Пакуль прастуда на канікулах

Сітуацыя па вострых рэспіраторных інфекцыях у Беларусі знаходзіцца на ўзроўні, які характэрны для гэтага перыяду года, узровень захваральнасці гэтымі інфекцыямі даволі нізкі. У асноўным медыкі выяўляюць вірусы негрыпознай этыялогіі — адэнавірусы, паравірусы і г.д. Хаця выяўляюцца і спарадычныя (адзінкавыя) выпадкі захворвання на грып, перш за ўсё грып тыпу А(H3N2), а таксама тыпу В.

Характарызуючы эпідэміялагічную сітуацыю ў краіне, намеснік начальніка аддзела гігіены, эпідэміялогіі і прафілактыкі Міністэрства аховы здароўя Іна Карабан расказала, што нядаўнія зімовыя канікулы школьнікаў паспрыялі таму, што сітуацыя і па грыпе, і па іншых інфекцыях заставалася спакойнай. А хутка пачнуцца канікулы ў студэнтаў устаноў вышэйшай адукацыі і каледжаў, што таксама нядрэнна з пункту погляду стрымлівання захваральнасці.

Прынамсі, прыняць рашэнне аб увядзенні каранціну ў школе ці іншай установе адукацыі мясцовыя ўлады могуць, калі больш за 30% навучэнцаў будуць адсутнічаць на занятках з прычыны менавіта пэўнага інфекцыйнага захворвання. У нашай краіне такога не здараецца ўжо не першы год. А сітуацыя як у школах, так і ў любых іншых арганізаваных калектывах адсочваецца ў адпаведнасці з Санітарнымі правіламі па вострых рэспіраторных інфекцыях, праводзяцца прафілактычныя мерапрыемствы.

— Наш прагноз аб сітуацыі пакуль апраўдваецца. Раней мы гаварылі, што рост захваральнасці пачнецца ў канцы студзеня — пачатку лютага. Пакуль гэта так, — заўважыла на сустрэчы з журналістамі І.А.Карабан.

Наталля Грыбкова, кіраўнік Нацыянальнага цэнтра па грыпе РНПЦ эпідэміялогіі і мікрабіялогіі, дадала, што, па даных Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, сёлета вакцынныя вірусы і тыя, што цыркулюць не толькі ў Беларусі, але і ў іншых краінах паўночнага паўшар’я, супадаюць. Значыць, прышчэпкі мы зрабілі правільныя, а ўсе пацыенты беларускіх бальніц і паліклінік, у якіх ужо выяўлены грып, не прышчапіліся ад яго.

Іна Карабан нагадала, што ў гэтым сезоне прышчапілася каля 41% беларусаў у цэлым, сярод дзяцей прышчэпкі атрымалі прыкладна 60%. І гэта не так многа, як лічаць мэтазгодным урачы для змяншэння захваральнасці на грып.

— Працэс вакцынацыі дзяцей, як і дарослых, ідзе дастаткова цяжка, — дадала Іна Аляксандраўна, — нягледзячы на тое, што асветніцкая работа вядзецца вельмі інтэнсіўна. Але бацькі ставяцца да вакцынацыі супраць грыпу зусім не так, як, скажам, да вакцынацыі супраць краснухі або паратыту, хаця пасля грыпу таксама бываюць ускладненні.

Урачы, дарэчы, яшчэ раз нагадваюць, што прышчэпка не гарантуе таго, што чалавек не захварэе на грып, але яна ўратуе ад сур’ёзных ускладненняў, знізіць цяжар самога захворвання. Аналіз любога сезона захваральнасці на вострыя рэспіраторныя інфекцыі, які доўжыцца з кастрычніка па май, нязменна паказвае, што менш за 4% тых, хто прышчапіўся ад грыпу, хварэюць на яго, пры гэтым хвароба праходзіць у іх не так цяжка. Усе астатнія, хто захварэў, прышчэпак не рабілі.

Абсалютна дакладна прадказаць сітуацыю па развіцці эпідэміялагічнай сітуацыі, як прызнаюцца спецыялісты, немагчыма, але пакуль усе даныя гавораць аб тым, што сёлета яне не стане экстраардынарнай.

Марына ХІДДЖАЗ.

Беларуская прадукцыя адпавядае ўсім патрабаванням саюза

Прадукцыя жывёльнага паходжання Беларусі адпавядае ўсім патрабаванням ветэрынарна-санітарнага кантролю Еўразійскага эканамічнага саюза (ЕАЭС). Аб гэтым заявіў член Калегіі (міністр) па прамысловасці і аграпрамысловым комплексе Еўразійскай эканамічнай камісіі (ЕЭК) Сяргей Сідорскі, паведамілі ў прэс-службе ЕЭК.

“ЕЭК у рамках сваіх паўнамоцтваў прыняла асноўныя неабходныя дакументы па пытаннях ветэрынарна-санітарнага кантролю прадукцыі жывёльнага паходжання згодна з дагаворам аб Еўразійскім эканамічным саюзе, — адзначылі ў камісіі. — Сістэмы ветэрынарна-санітарнага кантролю Арменіі, Беларусі, Казахстана і Расіі прызнаны эквівалентнымі адна адной. Усе дзеянні ўпаўнаважаных органаў бакоў у галіне ветэрынарнага кантролю (нагляду) рэгламентаваны рашэннем камісіі Мытнага саюза, зыходзячы з якога ветэрынарны кантроль і нагляд у частцы гатовай жывёлагадоўчай прадукцыі ажыццяўляецца толькі адносна эпізаатычнай стабільнасці”.

Раней Федэральная служба па ветэрынарным і фітасанітарным наглядзе Расійскай Федэрацыі (Рассельгаснагляд) абмежавала пастаўкі ў Расію прадукцыі жывёльнага паходжання прадпрыемстваў Беларусі. Ведамства лічыць, што прадукцыя, вырабленая ў рэспубліцы, не адпавядае патрабаванням тэхнічных рэгламентаў ЕАЭС.

Паводле слоў Сяргея Сідорскага, выяўленне парушэнняў, не звязаных з ветэрынарнымі рызыкамі, не павінна з’яўляцца падставай для ўвядзення ветэрынарных мер па абмежаванні паставак прадукцыі беларускіх прадпрыемстваў.

Па выніках рабочай сустрэчы з удзелам супрацоўнікаў профільных дэпартаментаў ЕЭК па ўрэгуляванні пытанняў паставак беларускай прадукцыі на рынак Расіі прадстаўнікі Рассельгаснагляду, Мінсельгаса Расіі, Мінсельгасхарча Беларусі дамовіліся аб мерах па вырашэнні ў трохдзённы тэрмін сітуацыі, якая склалася. У рамках дамоўленасцей беларускі бок прадставіў Рассельгаснагляду і Еўразійскай эканамічнай камісіі ўсе неабходныя матэрыялы.

“Лічу, што дакументы ў поўнай меры адказваюць на пастаўленыя пытанні, аднак практычных захадаў з боку Рассельгаснагляду па зняцці абмежаванняў не робіцца, — падкрэсліў Сяргей Сідорскі. — У сувязі з адсутнасцю ў ЕЭК механізмаў уплыву на нацыянальныя органы дзяржаўнай улады Беларусь мае права звярнуцца ў Суд Еўразійскага эканамічнага саюза для канчатковага вырашэння гэтага пытання”.

Беларусь была і застаецца адной з вядучых краін — вытворцаў ільновалакна

Выкарыстанне патэнцыялу льняной галіны можа ўнесці істотны ўклад у эканоміку. Аб гэтым заявіў прэм’ер-міністр Андрэй Кабякоў на пасяджэнні Прэзідыума Савета Міністраў, на якім разглядаліся пытанні выканання даручэнняў кіраўніка дзяржавы і ўрада па павышэнні эфектыўнасці вырошчвання льну, вытворчасці і перапрацоўкі льновалакна, паведамілі ў прэс-службе ўрада.

Паводле слоў Андрэя Кабякова, Беларусь была і застаецца адной з вядучых краін — вытворцаў ільновалакна. Да аб’ектыўных канкурэнтных пераваг адносяцца і спрыяльныя прыродна-кліматычныя ўмовы для вырошчвання льну. На яго думку, выкарыстанне патэнцыялу льнянога падкомплексу можа ўнесці істотны ўклад у эканоміку краіны за кошт усё большага попыту на льняную прадукцыю на знешнім рынку.

Кіраўнік урада таксама адзначыў, што для павышэння эфектыўнасці першаснай перапрацоўкі льну ў рэспубліцы праведзена мадэрнізацыя арганізацый ільняной галіны шляхам набыцця сучаснага высокапрадукцыйнага абсталявання. У 2016 годзе льнотрасту перапрацоўвалі 29 ільнозаводаў, на якіх устаноўлены 54 тэхналагічныя лініі выпрацоўкі льновалакна, у тым ліку 10 высокапрадукцыйных.

Асноўныя задачы, якія цяпер вырашаюцца ў ільняным падкомплексе, — павышэнне якасці льновалакна з адначасовым зніжэннем яго сабекошту, а таксама павелічэнне глыбіні перапрацоўкі льновалакна з выхадам на гатовыя вырабы з высокай дабаўленай вартасцю, адзначыў прэм’ер-міністр.

Дзяржава будзе падтрымліваць тых, хто зрабіў выбар на карысць нараджэння дзяцей

2016 год мае шанс увайсці ў гісторыю Беларусі не толькі тым, што ўпершыню з моманту атрымання незалежнасці дасягнуты натуральны прырост насельніцтва (на гэтым зрабіў акцэнт у сваім навагоднім звароце Прэзідэнт Беларусі), але і новым рэкордам па колькасці дзяцей, якія з’явіліся на свет. Якая дынаміка нараджальнасці, чым характарызуюцца рэпрадуктыўныя паводзіны беларусаў — гэтыя і іншыя пытанні сталі прадметам вывучэння ў новым даследаванні, асноўныя папярэднія вынікі якога прадаставілі ў Міністэрстве працы і сацыяльнай абароны.

Як вядома, нараджальнасць — адзін з найважнейшых кампанентаў узнаўлення насельніцтва, таму менавіта на стымуляванне нараджальнасці была накіравана дэмаграфічная палітыка дзяржавы ў апошняе дзесяцігоддзе, прыняты беспрэцэдэнтныя меры па падтрымцы сем’яў з дзецьмі.

Трэба нагадаць, што з канца 80-х гадоў ХХ стагоддзя колькасць народжаных у краіне дзяцей зніжалася, дасягнуўшы мінімуму ў 2003 годзе, калі нарадзіліся толькі 88,5 тысячы дзяцей, а агульны каэфіцыент нараджальнасці склаў 9 праміле. Потым пачалося паступовае павышэнне асноўных паказчыкаў нараджальнасці. І ў 2015 годзе ў параўнанні з 2000-м колькасць нованароджаных узрасла на 27 працэнтаў да 119 тысяч дзяцей — гэта найвышэйшы паказчык з 1993 года.

Дасягнуты ў краіне ўзровень нараджальнасці адпавядае сярэднім еўрапейскім паказчыкам. Паводле статыстычных даных, у 2014 годзе ўзровень нараджальнасці ў Беларусі быў вышэйшы, чым у іншых краінах Усходняй Еўропы, а таксама ў найбліжэйшых суседзяў — Украіны (1,5), Літвы (1,63), Латвіі (1,65), Польшчы (1,29), але ніжэйшы, чым у Расіі (1,75), а таксама краінах з ужо традыцыйна высокім па еўрапейскіх мерках узроўнем нараджальнасці — Францыі (1,98), Швецыі (1,88), Ісландыі (1,93), Ірландыі (1,95) і іншых.

Айчынная статыстыка таксама сведчыць аб павышэнні інтэнсіўнасці нараджэння другіх, трэціх і наступных дзяцей.

У выніку павышэння інтэнсіўнасці нараджэння другога і наступных дзяцей удзельная вага першынцаў скарацілася да 42,8 працэнта, адпаведна, доля другіх дзяцей павялічылася да 40,5 працэнта, трэціх і наступных — да 16,8 працэнта ад агульнай колькасці нованароджаных.

Яшчэ адна важная пазітыўная тэндэнцыя — у апошнія гады змяншаецца колькасць і доля пазашлюбных дзяцей: калі ў 2005 годзе кожнае чацвёртае дзіця было народжана па-за шлюбам (24,2 працэнта), то да 2015 года іх удзельная вага знізілася да 13,8 працэнта. Гэта сведчыць аб павышэнні значнасці афіцыйна зарэгістраванага шлюбу.

Як паказваюць шматлікія сацыялагічныя даследаванні, жаданне мець двух дзяцей застаецца пераважным на працягу многіх гадоў. І значыць, аб’ектыўна ёсць рэзерв павышэння нараджальнасці на аснове рэалізацыі індывідуальных намераў сем’яў.

Чаму пры рэпрадуктыўным намеры нарадзіць двух дзяцей сем’і ўсё ж выбіраюць аднадзетнасць? Прычыны розныя, яны абумоўлены ў першую чаргу эканамічнымі фактарамі (недастатковая забяспечанасць сем’яў жыллём, зніжэнне ўзроўню жыцця пры з’яўленні дзіцяці), праблематычнасцю сумяшчэння мацярынства і бацькоўства з працоўнай дзейнасцю (абмежаванае прапанаванне аб’ёму і відаў паслуг па доглядзе, развіцці дзяцей, асабліва малодшага дашкольнага ўзросту, неразвітая практыка прымянення гібкіх форм і відаў занятасці, нізкая ступень уключанасці жанчын, якія выхоўваюць дзяцей да 3 гадоў, у рынак працы), гендарным дысбалансам у пытаннях размеркавання сямейных і бацькоўскіх абавязкаў.

Прынята лічыць, што рэпрадуктыўныя паводзіны звязаны выключна з сацыяльнымі трансфертамі. Аднак асноўнай крыніцай даходаў для насельніцтва з’яўляецца заработная плата. Разам з тым значнасць сацыяльных трансфертаў высокая ў перыяд, калі жанчына традыцыйна спыняе прафесійную актыўнасць у сувязі з водпускам па доглядзе дзіцяці.

Нарадзіць або не нарадзіць дзіця — кожная сям’я сама робіць свой выбар. Дзяржава ж і ў далейшым, як бы ні было складана, будзе падтрымліваць тых, хто зрабіў выбар на карысць нараджэння дзяцей, запэўніў Прэзідэнт Беларусі ў навагоднім звароце.

Алена ПРУС, БелТА.

Золатавалютныя рэзервы выраслі

Золатавалютныя рэзервы Беларусі ў снежні 2016 года ў адпаведнасці з метадалогіяй Міжнароднага валютнага фонду павялічыліся на $88,9 млн і, паводле папярэдніх даных, на 1 студзеня 2017 года склалі $4 млрд 927 млн у эквіваленце. Аб гэтым паведамілі ва ўпраўленні інфармацыі і грамадскіх сувязей Нацыянальнага банка.

У нацыянальным вызначэнні аб’ём золатавалютных рэзерваў зменшыўся на $128,5 млн і на 1 студзеня склаў $5 млрд 185 млн у эквіваленце.

Павелічэнню золатавалютных рэзерваў садзейнічалі паступленне сродкаў ад продажу Нацыянальным банкам і Міністэрствам фінансаў аблігацый, намінаваных у замежнай валюце, а таксама паступленні ад спагнання экспартных пошлін на нафту і нафтапрадукты. Стрымальны ўплыў на дынаміку рэзерваў аказала планавае пагашэнне Нацбанкам і ўрадам знешніх і ўнутраных абавязацельстваў у замежнай валюце.

Па выніках 2016 года золатавалютныя рэзервы Беларусі павялічыліся на $751,4 млн, у нацыянальным вызначэнні — на $717,3 млн.

Асноўнымі фактарамі росту ўзроўню ЗВР сталі чыстая купля Нацыянальным банкам замежнай валюты на таргах ААТ “Беларуская валютна-фондавая біржа”, якая сфарміравалася ў выніку перавышэння прапанавання валюты над попытам на яе на ўнутраным валютным рынку; прыцягненне сродкаў ад продажу Нацбанкам і Міністэрствам фінансаў аблігацый, намінаваных у замежнай валюце; паступленне двух траншаў фінансавага крэдыту Еўразійскага фонду стабілізацыі і развіцця; паступленне сродкаў ад спагнання экспартных пошлін на нафту і нафтапрадукты, а таксама павелічэнне кошту золата на міжнародным рынку каштоўных металаў.

Пры гэтым урадам і Нацыянальным банкам у поўным аб’ёме выкананы знешнія і ўнутраныя абавязацельствы ў замежнай валюце.

Абараняць сваё

Нарматыўная база Беларусі дае магчымасць аператыўна рэагаваць на выклікі сучаснасці. Такое меркаванне выказаў старшыня Пастаяннай камісіі па нацыянальнай бяспецы Палаты прадстаўнікоў Валянцін Міхневіч.

Беларускія праваахоўныя органы ўдасканальваюць метады работы з улікам новых выклікаў. “Мы павышаем узровень баявой падрыхтоўкі, мадэрнізуем усе свае тэхнічныя сродкі, што садзейнічае і павышэнню ўзроўню абараназдольнасці, і забеспячэнню грамадскай бяспекі”, — адзначыў дэпутат. Нарматыўная прававая база Беларусі таксама дае магчымасць аператыўна рэагаваць на ўсе выклікі і пагрозы сучаснасці. “Нашы праваахоўнікі працуюць над тым, каб удасканальваць заканадаўства, каб быў эфектыўны інструментарый для процідзеяння, папярэджання, прафілактыкі злачын­стваў”, — дадаў Валянцін Міхневіч.

Як падкрэсліў у сваім навагоднім звароце Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, у розных кутках планеты ўспых­ваюць узброеныя канфлікты, учыняюцца тэракты, і захаваць Беларусь астраўком стабільнасці і спакою было няпроста. Але зрабіць гэта ўдалося, забяспечыўшы мір і бяспеку грамадзян. “Мы павінны ў рамках ужо ваенна-палітычных блокаў, Арганізацыі Дагавора аб калектыўнай бяспецы рабіць астравок бяспекі шырэйшым на тэрыторыі ўсіх краін — удзельніц АДКБ”, — сказаў Валянцін Міхневіч. Для гэтага праваахоўнікам неабходна ў тым ліку і далей забяспечваць аператыўны абмен інфармацыяй.

Старшыня Пастаяннай камісіі звярнуў увагу, што прэзідэнт у сваім навагоднім звароце асобна закрануў тэму нацыянальнай бяспекі. Кіраўнік дзяржавы нагадаў аб міралюбівай палітыцы Беларусі і адначасова аб неабходнасці трымаць порах сухім. “Беларусь заўсёды была міралюбівай дзяржавай, яна заўсёды вяла такую палітыку. Ад нас ніякай пагрозы не ідзе, але сваё мы будзем аба­раняць”, — рэзюмаваў дэпутат.

Прадукцыя найвышэйшай якасці

Беларускія прадукты харчавання, якія пастаўляюцца ў Расію, — найвышэйшай якасці, заявіў Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Расіі ў Беларусі Аляксандр Сурыкаў.

“Граніцу Расіі за 10 месяцаў перасякло 1,1 млн т мяса-малочных прадуктаў харчавання. Гэта каласальныя аб’ёмы паставак. Вернута службамі Рассельгаснагляду назад вытворцам 7,5 тысячы т. Гэта сведчыць аб тым, што беларускія прадукты харчавання, якія пастаўляюцца, — найвышэйшай якасці”, — адзначыў пасол.

Адносна беларускіх прадпрыемстваў, для якіх абмежаваны допуск на расійскі рынак, Аляксандр Сурыкаў лічыць іх колькасць нязначнай. Паводле яго даных, усяго 20 з 600. “Гэтая лічба таксама сведчыць аб найвышэйшай якасці беларускіх прадуктаў харчавання”, — сказаў ён.

Аляксандр Сурыкаў падкрэсліў, што 95 працэнтаў беларускіх прадуктаў харчавання, якія ідуць на экспарт, пастаўляюцца на расійскі рынак.

Што тычыцца фальсіфікату, што выяўляецца ў Расіі пад маркай беларускай прадукцыі, то Аляксандр Сурыкаў лічыць, што гэта таксама паказчык якасці беларускіх прадуктаў.

Краінавыя праваахоўныя рэзалюцыі не служаць справе заахвочвання правоў чалавека

Непрыманне любых краінавых праваахоўных рэзалюцый у ААН з’яўляецца прынцыповай пазіцыяй Беларусі. Аб гэтым гаворыцца ў каментарыі начальніка ўпраўлення інфармацыі прэс-сакратара МЗС Беларусі Дзмітрыя Мірончыка ў сувязі з практыкай прыняцця краінавых рэзалюцый Генеральнай Асамблеяй ААН па правах чалавека.

“Як мы ўжо неаднаразова падкрэслівалі, непрыняцце любых краінавых праваахоўных рэзалюцый незалежна ад таго, дзе яны прымаюцца і па якой краіне разглядаюцца, з’яўляецца нашай прынцыповай пазіцыяй. Мы прытрымліваемся такой лініі дакладна і паслядоўна. Цвёрда перакананы ў тым, што краінавыя праваахоўныя рэзалюцыі не служаць справе заахвочвання правоў чалавека, а выкарыстоўваюцца асобнымі краінамі для вырашэння сваіх палітычных, эканамічных і іншых інтарэсаў супраць дзяржаў, якія праводзяць незалежную знешнюю палітыку”, — падкрэсліў прэс-сакратар.

У МЗС яшчэ раз адзначылі, што адзіным на сённяшні дзень міжнародна прызнаным і справядлівым інструментам ацэнкі сітуацыі з правамі чалавека ў дзяржавах — членах ААН з’яўляецца Універсальны перыядычны агляд, што выкарыстоўваецца ў рамках Савета ААН па правах чалавека.

Нагадаем, што 19 снежня 2016 года ў Генеральнай Асамблеі ААН у Нью-Ёрку адбыўся разгляд так званых краінавых праваахоўных рэзалюцый, якія 15 лістапада былі прыняты ў рамках Трэцяга камітэта Генасамблеі. Як і 15 лістапада, дэлегацыя Беларусі прагаласавала супраць усіх такіх рэзалюцый.

Навучыцца пазнаваць і разумець адно аднаго

Адносіны Беларусі і Савета Еўропы развіваюцца ў вельмі пазітыўным ключы. Аб гэтым заявіў дакладчык па Беларусі камісіі па палітычных пытаннях і дэмакратыі Парламенцкай асамблеі Савета Еўропы (ПАСЕ) Андрэа Рыгоні.

“Цяпер адносіны Беларусі і Савета Еўропы вельмі пазітыўныя. Гэта пацвярджае тое, што зараз арганізоўваюцца сумесныя мерапрыемствы: як Беларусь прысутнічае ў Савеце Еўропы, так і прадстаўнікі арганізацыі прыязджаюць у Беларусь”, — сказаў Андрэа Рыгоні.

Прадстаўнік ПАСЕ таксама адзначыў, што прысутнічаў у якасці наглядальніка на праведзеных у Беларусі парламенцкіх выбарах і Савет Еўропы мае намер запрасіць беларускіх дэпутатаў на сваю штогадовую сесію ў студзені. “Мы яшчэ не пазнаёміліся з новым парламентам, але плануем, што ў студзені ў Страсбургу будзе такая магчымасць, — дадаў ён. — Прадстаўнікі Беларусі будуць запрошаны ў палітычную камісію для абмеркавання надзённых пытанняў парадку дня ў рамках адной з сесій Савета Еўропы”.

У сваю чаргу дырэктар Савета Еўропы па палітычных пытаннях Аляксандр Гесэль звярнуў увагу, што апошнія пяць гадоў адносіны паміж Беларуссю і Саветам Еўропы былі перазапушчаны, адбыўся вялікі прагрэс у супрацоўніцтве. У прыватнасці, у Беларусі з’явіўся інфармацыйны пункт Савета Еўропы, і бакі гатовы развіваць узаемадзеянне па розных напрамках. “Штогод мы праводзім прыкладна 45—50 мерапрыемстваў — гэта вельмі шмат для краіны, якая фармальна не з’яўляецца членам Савета Еўропы, — сказаў ён. — Кожны год у Беларусь прыязджае прыкладна 120 экспертаў: нам неабходна сустракацца, пазнаваць адно аднаго і разумець, у якім напрамку развіваць супрацоўніцтва”.

Урад вызначыў ключавыя паказчыкі эфектыўнасці работы

Пастановай Савета Міністраў ад 8 снежня 2016 года № 1008 “Аб рэалізацыі задач сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь на 2017 год”зацверджаны паквартальныя значэнні ключавых паказчыкаў эфектыўнасці работы на 2017 год для ўрада і Нацыянальнага банка, кіраўнікоў рэспубліканскіх органаў дзяржаўнага кіравання, а таксама кіраўнікоў аблвыканкамаў і Мінскага гарвыканкама.

У якасці ключавых паказчыкаў эфектыўнасці работы вызначаны для кіраўнікоў: дзяржорганаў — найважнейшыя мэтавыя паказчыкі заказчыкаў дзяржаўных праграм на 2017 год; раённых, гарадскіх выканкамаў — экспарт тавараў і паслуг, прамыя замежныя інвестыцыі, колькасць працаўладкаваных грамадзян на наваствораныя рабочыя месцы за кошт стварэння новых вытворчасцей і прадпрыемстваў; арганізацый, маёмасць якіх знаходзіцца ва ўласнасці дзяржавы або ў статутных фондах якіх 50 і больш працэнтаў акцый належыць дзяржаве, — чысты прыбытак, рэнтабельнасць продажаў, зніжэнне ўзроўню затрат на вытворчасць і рэалізацыю прадукцыі, тэмпы росту экспарту тавараў, паслуг.

Вызначаны таксама паказчыкі эфектыўнасці дзейнасці для кіраўнікоў банкаў, у статутных фондах якіх 50 і больш працэнтаў акцый належыць дзяржаве, Банка развіцця Беларусі, страхавых арганізацый, маёмасць якіх знаходзіцца ва ўласнасці дзяржавы або ў статутных фондах якіх 50 і больш працэнтаў акцый належыць дзяржаве.

Пры гэтым паказчыкі эфектыўнасці работы не могуць быць даведзены да арганізацый, не адзначаных у пастанове, і не могуць быць зменены адносна вышэйпералічаных кіраўнікоў (за выключэннем кіраўнікоў дзяржорганаў, раённых, гарадскіх выканкамаў).

Акрамя таго, дакументам вызначаны меры па дасягненні ключавых паказчыкаў. У прыватнасці, Міністэрству эканомікі даручана прадстаўляць ва ўрад аналітычную інфармацыю аб тэндэнцыях і праблемных пытаннях сацыяльна-эканамічнага развіцця рэспублікі і рэгіёнаў, а таксама праекты пастаноў Савета Міністраў аб крэдытаванні дзяржпраграм і мерапрыемстваў у 2017 годзе.