Тыдзень высокага інтэлекту

Першы вучэбны дзень трэцяй чвэрці даў старт трэцяму (абласному) этапу рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах. У традыцыйных інтэлектуальных спаборніцтвах прымаюць удзел тысячы навучэнцаў устаноў агульнай сярэдняй, прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі ва ўсіх рэгіёнах рэспублікі.

Першы алімпіядны тур праходзіць на базе навучальных устаноў. Звычайна гэта адбываецца ў кастрычніку. Другі этап (раённы, гарадскі) быў завершаны 1 снежня 2016 года. І нарэшце стартаваў абласны этап рэспубліканскай алімпіяды.

Нагадаем, што алімпіяды пройдуць па 17 прадметах: матэматыка, працоўнае навучанне, нямецкая, англійская, іспанская, французская і кітайская мовы, інфарматыка, руская мова і літаратура, хімія, астраномія, грамадазнаўства, фізіка, біялогія, беларуская мова і літаратура, геаграфія і гісторыя.

Калі гаварыць пра геаграфію правядзення трэцяга этапу рэспубліканскай алімпіяды, то яна ахоплівае абласныя цэнтры (Віцебск, Гродна, Гомель, Магілёў, Брэст), сталіцу, а таксама шэраг іншых гарадоў краіны.
Як паказвае практыка і сістэмная работа рэгіёнаў, удзельнікі алімпіяды будуць у поўнай меры забяспечаны ўсім неабходным: будуць створаны належныя ўмовы для размяшчэння іншагародніх удзельнікаў алімпіяды, кіраўнікоў каманд, членаў журы, арганізавана харчаванне, транспартнае, медыцынскае і культурнае абслугоўванне, правядзенне ўрачыстых мерапрыемстваў адкрыцця і закрыцця алімпіяды, будзе прадастаўлена лабараторнае, камп’ютарнае і іншае абсталяванне.

У канцы гэтага тыдня адбудзецца ўзнагароджанне пераможцаў трэцяга этапу рэспубліканскай алімпіяды. Стануць таксама вядомы імёны тых, хто зможа прадставіць свой рэгіён на рэспубліцы. Заключны этап рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах пройдзе з 27 па 31 сакавіка 2017 года.

У Мінску збяруцца лепшыя знаўцы геаграфіі, а ў Кобрыне — лепшыя майстры і майстрыхі (тут пройдзе Рэспубліканская алімпіяда па працоўным навучанні). У Пінску стануць вядомы імёны лепшых знаўцаў біялогіі і хіміі. Полацк будзе прымаць юных рускіх філолагаў, у Магілёве стануць вядомы пераможцы алімпіяд па замежных мовах (англійскай, нямецкай, французскай, іспанскай, кітайскай), а ў Гомелі вызначаць лепшых беларускіх філолагаў. Барысаў будзе прымаць лепшых юных гісторыкаў і знаўцаў грамадазнаўства, у Гродне вырашаць, хто першы ў краіне па фізіцы, астраноміі, інфарматыцы, а ў Лідзе аб’явяць пераможцаў па матэматыцы.

Рэпартажы з абласнога этапу інтэлектуальных спаборніцтваў чытайце ў наступных нумарах газеты.

Вольга ДУБОЎСКАЯ.

Фінансавая будучыня за школьнымі партамі

Заключны этап Рэспубліканскай алімпіяды па фінансавай дасведчанасці сярод навучэнцаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі прайшоў у Мінску ў асабліва ўрачыстай атмасферы — у памяшканні Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь. Удзельнікамі фіналу спаборніцтваў самых адукаваных юных фінансістаў стаў 21 хлопец і дзяўчына з усіх абласцей краіны.

Намеснік старшыні праўлення Нацыянальнага банка Сяргей Валер’евіч Калечыц, адкрываючы апошні этап алімпіяды, нагадаў, што фінансавыя спаборніцтвы сярод старшакласнікаў праводзяцца ў Беларусі з 2014 года.

— Кожны раз гэта асаблівыя мерапрыемствы, кожны раз хвалююцца і нашы ўдзельнікі, і мы ўсе, — заўважыў ён. — Сёлета ў алімпіядзе прыняло ўдзел больш за 5 тысяч чалавек. І, безумоўна, усе тыя, хто прайшоў у заключны этап, ужо з’яўляюцца пераможцамі, бо людзі, якія цікавяцца фінансавымі пытаннямі, — пераможцы па жыцці. Хачу таксама падзякаваць нашым калегам з Міністэрства адукацыі і іншых дзяржаўных органаў, выкладчыцкаму складу ўстаноў адукацыі за садзейнічанне і сумесную работу ў правядзенні і гэтай алімпіяды, і іншых мерапрыемстваў па фінансавай дасведчанасці.

Ад імя Міністэрства адукацыі да юных фіналістаў алімпіяды звярнулася начальнік упраўлення агульнай сярэдняй адукацыі міністэрства Святлана Васільеўна Уклейка:

— У чым станоўчы бок і ў той жа час складанасць гэтай алімпіяды? З аднаго боку, няма такога вучэбнага прадмета, як “фінансавая дасведчанасць”, з другога — гэта магчымасць займацца самаадукацыяй і развіццём. У мінулым годзе мы праводзілі маніторынг па ўзроўні фінансавай дасведчанасці ў нашых установах, і больш за палову апытаных сказалі, што яны часта займаюцца не на факультатывах, а захапіліся самаадукацыяй пад кіраўніцтвам педагогаў, шмат чытаюць дадатковай літаратуры.

Святлана Васільеўна асабліва падкрэсліла, што фінансавая дасведчанасць — частка функцыянальнай дасведчанасці. Ужо ўзгаданы маніторынг, дарэчы, паказаў, што школьнікі нярэдка больш фінансава дасведчаныя, чым іх бацькі, чым наогул дарослыя. І фіналісты рэспубліканскай алімпіяды ў гэтым сэнсе — своеасаблівы ўзор для пераймання дарослым у фінансавых паводзінах. Задача фіналістаў алімпіяды заключаецца не толькі ў тым, каб паказаць, што яны лепшыя, але і ў тым, каб прыцягнуць сяброў, аднакласнікаў, знаёмых у рух па павышэнні ўзроўню фінансавай дасведчанасці, бо гэтыя ўменні і веды неабходны любому з нас кожны дзень.

Пасля такіх станоўчых наказаў і пачаўся заключны этап алімпіяды. Яго ўдзельнікам былі прапанаваны 30 пытанняў, дзе правільным адказам быў адзін з варыянтаў. 31-е заданне было творчым, а на ўсе адказы фіналістам адводзілася адна гадзіна. І адразу ж пасля гэтага сваю работу пачало журы. Згодна з яго рашэннем, пераможцам Рэспубліканскай алімпіяды па фінансавай дасведчанасці сярод школьнікаў у 2016 годзе стаў адзінаццацікласнік Вадзім Рыбачук з Брэсцкага абласнога ліцэя. На другім месцы — Іван Ануфрэенак, будучы выпускнік гімназіі № 2 Вілейкі, пераможца абласнога этапу алімпіяды на Міншчыне; на трэцім — дзесяцікласнік Павел Салей з Дубненскай сярэдняй школы Мастоўскага раёна Гродзенскай вобласці. Усе яны атрымалі каштоўныя прызы — планшэт, смартфон, фотаапарат.

Як прызнаюцца многія юныя знаўцы ў галіне фінансаў і эканомікі, патрэбную інфармацыю яны шукаюць часцей за ўсё ў дапаможніках і ў інтэрнэце, напрыклад, на сайце Нацбанка, у інтэрнэт-крыніцы “Фінансавая дасведчанасць”. А цікавасць да такіх ведаў ім нярэдка прывіваюць настаўнікі. Так, Павел Салей расказаў “Настаўніцкай газеце”, што да ўдзелу ў алімпіядзе яго заахвоціла настаўніца Людміла Сцяпанаўна Астапчэня, якая выкладае грамадазнаўства.

Пераможца сёлетняй алімпіяды Вадзім Рыбачук заўважыў, што па схільнасцях ён гуманітарый, але зацікавіўся эканомікай, тэма якой закранаецца ў курсе грамадазнаўства. “Я разумею, што веды па фінансах мне спатрэбяцца ў жыцці”, — гаворыць хлопец. Заключны этап алімпіяды Вадзіму здаўся даволі складаным, бо ў ім былі пытанні, адказаў на якія ён не ведаў, але, зыходзячы з атрыманых ведаў, шляхам лагічных разважанняў старшакласнік змог на іх адказаць. Між іншым пасля заканчэння школы Вадзім збіраецца атрымаць юрыдычную адукацыю, і, канечне, здольнасць лагічна мысліць яму вельмі спатрэбіцца.

Марына ХІДДЖАЗ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.

Фінансы любяць разумных

Каб навучыцца зарабляць і з розумам распараджацца грашыма, неабходна валодаць трывалымі ведамі ў сферы фінансаў. У гэтым поўнасцю перакананы кожны з удзельнікаў абласнога тура Рэспубліканскай алімпіяды па фінансавай дасведчанасці, які днямі адбыўся на Магілёўшчыне.

Алімпіяда аб’яднала звыш 80 навучэнцаў 10—11 класаў з усіх раёнаў вобласці. Кожны раён прадстаўляла міні-каманда з трох школьнікаў, якія сталі лепшымі па выніках мясцовых, рэгіянальных тураў.

Ступень падрыхтоўкі вучняў да інтэлектуальнага спаборніцтва правяралася пры дапамозе тэставых заданняў і напісання эсэ. Па словах намесніка начальніка эканамічнага ўпраўлення прадстаўніцтва Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь па Магілёўскай вобласці Таццяны Рахуба, алімпіядныя задачы закраналі розныя раздзелы эканомікі, асноў спажывецкіх ведаў і фінансавай дасведчанасці.

— Спачатку ўдзельнікам прапанавалася адказаць на 30 пытанняў, якія тычыліся дэнамінацыі, банкаўскіх укладаў і крэдытаў, лічбавага банкінгу, дзейнасці Нацыянальнага банка краіны, страхавання, падаткаў. А вось у апошнім заданні школьнікам трэба было паразважаць і выказаць свае меркаванні наконт узаемасувязі рызык і прыбытковасці. Радуе, што дзеці даволі паспяхова справіліся з заданнямі. Большасць канкурсантаў набрала звыш паловы магчымых балаў, — адзначыла Таццяна Анатольеўна.

Падобныя вынікі сведчаць аб якасці падрыхтоўкі ўдзельнікаў. Ва ўстановах адукацыі вобласці сталі вялікую ўвагу ўдзяляць фінансавай дасведчанасці вучняў. Паўсюдна праводзяцца факультатыўныя заняткі, арганізоўваюцца вучэбныя мерапрыемствы з удзелам прадстаўнікоў розных банкаў. А тры агульнаадукацыйныя ўстановы: сярэдняя школа № 35 Магілёва, Ціманаўская сярэдняя школа Клімавіцкага раёна і Свяцілавіцкі ВПК Бялыніцкага раёна зараз распрацоўваюць інавацыйныя мадэлі фарміравання асноў эканамічных ведаў у навучэнцаў.

Як адзначалі сёлетнія канкурсанты, заданні для іх не былі складанымі.

— Я ўжо не першы раз удзельнічаю ў гэтай алімпіядзе. Рыхтуючыся да іспытаў, рашаў падобныя задачы. Эсэ таксама далося лёгка, варта было толькі засяродзіцца і падумаць. Вельмі дапамагла таксама падтрымка майго педагога Сяргея Міхайлавіча Герасімовіча, — падзяліўся сваімі ўражаннямі вучань Ленінскага вучэбна-педагагічнага комплексу Бабруйскага раёна Максім Аляксееў.

— Быць фінансава дасведчаным — патрабаванне часу. Мы даўно пашыраем свае веды ў гэтым кірунку, таму і з рашэннем заданняў цяжкасцей амаль не ўзнікла. Мяркуем, што паказалі нядрэнныя вынікі. А ўвогуле на алімпіядзе было вельмі цікава. Можна было не толькі свае здольнасці прадэманстраваць, але і пабываць на пазнавальных экскурсіях па структурных падраздзяленнях банкаў горада, — расказалі вучаніцы сярэдніх школ Бабруйска Маргарыта Патапкіна і Марына Боскіна.

Закрыццё алімпіяды праходзіла ва ўрачыстай абстаноўцы. У адрас удзельнікаў, педагогаў, якія іх падрыхтавалі, прагучала шмат добрых слоў. Самым інтрыгуючым момантам стала абвяшчэнне пераможцаў. З невялікай розніцай у балах пераможцамі алімпіяды сталі навучэнец гімназіі Кіраўска Павел Хурсаў, вучань сярэдняй школы № 4 Асіповіч Ягор Буйноўскі, вучаніца сярэдняй школы № 1 Чавус Наталля Анішчанка, якія занялі першае, другое і трэцяе месцы адпаведна. Прызёры былі ўзнагароджаны ганаровымі дыпломамі і каштоўнымі падарункамі. Удзельнікам, якім поспех усміхнуўся трохі менш, былі ўручаны памятныя сувеніры.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота аўтара.

Мысліць творча і арыгінальна

Цёплая сяброўская атмасфера панавала на мінулым тыдні ў Абласным аграрна-тэхнічным прафесійным ліцэі Дзяржынска, дзе праходзіў заключны этап Рэспубліканскай алімпіяды па рускай мове і літаратуры. Гаспадары і арганізатары спаборніцтваў паклапаціліся пра камфортныя ўмовы для работы і адпачынку ўдзельнікаў алімпіяды і членаў журы.

Усяго ў Дзяржынск з’ехаліся 114 юных знаўцаў рускай філалогіі (105 дзяўчат і 9 хлопцаў), сярод іх — 37 адзінаццацікласнікаў, 42 дзесяцікласнікі і 35 дзевяцікласнікаў. На жаль, на заключны этап спаборніцтва трапілі толькі два навучэнцы з сельскай мясцовасці. 87 навучэнцаў — прадстаўнікі навучальных устаноў новага тыпу: ліцэяў і гімназій (11 і 76 адпаведна).
Сёлетняя алімпіяда захавала тыя традыцыі, якія былі намечаны раней. Распрацоўшчыкі заданняў зрабілі ўсё магчымае, каб яны былі цікавымі вучням і разлічаны на тое, каб пераможцам стаў той, хто сапраўды мысліць нестандартна, арыгінальна і творча.
Алімпіядныя заданні ўключалі пісьмовы водгук на лірычны твор, комплексную работу па рускай мове і літаратуры і вуснае выказванне. Так, сёлета дзевяцікласнікам прапаноўвалася напісаць водгук на твор С.С.Нараўчатага “Пунсовыя ветразі”, дзесяцікласнікам — на твор С.Ю.Куняева “Зямныя сны”, адзінаццацікласнікам — на ўрывак з паэмы А.Т.Твардоўскага “За даллю даль” (“Нет, жизнь меня не обделила…”). Ад удзельнікаў алімпіяды патрабавалася правесці аналіз зместу вершаў: вызначыць тэму, ідэю, аўтарскую канцэпцыю, праблематыку, паказаць асаблівасці формы, сюжэт і кампазіцыю, ахарактарызаваць вобразна-выяўленчыя сродкі. Пры гэтым улічвалася пісьменнасць, творчы характар работы, арыгінальнасць формы, агульнакультурная эрудыцыя аўтара. Лінгвістычны конкурс уключаў заданні на праверку валодання вучнямі ўсімі ўзроўнямі мовы і 4 заданні па літаратуры. Прычым прапанаваныя заданні былі разлічаны не толькі на веданне мовы і літаратуры, але і на эрудыцыю, агульны кругагляд, праяўленне творчага падыходу. Напрыклад, алімпіяднікам было прапанавана да кітайскіх прыказак падабраць рускія з тым жа значэннем: “Вялікія птушкі не кормяцца зярняткамі”, “Калі ў гарах няма тыгра, то і малпа — князь” і інш., альбо навучэнцам неабходна было знайсці ў творы аўтарскія неалагізмы. Што тычыцца заданняў па літаратуры, то школьнікам, напрыклад, прапаноўвалася ўзнавіць інфармацыю, якой не хапае, пра творы, прысвечаныя Вялікай Айчыннай вайне, альбо даць гісторыка-культурны каментарый да ўрыўка з твора вядомага аўтара.
Апошняе выпрабаванне — вуснае выказванне. Удзельнікі алімпіяды цягнулі білет, у кожным з якіх на выбар прапаноўваліся тры тэмы. Першая тэма насіла лінгвістычны характар, другая была звязана з літаратурай, а трэцяя ўяўляла сабой разважанні на свабодныя тэмы. Так, напрыклад, у адным з білетаў школьнікам прапаноўваліся такія тэмы: 1. “Мова яшчэ ў большай ступені, чым адзенне, сведчыць пра густ чалавека, пра яго адносіны да навакольнага свету, да самога сябе” (Д.С.Ліхачоў). 2. “Гутарыць з пісьменнікамі іншых стагоддзяў амаль тое ж, што падарожнічаць”. Ці згодны вы з меркаваннем Рэнэ Дэкарта? 3. Героі беларускага спорту. Дарэчы, у вусным выказванні ацэньваліся яго змест, пабудова (лагічнасць, звязнасць, кампазіцыйная дакладнасць, завершанасць), моўнае афармленне (багацце і выразнасць маўлення, правільнасць, адпаведнасць зададзенаму стылю, жанру, тыпу маўлення), а таксама творчы характар выказвання.
Па словах старшыні журы Рэспубліканскай алімпіяды па рускай мове і літаратуры, дэкана філфака БДУ, доктара філалагічных навук, прафесара Івана Сямёнавіча Роўды, у алімпіядах усіх апошніх гадоў больш агульнага, чым адрознага. І агульнае ў тым, што ўсе дзеці вельмі добра падрыхтаваныя. У гэтым годзе ўзровень падрыхтоўкі школьнікаў нават вышэйшы за мінулагодні: у выніковым пратаколе няма вялікай разбежкі паміж баламі. Вынікі ўдзельнікаў вельмі шчыльныя і адрозніваюцца сотымі балаў. Алімпіяднікі прыемна здзівілі журы і ў ведах, і ў падачы гэтых ведаў, і ў іх афармленні. Было відаць, што вучні вельмі начытаныя, эрудзіраваныя. На вусным выказванні ў асноўным выбіралі свабодную альбо літаратурную тэму, дэманстравалі свае адносіны да літаратуры, да чытання ў цэлым. Удзельнікі алімпіяды парадавалі моцнымі, сур’ёзнымі, прадуманымі выступленнямі. Яны сыпалі цытатамі. Большасць з іх не чыталі з паперкі, а свабодна выказваліся. І трэба адзначыць, што ўзровень іх маўленчай падрыхтоўкі вельмі высокі.
Пры напісанні водгуку вучні прадэманстравалі дастаткова высокую пісьменнасць. У работах школьнікаў не праглядаецца ніякай сістэмы памылак. І гэта сведчанне таго, што ў цэлым яны добра валодаюць усімі ўзроўнямі мовы, маюць дакладнае ўяўленне аб моўнай сістэме.
Што тычыцца комплекснай работы, то вучню, які добра ведае школьны курс рускай мовы, мае шырокі кругагляд, пэўнае лінгвістычнае чуццё, багаты слоўнікавы запас, прапанаваныя заданні былі пад сілу. Гэта і пацвердзілі тыя ўдзельнікі алімпіяды, якія набралі дастатковую колькасць балаў і сталі ўладальнікамі дыпломаў. Высокія балы атрымалі тыя навучэнцы, якія прадэманстравалі творчыя здольнасці, здольнасць да самастойнага мыслення.
Крыху горш вучні справіліся з літаратурнымі заданнямі. І, на думку І.С.Роўды, гэта ў многім звязана з тым, што ў сённяшняга пакалення дзяцей ёсць шмат спакус, якія адцягваюць іх увагу. Камп’ютарызацыя, інфарматызацыя робяць сваю справу. Зараз своечасова вядзецца работа па пераглядзе вучэбных праграм. І тут важна захаваць баланс паміж літаратурай, якая мае выхаваўчае значэнне, і літаратурай, цікавай сённяшнім дзецям, паміж класікай і сучаснай літаратурай.
І.С.Роўда лічыць, што сёння змяніліся адносіны пераможцаў алімпіяд да выбару спецыяльнасцей. Асаблівасць алімпіяды па рускай мове і літаратуры ў тым, што іх пераможцы маюць права паступаць на любыя спецыяльнасці любых ВНУ краіны з ужо наяўнымі ў іх максімальнымі баламі па рускай ці беларускай мове. Такой магчымасці няма ў хімікаў, фізікаў, географаў, бо выбар спецыяльнасцей у ВНУ для пераможцаў гэтых алімпіяд абмежаваны толькі дадзенымі напрамкамі. “У такой сітуацыі ёсць неабходнасць у правядзенні алімпіяд універсітэтамі для тых выпускнікоў школ, якія свядома зробяць выбар на карысць філалогіі”, — лічыць Іван Сямёнавіч.
Дыпламантамі Рэспубліканскай алімпіяды па рускай мове і літаратуры стаў 51 навучэнец. Уладальнікамі дыпломаў І ступені сталі 10 чалавек, ІІ — 16 і ІІІ — 25. Так, дыпломамі І ступені ўзнагароджаны адзінаццацікласнікі: навучэнка гімназіі Асіповіч Аляўціна Балвановіч (настаўніца Таццяна Львоўна Амбрушкевіч), навучэнка гімназіі № 2 Віцебска Галіна Рулёва (настаўніца Алена Канстанцінаўна Майсеева), навучэнка гімназіі № 2 Баранавіч Юлія Емельяновіч (настаўніца Аліна Чаславаўна Галаўко); дзесяцікласнікі: навучэнка гімназіі № 2 Баранавіч Настасся Пузікава (настаўніца Святлана Анатольеўна Пузікава), навучэнка ліцэя № 1 імя А.С.Пушкіна Брэста Кацярына Крэйдзіч (настаўніца Ганна Мікалаеўна Сверба), навучэнка гімназіі № 14 Гомеля Юлія Баранава (настаўніца Жанна Фёдараўна Жадзейка), навучэнка гімназіі № 1 Ліды Валерыя Звяркова (настаўніца Таццяна Міхайлаўна Глыздова). Дыпломы І ступені атрымалі і дзевяцікласнікі: навучэнка гімназіі № 22 Мінска Вікторыя Піліпенка (настаўніца Ніна Міхайлаўна Нядзьведзь), навучэнка Рэчыцкай раённай гімназіі Вераніка Новікава (настаўніца Алена Уладзіміраўна Вернікоўская) і навучэнка Крупскай раённай гімназіі Дар’я Вараб’ёва (настаўніца Святлана Леанідаўна Хадатовіч).
Спецыяльны прыз міністра адукацыі атрымала адзінаццацікласніца Алекшыцкай сярэдняй школы Бераставіцкага раёна Гродзенскай вобласці Настасся Болбат (настаўніца Святлана Уладзіміраўна Курыла). У неафіцыйным камандным заліку лідзіруе Мінск (9 дыпломаў), па 8 дыпломаў у Гомельскай і Магілёўскай абласцей, па 7 дыпломаў у Брэсцкай і Гродзенскай абласцей.
Віншуем навучэнцаў з перамогай!

Навучэнка 11 класа гімназіі № 2 Баранавіч Брэсцкай вобласці
Юлія ЕМЕЛЬЯНОВІЧ:
— Філалогіяй я захапілася ў 5 класе, калі настаўніца рускай мовы і літаратуры Вольга Міхайлаўна Гутоўская прапанавала мне пачытаць навукова-папулярныя кнігі па мовазнаўстве. Сярод іх была кніга М.Шанскага “У свеце слоў”. Мяне вельмі захапіла мовазнаўства, і ўжо ў 8 класе я ўпершыню паехала на рэспубліканскую алімпіяду: спаборнічала разам з дзевяцікласнікамі. Акрамя рэспубліканскай алімпіяды, я ўдзельнічала ў алімпіядзе школьнікаў Саюзнай дзяржавы “Расія і Беларусь: гістарычная і духоўная еднасць”, у Міжнароднай алімпіядзе школьнікаў краін СНД і Балтыі (была абсалютнай яе пераможцай і адзначана дыпломам ІІ ступені на конкурсе “Юны чытач”). Для мяне гэты этап алімпіяды ўжо 16-ы. З 7 класа маёй настаўніцай з’яўляецца Аліна Чаславаўна Галаўко, якая і рыхтавала мяне да спаборніцтваў і затраціла шмат энергіі і душэўных сіл, за што ёй вялікі дзякуй.
Менавіта комплексная работа — мой любімы алімпіядны тур. І хаця і былі некаторыя цяжкасці (па словаўтварэнні, сінтаксісе), але я лічу, што на алімпіядзе так і павінна быць. Я не вельмі люблю напісанне водгуку на лірычны твор. Мяне больш прыцягвае менавіта моўны бок верша, і часта мне гавораць, што водгук атрымліваецца сухім, вельмі мала эмоцый і ўражанняў. Мне падабаецца вуснае выказванне. Часта я бяру моўныя альбо сацыякультурныя тэмы. На гэты раз я таксама выбрала моўную тэму: “Як вы пракаменціруеце выказванне Вальтэра: “Ведаць шмат моў — значыць мець шмат ключоў да аднаго замка”. Я выступала апошняй, мне гэта было даспадобы: пасля мноства выказванняў гэта якраз зручны момант, каб зачапіць журы сваім маўленнем.
Хачу паступаць на факультэт прыкладной матэматыкі і інфарматыкі, стаць вучоным. Матэматыка мяне прыцягвае за яе адарванасць ад канкрэтных катэгорый. Гэта ідэальная сістэма. Руская мова таксама вельмі лагічная і амаль матэматычна заканамерная сістэма. Упэўнена, яе веданне ў многім мне дапаможа.

Навучэнка 11 класа сярэдняй школы № 73 Мінска Паліна РОДЗІК:
— Гэтая рэспубліканская алімпіяда для мяне не першая. Летась я ўжо прымала ўдзел у гэтых спаборніцтвах. З 7 класа пачала ўдзельнічаць у інтэрнэт-алімпіядах. Была прызёрам алімпіяды школьнікаў Саюзнай дзяржавы “Расія і Беларусь: гістарычная і духоўная еднасць”. На заключным этапе рэспубліканскай алімпіяды мне вельмі спадабалася: панавала добразычлівая сяброўская атмасфера, былі вельмі цікавыя заданні ў комплекснай рабоце (па лексіцы, фразеалогіі).
Любоў да рускай мовы і літаратуры мне прывіла мая настаўніца і мама Ірына Яўгенаўна Родзік. У цэлым гэта яе заслуга, што я знаходжуся на заключным этапе алімпіяды. Мы займаемся круглы год, і я не магу сказаць, што яна адносіцца да мяне больш лаяльна, чым да іншых вучняў. У школе я найперш вучаніца, а дома — дачка. Вельмі ўзбагацілі і зборы, якія праходзілі на базе гімназіі № 24 і сярэдняй школы № 144 у Соснах, дзе з намі займаліся розныя педагогі, у тым ліку і кіраўнік нашай каманды Л.Г.Казачонак. Заслуга збораў у тым, што збліжаюцца ўдзельнікі каманды, мы шмат чаго адно пра аднаго даведваемся. Думаю, пры падрыхтоўцы трэба браць не колькасцю, а якасцю, і рабіць акцэнты на тым, што атрымліваецца горш і выклікае цяжкасці. Вельмі важна таксама атрымліваць задавальненне ад таго, што ты робіш.
Я захапляюся яшчэ нямецкай мовай, гісторыяй Беларусі, вельмі люблю выпякаць. Магчыма, я звяжу сваё жыццё з філалогіяй, бо настаўніцтва мне падабаецца, а калі не, то ўпэўнена, што веданне мовы спатрэбіцца ў любой справе, мастацтве.

Навучэнка 10 класа Ліцэя БДУ Мілана ПАСАНЕН:
— Мой старэйшы брат — алімпіяднік, кожны год ездзіў на спаборніцтвы па біялогіі, і я таксама хацела для сябе выбраць які-небудзь прадмет для паглыбленага вывучэння і ўдзельнічаць у алімпіядным руху. Летась я прымала ўдзел у гарадской алімпіядзе, аднак на рэспубліку не прайшла. У мінулым годзе паступіла ў Ліцэй БДУ, і канкурэнцыі на ліцэйскай алімпіядзе мне асабліва ніхто не склаў. У ліцэі са мной працавалі педагогі Н.Ц.Антропава, Т.У.Ігнатовіч. Са мной шмат займалася мама, біёлаг па адукацыі, падбірала дадатковую літаратуру, прапрацоўвала заданні.
Надзеі мае апраўдаліся, ніякіх нечаканасцей на алімпіядзе не было. Комплексная работа падалася мне найбольш складанай. Вялікія цяжкасці выклікалі літаратурныя заданні. Хацелася, каб яны былі больш канкрэтна сфармуляванымі. Пад азначэнне, прадстаўленае ў заданні, падыходзяць шматлікія пісьменнікі. Для вуснага выказвання я выбрала тэму “Веды — гэта сродак, а не мэта” (Л.М.Талстой). Мне пашанцавала з нумарам, я выступала другой і была падрыхтавана да выказвання, яно атрымалася правільным і лагічна выбудаваным.
Пасля заканчэння ліцэя планую паступаць на факультэт журналістыкі БДУ і атрымаць прафесію, якая звязана з філалогіяй і адкрывае дзверы на тэлебачанне, дзе мяне прыцягвае работа, якая ажыццяўляецца за кадрам.

Навучэнец 9 класа гімназіі № 8 Віцебска Якаў ЛАЗАРЭНКА:
— Вопыт удзелу ў рэспубліканскай алімпіядзе ў мяне ўжо ёсць. Летась я ўпершыню паспрабаваў свае сілы. Зацікавіла мяне рускай мовай і літаратурай настаўніца Ірына Віктараўна Красноўская. У 5 класе яна заўважыла мае схільнасці да мовы. З трэцяй чвэрці ў мяне было свабоднае наведванне ўрокаў і я рашаў заданні мінулагодніх алімпіяд. Займаўся прыкладна па 6—8 гадзін на дзень.
Сваім выступленнем на сёлетніх спаборніцтвах я не вельмі задаволены. Чатырох гадзін на водгук на лірычны твор мне аказалася недастаткова, шмат чаго давялося скарачаць. У комплекснай рабоце цяжкасці выклікала літаратурнае заданне, у прыватнасці, запаўненне табліцы на веданне твораў аб Вялікай Айчыннай вайне. А вось самым простым стала расстаноўка ў словах націскаў. На вусным выказванні я выбраў для выступлення тэму, якая мне бліжэй і да якой я быў падрыхтаваны, — выказванне Ф.Бэкана “Кніга робіць чалавека разумным, гутарка — знаходлівым, а прывычка запісваць — дакладным”.
Філолагам стаць пакуль не збіраюся. Руская мова для мяне — хутчэй, занятак для душы. Мне вельмі падабаюцца фізіка, біялогія і хімія. І ў будучыні хачу звязаць з імі сваё жыццё і стаць вучоным.

Навучэнец 11 класа сярэдняй школы № 11 Салігорска Марк КРЫВАБЛОЦКІ:
— Я не сказаў бы, што на заключным этапе алімпіяды было штосьці зусім нечаканае. Хаця заданні комплекснай работы сёлета патрабавалі логікі, эрудыцыі. Гэта мне даспадобы, аднак я не ўпэўнены, што справіўся добра з гэтымі заданнямі. Як правіла, заданні прапануюцца такога плана, што ты іх альбо ведаеш, альбо не. І звычайна за гадзіну ты іх робіш, а потым яшчэ штосьці дадумваеш. Таму лічу, што тры гадзіны на комплексную работу — гэта зашмат. Тэма майго вуснага выказвання — “Веды — сродак, а не мэта”. Я паспрабаваў даказаць, што, сцвярджаючы гэта, Л.М.Талстой узяў на сябе вельмі многа. А ў цэлым я на гэтых спаборніцтвах зрабіў тое, што павінен быў зрабіць.
У алімпіядны рух я ўключыўся яшчэ ў 3 класе. У 5 класе мяне мэтанакіравана пачала рыхтаваць настаўніца рускай мовы і літаратуры Святлана Анатольеўна Шыла — выдатны педагог, які добра ведае прадмет і ўмее яго цікава данесці да дзяцей. З 9 класа я наведваў факультатыўныя заняткі, многа працаваў індывідуальна. Шмат карыснага далі і падрыхтоўчыя зборы ў МАІРА, дзе заняткі праводзілі А.Волчак, В.Царова, Т.Ігнатовіч і інш.
Пасля школы планую паступаць у БДУ на факультэт міжнароднага права. Акрамя таго, я захапляюся музыкай, пішу песні, выступаю з канцэртамі і хачу стаць музыкантам. Думаю, адно другому не перашкодзіць. А руская мова і літаратура толькі дапаможа мне ў ажыццяўленні мар.

Наталля КАЛЯДЗІЧ.
Фота аўтара.

Залатыя рукі і светлы розум

Заключны этап Рэспубліканскай алімпіяды па працоўным навучанні праходзіў сёлета на базе Жодзінскага прафесійнага ліцэя. Спаборніцтвы праводзіліся 12-ы раз. У іх прынялі ўдзел 77 вучняў 7—11 класаў (39 хлопчыкаў і 38 дзяўчынак), у тым ліку навучэнцы І і ІІ курсаў устаноў прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі. На працягу тыдня былі арганізаваны тэарэтычны, практычны і творчы туры.

Юнакі майстравалі сувенір, а дзяўчаты — арганайзер для вышывання

Тэарэтычны тур доўжыўся 1 гадзіну. Ён прадугледжваў выкананне 25 тэставых заданняў адкрытага і закрытага тыпу. У адных трэба было даць разгорнутыя адказы на пытанні, а ў іншых — выбраць адзін або некалькі правільных адказаў з прапанаванага набору варыянтаў.
На практычным туры на працягу паўгадзіны навучэнцы складалі тэхналагічную карту па вырабе прапанаванай дэталі і затым за 3,5 гадзіны майстравалі яе. Заданні былі даволі аб’ёмнымі. Сёлета юнакі з некалькіх дэталей збіралі сувенір “Мінск — сталіца Рэспублікі Беларусь”. Па чарцяжах яны з драўніны і металу зрабілі падстаўку, на якую прымацавалі надпіс “РБ” металічнымі літарамі, а на адваротным баку — драўляную літару М. У дзяўчынак заданні на практычным туры былі комплексныя — неабходна было зрабіць арганайзер для вышывання “Вясеннія матывы”. Ён выконваўся з ільняной тканіны і складаўся з наступных дэталей: асноўнай, яе абточкі, пярэдняй дэталі і кішэні для нажніц. Дзяўчатам трэба было звязаць ігольніцу і прымацаваць яе да арганайзера, а таксама прадэманстраваць навыкі вышывання.
Творчы тур прадугледжваў абарону самастойна распрацаваных удзельнікамі алімпіяды і вырабленых загадзя вырабаў. Да свайго праекта навучэнцы прыкладалі растлумачальную запіску, у якой давалі эканамічнае абгрунтаванне распрацоўкі. Працэс абароны праектаў трансліраваўся падчас алімпіяды ў рэжыме анлайн для ўсіх яе ўдзельнікаў.
У складзе журы заключнага этапу алімпіяды былі навукоўцы і педагогі-практыкі — прадстаўнікі ўсіх абласцей краіны. Старшыня журы дацэнт кафедры тэорыі і методыкі эстэтычнай адукацыі псіхолага-педагагічнага факультэта Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.С.Пушкіна Алена Анатольеўна Дзічэнская адзначыла: “Другі год алімпіяда па працоўным навучанні праходзіць у новым фармаце. Усе навучэнцы аб’яднаны ў адну ўзроставую групу, атрымліваюць аднолькавыя заданні, крытэрыі іх ацэнкі аднолькавыя для ўсіх. Раней асобна вылучаліся малодшая група (да 9 класа) і старэйшая група алімпіяднікаў. Пераможцамі сталі, што вельмі радуе, навучэнцы розных класаў. Дарэчы, узроставая разбежка ўдзельнікаў алімпіяды сёлета даволі вялікая. Самы малодшы з іх — сямікласнік Антон Віршыч з гімназіі № 1 Валожына. Самыя старэйшыя ўдзельнікі вучацца ў каледжах.
Максімальная колькасць балаў, якую маглі набраць навучэнцы па выніках усіх тураў, — 100. Журы складана было выбраць лепшых, асабліва пры разглядзе творчых праектаў, паколькі яны вызначаліся адметным зместам, адрозніваліся па ступені складанасці і тэхніцы выканання. Усе члены журы былі ўражаны нестандартнымі, крэатыўнымі ідэямі работ як юнакоў, так і дзяўчат. Удзельнікі выкарыстоўвалі своеасаблівыя аўтарскія прыёмы, спалучалі адразу некалькі тэхнік, што надавала праектам навізну і арыгінальнасць. Многія да сваіх вырабаў падышлі з практычнага пункту гледжання. Адзенне, прадметы побыту, мэбля, інструменты, якія яны зрабілі, спатрэбяцца ім у будучыні. Рэчы атрымаліся сапраўды прыгожымі і зручнымі, прычым цалкам з натуральных матэрыялаў.
У цэлым ацэнкі работ дзяцей не вельмі адрозніваліся паміж сабой, разбежка ў балах была невялікай”.

Капялюш для містара Майстра

45 працэнтаў удзельнікаў алімпіяды атрымалі дыпломы. Па іх колькасці ў лідарах аказаліся каманды з Гомеля і Магілёва (у кожнай — па 8 дыпломаў). Каманды гэтых абласцей лідзіруюць на спаборніцтвах не першы год.
Як расказалі кіраўнікі каманды Магілёўскай вобласці Н.М.Круталевіч і А.А.Пархоменка, сакрэт поспеху каманды — у карпатлівай працы навучэнцаў і настаўнікаў. У вобласці для дзяцей, пачынаючы з 5 класа, арганізоўваюцца алімпіяды па працоўным навучанні, працуе абласная вочна-завочная “Школа алімпіяднікаў” і летні лагер “Алімпіец”. Пасля завяршэння кожнай алімпіяды яе ўдзельнікі і іншыя школьнікі пачынаюць рыхтавацца да наступнай. Сярод дзяўчынак абсалютнай пераможцай стала прадстаўніца Магілёўскай вобласці дзесяцікласніца Лізавета Сушчынская з Гарбавіцкага дзіцячага сада — сярэдняй школы Чавускага раёна. Яна набрала 79,05 балаў са 100.
Навучэнка, дэманструючы свой творчы праект — сукенку колеру марской хвалі, расказала: “Гэтым летам я планавала паездку на мора, але, на жаль, не ўдалося ажыццявіць задуманае, таму і вырашыла пашыць сукенку, якая нагадвала б мне пра мора. Яе колер і форма спалучаюцца так, што атрымліваецца эфект марскіх хваль. Сукенка ўпрыгожана ручной вышыўкай. Працавала над ёй каля месяца. Захапленне рукадзеллем перадалося мне ад бабулі-швачкі”. Лізавета Сушчынская паведаміла, што плануе паступаць у БНТУ на архітэктурны факультэт.
Традыцыйным лідарам алімпіяды па працоўным навучанні з’яўляецца таксама каманда Гомельскай вобласці. У яе трывалая метадычная і тэхнічная база, якую ў свой час сфарміраваў пачынальнік алімпіяднага руху па працоўным навучанні Віталь Васільевіч Гузаў, аўтар ВМК па тэхнічай працы, лаўрэат Рэспубліканскага конкурсу “Настаўнік года”, настаўнік-метадыст. Разам з ім у сярэдняй школе № 13 Жлобіна настаўнічае Дзмітрый Барысавіч Доўнар. Сумеснымі намаганнямі педагогі даюць дзецям грунтоўныя веды. Па сутнасці, вучні на іх уроках атрымліваюць інжынерную падрыхтоўку. За кошт факультатыўных гадзін у школе наладжана падрыхтоўка старшакласнікаў да будучай прафесійнай дзейнасці. “З кожным годам расце ўзровень майстэрства дзяцей на алімпіядах. Той бал, які ў мінулым годзе цягнуў на дыплом, сёння не дае магчымасці атрымаць яго, — гаворыць Віталь Васільевіч. — Што такое алімпіяда для кожнага канкрэтнага навучэнца? Ён адчувае значнасць сваёй асобы, асэнсоўвае сваё “Я” ў гэтым свеце. Спаборніцтвы дапамагаюць яму ў будучыні знайсці свой шлях у жыцці. Некаторыя не разумеюць, што дае ўдзел у алімпіядзе па працоўным навучанні старшакласнікам, якія нацэлены на атрыманне вышэйшай адукацыі. А такіх большасць. Многія юнакі, напрыклад, бачаць сябе інжынерамі. А хто такі інжынер? Гэта не толькі тэарэтык, але і практык, які можа ўзяць у рукі інструмент і зрабіць неабходную дэталь. Спецыяліст-кіраўнік, які прыходзіць на вытворчасць і нічога не ўмее рабіць на практыцы, хутка губляе аўтарытэт у падначаленых. У інжынера павінен быць належны ўзровень тэхнічнага мыслення, навыкі рашэння канструктарскіх задач, высокі ўзровень графічнай граматнасці. Гэтаму і вучаць на алімпіядах па працоўным навучанні. Творчыя праекты, якія сёння прадставілі юнакі, па ўзроўні не адрозніваюцца ад лепшых курсавых работ студэнтаў III курса. Каб заняць высокае месца на нашай алімпіядзе, трэба быць “мнагаборцам” — аднолькава моцным і ў тэорыі, і ў практыцы. Каб адказаць правільна на пытанні тэстаў, неабходна мець грунтоўныя веды па некалькіх прадметах, асабліва па матэматыцы і фізіцы. Сярод алімпіядных ёсць заданні і на логіку, у якіх за знешняй прастатой можа быць схавана складанае рашэнне”.
Па традыцыі Віталь Васільевіч Гузаў падчас урачыстай цырымоніі закрыцця алімпіяды ўшаноўваў свайго лепшага вучня, які неаднойчы даказаў адданасць прадмету “Працоўнае навучанне”.
“Андрэй Віннік устанавіў сёлета сапраўдны рэкорд, стаўшы пяцікратным пераможцам заключнага этапу рэспубліканскай алімпіяды, — паведаміў Віталь Васільевіч. — Яму прапаноўвалі займацца паглыблена інфарматыкай, хіміяй, фізікай, геаграфіяй, але ён застаўся верным працоўнаму навучанню. Андрэй — неаднаразовы пераможца конкурсу “ТэхнаІнтэлект”. Перад ім я здымаю капялюш, сёння ён містар Майстар”. Віталь Васільевіч перадаў Андрэю Вінніку, вучню 11 класа сярэдняй школы № 13 Жлобіна, свой фірменны атрыбут — капялюш Майстра. Сярод вырабаў, якія Андрэй прадстаўляў на алімпіядах у розныя гады, былі лаўка, лямпа, пісьмовы набор, універсальная шліфавальная машына, а сёлета — набор інструментаў і прыстасаванняў для хатняй майстэрні, якія юнак старанна вытачыў. Андрэй плануе паступаць у БНТУ на адзін з самых прэстыжных факультэтаў — аўтатрактарны, ён марыць стаць інжынерам-механікам.
Абсалютным пераможцам сярод юнакоў стаў таксама вучань з Гомельскай вобласці Максім Кавалёў, навучэнец 11 класа Сталпнянскай сярэдняй школы Рагачоўскага раёна. Ён набраў 93,8 бала са 100. Творчы праект Максіма — пано, якое складаецца з вялікай колькасці дэталей, вырабленых з розных парод драўніны і без прымянення фарбавальнікаў. Дэталі юнак выразаў уручную і наклейваў на аснову. Вучань плануе паступіць у Мазырскі педагагічны ўніверсітэт і атрымаць спецыяльнасць “Настаўнік працоўнага навучання”.
Максім Кавалёў атрымаў не толькі дыплом І ступені, але і спецыяльны прыз міністра адукацыі “Лепшаму сельскаму школьніку”.

***

Для ўдзельнікаў алімпіяды прайшла аглядная экскурсія па горадзе з наведваннем музея баявой і працоўнай славы ў сярэдняй школе № 4 Жодзіна і прамысловых прадпрыемстваў горада: ААТ “БЕЛАЗ” — кіруючай кампаніі холдынгу “БЕЛАЗ-ХОЛДЫНГ”, ААТ “Кавальскі завод цяжкіх штамповак”, філіяла “Жодзінскі хлебазавод” РУП “Барысаўхлебпрам”, ААТ “Світанак” і іншых.

Дыпломам І ступені ўзнагароджаны:

Максім Аляксеевіч Кавалёў (93,8 бала), Сталпнянская сярэдняя школа Рагачоўскага раёна (настаўнік Аляксандр Мікалаевіч Атрохаў);
Ілья Вітальевіч Пехцераў (86,3 бала), сярэдняя школа № 39 Магілёва (настаўнік Аляксей Аляксеевіч Пархоменка);
Андрэй Анатольевіч Віннік (86,3 бала), сярэдняя школа № 13 Жлобіна (настаўнік Віталь Васільевіч Гузаў);
Кірыл Дзмітрыевіч Чыж (89,5 бала), сярэдняя школа № 39 Магілёва (настаўнік Аляксей Аляксеевіч Пархоменка);
Лізавета Аляксандраўна Сушчынская (79,05 бала), Гарбавіцкі дзіцячы сад — сярэдняя школа Чавускага раёна (настаўніца Аксана Анатольеўна Раманава);
Аляксандра Вячаславаўна Харчанка (72,9 бала), гімназія Светлагорска (настаўніца Людміла Пятроўна Лучына);
Лізавета Ігараўна Баранава (75,65 бала), гімназія № 40 Мінска (настаўніца Таццяна Сяргееўна Сушчынская).

Надзея ЦЕРАХАВА.
Фота аўтара.

Маладыя, таленавітыя, перспектыўныя

Лепшыя юныя гісторыкі і грамадазнаўцы краіны сабраліся ў Гродне. Тут прайшоў заключны этап рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах “Сусветная гісторыя”, “Гісторыя Беларусі” і “Грамадазнаўства”. Пачалася алімпіяда з урачыстага адкрыцця ў Палацы творчасці дзяцей і моладзі.

Вітаючы ўдзельнікаў алімпіяды, кансультант упраўлення вышэйшай адукацыі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь кандыдат гістарычных навук Надзея Мікалаеўна Ганушчанка адзначыла: “Гродна — горад-гісторыя. Таму вельмі сімвалічна, што заключны этап алімпіяды пройдзе менавіта ў старажытным горадзе над Нёманам”. Начальнік упраўлення адукацыі Гродзенскага аблвыканкама Аляксандр Генрыхавіч Сонгін, гісторык па адукацыі, пажадаў усім поспехаў, справіцца з хваляваннем і атрымаць цікавыя ўражанні ад знаходжання ў Гродне.
На наступны дзень пачаліся алімпіядныя туры, у якіх удзельнічалі каманды з усіх абласцей, Мінска і Ліцэя Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта: 77 чалавек прынялі ўдзел у алімпіядзе па гісторыі і 79 — па грамадазнаўстве. Першы тур заключнага этапу рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах “Сусветная гісторыя” і “Гісторыя Беларусі” прадугледжваў выкананне пісьмовых заданняў. Першы этап другога тура — тэсціраванне, другі этап — мультымедыйны тэст. Алімпіяда па гэтых прадметах праходзіла ў Гродзенскім дзяржаўным прафесійным ліцэі будаўнікоў № 1 і ў гімназіі № 1 імя Я.Карскага.
Удзельнікі алімпіяды па грамадазнаўстве працавалі ў Гродзенскім дзяржаўным прафесійным тэхналагічным каледжы. Першы тур па прадмеце праходзіў у выглядзе пісьмовага задання, другі тур — у выглядзе тэсціравання.
Дырэктар ліцэя будаўнікоў № 1 Алена Іванаўна Жалезняковіч сказала, што ў ліцэі і каледжы стараліся стварыць юным гісторыкам і грамадазнаўцам самыя спрыяльныя ўмовы для пражывання, падрыхтоўкі і правядзення алімпіядных тураў: яны маглі працаваць у бібліятэцы, а таксама карыстацца спартыўнай залай, відэасалонам.
Своеасаблівым урокам пасля ўрокаў сталі сустрэчы членаў журы з алімпіяднікамі і настаўнікамі, кіраўнікамі каманд, дзе аналізаваліся і разбіраліся заданні, якія выконваліся на заключным этапе. Члены журы вельмі дакладна і падрабязна каменціравалі кожны пункт. Было відаць, як хваляваліся школьнікі. Старшыня журы заключнага этапу Рэспубліканскай алімпіяды па гісторыі, намеснік дэкана гістарычнага факультэта Белдзяржуніверсітэта, кандыдат гістарычных навук, дацэнт Андрэй Аркадзьевіч Прохараў сказаў, што было вельмі шмат добрых адказаў. Узровень падрыхтоўкі задаволіў членаў журы. І нават падчас разбору заданняў, калі алімпіяда ўжо скончылася, многія штосьці старанна запісвалі ў сшытках.
Час напружанай работы спалучаўся з адпачынкам. Для ўдзельнікаў алімпіяд была падрыхтавана экскурсійная праграма. Яны пабывалі на спектаклі ў абласным драматычным тэатры, азнаёміліся з гістарычнымі і архітэктурнымі помнікамі Гродна, наведалі Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы. Там ім паказалі мастацкую галерэю Universum і галерэю прафесараў, а студэнты прадставілі свой універсітэт праз серыю скетч-шоу STUДЗЕНЬ, які выпускаюць будучыя журналісты.
Увесь тыдзень быў вельмі напружаным, аднак самым хвалюючым і ўрачыстым момантам стала цырымонія ўзнагароджання. На мультымедыйным экране ўдзельнікі алімпіяды ўбачылі фотасправаздачу — своеасаблівы дзённік алімпіяднага тыдня.
Пераможцаў і дыпламантаў павіншавалі старшыня журы Рэспубліканскай алімпіяды па гісторыі Андрэй Аркадзьевіч Прохараў і намеснік дэкана юрыдычнага факультэта Белдзяржуніверсітэта, кандыдат юрыдычных навук, дацэнт Андрэй Віктаравіч Шыдлоўскі, які ўзначальваў журы алімпіяды па грамадазнаўстве. Дыпломамі I ступені сярод гісторыкаў былі адзначаны Максім Сямёнаў (сярэдняя школа № 4 Салігорска Мінскай вобласці), Аляксандр Паршанкоў (сярэдняя школа № 8 Гомеля), Алена Рахоўская (сярэдняя школа № 7 Наваполацка Віцебскай вобласці). Яшчэ тры пераможцы прадстаўлялі Ліцэй БДУ: Багдан Іодчык, Уладзіслаў Пупшыновіч і Юрый Тамковіч.
Лепшымі знаўцамі грамадазнаўства сталі прадстаўнікі гімназій і ліцэяў: Настасся Ібрагімава з гімназіі № 12 Мінска, Вікторыя Сідаровіч з гімназіі № 1 Астраўца Гродзенскай вобласці, Аляксандра Ляшук з гімназіі № 58 імя Ф.Гааза Гомеля, Лізавета Сідарцова з Ліцэя БДУ, Марына Лосева з гімназіі № 33 Мінска, Надзея Сівец з гімназіі № 1 Мастоў Гродзенскай вобласці і прадстаўніца Мінскага дзяржаўнага абласнога ліцэя Людміла Ясінская.
Аляксандр Генрыхавіч Сонгін уручыў спецыяльныя прызы ўпраўлення адукацыі Гродзенскага аблвыканкама навучэнцу сярэдняй школы № 7 Ваўкавыска Гродзенскай вобласці Станіславу Якубюку, дыпламанту ІІ ступені Рэспубліканскай алімпіяды па гісторыі, і навучэнцы гімназіі № 1 Мастоў Гродзенскай вобласці Надзеі Сівец, дыпламанту І ступені Рэспубліканскай алімпіяды па грамадазнаўстве.
Спецыяльны прыз Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь найбольш паспяховаму навучэнцу з сельскай мясцовасці Надзея Мікалаеўна Ганушчанка ўручыла Кацярыне Маціеўскай, навучэнцы Празароцкага дзіцячага сада — сярэдняй школы Глыбоцкага раёна Віцебскай вобласці. Навучэнец Воранаўскай сярэдняй школы (Гродзенская вобласць) Эдвард Стэфановіч і навучэнка гімназіі № 1 Астраўца (Гродзенская вобласць) Вікторыя Сідаровіч атрымалі прызы ад Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы.

Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.
Фота аўтара.

Алімпіяда па геаграфіі: заданні ўскладніліся, але вучні справіліся з імі бліскуча

Лепшыя юныя географы нашай краіны на галоўнае інтэлектуальнае спаборніцтва сабраліся ў Барысаве. 107 удзельнікаў сямі каманд высвятлялі, хто ж узнімецца на галоўны геаграфічны п’едэстал. Заключны этап Рэспубліканскай алімпіяды па геаграфіі прынёс сюрпрызы як удзельнікам, так і журы.

Гасцей з усіх рэгіёнаў краіны прымаў Барысаўскі дзяржаўны каледж. Алімпіяда аказалася больш “хлапчуковая”, дзяўчат было ўсяго 26. Большая частка ўдзельнікаў алімпіяды — вучні ліцэяў і гімназій, такіх было 69. На спаборніцтва ў Барысаў прыехалі 25 пераможцаў рэспубліканскай алімпіяды мінулага года, а таксама прызёры Міжнароднай алімпіяды па геаграфіі.
Традыцыйна алімпіяда па геаграфіі прапанавала ўдзельнікам справіцца з заданнямі трох тураў. Першы, тэарэтычны, тур складаўся з 6-і блокаў, кожны з якіх змяшчаў 8—12 пытанняў. Некаторыя з іх — у тэставай форме, іншыя ж патрабавалі разважанняў і разгорнутых адказаў.
Другі тур прадугледжваў мультымедыйнае тэсціраванне — вучням дэманстраваліся розныя выявы, паводле якіх неабходна было адказаць на некалькі пытанняў. Сёлета на гэтым этапе былі новаўвядзенні — упершыню з’явіліся відэа- і аўдыяпытанні. Так, напрыклад, удзельнікам алімпіяды быў прапанаваны запіс гукаў, характэрных для качканоса. Пазнаць на слых жывёлу, якая жыве ў Аўстраліі, было складана, але некаторым разумнікам гэта ўсё ж такі ўдалося. Каб адказаць на відэапытанні, знаўцы геаграфіі павінны былі пазнаць на запісах тарнада і танцы народаў Акіяніі. Гэты тур большасць алімпіяднікаў характарызуюць як вельмі складаны, але цікавы. Відавочна, што выпрабаванне такога кшталту патрабуе не толькі ведання фактаў, але і шырокага кругагляду і высокага агульнага інтэлектуальнага ўзроўню.
Трэці, праектна-практычны, тур быў падзелены на 2 этапы: палявое даследаванне і выкананне заданняў на аснове сабраных матэрыялаў. Удзельнікі алімпіяды даследавалі пэўную частку Барысава, а потым стваралі план, выяўлялі пэўныя дыферэнцыяцыі ў межах гарадскіх мікрараёнаў, а таксама прапаноўвалі сваю мадэль аптымізацыі сацыяльнай інфраструктуры горада.
Таксама ў алімпіядзе па геаграфіі прадугледжана правядзенне дадатковага тура на англійскай мове па жаданні навучэнцаў. 43 алімпіяднікі прынялі ўдзел у пісьмовым тэсціраванні, 17 з іх былі запрошаны на вуснае субяседаванне, 8 з іх парадавалі журы цудоўным валоданнем мовай. Гэты дадатковы тур не ўплываў на вынікі і атрыманне дыпломаў рэспубліканскай алімпіяды, але веданне мовы ў далейшым можа паўплываць на ўключэнне дзяцей у каманду, якая прадставіць нашу краіну на міжнароднай алімпіядзе, што праводзіцца толькі на англійскай мове.
Заключны этап алімпіяды па геаграфіі сёлета адрозніваўся ад спаборніцтваў мінулых гадоў перш за ўсё больш складанымі заданнямі. Пры іх стварэнні ўлічваліся стандарты Міжнароднай алімпіяды па геаграфіі IGEO, таму структура некаторых заданняў была непрывычнай для беларускіх школьнікаў. Было шмат практыка-арыентаваных пытанняў, а таксама такіх, якія патрабавалі разгорнутых лагічных адказаў, выяўлення прычынна-выніковых сувязей. Аднак удзельнікі алімпіяды выдатна справіліся нават з такімі складанымі заданнямі. Не было ніводнага пытання, на якое хто-небудзь не даў бы адказу. Больш за 80 працэнтаў удзельнікаў змаглі набраць больш за палову максімальна магчымай колькасці балаў. І гэты вынік вельмі ўзрадаваў журы і педагогаў, бо раней гэтай залатой сярэдзіны не магла дасягнуць палова ўдзельнікаў заключнага этапу алімпіяды. Пераможцы алімпіяды сёлета набралі каля 80% ад максімальна магчымай колькасці балаў, некаторыя наблізіліся да 90! Гэтыя лічбы на фоне вельмі складаных заданняў сведчаць пра тое, што агульны ўзровень падрыхтаванасці і ведаў вучняў значна ўзрос.
Усяго журы прысудзіла 26 дыпломаў ІІІ ступені, 13 — ІІ і 9 — І ступені. Пераможцамі і ўладальнікамі “золата” Рэспубліканскай алімпіяды па геаграфіі сталі дзевяцікласнікі Антон Засімук, навучэнец гімназіі № 1 Брэста, Андрэй Міхайлоўскі, навучэнец гімназіі № 3 Баранавіч, Лізавета Іваноўская, якая вучыцца ў гімназіі № 6 Маладзечна. Сярод вучняў дзясятага класа лепшымі сталі Іван Наркевіч, навучэнец гімназіі № 61 Мінска, Ульяна Глябцова, навучэнка гімназіі № 1 Ліды, Арцём Грыгарэўскі, які вучыцца ў гімназіі № 1 імя акадэміка Я.Ф.Карскага ў Гродне. Сярод адзінаццацікласнікаў перамогу святкавалі Арцём Зубрыцкі, навучэнец гімназіі № 22 Мінска, Міхаіл Стрэмаус, вучань сярэдняй школы № 18 Баранавіч, і Дзіяна Зайкоўская, якая вучыцца ў сярэдняй школе № 30 Мінска.
На жаль, немагчыма пералічыць усіх дыпламантаў ІІ і ІІІ ступеней, але хочацца ўзгадаць аднаго з іх — Ягора Александровіча, вучня гімназіі № 1 Капыля імя М.В.Рамашкі. Ягор вучыцца яшчэ толькі ў 7 класе, але здолеў заваяваць дыплом ІІІ ступені сярод дзевяцікласнікаў! Геаграфію ён вывучае паўтара года, а ўжо змог апынуцца ў спісе лепшых у краіне знаўцаў прадмета. За свае веды Ягор дзякуе настаўніцы Алене Сяргееўне Роўбуць і сваёй цікаўнасці.
Сярод удзельнікаў заключнага этапу алімпіяды аказаліся ўсяго 4 прадстаўнікі ўстаноў адукацыі, якія размешчаны ў сельскай мясцовасці. Іх невялікую колькасць на гэтым этапе алімпіяды, на жаль, можна назваць тэндэнцыяй. Было вырашана падтрымаць менавіта гэтых удзельнікаў алімпіяды — спецыяльны прыз міністра адукацыі Рэспублікі Беларусь атрымала Дар’я Піскуновіч, навучэнка Кіраўскага дзіцячага сада — сярэдняй школы Глыбоцкага раёна. Прыз Дар’і ўручыла намеснік міністра адукацыі Раіса Станіславаўна Сідарэнка.
Калі гаварыць аб камандным заліку, лідарам, як і ў папярэднія гады, стала каманда Мінска. Навучэнцы сталіцы атрымалі 11 дыпломаў, з іх 3 — І ступені. Столькі ж дыпломаў І ступені заваявала каманда Брэсцкай вобласці, а ўсяго вучні Брэстчыны атрымалі 8 дыпломаў. 6 дыпломаў рознай вартасці — у скарбонцы Гродзенскай вобласці, 2 з іх — І ступені.
“Вельмі парадавала каманда Брэсцкай вобласці, гэта “залатая” для іх алімпіяда. Раней гэтая каманда не ўзнімалася так высока, і асабліва хочацца адзначыць удзельнікаў з Баранавіч, якіх у складзе каманды большасць. Традыцыйна моцна выступае сталічная каманда. А вось Гомельская вобласць, наадварот, засмуціла, бо страціла свае лідарскія пазіцыі. Спадзяёмся, каманда верне былую форму, — расказвае Генадзь Зянонавіч Озем, загадчык кафедры эканамічнай геаграфіі Беларусі і краін Садружнасці БДУ, намеснік старшыні журы алімпіяды. — Парадавалі нашы “міжнароднікі” — Арцём Зубрыцкі і Міхаіл Стрэмаус пацвердзілі свае цудоўныя веды па геаграфіі, якія ў мінулым годзе прадэманстравалі на IGEO, заваяваўшы “серабро” і “бронзу”. Прыемна, што сярод прызёраў — вучні педагогаў, якія штогод рыхтуюць алімпіяднікаў на высокім узроўні. Гэта, напрыклад, Людміла Рыгораўна Альгамец, настаўніца Мінскага абласнога дзяржаўнага ліцэя, Сяргей Пятровіч Шарамет, які працуе ў гімназіі № 22 Мінска, Уладзімір Мечыслававіч Валюк, настаўнік гімназіі № 1 Ліды, і яшчэ шмат цудоўных педагогаў. Падводзячы вынікі, скажу, што наогул выступленне навучэнцаў на сёлетняй алімпіядзе парадавала. Для ўдзелу ў міжнароднай алімпіядзе сфарміравана моцная каманда”.
Аналізуючы сітуацыю, Генадзь Зянонавіч Озем абяцае нясумную алімпіяду ў наступным годзе і непрадказальнае развіццё падзей. Сённяшнія лідары — прадстаўнікі каманды Мінска — у наступным годзе будуць выступаць без сваіх цяперашніх пераможцаў-адзінаццацікласнікаў, а каманда Брэсцкай вобласці мацнее з году ў год. Магчыма, што ўсіх у будучыні здзівіць і адна з каманд, якая сёлета не апынулася сярод лідараў.

Дар’я РЭВА.
Фота аўтара.

Падрыхтоўка алімпіяднікаў мае свае традыцыі

Больш як 300 знаўцаў астраноміі, фізікі і матэматыкі з’ехаліся ў Гомель, каб паспаборнічаць за перамогу ў заключным этапе рэспубліканскай алімпіяды па гэтых вучэбных прадметах.

Найбольшая колькасць удзельнікаў была ад Гомельскай вобласці і Мінска — 45 і 43 адпаведна. 33 навучэнцы прадстаўлялі Ліцэй БДУ. Акрамя таго, сёлета ў алімпіядзе па-за конкурсам прынялі ўдзел 12 навучэнцаў з Расійскай Федэрацыі. Юнакі і дзяўчаты з Масквы, Санкт-Пецярбурга і Калінінграда спрабавалі свае сілы ў прыродазнаўчых прадметах разам з беларускімі равеснікамі. Палова каманды расійскіх юных інтэлектуалаў набрала высокую колькасць балаў і атрымала дыпломы І ступені. У астатніх — дыпломы ІІ і ІІІ ступеней і адзін пахвальны ліст. Удзел у алімпіядзе — гэта сапраўдная адвага. Колькі хваляванняў даводзіцца перажыць удзельнікам падчас выканання заданняў! А як неспакойна б’ецца сэрца, пакуль яны чакаюць вынікаў! І вось надыходзіць той дзень. Зала запоўнена знаўцамі прыродазнаўчых навук. Вядучы са сцэны гаворыць, што складаныя выпрабаванні засталіся ў мінулым. Але для навучэнцаў яны скончацца толькі пасля атрымання запаветных дыпломаў пераможцаў. А калі не, то выпрабаванні працягнуцца пасля вяртання ў сцены родных школ, гімназій і ліцэяў, таму што алімпіяднікі — моцныя духам і мэтанакіраваныя людзі, і яны абавязкова будуць працаваць над сабой, каб наступны раз паказаць лепшыя вынікі.
Узнагароды пачаліся з пахвальных лістоў Міністэрства адукацыі. Перад іх уручэннем прарэктар Віцебскага абласнога інстытута развіцця адукацыі Аляксандр Гелясін пажартаваў: “Прашу тых, каму я зараз буду ўручаць пахвальныя лісты, моцна мяне не лаяць. Так, гэта не дыпломы, але ж гэта пэўнае дасягненне: такім чынам журы спрабуе адзначыць тых, каму крышачку не хапіла балаў”. Такіх юнакоў і дзяўчат было 28.
З больш як 300 удзельнікаў алімпіяды 146 атрымалі дыпломы пераможцаў. Лепшыя вынікі паказалі навучэнцы сталічных устаноў адукацыі (33 дыпломы), Гродзенскай і Гомельскай абласцей (23 і 22 дыпломы адпаведна), Ліцэя БДУ (19 дыпломаў).
Лепшыя веды па астраноміі прадэманстравалі прадстаўнікі Гомельскай і Гродзенскай абласцей. Добрая падрыхтоўка ў гэтых навучэнцаў і па такіх прадметах, як фізіка і матэматыка. Абысці іх змаглі толькі навучэнцы з мінскіх школ і гімназій.

Дыпломы І ступені атрымалі:
* па астраноміі: Ян Пяткевіч (11 клас, Ліцэй БДУ), Данііл Барысевіч (11 клас, гімназія № 3 Гродна);
* па фізіцы: Максім Рэзуноў (9 клас, сярэдняя школа № 10 Рэчыцы Гомельскай вобласці), Мікалай Зунікаў (9 клас, сярэдняя школа № 33 Гомеля), Яўген Дзядкоў (8 клас, гімназія № 1 Барысава Мінскай вобласці), Мікіта Стрыжак (10 клас, Ліцэй БДУ), Яўген Шарамед (10 клас, гімназія № 10 Мінска), Мікіта Ігнацюк (10 клас, ліцэй № 1 Брэста), Павел Курач (10 клас, ліцэй № 1 Брэста), Багдан Звяжынскі (11 клас, Ліцэй БДУ), Павел Цай (11 клас, гімназія № 29 Мінска), Эрык Камлык (11 клас, Гродзенская гарадская гімназія), Ян Лагоўскі (11 клас, Ліцэй БДУ);
* па матэматыцы: Ігар Каралёў (7 клас, сярэдняя школа № 31 Віцебска), Іван Прылепскі (8 клас, Вілейская гімназія № 1 Мінскай вобласці), Павел Іванін (8 клас, гімназія № 41 Мінска), Уладзіслаў Сявец (9 клас, гімназія № 41 Мінска), Мацвей Станкевіч (9 клас, Магілёўская гарадская гімназія № 1), Андрэй Нарадзецкі (9 клас, гімназія № 13 Мінска), Ілья Пчалінцаў (10 клас, Ліцэй БДУ), Ягор Дубовік (гімназія № 51 Гомеля), Аляксандр Юран (10 клас, Ліцэй БДУ), Антон Палюховіч (10 клас, Ліцэй БДУ), Мікіта Сямёнаў (11 клас, гімназія № 41 Мінска), Антон Шарамет (11 клас, гімназія № 41 Мінска), Барыс Серанкоў (11 клас, гімназія № 41 Мінска), Андрэй Асанаў (11 клас, гімназія Шчучына Гродзенскай вобласці).
Спецыяльныя прызы міністра адукацыі Рэспублікі Беларусь атрымалі: самы юны ўдзельнік алімпіяды па матэматыцы навучэнец 7 класа сярэдняй школы № 31 Віцебска Ігар Каралёў і самыя юныя ўдзельнікі алімпіяды па фізіцы навучэнец 8 класа гімназіі № 1 Барысава Мінскай вобласці Яўген Дзядкоў і навучэнец 10 класа гімназіі № 1 Ліды Гродзенскай вобласці Антон Міхайлаў.

Вучняў, якія прадэманстравалі асабліва высокія вынікі, узнагародзілі спецыяльнымі прызамі ад старшыні Гомельскага аблвыканкама і старшыні Гомельскага гарвыканкама. Спецыяльныя прызы міністра адукацыі юным інтэлектуалам уручыў намеснік міністра адукацыі Віктар Якжык, які прыняў удзел у закрыцці заключнага этапу алімпіяды. Ён пажадаў навучэнцам далейшых поспехаў і нястрымнага жадання дасягаць новых вяршынь.
“У цэлым удзельнікі алімпіяды паказалі высокі ўзровень падрыхтоўкі, — адзначыў Віктар Віктаравіч у гутарцы з журналістамі. — І гэта нядзіўна, бо матэматыка і фізіка — тыя прадметы, па якіх нашы дзеці паказваюць выдатныя поспехі на міжнародных алімпіядах. Я не памылюся, калі скажу, што ў нас ужо склаліся пэўныя традыцыі ў падрыхтоўцы алімпіяднікаў як па гэтых прадметах, так і па іншых”.

Наталля ЛУТЧАНКА.
Фота аўтара.

У вашых руках — будучыня нашай навукі

У пятніцу ў сярэдняй школе № 61 Мінска адбылося ўрачыстае закрыццё заключнага этапу рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах “Хімія”, “Біялогія”. Ва ўрачыстасцях узяў удзел міністр адукацыі нашай краіны Міхаіл Жураўкоў.

“Добры дзень, паважаныя разумнікі і разумніцы. Хочацца вас лепш разгледзець, бо праз некалькі гадоў будзем ганарыцца, што ведаем вас. Я ўпэўнены, што праз некаторы час вы будзеце красавацца на міжнародных сімпозіумах і канферэнцыях, з гонарам прадстаўляючы нашу краіну. У вашых руках — будучыня нашай навукі.
Хімія і біялогія — навукі, якія вызначаюць развіццё ўсяго чалавецтва. І сёння самымі папулярнымі спецыяльнасцямі з’яўляюцца якраз тыя, якія звязаны з хіміяй і біялогіяй. Жадаю, каб вы ў далейшым праславілі сябе, сваю сям’ю і нашу краіну. А цяпер вы ўсе — пераможцы. Сёлета ў алімпіядным руху ўдзельнічала практычна 600 000 школьнікаў, а да вяршыні дабраліся толькі вы. Малайцы!” — звярнуўся да ўдзельнікаў рэспубліканскай алімпіяды па хіміі і біялогіі Міхаіл Анатольевіч.
Затым ён уручыў спецыяльныя прызы міністра адукацыі вучням з рэгіёнаў, якія найбольш папяхова выступілі. Па біялогіі спецыяльны прыз атрымаў навучэнец 11 класа сярэдняй школы № 21 Гомеля Сяргей Алейнікаў, па хіміі — навучэнка 11 класа Азёрскай сярэдняй школы Гродзенскай вобласці Таццяна Гапонік.
У Рэспубліканскай алімпіядзе па вучэбным прадмеце “Біялогія” прынялі ўдзел 122 чалавекі (34 выступалі за 9 клас, 42 — навучэнцы 10 класа, 46 —11 класа). 7 былі пераможцамі рэспубліканскай алімпіяды па біялогіі ў 2015 годзе, 83 удзельнікі з’яўляюцца навучэнцамі гімназій і ліцэяў, 39 — прадстаўнікамі гарадскіх і сельскіх сярэдніх школ (сельскіх школ — 3). Хлопчыкаў было 36, дзяўчынак — 86.
Заключны этап Рэспубліканскай алімпіяды па біялогіі праходзіў у два туры. Першы быў тэарэтычны і праводзіўся на базе сярэдняй школы № 61 Мінска. Другі тур, практычны, праходзіў на базе біялагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.
У склад журы ўваходзілі 16 прадстаўнікоў вышэйшай адукацыі, з іх 10 — выкладчыкі БДУ, 5 — прадстаўнікі ўстаноў вышэйшай адукацыі з абласцей, 1 — навуковы супрацоўнік Нацыянальнай акадэміі навук, 15 — кандыдаты біялагічных навук. У ролі старшыні журы выступіла кандыдат біялагічных навук дацэнт кафедры батанікі біялагічнага факультэта БДУ Зоя Яўгенаўна Грушэцкая.
У сваім каментарыі яна адзначыла, што ў гэтым годзе алімпіядныя заданні былі максімальна набліжаны да міжнароднага фармату і адпавядалі сусветным тэндэнцыям біялагічнай адукацыі. Асабліва гэта адчулі вучні 10-х і 11-х класаў. “Канечне, мы хваляваліся, як удзельнікі справяцца з прапанаванымі заданнямі. Супакойвала тое, што беларускія школьнікі маюць стабільныя вынікі на міжнароднай алімпіядзе, значыць, рыхтуюцца вельмі сур’ёзна.
У выніку нашы ўдзельнікі выступілі вельмі прыстойна, таму падобны фармат захаваецца і ў наступным годзе. Сёлета практычны тур праходзіў на біяфаку. І тут таксама хачу адзначыць, што школьнікі справіліся не горш, чым у мінулым годзе. Хаця інш раз і блыталіся, калі атрымлівалі занадта просты адказ. Былі заданні простыя, але алімпіяднікі шукалі ў іх падвох, не верачы ў прастату. Максімальны бал па выніках практычнага тура не набраў ніхто. Разам з тым дзеці прадэманстравалі добрыя веды, напрыклад, па пігментных спектрах, падчас ідэнтыфікацыі калоній на кубках. Складанымі падчас практыкі сталі раздзелы генетыкі.
Увогуле, раздзелы біялогіі, якія раней лічыліся простымі, такімі быць перасталі, бо сталі сінтэтычнымі, якія ўключаюць элементы матэматыкі, інфармацыйных алгарытмаў. Да гэтага трэба быць падрыхтаваным, бо сёння набірае абароты сінтэз біялогіі і матэматыкі”, — адзначыла Зоя Яўгенаўна.
У выніку дыпломамі былі ўзнагароджаны 54 удзельнікі алімпіяды: 10 атрымалі дыпломы І ступені, 17 — ІІ ступені і 27 — ІІІ ступені.
Дыпломы І ступені па біялогіі атрымалі:
дзевяцікласніцы Юлія Талкачова з сярэдняй школы № 1 Гарадка (настаўніца Наталля Аляксандраўна Грыбалёва), Ганна Святлова з гімназіі № 20 Мінска (настаўніца Галіна Мікалаеўна Янкоўская), Софія Карнавух з сярэдняй школы № 62 Мінска (настаўніца Марына Тадэвушаўна Краўцова);
дзесяцікласнікі Аляксандр Калядзіч з Ліцэя БДУ (настаўнікі Мікалай Валер’евіч Івашчанка, Ганна Сяргееўна Чубарава), Марыя Моладава з гімназіі № 19 Мінска (настаўніца Наталля Уладзіміраўна Мураўёва), Аляксандра Пінчукова з Магілёўскага абласнога ліцэя № 2 (настаўніца Наталля Мікалаеўна Зузіна);
навучэнцы 11 класа Ліцэя БДУ Паліна Трус, Альберт Вайшэвіч, Дзяніс Яроцкі (настаўнікі Васіль Сяргеевіч Панкратаў, Ганна Сяргееўна Чубарава) і Васіліса Сідарава з гімназіі № 13 Мінска (настаўніца Людміла Рыгораўна Грыгор’ева).
Прыз старшыні Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта атрымала навучэнка 11 класа гімназіі № 13 Мінска Васіліса Сідарава.
1-е месца ў камандным заліку заняла каманда Мінска, атрымаўшы 13 дыпломаў (4 — І ступені, 4 — ІІ ступені і 5 — ІІІ ступені ). Далей ідуць Ліцэй БДУ (чатыры дыпломы І ступені, па адным — ІІ і ІІІ ступені), каманда Магілёўскай вобласці (1 дыплом І ступені, 4 — ІІ ступені і 3 — ІІІ ступені). Пераходны прыз застаўся ў каманды Мінска.

* * *

Рэспубліканская алімпіяда па вучэбным прадмеце “Хімія” праходзіла 50-ы раз. У ёй прынялі ўдзел 120 чалавек (36 выступалі за 9 клас (трое з іх — васьмікласнікі), 41 — навучэнцы 10 класа, 43 — 11 класа). Чатыры адзінаццацікласнікі былі пераможцамі Рэспубліканскай алімпіяды па хіміі ў 2015 годзе. 93 удзельнікі з’яўляліся навучэнцамі гімназій і ліцэяў, 27 — гарадскіх і сельскіх сярэдніх школ. Хлопцаў было 69, а дзяўчат — 51.
Заключны этап Рэспубліканскай алімпіяды па хіміі праходзіў таксама ў два туры. Першы — тэарэтычны — праводзіўся на базе сярэдняй школы № 61 Мінска, другі — практычны тур — на базе хімічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.
Колькасны склад журы — 16 чалавек. Журы прадстаўлялі 1 прафесар, доктар хімічных навук, 8 кандыдатаў навук. У склад журы традыцыйна ўваходзяць студэнты хімічнага факультэта БДУ, у мінулым гэта пераможцы рэспубліканскай і міжнародных алімпіяд па хіміі. У 2016 годзе ў складзе журы працавалі трое студэнтаў.
Старшынёй журы быў кандыдат хімічных навук дацэнт кафедры агульнай хіміі і методыкі выкладання хіміі БДУ Віктар Мікалаевіч Хвалюк, які, дарэчы, на алімпіядзе ўжо 25 гадоў.
“У гэтым годзе нам удалося арганізаваць паўнацэнны эксперымент. Быў сапраўдны арганічны сінтэз, фотаметрыя ў 10 класе, танкаслойная храматаграфія ў 11 класе, у 9 класе было традыцыйнае цітраванне, але блізкае да сапраўднага. Удзельнікі розныя. Былі і такія, хто спужаўся. Але хімія без эксперымента проста немагчымая. Ёсць дзеці, у якіх рукі да эксперымента ляжаць, а ёсць, наадварот, тыя, у каго гэта дрэнна атрымліваецца, нягледзячы на тое, што тэорыю ведаюць выдатна.З вынікамі адстаюць дзесяцікласнікі. Яны заўсёды трохі расслабленыя, бо заявілі пра сябе ў 9 класе, а да 11 класа яшчэ ёсць час. А вось адзінаццацікласнікі выступаюць на максімуме сваіх магчымасцей. І гэты год не выключэнне. Увогуле, школьнікі выступілі дастаткова роўна. Вялікіх перападаў па балах не было. Калі ж гаварыць пра выкананне заданняў больш прадметна, то некаторыя не даводзілі свае рашэнні да канца. Маўляў, ацаніце ход майго рашэння. Але ж дакладны вынік мае вялікае значэнне, бо менавіта ён гаворыць, рашылі вы задачу ці не.
Безумоўна, дзеці, якія вучацца ў гарадскіх і сельскіх школах, знаходзяцца ў няроўных умовах, таму ўсё больш вострым пытаннем становіцца падрыхтоўка школьнікаў да рэспубліканскай алімпіяды. Для працы з такімі дзецьмі, трэба мець адпаведную кваліфікацыю і грунтоўную падрыхтоўку. Каб правесці двухгадзінныя заняткі з алімпіяднікамі, выкладчыку неабходна 4 гадзіны на падрыхтоўку. У сувязі з гэтым пытанне арганізацыі спецыялізаванага цэнтра па падрыхтоўцы такіх дзяцей па-ранейшаму з’яўляецца актуальным”, — заўважыў Віктар Мікалаевіч.
Усяго дыпломамі былі ўзнагароджаны 54 удзельнікі алімпіяды, 11 атрымалі дыпломы І ступені, 14 — ІІ ступені, 29 — ІІІ ступені.
Дыпломы І ступені па хіміі заваявалі:
навучэнцы 9 класа Радзівон Цынцэвіцкі з гімназіі № 10 Маладзечна (настаўніца Марыя Уладзіміраўна Садоўская), Аляксей Гарахоўскі з гімназіі № 29 Мінска (настаўніца Наталля Валянцінаўна Куракова), Паліна Булаўская з сярэдняй школы № 51 Мінска (настаўніца Марына Леанідаўна Курак);
дзесяцікласнікі Настасся Расько з гімназіі Іванава (настаўніца Ала Васільеўна Таболіна), Таццяна Лазарэвіч, Раман Мазур з Ліцэя БДУ (настаўнікі Вадзім Эдвардавіч і Віталь Эдвардавіч Матулісы), Аляксей Харлап з гімназіі № 2 Бабруйска (настаўніца Алена Уладзіміраўна Вянглінская);
навучэнцы 11 класа Раман Ларковіч і Рыгор Сіненка, прадстаўнікі Ліцэя БДУ (настаўнікі Вадзім Эдвардавіч і Віталь Эдвардавіч Матулісы), Канстанцін Анісовіч з гімназіі № 13 Мінска (настаўніца Інеса Іванаўна Окава), Міраслаў Макарэвіч з сярэдняй школы № 47 Мінска (настаўніца Вольга Ільінічна Шахно).
Прыз старшыні Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта атрымаў Канстанцін Анісовіч. Каманда Ліцэя БДУ ў камандным заліку заняла 1-е месца, атрымаўшы 12 дыпломаў (4 — І ступені, 2 — ІІ ступені і 6 — ІІІ ступені). Далей ідуць каманды Мінска (4 дыпломы І ступені, 3 — ІІ ступені і 4 — ІІІ ступені), Мінскай вобласці (1 дыплом І ступені, 2 — ІІ ступені і 5 — ІІІ ступені). Пераходны прыз па хіміі атрымала каманда Ліцэя БДУ.
Мясцовым аргкамітэтам для ўдзельнікаў заключнага этапу рэспубліканскай алімпіяды па хіміі і біялогіі была падрыхтавана і праведзена насычаная забаўляльная праграма. Для навучэнцаў 11-х класаў была арганізавана экскурсія ў Палац Незалежнасці, для навучэнцаў 9-х і 10-х класаў — экскурсія ў музей Вялікай Айчыннай вайны, у музей землязнаўства геаграфічнага факультэта, заалагічны музей і аранжарэю біялагічнага факультэта БДУ. Акрамя таго, удзельнікі алімпіяды наведалі кінатэатр, у вольны час мелі магчымасць наведваць басейн, інтэрнэт-кафэ, трэнажорную залу. Для іх была арганізавана інтэрактыўная праграма з наведваннем музея “Элемента”, навуковага шоу Ximikids.
У канцы ўрачыстага ўзнагароджання пераможцаў алімпіяды былі абвешчаны кандыдаты на зборы па падрыхтоўцы да міжнародных алімпіяд па хіміі (пройдзе ў Грузіі) і біялогіі (у В’етнаме), а таксама ўдзельнікі “мендзялееўкі”, якая пройдзе ў маі на базе МДУ ў Маскве. Названыя ўдзельнікі з’яўляюцца першадыпломнікамі.

Вольга ДУБОЎСКАЯ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.

З верай, надзеяй, любоўю

А таксама з вялікай гордасцю і шчырай удзячнасцю адпраўляе Віцебшчына сваіх разумнікаў і разумніц паўдзельнічаць у заключным этапе рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах.

Напярэдадні самых складаных выпрабаванняў у паўночным рэгіёне быў пакладзены пачатак новай традыцыі. У раёнах, якія маюць найбольш высокі патэнцыял, багаты вопыт, сур’ёзныя дасягненні ў рабоце з таленавітымі і адоранымі навучэнцамі, прайшлі сустрэчы алімпіяднікаў-фіналістаў, іх настаўнікаў і дырэктараў школ, дзе вучацца пераможцы абласнога этапу, з кіраўніцтвам абласной і раённай выканаўчай улады, упраўлення адукацыі аблвыканкама, начальнікамі аддзелаў адукацыі, спорту і турызму рай(гар)выканкамаў, адміністрацый раёнаў Віцебска. — На працягу многіх гадоў у нас існуе добрая традыцыя: пасля падвядзення вынікаў рэспубліканскай алімпіяды вобласць урачыста вітае пераможцаў яе заключнага этапу. Але неабходна падтрымаць нашых дзяцей і тады, калі яны толькі рыхтуюцца да гэтага самага цяжкага выпрабавання, — адзначыў падчас стартавай сустрэчы ў Оршы намеснік старшыні Віцебскага абласнога выканаўчага камітэта Уладзімір Цярэнцьеў. — Таму сёння мы сабраліся, каб падбадзёрыць фіналістаў, іх педагогаў і кіраўнікоў устаноў адукацыі, сказаць ім словы ўдзячнасці і прызнання, абмяняцца вопытам па арганізацыі падрыхтоўкі да алімпіяды. Мы адышлі ад фармату ўрачыстага ўшаноўвання і выбралі фармат адкрытага дыялогу. Гэта невыпадкова: хацелася б абмяняцца думкамі, абмеркаваць з удзельнікамі заключнага этапу алімпіяды пытанні, якія іх хвалююць. Кожны з іх ужо цяпер пераможца, кожным дасягнуты дастойны вынік. Не проста так перамога на трэцім этапе алімпіяды дае 100 балаў па профільным прадмеце пры паступленні ва ўстановы вышэйшай адукацыі. Мы верым у сваіх таленавітых дзяцей, яны наша гордасць і надзея.
— Такія сустрэчы запатрабаваны менавіта зараз, перад пачаткам спаборніцтва. Мы ўдзячны педагогам, дырэктарам, кіраўнікам аддзелаў адукацыі, спорту і турызму за праведзеную каласальную работу. Але найперш хочацца сказаць дзякуй усім фіналістам алімпіяды і даць слова кожнаму з іх, — падкрэсліў начальнік упраўлення адукацыі аблвыканкама Дзмітрый Хома. — Гэта вельмі важная для нас мэтавая аўдыторыя, ад гэтых дзяцей праз некаторы час будзе напрамую залежаць заўтрашні дзень краіны. У нас запланаваны шэраг такіх сустрэч — у вядучых віцебскіх гімназіях №№ 1, 2 і 8, якія сярод устаноў агульнай сярэдняй адукацыі штогод даюць найбольшую ў вобласці колькасць удзельнікаў заключнага этапу алімпіяды, а таксама ў Полацку, Наваполацку і Глыбокім. Спадзяюся, што неўзабаве мы ў максімальным складзе сустрэнемся з той жа аўдыторыяй у абласной філармоніі на цырымоніі ўшаноўвання пераможцаў рэспубліканскай алімпіяды.

Таццяна БОНДАРАВА.
Фота аўтара.