Праекты важныя, маладзёжныя

Азбуку для маленькіх беларусаў, дзе да кожнай літары падабраны запамінальныя малюнак і верш, якія расказваюць пра гісторыю і традыцыі краіны, а таксама азбуку ў выглядзе электроннага сродку навучання прадставіла на абласны этап Рэспубліканскага конкурсу “100 ідэй для Беларусі” майстар вытворчага навучання Гродзенскага дзяржаўнага каледжа тэхнікі, тэхналогіі і дызайну Наталля Катовіч.

Гэты праект, а таксама распрацоўка старшага выкладчыка кафедры металазнаўства і рэсурсазберагальных тэхналогій Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы Аляксандра Антонава і студэнта 5 курса факультэта інавацыйных тэхналогій машынабудавання Дзмітрыя Слесара “Металапалімерныя ролікі стужкавых канвеераў” і новы метад лячэння плоскаступнёвасці ў дзяцей, распрацаваны асістэнтам кафедры траўматалогіі Гродзенскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта Генадзем Кошманам, адзначаны як самыя лепшыя і перспектыўныя і будуць прадстаўляць Гродзенскую вобласць на рэспубліканскім фінале конкурсу.

На абласной выставе-прэзентацыі дэманстраваліся 24 праекты ў шасці намінацыях — гэта пераможцы занальных этапаў, якія прайшлі на Гродзеншчыне сёлета восенню. Узрост удзельнікаў конкурсу — ад 14 да 31 года, маладых навукоўцаў — да 35 гадоў. Так, годна былі прадстаўлены наступныя наватарскія распрацоўкі навучэнцаў: праект плаваючай ГЭС прапанаваў навучэнец Жалудоцкай сярэдняй школы імя В.Урублеўскага Шчучынскага раёна Аляксандр Брэзін; навучэнец сярэдняй школы № 3 Ашмян Сяргей Мірановіч прадэманстраваў біярэзанатар для лячэння электрамагнітным выпраменьваннем; Антоній Мархоцкі з гімназіі Шчучына распрацаваў дадатак па фізіцы для android, які дапаможа абагульніць, сістэматызаваць і папоўніць веды па прадмеце; рэканструкцыю комплексу будынкаў былога піваварнага завода ў Гродне прадставіў навучэнец Гродзенскага дзяржаўнага політэхнічнага каледжа Андрэй Аутка; навучэнец сярэдняй школы № 1 Ліды Раман Бубен даследаваў фізічныя ўласцівасці штучных мускулаў з палімернай лёскі, а навучэнцы гімназіі № 1 Навагрудка Андрэй Куц і Ягор Анішчык разам з настаўнікам працоўнага навучання і чарчэння Андрэем Андрэевічам Саўко прэзентавалі механізаваны станок для нарэзкі пластыкавых бутэлек на стужкі і карысныя вырабы, якія можна з гэтага зрабіць: шчоткі, кошыкі, стужкі для падвязкі раслін. Тут, як кажуць, адходы ідуць у даходы. Як расказалі хлопцы, яны ў школе і дома карыстаюцца прыладамі, якія вырабляюць на ўроках працоўнага навучання.

Былі прадстаўлены і сацыяльныя праекты.

— У дзень выбараў у парламент краіны мы арганізавалі дзіцячы ўчастак, дзе хлопчыкі і дзяўчынкі выбіралі любімага казачнага героя ў адпаведнасці з правіламі галасавання на дарослых участках. Такім чынам мы паказалі маленькім грамадзянам выбарчую сістэму, яны адчулі адказнасць за свой выбар, — расказвае старшыня пярвічнай арганізацыі БРСМ метадыст інфармацыйна-аналітычнага цэнтра абласнога інстытута развіцця адукацыі Святлана Гурбанава. — Для вучняў 12-й школы мы правялі мерапрыемства “Выбіраем разам у Год культуры”. Ім была прапанавана выстава работ гродзенскіх мастакоў, а аўтар карціны, якая найбольш спадабалася, Васіль Мартынчук правядзе са школьнікамі майстар-клас. Выбары праходзілі з раздачай бюлетэняў. Былі падрыхтаваны кабінкі і скрыні для галасавання.

Ацэньвалі праекты члены экспертнага савета, у які ўвайшлі прадстаўнікі органаў дзяржаўнага кіравання, прамысловых прадпрыемстваў.

З праектамі азнаёміліся старшыня Гродзенскага аблвыканкама Уладзімір Васільевіч Краўцоў і старшыня Гродзенскага абласнога Савета дэпутатаў Ігар Георгіевіч Жук. У.В.Краўцоў адзначыў актуальнасць і перспектыўнасць маладзёжных праектаў.

— Пляцоўкай для рэалізацыі многіх праектаў можа стаць філіял Парка высокіх тэхналогій, які пачынае работу ў Гродне, а таксама тэхналагічны парк, адкрыццё якога зараз абмяркоўваецца з Гродзенскім дзяржаўным універсітэтам, — адзначыў старшыня аблвыканкама.

Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.
Фота аўтара.

Ідэі на выбар

Лепшыя сацыяльныя праекты былі вызначаны нядаўна ў Мінску, дзе прайшоў фінал у сацыяльных праектаў Social Weekend. 15 самых абгрунтаваных, самых сацыяльна важных праектаў па выніках фіналу атрымалі матэрыяльную падтрымку ад мецэнатаў, а гэта больш за 40 000 беларускіх рублёў.

Што ж такое Social Weekend? Гэта конкурс, распачаты ў 2013 годзе, на які кожны можа прапанаваць сваю ідэю, і калі не атрымаць грошы на яе ўвасабленне, то адшукаць аднадумцаў. Дарэчы, спаборніцтва праводзіцца не толькі ў нацыянальным маштабе: рэгіянальныя конкурсы Social Weekend праходзілі ў Брэсце і Віцебску. Сёлета на ўдзел у рэспубліканскім конкурсе паступіла амаль 160 заявак, з гэтай колькасці толькі 40 праектаў трапілі ў чвэрцьфінал і на двухмесячны тэрмін навучання. 24 праекты аказаліся ў паўфінале, дзе журы выбрала фіналістаў.

Прынамсі, на апошнім этапе конкурсу да членаў журы — кіраўнікоў аддзелаў маркетынгу і піяру вядомых кампаній і рэдактараў СМІ — далучыліся прадстаўнікі дзяржструктур, дырэктары кампаній. Міністэрства адукацыі прадстаўляў дырэктар Галоўнага інфармацыйна-аналітычнага цэнтра міністэрства П.А.Ліс. Вядома, у журы было прадстаўлена і Міністэрства эканомікі.

— Тое, што робіць зараз адукацыя, і тое, што робяць прадпрымальнікі, у пэўных момантах супадае, — заўважыў на адкрыцці фінальных спаборніцтваў П.А.Ліс. — Важна, каб мы зараз абмяняліся інфармацыяй і не рабілі тое ж самае, а калі робім адну справу, то дапамагалі адно аднаму парадамі, кансультацыямі, падтрымлівалі ініцыятывы.

Павел Анатольевіч дадаў, што некаторыя праекты ўжо рэалізоўваюцца ў сферы адукацыі. Не так даўно праходзіла Міжнародная канферэнцыя па інклюзіўнай адукацыі, і там было шмат праектаў, звязаных з гэтым.

— Справа вельмі важная, і яе падтрымлівае не толькі Міністэрства адукацыі, але і многія арганізацыі, у тым ліку міжнародныя, — адзначыў дырэктар ГІАЦ. — У гэтым кірунку мы з вялікім задавальненнем гатовы супрацоўнічаць.

Цікава, што аўтары некаторых ідэй здолелі адшукаць падтрымку яшчэ на этапе разгляду заявак і заняліся рэаліза­цыяй сваіх праектаў, у тым ліку адзін з фіналістаў. Між іншым 5 з іх у выніку падтрымаў асабіста Юрый Мельнічак, заснавальнік ­ІТ-кампаніі ў сферы штучнага інтэлекту. Сярод іх праект “ТатаЗала”, які атрымаў гран-пры VIII Рэспубліканскага конкурсу, і праект, якому ўдалося заваяваць прыз глядацкіх сімпатый, — “Бабулін часнок”.

Ідэя праекта “ТатаЗала” нарадзілася ў Гомелі. Назва гаворыць сама за сябе: прыцягнуць татаў у школьныя спартыўныя залы для таго, каб мужчыны праводзілі час з дзецьмі, прычым бясплатна. А мамы ў гэты час могуць адпачыць. За перыяд, калі праект рухаўся да фіналу, яго ўдалося нават распачаць. Каманда праекта, якім кіруе Сяргей Бычкоў, распаўсюджвае вопыт на Гомель і Гомельскую вобласць — Мазыр, Рагачоў, Светлагорск, Жлобін. План развіцця праектаў знаходзіцца на карэкціроўцы і ўзгадненні ва ўпраўленні адукацыі Гомельскага аблвыканкама. У перспектыве ж гаворка можа ісці пра работу такой залы ў Мінску, кожным абласным цэнтры, а магчыма, праект рэалізуецца і яшчэ ў больш шырокім маштабе.

Аўтары ідэі ­мяркуюць, што пасля заканчэння праекта і яго фінансавання дзейнасць працягнецца дзякуючы сарафаннаму радыё, бацькі будуць самастойна папаўняць матэрыяльную базу спартыўных зал школ для сваіх патрэб, змогуць супрацоўні­чаць з адмі­ністрацыяй навучальных устаноў. І сапраўды, чаму б не супрацоўнічаць? Справа ж добрая.

Душэўны праект “Бабулін часнок”, які прапанавала каманда дзяўчат на чале з Аленай Галамазавай, нездарма так спадабаўся гледачам.

Аўтары ідэі на сваёй старонцы ў інтэрнэце паведам­ляюць, што ў Мінску налічваецца прыкладна 15 стыхійных кірмашоў, на якіх у сярэднім па 10 пенсіянераў вымушаны гандляваць не толькі без месцаў для сядзення і выкладкі прадуктаў, але часта і без даху над галавой. Акрамя таго, пажылыя людзі пастаянна адчуваюць пачуццё страху, бо гандляваць на вуліцы незаконна, такая дзейнасць караецца штрафам. Між тым пастаянна расце попыт на экалагічна чыстыя прадукты. Рашэнне дзяўчаты бачаць у стварэнні інтэрнэт-магазіна “Бабулін часнок”. За такую ідэю выказаліся 60% людзей, апытаных камандай праекта.

Устойлівасць свайго праекта каманда бачыць у выхадзе на самаакупнасць, пашырэнні асартыменту, прыцягненні новых кліентаў і павышэнні ўзроўню лаяльнасці тых пакупнікоў, якія ўжо з’явіліся ў магазіне. Гэта дазволіць стварыць пляцоўку для зносін бабуль-агародніц і навучання іх вырошчванню новых культур, выкладання асноў камп’ютарнай дасведчанасці.

Многія фіналісты конкурсу Social Weekend прадставілі ­праекты, звязаныя з навучаннем, аховай дзяцінства. Так, ­адзін з іх тычыцца пашыву чахлоў на кувезы для неданошаных немаўлят. Адна з праблем такіх малых — недаразвітасць сятчаткі вока, таму так важна закрываць кувезы ад святла, але пакуль нават не ва ўсіх радзільных дамах Мінска ёсць неабходныя прылады. Першы чахол ужо чакаюць у Бабруйску. Пры гэтым кошт чахла, які збіраюцца шыць у нас (адзін ужо гатовы) — 15 еўра ў эквіваленце, кошт замежнага брэндавага аналага — прыкладна 1 тысяча еўра.

Падтрымку атрымаў і адукацыйны праект “Навука дзецям” — інтэрнэт-партал навукова-тэхнічнай накіраванасці, асноўную спецыялізацыю якога складаюць доследы па фізіцы і хіміі, міні-бібліятэка, раздзел навуковых артыкулаў, файлавы каталог са спасылкай на цікавыя дадаткі і лагічныя гульні. А ІТ-школа для тых, у каго ёсць праблемы са слыхам, мяркуе прыцягнуць да супрацоўніцтва кампаніі, якія могуць аплачваць навучанне маладых людзей па ІТ-спецыяльнасцях і потым браць іх на работу вочна або аддалена і ў Беларусі і за яе межамі. Была агучана таксама ідэя стварэння нефармальнай прафесійнай супольнасці для настаўнікаў па абмене перадавым вопытам і сучаснымі практыкамі, а таксама ідэя інтэр­актыўнай пляцоўкі “Бяспечны лёд”, анлайн-школы “У савы” для людзей з абмежаванымі магчымасцямі.

Удзельнікі фіналу прадставілі яшчэ нямала цікавых, часам неадназначных, сацыяльных праектаў. Застаецца нагадаць, што конкурс будзе праводзіцца і далей, на яго можна прадставіць, як кажуць арганізатары, любую ідэю, якая здольна прынесці карысць грамадству.

Марына ХІДДЖАЗ.
Фота прадастаўлена арганізатарамі конкурсу Social Weekend.

Лідар года — студэнт з БарДУ

На два дні Баранавічы, якія з’яўляюцца сёлетняй маладзёжнай сталіцай Беларусі, сталі месцам правядзення Рэспубліканскага конкурсу “Лідар года”. Лідары з ліку студэнтаў 16 устаноў вышэйшай адукацыі краіны сабраліся ў Баранавіцкім дзяржаўным універсітэце, каб вызначыць наймацнейшых у намінацыях “Мае дасягненні — мой вынік”, “Я шчаслівы як ніхто!!!”, “ЛИДЕР/ЛюбИть, ДЕрзать и Развивать”, “Універсітэт будучыні” і “Лідар-менеджар — гэта Я!”.

На сцэне ўніверсітэцкай актавай залы канкурсанты прэзентавалі відэакліпы і літаратурныя візітоўкі. У відэакліпах лідары расказвалі пра свае дасягненні і ўнікальнасць, агучвалі жыццёвы дэвіз, звярталіся да іншых удзельнікаў конкурсу і журы. У гэтым многім дапамагалі члены студэнцкага самакіравання УВА. Падчас літаратурнай візітоўкі канкурсанты прадоўжылі сваю прэзентацыю, але ўжо ў форме вершаў, легенд і казак.

У конкурсным выпрабаванні “Універсітэт будучыні” лідары выкладалі дакладную стратэгію дзеянняў студэнцкага самакіравання ў бягучым навучальным годзе, прычым з паказам канкрэтных мерапрыемстваў і праектаў.

Па выніках першага конкурснага дня былі вызначаны 7 фіналістаў: Ілья Лясун з Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта інфарматыкі і радыёэлектронікі, Яўген Церахаў з Віцебскага дзяржаўнага ордэна Дружбы народаў медыцынскага ўніверсітэта, Раман Шухно з Баранавіцкага дзяржаўнага ўніверсітэта, Ксенія Валністая з Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, Ігар Янковіч з Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэта, Святлана Пузеева з Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Ф.Скарыны і Вольга Янкоўская з Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта.

Не менш цікавым і насычаным атрымаўся другі конкурсны дзень. Спачатку адбылося пасяджэнне грамадскага рэспубліканскага студэнцкага савета пры міністры адукацыі Беларусі, дзе яго члены абмеркавалі стратэгію работы арганізацыі ў наступным годзе і прэзентавалі новыя праекты. Затым прайшоў адкрыты дыялог, прысвечаны актуальным задачам і напрамкам сумеснай работы адміністрацый і маладзёжных актывістаў УВА па развіцці вышэйшай школы ў найбліжэйшай перспектыве. У абмеркаванні пытанняў удзельнічалі начальнік упраўлення па справах моладзі Міністэрства адукацыі Беларусі Н.І.Пшанічная і дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Т.Р.Якубовіч.

— Роля моладзі ў сучасным грамадстве надзвычай вялікая, — адзначыла Н.І.Пшанічная. — Конкурс “Лідар года” сабраў актыўных, мэтанакіраваных і творчых студэнтаў, якія дакладна ведаюць мэту ў жыцці, імкнуцца да яе і, будзем спадзявацца, неўзабаве дасягнуць. Конкурс — гэта добрая пляцоўка для зносін цікавых і неабыякавых людзей.

У пачатку дыялогу яго ўдзельнікі паразважалі над тым, хто такі лідар. У выніку ўсе пагадзіліся, што гэта чалавек, якому ёсць чаму навучыць іншых і які не баіцца браць за іх адказнасць. Лідар — гэта чалавек-прыклад не толькі для сваёй каманды, але і для ўсіх равеснікаў. Падчас дыялогу студэнты вызначылі галоўныя лідарскія якасці: адказнасць, сумленнасць, прыстойнасць, міласэрнасць, прафесіяналізм і патрыятызм.

У фінальным этапе спаборніцтва канкурсанты яшчэ раз прэзентавалі відэакліпы і літаратурныя візітоўкі, пасля чаго прынялі ўдзел у выпрабаванні “Лідар-менеджар — гэта Я!”. Члены журы прапаноўвалі студэнтам нестандартныя сітуацыі, якія патрабавалі правільных кіраўніцкіх рашэнняў: “Вы — кіраўнік студэнцкага савета, у якога ёсць геніяльная ідэя. Але супраць яе выступае рэктар…”, “Студэнцкае самакіраванне вырашае арганізаваць дыскатэку, але адзін з яго членаў запланаваў на гэты час спатканне…”, “Вам давядзецца сустрэцца з важным чалавекам, імя і імя па бацьку якога вы забылі…”, “Вам даручылі правесці маштабную акцыю, значнасць якой разумеюць не ўсе студэнты…”. Трэба адзначыць, што да вырашэння гэтых сітуацый кожны канкурсант падышоў па-свойму, паказаўшы сапраўдныя лідарскія якасці.

Па рашэнні журы лідарам года стаў Раман Шухно з Баранавіцкага дзяржаўнага ўніверсітэта. Астатнія фіналісты былі адзначаны ў розных намінацыях.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.
Фота аўтара.

Эмацыянальнасць, інклюзіўнасць і рэгіянальны каларыт

Падведзены вынікі Рэспубліканскага конкурсу “Сучасныя тэхналогіі ў спецыяльнай адукацыі”.

З 15 лістапада па 15 снежня праходзіў трэці (заключны) этап VІ Рэспубліканскага конкурсу “Сучасныя тэхналогіі ў спецыяльнай адукацыі”. Урачыстая цырымонія закрыцця конкурсу з узнагароджаннем пераможцаў і намінантаў прайшла заўчора ў Акадэміі паслядыпломнай адукацыі з удзелам намесніка міністра адукацыі Рэспублікі Беларусь Раісы Станіславаўны Сідарэнка.

У прывітальным слове Раіса Станіславаўна падкрэсліла: “Педагогі спецыяльнай адукацыі не толькі ўмела перадаюць свае веды дзецям, зацікаўліваюць іх, але і дораць ім сваю дабрыню. Хацелася б адзначыць ваш унікальны прафесіяналізм. Працуючы з дзецьмі, якім патрэбны асаблівая методыка, індывідуальны падыход, вы разумееце, што традыцыйных форм работы недастаткова, што трэба шукаць новыя ідэі. Спадзяюся, што гэты конкурс з часам стане конкурсам сучасных тэхналогій у інклюзіўнай адукацыі”.

У склад журы мерапрыемства ўваходзілі прадстаўнікі Міністэрства адукацыі, БДПУ імя Максіма Танка, НІА і АПА. Старшыня журы начальнік аддзела спецыяльнай адукацыі галіновага міністэрства Антаніна Міхайлаўна Змушко адзначыла: “Конкурсу ўжо 13 гадоў, ён праводзіцца адзін раз у тры гады, каб педагогі маглі назапасіць і абагульніць вопыт выкарыстання педагагічных тэхналогій. Мянялася назва конкурсу, падыходы да яго арганізацыі, але многае заставалася пастаянным. Некаторыя ўдзельнікі мерапрыемства, установы адукацыі кожны раз прымаюць удзел у ім, выходзяць у фінал і перамагаюць. Напрыклад, усе пераможцы мінулага конкурсу ўдзельнічалі і ў сёлетнім.

Мерапрыемства з’яўляецца магчымасцю для нас, членаў журы, супрацоўнікаў Міністэрства адукацыі, убачыць і ацаніць канкрэтнага педагога, зразумець узровень яго прафесіяналізму і сутнасць тых праблем, якія паўстаюць перад ім. Многія канкурсанты прадставілі праекты, якіх нам сёння не хапае, — вучэбна-метадычнае забеспячэнне спецыяльнай адукацыі, праграмы карэкцыйных заняткаў, вучэбных і метадычных дапаможнікаў, якія ўжо апрабаваны ў адукацыйным працэсе і заслугоўваюць таго, каб іх разгледзець пасля адпаведнай дапрацоўкі для прысваення грыфа Міністэрства адукацыі. У гэты раз мы змянілі фармат прадстаўлення конкурсных работ. Яны прэзентаваліся ў форме стэндавых дакладаў. І сёння ў кожнай вобласці вызначаны лепшы стэндавы даклад. Сёлета многія работы змяшчалі вынікі эксперыментальнай і інавацыйнай дзейнасці, якую праводзіць Міністэрства адукацыі. Яны тычыліся і тэхналогій інклюзіўнай адукацыі, і работы рэсурснага цэнтра, і работы са слепаглухімі дзецьмі”.

Прааналізавала конкурсныя распрацоўкі і член журы вядучы навуковы супрацоўнік лабараторыі спецыяльнай адукацыі НІА Таццяна Віктараўна Лісоўская: “Вельмі ўразіла разнастайнасць і актуальнасць інфармацыі, якую данеслі да нас педагогі. Адзначу, што большасць конкурсных работ мае ярка выяўлены прыкладны характар і адпавядае паняццю “адукацыйныя тэхналогіі”. Можна вылучыць ключавыя словы, якія характарызуюць работы канкурсантаў: навізна, інтэрактыўнасць, узаемадзеянне, пераемнасць, міждысцыплінарнасць. Некаторыя педагогі прадставілі добрыя напрацоўкі па псіхалогіі і нейрапсіхалогіі, сацыяльнай педагогіцы, тэхналогіі дыстанцыйнага навучання, адукацыйных кампетэнцыях, хмарных тэхналогіях. Адзначу і недахопы. У прыватнасці, у самым пачатку работ у тэарэтычных абгрунтаваннях змяшчалася інфармацыя не аб навуковых падыходах, якія выкарыстоўвалі педагогі пры падрыхтоўцы праектаў, а ішла размова пра асаблівасці пэўнай катэгорыі дзяцей, пра ўмовы работы з імі. Не заўсёды вырашаліся і задачы, заяўленыя ў пачатку распрацовак. Недастаткова правільным быў таксама дыягнастычны інструментарый. Часам аўтары карысталіся абагульненымі крытэрыямі: высокі, сярэдні, нізкі ўзроўні, або першы, другі, трэці ўзроўні, і не заўсёды было зразумела, што яны мелі на ўвазе. Сустракаліся і чыста матэматычныя памылкі, напрыклад, пры падсумоўванні працэнтаў некаторых даных не атрымліваліся належныя сто працэнтаў”.

Пераможцы конкурсу былі вызначаны ў намінацыях “Тэхналогіі інклюзіўнай адукацыі”, “Тэхналогіі работы з дзецьмі ранняга ўзросту”, “Тэхналогіі работы з дзецьмі з цяжкімі і (або) множнымі фізічнымі і (або) псіхічнымі парушэннямі”, “Тэхналогіі работы з дзецьмі дашкольнага ўзросту”, “Тэхналогіі работы з дзецьмі з цяжкімі парушэннямі маўлення”, “Тэхналогіі работы з дзецьмі з парушэннямі зроку”, “Тэхналогіі работы з дзецьмі з парушэннем слыху”, “Інфармацыйна-камунікацыйныя тэхналогіі”, “Тэхналогіі работы з сям’ёй”, “Тэхналогіі сацыялізацыі”, “Тэхналогіі планавання”, “Тэхналогіі эфектыўнага навучання”, “Тэхналогіі дыстанцыйнага навучання”, “Тэхналогіі аказання карэкцыйна-педагагічнай дапамогі”, “Тэхналогіі выхаваўчай работы”, “Тэхналогіі праектнай дзейнасці”.

Пераможцы конкурсу атрымалі дыпломы з рук намесніка міністра адукацыі Р.С.Сідарэнка. На трэцім месцы за работу “Тэхналогія ранняга суправаджэння кандыдатаў на кахлеарную імплантацыю ва ўмовах рэсурснага цэнтра” аказаўся аўтарскі калектыў (Таццяна Іванаўна Куцэнка, Ксенія Сяргееўна Бярозкіна, Вольга Мікалаеўна Гайдук) спецыяльнай агульнаадукацыйнай школы № 14 Мінска для дзяцей з парушэннем слыху. Другое месца заняла работа “Псіхалагічная дапамога і сацыяльна-педагагічная падтрымка сем’яў, якія выхоўваюць дзяцей з цяжкімі і (або) множнымі фізічнымі і (або) псіхічнымі парушэннямі” Слуцкага раённага ЦКРНіР (Ала Юр’еўна Капская, Іна Іванаўна Лукашэвіч). Першае месца заваявала работа “Тэхналогія індывідуалізацыі працэсу навучання і выхавання слепаглухога дзіцяці” аўтарскага калектыву (Наталля Сцяпанаўна Ласкевіч, Уладзімір Іванавіч Барысаў) Маладзечанскай спецыяльнай агульнаадукацыйнай школы-інтэрната № 2 для дзяцей з парушэннямі зроку.

Пераможцамі сярод упраўленняў адукацыі за лепшую падрыхтоўку да конкурсу сталі ўпраўленне адукацыі Магілёўскага аблвыканкама (3-е месца), камітэт па адукацыі Мінгарвыканкама (2-е месца) і ўпраўленне адукацыі Мінаблвыканкама (1-е месца).

Удзельнікаў конкурсу павіншавалі творчымі выступленнямі на сцэне навучэнцы спецыяльнай агульнаадукацыйнай школы № 14 Мінска для дзяцей з парушэннем слыху, спецыяльнай агульнаадукацыйнай школы-інтэрната № 13 Мінска для дзяцей з парушэннем слыху, Слуцкага раённага ЦКРНіР, спецыяльнай агульнаадукацыйнай школы № 188 Мінска для дзяцей з парушэннямі зроку, а таксама выхаванцы Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі.

Надзея ЦЕРАХАВА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.

Тытул “Студэнт года — 2016” знайшоў уладальніка!

Самая яркая студэнцкая падзея — фінал рэспубліканскага конкурсу “Студэнт года — 2016”— аб’яднала моладзь краіны ў чацвер. Каб свята прайшло па-зімоваму горача, на гэты раз арганізатары перанеслі яго з універсітэцкай актавай залы ў папулярны начны клуб. Адметным стала і тое, што конкурс, нарэшце, апраўдаў сваю назву — упершыню за яго гісторыю перамагла не студэнтка, а студэнт. На гэты раз перамогу святкаваў Дзмітрый Куксо — будучы эканаміст-менеджар з Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта.

Ідэя конкурсу, арганізатарам якога з 2011 года выступае Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі пры падтрымцы Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь і Рэспубліканскага студэнцкага савета БРСМ, — прадтрымаць творчы запал студэнтаў, стварыць умовы для іх самарэалізацыі ў галіне грамадскай дзейнасці, навукі, мастацтва і спорту, прасоўвання сваіх ініцыятыў і праектаў.

У фінальным баі сышліся 9 лепшых студэнтаў — самых лепшых у вучобе, навуцы, спорце, творчасці, прамоўніцкім майстэрстве. Галоўныя ўмовы для канкурсантаў — навучанне на 2—5 курсах устаноў вышэйшай адукацыі, поспехі ў вучобе (сярэдні бал канкурсанта павінен быць не ніжэй за 8!), удзел у грамадскім жыцці, дзейнасці Саюза моладзі, міжуніверсітэцкіх, раённых, гарадскіх, рэспубліканскіх і міжнародных конкурсах у галіне студэнцкага самакіравання. Разам з тым канкурсанты са сваімі групамі падтрымкі паказалі журы і ўсім прысутным, як трэба працаваць у адзінай камандзе, каб перамагаць!

У склад журы сёлета ўваходзілі Ірына Старавойтава, старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па адукацыі, навуцы, культуры і сацыяльным развіцці; Людміла Макарына-Кірбак, старшыня камісіі па ахове здароўя, фізічнай культуры, сямейнай і маладзёжнай палітыцы Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь; Наталля Пшанічная, начальнік упраўлення па справах моладзі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, знакамітыя беларускія спартсмены, тэлевядучыя і інш.

Канкурсантаў яны ацэньвалі па дзесяцібальнай сістэме. Дарэчы, сёлета правілы падвядзення вынікаў змяніліся. З мэтай празрыстасці вынікаў галасавання ўпершыню журы выстаўляла адзнакі ў рэжыме рэальнага часу, паднімаючы таблічкі з адзнакамі пасля заканчэння кожнага конкурсу.

Канкурсанты прайшлі шэраг выпрабаванняў — завочных: “Партфоліа”, “Маладзёжны праект”, конкурс прэзентацыі кніг “Крыніцы мудрасці”, і конкурсаў, якія стварылі студэнцкае шоу на сцэне. Гэта самапрэзентацыя “Я — студэнт!”, якая ўключыла відэаролік “Я — студэнт!” і творчую прэзентацыю, інтэлектуальны конкурс “Мая краіна — Беларусь” і творчы конкурс “Беларусь культурная”.

Але, акрамя гэтага, для перамогі трэба было мець і ўласныя козыры, якія ацэньваюцца па-за конкурсам. Для Дзмітрыя Куксо імі сталі інтэлігентнасць, адметны погляд на звычайныя рэчы і прыроджаная харызма.

“Я лічу сябе грамадзянінам свету (не прымаю нацыяналістычных сварак, расавых забабонаў і культурнай нянавісці) з рознабаковымі інтарэсамі, — зазначыў Дзмітрый напярэдадні фіналу. — Я цаню культуру сваёй краіны, сваёй малой радзімы, але пры гэтым паважаю культуры іншых народаў. Шчыра веру ў навуку, лічу, што менавіта навуковы падыход можа дапамагчы дасягнуць поспеху як кожнаму асобнаму чалавеку, так і чалавецтву ў цэлым. Перакананы, што чалавек варты большага, чым проста зарабляць грошы для існавання. Ён павінен рэалізоўваць свой творчы патэнцыял у тых сферах, да якіх ёсць схільнасць (навука, музыка, мастацтва і г.д.), і быць адзіным механізмам з іншымі людзьмі. Стварыць умовы для гэтага — адно з маіх жыццёвых імкненняў”.

Дзмітрый сур’ёзна захоплены сацыяльна-гуманітарнымі дысцыплінамі, робіць першыя крокі ў паглыбленым вывучэнні матэматычнага аналізу і статыстычнага аналізу даных, сочыць за развіццём тэхналогій. І ў навуцы атрымаў першыя поспехі: будучы студэнтам, напісаў дзве навукова-даследчыя працы, кожная з якіх адзначана дыпломам ІІ ступені на рэспубліканскім конкурсе, дзевяць навуковых публікацый, прымае ўдзел у шматлікіх навукова-практычных канферэнцыях. Ёсць у яго шмат ідэй для далейшых даследаванняў.

“Мне ёсць у чым удасканальвацца і ёсць чаму вучыцца. Таму я не збіраюся спыняцца ў сваім развіцці, — запэўнівае юнак. — Акрамя таго, увесь мой вольны час займае музыка. Я спяваю і іграю на розных інструментах (баян, гітара, духавыя, з нядаўніх часоў — блок-флейта), так што я чалавек-ансамбль, а ўлічваючы, што мае сябры таксама, разам мы ператвараемся ў цэлы аркестр! А калі сур’ёзна, то музыка — гэта лекі і крыніца сіл для маёй душы ў любой сітуацыі”.

У гэтым кірунку Дзмітрыю таксама ёсць чым ганарыцца: ён стаў дыпламантам двух вакальных конкурсаў, у школьныя гады прымаў удзел у інструментальных конкурсах, іграў у духавым аркестры, а пасталеўшы і паставіўшы голас, быў салістам ваеннага духавога аркестра. Часта прымае ўдзел у канцэртах, дорыць людзям радасць, з-за чаго, прызнаецца, і сам атрымлівае не меншае задавальненне.

“У цэлым я чалавек сур’ёзны і цаню ў людзях грунтоўнасць, хоць часам і падурэць таксама можна, і нават трэба. Цаню дабрыню і бескарыслівасць і адказваю тым жа. Паважаю людзей са светлай галавой, зносіны з імі і мяне робяць лепшым”.

Трымаючы ў руках галоўную ўзнагароду конкурсу, Дзмітрый пагаджаецца са словамі Наталлі Пшанічнай, якая, уручаючы яе, зазначыла, што гэта — не толькі прызнанне, але і вялікая адказнасць: “Мне цэлы год трэба будзе ўвасабляць сабой студэнцтва Беларусі. Гэта вельмі адказны тытул. І я пастараюся не падвесці студэнтаў Беларусі і з гонарам несці гэтае званне”.

Акрамя тытула “Студэнт года — 2016”, Дзмітрый Куксо атрымаў падарункі ад партнёраў, галоўныя сярод якіх — акустычная сістэма ад кампаніі SVEN — вытворцы тэхнікі для работы і забаў, і турыстычная пуцёўка па маршруце Талін — Хельсінкі — Стакгольм.

Прызы атрымалі і прызёры. Дыплом II ступені прысуджаны Вераніцы Кажанеўскай, будучаму лагапеду з Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы. Дыплом III ступені атрымаў Андрэй Андрук, студэнт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта інфарматыкі і радыёэлектронікі.

У традыцыйнай дадатковай намінацыі “Студэнт года — 2016 ONLINE” канкурсантаў ацэньвалі інтэрнэт-карыстальнікі, галасуючы за аўтарскія гумарыстычныя відэаролікі на тэму “Я — студэнт!” (галасаванне праходзіла на канале YouTube). Перамогу ў ёй атрымаў Кірыл Дрозд з універсітэта грамадзянскай абароны Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Рэспублікі Беларусь.

Арганізатары забяспечылі ўсім канкурсантам і іх шматлікім групам падтрымкі запамінальны энергічны адпачынак на танцпляцоўцы, яркія і дынамічныя выступленні зорак беларускай эстрады, музыкантаў, майстроў светлавога шоу.

Святлана НІКІФАРАВА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.

Сардэчныя справы

5 снежня, у Сусветны дзень валанцёраў, у Нацыянальным алімпійскім камітэце прайшла ўрачыстая цырымонія ўзнагароджання пераможцаў Рэспубліканскага конкурсу “Валанцёр года — Добрае Сэрца”. Традыцыю ўзнагароджваць тых, для каго валанцёрства стала стылем жыцця, Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі працягвае ўжо сёмы год.

Конкурс аб’яднаў тысячы добраахвотнікаў з усіх рэгіёнаў краіны, якія штодзень знаходзяць час і нагоду для клопату аб дзецях, пажылых людзях, арганізоўваюць і праводзяць сацыяльныя, культурныя, спартыўныя акцыі, займаюцца добраўпарадкаваннем культавых аб’ектаў, прымаюць удзел у буйнамаштабных спартыўных мерапрыемствах рэспубліканскага і міжнароднага ўзроўню.

Пераможцы сярод членаў пярвічных арганізацый устаноў краіны былі вызначаны ў некалькіх намінацыях. Так, лепшым валанцёрскім атрадам сярод навучэнскай моладзіл стаў валанцёрскі атрад “Добрае Сэрца” сярэдняй школы № 4 Асіповіч (Магілёўская вобласць), а лепшым валанцёрскім атрадам сярод студэнцкай моладзі — валанцёрскі атрад “Абдымкі” Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Перамога ў намінацыі “Лепшы валанцёрскі атрад сярод працоўнай моладзі” прысуджана валанцёрскаму атраду “Сэрца Паліміра” завода “Палімір” ААТ “Нафтан” (Наваполацк, Віцебская вобласць).

Галоўную ўзнагароду ў намінацыі “Асабісты ўклад” атрымала Алена Чарняк, член валанцёрскага атрада “Экас”, навучэнка 10 класа гімназіі Шчучына (Гродзенская вобласць). У намінацыі “Будзь з намі” вылучаны валанцёрскі атрад “Добрае Сэрца” Першамайскага дзіцячага сада — сярэдняй школы Шчучынскага раёна. Лепшым у намінацыі “Валанцёрскія справы ў фотааб’ектыве” быў названы валанцёрскі атрад “Рука ў руцэ” Жамчужненскай сярэдняй школы Баранавіцкага раёна (Брэсцкая вобласць). Самым сацыяльна актыўным і ў выніку пераможцам у намінацыі “Лепшая група ў сацыяльнай сетцы” стаў валанцёрскі атрад Мінскага гарадскога камітэта БРСМ “Добрае Сэрца”.

Пераможцай інтэрнэт-галасавання “Валанцёр года — Добрае Сэрца” ў намінацыі “Асабісты ўклад” стала Хрысціна Брагінец, кіраўнік валанцёрскага атрада “Мы — дзецям” Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта.

Заслужаныя ўзнагароды пераможцам і асабістыя кніжкі валанцёра лепшым валанцёрам уручылі першы віцэ-прэзідэнт Нацыянальнага алімпійскага камітэта Рэспублікі Беларусь памочнік Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па пытаннях фізічнай культуры, спорту і развіцця турызму Максім Рыжанкоў, кіраўнікі органаў дзяржаўнага кіравання, а таксама адзінаццаціразовы параалімпійскі чэмпіён Ігар Бокі, трохразовая чэмпіёнка свету і Еўропы па спартыўных танцах на калясках Ганна Гарчакова і інш.

Самі ж валанцёры ацэньваюць дыпломы і прызы ўсяго толькі як прыемны бонус. Галоўныя ўзнагароды ім дораць тыя, для каго яны знаходзяць час пасля сваіх асноўных заняткаў.

Напрыклад, валанцёрскі атрад “Абдымкі” БДУ, які за 6 гадоў аб’яднаў 265 валанцёраў, вядзе сваю дзейнасць як у сценах універсітэта, так і далёка за яго межамі. Студэнты наладзілі сувязь з дзесяццю арганізацыямі, якія аказваюць сацыяльную дапамогу, частка з якіх займаецца непасрэдна ветэранамі Вялікай Айчыннай вайны. Акрамя таго, валанцёры наведваюць дзіцячыя дамы, хоспісы і іншыя ўстановы ў рамках валанцёрскага руху.

Алена Чарняк са Шчучына жыве пад дэвізам “Жыць трэба справамі, а не словамі!”. Стаўшы валанцёрам, Алена пачынала з малога — ад аказання маральнай падтрымкі да раздачы адзення і падарункаў дзецям-інвалідам. Сёння Алена валанцёр-інструктар роўнага навучання. Яе землякі — валанцёры Першамайскага дзіцячага сада — сярэдняй школы — рэалізавалі такія праекты, як “Дарогамі дабра” па развіцці і ўдасканаленні валанцёрскага руху ў Першамайскай сярэдняй школе, “Круг бяспекі супраць СНІДу”, экалагічны праект “За рэгіён”, практыка-арыентаваны праект “Экахваля”, праект па прапагандзе здаровага ладу жыцця, прафілактыцы шкодных звычак у падлеткавым асяроддзі “Выбар заўсёды за табой!” і інш.

Валанцёрскі атрад Жамчужненскай сярэдняй школы Баранавіцкага раёна “Рука ў руцэ” адкрывае для сябе новыя перспектывы: навучанне здароваму ладу жыцця па прынцыпе “роўны — роўнаму” і лялькатэрапія. Урачы ў лялечным абліччы сталі новым кірункам і для студэнтаў-валанцёраў МДЛУ. Хрысціна Брагінец з’яўляецца гукарэжысёрам двух універсітэцкіх тэатраў, якія дзейнічаюць на базе атрада-тэатра для дзяцей “Разам — у казку” і тэатра пантамімы “Мімы спяшаюцца на дапамогу”. Хутка ацэняць маленькія гледачы і прэм’еру ў яе лялечным тэатры “Драўляны домік казкі”. Па ініцыятыве Хрысціны атрад пачаў працаваць з дзецьмі з парушэннем слыху.

Вікторыя Мяннанава, сакратар цэнтральнага камітэта БРСМ, каардынатар валанцёрскага руху “Добрае Сэрца”, зазначыла: “Валанцёрскі рух аб’ядноўвае неабыякавых маладых людзей, кансалідуе грамадства. Мы сёння — у ліку складальнікаў канцэпцыі валанцёрскага руху краін СНД. Цяпер у нас актыўная праца ідзе і з Еўрапейскай валанцёрскай службай, і з інфармацыйным пунктам Савета Еўропы”.

Праграма фіналу рэспубліканскага конкурсу ўключала не толькі ўзнагароджанні і віншаванні. У зале алімпійскай славы разгарнулася незвычайная інтэрактыўная выстава. Валанцёры “Добрага Сэрца” прапанавалі жадаючым прыняць удзел у майстар-класах па вырабе калядных рукавічак, навагодніх анёлкаў, званочкаў і інш. Цэнтральнае месца ў экспазіцыі было адведзена “ёлцы жаданняў”, упрыгожанай сэрцамі з пажаданнямі ад выхаванцаў дзіцячых дамоў, дамоў дзіцяці, рэабілітацыйных цэнтраў, школ-інтэрнатаў з усіх рэгіёнаў Беларусі. Здзейсніць дзіцячыя мары напярэдадні навагодніх і калядных свят змаглі ўсе жадаючыя. Уключала праграма і цэлы комплекс вучэбна-метадычных мерапрыемстваў. З самай раніцы на базе Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта фізічнай культуры спецыялісты Цэнтра развіцця “Фарбы жыцця” і Цэнтра камфортных зносін, офіса прасоўвання ініцыятыў правялі для падлеткаў псіхалагічныя трэнінгі па арганізацыі дзейнасці валанцёрскага руху. Акрамя таго, валанцёры выпрабавалі свае якасці падчас праходжання квеста “Я — валанцёр”.

Святлана НІКІФАРАВА.
Фота БелТА.

І дабрыня мае адзнаку

Тыя людзі, якія штогод 5 снежня адзначаюць Міжнародны дзень валанцёра, за сваё памкненне быць карыснымі не чакаюць узнагарод і авацый. Тым не менш Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь вырашыла змяніць гэтую традыцыю і ўпершыню ўзнагародзіла самых актыўных з іх у межах Рэспубліканскага конкурсу “Валанцёр года”.

На фінал конкурсу, які праходзіў у Беларусім дзяржаўным педагагічным універсітэце імя Максіма Танка, сабраліся студэнты з усёй Беларусі. Віншуючы іх з Днём валанцёра, міністр адукацыі Міхаіл Жураўкоў зазначыў: “Мабыць, за ўвесь час існавання цывілізаванага чалавецтва не было ніводнай дзяржавы, дзе ідэі гуманнасці, бескарыснай дапамогі не былі б запатрабаванымі. Хаця яшчэ трэба падумаць, каму валанцёрства больш важна — тым, каму неабходна дапамога, ці тым, хто яе аказвае. Прыемна, што наша моладзь: студэнты, школьнікі, навучэнцы — заўсёды ў авангардзе гэтага руху, заўсёды наперадзе. Міністэрства адукацыі падтрымлівае тыя валанцёрскія атрады, якія арганізоўваюцца ў нашых УВА. А свайго роду завадатарам у гэтым руху выступае Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка. І мы спадзяёмся, што з кожным годам колькасць валанцёраў у краіне будзе павялічвацца”.

Конкурс праводзіўся па трох намінацыях: “Лепшы валанцёрскі атрад”, “Лепшы валанцёрскі праект” і “Валанцёр года”.

Першынство ў намінацыі “Лепшы валанцёрскі атрад” дасталася камандзе Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта інфарматыкі і радыёэлектронікі “Сузор’е”. Спецыяльны прыз Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа атрымаў атрад “Прыносім радасць” (Інстытут прадпрымальніцкай дзейнасці), а заснаваны Рэспубліканскім цэнтрам экалогіі і краязнаўства прыз дастаўся атраду “Вернутыя імёны” (Брэсцкі дзяржаўны тэхнічны ўніверсітэт). Спецыяльны прыз атрымаў і атрад “Роўнасць” (БДПУ імя Максіма Танка).

Намінацыя “Лепшы валанцёрскі праект” прадугледжвала чатыры кірункі. У кірунку “Сацыяльнае валанцёрства” перамогу атрымаў праект “Дзеці сталіцы” (БДПУ імя Максіма Танка). У кірунку “Валанцёрства ў ЗЛЖ” лепшым быў прызнаны праект “Санаторый дома” (Віцебскі дзяржаўны ордэна Дружбы народаў медыцынскі ўніверсітэт). У кірунку “Экаваланцёрства” перамог праект “Флора” (Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Францыска Скарыны). У кірунку “Валанцёрства ў культурнай спадчыне” лепшым стаў праект “Галасы за брамай часу” (Баранавіцкі дзяржаўны ўніверсітэт).

У першынстве за асабісты ўклад — намінацыі “Валанцёр года” — прызёрамі сталі будучыя педагогі Кацярына Мехавіч (БДПУ імя Максіма Танка) і Кацярына Курчэня (Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы). Спецыяльную ўзнагароду ад Беларускай асацыяцыі клубаў ЮНЕСКА — паездку ў Берлін, падчас якой пройдзе знаёмства з дзейнасцю маладых валанцёраў Германіі, — атрымала Настасся Траянава з МДЛУ.
Пераможцай жа ў намінацыі стала Вольга Краўчанка з Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Гэта той прыклад, калі пры жаданні можна паспяваць не толькі быць паспяховай студэнткай. Вольга з’яўляецца кіраўніком валанцёрскага кірунку ў творчай студыі “Мім-БДУ”. Грым, вясёлая ігра мімікай прымушае гледачоў з дзіцячых дамоў Мінска і вобласці на час забыцца пра рэальнасць і акунуцца ў свет пантамімы. Вольга трэці год з’яўляецца валанцёрам калектыву “Адрас дружбы”, які аб’ядноўвае ўсіх, хто любіць дзяцей. Маладыя людзі сталі ўжо роднымі для выхаванцаў школы-інтэрната для дзяцей з парушэннем функцыі апорна-рухальнага апарату з Асіповіч. Тут яны часта ладзяць развіццёвыя і спартыўныя мерапрыемствы, канцэртныя праграмы, майстар-класы, прагляд кіно ці мультфільмаў, проста сустракаюцца, каб пагутарыць за кубкам чаю. Клопатам акружае Вольга і ветэранаў у межах праектаў “Сувязь пакаленняў”, “Абдымкі” і іншых.

У Міністэрстве адукацыі спадзяюцца, што конкурс стане традыцыйным. А каб студэнты маглі далучыцца да валанцёрскага руху, з наступнага года прапанавана адкрыць валанцёрскія цэнтры ва ўсіх беларускіх вышэйшых навучальных установах.

Святлана НІКІФАРАВА.

Лепшая студэнтка Гродзеншчыны вучыцца на педфаку

Студэнтка 3 курса педагагічнага факультэта Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы Вераніка Кажанеўская будзе адстойваць гонар студэнтаў Гродзеншчыны на Рэспубліканскім конкурсе “Студэнт года — 2016”.

У Год культуры прэтэндэнты на званне пераможцы абласнога этапу конкурсу дэманстравалі веданне беларускай культуры і літаратуры. Студэнты трох гродзенскіх універсітэтаў — не толькі высокаадукаваныя людзі (бал паспяховасці ва ўсіх не ніжэй за 8), але і актыўныя ў навуковай рабоце, творчай, спартыўнай, грамадскай дзейнасці, маюць актыўную грамадзянскую пазіцыю і якасці лідара.

Прадэманстраваць гэтыя якасці ўдзельнікі маглі ў некалькіх конкурсах. Так, у тэатралізаваным паказе “Беларусь культурная” расказвалі аб сваёй любімай кнізе беларускага аўтара і выступалі ў ролі прамоўтара гэтага твора. Тут і прагучаў заклік Веранікі Кажанеўскай да моладзі ў ХХІ стагоддзі чытаць беларускую літаратуру. Дарэчы, усе выступленні дзяўчыны праходзілі на беларускай мове.

Кожная з удзельніц, а за тытул лепшага студэнта спаборнічалі таксама трэцякурсніца агранамічнага факультэта аграрнага ўніверсітэта Карына Швораб і студэнтка 4 курса медыка-псіхалагічнага факультэта медыцынскага ўніверсітэта Валерыя Сядушкіна, прадэманстравала вялікі творчы патэнцыял — быў і балет, і ігра на баяне, і тэатралізаваная пастаноўка. Але галоўнае, што вылучала ўдзельніц, — гэта актыўная жыццёвая пазіцыя. Карына — стыпендыят абласнога аддзялення Беларускага фонду міру, удзельніца тэатральнай студыі “Байка”, дыпламант конкурсу прыгажосці “Міс Гродна — 2016” у намінацыі “Міс зачараванне”. Валерыя з’яўляецца стыпендыятам прэміі імя Аляксандра Дубко і актывісткай першаснай арганізацыі БРСМ медыцынскага ўніверсітэта.

Вераніка Кажанеўская адзначана стыпендыяй савета ГрДУ імя Янкі Купалы, актыўна ўдзельнічае ў валанцёрскім руху БРСМ “Добрае сэрца”. Яе дэвізам з’яўляюцца словы “Чалавек знаходзіць час для ўсяго, што сапраўды хоча”. А хоча Вераніка працаваць з дзецьмі, аб чым марыла з дзяцінства.

Журы конкурсу ацэньвала партфоліа ўдзельніц, дзе яны расказалі аб сваіх дасягненнях. Адказалі студэнткі і на пытанні журы аб сваёй жыццёвай пазіцыі, што яны лічаць галоўным у жыцці, чаму ўдзельнічаюць у конкурсе і ці дапамагае прыгажосць пры здачы экзаменаў. Відэаролік “Я — студэнт” прадэманстраваў пачуццё гумару дзяўчат. За некалькі дзён да конкурсу ролікі можна было ўбачыць у адной з сацыяльных сетак і ацаніць іх. Тут перамогу атрымала Вераніка Кажанеўская. Яна таксама перамагла ў конкурсе сімпатый гледачоў. Лепшай журы прызнала і групу падтрымкі студэнткі педагагічнага факультэта. Дарэчы, падтрымаць Вераніку прыйшлі не толькі студэнты і выкладчыкі ўніверсітэта, але і бацькі.

Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.
Фота аўтара.

Наватарскія падыходы ў спецыяльнай адукацыі

У двух рэгіянальных этапах Рэспубліканскага конкурсу “Сучасныя тэхналогіі ў спецыяльнай адукацыі” журы вызначыла тых, хто будзе прадстаўляць Гомельскую вобласць на рэспубліцы.

Варта адзначыць, што педагогі праявілі вялікую цікавасць да гэтай тэмы. Пасля завяршэння раённых этапаў на суд абласнога журы было прадстаўлена 47 конкурсных работ педагогаў і аўтарскіх калектываў розных устаноў адукацыі. Найбольшая колькасць матэрыялаў была прадстаўлена ўстановамі дашкольнай адукацыі. Сваім вопытам па-дзяліліся таксама школы, гімназіі і цэнтры карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі.

Права пазмагацца за выхад у трэці, заключны, этап конкурсу атрымалі 16 работ. Фіналісты прадэманстравалі журы педагагічныя тэхналогіі, якія выкарыстоўваюцца ў рабоце з дзецьмі з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, у форме стэндавага даклада.

Многія спецыялісты прадставілі педагагічныя адкрыцці і наватарскія падыходы ў карэкцыйнай педагогіцы. Як адзначыла метадыст Гомельскага абласнога цэнтра карэкцыйна-развіццёвай адукацыі і рэабілітацыі Марына Лятошка, нечакана цікавым аказалася выкарыстанне вядомых развіццёвых педагагічных айчынных і замежных тэхналогій, што зарэкамендавалі сябе як эфектыўныя ў рабоце з дзецьмі, якія не маюць парушэнняў.

Наталля ЛУТЧАНКА.

Фларыстыка: прафесіі няма, але ёсць прафесіяналы

Шамаціць лісце пад нагамі, ідзе дождж, гарадскія пейзажы апранаюць шэрую вопратку… Але не спяшайцеся развітвацца з летам. Ва ўсякім разе, пакуль вы не завітаеце ў Рэспубліканскі цэнтр экалогіі і краязнаўства. Тут толькі нядаўна зацвілі сады падчас Рэспубліканскага конкурсу “Фестываль садоў і кветак”. Мерапрыемства стала самым феерычным этапам мегапраекта “Упрыгожым Беларусь кветкамі”, прымеркаванага да Года культуры і арганізаванага Міністэрствам адукацыі і Рэспубліканскім цэнтрам экалогіі і краязнаўства.

На фестываль з’ехаліся 75 юных фларыстаў з розных куткоў Беларусі. На суд журы яны прадставілі свае “Сады ў мініяцюры”, фларыстычныя аб’екты для саду “Беларусь — крыніца натхнення”, а ўдзельнікі намінацыі “Справа ў капелюшы” правялі паказ фларыстычных капелюшоў.

Арганізатары правялі сапраўднае свята для ўдзельнікаў і гледачоў. Фларысты падрыхтавалі капелюшы загадзя, а вось аздабленне стваралі ўжо падчас фестывалю.

“Мы, члены журы, адзначылі, наколькі ўдала падабраны расліны да форм капелюшоў, — гаворыць Лідзія Паўлаўна Каліноўская, старшыня журы і намеснік дырэктара Рэспубліканскага цэнтра экалогіі і краязнаўства. — І гэта не проста экспромт. Напрыклад, каб на светла-салатавым капелюшы ў верасні распусціліся браткі, гэтыя кветкі былі пасеяны спецыяльна для конкурсу. Цікавая ідэя капелюша, які дзяўчына звязала для сваёй бабулі, а потым дэкарыравала такімі ж палявымі кветкамі, якія яе бабуля ў юнацтве збірала на лузе. Мы ведаем, што капелюшовы рух асабліва быў развіты ў XVIII стагоддзі. І гэты перыяд на фестывалі быў прадстаўлены ва ўсёй красе: на капелюшах былі караблі, дамы ў архітэктурных стылях XVIII стагоддзя. Гэта значыць, што дзеці не проста стваралі капелюшы, а яшчэ паглыбляліся ў гісторыю, знаёміліся з мастацтвам. У капелюшах спалучалася шмат нетрадыцыйных матэрыялаў. Напрыклад, адна з самых прыгожых кветак — архідэя — упрыгожыла зеленаваты каўпак з лямцу”.

Капелюшы, перш чым стаць выставачнымі экспанатамі (на жаль, тэрмін іх жыцця кароткі), “выгульваліся”. Модны паказ арганізавалі прафесійныя мадэлі, якія дапаўнялі вобразы вячэрнімі сукенкамі і арыгінальнымі аксесуарамі. Хаця выглядала не менш прыгожа, калі на імправізаваны подыум выходзілі самі аўтары работ і проста госці фестывалю.

Лепшым дызайнерам капелюшоў стала Надзея Касянок, выхаванка ЦДАДіМ Пінска. Расказваючы пра тонкасці і сакрэты любой фларыстычнай кампазіцыі, Надзея вылучае меру: “Кожны фларыст імкнецца стварыць нешта новае, крэатыўнае, таму часта ёсць спакуса забыцца пра меру. Тут важна ўявіць кампазіцыю, абдумаць, з чаго яна будзе складацца, і не адыходзіць ад задумы, не дабаўляць іншыя кампаненты ці кветкі толькі таму, што яны прыгожыя”.

Апошнім часам усё большую папулярнасць набывае ландшафтны дызайн. Уменне здзіўляць на фестывалі выяўляла намінацыя “Сады ў мініяцюры”. Ствараліся кампазіцыі з раслін, якія ўяўляюць сабой рэальны ландшафт, толькі ў мініяцюры. Гэта складаная задача нават для прафесійных ландшафтных дызайнераў, бо на рэальным участку агульнае ўражанне стварае не столькі планіроўка, колькі прыгажосць раслін: веліч дрэў і шэпт ветру ў іх галінах, статыка хвойнікаў і дынаміка ампельных, журчанне вады і гульня промняў сонца, адчуванне прахалоды ў цені ў спякотны дзень… У мініяцюрным садзе ўсе гэтыя інструменты не даступныя). На першае месца выходзіць ідэя стварэння саду, уменне намаляваць яе мініяцюрнымі раслінамі, пры гэтым дызайн павінен захаваць свой прывабны выгляд ажно да Новага года. Для гэтага трэба ведаць расліны, правілы іх догляду і сумяшчэння.

На суд журы былі прадстаўлены 33 міні-сады: паменшаная копія ўчастка экалагічнага цэнтра і сад з мар, пясчаныя пустыні і непралазныя джунглі, сад чараўніцы і вясковы сад з агародам, запаведнік, горад-сад, сады з вадаёмамі, населенымі рыбкамі, альпінарыямі, басейнамі, зонамі адпачынку… Было шмат арыгінальных ідэй размяшчэння садоў: карані яны пусцілі і ў каробках, скрынях, і ў кошыках, садовых вёдрах, слоіках, і нават у чамадане. Але журы найбольш спадабалася ідэя Карыны Сімановіч, выхаванкі Віцебскага абласнога палаца дзяцей і моладзі, якая пасадзіла свой сад адразу ў тры бітыя гаршкі, стварыўшы рэльеф з узвышшамі і нізінамі.

Калі часу прыдумаць і стварыць штосьці арыгінальнае ў юных ландшафтных дызайнераў было дастаткова, бо працавалі яны дома, то на стварэнне фларыстычных аб’ектаў на тэму “Беларусь — крыніца натхнення” арганізатары далі ўдзельнікам толькі 2 гадзіны. Таксама ім прапанавалі сена, салому, шышкі, мох, лішайнікі, кветкі. У выніку на цэнтральнай алеі Рэспубліканскага цэнтра экалогіі і краязнаўства з’явілася 7 арт-аб’ектаў — па адным ад каманды кожнай вобласці і Мінска. Жывёлы, птушкі і нават насякомыя з прыродных матэрыялаў ажывілі па-асенняму ціхі куток. Пераможцай стала каманда Гомельскай вобласці, якая стварыла прыгажуню з калаўротам.

“Фестываль садоў і кветак” яшчэ раз даказаў, што беларуская фларыстыка мае будучыню. Нічога, што пакуль у нас няма прафесіі фларыст, галоўнае, у нас ёсць прафесіяналы”, — падагульніла Лідзія Паўлаўна.

Святлана НІКІФАРАВА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.