мантаж і эксплуатацыя электраабсталявання”, якая па-ранейшаму запатрабавана работадаўцамі.

Але ж, без перабольшання, галоўным кірункам дзейнасці каледжа з’яўляецца падрыхтоўка кадраў для харчовай галіны. Гэты блок уключае тры спецыяльнасці: “Тэхналогія захавання і перапрацоўкі харчовай расліннай сыравіны”, дзе вядзецца падрыхтоўка спецыялістаў для камбікормавых заводаў, для камбінатаў хлебапрадуктаў (каледж адзіны ў краіне, дзе на ўзроўні ССА рыхтуюць такіх спецыялістаў). Па спецыяльнасці “Тэхналогія харчовых вытворчасцей” у каледжы рыхтуюць па трох спецыялізацыях: “тэхналогія хлебапякарнай, макаронна-кандытарскай вытворчасцей”, “тэхналогія кансервавання і вытворчасць харчканцэнтратаў”, “тэхналогія брадзільных вытворчасцей і вінаробства” (у гэтай падрыхтоўцы каледж таксама адзіны ў краіне). Вышэйшы ўзровень па спецыяльнасцях харчовай сферы ў падрыхтоўцы інжынераў-тэхнолагаў забяспечвае Магілёўскі дзяржаўны ўніверсітэт харчавання, а падрыхтоўку на ўзроўні сярэдняй спецыяльнай адукацыі, як бачна, узяў на сябе Маладзечанскі політэхнічны каледж. Дарэчы, у выпускнікоў каледжа ёсць магчымасць паступіць у Магілёўскі дзяржаўны ўніверсітэт харчавання, з якім каледж цесна супрацоўнічае і мае пагадненне на падрыхтоўку сваіх выпускнікоў на вышэйшай ступені па скарочанай праграме на завочнай форме навучання. Працуе сеткавы прынцып узаемадзеяння “каледж — універсітэт”.

У працэсе падрыхтоўкі кадраў установа наладзіла самыя цесныя ўзаемаадносіны з вядучымі арганізацыямі харчовай галіны, такімі як вытворчае аб’яднанне “Мінскхлебпрам”, куды ўваходзяць 8—9 заводаў, “Гроднахлебпрам”, РУП “Мінск-Крышталь” і шэраг іншых прадпрыемстваў канцэрна “Белдзяржхарчпрам” і Мінсельгасхарча.

— Вобраз будучага рабочага і спецыяліста для харчовай прамысловасці мы стваралі разам з заказчыкамі кадраў, — адзначае Міхаіл Мікалаевіч. — А інакш і не можа быць. Трыяда “эканоміка — прадпрыемства — навучальная ўстанова” сёння актуальная як ніколі. Калі мы не высветлім дасканала, што патрэбна нашай эканоміцы, непасрэдна прадпрыемствам, нашы кадры можна лічыць умоўнымі, недасканалымі, якія трэба перавучваць непасрэдна на вытворчасці. Каб гэтага не здарылася, мы наладзілі самыя цесныя сувязі з прадпрыемствамі і арганізацыямі рэгіёна. Мы рэгулярна аб’язджаем прадпрыемствы, сустракаемся з працоўнымі калектывамі, кіраўніцтвам, знаёмімся з вытворчай базай, абсталяваннем і такім чынам імкнёмся вызначыць напрамкі, якія будуць прыярытэтнымі ў прафесійнай падрыхтоўцы.

Важна пры гэтым вызначыцца, зазначае дырэктар, ці змогуць прадпрыемствы забяспечыць навучэнцаў каледжа плошчамі для паўнацэннай вытворчай практыкі, таму што галоўны козыр навучальнай установы — гэта практыка-арыентаваная падрыхтоўка. Мяркуючы па добрых водгуках з боку работадаўцаў, гэты арыенцір узяты правільна, а тым больш у сённняшніх умовах вытворчасці, калі ідзе імклівая мадэрнізацыя, на змену старому абсталяванню, дзе больш за ўсё выкарыстоўвалася ручная праца, прыходзіць сучаснае электроннае.

— Як працаваць з мікрапрацэсарамі, кантролерамі? Як выкарыстоўваць іншую вылічальную тэхніку? Напэўна, гэтыя пытанні нас падштурхнулі да ідэі рыхтаваць мехатронікаў для харчовай галіны, — расказвае Міхаіл Мікалаевіч. — Дагэтуль у ПТК РІПА вялася падрыхтоўка мехатронікаў для машынабудавання, а для харчовай галіны ў падрыхтоўцы мехатронікаў мы сталі першапраходцамі. Набор ажыццяўляўся за кошт абітурыентаў з высокім сярэднім балам атэстата, і вучэбная група была сфарміравана без праблем. У наступным годзе адбудзецца яе выпуск. І мы не сумняваемся ў паспяховым працаўладкаванні выпускнікоў. Для гэтага ўжо ўсё гатова.

Апераджаць — значыць выйграваць

У каледжы створаны рэсурсны цэнтр па харчовай галіне, аналагаў якому няма ў краіне, і ў першую чаргу за кошт сучаснага і спецыфічнага абсталявання, якім аснашчаны лабараторыі цэнтра. Структура гэтага цэнтра нагадвае міні-прадпрыемства харчовай прамысловасці, у склад якога ўваходзяць і спадарожныя гэтай галіне лабараторыі, перш-наперш мікрабіялагічнага і тэхнахімічнага кантролю. У рэсурсным цэнтры, напрыклад, адкрыта лабараторыя мікрабіялогіі, дзе праводзіцца вывучэнне прадуктаў харчавання на мікрабіялагічным узроўні з дапамогай бінакулярных і трынакулярных аптычных мікраскопаў. Акрамя гэтай лабараторыі, адкрыта лабараторыя тэхнахімічнага кантролю, дзе вымяраюцца параметры прадукту (кіслотнасць, шчолачнасць, цукрыстасць і інш.), каб адпавядаць дзяржаўнаму стандарту. Для гэтага ў лабараторыі ўстаноўлены спецыяльныя прыборы для вымярэння любых параметраў харчовага прадукту. А гэты прадукт, дарэчы, вырабляецца ў рэсурсным цэнтры. Такім чынам, ствараецца замкнёнае кола вытворчасці. У цэнтры абсталявалі міні-завод па выпечцы хлеба, дзе захаваны ўсе этапы тэхналагічнага працэсу вырабу хлебабулачнай прадукцыі, якія можна пракантраляваць у той ці іншай даследчай лабараторыі. Міні-завод аснашчаны цестамясільнымі машынамі, хлебапякарнай печкай, па кожным відзе прадукцыі створана свая рэцэптура.

— Улічваючы сучаснае аснашчэнне нашай вучэбнай вытворчасці, мы арганізоўваем апераджальную падрыхтоўку сваіх навучэнцаў, — гаворыць Міхаіл Мікалаевіч. — І гэта дарагога варта. Сёння не на кожным прадпрыемстве харчовай галіны ўстаноўлена такая тэхніка, як у нашым цэнтры. Гэта нам дазваляе рыхтаваць кадры на самым высокім узроўні. Мала таго, пачатая падрыхтоўка мехатронікаў для абслугоўвання сучаснага абсталявання ў вытворчасці харчовых прадуктаў дазваляе закрыць цэлы цыкл у падрыхтоўцы кадраў для сучасных высокатэхналагічных вытворчасцей. Для падрыхтоўкі мехатронікаў мы адкрылі лабараторыі мантажу тэхналагічнага абсталявання мехатронных сістэм, праграмнага забеспячэння і праграмавання аўтаматызаванага абсталявання. Завяршаем работу па стварэнні лабараторыі гідра- і пнеўмааўтаматыкі. Усё гэта дазволіць на больш высокім узроўні вывучаць асноўныя працэсы на практыцы.

На базе рэсурснага цэнтра разгорнута работа па павышэнні кваліфікацыі работнікаў прадпрыемстваў па самых розных спецыяльнасцях — пачынаючы ад цеставода і заканчваючы слесарам КВП. Рэсурсны цэнтр стаў месцам прафарыентацыйнай работы, куды прыходзяць школьнікі і іх бацькі ў дні адкрытых дзвярэй. У цэлым прафарыентацыі тут надаюць вялікае значэнне, інакш як папулярызаваць тыя спецыяльнасці, па якіх толькі пачынаюць рыхтаваць. У каледжы склалася традыцыя рэгулярна наведваць школы рэгіёна, сустракацца з педагогамі, школьнікамі і іх бацькамі. Дырэктар лічыць станоўчым увядзенне ў школе профільнага навучання, што дазволіць зматываваць дзяцей на прафесійны выбар, вызначыць, хто на што здольны.

— На жаль, сёння нашы падлеткі не ведаюць, куды пайсці вучыцца, — адзначае Міхаіл Мікалаевіч. — Яны самі не могуць сфарміраваць свае памкненні, не ведаюць, на што здольны. Пакуль не яны робяць выбар сваёй прафесіі, а іх бацькі. Гэта не заўсёды правільна, бо бацькі ў асноўным перабольшваюць здольнасці сваіх дзяцей і прымушаюць паступаць ва ўніверсітэт. У нашым выпадку ўплыў бацькоў станоўчы. У нас склаліся нават цэлыя дынастыі па той ці іншай спецыяльнасці. Пасля таго як адвучыліся ў нас бацькі, у каледж прыходзяць іх дзеці і нават унукі. Відаць, мы зарадзілі пачуццё ў бацькоў, а бацькі — у дзяцей аб тым, што найбольш надзейна, калі працоўны шлях пачынаць з рабочай прафесіі, а потым паступова ісці з прыступкі на прыступку да больш высокага ўзроўню.

Прадэманстраваць свае прафесійныя навыкі навучэнцы каледжа змаглі на нацыянальным чэмпіянаце WorldSkills. Там, акрамя кампетэнцый па кулінарыі і кандытарстве, яны ўпершыню выступілі ў кампетэнцыі “Мехатроніка”, дзе спаборнічалі поруч са студэнтамі БНТУ і БДУІР. Дырэктар адзначае, што гэты конкурс дае імпульс для імклівай творчай дзейнасці, прыносіць у яе свежыя ідэі, вызначае перспектыўныя напрамкі. Акрамя вышэйзгаданай падрыхтоўкі па спецыяльнасці “Мехатроніка”, у каледжы вядзецца работа па адкрыцці падрыхтоўкі кадраў для абслугоўвання абсталявання па кандыцыяніраванні і вентыляцыі паветра. У рэгіёне попыт на такія кадры даволі высокі. У іх маюць патрэбу як прадпрыемствы, так і грамадскія аб’екты. Таксама ў планах дырэктара — стварыць палігон па высакавольтным электрамантажы для падрыхтоўкі кадраў па спецыяльнасці “Мантаж і эксплуатацыя электраабсталявання”.

— У нас ёсць вучэбная майстэрня па адточванні прафесійных навыкаў па гэтай спецыяльнасці, але там устаноўлена электраабсталяванне ўнутранага карыстання, а гэтага недастаткова, — гаворыць Міхаіл Мікалаевіч.—Хацелася стварыць пляцоўку для знешняга абсталявання, каб навучэнцы маглі атрымаць паўнацэнны ўзровень падрыхтоўкі і не трэба было звяртацца ў базавыя арганізацыі па дапамогу. Акрамя таго, гэты палігон можна зрабіць пляцоўкай для падрыхтоўкі канкурсантаў нацыянальнай зборнай у кампетэнцыі “Мантаж і эксплуатацыя электраабсталявання”.

Сярэдняе звяно ў новым вобразе

Што тычыцца ўвядзення новых спецыяльнасцей для інавацыйнай эканомікі, Міхаіл Мікалаевіч адзначае адну акалічнасць: у даведнік пасад яны не ўведзены, па кожнай з іх адсутнічаюць кваліфікацыйныя характарыстыкі. Гэта, безумоўна, тармозіць работу. Каб змяніць сітуацыю, па ініцыятыве РІПА ў каледжы быў пачаты эксперымент, накіраваны на абнаўленне кваліфікацыйных патрабаванняў у падрыхтоўцы спецыялістаў. У гэтым ёсць свая логіка. Каледж лічыцца ў Мінскай вобласці вядучым па метадычным суправаджэнні прафесійнай падрыхтоўкі, і тут рэгулярна праводзяцца пасяджэнні метадычных аб’яднанняў.
На гэты час створана эксперыментальная пляцоўка, дзе адпрацоўваецца механізм узаемадзеяння навучальнай установы з прадпрыемствамі — заказчыкамі кадраў, на аснове якога будзе выпрацоўвацца нарматыўная прававая база для падрыхтоўкі новых спецыяльнасцей. Стаіць пытанне аб стварэнні галіновага савета, куды ўвойдуць прадстаўнікі адукацыі, навукі, вытворчасці, якія будуць працаваць над мадэрнізацыяй кваліфікацыйных патрабаванняў. У выніку эксперымента разам з РІПА, заказчыкамі кадраў будзе створаны новы вучэбны план па падрыхтоўцы спецыялістаў з сярэдняй спецыяльнай адукацыяй для інавацыйнай вытворчасці.

Стварыць вучэбны план — гэта не проста ўнесці пералік прадметаў, якія плануецца выкладаць навучэнцам. Гэта значыць, што трэба напоўніць змест навучання менавіта тымі ведамі і навыкамі, якія б адпавядалі патрэбам вытворчасці. У гэтым напрамку работы базавыя прадпрыемствы каледжа сталі галоўнымі дарадцамі і памочнікамі, таму што ім, як нікому іншаму, вядома, што трэба ўнесці ў падрыхтоўку кадраў для інавацыйнай эканомікі. Ужо вымалёўваецца новая мадэль выпускніка з сярэдняй спецыяльнай адукацыяй: гэта спецыяліст, які валодае больш шырокім наборам кампетэнцый. Для правядзення эксперымента створана творчая група, куды ўвайшлі выкладчыкі і кіраўніцтва каледжа. Выпрацаваны план мерапрыемстваў — гэта стажыроўка выкладчыкаў на базе прадпрыемстваў, вывучэнне кваліфікацыйных патрабаванняў да сённяшняга выпускніка з мэтай іх далейшай мадэрнізацыі, вывучэнне вопыту і прапаноў прадпрыемстваў. Усе здабытыя звесткі будуць акумулявацца і стануць асновай функцыянальных карт, а ў далейшым і кваліфікацыйных характарыстык. Улічваючы тое, што сёння ў прыярытэце навучання модульны падыход, то і новы вучэбны план будзе пабудаваны на ім, а гэта забяспечыць яго гнуткасць. У такім выпадку на любым этапе можна змяніць змест вучэбнага плана згодна з патрабаваннямі часу да галіны ў цэлым альбо канкрэтнага заказчыка кадраў. Цяпер за 3 гады 8 месяцаў, якія патрэбны для навучання тэхніка-тэхнолага, дазваляецца змяніць на ўзроўні цыклавых камісій 20% зместу вучэбнага плана. Але гэта і мае на ўвазе па меншай меры змяненне аднаго прадмета на другі. А за кошт гнуткасці новага вучэбнага плана можна змяняць вучэбны працэс у корані, як таго патрабуюць інавацыйныя падыходы ў эканоміцы. І, безумоўна, станоўча паўплываць на гэты працэс можна тады, калі будуць прыменены гнуткія кіраўніцкія рашэнні. У тым, што дырэктар каледжа Міхаіл Мікалаевіч Клокель здольны да іх і гатоў іх рэалізоўваць, ужо ніхто не сумняваецца. Высокі імідж Маладзечанскага політэхнічнага каледжа гэта пацвярджае.

Ала КЛЮЙКО.
Фота аўтара.

Клопат аб дзецях — справа агульная

Пытанні арганізацыі бяспечнага і эфектыўнага адукацыйнага працэсу з улікам стану здароўя навучэнцаў абмяркоўваліся на сумесным пасяджэнні калегіі ўпраўлення адукацыі і ўпраўлення аховы здароўя Гомельскага аблвыканкама і санітарна-эпідэміялагічнага савета пры галоўным дзяржаўным санітарным урачы Гомельскай вобласці.

Функцыі розныя, задача адна

Сумесная калегія праходзіла пры дапамозе селектарнай сувязі, што дазволіла сабраць дастаткова вялікую аўдыторыю зацікаўленых. Актуальнасць тэматыкі вымагала сур’ёзнай размовы.

Іншы раз даводзіцца чуць нараканні маіх калег аб тым, што наша задача — вучыць, а лячыць і займацца прафілактыкай захворванняў павінны органы аховы здароўя, — адзначыла намеснік начальніка ўпраўлення адукацыі Гомельскага аблвыканкама Жанна Ждановіч. — Усё так, але, па-першае, калі дзіця хворае ці мае шкодныя звычкі, то і да навучання яно абыякавае. Па-другое, значную частку часу дзеці праводзяць ва ўстанове адукацыі, а значыць, павінны быць правільныя дзеянні педагогаў па фарміраванні здаровага ладу жыцця. І, нарэшце, па-трэцяе, паняцце здароўезберажэння значна шырэйшае за просты аналіз захваральнасці дзяцей і прафілактычныя мерапрыемствы.

Зразумела, у кожнай структуры свая ступень адказнасці і функцыі ў гэтых пытаннях. Аднак відавочна, што станоўчы вынік можна атрымаць толькі ў цесным узаемадзеянні. Калі кожны будзе цягнуць коўдру на сябе, нейкіх дасягненняў у вырашэнні гэтай задачы чакаць не прыйдзецца. З задавальненнем можна адзначыць, што на Гомельшчыне разладу няма, міжведамаснае ўзаемадзеянне тут даўно наладжана і пастаянна ўдасканальваецца, у тым ліку і паміж адукацыяй, аховай здароўя і санэпідэмслужбай. Гэта далёка не першая сумесная калегія трох структур. Сёння зноў наспелі пытанні, якія неабходна было абмеркаваць разам, каб будаваць і далей эфектыўную работу.

Усё тыя ж граблі

Правядзенню калегіі папярэднічаў маніторынг дзейнасці ўстаноў адукацыі вобласці ў гэтым кірунку, а таксама вывучаліся меркаванні і прапановы як педагогаў, так і медыцынскіх работнікаў. Як адзначыла ў сваім выступленні Жанна Анатольеўна, ёсць шмат станоўчых прыкладаў работы па арганізацыі бяспечнага і эфектыўнага адукацыйнага працэсу ва ўсіх установах адукацыі, ад дзіцячых садкоў да каледжаў. Недзе ёсць недапрацоўкі. Не ўсе валодаюць, а значыць, і не прымяняюць на практыцы палажэнні нарматыўнай базы. Недзе парушаюцца патрабаванні размеркавання нагрузкі на аднаго вучня і па днях тыдня з улікам шкалы цяжкасці прадметаў, патрабаванні да рэжыму дня ў групах прадоўжанага дня і г.д.

Колькі ўжо вялося размоў адносна харчавання дзяцей, але давесці да ідэалу пакуль не атрымліваецца. Калі адны ідуць наперад, то другія цягнуць уніз, палічыўшы, што парушэнні санітарных норм у частцы якасці і бяспекі харчавання — не самая надзённая праблема і яе вырашэнне можна адкласці на пасля.

На жаль, такія парушэнні мелі месца ў 90% устаноў, якія былі наведаны ў верасні — кастрычніку гэтага года ў ходзе маніторынгу. Спектр заўваг шырокі: санітарны стан абедзеннай залы і харчаблока, тэхналогія прыгатавання страў, адсутнасць новых форм арганізацыі харчавання, што прыводзіць да павелічэння адходаў, і інш. Ці падштурхнуць заняцца, нарэшце, навядзеннем парадку ў харчаванні кіраўнікоў устаноў і іх падначаленых вымовы, заўвагі і пазбаўленне прэмій — пакажа час. Але ж, скажам прама, штогод такія пакаранні даходзяць да соцень, а змены пакуль што невялікія. Здавалася б, няма больш простай задачы, чым навесці чысціню і парадак у сталоўцы і цэхах прыгатавання ежы: у сябе ж дома кожны гэта робіць, а на рабочым месцы чамусьці аказваюцца абыякавымі.

Іншая размова, калі неабходна вырашаць пытанні, якія патрабуюць значных грашовых затрат. Адна з вострых цяпер — правядзенне гарачай праточнай вады. У старых будынках устаноў адукацыі, узведзеных 60—80 гадоў назад, такія даброты жыцця прадугледжаны не былі. Час змяніўся, змяніліся патрабаванні. Вядома, размова ідзе не пра тры капейкі грошай. Вось і атрымліваецца, што ў санітарна-эпідэміялагічных службаў свае патрабаванні, а ў кіраўніцтва адукацыі свой клопат: дзе браць грошы. Згадзіцеся, калі гэта невялічкая вясковая школа, то і спонсараў знайсці цяжка, і бацькоўскія заробкі не такія высокія, каб дапамагчы школе. Праўда, ніхто не сядзіць склаўшы рукі, нейкае выйсце шукаюць. Так, па словах намесніка галоўнага дзяржаўнага санітарнага ўрача па Гомельскай вобласці Святланы Саварынай, праблема з гарачай праточнай вадой вырашана ў 16 з 21 раёна вобласці.

У сваім выступленні на пасяджэнні калегіі Святлана Аляксандраўна паведаміла, што ў ходзе праверкі работа некаторых памяшканняў устаноў адукацыі была прыпынена з-за неадпаведнасці санітарным нормам, у школьных буфетах значыўся забаронены тавар. Яна прапанавала ў найбліжэйшай перспектыве правесці сумесную калегію ці іншае мерапрыемства, куды б былі запрошаны прадстаўнікі ўпраўлення гандлю і аблспажыўсаюза. Начальнік упраўлення адукацыі Сяргей Парошын падтрымаў гэтую ідэю.

Роля медработніка

Не сакрэт, што здароўе дзяцей сёння даволі слабае. Таму ўзаемасувязь і ўзаемаразуменне паміж адукацыяй і аховай здароўя вельмі важныя. Прыходзіцца вырашаць шмат пытанняў: ад забеспячэння ўстаноў адукацыі медыцынскімі кадрамі, правядзення медыцынскіх аглядаў выхаванцаў і навучэнцаў да выдачы розных медыцынскіх справак і графікаў працы медыцынскіх работнікаў.

Забяспечанасць медыцынскімі кадрамі ўстаноў адукацыі — адно з самых вострых пытанняў. Поўнасцю яно закрыта пакуль толькі ва ўстановах прафесійна-тэхнічнай адукацыі вобласці. Медыцынскімі работнікамі сярэдняга звяна забяспечаны амаль 75% дашкольных устаноў. Значна горш складваецца сітуацыя ў школах: усяго 43% устаноў маюць медыцынскіх сясцёр. Для некаторых раёнаў гэтая праблема асабліва актуальная. Пэўныя цяжкасці існуюць таксама ў сельскіх установах адукацыі, дзе адсутнічаюць медыцынскія работнікі, а абслугоўванне насельніцтва праводзіцца праз ФАП.

Адсутнасць медработнікаў не дазваляе ў поўнай меры спраўляцца з некаторымі задачамі, у ліку якіх арганізацыя правільнага харчавання дзяцей і атрыманне рэкамендацый па арганізацыі адукацыйнага працэсу з навучэнцамі з улікам стану іх здароўя. Разам з тым, як заўважыў на сумеснай калегіі С.І.Парошын, многія дзеці маюць кішэчныя хваробы, схільнасць да развіцця дыябету і г.д. Гэта вельмі сур’ёзная тэма, аб якой нельга маўчаць.

Упраўленне аховы здароўя, якое на калегіі прадстаўляў намеснік начальніка Дзмітрый Папкоў, возьме на кантроль забеспячэнне кожнай установы адукацыі медыцынскім работнікам. Дарэчы, гэтае пытанне характэрна не толькі для Гомельшчыны. Такая сітуацыя склалася ва ўсіх рэгіёнах краіны, менавіта таму аб гэтым будзе ісці гаворка ў снежні на сумесным пасяджэнні калегіі міністэрстваў адукацыі і аховы здароўя.

Ёсць праблемы і там, дзе, здавалася, іх проста не можа быць: у выдачы медыцынскіх даведак.

Так, у даведцы правядзення штогадовага агляду паказваецца група здароўя навучэнцаў, група для заняткаў па вучэбным прадмеце “Фізічная культура і здароўе”, але часта ў ёй не агучваюцца рэкамендацыі, якія педагагічным работнікам неабходна ўлічваць пры ўзаемадзеянні з дзіцем, якое мае адхіленні ў здароўі. Калі ў настаўніка няма дасканалых рэкамендацый, яму цяжка рэгуляваць тыя нагрузкі, якія дазваляюцца навучэнцу згодна з яго станам здароўя.

Свае праблемы ёсць і адносна даведак, якія выдаюцца абітурыентам, што паступаюць ва ўстановы прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі. Як правіла, звычайна даецца простая фармулёўка: “прыдатны да навучання”. Гэта значыць, што юнак ці дзяўчына могуць атрымліваць названую прафесію або спецыяльнасць. Што адбываецца далей?

— Ёсць выпадкі, калі пасля заканчэння навучання выпускнік праходзіць медыцынскую камісію і высвятляецца, што, улічваючы яго стан здароўя, ён можа навучацца, але не можа працаваць па абранай прафесіі, — звярнула ўвагу на праблему Ж.А.Ждановіч.

Жанна Анатольеўна прывяла некалькі рэальных прыкладаў. Так, дзяўчынка на выдатна скончыла ліцэй па спецыяльнасці “Лабарант хімічнага аналізу”, аднак, атрымаўшы размеркаванне, не змагла аформіць медыцынскае заключэнне для паступлення на працу з-за праблем са здароўем, якія былі ў яе і на момант паступлення ў ліцэй. Яшчэ прыклад. Абітурыент паступае ў педагагічны каледж, а ў яго сур’ёзныя праблемы з маўленнем — заіканне. Як потым ён зможа выкладаць дзецям?

— Падобныя прыклады, на жаль, не адзінкавыя, — рэзюмавала намеснік начальніка ўпраўлення адукацыі. — Як бачым, да выдачы даведак і заключэнняў нельга ставіцца фармальна. І рэгуляваць гэтыя пытанні нам неабходна сумеснымі намаганнямі.

***

На пасяджэнні абмяркоўваліся і многія іншыя пытанні, бо здароўезберагальнае асяроддзе ўключае ў сябе шэраг кампанентаў. Акрамя харчавання, медыцынскіх паказанняў, гэта яшчэ асвятленне, колер сцен у класах, школьных калідорах, прытрымліванне інструкцый пры правядзенні ўрокаў, асабліва ўрокаў фізкультуры і працы, парадак на прышкольнай тэрыторыі. У рашэнні сумеснай калегіі дакладна прапісаны задачы, накіраваныя на вырашэнне ўсіх тых праблем, якія былі акрэслены падчас пасяджэння. Хочацца спадзявацца, што на месцах да дакумента паставяцца сур’ёзна і дзейнічаць пачнуць неадкладна.

Завяршылася пасяджэнне калегіі на прыемнай ноце. Начальнік упраўлення адукацыі Гомельскага аблвыканкама Сяргей Парошын уручыў узнагароды пераможцам абласнога агляду-конкурсу па паляпшэнні якасці і бяспечнасці харчавання. Прыемна, што сярод іх нямала маладых кіраўнікоў устаноў адукацыі, кіраўнікоў раённых і сельскіх школ і дзіцячых садкоў.

Наталля ЛУТЧАНКА.
Фота аўтара.

Крок у навуку

Праца з адоранымі і здольнымі навучэнцамі, іх пошук, выяўленне і развіццё — адзін з найважнейшых аспектаў працы школы. Створаная ў Ноўкінскай школе Віцебскага раёна праграма «Адораныя дзеці» прадугледжвае мэтанакіраваную працу з адоранымі навучэнцамі, пачынаючы з пачатковай школы і да ўсвядомленага выбару імі жыццёвага шляху.

З 2005 года ў Ноўкінскай школе дзейнічае навуковае таварыства навучэнцаў «Крок у навуку». Яго мэта —арганізацыя навукова-даследчай дзейнасці навучэнцаў для ўдасканалення працэсаў навучання і прафарыентацыі.

12 лістапада 2016 навучэнцы школы Хрысціна Панцюхова, Данііл Карунец, Мікіта Гарнак і Уладзіслава Баранава прынялі ўдзел у абласной навукова-практычнай канферэнцыі навучэнцаў Віцебскай вобласці «Эўрыка — 2016», якая адбылася на базе Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П.М.Машэрава.

Усе ўдзельнікі канферэнцыі былі ўзнагароджаны дыпломамі ўніверсітэта, а працы Хрысціны Панцюховай і Уладзіславы Баранавай былі адзначаны дыпломамі ўпраўлення адукацыі Віцебскага аблвыканкама (I ступені і II ступені адпаведна).

Ю.ЦЯРЭШЧАНКА,
намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце
Ноўкінскай сярэдняй школы Віцебскага раёна.

Па дарозе, усыпанай зоркамі

З 4 па 9 верасня ў Маскве па ініцыятыве мэра расійскай сталіцы Сяргея Сабяніна адбылася Маскоўская міжнародная алімпіяда школьнікаў буйных гарадоў і сталіц свету. Каманда школьнікаў Мінска заняла другое агульнакаманднае месца і атрымала кубак ІІ ступені. Паспяхова выступілі ўсе ўдзельнікі: восем медалёў — у васьмі беларускіх навучэнцаў (тры залатыя, адзін сярэбраны і чатыры бронзавыя).

Па хіміі залатыя медалі заваявалі навучэнец гімназіі № 29 Мінска Аляксей Гарахоўскі і навучэнка гімназіі № 12 Настасся Волчак; па матэматыцы залатым і бронзавым медалём узнагароджаны навучэнцы гімназіі № 41 імя В.Х.Сярэбранага Алексей Васілеўскі і Уладзіслаў Сявец; па фізіцы сярэбраным медалём адзначаны Мар’юш Сарока з гімназіі № 5 Мінска, бронзавым — навучэнец гімназіі № 13 Мінска Максім Басаў; па інфарматыцы бронзавыя медалі заваявалі навучэнец сярэдняй школы № 191 Станіслаў Кахноўскі і Ілья Марозаў з гімназіі № 50.

Першае месца на спаборніцтвах падзялілі каманды з Масквы, Санкт-Пецярбурга і Бялграда.

У спаборніцтвах прынялі ўдзел школьнікі з 18 краін свету — прадстаўнікі 22 мегаполісаў, сярод якіх Абу-Дабі, Астана, Бялград, Берлін, Будапешт, Мілан, Пекін, Мінск, Рыга і іншыя буйныя гарады. Агульная колькасць удзельнікаў алімпіяды — 176. У журы міжнародных спаборніцтваў увайшлі прадстаўнікі Азербайджана, Арменіі, Беларусі, Вялікабрытаніі, Венгрыі, Казахстана, Калумбіі, Паўднёвай Карэі, Латвіі, Расіі, Сербіі, Славакіі і Чэхіі.

Алімпіяда мегаполісаў — гэта камандны турнір па чатырох дысцыплінах: “Матэматыцы”, “Інфарматыцы”, “Фізіцы” і “Хіміі”, праграмы якіх максімальна блізкія ў розных краінах і гарадах свету. У склад кожнай каманды ўваходзілі 8 чалавек (па два ўдзельнікі на кожны прадмет) і тры кіраўнікі, якія ўдзельнічалі ў працэсе перакладу заданняў на мову каманды, таму павінны былі валодаць англійскай мовай і быць спецыялістамі па прадметах, па якіх праходзілі спаборніцтвы.

Спаборніцтвы па фізіцы і хіміі ўключалі тэарэтычны і эксперыментальны туры. Што тычыцца матэматыкі і інфарматыкі, то абодва туры падразумявалі рашэнне задач. Заданні адпавядалі ўзроўню і фармату традыцыйнай міжнароднай алімпіяды. Напрыклад, тэматыка задач па матэматыцы была вытрымана ў духу Усерасійскай алімпіяды школьнікаў, турніру гарадоў, Маскоўскай матэматычнай алімпіяды. Задачы выбіраліся з розных галін школьнай матэматыкі, галоўным чынам з геаметрыі, тэорыі лікаў, алгебры і камбінаторыкі. Яны не патрабавалі ведання вышэйшай матэматыкі і часта мелі прыгожае і кароткае рашэнне.

Усе спаборніцтвы праходзілі ў сталічных установах адукацыі: школах №№ 2030 і 1329, на базе ліцэя № 1560 і гімназіі № 1514.

Асабістая падтрымка мэра Мінска Андрэя Шорца дала магчымасць камандзе школьнікаў Мінска прыняць удзел у гэтых інтэлектуальных спаборніцтвах. У склад каманды ўвайшлі навучэнцы — пераможцы трэцяга і заключнага этапаў рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах. Прычым наша каманда была адной з самых маладых, бо сярод удзельнікаў іншых каманд былі і студэнты. Кіраўнікамі беларускай каманды выступілі начальнік аддзела матэматычных і тэхнічных дысцыплін Мінскага гарадскога інстытута развіцця адукацыі Аляксандр Мікалаевіч Зык, настаўніца хіміі гімназіі № 37 Кацярына Георгіеўна Рагойжа, асістэнт кафедры дыскрэтнай матэматыкі і алгарытмікі ФПМіІ БДУ Павел Аляксандравіч Іржаўскі.

Акрамя асноўных выпрабаванняў, школьнікі прынялі ўдзел у захапляльным міждысцыплінарным бліцтурніры. На ім удзельнікі адначасова рашалі задачы па матэматыцы, інфарматыцы, хіміі і фізіцы. Для правядзення бліцтурніру каманды дасылалі па 2 задачы па кожным з чатырох прадметаў алімпіяды. Складанасць заданняў адпавядала ўзроўню школьнага выпускнога экзамену. Вынікі бліцтурніру не падсумоўваліся з вынікамі алімпіяды і не ішлі ў агульны залік.

Акрамя навуковых спаборніцтваў і лекцый, для ўдзельнікаў арганізатары падрыхтавалі цікавую культурную праграму. Для школьнікаў была арганізвана квест-прагулка па Маскве. Яны пазнаёміліся з гісторыяй горада і культурнай спадчынай Расіі, наведалі музеі, выставы.

Урачыстае закрыццё алімпіяды прайшло ў вялікай канцэртнай зале Маскоўскага палаца піянераў на Вараб’ёвых гарах. У мерапрыемстве прыняў удзел мэр Масквы Сяргей Сабянін. Прадстаўнікі каманд ганарова прайшлі праз арку, якая сімвалізуе адзін з чатырох напрамкаў навукі, па дарозе, сімвалічна ўсыпанай зоркамі.

“Чаму алімпіяда мегаполісаў і чаму менавіта ў Маскве? — звярнуўся да школьнікаў са сцэны Сяргей Сабянін. — Мы добра з вамі ведаем, што сусветныя гарады адыгрываюць усё большае і большае значэнне ў эканоміцы свету, у іх канцэнтруецца ўсё больш дасягненняў навукі, тэхналогій і адукацыі. Калі шчыра, нам стала цікава, што ж адбываецца ў гэтых вялікіх гарадах, наколькі яны канкурыруюць адзін з адным, наколькі цесна ўзаемадзейнічаюць у тых праблемах і працэсах, што адбываюцца ў свеце. Таму мы і вырашылі запрасіць нашых сяброў з розных гарадоў правесці не проста міжнародную алімпіяду, а алімпіяду мегаполісаў свету. Гэта першыя падобныя спаборніцтвы, і я спадзяюся, што яны ўдаліся. У нас ёсць свае пераможцы, і я перакананы, што ва ўсіх прысутных ёсць шансы перамагчы на наступных спаборніцтвах. Мы аб’яўляем алімпіяду мегаполісаў штогадовай і запрашаем усіх у наступным годзе!”

Наталля КАЛЯДЗІЧ.

Кадэт — асоба творчая

Сістэма падрыхтоўкі кадэтаў, распрацаваная ў Полацкім кадэцкім вучылішчы, дае станоўчыя вынікі не толькі ў навучанні, патрыятычным выхаванні, але і ў развіцці творчых здольнасцей навучэнцаў.

Яркім прыкладам з’яўляецца навучэнец 10 класа Аляксей Русін. Аляксей — творчая асоба, што асабліва праяўляецца на ўроках тэхнічнай працы. Больш за ўсё Аляксей любіць працаваць з драўнінай і дасягнуў у гэтым істотных вынікаў. Ён з задавальненнем займаецца вырабамі на такарным станку. За гэтым працэсам абавязкова назіраюць з непрыхаванай цікавасцю яго сябры, а таксама кадэты з іншых класаў. Захопленасць Аляксея стварэннем дэкаратыўных вырабаў з драўніны бязмежная. Сведчаннем гэтага з’яўляецца выраб разам з бацькам Уладзімірам Русіным такарнага станка ў хатніх умовах. Цікава, што для станка выкарыстаны электрарухавік ад пральнай машыны.
У Полацку праводзяцца штогадовыя гарадскія навукова-практычныя канферэнцыі. У 2015 годзе Аляксей выканаў і падаў журы свой творчы праект пад назвай “Тачэнне дэкаратыўных вырабаў” з дэманстрацыяй вырабаў з розных парод драўніны. Паспяховае выступленне кадэта было адзначана ўсімі членамі журы.

Наперадзе ў Аляксея яшчэ два гады навучання. Які шлях будзе выбраны — гэта яго асабістая справа, але здольнасці і ўменне рабіць прыгожае застануцца на ўсё жыццё.

Іван БАЧКОЎ.
Фота Аляксандра ЯСЮКЕВІЧА.

Узнагароды таленавітай моладзі

Урачыстая цырымонія ўзнагароджання лепшых прадстаўнікоў маладога пакалення адбылася ў Магілёве. Падчас святочнага мерапрыемства ўзнагароды атрымалі паспяховыя маладыя спецыялісты, а таксама навучэнцы, якія сталі пераможцамі заключнага этапу Рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах.

Падобнае ўзнагароджанне праводзіцца ў вобласці не ўпершыню. Уручэнне такіх прэмій — своеасаблівая магчымасць нагадаць моладзі, што мэтанакіраванасць, ініцыятыўнасць, талент і плённая праца ў нашай дзяржаве высока цэняцца і атрымліваюць адпаведную падтрымку.

Сёлета лаўрэатамі спецыяльнай прэміі аблвыканкама ў сацыяльнай сферы сталі 47 маладых людзей. Яны прадстаўлялі галіны аховы здароўя, культуры і мастацтва, фізічнай культуры, грамадска-палітычнай дзейнасці, спорту і турызму, сацыяльнай абароны насельніцтва, сродкі масавай інфармацыі, а таксама сферу адукацыі. Кожны з лаўрэатаў аказаўся ў спісе лепшых заслужана. Так, студэнт Беларускай сельскагаспадарчай акадэміі Раман Качан, займаючыся навуковымі даследаваннямі, змог вывесці пэўны алгарытм, які ўдасканальвае рацыянальнае і эфектыўнае выкарыстанне зямель і, адпаведна, спрыяе росту эканамічных паказчыкаў дзейнасці сельскагаспадарчых прадпрыемстваў. А загадчык кафедры інжынернай графікі Беларуска-Расійскага ўніверсітэта Дзмітрый Свірэпа распрацаваў новыя спосабы паляпшэння якасці дэталей машын. Гэты хлопец мае дваццаць патэнтаў, асобныя з якіх ужо ўкаранёны на нашых прадпрыемствах цяжкай прамысловасці.


Ва ўрачыстай атмасферы ўзнагароджваў таленты старшыня аблвыканкама Уладзімір Даманеўскі. Вітаючы моладзь, губернатар адзначыў, што арганізацыі ўмоў для самарэалізацыі моладзі сёння ўдзяляецца павышаная ўвага на ўсіх узроўнях, бо будучыня краіны залежыць менавіта ад маладога пакалення.

— Ад таго, як выхавана, як вучыцца і працуе моладзь, залежыць сацыяльнае і эканамічнае развіццё Беларусі, таму і ўсебаковая падтрымка маладых людзей застаецца адным з галоўных прыярытэтаў у развіцці нашай дзяржавы. Адукацыйны ўзровень Магілёўшчыны вельмі высокі. У нас многа добрых навучальных устаноў, прафесійных педагогаў. Гэта спрыяе таму, што на прадпрыемствы прыходзяць добра падрыхтаваныя кадры. Як вынік — адказныя пасады ў розных сферах сёння ўсё часцей займае моладзь. Гэта радуе, а таксама ўсяляе ўпэўненасць, што ў хуткім часе наш рэгіён будуць ведаць не толькі па таварах, якія тут вырабляюцца, але і па дасягненнях яго жыхароў, — падкрэсліў Уладзімір Віктаравіч і пажадаў моладзі пакарэння новых працоўных і вучэбных вышынь.


Цырымонія ўзнагароджання прайшла ярка і запамінальна. Спачатку былі адзначаны лепшыя маладыя спецыялісты, а потым пераможцы заключнага этапу Рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах. Дарэчы, у галоўным інтэлектуальным спаборніцтве краіны сёлета вызначыліся 74 вучні агульнаадукацыйных устаноў вобласці.

Пасля заканчэння свята ўсім лаўрэатам пажадалі новых творчых поспехаў, рэалізацыі самых смелых задум, здзяйснення ўсіх надзей і мар. А завяршылася мерапрыемства выдатнымі канцэртнымі нумарамі ад артыстаў вобласці.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота аўтара.

Арома- і музыкатэрапія як эфектыўныя сродкі карэкцыі

Нетрадыцыйныя метады ў рабоце настаўніка-дэфектолага з навучэнцамі з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця шляхам уздзеяння ароматэрапіі і музыкатэрапіі належаць да ліку эфектыўных сродкаў карэкцыі, якія ўсё часцей выкарыстоўваюцца ў рабоце настаўнікаў-дэфектолагаў і дапамагаюць дасягненню максімальна магчымых поспехаў у пераадоленні маўленчых цяжкасцей і асаблівасцей у развіцці дзяцей школьнага ўзросту. Альтэрнатыўныя метады і прыёмы дапамагаюць арганізаваць заняткі найбольш цікава і разнастайна.

Народны вопыт і даследаванні вучоных даказалі, што пахі здольны кіраваць настроем і працаздольнасцю. Яны выклікаюць у людзей тыя ці іншыя неўсвядомленыя жаданні, а таму могуць не толькі ўплываць на наша жыццё ў цэлым, але і кіраваць паводзінамі праз падсвядомасць. З дапамогай раслінных духмяных маслаў можна зняць стрэс, стомленасць, апатыю або пераўзбуджэнне, палепшыць настрой. Яны змяншаюць раздражняльнасць, павышаюць працаздольнасць, увагу, дакладнасць выканання заданняў. Аднак, перш чым пачаць выкарыстанне ароматэрапіі, трэба авалодаць неабходнымі ведамі. Трэба высветліць у бацькоў, ці няма алергіі ў дзіцяці на якія-небудзь пахі. Абавязковай умовай для выкарыстання эфірных маслаў з’яўляецца індывідуальная нюхальная ацэнка: пах павінен быць прыемным, не выклікаць раздражнення слізістых абалонак носа і дыхальных шляхоў. Для тэсціравання нанясіце 1 кроплю эфірнага масла на ліст паперы, і няхай дзіця ўдыхне пах некалькі разоў. Ацаніце стан дзіцяці на працягу 10—20 хвілін. Калі ўсё добра — можна прымяняць. Каб праверыць дзеянне араматычнага масла, неабходна некалькі кропель уцерці ў скроні і ў вобласць шчытападобнай залозы. Пры станоўчай рэакцыі надыходзіць прыемнае пачуццё расслаблення мышцаў.

Маслы я выкарыстоўваю на вучэбных занятках па рускай мове, для карэкцыі парушэнняў пісьмовай мовы і г.д. Станоўчы эфект дае араматычнае масла “Лімон”. Японскімі вучонымі даказана, што пры павелічэнні яго канцэнтрацыі ў паветры змяншаецца колькасць памылак у пісьмовых работах навучэнцаў. З гэтай мэтай можна выкарыстоўваць і маслы “Лаванда”, “Язмін” — тое, што больш падабаецца дзецям па паху. Масла “Грэйпфрут” спрыяе аднаўленню энергетычнага ўзроўню пры фізічнай стомленасці, яго можна выкарыстоўваць у навучэнцаў пасля ўрока фізкультуры. Таксама гэтае масла павышае разумовую актыўнасць, канцэнтрацыю ўвагі, настрой. Масла “Мята” выкарыстоўваю на апошніх вучэбных занятках або карэкцыйных занятках, якія праводжу пасля абеду для аднаўлення сіл, яснасці думкі, паляпшэння памяці. Таксама гэтае масла можна выкарыстоўваць пры эпідэміі грыпу для дэзынфекцыі памяшкання. Масла “Мандарын” дапамагае дзецям пры ператамленні. Яго добра выкарыстоўваць у канцы чвэрці, калі навучэнцы стаміліся ад вучэбнай нагрузкі. Гэтае масла можна выкарыстоўваць дзецям, у якіх назіраецца сіндром дэфіцыту ўвагі і гіперактыўнасць (СДУГ), таму што яно добра канцэнтруе ўвагу, узмацняе разумовую дзейнасць. Ароматэрапію я выкарыстоўваю на фізкультурных хвілінках, куды ўключаны прыёмы дыхальнай гімнастыкі.

Эфірнае масла трэба разводзіць з вадой у неабходнай прапорцыі: 1 сталовая лыжка на 2 кроплі масла.
Для таго каб практыкаваць ароматэрапію, неабходна мець араматычную лямпу (іншая назва — пахучая лямпа) і свечкі для аромалямпы.

Нароўні з ароматэрапіяй на вучэбных і карэкцыйных занятках таксама прымяняю музыкатэрапію.
Як паказала практыка, музыкатэрапія:

— стварае станоўчы эмацыянальны фон у навучэнцаў (зняцце фактару трывожнасці, няўпэўненасці);

— стымулюе рухальныя функцыі;

— спрыяе развіццю і карэкцыі сенсорных працэсаў (адчування, успрымання, уяўлення) і сенсорных здольнасцей;

— развівае дыхальную сістэму;

— развівае артыкуляцыйны апарат;

— растарможвае маўленчую функцыю.

Музыка ў стылі барока паляпшае памяць (запамінанне новых і замежных слоў, вершаў). Яна супакойвае і мабілізуе механізмы памяці.


Музыка Моцарта або Вівальдзі дапамагае канцэнтравацца на працягу вялікага перыяду. “Да Элізы” Бетховена, “Маленькая начная серэнада” Моцарта расслабляюць і супакойваюць. Павольная частка п’ес Гендэля, Баха або Вівальдзі дапаможа запомніць тэкст. Музыка Баха, Гендэля паляпшае лагічнае мысленне і павышае матэматычныя здольнасці. Гукі прыроды “Дождж, навальніца”, “Мора”, “Мары”, “Дыханне вясны” знімаюць стрэс, павышаюць жыццёвы тонус і імунітэт, напаўняюць аптымізмам.

На занятках я выкарыстоўваю наступныя прыёмы:

— праслухоўванне музычных твораў;

— рытмічныя рухі пад музыку (фізкультурныя хвілінкі);

— спалучэнне музыкі з работай па развіцці ручнога праксісу;

— прапяванне чыстагаворак пад музычнае суправаджэнне.

Пры выкарыстанні музыкатэрапіі неабходна прытрымлівацца наступных правіл:

— працягласць праслухоўвання павінна складаць не больш за 10 хвілін на працягу ўсіх заняткаў;

— на занятках лепш за ўсё выкарыстоўваць адзін музычны твор. (У гукавыя кампазіцыі я ўключаю розныя элементы: прыродныя гукі, класічную і народную музыку, рэлаксацыйную музыку.)

Варта адзначыць, што ў выніку прымянення ароматэрапіі і музыкатэрапіі ў дзяцей з псіхафізічнымі асаблівасцямі паляпшаецца канцэнтрацыя ўвагі, што дазваляе хутчэй і больш якасна запамінаць тэксты; развіваецца артыкуляцыйная маторыка і маўленчая дзейнасць, што дазваляе палепшыць вербальныя і невербальныя камунікатыўныя навыкі; знімаецца агрэсія, паніжаецца ўзровень трывожнасці; развіваецца агульная маторыка і каардынацыя навучэнцаў; паляпшаецца агульнае самаадчуванне; павышаецца працаздольнасць, настрой, упэўненасць у сабе.

Лілія АГРЫЗКА,
настаўнік-дэфектолаг сярэдняй школы № 42 Віцебска.

Дом вокнамі ў дзяцінства

У апошнія гады Брэст імкліва развіваецца і пашырае гарадскія межы. У ім працуюць сучасныя культурныя, адукацыйныя і спартыўныя аб’екты. У горадзе шмат робіцца для паспяховага развіцця моладзі і яе самавыяўлення. Вялікая роля ў гэтым належыць Цэнтру дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі Брэста, дзе створаны добрыя ўмовы для творчай самарэалізацыі навучэнцаў.

Сёння ў цэнтры займаецца больш за 3 тысячы хлопчыкаў і дзяўчынак, якія развіваюць свае здольнасці ў сферы музыкі, жывапісу, тэхнікі, дэкаратыўна-прыкладной творчасці і камп’ютарнай дасведчанасці, авалодваюць замежнымі мовамі, журналісцкім і акцёрскім майстэрствам, пазнаюць навакольную прыроду і г.д.

Кіраўнік установы Юлія Алегаўна Глебік нацэльвае калектыў на правядзенне заняткаў па інтарэсах з улікам прыродных схільнасцей дзяцей. Гэта дазваляе ім рэалізаваць сябе як асоб, дасягнуць поспеху ў творчасці, вызначыцца ў прафесіі. Адукацыйны працэс забяспечваюць вопытныя педагогі, у арсенале якіх шмат сучасных методык выхавання і навучання.


Важнай часткай вучэбна-выхаваўчага працэсу з’яўляецца арганізацыя і правядзенне масавых адукацыйных, выхаваўчых і культурных мерапрыемстваў. Выхаванцы цэнтра — шматразовыя лаўрэаты і дыпламанты гарадскіх, абласных, рэспубліканскіх і міжнародных конкурсаў, фестываляў і спаборніцтваў. Педагогі і навучэнцы актыўна і вынікова ўдзельнічаюць у розных рэспубліканскіх выставачных праектах. Так, у мінулым навучальным годзе ўзорныя студыі выяўленчай і дэкаратыўна-прыкладной творчасці “Вясёлка”, “Дэкор” і “Акварыум” удзельнічалі ў ІV Рэспубліканскай выставе дзіцячай творчасці “Размова з Малевічам”. Зварот да творчых рэцэптаў Казіміра Малевіча і яго паслядоўнікаў падштурхнуў дзяцей да новых праектаў: “Неабмежаваныя магчымасці нацюрморта для творчага эксперымента”, “Арт-кінематограф” і “Шмат нас, шмат вачэй і адзін Малевіч”. Праект “Арт-кінематограф, створаны ў жанры аскетычнага чорна-белага партрэта, увайшоў у лік 12 лепшых, якія былі адзначаны дыпломамі Міністэрства адукацыі Беларусі. Крыніцай натхнення для навучэнцаў студыі “Дэкор” сталі вобразы знакамітых гістарычных дзеячаў, акцёраў, мастакоў і музыкантаў. Галерэя з 50 партрэтаў стане асновай будучай тэматычнай выставы.

Вялікая ўвага ў цэнтры ўдзяляецца грамадзянска-патрыятычнаму выхаванню моладзі. На гэта накіраваны фестывалі дзіцячай моды “Вясенні капрыз”, эстраднай творчасці школьнікаў “Залаты пеўнік”, “Прыступкі” і “Крылы”, школьнай лігі КВЗ і інш. Гарадскі фестываль паветраных змеяў “Майскае неба Перамогі” праводзіўся сёлета 30-ы раз. Важнае значэнне ў ім адыгрываюць не толькі тэхнічныя характарыстыкі лятаючых мадэлей, але і іх мастацкае афармленне, наяўнасць нацыянальнай сімволікі.


Неад’емнай часткай гісторыі Брэста стаў Пост Памяці, які з’яўляецца структурным падраздзяленнем цэнтра. На працягу 44 гадоў мемарыяльныя атрады гарадскіх устаноў адукацыі нясуць Вахту памяці ля Вечнага агню ў Брэсцкай крэпасці-героі. На практычных занятках юнакі і дзяўчаты вучацца зладжанаму ўзаемадзеянню ў калектыве і страявой падрыхтоўцы.

Ужо некалькі гадоў аддзел турыстычна-краязнаўчай работы цэнтра разам з Брэсцкім абласным упраўленнем МНС праводзіць шматдзённыя турыстычныя паходы ў Рэспубліканскі заказнік “Прыбужскае Палессе”. Рабінзанада з ратавальнікамі з’яўляецца цікавай і эфектыўнай формай работы ў летні перыяд. Дзеці збліжаюцца з прыродай, што асабліва важна для гарадскіх школьнікаў, авалодваюць навыкамі бяспечных паводзін і паводзін у надзвычайных сітуацыях, вучацца аказваць першую медыцынскую дапамогу пацярпеўшым. Рабінзанада ўключае экалагічныя гульні, пешыя паходы па экалагічных сцяжынах, наведванне музея касманаўтыкі ў Тамашоўскай сярэдняй школе Брэсцкага раёна, спартыўнае арыентаванне, водныя эстафеты і майстар-класы прафесійных ратавальнікаў па выжыванні.

Два дзіцячыя калектывы цэнтра з’яўляюцца народнымі і сем — узорнымі: ансамбль народных інструментаў “Святач”, студыі выяўленчага мастацтва і дэкаратыўна-прыкладной творчасці “Акварыум”, “Вясёлка” і “Дэкор”, студыя саломапляцення і керамікі “Саламяная майстэрня”, студыя моды і дызайну адзення “Крэатыў”, вакальная студыя “Аліса” і ансамблі народных танцаў “Праменьчык” і “Злаціца”.


— Ва ўзорным ансамблі танца “Праменьчык” практыкуюцца інавацыйныя формы работы з навучэнцамі, — адзначае Ю.А.Глебік. — Калектыў працуе па 5-гадовай адукацыйнай праграме харэаграфічнай студыі, якая прадугледжвае сістэматычнае і паслядоўнае навучанне дзяцей і развіццё ў іх пэўных ведаў, уменняў і навыкаў па класічным, народна-сцэнічным і сучасным танцы. Больш за 40 гадоў студыя рыхтуе выканаўцаў харэаграфічных пастановак для ансамбля “Праменьчык”, які з’яўляецца пераможцам розных конкурсаў і фестываляў. Так, летась калектыў атрымаў гран-пры на Усерасійскім творчым конкурсе “Салют талентаў” у Санкт-Пецярбургу. Стваральнік і нязменны кіраўнік калектыву Тамара Васільеўна Натарава адзначана медалём “За працоўныя заслугі”.

Асноўная мэта дзейнасці народнага ансамбля народных інструментаў “Святач” пад кіраўніцтвам Святланы Уладзіміраўны Казловай — адраджэнне і захаванне традыцый беларускай культуры. Пры ансамблі створана дзіцячая падрыхтоўчая група з 17 удзельнікаў, якая з’яўляецца самастойным канцэртным калектывам з асобным рэпертуарам. Члены ансамбля не толькі адраджаюць і развіваюць традыцыйную беларускую культуру, але і выконваюць лепшыя творы айчыннай і сусветнай культуры, прапагандуюць музычныя творы самадзейных аўтараў, ствараюць уласныя інструментальныя апрацоўкі і музычныя творы. Рэпертуар ансамбля надзвычай багаты, разнастайны і пастаянна абнаўляецца.

— Сацыяльная актыўнасць і грамадская пазіцыя выхаванцаў праяўляецца ў рэалізацыі праектаў дзіцячага і маладзёжнага парламента ў рамках міжнароднай ініцыятывы “Горад, дружалюбны да дзяцей”, — расказвае Ю.А.Глебік. — Сацыяльны праект “Зробім горад больш яркім” накіраваны на добраўпарадкаванне роднага Брэста. Мэта грамадзянскага праекта “Віртуальны музей” — папулярызацыя дзейнасці школьных музеяў і біяграфій знакамітых гараджан. Валанцёрскі праект “Падары ўсмешку дзецям” накіраваны на дапамогу хлопчыкам і дзяўчынкам, якія аказаліся ў цяжкіх жыццёвых сітуацыях. У рамках гэтага праекта юныя парламентарыі арганізавалі акцыю “Добрае сэрца” па зборы цацак і канцылярскіх прылад для гульнявога пакоя дзіцячай абласной бальніцы. Штогод валанцёры ўдзельнічаюць у рэспубліканскай акцыі “Нашы дзеці”, падчас якой разам з гарадскімі ЦКРНіР і абласной арганізацыяй Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа арганізоўваюць навагоднія спектаклі і гульнявую праграму “Клоўнатэрапія” для дзяцей з анкалагічнымі захворваннямі і абмежаванымі фізічнымі магчымасцямі.

— Цэнтр прапаноўвае дзецям заняткі на любы густ, — заўважае Ю.А.Глебік. — Радуе, што ў рабоце ўстановы актыўна ўдзельнічаюць бацькі. Гэта робіць адукацыйны працэс больш выніковым. Нашы выхаванцы паспяхова асвойваюць дадатковыя вучэбныя праграмы, займаюцца сацыяльна значнай дзейнасцю, выкарыстоўваюць вольны час з максімальнай карысцю для свайго здароўя і творчасці.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.