З клопатам пра сям’ю

 

Сістэма адукацыі і выхавання Бераставіцкага раёна Гродзенскай вобласці працуе зладжана. Педагагічная грамадскасць увесь час імкнецца да развіцця і ўдасканалення, інакш, па меркаванні начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму Бераставіцкага райвыканкама Паўла Мікалаевіча ПАНКЕВІЧА, немагчыма рухацца наперад. Сёння наша з ім гаворка пра кірункі гэтага руху.

— Павел Мікалаевіч, сёння шмат гавораць пра ўзаемадзеянне сям’і і школы, якія ў выхаванні дзяцей павінны быць партнёрамі. Але на практыцы атрымліваецца, што выхаваўчыя акцэнты зрушаны ў бок школы. Выходзіць, што цяпер і бацькоў трэба выхоўваць. Як наладжана ўзаема­дзеянне з бацькамі ў вашым раёне?

— З тым, што неабходна выхоўваць бацькоў, пагаджуся часткова. Дарослых выхоўваць позна. Інфармаваць своечасова і супрацоўнічаць, сумесна абмяркоўваць і вырашаць пытанні адукацыі і выхавання — так. Выхоўваць, а таксама, цесна і паслядоўна вывучаць з бацькамі з нізкім вопытам сямейнага выхавання пытанні бацькоўска-дзіцячых і ўнутрысямейных адносін неабходна толькі з асобнай часткай бацькоў. Большая ж частка сем’яў хутчэй нашы партнёры.

Асноўным у рабоце з сям’ёй стаў прынцып сямейна арыентаванага падыходу. Выкарыстоўваем дыферэнцыраваныя формы педагагічнай асветы — запрашаем для работы са спецыялістамі ўстаноў адукацыі асобныя катэгорыі бацькоў. Арганізоўваем сумесныя забаўляльныя мерапрыемствы бацькоў і дзяцей у форме сямейных клубаў. Знаёмім з поспехамі дзяцей не толькі на класных бацькоўскіх сходах. Пры падтрымцы райвыканкама ў будынку праўленняў базавых гаспадарак, прадпрыемстваў раёна змясцілі стэнд “Імі ганарыцца наша школа”. Актыўна выкарыстоўваем для інфармавання і зносін з бацькамі сайты ўстаноў адукацыі.

Раённы выканаўчы камітэт, базавыя прадпрыемствы выдзяляюць прэміі лепшым навучэнцам, якія ўручаюць на агульнашкольных лінейках, школьных мерапрыемствах. Імкнёмся максімальна дапамагаць маладым сем’ям у вырашэнні выхаваўчых задач. У дашкольных установах адкрыты матчыны школы, практыкуем групы з кароткатэрміновым знаходжаннем. Значную ролю ў рабоце з сям’ёй адводзім спецыялістам сацыяльна-педагагічнай і псіхалагічнай службы, класным кіраўнікам і выхавальнікам дашкольных устаноў, якія непасрэдна ведаюць кожнае дзіця, кожную сям’ю. Прыярытэт у гэтай рабоце — прафілактыка сямейнай непаспяховасці.

— Наколькі запатрабаваны вучнямі і бацькамі шосты школьны дзень? Што ў гэты дзень прапануюць школы раёна сваім вучням?

— У раёне з улікам патэнцыялу сацыякультурнай сферы і магчымасцей удзе­лу ўсіх зацікаўленых (устаноў культуры, аховы здароўя, спорту, праваахоўных органаў, МНС, грамадскіх арганізацый) распрацаваны Каардынацыйны міжведамасны план па арганізацыі занятасці непаўналетніх у шосты школьны дзень “Культурная субота”. Калі гаварыць пра арганізацыйна-тэматычнае напаўненне шостага школьнага дня, то тут адзначаецца стабільнасць і сістэм­насць: склаліся пэўныя традыцыі (2-я субота месяца — дзень здароўя, 4-я субота — сямейная субота), трывала ўвайшла ў жыццё праектная дзейнасць, наладжана міжведамаснае ўзаемадзеянне, выкарыстоўваецца занальны прынцып арганізацыі вольнага часу дзяцей. Добра зарэкамендаваў сябе праект “Пазітыўны дзень — субота”, які рэалізуецца Бераставіцкім ЦТДМ.

Больш за 50% аб’яднанняў па інтарэсах ва ўстановах адукацыі працуе ў шосты школьны дзень. Вялікай папулярнасцю ў суботні дзень карыстаюцца школьныя святы, тэматычныя дыскатэкі, спартыўна-масавыя мерапрыемствы, дні здароўя. Таксама актыўна рэалізуецца працоўная дзейнасць: добраўпарадкаванне школьных тэрыторый і помнікаў, збор другаснай сыравіны, працоўныя дэсанты ў дапамогу ветэранам і інвалідам. Рэалізуюцца мерапрыемствы прафарыентацыйнай накіраванасці (дні адкрытых дзвярэй, прафпробы, экскурсіі на прадпрыемствы і арганізацыі, сумесныя мерапрыемствы з навучэнцамі Бераставіцкага сельскагаспадарчага прафесійнага ліцэя), найбольш запатрабаваныя сярод вучняў 9—11 класаў.

— З увядзеннем профільнай адукацыі памяняліся акцэнты ў вучэбным працэсе, таму хочацца спыніцца на арганізацыі профільных класаў.

— У 2016/2017 навучальным годзе профільнае навучанне прадстаўлена трыма мадэлямі і арганізавана ў трох установах адукацыі. На павышаным узроўні вывучаецца 7 прадметаў (беларуская, руская, англійская мовы, матэматыка, грамадазнаўства, хімія і біялогія). Педагогі раёна разглядаюць профільнае навучанне як сродак дыферэнцыяцыі і індывідуалізацыі навучання, якое дазваляе найбольш поўна ўлічваць інтарэсы, схільнасці і здольнасці навучэнцаў, фарміраваць умовы для навучання старшакласнікаў у адпаведнасці з іх прафесійнымі інтарэсамі і намерамі. З увядзеннем профільнага навучання вучні і іх бацькі змянілі сваё стаўленне да адукацыйнага працэсу. З’явілася цікавасць для далейшага атрымання адукацыі і выбару прафесіі. З 1 верасня 2016 года ў Алекшыцкай сярэдняй школе адкрыта профільная педагагічная група для вучняў 10 класа. Вывучэнне факультатыўнага курса “Уводзіны ў педагагічную прафесію” арыентуе вучняў на атрыманне прафесіі педагога.

— Павел Мікалаевіч, хочацца спы­таць і пра ролю раённага метадычнага кабінета ў павышэнні метадычнай пісьменнасці педагогаў, як маладых, так і са стажам. Наколькі ў вашым раёне запатрабаваны РВМК?

— Прыярытэтныя напрамкі дзейнасці Бераставіцкага раённага метадычнага кабінета вызначаны ў адпаведнасці з задачамі развіцця сістэмы адукацыі раёна. У прыватнасці, гэта метадычнае суправаджэнне адукацыйнага працэсу праз арганізацыю работы метадычных аб’яднанняў педагогаў, правядзенне канферэнцый, семінараў, круглых сталоў, конкурсаў прафмайстэрства педагагічных работнікаў. Так, у бягучым годзе ў раёне былі праведзены 3 абласныя семінары, 14 раённых. Важным для РВМК з’яўляецца стварэнне ўмоў для павышэння кваліфікацыі і атэстацыі педкадраў праз арганізацыю курсавой падрыхтоўкі. Для 56 педагогаў былі арганізаваны курсы павышэння кваліфікацыі на базе раёна. Раённы метадычны кабінет, безумоўна, запатрабаваны, а яго дзейнасць важная і неабходная. Сёння РВМК — практыка-арыентаваны генератар ідэй і інавацый для адміністрацый устаноў адукацыі, памочнік вопытных педагогаў і “клапатлівы бацька” для тых, хто толькі пачаў свой шлях у прафесіі.

— Якія клопаты для вас сёння самыя актуальныя?

— З 1 студзеня 2017 года ў раёне пачынаецца рэалізацыя пілотнага праекта па апрабацыі нарматыўнага фінансавання ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі, таму цяпер вядзецца сур’ёзная арганізацыйная работа. Адначасова завяршаем падрыхтоўчыя мерапрыемствы да летняга аздараўленчага перыяду 2017 года. За мінулы летні перыяд напрацавана шмат станоўчага вопыту, які неабходна замацаваць і прымножыць.

Аналізуючы працэсы, якія адбываюцца ў грамадстве, павышаную ўвагу ўдзяляем сістэме выхавання. Трэба прызнаць, што інфармацыйная прастора, у якой жыве цяперашняе пакаленне маладых людзей, спрыяе разбурэнню сістэмы традыцыйных каштоўнасцей. І гэтыя працэсы з кожным годам усё больш і больш паскараюцца, таму працуем над стварэннем эфектыўнай выхаваўчай сістэмы, здольнай супраць­стаяць гэтым выклікам.

Вольга ДУБОЎСКАЯ.