Сітуацыя поспеху дружнай салігорскай каманды

Сёння мы працягваем рубрыку “АРТ-вакацыі: галерэя творцаў”, прысвечаную пераможцам Рэспубліканскага фестывалю мастацкай творчасці навучэнцаў “АРТ-вакацыі”. І гэтым разам у цэнтры нашай увагі будзе Салігорскі дзяржаўны каледж, а дакладней, тэатральная студыя “Скарбонка” (кіраўнік Святлана Аляксандраўна Шпілеўская) і харэаграфічны калектыў “Вертыкаль” (кіраўнік Юлія Пятроўна Шулякоўская), які ўваходзіць у структуру “Скарбонкі”. У гэтым матэрыяле мы ўзнаўляем галасы нашых герояў, так бы мовіць, у чыстым выглядзе, без уласных каментарыяў. Адно толькі хацелася б звярнуць асаблівую ўвагу нашых чытачоў на ўнікальнасць Салігорскага дзяржаўнага каледжа як установы сярэдняй спецыяльнай адукацыі, створанай у выніку рэарганізацыі і аб’яднання некалькіх устаноў адукацыі розных профіляў. У каледжы існуюць чатыры аддзяленні, на якіх вучацца маладыя людзі розных прафесій. Але яднае іх усіх найперш творчая дзейнасць, сумесны ўдзел у адных і тых жа творчых калектывах. А на чале гэтых калектываў, натуральна, стаяць таленавітыя і апантаныя педагогі, што і робіць гэты тэкст актуальным напярэдадні Дня настаўніка.

Такім чынам, слухаем галасы з Салігорска.

Кіраўнік тэатральнай студыі “Скарбонка” Святлана Аляксандраўна Шпілеўская:

“Я калісьці скончыла Салігорскую музычную школу па класе акардэона. І, безумоўна, самыя першыя мае дзіцячыя ўражанні, звязаныя з музыкай, з творчасцю, атрымала ў гэтай музычнай школе дзякуючы выкладчыкам, дзякуючы атмасферы, якая панавала ў ёй. Пасля школы было Гродзенскае культурна-асветніцкае вучылішча па спецыяльнасці “Харавое дырыжыраванне. Народны хор”. Ад вучобы ў вучылішчы засталіся толькі цёплыя шчымлівыя ўспаміны. Па-першае, сам горад Гродна — гэта тое месца, якое, напэўна, нікога не пакіне раўнадушным. Гэта — прыгажосць, гісторыя… А па-другое, сам час, у які я вучылася ў вучылішчы. Гэта былі 80-я гады, пра якія ўспамінаеш з настальгіяй. Па-іншаму ўсё тады было, мабыць, больш чалавечна, чым сёння… Вучылішча мне дало вельмі многа ў жыцці. За два з паловай гады вучобы мы далі больш за 200 канцэртаў. Мы аб’ездзілі ўсю Беларусь, выступалі ў Крыме, Набярэжных Чаўнах, Вільнюсе, у іншых прыбалтыйскіх гарадах, у Польшчы… Ну, а пасля вучылішча я паступіла ў Мінскі інстытут культуры, які таксама скончыла па спецыяльнасці “Харавое дырыжыраванне”. І вось ужо больш за 20 гадоў працую ў Салігорскім дзяржаўным каледжы.

Калі ў нас у каледжы было музычнае аддзяленне, я займалася сваёй прамой прафесійнай дзейнасцю, у мяне быў народны хор, я працавала з народнай пастаноўкай голасу. А цяпер, пасля таго, як музычнае аддзяленне закрылася, ужо больш за 10 гадоў як бы паралельна з народнай пастаноўкай голасу і харавым дырыжыраваннем мы займаемся тэатральнай дзейнасцю. Тэатральная студыя “Скарбонка” была арганізавана ў 2005 годзе. Трэба сказаць, што наш калектыў нарадзіўся, так бы мовіць, па неабходнасці, таму што з’явіліся конкурсы “АРТ-вакацыі”, “Беларускі вянок” і інш. І, безумоўна, на гэтых конкурсах трэба было паказваць творчасць навучэнцаў.

Паступова мы раскручваліся, і сёння ўжо “Скарбонка” — паўнавартасны калектыў, які мае перамогі, традыцыі, напрацоўкі. Безумоўна, мне вельмі шкада, што некаторыя выкладчыкі, якія пачыналі са мной працаваць, ужо не працуюць. Гэта Людміла Аляксандраўна Матанцава, Галіна Васільеўна Махлай… Затое прыйшлі новыя маладыя спецыялісты, маю на ўвазе найперш кіраўніка харэаграфічнага калектыву “Вертыкаль” Юлію Пятроўну Шулякоўскую, з якой мне таксама камфортна працаваць. Без харэаграфіі ў калектыве не абысціся. Таму што вельмі цяжка займацца ўсім адразу — і тэкстам, і тэатральнымі пастаноўкамі, і рознымі сцэнічнымі разводкамі.

На “АРТ-вакацыях” у 2005 годзе мы перамаглі са сваёй тэатральна-харэаграфічнай кампазіцыяй, прысвечанай 70-годдзю Вялікай Перамогі. Мне здаецца, гэта быў сапраўды кранальны і прафесійны нумар: на стылізаваную танцпляцоўку выходзіў хлопец з патэфонам, потым выходзілі пары дзяўчат і хлопцаў, якія танцавалі танец “Рыа Рыта”, а затым гучалі выбухі — пачалася вайна… Быў вельмі прыгожы танец “Званы”…

А наогул, калі ўзяць гісторыю калектыву, то раней мы паказвалі пераважна фальклорныя пастаноўкі. Ставілі беларускія абрады — “Масленіцу”, “Вяснянкі”, “Жніво” і інш. Неаднойчы паказвалі іх на “АРТ-вакацыях” і “Беларускім вянку”. Нашу “Масленіцу”, дарэчы, і сёння ўспамінаюць у метадычным цэнтры, так і кажуць: “Памятаем, памятаем вашу “Масленіцу”!”

Але час мяняецца, час патрабуе змен. І, натуральна, мы таксама стараемся мяняцца, рухацца наперад. З пэўнага часу, акрамя фальклору, сталі займацца спецыфічнай тэматычнай харэаграфіяй, накшталт якраз вось той кампазіцыі, прысвечанай Вялікай Айчыннай вайне, а таксама агітбрыгадамі, прычым на самыя розныя тэмы — ад энергазберажэння да здаровага ладу жыцця… Першыя часы мне, канечне, было цяжкавата перастройвацца пасля фальклору на энергазберажэнне, але — перастроіліся! Цяпер мы спецыялісты шырокага профілю.

Разам з харэаграфічнай групай нас прыблізна 40 чалавек. Гэта ў асноўным навучэнцы груп такіх спецыяльнасцей, як фізічная культура, дашкольная адукацыя. А пасля рэарганізацыі да нас сталі прыходзіць і будучыя шахцёры, будаўнікі, што вельмі радуе. Нашы дзверы на самай справе адчынены для ўсіх. І я хачу сказаць, што ў ходзе рэпетыцый і канцэртных выступленняў навучэнцы розных груп вельмі збліжаюцца адно з адным — няважна, набываюць яны прафесію будаўніка, выхавальніка ці шахцёра. Ніхто з іх наогул ужо не заўважае, з якога аддзялення той ці іншы ўдзельнік калектыву. Гэта — адна каманда, дзе, як кажуць, усе за аднаго і адзін за ўсіх.

Па шчырасці, я асабліва не задумваюся над тым, удалася ці не ўдалася тая ці іншая пастаноўка. Я проста працую. І ў першую чаргу мне трэба, каб нашы навучэнцы атрымлівалі задавальненне ад творчай дзейнасці. Калі бачу, што ім гэта падабаецца, што ідзе псіхалагічная аддача, што яны з задавальненнем прыходзяць на рэпетыцыі, тады, я лічу, усё якраз і ўдаецца. І, па вялікім рахунку, не трэба нават прызавых месцаў на конкурсах, хаця перамогі, безумоўна, акрыляюць. Куды важней усё-такі, калі ў дзяўчат і хлопцаў гараць вочы, калі яны пытаюцца: “А калі мы зноў куды-небудзь паедзем?” Вось гэта для мяне і ёсць сітуацыя поспеху.

Многія мае выхаванцы становяцца маімі сапраўднымі сябрамі. Я стараюся не страчваць сувязей з выпускнікамі. Мы кантактуем па інтэрнэце, сустракаемся ў горадзе, заўсёды збіраемся дужнай сям’ёй на вечарах сустрэч з выпускнікамі. У асноўным нашы выпускнікі заканчваюць Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка, Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў, Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт фізічнай культуры, Мазырскі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт, Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы, Баранавіцкі дзяржаўны ўніверсітэт… Прыемна, што многія выпускнікі пасля заканчэння нашага каледжа і той ці іншай установы вышэйшай адукацыі працягваюць працаваць у харэаграфічным, музычным, тэатральным кірунках. У іх ужо ёсць свае калектывы. Напрыклад, у Іны Яшынскай, якая цяпер жыве і працуе ў Барысаве, ёсць свая вакальная група. Павел Панцялееў скончыў БДУКІМ і працягвае сур’ёзна займацца вакалам.

Сама я размаўляю па-руску, але з вялікім трапятаннем стаўлюся да нашай нацыянальнай культуры ў цэлым, да беларускай мовы. У Інстытуце культуры на занятках па пастаноўцы голасу мы спявалі ў асноўным беларускія песні, ставілі народныя абрады. І таму ўсё гэта мне вельмі блізка. Я наогул вельмі ганаруся тым, што жыву ў Беларусі. Я вельмі люблю сваю краіну, свой народ. Памятаю, быў час, калі мы з вакальнай групай выкладчыкаў “Лад”, якой кіравала Галіна Васільеўна Махлай, часта ездзілі ў Лазараўскае ў Краснадарскім краі — як жа людзі захапляліся нашымі беларускімі песнямі! Так і прызнаваліся нам: “У вас адчуваецца душа, у вас адчуваецца нейкая непаўторнасць! Вас, беларусаў, можна адразу пазнаць па адкрытасці вашай душы”.

Асобныя факты пра Салігорскі дзяржаўны каледж, якія паведаміў яго дырэктар Юрый Міхайлавіч Піскуноў

* Салігорскі дзяржаўны каледж створаны 1 красавіка 2015 года ў працэсе рэарганізацыі шляхам зліцця Салігорскага дзяржаўнага прафесійна-тэхнічнага каледжа і Салігорскага дзяржаўнага педагагічнага каледжа.

* За гады работы ўстановы адукацыі было падрыхтавана больш за 22 тысячы кваліфікаваных спецыялістаў для будаўнічых арганізацый і ААТ “Беларуськалій”.

* Сёння ў каледжы падрыхтоўка рабочых кадраў ажыццяўляецца па 12 вучэбных спецыяльнасцях і 23 кваліфікацыях. Рэалізоўваюцца адукацыйныя праграмы сярэдняй спецыяльнай адукацыі па наступных спецыяльнасцях: “Прамысловае і грамадзянскае будаўніцтва (па кірунках)”, кваліфікацыя “тэхнік-будаўнік”; “Фізічная культура”, кваліфікацыя “настаўнік”; “Дашкольная адукацыя”, кваліфікацыя “выхавальнік дашкольнай адукацыі”.

* Заключаны дамовы аб узаемадзеянні з базавымі арганізацыямі: ААТ “Будтрэст № 3 ордэна Кастрычніцкай Рэвалюцыі”, ААТ “Беларуськалій”. Акрамя гэтага, заключаны дамовы па падрыхтоўцы рабочых кадраў з такімі арганізацыямі, як ААТ “Трэст Шахтаспецбуд”, ААТ “Салігорскі ДСК”, ААТ “Прамтэхмантаж”, ААТ “Салігорскі завод тэхналагічнага абсталявання”, ЗАТ “Інстытут праблем рэсурсазберажэння”, раённымі аддзеламі адукацыі, спорту і турызму Мінскай вобласці.

Намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Салігорскага дзяржаўнага каледжа Людміла Сцяпанаўна Бузун:

“У нас чатыры аддзяленні — політэхнічнае, аддзяленне тэхнічнай эксплуатацыі электраабсталявання, будаўнічае і педагагічнае. І ў мінулым годзе мы ўпершыню пасля рэарганізацыі пастараліся інтэграваць усе гэтыя тры аддзяленні менавіта ў творчай дзейнасці навучэнцаў. І высветлілася: калі на педагагічным аддзяленні ў нас займаюцца ў асноўным дзяўчаты, якія традыцыйна ўдзельнічаюць у тэатральнай студыі “Скарбонка” і ў харэаграфічным калектыве “Вертыкаль”, то многія хлопцы з будаўнічага і політэхнічнага аддзяленняў таксама паступова далучаюцца да гэтых аб’яднанняў.

Наша пераможнае выступленне на “АРТ-вакацыях” у 2015 годзе было забяспечана сіламі педагагічнага аддзялення. Але ў мінулым годзе на Рэспубліканскім конкурсе прафарыентацыйнай накіраванасці “Праз творчасць да майстэрства” на вобласці мы сталі прызёрамі. Наша выступленне адлюстроўвала спецыфіку адукацыі і перспектывы навучэнцаў нашага каледжа на рынку працы, і ў тым поспеху ўжо была і заслуга нашых хлопцаў з політэхнічнага і будаўнічага аддзяленняў, а не толькі дзяўчынак, улюбёных у харэаграфію і тэатр.

Скажу шчыра, мне, адпрацаваўшы 22 гады ў педкаледжы, было страшнавата пераходзіць у новую вялікую структуру, якая сёння называецца Салігорскі дзяржаўны каледж. Але час паказаў: усе дзеці адкрыты для супрацоўніцтва, яны вельмі любяць, калі іх прыцягваюць да творчых аб’яднанняў, і з задавальненнем прымаюць удзел у гэтай дзейнасці.

А ў каледжы, сапраўды, створаны ўсе ўмовы для развіцця творчага патэнцыялу навучэнцаў. Праводзяцца агляды-конкурсы мастацкай самадзейнасці, тэхнічнай і дэкаратыўна-прыкладной творчасці, інтэлектуальныя гульні, спартыўныя мерапрыемствы, працуюць гурткі і факультатывы па інтарэсах, спартыўныя секцыі. Усяго ў каледжы працуюць 27 факультатываў, 33 аб’яднанні па інтарэсах. Асаблівай папулярнасцю карыстаюцца тэатральнае аб’яднанне “Скарбонка”, харэаграфічны калектыў “Вертыкаль”, гурткі дэкаратыўна-прыкладной творчасці (ва ўстанове існуе цудоўны мастацкі музей), ансамбль народнай песні “Зараніца”, патрыятычны клуб “Афганец”. У 2005 годзе ў каледжы быў адкрыты музей памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў, які сёння з’яўляецца цэнтрам патрыятычнага выхавання навучэнцаў.

Што да вучэбнага складніка дзейнасці нашага каледжа, то, напрыклад, сёлета мы выканалі 100-працэнтны набор на ўзроўні сярэдняй спецыяльнай адукацыі. Быў нават конкурс — недзе 1,4 чалавека на месца.

Нашы выпускнікі-чырвонадыпломнікі ідуць без конкурсу ў Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка. Гэтая сістэма бесперапыннай адукацыі вельмі прыцягальная для нашых навучэнцаў. У нас заключаны дамовы з многімі ўстановамі вышэйшай адукацыі, яны самі ідуць на супрацоўніцтва для таго, каб потым атрымаць матываваных дзяцей”.

Кіраўнік харэаграфічнага калектыву “Вертыкаль” Юлія Пятроўна Шулякоўская:

“У Салігорскім дзяржаўным каледжы я працую нядоўга — толькі тры гады. Сюды трапіла пасля заканчэння Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Аркадзя Куляшова па класе “Харэаграфія. Народнае аддзяленне” па размеркаванні. Але не збіраюся адсюль сыходзіць па розных прычынах. Па-першае, мне тут вельмі падабаецца. Я маю магчымасць тут займацца з дзецьмі народным танцам, класікай, эстраднай харэаграфіяй. Па-другое, мне вельмі падабаецца працаваць менавіта ў тандэме са Святланай Аляксандраўнай Шпілеўскай. Гэта вельмі вопытны педагог, і ад яе я атрымліваю бясцэнны педагагічны вопыт. Па-трэцяе, я ўвачавідкі бачу, якія таленавітыя тут вучацца дзеці, нягледзячы на тое, што не маюць харэаграфічнай падрыхтоўкі. Займацца танцамі ім вельмі цікава, а мне ў сваю чаргу цікава даваць новы матэрыял, дзяліцца сваім вопытам. А па-чацвёртае, я тут выйшла замуж.

Танец для мяне — гэта самы цудоўны і самы чароўны від мастацтва. Ён тоіць у сабе агромністае багацце эмоцый, думак і рухаў, неабходных для мастацкага і маральнага выхавання. Ён мае на ўвазе не толькі эмацыянальны бок, не толькі прыносіць радасць як выканаўцу, так і гледачу, але і раскрывае духоўныя сілы чалавека, выхоўвае мастацкі густ і любоў да цудоўнага. Яшчэ стагоддзе назад уменне і жаданне прыгожа рухацца пад музыку для чалавека было такім жа натуральным, як і патрэба дыхаць. Часы мяняюцца, але па-ранейшаму людзі, якія ўмеюць танцаваць, выклікаюць захапленне. Магчыма, самае дасканалае і радаснае, што ёсць у нашым жыцці, — гэта свабодны рух пад музыку.

Наша “Вертыкаль” — гэта цэлая школа ўзаемаадносін, паколькі ўдзельнікі калектыву праводзяць разам вялікую колькасць часу. Удзел у калектыве не толькі прывівае навучэнцам любоў да танцавальнага мастацтва, дазваляе ім спасцігнуць эстэтыку руху, але і далучае іх да багацця айчыннай і сусветнай танцавальнай і музычнай творчасці, вучыць дзяцей разумець мастацтва танца, знаёміць іх з культурай мінулага і сучаснасці, выхоўвае лепшыя чалавечыя якасці, садзейнічае сацыяльнай адаптацыі.

У аснове нашага рэпертуару — рознахарактарныя народныя танцы і стылізаваныя кампазіцыі. Добра помню, як цёпла ўспрымала публіка на розных конкурсах і фестывалях такія нашы пастаноўкі, як “Ваенны танец”, “Стылягі”, “За чатыры дні да вайны”, “Вучыся, студэнт!”, “Беларусь” і інш. А нашу праграму “Пакуль мы памятаем, гэты подзвіг жывы!”, з якой мы выступілі на мінулых “АРТ-вакацыях” і занялі там 1-е месца, лічым асаблівым гонарам.

Я ўжо казала пра шчасце працаваць побач з такім таленавітым педагогам, як Святлана Аляксандраўна Шпілеўская. Хацелася б тут адзначыць і навучэнцаў-выканаўцаў, без якіх таксама, безумоўна, не было б нашых поспехаў. Гэта Марыя Навіцкая, Марыя Хандрыка, Алеся Хаміцэвіч, Настасся Шмыгалёва, Дзіяна Усовіч, Алена Трафанюк, Яўгенія Карэніха, Валерыя Манахава, Уладзіслаў Бальсін і інш.”.

Гавораць сённяшнія навучэнцы каледжа, удзельнікі тэатральнай студыі “Скарбонка” і харэаграфічнага калектыву “Вертыкаль”

Валерыя Манахава: “Мы вельмі многа дзе выступаем. Прымаем удзел у самых розных конкурсах. Гэта дапамагае нам яднаць наш калектыў, рабіцца бліжэйшымі адно да аднаго. А колькі пацешных выпадкаў тут з намі здараецца! Памятаю, аднойчы без балетак прыйшлося танцаваць — не паспела іх надзець, трэба было выходзіць хуценька на сцэну. Але ў нас былі ў тым нумары такія доўгія спадніцы, што гледачы гэтага нават не заўважылі”.

Яўгенія Карэніха: “Самыя прыемныя ўспаміны з жыцця “Скарбонкі” і “Вертыкалі” — гэта наша паездка на фінал “АРТ-вакацый” у Маладзечна вясной 2015 года. Проста не перадаць эмоцый! А яшчэ хочацца сказаць самыя цёплыя словы ў адрас нашых педагогаў. Святлана Аляксандраўна і Юлія Пятроўна ўмеюць тлумачыць, расказваць розныя цікавыя рэчы пра тэатр і харэаграфію. Я не кажу ўжо пра тое, што яны заўсёды дапамогуць у чыста чалавечым плане, пашкадуюць”.

Уладзіслаў Бальсін: “Мы літаральна жывём сцэнай. Больш выступаем, чым за партай сядзім (Смяецца.М.Ч.). Гэта жарт, канечне, але на самай справе танец і тэатр — гэта цудоўна. Мы ўжо проста не можам без гэтага”.

Гавораць выпускнікі каледжа, былыя ўдзельнікі аб’яднання “Скарбонка”

Павел Панцялееў: “Сёлета я скончыў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў па спецыяльнасці “Мастацтва эстрады”. Я з самага дзяцінства імкнуўся стаць медыйным чалавекам, і конкурсы, у якіх я ўдзельнічаў у складзе нашай студыі “Скарбонка”, былі адной з прыступак на шляху самарэалізацыі. Яны вельмі дапамаглі мне заявіць пра сябе”.

Юлія Лаўніковіч: “На гэты момант я працую настаўнікам у школе, выкладаю беларускую мову і літаратуру. І да гэтага часу, выхаваная “Скарбонкай”, я не пакідаю займацца творчасцю. Дзякуй вам, мае любімыя педагогі, за ўсё, што вы для мяне зрабілі. А найперш вы адкрылі для мяне свет цудоўнага! Помню і люблю вас!!!”

Вікторыя Багатырова: “Цяпер працую настаўніцай пачатковых класаў. Удзел у аб’яднанні “Скарбонка” надаў мне ўпэўненасці ў сабе і ў поўнай меры паспрыяў у развіцці артыстычных здольнасцей, лагічнага мыслення і кемлівасці. Мы часта выступаем з нашымі дзецьмі на сцэне, і, рыхтуючы іх да выступленняў, я заўсёды выкарыстоўваю тыя парады, якія давалі мне ў свой час вы, мае любімыя педагогі. Дзякуючы вам, я ведаю вялікую колькасць песень, гульняў, народных абрадаў, нават прыкмет”.

Іна Яшынская: “У прафесійнай дзейнасці мне вельмі спатрэбіліся такія навыкі, як уменне творча падысці да любой справы, арганізаванасць і дысцыплінаванасць. Навучылася будаваць адносіны з людзьмі на аснове дабра, справядлівасці, гуманнасці, прызнання індывідуальнасці любога чалавека. І ўсё гэта — не ў апошнюю, а, магчыма, і ў самую першую чаргу дзякуючы “Скарбонцы”.

Мікола ЧЭМЕР.
Фота аўтара і з архіва Салігорскага дзяржаўнага каледжа.

P.S. Напрыканцы хацелася б усё-такі зрабіць адну невялічкую рэмарку, каб звязаць усе гэтыя тэксты ў адно цэлае. У кожнага з навучэнцаў Салігорскага дзяржаўнага каледжа, безумоўна, ёсць асабістае бачанне свайго месца ў жыцці, сваёй будучай прафесіі, наогул сэнсу жыцця. Але сёння, пакуль яны яшчэ вучацца ў каледжы, усведамляеш, што яны ўжо разумеюць: іх аб’ядноўвае творчасць, іх аб’ядноўвае навучэнская салідарнасць, сам той факт, што яны атрымліваюць прафесію ў адной установе. А яшчэ, я ўпэўнены, нягледзячы на тое, што яны вучацца на розных аддзяленнях, усіх іх аб’ядноўвае адчуванне важнасці той ролі, якую іграе ў жыцці настаўнік. Яны разумеюць, што любая справа заўсёды пачынаецца з настаўніка, і будуць помніць пра гэта заўсёды.

Карані і галасы

Сёння працягваем цыкл публікацый у рамках сумеснага праекта “Настаўніцкай газеты” і Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі “АРТ-вакацыі”: галерэя творцаў”. На гэты раз наш карэспандэнт выправіўся ў прыгожы заходнебеларускі горад Ліду, дакладней, у дзве тамтэйшыя ўстановы адукацыі — Лідскі дзяржаўны прафесійны ліцэй меліярацыйнага будаўніцтва і Лідскі каледж Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы, каб пазнаёміцца з іх творчымі калектывамі, пераможцамі і лаўрэатамі Рэспубліканскага фестывалю мастацкай творчасці навучэнцаў “АРТ-вакацыі”.

Прызнацца, яшчэ ніколі за час вядзення рубрыкі “АРТ-вакацыі”: галерэя творцаў” мне не было так цесна на газетным развароце. Мяркуйце самі: за дзень камандзіроўкі ў Ліду я сустрэўся і дастаткова падрабязна пагутарыў з двума дырэктарамі вышэйназваных устаноў адукацыі, адпаведна, з двума іх намеснікамі, з пяццю кіраўнікамі творчых калектываў і з тузінам, а можа быць, і большай колькасцю навучэнцаў. Усяго — з больш чым 20 рэспандэнтамі, кожнаму з якіх хацелася б даць слова і тут, на старонках газеты. А таму, яшчэ калі знімаў з дыктафона запісанае ў Лідзе, адчуваў, што нейкага разгорнутага паслядоўнага эсэ з усімі плаўнымі пераходамі і аўтарскімі акцэнтамі на гэты раз не атрымаецца з той простай прычыны, што мне не хопіць на гэта газетнай плошчы. Адчуваў: трэба шукаць менавіта нейкую схему, будаваць “соты”, а ў іх ужо, як мёд, уліваць пачутае ў як мага больш канцэнтраваным выглядзе. Можа, толькі тады ўдасца хоць збольшага данесці да чытача інфармацыю, здабытую ў Лідзе.

У выніку ўсіх ваганняў і шуканняў вынайшаў наступную схему. Спачатку кіраўнік калектыву расказвае пра сябе і пра свой прафесійны і жыццёвы бэкграўнд; потым па магчымасці апісвае нумар, з якім калектыў выступаў на “АРТ-вакацыях”; затым дзеліцца вопытам работы і асаблівасцямі сваёй методыкі; нарэшце, фармулюе сваё крэда. Побач, у асобным блоку, навучэнцы, удзельнікі мастацкага калектыву, у сваю чаргу расказваюць пра свой творчы вопыт, свайго кіраўніка і таксама фармулююць сваё крэда. Тут жа, таксама ў асобным блоку, пэўныя высновы падводзіць дырэктар установы адукацыі. І ўсё гэта па прынцыпе no comment, нярэдка — у лаканічным жанры “правілы жыцця”.

Адхіленні ад гэтай схемы, безумоўна, непазбежныя, але ў цэлым ніжэйзмешчаны тэкст будзе ёй падпарадкоўвацца.

Такім чынам, слухаем лідскія галасы такія, якія яны ёсць…

Лідскі дзяржаўны прафесійны ліцэй меліярацыйнага будаўніцтва: фальклорна-этнаграфічны ансамбль “Карані” творчага аб’яднання “Сузор’е”

Святлана Мікалаеўна ЛАПЯН, педагог-арганізатар ліцэя, мастацкі кіраўнік творчага аб’яднання “Сузор’е”:

* У маім выпадку можна гаварыць пра дынастыю музыкантаў. Калі я яшчэ была малодшакласніцай, нашай сям’і прапанавалі выступіць на нейкім конкурсе сямейным калектывам. (Мама тады працавала музычным кіраўніком у дзіцячым садку і паралельна дырыжыравала хорам у ліцэі; тата, супрацоўнік ліцэя, спяваў у тым хоры; так яны ў свой час і пазнаёміліся.) Праз пару гадоў яшчэ раз папрасілі выступіць, а на той час у мяне ўжо з’явілася сятрычка — нас стала ўжо чацвёра ў сямейным ансамблі. А яшчэ праз нейкі час у мяне з’явіўся брацік, і ён таксама стаў удзельнікам нашага калектыву. Так і нарадзіўся наш сямейны ансамбль “Сахонь” (гэта маё дзявочае прозвішча): я, сястра, брат, мама і тата. Званне народнага калектыву мы насілі 20 гадоў. Апошні раз абаранілі яго, калі ў мяне самой нарадзілася дачушка. Потым — яшчэ адна. Мае дочкі Каця і Даша сталі трэцім пакаленнем нашай дынастыі, бо яны са мной сёння вельмі часта выступаюць на сцэне ліцэя. Трэба анёлачак для нумара на конкурс “Песня пра маму”? Дзе ўзяць таго анёлачка? Канечне ж, у Святланы Мікалаеўны! Прывядуць таго анёлачка, прычэпяць яму крылцы, ён проста пастаіць побач з вакальнай групай навучэнцаў — і 1-е месца на конкурсе! Маіх дзяўчынак тут, у ліцэі, усе ведаюць, і яны ўсіх ведаюць. Дарэчы, тата мой з музыкай як такой зусім не звязаны, хоць і любіць выходзіць на сцэну. Мы ў сваім сямейным ансамблі жартуем так: мама — кіраўнік ансамбля, а тата — кіроўца. Гэта значыць, мама кіруе, а тата нас возіць на машыне па розных конкурсах. А куды яму дзецца?

* Я скончыла Лідскае музычнае вучылішча (сёння гэта каледж) па класе акадэмічнай харавой музыкі, але мне заўсёды было бліжэй народнае. І таму ў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў я паступіла менавіта на аддзяленне народнай харавой музыкі. Гэта была неверагодна карысная для мяне школа ў плане пастаноўкі народнага голасу, ды і проста ведаў пра наш беларускі фальклор.

* У творчае аб’яднанне “Сузор’е”, якім я кірую, уваходзяць, акрамя ансамбля “Карані”, група “Патрыёты” (яе ўдзельнікі спяваюць песні патрыятычнай накіраванасці, прычым найчасцей — аўтарскія), агітбрыгада. А “Карані”, трэба прызнацца, не заўсёды былі менавіта “Каранямі”. Першыя нашы выступленні на “АРТ-вакацыях” нагадвалі салянку: асобна паказвалі народныя танцавальныя нумары, асобна — эстрадныя танцавальныя. Тады нашы куратары з абласнога ўпраўлення адукацыі, у прыватнасці Лілія Вацлаваўна Курылёнак, параіла мне зрабіць менавіта фальклорны калектыў, у які ўваходзілі б інструментальны, танцавальны і вакальны блокі. Мы пачалі спяваць і танцаваць беларускае. Але ўсё адно нечага не хапала. І тады, зноў жа з падказкі Ліліі Вацлаваўны, мы вырашылі зрабіць акцэнт на мясцовы фальклор. Разам з дзецьмі выяз-джалі ў фальклорныя экспедыцыі ў найбліжэйшыя вёскі (Крупава, Буды і інш.). Навучэнцам гэта было надзвычай цікава. Потым ужо кожны па сваёй ініцыятыве прывозіў з роднай вёскі нешта сваё: ці нейкі танец, ці цэлую песню, ці нават адно мясцовае слоўца ў вядомай песні. Так, паступова, мы цалкам перайшлі на мясцовы фальклор і былі ўжо сапраўднымі “Каранямі”, якія не на паверхні растуць, а ўсё глыбей і глыбей сягаюць…

Слова дырэктара

Сяргей Іванавіч БУДНІК, дырэктар Лідскага дзяржаўнага прафесійнага ліцэя меліярацыйнага будаўніцтва:

“У нас склаўся няправільны, некарэктны стэрэатып, маўляў, у сістэму прафтэхадукацыі прыходзяць дзеці, якія для далейшай вучобы ў школе не прыдаліся, а лепшыя застаюцца якраз у школе. Мне вельмі лёгка абвергнуць гэты стэрэатып, бо ў ліцэй я прыйшоў працаваць усяго тры гады назад якраз са школы і бачу тут сёння тых дзяцей, якіх бачыў раней у школе. Не буду называць прозвішча аднаго падлетка, але гэта проста неверагодна: у школе ён сапраўды быў сярод апошніх, калі і выводзілі яго перад школьнай лінейкай, дык толькі для таго, каб паўшчуваць ці за дрэнныя паводзіны, ці за пропускі, ці за неахайны выгляд. А тут я яму грамату ўручаю перад усімі дзецьмі. Ён апарат зварачны набыў. Дома ў мамы ўсё пераварыў. Вось жа знайшоў чалавек сябе! І зніклі ўсе яго ранейшыя нягоды.

А творчыя таленты нашых навучэнцаў — гэта наогул асобная размова. Я і сам быў надзвычай уражаны, калі ўпершыню прысутнічаў на прафарыентацыйным канцэрце нашых навучэнцаў. Бачыў рэакцыю абітурыентаў, якія прыйшлі на канцэрт. Здавалася б, ну што такога можна ўбачыць у ліцэі, калі столькі ўсяго вакол — і ў горадзе, і ў інтэрнэце, і па тэлебачанні? Гляджу, а школьнікі ў зале дасталі свае тэлефоны і здымаюць канцэрт нашых дзяцей…

Я сам паходжу з вялікай педагагічнай дынастыі. Мае прадзядуля, дзед, тата, мама, сястра, жонка, муж сястры — у маім родзе больш настаўнікаў, чым ненастаўнікаў. Невыпадкова наша дынастыя была выбрана ад Гродзенскай вобласці для ўдзелу ў першым з’ездзе педагагічных дынастый у 2009 годзе. Тады ў кожнай дынастыі мусіў быць нейкі свой жыццёвы слоган. Мне тады ўспомніліся словы мамы: “Дай мне розум і душэўны спакой прыняць тое, што я не ў сілах змяніць. Мужнасць — змяніць тое, што магу змяніць. І мудрасць — адрозніць адно ад другога”. Гэтыя словы як малітва — заўсёды на маім рабочым стале”.

* На апошнім Рэспубліканскім фестывалі мастацкай творчасці навучэнцаў “АРТ-вакацыі” мы паказалі два нумары: танец “Нажнічкі” і вакальна-інструментальны нумар “Сэрца мае”, у якім мы і танцавалі, і спявалі, і вадзілі карагод. І ўся зала з намі танцавала, у карагод мы ўцягнулі нават сяброў журы!

* Я ніколі нікога не прымушаю ўдзельнічаць у нашым калектыве. Звычайна пачынаецца ўсё з таго, што я проста ўключаю для навучэнцаў відэа з запісамі папярэдніх складаў ансамбля. Яны глядзяць, напрыклад, абрад юр’еўскі, які мы рабілі некалькі галоў назад, потым другі раз пераглядаюць, трэці. Абдумваюць усё гэта. Мая задача — своечасова запытацца: “А вы б хацелі зрабіць нешта падобнае?” Хто хоча, хто не хоча, а хто разважае так: “Ну, калі большасць хоча, дык і я хачу”. Яны адно за адным вельмі цягнуцца. Гэтакая калектыўная самасвядомасць. А хто катэгарычна не хоча, дык і не трэба. Знойдзе сябе ў нечым іншым.

Галасы навучэнцаў

Павел ВАДЭЙША: “У дзяцінстве, калі ездзіў да бабулі ў вёску Мінойты, я часта чуў, як яна напявала народныя песні, і мне гэта заўсёды вельмі падабалася. І таму без ніякіх ваганняў я далучыўся на першым курсе да ансамбля “Карані”. Думаю, што і пасля заканчэння ліцэя, калі буду працаваць меліяратарам на палях, калі буду варочаць нашу беларускую зямлю, фальклор са мной застанецца. Мы ж танцуем і спяваем не для таго, каб на працягу трох гадоў вучобы адсядзецца тут, у гэтым фальклоры, а потым выйсці адсюль і ўсё забыць адразу. Мы ў першую чаргу танцуем і спяваем для сябе, таму што нам гэта падабаецца”.

Дар’я ЖОЛУД: “Нашы беларускія песні і танцы — гэта тое наша роднае, што нас усіх яднае, робіць з нас адно цэлае, неаддзельнае ад нашай агульнай гісторыі. Мне наогул падабаецца ўсё наша больш, чым замежнае”.

Павел РАЎПУК: “Нашы продкі гэтым жылі, цяпер гэтым жывём мы. І мы бачым, што людзям падабаецца глядзець на нашы выступленні. Гонар тады праймае і за сябе, і за родную культуру”.

* Мы ў нашым ансамблі — адно цэлае, можна сказаць, адна вялікая сям’я. Мне дарагі кожны навучэнец. Некалі яны мяне вучылі ўключаць ноўтбук, заходзіць у сацыяльныя сеткі, спампоўваць з інтэрнэту песні і танцы… Яны пастаянна вучаць мяне сучаснасці, а я прывучаю іх да каранёў, да нашай гісторыі, нашай нацыянальнай культуры.

Лідскі каледж Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы: чатыры калектывы ў адной дзеі

Святлана Пятроўна КАЧАН, культарганізатар, мастацкі кіраўнік тэатра гістарычнага касцюма “Лідзейка”:

* Прэзентацыя нашага каледжа ў рамках Рэспубліканскага фестывалю мастацкай творчасці навучэнцаў “АРТ-вакацыі” ўяўляляла сабой адну вялікую кампазіцыю: спачатку выходзіў наш тэатр гістарычнага касцюма “Лідзейка” і дэманстраваў калекцыю стылізаванага гістарычнага адзення часоў князя Гедыміна, калі быў заснаваны наш горад. Дэфіле суправаджалася дэкламацыяй адпаведнага верша “Горад над Лідзейкаю”, які напісала начальнік выхаваўчага аддзела Алена Эдуардаўна Руцкая. Затым дэманстрацыя гістарычных касцюмаў плаўна перацякла ў наступны нумар — гісторыка-побытавы танец “Паланэз” у выкананні харэаграфічнай студыі “Паўлінка”, у сваю чаргу “Паланэз” перацёк у інструментальную кампазіцыю “Ойра-ойра!” у выкананні ансамбля народнай музыкі “Версалінка”. А заключным акордам стала песня “Будзь зоркай!” (эстрадная студыя “Жамчужынка”), якая як бы выводзіла моладзь з гісторыі і заклікала ў будучыню.

* А хіба можна зазірнуць у будучыню, не ведаючы сваёй гісторыі? Можна, але гэта будзе скажоны погляд. Трэба ведаць сваю гісторыю, свае карані.

* Творчасць — гэта маё жыццё. Я жыву тут, у гэтай актавай зале каледжа, дзе мы з вамі цяпер знаходзімся.
Ганна Валер’еўна БУЧЫНСКАЯ, кіраўнік харэаграфічнай студыі “Паўлінка”:

* Я скончыла факультэт эстэтычнай адукацыі Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка. Адным з маіх выкладчыкаў быў незабыўны фронтмен этнатрыа “Троіца” Іван Кірчук — самы светлы ўспамін ад вучобы ва ўніверсітэце. Менавіта ад яго ў маіх пастаноўках імкненне да аўтэнтыкі, да таго, каб па магчымасці нічога не змяняць з таго, што калісьці было.

* У 2013 годзе на “АРТ-вакацыях” мы паставілі “Пчолку”. Гэта такі аўтэнтычны народны танец. У 2015 годзе — “Паланэз”, па ўсіх канонах і правілах, так, як танцавалі гэты танец у ХІХ і першай палове ХХ стагоддзя. У нас, у Лідзе, якая да 1939 года была пад Польшчай, вельмі добра ведаюць гэты танец. У наступным годзе маем намер паказаць абрад “Гуканне вясны”. Зноў пойдзем шляхам Кірчука.

* Я заўсёды пытаюся ў сваіх студэнтаў, што б самі яны хацелі станцаваць. Гэта шчасце, калі нашы жаданні супадаюць. А менавіта так яно і адбываецца часцей за ўсё.

Ядвіга Леанідаўна КАРЭЦКАЯ, кіраўнік ансамбля народнай музыкі “Версалінка”:

* За плячыма ў мяне сур’ёзная адукацыя: дзіцячая музычная школа, музычнае вучылішча, Беларуская дзяржаўная кансерваторыя (клас домры). Усё жыццё займалася інструментальнай музыкай. Іграла сола, іграла ў калектывах. Сын мой таксама музыкант, іг рае на духавых народных інструментах.

* Раней у каледжы быў вельмі вялікі аркестр — з кантрабасам, домрай, балалайкай, баянам. Усё было. Потым да нас стала менш паступаць дзяцей з музычнай адукацыяй, прыйшлося калектыву даць іншы — больш камерны — напрамак. Мы сталі выбіраць назву. Нешта прапаноўвала я, нешта — дзеці, але неяк не было цікавых варыянтаў. І тут мне ўспомнілася, што мой сын у свой час удзельнічаў у калектыве, які называўся “Версалінка”. І не стала я нічога больш прыдумляць. “Версалінка” — у гэтым слове ёсць нешта такое беларускае, восеньскае (ад “верасень”) і ў той жа час французскае (ад “Версаль”).

* Я доўга думала над тым, які нумар прадставіць на “АРТ-вакацыях”. Разумела: трэба было знайсці нешта нестандартнае, каб здзівіць і журы, і гледачоў. І каб не проста нумар быў, а шоу, рух нейкі. Спынілася на варыянце сярэдневяковай музыкі — кампазіцыі “Ойра-ойра!”. Гэта складаная шматпластавая кампазіцыя. Спачатку дзеці рытм выстукваюць на драўляных палках, потым дзве дзяўчынкі выходзяць і на дудачках іграюць, потым уключаюцца ўдарныя, дадаюцца выгукі, шумавыя эфекты… Такі вось паступовы накал ідзе: крэшчэнда, крэшчэнда, фарцісіма, фарцісіма… і заканчэнне ціхае. У рэспубліканскім конкурсе мы занялі з гэтым нумарам 1-е месца, а адзін з сяброў журы сказаў: “Мы аб’ездзілі ўсе ўстановы, але такога яшчэ нідзе не бачылі”.

* Тут, у каледжы, я кірую ансамблем, але я яшчэ і сама іграю ў аркестры народных інструментаў Лідскага музычнага каледжа. Мы шмат дзе канцэртуем, выступалі ў Францыі, Іспаніі, Бельгіі, Балгарыі, ва Украіне. І ўсюды, дзе мы ні бываем, я стараюся падгледзець, узяць для сябе нешта новае. Укараняю тады гэтае новае тут, у каледжы.

Слова дырэктара

Галіна Якаўлеўна БАРХЕРЫТ, дырэктар Лідскага каледжа Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы:

“Я лічу, залог нашага поспеху ў тым, што мы ніколі не спрачаемся, што больш важнае ў адукацыйным працэсе — вучоба ці выхаванне. Мы даўно прыйшлі да таго, што вучэбная дзейнасць і выхаваўчая дзейнасць павінны ісці паралельна, толькі тады можна дасягнуць нейкага станоўчага эфекту. Залог нашага поспеху яшчэ і ў тым, што ў каледжы створана развіццёвае адукацыйнае асяроддзе. І якраз нашы творчыя калектывы з’яўляюцца структурнымі элементамі гэтага адукацыйнага асяроддзя. Уся наша работа ў гэтым плане — гэта не нейкія разрозненыя мерапрыемствы, а менавіта сістэма. Мы можам гаварыць пра адкрытую выхаваўчую сістэму, таму што да гэтай работы прыцягваюцца не толькі супрацоўнікі каледжа, але і розныя ўстановы дадатковай адукацыі, дзяржаўныя органы. Мне вельмі пашанцавала з педагагічным калектывам. У плане выхаваўчай дзейнасці гэта найперш мой намеснік Наталля Леанідаўна Мікша, начальнік выхаваўчага аддзела Алена Эдуардаўна Руцкая… Яны заўсёды ў палёце, у іх заўсёды безліч нейкіх ідэй. Яны і ўсіх іншых умеюць настроіць на тое, што, толькі калі ўсе мы будзем гарэць, запаліцца шчаслівая зорка нашага каледжа. Але зноў жа ў аснове ўсёй гэтай работы сістэма, сістэма і яшчэ раз сістэма. Сістэма — ва ўсім”.

* Шчыра кажучы, яшчэ некалькі гадоў назад, калі дзеці чулі пра народны кірунак, то адразу крывіліся, маўляў, ой, нам бы ў эстраду, а што нам гэтае народнае… Нават у харэаграфію лягчэй было набраць дзяцей. Я не ведаю, што падзейнічала, можа быць, нашы поспехі на “АРТ-вакацыях”, а можа, сёлета я проста інакш паглядзела на першакурснікаў, можа іншым голасам загаварыла з імі, але ў верасні я так лёгка набрала ўдзельнікаў ансамбля. Цяпер у мяне ў калектыве ажно 35 чалавек (у мінулым годзе было 25). Прыйшлі нават тыя, каго я і не клікала. Яны ж адно аднаму ўсё расказваюць. Сказалі б сабраць 50 чалавек — і 50 сабрала б.

* Без лішняй сціпласці скажу: я люблю працаваць, я не шкадую сябе. І іншым кажу таксама, што нельга сябе шкадаваць. Калі шкадуеш сябе, то рызыкуеш стаць калекай і ў фізічным, і ў духоўным плане. Дэпрэсіі пачнуцца, няўдачы ва ўсім — у рабоце, у асабістым жыцці. А праца — гэта ўсё! Калі ты працуеш, то зробіш вельмі многа!

Таццяна Рыгораўана КАПАЧЭЛЬ, кіраўнік эстраднай студыі “Жамчужынка”:

* У свой час я скончыла дзіцячую музычную школу, музычнае вучылішча, музычна-педагагічны факультэт Мінскага педінстытута імя Максіма Горкага па класе баяна і акардэона. А голас мне Бог даў. Мяне ў нашым горадзе ведаюць найперш як спявачку.

* У структуры студыі эстраднай песні “Жамчужынка” ёсць салісты, дуэты, трыа “Ірыска”, квінтэт. Часта мы з дзецьмі разам спяваем на сцэне, як гэта было з дабрынінскай “Льецца музыка…”. Спяваем яе квінтэтам — чатыры навучэнцы і я пятая.

* Як педагог я дастаткова талерантны і лаяльны чалавек. Для мяне, безумоўна, важныя вакальныя даныя, але пры наборы дзяцей у студыю я стараюся не падкрэсліваць гэта. Проста прашу выканаць кавалачак якой-небудзь песні — і я тады адразу ўлоўліваю: якія абертоны, якая атэмброўка, якім дыяпазонам дзіця валодае… Я ўсё адчуваю адразу. І часам бяру дзяцей з нацяжкай, са спадзяваннем, што яны яшчэ праявяць сябе.

Галасы навучэнцаў

Вольга КРУГЛАЯ (харэаграфічная студыя “Паўлінка”): “У адпаведнасці са спецыялізацыяй “рытміка і харэаграфія”, якую я атрымліваю ў каледжы, мне даводзіцца вывучаць усе стылі — не толькі народны танец, але і класічны, сучасны. Але больш за ўсё цягне да народнага. Я думаю, што менталітэт чалавека, які танцуе народнае, адрозніваецца ад менталітэту таго, хто танцуе брэйк-данс. Першы будзе аўтаматычна шанаваць народныя традыцыі. І да сваёй краіны, да культуры свайго народа ён будзе адносіцца не так, як той, які пераймае іншую культуру”.

Рэната СЯНКЕВІЧ (харэаграфічная студыя “Паўлінка”): “Студыя “Паўлінка” стала для мяне сапраўдным адхланнем для душы, а ў “Паланэз” я проста ўлюбілася. Чуеш гэтую музыку і адчуваеш, што зараз будзе нешта ўрачыстае, велічнае. Не магу дачакацца, калі пайду працаваць у дзіцячы садок (я вучуся тут на дашольным аддзяленні). Пра “Паланэз” абавязкова раскажу дзеткам”.

Саша НАВАСЕЛЬСКАЯ (ансамбль народнай музыкі “Версалінка”): “Выступленні на сцэне выпрацоўваюць упэўненасць, якая вельмі прыдасца нам, будучым настаўнікам, у сталым жыцці, бо ў школьным класе на нас таксама будзе глядзець нямала цікаўных вачэй нашых вучняў. Безумоўна, гэта не вельмі лёгка — спалучаць заняткі ў каледжы з заняткамі ў ансамблі. Але я, напрыклад, стараюся не прапускаць ніводнай рэпетыцыі. З Ядвігай Леанідаўнай неверагодна цікава займацца, бо ў яе заўсёды шмат цікавых ідэй. А яшчэ я неяк адчула, што “Версалінка” зрабіла мяне дабрэйшай. Нядаўна я ляжала ў бальніцы. Побач на суседні ложак паклалі маленькую дзяўчынку — яе забралі з нядобранадзейнай сям’і… Гэтая дзяўчынка плакала тады ўсю ноч. І я з ёй плакала, суцяшала яе. З таго моманту я загарэлася яшчэ адным жаданнем: стаць не толькі настаўніцай, але і быць неяк звязанай з інспекцыяй па справах непаўналетніх…”

Аляксей МІРАНЮК (эстрадная студыя “Жамчужынка”): “Наогул, я спяваю для сябе, для сваёй душы. Але Таццяна Рыгораўна Капачэль прывіла мне адну важную якасць — імкненне быць прыемным для людзей”.

Святлана КУЧА (эстрадная студыя “Жамчужынка”): “Таццяна Рыгораўна Капачэль — гэта не толькі душэўны чалавек, але і вялікі прафесіянал сваёй справы. Многія ж выкладчыкі толькі гавораць, маўляў, можна зрабіць так і так, а сама я гэтага вам паказаць не магу. А Таццяна Рыгораўна якраз сама ўсё паказвае”.

* Гэтакая ж лаяльная я і ў адносінах да знешняга выгляду дзяцей. Мне дастаткова аднаго — каб яны ўмелі ўсміхацца. А ўсё астатняе мы зробім і знойдзем у адпаведнасці з той знешнасцю, якая ёсць.

* З пэўнага часу я свядома адмовілася ад самастойнасці ў выбары рэпертуару. Час ідзе, і, напрыклад, на рэп я і не звярнула б сёння ўвагі, калі б не падказалі дзеці. Так у студыі нарадзіўся цудоўны дуэт — хлопец і дзяўчына. Ён рэп чытае паміж прыпевамі, яна спявае. Так модна сёння.

* Я ніколі не дапушчу вульгаршчыны на сцэне каледжа. Нават сама, калі спяваю ў лідскіх рэстаранах, строга сачу за гэтым. Верагоднасць таго, што я заспяваю “Экспанат” групы “Ленінград”, зусім мізэрная.

* Не люблю, калі нехта з навучэнцаў пачынае задзіраць нос і з вышыні глядзець на іншых. Мы ўсе людзі, і трэба разумець адно аднаго.

* Тут, у каледжы, я працую ўжо амаль 30 гадоў. З многімі сваімі выхаванцамі мы застаемся сябрамі на ўсё жыццё. Некаторыя жэняцца ці выходзяць замуж і просяць мяне паспяваць у іх на вяселлі. Некалькі разоў я так і рабіла.

Мікола ЧЭМЕР.
Мінск — Ліда — Мінск.
Фота аўтара.

У новым фармаце творчасці

На Брэстчыне завяршыўся абласны этап Рэспубліканскага фестывалю мастацкай творчасці навучэнскай і студэнцкай моладзі “АРТ-вакацыі”, арганізатарамі якога з’яўляюцца Міністэрства адукацыі Беларусі і Нацыянальны цэнтр мастацкай творчасці дзяцей і моладзі.

Дэвіз сёлетняга фестывалю — “Новы фармат творчасці — у новых магчымасцях часу”. Мэта мерапрыемства — фарміраванне грамадзянскасці, патрыятызму і нацыянальнай самасвядомасці моладзі на аснове дзяржаўнай ідэалогіі. Акрамя таго, фестываль вырашае задачы па духоўна-маральным і мастацка-эстэтычным выхаванні маладога пакалення, удасканаленні сістэмы выхаваўчай работы ва ўстановах адукацыі на аснове каштоўнасных адносін да гісторыка-культурнай спадчыны беларускага народа, развіцці відава-жанравага дыяпазону аматарскай творчасці, падтрымцы творчых ініцыятыў, стварэнні аптымальных умоў для самарэалізацыі, выяўленні і папулярызацыі эфектыўных форм арганізацыі вольнага часу моладзі і інш.

Першы этап фестывалю праходзіў ва ўстановах вышэйшай адукацыі. Удзельнікі рыхтавалі творчыя работы ў адпаведнасці з умовамі Рэспубліканскага агляду-конкурсу мастацкіх калектываў і індывідуальных выканаўцаў “АРТ-вакацыі”, рэспубліканскіх конкурсаў сучаснай лічбавай творчасці студэнтаў “Арт-партал” і літаратурнай творчасці “Аўтограф”, рэспубліканскага інтэрактыўнага праекта “Рэцытацыя” і інсайт-праекта “РRО-вакацыі”. Абласны этап фестывалю доўжыўся два дні і праводзіўся ў форме міжуніверсітэцкіх мерапрыемстваў, падчас якіх моладзь дэманстравала тэматычныя выступленні і лепшыя творчыя работы.

Студэнты БрДУ імя А.С.Пушкіна, БрДТУ, БарДУ і ПалесДУ паказвалі музычныя, харэаграфічныя, літаратурныя і тэатральныя здольнасці на сцэне Брэсцкага абласнога цэнтра маладзёжнай творчасці і ў сценах Баранавіцкага дзяржаўнага ўніверсітэта.

Фестывальныя мерапрыемствы ў БарДУ называліся “Баранавічы — маладзёжная сталіца, будзем разам ствараць і краінай ганарыцца!”. Іх праграма ўключала работу інавацыйных пляцовак (“Танцуем разам”, “Спяваем пра мір разам”, “Чытаем М.Багдановіча разам”, “Крэатыў і дыгітальнае мастацтва”), інтэрактыўны конкурс “Па той бок заслоны”, выставу лепшых студэнцкіх работ “Ніколі ў палітры не скончацца фарбы…”, экспазіцыю інфармацыйна-метадычных матэрыялаў “Моладзь. Вольны час. Творчасць”, майстар-класы (“Сцэнічнае дзеянне ад А да Я”, “Харавыя спевы ў новым фармаце часу”, “Рытмы лаціны для ўсіх”, “Раскрыць душы парыў, які стварыў матыў…”), а таксама 23 канцэртныя нумары.

Ад БарДУ творчымі набыткамі радавалі харэаграфічны калектыў “Імпрэза”, народны тэатр моды “Світа”, народная студыя эстраднай песні “Талент”, студыя мастацкага чытання “Дзеяслоў”, народны ансамбль “Музычны гасцінец”, інструментальная група клуба “Я і гітара”, народны тэатр мініяцюр “Сафіт”.

Шмат незабыўных уражанняў падарылі прадстаўнікі ПалесДУ: народны ансамбль эстраднага танца “Альянс”, народны клуб аматараў лацінаамерыканскай культуры “Solymar”, харавы калектыў “Melior”, студыя моды “Joli”, вакальна-інструментальная група “Sixth Sense”, народная студыя эстраднай песні “Гукі часу” і танцавальная група “Sparkle dance”.

“Час выбраў нас” — так называліся фестывальныя мерапрыемствы, што аб’ядналі студэнтаў БрДУ імя А.С.Пушкіна і БрДТУ ў Брэсцкім абласным цэнтры маладзёжнай творчасці. У фае ўстановы працавала пляцоўка “Горад творчасці”, якая знаёміла гледачоў з дасягненнямі моладзі ў розных галінах мастацтва.

Студэнтам двух універсітэтаў удалося стварыць яркае сумеснае шоу. Нікога не пакінулі абыякавымі выступленні ад БрДУ імя А.С.Пушкіна, падрыхтаваныя вакальна-інструментальнай групай “Cadence”, студыяй сучаснага танца “One Way”, студыяй народных спеваў, мужчынскай вакальнай групай “Рух”, студыяй эстрадных спеваў “Ступені” і іншымі выканаўцамі.

Шмат станоўчых эмоцый выклікалі выступленні студэнтаў БрДТУ. Адчувалася, што прадстаўнікі ансамбля скрыпачоў “Алегра”, ансамбля інструментальнай музыкі “Тэхна-бэнд”, ансамбля народных інструментаў “Экспромт”, харавога калектыву “Белая вежа”, народнай тэатральнай студыі “Слова”, вакальнай групы “Трыумф”, калектыву эстраднага танца “Эдэльвейс” і калектыву народнага танца “Крутуха” па-сапраўднаму ўлюбёныя ў творчасць і адносяцца да любімай справы з усёй душой. Харэаграфічныя і вакальныя нумары ўражвалі кампазіцыйнай прадуманасцю і майстэрскім выкананнем.

— У студэнтаў Брэстчыны ёсць на што паглядзець і чым ганарыцца, — падзяліўся ўражаннямі рэктар БрДТУ П.С.Пойта. — Радуе, што сучасная моладзь сябруе з песнямі, танцамі і мастацкай творчасцю. Добра, калі чалавек з’яўляецца не толькі выдатным спецыялістам у пэўнай прафесіі, але і ўсебакова развітой асобай з творчымі памкненнямі. Падобныя мерапрыемствы аб’ядноўваюць моладзь, дораць радасць ад сустрэчы з таленавітымі выканаўцамі і пераконваюць у неабходнасці іх падтрымкі.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.
Фота аўтара.

Гомельскія студэнты прапаноўваюць варушыцца разам

Напярэдадні мінулых выхадных установы вышэйшай адукацыі Гомельскай вобласці перанялі ў магіляўчан эстафету Рэспубліканскага фестывалю мастацкай творчасці “АРТ-вакацыі”.

Штогод нязменна назіраючы за фестывалем, з упэўненасцю магу сказаць, што інтарэс і азарт удзельнікаў значна вырас. Калі напачатку ў мяне як у гледача ўзнікала думка, што канкурсанты асабліва не задумваюцца над нумарамі, якія прапаноўваюць на суд рэспубліканскаму журы, і ўпісваюць у праграму што-небудзь са свайго састарэлага рэпертуару (што называецца — для адчэпнага), то сёння ўсё інакш. Цяпер кожны ўніверсітэт, кожны студэнцкі калектыў ці асобны выканаўца спрабуюць знайсці нешта цікавае, незвычайнае, хочуць не проста паказаць, а здзівіць і пакінуць у памяці гледача і журы ўспамін аб сабе. Трэба сказаць, што і арганізатары фестывалю добра стымулююць удзельнікаў, напаўняючы конкурс цікавым зместам, мяняючы фармат, каб ён быў блізкі і зразумелы сучаснаму студэнту. Невыпадкова дэвіз “АРТ-вакацый — 2016” гучыць так: “Новы фармат творчасці — у новых магчымасцях часу”.

Сёлета ў рамках фестывалю Гомель прадэманстраваў рэспубліканскаму журы чатыры пляцоўкі. У Гомельскім дзяржаўным універсітэце імя Францыска Скарыны працавала пляцоўка “Маладыя жаданні”, дзе студэнты ўстаноў вышэйшай адукацыі паказалі лепшыя творчыя работы, падрыхтаваныя згодна з умовамі Рэспубліканскага агляду-конкурсу “АРТ-вакацыі”, конкурсаў “Арт-партал” і “Аўтограф”, рэспубліканскага інтэрактыўнага праекта “Рэцытацыя”, інсайт-праекта “PRO-вакацыі”.

Свае творы чыталі юнакі і дзяўчаты з творчага аб’яднання “Студэнцкі прэс-цэнтр” філалагічнага факультэта ГДУ імя Францыска Скарыны. Уразілі сваімі прамоўніцкімі талентамі студэнт Беларускага гандлёва-эканамічнага ўніверсітэта спажывецкай кааперацыі Арцём Смірноў і студэнт Гомельскага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта імя П.В.Сухога Ілья Лапцеў. Хлопцы паказалі, што інжынеры і фінансісты таксама цікавяцца паэзіяй і прозай.

Цікавыя работы паказалі студэнты ў конкурсе “Арт-партал”. Юнакі і дзяўчаты з ГДУ імя Францыска Скарыны прадэманстравалі незвычайны відэаролік для абітурыентаў, у якім расказваецца пра факультэты ўніверсітэта, а курсанты Гомельскага інжынернага інстытута МНС Рэспублікі Беларусь зрабілі вясёлы патрыятычны рэкламны ролік пад назвай “Я люблю Беларусь”. Сапраўдную “фішку” падрыхтаваў ГДТУ імя П.В.Сухога, ажывіўшы ў памяці прысутных вобраз знакамітага літаратурнага героя — дзеда Талаша. У прэзентацыі “Дынастыя Талаш — Дрыго” можна было не толькі ўбачыць, але і патрымаць у руках рэчы героя, які стаў прататыпам знакамітага персанажа твора. Акрамя таго, можна было пазнаёміцца з адным з яго нашчадкаў.

Пляцоўка “Жывыя гукі” была адкрыта ў сценах Беларускага гандлёва-эканамічнага ўніверсітэта. Тут юнакі і дзяўчаты дэманстравалі інструментальны жанр. Дзівосныя гукі саксафона ў віртуозным выкананні студэнта Беларускага ўніверсітэта транспарту Анатоля Аксёнава і чароўная панфлейта Міхаіла Марчанкі з Гомельскага інжынернага інстытута разляталіся па зале і агортвалі слухачоў пяшчотай. Добрыя нумары падрыхтавалі і студэнцкія вакальна-інструментальныя ансамблі.

Далей дзея адбывалася на пляцоўцы каля галоўнага корпуса Гомельскага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта імя П.В.Сухога. Юнакі і дзяўчаты дэманстравалі свой эксклюзіўны праект — “Варушынак”. Прыдумалі яго самі студэнты, а назву праекту дало прыгожае беларускае слова “варушыцца”. У чым жа заключаецца “Варушынак”? У вялікі перапынак паміж парамі студэнты і выкладчыкі выходзяць на вуліцу і пад музыку пад кіраўніцтвам інструктараў пачынаюць танцаваць. А каб азарту было яшчэ больш, вядучы падбадзёрвае лозунгам “Варушыся з намi!”. Варта сказаць, што маштабы палітэхаўскага “Варушынку” пастаянна разрастаюцца. Пляцоўка, на якую студэнты выходзяць варушыцца, акурат насупраць аднаго з гарадскіх паркаў, а таму да спартыўных танцаў студэнцкай моладзі далучаюцца жыхары горада — ад малога да сталага.

Паўдзельнічаць у сваім праекце палітэхаўцы прапанавалі іншым установам адукацыі горада, і многія адгукнуліся. Вось так заклікаюць гомельскія студэнты да здаровага ладу жыцця.
Завяршаў гомельскія “АРТ-вакацыі” гала-канцэрт творчых калектываў. Каля 30 харэаграфічных і вакальных нумароў прагледзела рэспубліканскае журы, а пасля, сабраўшыся за круглым сталом з мастацкімі кіраўнікамі і кіраўнікамі студэнцкіх клубаў мастацкай творчасці ўстаноў вышэйшай адукацыі Гомельшчыны, суддзі абмяркоўвалі ўбачанае, давалі парады, слухалі прапановы.

Старшыня рэспубліканскага журы загадчык аддзела сацыякультурных праектаў вучнёўскай і студэнцкай моладзі Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі Алена Лаўрыновіч адзначыла, што задачы, якія былі пастаўлены перад канкурсантамі, у тым ліку і задачы новага фармату фестывалю, Гомельская вобласць выканала. Яна таксама звярнула ўвагу на тое, што Гомельшчына паказала даволі актыўны ўдзел у першым, завочным, этапе фестывалю.

— Сёння я гатова трансліраваць у рэспубліцы распачаты ў Гомелі праект “Варушынак”, каб яго развівалі і ў іншых рэгіёнах, — сказала Алена Сяргееўна. — Акрамя таго, гамяльчане паказалі нам добры прыклад падтрымкі інструментальнага жанру. Гэта таксама неабходна браць пад увагу.

Не вельмі парадавалі журы вакальныя нумары. Большасць з іх, на думку экспертаў, састарэлі, не адпавядаюць сучасным патрабаванням. Кіраўнікоў студэнцкіх клубаў заклікалі актуалізаваць рэпертуар. Разам з тым быў адзначаны высокі ўзровень харэаграфічных выступленняў.

— У харэаграфічных нумарах мы ўбачылі самыя розныя кірункі, ад традыцыйных да вулічных, і кожны з іх асучаснены і зразумелы гледачу, — заўважыў кіраўнік заслужанага любіцельскага калектыву Рэспублікі Беларусь “Ансамбль танца “Белая Русь” член рэспубліканскага журы Анатоль Карповіч.

Наталля ЛУТЧАНКА.
Фота аўтара.

Вясёлка талентаў над каледжам гандлю

Сёння працягваем цыкл публікацый у рамках сумеснага праекта “Настаўніцкай газеты” і Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі “АРТ-вакацыі”: галерэя творцаў”. І на гэты раз мы выправімся ў Мінскі дзяржаўны прафесійна-тэхнічны каледж гандлю, каб пазнаёміцца з кіраўнікамі цэлага шэрага творчых калектываў гэтай установы адукацыі. 
Гэтыя таленавітыя і апантаныя людзі могуць пахваліцца сваёй шматгадовай комплекснай работай па занятасці навучэнцаў у вольны час, і на апошнім Рэспубліканскім фестывалі мастацкай творчасці навучэнцаў “АРТ-вакацыі” іх калектывы заслужана сталі пераможцамі. Ёсць і яшчэ адзін важны момант, характэрны для ўсёй сістэмы мастацкай самадзейнасці ў каледжы гандлю. Гэта ўзаемадзеянне, плённае супрацоўніцтва кіраўнікоў тутэйшых калектываў, гэткая абсалютна шчырая ўзаемападтрымка, якую яны самі свядома культывуюць у сваёй творчай дзейнасці. Спадзяюся, чытач зразумее, пра што ідзе гаворка, калі пачытае ніжэй змешчаныя тэксты…
А тым часам я ішоў у Мінскі дзяржаўны прафесійна-тэхнічны каледж гандлю. Міжволі прыгадалася старая добрая аповесць Івана Шамякіна “Гандлярка і паэт”. Памятаеце тую шчымлівую гісторыю кахання гандляркі з Камароўскага рынку, здавалася б, мяшчанкі да самага мозгу костак Вольгі Ляновіч і ўзнёслага паэта летуценнага рамантыка Алеся Гапанюка, якога тая выкупіла падчас Вялікай Айчыннай вайны з лагера для ваеннапалонных? Гісторыю пра тое, што ў жыцці любога чалавека, незалежна ад яго паходжання, умоў выхавання, адукацыі, прафесіі, якой ён займаецца, заўсёды ёсць прастора для духоўнага ўзвышэння і месца для подзвігу. А вось якраз нібыта народжаныя для подзвігу рамантыкі, якія любяць гэтак гучна разважаць пра гераізм, на самай справе нярэдка застаюцца героямі толькі на словах, не здольнымі на высокія ўчынкі. Як вядома з аповесці “Гандлярка і паэт”, Вольга, якой так і не змог напоўніцу даверыцца Алесь, — маўляў, гандлярка і мяшчанка, якая ніколі не чытала кніг, а думала ўвесь час толькі пра выгаду і грошы, ніколі не пранікнецца святой барацьбой з ворагам, — узрывае гранату, ад якой гіне сама разам з фашыстамі і паліцаем Друцькам. А Алесь застаецца няспраўджаным героем, героем толькі ў паэзіі…
Тая гісторыя, калі я ішоў у каледж гандлю, мне ўспомнілася інтуітыўна. Пагутарыўшы з кіраўнікамі творчых калектываў установы, я зразумеў, што інтуіцыя мяне не падвяла. Як высветлілася з гэтых гутарак, у каледжы гандлю ўдзяляецца вялікая ўвага не толькі ўласна гандлю, але і духоўнаму ды эстэтычнаму развіццю навучэнцаў. І хто яго ведае: можа быць, чарговы раз купляючы прадукты ці адзенне ў нейкай краме, мы нават не здагадваемся, што прадавец, “гандлярка”, якая нам адпускае гэтыя рэчы, па вечарах, у вольны ад працы час чытае разумныя кнігі, піша вершы, спявае ў хоры, малюе акварэлькі… І вытокі гэтых творчых памкненняў, гэтай душэўнай светлыні шукаць трэба менавіта ў гадах яе вучобы ў Мінскім дзяржаўным прафесійна-тэхнічным каледжы гандлю.
Зрэшты, слова самім маім суразмоўцам.

Кіраўнік калектыву эстраднага танца Вольга Канстанцінаўна САВІЦКАЯ:

“У першую чаргу я шукаю разумныя вочкі, а не прыгожыя ножкі…”

* Калектыў эстраднага танца нашага каледжа каля 30 гадоў назад заснавалі мае педагогі — заслужаныя артысты Раіса і Мікалай Красоўскія, якія стварылі эстрадна-харэаграфічны калектыў “Чараўніцы”. Там я ў іх вучылася, і менавіта яны прывялі мяне сюды, у каледж, шмат гадоў мы супрацоўнічалі разам з Раісай Ермалаеўнай. А калі яе не стала, кіраўніцтва калектывам легла цалкам на мае плечы. Сёння я спрабую ўсяляк падтрымліваць тую школу і тыя традыцыі, якія далі мне Красоўскія. Нават многае з праграмы “Чараўніц” я спрабую перанесці сюды, у каледж, бо лічу пастаноўкі Красоўскіх лепшымі.* Мне вельмі падабаюцца ў нашым каледжы тыя ўмовы, якія ствараюцца для кіраўнікоў творчых калектываў і дзяцей дзеля іх развіцця. Трэба ж разумець, што да нас у калектывы часта прыходзяць дзеці, якія не маюць нават элементарнага разумення не тое што пра нейкія прафесійныя рэчы, звязаныя, у прыватнасці, з харэаграфіяй, але і ўвогуле пра творчасць як такую. Не сакрэт таксама і тое, што многія дзеці, якія прыходзяць да нас вучыцца, не надта паспяхова вучыліся ў сярэдняй школе. І яшчэ, як правіла, тут вучыцца шмат дзяцей з дастаткова складаных сем’яў, з няпоўных сем’яў. Гэта, як мы часта кажам з нашымі педагогамі, недалюбленыя дзеткі. І менавіта таму яны з такой радасцю, з такой адкрытасцю карыстаюцца магчымасцю тут раскрывацца: і ў вакальным жанры — дзякуючы кіраўніку вакальнай групы Галіне Міхайлаўне Мацяс, і ў інструментальным жанры — дзякуючы кіраўніку джаз-банда Івану Мікалаевічу Ляўкоўскаму, і ў харэаграфічным — разам са мной і з кіраўніком ансамбля народнага танца “Радасць” Дзіянай Антонаўнай Ярашэнка… І гэта вельмі радуе, калі бачыш, як дзеці раптам расцвітаюць. Ужо на другім і тым больш на трэцім курсе вучобы іх не пазнаць, параўноўваючы з тым, якімі яны былі, калі толькі-толькі прыйшлі сюды вучыцца. Гэта адлюстроўваецца не толькі на іх вонкавым абліччы і паводзінах, але нават і на вучобе. Тыя дзеці, якія займаюцца ў нашых калектывах, як правіла, і добра вучацца. Яны больш арганізаваныя, больш выхаваныя.
* Асабіста да мяне прыходзяць займацца толькі дзяўчынкі. Пры наборы на першым курсе я ў першую чаргу шукаю разумныя, зацікаўленыя вочкі — з агеньчыкам, з жывой іскаркай. Да такога прынцыпу — каб шукаць у першую чаргу не прыгожыя ножкі (хаця, безумоўна, і гэта важна), а разумныя вочкі, — я прыйшла не адразу. У самым пачатку сваёй педагагічнай кар’еры я старалася адбіраць дзяцей па здольнасцях, па іх прыродных даных. Але з уласнага вопыту зразумела, што гэта далёка не заўсёды спрацоўвае. Безумоўна, прасцей з падрыхтаванымі дзяўчатамі, якія займаліся гімнастыкай, удзельнічалі ў дзіцячых танцавальных калектывах. І такія ёсць у мяне. Я імі вельмі задаволена. Але справа ў тым, што многія цудоўна падрыхтаваныя дзяўчаты проста не хочуць ісці ў калектыў, бо ім гэтыя танцы надакучылі за папярэднія гады. І яны адкрыта заяўляюць: “Не хочам!” А вось тыя, хто не мае абсалютна ніякай падрыхтоўкі, каго бацькі не адвялі ў свой час ні ў танцавальны гурток, ні ў ансамбль, займаюцца з такім жаданнем, з такім запалам! Таму я і шукаю разумныя вочкі, а не прыгожыя ножкі. Дзяўчат з пагаслымі, абыякавымі да ўсяго вачыма, якую б цудоўную фігуру і харэаграфічную падрыхтоўку яны ні мелі, вельмі цяжка ўдаецца разбудзіць, тым больш вывесці на сцэну і раскрыць. Урэшце, ножкі мы заўсёды зможам прыкрыць, а вось вочкі… Іх не прыкрыеш.
* Я займаюся з імі класічным станком, развучваем рухі, працуем над вобразамі… Я гавару з імі пра прычоскі, культуру апранацца, нават пра мастацтва макіяжу, каб яны разумелі, што адна справа — макіяж на сцэне і зусім іншая — макіяж у жыцці. Кагосьці з дзяўчынак трэба тармазіць з іх макіяжам у 9 раніцы, а кагосьці трэба проста нанова вучыць фарбавацца. Выхаванне густу ва ўсім уваходзіць у нашы абавязкі.
* Наогул, даводзіцца вучыць нашых навучэнак вельмі многім рэчам. Нярэдка бывае, што дзіця іголку не ўмее ў руках трымаць. Вось і даводзіцца тады вучыць шыццю, акрамя ўсяго астатняга. Між іншым, ім гэта вельмі падабаецца. Вось зараз мы рабілі новыя касцюмы — практычна сваімі сіламі. Дзяўчаты самі плялі вянкі, самі бегалі-шукалі кветкі па горадзе. Гэтыя іх запал, жаданне, імкненне вельмі і вельмі радуюць…
* Што тычыцца нашага рэпертуару, гэта і гордасць, і праблема. Гордасць у тым, што ў нас ёсць напрацаваны за гады рэпертуар, які дзеці ведаюць і любяць. Тыя, хто прыходзіць у калектыў упершыню, бачаць фотаздымкі, глядзяць відэафільмы з танцамі нашых колішніх навучэнак. І просяць танцаваць тое ж самае. Але мы абмежаваны тым, што ўдзельнічаем у конкурсах, не можам нават самы любімы і складаны нумар паказваць з году ў год. І вось у гэтым якраз праблема. Напрыклад, дзецям вельмі падабаецца танцаваць “Балеро” Марыса Равеля, хоць гэта і вельмі складаны нумар. Але для таго, каб яго паставіць, трэба адкласці ўбок усе іншыя нумары. Дык а што ж тады мы прадставім на конкурс? З “Балеро” ж на конкурсе выступалі зусім нядаўна, і журы ў такім разе проста не зразумее мяне…
* Так званым стрыт-дэнсам — вулічнымі танцамі — я не займаюся. Мы развучваем класічны танец. Класічны не ў плане балетнага, а ў плане музыкі, рухаў, пастановак. Калі можна так сказаць, я са сваіх дзяўчат раблю прынцэс. І кажу ім пра гэта на самых першых занятках: “Я хачу зрабіць з вас прынцэс!”
* Сёння я ўжо не ўяўляю сваёй дзейнасці без супрацоўніцтва з іншымі творчымі калектывамі нашага каледжа. Мы актыўна ставім сумесныя нумары. І гэта вельмі падабаецца і кіраўнікам, і дзецям, і гледачам, калі вакальная кампазіцыя суправаджаецца прыгожай харэаграфічнай карцінкай. Так, разам з джаз-бандам Івана Мікалаевіча паставілі іспанскі нумар, разам з вакальным калектывам Галіны Міхайлаўны паставілі кампазіцыю “Сонца каласы”, з якой перамаглі на апошніх “АРТ-вакацыях”. Больш за тое, нашы дзеці нярэдка нават як бы перацякаюць з аднаго калектыву ў іншы. Напрыклад, у нумары “Сонца каласы” адна мая выхаванка, Ліза Ганчарова, не танцавала, а спявала. Ну, не магла ж яна раздвоіцца — танцаваць ды спяваць адначасова… А да ўсяго яна яшчэ і інструменталіст у Івана Мікалаевіча, музычную школу па домры закончыла. У нас ёсць нямала такіх унікальных дзяўчат, якія і спяваюць, і танцуюць, і на інструментах іграюць: Насця Бурава, Ксюша Алейнікава і многія іншыя.Увогуле, неяк асабліва апошнім часам у нас адбылося такое незвычайнае яднанне. Дзеці з розных калектываў сябруюць паміж сабой, дапамагаюць: у адным канцэрце дзяўчаты фарбуюць адна адну, заплятаюць, туфелькамі могуць абмяняцца, словам, выручаюць… Ехалі на фінал “АРТ-вакацый” у Маладзечна, дык нехта з народнікаў вянок забыўся ўзяць — за дзве гадзіны дарогі агульнымі намаганнямі сплялі! А нам, кіраўнікам калектываў, таксама вельмі цікава працаваць разам. Няма таго саперніцтва паміж калектывамі, якое было раней. Цяпер мы адзіная каманда.
* Тое, чым дзяўчаты займаюцца ў нас у рэпетыцыйнай зале і на сцэне, абавязкова спатрэбіцца ім і ў іх прафесійнай дзейнасці, бо прылавак для іх будзе ў дарослым жыцці своеасаблівай сцэнай, дзе яны будуць артыстамі, гаспадарамі сваёй тэрыторыі. І як яны тут, у калектыве, кантактуюць з гледачамі ў зале, даносяць да іх свае пазіцыі, свае вобразы, гэтак жа яны будуць паводзіць сябе і з пакупнікамі.

Кіраўнік ансамбля народнага танца “Радасць” Дзіяна Антонаўна ЯРАШЭНКА:

“Народны танец — гэта не абрад…”

* “Народны танец — гэта не абрад, // Даніна ён гісторыі народа, // Яго жыццё, жыцця каштоўны лад, // Яго дыханне і яго свабода…” Менавіта з такіх паэтычных радкоў мне хацелася б пачаць аповед пра наш калектыў, дзейнасць якога дапамагае нашым навучэнцам дакрануцца да спадчыны, адчуць яе непаўторнасць і хараство, пранікнуцца традыцыямі нашага народа. А слаўныя традыцыі самога калектыву заклалі заслужаны дзеяч мастацтваў Рэспублікі Беларусь Віктар Пятровіч Ямінскі і Дзіна Мікалаеўна Ямінская, якія былі нязменнымі кіраўнікамі ансамбля з моманту яго заснавання ў 1991 годзе і да 2009 года. Менавіта яны, выдатныя прафесіяналы, сапраўды вялікія творцы, на працягу многіх гадоў дапамагалі дзецям не проста навучыцца добра танцаваць, але і зразумець народны танец, адчуць яго душой і палюбіць усім сэрцам, а ў далейшым стаць не звычайнымі гандлёвымі работнікамі, а сапраўднымі творчымі людзьмі — і ў жыцці, і ў прафесіі. Гэта, я лічу, было і застаецца нашай звышзадачай — і маёй, і маіх калег. * Я кірую ансамблем з 2010 года, і за гэты час дзе толькі мы ні выступалі. Ні адно мерапрыемства ў каледжы не абыходзіцца без удзелу “Радасці”: канцэртныя праграмы да Дня настаўніка, Дня работнікаў гандлю, Міжнароднага жаночага дня 8 сакавіка, сустрэчы ганаровых гасцей, канцэрты на вечарах выпускнікоў… З задавальненнем праводзім сумесныя вечары з Рэспубліканскім домам ДТСААФ, Ваеннай акадэміяй Рэспублікі Беларусь, Акадэміяй Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь. Нас заўсёды рады вітаць у воінскіх падраздзяленнях Мінскага гарнізона, на базавых прадпрыемствах, на мерапрыемствах, арганізаваных Міністэрствам гандлю, — конкурсах прафесійнага майстэрства, сезонных кірмашах. Сваё мастацтва ансамбль традыцыйна дорыць фіналістам гарадскога конкурсу “Сталічны настаўнік — сталічнай адукацыі”, наведвальнікам выставы “Кар’ера і адукацыя”, гасцям “Горада майстроў”. Гучныя апладысменты ў адрас нашых танцораў нязменна гучаць на пляцоўках Першамайскага раёна Мінска на канцэртах, прысвечаных Дню Незалежнасці, Дню Перамогі, святу горада, Дню міліцыі, Дню блакаднікаў Ленінграда. Выступленні перад удзельнікамі Парада Перамогі даюць магчымасць нашым навучэнцам адчуць сябе далучанымі да нашай вялікай гісторыі, да яе святынь. Ужо, бадай, роднай стала для нас пляцоўка каля Нацыянальнай бібліятэкі. А выступленні на конкурсах мастацкай самадзейнасці ў сістэме адукацыі — “АРТ-вакацыі”, “Юнацтва”, “Беларускі вянок” — прыносяць калектыву вядомасць не толькі на гарадскім, але і на рэспубліканскім узроўні. На працягу многіх гадоў “Радасць” становіцца лаўрэатам гэтых конкурсаў, адзначаецца дыпломамі за высокае прафесійнае майстэрства. Ёсць у нас дыплом і ад Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь за ўдзел у фестывалі “Беларусь — мая песня”.
* Мы прымаем удзел у міжнародным праекце ў рамках дзейнасці клуба “Мы — дзеці Зямлі”. І, дарэчы, у нашым рэпертуары прысутнічаюць не толькі беларускія народныя танцы, але і танцы іншых народаў свету, што часта надае асаблівы каларыт нашым выступленням. Адно застаецца нязменным заўсёды — адухоўленыя твары нашых танцораў, іх танцавальны запал, іх ласкавыя ўсмешкі, іх поўная самааддача танцу і гледачу. Так, безумоўна, наша дзейнасць найперш накіравана на развіццё эстэтычнага густу навучэнцаў, раскрыццё іх творчых задаткаў. Але не менш важна і тое, што праз народны танец яны робяцца сапраўднымі патрыётамі роднай зямлі, дакранаюцца да тайн Сусвету…

Кіраўнік вакальнай групы Галіна Міхайлаўна МАЦЯС:

“Я не ўмею па-іншаму. Я іх люблю, і ўсё…”

* Паралельна з пасадай кіраўніка вакальнага калектыву ў каледжы я ўжо шмат гадоў кірую народным вакальным ансамблем ветэранаў “Памяць сэрца” (дарэчы, у 2014 годзе мы з гэтым калектывам атрымалі спецыяльную прэмію Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь дзеячам культуры і мастацтва). Памятаю, аднойчы, недзе ў 2005 годзе, пасля аднаго з канцэртаў ансамбля “Памяць сэрца” да мяне падышоў тагачасны дырэктар каледжа Леанід Буры і прапанаваў працу тут. Я з задавальненнем пагадзілася (і гэта пры тым, што ў той час я працавала яшчэ і галоўным хормайстрам Акадэмічнага ансамбля Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь), бо дзеці — гэта самая спрыяльная, самая раскошная глеба. Хаця і з ветэранамі мне таксама па-ранейшаму камфортна. Галоўнае і ў працы з дзецьмі, і ў працы з пажылымі людзьмі — знайсці ключ да іх душы, каб ты да іх душэўна ставіўся і каб яны цябе любілі і паважалі. І цяпер так атрымліваецца, што для мяне і навучэнцы каледжа — мае дзеці, і ветэраны — мае дзеці таксама. Я не ўмею па-іншаму. Я іх люблю, і ўсё. * Штогод у верасні, прыглядаючыся да першакурснікаў, патэнцыяльных удзельнікаў нашага калектыву, я ў першую чаргу звяртаю ўвагу на вакальныя даныя. Гэта ўсё-такі самае галоўнае — вакал. Па-другое, безумоўна, важнае значэнне мае выгляд маладога чалавека, каб на яго элементарна было прыемна глядзець. Дарэчы, я заўважаю, што ў таленавітых дзяцей і душа не сапсаваная, і, як правіла, яны прыгожыя знешне. Гэта як закон: што ўнутры чалавека, тое будзе ў вачах, у агульным яго выглядзе, у паводзінах і г.д. З другога боку, да мяне, калі я праводжу набор у калектыў, нярэдка прыходзяць непадрыхтаваныя дзеці, якія ніколі не спявалі, але гараць жаданнем навучыцца спяваць. Я бяру такіх, але заўсёды гляджу, ці ёсць рост. Напрыклад, у мінулым годзе ў нашай вакальнай групе спяваў Даніла Малічэнка — я нават не думала, што ён так распяецца. Але за год ён распеўся. Справа ў тым, што спачатку ён проста не чуў сябе, а я яго навучыла слухаць сябе, чуць свой унутраны голас. Часта музычны слых ёсць, але ён не развіты. У такім разе яго трэба проста развіваць. І тут вельмі важна мець жаданне.
* Многія юнакі і дзяўчаты прагнуць адразу трапіць на сцэну, але не ўсе разумеюць, што да сцэны трэба дарасці, а для гэтага неабходна скрупулёзна займацца, не прастуджвацца, не курыць… Насамрэч. Гэта вельмі жорсткія патрабаванні. Калі, напрыклад, малады чалавек курыць, у яго абавязкова будуць праблемы з галасавымі звязкамі, несумяшчальныя з вакальнымі спевамі.
* На сённяшні момант у студыі займаецца 26 навучэнцаў у 2 гуртках — вакальным і фальклорным. Але задачы ў вакалістаў адны і тыя ж — развіццё музычнага густу, музычных навыкаў, галасавых даных і, безумоўна, духоўнае і эстэтычнае выхаванне, тое, пра што хораша сказалі Вольга Канстанцінаўна Савіцкая і Дзіяна Антонаўна Ярашэнка. Сваім выхаванцам я таксама прывіваю культуру паводзін у грамадстве, культуру паводзін на сцэне, вучу асновам самавыяўлення, камунікабельнасці.
* Яшчэ вельмі важная рэч — разняволіць юнага чалавека. Сцэна ўсё-такі не любіць заціснутых, а вельмі часта ў такім узросце, у 15—16 гадоў, асабліва дзяўчынкі вельмі сарамлівыя. Дзяўчынка можа добра спяваць, але будзе стаяць гэтакім цвічком на сцэне, і гэтыя яе спевы тады ніяк не прагучаць… А як я іх разнявольваю? Вельмі проста. На занятках дэфіле ходзім, падчас чаго вучымся не толькі паходцы, але і правільнаму дыханню, уменню перамагчы хваляванне і г.д. Хаця я хачу сказаць, што ўсе гэтыя напрацоўкі сарыентаваны менавіта на канцэрты. Калі не будзе канцэртаў, то, як ты ў класе ні хадзі, нічога не атрымаецца. Дзякуй богу, канцэрты ёсць.
* Рэпертуар у нас разнастайны. Я вельмі люблю шматгалоссе, таму стараюся прывучаць дзяцей да гучання двух, трох, чатырох галасоў. Самі распісваем, самі аранжыруем. Для нас ніхто не піша. Мы знаходзім песню і апрацоўваем яе пад сваіх дзяцей: мяняем танальнасці, форму, дадаём нешта сваё… Тыя ж “Сонца каласы”, “Рэха жураўлінае”, “Гэта Беларусь мая”, “Рэчанька” — вось толькі некаторыя прыклады тых твораў, якія мы зрабілі менавіта пад сваіх навучэнцаў. І нашы дзеці, здаецца, прыстойна іх спяваюць. А трэба ж разумець, што, каб вырасціць артыста для шматгалосся, трэба не адзін год з ім працаваць. У любым выпадку, калі хлопец ці дзяўчына да каледжа спявалі недзе ў студыі, ён ці яна былі там салістамі. І навучыць іх так спяваць, каб яны не заглушалі адно аднаго, каб слухалі адно аднаго, каб вытрымлівалі агульную гармонію… Для гэтага трэба ўсё-такі папацець, папрацаваць. Зрэшты, усё гэта ў радасць, у задавальненне.
* Тыя ўзаемавыручка, узаемаразуменне і ўзаемадзеянне нашых творчых калектываў, пра якія казала Вольга Канстанцінаўна, не толькі заслуга нас як кіраўнікоў гэтых калектываў. Гэта яшчэ і пастаўленыя нам задачы. Калі задачы менавіта агульныя, мы і арыентуемся на агульную справу, робім яе сумеснымі намаганнямі. У нас вельмі цікавы чалавек дырэктар каледжа Наталля Мікалаеўна Ляўкевіч, якая заўсёды радуецца ўсяму новаму, неардынарнаму. А намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце Людміла Раманаўна Грыневіч — гэта наогул такі вось стрыжань, вакол якога мы ўсе гуртуемся.

Кіраўнік джаз-банда Іван Мікалаевіч ЛЯЎКОЎСКІ:

“Творчасць пачынаецца з імправізацыі…”

* Так распарадзіўся лёс, што ў каледж гандлю я прыйшоў адразу пасля заканчэння кансерваторыі і вось ужо 23-і год тут працую, пра што ні кроплі не шкадую. За час маёй працы ў каледжы тут памянялася ажно 4 дырэктары, але нязменна спрыяльным заўсёды заставалася стаўленне кіраўніцтва да творчасці, да самадзейнасці. Мяне ж запрашалі, асабліва ў першыя гады ў каледжы, калі ўбачылі першыя вынікі нашай дзейнасці, і ў іншыя ўстановы адукацыі, абяцалі і зарплату большую, але вось менавіта дзякуючы стаўленню да творчасці, якое бачыў тут, я не мог прамяняць каледж гандлю ні на што іншае.
* У нас тут выдатная апаратура, набытая дзякуючы кіраўніцтву ўстановы. У адзін год апаратуры купілі ажно на 17 млн рублёў. Для нас набылі нямецкі мікшарны пульт “Дзінакорд”. А гучанне — гэта вельмі важны момант. Мы выступаем на розных пляцоўках, у тым ліку і ў іншых каледжах, і бачым, што далёка не ўсюды ёсць належная апаратура, таму ўжо прызвычаіліся браць на канцэрты сваю. * Выяўляць таленавітых дзяцей нам дапамагае штогадовы конкурс “Алё, мы шукаем таленты!”. На аснове вынікаў гэтага конкурсу і фарміруюцца вучэбныя групы па мастацкай самадзейнасці ў розных жанрах, творчыя калектывы. Хаця трэба прызнаць, што раней пасля сярэдніх школ у каледж ішло значна больш здольных юнакоў і дзяўчат. Да мяне тут існаваў хор у складзе 70 ці нават больш чалавек! А з маім калектывам мне даводзіцца, напэўна, сёння цяжэй, чым каму, бо музыка, якую мы спрабуем іграць у нашым джаз-бандзе, вельмі складаная, напісаная пад прафесіяналаў. І тым не менш я выдатна разумею, што дзяцей трэба захапіць, зацікавіць, каб ім, як і мне, усё гэта падабалася. На дапамогу прыходзіць тое, што называецца імправізацыяй. Мы бяром, напрыклад, нейкую п’есу, а фактычна толькі нейкі каркас гэтай п’есы. Дзеці збіраюцца і пачынаюць імправізаваць, кожны ўносіць штосьці сваё. І вось з гэтага якраз і пачынаецца ўласна творчасць, а ўжо з гэтай творчасці нараджаецца цікавасць да таго, чым мы займаемся ў джаз-бандзе.
* Безумоўна, усе ўдзельнікі джаз-банда маюць за сваімі плячыма вучобу ў музычных школах. Навучыць ігры на тым ці іншым інструменце з нуля за два з паловай гады проста немагчыма. У мяне штогод вар’іруецца склад. Напрыклад, у пэўныя гады былі цымбалісткі, віяланчэліст… У гэтым годзе ёсць добрая флейтыстка, скрыпачка, гітарыст, але заўсёды складаней за ўсё з ударнікам, таму што гэта вельмі складана — трымаць рытм. І навучыць гэтаму вельмі складана, тым больш што нават у музычных школах гэтаму практычна не вучаць. Былі часы, калі мы выступалі наогул без ударных інструментаў, ігралі пад запіс рытм-машынкі. Але гэта была мёртвая музыка… Аднойчы мы адмовіліся ад фанаграмы раз і назаўсёды.
* Мы іграем розныя рэчы, пераважна класіку ў стылі дыксіленд: Sing, sing, sing, Puttin’ on the Ritz і інш. Лічу, што класіка найлепш выхоўвае эстэтычны густ. Дарэчы, гісторыя нашага калектыву ведае прыклады, калі яго ўдзельнікі звязвалі сваё жыццё менавіта з музыкай. Напрыклад, цікавым чынам лёс склаўся ў нашага выпускніка Сяргея Грышкіна, які і ў джазе ўдзельнічаў, і спяваў хораша. Пасля заканчэння каледжа ён трапіў у ЦУМ, там таксама пачаў актыўна ўдзельнічаць у самадзейнасці, дзякуючы чаму, яго літаральна за год павысілі да намесніка загадчыка секцыі. Людзі 5—6 гадоў працуюць — і ніякага кар’ернага руху. А тут зусім маладога хлопца так павысілі за такі кароткі час! Але ў яго ўсё роўна не ляжала душа да гандлю. Цяпер вось паступіў у Інстытут сучасных ведаў на кампазіцыю, фактычна на тую ж імправізацыю, якой мы займаемся ў джаз-бандзе.
* У нас вучыцца шмат таленавітых дзяцей, таленавітых, як ужо казалі тут мае калегі, ва ўсім. І няма большай радасці за тую, калі бачыш удзячнасць гледачоў на канцэртах, калі атрымліваеш заслужаныя ўзнагароды на фестывалях і конкурсах. Памятаю адзін з фіналаў “АРТ-вакацый”. Тады дырэктарам каледжа працаваў Уладзімір Гапоненка. І вось вядучыя аб’яўляюць пераможцаў: назвалі лаўрэатаў ІІІ ступені, потым — ІІ ступені, ужо нібыта і дыпломы заканчваюцца, а каледж гандлю так ні разу і не прагучаў. Мы ўжо разгубіліся зусім, нават няёмка перад дырэктарам, які таксама прыйшоў на канцэрт. І тут пачынаецца: “Дыпломам І ступені ўзнагароджваецца такі і такі калектыў Мінскага дзяржаўнага прафесійна-тэхнічнага каледжа гандлю, дыпломам І ступені ўзнагароджваецца такі і такі калектыў Мінскага дзяржаўнага прафесійна-тэхнічнага каледжа гандлю…” І так шмат разоў. І ўжо вядучы гаворыць толькі першую частку фразы: “Дыпломам І ступені ўзнагароджваецца калектыў…” А ўся зала заканчвае хорам: “Мінскага дзяржаўнага прафесійна-тэхнічнага каледжа гандлю!” Гэта былі незабыўныя адчуванні.

Намеснік дырэктара каледжа па вучэбна-выхаваўчай рабоце Людміла Раманаўна ГРЫНЕВІЧ:
“На працягу ўжо не аднаго дзесяцігоддзя ў нашым каледжы рэалізоўваецца праект “Развіццё творчага патэнцыялу асобы праз дзейнасць маладзёжнага творчага цэнтра “Вясёлка талентаў”. Нефармальны слоган дзейнасці цэнтра — “Праз прыгажосць і творчасць — да асобы і прафесіяналізму”. Гэты цэнтр аб’ядноўвае не толькі творчыя калектывы, якія сталі пераможцамі “АРТ-вакацый”, але і гурткі дэкаратыўна-прыкладной творчасці (саломка, прыродны дызайн і інш.), тэатральнага профілю і г.д. А чаму мы звязваем у адно асобу і прафесіяналізм? Таму што ў той прафесіі, якую абралі нашы навучэнцы, немагчыма быць паўнацэнным прафесіяналам не будучы асобай — яркай, творчай, артыстычнай. Чалавекам, які ўмее кантактаваць з людзьмі, знайсці падыход да людзей, прыгожа прарэкламаваць тавар і заахвоціць такім чынам пакупнікоў да шопінгу. І вось менавіта ўсе гэтыя творчыя якасці асобы і фарміруюцца ў працэсе заняткаў нашых навучэнцаў у разнастайных гуртках і калектывах, падчас насычанай канцэртнай дзейнасці.
Акрамя таго, творчыя калектывы каледжа адыгрываюць вялікую ролю ў нашай прафарыентацыйнай рабоце. Навучэнцы сярэдніх школ бачаць, што ў нашай установе адукацыі ёсць магчымасць развівацца творча, з задавальненнем паступаюць у каледж, запісваюцца ў калектывы і з радасцю займаюцца мастацтвам.
А выхаваўчае значэнне гэтых заняткаў проста цяжка пераацаніць. Толькі адзін паказальны прыклад. У нас вучыцца адна дзяўчынка. Калі яна паступіла ў каледж, гэта быў, мякка кажучы, праблемны падлетак: нелюдзімы, змрочны, агрэсіўны. Але літаральна за нейкія паўгода вучобы ў каледжы, пахадзіўшы ў адзін з нашых калектываў, яна змянілася проста на вачах. Цяпер яна адна з самых актыўных і добразычлівых навучэнак каледжа. Можна сказаць, што менавіта ўдзел у мастацкай самадзейнасці не даў ёй спатыкнуцца ў жыцці”.

Мікола ЧЭМЕР.
Фота з архіва Мінскага дзяржаўнага прафесійна-тэхнічнага каледжа гандлю.

Прыгожыя людзі

Вялікім прыгожым дзействам у Маладзечне завяршыўся ў мінулыя пятніцу і суботу Рэспубліканскі фестываль мастацкай творчасці навучэнскай і студэнцкай моладзі “АРТ-вакацыі-2015”. Гэты форум, безумоўна, мае непаўторны ўнікальны шарм, штогод збіраючы на сваіх пляцоўках тысячы маладых людзей, здольных ярка выказацца ў самых розных відах сцэнічнага мастацтва. А ў гады, калі агляд-конкурс маладзёжнай творчасці праводзіцца сярод мастацкіх калектываў і індывідуальных выканаўцаў устаноў прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі, “АРТ-вакацыі” становяцца асабліва яркімі і прыцягальнымі ў сваёй непасрэднасці. Так было і на гэты раз, сёлета — у Год моладзі і ў год 70-годдзя Вялікай Перамогі.

Апафеозам свята ў Маладзечне стала субота, 23 мая, калі яго ўдзельнікам, сотням навучэнцаў і іх выкладчыкам з сістэмы прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі ўсміхнулася нават само надвор’е (у пятніцу крыху непагодзілася). Выдаўся сапраўды цудоўны ясны дзень з ласкавым сонейкам, чысцюткім блакітным небам і лёгкім ветрыкам, які не даваў запанаваць спякоце. Ужо з адзінаццаці гадзін гучала музыка, якая даносілася з Маладзечанскага парка культуры і адпачынку імя Перамогі. Было зразумела, што там нешта адбываецца — грандыёзнае, калектыўнае, маладзёжнае…
Бліжэй да дванаццаці вялікая колькасць людзей пачала збірацца каля абеліска Перамогі — туды накіроўвалася моладзь з прыкметамі прыналежнасці прафтэха (адпаведнымі бэйджамі, у адпаведным той ці іншай прафесіі адзенні), туды, на ўрачысты мітынг, ішлі звычайныя маладзечанцы з кветкамі і сцяжкамі. Мітынг, падчас якога выступілі ветэраны, закончыўся велічнай цырымоніяй ускладання кветак да манумента.
А тым часам на алеі, якая вядзе ад абеліска да амфітэатра, і непасрэдна на тэрыторыі перад амфітэатрам ужо ва ўсю кіпела свята прафтэхаўцаў “Мая прафесія — мая будучыня”. Адна ля адной там разгарнуліся інтэрактыўныя і інфармацыйна-рэкламныя пляцоўкі “Прафстарт”, і было проста цікава блукаць па іх, знаёміцца з рознымі людзьмі і, адпаведна, з рознымі ўстановамі і прафесіямі, здзіўляючыся ў першую чаргу разнастайнасцю прафтэхаўскага руху ў нашай краіне.
Знаёмлюся. Вось Смілавіцкі сельскагаспадарчы ліцэй: намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Святлана Леанідаўна Раманеня і выкладчыца Тэрэза Феліксаўна Шэстак з задавальненнем расказваюць пра самыя апошнія распрацоўкі навучэнцаў і выкладчыкаў гэтай установы — кампактны экскаватар “Грызлі”, які можа выконваць філігранныя земляныя работы, напрыклад, выкопваць невялікія траншэі там, дзе вялікаму экскаватару будзе не падступіцца; пыласос “Віхура”, які прайшоў выпрабаванні на тэрыторыі ліцэя на ўборцы лісця… Зараз гэтыя агрэгаты экспануюцца на Рэспубліканскай выставе тэхнічнай творчасці навучэнцаў у Мінску. Святлана Леанідаўна і Тэрэза Феліксаўна вельмі спадзяюцца, што там іх чакаюць дыпломы лаўрэатаў.
Вось дзяўчаты з тэатра моды Маладзечанскага дзяржаўнага каледжа дэманструюць свае прыгожыя строі і прычоскі…
Вось навучэнка Салігорскага дзяржаўнага каледжа Наталля Макаед пляце з лазы вялікі кош — засяроджана, упэўнена, спрытна. А побач стаяць ужо гатовыя кашы, сплеценыя, відаць, загадзя, як быццам намёк усім прахожым: “Можаце не сумнявацца, што новы будзе такім жа ладным”.
Вось два хлопцы-муляры з Маладзечанскага дзяржаўнага каледжа акуратна выкладваюць цагліны ў нейкую будучую канструкцыю. Моцныя рукі працуюць старанна, не напаказ — я нават не стаў пытацца ў іх імёны, каб не перашкаджаць.
Вось навучэнка Барысаўскага дзяржаўнага каледжа галіновых тэхналогій Карына Гузан робіць бодзі-арт на твары мадэлі сваёй жа аднакашніцы Софіі Іпатовіч. Тая, бедалага, сядзіць ужо не першую гадзіну — не зварухнецца, не міргне. Прыгажосць патрабуе ахвяр…
Вось Ягор Сяргееў з Барысаўскага дзяржаўнага будаўнічага прафесійнага ліцэя майструе табурэткі: роўненькія ножкі адна за адной кладуцца на падрыхтаванае для іх месца, і стэнд за спінай у Ягора красамоўна гаворыць сам за сябе — “Вашы праекты ў рэальнасць”.
Вось два графіцісты з Цэнтра дзіцячай творчасці Жодзіна Сяргей Клімковіч і Кірыл Мінкін літаральна на вачах ствараюць велічнае графіці на тэму Вялікай Перамогі. Кажуць, што загадзя не прыдумлялі кампазіцыю, што ўсё гэта — выключна імправізацыя аднаго дня, як, зрэшты, часцей за ўсё і бывае ў творчасці мастакоў графіці…
Такая вось галерэя прыгожых твараў, прыгожых рук і прыгожых рэчаў. А галерэя прыгожых галасоў, прыгожых рухаў і прыгожых слоў чакала яшчэ наперадзе. Так, вядома ж, я маю на ўвазе гала-канцэрт пераможцаў “АРТ-вакацый-2015” у амфітэатры.
Вітаючы гледачоў і ўдзельнікаў гала-канцэрта, намеснік міністра адукацыі Сяргей Валянцінавіч Руды падкрэсліў, што сёлета сышліся адразу дзве юбілейныя даты — 70-годдзе Вялікай Перамогі і 75-годдзе сістэмы прафесійна-тэхнічнай адукацыі (таму і было вырашана аб’яднаць фінал “АРТ-вакацый” са святам “Мая прафесія — мая будучыня”), што прафтэхадукацыя дае навучэнцам выдатныя магчымасці знайсці сябе не толькі ў прафесіі, але і ў мастацкай творчасці. Таксама ён нагадаў, што сёлетнія “АРТ-вакацыі” — гэта больш за 10 тысяч удзельнікаў, 277 уключаных у гэты рух устаноў адукацыі, 87 намінацый… “Усе дарогі для вас адкрыты — трэба па іх ісці”, — падсумаваў намеснік міністра.
Прысутных павітала таксама заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь, загадчыца кафедры мастацтва эстрады факультэта музычнага мастацтва Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў, старшыня журы сёлетняга фестывалю Ірына Дарафеева, якая сказала коратка і ёмка: “Будзьце шчаслівыя. Мы ў вас верым!” Яна выканала і першы музычны нумар канцэрта — гэтакі шчыры падарунак фестывалю.
А потым амаль дзве гадзіны нас радавалі са сцэны тыя, хто найбольш радаваў на мінскім і абласных гала-канцэртах. Было вельмі шмат змяшаных нумароў, калі на сцэну адразу выходзілі, напрыклад, музычныя і харэаграфічныя калектывы, салісты і тэатры мод, групы спартыўнага танца і агітбрыгады. Было шмат яскравых, прынцыпова маладзёжных фішак — такіх, скажам, як нумар у стылі рэп “На Беларусі Бог жыве” ў выкананні творчага аб’яднання “Сузор’е” Лідскага дзяржаўнага прафесійнага ліцэя меліярацыйнага будаўніцтва (пераможца рэспубліканскага інтэрактыўнага праекта “Рэцытацыя. Караткевіч. Повязь часоў”), рызыкоўны паркур у выкананні хлопцаў з Мазырскага дзяржаўнага ліцэя будаўнікоў, вeatbox ад Яніслава Неўмяржыцкага з Мазырскага дзяржаўнага прафесійнага ліцэя геалогіі і Аляксея Лісічкіна з Мазырскага дзяржаўнага ліцэя будаўнікоў. Было шмат па-добраму, па-юнацку задзірлівых і шчырых эмоцый у прызнаннях артыстаў у любові да сваёй Бацькаўшчыны, яе слаўнай гісторыі, сваёй будучай прафесіі, наогул да маладосці і жыцця. Ды ўсе, хто выступаў на сцэне амфітэатра 23 мая, што і гаварыць, — героі і малайцы: тэатр песні і танца “Сінтэз” Гомельскага гандлёва-эканамічнага каледжа Белкаапсаюза, група спартыўнага танца Гомельскага дзяржаўнага педагагічнага каледжа імя Л.С.Выгоцкага, танцавальны калектыў Маладзечанскага дзяржаўнага політэхнічнага каледжа, калектыў сучаснага танца “Натхненне” Маладзечанскага гандлёва-эканамічнага каледжа Белкаапсаюза, ансамбль танца “Мара” Бабруйскага дзяржаўнага машынабудаўнічага прафесійна-тэхнічнага каледжа, тэатр прычосак “Модус” Брэсцкага дзяржаўнага каледжа сферы абслугоўвання, тэатральная студыя “Скарбонка” Салігорскага дзяржаўнага каледжа, танцавальны калектыў “Аэліта” Рэчыцкага дзяржаўнага педагагічнага каледжа, танцавальны калектыў Магілёўскага дзяржаўнага прафесійнага ліцэя № 2, народны інструментальны ансамбль “Нясвіжскія лыжкары” Нясвіжскага дзяржаўнага каледжа імя Якуба Коласа, народны хор “Крынічанька” Пінскага дзяржаўнага прафесійна-тэхнічнага каледжа лёгкай прамысловасці, танцавальны калектыў “Сучаснасць” Навагрудскага дзяржаўнага аграрнага каледжа, танцавальны калектыў “Фантазія” Магілёўскага прафесійнага электратэхнічнага каледжа… Ізноў, як ужо не раз рабіў у падобных выпадках, калі пісаў раней пра “АРТ-вакацыі”, прашу прабачэння ва ўсіх тых удзельнікаў гала-канцэрта, каго не назваў.
Дыплома Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь “За высокі ўзровень арганізацыі і правядзення абласнога этапу Рэспубліканскага фестывалю мастацкай творчасці навучэнскай і студэнцкай моладзі “АРТ-вакацыі-2015” удастоена ўпраўленне адукацыі Гомельскага абласнога выканаўчага камітэта. Іншымі словамі, Гомельская вобласць атры-мала гран-пры фестывалю.
Думаў, як назваць гэтыя нататкі, каб умясціць у назву ўсю маю павагу да арганізатараў “АРТ-вакацый”, іх удзельнікаў, арганізатараў і ўдзельнікаў свята “Мая прафесія — мая будучыня”, і лепшага за гэты загаловак не прыдумаў: “Прыгожыя людзі”. Вельмі ўжо шмат іх убачыў я ў мінулую суботу ў Маладзечне. Прыгожых ва ўсіх сэнсах.

Слова — старшыні ўпраўлення адукацыі Гомельскага абласнога выканаўчага камітэта Сяргею Іванавічу Парошыну.

— Сяргей Іванавіч, якія сёння вашы адчуванні?
— Адчуваю велізарную радасць і велізарны гонар за тых дзяўчат і хлопцаў, за іх выкладчыкаў, якія атрымалі такую высокую ацэнку сваёй рабоце. Безумоўна, гэтая работа — плён іх дзейнасці не аднаго года. Яна носіць у нас сістэмны характар. І калі людзі з душой ставяцца да сваёй справы, уцягваючы дзяцей у розныя кірункі творчай дзейнасці (а іх больш за 40 у нашай вобласці), то тады і бачыш вынікі. Я перакананы ў тым, што ў нас цудоўныя спецыялісты па кожным з гэтых кірункаў. А што тычыцца правядзення такіх мерапрыемстваў, якія мы сёння бачым, яны вельмі падтрымліваюцца моладдзю. Вось гэтая паяднанасць навучэнцаў і педагогаў у мастацкай творчасці жыццёва неабходная. І я вельмі ўдзячны Міністэрству адукацыі, Нацыянальнаму цэнтру мастацкай творчасці дзяцей і моладзі за ўсе іх ініцыятывы, звязаныя з “АРТ-вакацыямі”, з адраджэннем і развіццём фестывалю мастацкай творчасці навучэнцаў і студэнтаў. Гэты форум дае магчымасць кожнаму яго ўдзельніку знайсці сябе ў разнастайнасці творчасці. І хацелася б пажадаць, каб з кожным годам толькі ўмацоўвалася ўсё тое, што сёння мы бачым.

— А вам асабіста, дарэчы, які кірунак мастацкай творчасці найбольш блізкі — харэаграфія, спевы, інструментальная музыка?
— Мне здаецца, кожны малады чалавек, які лічыць сябе творчай натурай, павінен паспрабаваць сябе ў як мага большай колькасці жанраў. Я сам, між іншым, і спяваю, і танцую. І гэта вельмі важна, асабліва ў педагогіцы, бо за кошт артыстызму можна падымаць свой аўтарытэт як спецыяліста, свой культурны ўзровень, пашырыць кругагляд. Дзеці пачнуць да цябе цягнуцца. А за такога кіраўніка, які, акрамя што кіраваць, умее яшчэ танцаваць, спяваць, сваімі рукамі сам нешта рабіць, добра выглядае, яго падначаленыя адчуваюць асаблівы гонар. Думаю, што гэта партрэт сучаснага кіраўніка.

— А з прафесій, якія прапаноўвае нашым навучэнцам айчынная сістэма прафадукацыі, якая вам найбольш блізкая?
— Я пачынаў сваю працоўную дзейнасць пасля заканчэння школы вучнем фрэзероўшчыка. Працаваў слесарам кантрольна-вымяральных прыбораў і аўтаматыкі. Маю сёння афіцыйна пацверджаны трэці разрад электрыка, вадзіцельскае пасведчанне. У студэнцкія гады быў камандзірам студэнцкага будаўнічага атрада. І вось дзякуючы ўсяму гэтаму сёння я ўмею і класці цэглу, і рабіць дах… А на ваша пытанне адкажу так: напэўна, больш за ўсё мне падабаюцца самыя мірныя прафесіі — будаўніцтва, дызайн, афармленне… Мая жонка таксама творчы чалавек, умелая рукадзельніца. У нас дома ёсць шмат мастацкіх вырабаў, створаных і мной, і жонкай, і нашымі дзецьмі — дачкой і сынам. І я гэтаму вельмі рады.

Мікола ЧЭМЕР.
Фота аўтара.
Мінск — Маладзечна — Мінск.

Урок на сёння і на будучыню

Больш за 250 прадстаўнікоў творчай моладзі Брэстчыны прынялі ўдзел у гала-канцэрце пераможцаў абласнога агляду-конкурсу мастацкіх і індывідуальных выканаўцаў ПТНУ і ССНУ, які праводзіўся ў рамках Рэспубліканскага фестывалю мастацкай творчасці навучэнскай і студэнцкай моладзі “АРТ-вакацыі — 2015”. Арганізатарамі абласнога этапу спаборніцтва, што праходзіў на базе Брэсцкага абласнога цэнтра маладзёжнай творчасці, выступілі ўпраўленне адукацыі Брэсцкага аблвыканкама і Дом навучэнцаў і работнікаў устаноў прафесійнай адукацыі Брэсцкай вобласці.

Агляд-конкурс “Моладзь і час: подзвіг дзеля будучыні” праводзіўся з мэтай грамадзянска-патрыятычнага і мастацка-эстэтычнага выхавання моладзі, падтрымкі творчых ініцыятыў. На працягу амаль трох гадзін навучэнцы ПТНУ і ССНУ Брэстчыны дэманстравалі вакальныя, музычныя, харэаграфічныя і акцёрскія здольнасці ў асвятленні 70-годдзя Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне.
— У адборачных этапах агляду-конкурсу прынялі ўдзел каля 1,5 тысячы навучэнцаў, якія прадставілі на суд журы больш за 400 творчых нумароў, прысвечаных Вялікай Перамозе, — адзначыў начальнік упраўлення адукацыі Брэсцкага аблвыканкама М.А.Ціханчук. — Радуе, што сучасная моладзь сябруе з песняй і танцам, мастацкай творчасцю. У жыцці важна не толькі авалодаць цікавай і запатрабаванай прафесіяй, але і вакальнымі, і харэаграфічнымі навыкамі — толькі тады чалавек з’яўляецца гарманічна развітой асобай, калі адкрывае свет у творчасць. У навучэнцаў Брэстчыны ёсць на што паглядзець і чым ганарыцца.
Праграму мерапрыемства, якое складалася з 34 нумароў, адкрыла песня “Героям” у выкананні вакальна-інструментальнага ансамбля “Выток” з філіяла БрДТУ Брэсцкага дзяржаўнага політэхнічнага каледжа. Парадавалі творчымі набыткамі гледачоў і прадстаўнікі Пінскага каледжа БрДУ імя А.С.Пушкіна: народны камерны хор пранікнёна выканаў песню “Паклонімся вялікім тым гадам”, танцавальная група “Не дзяўчаты” прадэманстравала “Настаўніцкае танга”, а Настасся Скалковіч — інструментальную кампазіцыю “Фантазія для цымбал”.
Шмат незабыўных уражанняў падарылі гледачам навучэнцы Брэсцкага дзяржаўнага каледжа сферы абслугоўвання. Нікога не пакінулі абыякавымі выступленні ўдзельнікаў тэатральнай студыі “Рампа” (мініяцюры “Подзвіг дзеля будучыні” і “Нас памятаюць”), тэатра прычосак “Модус” (тэатралізаваная мініяцюра “Гэта было нядаўна, гэта было даўно”), вакальнай студыі (песня “Няпрошаная вайна”), а таксама Марыны Манішкі (песня “Вальс франтавой медсястры”).
Шмат адметных нумароў падрыхтавалі юнакі і дзяўчаты з Баранавіцкага дзяржаўнага каледжа лёгкай прамысловасці імя В.Я.Чарнышова. Так, удзельнікі тэатра чытальніка “Бумеранг” душэўна прачыталі ўрывак з паэмы А.Твардоўскага “Васіль Цёркін”, а танцавальныя калектывы “Свабодная канкурэнцыя” і “Джайв” па-майстэрску выканалі харэаграфічныя кампазіцыі. А вось удзельнікі народнага агіттэатра “Кантраст” прызналіся ў любові да Беларусі праз лірычную песню.
Станоўчыя эмоцыі засталіся ў гледачоў ад выступленняў навучэнцаў Баранавіцкага дзяржаўнага ПТК сферы абслугоўвання. Аляксей Легасцёў на адным дыханні прадэкламаваў урывак з твора Кандрата Крапівы “Ёлкі-палкі”, харавы калектыў “Млада” выканаў песню “Калі мы былі на вайне”, Марына Жардзецкая праспявала “Ляці, пёрка”, а ўдзельнікі тэатра мініяцюр выканалі літаратурна-музычную кампазіцыю “Лісты з будучыні”.
На сцэне выступілі навучэнцы Навамышскага дзяржаўнага прафесійнага ліцэя сельскагаспадарчай вытворчасці, Пінскага дзяржаўнага ПТК лёгкай прамысловасці, Брэсцкага дзяржаўнага прафесійнага ліцэя лёгкай прамысловасці, Брэсцкага дзяржаўнага каледжа чыгуначнага транспарту, Баранавіцкага дзяржаўнага прафесійнага ліцэя будаўнікоў, Пінскага дзяржаўнага аграрна-тэхнічнага каледжа імя А.Я.Кляшчова, Дома навучэнцаў і работнікаў устаноў прафесійнай адукацыі Брэсцкай вобласці, Баранавіцкага дзяржаўнага прафесійнага ліцэя машынабудавання, Лунінецкага дзяржаўнага політэхнічнага ПТК і Высокаўскага дзяржаўнага сельскагаспадарчага ПТК.
Падчас выступленняў адчувалася, што навучэнцы не толькі па-сапраўднаму ўлюбёныя ў творчасць і адносяцца да любімай справы з усёй душой, але і глыбока ўніклі ў ваенную тэму, выдатна ўвасобіўшы яе ў лірычных песнях і танцавальных кампазіцыях. Харэаграфічныя і вакальныя нумары ўражвалі кампазіцыйнай прадуманасцю і майстэрскім выкананнем. Трагічнае і драматычнае чаргавалася з рамантычным і гумарыстычным. Як у жыцці. Але сцэна не жыццё, а толькі сканцэнтраваны яго зрэз з каштоўнымі ўрокамі. Адзін з іх — вайна не павінна паўтарыцца. Урок на сёння і на будучыню.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.
Фота аўтара.

Страснае танга і вясковы каларыт

У Гомелі прайшоў гала-канцэрт выканаўцаў і калектываў — удзельнікаў другога этапу Рэспубліканскага фестывалю мастацкай творчасці навучэнцаў устаноў прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі “АРТ-вакацыі-2015”.

Удзел у “АРТ-вакацыях” прынялі 19 устаноў адукацыі Гомельскай вобласці і абласны Дом навучэнцаў і работнікаў прафесійнай адукацыі. Амаль чатыры дзясяткі нумароў прадставілі навучэнцы на суд рэспубліканскага журы.
На фінальны гала-канцэрт у Маладзечна паедуць лепшыя з лепшых. А па традыцыі самыя яркія нумары і выканаўцы былі адзначаны дыпломамі і спецыяльнымі прызамі абласнога конкурсу. Мастацкія кіраўнікі атрымалі ўзнагароды ад упраўлення адукацыі Гомельскага аблвыканкама, прафсаюзных і грамадскіх арганізацый Гомельшчыны.
Сёлетні фестываль прысвечаны 70-годдзю Вялікай Перамогі, таму не дзіўна, што пэўная частка нумароў мела ваенную тэматыку. Гэта ў сваю чаргу сугучна з мэтамі мера-прыемства, адной з якіх арганізатары называюць грамадзянска-патрыятычнае выхаванне моладзі.
Прафесійная будучыня юнакоў і дзяўчат, якія прынялі ўдзел у форуме, за выключэннем хіба толькі навучэнцаў педагагічных каледжаў, зусім не звязана са спевамі ці танцамі. Заўтра гэта будуць медыкі, будаўнікі, бухгалтары, работнікі аграпрамысловага комплексу. Але ж на сцэне яны таксама майстры. Некаторыя ўстановы прадстаўлялі на суд журы і гледачоў па некалькі нумароў у розных жанрах. Напрыклад, вакальныя здольнасці навучэнцаў Гомельскага гандлёва-эканамічнага каледжа Белкаапсаюза прадстаўляў ужо добра знаёмы гамяльчанам тэатр песні і танца “Сінтэз”, а танцавальны калектыў “Рытмы жыцця” прымусіў замерці сэрцы гледачоў, якія назіралі за страсным чырвона-чорным танга. Не менш чароўным быў вальс у выкананні навучэнцаў Краснабярэжскага аграрнага каледжа Сняжаны Александронец і Яўгена Хаўхлянцава.
Яшчэ адна пара выканаўцаў — Раксалана Азізава з Гомельскага прафесійнага ліцэя рачнога флоту і Дзмітрый Брэль з Гомельскага ліцэя будаўнікоў — надоўга застанецца ў памяці гледачоў. Нумар быў неверагодна стыльны, з цікавай рэжысёрскай задумай: Раксалана спявала песню “Танцы на шкле”, а Дзмітрый суправаджаў яе сурдаперакладам.
Цікавымі разнапланавымі танцавальнымі нумарамі парадавалі ўдзельнікі народнага ансамбля эстраднага танца “Асарці” абласнога Дома навучэнцаў і работнікаў прафесійнай адукацыі. Завадны і маляўнічы “Беларускі калейдаскоп” прымушаў весяліцца, а танец з філасофскім падтэкстам “Гаравала” — задумацца аб жыццёвай долі.
Ну а россып жанраў і добрых рэжысёрскіх задум сваіх мастацкіх кіраўнікоў паказалі будучыя педагогі — навучэнцы Лоеўскага, Рэчыцкага, Гомельскага імя Л.С.Выгоцкага педагагічных каледжаў. Асабліва запамінальным нумарам аказаўся “Вясковы малюнак” ансамбля народнай музыкі “Вясёлыя музыкі” Рагачоўскага педагагічнага каледжа. Хлопцы і дзяўчаты ўмела павялі гледача ў мінулае, да традыцый нашых продкаў. Збіраецца вясковая моладзь гуртам у святочны дзень і стварае сабе настрой. Калі няма гармоніка — не бяда! Ці мала ў сельскага жыхара пад рукой інструментаў, з якіх можна атрымаць прыгожае гучанне?! Па пары драўляных лыжак у рукі — і пайшла мелодыя, ды так закруціла ў сваім віхры, што ў ход пайшлі чыгункі на плоце і сякера, галоўнае — умела пастукваць і гучна працягнуць па лязе.
Хлопцы і дзяўчаты адпрацавалі, гледачы атрымалі задавальненне. Цяпер застаецца чакаць, якое рашэнне прыме рэспубліканскае журы. У навучэнцаў і іх кіраўнікоў, якія прымуць удзел у фінале, застанецца крыху часу, каб папрацаваць над нумарамі, што будуць прадстаўлены ўсёй рэспубліцы.

Наталля ЛУТЧАНКА.
Фота аўтара.

“АРТ-вакацыі-2015”: цэлае суквецце навацый у Год моладзі

27 сакавіка ў Мінскім дзяржаўным палацы дзяцей і моладзі быў дадзены старт другому этапу Рэспубліканскага фестывалю мастацкай творчасці навучэнцаў устаноў прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі “АРТ-вакацыі-2015”. На сцэне МДПДіМ адбыўся гала-канцэрт мінскіх удзельнікаў агляду-конкурсу “АРТ-вакацыі”. Па традыцыі арганізатарамі фестывалю выступаюць Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь і Нацыянальны цэнтр мастацкай творчасці дзяцей і моладзі. Дэвіз “АРТ-вакацый” у Год моладзі і год 70-годдзя Вялікай Перамогі больш чым красамоўны: “Моладзь і час: подзвіг у імя будучыні”.

Сёлета арганізатары фестывалю падрыхтавалі цэлы шэраг сюрпрызаў-навацый, якія абяцаюць расфарбаваць яго яскравымі і ўнікальнымі колерамі. Пачаць ужо хоць бы з таго, што фінальныя мерапрыемствы “АРТ-вакацый-2015” пройдуць 22 і 23 мая не ў сталіцы, а ў Маладзечне, прычым адразу на некалькіх пляцоўках — у маладзечанскім амфітэатры, Палацы культуры, парку Перамогі і інш. Нагадаем, што ў розныя гады заключныя гала-канцэрты “АРТ-вакацый” праходзілі ў Палацы Рэспублікі, Канцэртнай зале “Мінск”, Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі, у Летнім амфітэатры ў Віцебску. Маладзечанскія ж сцэны — зусім не горшыя за ўсе пералічаныя вышэй — прымуць фестывальны фінал упершыню. 22 і 23 мая там адбудзецца буйное рэспубліканскае дзейства “Мая прафесія — мая будучыня”, накіраванае найперш на прафарыентацыю і дэманстрацыю лепшых набыткаў нацыянальнай сістэмы прафесійнай адукацыі. У рамках гэтага свята і пройдзе фінальны гала-канцэрт удзельнікаў “АРТ-вакацый-2015”.
Адразу некалькімі цікавымі інавацыйнымі іскрынкамі адзначыцца сёлета і Рэспубліканскі конкурс лічбавай творчасці “Арт-партал”, які праводзіцца ў межах “АРТ-вакацый”. Удзельнікам конкурсу прапанавалася стварыць творчыя работы па такіх намінацыях, як інавацыя (3D-візуалізацыя, time lapse, фрызлайтынг, сэлф), відэафільм, відэакліп, рэкламны ролік, анімацыя, прэзентацыя, калаж, фотаработа. У кожнай намінацыі — свае асаблівасці. Напрыклад, героямі знятых навучэнцамі відэафільмаў стануць ветэраны працы, якія раскажуць пра сваю прафесію, гады пасляваеннага аднаўлення Беларусі. Намінацыя “Рэкламны ролік” скіравана на папулярызацыю службы ва Узброеных Сілах Рэспублікі Беларусь у маладзёжнай аўдыторыі. А відэакліпы навучэнцам прапаноўваецца зняць на песню Пятра Ялфімава “Сонца каласы”. На гэта, зразумела, сваю згоду ласкава даў сам спявак. Ён жа выбера і лепшую работу.
І, нарэшце, бадай, самай адметнай навінкай сёлетніх “АРТ-вакацый” стаў інтэрактыўны праект “Рэцытацыя. Караткевіч. Повязь часоў”. Гэты конкурс мае на ўвазе стварэнне навучэнцамі відэакліпаў ці відэасюжэтаў з індывідуальным ці калектыўным прачытаннем фрагмента з аднаго з твораў Уладзіміра Караткевіча (рамана “Лісце каштанаў”, апавядання “Дрэва вечнасці”, нарысаў “Твой зорны час”, “Родная мова”, “Людзі зямлі беларускай”, верша “На Беларусі Бог жыве”). Як паведаміла метадыст аддзела сацыякультурных праектаў і маладзёжных ініцыятыў Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі Таццяна Грышукевіч, на сённяшні дзень у праекце “Рэцытацыя” прынялі ўдзел 160 творчых работ з усіх абласцей краіны. Усе відэасюжэты былі дасканала прааналізаваны членамі журы, у фінал выйшлі 50 найбольш адметных ролікаў. “Калі мы задумвалі гэты праект, мы нават і не думалі, што ён знойдзе такі шырокі водгук ва ўстановах прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі, — адзначыла Таццяна Валер’еўна. — Прычым некаторыя інтэрпрэтацыі проста неверагодна ўражваюць! Напрыклад, навучэнцы Лідскага прафесійнага ліцэя меліярацыйнага будаўніцтва прачыталі верш “На Беларусі Бог жыве” ў стылі рэп на вельмі цікавым мультымедыйным фоне. Арыгінальна падышлі да справы ў Пінскім дзяржаўным аграрна-тэхнічным каледжы імя А.Я.Кляшчова: навучэнцы арганізавалі здымкі ў сапраўднай вясковай хаце, дзе прапанавалі гледачу захапляльную экскурсію па традыцыях, жыцці і побыце беларусаў — дакладна так, як пра ўсё гэта напісаў пісьменнік. Некаторыя сюжэты былі зняты ў музеі Уладзіміра Караткевіча ў Оршы. Словам, можна адназначна гаварыць пра тое, што праект “Рэцытацыя” цалкам апраўдаў сябе. Дарэчы, некаторыя відэасюжэты, знятыя па творах Караткевіча, ужо выкладзены на сайт Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі www.nchtdm.by.
А 27 сакавіка, як мы ўжо гаварылі ў самым пачатку, на сцэне Мінскага дзяржаўнага палаца дзяцей і моладзі ў рамках рэспубліканскага агляду-конкурсу “АРТ-вакацыі” свае таленты дэманстравалі навучэнцы ўстаноў прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі Мінска. Па добрай традыцыі сталічны гала-канцэрт складаўся з нумароў у выкананні пераможцаў гарадскога фестывалю-конкурсу самадзейнай творчасці навучэнцаў “Юнацтва”. На працягу амаль дзвюх гадзін канцэртнай праграмы разгортвалася яркае відовішча з плаўнымі пераходамі ад умоўнага гукання вясны да ваеннай тэмы і ад вайны да сучасных захапленняў моладзі.
Аўтара гэтых радкоў па-сапраўднаму ўразілі вельмі многія прадстаўленыя нумары і асобныя ўстановы адукацыі. Так, напрыклад, нельга было не заўважыць, што практычна чвэрць канцэрта (ажно 6 нумароў!) “зрабіў” Мінскі дзяржаўны прафесійна-тэхнічны каледж гандлю, і гэта былі сапраўды цудоўныя моманты. Асобны дзякуй вакальнай групе каледжа і ансамблю народнага танца “Радасць”. А джаз-банд пад кіраўніцтвам Івана Ляўкоўскага так запальваў на сцэне, што магутных дэцыбелаў не вытрымаў вялізны гаршчок з кветкамі, які стаяў на калонцы: з чарговым узятым акордам ён задрыжэў і… паваліўся ўніз, разбіўшыся на друзачкі!
Хораша прадэманстравалі сябе Мінскі дзяржаўны каледж электронікі (фальклорная вакальная група “Пралескі” і аркестр народных інструментаў “Музыкі”, калектыў жэставай песні “АРТ-жэст” і Мікіта Бысюк разам з групай The Alleyways, чытальнік уласнай жа беларускамоўнай паэзіі Арсень Пятровіч), Вышэйшы дзяржаўны каледж сувязі (мужчынскі вакальна-інструментальны ансамбль, салістка студыі вакальных эстрадных спеваў “Салаўіная калыска” Вікторыя Піўтарак, вакальны калектыў “Час ПІК”, харэаграфічны калектыў “Ажыны”), Мінскі дзяржаўны прафесійны ліцэй № 2 лёгкай прамысловасці (спявачка Маргарыта Гардзіевіч і вядучыя канцэрта Юлія Вярбіла, Ганна Харошых, Георгій Хількевіч), Мінскі дзяржаўны прафесійна-тэхнічны каледж кулінарыі (чытальнік — акцёр музычнага тэатра “АРТ-кулінар” Ілья Ярмаловіч), Мінскі дзяржаўны прафесійна-тэхнічны каледж швейнай вытворчасці (спявачкі Дана Стражэвіч і Вера Леўчанка, тэатр моды “Смелае рашэнне”), Мінскі дзяржаўны прафесійна-тэхнічны каледж лёгкай прамысловасці і бытавога абслугоўвання (вакальная група “Флеш”, дзяўчаты — выканаўцы яскравага неонавага шоу Кацярына Хомчык і Хрысціна Аляксеева), Мінскі дзяржаўны прафесійны ліцэй № 10 будаўніцтва імя І.М.Жыжаля (ансамбль “Братка беларус”, хіп-хоп-група TRESC, ансамбль эстраднай музыкі “Фіеста”), Мінскі дзяржаўны прафесійна-тэхнічны каледж чыгуначнага транспарту імя Я.П.Юшкевіча (спявак Андрэй Крачкоўскі).
З некаторымі героямі сталічнага гала-канцэрта давялося пазнаёміцца бліжэй. Так, акцёр музычнага тэатра “АРТ-кулінар” МДПТК кулінарыі Ілья Ярмаловіч, які да слёз расчуліў сваім прачытаннем Эдуарда Асадава “Эту собаку я запомнил как человека…”, усур’ёз звязвае сваё захапленне тэатрам з прафесіяй кандытара. “Бо і там жа, і там — Творчасць з вялікай літары, — гаворыць мой суразмоўца. — У тэатры я імкнуся ўплываць на людзей праз слова, а на кухні я займаюся творчасцю праз прыдумванне ўсё новых і новых упрыгажэнняў на тартах, новых рэцэптаў кандытарскіх вырабаў і г.д. Заўважце, я вучуся менавіта на кандытара, а не на кухара і афіцыянта. Кухар і афіцыянт, магчыма, і абышліся б без творчасці, а кандытар — ні ў якім разе”.
Яшчэ адзін мой суразмоўца — кіраўнік джаз-банда Мінскага дзяржаўнага прафесійна-тэхнічнага каледжа гандлю (таго самага, які зрабіў перапалох на сцэне з разбітым гаршком) Іван Мікалаевіч Ляўкоўскі. Кіруе сваім калектывам ужо 15 гадоў, і на працягу ўсяго гэтага часу яго джаз-банд штогод нязменна атрымлівае дыпломы І ступені на гарадскім фестывалі-конкурсе самадзейнай творчасці навучэнцаў “Юнацтва”. Прызнаецца, што з навучэнцамі яму працаваць нялёгка, але цікава. Самае прыемнае — калі адчуваеш, што з хлопцаў без музычнай адукацыі вырастаюць сапраўдныя музыканты і потым, ужо скончыўшы каледж, яны ўсё адно не пакідаюць любімы калектыў. А наконт разбітага падчас канцэрта гаршка Іван Мікалаевіч хітра ўсміхаецца: “Значыць, энергетыка такая ў нас магутная!”
Нарэшце, я знаёмлюся з, напэўна, адной з самых яркіх удзельніц сталічнага гала-канцэрта — навучэнкай Мінскага дзяржаўнага прафесійна-тэхнічнага каледжа швейнай вытворчасці Данай Стражэвіч, якая выканала песню ў стылі сінці-поп на народныя словы “Баравое сонейка”. Дана была адной з самых яркіх як у пераносным, так і ў літаральным сэнсе — рэдка калі можна ўбачыць выканаўцу ў народным строі з… сінімі валасамі. Яна прызнаецца, што песню “Баравое сонейка” напісаў яе родны бацька прафесійны кампазітар і музыкант Ягор Стражэвіч. Народны тэкст быў вышуканы спецыялістамі-фалькларыстамі параўнальна нядаўна, і тыя словы тады вельмі ўразілі Данінага бацьку, як, зрэшты, потым і саму Дану. Пра сябе яна расказвае, што закончыла мінскую сярэднюю школу № 1, дзе спявала ва ўзорным хоры “Дружба”, паступала сёлета ў каледж мастацтваў, але туды яе не ўзялі з-за колеру валасоў. “Я тады вельмі засмуцілася, была ў страшэннай разгубленасці, а потым выпадкова знайшла ў рукзаку рэкламку каледжа швейнай вытворчасці. І паступіла без ніякіх праблем! Я, канечне, вывучуся на швачку, у жыцці такая прафесія не перашкодзіць. Але калі закончу вучобу ў каледжы, пайду ўсё-такі па музыцы… Буду паступаць на факультэт акадэмічнага вакалу музычнага вучылішча імя М.Глінкі. Паралельна збяру групу і буду спяваць. Я хачу, каб мяне ўспрымалі як чалавека, які займаецца музыкай…”
Вось такі рознакаляровы аказаўся Мінск.
7 красавіка ў Гомелі пройдзе гала-канцэрт выканаўцаў і калектываў Гомельскай вобласці, 8 красавіка ў Магілёве — Магілёўскай вобласці, 9 красавіка ў Віцебску — Віцебскай вобласці, 15 красавіка ў Маладзечне — Мінскай вобласці, 16 красавіка ў Гродне — Гродзенскай вобласці і 17 красавіка ў Брэсце — Брэсцкай вобласці. Усё самае цікавае толькі пачынаецца…

Мікола ЧЭМЕР.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.

Маладыя, крэатыўныя, таленавітыя

На Брэстчыне завяршыўся абласны этап Рэспубліканскага агляду-конкурсу творчых калектываў і індывідуальных выканаўцаў. Мерапрыемства, арганізаванае Міністэрствам адукацыі і Нацыянальным цэнтрам мастацкай творчасці дзяцей і моладзі, праходзіла ў рамках Рэспубліканскага фестывалю мастацкай творчасці навучэнскай і студэнцкай моладзі “АРТ-вакацыі”.

Рэспубліканскі фестываль праводзіцца пад дэвізам “Эпоха таленавітых — дыялог часу і творчасці” з мэтай грамадзянска-патрыятычнага і мастацка-эстэтычнага выхавання моладзі, падтрымкі творчых ініцыятыў. Фестываль уключае шэраг рэспубліканскіх мерапрыемстваў: конкурсы лічбавай творчасці “АРТ-партал” і літаратурнай творчасці “Аўтограф”, выставу сучаснай візуальнай творчасці “АРТ-акадэмія” і агляд-конкурс творчых калектываў і індывідуальных выканаўцаў.
На працягу двух дзён студэнты чатырох устаноў вышэйшай адукацыі Брэстчыны дэманстравалі вакальныя, музычныя, харэаграфічныя і акцёрскія здольнасці. У першы дзень творчая моладзь сабралася на сцэне Брэсцкага абласнога цэнтра маладзёжнай творчасці, а ў другі — у сценах Баранавіцкага дзяржаўнага ўніверсітэта.

Да ўдзельнікаў агляду-конкурсу звярнуліся начальнік упраўлення адукацыі Брэсцкага аблвыканкама М.А.Ціханчук і старшыня Савета рэктараў Брэсцкай вобласці рэктар БрДУ імя А.С.Пушкіна М.Э.Часноўскі, якія пажадалі творчай моладзі годна прадставіць родны рэгіён на рэспубліканскім узроўні. А паглядзець у студэнтаў Брэстчыны ёсць на што.
Праграму насычанага мерапрыемства адкрылі прадстаўнікі Палескага дзяржаўнага ўніверсітэта. Выступленні студэнтаў паказалі, што іх выканальніцкі ўзровень у параўнанні з мінулымі гадамі істотна вырас. Творчымі набыткамі гледачоў радавалі народны ансамбль эстраднага танца “Альянс” (эстрадны танец “Час і творчасць”, беларускі народны танец “Го-го-го, каза” і рускі народны танец “Руская танцавальная”), народная студыя эстраднай песні “Гукі часу” (эстрадныя песні “Белы сцяг”, “Малітва”, “Каваль”, “Sway”, “Застануся” і “Show me your love”), вакальны ансамбль “Натхненне” (эстрадныя песні “Крокі” і “Выратуем наш свет”) і клуб аматараў лацінаамерыканскай культуры Solymar (бальныя танцы Magalena samba de Rio і Fiesta latina).

Шмат незабыўных уражанняў падарылі гледачам і студэнты Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.С.Пушкіна. Выступленні выканаўцаў чаргаваліся з паказам урыўкаў вядомых мастацкіх фільмаў. Гэта нядзіўна, бо праграма “пушкінцаў” называлася “Увага! Здымаецца кіно!”.
Алеся Гапановіч і Сяргей Палячук надзвычай душэўна выканалі рускую народную песню “У гаі спяваў салоўка”. Тэатр жывога слова “Венікі” парадаваў публіку рускімі народнымі скорагаворкамі. Майстэрскую ігру на акардэоне паказалі Віктар Іванюк і Вольга Каткавец. Ярка станцавалі джайв Цімох Стаін і Наталля Старыновіч. Дзяніс Гардзіенка і Аляксандр Бірукоў прадэманстравалі ўменні ў кёкусінкай будо каратэ. Школа танца One way прапанавала ацаніць танцавальныя здольнасці дзяўчат у камуфляжнай форме.
Шмат адметных нумароў было ва ўдзельнікаў студыі эстрадных спеваў “Прыступкі”. Надзвычай пранікнёна спявалі Ірына Замулка, Яна Буцкевіч, Кацярына Пунько, Святлана Бялевіч і Аляксандра Халопава. Надоўга запомніцца і выступленне квартэта “Алегрыя”. Самым запамінальным і відовішчным нумарам стаў выхад Андрэя Семенюка, які цудоўна перастварыў па-руску “Гангнам стайл” з рэпертуару PSY.

Шмат станоўчых эмоцый выклікалі выступленні студэнтаў Брэсцкага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта. Адчувалася, што прадстаўнікі вакальных груп “Трыумф” і “Віват”, харавога калектыву “Белая вежа”, ансамбля скрыпачоў, інструментальнага ансамбля эстраднай музыкі, тэатральнай студыі “Слова”, калектываў народнай песні “Млын” і народнага танца “Крутуха”, а таксама калектыву эстраднага танца “Эдэльвейс” па-сапраўднаму ўлюбёны ў творчасць і адносяцца да любімага занятку з усёй душой. Асабліва запомніліся “Серэнада месячнага святла” Глена Мілера і “Квінта” з польскага кінафільма “Ва-банк”, а таксама фрагмент спектакля “Канёк-гарбунок”. Харэаграфічныя і вакальныя нумары ўражвалі кампазіцыйнай прадуманасцю і майстэрскім выкананнем.
Студэнты Баранавіцкага дзяржаўнага ўніверсітэта прапанавалі гледачам яркае шоу, якое складалася з выступленняў народнага тэатра мініяцюр “Сафіт” (тэатралізаваная кампазіцыя “Дыялог эпох”), ансамбля вакалістаў народнай студыі эстраднай песні “Талент” (песні “Неба”, “Сэрца ў далонях”, “Rolling in the deep”, “Ты на свеце ёсць” і “Таму што мы пілоты”), харэаграфічнага калектыву “Імпрэза” (танцы “Пятачок” і “Мая Беларусь”), народнага ансамбля “Музычны гасцінец” (інструментальныя кампазіцыі “Беларуская полька” і “Падэспань”, песня “Дранікі”), клуба “Я і гітара” (вакальна-інструментальная кампазіцыя “Хіты мінулага стагоддзя” і інструментальная кампазіцыя “Палёт чмяля”), народнага тэатра моды “Світа” (кампазіцыя “Сустрэча ў Парыжы”), танцавальнай групы D’slaves (танец “Emotion”) і вакальнай групы “Фольк-мажор” (песня “Пайшла млада”).

 

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.
Фота аўтара.