Казачнае свята для малых

Звыш 500 магілёўскіх дзяцей напярэдадні навагодніх свят атрымалі магчымасць апынуцца ў сапраўднай казцы. Чароўным святам для іх стала традыцыйная губернатарская ёлка.

Святочнае мерапрыемства стала цэнтральнай падзеяй рэалізацыі акцыі “Нашы дзеці”. ­Удзел у гэтай урачыстасці прынялі сіроты, дзеці з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, а таксама выдатнікі вучобы, пераможцы алімпіяд, конкурсаў, лідары і актывісты дзіцячых грамадскіх арганізацый. Навагодняе чараўніцтва ахутвала дзяцей яшчэ ў фае абласнога Цэнтра творчасці. Тут іх сустракалі Дзед Мароз, Снягурка, іншыя казачныя персанажы. Разам з імі дзеці вадзілі карагоды, пелі песні, танцавалі вакол ёлкі.

Пасля з надыходзячымі святамі дзяцей павіншаваў старшыня аблвыканкама Ула­дзімір Даманеўскі. Ён адзначыў, што за мінулы год магілёўскія навучэнцы дасягнулі высокіх вынікаў у вучобе, творчасці, спорце.

— За вамі будучыня не толькі нашага рэгіёна, а ўсёй краіны. Упэўнены, усе вы станеце годнымі грамадзянамі, бо мы, дарослыя, будзем усяляк падтрымліваць вас у гэтым станаўленні. Няхай у новым годзе вашы поспехі памнажаюцца, жаданні спраўджваюцца, а няўдачы застаюцца ў мінулым, — пажадаў Уладзімір Віктаравіч дзецям.

На губернатарскай ёлцы кожны атрымаў прысмакі. Своеасаблівым падарункам для дзяцей стаў і прагляд паказу-мюзікла “Шчаўкунчык і Мышыны кароль”, падрыхтаванага прадстаўнікамі абласнога Цэнтра творчасці.

Аналагічныя навагоднія ёлкі ў рамках акцыі “Нашы дзеці” адбудуцца ва ўсіх райцэнтрах вобласці.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота аўтара.

Душэўнае свята для ветэранаў

Мы любім навагоднія святы за тое, што яны дораць нам асаблівы настрой і непаўторную атмасферу. Але галоўнае — гэта магчымасць адчуць цеплыню чалавечых сэрцаў, а таксама агарнуць дабрынёй і любоўю іншых. У гэтыя чароўныя дні выхаванцы Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі дарылі сваю творчасць і ўвагу жыхарам гарадскога дома-інтэрната “Світанак”.

Гарадскі дом-інтэрнат для ветэранаў вайны і працы “Світанак” адкрыўся ў 2010 годзе ў пасёлку Траскоў­шчына Мінскага раёна. Сёння тут 87 жыхароў — гэта людзі, якія сваімі подзвігамі і шчырай працай стваралі гісторыю і дабрабыт нашай краіны. Сярод іх нават ёсць ветэран, удзельнік Вялікай Айчыннай вайны, які 3 ліпеня 1944 года адным з першых уехаў на танку ў Мінск падчас вызвалення сталіцы ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Дастойныя людзі тут жывуць у годных умовах, ім прада­стаўляецца жыллё, харчаванне, медыцынскае абслугоўванне.

 — Жыхары дома-інтэрната добра забяспечваюцца дзяржавай, — расказвае Алена Міхайлаўна Варывончык, дырэктар дома-інтэрната “Світанак”, — але, акрамя матэрыяльных рэчаў што­дзённага камфорту, ім патрэбны ўвага, клопат, дабрыня і пазітыўныя эмоцыі. Таму яны вельмі рады гасцям і асабліва дзецям.

І сапраўды шчырай радасцю была напоўнена зала, дзе сабраліся ветэраны для сустрэчы з юнымі гасцямі. Выхаванцы Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі выступалі тут упершыню і адчувалі вялікую адказ­насць.

— Гэта будзе самае душэўнае выступленне, па-дамашняму цёплае. І я рада, што магу павіншаваць са святамі лю­дзей, якія так многа для нас зрабілі, нашых ветэранаў, — гаворыць Ліза Акуліч, выхаванка НЦМТДіМ.

Сваю творчасць ветэранам дарылі ўзорны харэаграфічны ансамбль “Дзіця свету”, харэаграфічны ансамбль “Смайлікі”, ансамбль сучаснай харэаграфіі “Натхненне”, выхаванцы аддзялення эстраднага вакалу і тэатра юнацкай творчасці. Праграма атрымалася разнастайнай, а завяршылі яе віншаванні Дзеда Мароза і Снягуркі, у ролі якіх выступілі супрацоўнікі НЦМТДіМ.

— Мне вельмі спадабалася, я люблю канцэрты, творчыя выступленні, сама некалі выступала ў самадзейных калектывах, — дзеліцца ўражаннямі Галіна Рыгораўна Жыранчук, жыхарка дома-інтэрната. — А выступленні дзяцей люблю больш за іншыя, бо яны асаблівыя, шчырыя. Мы ўсе вельмі ўдзячны, што дзеці зрабілі нам такі падарунак, і што наогул не забываюць нас.

Педагогі НЦМТДіМ адзначаюць, што такія мерапрыемствы — гэта не проста добрая справа, але і выхаваўчая работа. Дзеці вучацца павазе да старэйшых, разумеюць значнасць дабрачыннасці і каштоўнасць добразычлівых чалавечых зносін. Верагодна, гэтая навагодняя акцыя стане пачаткам узаемадзеяння паміж домам-інтэрнатам “Світанак” і НЦМТДіМ, аб наступнай сустрэчы, 23 лютага, дзеці з ветэранамі ўжо дамовіліся.

Дар’я РЭВА.
Фота аўтара.

Загадаць жаданне

Навагодняе свята — адно з самых любімых і запамінальных. Яно аб’ядноўвае і настаўнікаў, і бацькоў, і дзяцей. Гэта не толькі новая дата ў новенькім календары, але і новыя мэты, чаканні, уражанні. Навагодняе свята дае магчымасть кожнаму дзіцяці паверыць у цуды і казку, спадзявацца і верыць у самае лепшае. Яго немагчыма ўявіць без зялёнай пыгажуні-ёлкі, навагодніх падарункаў і сувеніраў.

У нашай установе адукацыі падрыхтоўка да навагодніх свят пачынаецца загадзя. На занятках аб’яднанняў па інтарэсах “ Прыгажосць сваімі рукамі”, “Млын моды” навучэнцамі ствараюцца сняжынкі, ёлачные цацкі, ліхтарыкі, выцінанкі, якімі потым упрыгожваюць фае школы, класы, вокны, ёлку. Ствараюцца віншавальныя паштоўкі і сувеніры для родных і сяброў.

Святочны настрой пануе на працягу ўсёй падрыхтоўкі да свята. Па ўсходнім календары, 2017 год — год Пеўня. Традыцыйна мы вырабляем вялікія і маленькія цацкі сімвала года. Маленькія выхаванцы ведаюць і вераць: перад тым, як павесіць пеўніка на смалістую галінку ёлкі, трэба абавязкова загадаць жаданне, а цацку вешаць на тое месца, якое больш падабаецца. Як кажуць, куды душа папросіць. І тады яно абавязкова збудзецца.

Таццяна КАРАНЕЎСКАЯ,
настаўніца абслуговай працы
Машканскага дзіцячага сада — сярэдняй школы імя А.К.Гараўца Сенненскага раёна.
Фота аўтара.

Навагодняе падарожжа ў казку

Зіма ахінула дзяцей святочным настроем і прынесла ім безліч незабыўных падзей. Для маленькіх жыхароў Мінскай вобласці адной з галоўных падзей адыходзячага года стала абласное дабрачыннае свята “Навагодняе падарожжа ў казачную краіну”.

Абласное дабрачыннае свята з’яўляецца цэнтральнай падзеяй штогадовай рэспубліканскай акцыі “Нашы дзеці”, якая праходзіць на Міншчыне больш за 20 гадоў.

— Акцыя “Нашы дзеці” ў разгары. Разнастайныя масавыя мерапрыемствы адбываюцца ў кожным раёне вобласці, а месцам правядзення абласной ёлкі стаў Салігорск, — расказала начальнік упраўлення адукацыі Мінаблвыканкама Галіна Мікалаеўна Казак. — Сюды прыехалі 740 юных жыхароў Міншчыны — дзеці, якія мелі поспехі ў вучобе, спорце, творчай дзейнасці, а таксама выхаванцы школ-інтэрнатаў, дзіцячых дамоў.

Удзельнікаў свята чакалі шматлікія сюрпрызы, якія пачаліся з забаўляльнай праграмы “Горад дзяцінства”. Перад Палацам культуры Салігорска размясціліся пляцоўкі, дзе казачныя героі прапанавалі хлопчыкам і дзяўчынкам зімнія гульні. Каб трапіць на галоўную пляцоўку ўрачыстага мерапрыемства, дзецям давялося прайсці квест “У госці да казкі”. Каманды збіралі пазл — карту Мінскай вобласці з элементаў-раёнаў. Атрымаць гэтыя элементы можна было, вытрымаўшы выпрабаванні на станцыях “Снежная паляна”, “Ямеля”, “Сіла волатаў”, “Забабоны Бабы Ягі”, “Хакей”, “Навагоднія загадкі”, “Цягні-штурхай”, “Навагодні цір”.

Шлях на мерапрыемства ўпрыгожвалі вырабы, якія навучэнцы ўстаноў адукацыі вобласці прадстаўлялі на конкурсах “Лёд. Кветкі. Фантазія”, “ТэхнаЕлка”, “Калядная зорка”. Чакаючы пачатку прадстаўлення, маленькія госці Салігорска ўбачылі навагодняе шоу мыльных бурбалак і сфатаграфаваліся ў шматлікіх святочных фотазонах.

Павіншаваць дзяцей прыехаў кіраўнік Мінскай вобласці. Сямён Барысавіч Шапіра адрасаваў прысутным найлепшыя пажаданні.

— Новы год — самае цудоўнае свята. У нашай краіне многа робіцца для таго, каб вы раслі ў міры і згодзе, цеплыні і ўтульнасці. Упэўнены, з вас вырастуць цудоўныя настаўнікі і дактары, навукоўцы і міністры, і наогул спецыялісты высокай кваліфікацыі. Працуючы на прадпрыемствах, вашы бацькі ствараюць тыя багацці, якімі ганарыцца наша краіна. Мы будуем моцную, прыгожую Беларусь і чакаем, што вы прымеце гэтую эстафету, — звярнуўся старшыня Мінаблвыканкама да маленькіх удзель­нікаў свята.

На сцэне для дзяцей разгарнулася прадстаўленне — навагодняя казка аб прыгодах Льдзінкі і перамозе дабрыні і сяброўства над усімі няўдачамі. Напрыканцы свята яго ўдзельнікі атрымалі салодкія падарункі. Навагодняе падарожжа ў казку атрымалася незабыўным.

Дар’я РЭВА.
Фота аўтара.

Захаваць мір і спакой

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка даручыў дзяржаўным органам звярнуць асаблівую ўвагу на гарантаванне бяспекі грамадзян у перыяд навагодніх і калядных свят.

“Падзеі ў Расіі, што адбыліся апошнім часам, — дадайце сюды яшчэ розныя ўзрывы балонаў у метро ў Маскве, трагедыі на дарогах і іншае, — сведчаць аб тым, што нам ні ў якім разе нельга расслабляцца. Мы не знаходзімся недзе ў баку ад бальшака гэтых страшных здарэнняў. Наадварот, мы знаходзімся ў самым эпіцэнтры. Таму, чаго б нам гэта ні каштавала, трэба захаваць мір і спакой у нашай краіне. Гэта галоўнае”, — падкрэсліў беларускі лідар.

“Калі гэтага не будзе, ніякая эканоміка будзе не патрэбна, ніякія прадукты харчавання, ніякае фінансаванне, ні знешняе, ні ўнутранае. Галоўнае пытанне — гэта пытанне бяспекі і стабільнасці нашага грамадства”, — заявіў кіраўнік дзяржавы.

Ён запатрабаваў звярнуць на адпаведныя пытанні пільную ўвагу, пачынаючы ад мясцовых органаў улады, кіраўнікоў сельскіх, пасялковых саветаў, заканчваючы ўрадам, Дзяржсакратарыятам Савета бяспекі, КДК, Адміністрацыяй прэзідэнта.

“Я прашу гэта мець на ўвазе перш за ўсё, асабліва напярэдадні масавых мерапрыемстваў, звязаных са светлымі і радаснымі для кожнага чалавека святамі — Новым годам і Калядамі, — адзначыў прэзідэнт. — Страшная катастрофа ў квадраце, калі людзі гінуць, чакаючы гэтых урачыстасцей, свят. Гэта недапушчальна”.

“Асабліва людзям у пагонах трэба зрабіць усё, каб на вуліцах было спакойна, каб людзі правялі нармальна свята”, — дадаў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр ЛУКАШЭНКА: “Шчыра жадаю, каб дружба, мір і ўзаемадапамога заўсёды дапамагалі атрымліваць перамогі”

Усё больш людзей з розных куткоў Беларусі стараюцца ўнесці свой уклад у такую важную дабрачынную справу, як акцыя “Нашы дзеці”. Аб гэтым заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на навагоднім свяце для дзяцей у час акцыі “Нашы дзеці”.

Прэзідэнт, адкрываючы свята, выказаў меркаванне аб тым, што прыйшлі самыя доўгачаканыя зімовыя святы і канікулы. “Гэта асаблівы час, калі хочацца зрабіць нешта добрае, падарыць навакольным радасць і добры настрой, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. — У народзе кажуць: “Як сустрэнеш Новы год, так яго і правядзеш”. Я вельмі хачу, каб вы сустрэлі гэтае цудоўнае свята шчаслівымі. Каб кожнае дзіця адчула любоў і клопат. Гэтай сённяшняй урачыстасцю мы прадаўжаем акцыю “Нашы дзеці”.

У гэты перыяд прадстаўнікі ўлады, бізнесу, калектываў наведваюць дзяцей і віншуюць іх са святам.

Кіраўнік дзяржавы таксама звярнуў увагу на тое, што ў час акцыі “Нашы дзеці” адбываецца мноства мерапрыемстваў. Прэзідэнт Беларусі канстатаваў: “Усё больш людзей з розных куткоў краіны стараюцца ўнесці свой уклад у гэтую важную і высакародную справу, каб свет вакол нас стаў лепшым, а шчаслівых усмешак было як мага больш. Калі гэтых усмешак не будзе, значыць, год пражылі дарэмна”.

Прэзідэнт адзначыў, што мы жывём на цудоўнай шчодрай зямлі і што нам ёсць чым ганарыцца. “У нас вялікая і слаўная гісторыя, багатая культура, прыгожая прырода. Але самае галоўнае — гэта шчырыя і працавітыя людзі, — сказаў ён. — Многія пакаленні беларусаў абжывалі нашу зямлю, бераглі яе і абаранялі. Яны будавалі фабрыкі і заводы, на якіх працуюць вашы бацькі. Яны глядзелі ў будучыню. І нам з вамі трэба як мага далей зірнуць у будучыню нашай Беларусі. Менавіта ад вас будзе залежаць, як будзе выглядаць наша зямля і якой стане краіна праз 20, 30 або 50 гадоў”.

Дзяцінства і юнацтва — гэта вельмі важная пара ў жыцці чалавека, калі ў кожнага ёсць магчымасць навучыцца чамусьці новаму. “Вы можаце асвоіць любімы від спорту, можаце стаць добрымі музыкантамі, займацца выяўленчым мастацтвам, спасцігаць любы напрамак культуры ў нашай краіне. Педагогі навучаць вас усяму таму, што вы хочаце асвоіць. Мы, дарослыя, заўсёды дапаможам вам ва ўсіх добрых пачынаннях”, — запэўніў кіраўнік дзяржавы.

Пры гэтым Аляксандр Лука шэн ка заклікаў дзяцей цвёрда ісці да пастаўленай мэты, пераадольваючы перашкоды. “Калі адразу не атрымаецца, не засмучайцеся. Толькі пераадольваючы перашкоды, мы становімся мацнейшымі. Таму любыя няўдачы чалавека загартоўваюць. Калі ў вас не атрымалася з першага разу, ідзіце наперад, ні ў якім выпадку не спыняйцеся. Паставіўшы перад сабой мэту, дасягайце яе”, — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

“Мне як прэзідэнту краіны вельмі хочацца, каб вы, дзеці, шчасліва і дружна жылі ў акружэнні родных і блізкіх людзей, з аптымізмам глядзелі ў будучыню і верылі ў лепшае. А калі ў кагосьці не атрымліваецца, вы павінны ведаць: у краіне шмат чулых людзей, якія ніколі не пакінуць вас у бядзе”, — падкрэсліў беларускі лідар.

Кіраўнік дзяржавы лічыць важным любіць сваю Радзіму, клапаціцца пра яе дабрабыт, цаніць мір і бяспеку. “Для гэтага вы павінны добра вучыцца, працаваць, дапамагаць сваім бацькам, настаўнікам, выхавальнікам, — адзначыў Аляксандр Лукашэнка. — Усё, што вы можаце зрабіць цяпер, рабіце сёння. Заўтра будуць іншыя праблемы”. Ён падкрэсліў, што ў такім імклівым віры жыцця трэба паспяваць рабіць намечанае, паколькі менавіта ў школьныя гады закладваецца фундамент будучыні кожнага чалавека.

Прэзідэнт таксама адзначыў, што акцыя “Нашы дзеці” атрымала ў краіне вялікі размах, аднак у перыяд навагодніх і калядных свят трэба ўдзяліць асаблівую ўвагу пажылым і старым людзям.

“Мы не павінны забываць, што ёсць старыя, іх трэба акружыць клопатам і ўвагай, тым больш што ні ў кожнага ёсць тыя, хто ў гэтае свята можа прыйсці і падарыць часцінку душы і ўвагі”, — адзначыў кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт Беларусі разам з дзецьмі прысутнічаў на казачным навагоднім паказе “Хрустальная мелодыя”, у якім дабро і справядлівасць перамагаюць зло. “Няхай гэта будзе наказам вам у жыцці. Шчыра жадаю, каб дружба, мір і ўзаемадапамога заўсёды дапамагалі атрымліваць перамогі, каб здзяйсняліся самыя запаветныя мары, а бацькі і педагогі ганарыліся дасягненнямі”, — пажадаў Аляксандр Лукашэнка.

У завяршэнне мерапрыемства дзеці ўручылі Аляксандру Лука шэн ку сувеніры, зробленыя сваімі рукамі.

Клопаты ў радасць

Ва Уселюбскім дзіцячым садзе — сярэдняй школе Навагрудскага раёна напярэдадні Новага года шмат клопатаў. Трэба ўсё паспець, многа чаго зрабіць. Падрыхтоўка да навагодніх свят пачалася яшчэ ў канцы лістапада, калі адбыўся раённы этап рэспубліканскага конкурсу “Ёлка-фэст”, у якім прынялі ўдзел педагогі нашай установы.

Па выніках конкурсу ў намінацыі “Лепшы творчы нумар” Дзед Мароз і Снягурка ўстановы атрымалі 2-е месца. Штогод вучні прымаюць удзел у раённым этапе рэспубліканскай выставы-конкурсу “Лёд. Кветкі. Фантазія.” У намінацыі “Елачнае калье” вучні пачатковых класаў Дар’я Маліноўская, Надзея Сакалдан, Марыя Папроцкая занялі 1-е месца.

Традыцыйна перад святамі аб’яўляецца конкурс сярод устаноў адукацыі раёна на лепшую навагоднюю цацку. У гэтым годзе вучні падрыхтавалі дзве навагоднія цацкі “Талісман года”, якія ўпрыгожылі галоўную ёлку раёна. Святочны настрой адчуваецца ў кожным куточку нашай установы. Вучні ўпрыгожылі класы, фае, паколькі ўстанова прымае ўдзел у раённым аглядзе-конкурсе на лепшае мастацкае афармленне “Навагодні настрой”.

Многа зроблена, але наперадзе яшчэ шмат цікавых спраў. Аб’яўлены школьны конкурс “Парад Снегавікоў”. Афармляецца выстава дзіцячых работ, лепшыя будуць прадстаўлены на раённым конкурсе. Педагогі і вучні не пакінулі без увагі рэспубліканскую акцыю “Цуды на Каляды”. Кіпіць работа па зборы падарункаў для дзяцей, якія аказаліся ў цяжкай жыццёвай сітуацыі. У гэтым годзе мы плануем перадаць падарунак у дзіцячае аддзяленне Навагрудскай раённай бальніцы. Такому падарунку будуць рады хворыя дзеці, якія, на вялікі жаль, не змогуць сустрэць Новы год дома. Шмат у нас клопатаў, але ж усе яны ў радасць.

Тамара МАЦКЕВІЧ,
педагог-арганізатар Уселюбскага дзіцячага сада — сярэдняй школы Навагрудскага раёна.

Дзень сяброўства і шчырасці

Свята “Дзень сяброўства” штогод праводзіцца ў Салігорску. Мерапрыемства прысвечана Міжнароднаму дню інваліда. Свята заклікана нагадаць усім, што побач з намі жывуць тыя, каму лёсам наканавана больш выпрабаванняў, чым іншым, што людзі з парушэннямі рознага кшталту — частка нашага грамадства і ім патрэбны любоў і сяброўства. А яшчэ гэта магчымасць паказаць людзям з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, што навокал мноства людзей, гатовых адорваць іх цяплом.

“Дзень сяброўства” сёлета прайшоў 18-ы раз. Згадваючы гісторыю мерапрыемства, можна прасачыць, як мяняюцца да лепшага адносіны грамадства да асаблівых людзей, дзяцей. Раней спецыялістам Салігорскага ЦКРНіР даводзілася настойліва запрашаць гасцей на свята, тлумачыць яго значнасць, пераконваць у неабходнасці такіх мерапрыемстваў. Сёння людзі прыходзяць самі, ЦКРНіР і яго выхаванцы за гэты час абзавяліся такой колькасцю шчырых сяброў і партнёраў, што яны самі выступаюць з рознымі ініцыятывамі наконт правядзення “Дня сяброўства”.

Сёлета мерапрыемства прайшло на базе гімназіі № 3 Салігорска. Удзел у свяце бралі выхаванцы ЦКРНіР, іх бацькі і родныя, валанцёры — навучэнцы гімназіі, маладыя інваліды, якія наведваюць тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва (ТЦСАН), выхаванцы ўстаноў адукацыі Салігорска. На свята запрасілі прадстаўнікоў арганізацый-шэфаў ЦКРНіР і Беларускай Праваслаўнай Царквы.

Прадстаўленне, якое чакала гасцей свята, складалася з двух аддзяленняў. У першым былі прадстаўлены творчыя нумары. На сцэну з песнямі, танцамі, вершамі выходзілі выхаванцы ЦКРНіР і іх бацькі, маладыя інваліды з ТЦСАН. Свае выступленні дарылі гледачам выхаванцы ясляў-сада № 25, гімназіі № 3, школы мастацтваў горада. У другім аддзяленні ўвазе гледачоў прапанавалі тэатральную пастаноўку — казку “Снежная каралева”, ролі ў якой выконваюць выхаванцы ЦКРНіР і іх сябры-валанцёры з гімназіі № 3. Пастаноўка ў шасці дзеяннях — цудоўны прыклад талерантнасці, інклюзіі і шчырых узаемаадносін паміж дзецьмі з асаблівасцямі і іх звычайнымі равеснікамі.

Дар’я РЭВА.

Няхай сонца не заходзіць ніколі!

Пад такой назвай у ГПД Пагародзенскай сярэдняй школы, што на Воранаўшчыне, прайшло свята. Падчас яго ў адным памяшканні адначасова ўсміхалася больш за 30 сонейкаў. Гэта эмблема ўсіх, хто завітаў на свята. А прыйшлі сюды 20 выхаванцаў ГПД школы і 11 выхаванцаў садка, будучых наведвальнікаў групы, са сваім выхавальнікам Ірынай Шпак і музычным кіраўніком Ірынай Іванч. Свята было прысвечана творчасці дзіцячага пісьменніка Івана Муравейкі.

Будучыя першакласнікі змаглі зазірнуць у жыццё групы падоўжанага дня, у якое вельмі хутка акунуцца самі, адчулі атмасферу добразычлівасці і цеплыні, творчасці і паэзіі, гульні і адкрыццяў. Выхаванцы ГПД, вучні 1-4 класаў, атрымалі магчымасць дасканала даследаваць творчасць І.Муравейкі і паспрабаваць сябе ў мастацкім чытанні вершаў гэтага пісьменніка, у інсцэніраванні яго твораў. Сапраўднымі артыстамі глядзеліся ў ролі Смяшынкі і Смуцінкі дзяўчынкі 1-га класа Яўгенія Ненартовіч і Паліна Бядугніс, вядучы Данііл Блажук, Аляксандр Дзяньгоўскі ў ролі Ласкі. З захапленнем слухалі і дэкламатараў вершаў: Марка Зуевіча, Ігара Галашчапенка, Настассю Боўшыс. Вельмі эмацыянальна і артыстычна прачытаў верш Павел Васіляўскас.

Галоўнае тое, што дзеці зразумелі: усе дарослыя аднолькава любяць іх паслухмяных і свавольнікаў, ціхоняў і гарэзаў, выдатнікаў і не зусім. Дарослыя моцна хочуць, каб заўсёды сонечна і светла было ў краіне дзяцінства, каб нішто не парушала спакой і радасць дзіцячых гадоў.

Свята закончылася сумеснай гульнёй “Паспей перадаць”. Пераможцы атрымлівалі падарункі — папяровыя гіяцынты, цюльпаны і рамонкі – лепшыя вырабы выхаванцаў ГПД.

Ганна ПРЭПЛЯСКА,
выхавальніца ГПД Пагародзенскай сярэдняй школы Воранаўскага раёна.

Дажынкі – дзецям

Усе мы любім святы. Дарослыя за тое, што можна адпачыць і крыху павесяліцца, а дзеці за тое, што на свяце можна… — можна ўсё! Шмат гадоў па ініцыятыве дзяцей і педагогаў Дварэцкага ясляў-сада – сярэдняй школы імя В.В.Скрыганава Рагачоўскага раёна праходзіць міжшкольнае свята “Гаспадыня стала – бульба”, у якім прымаюць удзел вучні з бліжэйшых школ. “А чаму нашы вясковыя дзеці не могуць удзельнічаць у свяце ўраджаю? — падумала дырэктар школы Антаніна Нічыпараўна Раманенка, — іх бацькі і ёсць сапраўдныя хлеборобы. Вопыт у арганізацыі міжшкольных мерапрыемстваў ёсць, ініцыятыўныя педагогі і зацікаўленасць дзяцей — ёсць, бацькі ў дапамогу — калі ласка, ну, тады наперад!”

Ладзілася свята напрыканцы кастрычніка ў шосты школьны дзень. Кожнай камандзе, па ўмовах свята, трэба было пакрыхтаваць як мага смачнейшую страву з бульбы і правесці абарону свайго тэматычнага стала. Чаго толькі ні ўбачылі і ні паспрабавалі прадстаўнікі журы, дзеці, бацькі і педагогі на свяце. Больш за сто страў з бульбы ўпрыгожылі сталы каманды са школьных класаў Дварэцкага ясляў-сада – сярэдняй школы імя В.В.Скрыганава, Кашарсай пачатковай школы, Ціхініцкай сярэдняй школы імя А.С.Осіпава. У творчай абароне гучалі вершы і песні пра бульбу. Вынікам вялікай даследчай работы пра бульбу з’явіліся патанні віктарыны “Усё пра бульбу”, на якую адказвалі дзеці, а дарослыя даведаліся з яе што ў Польшчы, Расіі, Швецыі і Украіне ёсць нават помнікі бульбе.

Каманду-пераможцу свята вызначыць журы не здолела. Усе атрымалі ўзнагароды ў намінацыях “Смачна есці”, “Сапраўдныя бульбашы”, “Бульбу варым, бульбу смажым…”, “Бульба – гэта суперклас”, “Бульба fest”, “Бульба – гэта лад жыцця”, “Бульба style” і нават “Хавайся ў бульбу”. Пры ўручэнні дыпломаў ад дырэктара Дварэцкай школы А.Н.Раманенка і дырэктара Рагачоўскага раённага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі В.С.Навумавай прагучала ініцыятыва ад навучэнцаў, каб на гэтае свята прыязждалі дзеці са ўсяго Рагачоўскага раёна. І дзеці, і дарослыя запрашаюць усіх у наступным годзе на свята “Дзіцячыя дажынкі” ў аграгарадок Дварэц Рагачоўскага раёна.

Валерый ЛЮБАГОШЧАЎ,
намеснік дырэктара Рагачоўскага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі.