Аляксандр ЛУКАШЭНКА: “Спорт — гэта лепшая форма народнай дыпламатыі”

У Калядным міжнародным турніры аматараў хакея на прызы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь прымаюць удзел каманды, якія гатовы ўпарта змагацца за галоўны прыз. Аб гэтым кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка заявіў 4 студзеня на цырымоніі адкрыцця спаборніцтваў у спартыўным комплексе “Чыжоўка-Арэна”.

“Сёння стартуе чарговы, ужо трынаццаты па ліку, Калядны міжнародны турнір аматараў хакея на прызы прэзідэнта. Нас чакаюць захапляльныя і яркія баталіі на лядовых арэнах. Зноў сыдуцца каманды, якія гатовы ўпарта змагацца за галоўны прыз, паказваць гледачам высокі клас гульні”, — заявіў Аляксандр Лукашэнка.

У гэтым годзе ў турніры прымаюць удзел хакейныя дружыны з Расіі, Германіі, Славакіі, Фінляндыі, Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў і Швейцарыі, якія ў свой час ужо выпрабоўвалі на трываласць мінскі лёд, адзначыў кіраўнік дзяржавы. На гэты раз да іх далучыцца зборная Балкан, у складзе якой гульцы з Балгарыі, Босніі і Герцагавіны, Македоніі, Румыніі, Сербіі, Славеніі, Харватыі і Турцыі.

“Гэты турнір з’яўляецца самым маштабным па колькасці краін-удзельніц. Мы рады вітаць гульцоў з 15 дзяржаў. Да нас прыехалі пераможцы і прызёры чэмпіянатаў свету, Алімпійскіх гульняў, хакеісты, якія выступалі ў Нацыянальнай хакейнай лізе”, — адзначыў прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што хакей карыстаецца асаблівай любоўю і ўвагай беларусаў. “Нашы гледачы змогуць па заслугах ацаніць дакладны кідок, галявы пас, самаадданую гульню варатара, філігранную тэхніку нападаючага і зладжанасць дзеянняў кожнай з каманд. Госці сталіцы пераканаюцца ў традыцыйнай гасціннасці беларускага народа, змогуць азнаёміцца з Беларуссю, яе гісторыяй і культурай, набыць новыя цікавыя кантакты. Спорт — гэта лепшая форма народнай дыпламатыі”, — лічыць беларускі лідар.

Святочная атмасфера каля аднаго з самых буйных спартыўных аб’ектаў Мінска, “Чыжоўкі-Арэны”, адчувалася ў сераду ўжо ў поўдзень, калі сталі вядомы вынікі першых матчаў. У час цырымоніі адкрыцця XIII Каляднага турніру балельшчыкі, якія запоўнілі трыбуны, убачылі выступленне юных артыстаў і фігурыстаў. Парадавалі сваёй творчасцю зоркі беларускай эстрады Тэа і Вольга Плотнікава, якія праспявалі дуэтам. Адбылося прадстаўленне ўсіх васьмі каманд, што ўдзельнічаюць у спаборніцтвах.

Матчы турніру прыцягваюць на трыбуны вялікую колькасць балельшчыкаў. Па традыцыі ўваход на гульні бясплатны, а каля “Чыжоўкі-Арэны” арганізаваны святочныя гулянні, якія не даюць сумаваць гледачам у перапынках матчаў, а таксама паміж паядынкамі.

Калядны міжнародны турнір аматараў хакея на прыз Прэзідэнта Беларусі праводзіцца ў Мінску з 2005 года. У розныя гады ўладальнікам ганаровага трафея дзевяць разоў станавілася каманда Прэзідэнта Беларусі (2005, 2006, 2008, 2009, 2010, 2012, 2013, 2014, 2016). Тройчы поспех святкавала расійская дружына (2007, 2011, 2015).

Арганізатарамі турніру выступаюць Прэзідэнцкі спартыўны клуб, асацыяцыя “Федэрацыя хакея Беларусі”, Міністэрства спорту і турызму, Мінскі гарадскі выканаўчы камітэт.

Бокс – маё жыццё

“Спорт — гэта не толькі здаровы лад жыцця, але і магчымасць рэалізаваць сябе, удзельнічаць і перамагаць у спаборніцтвах. Пры моцным жаданні і належнай рабоце можна дасягнуць пастаўленых мэт”, — лічыць васьмікласнік Данііл Крывіч з сярэдняй школы № 2 Маларыты. Хлопец сур’ёзна займаецца боксам і плануе звязаць з ім далейшае жыццё.

У прыватную школу бокса Маларыты Данііла прывёў бацька 3 гады таму. Нічым асаблівым сярод аднагодкаў хлопчык тады не вылучаўся. Хіба што толькі мэтанакіраванасцю. Трэнеры па боксе Павел Дзячук і Віталь Касцючык заўважылі гэта з самага пачатку заняткаў. Данііл адпрацоўваў неабходныя элементы да таго часу, пакуль не атрымліваўся запланаваны вынік. І так адбывалася кожную трэніроўку. Таму спартыўныя поспехі не прымусілі сябе доўга чакаць. Ужо праз некалькі месяцаў заняткаў боксам хлопчык стаў перамагаць на спаборніцтвах рознага ўзроўню.

— Цяпер у маёй скарбонцы ўжо 18 баёў, праведзеных на розных спаборніцтвах міжнароднага ўзроўню, — гаворыць Данііл Крывіч. — У 16-ці з іх я атрымаў перамогу. Нядаўна заняў 1-е месца ў турніры па боксе сярод дзяцей і моладзі “Здаровая моладзь — здаровая нацыя”, які праходзіў у Маларыце. А апошнюю перамогу атрымаў на адкрытым Міжнародным юнацкім турніры па боксе, прысвечаным памяці рускага палкаводца Аляксандра Суворава.

Спаборніцтва праходзіла 3 дні ў комплекснай спецыялізаванай дзіцяча-юнацкай школе алімпійскага рэзерву Кобрынскага раёна. У ім удзельнічалі 12 каманд (больш за 150 юных баксёраў) з Расіі, Украіны, Малдовы, Узбекістана і Беларусі. Нашу краіну на спаборніцтвах прадстаўлялі спартсмены з Мінска, Гродна, Салігорска, Брэста, Пінска, Жабінкі, Баранавіч, Кобрына і Маларыты. Наймацнейшыя юныя баксёры вызначаліся ў трох узроставых катэгорыях па алімпійскай сістэме.

— Данііл выступаў ва ўзроставай катэгорыі 2003 —2004 гадоў нараджэння (52 кг) і заняў 1-е выніковае месца, — расказвае трэнер Павел Дзячук. — Ён правёў тры баі. У першым з іх аднагалосным рашэннем суддзяў атрымаў перамогу ў трэцім раўндзе накдаўнам. У другім баі стаў лепшым, выйграўшы першы раўнд тэхнічным накаўтам. У фінале Данііл перамог баксёра з Украіны накаўтам у першым раўндзе.

Сёння трэніроўкі па боксе хлопец наведвае 6 разоў у тыдзень.

— Але і ў нядзелю я таксама думаю пра бокс, — прызнаецца Данііл. — Гляджу трансляцыі міжнародных спаборніцтваў, адпрацоўваю ўдары і прыёмы. Бокс — маё жыццё. Ён добра дысцыплінуе, загартоўвае характар, з’яўляецца адным са спосабаў пераадолець самога сябе. Бокс — сур’ёзная штодзённая работа, падчас якой неабходна адначасова думаць, аналізаваць і пралічваць кожны свой крок. У гэтым відзе спорту ўсё вырашаюць долі секунды.

Спартыўная мэта Данііла — старанна займацца боксам і ўдасканальваць навыкі, каб стаць майстрам спорту. Цяпер хлопец рыхтуецца да ўдзелу ў першынстве Беларусі па боксе. Перамога ў ім адкрывае дарогу на чэмпіянат Еўропы, які пройдзе ў наступным годзе.

Мікалай НАВУМЧЫК,
намеснік дырэктара па вучэбна-метадычнай рабоце Маларыцкай раённай гімназіі.
Фота аўтара.

Першыя вяршыні

У суботу на базе Рэспубліканскага цэнтра экалогіі і краязнаўства прайшлі традыцыйныя, ужо пятыя па ліку, Адкрытыя рэспубліканскія спаборніцтвы па спартыўным скалалажанні ВАВY FEST. Фестываль праводзіцца з мэтай папулярызацыі і прапаганды скалалажання як аднаго са сродкаў фізічнага выхавання дзяцей і моладзі, павышэння спартыўнага майстэрства і выяўлення наймацнейшых юных спартсменаў.

Скалалажанне актыўна набірае папулярнасць, і ўжо многія нашы землякі, нягледзячы на тое, што Беларусь не горная краіна, не ўяўляюць свайго вольнага часу без пакарэння вяршынь. Адна з галоўных прычын папулярнасці заключаецца ў тым, што скалалажанне — гэта не толькі своеасаблівая рамантыка, яно садзейнічае развіццю ў дзяцей усіх груп мышцаў, дазваляе падтрымліваць фізічную форму ў належным стане. Многія бацькі запісваюць дзяцей у адпаведныя гурткі па рэкамендацыі медыцынскіх работнікаў. Згодна з медыцынскімі назіраннямі, калі чалавек залазіць на сценку, то ў яго адначасова працуюць мышцы рук, ног, дэльтападобныя мышцы, мышцы спіны, якія з’яўляюцца гарсэтнымі і трымаюць пазваночнік у належным становішчы. Такім чынам, скалалажанне садзейнічае фарміраванню правільнай паставы. Удасканальвае яно і каардынацыю рухаў, бо дзіцяці неабходна на абмежаванай плошчы паверхні як мага хутчэй правільна згрупавацца і такім чынам дасягнуць пастаўленай трэнерам мэты.

— Праводзіць фестываль вырашана невыпадкова, паколькі, напрыклад, для дашкольнікаў і малодшых школьнікаў праявіць свае здольнасці, абараніць гонар сваёй каманды, рэгіёна да нядаўняга часу не было магчымасці. Дзякуючы фестывалю, гэтая недарэчнасць выпраўлена. Спадзяёмся, што ВАВY FEST стане больш папулярным, пашырыцца геаграфія яго ўдзельнікаў і, акрамя беларускіх удзельнікаў, сустрэнем нашых сяброў з суседніх краін. Геаграфія ўдзельнікаў даволі шырокая. Гэта і Гомель, Пінск, Мар’іна Горка, Старыя Дарогі, Слуцк, Бабруйск — тыя гарады, дзе ёсць магчымасць займацца скалалажаннем. Скалалажанне, якое нядаўна стала алімпійскім відам спорту, імкліва набірае папулярнасць. У Рэспубліканскім цэнтры экалогіі і краязнаўства гэта адзін з самых масавых відаў, працуе 10 адпаведных гурткоў, адзначыў загадчык аддзела турызму і спартыўнага арыентавання Рэспубліканскага цэнтра экалогіі і краязнаўства Васіль Мікалаевіч Канавальчык.

Праграмай фестывалю прадугледжана правядзенне спаборніцтваў у выглядзе боўлдэрынга (праходжанне серыі 11 кароткіх трас) на штучным скаладроме Рэспубліканскага цэнтра экалогіі і краязнаўства, а таксама асабістыя кваліфікацыйныя спаборніцтвы. Да ўдзелу ў іх дапускаюцца навучэнцы аб’яднанняў па інтарэсах, каманды ўстаноў адукацыі, упраўленняў (мінскага гарадскога камітэта) і аддзелаў адукацыі, спорту і турызму, спартыўных клубаў і грамадскіх арганізацый краіны, а таксама спартсмены (каманды) іншых дзяржаў. Колькасць удзельнікаў не абмежавана. Спартсмены выступаюць у трох узроставых групах. Першая група — гэта дзяўчынкі і хлопчыкі 2006—2007 гадоў нараджэння, другая група — 2008—2009, трэцяя група — 2010 года нараджэння і маладзейшыя ўдзельнікі.

Усе трасы, падрыхтаваныя педагогамі Рэспубліканскага цэнтра экалогіі і краязнаўства, разнастайныя па сваёй складанасці. Каб паспяхова іх пераадолець, неабходна “ўзяць” усе зачэпы, дабрацца да прамежкавых фінішаў (бонусаў), абазначаных спецыяльным колерам. Найбольш паспяхова з пераадоленнем трас і пакарэннем сваіх першых вяршынь у самай малодшай узроставай катэгорыі паспяхова справіўся сярод хлопчыкаў Міхаіл Шчарбачэня з Цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі “Кантакт” Цэнтральнага раёна Мінска, сярод дзяўчынак лепшы вынік паказала Кацярына Высоцкая з Гомельскага абласнога цэнтра турызму і краязнаўства дзяцей і моладзі. У групе 2006—2007 гадоў нараджэння лепшымі сталі Улад Церлюкевіч і Марго Баярына з Рэспубліканскага цэнтра экалогіі і краязнаўства. У другой узроставай групе сярод хлопчыкаў лепшымі сталі Аляксей Клімовіч з Цэнтра турызму, краязнаўства і экскурсій дзяцей і моладзі Бабруйска і Марына Пушачкіна з сярэдняй школы № 4 Шклова.

Ігар ГРЭЧКА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.

Каб фінансы не спявалі рамансы

На базе Брэсцкага абласнога цэнтра маладзёжнай творчасці прайшла ІІІ Абласная алімпіяда па фінансавай дасведчанасці школьнікаў. Спаборніцтва арганізавалі ўпраўленне адукацыі Брэсцкага аблвыканкама і галоўнае ўпраўленне Нацыянальнага банка Беларусі па Брэсцкай вобласці.

— Фінансавыя веды займаюць важнае месца ў жыцці кожнага чалавека, — адзначыла на адкрыцці алімпіяды намеснік начальніка абласнога ўпраўлення адукацыі І.А.Папова. — Ад таго, наколькі людзі разумна і адказна распараджаюцца ўласнымі грашовымі сродкамі, залежыць іх дабрабыт на працягу жыцця. Нізкая фінансавая дасведчанасць можа прывесці да сумных вынікаў у пытаннях сямейнай эканомікі. Таму фінансавую культуру неабходна развіваць ужо са школы. Гэта дапаможа ў дарослым жыцці прымаць правільныя, эканамічна абгрунтаваныя рашэнні пры планаванні ўласнага бюджэту, мінімізаваць магчымыя рызыкі ў розных жыццёвых сітуацыях і павысіць фінансавую бяспеку ўвогуле.

У інтэлектуальным марафоне ўдзельнічалі 60 вучняў 10—11 класаў. Алімпіядныя заданні, аб’яднаныя па 8 тэмах, былі распрацаваны банкаўскімі работнікамі. Школьнікі шукалі адказы на 32 пытанні, якія тычыліся дэнамінацыі, укладаў, крэдытаў, лічбавага банкінгу, дзейнасці Нацыянальнага банка Беларусі, страхавання, падаткаў і каштоўных папер. Па словах журы, куды ўвайшлі прадстаўнікі некалькіх вядучых банкаў краіны, вучні паказалі добрыя веды, нягледзячы на тое, што сёлетнія заданні аказаліся больш складанымі за мінулагоднія.

Самым фінансава дасведчаным вучнем аказаўся адзінаццацікласнік Дзмітрый Мароз з ліцэя № 1 імя А.С.Пушкіна Брэста. Дыплом ІІ ступені атрымаў адзінаццацікласнік Максім Аўсянік з гімназіі № 2 Баранавіч. Дыплом ІІІ ступені дастаўся адзінаццацікласніку Вадзіму Рыбачуку з Брэсцкага абласнога ліцэя імя П.М.Машэрава. Пераможцы атрымалі ад банкаў-партнёраў каштоўныя падарункі.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.
Фота аўтара.

Перамаглі прафесіяналы!

Ужо даўно конкурсы прафесійнага майстэрства навучэнцаў і майстроў вытворчага навучання ПТНУ і ССНУ сталі неад’емнай часткай адукацыйнага працэсу. Падчас спаборніцтваў іх удзельнікі дэманструюць набытыя веды і ўменні, здольнасці і прафесіяналізм.

Стала добрай традыцыяй праводзіць на базе Абласнога аграрна-вытворчага прафесійнага ліцэя Драгічына Абласны конкурс прафесійнага майстэрства па прафесіі трактарыст-машыніст. Гэтая ўстанова адукацыі выбрана месцам правядзення спаборніцтва невыпадкова. У ліцэі ёсць вучэбны рэсурсны цэнтр і сучасная тэхніка, што дазваляе паспяхова вырашаць многія адукацыйныя задачы. Але самым вялікім здабыткам установы з’яўляюцца навучэнцы, якія любяць будучую прафесію і родную зямлю.

Сёлетняе спаборніцтва (шостае па ліку) сабрала 11 каманд з ПТНУ Брэстчыны, а таксама прадстаўнікоў Жыровіцкага дзяржаўнага аграрна-тэхнічнага каледжа Гродзенскай вобласці. Тры конкурсныя дні былі надзвычай напружанымі. Навучэнцы і майстры вытворчага навучання выконвалі тэарэтычныя заданні і спаборнічалі ў выкананні практычнага — кіравалі трактарам і ўзворвалі зямлю. Журы ацэньвала якасць фарміравання авальнага грэбеня і прамалінейнасць ворыва.

У камандным і асабістым заліку перамаглі прадстаўнікі Абласнога аграрна-вытворчага прафесійнага ліцэя Драгічына — навучэнец Дзмітрый Рылюк і майстар вытворчага навучання Анатоль Крэйдзіч. Каманда Столінскага дзяржаўнага прафесійнага ліцэя сельскагаспадарчай вытворчасці ў складзе Дзмітрыя Пашкевіча і Фёдара Буяна заняла 2-е месца. А прадстаўнікі Высокаўскага дзяржаўнага сельскагаспадарчага прафесійна-тэхнічнага каледжа Раман Пятручык і Віктар Бруцкі апынуліся на 3-м месцы. Будучыя трактарысты-машыністы атрымалі падарункі, пахвальныя лісты і грашовыя сертыфікаты.

Падрыхтаваў Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.

Трапныя стралкі

На базе сярэдняй школы № 1 Маларыты прайшлі спаборніцтвы па стральбе з пнеўматычнай вінтоўкі сярод юнакоў 14—17 гадоў на прызы Кобрынска-Маларыцкай міжраённай арганізацыйнай структуры ДТСААФ. У мерапрыемстве прынялі ўдзел 18 вучняў з 5 устаноў адукацыі раёна, а таксама члены стралковага гуртка пры КММАС ДТСААФ.

Праграма спаборніцтваў уключала тры віды практыкаванняў. Лепшыя стралкі вызначаліся па найбольшай суме выбітых ачкоў па мішэні з адлегласці 10 метраў.

Усе ўдзельнікі паказалі добрую стральбу. У камандным заліку перамаглі вучні сярэдняй школы № 2 Маларыты (трэнер Генадзь Піпко). На 2-м месцы аказаліся прадстаўнікі Ляхавецкага дзіцячага сада — сярэдняй школы, на 3-м месцы — вучні Олтушскай сярэдняй школы.

Гарачай і напружанай атрымалася барацьба за прызавыя месцы ў асабістым заліку. Сярод юнакоў у стральбе з апорай на стол вышэйшы клас паказаў Андрэй Кульбеда з Ляхавецкага дзіцячага сада — сярэдняй школы. На другую прыступку п’едэстала гонару падняўся Валянцін Алесіюк з сярэдняй школы № 2 Маларыты, 3-е месца дасталася Аляксандру Баранаву з сярэдняй школы № 1 Маларыты.

У стральбе стоячы “золата” атрымаў Аляксандр Бурштын з Ляхавецкага дзіцячага сада — сярэдняй школы, 2-е месца “выбіў” Вячаслаў Сай з сярэдняй школы № 2 Маларыты. Тройку прызёраў замкнуў Дзмітрый Галавей з Олтушскай сярэдняй школы.

У стральбе з калена не было роўных Кірылу Бескаравайнаму з сярэдняй школы № 2 Маларыты. 2-е месца ў гэтым практыкаванні заняў Максім Абрамчук з Олтушскай сярэдняй школы, 3-е месца — Дзмітрый Саўчук з Хаціслаўскай сярэдняй школы.

Пераможцы атрымалі дыпломы і памятныя прызы.

Мікалай НАВУМЧЫК,
намеснік дырэктара па вучэбна-метадычнай рабоце Маларыцкай раённай гімназіі.
Фота аўтара.

Знаўцы законаў

Іаган Вольфганг Гётэ выказаў трапную думку пра тое, што ў таго, хто вывучыць усе законы, не застанецца часу іх парушаць. Гэтыя словы знакамітага паэта, мысліцеля, дзяржаўнага дзеяча сталі дэвізам прававога турніру сярод навучэнцаў, які прайшоў у Стоўбцах.

Сімвалам турніру была выбрана багіня правасуддзя Феміда, а паспрачацца за званне лепшых знаўцаў законаў, правоў і абавязкаў сабраліся прадстаўнікі трох устаноў адукацыі: гімназіі № 1 Стоўбцаў, сярэдніх школ № 2 і № 3 горада.

— У сучасным грамадстве сталі часта ўжывацца словы “складанае дзіця”, “дэвіянтныя паводзіны”, “дэзадаптацыя”. Праблема падлеткавай злачыннасці абумоўлена негатыўным уплывам сацыяльнага асяроддзя, сродкаў масавай інфармацыі, маральнымі каштоўнасцямі сучаснага грамадства, якія значна змяніліся, і зніжэннем выхаваўчых уздзеянняў. З мэтай замацавання ведаў аб асновах заканадаўства, прафілактыкі проціпраўных паводзін непаўналетніх было вырашана правесці прававы турнір, — расказвае Яўгенія Аляксандраўна Слясарчык, галоўны спецыяліст аддзела адукацыі, спорту і турызму Стаўбцоўскага райвыканкама.

Мерапрыемства праходзіла ў Стаўбцоўскім ЦТДіМ і было арганізавана так, каб дзецям было цікава і весела. Яно патрабавала ад удзельнікаў не толькі добрых прававых ведаў, але і творчага падыходу і кемлівасці. Творчасць і арыгінальнасць мыслення асабліва спатрэбіліся дзецям у першым конкурсе, калі неабходна было прыдумаць назву, эмблему і дэвіз. Так, за лідарства змагаліся каманды “Захавальнікі закону”, “Тарнада” і “Крэпасць”.

Дзеці давалі хуткія адказы на пытанні ў “Размінцы”, сваімі словамі тлумачылі тэрміны на прававую тэматыку ў конкурсным заданні “Вуснамі немаўляці”, разгадвалі анаграмы і расшыфроўвалі абрэвіятуры, звязаныя з тэмай мерапрыемства, а ў конкурсе капітанаў лідары каманд рашалі тэсты. Вельмі спадабаўся ўдзельнікам арыгінальны конкурс “Правы чалавека”, у якім па ўрыўку з тэксту казкі неабходна было вызначыць, якія правы чалавека парушаюцца ў дачыненні да пэўнага казачнага персанажа. Творчыя здольнасці спатрэбіліся дзецям у конкурсным заданні “Складзі верш”. Вершы, зразумела, павінны былі ўтрымліваць правазнаўчыя тэрміны. Падчас спаборніцтваў каманды таксама стараліся прыцягнуць увагу грамадства да пытанняў правоў і абавязкаў праз стварэнне сацыяльнай рэкламы. Па выніках гэтых выпрабаванняў журы адзначыла высокі ўзровень ведаў удзельнікаў і вызначыла пераможцу: ім стала каманда “Захавальнікі закону” гімназіі №1 Стоўбцаў.

Прававы турнір сярод устаноў адукацыі Стоўбцаў прайшоў упершыню, але відавочна не апошні раз, бо такая форма папаўнення багажу прававых ведаў спадабалася і арганізатарам, і ўдзельнікам турніру. Ужо праз некалькі тыдняў адбудзецца аналагічны турнір, у якім возьмуць удзел навучэнцы сельскіх школ Стаўбцоўскага раёна.

Дар’я РЭВА.
Фота прадастаўлена аддзелам адукацыі, спорту і турызму Стаўбцоўскага райвыканкама.

“Залатая” прадстаўніца спартыўнай дынастыі

Факт, варты здзіўлення і шчырай павагі: уся прадстаўленая на здымку калекцыя дыпломаў і медалёў належыць адной маладой спартсменцы — выхаванцы Аршанскага раённага цэнтра фізічнай культуры, турызму і краязнаўства дзяцей і моладзі Дар’і Воранавай. Шматразовы прызёр і пераможца рэспубліканскіх і міжнародных спаборніцтваў па спартыўным арыентаванні, удзельніца турыстычнага злёту Саюзнай дзяржавы вучыцца ў гімназіі Барані, упарта трэніруецца і марыць аб пакарэнні новых спартыўных вышынь.

— Дар’я прыйшла да нас у першым класе, спачатку асвойвала маркіраваную трасу, — расказаў дырэктар цэнтра Сяргей Гвоздзеў. — За некалькі гадоў па выбраным спартыўным напрамку таленавітая навучэнка стала адным з прызнаных лідараў у краіне. Безумоўна, у гэтым вялікая заслуга як самой спартсменкі, так і яе асноўнага трэнера разам з галоўнай групай падтрымкі — роднымі. У нашым выпадку сувязь паміж настаўнікам у спорце і сям’ёй непасрэдная і наймацнейшая: трэніруе Дар’ю яе бабуля — педагог дадатковай адукацыі І катэгорыі Наталля Воранава, а матывуюць да новых перамог на ўласным прыкладзе, дапамагаюць рыхтавацца да спаборніцтваў родны дзядзька Уладзіслаў Воранаў — вядомы спартсмен і заўзяты прыхільнік спартыўнага арыентавання, і бацька — майстар спорту па спартыўным арыентаванні Сяргей Воранаў. Унікальная дынастыя. Калі браць пад увагу адданасць усіх яе прадстаўнікоў любімаму віду спорту, то маем усе падставы спадзявацца, што яна атрымае працяг і ў наступных пакаленнях.

Таццяна БОНДАРАВА.
Фота аўтара.

Дзеля бяспечнага дзяцінства

На Ляхавіччыне падвялі вынікі ІІ раённага конкурсу “Бяспечнае дзяцінства”. Арганізатарамі спаборніцтва, у якім прынялі ўдзел 10 дашкольных устаноў і 4 ВПК “дзіцячы сад — школа”, выступілі раённы аддзел адукацыі, спорту і турызму і раённы аддзел па надзвычайных сітуацыях.

— Асноўныя задачы конкурсу — прапаганда асноў бяспекі жыццядзейнасці, удасканаленне форм і метадаў работы ў дашкольных установах па папярэджанні надзвычайных сітуацый, знаёмства малышоў з прафесіяй ратавальніка-пажарнага, — расказала метадыст Ляхавіцкага раённага вучэбна-метадычнага кабінета Л.У.Лойка. — Сёлетнія спаборніцтвы выйшлі на больш высокі ўзровень як па колькасці ўдзельнікаў, так і па якасці падрыхтоўкі конкурсных матэрыялаў. Удзел у намінацыях “Куток бяспекі”, “Дыдактычная гульня”, “Работа з бацькамі” і “Вуснамі дзіцяці” дазволіў педагогам праявіць творчасць, ініцыятыву і крэатыўнасць мыслення.

Сёння ў кожнай дзетсадаўскай групе створаны куткі бяспекі з улікам узроставай катэгорыі выхаванцаў, дзе дашкольнікі знаёмяцца з тэхнікай і экіпіроўкай ратавальнікаў, вучацца выклікаць іх па тэлефоне 101, прайграюць сітуацыі са штодзённага жыцця. Па словах Л.У.Лойка, у кутках бяспекі створаны добрыя ўмовы для арганізацыі сюжэтна-ролевых гульняў. Творчы падыход у афармленні куткоў праявілі педагогі ясляў-садоў №№ 1 і 3 Ляхавіч, Начаўскага і Жарабковіцкага дзіцячых садоў.— Вялікую ролю ў развіцці дзяцей адыгрываюць гульні, — адзначыла Л.У.Лойка. — У рамках конкурсу педагогі прыдумалі і вырабілі маляўнічыя дыдактычныя гульні. Так, выхавальнікі ясляў-сада № 1 Ляхавіч распрацавалі арыгінальныя інтэрактыўныя папкі, накіраваныя на навучанне дзяцей асновам бяспекі жыццядзейнасці. Папкі ўяўляюць сабой калаж дыдактычных гульняў “Што спатрэбіцца пры пажары?”, “Складзі нумар пажарнай службы”, “Складзі карцінку”, “Вырашы праблемную сітуацыю”, “Адгадай загадку — знайдзі адгадку”, “Складзі апавяданне па карцінцы”, “Што лішняе?” і “Што трэба пажарнаму?”.

У кожнай дашкольнай установе праводзяцца сумесныя мерапрыемствы з бацькамі. Так, у намінацыі “Работа з бацькамі” журы адзначыла прэзентацыі педагагоў ясляў-садоў №№ 1 і 3 Ляхавіч, Русінавіцкага і Начаўскага дзіцячых садоў. Выхавальнікі ясляў-сада № 3 Ляхавіч вырашаюць праблемныя сітуацыі падчас гульняў “Чакаем адказу”, “Небяспечныя казкі” і “Дамалюй сюжэт”.

— Нельга не адзначыць выступленні і тэатралізаваныя пастаноўкі выхаванцаў у намінацыі “Вуснамі дзіцяці”, — расказала Л.У.Лойка. — Яркія ўражанні пакінулі пастаноўкі “Церамок на новы лад” і “Нежартоўная гісторыя пеўніка”, у якіх хлопчыкі і дзяўчынкі прайгравалі небяспечныя сітуацыі. Акрамя таго, дзеці ў вершах расказвалі аб правілах пажарнай бяспекі і дэманстравалі свае ўменні ў карыстанні вогнетушыцелем і выкліку ратавальнікаў па тэлефоне 101.

Пераможцам конкурсу стаў педкалектыў ясляў-сада № 1 Ляхавіч (загадчыца Л.П.Бародка). На 2 месцы — педагогі ясляў-сада № 3 Ляхавіч (загадчыца Л.Ю.Мяжуева). 3 месца занялі выхавальнікі Жарабковіцкага (загадчыца С.І.Селяйковіч) і Начаўскага (загадчыца А.І.Валах) дзіцячых садоў.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.

У пошуку эфектыўнага вопыту спецыяльнай адукацыі

На Брэстчыне вызначылі пераможцаў абласнога этапу VI Рэспубліканскага конкурсу “Сучасныя тэхналогіі ў спецыяльнай адукацыі”. Арганізатарамі спаборніцтва выступілі ўпраўленне адукацыі Брэсцкага аблвыканкама і Брэсцкі абласны інстытут развіцця адукацыі.

— Конкурс з’яўляецца значнай падзеяй у сістэме спецыяльнай адукацыі і дазваляе выявіць самых таленавітых, творчых і актыўных педагогаў, — расказала намеснік старшыні журы конкурсу галоўны спецыяліст сектара аховы дзяцінства абласнога ўпраўлення адукацыі В.В.Плескацэвіч. — Спаборніцтва праводзіцца з мэтай абагульнення і распаўсюджвання перадавога педагагічнага вопыту і эфектыўнай педагагічнай практыкі па навучанні і выхаванні дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, удасканальвання метадычнай работы ва ўстановах, якія рэалізоўваюць праграмы спецыяльнай адукацыі. Задача конкурсу — падтрымка інавацыйных метадаў і сучасных тэхналогій у галіне спецыяльнай адукацыі, пошук найбольш эфектыўных форм і метадаў навучання і выхавання асаблівых дзяцей ва ўмовах спецыяльнай дашкольнай установы, класа (групы) інтэграванага навучання і выхавання, спецыяльнай агульнаадукацыйнай і дапаможнай (школы) школы-інтэрната і ЦКРНіР, а таксама развіццё творчага патэнцыялу педагагічных калектываў.

Конкурс складаўся з двух тураў. У першым туры прынялі ўдзел 70 конкурсных работ, падрыхтаваных спецыялістамі ўстаноў, якія рэалізоўваюць праграмы спецыяльнай адукацыі. Да ўдзелу ў другім туры конкурсу былі дапушчаны 15 лепшых работ. Сярод іх — “Дзіцячая журналістыка як сродак развіцця звязнага маўлення і камунікатыўных здольнасцей дзяцей з агульным недаразвіццём маўлення” (спецыяльны дзіцячы сад № 51 Баранавіч), “Прымяненне дыстанцыйных тэхналогій у працэсе навучання дзяцей з інтэлектуальнай недастатковасцю” (Малоткавіцкая дапаможная школа-інтэрнат Пінскага раёна), “Прымяненне трэнінгавай тэхналогіі ў фарміраванні інклюзіўнай культуры ў бацькоў” (сярэдняя школа № 13 Баранавіч) і інш. Рэгіянальныя мадэлі спецыяльнай адукацыі аўтарскія калектывы педагогаў дэманстравалі ў Брэсцкім абласным ІРА ў выглядзе стэндавых дакладаў і мультымедыйных прэзентацый.

Па выніках конкурсу дыпломы І ступені атрымалі аўтарскія калектывы Брэсцкага абласнога ЦКРНіР (“Тэхналогія арганізацыі і планавання індывідуальнай карэкцыйна-педагагічнай дапамогі дзецям ранняга ўзросту з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця ва ўмовах ЦКРНіР”), дапаможнай школы Брэста (“Развіццё эмацыянальна-валявой сферы вучняў малодшага школьнага ўзросту з інтэлектуальнай недастатковасцю”) і ясляў-сада № 7 Ганцавіч (“Тэхналогія выкарыстання метаду інтэлектуальных карт у развіцці звязнага маўлення ў дзяцей дашкольнага ўзросту з агульным недаразвіццём маўлення”).

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.
Фота аўтара.