“Калядная зорка” не перастае здзіўляць

4 студзеня ў Нацыянальным цэнтры мастацкай творчасці дзяцей і моладзі адбылася ўрачыстая цырымонія ўзнагароджання пераможцаў і прызёраў ХХ Рэспубліканскай выставы-конкурсу дэкаратыўна-прыкладной творчасці дзяцей і моладзі “Калядная зорка”.

Маленькіх і юных пераможцаў і прызёраў вітала дырэктар Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі На­дзея Васільеўна Васільчанка, якая ад імя цэнтра і Міністэрства адукацыі павіншавала іх з Новым годам, а таксама пажадала здзяйснення ў 2017 годзе ўсіх задумак і мар. “Усе работы на гэтай выставе цікавыя і крэатыўныя. Вам усім трэба займацца і далей развіваць сваю творчасць. І, безумоўна, калі вы будзеце працаваць, вас чакае цудоўная будучыня. А мы будзем заўсёды побач з вамі і будзем дапамагаць вашым марам збывацца”, — адзначыла дырэктар.

Цырымонія ўзнагароджання праходзіла не ў выставачнай зале, дзе разгарнулася экспазіцыя, а ў актавай. Першая проста не змясціла б столькі прысутных — дзяцей, іх педагогаў і бацькоў. Журы вызначыла 75 прызёраў і пераможцаў у такіх намінацыях, як “Тэкстыль”, “Мастацкі роспіс”, “Мастацкая саломка”, “Выцінанка”, “Кераміка”, “Інтэр’ерная лялька”, “Ёлачная лялька”, “Сюжэтная кампазіцыя”, “Паштоўка-віншаванне”, “Сувенір-падарунак”, “Арт-аб’ект” і “Навагодні касцюм”. А ўсяго ў выставе-конкурсе прыняло ўдзел звыш 10 тысяч дзяцей і падлеткаў з усіх куткоў краіны. У самых розных тэхніках дэкаратыўна-прыкладной творчасці яны фантазіравалі на тэмы зімы, Каляд, Новага года, навагодніх казак.

 У самой жа экспазіцыі прадстаўлена каля 500 індывідуальных і калектыўных работ навучэнцаў, і, натуральна, сярод усіх Дзядоў Марозаў, Снягурак ды коз рэй сёлета вядзе Певень. Певень папяровы, певень керамічны, певень драўляны, певень з пап’е-машэ, певень, намаляваны на шкле, певень на тканіне, саламяны певень… Певень на стылізаваным плоце, певень у валёнках, нават певень… на лыжах!

“Калядная зорка” сапраўды кожны год здзіўляе. Штогод, пераходзячы са старога ў новы год, гэтая выстава праходзіць і праз сэр­ца кожнага, хто далучаецца да яе стварэння. І кожны ведае, што чарговая “Калядная зорка” не будзе апошняй.

Мікола ЧЭМЕР.
Фота аўтара.

Душэўнае свята для ветэранаў

Мы любім навагоднія святы за тое, што яны дораць нам асаблівы настрой і непаўторную атмасферу. Але галоўнае — гэта магчымасць адчуць цеплыню чалавечых сэрцаў, а таксама агарнуць дабрынёй і любоўю іншых. У гэтыя чароўныя дні выхаванцы Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі дарылі сваю творчасць і ўвагу жыхарам гарадскога дома-інтэрната “Світанак”.

Гарадскі дом-інтэрнат для ветэранаў вайны і працы “Світанак” адкрыўся ў 2010 годзе ў пасёлку Траскоў­шчына Мінскага раёна. Сёння тут 87 жыхароў — гэта людзі, якія сваімі подзвігамі і шчырай працай стваралі гісторыю і дабрабыт нашай краіны. Сярод іх нават ёсць ветэран, удзельнік Вялікай Айчыннай вайны, які 3 ліпеня 1944 года адным з першых уехаў на танку ў Мінск падчас вызвалення сталіцы ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Дастойныя людзі тут жывуць у годных умовах, ім прада­стаўляецца жыллё, харчаванне, медыцынскае абслугоўванне.

 — Жыхары дома-інтэрната добра забяспечваюцца дзяржавай, — расказвае Алена Міхайлаўна Варывончык, дырэктар дома-інтэрната “Світанак”, — але, акрамя матэрыяльных рэчаў што­дзённага камфорту, ім патрэбны ўвага, клопат, дабрыня і пазітыўныя эмоцыі. Таму яны вельмі рады гасцям і асабліва дзецям.

І сапраўды шчырай радасцю была напоўнена зала, дзе сабраліся ветэраны для сустрэчы з юнымі гасцямі. Выхаванцы Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі выступалі тут упершыню і адчувалі вялікую адказ­насць.

— Гэта будзе самае душэўнае выступленне, па-дамашняму цёплае. І я рада, што магу павіншаваць са святамі лю­дзей, якія так многа для нас зрабілі, нашых ветэранаў, — гаворыць Ліза Акуліч, выхаванка НЦМТДіМ.

Сваю творчасць ветэранам дарылі ўзорны харэаграфічны ансамбль “Дзіця свету”, харэаграфічны ансамбль “Смайлікі”, ансамбль сучаснай харэаграфіі “Натхненне”, выхаванцы аддзялення эстраднага вакалу і тэатра юнацкай творчасці. Праграма атрымалася разнастайнай, а завяршылі яе віншаванні Дзеда Мароза і Снягуркі, у ролі якіх выступілі супрацоўнікі НЦМТДіМ.

— Мне вельмі спадабалася, я люблю канцэрты, творчыя выступленні, сама некалі выступала ў самадзейных калектывах, — дзеліцца ўражаннямі Галіна Рыгораўна Жыранчук, жыхарка дома-інтэрната. — А выступленні дзяцей люблю больш за іншыя, бо яны асаблівыя, шчырыя. Мы ўсе вельмі ўдзячны, што дзеці зрабілі нам такі падарунак, і што наогул не забываюць нас.

Педагогі НЦМТДіМ адзначаюць, што такія мерапрыемствы — гэта не проста добрая справа, але і выхаваўчая работа. Дзеці вучацца павазе да старэйшых, разумеюць значнасць дабрачыннасці і каштоўнасць добразычлівых чалавечых зносін. Верагодна, гэтая навагодняя акцыя стане пачаткам узаемадзеяння паміж домам-інтэрнатам “Світанак” і НЦМТДіМ, аб наступнай сустрэчы, 23 лютага, дзеці з ветэранамі ўжо дамовіліся.

Дар’я РЭВА.
Фота аўтара.

Fashion-фота: увесь час на грані

Надоечы, 20 снежня, у Мінску ў Нацыянальным цэнтры мастацкай творчасці дзяцей і моладзі адбыўся майстар-клас “Арганізацыя і правядзенне fashion-здымкі для ўдзельнікаў — фатографаў і фотамадэлей — “Млына моды —2017”. Фато­графы, ахвочыя здымаць, сабраліся ў НЦМТДіМ у вельмі разнашэрсным складзе: хтосьці з іх толькі ўчора ўзяў у рукі фотаапарат дзеля таго, каб здымаць дзяўчат і хлопцаў у прыгожым модным адзен­ні, у кагосьці ў руках блішчэлі “кэнаны” і “ніканы” за некалькі тысяч долараў кожны, а нехта шчыра думаў, што нармальная фэшн-здымка можа атрымацца і сродкамі мабільніка… Іх жаданні, інтэнцыі і настроі па-свойму ўдакладнялі вядомыя прафесійныя фатографы спецыялі­сты ў галіне фэшн-фатаграфіі Аляксандр Канатоп і Аляксей Майсевіч. І выказвалі свае, здаецца, вельмі арыгінальныя думкі.

Шчыра кажучы, даўно ўжо я не прысутнічаў на такіх вясёлых майстар-класах, калі 30-гадовыя (ну, мачыма, 40-гадовыя) людзі-прафесіяналы дзяліліся сваімі ўражаннямі і нюансамі роднай прафесіі амаль што са сваімі аднагодкамі. Між тым тэмы, пра якія гаварылі Аляксандр Канатоп і Аляксей Майсевіч, былі і цікавыя, і арыгінальныя адначасова: “Задача здымкі і выбар стылю”, “Студыя ці пленэр?”, “Постпрадакшн (рэтуш)”, “Камандная работа”, “Рэжысура здымкі (эмацыянальны месыдж, апраўданы стан чалавека ў кадры)” і інш.

Наступныя радкі будуць як бы цытатамі слоў Аляксея і Аляксандра, якія не хацелася б тут размяжоўваць, бо яны бясконца перадавалі мікрафон адзін аднаму ў рукі. Але галоўнае, што я зразумеў з іх слоў: сёння, калі ў кожнага ёсць добры фотаапарат ці смартфон, для якаснага фота патрабуецца не толькі націск пальца на кнопку. Усё адно, як і ў залаты век фатаграфіі, у фатографа з лічбавай камерай павінны быць чулая душа, пільны зрок, умелыя рукі, адчуванне моманту “тут і цяпер”, імкненне зразумець і адчуць чалавека, якога ён здымае… Нават калі гэта вельмі прыгожая дзяўчына ў адзенні ўнікальнага моднага брэнда. Такім чынам, вось некаторыя, пададзеныя ў вельмі сціслым выглядзе рэцытацыі прамоўленага Аляксеем Майсевічам і Аляксандрам Канатопам на семінары.

Гэтыя фрагменты з іх прамовы, думаецца, прыдадуцца і для ўсіх, хто трымае ў руках “фоцер” і спрабуе зрабіць добры кадр.

Каб паглядзець з радасцю і шчымлівым хваляваннем на яго не толькі сёння, але і праз 50 гадоў.

У нас на дварэ зараз эпоха постмадэрнізму (ці як хочаце яе назавіце!), калі здзівіць гледача нечым вельмі складана. У кожнага ёсць інтэрнэт, а гэта зна­чыць, “Фэйсбук”, YouTube, “Інста­грам”. Там ёсць усё. Паўта­рыць некага вельмі складана. Але ў тым і справа, што можна паўта­рыць! Памятаеце, як раней, у вядомых мастакоў, як правіла, былі чаляднікі. Яны малявалі копіі. І гэтыя копіі часта былі вельмі высокага ўзроўню! Яны прадаваліся як быццам арыгіналы! Так і ў фэшн-фота сёння: ёсць безліч класічных фота, якія сталі ўзорамі. Але калі вы змаглі паўтарыць у стылі кагосьці з класікаў фотаіндустрыі — гэта ўжо вельмі крута. Не бойцеся паўта­раць класікаў. Фота ў класічным стылі — гэта крутое фота. Паўтарыць кагосьці з геніяў — гэта заўсёды складаней, чым нешта зрабіць з нуля. Калі вы хочаце стаць прафесійным фато­графам, па­спрабуйце паўта­рыць каго-небудзь з класікаў фотама­стацтва. Атрымаецца — ідзіце, рабіце ўжо нешта сваё. Менавіта на моманце паўтору адточваецца майстэрства.

…Задача здымкі — гэта вельмі тонкі момант. Напрыклад, калі трэба зняць рэкламны білборд з пыласосам, які будзе размешчаны на шашы Е 30, разумееш, што людзі, едучы на хуткасці 120 кіламетраў у гадзіну, будуць успры­маць яго максімум 3 секунды. І ніякія дзяўчаты ў шыкоўных сукенках з барадатымі мача на скалах там не патрэбны. Іх проста не ўгледзяць. Патрэбны толькі пыласос. І тады я проста здыму вельмі маштабны партрэт чалавека, а там ужо недзе будзе фрагмент пыласоса — можа, нават адной толькі шчоткі  з лагатыпам фірмы. Я ўжо сабе паставіў задачу — і мне лягчэй яе рэалізаваць. Прынамсі, мне ўжо не трэба ду­маць, маўляў, бяры ў рукі пыласос: а як жа мне цябе зняць?

…Яшчэ наконт задачы. Мы павінны добра ўсведамляць, хто будзе глядзець на нашы здымкі. Не бойцеся прагматыкі. Калі нашы фота будуць разглядаць у Міні­стэрстве культуры, трэба ехац­ь у Азярцо, у Беларускі музей народнай архітэктуры і побыту. А калі нашы фота будуць глядзець панкі, трэба ехаць у тым жа народным калядным адзенні на які-небудзь закінуты завод.

…Фэшн-індустрыя — гэта, як ні круці, заўсёды геаметрыя. Геаметрыя форм. І таму, калі я атрымліваю задачу зняць мадэль і бачу геаметрыю той ці іншай калекцыі адзення, заўсёды думаю, ці ёсць у мяне ў горадзе патрэбны фон, па­трэбная геаметрыя. Вуліцы, завулкі, пло­шчы… Не знаходжу ў Мінску — еду ў бліжэйшыя гарады. І калі і там не знаходжу, запрашаю мадэль у студыю, дзе ствараю ўжо сваю геаметрыю. Геаметрыя на геаметрыі — іншага прынцыпу ў фэшн-здымцы яшчэ не вынайшлі.

…Постпрадакшн — гэта адзін з самых спецыфічных складнікаў у сучаснай фатаграфіі… У нашых калег быў такі выпадак, калі яны ўсё знялі, усё аддалі ў друк, але забылі пачысціць матрыцу. У выніку яны былі вымушаны ўсё зды­маць нанова.

…Сёння фатограф ва ўсім вінаваты. Ён шукаў фон, ствараў кампазіцыю, рабіў здымкі, але ў выніку фоткі дрэнна апрацавалі. А вінаваты ўсё роўна фатограф. Гэта трэба проста прыняць — абвінавацяць ва ўсім вас, а не друкара, не рэтушораў і г.д. Вы, канечне, можаце выказаць свае прэтэнзіі таму ж рэтушору і ён вам нават заплаціць нейкія 100 баксаў. Ён скажа вам, што ў яго не было настрою ці ў яго былі чырвоныя вочы ад бясконцай працы ноччу… Але хто згубіць у выніку? Не ён, а вы. Вы страціце свой аўтарытэт. Таму старайцеся працаваць камандай — з людзьмі, якім вы давяраеце і якія вас не падвядуць.

…Фоташоп — гэта данасць. Ад яго нікуды не дзенешся. Але, насам­рэч, гэта вельмі далікатная рэч. Яна тычыцца наўпрост прынцыпу ўспрымання фатаграфіі. Вы хочаце, напрыклад, зрабіць партрэт сям’і ў цёплых жоўтых тонах, а на гэтым фоне каб мужчына як правадыр сям’і быў крышку больш халодным, сінім… Націснеце нейкую іншую кнопачку, чым трэба, і бу­дзе абсурд. Абыходзьцеся з фоташопам вельмі асцярожна. І прафесійна.

…Мы робім вельмі многа здымак для нашых вядучых фірм — “Cоcа-Cоla”, “Pampers” і г.д. У нас вельмі шмат партфоліа. Гэтыя партфоліа аддаеш у агенцтвы. Ты ведаеш, што была цудоўная здымка і атрымаліся цудоўныя фатаграфіі. А потым ідзеш у нейкім гіпермаркеце і бачыш, што на цябе глядзіць… чыр­воная, як быццам бы з тыднёвага запою, ма­дэль. Або едзеш недзе па шашы і бачыш білборд, а табе сябар кажа: “Хто зняў так нягегла такую прыгожую дзяўчыну?” А ты сам чырванееш, бо ведаеш, што сам зняў і яна была насамрэч прыгожай. Але апра­цоўшчыкі зрабілі з яе такую…

…У нашай прафесіі ёсць шмат нюансаў, пра якія не ведае нават касметолаг.

…Рэпартаж ці пастаноўка? Гэта — пытанне. Можна было б адразу сказаць, што пастаноўка — гэта вельмі сумныя людзі ў кадры, а рэпартаж — гэта імправізацыя, жыццё, рух. Але не гэта галоўнае. Галоўнае — даць мадэлі заданне зрабіць нешта. “Всё, что да, — поднимаешь рельсы и несёшь туда”. І калі мадэль у дзеянні, ты здымаеш — і ў цябе тады эмоцыі, і ў яе тады эмоцыі. Сапраўдныя, непадробныя эмоцыі. Ёсць фатографы, якія могуць выставіць мадэль так, каб гледачу не здавалася, што ёй цяжка і невыносна. Гэта, на самай справе, таксама шлях. Кожны фатограф выбірае для сябе свой шлях. Ёсць моцныя пастаноўшчыкі і ёсць моцныя рэпарцёры. Гэта зусім не супастаўляльныя людзі. Два розныя псіхалагічныя тыпы.

…У мяне шмат сяброў-фато­графаў. Маё першае вяселле здымалі адразу тры. Я вельмі люблю іх усіх. На фотаздымках былі мы — прыгожыя — з нявестай, прыгожая машына. Але сёння я гляджу на тыя фота і ўспамінаю толькі пра тое, як я пацеў у касцюме і як мне было дрэнна. Гэта былі пастановачныя фота. Гэта былі вельмі класныя фотаздымкі, ідэальна вычышчаныя. Але за імі нічога няма. А калі я жаніўся другі раз, я папрасіў свайго сябра не ўмеш­вацца ў сюжэт. Ён фатаграваў усё, нічога не кажучы. І, гледзячы на яго фоткі сёння, я ўспамінаю маленькія кавалачкі нашага жыцця: як мы хваляваліся перад роспісам, як мы абменьваліся пярсцёнкамі, як мы цалаваліся, як рабілі глыток шампанскага, як мы танцавалі, як я выпадкова ёй наступіў на сукенку і яна парвалася… Гэтыя кадры застануцца з намі на ўсё жыццё. Гэта са­праўдныя моманты.

…Рэпартажны момант непаўторны. Што будзе больш крута на фота — Клаўдзія Шыфер у вясельным уборы на нейкім шэрым фоне ў рамантычнай позе ці тая ж Клаў­дзія Шыфер раніцай — памятая, з размазанай тушшу на вачах, з цыгарэтай, з келіхам віскі? І адно, і другое крута. Але першае фота будзе пастановачным. А другое — рэпартажным. Дзе будзе імітацыя прыгожага галівудскага жыцця? Гэтыя ўсе прыгожыя сукенкі, крутыя тачкі, бясконцыя заходы сонца на даражэннай віле? Ці “адхаднякі” з келіхам віскі? А самі здагадайцеся… І выберыце, што вам бліжэй — пастановачная ці рэпартажная Клаўдзія Шыфер. Толькі майце на ўвазе, што, рэкламуючы вам кока-колу, яе рэкламадаўцы ніколі не скажуць, што гэта напой з аднолькавай колькасцю цукру і вады. Яны скажуць вам, што кока-кола — гэта пляжы, сонца, сёрфінг, худыя падцягнутыя лю­дзі… Ніколі не маніпуліруйце гэтымі момантамі, калі ласка.

…Я не ўмею паставіць ма­дэль, каб не было відаць, што яна пазіруе. І я не буду яе ставіць. Нехта іншы паставіць. Але я злаўлю яе ў зручны момант — гэта будзе ўжо рэжысура.

…Ёсць мужчынскі погляд на фатаграфію, а ёсць жаночы. Гэта адчуваецца заўсёды. Мужчынскі — часцей за ўсё рэпартажны. Жаночы — здалёк, на нейкія дробязі.

…А найбольш ідэальны варыянт, калі фатограф-пастаноўшчык здымае ў пары з фатографам-рэпарцёрам. Наогул, сёння фатаграфія — гэта камандная праца. Якім бы геніяльным вы ні былі мастаком-інтравертам, вам прыйдзецца працаваць у камандзе, калі вы хочаце атрымаць добры фотаздымак. Выключайце эгаізм — інакш вы проста зашыецеся ў гэтай справе.

…Ці прыгажэй у Львове, чым у Мінску? Ці прыгажэй у Італіі, чым у Беларусі? Ці лепшы там фон для фотаздымкаў? Ды не!!! Так, у Львове шмат старой архітэктуры, так, у Італіі многа сонейка. Але гэта толькі для вясельных фота. Што тычыцца фэшн-здымкі, у Мінску хапае прасторы. Аднойчы мы ўзялі на кінастудыі старыя пражэктары, якія даўно ўжо не працавалі, зацягнулі іх на верхавіну “Сільвертаўэра”, падсвяцілі ўсё гэта адной успышкай… і атрымаўся Галівуд. Мінск  насамрэч вельмі вялікі і прыдатны для фэшн-здымкі. Ты тут можаш здымаць мадэлей на даху дома, у падвале, на ўскраіне на полі.

…Сёння ёсць так шмат цікавых фотаздымкаў, якія робіць моладзь! Часам дзяўчынка робіць на ўсхо­дзе сонца такое класнае фота на свой айфон! А калі гэтая дзяўчынка яшчэ і разумніца і ўсю здымку падсвеціць белым аркушам паперы, цаны не будзе таму фота! А тут побач нейкі дзядуля бурчыць, маўляў, ён усё перазняў у гэтым жыцці.

…Фэшн-фота — гэта правакацыя. А правакацыя — гэта тэрыторыя найперш маладых людзей. І таму ты павінен увесь час быць на грані, на вастрыі. Калі ў патыліцу табе дыхае мільён маладых лю­дзей, якія хочуць таксама быць фатографамі, у цябе валасы варушацца. Моладзь развіваецца сёння фантастычнымі тэмпамі. Як і тэхніка. Фотасправа сёння вам ніколі не дасць перадыхнуць.

Мікола ЧЭМЕР.

P.S. Фіналісты фатографы Рэс­публіканскага фестывалю-конкурсу моды і фота “Млына моды — 2017” стануць вядомы 14 студзеня 2017 года.

 

Галоўнае на свеце…

На мінулым тыдні Нацыянальны цэнтр мастацкай творчасці дзяцей і моладзі адзначыў сваё 80-годдзе. Адзначыў хораша і годна. Адзначыў цэлым шэрагам мерапрыемстваў: адкрыццём выставы лепшых работ V Міжнароднага конкурсу дзіцячага малюнка “Сябруюць дзеці на планеце”, заснаваннем Міжнароднага фествалю дзіцячай творчасці “Творчасць без межаў”, плённай, насычанай новымі ідэямі і прапановамі Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыяй “Інавацыі сёння — традыцыі заўтра”…

НЦМТДіМ — 80. Якія ўсё ж такі скупыя гэтыя літары, гэтая лічба! Літары і лічбы неадушаўлёныя.

А душа — у тым, што 80 гадоў назад Палац піянераў і акцябрат быў створаны — sic! — па просьбе групы мінскіх школьнікаў, якім было мала проста вучыцца ў школе, а захацелася яшчэ і маляваць, танцаваць, спяваць пасля школы.

А душа — у тым, што менавіта ў гэтым цэнтры нарадзіліся першыя ў нашай краіне дзіцячыя ансамблі песні і танца, мастацкія студыі, гурткі гарманістаў і барабаншчыкаў, харавыя і тэатральныя калектывы, фэшн-подыумы для самых маленькіх.

А душа — у тым, што яны штомесяц, калі не штодня, славяць дасягненнямі свой родны цэнтр і заадно сваю родную краіну за мяжой, прывозячы на вуліцу Кірава, 16 дыпломы і граматы.

І душа гэтая напоўніцу вылілася ў мінулую пятніцу, 21 кастрычніка, на сцэне Рэспубліканскага палаца культуры прафсаюзаў, дзе адбыўся святочны юбілейны канцэрт “Галоўнае на свеце — гэта нашы дзеці”. 180 хвілін шчасця, 180 хвілін прыгажосці, 180 хвілін радасці… Радасці за самае галоўнае ў нашым жыцці — за нашых дзетак.

“Моладзі, якая знаходзіцца ў гэтай зале, напэўна, цяжка зразумець, што гэта такое — 80 гадоў іх любімаму цэнтру, — заўважыў на адкрыцці юбілейнага канцэрта міністр адукацыі Рэспублікі Беларусь Міхаіл Анатольевіч Жураўкоў. — Вось тут яны танцуюць, спяваюць і малююць, а побач з імі такія ж энергічныя, вясёлыя і маладыя іх педагогі! Дык хіба ж дасі ім 80 гадоў? Але тут жа, у гэтай зале, знаходзяцца і тыя, хто яшчэ ў сярэдзіне мінулага стагоддзя хадзіў у Палац піянераў і школьнікаў і таксама танцаваў, спяваў, маляваў. Яны і стваралі гісторыю гэтай легендарнай установы, якая сёння вызначае палітыку дадатковай адукацыі нашай краіны. Немагчыма ўявіць сёння ніводнае культурнае мерапрыемства ў нашай сістэме адукацыі без удзелу ў ім Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі”. “Я часта па вечарах хаджу па вуліцы Кірава, — дадаў Міхаіл Анатольевіч. — Праз вокны бачу ў холе бацькоў, якія чакаюць з заняткаў сваіх дзяцей. І ў 8 гадзін вечара, і нават у 10… Гэта лепшае сведчанне таго, што ў цэнтра ёсць душа, бо дзяцей не падманеш”.

Са сцэны Рэспубліканскага палаца культуры прафсаюзаў гучала яшчэ нямала прыгожых і велічных слоў у адрас Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі і яго дырэктара Надзеі Васільеўны Васільчанка. Запомніліся словы намесніка старшыні Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па адукацыі, культуры і навуцы Аляксандра Іванавіча Сягодніка: “У нас, людзей старэйшага пакалення, Нацыянальны цэнтр мастацкай творчасці дзяцей і моладзі больш асацыіруецца са словам “палац”. Палац творчасці, палац юнацтва, палац надзеі, палац перспектывы, палац будучыні… Менавіта таленавітай будучыні! Мы ўсе любім наш палац — наш цэнтр. Поспехаў вам, дарагія сябры!

Я ўпэўнены: педагог без дадатковай адукацыі, без пазаўрочнай работы не педагог. Вы, сённяшнія супрацоўнікі Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі, робіце нашых таленавітых дзяцей яшчэ больш таленавітымі! Я люблю вас, я вечна з вамі!”

А потым быў цудоўны канцэрт, які ўмоўна можна было падзяліць на тры часткі: папсова-эстрадную, міжнародную і элітарную.

У першай асабліва пацешылі “Стыляжкі” ў выкананні ансамбля сучаснай харэаграфіі “Натхненне”.

Другая сапраўды была міжнароднай, бо сабрала на сцэне Палаца культуры прафсаюзаў удзельнікаў І Міжнароднага фестывалю дзіцячай творчасці “Творчасць без межаў”: разняволеных і непасрэдных немцаў з берлінскага ансамбля The splits (трэшчынкі. — М.Ч.), неўтаймаваных літовак з Вільнюскага дзіцячага тэатра танца Angel Project (чытай, як хочаш: ці анёльскі праект, ці фабрыка па вытворчасці маленькіх гутаперчавых анёлаў), засяроджаных юных музыкантаў з яраслаўскага джазавага аркестра ўзорнага дзіцячага калектыву эстрадна-джазавай студыі “А&Б”, рамантыкаў з кішынёўскага ансамбля “Антарэс”, нашых малайцоў з узорнага ансамбля танца “Дзіця свету” і аб’яднання па інтарэсах “Дзеці ўсёй зямлі”. Дарэчы, аднайменная песня “Дзеці ўсёй зямлі” ўжо аформілася за гэтыя дні як гімн фестывалю “Творчасць без межаў”. Яна насамрэч праймае, прымушае плакаць унутры.

Нарэшце, у трэцяй частцы парадавалі тыя калектывы, без якіх сёння немагчыма ўявіць Нацыянальны цэнтр мастацкай творчасці дзяцей і моладзі: заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь ансамбль танца “Белая Русь”, заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь ансамбль песні і танца “Зорачка”, народная харавая капэла “Раніца”, харэаграфічны ансамбль “Смайлікі”, подыум-школа Fashion style, узорны эстрадна-сімфанічны аркестр…

Завяршыўся канцэрт песняй — гімнам Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі “Галоўнае на свеце — гэта нашы дзеці” ў выкананні народнага вакальна-інструментальнага ансамбля “Чырвоныя зоркі” і ўсёй залы Рэспубліканскага палаца культуры прафсаюзаў. Я нават не заўважыў, як міжволі з усёй залай устаў са свайго месца, узяў за руку зусім незнаёмага мне суседа і, стоячы, заспяваў: “Галоўнае на свеце…”

Мікола ЧЭМЕР.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.

Рукою юнага мастака вядзе Бог…

Святочныя мерапрыемствы, прысвечаныя 80-годдзю Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі, пачаліся 19 кастрычніка з адкрыцця выставы лепшых работ V Міжнароднага конкурсу дзіцячага малюнка “Сябруюць дзеці на планеце”. Маленькія і юныя мастакі з розных куткоў свету пераканаўча засведчылі, што яны ўмеюць і сябраваць, і маляваць адначасова. Яны сябруюць, малюючы. Яны малююць, сябруючы.

За дзесяцігоддзе існавання гэтага конкурсу (ён праходзіць раз у два гады) у ім прынялі ўдзел дзеці з 39 краін свету, прадставіўшы больш за 44 000 творчых работ, выкананых у жывапісе і графіцы. V Міжнародны конкурс дзіцячага малюнка “Сябруюць дзеці на планеце” сабраў каля 7000 юных талентаў з 22 краін: Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў, Азербайджана, Арменіі, Балгарыі, Беларусі, Босніі і Герцагавіны, Грузіі, Ірана, Казахстана, Катара, Кітая, Кыргызстана, Латвіі, Малдовы, Польшчы, Расіі, Сербіі, Таджыкістана, Туркменістана, Узбекістана, Украіны і Эквадора. Утульная выставачная зала Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі (а некаторыя работы можна ўбачыць і ў фае на трэцім паверсе, і ў калідорах цэнтра) змагла змясціць каля 300 графічных і жывапісных твораў, якія высока ацаніла прафесійнае журы.

Урачыстае адкрыццё выставы ператварылася ў вялікае свята дзяцей, іх бацькоў і педагогаў. Прыгожы музычна-літаратурны ўступ “Мая краіна” ў выкананні юных гасцей з Латвіі, Германіі, Малдовы, Расіі і навучэнцаў НЦМТДіМ адразу нагадаў прысутным пра неаспрэчную значнасць такіх рэчаў, як любоў, сяброўства, мір, надзея, дзіцячае і наогул чалавечае шчасце, якое так лёгка разбураецца ў сённяшнім неспакойным свеце.

Сваё вітальнае слова ўдзельнікам конкурсу накіраваў міністр адукацыі нашай краіны Міхаіл Анатольевіч Жураўкоў. У ім, у прыватнасці, гаворыцца: “Вашы малюнкі, прысланыя на конкурс, перадаюць ні з чым не параўнаную радасць творчасці, непасрэднасць бачання навакольнага свету, выяўляюць любоў да жыцця, выпраменьваюць аптымізм. У малюнках — свет, які ён ёсць, а галоўнае, якім ён павінен быць: чысты, радасны, светлы…”

Ад усёй душы падзякавалі дзецям за іх старанні і павіншавалі з адкрыццём выставы і з юбілеем Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі начальнік упраўлення сацыяльнай, выхаваўчай і ідэалагічнай работы Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь Марыя Аляксандраўна Саротнік і дырэктар НЦМТДіМ Надзея Васільеўна Васільчанка. З цёплымі словамі звярнулася да прысутных саветнік Пасольства Расійскай Федэрацыі ў Рэспубліцы Беларусь Маргарыта Алегаўна Навадворская, якая, дарэчы, перадала ў дар цэнтру з нагоды юбілею камплект дыхтоўных кніг, прысвечаных рускаму мастацтву. Сярод прысутных на адкрыцці выставы былі заўважаны і іншыя прадстаўнікі дыпламатычнага корпуса: Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Рэспублікі Сербія ў Рэспубліцы Беларусь Велька Кавачэвіч, саветнік па культуры Пасольства Ісламскай Рэспублікі Іран у Рэспубліцы Беларусь Сеед Абдалмаджыд Шафаі, першы сакратар Пасольства Рэспублікі Малдова ў Рэспубліцы Беларусь Таццяна Бешліу, першы сакратар Пасольства Украіны ў Рэспубліцы Беларусь Ірына Ліпатава, саветнік Пасольства Кітайскай Народнай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь Чэнь Вейвей, прадстаўнікі пасольстваў Балгарыі і Туркменістана ў нашай краіне.

А з прамоўленага на адкрыцці выставы, бадай, найбольш уразілі словы сяброў журы конкурсу “Сябруюць дзеці на планеце”. У прыватнасці, старшыня журы, краўнік Беларускага саюза мастакоў, вядомы жывапісец Рыгор Сямёнавіч Сітніца прызнаўся, што заўсёды з радасцю адгукаецца на запрашэнне прыняць удзел у гэтым конкурсе не толькі ў якасці суддзі, але і ўдзячнага гледача. “Мяне не ўсякая выстава прагрэсіўных мастакоў цешыць так, як цешыць гэтая выстава дзіцячага малюнка, бо рукою юнага мастака вядзе Бог, — безапеляцыйна адзначыў майстар. — Калі людзі падрастаюць, так бывае ўжо далёка не заўсёды. А ў дадзеным выпадку Бог сапраўды дапамагае юным талентам ужо хаця б тым, што ён даў ім магчымасць нешта ўмець ад нараджэння. А яшчэ ён даў ім добрых бацькоў і добрых настаўнікаў, якія скіроўваюць іх на той добры шлях, калі прымнажаецца святло, прыгажосць, любоў да Бацькаўшчыны, людства ў самым шырокім сэнсе… Я вельмі і вельмі рады, што вы такія розныя, але вы ўсе так шчыра любіце свае краіны, сваіх бацькоў. Так і павінна быць, бо той чалавек, які не ведае, адкуль ён і для чаго ён на гэтай зямлі, наўрад ці што людскае пакіне пасля сябе…”

У сваю чаргу яшчэ адзін сябар журы конкурсу дацэнт кафедры малюнка і жывапісу Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў Іван Дзямідавіч Кліменка эмацыянальна сказаў: “Гэта проста цудоўна — знаходзіцца сёння ў гэтым вялікім і дружным калектыве Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дяцей і моладзі, дзе дзяленне на дарослых і дзяцей набывае якісьці асаблівы сэнс. Бо на самай справе арганізаваць такую выставу няпроста. І дзеці павінны быць вельмі ўдзячны дарослым за гэта, а дарослыя павінны быць вельмі ўдзячны дзецям за тое, што яны адгукнуліся і ўдзельнічаюць у такім грандыёзным мастацкім праекце. Кажуць, усё, што робіцца ў дзяцінстве, геніяльнае. Гэта праўда. Але што з гэтай дзіцячай геніяльнасцю адбываецца потым? Што такое наогул геній у мастацтве? Мне хочацца ўзгадаць тут адну вельмі глыбокую думку, якую неаднойчы падкрэслівалі французскія вучоныя і мастацтвазнаўцы: геніяльнасць мастака заключаецца ў магчымасці дарослага чалавека ў патрэбны момант выявіць сваё дзяцінства і паказаць яго іншым… Таму даражыце вось гэтым сваім дзіцячым геніяльным уражаннем ад свету”.

Кожны з удзельнікаў выставы па выніках V Міжнароднага конкурсу дзіцячага малюнка “Сябруюць дзеці на планеце” па-свойму ўсміхнуўся гэтаму свету і свайму аднагодку з супрацьлеглага края нашай планеты. І чыста тэхнічныя нюансы ў прадстаўнікоў той ці іншай краіны таксама свае, прывязаныя да нейкай мастацкай традыцыі. Напрыклад, што тычыцца графікі, надзвычай уражваюць лінагравюры палякаў, афорты сербаў, графічныя работы, выкананыя пастэллю і алоўкам, латышоў. У малюнку асабліва вылучаюцца творы дзяцей з Балгарыі, размаляваныя каляровай крэйдай, дзіцячыя работы з Кітая ў традыцыйных кітайскіх тэхніках гунбі і сеі. І ніводнай слязы, ніводнага дысгарманічнага знака ў творах дзетак — адна суцэльная радасць і светлыня…

Нацыянальны цэнтр мастацкай творчасці дзяцей і моладзі святкуе свой юбілей, усміхаючыся геніяльнымі дзіцячымі малюнкамі.

Мікола ЧЭМЕР.
Фота аўтара.

Дырэктар НЦМТДіМ Надзея ВАСІЛЬЧАНКА: “Калі ты ставіш перад сабой нейкую мэту, ідзі да яе. Толькі ідзі не з пустымі рукамі і не з пустой галавой…”

На гэтым тыдні Нацыянальны цэнтр мастацкай творчасці дзяцей і моладзі ўрачыста адзначыў сваё 80-годдзе. Адзначыў з размахам, з душой і, як заўсёды, з густам, без якога па азначэнні і не можа існаваць ніякая мастацкая творчасць. Пачатак юбілейным мерапрыемствам паклала 19 кастрычніка адкрыццё выставы лепшых работ V Міжнароднага конкурсу дзіцячага малюнка “Сябруюць дзеці на планеце” і Міжнароднага фестывалю дзіцячай творчасці “Творчасць без межаў”. 20 і 21 кастрычніка па нязменным адрасе НЦМТДіМ вул.Кірава, 16 працавала Міжнародная навукова-практычная канферэнцыя “Інавацыі сёння — традыцыі заўтра”. І ўчора ж, 21 кастрычніка, у Рэспубліканскім палацы культуры прафсаюзаў адбыўся феерычны юбілейны канцэрт “Галоўнае на свеце — гэта нашы дзеці” з удзелам як творчых калектываў цэнтра, так і замежных гасцей.

Наша газета ніколі не абыходзіла ўвагай дзейнасць Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі. Больш за тое, камусьці з нашых чытачоў такая безупынная ўвага да дзейнасці цэнтра, магчыма, здаецца нават нейкай прыхамаццю ці нейкім асаблівым фаворам. Але гэта не прыхамаць і не фавор. Проста аб’ектыўна НЦМТДіМ з’яўляецца цэнтрам усёй сістэмы дадатковай адукацыі нашай краіны, яе мозгам, сэрцам і душой. Усе дарогі і дарожкі ў гэтай сістэме вядуць у канчатковым выніку менавіта ў яе “Рым” — у цэнтр, у Мінск, на вул.Кірава, 16. І гэта не кажучы пра такія знакавыя для ўсёй культурнай і адукацыйнай супольнасці Беларусі мерапрыемствы, прадуманыя і арганізаваныя непасрэдна супрацоўнікамі НЦМТДіМ, як Рэспубліканскі фестываль мастацкай творчасці навучэнскай і студэнцкай моладзі “АРТ-вакацыі”, Рэспубліканскі агляд-конкурс дзіцячай творчасці “Прывітанне, свет!”, Рэспубліканскі фестываль-конкурс моды і фота “Млын моды”, рэспубліканскія чэмпіянаты па інтэлектуальных гульнях КВЗ, нацыянальныя форумы дзяцей Беларусі і інш.

Дык вось, гэта факт: мы часта пішам пра справы Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі, але рэдка — пра людзей, якія стаяць за гэтымі справамі. А за справамі ж заўсёды стаяць людзі… З нагоды юбілею Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі — крыху нефармальнае інтэрв’ю з яго дырэктарам Надзеяй Васільеўнай ВАСІЛЬЧАНКА.

— Надзея Васільеўна, што для вас значыць 80-гадовы юбілей НЦМТДіМ? Наколькі ён для вас асабісты?

— Ведаеце, неяк я пачула ад адной сваёй супрацоўніцы: “Для вас праца — гэта жыццё…” Я тады спачатку нават уздрыгнула: як гэта праца — жыццё? Можа, гэта занадта? А дзе ж тады ўласна само жыццё? Але потым усё-такі пагадзілася з той супрацоўніцай. Калі ты хочаш, каб любая справа, за якую ты ўзяўся, была паспяховай, напэўна, ты і павінен аддаваць ёй усё сваё жыццё, хварэць за яе, перажываць за яе, як за нешта сваё, роднае. Часам гавораць, маўляў, гэта — сваё прадпрыемства, а гэта — дзяржаўнае, і перажыванні тут абсалютна розныя. А калі ты перажываеш за дзяржаўнае, як за сваё? Тады як быць? А ў мяне менавіта такая сітуацыя. Я сапраўды перажываю за наш нацыя-нальны цэнтр, як за свой, родны. І, думаю, гэта перадаецца ўсяму калектыву, усім супрацоўнікам, а перш за ўсё — дзецям, якія займаюцца ў нас, і іх бацькам.

— На вас моцна цісне гэты юбілей?

— Безумоўна, гэта вельмі важная дата. За 80 гадоў праз нашу ўстанову прайшло нямала пакаленняў педагогаў, дзяцей. І сёння мы, супрацоўнікі Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі, нясём вялікую адказнасць перад тымі пакаленнямі педагогаў, якія тут працавалі да нас. Яны з самага пачатку, з 1936 года, калі ў Мінску быў адкрыты Палац піянераў і школьнікаў — сённяшні наш цэнтр, трымалі вельмі высокую прафесійную планку. Дастаткова ўспомніць такія прозвішчы нашых педагогаў-пачынальнікаў, як Каткоў, Рубін, Трэгубовіч, Брэйво, Галаванеўскі, Дзмітрук, Ермакоў і інш. І кожнае наступнае пакаленне імкнулася не толькі захаваць тыя высокія асновы, якія былі закладзены да іх, але і развіць іх. Імкнёмся да гэтага і мы сёння, бо разумеем, што развіццё — гэта і ёсць жыццё. Вы самі, мабыць, добра бачыце, якое актыўнае ў нас сёння жыццё… І, ведаеце, я нават часам уяўляю: калі б тыя педагогі, якія пачыналі тады, у 1936 годзе, паглядзелі на нас сённяшніх, што б яны падумалі, як бы ацанілі наш цяперашні ўзровень? Без лішняй сціпласці скажу: мне здаецца, мы б ім спадабаліся… Такім чынам, юбілей, як вы сказалі, цісне. Але гэтак па-добраму цісне.

— Вы кіруеце цэнтрам ужо 8 гадоў. А ці памятаеце той момант, калі толькі-толькі прыйшлі на пасаду дырэктара, калі даведаліся пра сваё назначэнне? Што рабілася тады ў вашай душы: тузалі сумненні, ахоплівала трывога, перапаўняла бязмежная радасць?

— Шчыра кажучы, бязмежная радасць дакладна не перапаўняла, таму што я, па-першае, усведамляла ўвесь цяжар адказнасці, які я мусіла браць на сябе, а па-другое, разумела, што мне на новай пасадзе трэба будзе вырашаць вялікае кола праблем, звязаных у першую чаргу з матэрыяльна-тэхнічнай базай. Не памятаю ўжо хто дакладна, але нехта на нейкай нарадзе тады сказаў прыблізна такія словы: “Нехта ж павінен узяць на сябе адказнасць за ўсё гэта, і вам, Надзея Васільеўна, выпала гэтая ганаровая місія!”

— І што тады? Вы зайшлі ўпершыню ў свой дырэктарскі кабінет у якасці дырэктара, зачынілі знутры дзверы, каб ніхто не перашкаджаў, селі за рабочы стол, абхапілі рукамі галаву і моцна-моцна задумаліся: “Што рабіць, з чаго пачаць?”

— А вось не паверыце! Не было такога! Мне здаецца, з самага першага дня, колькі я працую ў цэнтры (а да дырэктарства я працавала пяць гадоў намеснікам дырэктара), ні адной хвіліны я адной не была і не зачынялася. Са мной пастаянна мае калегі, якія ідуць да мяне са сваімі пытаннямі, праблемамі, прапановамі, праектамі… Са мной пастаянна людзі! Я нават больш вам скажу: у нейкі момант я зразумела, што гэта ператвараецца ў праблему. Я ж не магу ніколі засяродзіцца, не магу пабыць сам-насам. І неяк я ўзяла за звычку прыходзіць на працу вельмі рана, яшчэ да васьмі раніцы. І што вы думаеце?! Мае калегі вельмі хутка прасеклі гэтую хітрасць, таксама сталі прыходзіць на працу яшчэ да васьмі і яшчэ да васьмі стукацца ў дзверы дырэктара, каб абмеркаваць са мной той ці іншы праект! (Смяецца.М.Ч.)

— Вы на ўсе 100 працэнтаў давяраеце сваім супрацоўнікам або аддаяце перавагу прынцыпу “давярай, ды правярай”?

— Я думаю, што пры нармальным кіраўніцтве кожны супрацоўнік будзе рабіць тое, чаго ад яго чакаюць. Іншая справа — як правільна паставіць перад ім задачу; як разам з ім яе, што называецца, прагаварыць; як намеціць крокі па ажыццяўленні гэтай задачы, асабліва калі ён нявопытны, а калі вопытны, то абазначыць хоць бы нейкія контуры… І, абсалютна шчыра кажучы, сёння я не магла б назваць ніводнага супрацоўніка цэнтра, у якім я была б не ўпэўнена. Натуральна, нехта можа зрабіць лепш, нехта — горш, камусьці патрэбна меншая дапамога, камусьці — большая. Але ўсе стараюцца і жывуць адной справай, хварэюць ёй. Таму я кірую хутчэй не па прынцыпе “давярай, ды правярай”, а па прынцыпе “давярай, ды памагай”. Безумоўна, усе праекты сцякаюцца да мяне, але кожны праект у нас пачынаецца з калектыўнага абмеркавання, потым каманда збіраецца яшчэ і яшчэ… Без каманды нічога не зробіш. А ўжо ў камандзе, безумоўна, ёсць свае ключавыя фігуры.

— Якімі праектамі цэнтра, ініцыіраванымі менавіта вамі, вы найбольш ганарыцеся?

— Я не вылучала б так катэгарычна сябе адну, бо, як толькі што сказала, усё залежыць ад каманды. Але ўжо калі гаварыць аб праектах, якія нарадзіліся пры мне і пры маім непасрэдным удзеле ў іх нараджэнні і развіцці, то гэта Міжнародны конкурс дзіцячага малюнка “Сябруюць дзеці на планеце”, Рэспубліканскі агляд-конкурс дзіцячай творчасці “Прывітанне, свет!”, Рэспубліканскі фестываль харавой творчасці, Рэспубліканскі агляд-конкурс Дзядоў Марозаў і Снягурачак “Ёлка-фэст”, Рэспубліканскі конкурс дзіцячай творчасці “АрхНавацыя”, праект “Беларускае мастацтва і дзеці”… Кожны з гэтых праектаў па-свойму выхоўвае нашых дзяцей патрыётамі, сапраўднымі грамадзянамі нашай краіны. Вельмі добра памятаю эксперымент у рамках праекта “Беларускае народнае мастацтва і дзеці”, які правяла наш педагог кіраўнік творчай майстэрні “Вясёлка” Вольга Кашкурэвіч, калі дзеці спачатку вывучалі народныя беларускія строі, а потым мастацкімі сродкамі выявілі саміх сябе ў нацыянальным адзенні. Я ўпэўнена: нешта адбываецца ў душы маленькага чалавека, калі ён далучаецца да такіх спраў.

Многа знакавых канцэптуальных выстаў было арганізавана за апошнія гады. Вельмі ганаруся сёлетняй выставай “Гутарка з Малевічам”. Гэта быў сапраўдны ўзор мастацкай праектнай дзейнасці, яскравае сведчанне таго, што ў нас ёсць нямала педагогаў з сучасным мысленнем і бачаннем сваіх вучняў.

І, безумоўна, гэта тыя вялікія праекты, якія існавалі і раней, але за апошнія гады набылі абсалютна новыя фармат і маштаб. Напрыклад, “АРТ-вакацыі”: “АРТ-вакацыі” дзесяцігадовай даўнасці і “АРТ-вакацыі” сёння — гэта дзве вялікія розніцы. Сёння “АРТ-вакацыі” — гэта мноства самых розных намінацый, шэраг спадарожных падпраектаў, такіх як “Крэон”, “АРТ-партал”, “Рэцытацыя”, “PRO-вакацыi”. Нарэшце, згадаем, на якіх пляцоўках праходзілі гала-канцэрты гэтага фестывалю: канцэртная зала “Мінск”, Летні амфітэатр у Віцебску, Палац Рэспублікі, Летні амфітэатр у Маладзечне, Палац спорту… Гэта лепшыя сцэны ў краіне. Мы ўздымаліся на іх прыступка за прыступкай, мы ішлі да мэты.

— Ці маглі б вы сфармуляваць філасофію Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі нейкай ёмістай фразай, слоганам?

— Пяць гадоў назад, напярэдадні 75-годдзя цэнтра, я загарэлася ідэяй стварэння гімна нашай установы. Запрасіла кіраўніка нашага народнага вакальна-інструментальнага ансамбля “Чырвоныя зоркі” Генадзя Маркевіча і вядомага паэта Алеся Бадака, мы сталі разам абмяркоўваць, якім павінен быць гэты гімн. Бадак усё пытаўся: “А якая мусіць быць галоўная думка гімна?” І ў мяне неяк міжволі вырвалася: “Ну, якая яшчэ думка можа быць? Галоўнае на свеце — гэта нашы дзеці!” А праз некалькі дзён з’явіўся наш гімн на словы Алеся Бадака і музыку Генадзя Маркевіча “Галоўнае на свеце — гэта нашы дзеці”. Гэта наш лозунг, наш дэвіз, наш унутраны покліч — як хочаце называйце. Гэта тое, чым мы жывём, пад чым распісваемся, дзеля чаго і ў імя каго працуем… А працуем мы, які від творчасці ні вазьмі (ці гэта выяўленчае мастацтва, ці харавыя спевы, ці харэаграфія), у адным жанры, імя якому — выхаванне. Калі мастацкая творчасць дзіцяці закранае струны яго душы, уплывае на яго эмацыянальную сферу, калі юны чалавек спрабуе сродкамі мастацтва разабрацца ў сваіх і чужых учынках, ён ператвараецца на вачах, ён адухаўляецца. Часам неяк паблажліва кажуць, маўляў, галоўнае — гэта вучоба, а ўсе гэтыя танцы і песні ўсяго толькі культурна-адпачынкавая дзейнасць, не так яна ўжо і патрэбна сучаснаму прагматычнаму маладому чалавеку… Я з такім пасылам абсалютна не згодна. Няма больш эфектыўнага інструмента ўздзеяння на маладога чалавека, на станаўленне яго як асобы, чым мастацтва.

— Надзея Васільеўна, вы прыгожая, энергічная, аптымістычная. На вашых кволых жаночых плячах і на плячах вашай каманды трымаецца фактычна ўся сістэма дадатковай адукацыі нашай краіны… Падзяліцеся, калі ласка, сакрэтам вашага жыццёвага і прафесійнага поспеху.

— Для таго каб быў поспех, трэба многа працаваць. Натуральна, камусьці хочацца хутка, многа і адразу, але я ў гэта не веру. Калі ты імкнешся да нечага, то абавязкова гэтага дасягнеш. Але для дасягнення гэтай мары ты павінен нешта рабіць і павінен ставіць рэальныя задачы, нават калі напачатку яны здаюцца нерэальнымі. Згадаць, напрыклад, той факт, што мы выступілі з “АРТ-вакацыямі” ў Віцебску на галоўнай сцэне “Славянскага базару” ў Летнім амфітэатры. Многія тады не верылі ў нашы амбіцыі. Але мы даказалі, што можам, і зрабілі. Або праект, які мы рэалізоўваем разам з ЮНІСЕФ, “Горад, дружалюбны да дзяцей”. Мы ж з нуля паднялі гэты праект, але верылі ў тое, што мы гэта зможам, з самага пачатку, прыклалі для гэтага вельмі шмат намаганняў, вынасілі вельмі многа думак і памкненняў. Таму ніякага сакрэту поспеху няма: калі ты ставіш перад сабой нейкую мэту — ідзі да яе. Толькі ідзі да яе не з пустымі рукамі і не з пустой галавой.

— Ці ёсць (былі) у вашым жыцці людзі, якія для вас безумоўныя аўтарытэты?

— Так. Гэта мая школьная настаўніца рускай літаратуры ў Краснаполлі Магілёўскай вобласці, дзе я расла і вучылася. Я літаральным чынам сябравала з ёй, хадзіла да яе ў госці, мы бясконца гутарылі на самыя розныя тэмы, яна давала мне чытаць кнігі са сваёй шыкоўнай дамашняй бібліятэкі… І, безумоўна, гэта мае бацькі — мама, заслужаны настаўнік Беларусі, і бацька, былы падводнік. Бацька быў для мяне заўсёды планкай, на яго я раўнялася, для яго старалася… На вялікі жаль, два гады назад яго не стала, і я адчула вялікую спустошанасць. Ніколі не забуду словы, якія ён мне сказаў аднойчы на дзень нараджэння: “Дачушка, я табе жадаю, каб табе было цікава жыць!” Я тады цалкам не зразумела яго словы, маўляў, як гэта можа быць нецікава жыць… А потым прыйшоў пэўны ўзрост і прыйшло разуменне: некаторым жа людзям сапраўды нецікава жыць. А калі чалавеку нецікава жыць, ён неяк хутка і згасае. Цікава чалавеку жыць толькі тады, калі ў яго ёсць мэта, няхай нават самая маленькая.

— Надзея Васільеўна, вы лічыце сябе шчаслівым чалавекам?

— Ведаеце, у маёй дачкі ўчора быў дзень нараджэння (Інтэрв’ю запісвалася 19 кастрычніка.М.Ч.), мы сабраліся ўсёй вялікай сям’ёй, і дачка мне раптам гаворыць: “Ты, мама, шчаслівая жанчына… Ты нават сама не разумееш, якая ты шчаслівая! У цябе ёсць любімая праца, ты ўвесь час занятая цікавымі справамі, у цябе ёсць блізкія, якія цябе любяць і падтрымліваюць. Паглядзі, тут, за сталом, прысутнічаюць чатыры пакаленні: ты як пакаленне, твая мама, твае дзеці, твае ўнукі… Гэта ж здорава, калі бясконца цягнецца гэтая нітачка любові і павагі адно да аднаго праз пакаленні”. Шчыра кажучы, я ледзь стрымала слёзы ад гэтых слоў. Я зразумела, што я сапраўды шчаслівы чалавек.

— Вялікі дзякуй за гутарку, Надзея Васільеўна. Шчасця і надалей вам і вашаму цэнтру! З юбілеем!

Гутарыў Мікола ЧЭМЕР.

Па адрасе дзіцячага свята

Да свайго юбілею Нацыянальны цэнтр мастацкай творчасці дзяцей і моладзі зрабіў сабе два шыкоўныя кніжныя падарункі: зборнік матэрыялаў з гісторыі і сучаснасці ўстановы “Краіна дзяцінства, радасці і творчасці” і кнігу ўспамінаў колішняга выхаванца цэнтра Валерыя Мурашкі “Палац у маім лёсе. Картынг”.

Па словах дырэктара Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі Надзеі Васільеўны Васільчанка, выдаць зборнік, у якім бы акумуляваліся гісторыя і сучаснасць цэнтра і прагучалі галасы яго выхаванцаў, было яе даўняй марай — “каб засталося ў памяці”. Дзякуй богу, яно сапраўды засталося: цікавыя чорна-белыя фотаздымкі з жыцця Палаца піянераў і акцябрат, як спачатку называўся НЦМТДіМ, успаміны тых, хто хадзіў на заняткі ў прыгожы дом па адрасе Кірава, 16, дзесяць, дваццаць, трыццаць і пяцьдзясят гадоў назад. Некалькі гадоў працавалі над зборнікам “Краіна дзяцінства, радасці і творчасці” сённяшнія супрацоўнікі цэнтра: вывучалі архівы, перапісваліся з колішнімі яго выхаванцамі, інтэрв’юіравалі іх, цікавіліся думкамі сённяшніх навучэнцаў пра творчае жыццё ў яго сценах… І нарэшце на 110 старонках фармату А4 мы сёння маем кнігу, дзе сустрэліся ўчора і заўтра гэтай слаўнай установы.

Зборнік адкрываецца вітальным словам міністра адукацыі нашай краіны Міхаіла Анатольевіча Жураўкова, а потым мы адразу акунаемся ў далёкую гісторыю, у 1936 год, калі ў цэнтры Мінска быў адкрыты Палац піянераў і акцябрат і калі сюды адразу прыйшоў працаваць легендарны мастак-педагог, заслужаны настаўнік БССР, заснавальнік студыі выяўленчага мастацтва Сяргей Пятровіч Каткоў. Уладзімір Стальмашонак, Май Данцыг, Васіль Сумараў, Нінель Шчасная, Зоя Літвінава… Сёння гэтымі і многімі іншымі імёнамі нашых вядомых творцаў, якія прайшлі аўтарскую мастацкую школу Сяргея Пятровіча, ганарыцца ўся краіна, іх добра ведаюць і за мяжой.

Аўтары паэтапна прасочваюць гісторыю цэнтра ў раздзеле “Старонкі гісторыі”: 1936—1941, 1946—1949, 1950—1960, 1970—1980, 1980—1990, 1990—2000… Асобны раздзел прысвечаны нулявым гадам у гісторыі НЦМТДіМ і яго сённяшняму дню, калі жыццё ўстановы пазнаецца ў першую чаргу па шматлікіх творчых праектах, такіх як Міжнародны конкурс дзіцячага малюнка “Сябруюць дзеці на планеце”, Рэспубліканская выстава-конкурс дэкаратыўна прыкладной творчасці “Калядная зорка”, мастацка-адукацыйны праект “Беларускае народнае мастацтва і дзеці”, Рэспубліканскі фестываль мастацкай творчасці навучэнскай і студэнцкай моладзі “АРТ-вакацыі”, Рэспубліканскі агляд-конкурс дзіцячай творчасці “Прывітанне, свет!”, Рэспубліканскі фестываль-конкурс моды і фота “Млын моды”, Рэспубліканскі агляд-конкурс Дзядоў Марозаў і Снягурачак “Ёлка-фэст”, Рэспубліканскі конкурс дзіцячай творчасці “АрхНавацыя”, рэспубліканскія чэмпіянаты па інтэлектуальных гульнях КВЗ, нацыянальныя форумы дзяцей Беларусі і іншыя.

Раздзел “Бясконцае палатно творчасці” — гэта галерэя партрэтаў самых яркіх творчых калектываў цэнтра, а ўстанове ёсць чым у гэтым сэнсе ганарыцца: 15 калектываў маюць званні “ўзорны” і “народны”, 2 носяць званне “заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь”. Гэта тыя, хто бясконца радуе нас на разнастайных фестывалях і конкурсах, славіць нашу краіну за мяжой: заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь ансамбль танца “Белая Русь”, заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь ансамбль песні і танца “Зорачка”, народная арт-студыя “Востраў”, народная студыя дэкаратыўна-прыкладной творчасці “Бусляня”, узорная студыя дэкаратыўна-прыкладной творчасці “Крынічка”, народная студыя фітадызайну “Славянскі вянок”, народны цымбальны ансамбль “Ведрыца”, народны тэатр “Жывая планета”, народны вакальна-інструментальны ансамбль “Чырвоныя зоркі”, узорны хор “Радасць”, узорны эстрадна-сімфанічны аркестр, народная харавая капэла “Раніца”, узорны тэатр “Сіняя птушка”, ансамбль сучаснай харэаграфіі “Натхненне”, подыум-школа Fashion Style, харэаграфічны калектыў Zaleski Dance Design Show і многія іншыя.

Асабліва цікавы раздзел “Цэнтр у маім лёсе”, дзе сабраны яркія ўспаміны колішніх выхаванцаў установы, сярод якіх нямала і вядомых сёння людзей. Вось што, напрыклад, узгадвае любімец усіх айчынных тэатралаў, артыст Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы, а ў пачатку 70-х гадоў мінулага стагоддзя навучэнец студыі мастацкага чытання Палаца піянераў і школьнікаў Віктар Манаеў: “Увогуле, я быў вельмі сціплым хлопчыкм, усяго саромеўся. Я і артыстам стаў таму, што выходзіць на сцэну і выступаць перад гледачамі — гэта свайго роду тэрапія асабістых у нейкім сэнсе заганаў, калі лічыць сціпласць такой заганай. І вось я патрапіў у студыю мастацкага чытання да таленавітага педагога Лідзіі Вітальеўны Івановай. Разам са мной займаліся і старэйшыя за мяне дзеці, вучні 8—9 класаў. Мы вучыліся чытаць услых вершы, бралі кароценькія гумарыстычныя апавяданні для дзяцей, якія друкаваліся ў часопісе “Юнацтва”, і працавалі над імі. Сапраўды, гэта былі першыя ўрокі тэатральнага мастацтва ў маім жыцці. Успамінаю, які цудоўны творчы дух лунаў у студыі. Потым мы, юныя чытальнікі, удзельнічалі ва ўрачыстым адкрыцці ўсіх важных пасяджэнняў ЦК Камуністычнай партыі Беларусі, розных дзяржаўных форумаў. Перад пачаткам гэтых урачыстасцей мы, юныя піянеры, віталі іх удзельнікаў вершаванымі віншаваннямі. Хваляванне было неверагоднае, мы літаральна па месяцы ці болей вучылі на памяць вершы, якія былі, шчыра кажучы, прыкладам зусім не высокай паэзіі. Напрыклад: “У радасці ні межаў і ні меры, // Як ясна твары свецяцца наўкруг, // Цябе вітаюць шчыра піянеры, // Таварыш прафсаюз — наш верны друг”.

Нечаканая канцоўка ва ўспамінах вядомага артыста: “Палац піянераў і школьнікаў пачаў працаваць у сярэдзіне 30-х гадоў. Якраз у той час, калі мой дзед-паляшук разам з бабкай і сваімі дзецьмі (у яго была вялікая сям’я) ноччу на падводзе прыехаў у Мінск, ратуючыся ад сталінскіх рэпрэсій. Хутка яны ўладкаваліся працаваць на будаўніцтве палаца, куды быў аб’яўлены набор рабочых. Так цэлы год мой дзед і бабуля цягалі цэглу, будавалі палац, у якім я (больш чым праз 30 гадоў) меў шчасце пачаць займацца цікавай справай, якая стала потым маёй будучай прафесіяй. Нішто не выпадкова ў маім жыцці, і я ўдзячны за гэта лёсу”.

Завяршаюць зборнік “Краіна дзяцінства, радасці і творчасці” фотагалерэя сённяшніх навучэнцаў цэнтра “Галоўнае на свеце — гэта нашы дзеці” і падборка іх кароткіх выказванняў пра шчасце займацца ва ўстанове, якая знаходзіцца “па адрасе дзіцячага свята”, як называюць адрас Кірава, 16 складальнікі кнігі.

А другая кніга — другі падарунак Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі самому сабе на юбілей — гэта падарунак і лёсу адначасова. Хто б мог падумаць, што грамадзянін ЗША, паспяховы чалавек, старшы софтверны аналітык буйной амерыканскай кампаніі Tyco Fire Protection Products, а ў мінулым дацэнт БНТУ, а яшчэ ў больш далёкім мінулым удзельнік секцыі картынга Палаца піянераў і школьнікаў (1968—1971) Валерый Паўлавіч Мурашка з радасцю адгукнецца на просьбу сённяшніх супрацоўнікаў НЦМТДіМ напісаць успаміны пра тыя свае шчаслівыя “картынгавыя” гады і даслаць іх з Амерыкі ў Беларусь на такі родны да болю сталічны адрас Кірава, 16! Але ён напісаў, няхітра назваў свае згадкі “Палац у маім лёсе. Картынг”, даслаў іх у Беларусь. І сёння мы маем па-свойму ўнікальную кнігу — галасы колішніх выхаванцаў Палаца піянераў і школьнікаў, сённяшняга Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі, чутны нават з-за акіяна…

Давайце зараз проста пачытаем некаторыя ўрыўкі з гэтых цёплых і светлых успамінаў. Без каментарыяў, нават без перакладу, з заміраннем сэрца.

“…В сентябре 1968 года в наш 7 “Б” класс 64-й “английской” школы кто-то принес новость о том, что в Минском дворце пионеров и школьников открылась секция картинга. Почти все мальчишки класса, включая и меня, записались в секцию. Незадолго до этого на экранах кинотеатров прошел заграничный, дублированный на русский язык, художественный фильм “Большой приз” (“Гран-при”). Главными героями в нем были гонщики Формулы-1 — той, настоящей, которую не суждено было увидеть, но какие-то обрывки информации доходили и до нас. Главную роль автогонщика Жан-Пьера Сарти играл обаятельный актер и певец Ив Монтан. На мой взгляд, этот фильм несправедливо забыт. Мы, мальчишки, ходили в кинотеатр по несколько раз (я посмотрел его 6—8 раз). Гонки были настоящие, мастерски снятые. Там были интриги, отношения мужчины и женщины, была техника, напряжение, адреналин — все то, что есть на больших гонках и окружает их теперь при возросших скоростях. В то время, как, впрочем, и сейчас, это был пик автотехники, которая “вынимала” все силы из спортсменов и механиков, закаляла людей и делала их сильней в преодолении трудностей. Как мальчишке можно этим не увлечься?!

На занятия секции той осенью мы ходили пешком большой толпой ребят от Комаровского рынка, где собирались в назначенный час возле школы. Идти было непросто, потому что надо было пересекать Центарльную площадь (ныне Октябрьскую), куда мы круто поднимались по откосу (ныне напрочь застроенному), миновав 24-ю “немецкую” школу. Регулярный поход команды из 15—20 юношей через площадь не оставался незамеченным местными подростками из соседних дворов, которые следили за “суверенитетом” своих территорий. Однажды от драки нашу команду спас Леня Кошелев, живший в доме возле ГУМа (впоследствии ставший заметным вокалистом на белорусской эстраде, и тогда уже отличавшийся красивым голосом). Он учился в одном классе с моей сестрой в музыкальной одиннадцатилетке при консерватории. Леня узнал меня среди ребят и сказал своим, что меня знает, что это — хорошие ребята и бить их не надо. Повезло. Они были постарше, и носы наши трещали бы.

…Секцию картинга во Дворце пионеров организовал и вел студент дневного отделения автотракторного факультета Белорусского политехнического института (ныне БНТУ) Лукашевич Валерий Леонидович. Думаю, на момент организации секции ему было около 20 лет. Во Дворце пионеров была своя иерархия — были те, кто руководил группами секций и кружков по направлениям. Была женщина (не знаю ее имени), которая курировала секцию картинга в том числе. Я видел, что отношения между ней и Валерой Лукашевичем (мы его довольно быстро стали называть просто по имени) были очень теплыми и доброжелательными. Она Валеру поддерживала, помогала ему вести секцию.

…Поколение ребят, выросших после окончания войны, несло в себе какую-то отметину. В моем сознании различаются люди, с которыми я общался по жизни, прошедшие войну, и те, кто стал взрослым позже. Я замечал разницу между людьми военного поколения и теми, кто в жизнь пришел после. Не знаю о Валериных родителях ничего (к своему стыду), но уверен: его родители прошли войну, просто по возрасту так выходило. Те люди, кто выжил в той войне, они знали, что такое гамбургский счет, и с ними в мирной жизни было легко. Для них мирная жизнь, казавшаяся кому-то суровой, была легкой, незамысловатой и вполне безопасной, какой она и была на самом деле. До конца 70-х — середины 80-х годов их можно было встретить в школах и интститутах, и я благодарен судьбе, что она подарила мне общение с такими людьми. Те, кто пришел им на смену в 80-е, были другими.

…Пришли мы с Геной в наш подвал, кто-то из начальства привел корреспондента, молодую миловидную женщину “комсомольского возраста”. Она нас расспрашивала, что и как мы делаем, о секции, записывала на магнитофон. Поскольку это было радио, ей нужен был звуковой ряд. Она попросила нас потрещать нашим картом. Последние сорев-нования проходиди под дождем — карты, хоть и высохли, были грязными. Ну мы с Геной вытащили во двор один карт, завели, Гена поездил на нем по двору. Корреспондентка записала на магнитофон громкий треск — потом он был фоном на радиопередаче. Помню слова, высказанные нам с Геной во дворце после записи материала (в передаче их, разумеется, не было). Она сказала, что делала много передач о разных романтиках: парашютистах, альпинистах и прочих интересных ребятах. И всегда после этого ей хотелось все это попробовать. Но тут она призналась, что сесть в карт ее не тянет — слишком экстремальное удовольствие.

…Не знаю, насколько Дворец пионеров сегодня близок к тому, который я описал. Если хоть немного напоминает — уже хорошо. Очень надеюсь. Нельзя войти в одну и ту же воду дважды. Все делают люди. Может пыльный подвал стать смыслом жизни, а можно смысл жизни закатать в подвал и не выпустить оттуда. Мне несколько жаль сегодняшних ребят — у них никогда не будет того, что было у нас: поглощающего целиком творчества, честной борьбы на виду у всех. И самого главного уже не будет — искренних, добрых, всепонимающих людей, прошедших войну, голод, холод, вшей, болезни и смерти, потерявших родных, потерявших друзей. И после — ощутивших полное всеобъемлющее счастье жизни, которым они делились с окружающими. С теми, кто был близким по системе жизненных ценностей, кто шел рядом с ними и туда же, куда и они считали правильным идти и вести других.

Спасибо вам — тем, кто учил нас во дворце премудростям техники и, подспудно, смыслу жизни. На кого мы смотрели завороженными глазами и на кого хотели быть похожими. Кто своими руками, своими делами и поступками ясно показывал нам, что такое — хорошо, что такое — плохо. Я знаю наших ребят — многие усвоили эти уроки. Многим удалось прожить жизнь прямо и правильно. Кто на виду у всех честно и ясно показывал своим результатом, чего он стоит. И мне теплее оттого, что в разных точках мира эти ребята делают что-то нужное и полезное для людей, оставаясь сами людьми. Без халтуры”.

Мікола ЧЭМЕР.
Фота аўтара.

Юныя лідары — за мір!

На працягу двух дзён мінулага тыдня — 20—21 мая — у Нацыянальным цэнтры мастацкай творчасці дзяцей і моладзі было горача. На юбілейны — дзясяты — Нацыянальны дзіцячы форум “Дзеці Беларусі за мір і ўзаемаразуменне” сабраліся 126 маладых, таленавітых і мэтанакіраваных дэлегатаў з усіх куточкаў краіны. Усе яны — лідары дзіцячых і маладзёжных грамадскіх аб’яднанняў, органаў вучнёўскага самакіравання, члены дзіцячых і маладзёжных саветаў і парламентаў гарадоў, якія рэалізоўваюць ініцыятыву “Горад, дружалюбны да дзяцей”. Акрамя ўдзелу ў форуме, лепшыя з лепшых прыехалі са сваімі камандамі, каб паспаборнічаць у заключным этапе IV Рэспубліканскага агляду-конкурсу “Лідар года — 2016”.

Важнае звяно

Адкрыла форум начальнік упраўлення па справах моладзі Міністэрства адукацыі Наталля Іванаўна Пшанічная. Свой прывітальны зварот да ўдзельнікаў форуму накіраваў і міністр адукацыі Міхаіл Анатольевіч Жураўкоў, які адзначыў, што “за мінулыя гады форум змог заняць дастойнае месца ў маладзёжным і культурным жыцці краіны, заваяваў рэпутацыю аднаго са значных мерапрыемстваў, якія праводзяцца для вырашэння задач па паляпшэнні становішча дзяцей, дасягнення міру і ўзаемаразумення”.

Паколькі форум з самага заснавання падтрымліваўся Дзіцячым фондам ААН (ЮНІСЕФ) у Беларусі, з прывітальным словам да дзяцей звярнуўся яго прадстаўнік у нашай краіне Рашэд Мустафа Сарвар. Ён расказаў аб дзейнасці ЮНІСЕФ у Беларусі і яго ролі ў дасягненні талерантнасці і міру. “Апошнія 20 гадоў я працаваў у многіх краінах свету — у Афганістане, Чачні, Косаве. Я бачыў такіх жа маладых лідараў ва ўсіх краінах, бачыў, як яны хацелі, каб вайна спынілася, каб былі наладжаны зносіны паміж разнастайнымі групоўкамі. Я ўпэўнены і глыбока веру, што вы з’яўляецеся важным звяном у стварэнні міру, узаемаразумення і талерантнасці адно да аднаго”.

Дырэктар Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі Надзея Васільеўна Васільчанка адзначыла, што тэмы, якія штогод гучаць на форуме, пастаўлены часам, а таму заўсёды злабадзённыя і цікавыя для юных удзельнікаў. “З далучэннем нашай краіны да ініцыятывы “Горад, дружалюбны да дзяцей” лідарскі рух узбагаціўся новымі праектамі і магчымасцямі, атрымаў імпульс па стварэнні дзіцячых і маладзёжных саветаў. За гэтыя гады вы адчулі, што многае можаце зрабіць, можаце змяніць свет да лепшага, прынамсі, змяніць тое месца, дзе вы жывяце, і інтарэсы тых дзяцей, якія жывуць у вашым горадзе. Я ўпэўнена, што калі горад будзе жыць добра, будуць жыць добра краіна і ўвесь свет”, — адзначыла яна. Свой відэазварот да ўдзельнікаў накіраваў таксама беларускі тэнісіст алімпійскі чэмпіён Максім Мірны, які, дарэчы, з’яўляецца паслом добрай волі ЮНІСЕФ. Сімвалічна, што маладзёжныя лідары пачалі сваю работу з ускладання кветак да манумента Перамогі.

Змяніць свет да лепшага

У хуткім часе распачала работу дзіцячая асамблея “Разам за мірную Беларусь”, вядучай якой стала начальнік упраўлення па справах моладзі Міністэрства адукацыі Наталля Іванаўна Пшанічная. Пра дыпламатыю і тое, як важна ўмець супрацоўнічаць, расказаў Дзмітрый Аляксандравіч Ярковіч, сакратар галоўнага ўпраўлення шматбаковай дыпламатыі Міністэрства замежных спраў краіны. “Важна, што вы пазнаяце свет не толькі па кнігах, але і сутыкаецеся з ім непасрэдна — вывучаеце замежныя мовы, вандруеце, пазнаяце новыя краіны, больш за тое, адкрываеце сябе свету, — звярнуўся ён да ўдзельнікаў форуму. — Дарэчы, сённяшняе пакаленне моладзі з’яўляецца самым шматлікім з тых, што калі-небудзь існавалі. Сёння канструктыўны ўклад моладзі ў падтрымку і садзейнічанне ў забеспячэнні міру з’яўляецца міжнародна прызнаным”.

Аб гісторыі і традыцыях нашай краіны, а таксама аб ролі моладзі ў іх захаванні расказаў другі сакратар ЦК БРСМ Сяргей Міхайлавіч Клішэвіч. Акрамя таго, ён паведаміў аб значных праектах, над якімі працуе маладзёжная арганізацыя, а таксама аб яе сімвалах, за якімі стаіць гераічная гісторыя.
“У нашай краіне створаны каласальныя магчымасці для развіцця і самарэалізацыі сучаснай моладзі. Гэта сістэма адукацыі, грамадскія дзіцячыя і маладзёжныя арганізацыі, якіх у Беларусі існуе больш за 200 і якія працуюць у розных кірунках — ад абароны правоў дзяцей да здаровага ладу жыцця. Зразумела, сапраўдныя лідары павінны карыстацца гэтымі магчымасцямі не толькі для таго, каб дэманстраваць сябе і свой лідарскі патэнцыял, а каб сваім прыкладам мяняць свет да лепшага”, — звярнуў увагу ў сваім выступленні старшыня БелАЮ віцэ-прэзідэнт Сусветнай федэрацыі клубаў, цэнтраў і асацыяцый ЮНЕСКА Дзмітрый Юр’евіч Субцэльны. Ён расказаў пра маладзёжныя ініцыятывы і грамадскія аб’яднанні, пра рух клубаў ЮНЕСКА і праекты, якія рэалізоўваюцца дзіцячымі і маладзёжнымі арганізацыямі.

Сваімі ўражаннямі аб выступленні ў якасці прадстаўніка Беларусі на Генеральнай Асамблеі ААН ў 2015 годзе, а таксама думкамі аб маладзёжным свеце, праблемах, выкліках і партнёрстве падзялілася студэнтка МДЛУ Дар’я Віаленцій.

Мір пачынаецца з мяне

Наступнай часткай асамблеі сталі ініцыятывы дзяцей “Мір пачынаецца з мяне”. Першымі на сцэне з’явіліся прадстаўнікі маладзёжнага парламента Магілёва, створанага пры Магілёўскім гарадскім Савеце дэпутатаў. Яны падрабязна пазнаёмілі ўсіх з палітыкай, якая імі праводзіцца, і расказалі аб праектах, мерапрыемствах і акцыях, што рэалізоўваюцца ў горадзе. Дарэчы, Магілёў стаў 22-м горадам краіны, які далучыўся да міжнароднай ініцыятывы “Горад, дружалюбны да дзяцей”.

Навучэнка сталічнай школы № 97 Эмілія Папруга расказала, што па выніках выдатнай выхаваўчай работы ўстанове адукацыі было прысвоена званне “школа міру” ў рамках Міжнароднай праграмы “Акадэмія дзіцячай дыпламатыі”. Дарэчы, гэтае пачэснае званне штогод пацвярджаецца.

Навучэнка жодзінскай школы № 5 Паліна Жданок і вучань школы № 9 Жодзіна Герман Генрых прадставілі ўвазе гледачоў невялікі відэафільм “Маладзёжныя ініцыятывы ў імя міру”, у якім расказалі аб гісторыі маладога горада і аб сваіх дзіцячых ініцыятывах.

Праграма форуму была настолькі маштабнай, што ахапіць усё дзецям было проста немагчыма. Менавіта таму лідары размеркаваліся па групах і пачалі працаваць на інтэрактыўных і дыскусійных пляцоўках “Мы будуем мост міру і ўзаемаразумення”. Для іх былі разгорнуты “Школа юнай дыпламатыі”, школа “Вучымся і вучым культуры міру”, школа журналісцкага майстэрства, сацыяльнага лідарства, а таксама школа “Эфектыўныя зносіны і кіраванне канфліктамі”. Акрамя таго, прадстаўніцтва ЮНІСЕФ у Беларусі арганізавала круглы стол “ЮНІСЕФ у інтарэсах дзяцей”.

Спаборніцтвы ў разгары

Пасля такой плённай працы юным удзельнікам неабходна было прадэманстраваць на сцэне адно з заданняў заключнага этапу Рэспубліканскага агляду-конкурсу “Лідар года — 2016” — “Мая грамадзянская пазіцыя”. Некаторыя ж заданні конкурсу былі завочнымі (партфоліа “Гісторыя майго поспеху” і сачыненне “Свет, я чую цябе”), таму з імі можна было пазнаёміцца на выставе “Лідарскія арыенціры”, якая была разгорнута ў фае цэнтра.

Асноўны момант “ікс”, самы хвалюючы і значны, для ўдзельнікаў “Лідара года” настаў у суботу, калі іх чакала конкурснае заданне “Практыка, магчымасці, унікальнасць”, у якім трэба было абараніць свой праект. Вось тут разгарнулася цэлае шоу, дзе кожны дэманстраваў свае творчыя здольнасці, але галоўным для журы быў сам праект, унікальная ідэя, якую ўдалося рэалізаваць дзецям у сваёй навучальнай установе і горадзе.

Напрыклад, дзевяцікласніца Яўгенія Кляпіцкая з сярэдняй школы № 161 Мінска прэзентавала сацыяльны праект “Дарогамі радасці і дабра”. “Сутнасць нашага сацыяльнага праекта — задзейнічаць творчыя магчымасці навучэнцаў, каб падарыць яркія моманты жыцця дзецям з асаблівасцямі. На працягу навучальнага года мы ездзілі ў адзін з інтэрнатаў, арганізоўвалі канцэрты і майстар-класы для дзяцей — танцавальны, “Умелыя ручкі”, майстар-клас па маляванні і інш. Мы даўно хацелі стварыць такі праект, але не ведалі, як яго рэалізаваць. Дарослыя дапамаглі нам знайсці інтэрнат, куды можна было б паехаць, кожны выбраў майстар-клас, які будзе праводзіць, і ў нас усё атрымалася!” — расказала Яўгенія, якая з’яўляецца лідарам сваёй каманды. Яна падзялілася думкамі аб тым, якім павінен быць сапраўдны лідар: “Лідар немагчымы без сваёй каманды, бо, наколькі б ён ні быў адказным чалавекам і як бы ні ўмеў арганізоўваць людзей, ён ніколі не зможа ўсё зрабіць сам, без сваёй каманды”.

“Нашы навучэнцы з’яўляюцца членамі клубаў ЮНЕСКА, таму вельмі добра ведаюць пра цяжкасці дзяцей і жадаюць ім дапамагаць, імкнуцца з кожным днём станавіцца лепшымі. Яны не толькі ездзяць у інтэрнат, але і ўдзельнічаюць у акцыі “Дапамога дзецям”, якая рэгулярна праходзіць у нашай школе”, — расказвае педагог-арганізатар сталічнай школы № 161 Аліна Генадзьеўна Сідарава.
Дзесяцікласнік Кірыл Абразцоў са школы № 2 Кобрына Брэсцкай вобласці прапанаваў увазе журы праект “Зрабі свой выбар”, разлічаны на 2015—2017 гады. Мэта праекта ў тым, каб з дапамогай актыўнага ўдзелу ў пазакласнай дзейнасці садзейнічаць станоўчым адносінам да здаровага ладу жыцця і прафілактыцы правапарушэнняў сярод моладзі.

Кацярына Патапенка з гімназіі № 10 Гомеля расказала пра сацыяльны праект “Гульнявыя пляцоўкі і “дваровыя” гульні для дзіцячых дамоў сямейнага тыпу”, а Яўген Пятроў са сталічнай гімназіі № 32 прэзентаваў праект “Падары дрэва”, дзякуючы якому новыя саджанцы дрэў з’яўляюцца ў парках і скверах сталіцы, пры гэтым сертыфікат на кожнае дрэва з дакладным указаннем месца яго высадкі дорыцца пэўнаму чалавеку ці ўстанове адукацыі. Шмат валанцёрскіх праектаў прэзентавалі і іншыя ўстановы адукацыі, сярод іх — праект гімназіі № 7 Віцебска “Мы побач!”, які рэалізоўваецца па трох асноўных кірунках: дапамога бяздомным жывёлам, дапамога птушкам і ачышчэнне навакольнага асяроддзя.

Карына Ромыш з сярэдняй школы № 8 Жодзіна прэзентавала праект “Моб-драйв “D and K”. “Рашэннем Дзіцячага фонду ААН (ЮНІСЕФ) Жодзіна атрымаў статус “Горад, дружалюбны да дзяцей”. Ідэя нашага праекта ў тым, каб пазнаёміцца з такімі ж гарадамі Беларусі, выкарыстоўваючы творчы патэнцыял моладзі, прычым зносіны паміж намі прадугледжваюць інтэрактыўнасць як з дапамогай культурнай праграмы, так і з выкарыстаннем СМІ і сацыяльных сетак”, — растлумачыла Карына.

Эўрыка!

Пасля зачытвання рэзалюцыі Х Нацыянальнага дзіцячага форуму “Дзеці Беларусі за мір і ўзаемаразуменне” нарэшце былі аб’яўлены пераможцы конкурсу “Лідар года — 2016”. Дыпломамі ІІІ ступені былі ўзнагароджаны Яўген Пятроў са сталічнай гімназіі № 32 і навучэнка школы № 9 Ліды Гродзенскай вобласці Інеса Голубева. Другімі ў спаборніцтве сталі Аляксей Суцько з гродзенскай гімназіі № 2 і навучэнец Рэчыцкай сярэдняй школы № 7 Гомельскай вобласці Уладзіслаў Касцючэнка. Абсалютным жа пераможцам сярод 21 лідара быў прызнаны навучэнец Красненскай школы Маладзечанскага раёна Мінскай вобласці Уладзіслаў Карчміт з сацыяльна арыентаваным праектам “Эўрыка”.

“Сутнасць нашага праекта ў тым, каб падштурхнуць дзяцей ствараць новыя ініцыятывы, якія ў далейшым будуць рэалізоўвацца па ўсёй Беларусі”, — расказаў Уладзіслаў. Па словах лідара, праект закранае ўсе сферы дзейнасці сучаснага школьніка, пачынаючы ад паводзін у школе і заканчваючы праяўленнем творчых здольнасцей і актыўным удзелам у мерапрыемствах і конкурсах, працоўных і дабрачынных акцыях.

Цікава, што праект рэалізоўваецца ў форме спаборніцтва ў трох узроставых катэгорыях (3—4 класы, 5—7 класы і 8—11 класы) і ў ім удзельнічае адразу ўвесь клас. Падчас яго рэалізацыі (верасень 2014 — верасень 2016 года) за кожную добрую справу ўдзельнікам налічваюцца ўмоўныя адзінкі — “эўрыкі”, якія запісваюцца ў спецыяльныя дзённікі класа. Пераможцы ў кожнай узроставай катэгорыі ўзнагароджваюцца экскурсійнай паездкай і атрымліваюць магчымасць у далейшым рэалізаваць свае ініцыятывы.

Падвядзенне вынікаў і ўзнагароджанне пераможцаў рэспубліканскага конкурсу адбылося і па намінацыях. Так, у намінацыі “Гісторыя майго поспеху” перамагла навучэнка сярэдняй школы № 8 Жодзіна Мінскай вобласці Карына Ромыш. Лепшым у намінацыі “Свет, я чую цябе” стаў Данііл Каган, навучэнец школы № 1 Вілейкі Мінскай вобласці. З заданнем “Мая грамадзянская пазіцыя” лепш за ўсіх справіўся навучэнец баранавіцкай гімназіі № 2 Брэсцкай вобласці Станіслаў Масальскі. Адразу два лідары сталі пераможцамі намінацыі “Практыка, магчымасці, унікальнасць” — Вольга Таўпянец, навучэнка школы № 4 Наваполацка Віцебскай вобласці, і Яўгенія Кляпіцкая, якая вучыцца ў сталічнай школе № 161.

Спецыяльны дыплом ад членаў журы за арыгінальны падыход да раскрыцця вобраза лідара атрымаў навучэнец Лабжанскага дзіцячага сада — сярэдняй школы Клімавіцкага раёна Магілёўскай вобласці Ігар Новікаў. Акрамя таго, удзельнікі конкурсу атрымалі каштоўныя падарункі ад газеты “Переходный возраст”.

Кіраўніцтвам Беларускай асацыяцыі клубаў ЮНЕСКА было прынята рашэнне ўзнагародзіць абсалютнага пераможцу і ўладальнікаў дыпломаў ІІ ступені Рэспубліканскага конкурсу “Лідар года — 2016” спецыяльнай грашовай скідкай для ўдзелу ў Міжнародным лінгвістычным лагеры “Мост англійскай мовы і культуры — 2016” у Польшчы.

Людміла ГУРСКАЯ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.

Як хлопец з ліцэя становіцца чарадзеем

Надоечы ў рамках сумеснага з Нацыянальным цэнтрам мастацкай творчасці дзяцей і моладзі праекта “АРТ-вакацыі”: галерэя творцаў” “Настаўніцкая газета” пабывала ў Ваўкавыскім дзяржаўным будаўнічым прафесійным ліцэі, дзе пад кіраўніцтвам педагога дадатковай адукацыі Алены Клімавай ужо шмат гадоў плённа займаецца творчасцю вакальная група “Хлопцы з ліцэя” — пераможца Рэспубліканскага фестывалю мастацкай творчасці навучэнцаў “АРТ-вакацыі”.

Маім першым прыемным уражаннем ад паездкі ў Ваўкавыск стаў ужо сам будынак тутэйшага прафліцэя па вуліцы Школьнай, 1 — прыгожы, размешчаны на высокай горцы ў гістарычным цэнтры горада, бачны здалёк. “Нас жартам называюць тут Гарвардам на горцы”, — заўважае дырэктар ліцэя Андрэй Аляксандравіч Карачанцаў, ласкава запрашаючы прайсці ўнутр. Падчас невялікай экскурсіі па ліцэі ён раз-пораз звяртае маю ўвагу на такія, напрыклад, рэчы, што гэтая ўстанова прафтэхадукацыі невялікая па памерах, але на самай справе вельмі ўтульная, з вокнаў тут адкрываюцца цудоўныя краявіды Ваўкавыска. Звяртае маю ўвагу таксама і на рамонт, зроблены не ў апошнюю чаргу рукамі саміх ліцэістаў, будучых будаўнікоў. Паказвае на дыхтоўныя мастацкія фотаздымкі пад шклом у рамках, развешаныя ўсюды на сценах: касцёл Святога Вацлава, царква Святога Мікалая, ваенна-гістарычны музей імя Баграціёна, выканкам, ліцэй, у якім мы знаходзімся… Праходзячы міма аднаго кабінета, заўважаю мемарыяльную дошку, якая сведчыць пра тое, што ў гэтым будынку (раней тут размяшчалася школа) вучыўся вядомы беларускі і расійскі акцёр Аляксандр Дзядзюшка. Словам, я паступова разумею, што Ваўкавыскі дзяржаўны будаўнічы прафесійны ліцэй — гэта тутэйшы цэнтр не толькі прафесійна-тэхнічнай адукацыі, але, калі хочаце, і культуры як такой, увасобленай ужо нават у самой прасторы. Наша гутарка з Андрэем Аляксандравічам працягваецца ў яго працоўным кабінеце, дзе да нас далучаецца яго намеснік па вучэбна-выхаваўчай рабоце Ала Сямёнаўна Рубашка. І я даведваюся ўсё новыя і новыя для сябе факты пра ліцэй: што ён стаў апошняй установай прафесійна-тэхнічнай адукацыі, адкрытай у нашай краіне ў 1997 годзе (тады яшчэ як Ваўкавыскае ПТВ № 238 будаўнікоў); што тут рыхтуюць прафесіяналаў розных спецыяльнасцей будаўнічага профілю (тынкоўшчыкаў, муляраў, бетоншчыкаў, маляроў і інш.) і даюць магчымасць навучэнцам паралельна атрымліваць другую спецыяльнасць, напрыклад, “Слесар па рамонце аўтамабіляў” і “Вадзіцель катэгорыі С”; што сёння тут вучацца 162 навучэнцы, з іх толькі дзве дзяўчынкі…
Паступова мы падыходзім да тэмы выхаваўчай дзейнасці ў ліцэі, у тым ліку сродкамі эстэтыкі. І адзін з кампанентаў гэтага выхавання эстытыкай менавіта месца, будынак, дом “Гарвард на горцы”. Пры гэтым Андрэй Карачанцаў заўважае: “Вы ведаеце, за свой шматгадовы вопыт кіравання ўстановамі адукацыі я прыйшоў да высновы, што праблемныя дзеці, часта абдзеленыя бацькоўскай увагай, яны не гладкія, не пушыстыя, але, калі ты не будзеш ім хлусіць, калі ты іх па-сапраўднаму нечым зачэпіш, павядзеш за сабой, шчыра агорнеш іх увагай, якой ім не хапае ў сям’і, яны будуць удзячныя табе ўсё жыццё”.
У сваю чаргу Ала Сямёнаўна Рубашка дадае: “Дзеці, якія ў нас вучацца — гэта тыя дзеці, якія, можа быць, заставаліся ў цені поспехаў сваіх прасунутых аднакласнікаў у сярэдняй школе, адкуль яны да нас прыйшлі. Таму за аснову выхаваўчай дзейнасці ў ліцэі мы і ўзялі праграму “Выхаванне поспехам”. (Такім чынам, другі кампанет выхавання эстэтыкай — гэта стварэнне сітуацыі поспеху для кожнага навучэнца.М.Ч.). Поспех — гэта вельмі важны складнік у развіцці маладога чалавека, можна сказаць, нават рухавік у яго развіцці, таму неабходна знайсці нейкі паспяховы від дзейнасці, асабліва для нашай катэгорыі дзяцей. Мы так і гаворым ім: “Да вучобы прачнулася цікавасць — налягай на вучобу, рукамі рабіць добра атрымліваецца — паказвай тут, што ты можаш, а калі спяваць вельмі падабаецца — спявай!” Вы яшчэ пазнаёміцеся з Аленай Аляксандраўнай Клімавай, мастацкім кіраўніком вакальнай групы “Хлопцы з ліцэя”, і яна вам раскажа, якімі шэрымі мышкамі многія дзеці прыходзяць вучыцца ў ліцэй і каго яна з іх робіць. Многія з яе выхаванцаў, удзельнікаў вакальнай групы, у школе нават на ўроку спеваў рот не адкрывалі, а тут яны выходзяць на сцэну і спяваюць”.
Я знаёмлюся з Аленай Аляксандраўнай Клімавай, яна пачынае расказваць пра сябе. І цяпер мы абазначым трэці кампанент выхавання эстэтыкай — незвычайныя лёсы і педагогі-энтузіясты.
Нарадзілася на Сахаліне ў сям’і мамы-беларускі і таты-расіяніна. “17 гадоў пражыла на востраве Сахаліне, так што дзяўчына я паўночная, загартаваная, — расказвае Алена Аляксандраўна. — Мама, выхавальніца ясляў, і тата, вадзіцель, вучылі нас з братам ніколі не пасаваць перад цяжкасцямі, прывучалі да адказнасці ў жыцці… А ведаеце, што такое зіма на Сахаліне? Яна пачынаецца ў кастрычніку і заканчваецца толькі ў маі — чэрвені. Сёння я люблю разглядаць свой фотаздымак з выпускнога: на дварэ чэрвень, а мы ўсе апрануты ў зімовае. Ільды яшчэ нават не сышлі”.
Там, на Сахаліне, Алена Аляксандраўна скончыла музычную школу па класе скрыпкі. “Памятаю, надзяваю двое рукавіц, бяру тую скрыпку і іду, — працягвае мая суразмоўніца. — Ісці было далёка, рукі нават у дзвюх рукавіцах адмярзалі, я плакала — ну чаму я не вучуся на фартэпіяна, якое не трэба было несці ў школу?! — але ішла, ішла вучыцца… І, у рэшце рэшт, засталася ўдзячнай сваёй музычнай школе на ўсё жыццё, бо там, акрамя ўсяго, я ўдзельнічала ў камерным дзіцячым аркестры, народным дзіцячым аркестры, спявала ў хоры. Гэта былі вельмі сур’ёзныя па ўзроўні калектывы. Мы гастралявалі па ўсім Сахаліне, ляталі нават у Маскву. Тады, у гады вучобы ў музычнай школе, і адбылося маё сапраўднае далучэнне да музыкі. Тады я зразумела яшчэ і тое, што вельмі важна выносіць свае ўменні на публіку, ніколі не спыняцца на дасягнутым”. А потым у жыцці Алены Клімавай была Беларусь, Гродзенскае музычна-педагагічнае вучылішча, дзе яна сутыкнулася з беларускай мовай, спачатку смяшыла сваіх аднакурсніц вымаўленнем тэрмінаў, ды ўсё больш і больш уцягвалася ў беларускасць, станавілася, калі можна так сказаць, беларускай. Сапраўдны прарыў у гэтым сэнсе, сапраўднае далучэнне да беларускіх народных традыцый, беларускай народнай музыкі адбылося ў пачатку нулявых гадоў, калі Алена Аляксандраўна пачала спяваць у народным ансамблі музыкі, песні і танца “Вяселле” пры Ваўкавыскім раённым доме культуры. “Гэта было неверагоднае адкрыццё зусім новага для мяне свету, — узгадвае мая гераіня. — Я проста жыла ўсім гэтым: беларускімі народнымі спевамі, танцамі. Усё гэта хутка стала для мяне родным, як быццам я і нарадзілася некалі ў Ваўкавыску. З ансамблем “Вяселле” мы выступалі на самых прэстыжных фестывалях у Беларусі, пабывалі ў Польшчы, Расіі, Іспаніі, Турцыі, Украіне… Гэта быў вельмі паспяховы калектыў, якому я як расіянка вельмі ўдзячна яшчэ і за тое, што ён адкрыў для мяне беларускі музычны фальклор”.
Тым часам Алена Аляксандраўна працавала ўжо ў Ваўкавыскім будаўнічым прафтэхліцэі — спачатку проста культарганізатарам, кіравала мастацкай самадзейнасцю ва ўстанове. Вакол яе паступова згуртавалася суполка: яна як адказная за спевы, Андрэй Малец — аранжыроўшчык, і Наталля Гарбачык — харэограф. “Без Андрэя і Наталлі я, безумоўна, нічога адна не зрабіла б, — гаворыць Алена Аляксандраўна. — Проста спяваць — гэтага было мала, гэта было нецікава. Патрэбен быў вобраз, карцінка (бо менавіта яе ў першую чаргу бачыць глядач і толькі потым ужо чуе спевы), патрэбна была аранжыроўка (каб карцінка супадала з вакалам)”.Алена Клімава (трэцяя справа) разам з бацькамі і братам у дзяцінстве(Сайт) Паступова юных артыстаў з Ваўкавыскага ліцэя пачалі заўважаць на гарадскіх і раённых конкурсах ды фестывалях, на розных тэматычных канцэртах. І ўсё больш і больш вылучалася з гэтай самадзейнасці хлапечая вакальная група, асабліва калі ў ліцэі пачалі спыняць навучанне па непапулярных дзявочых спецыяльнасцях і ўстанова ўсё выразней пачала ператварацца ў мужчынскую. Да канца нулявых нашых хлопцаў з ліцэя ўжо чакалі на канцэртах. Людзі менавіта так і пыталіся, калі ў ГДК мусіў адбыцца чарговы гарадскі канцэрт: “А хлопцы з ліцэя будуць выступаць?” Паўстала пытанне назвы. Былі розныя варыянты. І аднойчы Алене Аляксандраўне адкрылася: “А навошта прыдумляць нейкія недарэчныя фінціклюшкі? У горадзе ёсць два каледжы — педагагічны і аграрны. А ліцэй адзін. І нашых хлопцаў з ліцэя ведаюць усе. Дык няхай наш калектыў так і называецца — “Хлопцы з ліцэя”!” Так у 2009 годзе і пачала афіцыйна называцца вакальная група Ваўкавыскага будаўнічага прафесійнага ліцэя — “Хлопцы з ліцэя”. Прыблізна з гэтага ж часу калектыў Алены Аляксандраўны Клімавай увайшоў у свой самы зорны перыяд.

СЛОВЫ НАВУЧЭНЦАЎ ЛІЦЭЯ

Раман Зарэцкі, будучы вадзіцель-аўтаслесар: “Ніколі не забуду свой удзел у гала-канцэрце “АРТ-вакацый” у Маладзечне. Я ўбачыў сваіх аднагодкаў — такіх жа хлопцаў з ПТВ, якія выступаюць у розных калектывах. Ніколі не думаў, што нас так шмат”.
Дзяніс Бубноў і Руслан Жардзецкі: “Мы займаемся пакуль у ансамблі паўгода, але шмат чулі пра “АРТ-вакацыі” і прыкладзём усе намаганні для таго, каб перамагчы ў гэтым фестывалі ў 2017 годзе”.

А далей проста некаторыя прынцыповыя творчыя моманты з вуснаў непасрэдна самога мастацкага кіраўніка “Хлопцаў з ліцэя”. Адносна рэпертуару: “Наш калектыў дзіцячы. І тут вельмі важна падбіраць словы, каб дзеці разумелі, пра што яны спяваюць і што яны гэтымі словамі могуць данесці публіцы. Менавіта таму ў нашым рэпертуары з’явілася жартоўная “Мяшчаначка” (перааранжыраваныя песні бабулек з Падлясся), “Ой, да, ой, да…” (з рэпертуару Івана Кірчука з “Тройцы”). Што тычыцца ваеннай тэматыкі, то зноў жа мы не можам узяць песню, напісаную з пазіцыі чалавека, які сам прайшоў вайну. Тут павінна быць песня, адпаведная ўзросту сённяшніх маладых людзей: так, была страшэнная вайна, на якой мы не ваявалі, але мы ведаем пра яе і свята захоўваем пра яе памяць. Іншым разам я іду ў бібліятэку і перагортваю старыя песеннікі. А чаму і не? Там ёсць вельмі многа цікавых рэчаў. Проста перааранжыраваць іх — і ўсё. І, безумоўна, самае галоўнае, каб гэта былі прыгожыя, даступныя дзецям словы”.

МЕРКАВАННЕ ЭКСПЕРТА

Сустаршыня журы Рэспубліканскага фестывалю мастацкай творчасці навучэнцаў “АРТ-вакацыі” Алена Лаўрыновіч: “Калектыў “Хлопцы з ліцэя” — адзін з самых маладых, прадстаўленых у праекце “АРТ-вакацыі”: галерэя творцаў”. Тым не менш ён вельмі яскрава заявіў пра сябе ў 2011 годзе, прадставіў вельмі шматгранную праграму і разнапланавы рэпертуар (класіка, фальклор, эстрада) у 2013 годзе, а ў 2015 годзе стаў фактычна адной з зорак фестывалю. Па традыцыі фестывалю, заключную песню гала-канцэрта, а па сутнасці, фестывальны гімн “Фестываль, ляціш, як песня, ты…” даручаецца выконваць лепшаму калектыву гэтага фестывальнага сезона. І якраз у 2015 годзе такое права атрымалі “Хлопцы з ліцэя”. Самае галоўнае іх багацце — шчырасць у выкананні і жаданне дарыць радасць гледачу”.

Адносна выхавання сцэнічнай культуры: “У гэтым плане нам бясцэнную падтрымку аказвае наш гарадскі Дом культуры. Нам прадастаўляюць і сцэну для рэпетыцый, і студыю для звядзення аранжыровак, запісу падгалосак і інш. Такім чынам, нашы “Хлопцы з ліцэя” выступаюць і ў сваім ліцэі перад сябрамі, і ў іншых установах адукацыі перад школьнікамі, і на прадпрыемствах перад рабочымі, перад сваімі калегамі, і на канцэртах перад ветэранамі вайны і працы, і на конкурсных пляцоўках фестывалю “АРТ-вакацыі”… Так і напрацоўваецца наша сцэнічная культура. І людзям жа сапраўды падабаюцца “Хлопцы з ліцэя”. Яны бачаць:
гэтыя хлопцы могуць добра праспяваць і патанцаваць, а недзе нават і рассмяшыць сваёй непасрэднасцю”. Такім чынам, яшчэ адзін кампанент выхавання эстэтыкай — выхаванне сцэнай і выхаванне канцэртнай дзеяй.
Адносна крытэрыяў набору ўдзельнікаў: “Безумоўна, на першым месцы вакальныя даныя. Але тут такая справа. Да мяне сёлета прыйшлі два баяністы, якія сем гадоў адвучыліся ў музычнай школе па класе баяна. Але каардынацыі паміж слыхам і голасам у іх няма, яны нават не разумеюць, дзе яны знаходзяцца, беручы тую ці іншую вышыню гуку. А яшчэ плюс мутацыя голасу ў 15—16 гадоў… Вось і пачынаюцца праблемы. Наогул, я праслухоўваю ўсіх і, калі бачу, што той ці іншы хлопец можа браць ноткі, запрашаю яго ў калектыў. Мне нават не важна, зможа ён хутка выйсці на сцэну або толькі праз год. Няхай увесь год будзе тэхнічна напрацоўваць слых і гук, пакуль не дасягне ўзроўню сцэны”.
Адносна ўдзячнасці: “Я вельмі ўдзячна ўсім, хто са мной працуе ці працаваў побач, а таксама ўсім маім выхаванцам. Многія з маіх выпускнікоў сталі мне сапраўды роднымі. Ёсць для каго жыць і працаваць”.
Адносна сілы волі: “Сіла волі — гэта адна з тых рэчаў, якую мы культывуем у калектыве. Не бегчы ў камп’ютар гуляць пасля заняткаў, ні тым больш ісці за вугал напіцца ці накурыцца, а хуценька схадзіць дадому паабедаць і ўрокі зрабіць, а потым паехаць на рэпетыцыю і займацца да 9 вечара. Вось так і выхоўваецца сіла волі. Я ім так і кажу: “У вашым жыцці на першым месцы павінна стаяць слова “трэба”, а слова “хачу” — на другім. Пабачыце: тады ў будучым вашым жыцці і ў сям’і, і на працы ўсё будзе добра”. Такім чынам, пяты кампанент выхавання эстэтыкай — гэта выпрацоўка сацыяльнага пазітыву і ўпэўненасці ў будучыні.
Адносна будучых планаў: “Галоўнае — не спыняцца на дасягнутым. І найперш мяне сёння цікавяць народныя спевы. Я бачу, што яны і дзяцей прыцягваюць. Асабліва ім падабаецца перарабляць усё гэта на сучасны лад. Фальклор — для нас гэта вельмі важна. І гэта вельмі складаная з’ява, якую трэба яшчэ зразумець і прыняць душой”.

Мікола ЧЭМЕР.
Мінск — Ваўкавыск — Мінск.
Фота з асабістага архіва Алены КЛІМАВАЙ.

Супрацоўніцтва становіцца больш плённым і паслядоўным

У Нацыянальным цэнтры мастацкай творчасці дзяцей і моладзі прайшло пасяджэнне каардынацыйнага савета па распрацоўцы і рэалізацыі сумесных праграм супрацоўніцтва паміж органамі дзяржаўнага кіравання і Беларускай Праваслаўнай Царквой на тэму “Аб ходзе выканання Праграмы супрацоўніцтва паміж Міністэрствам адукацыі і Беларускай Праваслаўнай Царквой на найбліжэйшыя пяць гадоў”. У сустрэчы прынялі ўдзел намеснік міністра адукацыі В.В.Якжык, супрацоўнікі галіновага міністэрства, іншых міністэрстваў і ведамстваў, рэгіянальных органаў кіравання адукацыяй, кіраўнікі навучальных устаноў, метадысты, прадстаўнікі епархальнага ўпраўлення Беларускай Праваслаўнай Царквы, духавенства. Вёў пасяджэнне ўпаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасцей старшыня каардынацыйнага савета Л.П.Гуляка.

Леанід Паўлавіч Гуляка высока ацаніў работу Міністэрства адукацыі па развіцці і ўмацаванні ўзаемаадносін з Беларускай Праваслаўнай Царквой, падмацаваных падпісаннем ужо чацвёртай па ліку праграмы супрацоўніцтва. Кожнае палажэнне гэтых праграм было паспяхова рэалізавана, і сёння гаворка вядзецца аб удасканаленні адносін паміж сістэмай адукацыі і царквой, аб наданні сумеснай рабоце большай змястоўнасці і разнастайнасці.Сапраўды, адзначыў В.В.Якжык, за апошнія гады сістэма адукацыі і Праваслаўная Царква зрабілі ў сваім узаемадзеянні істотныя крокі наперад. Гэта сёння вельмі адчувальна і з’яўляецца пацвярджэннем таго, што абодва бакі маюць жаданне працаваць разам. У новай праграме супрацоўніцтва на 2015—2020 гады ўзмоцнена інфармацыйнае, навукова-метадычнае ўзаемадзеянне галіновага міністэрства і Беларускай Праваслаўнай Царквы. Да пачатку новага навучальнага года былі распрацаваны метадычныя рэкамендацыі па арганізацыі супрацоўніцтва не толькі на ўзроўні краіны, але і кожнага канкрэтнага рэгіёна. У гэтых рэкамендацыях вызначаны асноўныя падыходы ў арганізацыі супрацоўніцтва ва ўстановах адукацыі і царквы. Адным з асноўных напрамкаў новай праграмы супрацоўніцтва, а ён знайшоў адлюстраванне ў Канцэпцыі бесперапыннага выхавання дзяцей і навучэнскай моладзі, новая рэдакцыя якой уступіла ў сілу 1 верасня гэтага года, з’яўляецца выхаванне маральна сталай, духоўна развітой асобы, здольнай усведамляць сваю адказнасць за лёс Айчыны і свайго народа.
— Мы разумеем, што, толькі аб’яднаўшы сілы сістэмы адукацыі, педагагічнай грамадскасці, царкоўных і грамадскіх арганізацый, выкарыстоўваючы патэнцыял праваслаўных традыцый, каштоўнасцей духоўна-маральнага выхавання, мы зможам сфарміраваць асобу сапраўднага грамадзяніна і патрыёта, — заявіў В.В.Якжык.
На 2016 год плануецца правядзенне сумесных навуковых даследаванняў па духоўна-маральнай, рэлігійна-філасофскай, псіхолага-педагагічнай, царкоўна-гістарычнай і культуралагічнай тэматыцы, што дазволіць актуалізаваць ролю Беларускай Праваслаўнай Царквы ў адукацыйным працэсе і садзейнічаць развіццю гуманірнай і тэалічнай адукацыі.
Епіскап Барысаўскі і Мар’інагорскі Веньямін ад імя Паўла, Мітрапаліта Мінскага і Заслаўскага, Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі прызнаў, што ў Беларусі няма перашкод для цеснага ўзаемадзеяння паміж адукацыйнай сферай і царквой, таму відавочна разуменне важнасці выхавання дзяцей. Сёння супрацоўніцтва паміж адукацыяй і царквой накіравана на пошук дадатковых падыходаў да вырашэння праблем маральна-духоўнага выхавання маладога пакалення.
— Звяртанне кожнага нашага дзіцяці з ранняга ўзросту да сваіх вытокаў, культурна-гістарычных каранёў, безумоўна, адыгрывае вялікую ролю ў яго светаразуменні, пазнанні сябе, у адносінах да людзей і да сваёй Айчыны,— паведаміў святар. — Прыцягненне нашых дзяцей да сферы духоўных каштоўнасцей грамадства, да культарнай спадчыны з’яўляецца асновай станаўлення маральнага чалавека. Безумоўна, добрым стымулам для гэтага з’яўляецца праграмны дакумент, дзе абазначаны асноўныя крокі нашага ўзаемадзеяння. Новая праграма адрозніваецца глыбінёй і змястоўнасцю і пацвярджае выснову аб тым, што наша супрацоўніцтва выходзіць на новы ўзровень.
М.А.Саротнік, начальнік упраўлення сацыяльнай, выхаваўчай і ідэалагічнай работы Міністэрства адукацыі, праінфармавала ўдзельнікаў сустрэчы аб ходзе выканання Праграмы супрацоўніцтва паміж галіновым міністэрствам і Беларускай Праваслаўнай Царквой. Яна заверыла, што сістэма адукацыі ўпэўнена ўключылася ў рэалізацыю плана мерапрыемстваў згодна з гэтай праграмай. У мэтах павышэння кваліфікацыі педагагічных работнікаў усіх узроўняў адукацыі рэалізоўваюцца праграмы, у тэматыку якіх уключаюцца пытанні рэлігійнага характару ў выхаванні дзяцей і моладзі. Разнастайныя па змесце і формах выхаваўчыя мерапрыемствы праводзяцца ва ўстановах адукацыі з удзелам духавенства Праваслаўнай Царквы, працягваецца рэалізацыя інавацыйных праектаў. З гэтага навучальнага года ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі пачалася рэалізацыя праекта аб укараненні мадэлі арганізацыйна-метадычнага забеспячэння праграм духоўна-маральнага выхавання старшакласнікаў на праваслаўных традыцыях беларускага народа, які стаў працягам папярэдніх праектаў, рэалізаваных сярод школьнікаў малодшых класаў. Ва ўстановах адукацыі шырока выкарыстоўваюцца такія формы работы, як тэматычныя сустрэчы, круглыя сталы па духоўна-маральнай тэматыцы, праводзяцца семінары, канферэнцыі, выставы і экскурсіі. Так, у прыватнасці, вядзецца развіццё праваслаўнага краязнаўства, арганізаваны экскурсіі для навучэнцаў па гістарычных і святых месцах Беларусі, якія спрыяюць духоўна-маральнаму выхаванню навучэнцаў. Практыкуецца таксама правядзенне рэгіянальных конкурсаў метадычных матэрыялаў па праваслаўным краязнаўстве. Установы адукацыі ўсіх рэгіёнаў прадставілі зборнікі маршрутаў па праваслаўных святынях Беларусі, метадычныя рэкамендацыі і шэраг іншых распрацовак па краязнаўстве. Пад эгідай хрысціянскіх каштоўнасцей у краіне шырока развіваецца валанцёрскі рух, вядзецца актыўная работа з бацькамі па развіцці сямейнага выхавання на хрысціянскіх традыцыях.
Марыя Аляксандраўна адзначыла, што ў апошнія гады назіраецца больш цесная сувязь сістэмы адукацыі і царквы, супрацоўніцтва становіцца больш плённым і паслядоўным і аб’яднана адной мэтай — неабходнасцю ўмацавання духоўна-маральнай асновы выхавання дзяцей і моладзі.
Аб дзейнасці сталічных устаноў адукацыі ва ўзаемадзеянні з царквой паведаміла начальнік упраўлення Мінскага гарадскога інстытута развіцця адукацыі Н.М.Захожая, аб духоўна-маральным выхаванні навучэнцаў устаноў прафесійнай адукацыі расказаў начальнік Цэнтра навукова-метадычнага забеспячэння выхаваўчай работы РІПА Ю.У.Емяльяненка, аб выхаваўчай рабоце сярод студэнцтва паведаміў прарэктар па выхаваўчай рабоце Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы В.В.Сянько. Свае меркаванні наконт развіцця супрацоўніцтва выказвалі святары Беларускай Праваслаўнай Царквы. Згодна з рашэннямі, прынятымі ў час пасяджэння каардынацыйнага савета, Міністэрства адукацыі вызначыла новыя кірункі інавацыйнай дзейнасці па духоўна-маральным выхаванні падрастаючага пакалення. З нагоды правядзення каардынацыйнага савета ў холе Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі была адкрыта выстава мастацкіх твораў выхаванцаў цэнтра, прысвечаная духоўна-рэлігійнай тэме.

Ала КЛЮЙКО.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.