Стварайце цуды!

Новы год — гэта час чараўніцтва, час, калі ў кожны дом прыходзіць казка. Асабліва яго чакаюць дзеці, бо менавіта ў навагоднюю пару да іх прыходзіць Дзед Мароз, дорыць добры настрой і шмат падарункаў.

У аповесці Аляксандра Грына “Пунсовыя ветразі” ёсць такія словы: “Я зразумеў адну простую ісціну. Яна ў тым, каб рабіць цуды сваімі рукамі”. Гэтыя словы сталі дэвізам супрацоўнікаў Гарбавіцкага дзіцячага сада — сярэдняй школы Чавускага раёна Магілёўскай вобласці. На працягу многіх гадоў яны дораць радасць дзецям напярэдадні Новага года. Кожны год у канцы снежня ў нашу школу прыходзіць казка. У якасці казачных герояў выступаюць педагогі і тэхнічныя работнікі навучальнай установы. На дзень яны ператвараюцца ў старых Хатабычаў, Золушак, Бабак Ёжак, Дзядоў Марозаў і Снягурак. Сёлета ў навагодняе падарожжа адправілася Чырвоная Шапачка. Яна шукала елачку на Новы год для сваёй бабулі. На сваім шляху казачная гераіня сустрэла Ляноту, Зайздрасць і Прагнасць, Снегавіка і разбойнікаў. А галоўнай падзеяй свята, канечне, стала з’яўленне Дзеда Мароза і Снягуркі. Дзеці расказвалі ім вершы, спявалі песні і вадзілі карагоды.

Запамінальныя вобразы казачных герояў, яркія касцюмы і дэкарацыі — усё гэта прывяло дзяцей у свет цудаў! І здзейсніўся самы галоўны з іх — дзіцячыя вочы засвяціліся шчасцем!

Марыя ЧАВУСАВА,
настаўніца гісторыі і грамадазнаўства
Гарбавіцкага дзіцячага сада — сярэдняй школы Чавускага раёна Магілёўскай вобласці.

Снегавічок і чароўны капялюш

Зімовыя канікулы — гэта Новы год, марозныя студзеньскія дні, калі можна гуляць у зімовыя гульні на вуліцы, а вечарамі займацца любімымі справамі ва ўтульнай дамашняй абстаноўцы. І, вядома, зімовыя канікулы, як і любыя іншыя, — гэта шмат уражанняў і цікавых гісторый. А калі выпадае снег, здаецца, што ты трапіў у зусім іншае вымярэнне. Так прыгожа вакол! Можна пакатацца на каньках або на санках з горкі, пагуляць у снежкі і зрабіць снежную бабу. Гэта заўсёды весела і для дзяцей, і для дарослых. Але што рабіць, калі на двары ўсё шэрае і сырое і ніводнай сняжынкі?! Каб выправіць сітуацыю, у нашай школе з’явіўся праект зімовага адпачынку для дзяцей “Снегавічок і чароўны капялюш”.

Ідэя праекта — стварэнне гульнявой мадэлі змены для раскрыцця творчых здольнасцей, выяўлення і развіцця лідарскіх якасцей дзяцей.

…У далёкім чароўным лесе, дзе жыве Дзед Мароз і Снягурка, жыве таксама Снегавічок, і ёсць у яго чароўны капялюш. А захоўвае ён у ім Кнігу добрых казак, якія Дзед Мароз расказвае дзецям перад надыходам Новага года. Каб перашкодзіць наступленню Новага года, Каралева злых казак крадзе лісты з кнігі. Дзецям трэба вырашыць няпростую задачу: паспець вярнуць украдзеныя старонкі Кнігі казак да наступлення Новага года, інакш запаветныя жаданні не здзейсняцца. Сябры Снегавічка: Васіліса Прамудрая, Папялушка, Беласнежка і Рапунцэль (выхавальнікі лагера) — прыходзяць на дапамогу да сваіх сяброў, герояў розных казак, якія жывуць у дзіцячым лагеры “Сонейка”. Дзеці трапляюць у краіну, дзе іх чакаюць прыгоды, яркія і цікавыя конкурсы, незвычайныя сюрпрызы, вясёлыя танцы…

Дзеці ўдзельнічалі ў спартыўна-забаўляльнай гульні па станцыях “Страчаныя старонкі казак”, а затым у рамках тэатралізаванай праграмы “У трыдзявятым царстве” адправіліся ў падарожжа ў Гудзевіцкі літаратурна-краязнаўчы музей, дзе разам з выхавальнікамі і супрацоўнікамі музея шукалі лісты з чароўнай кнігі. Падчас пошукаў яны пабывалі ў розных кутках казачнай музейнай краіны, прайшлі выпрабаванні, здзейснілі шмат адкрыццяў і знайшлі новых сяброў. Такім чынам дзеці пазнаёміліся з рознымі відамі калектыўнай творчай дзейнасці.

Мара любога хлопчыка — быць моцным і бясстрашным. Наведаўшы раённы аддзел надзвычайных сітуацый, смелымі захацелі быць і дзяўчынкі. Аповеды пра будні выратавальнікаў, пра тэхніку, з якой яны працуюць, не пакінулі дзяцей раўнадушнымі.

Пра свае эмоцыі і свае прыгоды Снегавічкі расказвалі ў малюнках, якія дэманстравалі на школьнай выставе “Там, на невядомых сцяжынках…”. Акрамя таго, яны з задавальненнем прадстаўлялі вырабы і сувеніры, зробленыя сваімі рукамі.

Прайшла і спартыўна-забаўляльная гульня “Па слядах Снежнай каралевы”. Дзеці прынялі ўдзел у конкурсе акцёрскага майстэрства “У каралеўстве крывых люстэркаў”, дзе прадэманстравалі свае таленты і выступілі ў якасці акцёраў і рэжысёраў нумароў, а таксама адгадвалі складаныя музычныя загадкі ў інтэлектуальнай гульні-віктарыне “Музычная скарбонка”.

Наведаўшы Гудзевіцкую бібліятэку, Снегавічкі прынялі ўдзел у інтэлектуальным турніры “Загадкі чарапахі Тарцілы”. Кожны змог праявіць сябе, і ніхто не застаўся без салодкага падарунка. Самыя актыўныя і вынаходлівыя атрымалі граматы і дыпломы ў розных намінацыях.

Прыгожая, унікальная прырода нашага краю, чароўная атмасфера дабрыні, творчасці і сяброўства аб’ядналі дзяцей, зарадзілі іх энергіяй і стварылі пазітыўны настрой. Зімовыя канікулы — цудоўная пара. А яркія ўражанні ад добра праведзенага часу застаюцца з намі надоўга і аблягчаюць няпростыя вучэбныя будні.

Святлана ШЧАРБІНА,
намеснік дырэктар па выхаваўчай рабоце
Гудзевіцкай сярэдняй школы Мастоўскага раёна Гродзенскай вобласці.

“Навагодняя цацка маёй сям’і”

З чаго пачынаецца Новы год у нашым дзіцячым садзе? Канечне, з выставы “Навагодняя цацка маёй сям’і”.

Стала добрай традыцыяй кожны год праводзіць у дзіцячым садзе навагоднія конкурсы творчых работ. Мэта мерапрыемства — стварэнне атмасферы свята, падахвочванне бацькоў да сумеснай творчасці з дзецьмі. Нашы выхаванцы разам з бацькамі майструюць ёлачныя цацкі. Якіх толькі цудаў тут не ўбачыш! І ўбраныя ёлачкі, і вясёлыя хлапушкі, і казачныя сняжынкі, і Дзед Мароз са Снягурачкай. Пры іх вырабе выкарыстаны розныя матэрыялы: ватныя дыскі, папяровыя сурвэткі, ніткі, макароны, пап’е-машэ, пластык і розныя тэхнікі: арыгамі, квілінг, выцінанка, дэкупаж. Усяго не пералічыць! Колькі фантазіі і творчасці праявілі бацькі і дзеці! У конкурсе прынялі ўдзел звыш 50 сем’яў.

Таццяна КАНСТАНЦІНАВА,
намеснік загадчыка па асноўнай дзейнасці ясляў-сада № 3 Чавусаў
Магілёўскай вобласці.

Навагодняе чараўніцтва ў Полацку

Новы год — час цудаў. Навучэнцы Асвейскай сярэдняй школы ў пошуках чараўніцтва на зімовых канікулах наведалі Полацк. Экскурсаводамі ў чароўны свет казкі сталі Снежная Каралева і Стары Хатабыч, якія суправаджалі экскурсантаў на працягу ўсяго туру.

Дзеці наведалі Полацкі калегіум, у якім Снягурачка пазнаёміла з таямнічым светам езуітаў. Адзіная ў свеце гаворачая галава дала падказку, дзе знайсці Дзеда Мароза, і пажадала дзецям удачы, здзяйснення жаданняў, поспехаў у школе і весялосці на ўвесь новы год.

Квасяня пазнаёміў дзяцей з вытворчасцю полацкага квасу, а Снягурачка прапанавала салодкі пачастунак з дэгустацыяй натуральнага квасу.

Выконваючы заданні КVESTорыі ў Полацкай загараднай рэзідэнцыі Дзеда Мароза, дзеці прайшлі лясной сцяжынай з прыгодамі і сюрпрызамі і сустрэлі Дзеда Мароза.

Вясёлыя танцы і карагоды вакол ёлкі, загаданыя жаданні і новыя ўражанні і эмоцыі надоўга застануцца ў памяці школьнікаў і будуць ствараць добры настрой.

Кацярына АЛЯКСЕЕВА,
намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Асвейскай сярэдняй школы
Верхнядзвінскага раёна Віцебскай вобласці.

Бяспечны Новы год

Новы год — час чараўніцтва і цудаў, падарункаў і святочнага настрою. Усім дарослым хочацца зрабіць свята маляўнічым і прыгожым. Кожная сям’я ўпрыгожвае свой дом, ставіць прыгажуню-ёлку. У рамках рэспубліканскай акцыі “Бяспечны Новы год”, арганізаванай Міністэрствам па надзвычайных сітуацыях Рэспублікі Беларусь, у яслях-садзе № 15 Смаргоні праведзены шэраг мерапрыемстваў з дзецьмі па захаванні мер пажарнай бяспекі.

Да праблемы пажарнай бяспекі мы пастараліся падысці з розных бакоў.

Гутаркі з дзецьмі малодшых груп па тэмах “Запалкі не крані, у запалцы — агонь!”, “Свавольства маленькай свечкі” дазволілі сфарміраваць у іх уяўленні аб тым, што гуляць з агнём небяспечна, што такое пажар і правілы паводзін у небяспечнай сітуацыі. Таксама нашы маленькія выхаванцы з вялікай цікавасцю паглядзелі пастаноўку лялечнага тэатра “Прыгоды навагодняй ёлачкі”.

Нашы малышы з сярэдніх груп прынялі ўдзел у музычнай забаве “Як Мішка вучыў Машу ёлку прыбіраць”. У госці да дзяцей прыйшла Маша і прапанавала дапамагчы ім упрыгожыць ёлку са сваіх “цацак”. Аказалася, што ў яе кошыку былі толькі свечкі, бенгальскія агні, снежкі з ваты, папяровыя сняжынкі. Але дзеці ведалі, што гэтыя прадметы нельга вешаць на ёлку. Яны з Мішкам навучылі Машу, як правільна і бяспечна прыбраць зялёную прыгажуню.

Запамінальным для выхаванцаў старшых груп стаў прыход супрацоўніка МНС. У ходзе гутаркі з ім дзеці пазнаёміліся з правіламі паводзін пры пажары ў навагоднія святы, з прычынамі ўзнікнення пажару, даведаліся пра небяспеку выкарыстання піратэхнічных сродкаў. Каб праверыць, як дзеці засвоілі матэрыял, з імі была праведзена гульня “Вясёлы сняжок”. Дзеці з лёгкасцю адказвалі на пытанні, адгадвалі загадкі і выконвалі заданні. Самыя актыўныя ўдзельнікі атрымалі на памяць аб мерапрыемстве падарункі. Ведаючы, як дзеці любяць мультфільмы, для іх быў арганізаваны прагляд мультфільмаў “Невясёлыя петарды”, “Раз, два, тры! Ёлачка, гары!”.

Вядома, мы не забыліся і пра бацькоў нашых выхаванцаў. Для іх былі падрыхтаваны памяткі і буклеты, а таксама аформлены інфармацыйны стэнд “Вясёлы Новы год — бяспечны Новы год”.

Мы спадзяёмся, што дзякуючы праведзеным мерапрыемствам у дзяцей сфарміраваліся ўяўленні аб супрацьпажарнай бяспецы пры правядзенні навагодніх свят.

Алена ТРАСКОЎСКАЯ,
музычны кіраўнік ясляў-сада № 15 Смаргоні.

Цуды на Каляды

Пах елкі і мандарынаў, падарункі… Новы год, Каляды — гэта час цудаў, гэта час, якога з нецярпеннем чакаюць усе: і дзеці, і дарослыя. На жаль, не ва ўсіх ёсць магчымасць сустрэць свята дома, побач з роднымі людзьмі.  Прычыны для гэтага розныя, у кожнага свае…

Не пакінуць нікога ў святочныя дні, падарыць цяпло, акружыць клопатам і ўвагай — менавіта да гэтага імкнуліся ўдзельнікі традыцыйнай дабрачыннай акцыі “Цуды на Каляды”. Удзел у ёй прынялі ўсе піянерскія дружыны ўстаноў адукацыі Навагрудскага раёна. Кожны член арганізацыі пастараўся ўнесці свой пасільны ўклад, зрабіць добрую справу. Былі сабраны канцылярскія тавары, цацкі, кнігі. Дзеці падрыхтавалі падарункі, віншаванні. Асабліва прыемна, што шмат падарункаў было зроблена сваімі рукамі. Святочна  аформленыя і ўпрыгожаныя сімвалічнай чырвонай рукавічкай, іх даставілі ў сацыяльна-педагагічны прытулак, дзіцячае аддзяленне раённай бальніцы. Для дзяцей былі арганізаваны карагоды з гульнямі, конкурсамі і салодкімі пачастункамі. Атрымалі падарункі і дзеці з мнагадзетных сям’яў, дзеці-інваліды. Не засталіся без увагі таксама ветэраны, адзінокія і пажылыя людзі. Піянеры наведалі іх са святочнымі канцэртамі, падарылі сувеніры, паштоўкі.

Усе сустрэчы прайшлі ярка, весела і цікава. А Снягурцы і Дзеду Марозу ўдалося запаліць іскрынку ў вачах, усяліць часцінку свайго цяпла, дабрыні ў адзінокія сэрцы. Вельмі хочацца, каб цуды не заканчваліся Калядамі. Давайце рабіць цуды кожны дзень!

Таццяна АНІКЕВІЧ,
метадыст Навагрудскага раённага ЦТДіМ.

“Чараўніцтва Новага года”

Новы год — час цудаў, якія можна рабіць сваімі рукамі, не чароўнымі, але клапатлівымі і добрымі.

У выставачнай зале галоўнага корпуса Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Францыска Скарыны ў рамках рэспубліканскай акцыі “Нашы дзеці” прайшло дабрачыннае мерапрыемства “Чараўніцтва Новага года”. Яго арганізавалі валанцёрскі атрад біялагічнага факультэта “Лотас” і яго кіраўнік Алена Мікалаеўна Каткова. Для выхаванцаў Гомельскага СПЦ валанцёрамі атрада была падрыхтавана забаўляльная праграма, якая пазнаёміла дзяцей з экспазіцыяй выставачнай залы. Таксама прайшоў майстар-клас па вырабе навагодніх паштовак, вясёлыя гульні, чаяванне і ўручэнне салодкіх падарункаў ад студэнцкага прафкама.

Настасся ЛАШКЕВІЧ.
Фота аўтара.

Душэўнае свята для ветэранаў

Мы любім навагоднія святы за тое, што яны дораць нам асаблівы настрой і непаўторную атмасферу. Але галоўнае — гэта магчымасць адчуць цеплыню чалавечых сэрцаў, а таксама агарнуць дабрынёй і любоўю іншых. У гэтыя чароўныя дні выхаванцы Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі дарылі сваю творчасць і ўвагу жыхарам гарадскога дома-інтэрната “Світанак”.

Гарадскі дом-інтэрнат для ветэранаў вайны і працы “Світанак” адкрыўся ў 2010 годзе ў пасёлку Траскоў­шчына Мінскага раёна. Сёння тут 87 жыхароў — гэта людзі, якія сваімі подзвігамі і шчырай працай стваралі гісторыю і дабрабыт нашай краіны. Сярод іх нават ёсць ветэран, удзельнік Вялікай Айчыннай вайны, які 3 ліпеня 1944 года адным з першых уехаў на танку ў Мінск падчас вызвалення сталіцы ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Дастойныя людзі тут жывуць у годных умовах, ім прада­стаўляецца жыллё, харчаванне, медыцынскае абслугоўванне.

 — Жыхары дома-інтэрната добра забяспечваюцца дзяржавай, — расказвае Алена Міхайлаўна Варывончык, дырэктар дома-інтэрната “Світанак”, — але, акрамя матэрыяльных рэчаў што­дзённага камфорту, ім патрэбны ўвага, клопат, дабрыня і пазітыўныя эмоцыі. Таму яны вельмі рады гасцям і асабліва дзецям.

І сапраўды шчырай радасцю была напоўнена зала, дзе сабраліся ветэраны для сустрэчы з юнымі гасцямі. Выхаванцы Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі выступалі тут упершыню і адчувалі вялікую адказ­насць.

— Гэта будзе самае душэўнае выступленне, па-дамашняму цёплае. І я рада, што магу павіншаваць са святамі лю­дзей, якія так многа для нас зрабілі, нашых ветэранаў, — гаворыць Ліза Акуліч, выхаванка НЦМТДіМ.

Сваю творчасць ветэранам дарылі ўзорны харэаграфічны ансамбль “Дзіця свету”, харэаграфічны ансамбль “Смайлікі”, ансамбль сучаснай харэаграфіі “Натхненне”, выхаванцы аддзялення эстраднага вакалу і тэатра юнацкай творчасці. Праграма атрымалася разнастайнай, а завяршылі яе віншаванні Дзеда Мароза і Снягуркі, у ролі якіх выступілі супрацоўнікі НЦМТДіМ.

— Мне вельмі спадабалася, я люблю канцэрты, творчыя выступленні, сама некалі выступала ў самадзейных калектывах, — дзеліцца ўражаннямі Галіна Рыгораўна Жыранчук, жыхарка дома-інтэрната. — А выступленні дзяцей люблю больш за іншыя, бо яны асаблівыя, шчырыя. Мы ўсе вельмі ўдзячны, што дзеці зрабілі нам такі падарунак, і што наогул не забываюць нас.

Педагогі НЦМТДіМ адзначаюць, што такія мерапрыемствы — гэта не проста добрая справа, але і выхаваўчая работа. Дзеці вучацца павазе да старэйшых, разумеюць значнасць дабрачыннасці і каштоўнасць добразычлівых чалавечых зносін. Верагодна, гэтая навагодняя акцыя стане пачаткам узаемадзеяння паміж домам-інтэрнатам “Світанак” і НЦМТДіМ, аб наступнай сустрэчы, 23 лютага, дзеці з ветэранамі ўжо дамовіліся.

Дар’я РЭВА.
Фота аўтара.

Загадаць жаданне

Навагодняе свята — адно з самых любімых і запамінальных. Яно аб’ядноўвае і настаўнікаў, і бацькоў, і дзяцей. Гэта не толькі новая дата ў новенькім календары, але і новыя мэты, чаканні, уражанні. Навагодняе свята дае магчымасть кожнаму дзіцяці паверыць у цуды і казку, спадзявацца і верыць у самае лепшае. Яго немагчыма ўявіць без зялёнай пыгажуні-ёлкі, навагодніх падарункаў і сувеніраў.

У нашай установе адукацыі падрыхтоўка да навагодніх свят пачынаецца загадзя. На занятках аб’яднанняў па інтарэсах “ Прыгажосць сваімі рукамі”, “Млын моды” навучэнцамі ствараюцца сняжынкі, ёлачные цацкі, ліхтарыкі, выцінанкі, якімі потым упрыгожваюць фае школы, класы, вокны, ёлку. Ствараюцца віншавальныя паштоўкі і сувеніры для родных і сяброў.

Святочны настрой пануе на працягу ўсёй падрыхтоўкі да свята. Па ўсходнім календары, 2017 год — год Пеўня. Традыцыйна мы вырабляем вялікія і маленькія цацкі сімвала года. Маленькія выхаванцы ведаюць і вераць: перад тым, як павесіць пеўніка на смалістую галінку ёлкі, трэба абавязкова загадаць жаданне, а цацку вешаць на тое месца, якое больш падабаецца. Як кажуць, куды душа папросіць. І тады яно абавязкова збудзецца.

Таццяна КАРАНЕЎСКАЯ,
настаўніца абслуговай працы
Машканскага дзіцячага сада — сярэдняй школы імя А.К.Гараўца Сенненскага раёна.
Фота аўтара.

Захаваць мір і спакой

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка даручыў дзяржаўным органам звярнуць асаблівую ўвагу на гарантаванне бяспекі грамадзян у перыяд навагодніх і калядных свят.

“Падзеі ў Расіі, што адбыліся апошнім часам, — дадайце сюды яшчэ розныя ўзрывы балонаў у метро ў Маскве, трагедыі на дарогах і іншае, — сведчаць аб тым, што нам ні ў якім разе нельга расслабляцца. Мы не знаходзімся недзе ў баку ад бальшака гэтых страшных здарэнняў. Наадварот, мы знаходзімся ў самым эпіцэнтры. Таму, чаго б нам гэта ні каштавала, трэба захаваць мір і спакой у нашай краіне. Гэта галоўнае”, — падкрэсліў беларускі лідар.

“Калі гэтага не будзе, ніякая эканоміка будзе не патрэбна, ніякія прадукты харчавання, ніякае фінансаванне, ні знешняе, ні ўнутранае. Галоўнае пытанне — гэта пытанне бяспекі і стабільнасці нашага грамадства”, — заявіў кіраўнік дзяржавы.

Ён запатрабаваў звярнуць на адпаведныя пытанні пільную ўвагу, пачынаючы ад мясцовых органаў улады, кіраўнікоў сельскіх, пасялковых саветаў, заканчваючы ўрадам, Дзяржсакратарыятам Савета бяспекі, КДК, Адміністрацыяй прэзідэнта.

“Я прашу гэта мець на ўвазе перш за ўсё, асабліва напярэдадні масавых мерапрыемстваў, звязаных са светлымі і радаснымі для кожнага чалавека святамі — Новым годам і Калядамі, — адзначыў прэзідэнт. — Страшная катастрофа ў квадраце, калі людзі гінуць, чакаючы гэтых урачыстасцей, свят. Гэта недапушчальна”.

“Асабліва людзям у пагонах трэба зрабіць усё, каб на вуліцах было спакойна, каб людзі правялі нармальна свята”, — дадаў кіраўнік дзяржавы.