Лепшы кабінет АБЖ

На працягу месяца ў Гродзенскай вобласці праходзіў агляд-конкурс прадметных кабінетаў і куткоў асноў бяспекі жыццядзейнасці, арганізаваны ўпраўленнем адукацыі аблвыканкама і Гродзенскім абласным інстытутам развіцця адукацыі. Удзел у конкурсе прынялі 16 кабінетаў і 9 куткоў АБЖ.

— Аналіз конкурсных матэрыялаў паказаў, што ва ўстановах адукацыі праводзіцца мэтанакіраваная сістэмная работа па ўдасканаленні матэрыяльна-тэхнічнай базы прадметных кабінетаў, па напаўненні іх вучэбным абсталяваннем, вучэбна-метадычнай, дыдактычнай, даведачнай літаратурай, па ўкараненні ў практыку работы педагогаў сучасных тэхналогій, — расказвае метадыст Цэнтра дашкольнай, агульнай сярэдняй і спецыяльнай адукацыі ГрАІРА Святлана Шмурэй. — Дарэчы, конкурс-агляд кабінетаў і куткоў АБЖ праводзіўся ў вобласці ўпершыню.

Вынікі былі падведзены на абласным семінары “Фарміраванне ў навучэнцаў свядомага і адказнага стаўлення да бяспекі асобы і грамадства”. Да ўдзелу ў ім запрасілі настаўнікаў, якія вядуць факультатыўныя заняткі “Асновы бяспекі жыццядзейнасці”, а таксама прадстаўнікоў Гродзенскага абласнога ўпраўлення МНС. Практычныя заняткі па пытаннях узаемадзеяння МНС і навучальных устаноў, змястоўнага напаўнення кабінетаў, удзелу ў конкурсах і аглядах, накіраваных па папулярызацыю ведаў па АБЖ, правёў начальнік сектара ўзаемадзеяння з грамадскасцю Гродзенскага абласнога ўпраўлення МНС Аляксандр Сувораў.

Пераможцамі агляду-конкурсу сталі Квасоўская сярэдняя школа (загадчык кабінета Іна Гарошчык) і сярэдняя школа № 3 Ашмян (загадчык кабінета Алена Краско) у намінацыі “Кабінет асноў бяспекі жыццядзейнасці”. Лепшым таксама прызнаны куток АБЖ Паляцкішскай сярэдняй школы Воранаўскага раёна (загадчык Ганна Барушка).

Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.
Фота аўтара.