Адукацыйнае партнёрства

На мінулым тыдні міністр адукацыі нашай краіны Ігар Карпенка сустракаўся з паслом Вялікабрытаніі Фіёнай Гіб. Сустрэча насіла рабочы характар і праходзіла ў Міністэрстве адукацыі.

Спадарыня Фіёна для абмеркавання прапанавала два пытанні. Найперш яна запрасіла міністра прыняць удзел у Міжнародным адукацыйным форуме, які мае адбыцца ў канцы студзеня ў Лондане. “Форум — гэта не толькі абмен адукацыйнымі дасягненнямі і абмеркаванне праблем і перспектыў у адукацыі. Гэта яшчэ і выдатная пляцоўка для ўсталявання новых кантактаў”, — адзначыла Фіёна Гіб.

Акрамя таго, у 2017 годзе будзе адзначацца 25-годдзе ўсталявання дыпламатычных адносін паміж Беларуссю і Вялікабрытаніяй, і пасол адзначыла, што рыхтуецца спецыяльная праграма, мэта якой — паказаць важнасць і значнасць гэтых адносін для абедзвюх краін.

Другім пытаннем візіту Фіёны Гіб стала папярэдняе абмеркаванне ўдзелу Вялікабрытаніі ў Міжнароднай кніжнай выставе-кірмашы, якая пройдзе ў Мінску ў пачатку лютага. Плануецца, што Англія стане ганаровым госцем на выставе, і спадарыня Фіёна падзялілася планамі пабудовы англійскага стэнда.

“У нас будзе вялікі стэнд, на якім мы хочам аддаць даніну англійскай мове і адукацыі. Плануецца, што падчас выставы пройдуць не толькі аўтограф-сесіі нашых літаратараў, але і майстар-класы англійскіх выкладчыкаў, топавых метадыстаў, якія раскажуць, як вучыць англійскай мове па-сучаснаму. Мы прадэманструем сучасную вучэбную літаратуру па англійскай мове, і, магчыма, яна зацікавіць вашых выкладчыкаў і педагогаў”, — расказала пасол.

Фіёна Гіб адзначыла, што 2017 год будзе асаблівым для Беларусі, бо мы будзем адзначаць 500-годдзе беларускага кнігадрукавання. У Лондане ёсць музей Францы­ска Скарыны, прадстаўнік якога таксама будзе на кніжнай выставе.

У адказ міністр адукацыі Ігар Карпенка найперш падзякаваў за запрашэнне на Міжнародны адукацыйны форум і адзначыў, што Міністэрства адукацыі падтрымлівае ідэю дэманстрацыі англамоўнай вучэбнай літаратуры на кніжнай выставе-кірмашы.

“Мы таксама пакажам свае падручнікі, якія ў нас прадстаўлены як у друкаваным, так і электронным выглядзе. Нашы аўтары імкнуцца, каб беларуская вучэбная літаратура адпавядала ўсім сучасным патрабаванням і была ў сусветным трэндзе.

Разам з тым нас цікавіць метадычная літаратура па англійскай мове, якую можна было б выкарыстоўваць як у школах, так і ва ўніверсітэтах. Акрамя таго, было б вельмі карысна, калі б англійскія выкладчыкі маглі прыязджаць да нас, каб вучыць нашых школьнікаў і студэнтаў.

Мы разгледзелі б і магчымасці стажыровак беларускай моладзі ў Англіі, і англійскай у нас, у Беларусі. Мы можам прапанаваць вывучэнне як рускай, так і беларускай мовы. Мы былі б рады больш цеснаму супрацоўніцтву з англійскімі ўніверсітэтамі”, — сказаў Ігар Васільевіч.

Міністр запрасіў пасла Вялікабрытаніі ў студзені разам наведаць лінгвістычны ўніверсітэт і пабываць у вучэбна-метадычным цэнтры па вывучэнні англійскай мовы. І падчас той сустрэчы абмеркаваць канчатковыя нюансы арганізацыі англійскага стэнда на міжнародным кніжным кірмашы.

Пасол Вялікабрытаніі адзначыла, што прапрацуе ўсе прапановы, якія агучыў міністр адукацыі, і ў пачатку новага года яны змогуць абмеркаваць узаемавыгадныя ўмовы іх рэалізацыі.

Напрыканцы сустрэчы Ігар Карпенка перадаў у лонданскі музей Францыска Скарыны кнігу “Шляхамі Францыска Скарыны”, а Фіёне Гіб падарыў кнігу пра Беларусь.

Вольга ДУБОЎСКАЯ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.

На шляху да больш цеснага супрацоўніцтва

У чацвер адбылася сустрэча міністра адукацыі Ігара Карпенкі з паслом Германіі Петэрам Дэтмарам. Мерапрыемства прайшло па ініцыятыве нямецкага боку ў Міністэрстве адукацыі нашай краіны.

Размова пачалася са слоў спачування міністра адукацыі з нагоды трагедыі, якая нядаўна здарылася ў Берліне на калядным кірмашы. У адказ пасол Германіі падзякаваў і адзначыў, што супрацьстаяць тэрарызму можна толькі ў кансалідацыі. “Грамадства павінна быць моцным і згуртаваным”, — заўважыў Петэр Дэтмар.

Што тычыцца супрацоўніцтва ў сферы адукацыі, то паміж Беларуссю і Германіяй склаліся трывалыя сувязі, якія развіваюцца на розных узроўнях, асабліва актыўна паміж установамі адукацыі. Як заўважыў Ігар Карпенка, сёння паміж установамі агульнай сярэдняй адукацыі краін заключана каля 90 сумесных дагавораў.

“Увесь час адбываецца адукацыйны абмен, працуюць шматлікія праграмы, асабліва па падтрымцы вывучэння нямецкай мовы. Толькі ў вышэйшых навучальных установах каля 22 000 студэнтаў вывучаюць нямецкую мову, 6000 — як другую замежную мову. Акрамя таго, Германія — тая краіна, якая развівае і прасоўвае Балонскі працэс. У нас вучыцца шмат маладых людзей, якія ў будучыні будуць развіваць адносіны паміж нашымі краінамі”, — адзначыў Ігар Васільевіч.

Петэр Дэтмар запэўніў міністра ў тым, што наладжанае эфектыўнае супрацоўніцтва будзе працягвацца, і выказаў падзяку Міністэрству адукацыі за цеснае кантактаванне і рэалізацыю праекта па ўступленні Беларусі ў Балонскі працэс. Пасол таксама адзначыў, што Германія і далей будзе падтрымліваць нашу краіну ў поўным уступленні ў агульную еўрапейскую адукацыйную прастору. Акрамя таго, Петэр Дэтмар задаволены актыўным вывучэннем нямецкай мовы беларускімі школьнікамі і выказаў спадзяванне на працяг такой практыкі.

“Канечне, нямецкая мова не можа канкурыраваць з англійскай, але веданне нямецкай мовы будзе толькі спрыяць палепшэнню сацыяльных, эканамічных зносін. Акрамя таго, валоданне замежнымі мовамі дае магчымасць развівацца і ўключацца ў сусветную прастору”, — сказаў пасол Германіі.

Выгоды міжнароднага супрацоўніцтва адчулі беларускія ўніверсітэты, якія рэалізоўваюць сумесныя адукацыйныя праекты. Актыўнымі ў гэтым кірунку з’яўляюцца ВНУ Гомеля, Магілёва, Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт. Па словах нямецкага пасла, акадэмічнае супрацоўніцтва будзе працягвацца і ўзмацняцца. Ён прапанаваў спыніцца на зместавым напаўненні ўніверсітэцкага ўзаемадзеяння, бо існуе многа перспектыў у развіцці сумесных навуковых праектаў.

“У рэалізацыі паспяховага супрацоўніцтва вельмі добра зарэкамендаваў сябе падыход “знізу ўверх”, калі адносіны спачатку наладжваюцца не на ўзроўні ўніверсітэтаў, а паміж кафедрамі, факультэтамі. А затым, калі ўсталюецца структурнае супрацоўніцтва, універсітэты пачнуць працаваць на аснове дагавораў. Нам шмат чаго трэба будзе зрабіць, але мы з вамі стаім на правільным шляху развіцця для больш цеснага ўзаемадзяння”, — адзначыў пасол Германіі.

“Замежная мова будзе запатрабавана тады, калі будзе створаны трывалы падмурак для эканамічнага супрацоўніцтва паміж краінамі. І тое, што нашы адукацыйныя праекты развіваюцца ў тым ліку і ў межах гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва, гаворыць пра многае. Думаю, што ў рамках вывучэння нямецкай мовы было б карысна, каб мы, напрыклад, абменьваліся інфармацыяй пра развіццё ІТ, сучасных тэхналогій прамысловай вытворчасці. Трэба шукаць новыя падыходы, трэба падумаць пра іх кірункі і зместавае напаўненне”, — адказаў міністр адукацыі Ігар Карпенка.

Акрамя таго, ён прапанаваў аднавіць супрацоўніцтва ў рэалізацыі праектаў па развіцці сацыяльна-педагагічнай службы ў навучальнай установе. Вопыт нямецкіх калег па рабоце педагогаў-псіхолагаў, сацыяльных педагогаў быў бы для нас карысным.

“Для нас актуальнай з’яўляецца арганізацыя работы з дзецьмі-аўтыстамі. Нам не хапае навуковай і метадычнай базы, а спецыялісты патрабуюцца, таму было б цікава пазнаёміцца з праграмай падрыхтоўкі такіх спецыялістаў і практычным вопытам дыпламаваных спецыялістаў. Нам у Беларусі трэба ствараць сваю школу па гэтай тэме, каб развівацца і эфектыўна ўзаемадзейнічаць з соцыумам”, — адзначыў міністр.

Ігар Карпенка таксама прапанаваў выкарыстоўваць патэнцыял нашых універсітэтаў для вывучэння нямецкай моладдзю рускай і беларускай моў. Петэр Дэтмар падтрымаў гэтую ідэю. Хаця, магчыма, прапанаваць свае паслугі айчынныя ВНУ змогуць і самі. Плануецца, што ў канцы студзеня 2017 года дэлегацыя беларускіх рэктараў наведае ўніверсітэты Германіі.

Напрыканцы сустрэчы міністр адукацыі Ігар Карпенка павіншаваў пасла Германіі Петэра Дэтмара з надыходзячымі Калядамі і Новым годам і пажадаў спакою і дабрабыту яго сям’і і ўсяму нямецкаму народу.

Вольга ДУБОЎСКАЯ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.

Аляксандр ЛУКАШЭНКА: “На міжнароднай арэне сучасная Беларусь успрымаецца як надзейны і прадказальны партнёр”

Беларуская эканоміка з’яўляецца адной з самых адкрытых у свеце. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў на цырымоніі ўручэння даверных грамат пасламі замежных краін.

“Беларуская эканоміка з’яўляецца адной з самых адкрытых у свеце. Сёння разам з прыняццем мер, накіраваных на актывізацыю бізнесу, мы паглыбляем міжнародныя гандлёва-эканамічныя сувязі”, — сказаў прэзідэнт.

Ён адзначыў, што Беларусь — адна з дзяржаў — заснавальніц Еўразійскага эканамічнага саюза, які ўжо праз два гады пасля ўтварэння ўвайшоў у лік найбуйнейшых інтэграцыйных аб’яднанняў Еўразіі. “Упэўнены, што, развіваючы эканамічныя адносіны з Беларуссю, вы ацэніце сапраўды бязмежныя перспектывы, якія вынікаюць з магчымасці доступу на агульны рынак ЕАЭС”, — заявіў беларускі лідар.

Прэзідэнт адзначыў, што ў гэтым годзе Беларусь адзначае 25-годдзе свайго суверэнітэту. “За параўнальна кароткі перыяд быў пераадолены эканамічны спад, выкліканы развалам СССР, і фактычна адноўлена сацыяльна арыентаваная дзяржава. На гэты час намі праведзена сістэмная мадэрнізацыя практычна ўсіх галін і сектараў эканомікі”, — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Ён прывёў даныя, згодна з якімі на экспарт пастаўляецца больш за 50 працэнтаў тавараў, што выпускаюцца ў краіне. “Мы па праве ганарымся прынцыпова новымі напрамкамі гаспадарчай дзейнасці: атамнай энергетыкай, касмічнымі і біяхімічнымі тэхналогіямі, у ваенна-прамысловым комплексе”, — заявіў беларускі лідар.

Кіраўнік дзяржавы таксама нагадаў, што ў верасні гэтага года сфарміраваны новы склад Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь. “Лічу, гэта сур’ёзная падстава задумацца нам з вамі аб пашырэнні міжпарламенцкага ўзаемадзеяння. Спадзяюся, вы адыграеце істотную ролю ў дыялогу заканадаўчых галін улады нашых краін”, — сказаў прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што Беларусь адкрыта для цесных кантактаў і супрацоўніцтва і гатова рэалізоўваць узаемавыгадныя праекты. “Упэўнены, вы будзеце не толькі наглядальнікамі, якія аналізуюць працэсы, што адбываюцца ў Беларусі, але і зоймеце актыўную пазіцыю па пашырэнні практычных сувязей нашых дзяржаў”, — адзначыў кіраўнік дзяржавы.

“Мы нязменна выступаем за вырашэнне канфліктных сітуацый цывілізаваным шляхам — за сталом перагавораў. Без прымянення ваеннай сілы, без аказання палітычнага і эканамічнага націску. Сёння Мінск стаў значнай пляцоўкай для ўрэгулявання рэгіянальных крызісаў”, — заявіў кіраўнік дзяржавы.

Паводле яго слоў, на міжнароднай арэне сучасная Беларусь успрымаецца як надзейны і прадказальны партнёр. “Невыпадкова яна ўсё часцей асацыіруецца з “астраўком стабільнасці” ў рэгіёне, прытрымліваючыся такіх каштоўнасцей, як выключныя міралюбнасць і бяспека”, — адзначыў беларускі лідар.

“Асаблівую ўвагу мы ўдзяляем супрацоўніцтву з краінамі Еўрапейскага саюза, пашыраючы канструктыўную ідэю інтэграцыі інтэграцый. І ў гэтым плане ўскладаем надзеі ў першую чаргу на нашых суседзяў”, — адзначыў кіраўнік дзяржавы.

Літва з’яўляецца для Беларусі важным партнёрам у Еўропе, перш за ўсё ў знешнеэканамічнай сферы: “Мы даволі эфектыўна працуем у транспартна-транзітнай і інвестыцыйнай галінах. Трэба працягваць рухацца ў гэтым напрамку і максімальна выкарыстоўваць існуючы патэнцыял”.

Беларускі бок таксама адкрыты для плённага дыялогу з Фінляндыяй. “Для нашай краіны мае асаблівае значэнне прыцягненне інвестыцый і выкарыстанне сучасных фінляндскіх тэхналогій у мадэрнізацыі беларускіх прадпрыемстваў. У сваю чаргу мы гатовы прадаставіць усе неабходныя ўмовы для бізнес-праектаў з удзелам вашых кампаній”, — адзначыў прэзідэнт.

Беларусь гатова пашыраць і беларуска-эстонскія кантакты ва ўсіх сферах, уключаючы палітычнае і гандлёва-эканамічнае супрацоўніцтва. “Сёння нам неабходна асвойваць новыя перспектыўныя напрамкі ўзаемадзеяння. Напрамкаў супрацоўніцтва мноства, мы павінны мець вельмі блізкія адносіны”, — лічыць беларускі лідар.

Беларусь разлічвае на падтрымку Францыі ў выбудоўванні шматвектарнай палітыкі, адзначыў прэзідэнт. “Цяжка пераацаніць ролю Францыі як аднаго з палітычных і эканамічных “цяжкавагавікоў” Еўрапейскага саюза і ўсяго свету. Разлічваем на падтрымку Французскай Рэспублікай нашага курсу на шматвектарную знешнюю палітыку і большую ўключанасць краіны ў міжнародныя эканамічныя адносіны”, — заявіў беларускі лідар.

Яркім пацвярджэннем перспектыўнасці двухбаковага супрацоўніцтва прэзідэнт назваў паспяховую дзейнасць на беларускім рынку французскіх кампаній з сусветным імем. “Спадзяёмся, што сумеснымі намаганнямі нам удасца рэалізаваць новыя ўзаемавыгадныя інвестыцыйныя праекты”, — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

“Наша краіна зацікаўлена ў прагматычным узаемадзеянні з Люксембургам па ўсіх пытаннях двухбаковага рэгіянальнага і глабальнага супрацоўніцтва. Улічваючы статус Люксембурга як аднаго з фінансавых цэнтраў Еўропы, мы выступаем за нарошчванне кантактаў у галіне эканомікі, перш за ўсё ў крэдытна-інвестыцыйнай сферы”, — дадаў Аляксандр Лукашэнка.

“Для нашай краіны Ватыкан — асаблівы партнёр у міжнародным дыялогу. У нас склаліся выключнае ўзаемаразуменне і давер з кіраўнікамі Рымска-каталіцкай царквы і асабіста з Яго Святасцю Папам Рымскім Францыскам”, — падкрэсліў падчас цырымоніі ўручэння даверных грамат пасламі замежных краін кіраўнік беларускай дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка ўпэўнены, што пры новым Апостальскім нунцыю двухбаковае супрацоўніцтва захавае і ўмацуе традыцыйна дружалюбны і плённы характар.

“Для нашай краіны вельмі прывабны канадскі рынак. Разлічваем, што рашэнне ўрада Канады аб адмене абмежаванняў на гандаль з Беларуссю паслужыць наладжванню двухбаковага эканамічнага ўзаемадзеяння і паглыбленню палітычнага дыялогу”, — заявіў прэзідэнт.

“Лічу, што апошнія дзесяць гадоў — гэта час упушчаных магчымасцей у адносінах паміж нашымі краінамі. Нам трэба неадкладна нарошчваць нашы адносіны, пераадолець той правал, які адбыўся. Атрымаць урокі, каб не дапускаць у далейшым памылак. І пачынаць маштабнае супрацоўніцтва ад спорту да высокіх тэхналогій”, — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

Вялікую цікавасць для Беларусі ўяўляе і развіццё адносін з Інданезіяй, асабліва з улікам таго, што эканоміка гэтай краіны з’яўляецца найбуйнейшай сярод краін АСЕАН. “Мы нацэлены на ўмацаванне ўсебаковага ўзаемадзеяння і гатовы максімальна выкарыстоўваць існуючы гандлёва-эканамічны патэнцыял для пашырэння стратэгічных мэт абедзвюх дзяржаў”, — заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Ён дадаў, што адпаведныя задачы былі вызначаны ў час яго візіту ў Інданезію. “І мы павінны дабіцца выканання пастаўленых перад сабой задач”, — упэўнены беларускі лідар.

Паводле слоў прэзідэнта, у апошнія гады таксама прыкметна актывізаваны дыялог Беларусі і Манголіі: адноўлены кантакты на вышэйшым і высокім узроўнях, пашырана дагаворна-прававая база, узрасла інтэнсіўнасць гандлёва-эканамічных адносін. “Маем намер умацоўваць далейшае супрацоўніцтва, у тым ліку ў палітычнай, гандлёва-эканамічнай і гуманітарнай сферах, — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. — Наогул, мы Манголію ніколі не лічылі чужой краінай. Мы прытрымліваемся такой палітыкі”.

Прэзідэнт прыняў даверныя граматы ад паслоў Буркіна-Фасо, Інданезіі, Канады, Літвы, Люксембурга, Манголіі, Фінляндыі, Францыі, Эрытрэі, Эстоніі, Апостальскага нунцыя ў Беларусі.

Прэзідэнт запатрабаваў росту тавараабароту і новага ўзроўню супрацоўніцтва

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ставіць задачу дасягнуць у развіцці супрацоўніцтва Беларусі і Кітая новага якаснага ўзроўню. Аб гэтым ён заявіў, назначаючы Кірыла Рудага новым паслом Беларусі ў КНР.

“Нам патрэбны рывок у нашых адносінах. Трэба выйсці нават не на новую ступень, а на арбіту ў адносінах з Кітайскай Народнай Рэспублікай. Вы бачыце, што яны да гэтага гатовы, — заявіў кіраўнік дзяржавы. — Я бачу, што яны з адкрытым сэрцам і душой ідуць нам насустрач. У мяне вельмі блізкія і дружалюбныя адносіны з кіраўніцтвам КНР — і з былым, і асабліва з цяперашнім кіраўніком”.

Прэзідэнт запатрабаваў, каб і беларускі бок быў гатовы аператыўна рэагаваць на магчымасці, якія адкрываюцца ў развіцці супрацоўніцтва. “І тут галоўнае — ваша работа. Вельмі хацеў бы, каб вы не скаціліся, як многія паслы, каб звяртацца ў сваю краіну з пасланнямі: кітайцы прапаноўваюць, а нашы не могуць. Напісаў — і ўсё добра. Паскардзіўся, потым пры сустрэчы мне можаце аб гэтым далажыць. Мне гэтага не трэба. Вы павінны дабіцца таго, каб былі рэалізаваны самыя смелыя, рашучыя прапановы ў адносінах з Кітайскай Народнай Рэспублікай”, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

“Пра нас яны будуць заўсёды помніць, прымаць рашэнні, калі мы будзем мэтанакіравана працаваць у правільным напрамку. Тады будзе вынік. А калі проста звычайна, то і будзе, як звычайна. Але вы разумееце, што я не пацярплю такой работы ні з боку пасольства, ні з боку МЗС, таму што гэта наша будучыня, калі мы з Кітаем будзем мець такія адносіны. Можаце адчуць і ўявіць, які груз адказнасці на вас ляжыць”, — сказаў прэзідэнт, звяртаючыся да Кірыла Рудага.

Асобнае даручэнне кіраўнік дзяржавы даў адносна падрыхтоўкі дзяржаўнага візіту ў Кітай, які, як чакаецца, павінен адбыцца ў канцы верасня 2016 года. Размаўляючы з прадстаўнікамі СМІ, Кірыл Руды адзначыў, што менавіта гэты напрамак работы будзе ў ліку яго першых крокаў на новай пасадзе. “Трэба напоўніць яго (візіт. — Заўв. БелТА.) максімальна, каб тыя дамоўленасці, якія будуць дасягнуты ў час візіту, сапраўды сталі дарожнай картай і потым рэалізоўваліся на працягу некалькіх гадоў. І каб гэты рывок сапраўды меў працяг і вынікі як для Беларусі, так і для Кітая”, — сказаў ён.

Кірыл Руды таксама падкрэсліў, што назначэнне паслом у КНР — гэта вялікая адказнасць і гонар для яго. “Вядома, усе магчымыя і немагчымыя інструменты будуць выкарыстаны для таго, каб зрабіць прарыў у двухбаковых адносінах. Кітай імкліва развіваецца. Гэта сусветная дзяржава”, — падкрэсліў ён.

Сярод прыярытэтаў Кірыл Руды назваў гандлёва-эканамічнае супрацоўніцтва, у тым ліку ўзаемадзеянне ў рамках эканамічнага пояса “шаўковага шляху”, рэалізацыю буйных інвестыцыйных праектаў з акцэнтам на іх сур’ёзную прапрацоўку і эфектыўнасць, развіццё Кітайска-беларускага індустрыяльнага парка, а таксама рэгіянальнае супрацоўніцтва.

***

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка паставіў задачу дасягнуць тавараабароту з Грузіяй $200 млн пры ўзроўні $45 млн па выніках 2015 года, паведаміў журналістам Міхаіл Мятлікаў, які быў назначаны паслом Беларусі ў Грузіі.

“Прэзідэнтам пастаўлена задача выйсці на тавараабарот $200 млн. Мы плануем у пачатку верасня правесці поўнамаштабную нацыянальную выставу Беларусі на “Экспа Джорджыя” ў Тбілісі. Інтарэс вялікі ёсць у грузінскага бізнесу”, — сказаў Міхаіл Мятлікаў. У час форуму, які мае адбыцца, будуць прэзентаваны магчымасці Беларусі ў ІТ-сферы.

Гаворачы аб цяперашнім тавараабароце, Міхаіл Мятлікаў адзначыў яго збалансаванасць. Па выніках першых чатырох месяцаў 2016 года тэмп росту экспарту склаў 126%.

Беларуска-грузінскія эканамічныя адносіны будуюцца па многіх таварных пазіцыях. З беларускага боку гэта пашырэнне экспарту ў галіне машынабудавання, нафтахімічнай прадукцыі. “У перспектыве ў нас — адкрыццё зборачных вытворчасцей трактарнага завода, прадпрыемства “Магілёўліфтмаш”. Думаю, у нас з’явяцца і сумесныя прадпрыемствы на тэрыторыі Беларусі. Грузія сёння пастаўляе нам шмат фруктаў, агародніны. Гэта той крытычны імпарт, якога ў нас няма. Глыбокая перапрацоўка ўнутры Беларусі з улікам існуючых плошчаў дасць магчымасць нам выходзіць і на іншыя рынкі краін Еўразійскага эканамічнага саюза”, — адзначыў пасол.

Яшчэ адна перспектыўная сфера для развіцця супрацоўніцтва — фармацэўтыка. Міхаіл Мятлікаў прывёў даныя, згодна з якімі зарэгістраваны ўжо дзве сотні беларускіх фармацэўтычных сродкаў, якія пачынаюць пастаўляцца і пастаўляюцца ў Грузію.

Акрамя таго, Беларусь актыўна развівае экспарт у Грузію транспартных паслуг, яго аб’ём дасягнуў $14 млн.
Міхаіл Мятлікаў таксама расказаў, што на першым этапе трэба будзе вырашыць пытанне з пошукам памяшкання для пасольства, паколькі беларускае дыппрадстаўніцтва ў Грузіі толькі адкрываецца.

Паедуць у Кыргызстан ушанаваць героя

Міністр адукацыі нашай краіны М.А.Жураўкоў правёў сустрэчу з Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Кыргызскай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь Кубанычбекам Амураліевым.

Міхаіл Анатольевіч Жураўкоў на пачатку сустрэчы заўважыў, што супрацоўніцтва паміж Кыргызстанам і Беларуссю мае адну агульную гісторыю, якая пачынаецца з савецкіх часоў. Да сённяшняга часу гэтыя сувязі паміж краінамі ні разу не перапыніліся, а, наадварот, набіраюць моц. Пры ўсім гэтым адносна іншых краін — нашых усходніх партнёраў — Кыргызская Рэспубліка пакуль недастаткова выкарыстоўвае магчымасці адукацыйнай галіны Беларусі для навучання сваёй моладзі. Таму хацелася б, каб і дыпламатычны корпус Кыргызстана паспрыяў развіццю зносін паміж краінамі больш імклівымі тэмпамі.

— Мы зацікаўлены ў больш цесным супрацоўніцтве паміж нашымі краінамі, у тым ліку ў адукацыі, культуры, навуцы, — заявіў М.А.Жураўкоў. — З нашага боку мы маем не толькі жаданне ўмацоўваць сувязі, але і ствараем усе ўмовы для таго, каб у нашых навучальных установах вучыліся кыргызскія студэнты.

Сёння ўзаемадзеянне ў галіне адукацыі паміж краінамі забяспечвае шэраг пагадненняў, у тым ліку аб паглыбленні інтэграцыі ў эканамічнай і гуманітарнай галінах, аб узаемным прызнанні і эквівалентнасці дакументаў аб адукацыі, вучоных ступенях і званнях, аб супрацоўніцтве ў галіне атэстацыі навуковых і навукова-педагагічных кадраў, аб супрацоўніцтве ў галіне адукацыі і навукі. У мэтах развіцця прамых кантактаў паміж установамі адукацыі дзвюх краін беларускімі ўніверсітэтамі заключаны пагадненні з шэрагам універсітэтаў Кыргызстана. У адпаведнасці з дамоўленасцю аб супрацоўніцтве БДУ з Бішкекскім гуманітарным універсітэтам імя К.Карасаева створаны Беларуска-Кыргызскі вучэбна-адукацыйны цэнтр навучання кыргызскіх і кітайскіх грамадзян рускай мове і падрыхтоўкі іх да атрымання адукацыі ва ўстановах вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі Рэспублікі Беларусь.

У мінулым навучальным годзе ва ўстановах адукацыі Беларусі вучылася 45 грамадзян Кыргызстана, з іх 37 атрымоўваюць вышэйшую адукацыю на платнай аснове. У новым навучальным годзе 1 грамадзянін Кыргызскай Рэспублікі будзе прыняты ў БНТУ для навучання па адукацыйнай праграме дактарантуры.

Міхаіл Анатольевіч Жураўкоў паведаміў паслу Кыргызстана, што ў беларускіх універсітэтах рыхтуюць па спецыяльнасцях самых розных профіляў. Па кожным з іх створана сучасная вучэбная база, змест навучання адпавядае патрабаванням заказчыкаў кадраў, адукацыя носіць практыка-арыентаваны характар. УВА Беларусі наладзілі цесныя кантакты з прадпрыемствамі і арганізацыямі, дзе студэнты могуць праходзіць практыку, на іх базе арганізаваны кафедры. Акрамя таго, пабудавана сучасная студэнцкая вёска з добрымі ўмовамі для быту і адпачынку студэнтаў.

Міністр адукацыі нашай краіны адзначыў, што цяпер у адукацыйнай галіне Беларусі вядзецца развіццё сістэмы двайных дыпломаў, навучанне для замежных студэнтаў арганізавана на англійскай мове.

— Як бачна, — заўважыў Міхаіл Анатольевіч, — у нашай краіне створаны ўсе ўмовы для якаснага навучання і паўнацэннага адпачынку студэнцкай моладзі, у тым ліку і з вашай краіны, якую мы чакаем да нас на вучобу.

Магчыма, было б дарэчы больш актыўна арганізоўваць прамыя кантакты паміж кантрэтнымі ўніверсітэтамі, стажыроўкі прафесарска-выкладчыцкага складу, абмен студэнтамі, рэалізоўваць сумесныя адукацыйныя і навуковыя праекты.

Міністр прапанаваў арганізаваць сустрэчу рэктараў ВНУ Кыргызстана для азнаямлення з вядучымі ўніверсітэтамі Беларусі. Міхаіл Анатольевіч прапанаваў таксама больш актыўна арганізоўваць абмен школьнікамі дзвюх краін. У НДЦ “Зубраня” для такога супрацоўніцтва створаны міжнародныя тэматычныя змены. Міністр адукацыі ўнёс прапанову правесці Дні беларускай адукацыі ў Кыргызстане з арганізацыяй круглых сталоў, навуковых семінараў, наведваннем навучальных устаноў, сустрэч з педагогамі.

Кубанычбек Амураліеў падтрымаў усе прапановы кіраўніка Міністэрства адукацыі нашай краіны і выказаў спадзяванне, што многія праекты будуць рэалізаваны ў самай бліжэйшай перспектыве. Дыпламат расказаў, што нядаўна сустракаўся з мінскімі школьнікамі, якія вучацца ў школе, размешчанай па вуліцы Джумаша Асаналіева, Героя Савецкага Саюза, удзельніка Вялікай Айчыннай вайны. Пасля гэтай сустрэчы ўзнікла ідэя арганізаваць паездку беларускіх дзяцей на радзіму героя.

— Безумоўна, такія сустрэчы яшчэ больш паўплываюць на наша супрацоўніцтва і ўмацуюць сувязі паміж нашымі краінамі, — падкрэсліў Кубанычбек Амураліеў.

Ала КЛЮЙКО.

Прэзідэнт высока ацаніў ролю пасла Літвы ў збліжэнні адносін паміж краінамі

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка высока цэніць ролю пасла Літвы ў збліжэнні беларуска-літоўскіх адносін. Аб гэтым кіраўнік дзяржавы заявіў на сустрэчы з Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Літвы ў Беларусі Эвалдасам Ігнатавічусам у сувязі з завяршэннем яго дыпламатычнай місіі ў краіне.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ў сувязі з завяршэннем дыпламатычнай місіі сустракаецца з тымі пасламі, “якія ўнеслі вялікі ўклад у развіццё адносін, працавалі так, як належыць, на збліжэнне двухбаковых адносін і зрабілі нямала за перыяд сваёй службы для збліжэння народаў”.

“З’яўляецца фактам і тое, што чарговы раз з Мінска выязджае пасол, які працаваў на карысць Беларусі і Літвы. Вас я адношу да такіх паслоў, — адзначыў Аляксандр Лукашэнка. — Я разумею, што вы слуга сваёй краіны. У вас могуць быць свае інтарэсы, але, тым не менш, вы разумееце, што Беларусь — гэта суседняя краіна, не чужая вам”.

Прэзідэнт нагадаў, што Беларусь і Літва жылі ў адной дзяржаве: “Вы гэта помніце, і на нас гэта накладае пэўны адбітак, можа, нават абавязацельствы”.

Аляксандр Лукашэнка таксама падкрэсліў: “Вы маеце пэўныя абавязацельствы з боку сваіх партнёраў у Еўрапейскім саюзе, НАТА і г.д. Вы ведаеце нашу сітуацыю. Мы таксама маем свае абавязацельствы перад нашымі партнёрамі. Але, тым не менш, мы заўсёды знаходзілі шлях да разумення, і той шлях, па якім гатовы ісці сумесна». Кіраўнік дзяржавы падзякаваў Эвалдасу Ігнатавічусу за яго ўклад у развіццё беларуска-літоўскіх адносін.

Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Літвы ў Беларусі Эвалдас Ігнатавічус у час сустрэчы з Прэзідэнтам Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам заявіў: “Літва — дзяржава, не чужая Беларусі, суседняя, і мы некалькі соцень гадоў былі адзінай дзяржавай. Жылі поплеч, ніколі не ваявалі”. Ён падкрэсліў, што цяпер краіны жывуць па-суседску і іх аб’ядноўвае 700-кіламетровая граніца. “Цяпер у нас выбудаваліся добрыя эканамічныя і культурныя адносіны”, — сказаў Эвалдас Ігнатавічус.

“У нас агульнае гістарычнае мінулае, агульная, я спадзяюся, і будучыня ў пашыранай бяспечнай Еўропе”, — заявіў дыпламат. Ён падкрэсліў, што Літва вельмі цэніць Беларусь як суседа, як вельмі важную рэгіянальную дзяржаву, а таксама цэніць намаганні ва ўстанаўленні міру і добрасуседства ў рэгіёне. “Гэта для нас вельмі важна”, — запэўніў пасол.

“Літва ўжо 12 гадоў з’яўляецца членам Еўрасаюза і ўсе гэтыя гады імкнецца да самых лепшых адносін паміж Беларуссю і ЕС. І рады прагрэсу, які мае месца апошнія гады, — заявіў Эвалдас Ігнатавічус. — Мы будзем старацца ісці і далей па шляху добрасуседства і развіцця адносін як на двухбаковым узроўні, так і па лініі Беларусь — ЕС”.

Жывы дыялог

Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Злучанага Каралеўства Вялікабрытаніі і Паўночнай Ірландыі ў Рэспубліцы Беларусь Фіёна Гіб наведала з сяброўскім візітам Міністэрства адукацыі нашай краіны. Яе сустракалі міністр адукацыі М.А.Жураўкоў, прадстаўнікі ўпраўленняў міжнароднага супрацоўніцтва і вышэйшай адукацыі галіновага міністэрства.

Фіёна Гіб была прызначана паслом у нашу краіну зусім нядаўна і толькі 2 месяцы знаходзіцца ў Мінску. Але з першых дзён у дыпламата склалася пазітыўнае стаўленне да Беларусі як да стабільнай, спакойнай краіны. Яшчэ за год да прызначэння Фіёна Гіб старанна вывучала рускую мову, каб зрабіць наладжванне кантактаў больш дасканалым.
— Я толькі-толькі знаёмлюся з вашай краінай, але ўжо пачала будаваць планы, як далей развіваць зносіны паміж намі, — заявіла пасол. — І тое, што я ў першую чаргу вырашыла наладзіць кантакты з сістэмай адукацыі Беларусі, пацвярджае, што для мяне адукацыя з’яўляецца тым фундаментам, на якім будзе далей будавацца наша супрацоўніцтва. Міхаіл Анатольевіч Жураўкоў расказаў, што паміж краінамі сувязі ў сферы адукацыі з кожным годам мацнеюць і выходзяць на больш высокі ўзровень. Цяпер 10 беларускіх устаноў вышэйшай адукацыі заключылі дагаворы аб узаемадзеянні ў сферы адукацыі і навукі з вядучымі ўніверсітэтамі Вялікабрытаніі. Згодна з прамым супрацоўніцтвам паміж ВНУ, адбываецца ўзаемны абмен студэнтамі, выкладчыкамі, праходзяць стажыроўкі, ажыццяўляюцца сумесныя навукова-даследчыя праекты. Кіраўнікі навучальных устаноў абедзвюх краін сустракаюцца падчас сумесных міжнародных мерапрыемстваў. Нядаўна дэлегацыя рэктараў беларускіх ВНУ наведала шэраг універсітэтаў Вялікабрытаніі, дзе кіраўнікі ўстаноў сустрэліся са сваімі калегамі. Менавіта пасля гэтага візіту пералік сумесных праектаў значна пашырыўся.
Міхаіл Анатольевіч таксама наведваў Вялікабрытанію і мае цесныя кантакты са многімі навучальнымі ўстановамі гэтай краіны, багаты вопыт якіх у развіцці сістэмы адукацыі з’яўляецца карысным для нашай нацыянальнай сістэмы адукацыі. Павышаная ўвага да Вялікабрытаніі тлумачыцца яшчэ і тым, што гэтая краіна — носьбіт англійскай мовы, якая мае сусветны статус і з’яўляецца самай запатрабаванай замежнай мовай і ў нашай краіне.
— Гэта мова міжнародных зносін, таму і зразумела, што 85% беларускіх школьнікаў з ахвотай і цікавасцю вывучаюць англійскую мову, — падкрэсліў міністр адукацыі. — Для практычнага засваення ведаў, стварэння англамоўнага асяроддзя праводзяцца разнастайныя сумесныя мерапрыемствы.
Найбольшай папулярнасцю карыстаюцца лінгвістычныя лагеры, якія створаны ў розных рэгіёнах Беларусі, міжнародная змена ў Нацыянальным дзіцячым адукацыйна-аздараўленчым цэнтры “Зубраня”. З 2012/2013 навучальнага года іспыт па замежнай мове ўключаны ў пералік экзаменаў за курс сярэдняй школы. На базе МДЛУ дзейнічае Цэнтр англійскай мовы, асноўнай мэтай якога з’яўляецца папулярызацыя вывучэння англійскай мовы і культуры ў Рэспубліцы Беларусь, удасканаленне метадычнага забеспячэння выкладання англійскай мовы і павышэнне кваліфікацыі кадраў. Установы адукацыі Рэспублікі Беларусь робяць захады па паляпшэнні моўнай практыкі педагагічных і навуковых работнікаў. Для чытання лекцый на англійскай мове ва ўніверсітэты запрашаюцца лепшыя выкладчыкі, навукоўцы з замежных універсітэтаў.
Знамянальнай падзеяй, якая станоўча паўплывала на супрацоўніцтва паміж краінамі, стала правядзенне ў Лондане Сусветнага адукацыйнага форуму, стратэгічнай мэтай якога было вызначэнне прыярытэтаў сусветнай адукацыйнай палітыкі, у тым ліку ў развіцці Еўрапейскай прасторы вышэйшай адукацыі і ўступленні Беларусі ў Балонскі працэс.
У адпаведнасці з міжнароднымі нормамі Балонскага працэсу, сёння ў нашай краіне рэалізоўваецца Рабочы план па ўкараненні ў нацыянальную сістэму адукацыі інструментаў Еўрапейскай прасторы вышэйшай адукацыі на перыяд з 2015 да 2018 года. Падрыхтаваны прапановы ў праект Закона “Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у Закон “Аб навуковай дзейнасці” і Кодэкс аб адукацыі” па ўдасканаленні сістэмы вышэйшай адукацыі з улікам міжнародных рэкамендацый і аналізу вопыту работы ў рамках Кодэкса аб адукацыі. Асноўныя змяненні, якія мяркуецца ўнесці ў законапраект, тычацца замацавання трохступеньчатай сістэмы вышэйшай адукацыі (бакалаўрыят, магістратура, аспірантура), павелічэння гібкасці адукацыйных праграм, укаранення новых форм і метадаў навучання, а таксама памяншэння відаў устаноў вышэйшай адукацыі. Заканадаўчая база, безумоўна, паспрыяе далейшаму развіццю сістэмы вышэйшай адукацыі нашай краіны з улікам міжнародных тэндэнцый.
Падчас сустрэчы міністр адукацыі расказаў і аб інфарматызацыі адукацыі нашай краіны. Асабліва цікавым з’яўляецца праект “Электронная школа”, асновай якога стала стварэнне адукацыйнага інфармацыйнага асяроддзя на базе так званых воблачных тэхналогій. Высокім узроўнем развіцця ІКТ-інфраструктуры вызначаюцца перш за ўсё ўстановы вышэйшай адукацыі. Нацыянальная сістэма электронных адукацыйных рэсурсаў і сеткавая інфраструктура сістэмы адукацыі ствараюць адзінае інфармацыйнае асяроддзе адукацыйнай галіны. Важным напрамкам з’яўляецца фарміраванне сучаснага электроннага адукацыйнага кантэнту.
Міхаіл Анатольевіч Жураўкоў прапанаваў Фіёне Гіб бліжэй пазнаёміцца з сістэмай адукацыі Беларусі і наведаць адукацыйныя ўстановы сталіцы і рэгіёнаў нашай краіны, а магчыма, і выступіць з лекцыямі перад педагогамі і навучэнцамі. Безумоўна, жывы дыялог з навучэнскай моладдзю, са школьнікамі дапаможа лепш спазнаць Беларусь і паспрыяе ўмацаванню супрацоўніцтва. М.А.Жураўкоў і Фіёна Гіб намецілі планы ўзаемадзеяння ў сферы адукацыі на найбліжэйшы час. Перш-наперш гэта абмен вопытам па пытаннях рэалізацыі асноўных прынцыпаў Балонскага працэсу ў нацыянальнай сістэме адукацыі, развіццё прамых кантактаў паміж установамі адукацыі абедзвюх краін, выкананне сумесных праграм і праектаў, рэалізацыя культурных і навуковых абменаў (у рамках правядзення лагерных змен, міжнародных летніх школ).
Міхаіл Анатольевіч выказаў спадзяванне, што адносіны паміж Беларуссю і Вялікабрытаніяй будуць развівацца імкліва і эфектыўна на аснове ўзаемаразумення, партнёрства і сяброўства.

Ала КЛЮЙКО.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.

Узаемавыгадны дыялог

У Міністэрстве адукацыі адбылася сустрэча першага намесніка міністра адукацыі В.А.Богуша з Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Французскай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь Дамінік Газюі з нагоды падпісання пагаднення паміж Міністэрствам адукацыі Рэспублікі Беларусь і міністрам замежных спраў і міжнароднага развіцця Французскай Рэспублікі аб адкрыцці і функцыянаванні двухмоўных франкафонных секцый у нашай краіне.

Сустракаючы пасла Францыі і работнікаў пасольства, Вадзім Анатольевіч Богуш высока ацаніў супрацоўніцтва дзвюх краін, якое доўжыцца ўжо шмат гадоў. Асабліва мацуюцца сувязі паміж краінамі ў сферы вывучэння французскай мовы, на што накіравана і новае пагадненне.
Мова — гэта адзін з першарадных складнікаў гісторыі і культуры кожнай краіны, — падкрэсліў Вадзім Богуш. — Гэта трывалы базіс для цеснага ўзаемадзеяння паміж краінамі і народамі, таму тыя крокі, якія мы робім з нашымі калегамі з Францыі па вывучэнні французскай мовы ў нашай краіне, мы абавязкова будзем рэалізоўваць і ў далейшым.В.А.Богуш выказаў спадзяванне, што, згодна з тымі ўмовамі, якія прадастаўляе пагадненне, можна яшчэ ў большай меры развіваць цесныя адносіны паміж краінамі, непасрэдна ў сферы адукацыі, культуры і ў вывучэнні французскай мовы. Гэты дакумент стане добрым стымулам для далейшага ўзаемадзеяння і прынясе вялікую карысць Беларусі і Францыі.
Вадзім Анатольевіч адзначыў, што падпісанне пагаднення адкрые новыя гарызонты для вывучэння французскай мовы, а з боку французскіх калег наша сістэма адукацыі атрымае прафесійных экспертаў у ацэнцы якасці выкладання французскай мовы, набудзе практыканакіраванасць, а алімпіядны рух у сферы вывучэння замежнай мовы яшчэ больш актывізуецца. Вадзім Богуш пацвердзіў значнасць пагаднення паміж краінамі і назваў яго платформай для вывучэння замежнай мовы і самарэалізацыі маладых людзей у пабудове сваёй кар’еры.
Дамінік Газюі прызнала, што сёння ў свеце французская мова не вельмі папулярная ў вывучэнні, таму вопыт Беларусі ў гэтым кірунку заслугоўвае самай высокай ацэнкі. Сёння наладжана цеснае ўзаемадзеянне паміж краінамі на ўсіх узроўнях адукацыі. Напрыклад, у вышэйшай школе Беларусі заключана больш за 25 прамых дагавароў аб супрацоўніцтве з універсітэтамі Францыі, якія прадугледжваюць правядзенне сумесных навуковых даследаванняў, абмен студэнтамі і выкладчыкамі. Паспяхова функцыянуе Франка-Беларускі інстытут кіравання згодна з дагаворам паміж Гомельскім дзяржаўным універсітэтам імя Францыска Скарыны і Універсітэтам Овернь-Клермон. Згодна з дагаворнымі адносінамі, для чытання лекцый запрашаюцца французскія выкладчыкі, установы абменьваюцца студэнтамі.
Паспяхова развіваецца супрацоўніцтва паміж Беларуссю і Францыяй у сферы агульнай сярэдняй адукацыі. У нашай краіне французская мова з’яўляецца запатрабаванай сярод навучэнскай моладзі нароўні з англійскай, нямецкай, іспанскай і кітайскай мовамі. Як вучэбны прадмет яе вывучае каля 25 тысяч школьнікаў.
Ужо шмат гадоў Пасольства Францыі ў Рэспубліцы Беларусь разам з Міністэрствам адукацыі рэалізоўваюць праект “Двухмоўная франкафонная адукацыя”. Выкладанне вучэбнага прадмета “Французская мова” ажыццяўляецца беларускімі настаўнікамі, якія папярэдне прайшлі стажыроўку ў міжнародных адукацыйных цэнтрах. Пасольства прымае актыўны ўдзел у арганізацыі і правядзенні алімпіяд па французскай мове, узнагароджвае пераможцаў. Толькі за апошні год узнагароды з рук кіраўніцтва пасольства атрымала больш за 100 беларускіх школьнікаў. Лепшыя навучэнцы накіроўваюцца для навучання ў міжнародныя моўныя цэнтры.
Міністэрства адукацыі Беларусі зацікаўлена развіваць прамыя кантакты паміж навучальнымі ўстановамі дзвюх краін, весці абмен вучэбна-метадычнай дакументацыяй, вучэбнымі выданнямі, уключаючы сумесную работу над нацыянальнымі вучэбна-метадычнымі комплексамі па французскай мове для школьнікаў, арганізоўваць стажыроўкі ў Францыю выкладчыкаў французскай мовы, якія працуюць ва ўстановах адукацыі Беларусі, і практычна засвойваць мову на семінарах па новых тэхналогіях навучання замежным мовам, развіваць супрацоўніцтва ў галіне аздараўлення нашых дзяцей у Францыі.
Пасол Францыі Дамінік Газюі і першы намеснік міністра адукацыі Вадзім Богуш падпісалі пагадненне паміж краінамі, якое паспрыяе пашырэнню вывучэння французскай мовы ў Беларусі і станоўча паўплывае на развіццё культурных і эканамічных адносін паміж нашымі краінамі і непасрэдна на развіццё ўзаемавыгаднага дыялогу ў сферы адукацыі.

Ала КЛЮЙКО.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.

Планшэты для эфектыўнага навучання кітайскай мове

У чацвер у сталічнай гімназіі № 23 з беларускай мовай навучання прайшла ўрачыстая цырымонія перадачы прадстаўніцтвам карпарацыі ZTE электронных сродкаў навучання. Ва ўрачыстасцях узялі ўдзел пасол Кітайскай Народнай Рэспублікі ў нашай краіне Цуй Цымін і першы намеснік міністра адукацыі Вадзім Богуш.

Гімназія № 23 атрымала 20 планшэтаў і мультымедыйны праектар. Акрамя таго, у навучальнай установе абсталяваны 20 кропак доступу Wi-Fi. Усё гэта, па словах дырэктара Ірыны Пасюкевіч, будзе спрыяць яшчэ больш якаснаму вывучэнню кітайскай мовы.
Трэба адзначыць, што кітайская мова ў гімназіі вывучаецца ўжо на працягу дзевяці гадоў. У канцы гэтага навучальнага года вучні ўпершыню будуць здаваць выпускны экзамен па кітайскай мове. Разам з тым 23-я гімназія доўно славіцца сваімі навучэнцамі, якія не раз станавіліся пераможцамі рэспубліканскай алімпіяды і конкурсу даследчых работ па кітайскай мове. Навучэнцы гімназіі не толькі пастаянныя ўдзельнікі, але і пераможцы алімпіяды-конкурсу “Мост кітайскай мовы”. Нават цяпер навучэнка 23-й гімназіі з беларускай мовай навучання Софія Яблонская абараняе гонар сваёй навучальнай установы і краіны ў Паднябеснай.
Пры падтрымцы Пасольства Кітайскай Народнай Рэспублікі і прадстаўніцтва карпарацыі ZTE ў гімназіі па апошнім слове тэхнікі абсталяваны кабінет Канфуцыя, што, безумоўна, дазваляе рабіць вывучэнне кітайскай мовы максімальна эфектыўным і якасным. Як гэта адбываецца на практыцы, пасол Кітая і першы намеснік міністра адукацыі маглі ўбачыць на ўроку ў 7 класе. Ён быў прысвечаны каліграфіі кітайскай мовы, дзе і дзеці, і іх настаўніца Марына Анатольеўна Чуяшкова вельмі спрытна малявалі кітайскія іерогліфы на планшэтах.
У гімназіі з Пасольствам Кітая даўнія сяброўскія адносіны. Як заўважыла дырэктар навучальнай установы, яны ўжо нават не ўяўляюць свайго існавання без другога сакратара пасла Кітайскай Народнай Рэспублікі па справах адукацыі Ван Дацзюна.
Пасол Кітая Цуй Цымін у сваім прывітальным слове таксама гаварыў пра сяброўскія адносіны. Ён падкрэсліў, што паміж нашымі краінамі склаліся цесныя сяброўскія адносіны, якія сёння працягваюцца актыўным супрацоўніцтвам ва ўсіх сферах, у тым ліку і ў адукацыі.
“За апошнія гады лідары нашых краін дасягнулі шэрага пагадненняў па ўмацаванні супрацоўніцтва. У маі бягучага года адбыўся дзяржаўны візіт у Беларусь старшыні КНР Сі Дзіньпіна, які меў вялікае значэнне і закончыўся вялікім поспехам для далейшага ўсебаковага супрацоўніцтва паміж нашымі краінамі.
Дзеці і моладзь — будучыня беларуска-кітайскага сяброўства. Урад Кітая надае вялікае значэнне прафесійнаму развіццю маладога пакалення. У Беларусі вядзецца вельмі добрая падрыхтоўка знаўцаў кітайскай мовы і культуры, таму мы вельмі рады зрабіць свой уклад у развіццё нашых будучых пакаленняў”, — зазначыў пасол КНР у нашай краіне Цуй Цымін. У сваю чаргу першы намеснік міністра адукацыі Вадзім Богуш заўважыў, што для нашай краіны супрацоўніцтва з Кітаем таксама з’яўляецца вельмі важным і стратэгічным.
“Узаемадзеянне ў галіне адукацыі і культуры ствараюць базу для больш глыбокага і змястоўнага ўзаемадзеяння паміж краінамі і з’яўляецца асновай для далейшага развіцця адносін. І вельмі прыемна, што наша супрацоўніцтва ажыццяўляецца не толькі на ўніверсітэцкім узроўні, але і на школьным. Гэта дае магчымасць лепш даведацца адно пра аднаго, прыўносіць у адносіны цеплыню і эмоцыі”, — адзначыў Вадзім Анатольевіч.
“Характэрнымі асаблівасцямі ў адносінах паміж нашымі краінамі з’яўляецца высокі ўзровень палітычнага даверу, выніковае супрацоўніцтва і трывалая ўзаемная падтрымка, якая, у прыватнасці, аказваецца і нашай кампаніяй. Мы перадаём абсталяванне гімназіі № 23 Мінска для таго, каб навучанне беларускіх вучняў стала яшчэ больш эфектыўным”, — звярнуўся да прысутных дырэктар прадстаўніцтва карпарацыі ZTE Тан Лухао.
У адказ камітэт па адукацыі Мінгарвыканкама за трывалае супрацоўніцтва падрыхтаваў лісты падзякі для пасла, Пасольства КНР і карпарацыі ZTE, якія ўручыла намеснік старшыні камітэта па адукацыі Мінгарвыканкама Марына Кіндзірэнка.

Вольга ДУБОЎСКАЯ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.