Шоу, годнае вялікіх зал

У пятніцу вечарам у бізнес-інкубатары Парка высокіх тэхналогій сабраліся неабыякавыя да навукі людзі, каб паглядзець, як смелыя маладыя вучоныя выйдуць на “Навуковы рынг”.

Праект у фармаце навуковых баёў, або ScienceSlam, які вельмі папулярны ў розных краінах свету, упершыню стартаваў у Беларусі. І гэта было сапраўды цікава. Удзельнікі рынга пераканаўча даказалі, што навуковае спаборніцтва можа быць яркім шоу і гэтак жа, як спартыўныя мерапрыемствы, здольна збіраць вялікія залы.
Сутнасць праекта заключаецца ў тым, каб вучоныя ярка, наглядна, даступнай мовай і з дапамогай падручных сродкаў, не звяртаючыся да традыцыйных прэзентацый, змаглі растлумачыць аўдыторыі сутнасць сваіх даследаванняў. Кожнаму ўдзельніку рынга давалася на гэта ўсяго 10 хвілін, і 5 хвілін адводзілася на адказы гледачоў. За вызначаны час было неабходна даць максімальна разгорнутую інфармацыю і схіліць аўдыторыю на свой бок, паказаць, што навука — гэта не сухія формулы і сумныя высновы, а ў ёй — само жыццё.

Андрэй БЕЛАВЕШКІН, урач, кандыдат медыцынскіх навук, аўтар і вядучы вучэбных курсаў па рэсурсах здароўя:

“Кожны ведае, што ўсе хваробы ад нерваў. Расстроеныя нервы — як расстроены раяль. І можа быць вельмі дарагі інструмент, выдатныя ноты, цудоўны музыкант — а музыка ўсё роўна непрыгожая. Так і з нашымі нервамі, з нашымі галовамі: справа не ў дрэннай працы ці занадта высокім стрэсе, а ў тым, што мозг не настроены правільна. Я раскажу, як збалансаваць розныя нервовыя сістэмы і вырашыць пытанне з гармоніяй у галаве, бо менавіта адсюль пачынаецца здароўе”.

У спаборніцтвах бралі ўдзел маладыя вучоныя з Нацыянальнай акадэміі навук, універсітэтаў, а таксама незалежныя эксперты. “Навуковы рынг” складаўся з чатырох раўндаў. Шляхам галасавання слухачы выбіралі пераможцаў кожнага раўнда, таксама ў канцы вечара быў абраны абсалютны пераможца.

— Мы ведаем, што ў беларускай навуцы працуюць вельмі яркія таленавітыя маладыя навукоўцы, і грэх хаваць іх у сценах лабараторый, час выводзіць іх у вялікі свет, — адзначыла адна з арганізатараў праекта загадчыца аддзела маркетынгавых даследаванняў Цэнтральнай навуковай бібліятэкі НАН Беларусі Аліна Шкутава. — Безумоўна, для сур’ёзных вучоных выйсці перад вялікай аўдыторыяй у ненавуковым фармаце — гэта сапраўды выклік. Таму мы хварэем за кожнага ўдзельніка сённяшняга рынга і жадаем ім перамогі, у першую чаргу над сабой.

Максім РОДЗЬКІН, аспірант лабараторыі нехрамасомнай спадчыннасці, малодшы навуковы супрацоўнік лабараторыі нехрамасомнай спадчыннасці Інстытута генетыкі і цыталогіі НАН Беларусі:

“Гепатыт С уяўляе сабой віруснае захворванне печані, якое перадаецца праз кроў. Многія лічаць, што гэта іх ніяк не закране, аднак, згодна з даследаваннямі, ёсць верагоднасць заразіцца нават пры звычайных медыцынскіх аперацыях. Сітуацыя пагаршаецца тым, што гепатыт С працякае бессімптомна, пакуль не становіцца занадта позна. Традыцыйнае лячэнне эфектыўнае толькі ў палове выпадкаў, пры гэтым цяжка вызначыць загадзя, дапаможа яно чалавеку ці не. Нашай задачай з’яўляецца пошук надзейнага прагнозу паспяховасці тэрапіі гепатыту С”.

Для таго каб публічныя выступленні былі яркімі і відовішчнымі, а “Навуковы рынг” стаў запамінальным шоу, усе ўдзельнікі амаль два месяцы займаліся са спецыя-лістамі. Іх трэнерамі былі псіхолаг аўтар вучэбнага дапаможніка “Прамоўніцкае мастацтва і дзелавыя зносіны” Вольга Баева і бізнес-трэнер па майстэрстве публічных выступленняў, мове цела, перамовах і псіхалогіі аўдыторыі Аляксей Бурносенка.

Маладыя вучоныя справіліся з задачай і змаглі даходліва расказаць прае свае даследаванні, якія тычацца дыягностыкі, папярэджання і стратэгій лячэння разнастайных захворванняў, фармакалогіі, рэсурсаў чалавечага арганізма, экалогіі і інш. Дзякуючы ім, гледачы не проста атрымалі шмат каштоўнай інфармацыі, але і пабачылі выдатныя ўзоры публічных выступленняў, цікавыя нестандартныя прыёмы, якія таксама можна ўзяць на ўзбраенне.

Аляксандр БЯГЛЯК, выкладчык энергетычнага факультэта БНТУ, галоўны тэхнолаг ЗАТ “Энергапрам”:

“У нашай краіне штогод утвараецца больш за 3 млн тон цвёрдых побытавых адходаў. Яны вывозяцца на палігоны, утвараючы смеццевыя горы. Я даследую найбольш аптымальнае выкарыстанне смецця і ўцягванне яго ў энергетычны баланс”.

Зрэшты, акрамя стварэння шоу, у арганізатараў “Навуковага рынга” была яшчэ адна стратэгічная мэта: аб’яднаць вучоных, якія б заняліся папулярызацыяй навукі і знаёмілі шырокую грамадскасць з унікальнымі даследаваннямі, што вядуцца ў айчынных лабараторыях. Усё гэта павінна павысіць прэстыж навукі, а таксама прыцягнуць увагу грамадства, асабліва моладзі, да гэтай цікавай сферы дзейнасці.

Варта адзначыць, што “Навуковы рынг” праводзіўся пры падтрымцы Савета маладых вучоных НАН Беларусі, Цэнтральнай навуковай бібліятэкі НАН Беларусі, Парка высокіх тэхналогій, кампаніі EPAM Systems, а таксама высокатэхналагічнай лабараторыі EPAM-Гараж. І абсалютным пераможцам першых навуковых спаборніцтваў, на думку гледачоў, стаў аспірант Максім Родзькін.

Сяргей БЕСАРАБ, навуковы супрацоўнік Інстытута агульнай і неарганічнай хіміі НАН Беларусі, навуковы супрацоўнік РНПЦ дзіцячай хірургіі:

“Працую над стварэннем кардыягідрагеляў, якія здольны аднавіць пашкоджаную інфарктам сардэчную мышцу і без аперацыі, адным чароўным уколам, выратаваць чалавечае жыццё”.

Дарэчы, EPAM Systems і EPAM-Гараж падрыхтавалі прызы для ўсіх удзельнікаў. Акрамя таго, адзін са стваральнікаў EPAM Systems вядомы папулярызатар навукі Леанід Лознер перадаў вучоным кнігі, якія дапамогуць ім стаць яшчэ больш дасканалымі прамоўцамі.

Такім чынам, першы ў Беларусі “Навуковы рынг” прайшоў з вялікім поспехам: пятнічным вечарам мерапрыемства сабрала поўную залу, і цікавасць гледачоў не згасала да самага канца. На мой погляд, было нават цікавей, чым на баксёрскім рынгу. Тым больш што і дзяўчаты, якія выносілі шыльды з нумарамі раўндаў (дарэчы, супрацоўніцы Цэнтральнай навуковай бібліятэкі НАН), былі такімі ж сімпатычнымі. І вёў спаборніцтва вядомы беларускі шоўмен Яўген Булка. І навука ў выкладзе маладых таленавітых вучоных была надзвычай займальнай.

Таму ўсе, каму пашанцавала прысутнічаць на першым беларускім “Навуковым рынгу”, чакаюць працягу.

Галіна СІДАРОВІЧ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.

У праграмісты — з 2 класа!

У бізнес-інкубатары Парка высокіх тэхналогій прайшоў чарговы трэнінг па падрыхтоўцы настаўнікаў у рамках адукацыйнага праекта “Праграмаванне — другая пісьменнасць”. Прызначэнне мерапрыемства — аб’яднаць педагогаў у адзіную каманду наватараў з мэтай вывучэння асноў арганізацыі пазаўрочнай праектнай дзейнасці навучэнцаў на І і ІІ ступенях агульнай сярэдняй адукацыі з выкарыстаннем асяроддзя Scratch. У трэнінгу прынялі ўдзел настаўнікі інфарматыкі, матэматыкі, фізікі, а таксама педагогі дадатковай адукацыі, якія мелі адпаведны вопыт праграмавання ў асяроддзі Scratch і плануюць праводзіць у 2016/2017 навучальным годзе факультатыўныя заняткі для школьнікаў па адной з вучэбных праграм.

“Мы вучымся пісаць не для таго, каб стаць пісьменнікамі…”

З адукацыйным праектам “Праграмаванне — другая пісьменнасць”, яго мэтамі і задачамі ўдзельнікаў трэнінгу пазнаёміў намеснік дырэктара Парка высокіх тэхналогій Аляксандр Марцінкевіч. Ён расказаў і аб перспектывах у навучанні педагогаў.

“Да нас прыходзіць шмат лістоў ад педагогаў, якія жадалі б прайсці навучанне ў нас, — гаворыць Аляксандр Марцінкевіч. — Зразумела, што мы не можам ахапіць усіх жадаючых. Але ўжо ў кастрычніку мы плануем стварыць праграму, задача якой — масавае навучанне настаўнікаў. Настаўнікі ў анлайн-рэжыме змогуць атрымаць базавыя навыкі аб гэтым асяроддзі. Кожны зможа засвоіць іх самастойна, у прымальным для яго тэмпе, а пасля прайсці анлайн-экзамен. У выпадку яго паспяховага праходжання педагог будзе запрошаны на больш сур’ёзнае навучанне — методыцы выкладання праграмавання для дзяцей, якое будзе ажыццяўляцца на базе нашых партнёраў — рэгіянальных ІТ-акадэмій ПВТ, БДУІР, Мінскага і Магілёўскага абласных ІРА, Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П.М.Машэрава, Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы, БДПУ імя Максіма Танка”.

Майстар-клас па Scratch для педагогаў правёў Дзмітрый Арэхаў, кіраўнік групы распрацоўкі кампаніі ЭПАМ Сістэмз. Аб працэсе стварэння камп’ютарных гульняў расказаў Уладзімір Яцукевіч, вядучы гейм-дызайнер кампаніі Vizor Games. Крытэрыі ацэнкі творчых праектаў прадставіла намеснік дырэктара адукацыйнага цэнтра ПВТ Ірына Васільева.

Падчас заняткаў вядучыя спецыялісты ІТ-сферы абмеркавалі з педагогамі змест вучэбнай праграмы факультатыўных заняткаў. Так, навучэнцам 2—4 класаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі рэкамендуецца факультатыў “Творчая дзейнасць у асяроддзі праграмавання Scratch”. А для навучэнцаў 5—6 класаў — факультатыў “Стварэнне камп’ютарных гульняў на мове візуальнага праграмавання Scratch”.

Педагогі наведалі круглы стол з удзелам спецыялістаў, якія займаюцца навучаннем дзяцей у гэтай сферы, і падзяліліся адпаведна сваімі напрацоўкамі і ўражаннямі ад удзелу ў Scratch@MIT — 2016 — Міжнароднай канферэнцыі, якая прайшла ў жніўні ў Бостане (ЗША).

Кіраўнік праграмы карпаратыўнай сацыяльнай адказнасці ЭПАМ Сістэмз Шамілька Самарасінха лічыць: “Мы вучымся пісаць не для таго, каб абавязкова стаць пісьменнікамі, і праграмаваць не для таго, каб стаць праграмістамі-прафесіяналамі. Для нас гэта яшчэ адзін інструмент, якім можна авалодаць. А за ім — будучыня, паколькі лічбавыя тэхналогіі распаўсюджваюцца вельмі актыўна. Адукацыя — адзін з важных складнікаў дзейнасці нашай кампаніі. Мы стварылі праграму EPAM e-Kids, у рамках якой дзяцей вучаць праграмаванню з выкарыстаннем асяроддзя Scratch. У нашым праекце прынялі ўдзел валанцёры-праграмісты кампаніі ЭПАМ Сістэмз. Праграму мы запусцілі ў ліпені мінулага года. Чаму мы выбралі менавіта гэтае асяроддзе? Таму што яго інтэрфейс перакладзены больш чым на 40 моў, ім карыстаюцца больш за 10 мільёнаў чалавек. Мы хацелі распаўсюдзіць нашу праграму не толькі ў Беларусі, але і ў іншых краінах, дзе ў нас ёсць офісы. Асяроддзе Scratch стала ідэальным сродкам для работы з дзецьмі. Праграма працуе ў 6 краінах. У ёй удзельнічае больш за 600 дзяцей і 200 трэнераў-валанцёраў. Мы цесна супрацоўнічаем са Scratch Foundation, якая з’яўляецца распрацоўшчыкам Scratch. Гэтым фондам кіруе прафесар Мітчэл Рэзнік — адзін з галоўных архітэктараў гэтага асяроддзя.

Арганізатары канферэнцыі ў Бостане былі прыемна здзіўлены тым, што наша кампанія займаецца навучаннем дзяцей у Scratch. А мяне ў сваю чаргу здзівіла, што толькі ў 18 краінах праграмаванне ў той ці іншай ступені ўведзена ў школьную праграму. І ў Беларусі зараз атрымана згода Міністэрства адукацыі праводзіць са школьнікамі факультатыўныя заняткі ў гэтым кірунку ў асяроддзі Scratch”.

Спецыяліст па навучанні персаналу ЭПАМ Сістэмз трэнер (коўч) Аляксей Бурносенка падчас круглага стала паведаміў: “Першапачаткова Scratch быў распрацаваны для 18-гадовых студэнтаў-гуманітарыяў, якія вырашылі перакваліфікавацца і вывучыць праграмаванне. А ў выніку асяроддзе стала даступным і для малышоў. З пачатку запуску праграмы EPAM e-Kids я рыхтаваў трэнераў — валанцёраў-праграмістаў да работы з дзецьмі, вучыў, як выкладаць Scratch. На канферэнцыі ў Бостане слухаў выступленні людзей, якія дзяліліся вопытам прымянення Scratch, і ўпэўніўся, наколькі шырока асяроддзе можа прымяняцца. І ў сферы мастацтва, і ў культуры, і ў грамадскай дзейнасці. Напрыклад, каманда з Барселоны расказала аб тым, як яна выратоўвала мясцовы гарадскі парк ад закрыцця і суправаджала гэты працэс Scratch-эскізамі, у якіх рабіла яму рэкламу. А ў Японіі ёсць нават тэлевізійная перадача, прысвечаная навучанню дзяцей праграмаванню, і менавіта з выкарыстаннем Scratch”.

“У ходзе канферэнцыі мы адчулі, наколькі лепшы вынік ад нашай дзейнасці, калі наладжана супрацоўніцтва прадстаўнікоў бізнесу, акадэмічнага асяроддзя і школы, — адзначыў Дзмітрый Арэхаў. — Сярод удзельнікаў канферэнцыі было шмат выкладчыкаў са школ і ўніверсітэтаў, якія не былі першапачаткова праграмістамі, але сталі выкарыстоўваць Scratch — не толькі для таго, каб навучыць дзяцей праграмаванню, а перш за ўсё з мэтай развіцця іх мыслення, навучання майстэрству дызайну, мадэляванню і г.д. Выкладчыкі расказвалі, як пры дапамозе Scratch можна зрабіць наш свет больш разумным, прыгожым і крэатыўным”.

Аляксандр Кавалёў, аналітык ЭПАМ Сістэмз, расказаў: “На канферэнцыі была адна вельмі цікавая дзяўчынка, якая праз Scratch старалася адлюстраваць свае адчуванні свету, эмоцыі і выконвала цудоўныя работы з выкарыстаннем анімацыі, што выходзіла за межы звычайнага праграмавання. Для яе гэта была магчымасць выказаць сябе. Былі і дзеці з Кітая, дзе Scratch пачынаюць выкарыстоўваць з 4 гадоў”.

Вядучы інжынер-праграміст ЭПАМ Сістэмз Яўген Сахін таксама падзяліўся разважаннямі: “Праграмаванне сёння становіцца адным з важных навыкаў нашага жыцця, і не толькі для прафесіяналаў. Не за гарамі той час, калі мікрапрацэсар будзе ледзь не ў кожным гузіку. У першую чаргу да гэтай сферы неабходна прыцягваць педагогаў і бацькоў, яны могуць займацца з дзецьмі ў адпаведным кірунку, замест простага паглынання матэрыялу з інтэрнэту і захаплення камп’ютарнымі гульнямі вучыць іх праяўляць сваю крэатыўнасць”.

Як інтэграваць Scratch у беларускія школы? Як дзеці ўспрымаюць урокі праграмавання? Разважаюць педагогі, якія прынялі ўдзел у трэнінгу.

Наталля Курсава, настаўніца інфарматыкі сярэдняй школы № 3 Рагачова, падзялілася: “Цудоўна, што з’явілася гэтае асяроддзе. Заняткі ў ім развіваюць розум дзяцей, рыхтуюць іх да жыцця, вучаць адказваць за свае ўчынкі. Scratch дазваляе знайсці вырашэнне многіх праблем. Гэта нібы акно ў вялікі свет”.

Алена Сіманкова, педагог дадатковай адукацыі Гомельскага дзяржаўнага абласнога Палаца творчасці дзяцей і моладзі, сказала: “Шмат школьнікаў ходзяць да нас на заняткі, дзе мы выкладаем сучасныя мовы праграмавання, у нас наладжана супрацоўніцтва з кампаніяй ЭПАМ Сістэмз. Падчас трэнінгу я пераканалася, наколькі карысным Scratch можа быць для малодшых школьнікаў, але мяне зацікавіла, ці можа гэтае асяроддзе быць карысным для старшакласнікаў і ўвогуле для дарослых людзей. І ўпэўнілася, што тут няма абмежаванняў па ўзросце. Дарослы можа напісаць свае расшырэнні Scratch і дадатковыя блокі, якія павялічаць яго функцыянальнасць. Любыя канцэпцыі праграмавання можна выкладаць на Scratch”.

Настаўніца інфарматыкі гімназіі № 1 Брэста Ірына Гарбацэвіч падкрэсліла: “Кожны настаўнік інфарматыкі зможа навучыцца арыентавацца ў гэтым асяроддзі самастойна, дзякуючы наяўнасці ў свабодным доступе шматлікіх матэрыялаў і відэаўрокаў, спасылак. Але на трэнінгу нам паказалі новыя магчымасці асяроддзя. Для мне Scratch — гэта выяўленне новых талентаў дзяцей, здольных да праграмавання. Мяне, дарэчы, запрасілі на трэнінг пасля таго, як мой вучань Ягор Анісевіч, навучэнец 5 класа, атрымаў на Рэспубліканскім конкурсе “Праграмаванне ў асяроддзі Scratch” дыплом І ступені за адукацыйны праект “Вучымся праграмаваць з кацянём Царапкам”.

Таццяна Таранушчанка, настаўніца інфарматыкі і матэматыкі гімназіі № 22 Мінска, адзначыла: “Вельмі рада магчымасці навучыцца чамусьці новаму, ісці ў нагу з часам, быць крэатыўнай і пастаянна развівацца. У гэтым годзе планую праводзіць факультатыў па праграмаванні для навучэнцаў 5—6 класаў. Упэўнена, што ён будзе карыстацца вялікім попытам. Сярод школьнікаў колькасць жадаючых звязаць сваё жыццё з ІТ-сферай пастаянна расце”.

Scratch вучыць аналітычна думаць і заахвочвае творчае мысленне

Першы намеснік міністра адукацыі Вадзім Анатольевіч Богуш падзяліўся з намі меркаваннем аб праекце “Праграмаванне — другая пісьменнасць” і перспектывах яго рэалізацыі.

— Вадзім Анатольевіч, у чым актуальнасць праекта “Праграмаванне — другая пісьменнасць”?

— Яна звязана з развіццём лічбавага грамадства. Сёння мы жывём у новых інфармацыйных умовах, у новых умовах працы. Пры гэтым каб быць паспяховым, мала быць звычайным карыстальнікам інфармацыйных тэхналогій. Неабходна ўмець эфектыўна працаваць з інфармацыяй, разумець адпаведныя працэсы і выбудоўваць іх. Вельмі запатрабаванымі становяцца навыкі, звязаныя з матэматычным, аналітычным мысленнем.

Словам, зараз гэтая тэма “гарачая” і папулярная. Яна цікавая моладзі. І яе можна выкарыстоўваць, каб вырашаць шырокі спектр задач сферы адукацыі. Без мадэрнізацыі сваёй працы і без таго, каб даведацца штосьці новае, напэўна, не ўяўляе сябе ні адзін педагог. Таму, калі Парк высокіх тэхналогій звярнуўся да нас з ідэяй арганізаваць адукацыйны праект “Праграмаванне — другая пісьменнасць”, мы яе падтрымалі. Разам папрацаваўшы над планам рэалізацыі, мы хутка зразумелі, што гэты праект стане вельмі добрым інструментам у дасягненні мэт, якія стаяць перад сістэмай адукацыі. Спецыфіка праекта такая, што ён дазваляе працаваць з дзецьмі з ранняга ўзросту, дапамагаючы іх развіццю.

— Чаму для навучання быў выбраны менавіта Scratch?

— Працуючы ў асяроддзі праграмавання Scratch, дзеці вучацца аналітычна думаць. Кожная праграма, якую яны разам з настаўнікам ствараюць, патрабуе ўмення ставіць задачы, высвятляць зыходныя даныя, вызначаць канкрэтныя крокі для дасягнення мэты. Атрыманыя школьнікамі навыкі лагічнага і сістэмнага мыслення спатрэбяцца ім незалежна ад тых прафесій, якія яны ў будучым выберуць. Scratch заахвочвае творчае мысленне, ён уцягвае дзяцей у пошук новых рашэнняў розных задач. Пры гэтым, што вельмі важна, ён дазваляе арганізаваць выкладанне ў займальнай форме.

— Што, на ваш погляд, паспрыяе поспеху праекта?

— Настаўнікі, якія былі падрыхтаваны ў ходзе праведзеных трэнінгаў, — праваднікі нашай ідэі ў жыццё. Вельмі важна аб’яднаць гэтых людзей у прафесійную супольнасць і пастаянна атрымліваць ад іх зваротную сувязь. Гэта дазволіць абменьвацца вопытам і ўдасканальваць курс факультатыўных заняткаў па навучанні праграмаванню ў асяроддзі Scratch. У эфектыўным узаемадзеянні з удзельнікамі, напэўна, і ёсць залог поспеху любога адукацыйнага праекта. Таксама вельмі важна, каб была цікавасць да праекта ў педагогаў і жаданне ісці наперад у яго рэалізацыі разам з вучнямі. Хачу ад сябе асабіста сказаць вялікі дзякуй тым настаўнікам, якія праявілі такую цікавасць і ідуць далей па гэтым шляху.

Надзея ЦЕРАХАВА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.

Праграмаванне — з 2 класа

Парк высокіх тэхналогій разам з Міністэрствам адукацыі ўжо ў верасні запускаюць у школах факультатыў па Scratch. Гэта выдатны шанс для беларускіх дзяцей своечасова атрымаць пачатковыя веды па праграмаванні, а для настаўнікаў — выхад на новы ўзровень выкладання і магчымасць для прафесійнага развіцця.

— Сучасную адукацыю немагчыма ўявіць без камп’ютара, — адзначыў на сустрэчы дырэктар адміністрацыі ПВТ Валерый Цапкала, — але трэба, каб беларусы былі не проста пасіўнымі спажыўцамі, але і актыўнымі вытворцамі новых ведаў. Гэта тое, чым займаюцца кампаніі — рэзідэнты ПВТ, і хацелася б бачыць гэта ва ўсіх установах адукацыі. Мы перакананы, што дзеці могуць з поспехам асвойваць элементы праграмавання ўжо ў малодшых класах.

Дарэчы, праграмаванне маладзее ва ўсім свеце. Так, у Японіі гэтая дысцыпліна ўводзіцца ў пералік абавязковых для вывучэння ў пачатковай школе. Раней падобнае рашэнне было прынята ў Ізраілі. У многіх краінах, дзе ў сістэме адукацыі няма моцнай цэнтралізацыі, праграмаванне дзецям (нават ужо з 5 гадоў) выкладаецца па ініцыятыве школьных адміністрацый, грамадскіх арганізацый і кампаній.

— Раней адукаваны чалавек адрозніваўся ад неадукаванага ўменнем чытаць і пісаць, — гаворыць намеснік дырэктара Парка высокіх тэхналогій Аляксандр Марцінкевіч. — А сёння адукаванаму чалавеку, незалежна ад таго, кім ён будзе ў далейшым, неабходна ведаць асновы інфармацыйных тэхналогій, у прыватнасці праграмавання, і мець алгарытмічнае мысленне. У наш час гэта такі ж навык, як і асновы чытання і пісьма.

Цікава, што з ініцыятывай увесці ў школьны курс асновы праграмавання выступілі кіраўнікі кампаній — рэзідэнтаў ПВТ. Інфарматыка ў школьным курсе пачынаецца толькі з 6 класа, а дагэтуль у плане інфармацыйных тэхналогій дзецям практычна нічога не прапаноўваецца.

— Мы прааналізавалі, што робіцца ў канкурэнтным асяроддзі, і зразумелі, што значна прайграём лідарам, — заўважыў Аляксандр Марцінкевіч. — Напрыклад, ва Украіне інфарматыка ў школе пачынаецца з 2 класа, ды і ва ўсёй Еўропе яна ўводзіцца ў школьны курс значна раней, чым у нас. Пагадзіцеся, расказваць шасцікласніку, што такое мышка і клавіятура, або дзевяцікласніку, што такое электронная пошта, — гэта нонсэнс.

Так нарадзілася ідэя распрацаваць факультатыў для дзяцей, пачынаючы з 2 класа. Сёння гэта ўжо нацыянальны праект, таму што распрацоўшчыкі ставяць мэту дайсці да кожнай школы, каб любое дзіця пры жаданні магло займацца на такім факультатыве.

Чаму менавіта Scratch?

— Гэтая мова была распрацавана ў Масачусецкім універсітэце, і яна найлепшым чынам падыходзіць для навучання малодшых школьнікаў асновам праграмавання, — тлумачыць Аляксандр Марцінкевіч. — Мы тэсціравалі праграму на дзецях нашых супрацоўнікаў, і ўжо праз 45 хвілін першакласнікі пачыналі ажыццяўляць пэўныя дзеянні, а трэцякласнікі — праграмаваць робатаў.

У распрацоўцы будучага факультатыву актыўны ўдзел бяруць спецыялісты кампаній — рэзідэнтаў ПВТ. Плануецца, што ў 2—3 класах дзеці будуць вучыцца ствараць уласныя мультфільмы, у 4—5 класах — камп’ютарныя гульні, у 6—7 класах — праграмаваць робатаў і нават больш — выходзіць на інтэрнэт рэчаў. Усё гэта магчыма рабіць на мове Scratch.

— Дзеці змогуць ствараць мультфільмы, відэапаштоўкі і г.д., а самае галоўнае — яны навучацца рабіць вучэбныя фільмы, што дазволіць ім у даступнай форме раскрыць самыя складаныя тэмы. Вядома ж, што значна больш цікава і эфектыўна вучыцца праз гульню, — гаворыць Аляксандр Марцінкевіч.

Для праграмавання ў Scratch ва ўсім свеце карыстаюцца бясплатнымі шаблонамі, але ў беларускіх дзяцей з’явяцца і дадатковыя магчымасці. Сёння ў Парку высокіх тэхналогій распрацоўкай камп’ютарных гульняў займаюцца 6 кампаній, і зразумела, што ў працэсе работы над гульнямі застаецца вельмі шмат матэрыялу, які не выкарыстоўваецца ў канчатковым прадукце.

— Кампаніі паабяцалі ўсё, што не ўвайшло ў камерцыйны прадукт, перадаць нам бясплатна, — расказвае Аляксандр Марцінкевіч. — І адна справа, калі ў праграмаванні выкарыстоўваюцца стандартныя персанажы з каталогаў Scratch, і зусім іншая, калі гэта якасна выкананыя малюнкі, на стварэнне якіх былі затрачаны мільёны (танк, самалёт, машынка), і рабіць анімацыю з імі.

Акрамя таго, распрацоўшчыкі прааналізавалі вучэбныя праграмы і паглядзелі, што вывучаюць дзеці. Каб усталяваць міжпрадметныя сувязі, для кожнага прадмета спецыялісты маюць намер зрабіць адпаведныя малюнкі. Напрыклад, вядомы ўсім урывак з паэмы А.Пушкіна “У Лукоморья дуб зелёный”, які дзеці вучаць на памяць… Выкарыстоўвачы такія малюнкі (дуб, ланцуг, кот і г.д.), дзеці змогуць лёгка візуалізаваць гэты верш. Тое ж яны могуць рабіць, вывучаючы кругаварот вады ў прыродзе і іншыя тэмы.

— На гэты час праект ужо прайшоў некалькі этапаў, — паведаміў Аляксандр Марцінкевіч. — Па-першае, мы сабралі настаўнікаў, якія маюць вопыт выкладання Scratch, і абмеркавалі, якой павінна быць вучэбная праграма. Зараз мы прыцягнулі лепшых метадыстаў для таго, каб яны зрабілі рэвізію той праграмы, якая атрымалася. Паралельна мы правялі нацыянальны конкурс па Scratch, у якім удзельнічала каля 300 чалавек з усёй краіны. І мы вызначылі, што ў нас ёсць інавацыйныя выкладчыкі і пункты росту ў кожным рэгіёне.

Зараз у Оршы сумесна з кампаніямі — рэзідэнтамі ПВТ і аддзелам адукацыі, спорту і турызму Аршанскага райвыканкама адкрыты вучэбны цэнтр для падрыхтоўкі педагогаў.

— Орша мае вельмі добрую лагістыку, праз чыгунку яна зручна звязваецца з усімі абласцямі, — расказвае Аляксандр Марцінкевіч. — Плануем, што ўжо ў пачатку чэрвеня там пачнецца падрыхтоўка выкладчыкаў. Дарэчы, каб выкладаць курс, неабавязкова быць настаўнікам інфарматыкі. Далучыцца да праекта могуць і філолагі, і біёлагі.

Падрыхтоўка педагогаў будзе весціся і ў самім Парку высокіх тэхналогій у Мінску, а таксама ў Лідзе і Наваполацку. Навучанне бясплатнае і будзе доўжыцца 3—4 дні.

— За лета мы плануем падрыхтаваць усіх, каму гэта цікава, — дзеліцца планамі Аляксандр Марцінкевіч. — Больш за тое, мы гатовы разгледзець розныя школы як пункты росту, каб развіццё праекта адбывалася па экспаненце. Прапаноўваецца і такі варыянт, каб лепшым выкладчыкам выдаваць сертыфікат трэнера, і яны ў сваіх гарадах бясплатна вучылі б калег, а мы аплачвалі іх работу.

Такім чынам, факультатывы па Scratch ужо ў верасні з’явяцца ў нашых школах. На першым этапе асновы праграмавання будуць вывучаць тыя дзеці, каму гэта патрэбна. Хаця ў перспектыве гаворка ідзе аб стварэнні новага асяроддзя адукацыі, дзе фарміраванне алгарытмічнага мыслення малодшых школьнікаў і праграмаванне стануць неад’емнай часткай вучэбных праграм.

Дарэчы, адна з прычын, чаму была выбрана форма факультатыву (для бацькоў ён будзе платным), — даць настаўнікам магчымасць атрымаць пэўную прыбаўку да зарплаты. Такім чынам, усё складваецца на карысць: і новы цікавы перспектыўны від дзейнасці, і магчымасць прафесійнага росту, і хай невялікае, але матэрыяльнае ўзнагароджанне.

***

Настаўнікі, якія хацелі б паўдзельнічаць у праекце, могуць дасылаць свае прапановы на адрас Парка высокіх тэхналогій: info@park.by.

Галіна СІДАРОВІЧ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.

Што трымае паспяховых праграмістаў у Беларусі?

Днямі ў Парку высокіх тэхналогій адбылася сустрэча з абітурыентамі, якія збіраюцца паступаць ва ўніверсітэты на ІТ-спецыяльнасці. У мерапрыемстве ўзялі ўдзел больш за 400 школьнікаў з усёй краіны, у тым ліку з Мінска, Оршы, Ліды, Наваполацка і іншых гарадоў.

Мерапрыемства праходзіла ў бізнес-інкубатары Парка высокіх тэхналогій, што само па сабе сімвалічна. У абітурыентаў была магчымасць задаць пытанні дырэктару адміністрацыі ПВТ Валерыю Цапкалу, першаму намесніку міністра адукацыі Вадзіму Богушу, дэканам ІТ-факультэтаў вядучых універсітэтаў краіны і дырэктарам кампаній — рэзідэнтаў Парка высокіх тэхналогій.

Дзе працаваць: у Беларусі ці на Захадзе?

Дзеці, якія прыехалі ў ПВТ, аказаліся няпростымі. Яны ўжо практычна вызначыліся і са спецыяльнасцямі, і з універсітэтамі, куды будуць паступаць. І яны ўжо айцішнікі, хай сабе і будучыя. Парк высокіх тэхналогій — гэта іх праграма-максімум на найбліжэйшы час. А таму пытанні, якія яны задавалі, былі вельмі канкрэтнымі і з прыцэлам на перспектыву.

• Чаго не хапае выпускнікам універсітэтаў, чые спецыяльнасці звязаны з ІТ, для работы ў Парку высокіх тэхналогій?

— Штогод мы ствараем 3 тысячы рабочых месцаў, трэць з якіх запаўняецца студэнтамі ўніверсітэтаў, — паведаміў дырэктар адміністрацыі ПВТ Валерый Цапкала. — Пры гэтым, па нашых ацэнках, па ІТ-спецыяльнасцях у краіне выпускаецца каля 6 тысяч чалавек. Такім чынам, мы бяром лепшых, і я не чуў, што хтосьці прыйшоў працаваць у кампанію і чагосьці не ведае або не робіць. Нашы кампаніі ствараюць ва ўніверсітэтах сумесныя лабараторыі, адкрываюць філіялы кафедр на сваёй базе і г.д. І тыя студэнты, якіх мы прымаем на работу ў Парк, ужо маюць вопыт практычнай работы і разумеюць патрабаванні.

Тэхналогіі зараз вельмі хутка мяняюцца, таму дырэктары кампаній ужо не патрабуюць ад саіскальнікаў ведання розных моў праграмавання (усё гэта можна хутка вывучыць). Галоўнае — ведаць базіс: матэматыку, фізіку, тэорыю імавернасцей, асновы алгарытмізацыі і праграмавання і г.д.

• Як ІТ-спецыялісты прымяняюць фізіку ў сваёй рабоце?

— Я толькі што вярнуўся з Крэмніевай даліны (ЗША) і скажу, што будучыня індустрыі, калі мы гаворым пра высокааплатную работу, — не проста ў распрацоўцы праграм, а ў стварэнні канкрэтнага прадукту, — заявіў намеснік дырэктара адміністрацыі ПВТ Аляксандр Марцінкевіч. — І без фізікі, без разумення фізічных працэсаў цяжка стаць паспяховым. А калі ў вас будзе фізічны бэкграўнд, на які накладваецца матэматыка, бізнес-адміністраванне і іншыя дадатковыя кампетэнцыі, вы будзеце ў значна больш выйгрышнай сітуацыі, чым тыя, хто ведае адно толькі праграмаванне ці адну матэматыку. Хачу заўважыць, што пятая частка найбольш паспяховых дырэктараў нашых кампаній вывучалі ва ўніверсітэтах фізіку.

На Захадзе зарплаты ў праграмістаў намнога большыя, чым у нас. І што, скажыце, павінна трымаць мяне ў Беларусі, чаму я павінен тут заставацца?

— Сярэдняя зарплата ў Парку высокіх тэхналогій на сённяшні дзень складае 2 тысячы долараў ЗША, і гэта пры тым, што сярэдні ўзрост нашых супрацоўнікаў — 27 гадоў, — паведаміў Валерый Цапкала. — На Захадзе зарплата лічыцца не так, як у нас. Там, калі вам абяцаюць 5 тысяч долараў, гэта значыць, што ў канцы года палову гэтых грошай (51%) вы павінны будзеце заплаціць дзяржаве ў якасці падаткаў. (У нас адказнасць за выплату падаходнага падатку ляжыць на работадаўцы, а ў Еўропе, ЗША і Канадзе яна ўскладзена індывідуальна на асобу.)

Безумоўна, кожны чалавек сам вырашае, дзе жыць і працаваць. Але ў Крэмніевую даліну едуць тыя, хто гуляе ў найвышэйшай лізе. Калі ж вы паедзеце туды звычайным супрацоўнікам, то стандарты і якасць жыцця ў вас будуць горшымі, чым вы можаце мець у Беларусі з нашымі зарплатамі. Нават з зарплатай у 2—3 разы большай, чым у нас, у Крэмніевай даліне вы будзеце самым бедным. Маладыя айцішнікі, якія спрабуюць выбудоўваць сваё жыццё тут, атрымліваюць такую зарплату, з якой яны адчуваюць сябе ў Беларусі вельмі ўпэўнена.

7

Найбольш запатрабаваныя ў ПВТ спецыяльнасці ў 2015 годзе

• Аўтаматызаваныя сістэмы
апрацоўкі інфармацыі;
• Вылічальныя машыны, сістэмы і сеткі;
• Інжынерна-псіхалагічнае забеспячэнне інфармацыйных тэхналогій;
• Інфарматыка;
• Інфарматыка і тэхналогіі праграмавання;
• Інфармацыйныя сістэмы і тэхналогіі;
• Інфармацыйныя тэхналогіі і кіраванне ў тэхнічных сістэмах;
• Штучны інтэлект;
• Камп’ютарная бяспека (матэматычныя метады і праграмныя сістэмы);
• Матэматыка;
• Менеджмент;
• Прыкладная інфарматыка;
• Прыкладная матэматыка;
• Праграмнае забеспячэнне інфармацыйных тэхналогій;
• Прамысловая электроніка;
• Радыёфізіка;
• Кіраванне інфармацыйнымі рэсурсамі;
• Эканамічная інфарматыка;
• Эканамічная кібернетыка.

• Ці здольна Беларусь канкурыраваць у ІТ-галіне з іншымі краінамі свету?

— Менавіта ў сферы ІТ Беларусь і знаходзіцца на сусветным узроўні, — заўважыў Валерый Цапкала. — Я кажу гэта не для таго, каб пахваліць сваё. Справа ў тым, што ў інфармацыйных тэхналогіях вы можаце набыць камп’ютар коштам 1,5 тысячы долараў ЗША — і вы ўжо гэтак жа тэхнічна аснашчаны, як супрацоўнік Microsoft ці Google. Калі гаварыць, напрыклад, пра мікраэлектроніку ці лазерныя тэхналогіі, то там кошт адной лабараторыі будзе дзясяткі мільёнаў долараў. Ні ў аднаго беларускага прадпрыемства няма сёння сродкаў, каб закупіць такую лабараторыю для правядзення даследаванняў і распрацовак.

Мы асэнсавана выбралі інфармацыйныя тэхналогіі як той прарыўны напрамак, дзе можна канкурыраваць з іншымі краінамі выключна ўласнымі мазгамі. І калі ў вас ёсць галава, вы здольны сфармуляваць цікавую бізнес-ідэю, рэалізаваць тую ці іншую праграму, тады вы можаце дасягнуць надзвычай высокага ўзроўню.

Нездарма аналітычныя агенцтвы ў галіне ІТ уключаюць Беларусь у дзясятку самых развітых краін рэгіёна Еўропы, Цэнтральнай Еўразіі і Афрыкі ў галіне інфармацыйных тэхналогій. А па экспарце ІТ-прадукцыі на душу насельніцтва мы ўжо абышлі ЗША, Індыю, Паўднёвую Карэю і многія іншыя краіны. Гэта, безумоўна, сведчыць пра той узровень, якога мы дасягнулі.

Вучыцца складана, але цікава

Дэканы факультэтаў, дзе ёсць ІТ-спецыяльнасці, з вядучых універсітэтаў таксама адказалі на пытанні абітурыентаў. Дарэчы, у нашай краіне падрыхтоўку спецыялістаў у галіне інфармацыйных тэхналогій вядуць 23 факультэты.

Валерый Прыткоў, факультэт камп’ютарных сістэм і сетак БДУІР:

— ІТ-галіна не такая простая ў асваенні, а таму вам давядзецца не толькі вучыцца ва ўніверсітэце, але і займацца самаадукацыяй. Большасць нашых студэнтаў ужо з 3 курса пачынаюць працаваць, у тым ліку ў кампаніях Парка высокіх тэхналогій. Ад гэтага вучыцца становіцца яшчэ складаней. Трэба паспяваць і ва ўніверсітэце, і на рабоце.

Леанід Шылін, факультэт інфармацыйных тэхналогій і кіравання БДУІР:

— Насамрэч, тым студэнтам, хто паступае з 300 баламі і вышэй, вучыцца не так ужо і складана. Нядаўна я сустракаўся з першакурснікамі, і адна са студэнтак на пытанне, як ёй даецца вучоба, адказала: “Пасля школы ў нечым нават і проста”. Чаму так, няўжо мы мала патрабуем? “Проста ва ўніверсітэце я вывучаю тыя дысцыпліны, якія мне цікавыя”, — заўважыла студэнтка. Таму тым, хто жыве ідэяй ствараць штосьці новае, прыдумляць свае канструкцыі, устройствы, праграмы, не варта баяцца цяжкасцей. Яны справяцца.

Сяргей Малы, факультэт радыёфізікі і камп’ютарных тэхналогій БДУ:

— Многіх абітурыентаў цікавіць тое, якімі ў іх будуць зарплаты, чым яны будуць займацца пасля заканчэння ўніверістэта, аднак сёння ніхто са стапрацэнтнай гарантыяй не можа сказаць, што канкрэтна будзе запатрабавана праз пяць гадоў, не кажучы ўжо пра больш аддаленую будучыню. Але абсалютна дакладна будуць запатрабаваны спецыялісты з фундаментальнай падрыхтоўкай: не проста праграмісты ці электроншчыкі, а людзі з комплекснай адукацыяй і па матэматыцы, і па фізіцы, і па інфарматыцы, і па электроніцы. Гэта тая база, якая дазволіць спецыялістам пастаянна вучыцца, удасканальвацца і, дзякуючы гэтаму, вырашаць самыя складаныя і нестандартныя задачы.

Парку высокіх тэхналогій —10 гадоў!

Дзесяць гадоў назад, 1 чэрвеня 2006 года, у Парку высокіх тэхналогій былі зарэгістраваны першыя рэзідэнты.

Сёння тут працуюць ужо 152 кампаніі, у якіх задзейнічана 25 тысяч ІТ-спецыялістаў. Пры гэтым штогод у ПВТ ствараецца каля 3 тысяч новых рабочых месцаў.

За 10 гадоў, што працуе Парк высокіх тэхналогій, экспарт камп’ютарных праграм з Беларусі вырас амаль у 50 разоў і склаў у мінулым годзе амаль 800 млн долараў ЗША. Мабільнымі дадаткамі, распрацаванымі ў нашай краіне, карыстаецца больш за 900 мільёнаў чалавек у 160 краінах.

“Я ганаруся нашымі дырэктарамі, маладымі, энергічнымі, адукаванымі, крэатыўнымі. Я ганаруся нашымі праграмістамі, якія з году ў год удасканальваюцца, — гаворыць дырэктар ПВТ Валерый Цапкала. — Менавіта дзякуючы ім і стаў магчымы поспех Парка высокіх тэхналогій. Менавіта дзякуючы іх талентам і намаганням стала магчымым з’яўленне, станаўленне і развіццё новай галіны ў Беларусі — распрацоўкі камп’ютарных праграм”.

Дзмітрый Мядзведзеў, механіка-матэматычны факультэт БДУ:

— Жыццё — гэта марафон, і, каб быць да яго гатовым, трэба менавіта зараз, пакуль ёсць сілы, здароўе і, што хаваць, дапамога бацькоў, атрымаць добрую адукацыю, якая будзе вас карміць усё жыццё. Калі хтосьці стаміўся ад школьнай алгебры і геаметрыі, то хачу сказаць, што мехмат — гэта іншае. У нас прадстаўлены ўвесь спектр матэматыкі — ад фундаментальнай да стварэння канкрэтных праграм для розных устройстваў, механіка — ад праектавання і сачэння за касмічнымі аб’ектамі да падземных выпрацовак і, натуральна, ІТ-тэхналогіі.

На механіка-матэматычным факультэце 15 гадоў выдаюцца сумесныя магістарскія дыпломы з Магдэбурскім універсітэтам (Германія). Такая спецыяльнасць, як “Камп’ютарная матэматыка”, развіваецца менавіта ў міжнародным супрацоўніцтве.

А траекторыю навучання студэнт выбірае сам. Той, хто вучыцца на 8 балаў і вышэй, можа мяняць спецыяльнасці на факультэце хоць кожны семестр.

Яўген Трафіменка, факультэт інфармацыйных тэхналогій і робататэхнікі БНТУ:

— У нас ёсць як чыста праграмісцкія спецыяльнасці, так і тыя, якія на першы погляд падаюцца некамп’ютарнымі, але іх выпускнікі ўмеюць ператвараць віртуальную рэальнасць у рэчаіснасць.

Дарэчы, наш факультэт калісьці першым у Савецкім Саюзе пачаў рыхтаваць спецыялістаў па робататэхніцы, і многія вядучыя ўніверсітэты на першым часе пазычалі ў нас вучэбныя планы і праграмы. Робататэхніка — сур’ёзная спецыяльнасць, якая ўключае ў сябе не толькі праграмаванне, але і механіку, электроніку. Гэта тое, што будзе вызначаць развіццё вытворчасці і тэхналогій у будучыні.

А што кажуць практыкі?

Аляксандр Лінд, дырэктар кампаніі “Артокс лаб”:

— Свет мяняецца з неверагоднай хуткасцю, таму ўсё, што вы сёння ведаеце пра гэты свет, вашы каштоўнасці і перакананні праз некалькі гадоў амаль цалкам зменяцца. Вельмі важна ўсвядоміць гэта і зразумець: усё, што патрэбна рабіць у такім зменлівым свеце, — пастаянна вучыцца.

Як толькі вы падумаеце, што ўсё ведаеце, — гэта канец, які будзе азначаць, што вы безнадзейна ўстарэлі. Змены накрыюць вас з галавой, і вы нічога не зможаце з гэтым зрабіць.

Помніце, што самі па сабе вы не ўяўляеце нічога, якімі б разумнымі, моцнымі, прыгожымі вы сабе ні здаваліся. Вы нічога не варты без тых людзей, якія вас акружаюць. Таму трэба шукаць калектыў, дзе вам цікава, цаніць свае сем’і і тых людзей, якія знаходзяцца побач, не раскідвацца імі. У жыцці бываюць розныя сітуацыі, і хутчэй за ўсё вам спатрэбіцца іх дапамога. Толькі разам з іншымі людзьмі вы моцныя і здольны зрабіць штосьці сапраўды значнае.

Калі гаварыць пра выбар прафесіі, то я не ведаю, што канкрэтна будзе запатрабавана праз пэўны час. Таму зазірніце перш за ўсё ўнутр сябе, распазнайце, кім вы з’яўляецеся і што вам падабаецца рабіць. У жыцці трэба рабіць тое, да чаго ляжыць душа.

Марына Корсун, дырэктар кампаніі “Белка Геймз” (дарэчы, выпускніца матэматычнага факультэта педагагічнага ўніверсітэта):

— Будучыя спецыялісты павінны быць гатовымі пастаянна вучыцца. Зараз столькі інфармацыі, што засвоіць яе проста немагчыма, таму працэс спасціжэння новага павінен быць пастаянным.

Людзям трэба быць гатовымі да таго, што неабходна шмат працаваць. 8 гадзін працы на дзень сёння недастаткова. Каб стаць добрым спецыялістам, патрэбна выдаткоўваць на работу значна больш часу.
Дарэчы, у нас ёсць вельмі добрыя спецыялісты, якія так і не скончылі ўніверсітэт, ёсць шмат студэнтаў. Безумоўна, было б добра, калі б яны атрымалі дыпломы, але гэта не з’яўляецца абавязковай умовай для работы ў кампаніі.

Галіна СІДАРОВІЧ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.

Асноўны пасыл — ад рэальнага сектара

У адпаведнасці з пастановай Савета Міністраў № 34 “Аб некаторых пытаннях развіцця Нацыянальнай сістэмы кваліфікацый Рэспублікі Беларусь”, для правядзення практычнай апрабацыі яе новых элементаў былі вызначаны пілотныя сектары эканомікі — сектар інфармацыйных тэхналогій і сфера кіраўніцкай дзейнасці. Аб тым, як вялася гэтая работа ў IT-галіне, наколькі мадэрнізацыя Нацыянальнай сістэмы кваліфікацый у нашай краіне зблізіла заказчыкаў кадраў і сістэму адукацыі, расказалі намеснік дырэктара адміністрацыі Парка высокіх тэхналогій А.М.Марцінкевіч і дэкан факультэта камп’ютарных сістэм і сетак БДУІР В.А.Прыткоў.
Дзякуючы мерам дзяржаўнай падтрымкі, высокія тэхналогіі ў нашай краіне вельмі хутка развіваюцца. За апошнія 10 гадоў Парк высокіх тэхналогій прайшоў імклівы шлях развіцця, і сёння нашых праграмістаў ведаюць нават на міжнародным узроўні, якія, дзякуючы высокім кампетэнцыям, удзельнічаюць у самых складаных і самых перспектыўных міжнародных праектах. Сёння ў Парку высокіх тэхналогій распрацоўваюцца сучасныя праграмныя прадукты, якімі карыстаюцца каля 800 млн чалавек больш чым у 150 краінах свету. Сярод найбольш вядомых — гульня «Свет танкаў» (World of Tanks) і мабільны дадатак Viber.
Таксама сярод заказчыкаў парка такія вядомыя сусветныя кампаніі, як Google, Microsoft, Лонданская фондовая біржа, Сусветны банк, HP, MTV, Coca-Cola, Colgate-Palmolive, Citibank, Toyota, Expedia, British Petroleum, Reuters, British Telecom, Samsung і іншыя.
Аляксандр Міхайлавіч Марцінкевіч, намеснік дырэктара адміністрацыі Парка высокіх тэхналогій, расказаў, што ў гэтай сферы важным з’яўляецца не абсталяванне, як мы звычайна гаворым, напрыклад, пра прамысловасць, дзе якасць прадукцыі залежыць ад таго, якая там усталявана тэхніка, як праходзіць мадэрнізацыя, і, па сутнасці, ад чалавека, які стаіць ля станка, мала што залежыць. Якраз-такі ў IT-сферы каштоўнасць дзейнасці той ці іншай арганізацыі вызначаецца адукаванасцю людзей, якія там працуюць, і калектыў кожнай IT-кампаніі з’яўляецца галоўным рэсурсам яе паспяховасці.
— Пры ўсіх сённяшніх патрабаваннях да якасці падрыхтоўкі спецыяліста, — зазначыў А.М.Марцінкевіч, — Нацыянальная сістэма кваліфікацый, якая сёння дзейнічае, не мяняецца, выбудавана вельмі даўно. Калі пераглядаць нарматыўную базу, якой мы карыстаемся цяпер, той жа даведнік пасад, то ў ім проста апісаны працоўныя абавязкі таго ці іншага чалавека, тое, што інжынер-праграміст, напрыклад, павінен мець вышэйшую адукацыю. Але гэта не навіна, і гэтай інфармацыі недастаткова.
Па словах Аляксандра Міхайлавіча, сёння відавочна: пры той хуткасці, з якой мяняюцца інфармацыйныя тэхналогіі, сказаць, што я скончыў інстытут, маю вопыт работы 10 гадоў, не з’яўляецца паказчыкам таго, што чалавек валодае тымі кампетэнцыямі, якія патрабуюць заказчыкі, асабліва ў IT-галіне, дзе абнаўленне ведаў мае большую каштоў-насць, чым вопыт, які можа прыраўноўвацца да звычайнага працоўнага стажу. Сёння ў краіне распачаты пераход на новую мадэрнізаваную нацыянальную сістэму кваліфікацый, якая будзе пабудавана на базе прафесійных стандартаў. Улічваючы, што IT-сфера вельмі зацікаўлена ў павышэнні якасці адукацыі сваіх супрацоўнікаў, іх кар’ерным росце на працягу ўсёй іх дзейнасці, з боку адміністрацыі Парка высокіх тэхналогій было ініцыіравана правесці адзін з пілотных праектаў. Трэба адзначыць, што гэтая ініцыятыва ішла не зверху, а знізу, супрацоўнікі дастаткова актыўна папрацавалі з усімі IT-кампаніямі. Сумесна з імі супрацоўнікі Парка высокіх тэхналогій для ўсіх асноўных відаў працоўнай дзейнасці, якія выкарыстоўваюцца пры распрацоўцы праграмнага прадукту, стваралі асновы прафесійных стандартаў па некалькіх кірунках, уключаючы тэсціраванне, бізнес-аналіз і г.д.
— Важна ўсведамляць, што стварыць прафесійны стандарт толькі дзеля таго, каб апісаць тое, што павінен зрабіць спецыяліст, валодаючы той ці іншай кваліфікацыяй, не з’яўлялася самамэтай, — зазначыў Аляксандр Міхайлавіч. — Самамэтай прафесійнага стандарту, як, па сутнасці, і ўсёй сістэмы кваліфікацый, з’яўляецца аб’яднанне намаганняў сістэмы адукацыі і заказчыкаў кадраў у працэсе высакаякаснай прафесійнай падрыхтоўкі кадраў.
Як паказвае час, сёння пакуль такіх стасункаў наладжана мала. І прыходзіцца канстатаваць, што паміж сістэмай адукацыі і заказчыкамі кадраў узнікае непаразуменне, якім павінен быць спецыяліст.
— Будзе правамерным задаць пытанне прадстаўнікам IT-галіны з боку ўстаноў вышэйшай адукацыі, дзе рыхтуюць адпаведныя кадры: а дзе той дакумент, у якім заказчыкамі вызначаны патрабаванні да падрыхтоўкі кадраў? — адзначыў Аляксандр Міхайлавіч. — Як вядома, такога дакумента сёння ў нарматыўнай базе няма, дзе менавіта галіна, а не нейкая асобная арганізацыя вызначае патрабаванні да выпускнікоў устаноў вышэйшай адукацыі. Якраз такім дакументам і стане прафесійны стандарт, дзе будуць апісаны патрабаванні да ўзроўню адукацыі, да практычнага ўзроўню работы, працоўныя функцыі, а яшчэ патрабаванні да ведаў і ўменняў, якімі павінен валодаць чалавек на тым ці іншым кваліфікацыйным узроўні.
Як патлумачыў прадстаўнік адміністрацыі Парка высокіх тэхналогій, напрыклад, калі гэта першы ўзровень кваліфікацыі, то гэта могуць быць выпускнікі тэхнікумаў, універсітэтаў; другі ўзровень — тут ужо выпускнікі больш высокага ўзроўню адукацыі, магчыма, магістры, людзі з дадатковым практычным вопытам; трэцяя ступень — людзі з вопытам, і тут вельмі важна апісаць патрабаванні да ведаў і ўменняў, каб чалавек мог выбудаваць сваю схему, як ён павінен развівацца далей, як ён хоча расці прафесійна, і другое — для таго, каб самі УВА, у цэлым сістэма адукацыі вызначалі напрамкі развіцця альбо бачылі пасыл з рынку працы.
А.М.Марцінкевіч адзначыў, што ў пілотным праекце IT-сфера цесна супрацоўнічала з сістэмай адукацыі, непасрэдна з профільнымі УВА. Значнасць гэтага ўзаемадзеяння відавочная, таму што IT-галіна, рынак працы ведае, чаму трэба вучыць, але не ведае як. А сістэма адукацыі ведае як, але не ведае чаму. У час работы ў пілотным праекце заказчыкі кадраў і прадстаўнікі сістэмы адукацыі імкнуліся выпрацаваць адзіныя падыходы.
Істотна паўплывала на гэтае ўзаемадзеянне нарада прадстаўнікоў IT-сферы і дэканаў факультэтаў IT-тэхналогій з 15 універсітэтаў краіны.
— На базе ўжо распрацаваных патрабаванняў у наступным годзе мы плануем рэалізаваць шэраг пілотных праектаў з нашымі УВА, — паведаміў А.М.Марцінкевіч.— Так, па стварэнні адукацыйных стандартаў новага чацвёртага пакалення плануецца актыўна ўдзельнічаць у рабоце вучэбна-метадычных аб’яднанняў на этапе распрацоўкі класіфікатара спецыяльнасцей, на этапе распрацоўкі стандартаў і тыпавых вучэбных праграм.
Валерый Аляксандравіч Прыткоў, дэкан факультэта камп’ютарных сістэм і сетак, кандыдат тэхнічных навук, дацэнт БДУІР, паведаміў, што ўніверсітэт прымаў актыўны ўдзел у пілотным праекце па мадэрнізацыі Нацыянальнай сістэмы кваліфікацый у частцы IT-сферы і таму цесна супрацоўнічаў з Паркам высокіх тэхналогій, які з’яўляецца асноўным заказчыкам кадраў для ўніверсітэта. Большасць яго выпускнікоў накіроўваецца на працу менавіта ў гэтую кампанію.
Як заўважыў дэкан факультэта, Парк высокіх тэхналогій у тандэме з БДУІР вёў актыўную работу па стварэнні Нацыянальнай рамкі кваліфікацый, прафесійнага стандарту, дзе выкладзены патрабаванні да кожнай спецыяльнасці. Калі гаварыць больш спрошчана, то гэтая рамка ўяўляе сабой табліцу, дзе прадстаўлены асноўныя кірункі кампетэнцый і па ўзроўнях распісана, якія патрабаванні прад’яўляюцца да спецыялістаў.
Валерый Аляксандравіч патлумачыў, што ў працэсе стварэння рамкі кваліфікацый разглядаліся аналагічныя рамкі, якія існуюць у заходніх краінах, у прыватнасці ў Вялікабрытаніі, якая вельмі падабаецца нашаму Парку высокіх тэхналогій. Магчыма, ёсць сэнс браць яе за аснову для нашай. Важна тое, што брытанскія спецыялісты штогод яе абнаўляюць і такім чынам падтрымліваюць у актуальным стане. У выніку, маючы сусветныя патрабаванні да гэтых пасад, давядзецца толькі адаптаваць іх да нашых умоў. Адметна, што замежныя напрацоўкі можна прымяняць не ў кожнай галіне, гэта ўласціва ў большай меры IT-сферы. Важна і тое, што Беларусь пераходзіць ужо на міжнародны класіфікатар відаў эканамічнай дзейнасці, дзе не апошняя роля адведзена і самой сістэме адукацыі.
— Як бачна, мы стаім на шляху пераходу да новых пераўтварэнняў і мадэрнізацыі Нацыянальнай сістэмы кваліфікацый ва ўнісон з міжнароднымі тэндэнцыямі, — заўважыў дэкан. — Гэтыя працэсы дазволяць наладзіць дакладнае разуменне паміж сістэмай адукацыі і заказчыкамі кадраў. На жаль, сёння сувязь паміж імі мала ў якой галіне існуе. Адукацыя глядзіць на рэальны сектар эканомікі сваімі вачыма і інтэрпрэтуе па-свойму тое, што бачыць. Пры мадэрнізаванай Нацыянальнай сістэме кваліфікацый будзе зусім інакш. Будуць дакладна вызначаны патрабаванні заказчыкаў кадраў у тым, якія ім патрэбны спецыялісты, якія кампетэнцыі яны павінны мець. Асноўны пасыл павінен ісці ад рэальнага сектара. Гэтыя патрабаванні будуць прадстаўлены ў Нацыянальнай рамцы кваліфікацый і ў прафесійным стандарце, згодна з чым сістэма адукацыі і будзе рыхтаваць неабходныя кадры.
Мяркуецца, што рамка кваліфікацый і прафесійны стандарт будуць мець пакуль рэкамендацыйны характар на перыяд пераходу на міжнародны класіфікатар відаў эканамічнай дзейнасці. Немагчыма замацаваць гэтыя патрабаванні да прафесійных ведаў навечна. Яны павінны карэкціравацца з цягам часу ў залежнасці ад тых запытаў, якія прад’яўляе рынак працы.
— Наша адукацыя павінна мабільна, гібка рэагаваць на патрабаванні заказчыкаў кадраў, — падкрэсліў Валерый Аляксандравіч.— З аднаго боку, забяспечыць базісны ўзровень гэтых патрабаванняў, а з другога — аператыўна рэагаваць на нюансы. Трэба лічыцца і з падводнымі камянямі. Не сакрэт, што задача бізнесу — зарабіць паболей грошай, і як мага хутчэй, і не заўсёды ён ставіць мэты на далёкую перспектыву.
Сёння з боку IT-сферы прад’яўляюцца свае патрабаванні, па многіх напрамках падрыхтоўкі ў заказчыкаў кадраў ёсць свае прэтэнзіі. Чаго не хапае сённяшняму выпускніку УВА, які прыйшоў працаваць у IT-сферу? Па меркаванні заказчыкаў, сёння студэнтам не стае фундаментальнай падрыхтоўкі, базавых ведаў. Яны, напрыклад, могуць выву-чыць нейкую тэхналогію, але патрэбны добрыя базавыя веды і па іншых напрамках IT-сферы. Улічваючы, што падрыхтоўка на першай ступені вышэйшай адукацыі доўжыцца 4 гады, важна вызначыцца, як правільна на гэтай ступені рыхтаваць спецыялістаў.
— Напэўна, не трэба ўсе ж такі на гэтай першай ступені некаторыя тэхналогіі вывучаць вельмі ўжо дасканала і глыбока, — заўважыў дэкан факультэта. — Лепш паўнацэнна даць базавыя веды, асновы праграмавання, якія, як правіла, стабільныя, устойлівыя і хутка не мяняюцца. Важна пры гэтым, каб у спецыяліста не было прабелаў па гэтай базе, тады яму намнога прасцей будзе засвоіць новую тэхналогію і быць мабільным у адпаведнасці з рыначнымі запытамі.
Такую настройку на новыя патрабаванні можна рабіць у тым ліку і на другой ступені вышэйшай адукацыі. Калі ўзнікае патрэба ў спецыялісце па той ці іншай новай тэхналогіі, то для яе за 2 гады на другой ступені можна аператыўна падрыхтаваць такога спецыяліста. Важна пры гэтым з боку сістэмы адукацыі ўлічыць усе акалічнасці ў падрыхтоўцы кадраў і граматна сфарміраваць базавыя кампетэнцыі.
В.А.Прыткоў адзначыў важнасць у навучанні студэнтаў практыканакіраванасці вучэбнага працэсу. З гэтай мэтай сумесна з рэзідэнтамі Парка высокіх тэхналогій на факультэце створаны 12 лабараторый, дзе пастаянна абнаўляецца тэхніка. Гэтая вучэбная база дазваляе арганізаваць практыка-накіраваную падрыхтоўку студэнтаў БДУІР. У іх рэгулярна праводзяцца трэнінгі і майстар-класы для студэнтаў факультэта і ўвогуле ўніверсітэта. Акрамя таго, ва ўстанове створана 5 адукацыйных цэнтраў сусветных брэндаў. Стварыць іх ва ўніверсітэце дапамаглі айчынныя і замежныя прадпрыемствы па IT-тэхналогіях, якія прадаставілі бясплатна праграмнае забеспячэнне, іншы раз і абсталяванне, аказалі метадычную падтрымку. Дзякуючы такой падрыхтоўцы, на гэтай базе студэнты павышаюць сваю кампетэнтнасць па новых тэхналогіях і могуць нават атрымаць акадэмічныя або прафесійныя сертыфікаты, што падымае каштоўнасць іх ведаў на рынку працы.
— Практыка-накіраваная падрыхтоўка ў нас вядзецца вельмі актыўна, і мы імкнёмся максімальна яе развіваць, — адзначыў В.А.Прыткоў. — Ёсць ускосны доказ гэтаму — неаднаразовыя перамогі нашых студэнтаў на рэспубліканскіх і міжнародных спаборніцтвах, у тым ліку ў чэмпіянаце свету па праграміраванні. Падрыхтоўка, як бачна, у нас добрая, і нашы IT-спецыялісты каціруюцца на міжнародным рынку.
Што тычыцца фундаментальнай падрыхтоўкі, то, у адпаведнасці з прапановамі заказчыкаў кадраў, мяркуецца пашырыць падрыхтоўку па дыскрэтнай матэматыцы як важнейшага складніка інфармацыйных тэхналогій. Акрамя таго, улічваючы тое, што ў асноўным усе кампаніі IT-сферы працуюць з замежнымі кампаніямі, спецыялістам неабходна валоданне англійскай мовай як асноўным сродкам міжнародных зносін. Напрыклад, заказчыкі кадраў прапаноўваюць, каб студэнты вывучалі ўсе 4 гады англійскую мову. Як гэта зрабіць? За кошт якіх вучэбных гадзін? Няўжо за кошт праграмавання альбо дыскрэтнай матэматыкі? Лепш арганізаваць вывучэнне англійскай мовы не за кошт іншых вучэбных прадметаў, а іншых форм навучання, напрыклад, курсаў, факультатываў. Можна выкарыстаць іншыя адукацыйныя ўстановы. Цяпер у БДУІР замежную мову студэнты вывучаюць год, але менавіта тую мову, якую яны вывучалі папярэдне ў школе. Напэўна, ёсць сэнс перайсці на іншую схему, калі ў IT-сферы прэваліруе англійская мова, то няхай усе студэнты вучаць англійскую мову, але ў залежнасці ад узроўню: на базавым, пачатковым або на павышаным узроўні. Прымяркоўваецца ажыццявіць такое навучанне ў перспектыве. І гэта вельмі важная прыкмета ва ўдасканаленні вучэбнага працэсу згодна з тымі патрабаваннямі, якія прад’яўляюць заказчыкі.

Ала КЛЮЙКО.

“#IT_link” — конкурс высокіх тэхналогій

“#IT_link” — новы конкурс, прыняць удзел у якім сёлета прапанавалі ўсім жадаючым яго арганізатары — адміністрацыя Парка высокіх тэхналогій, упраўленне адукацыі Мінаблвыканкама і Мінскі абласны інстытут развіцця адукацыі. Галоўная мэта конкурсу — папулярызацыя тэхнічнай адукацыі сярод моладзі і стымуляванне вучняў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі Рэспублікі Беларусь да працягу навучання па інжынерных, камп’ютарных і іншых тэхнічных спецыяльнасцях, да развіцця тэхнічных і творчых уменняў і навыкаў.

Хоць конкурс і праводзіўся ўпершыню, прыняць удзел у ім адразу ж захацелі многія, бо сёння моладзь актыўна цікавіцца інфармацыйнымі тэхналогіямі. І арганізатары далі такую магчымасць беларускім школьнікам любога ўзросту.
Вучні 1—3 класаў бралі ўдзел у намінацыі “ІТ вачыма дзяцей”. Яны дасылалі на конкурс малюнкі, у якіх адлюстроўвалі свае ўяўленні аб інфармацыйных тэхналогіях, а таксама прысвечаныя тэхналогіям аўтаматызацыі і робататэхнікі. Самыя маленькія ўдзельнікі аказаліся і самымі актыўнымі. На конкурс было заяўлена 400 работ.
Многа было і вырабаў, прадстаўленых у намінацыі “ІТ-фантазія”. Навучэнцы 4—6 класаў прадставілі на суд журы 103 шэдэўры дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва па тэме.
Да ўдзелу ў намінацыі конкурсу “Прафесія ў ІТ” запрашаліся вучні 7—9 класаў. Яны стварылі праекты, якія адлюстроўвалі вынікі творчай работы вучня, накіраванай на папулярызацыю прафесій, звязаных з інфармацыйнымі тэхналогіямі. Жадаючых пазмагацца за перамогу ў гэтай намінацыі было 86.
Самае сур’ёзнае і складанае выпрабаванне прапанавалася вучням 10—11 класаў у намінацыі “ІТ-ідэя”. Кожны ўдзельнік прапанаваў гатовы прататып і праект, вынікам рэалізацыі якіх стаў выхад новага мабільнага дадатку. На першым этапе былі праведзены агульная і тэхналагічная экспертызы прадстаўленых праектаў. У якасці экспертаў выступілі спецыялісты кампаній — рэзідэнтаў Парка высокіх тэхналогій, эксперты ў галіне інфармацыйных тэхналогій, а таксама спецыялісты ў галіне эканамічнай экспертызы і арганізацыі фінансавання інавацыйных праектаў. 9 работ прайшлі ў фінал. На фінальным этапе навучэнцы прэзентавалі свае праекты членам журы конкурсу, а таксама патэнцыяльным інвестарам.
За 7 хвілін кожны з іх павінен быў раскрыць перавагі прапанаванага праекта, ахарактарызаваць рынак, дзе прадукт можа быць запатрабаваны, апісаць стратэгію камерцыялізацыі, агучыць планавыя фінансавыя паказчыкі і рызыкі праекта. Школьнікі прапанавалі дадатак-памочнік для паўтарэння пройдзенага матэрыялу, падрыхтоўкі да экзаменаў і кантрольных работ, канвертар цэн, дадатак у дапамогу турыстам, электронны дзённік. Лаўрэатамі конкурсу ў гэтай намінацыі сталі Канстанцін Верын, навучэнец Пліскай сярэдняй школы імя В.А.Мікуліча Смалявіцкага раёна, Глеб Скрыпінскі, навучэнец Мінскага раённага ліцэя, і Глеб Ліннік, навучэнец гімназіі № 50 Мінска. А пераможцам у гэтай намінацыі стаў Ілья Карпук, вучань сярэдняй школы № 3 Старых Дарог. Яго праект SBox уразіў журы. Хлопец стварыў асяроддзе для распрацоўкі гульняў, працаваць у якім можна на камп’ютары і планшэце. Праграмаваннем Ілья займаецца з 7 класа. Над праектам SBox пачаў працаваць у лютым гэтага года. Упершыню прадставіў яго на абласным этапе конкурсу “ТэхнаІнтэлект” і там атрымаў дыплом ІІІ ступені. Потым сур’ёзна дапрацаваў SBox і ў выніку стаў пераможцам на ІТ- конкурсе. “Я і далей буду ўдасканальваць свой праект, улічваючы рэкамендацыі, якія атрымаў ад членаў журы конкурсу, — расказвае Ілья Карпук.— Гэта цудоўна, што на конкурсе журы было вельмі добразычлівым, дапамагала ўдзельнікам і падтрымлівала падчас выступленняў. Пасля завяршэння конкурсу ў кожнага была магчымасць задаць пытанні экспертам і атрымаць разгорнуты адказ. Наогул, конкурс мне спадабаўся, асабліва тым, што ён абуджае цікавасць да сферы высокіх тэхналогій нават у самых маленькіх”.
Сваю работу Ілья Карпук стварыў пад кіраўніцтвам настаўніцы інфарматыкі сярэдняй школы № 3 Старых Дарог Алены Фёдараўны Русаковіч. Алена Фёдараўна — перспектыўны і таленавіты педагог. У мінулым навучальным годзе яна была кіраўніком даследчай работы Паўла Бацылева, які стаў адным з чатырох фіналістаў конкурсу навучэнцаў Belarus Science and Engineering Fair-2014” і прадстаўляў Беларусь у ЗША на Міжнародным навукова-інжынерным конкурсе “Intel International Science and Engineering Fair 2014. Пазней створаны ім мабільны дадатак “Хімія Х10” стаў пераможцам конкурсу “100 ідэй для Беларусі”. Цяпер Павел ужо студэнт, а Алена Фёдараўна працягвае займацца з таленавітымі дзецьмі. Ужо сёння ў Ільі Карпука і Алены Фёдараўны мноства новых ідэй, якія яны плануюць рэалізаваць, каб паўдзельнічаць у новых конкурсах.
Наогул, на конкурсе “#IT_link” больш за 80 вучняў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі рэспублікі сталі ўладальнікамі дыпломаў і падарункаў. А яшчэ фіналісты і ўдзельнікі конкурсу наведалі музей развіцця інфармацыйных тэхналогій, пабывалі ў бізнес-інкубатары і на экскурсіі ў кампаніях — рэзідэнтах Парка высокіх тэхналогій.

Дар’я РЭВА.
Фота прадастаўлена МАІРА.

ІТ-моладзь асвойвае новы бізнес-інкубатар ПВТ

У пятніцу ў новым бізнес-інкубатары Парка высокіх тэхналогій прайшоў Рэспубліканскі форум “Моладзь у IT-2015”. Мерапрыемства стала пляцоўкай для абмеркавання сучасных трэндаў і выклікаў у сферы інфармацыйных тэхналогій, а таксама перспектыў развіцця маладзёжнага стартап-руху.
На форум былі запрошаны маладыя людзі, якія звязалі або маюць намер звязаць сваё жыццё з інфармацыйнымі тэхналогіямі, і пачынаючыя прадпрымальнікі ў ІТ-сферы. Сакрэтамі, як дасягнуць поспеху ў рэалізацыі IT-праектаў, з імі дзяліліся топ-менеджары кампаній — рэзідэнтаў Парка высокіх тэхналогій, а таксама маладыя прадпрымальнікі, якія паспяхова запусцілі свае стартапы.
Другой часткай форуму стаў MENTOR DAY 2 — мерапрыемства, дзе аўтары камерцыйных ідэй атрымалі практычную дапамогу для развіцця стартапаў ад прызнаных лідараў ІТ-індустрыі.

ПВТ — гэта візітоўка Беларусі

Аб перспектывах развіцця ІТ-сферы вельмі красамоўна сведчаць факты. Як паведаміў, вітаючы ўдзельнікаў форуму, старшыня Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Міхаіл Уладзіміравіч Мясніковіч, у мінулым годзе сальда інфармацыйных паслуг у нашай краіне перавысіла 680 мільёнаў долараў.
“Гэта чысты прыток валюты ў краіну, 30% ад сальда ўсёй сістэмы Міністэрства прамысловасці”, — падкрэсліў М.У.Мясніковіч, адзначыўшы, што Парк высокіх тэхналогій з’яўляецца сёння візітоўкай Беларусі.
“Калі мы рыхтавалі абгрунтаванне стварэння ПВТ, то думалі, што атрымае з гэтага наша краіна, — расказаў дырэктар адміністрацыі ПВТ Валерый Вільямавіч Цапкала. — Меркавалі, што праз 10 гадоў работы парка (да 2016 года) экспарт паслуг у ІТ-галіне можа дасягнуць 300—350 мільёнаў долараў. Прычым гэта быў супераптымістычны прагноз, бо на той час уся наша краіна, уключаючы такія дзяржаўныя прадпрыемствы, як “Агат-сістэмз”, НДІ ЭВМ, завод імя Арджанікідзэ і іншыя, а таксама ўсе прадпрыемствы прыватнай формы ўласнасці, экспартавала праграмнае забеспячэнне прыкладна на 16 мільёнаў долараў. Уявіць сабе, што праз 10 гадоў мы дасягнем экспарту ў 300—350 мільёнаў долараў пры тэмпе росту сусветнай ІТ-індустрыі ў 3—5%, здавалася даволі фантастычным. Аднак прайшло ўсяго 8 гадоў — і мы ўжо выйшлі на 600 мільёнаў экспарту, Беларусь стала заўважнай краінай у ІТ-сферы”.
Валерый Вільямавіч адзначыў, што, паводле меркавання аналітыкаў Garter, да 2018 года ў традыцыйных сектарах эканомікі адбудзецца скарачэнне рабочых месцаў прыкладна ўдвая. У той жа час занятасць у ІТ-галіне будзе ўзрастаць. “Гэта значыць, што і сістэма адукацыі, і ўся сістэма дзяржаўнага рэгулявання павінны выбудоўвацца з улікам названай тэндэнцыі”, — заявіў кіраўнік адміністрацыі ПВТ.
“Што да бізнес-інкубатара, то мы пабудавалі яго для моладзі, каб чалавек, у якога ёсць ідэя, мог сустрэцца з чалавекам, здольным рэалізаваць гэтую ідэю, — заўважыў Валерый Цапкала. — Самы яркі прыклад, які натхняе людзей ва ўсім свеце, — гэта падобная сустрэча Стыва Джобса са Стывам Вознякам. Сустрэча чалавека, які скончыў усяго два курсы правінцыяльнага ўніверсітэта, але быў апантаны ідэяй, і таленавітага інжынера, які змог ажыццявіць гэтую ідэю. Вынікам стала кампанія Apple, чыя рыначная капіталізацыя скаладае звыш 600 мільярдаў долараў, — гэта ўтрая больш, чым кошт “Газпрама”. Пры гэтым многія задаюцца пытаннем: колькі будзе каштаваць “Газпрам” пасля таго, як скончыцца газ? У той жа час як пастаянны прыток таленту робіць кампанію Apple ўсё больш дарагой і канкурэнтаздольнай”.
Валерый Цапкала адзначыў, што асноўны капітал ПВТ — гэта светлыя галовы. І бізнес-інкубатар павінен стаць тым асяроддзем, дзе людзі змогуць сустракацца, абмяркоўваць свае ідэі, вучыцца адно ў аднаго і ствараць новыя праекты.
“Я ўпэўнены, што тут будуць нараджацца новыя беларускія брэнды, такія, напрыклад, як вядомыя ва ўсім свеце Viber, Wargaming і іншыя, — заявіў Валерый Вільямавіч Цэпкала. — А таму выдумляйце, спрабуйце, не бойцеся памыляцца, пастаянна рухайцеся наперад — і вам будзе спрыяць поспех!”

Ад ідэі — да паспяховага прадукту

Яркім прыкладам для беларускіх стартап-кампаній з’яўляецца рэзідэнт ПВТ кампанія “АпалонАпс”, якая надзейна асталявалася ў рэйтынгах сусветных распрацоўшчыкаў мабільных дадаткаў. Колькасць загрузак дадаткаў, распрацаваных гэтай кампаніяй, налічвае сотні мільёнаў.
Топ-менеджар кампаніі Дзмітрый Карней падзяліўся з удзельнікамі форуму вопытам арганізацыі каманднай работы і паспяховага стварэння топавых мабільных дадаткаў. У прыватнасці, ён расказаў, што гісторыя кампаніі пачалася больш як 10 гадоў назад з маленькай вэб-студыі, якая была рада першаму заказу на 2 тысячы долараў. Сёння “АпалонАппс” з’яўляецца часткай міжнароднага інтэрнэт-гіганта IAC/InterActiveCorp (ЗША), якому належыць больш як паўтары сотні ІТ-брэндаў і прадуктаў. Кампанія распрацоўвае мабільныя дадаткі для смартфонаў, планшэтаў, а таксама такіх навамодных устройстваў, як электронныя гадзіннікі. І яе прадукты пастаянна знаходзяцца на высокіх пазіцыях у GooglePlay і іншых маркетах дадаткаў.
Дзмітрый Карней адзначыў, што сёння на рынак мабільных дадаткаў скіраваны позіркі розных катэгорый спецыялістаў. Многія сур’ёзныя бізнесмены, нават вельмі далёкія ад інфармацыйных тэхналогій, мараць стварыць які-небудзь дадатак. І нават школьнікі спрабуюць свае сілы ў стварэнні дадаткаў для мабільных устройстваў.
“Аднак будзем шчырымі: большасць мабільных дадаткаў правальныя, — гаворыць Дзмітрый Карней. — Гэтая жорсткая рэальнасць прыводзіць многіх распрацоўшчыкаў да заключэння, што трапіць у ТОП-100 — гэта ўсё роўна, што разбагацець на залатой ліхаманцы”.
Але ў чым тады сакрэт кампаніі “АпалонАпс”, чые дадаткі становяцца хітамі? “Адказ просты, — гаворыць Дзмітрый. — Мы хочам зрабіць нашы дадаткі не проста паспяховымі, а цудоўнымі. Гэтага можна дасягнуць толькі шляхам захавання стандартаў распрацоўкі і гранічнай увагі да дэталей. Любая распрацоўка — гэта канвеер. Ідэя фіксуецца ў праекце, потым ідзе фаза дызайну, затым сама распрацоўка, тэсціраванне, доўгачаканы рэліз, маркетынг і падтрымка. За гэтым ідзе абнаўленне, якое зноў паўтарае ўсе этапы… Дадатак павінен мець пад сабой фундамент цэльнай ідэі — менавіта гэта вызначае поспех”.
Дзмітрый Карней перасцярог моладзь ад спакусы адразу рэалізоўваць ідэі, якія прыйшлі ў галаву сярод ночы ці падчас ранішняга душа. Па яго словах, ідэю заўсёды важна ацаніць з пункту гледжання перспектывы.
“Вельмі важнай умовай для паспяховага дадатку з’яўляецца дызайн, — адзначыў Дзмітрый. — Прыгожыя дадаткі лепш прадаюцца, прыносяць карыстальнікам больш задавальнення і падаюцца больш карыснымі ў параўнанні з нязграбнымі дадаткамі. Мы стараемся надаць нашым работам рысы элегантнасці, прастаты і густу”.
Таксама надзвычай важна напісаць якасны код. “Так, дадатак можа працаваць і на пасрэдным кодзе, але, каб унесці ў праграму нейкія змены, хутчэй за ўсё, трэба будзе перарабляць усё з чыстага аркуша, — тлумачыць Дзмітрый Карней. — А якасны, бездакорна напісаны код дае магчымасць рабіць своечасовыя абнаўленні, што неабходна для працяглага поспеху”.
Топ-менеджар падрабязна расказаў удзельнікам форуму пра ўсе этапы распрацоўкі і прасоўвання дадатку на рынак, адзначыўшы, што ў гэтай справе няма дробязей і што ўсе этапы аднолькава адказныя.
“І вось ваш дадатак выйшаў на рынак. Ён расце ў рэйтынгу, радуе ўсю каманду — і раптам, літаральна праз два тыдні, на рынку з’яўляецца некалькі падобных дадаткаў, — расказвае Дзмітрый Карней. — Ідэі крадуць бязбожна, не саромеючыся, абсалютна паўтараюць і дызайн, і інтэрфейс карыстальніка. Вядома, чым больш унікальная распрацоўка, чым больш часу ў яе ўкладзена, тым больш складана зрабіць падробку. Тым не менш вельмі важна мець у камандзе спецыялістаў, якія могуць аператыўна рэагаваць на любыя парушэнні аўтарскіх правоў”.
Дзмітрый Карней перакананы, што прычына поспеху кампаніі “АпалонАпс” — гэта выдатная каманда, дзе працуюць інжынеры-праграмісты, бізнес-аналітыкі, дызайнеры, інжынеры-тэсціроўшчыкі, менеджары праектаў, маркетолагі, кантэнт-менеджары, юрысты, эканамісты… І кожны з гэтых людзей робіць уклад у агульную справу.
“Сярод нашых спецыялістаў ёсць былыя настаўнікі, выхавальнікі дзіцячых садоў, шэф-кухар рэстарана, медбрат і нават адзін маёр міліцыі, — расказвае Дзмітрый Карней. — Гэта якраз той выпадак, калі неабавязкова 5 гадоў вучыцца ва ўніверсітэце, каб працаваць у ІТ-сферы. Усё залежыць ад жадання чалавека і практыкі. І калі вы хочаце стаць ІТ-спецыялістам, то вам давядзецца шмат чытаць і замацоўваць прачытанае на практыцы. Важна разумець, што добры софт — гэта не проста праграмы, зробленыя без памылак. Добры софт павінен быць прыгожым, элегантным і зручным для карыстальнікаў. Недарэмна па законе аб аўтарскім праве камп’ютарная праграма прыраўноўваецца да літаратурнага твора. Толькі ўклаўшы душу і талент, можна стварыць сапраўдны твор мастацтва і дасягнуць поспеху”.

From zero to hero

Сузаснавальнік і тэхнічны дырэктар кампаніі Viber Ігар Магазіннік расказаў удзельнікам форуму, што трэба ведаць, каб стварыць паспяховую кампанію. “Тут няма ніякіх сакрэтаў, — заўважыў Ігар. — Усё вельмі проста і складана адначасова”.
Ён расказаў, што калі ў снежні 2010 года Viber быў запушчаны на рынак, то ён працаваў толькі на айфонах і там не было таго сеткавага багацця, да якога ўсе прывыклі, былі толькі галасавыя званкі. “Але нас ашаламіла, што за першыя тры дні пасля выпуску прадукту ў яго з’явіўся мільён карыстальнікаў. І гэта пры тым, што не было ніякай рэкламы! — гаворыць Ігар Магазіннік. — Мы зразумелі, што будзе цікава”.
Сёння Viber мае 573 мільёны карыстальнікаў, больш як палова якіх актыўныя. У кампаніі працуе больш чым 250 супрацоўнікаў па ўсім свеце: офісы ёсць у Мінску, Тэль-Авіве, Амстэрдаме, Лондане, Бостане, Токіа і іншых гарадах. Дарэчы, у мінулым годзе Viber за 900 мільёнаў долараў выкупіла японская карпарацыя Rakuten.
“У нас часта пытаюцца, у чым прычына поспеху. Але калі б хтосьці меў рэцэпт, якім можна было б скарыстацца, то, напэўна, ён стаў бы вельмі багатым чалавекам, — гаворыць Ігар Магазіннік. — Я лічу, што проста мы зрабілі неабходны прадукт у неабходны час. Тэлефанаванні, асабліва міжнародныя, у 2010 годзе каштавалі вельмі дорага, і людзям спадабалася рабіць гэта бясплатна. Калі чалавеку хацелася камусьці патэлефанаваць, ён павінен быў парэкамендаваць іншаму чалавеку ўстанавіць Viber. Так спрацоўваў сеткавы эфект. Viber імгненна пачаў набіраць папулярнасць”.
Зрэшты, галоўным складнікам поспеху Ігар Магазіннік адназначна лічыць добрую каманду. “Многія думаюць, што важней за ўсё ідэя, але гэта не так, — гаворыць Ігар. — Ідэй у свеце вялікае мноства, але прарыўных сярод іх мала. Таму самае галоўнае — гэта ўсё ж такі каманда, без якой не атрымаецца нічога. У сваім жыцці я бачыў шмат кампаній, у якіх была выдатная ідэя, але яна правалілася. З іншага боку, бачыў шмат кампаній, у якіх была вельмі дрэнная ідэя, але прафесійная каманда мяняла гэтую ідэю і прыходзіла да поспеху. Тая ж кампанія Wargaming пачынала не з “танчыкаў”, а са значна менш паспяховых праектаў, але была вельмі таленавітая каманда, якая ўсё ж такі знайшла свой прадукт”.
Ігар Магазіннік звярнуў увагу ўдзельнікаў форуму на неабходнасць заўсёды рабіць работу над памылкамі, каб зразумець, што ішло правільна, а што — не зусім. “Адной з нашых памылак была першая версія Viber, — расказаў Ігар. — Напачатку мы вырашылі зрабіць мінімальны прадукт, дзе былі толькі галасавыя званкі. І хаця вельмі хутка, літаральна ў наступнай версіі, з’явілася функцыя рассылкі паведамленняў, нам давялося больш як два гады змагацца з тым, што карыстальнікі ўспрымалі Viber выключна як праграму для бясплатных званкоў. Вось чаму важна прадбачыць, як вашы карыстальнікі ўспрымуць прадукт спачатку, бо, магчыма, гэтае ўспрыманне замацуецца надоўга”.
Дарэчы, Ігар Магазіннік заўважыў, што многія карыстальнікі пытаюцца, калі будуць відэазванкі на мабільных тэлефонах. А яны з’явіліся ўжо паўгода назад!
І яшчэ адно папярэджанне ад Ігара Магазінніка пра непатрэбны перфекцыянізм. “Як вядома, у Viber ёсць магчымасць перасылкі гукавых паведамленняў, — расказаў Ігар. — Чалавек націскае на кнопачку, запісвае паведамленне і адсылае яго іншаму чалавеку. Гэта вельмі простая рэч, і распрацоўка адпаведнай праграмы заняла ў нас прыкладна месяц. Але мы вырашылі, што так не зусім зручна: пакуль чалавек запісвае паведамленне, пакуль яно загружаецца на сервер, пакуль чалавек на другім канцы яго праслухае, праходзіць некаторы час. І мы вырашылі ўдасканаліць праграму так, каб чалавек пачынаў запісваць паведамленне на адным канцы, а чалавек на другім канцы пачынаў ужо яго слухаць. Гэтая работа заняла ў нас паўгода, і мы былі вельмі рады. Аднак калі мы выпусцілі распрацоўку на рынак, то высветлілася, што карыстальнікам абсалютна няважна, як усё гэта працуе. Мы ж патрацілі цэлых паўгода! Таму не трэба быць перфекцыяністамі і перарабляць тое, што і так добрае”.
Ігар Магазіннік спытаў у прысутных, хто з іх хацеў бы стварыць уласны стартап. Амаль усе маладыя людзі паднялі рукі. Аднак Ігар заўважыў, што ў гэтай справе не павінна быць ілюзій: “Напрыклад, Ізраіль лічыцца вельмі спрыяльным асяроддзем для развіцця стартапаў, у гэтай краіне іх велізарная колькасць. І вось там правялі даследаванне: узялі 10 тысяч стартапаў за апошнія 15 гадоў і паглядзелі, якія з іх сталі паспяховымі кампаніямі або хаця б вярнулі затрачаныя сродкі. Высветлілася, што толькі 2,5% стартапаў сталі паспяховымі кампаніямі, 4,8% вярнулі сродкі. І гэта ў спрыяльным Ізраілі! Таму трэба разумець: калі вы пачынаеце стартап — гэта нічога не гарантуе”.
Увогуле, Ігар Магазіннік лічыць, што перад пачаткам работы вельмі карысна вырашыць, што для каманды самае важнае: “Калі мы пачыналі праект, для нас былі важныя тры рэчы. Па-першае, Viber павінен быць бясплатным, і ён будзе бясплатным заўсёды (апладысменты!Г.С.). Па-другое, у нас ніколі не будзе старонняй рэкламы, бо нас саміх як карыстальнікаў гэта раздражняе (зноў апладысменты!Г.С.), хаця, безумоўна, гэта вельмі просты спосаб зарабіць грошы. І па-трэцяе, мы вырашылі, што для нас важны не толькі вынік, але і працэс, бо ў кампаніі мы праводзім асноўную частку жыцця. Таму мы і будавалі кампанію, якая не проста эфектыўная і прафесійная, а дзе працаваць у радасць”.

Mentor Day 2

У рамках форуму прайшоў таксама конкурс стартапаў Mentor Day 2 (першы адбыўся год назад). Сёлета для ўдзелу ў конкурсе было пададзена больш як паўсотні праектаў. Сярод іх былі вылучаны 8 найбольш перспектыўных, якія атрымалі дэталёвую экспертную і фінансавую падтрымку, а таксама спецыяльныя прызы.
Пераможцам Mentor Day 2 экспертнае журы прызнала каманду праекта GuideMe. Гэта мабільны дадатак для турыстаў, які будуе персаналізаваныя маршруты па славутасцях у любым кутку свету, беручы пад увагу ўласныя інтарэсы карыстальніка, даступны для яго час, папулярнасць месцаў і іншыя фактары.
Па рашэнні арганізатараў (ПВТ разам з суполкай Social Weekend) каманда-пераможца адправіцца на конкурс стартапаў Міжнароднай ІТ-канферэнцыі SLUSH-2015 (лістапад-2015, Хельсінкі, Фінляндыя).

Галіна СІДАРОВІЧ.

Філіялы кафедр у ПВТ — больш высокая ступень збліжэння ўніверсітэтаў з вытворчасцю

У Парку высокіх тэхналогій урачыста адкрылі філіялы адразу шасці кафедр БДУ і БДУІР. Гэты ўнікальны праект, які рэалізавала кампанія “ЭПАМ Сістэмз”, дазволіць дапоўніць тэарэтычныя веды студэнтаў практычнымі навыкамі, а ў выніку — спрасціць адаптацыю дыпламаваных спецыялістаў і павысіць іх канкурэнтаздольнасць на ІТ-рынку.

Філіялы кафедр двух універсітэтаў пачнуць працаваць у верасні на базе Адукацыйнага цэнтра ПВТ, дзе для гэтага спецыяльна абсталявалі памяшканні. Свае падраздзяленні ў парку займелі кафедры бія- і нанамеханікі, вэб-тэхналогій і камп’ютарнага мадэлявання, функцыянальнага аналізу механіка-матэматычнага факультэта БДУ, а таксама праграмнага забеспячэння інфармацыйных тэхналогій, электронных вылічальных машын, інфарматыкі факультэта камп’ютарных сістэм і сетак БДУІР.
Для Парка высокіх тэхналогій выбудоўванне цеснага ўзаемадзеяння з установамі адукацыі — ужо традыцыя. Як вядома, кампаніі-рэзідэнты адкрылі нямала лабараторый ва ўніверсітэтах. У БДУІР, напрыклад, разам з ІТ-прадпрыемствамі створаны 32 вучэбна-навукова-вытворчыя лабараторыі. “Гэта ўклад у агульную справу падрыхтоўкі ІТ-спецыялістаў для краіны, таму што кампанія, якая стварае лабараторыю, бярэ на работу толькі частку выпускнікоў, а ўмовы навучання паляпшае для ўсіх”, — падкрэсліў падчас урачыстай цырымоніі ў ПВТ рэктар БДУІР Міхаіл Батура.
Акрамя таго, універсітэт мае на гэты момант 26 філіялаў кафедр на вытворчасці. Міністр адукацыі Сяргей Маскевіч адзначыў, што колькасць такіх падраздзяленняў на прадпрыемствах расце, але адкрыццё філіялаў у ПВТ — асаблівы выпадак. Ён азначае, што адукацыйная дзейнасць перамяшчаецца на вытворчасць, а гэты працэс знаходзіцца яшчэ ў самым пачатку. Для студэнтаў надзвычай карысна вучыцца ў прафесійным асяроддзі, вырашаць рэальныя прыкладныя задачы, лічыць міністр.
Адкрыццё філіялаў універсітэтаў на базе парка — сапраўды іншы маштаб супрацоўніцтва і больш высокая ступень збліжэння вышэйшай адукацыі і ІТ-індустрыі. Як лічаць у ПВТ, новы механізм узаемадзеяння дазволіць адукацыі больш аператыўна рэагаваць на патрэбы рынку працы і ўносіць неабходныя карэктывы ў вучэбны працэс. Напрыклад, работа філіялаў мае на ўвазе ўдзел спецыялістаў ІТ-кампаній у падрыхтоўцы вучэбных праграм і матэрыялаў.
На думку дырэктара адміністрацыі ПВТ Валерыя Цапкалы, узаемны ўлік патрэб ІТ-бізнесу і сістэмы адукацыі стане залогам далейшага паспяховага развіцця парка, як некалі цесны кантакт знакамітага Стэнфардскага ўніверсітэта з хайтэк-кампаніямі прывёў да бурнага развіцця высокіх тэхналогій у Крэмніевай даліне ЗША. Зараз беларускі ПВТ налічвае 124 кампаніі-рэзідэнты і каля 15 тысяч супрацоўнікаў.
Што да “ЭПАМ Сістэмз”, то кампанія назапасіла значны вопыт у арганізацыі вучэбнага працэсу: яе лабараторыі адкрыты ў вядучых установах вышэйшай адукацыі не толькі сталіцы, але і рэгіёнаў. Усяго іх 27.
“У свой час “ЭПАМ”, які стаў першым рэзідэнтам ПВТ, устанавіў высокую планку прафесіяналізму для беларускіх праграмістаў і адпаведна для сістэмы адукацыі, — сказаў Валерый Цапкала. — Патрэбны былі спецыялісты, якія валодалі б самымі сучаснымі тэхналогіямі і маглі распрацоўваць камп’ютарныя праграмы, запатрабаваныя на сусветным рынку”.
Нядзіўна, што “ЭПАМ” стаў ініцыятарам супрацоўніцтва з універсітэтамі. На гэты момант кампанія працуе з 11 установамі вышэйшай адукацыі нашай краіны, ствараючы істотныя перавагі для студэнтаў.
“Ва ўсім свеце ёсць разрыў паміж тым, чаму вучаць у вышэйшай школе і што патрабуецца на вытворчасці”, — адзначыў заснавальнік і кіраўнік “ЭПАМ Сістэмз” Аркадзь Добкін. Ён прыхільнік такога падыходу вядучых заходніх універсітэтаў, калі студэнты апошніх двух курсаў ад 25 да 50 % вучэбнага часу праводзяць у кампаніях. Магчыма, праз філіялы кафедр у ПВТ і ў Беларусі ўдасца наблізіцца да падобнай мадэлі падрыхтоўкі ІТ-спецыялістаў.

Іна НІКІЦЕНКА.

nikitsenka@ng-press.by

Фота Алега ІГНАТОВІЧА.