Шляхам прафесійных проб

— Працоўная дзейнасць займае важнае месца ў самарэалізацыі чалавека, — гаворыць педагог-псіхолаг Вольга Аляксандраўна Стасюк з брэсцкай сярэдняй школы № 20 імя Героя Савецкага Саюза Д.М.Карбышава. — У большасці выпадкаў моладзь выбірае прафесію, зыходзячы з існуючых у грамадстве стэрэатыпаў. Гэта перашкаджае знайсці сябе ў свеце прафесій і стварае псіхалагічныя цяжкасці з-за няўмення праектаваць жыццёвы і прафесійны шлях у рэальных рыначных умовах.

Каб школьнікі лягчэй арыентаваліся ў сучасных спецыяльнасцях і маглі знайсці ў далейшым месца на рынку працы, В.А.Стасюк распрацавала праграму прафесійных проб, якая ўваходзіць у сістэму работы сацыяльна-педагагічнай і псіхалагічнай службы школы па суправаджэнні прафесійнага самавызначэння старшакласнікаў.

— Прафесійныя пробы — гэта серыя мерапрыемстваў, якія мадэлююць элементы канкрэтнага віду прафесійнай дзейнасці, — тлумачыць Вольга Аляксандраўна. — Падчас удзелу ў прафесійных пробах вучні пагружаюцца ў будучую прафесію, бачаць яе перавагі і недахопы. Вопыт паказвае, што школьнікам варта прайсці як мага больш відаў прафпроб і толькі пасля гэтага выбраць тую прафесію, дзе іх магчымасці раскрыюцца максімальна.

У 2015 годзе школа пачала рэалізацыю інавацыйнага праекта “Укараненне мадэлі суправаджэння інтэлектуальна адоранай моладзі ў працэсе яе прафесійнага станаўлення”. Інавацыйнай групай праекта сталі дзевяцікласнікі. Сёння яны вучацца ў двух профільных 10-х класах. У адным на павышаным узроўні вывучаюцца матэматыка і замежная мова або матэматыка і фізіка, у другім — руская мова і замежная мова. Сярод замежных моў у школе вывучаюцца англійская і нямецкая.

— На падрыхтоўчым этапе праекта былі прызначаны цьютары, якія будуць суправаджаць вучняў згодна з выбранымі напрамкамі, — расказвае В.А.Стасюк. — Цьютары паведамілі вучням, што падчас прафесійных проб яны правяраюць наяўнасць або адсутнасць у сябе прафесійна значных якасцей у адпаведнасці з рухам па індывідуальным адукацыйным маршруце. Далей прайшоў шэраг мерапрыемстваў, накіраваных на падрыхтоўку дзяцей да выбару напрамку прафесійных проб. Школьная псіхалагічная служба вызначыла формы іх арганізацыі: экскурсіі, назіранні, прафесійная практыка, гутаркі і трэнінгі. Важнай умовай праходжання групавой прафпробы з’яўляецца невялікая колькасць чалавек у групе (5—7).

На метадычным савеце школы былі зацверджаны педагагічныя ўмовы правядзення прафесійных проб, да якіх дзевяцікласнікі прыступілі мінулай вясной. Выкананне прафесійнай пробы ўключае тры кампаненты (напрамкі): тэхналагічны, сітуатыўны і функцыянальны. Іх інтэграцыя дазваляе стварыць цэласны вобраз прафесіі.

— Гэтыя кампаненты з’яўляюцца неабходнымі пры складанні зместу прафесійнай пробы, — адзначае Вольга Аляксандраўна. — Вельмі важна, каб у школьнікаў склалася цэласнае ўяўленне аб прафесіі і спецыфіцы пэўнага віду прафесійнай дзейнасці. Прыкладам праходжання першых прафесійных проб вучняў стала школа. Дзевяцікласнікам былі прапанаваны педагогіка (прафпроба ў пачатковай школе), медыцына (прафпроба ў медыцынскім кабінеце школы) і гандаль (прафпроба ў школьным буфеце). Змест, мэта, умовы і вынік прафесійнай пробы дакладна адпавядалі прынцыпу яе пабудовы як прафесійнага выпрабавання, якое мае дыягнастычную, дзейнасную і творчую накіраванасць, уключае сітуацыі для праяўлення прафесійна важных якасцей спецыяліста, магчымасці для развіцця цікавасці, здольнасцей і схільнасцей школьнікаў. Азнаямленне вучняў са зместам прафесійных проб на базе школы было арганізавана такім чынам, што ў адпаведнасці з самаацэнкай і ўзроўнем запытаў яны маглі самастойна выбіраць узровень складанасці заданняў.

Вынікам кожнага модуля прафесійнай пробы стала атрыманне завершанага прадукту дзейнасці — фрагмента ўрока ў пачатковай школе, творчай справаздачы аб рабоце ў медыцынскім кабінеце і школьным буфеце. У бягучым навучальным годзе рэалізацыя праграмы прафесійных проб прадоўжылася ў профільных класах. Вынікам прафпробы павінна стаць яе абарона вучнямі, дзе ацэньваецца ўзровень набытых практычных навыкаў і ўменняў.

— У бягучым навучальным годзе прафесійныя пробы прайшлі па двух напрамках — ваенная справа і турызм, — гаворыць В.А.Стасюк. — Прафпробы па ваеннай справе праводзіліся на базе Брэсцкай пагранічнай групы імя Ф.Э.Дзяржынскага і Брэсцкага абласнога ўпраўлення дэпартамента аховы МУС, а прафпробы па турызме — на базе дзвюх турыстычных фірм.

Хаця праграма завершыцца толькі ў 2018 годзе, ужо атрыманы першыя вынікі. Так, вучні атрымалі даволі поўныя звесткі пра дзейнасць настаўнікаў пачатковых класаў, медыцынскіх і гандлёвых работнікаў, пагранічнікаў і міліцыянераў, спецыялістаў сферы турыстычных паслуг. Некалькі вучняў профільных класаў склалі індывідуальныя праграмы прафесійных проб па ваеннай справе і турызме. Дзеці змаглі суаднесці індывідуальныя інтарэсы і асобасныя асаблівасці з патрабаваннямі прафесіі, якая іх зацікавіла. Большасць вучняў профільных класаў працуе над складаннем прафесіяграм выбраных прафесій. Старшакласнікі абараняюць вынікі праходжання прафесійнай пробы ў форме прэзентацыі. Падчас сацыяльнага ўзаемадзеяння вучні набываюць практычныя ўменні камунікатыўнай культуры. Дыягностыка паказала, што ў школьнікаў павысілася цікавасць да працоўнай дзейнасці, фарміруецца патрэба ў самарэалізацыі ў соцыуме шляхам выбранай прафесіі.

Падрыхтаваў Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.

Пляцоўка самаразвіцця асобы

Адным з прыярытэтных напрамкаў работы сацыяльна-педагагічнай і псіхалагічнай службы ўстановы адукацыі з’яўляецца праца з вучнямі, якія стаяць на розных відах уліку (СНС, ІСН, УШК). Гэтая катэгорыя падлеткаў патрабуе сістэматычнага і мэтанакіраванага ўздзеяння розным псіхолага-педагагічным інструментарыем з мэтай карэкцыі сацыяльна непажаданых форм паводзін, прафілактыкі крызісных станаў, развіцця маральнай і духоўнай культуры асобы. Тым не менш дасягненне гэтых мэт, нават пры тытанічных намаганнях усяго педагагiчнага калектыву, немагчыма без актыўнай пазіцыі саміх вучняў, якія імкнуцца змяніць сябе самі праз самаразвіццё, самаўдасканаленне, самастанаўленне.

У той жа час стыхійнае самаразвіццё, як правіла, не прыносіць значных вынікаў. Пакуль будзе пабудавана ўласная праграма самаразвіцця ў адпаведнасці са сваімі жаданнямі і здольнасцямі, будзе патрачана нямала часу, дапушчана мноства памылак. Таму самаразвіццё, асабліва на пачатковым этапе, мае патрэбу ў суправаджэнні з боку педагога-псіхолага, які дапаможа падлетку разабрацца ў сабе з дапамогай псіхалагічнага інструментарыю.

У сярэдняй школе № 4 Навагрудка для вучняў, якія стаяць на розных відах уліку, арганізавана работа “Пляцоўкі самаразвіцця асобы”, прыярытэтнай мэтай якой з’яўляецца стварэнне ўмоў для фарміравання ў вучняў рыс асобы, здольнай да самавыхавання, самаразвіцця, самаўдасканалення ў сацыяльна пажаданым кірунку.

Дасягненне гэтай мэты ажыццяўляецца праз вырашэнне шэрага задач.

Па-першае, фарміраванне ў вучняў матывацыі на дасягненне поспеху ў жыцці праз сацыяльна дазволеныя формы паводзін.

Рэалізацыя гэтай задачы прадугледжвае работу ў трох кірунках:

  1. Фарміраванне матывацыі дасягнення поспеху ў жыцці (прагляд і абмеркаванне матывуючых фільмаў і відэаролікаў, сустрэчы з паспяховымі людзьмі).
  2. Фарміраванне ў вучняў уяўлення аб прафесійна арыентаваным развіцці як неабходнай умове для дасягнення поспеху (развіццёвыя заняткі “Выбіраеш прафесію — выбіраеш жыццёвы шлях”, інтэрактыўная гутарка “Памылкі пры выбары прафесіі”).
  3. Фарміраванне ў вучняў патрэбы дасягаць поспеху толькі сацыяльна прымальным спосабам (сустрэчы з супрацоўнікамі ІСН, у ходзе якіх падкрэсліваецца, што поспех, дасягнуты супрацьпраўнымі дзеяннямі, караецца законам, прыводзяцца канкрэтныя прыклады; духоўна-маральная гутарка дзяўчат са святаром Праваслаўнай царквы на тэму “Таямніца жаночага шчасця”, кіналекторый “Падлетак і закон” і інш.).

Па-другое, навучанне непаўналетніх навыкам самапазнання, самааналізу (трэнінг “Пазнай сябе”, круглы стол “Метады самадыягностыкі”, рэфлексія ў канцы кожных заняткаў).

Па-трэцяе, прафілактыка суіцыдальных паводзін, павышэнне жыццеўстойлівасці (трэнінгі “Як падняць сабе настрой”, “Спосабы барацьбы са стрэсам”, духоўна-маральная гутарка са святаром Праваслаўнай царквы на тэму “Жыццё — вялікі Божы дар” і інш.).

Падобныя заняткі накіраваны на зняцце ў вучняў псіхаэмацыянальнага напружання, павышэнне жыццеўстойлівасці, на ўменне вырашаць цяжкія жыццёвыя сітуацыі, на ўменне су­працьстаяць стрэсавым фактарам.

Напрыклад, пры правядзенні трэнінгу “Спосабы барацьбы са стрэсам” вучні выконвалі наступныя заданні.

Практыкаванне “Аса­цыяцыі да слова “стрэс”

— Я прапаную пагуляць у асацыяцыі. Для гэтага патрэбна кары­стацца наступным правілам: як толькі будзе названа слова, неабходна адразу выказаць свае асацыяцыі да яго (вядучы называе слова “стрэс” і піша яго на дош­цы, а затым запісвае побач словы-асацыяцыі ўдзельнікаў групы да гэтага слова).

Пытанні для абмеркавання:

— Як вы лічыце, чаму большасць нашых асацыяцый да слова “стрэс” мае негатыўную афарбоўку?

— Чаму да слова “стрэс” былі названы і пазітыўныя асацыяцыі?

Практыкаванне “Скульптура стрэсу”

— А зараз я прапаную падзяліцца на дзве групы. Кожная з груп займае месца ў памяшканні, якое аддалена ад іншай групы. Вам трэба з выкарыстаннем усіх удзельнікаў сваёй групы зрабіць адну скульптуру пад назвай “Стрэс”. На выкананне гэтага задання адводзіцца 5—7 хвілін.

Пасля сігналу вядучага аб заканчэнні задання першай групе прапануецца паказаць сваю скульптуру, а ўдзельнікам другой групы даецца заданне:

— Уявіце, што вы прыйшлі ў музей скульптур, звязаных з жыццём чалавека. Што вы адчуваеце і думаеце, калі разглядаеце гэтую (зробленую першай групай) скульптуру? Што вы разумееце, бачачы гэтую работу? Што ў гэтай скульптуры здаецца вам самым важным?

Далей групы мяняюцца месцамі: адна — дэманструе “скульптуру”, а другая ўяўляе сябе ў музеі і абмяркоўвае ўбачанае.

Практыкаванне “Лімба”

— Давайце патанцуем! Танец — адзін са спосабаў барацьбы са стрэсам. Зараз мы выканаем практыкаванне “Лімба”. Лімба — гэта каўбойскі танец-гульня, які заключаецца ў праходзе чалавека пад загадзя ўстаноўленай рэйкай. Пад музыку ўдзельнікі танца павінны праходзіць пад рэйкай, вышыня якой робіцца ўсё ніжэй­шай. Прайграе той, хто звальвае няўстойліваю рэйку. Слова “лімба” з’явілася ў канцы XVI стагоддзя. У некаторых афрыканскіх плямёнах гэты танец азначае перамогу жыцця над смерцю.

Пытанні для абмеркавання:

— Якія эмоцыі ў вас узніклі пры выкананні гэтага практыкавання?

— З якімі цяжкасцямі вы сутыкнуліся?

Па-чацвёртае, актуалізацыя ў вучняў унутраных механізмаў самаразвіцця. Ажыццяўляецца праз рэалізацыю прынцыпу актыўнасці асобы, які прадугледжвае наяўнасць у падлеткаў магчымасці самім абумоўліваць свае паводзіны, праяўляць ініцыятыву, уплы­ваць на падзеі, якія адбываюцца пры рабоце пляцоўкі. Гэта робіць вучняў не аб’ектамі, а суб’ектамі ўласнага развіцця. Абмеркаванне пажаданняў вучняў адносна наступных заняткаў — традыцыйны элемент заключнай часткі любых заняткаў. Падлеткам даецца магчымасць праявіць ініцыятыву, паўплываць на планаванне работы пляцоўкі, на выбар форм работы. Задачай кіраўніка пляцоўкі, педагога-псіхолага пры гэтым з’яўляецца накіраваць ініцыятыву вучняў у пазітыўнае рэчышча, адабраць для наступнай працы найбольш рацыянальныя і сацыяльна прымальныя прапановы.

Сюды можна аднесці і практыкаванні творчага характару, якія прадугледжваюць свабоду мыслення, пазбаўленне ад моўных шаблонаў і стэрэатыпаў.

Па-пятае, фарміраванне ў вучняў ведаў па псіхалогіі чалавека для свядомага кіравання сваім развіццём (дыспут “Што такое асоба”, круглы стол “Што такое эмоцыі і пачуцці і навошта яны нам патрэбны”).

Па-шостае, аказанне дапамогі падлеткам у распрацоўцы ўласнай праграмы самаразвіцця. Пры рэалізацыі гэтай задачы работа вядзецца ў двух кірунках:

  1. Развіццё пазітыўных якасцей асобы, псіхічных працэсаў пры дапамозе педагога-псіхолага (трэнінгі “Эфектыўны самакантроль”, “Канфлікты. Шляхі іх вырашэння”, “Як выхаваць у сабе сілу волі” і інш.).
  2. Індывідуальная работа з вучнямі, дзе педагог-псіхолаг, строга выконваючы прынцып ананімнасці, дапамагае скласці ўласную праграму самаразвіцця, пераадолець цяжкасці ў самавыхаванні кожнаму дзіцяці паасобку, праводзіць індывідуальную дыягностыку (“Шкала безнадзейнасці Бека”, “Шкала трывожнасці Тэйлара” і інш.), каб не дапусціць непажаданых вынікаў у паводзінах.

Змест работы таксама падбіраецца з улікам актуальнага праблемнага поля горада, вобласці, краіны ў цэлым. Напрыклад, пры росце колькасці дзяцей, пастаўленых на ўлік у інспекцыі па справах непаўналетніх за распіццё алкагольных напояў, у работу пляцоўкі былі ўключаны заняткі “Прававыя наступствы ўжывання алкагольных напояў непаўналетнімі ў Рэспубліцы Беларусь”, “Складнікі здаровага ладу жыцця”. Падобныя заняткі прызначаны для таго, каб накіраваць развіццё і самаразвіццё падлеткаў у сацыяльна прымальнае рэчышча.

У адпаведнасці з сучаснай тэндэнцыяй да спецыя­лізацыі, на заняткі пляцоўкі запрашаюцца вузкія спецыялісты: прадстаўнікі ІСН — для прававой асветы, медыцынскія работнікі — для валеалагічнай, прадстаўнікі Праваслаўнай царквы — для духоўна-маральных гутарак, паспяховыя людзі — для таго, каб паказаць дзецям на канкрэтным прыкладзе, як самаразвіццё можа прывесці да поспеху ў жыцці. Прафесіяналы ў сваёй галіне, якія валодаюць адпаведнымі пасадамі і статусам, істот­ным чынам узмацняюць выхаваўчы эфект заняткаў.

Як правіла, заняткі праходзяць па суботах у шосты школьны дзень і ў час канікул, што спрыяе паляпшэнню кантролю за занятасцю непаўналетніх у вольны час.

Такім чынам, “Пляцоўка самаразвіцця асобы” ўяўляе сабой такую форму занятасці, вынікі якой прыносяць карысць як самім падлеткам, так і грамадству ў цэлым. Дасягненне поспеху ў жыцці з’яўляецца магутным стымулам да самаўдасканалення і самаразвіцця непаўналетніх, а іх сацыяльная накіраванасць зніжае рызыку ўзнікнення антыграмадскіх паводзін, якія ідуць у разрэз з заканадаўствам і прынцыпамі гуманізму.

Юрый ВЛАДЫКА,
педагог-псіхолаг сярэдняй школы № 4 Навагрудка.

Сярод сяброў

Зносіны ў жыцці кожнага чалавека маюць велізарнае значэнне, асабліва яны значныя для дзяцей з абмежаванымі магчымасцямі. 

Менавіта для зносін і сумеснага баўлення часу дзяцей з асаблівасцямі псіха-фізічнага развіцця i маладых інвалідаў горада ў Цэнтры творчасці дзяцей і моладзі “Спектр” Гродна працуе клуб “Добрыя сэрцы”. Штогод у рамках работы клуба праводзяцца розныя мерапрыемствы: навагоднія ранішнікі, канцэртныя і гульнёвыя праграмы, Велікодныя і Калядныя сустрэчы сумесна з Гродзенскім жаночым праваслаўным манастыром.

Напярэдадні Дня інвалідаў педагогі ЦТДіМ “Спектр” Гродна арганізавалі для 32 сем’яў, якія выхоўваюць дзяцей з інваліднасцю, канцэртна-гульнявую праграму “Сярод сяброў”. Гэтае свята стала для гасцей мерапрыемства яркай падзеяй, якая пакінула ў памяці незабыўныя ўражанні. Клоўны Цяпа, Смяшынка і Машанька сустрэлі гасцей вясёлымі гульнямі і забавамі, пажаданнямі моцнага здароўя, добрых сяброў, радасці, цікавых захапленняў і аптымізму. Усім удзельнікам праграмы былі падораны музычныя і харэаграфічныя нумары ад навучэнцаў аб’яднанняў па інтарэсах цэнтра.

Дзеці з абмежаванымі фізічнымі магчымасцямі з поспехам дэманстравалі і свае таленты: расказвалі вершы, спявалі песні і прыпеўкі, разгадвалі загадкі.

Акрамя яркіх эмоцый, госці канцэртна-гульнявой праграмы атрымалі прыемныя сюрпрызы. Гродзенскі гарадскі савет жанчын грамадскай арганізацыі “Беларускі саюз жанчын” падрыхтаваў прысмакі, якія заўсёды радуюць усіх дзяцей.

На працягу навучальнага года ў клубе “Добрыя сэрцы” прадугледжаны яшчэ шэраг мерапрыемстваў, на якіх будуць рады бачыць не толькі ўдзельнікаў клуба, але і новых сяброў.

Алена КОХАНАВА,
педагог-псіхолаг ЦТДіМ “Спектр” Гродна.

Рэгуліроўшчыкі на школьных скрыжаваннях

Любы педагог, незалежна ад прадмета, які выкладае, час ад часу аказваецца ў ролі своеасаблівага міратворца: уключаецца ў рэгуляванне спрэчных момантаў, канфліктаў паміж вучнямі, бацькамі і дзецьмі, настаўнікамі і бацькамі. І гэта нармальна, бо жыццё, у тым ліку школьнае, зусім не раўнюткая хуткасная траса, а складаная дарога з мноствам паваротаў і перашкод. Безумоўна, часцей за ўсё ў ролі “рэгуліроўшчыкаў” даводзіцца выступаць спецыялістам сацыяльна-педагагічнай і псіхалагічнай службы ўстаноў адукацыі, у тым ліку сацыяльным педагогам. У кожнага такога спецыяліста ёсць свае методыкі, заснаваныя на агульнапрынятых прынцыпах работы, і ўласныя педагагічныя набыткі.

Невыпадковы паварот

У сярэдняй школе № 30 Мінска больш за 1600 вучняў і каля 150 педагогаў, калектыў якіх узначальвае дырэктар Святлана Мікалаеўна Чурбанава. Але пры такой вялізнай населенасці ўстановы адукацыі тут звычайная сацыяльна-педагагічная і псіхалагічная служба з двума педагогамі-псіхолагамі і двума сацыяльнымі педагогамі. Адна з жанчын, зрэшты, зараз знаходзіцца ў адпачынку па доглядзе дзіцяці. Таму фактычна ў школе сёння працуе адзін сацыяльны педагог, праўда, не зусім звычайны. Пару гадоў назад Наталля Мікалаеўна Кулікова стала лепшым сацыяльным педагогам Кастрычніцкага раёна Мінска, фіналістам гарадскога конкурсу прафесійнага майстэрства “Сталічны настаўнік — сталічнай адукацыі”. Тады ў фінале яна разам са сваімі вучнямі ў конкурсе “Прэзентацыя сацыяльна значнай акцыі” прадставіла праект па рабоце ў інтэграваных класах па методыцы “роўны навучае роўнага”.

На той момант Наталля Мікалаеўна не так даўно працавала сацыяльным педагогам у школе, але работай паспела захапіцца. Інакш як можна перамагчы ў спаборніцтве з больш вопытнымі калегамі? Між іншым, па першай адукацыі мая суразмоўніца — юрыст, закончыла ў свой час Інстытут парламентарызму і прадпрымальніцтва. Затым была двухгадовая перападрыхтоўка па спецыяльнасці “Педагог сацыяльны” ў Рэспубліканскім інстытуце прафесійнай адукацыі.

Як там апынулася малады юрыст, якая пэўны час працавала ў Мінскім дзяржаўным прафесійна-тэхнічным каледжы кулінарыі? Спачатку ёй і самой здавалася, што выпадкова: перападрыхтоўку прапанаваў прайсці дырэктар каледжа, а яна, падумаўшы, пагадзілася. Разважала прыкладна так: “Гэтая адукацыя і ў рабоце, і ў асабістым жыцці спатрэбіцца: сваіх дзяцей будзе прасцей выхоўваць”. Але аб рабоце ў школе ўсур’ёз не задумвалася. Праўда, даволі хутка высветлілася, што многія выпадковасці пры бліжэйшым разглядзе аказваюцца ў ланцугу лёсу надзейным звяном, якога не хапала для адчування, што ў жыцці ўсё ідзе як трэба, што ты знаходзішся на сваім месцы.

Вось і Н.М.Кулікова зараз гаворыць: “На цяперашняй пасадзе працую каля пяці гадоў і паспела пераканацца, што работа з дзецьмі для мяне вельмі важная, зносіны з імі прыносяць шмат задавальнення. Вялікае значэнне мае і тое, што тут добры калектыў, — гэта важна на любой рабоце. А такую згуртаванасць, якая ёсць у нашым калектыве, трэба яшчэ пашукаць”.

Да таго як уладкавацца ў 30-ю школу, жанчына год працавала ў сацыяльна-педагагічным цэнтры Савецкага раёна сталіцы. Даведаўшыся пра вакансію сацыяльнага педагога ў школе, прыйшла паразмаўляць і ўразілася — вельмі спадабаўся калектыў. А ў рабоце аказаліся запатрабаванымі абедзве атрыманыя адукацыі: веданне законаў вельмі нядрэнна дапаўняе спецыяльныя веды сацыяльнага педагога, якому пастаянна даводзіцца супрацоўнічаць з інспектарамі па справах непаўналетніх, работнікамі прытулкаў, участковымі міліцыянерамі і г.д.

Новы напрамак

Не забываючыся пра напрацаваныя раней прынцыпы, якія ўжо стала ўвайшлі ў школьнае жыццё, у педагагічную практыку, любы зацікаўлены спецыяліст ідзе далей. Бо чаму можа навучыць той, хто сам не вучыцца новаму? Вось і сацыяльны педагог сярэдняй школы № 30, не пакідаючы ўжо звычайных метадаў (таго ж прынцыпу “роўны навучае роўнага”), імкнецца да выкарыстання новых практыка-арыентаваных метадаў работы.

У кабінеце Наталлі Мікалаеўны нароўні з граматамі, дыпломам пераможцы раённага прафесійнага спаборніцтва размяшчаецца і сертыфікат аб заканчэнні курсаў па аднаўленчай медыяцыі.

Жанчына кажа, што, калі атрымаецца, працягне навучанне ў гэтым напрамку, стане дыпламаваным медыятарам (спецыялістам па вырашэнні канфліктаў), бо такі метад, на думку маёй суразмоўніцы, вельмі карысны і перспектыўны, дазваляе разгледзець усе складнікі канфлікту надзвычай дэталёва, дабрацца да самай яго сутнасці, пачатку. І гэты пачатак можа аказацца зусім нечаканым для ўдзельнікаў спрэчкі. А значыць, і вырашэнне канфліктнай сітуацыі будзе больш плённым, чым проста пакаранне вінаватых і пацісканне рук адно аднаму.

МЕДЫЯЦЫЯ — адна з тэхналогій альтэрнатыўнага ўрэгулявання спрэчак (англ. alternative dispute resolution, ADR) з удзелам трэцяга, нейтральнага, непрадузятага ў гэтым канфлікце, боку — медыятара, які дапамагае бакам выпрацаваць пэўнае пагадненне па спрэчцы. Пры гэтым бакі цалкам кантралююць працэс прыняцця рашэння па ўрэгуляванні спрэчкі і ўмоў яе вырашэння.

Медыяцыя грунтуецца на прынцыпах добраахвотнасці, канфідэнцыяльнасці, узаемапавагі, раўнапраўя бакоў, нейтральнасці і непрадузятасці медыятара, празрыстасці працэдуры.

Вылучаюць некалькі відаў медыяцыі, у тым ліку школьную.

Медыяцыя як метад рэгулявання спрэчак пакуль не вельмі вядомая ў Беларусі, тым больш медыяцыя школьная, таму работу, якая праводзіцца ў сталічнай школе № 30, можна назваць унікальнай. Перш за ўсё школьныя спецыялісты пачалі супрацоўнічаць з Саюзам юрыстаў Беларусі.

Вось, напрыклад, якія даныя можна адшукаць у інтэрнэце: “Школьная медыяцыя даказала, што вырашэнне канфліктаў паміж навучэнцамі з дапамогай іх равеснікаў прыводзіць да шчаслівага вырашэння 7 з 10 канфліктаў” (даныя даследавання, праведзенага ў Рэспубліцы Малдова). У мінскіх школьнікаў вопыт пакуль, канечне, куды меншы, але ў 30-й школе старэйшыя дзеці, якія прайшлі адпаведнае навучанне, уключаюцца ў вырашэнне спрэчак паміж малодшымі школьнікамі. Цяперашнія васьмі- і дзевяцікласнікі ў мінулым навучальным годзе прайшлі курс навучання ў мінскім цэнтры “Медыяцыя і права”, атрымалі адпаведныя сертыфікаты прымірыцеляў. Зараз у сярэдняй школе № 30 нават дзейнічае клуб “Школа прымірэння”. А цэнтр задзейнічаў у праекце “Школьная медыяцыя” і некаторыя іншыя ўстановы адукацыі Беларусі. У нас такі рух, у адрозненне, напрыклад, ад Расіі, толькі пачынаецца.

Акрамя таго, мінулай вясной у школе з удзелам спецыялістаў цэнтра і школьных педагогаў прайшлі медыяцыі з цэлым класам (28 чалавек). Так склалася, што клас сабраўся не вельмі дружны, ёсць завадатар канфліктаў паміж аднакласнікамі, назіраецца ціск на слабыя месцы некаторых з іх. Дзеля выпраўлення сітуацыі былі праведзены індывідуальныя гутаркі са школьнікамі, агульныя трэнінгі. Падлеткі выпрацавалі агульны звод паводзін, якога паабяцалі прытрымлівацца. Н.М.Кулікова адзначае, што вынікі такой работы прыкметныя, сітуацыя ў класе палепшылася, хаця і патрабуе пэўнай прапрацоўкі. Праводзілася і медыяцыя з адной сям’ёй, якая зараз знята з уліку тых, хто знаходзіцца ў сацыяльна небяспечным становішчы.

“У сваёй школе мы разам з дырэктарам, з намеснікам па выхаваўчай рабоце Таццянай Віктараўнай Батвінка вырашылі і далей выкарыстоўваць медыяцыю для вырашэння канфліктаў”, — гаворыць Наталля Мікалаеўна.

Дарожныя работы

Калі ўжо працягваць асацыяцыі школьнага жыцця з няпростай дарогай, то, канечне, пры ўсіх новаўвядзеннях, адаптацыі работы СППС да новых выклікаў і ўвядзенні сучасных методык заўсёды застаецца звычайная штодзённая работа. А для сацыяльнага педагога гэта ў першую чаргу абарона правоў і законных інтарэсаў дзяцей, прафілактыка правапарушэнняў і злачынстваў сярод падлеткаў, прапаганда здаровага ладу жыцця.

На школьным уліку дзяцей, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы, зараз стаяць 5 чалавек. Для школы з 1604 навучэнцамі, гэта, канечне, вельмі мала. Уплывае на прыведзеную лічбу, безумоўна, тое, што мікрараён, да якога належыць школа, дастаткова добранадзейны. За апошні год з лішнім, як расказвае сацыяльны педагог, на ўлік трапляюць дзеці з сем’яў, у якіх адбываюцца нейкія канфлікты, а не з тых, дзе бацькі п’юць, як гэта часцей за ўсё бывае. Адначасова на ўліку максімальна могуць стаяць восем сем’яў, не больш.

Ды і пры канфліктных сітуацыях сям’я не адразу трапляе на ўлік СНС. Інфармацыя аб грамадзянах, якія здзейснілі тое ці іншае правапарушэнне, прыходзіць у школу з Кастрычніцкага РУУС або з судоў, а тут ужо высвятляюць, ці ёсць у сям’і гэтага чалавека непаўналетнія. Калі ў сям’і ёсць навучэнцы школы, бацькоў запрашаюць на савет прафілактыкі.

“Адзіны сур’ёзны канфлікт у сям’і з выклікам міліцыі — для нас — званок трывогі, для бацькоў — папярэджанне, — тлумачыць Наталля Мікалаеўна Кулікова, — але гэта яшчэ не прычына ставіць сям’ю на ўлік. З ёй трэба працаваць, каб не давесці да гэтага. Але калі інфармацыя аб канфліктах, правапарушэннях трапляе да нас пастаянна, калі класны кіраўнік заўважае, што ў дзіцяці знізілася паспяховасць, ёсць агрэсія ў яго паводзінах і г.д., то калегіяльна разглядаем пытанне аб прызнанні таго, што дзіця знаходзіцца ў сацыяльна небяспечным становішчы”.

На ўліку па справах непаўналетніх стаіць усяго 1 падлетак, хаця гадоў пяць назад такіх навучэнцаў было 16. І каб не вярнуцца да гэтай ці нават меншай лічбы, пры ўсёй добранадзейнасці мікрараёна неабходна пастаянная работа. Таму і сацыяльны педагог не расслабляецца: кожны месяц, як тое і патрэбна, адпраўляецца ў рэйды па сем’ях, запрашае бацькоў на кансультацыі ў школу. Тычыцца гэта не толькі дарослых з групы рызыкі (назавём іх так), але і тых мам і татаў, якія хочуць больш даведацца пра выха-ванне, правільныя зносіны з падлеткамі. Так, педагогі СППС вучыліся на курсах па паспяховым бацькоўстве ў Мінскім гарадскім інстытуце развіцця адукацыі, а затым арга-нізавалі заняткі для жадаючых мам і татаў навучэнцаў сваёй школы.

Наладжана пастаяннае супрацоўніцтва з раённым клубам дадатковай адукацыі “Ветразь”, клубамі цэнтра “Спадарожнік”, “Эколаг”, “Кактус” для дзяцей, якія стаяць на розных відах прафілактычнага ўліку. Сумесныя заняткі, круглыя сталы ці то ў школе, ці то на плошчах “Ветразя” праходзяць пастаянна. Напрыклад, нядаўна адбыўся круглы стол з удзелам інспектара па справах непаўналетніх па тэме “Здольнасць адказваць за свае ўчынкі — адна з найважнейшых якасцей асобы”. А такая здольнасць, такія навыкі і з’яўляюцца адным з найважнейшых вынікаў, да якіх імкнуцца спецыялісты СППС.

Марына ХІДДЖАЗ.
Фота з архіва Наталлі КУЛІКОВАЙ
і сайта мінскага цэнтра“Медыяцыя і права”.

І творчасць, і тэрапія

Педагогам-псіхолагам у дашкольнай установе я працую нядаўна. З першых дзён сваёй дзейнасці задумалася, як зрабіць так, каб дзеці з радасцю і, галоўнае, з жаданнем прыходзілі да мяне на заняткі. Адказ быў відавочны: неабходна займацца творчасцю. Усе дзеці з задавальненнем малююць, лепяць, прыдумляюць, паказваюць, таму ў сваёй рабоце я актыўна выкарыстоўваю метад арт-тэрапіі.

Дзіцячая псіхіка вельмі ранімая. Усе перажыванні, падзеі, якія траўміруюць, непрыемныя эмоцыі, якія не былі гарманічна пражыты, праз нейкі час перамяшчаюцца ў несвядомае. І тады яны праяўляюцца ў выглядзе страхаў, кашмараў, павышанай капрызнасці або ўзбудлівасці. Дзіцяці часам вельмі цяжка растлумачыць, што баяцца ўрачоў не варта, што страшных монстраў на самай справе няма, што мама нікуды не пойдзе і абавязкова забярэ яго з дзіцячага сада. Арт-тэрапія дазваляе мякка і далікатна, у гульнявой форме абысці ахоўныя механізмы, зразумець, якія перажыванні ёсць у дзіцяці, і гэтак жа акуратна іх скарэкціраваць.

Я ўстанавіла правіла: пасля кожных заняткаў з выхаванцамі праводжу маленькую выставу дзіцячых малюнкаў. Пры гэтым некалькі слоў абавязкова гавару пра кожны малюнак, адзначаю станоўчыя якасці работы. Кожнага маленькага мастака дзеці сустракаюць апладысментамі. Такое абмеркаванне вельмі важнае для малышоў, і яны кожны раз пытаюцца ў мяне, ці будзе выстава ў канцы заняткаў.

У творчасці важна падтрымаць ініцыятыву дзіцяці ў выбары матэрыялу. Мы імкнёмся не абмяжоўвацца звычайным наборам выяўленчых сродкаў (папера, пэндзлі, фарбы) і традыцыйнымі спосабамі іх выкарыстання. Дзеці больш ахвотна ўключаюцца ў працэс, які адрозніваецца ад звычайнага. Дзіцяці важны не столькі вынік, колькі сам працэс. Нават простае ўзаемадзеянне з вадой, фарбамі або іншымі сродкамі выяўленчай дзейнасці прыносіць яму задавальненне, спрыяе зняццю эмацыянальнага напружання і мышачных заціскаў.

У сваёй рабоце выкарыстоўваю розныя тэхнікі.

Тэхніка манатыпія. На гладкай паверхні — шкле, пластмасавай дошцы, плёнцы, тоўстай глянцавай паперы — робіцца малюнак гуашавай фарбай. Матэрыял, на які наносіцца фарба, не павінен прапускаць ваду. Я выкарыстоўваю аргшкло. Зверху накладваецца ліст паперы і прыціскаецца да паверхні. Атрымліваецца люстраны адбітак. Ён можа быць менш выразным у параўнанні з арыгіналам, больш расплывістым, могуць сцерціся межы паміж рознымі фарбамі.

Тэхніка пэцкання (распырскванне фарбаў). Гульня з фарбамі вельмі прываблівае і зачароўвае, тым больш калі дазволена пырскацца і “пэцкаць” ліст фарбамі. Дзеці выконваюць такія работы з асаблівым задавальненнем і цікавасцю.

Маляванне пальчыкамі. Маляванне пальчыкамі не бывае абыякавым дзіцяці. У сувязі з нестандартнасцю сітуацыі, асаблівымі тактыльнымі адчуваннямі, экспрэсіяй і нетыповым вынікам выявы яно суправаджаецца эмацыянальным водгукам. Маляванне пальцамі накіравана:

* на зняцце трывожнасці;

* на развіццё ўпэўненасці ў сабе і сваіх здольнасцях;

* на адпрацоўку любога негатыўнага пачуцця: крыўды, гневу, страху;

* на кіраванне сваім эмацыянальным станам і сваімі пачуццямі;

* на зніжэнне эмацыянальнай напружанасці і інш.

Малюнак “Фантом” або “Дзе жывуць эмоцыі?”. Я малюю сілуэт чалавека і прапаноўваю дзіцяці ўспомніць самую радасную падзею свайго жыцця і тое, што яно пры гэтым адчувала. Потым прапаноўваю заштрыхаваць адпаведным колерам на фантоме лакалізацыю эмоцыі радасці. Такім жа чынам прапрацоўваюцца іншыя эмоцыі.

Вельмі важна, каб дзіця САМО намалявала сваю праблему і САМО прыдумала, як перарабіць малюнак, таму што гэта яго асабістае ўнутранае бачанне і мае варыянты вырашэння яму наўрад ці падыдуць.

Нестандартныя падыходы да арганізацыі выяўленчай дзейнасці здзіўляюць і захапляюць дзяцей, тым самым выклікаючы імкненне займацца такой цікавай справай. Я прыйшла да высновы, што незвычайны падыход да малявання раскрывае творчыя магчымасці дзяцей, дазваляе адчуць фарбы, іх характар і настрой. І зусім не страшна, калі дзеці запэцкаюцца, галоўнае, каб яны атрымлівалі задавальненне ад зносін з фарбамі і радаваліся вынікам сваёй працы.

Юлія ГВАЗДЗЁВА,
педагог-псіхолаг ясляў-сада № 35 Магілёва.

Школа дапамогі

Прафілактыка крызісных станаў у дзяцей і падлеткаў

Як распазнаць трагедыю, якая набліжаецца? Як убачыць боль і бязвыхаднасць у вачах дзіцяці? Як прадухіліць бяду? Гэтымі пытаннямі задаюцца спецыялісты не адзін дзясятак гадоў, аднак і сёння яны застаюцца вельмі актуальнымі.

Прафілактыка крызісных станаў сярод навучэнцаў у нашай установе адукацыі ажыццяўляецца па двух асноўных напрамках: фарміраванне пазітыўнага мыслення ў дзяцей і падлеткаў і павышэнне агульнай псіхолага-педагагічнай кампетэнтнасці бацькоў і педагогаў.

Педагог-псіхолаг арганізоўвае сваю дзейнасць па гэтых напрамках наступным чынам:

— наладжвае з дзецьмі і падлеткамі больш блізкія адносіны шляхам даверлівых гутарак са шчырым імкненнем зразумець іх і дапамагчы;

— выяўляе (сумесна з педагогамі, бацькамі, навучэнцамі) дзяцей з асобаснымі парушэннямі і забяспечвае іх псіхолага-педагагічнай падтрымкай;

— інфармуе педагогаў і бацькоў пра крызісныя станы навучэнцаў (асабліва адчувальнымі да любых уздзеянняў з боку асяроддзя становяцца падлеткі 13—14 і 16 гадоў);

— аказвае дапамогу вучням з нізкай паспяховасцю, нізкім статусам у калектыве, пры наяўнасці сітуацыі, якая траўміруе, і інш.;

— аказвае дапамогу педагогам і бацькам у пераадоленні ўласных эмацыянальных станаў.

У нашай практыцы склалася наступная структура работы па прафілактыцы крызісных станаў сярод навучэнцаў. У рамках месячніка па прафілактыцы суіцыдаў (15 верасня — 15 кастрычніка) педагог-псіхолаг праводзіць дыягнастычнае абследаванне навучэнцаў з выкарыстаннем комплексу псіхадыягнастычных метадаў і методык: даследаванне сацыяметрычнага статусу, даследаванне самаацэнкі асобы, шкала безнадзейнасці Бека (Hopelessness Scale, Beck et al.), даныя назіранняў педагогаў, равеснікаў, бацькоў за зменай паводзін некаторых падлеткаў. Па выніках дыягностыкі распрацоўваюцца рэкамендацыі і праводзяцца кансультацыі для педагогаў і бацькоў і саміх вучняў.

Для карэкцыі выяўленых цяжкасцей навучэнцаў падабраны карэкцыйна-развіццёвыя праграмы і распрацоўкі псіхалагічных заняткаў, як для індывідуальнай работы, так і для групавой.

У верасні (пачатак навучальнага года) і ў красавіку (у рамках Тыдня псіхалогіі) кожнага навучальнага года педагог-псіхолаг наведвае 6—11 класы і праводзіць прафілактычную размову пра пазітыўныя мадэлі паводзін, пра фарміраванне самаацэнкі і наладжванне станоўчых адносін да сябе і да свету: “Я — “ОК” і Ты — “ОК”, пра самадапамогу ў крызіснай сітуацыі, пра магчымасці атрымання псіхалагічнай дапамогі, пра тэлефоны даверу, пра сайт і стэнды гімназіі з гэтай інфармацыяй, пра графік работы педагога-псіхолага, пра Закон Рэспублікі Беларусь ад 1 ліпеня 2010 года № 153-З “Аб аказанні псіхалагічнай дапамогі”.

На сайце гімназіі на “Старонцы псіхолага” размешчаны парады для навучэнцаў, на асобнай старонцы “Тэлефон даверу” размешчана інфармацыя “Калі ты трапіў у цяжкую жыццёвую сітуацыю”, тэлефоны даверу (мясцовыя і рэспубліканскія) з указаннем часу іх работы, інфармацыя пра сакратара прыёмнай Нацыянальнай камісіі па правах дзіцяці і кантактны тэлефон, на асобнай старонцы — “Цэнтр здароўя моладзі “Пазітыў”.

Абавязкова праводзяцца заняткі для выпрацоўкі ў дзяцей станоўчай самаацэнкі і самапавагі, па навучанні эфектыўным стратэгіям паводзін (вырашэнне праблемных сітуацый, зносіны, пазітыўная самарэалізацыя і інш.), па зняцці моцнага эмацыянальнага або фізічнага напружання, навучанні навыкам рэлаксацыі, а таксама ўменню ў выпадку неабходнасці звяртацца па дапамогу да дарослых.

Пры арганізацыі і правядзенні гімназічных псіхапрафілактычных мерапрыемстваў педагогі-псіхолагі арганізоўваюць групы навучэнцаў — памочнікаў псіхолага, у якія ўключаюцца як актыўныя навучэнцы, так і падлеткі, якія знаходзяцца пад наглядам педагога-псіхолага.

Два разы на год на пасяджэннях педагагічнага калектыву педагог-псіхолаг асвятляе пытанні прафілактыкі дэвіянтных паводзін дзяцей і падлеткаў. Для педагогаў ёсць памяткі “Табліца фактараў наяўнасці крызіснай сітуацыі ў навучэнцаў”, “Прафілактыка суіцыдальных паводзін навучэнцаў”, у тым ліку яны размешчаны на сайце на старонцы “Класнаму кіраўніку”.

На бацькоўскіх сходах і кансультацыях абмяркоўваюцца пытанні пра асаблівасці ўзросту, пра дзіцяча-бацькоўскія адносіны, пра матывы паводзін падлеткаў, пра фарміраванне самаацэнкі ў дзяцей і ўстаноўкі станоўчых адносін да сябе і свету. На сайце гімназіі на “Старонцы псіхолага” размешчаны парады для бацькоў “Памятка для бацькоў дзіцяці, якое перажыло псіхалагічную траўму”, “Зняцце нервова-псіхалагічнага напружання”, “Антыстрэсавыя прыёмы для дарослых і падлеткаў” і інш.

Арганізоўваюцца сустрэчы з вузкімі спецыялістамі (псіхатэрапеўтам, нарколагам, валеолагам, венеролагам, святаром, інспектарам ІСН і інш.).

У выпадку атрымання інфармацыі або выяўлення ў выніку псіхалагічнай дыягностыкі падазрэння на наяўнасць устойлівых дэпрэсіўных сімптомаў інфармуецца адміністрацыя і настойліва рэкамендуецца бацькам з дзіцем наведаць кансультацыю ў псіхатэрапеўта ў паліклініцы па месцы жыхарства або ў Гродзенскім абласным клінічным цэнтры “Псіхіятрыя-наркалогія” (з атрыманнем інфармацыі ад бацькоў пра вынікі наведвання).

Далей з дзіцем, якое знаходзіцца ў вострай крызіснай сітуацыі, і яго бацькамі праводзіцца індывідуальная работа. Педагогам рэкамендуецца арганізоўваць добрыя ўмовы на ўроках, ветлівыя зносіны, праяўленне разумення і падтрымкі.

Сістэма работы па прафілактыцы крызісных станаў сярод навучэнцаў паказала сваю эфектыўнасць на практыцы. Трагедыю можна прадухіліць. Галоўнае — быць пільным.

Анжэла КРЫВАНОС,
педагог-псіхолаг гімназіі № 5 Гродна.

Гарэць, а не выгараць

Прадухіляем сіндром эмацыянальнага выгарання

Выхавальніку дзіцячага сада пастаянна даводзіцца адчуваць вялікія псіхалагічныя і эмацыянальныя нагрузкі. І пры гэтым ён павінен захоўваць актыўнасць, гібка і адэкватна рэагаваць на розныя сітуацыі, быць у добрым настроі. Педагогі, якім гэта ўдаецца, сапраўдныя прафесіяналы, іх любяць дзеці і паважаюць бацькі. Аднак не ўсе на фоне пастаянных стрэсаў і ператамлення могуць захаваць твар, а замест таго, каб гарэць на рабоце, яны выгараюць. Пра сіндром выгарання ўжо нямала сказана. У нашай установе мы прадухіляем яго развіццё ў педагогаў.

Эмацыянальнае выгаранне — гэта немінучае наступства неадэкватнага вырашэння стрэсу і прафесійнага крызісу. Спачатку ў таго, хто выгарае, расце напружанасць у зносінах з калегамі, з’яўляюцца цяжкасці ў адносінах з начальствам, канфлікты ў сям’і. Паступова эмацыянальнае ператамленне пераходзіць у фізічнае. Напружанне, якое нарастае, вядзе да неадэкватнага рэагавання на тое, што адбываецца. Той, хто выгарае, пачынае шукаць спосабы эканоміі эмоцый: стараецца пабыць у адзіноце пасля работы, абмяжоўвае ўсе кантакты, мае зносіны толькі з самымі неабходнымі людзьмі. Калі ж гэта не ўдаецца, то спрацоўвае пэўная ахоўная рэакцыя. Яна можа выяўляцца ў абыякавасці да навакольных, цынізме і нават агрэсіі. Пры гэтым чалавек можа пачаць дзейнічаць на шкоду сабе. У канчатковым выніку выгаранне можа прыводзіць да рэзкага зніжэння самаацэнкі і прафесійнай матывацыі. Чалавек па звычцы можа захоўваць павагу да работы, аднак усё становіцца яму абыякавым.Больш за ўсё схільныя да эмацыянальнага выгарання людзі, якія адчуваюць высокую трывожнасць, з нізкай эмацыянальнай устойлівасцю, нясмелыя і падазроныя, схільныя да пачуцця віны, імпульсіўныя. Выгаранне таксама ўласціва людзям, залежным ад знешніх ацэнак і адабрэння іншых, якія не ўмеюць абараніць свой пункт гледжання, не вераць у сябе і свае здольнасці. У большай ступені да яго схільны людзі, якія не ўмеюць эфектыўна планаваць свой рабочы дзень, ігнаруюць розныя магчымасці павышэння кваліфікацыі, пасіўныя.
У яслях-садзе № 70 Магілёва штогод праводзіцца дыягностыка эмацыянальнага выгарання ў педагогаў дашкольных устаноў (мадыфікацыя методыкі Бойкі), вызначаецца прафесійнае выгаранне (методыка Рукавішнікава), вывучаецца псіхалагічны мікраклімат у калектыве, адсочваецца адаптацыя новых спецыялістаў да педагагічнага калектыву. Вынікі сведчаць пра наяўнасць у большасці педагогаў сярэдняй трывожнасці.
Размовы з выхавальнікамі, аналіз вынікаў апытання ў калектыве дазволілі вылучыць пытанні, якія больш за ўсё іх хвалююць:
— фарміраванне ўстойлівасці да стрэсагенных сітуацый, якія ўзнікаюць у працэсе прафесійнай дзейнасці;
— практычная прапрацоўка прыёмаў рэлаксацыі, самарэгуляцыі і расслаблення, накіраваная на прафілактыку эмацыянальнага напружання;
— павышэнне кампетэнтнасці ў пытаннях захавання псіхалагічнага здароўя.
Вызначэнне гэтых праблем стала штуршком для распрацоўкі цыкла заняткаў для педагогаў “Эмацыянальны камфорт” з мэтай пазнаёміць іх з паняццем “эмацыянальнае выгаранне”, яго характарыстыкамі, навучыць спосабам зняцця эмацыянальнага напружання, гарманізацыі ўнутранага эмацыянальнага стану, сфарміраваць пазітыўнае прыняцце сябе.
Педагогі падчас заняткаў павінны вучыцца знаходзіць рэсурсы ў сваёй прафесійнай дзейнасці, знімаць напружанне за кошт выказвання негатыўных эмоцый, якія назапасіліся, атрымаць псіхалагічную падтрымку. Цыкл разлічаны на 7 сустрэч з перыядычнасцю правядзення 1—2 разы на тыдзень. Працягласць заняткаў 1,5—2 гадзіны.
У групе з 12 чалавек былі выхавальнікі рознага ўзросту (ад 25 да 50 гадоў). У пачатку работы былі праведзены міні-лекцыі пра вынікі псіхалагічных даследаванняў па праблеме эмацыянальнага выгарання, пра тыпы людзей, схільных да сіндрому, пра значэнне і магчымасці элементаў арт-тэрапіі, цялесна-арыентаванай тэрапіі, музыкі, водаратэрапіі для рэгуляцыі эмацыянальнай сферы, пазітыўнай псіхатэрапіі.
Выбар арт-тэрапеўтычных і медытатыўных тэхнік для дасягнення эмацыянальнага камфорту быў абумоўлены тым, што яны з’яўляюцца ўніверсальнымі метадамі ў рабоце як з дзецьмі, так і з дарослымі. Каштоўнасць арт-тэрапіі ў тым, што яна звяртаецца да ўнутраных рэсурсаў самога чалавека. Медытатыўныя тэхнікі эфектыўныя і карысныя ў працэсе групавой работы. Выбар праектыўных метадаў цікавы тым, што яны дазваляюць выцягнуць тое, што хвалюе чалавека, вызначыць дыяпазон праблем, выйсці на групавое абмеркаванне гэтых праблем.
Каштоўнасць цыкла заключаецца ў тым, што ён носіць інтэграцыйны характар, уяўляючы сабой абагульненне спосабаў работы, якія належаць да вопыту розных тэорый і напрамкаў у псіхалогіі. У плане кожных заняткаў цыкла прадугледжана ўступная частка, якая ўключае ў сябе пастаноўку праблемы і разміначныя практыкаванні; асноўную частку з 2—3 практыкаванняў, якая займае вялікі прамежак часу і накіравана на вырашэнне некаторых праблем, і заключную частку.
Уступная частка ўключае ў сябе пытанні пра стан удзельнікаў і разміначныя практыкаванні. У якасці размінкі можна выкарыстоўваць практыкаванні, якія дазваляюць педагогам пераключыцца ад сваіх клопатаў да работы ў групе, актывізавацца, настроіцца на далейшую работу па тэме, уключыцца ў сітуацыю “тут і зараз” (практыкаванні “Сігнал”, “Павуціна”, “Кампліменты”, “Снежны камяк” і інш.). Змест асноўнай часткі мадыфікуецца ў адпаведнасці з патрэбамі групы. Практыкаванні ўключаюць і псіхалагічную зарадку, і фізічную разгрузку, арт-тэрапію, медытацыю, практыкаванні і тэхнікі цялесна-арыентаванага падыходу.
Для завяршэння заняткаў выкарыстоўваюцца практыкаванні “Апладысменты па крузе”, “Дзякуй за…”, “Усмешка”, “Мне сёння…” і інш.
На першых занятках, дыягнастуючы стан актыўнасці групы, высветлілася, што ў выхавальнікаў назіраецца вялікая цікавасць да пазнання сваёй асобы, іх цікавіць дадатковая інфармацыя пра тыпы характару чалавека. На наступных занятках былі праведзены тэсты “Намалюй характар”, “Геаметрычны малюнак чалавека”, “Чароўная краіна ўнутры нас”, гульня “Скарбонка жыццёвых сіл”.
Выхавальнікам было прапанавана тэсціраванне на выяўленне самаацэнкі эмацыянальнага стану ў пачатку і ў канцы заняткаў. Пры аналізе адказаў можна было заўважыць, што эмацыянальны стан выхавальнікаў у канцы заняткаў значна паляпшаўся.
Хацелася б назваць практыкаванні, накіраваныя на развіццё пазітыўнага мыслення, усведамленне педагогамі праблемы эмацыянальнага выгарання, зняцце эмацыянальнага напружання.
Пры выкананні практыкавання “Шчыра кажучы” выхавальнікам трэба было выцягнуць любую картку з незакончаным сказам і паспрабаваць закончыць фразу шчыра і сумленна. Гэта дапамагло ўдзельнікам выгаварыцца, даць выхад эмоцыям. Сумеснае абмеркаванне праблем зблізіла выхавальнікаў, дапамагло зразумець, што праблемы ў многіх падобныя.
Выкананне практыкавання “Малайчына!” адбывалася вельмі весела, выхавальнікі адзначылі, што адчулі сябе значнымі, каштоўнымі. У пачатку практыкавання было прапанавана падзяліцца на два кругі — унутраны і знешні, стаць тварам адно да аднаго. Удзельнікі, якія стаяць ва ўнутраным крузе, павінны былі гаварыць пра свае дасягненні, а ў знешнім крузе — хваліць свайго партнёра, гаворачы наступную фразу: “А гэта ты малайчына — раз! А гэта ты малайчына — два!” і г.д., пры гэтым загінаючы пальцы. Удзельнікі знешняга круга па камандзе (воплеску) перамяшчаюцца ўбок на адзін крок, і ўсё паўтараецца. Потым унутраны і знешні кругі мяняліся месцамі, і гульня паўтаралася да таго часу, пакуль кожны ўдзельнік не пабыў на месцы таго, хто хваліць, і выхвалякі. Калі ўдзельнікі групы дзяліліся сваімі адчуваннямі, нельга было не заўважыць характэрную змену ў паставе ў час перадачы сваіх пачуццяў, што дазволіла зрабіць выснову пра станоўчыя змены ўнутранага стану.
Практыкаванне “Плюс-мінус” дало магчымасць аб’ектыўна ацаніць сваю дзейнасць. Удзельнікі запісвалі на лісточках як негатыўныя, так і станоўчыя бакі работы педагога, а потым прымацоўвалі іх да пэўных бакоў “дрэва”. Пры прымацаванні сваіх лісточкаў з “плюсамі” і “мінусамі” да “дрэва” ўдзельнікі ўсвядомілі, што ў педагагічнай дзейнасці вельмі многа пазітыўных момантаў, што плюсоў у рабоце больш, што цяжкасці ў многіх педагогаў падобныя, а таксама прыйшлі да высновы, што работа педагога цяжкая, але прыемная.
Уражанне на ўдзельнікаў зрабіла і практыкаванне “Задавальненне”, пры выкананні якога кожны знайшоў свае шляхі зняцця эмацыянальнага напружання і падтрымліваючыя рэсурсы. Удзельнікі пісалі не менш за 5 штодзённых дзеянняў, якія прыносяць ім задавальненне. Далей іх трэба было праранжыраваць па ступені задавальнення. Потым тлумачылася, што гэтыя дзеянні і ёсць рэсурс, які можна выкарыстоўваць як хуткую дапамогу для аднаўлення сіл педагога.
У практыкаванні “Галоўнае — другараднае” выхавальнікі пісалі па парадку на лісце паперы 5—7 спраў, якія для іх зараз найбольш важныя. А потым прапаноўвалася заплюшчыць вочы і пастарацца ўявіць сябе ў канцы жыцця, як быццам ім ужо 75—80 гадоў, яны не працуюць, а займаюцца сваімі справамі, хатняй гаспадаркай, часта думаюць пра сваё жыццё, успамінаючы самыя маркотныя і радасныя падзеі. Потым прапаноўвалася ўявіць, што з таго часу яны глядзяць у сваё сучаснае і ацэньваюць галоўнае і другараднае. Педагогі заўважалі, як многа часу і сіл аддавалі нейкаму занятку, які не меў для іх жыцця вялікага значэння і толькі здаваўся вельмі важным. Потым прапаноўвалася расплюшчыць вочы, узяць новы ліст паперы і скласці спіс сваіх заняткаў па ступені значнасці для жыцця, як бы ад асобы 80-гадовых. Параўноўваючы два атрыманыя спісы, выхавальнікі заўважалі змены і пераасэнсоўвалі ўклад свайго жыцця.
Сярод арт-тэрапеўтычных практыкаванняў выхавальнікам спадабаліся заданні, дзе патрабавалася намаляваць свой настрой, адчуванні, перажыванні, скласці калажы. Работы заўсёды былі вельмі цікавыя, ажыўлена абмяркоўваліся. У практыкаванні “Колер маіх пачуццяў” выхавальнікі самастойна складалі колеравую карту сваіх пачуццяў, ажыццяўлялі “колеравае дыханне”, знаёміліся з рэкамендацыямі па выкарыстанні колеру ў адзенні, у інтэр’еры.
Практыкаванні на зняцце мышачнага напружання (“Шалтай-балтай” “Снежная баба” і інш.) спачатку даваліся выхавальнікам цяжка, але пасля некалькіх заняткаў многія адчулі сябе больш свабодна, пры гэтым у некаторых удзельнікаў адбывалася спантаннае выліванне эмоцый — ад слёз да смеху.
Мэтай практыкавання-медытацыі “Сад маёй душы” было зняцце напружання, аднаўленне гарманічнага стану, расслабленне ўсіх груп мышцаў. Фонам для выканання гэтага практыкавання была спакойная рэлаксацыйная музыка, чытаўся тэкст-медытацыя. Прапаноўвалася ўяўляць тое, што гаварылася. Пасля візуалізацыі педагогі апісвалі ўражанні, пачуцці, адчуванні і вобразы. У другой частцы практыкавання ўдзельнікі на паперы малявалі тое, што яны ўявілі, — кветку або сад.
Практыкаванні на медытацыю “Паплавок у акіяне”, “Карцінкі ў старой кнізе” выклікалі розныя адчуванні. Адным практыкаванні спадабаліся, другім яны здаліся цяжкімі, таму што візуалізацыі часам выяўляюць тое, што застаецца для чалавека нявыказаным або нявырашаным.
Практыкаванні на рэлаксацыю, такія як “Маяк”, “Закінуты сад”, “Храм цішыні”, дапамаглі педагогам візуалізаваць карціны прыроды, мірнага акружэння, сонечнага святла, абароненасці.
Для згуртавання групы, фарміравання даверу сярод калег выкарыстоўваліся практыкаванні “Мыйная машына”, “Броўнаўскі рух”, “Давер” і інш.
Падчас выканання практыкаванняў-рэлаксацый па жаданні ўсіх удзельнікаў групы выкарыстоўвалася водаратэрапія з эфірнымі масламі мяты, лімона, апельсіна.
Важным вынікам практычнай работы стала тое, што пасля некаторых заняткаў тры выхавальнікі звярнуліся да педагога-псіхолага з просьбай аказаць індывідуальную псіхалагічную дапамогу, таму што падчас выканання пэўных практыкаванняў усвядомілі свае праблемы і хацелі б іх прапрацаваць.
У канцы пройдзенага цыкла заняткаў была праведзена дыягностыка для ацэнкі эфектыўнасці і актуальнасці работы ў гэтым напрамку. Прыемным было тое, што ўсе педагогі адчулі, што адносіны паміж імі значна пацяплелі, калектыў стаў больш згуртаваным, стала больш узаемаразумення з бацькамі выхаванцаў, а таксама з членамі сваіх сем’яў, стала лягчэй ісці з імі на кампраміс. У педагогаў зменшылася адчуванне незадаволенасці сабой, знізілася трывожнасць і дэпрэсіўныя праяўленні, павысілася ўпэўненасць у сабе. Змены праявіліся ў зніжэнні стомленасці і павышэнні працаздольнасці, змяншэнні раздражняльнасці.
Паспяховаму пераадоленню эмацыянальнага выгарання спрыяе імкненне да набыцця ведаў і ўменняў перажываць цяперашні момант свайго жыцця ва ўсёй яго паўнаце, добра разумеючы свае патрэбы і пачуцці, уменне бачыць сваё жыццё цэласным. Важным было тое, што кожны педагог змог выказаць свой эмацыянальны стан, падзяліцца ведамі і вопытам, задаць пытанні і атрымаць адказы. Абмен думкамі, зносіны і раздзяленне пачуццяў з калегамі — сам па сабе ўнікальны спосаб пазбаўлення ад стрэсу.
У канцы цыкла заняткаў былі сабраны найбольш цікавыя рэлаксацыйныя практыкаванні, антыстрэсавыя прыёмы, якія кожны атрымаў у выглядзе памяткі. Галоўнае — гэта мець жаданне ўмацаваць сваю псіхіку і развіць сваю асобу.

Ірына КУРГАНАВА,
педагог-псіхолаг ясляў-сада № 70 Магілёва.

Заўсёды на сувязі

Наталля Уладзіміраўна Котава — намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце сярэдняй школы № 34 Мінска, педагог-псіхолаг, аспірант Акадэміі паслядыпломнай адукацыі. А яшчэ гэта цікаўны, неабыякавы і шчодры на эмоцыі чалавек.

Мой тэлефонны званок заспеў яе якраз пасля заканчэння мерапрыемства каля мемарыяльнага комплексу “Трасцянец”. Яе настолькі перапаўнялі эмоцыі, што яна ніяк не магла спыніцца: гаварыла пра людзей, дзяцей, пра свае пачуцці, перажыванні і пажаданні. А калі зразумела, што гераіняй газетнага матэрыялу стане яна, то сумелася і сарамліва спытала: “А чым выклікана такая ўвага?”
Наталля Уладзіміраўна — двухразовы ўладальнік прэміі Мінгарвыканкама, трохразовы ўладальнік грантаў Мінгарвыканкама. У яе арсенале — больш за 50 публікацый. Пад яе кіраўніцтвам педагогі школы актыўна дзеляцца вопытам работы на гарадскіх, рэспубліканскіх і міжнародных канферэнцыях і семінарах. Сёння сярэдняя школа № 34 выпускае свае вучэбныя выданні.Адным з важкіх вынікаў дзейнасці Наталлі Уладзіміраўны перш за ўсё з’яўляецца распрацаваны ёй механізм дасягнення дастойнай рэпутацыі школы і кожнага педагога паасобку. У 2015 годзе яна была ўдастоена прэміі Мінгарвыканкама за абагульненне вопыту работы па тэме “Фарміраванне PR-кампетэнтнасці педагогаў як сродку павышэння канкурэнтаздольнасці ўстановы адукацыі”.
“Работа прысвечана фарміраванню PR-кампетэнтнасці ў педагогаў ва ўстанове адукацыі. PR — гэта сістэма інфармацыйна-аналітычных і працэдурна-тэхналагічных дзеянняў, накіраваных на гарманізацыю ўзаемаадносін унутры супольнасці, паміж яе ўдзельнікамі, яе знешнім і ўнутраным асяроддзем у мэтах дасягнення паразумення і станоўчага выніку ў прафесійнай дзейнасці.
Цяпер без ведання public relations немагчыма наладжваць эфектыўнае супрацоўніцтва з грамадскасцю. Паколькі дзейнасць педагога падразумявае, акрамя выканання сваіх прамых прафесійных абавязкаў, узаемадзеянне з рознымі прадстаўнікамі грамадскасці — асобнымі грамадзянамі, сацыяльна-педагагічнымі таварыствамі, навуковымі і грамадскімі арганізацыямі, работадаўцамі, то я дазволю сабе зрабіць выснову аб тым, што элементы дзейнасці па сувязях з грамадскасцю прысутнічаюць у штодзённай працы практычна ўсіх педагогаў.
У рабоце раскрыты вопыт фарміравання станоўчага вобраза педагога і захавання яго высокага аўтарытэту, што, несумненна, забяспечвае высокі ўзровень канкурэнтаздольнасці ўстановы адукацыі”, — адзначыла Наталля Уладзіміраўна.
Вынікам гэтай плённай і паспяховай працы стаў выпуск дапаможніка “Прафесійная культура і майстэрства педагогаў”. А па выніках работы за 2015 год школа стала другой у раёне.
Яшчэ Наталля Уладзіміраўна ўзначальвае раённае метадычнае аб’яднанне рэзерву кіраўніцкіх кадраў. Увогуле, яна вопытны настаўнік маладых, які думае і плённа працуе. Яе характарызуюць як вялікую працаўніцу і проста надзейнага сябра. Заўсёды ветлівая, энергічная, добразычлівая, Наталля Уладзіміраўна прыцягвае да сябе людзей, узбагачаючы іх ідэямі, зараджаючы аптымізмам, верай у свае сілы, прадвызначаючы тым самым іх поспехі.
“Гэта чалавек, надзелены выдатнымі якасцямі: эрудзіраванасцю, лёгкасцю ў зносінах, адкрытасцю, бескарыслівасцю, гатоўнасцю прыйсці на дапамогу. І яна вельмі патрабавальная ў адносінах да сябе”, — так кажуць пра яе калегі.
Не шкадуючы ні сябе, ні сіл, ні часу, Наталля Уладзіміраўна заўсёды ў курсе ўсіх педагагічных навінак, шчодра дзеліцца з калегамі вопытам на гарадскім, рэспубліканскім, міжнародным узроўнях. Самааддана працуе над фарміраваннем новага тыпу настаўніка сучаснай школы як актыўнага суб’екта ўсіх пераўтварэнняў.
Калі функцыі сучаснага настаўніка характарызуюць тыя віды дзейнасці, якія ён павінен выконваць, то яго роля вызначаецца працэсамі, якімі ён павінен умець кіраваць. Па меркаванні Наталлі Уладзіміраўны, гэта адна з найважнейшых задач работы школы.

Вольга ДУБОЎСКАЯ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.

Вярнуць у сям’ю любоў да дзіцяці

Работа для педагога-псіхолага ва ўстанове дашкольнай адукацыі знойдзецца заўсёды, тым больш для спецыяліста-пачаткоўца. У мае абавязкі ўваходзіць не толькі дыягностыка, кансультаванне, правядзенне прафілактычнай работы з дзецьмі і дарослымі, але і суправаджэнне непаўналетніх, якія пражываюць у сем’ях, што знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы (СНС).

Для вызначэння непаўналетніх, якія знаходзяцца ў СНС, кіруюся нарматыўнымі прававымі дакументамі, у першую чаргу “Інструкцыяй аб парадку выяўлення непаўналетніх, якія маюць патрэбу ў дзяржаўнай абароне”. Часцей за ўсё ў дзіцячым садзе сустракаюцца сем’і, у якіх бацькі злоўжываюць спіртнымі напіткамі, адзін з бацькоў не працуе, або дзіця выхоўваецца ў сям’і, якая знаходзіцца ў сітуацыі канфлікту.
За свой невялікі вопыт работы ў дзіцячым садзе мне давялося сутыкнуцца з дзясяткам такіх сем’яў. Усе яны вельмі розныя, у кожнай свае каштоўнасці, парадкі і звычаі. Атрымаўшы інфармацыю пра сацыяльна небяспечнае становішча, пачынаю вывучаць сітуацыю, далучаючы да работы іншыя ведамствы. Падставай для прызнання непаўналетняга дзіцем, якое знаходзіцца ў СНС, з’яўляецца акт абследавання ўмоў яго жыцця і выхавання, які складаецца на момант наведвання сям’і сумесна з сацыяльнай службай сярэдняй школы, якая знаходзіцца ў мікрараёне пражывання сям’і.Рашэнне аб прызнанні непаўналетняга дзіцем, якое знаходзіцца ў СНС, прымаецца педагагічным саветам установы дашкольнай адукацыі. А далей пачынаецца работа па ліквідаванні прычын і ўмоў, якія прывялі да такой сітуацыі. Штомесяц на нарадзе ў загадчыцы дзіцячага сада заслухоўваецца аналіз выканання плана абароны правоў і законных інтарэсаў такога непаўналетняга, прымаюцца канкрэтныя рашэнні па далейшай рабоце з яго сям’ёй. Самая лепшая для мяне навіна — гэта скасаванне рашэння аб прызнанні дзіцяці асобай, якая знаходзіцца ў СНС. Яно прымаецца таксама на педагагічнай нарадзе. Значыць, намаганні спецыялістаў былі недарэмнымі.
Сем’і розныя, але адна з іх выклікала ў мяне незабыўнае ўражанне. Мама і тата не гатовы былі стаць сям’ёй. І хаця ім ужо за 30, дзіця і яго клопаты былі ім нецікавы. А хлопчык у страху блытаўся ў словах, баяўся сказаць лішняе. Няўжо яго ўласныя бацькі так на яго ўплываюць? Пачынаю вывучаць сітуацыю. Сям’я ў хлопчыка поўная, у яго ёсць не толькі бацькі, але бабулі і дзядулі з абодвух бакоў. Першае наведванне сям’і. Усе хвалююцца, у размове адчуваецца напружанне. Яны не адразу пайшлі на кантакт, мне патрабавалася прыкласці намаганні, каб дарослыя маглі з даверам да мяне паставіцца, змаглі паверыць, што я прыйшла з добрымі намерамі.
З чаго ўсё пачалося ў гэтай сям’і? У аднаго — няўдалы першы шлюб, у другога — загінуў блізкі чалавек. Першая чарка… другая чарка… трэцяя… І вось мама і тата чамусьці забылі, не разумеюць або не хочуць разумець, што іх дзіця мае права на нармальнае жыццё, права быць шчаслівым. Спрабавала гаварыць з бацькамі. Вельмі складана зразумець іх матывы і думкі, што імі кіруе, калі яны цягнуцца за бутэлькай. Складана зразумець, а яшчэ складаней дапамагчы. Калі ў чалавека алкагольная залежнасць, то дапамагчы яму зможа толькі ўрач-нарколаг. А што магу зрабіць я адразу пасля заканчэння ўніверсітэта, не маючы вялікага вопыту ў рабоце і тым больш у зносінах з такімі сем’ямі? Я не здавалася, хаця работы з гэтай сям’ёй было многа, прыйшлося прыкласці максімум намаганняў, каб проста выклікаць прыхільнасць дарослых да сабе. Спатрэбіліся і веды, атрыманыя ва ўніверсітэце, і нават тыя, якія набыла на трэнінгах “Рэсурсы залежнасці”. З залежнымі людзьмі мець зносіны няпроста, паколькі ў іх зусім іншыя, чым у звычайных людзей, погляды, інтарэсы, перакананні і каштоўнасці. Да таго ж бацькі гэтага хлопчыка не лічылі сябе залежнымі і былі ўпэўнены, што дапамога ім не патрэбна. Яны былі ўпэўнены, што змогуць спыніцца ў любы момант, калі толькі яны гэтага захочуць. Мне ж хацелася, каб мама і тата разумелі, што іх сям’я, іх лёс, лёс іх дзіцяці мне не абыякавыя. І што мэта мая як спецыяліста не пакараць іх, а дапамагчы, прадухіліць самае сумнае развіццё падзей, у выніку якіх дзіця могуць забраць з сям’і. Я прыйшла да іх з дабром, я сапраўды вельмі хацела дапамагчы, паколькі не магла больш бачыць пастаянны смутак у вачах іх малыша, яго павышаную трывожнасць і замкнутасць. Мой шчыры ўдзел у жыцці дзіцяці і на яго фоне абыякавыя адносіны да яго з боку бацькоў станавіліся ўсё больш відавочнымі.
Наведванне сям’і, тэлефонныя званкі ў выпадку адсутнасці хлопчыка ў дзіцячым садзе — усё гэта стала маім пастаянным абавязкам. Працавала ў цеснай сувязі з аддзелам кадраў па месцы работы бацькоў, з інспекцыяй па справах непаўналетніх, з сацыяльна-педагагічнай і псіхалагічнай службай школы, якая знаходзіцца ў мікрараёне пражывання сям’і. Агульнымі намаганнямі нам удалося змяніць ход падзей у сям’і. Спачатку бацькі проста навучыліся размаўляць са мной, паведамляць пра свае праблемы і нават раіцца па канкрэтных пытаннях. Я правяла з імі шэраг прафілактычных размоў і кансультацый. Яны нарэшце прыйшлі ў дзіцячы сад для таго, каб паўдзельнічаць у трэнінгавых занятках “Шчаслівыя разам” і ў агульнасадавых мерапрыемствах “Дзень сям’і”, “Дзень здароўя” і інш. Маленькімі, але ўпэўненымі крокамі мы рухаліся наперад да поспеху. І аднойчы па вачах мамы і таты я зразумела, што яны мне давяраюць, яны нават хочуць, каб ім дапамаглі справіцца з праблемай. Разам са спецыялістамі сярэдняй школы, інспектарам па справах непаўналетніх нам удалося пераканаць іх звярнуцца па дапамогу да ўрача-нарколага. У выніку мама і тата закадзіраваліся, а тата нават уладкаваўся на новую работу. Супрацоўніцтва з прафсаюзным камітэтам на рабоце мамы таксама дало вынік — сям’і выдзелілі пакой у сямейным інтэрнаце. У бацькоў з’явіліся новыя клопаты, рамонт у новым жыллі. Кожны дзень пасля работы мама і тата адпраўляліся абсталёўваць пакой, фарбаваць падлогі і вокны, купляць мэблю. У сям’ю прыйшло шчасце, радасць сумеснага знаходжання, клопат адно пра аднаго, упэўненасць у заўтрашнім дні. Бацькі змаглі пачаць новае жыццё, у якім няма месца залежнасці ад алкаголю.
Вельмі прыемна рабіць дабро людзям і бачыць, што твая дапамога не дарэмная.

Святлана ГУРЫНАВА,
педагог-псіхолаг ясляў-сада № 70 Магілёва.

Cтужка пазітыву

У Субацкім дзіцячым садзе — сярэдняй школе да 10 кастрычніка 2015 года праводзіцца месячнік па папярэджанні самагубстваў.

У сусветны дзень барацьбы з суіцыдам у навучальнай установе правялі акцыю “Жыццё ў пазітыве”. Напярэдадні быў аформлены стэнд з прэзентацыяй “Жыццё цудоўнае” і афарызмамі вялікіх людзей пра каштоўнасць жыцця. Раніцай у школе панавала атмасфера прыемнай нечаканасці: ніхто, акрамя арганізатараў, не ведаў аб планах на 10 верасня. Кожны настаўнік пры ўваходзе ў школу атрымліваў ліст-зварот наступнага зместу: “Паважаныя настаўнікі! 10 верасня ў нашай школе праводзіцца акцыя “Жыццё ў пазітыве”. Сацыяльна-педагагічная і псіхалагічная служба школы прапаноўвае вам прыняць удзел у гэтай акцыі! Няхай сённяшні дзень пройдзе без заўваг, з добрай доляй аптымізму і запалу! Няхай ваша добрая ўсмешка падорыць радасць кожнаму вучню! У канцы вучэбнага дня просім вас правесці невялікае практыкаванне пад назвай “Поспех дня”. Прапануйце навучэнцам засяродзіцца на тым, што добрае і пазітыўнае здарылася з імі за дзень, і дайце ім магчымасць падзяліцца пазітывам са сваімі аднакласнікамі. Дзякуй за супрацоўніцтва!”
На ўсіх перапынках праходзіла акцыя “Падары добры настрой”. Для яе правядзення спатрэбілася шмат метраў тонкіх шаўковых стужак яркіх колераў, якія былі нарэзаны па 30—40 сантыметраў і складзены ў скрынку з надпісам “Падары добры настрой”. Сутнасць акцыі была ў наступным: педагогі і вучні школы бралі па стужцы, на працягу дня гэтую стужку трэба было завязаць на запясце таму чалавеку, які выклікае сімпатыю, тым самым падарыўшы яму пазітыўны настрой. У канцы вучэбнага дня стужкі былі завязаны на “дрэва пазітыву”. Дрэва атрымалася арыгінальнае і яркае. На апошнім уроку ў кожным класе праводзілася практыкаванне “Поспех дня”. Навучэнцам было прапанавана засяродзіцца на тым, што добрае і пазітыўнае адбылося з імі за дзень, і падзяліцца ўражаннямі са сваімі аднакласнікамі.
Многія дзеці задумваліся, ці ва ўсіх ёсць на запясці шаўковая стужка. Гэта сведчыць аб тым, што яны былі асабліва ўважлівыя да навакольных. Практыкаванне “Поспех дня” дапамагло выявіць і звярнуць асаблівую ўвагу на тых дзяцей, якім складана нават у такі незвычайны дзень знайсці нешта добрае.
Увесь дзень у школе адчуваўся сапраўды пазітыўны настрой. Дзеці і дарослыя ўсміхаліся, было мноства станоўчых водзываў. Мы ўпэўнены, што не толькі ў гэты дзень, але і ўвесь год у школе будзе панаваць атмасфера цяпла, даверу і пазітыву.

Юлія БІРУКОВА,
педагог-псіхолаг Субацкага дзіцячага сада — сярэдняй школы Ваўкавыскага раёна.