Шляхам прафесійных проб

— Працоўная дзейнасць займае важнае месца ў самарэалізацыі чалавека, — гаворыць педагог-псіхолаг Вольга Аляксандраўна Стасюк з брэсцкай сярэдняй школы № 20 імя Героя Савецкага Саюза Д.М.Карбышава. — У большасці выпадкаў моладзь выбірае прафесію, зыходзячы з існуючых у грамадстве стэрэатыпаў. Гэта перашкаджае знайсці сябе ў свеце прафесій і стварае псіхалагічныя цяжкасці з-за няўмення праектаваць жыццёвы і прафесійны шлях у рэальных рыначных умовах.

Каб школьнікі лягчэй арыентаваліся ў сучасных спецыяльнасцях і маглі знайсці ў далейшым месца на рынку працы, В.А.Стасюк распрацавала праграму прафесійных проб, якая ўваходзіць у сістэму работы сацыяльна-педагагічнай і псіхалагічнай службы школы па суправаджэнні прафесійнага самавызначэння старшакласнікаў.

— Прафесійныя пробы — гэта серыя мерапрыемстваў, якія мадэлююць элементы канкрэтнага віду прафесійнай дзейнасці, — тлумачыць Вольга Аляксандраўна. — Падчас удзелу ў прафесійных пробах вучні пагружаюцца ў будучую прафесію, бачаць яе перавагі і недахопы. Вопыт паказвае, што школьнікам варта прайсці як мага больш відаў прафпроб і толькі пасля гэтага выбраць тую прафесію, дзе іх магчымасці раскрыюцца максімальна.

У 2015 годзе школа пачала рэалізацыю інавацыйнага праекта “Укараненне мадэлі суправаджэння інтэлектуальна адоранай моладзі ў працэсе яе прафесійнага станаўлення”. Інавацыйнай групай праекта сталі дзевяцікласнікі. Сёння яны вучацца ў двух профільных 10-х класах. У адным на павышаным узроўні вывучаюцца матэматыка і замежная мова або матэматыка і фізіка, у другім — руская мова і замежная мова. Сярод замежных моў у школе вывучаюцца англійская і нямецкая.

— На падрыхтоўчым этапе праекта былі прызначаны цьютары, якія будуць суправаджаць вучняў згодна з выбранымі напрамкамі, — расказвае В.А.Стасюк. — Цьютары паведамілі вучням, што падчас прафесійных проб яны правяраюць наяўнасць або адсутнасць у сябе прафесійна значных якасцей у адпаведнасці з рухам па індывідуальным адукацыйным маршруце. Далей прайшоў шэраг мерапрыемстваў, накіраваных на падрыхтоўку дзяцей да выбару напрамку прафесійных проб. Школьная псіхалагічная служба вызначыла формы іх арганізацыі: экскурсіі, назіранні, прафесійная практыка, гутаркі і трэнінгі. Важнай умовай праходжання групавой прафпробы з’яўляецца невялікая колькасць чалавек у групе (5—7).

На метадычным савеце школы былі зацверджаны педагагічныя ўмовы правядзення прафесійных проб, да якіх дзевяцікласнікі прыступілі мінулай вясной. Выкананне прафесійнай пробы ўключае тры кампаненты (напрамкі): тэхналагічны, сітуатыўны і функцыянальны. Іх інтэграцыя дазваляе стварыць цэласны вобраз прафесіі.

— Гэтыя кампаненты з’яўляюцца неабходнымі пры складанні зместу прафесійнай пробы, — адзначае Вольга Аляксандраўна. — Вельмі важна, каб у школьнікаў склалася цэласнае ўяўленне аб прафесіі і спецыфіцы пэўнага віду прафесійнай дзейнасці. Прыкладам праходжання першых прафесійных проб вучняў стала школа. Дзевяцікласнікам былі прапанаваны педагогіка (прафпроба ў пачатковай школе), медыцына (прафпроба ў медыцынскім кабінеце школы) і гандаль (прафпроба ў школьным буфеце). Змест, мэта, умовы і вынік прафесійнай пробы дакладна адпавядалі прынцыпу яе пабудовы як прафесійнага выпрабавання, якое мае дыягнастычную, дзейнасную і творчую накіраванасць, уключае сітуацыі для праяўлення прафесійна важных якасцей спецыяліста, магчымасці для развіцця цікавасці, здольнасцей і схільнасцей школьнікаў. Азнаямленне вучняў са зместам прафесійных проб на базе школы было арганізавана такім чынам, што ў адпаведнасці з самаацэнкай і ўзроўнем запытаў яны маглі самастойна выбіраць узровень складанасці заданняў.

Вынікам кожнага модуля прафесійнай пробы стала атрыманне завершанага прадукту дзейнасці — фрагмента ўрока ў пачатковай школе, творчай справаздачы аб рабоце ў медыцынскім кабінеце і школьным буфеце. У бягучым навучальным годзе рэалізацыя праграмы прафесійных проб прадоўжылася ў профільных класах. Вынікам прафпробы павінна стаць яе абарона вучнямі, дзе ацэньваецца ўзровень набытых практычных навыкаў і ўменняў.

— У бягучым навучальным годзе прафесійныя пробы прайшлі па двух напрамках — ваенная справа і турызм, — гаворыць В.А.Стасюк. — Прафпробы па ваеннай справе праводзіліся на базе Брэсцкай пагранічнай групы імя Ф.Э.Дзяржынскага і Брэсцкага абласнога ўпраўлення дэпартамента аховы МУС, а прафпробы па турызме — на базе дзвюх турыстычных фірм.

Хаця праграма завершыцца толькі ў 2018 годзе, ужо атрыманы першыя вынікі. Так, вучні атрымалі даволі поўныя звесткі пра дзейнасць настаўнікаў пачатковых класаў, медыцынскіх і гандлёвых работнікаў, пагранічнікаў і міліцыянераў, спецыялістаў сферы турыстычных паслуг. Некалькі вучняў профільных класаў склалі індывідуальныя праграмы прафесійных проб па ваеннай справе і турызме. Дзеці змаглі суаднесці індывідуальныя інтарэсы і асобасныя асаблівасці з патрабаваннямі прафесіі, якая іх зацікавіла. Большасць вучняў профільных класаў працуе над складаннем прафесіяграм выбраных прафесій. Старшакласнікі абараняюць вынікі праходжання прафесійнай пробы ў форме прэзентацыі. Падчас сацыяльнага ўзаемадзеяння вучні набываюць практычныя ўменні камунікатыўнай культуры. Дыягностыка паказала, што ў школьнікаў павысілася цікавасць да працоўнай дзейнасці, фарміруецца патрэба ў самарэалізацыі ў соцыуме шляхам выбранай прафесіі.

Падрыхтаваў Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.

Дапамагаюць любімай школе

У брэсцкай сярэдняй школе № 20 імя Героя Савецкага Саюза Д.М.Карбышава ўпэўнены, што ўстанова адукацыі адыгрывае важную ролю ў працоўным станаўленні вучняў. Таму працоўнаму выхаванню школьнікаў педагогі ўдзяляюць вялікую ўвагу.

— Працоўнае выхаванне ўключае не толькі заняткі на ўроках працоўнага навучання, але і пазакласныя мерапрыемствы: уборку замацаваных участкаў, удзел у суботніках, догляд помнікаў і мемарыяльных дошак, летнюю працоўную практыку, работу ў абласным Цэнтры турызму і краязнаўства дзяцей і моладзі і гарадскім вучэбна-вытворчым камбінаце, дзейнасць школьнай рамонтнай брыгады, — расказвае настаўніца абслуговай працы 20-й школы Л.А.Васілеўская. — Штогод гарадское ўпраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне арганізоўвае занятасць каля 600 маладых людзей, у тым ліку школьнікаў. Многія вучні зацікаўлены ў самастойным заробку грошай і больш рацыянальным выкарыстанні вольнага часу. У гэтым напрамку школа працуе з 2000 года.

Сёлета 15 вучняў былі часова працаўладкаваны ў школьнай рамонтнай брыгадзе, сфарміраванай пераважна з падлеткаў, якія патрабуюць павышанай увагі. Пры адборы ўдзельнікаў брыгады ўлічваліся рэкамендацыі класных кіраўнікоў і сацыяльна-педагагічнай службы школы, узрост (ад 14 гадоў), жаданне працаваць, меркаванні бацькоў, медыцынскія паказанні і інш.

План дзейнасці брыгады быў зацверджаны дырэктарам школы. Штодзень вучні палівалі клумбы, ажыццяўлялі пагрузачна-разгрузачныя работы, рамантавалі мэблю, прыбіралі тэрыторыю, высаджвалі і даглядалі кветкі і г.д. Адначасова дзеці аздараўляліся ў школьным летніку з трохразовым харчаваннем.

— Работа ў брыгадзе будавалася па вытворчым прынцыпе, – гаворыць Л.А.Васілеўская. — Кіраўніком брыгады быў настаўнік, брыгадзіры выбіраліся з вучняў. На кожнага брыгадзіра прыходзілася па 4 рабочыя. Брыгадзірскія абавязкі выконвалі вучні, узорныя ў рабоце і працоўнай дысцыпліне. Штодзень брыгады атрымлівалі інструктаж па заданнях ад кіраўнікоў. Брыгадзіры расстаўлялі членаў брыгады па рабочых месцах, вялі ўлік рабочага часу і выкананай работы ў спецыяльным журнале з роспісам членаў брыгады, кантралявалі вытворчую дысцыпліну. Пры неабходнасці кіраўнік брыгады карэкціраваў яе дзейнасць, накіроўваў і паказваў правільныя прыклады работ.

Напрыканцы тыдня праводзіліся пяціхвілінкі, дзе падводзіліся вынікі работы кожнай брыгады і рыхтаваліся невялікія паведамленні на тэмы: “Што выпускаюць прадпрыемствы Брэста за адну хвіліну”, “Прэстыж рабочай прафесіі” і інш. Падчас перапынкаў вучні актыўна адпачывалі: наведвалі кінатэатр, удзельнічалі ў шахматна-шашачных турнірах, гулялі ў футбол і валейбол.

На пасяджэнні, прысвечаным завяршэнню работы ў брыгадзе, падводзіліся выніку ўдзелу ў конкурсе “Лепшы рабочы школьнай рамонтнай брыгады”, заслухоўваліся выступленні брыгадзіраў, членаў брыгады і яе кіраўніка. Дырэктар школы І.Ф.Нікіфаравец падзякавала вучням за выкананую работу і беражлівыя адносіны да маёмасці ўстановы адукацыі. На школьнай лінейцы 11 вучняў атрымалі заслужаныя граматы за добрасумленную працу ў брыгадзе і асабісты ўклад у падрыхтоўку школы да новага навучальнага года. Лепшыя члены рамонтнай брыгады адправіліся ў заахвочвальную экскурсійную паездку ў Полацк, арганізаваную дзякуючы шэфу школы ААТ “Брэстгазаапарат”.

— Вучням было прыемна атрымаць не толькі граматы і працоўныя кніжкі, але і першыя заробкі, што стала добрым стымулам і далей зарабляць грошы ўласнай працай, — адзначае Л.А.Васілеўская. — Анкетаванне школьнікаў паказала іх імкненне дапамагчы роднай навучальнай установе, адчуць сябе часткай рабочага калектыву: “Спадабалася працаваць, было прыемна штосьці зрабіць для школы. Атрымаў працоўны вопыт і заробак”, “Спадабалася прыводзіць школу ў парадак. Гэты неацэнны вопыт абавязкова спатрэбіцца ў будучыні”, “Чакаў кожны новы дзень, каб зноў прыйсці на работу. Стараўся быць прыкладам як брыгадзір”.

За 16 гадоў у школьнай рамонтнай брыгадзе папрацавалі больш за 220 вучняў, якія набылі падчас летніх канікул карысны працоўны вопыт не толькі ў сценах школы, але і на розных аб’ектах горада. Такая дзейнасць пашырае кругагляд падлеткаў аб прафесіях і рыхтуе іх да самастойнага працоўнага жыцця.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.

Вынік плённага супрацоўніцтва

Далёка не кожная ўстанова адукацыі можа пахваліцца плённым узаемадзеяннем з шэфскімі арганізацыямі. У гэтым плане брэсцкай сярэдняй школе № 20 імя Героя Савецкага Саюза Д.М.Карбышава пашанцавала. Паміж ёй і СП ААТ “Брэстгазаапарат” наладжаны даўнія цесныя сувязі.

— Падрыхтоўка школы да новага навучальнага года — справа важная і адказная, — гаворыць дырэктар 20-й школы І.Ф.Нікіфаравец. — Педагагічны калектыў і вучні імкнуцца старанна захоўваць тое, што маюць, у належным выглядзе. Ад таго, наколькі сур’ёзна падыходзіць да падрыхтоўкі школы да 1 верасня, залежыць не толькі настрой і жаданне дзяцей вучыцца, але і арганізацыя вучэбна-выхаваўчага працэсу ў цэлым.

Капітальны рамонт спартыўнай залы стаў яркім прыкладам плённага супрацоўніцтва школы, СП ААТ “Брэстгазаапарат” і будаўнічай кампаніі В.В.Валеева. Шэфскае прадпрыемства набыло будаўнічыя матэрыялы, а будаўнічая брыгада даўняга надзейнага партнёра выканала неабходныя работы па дэмантажы і рамонце. На гэтыя мэты было затрачана 8,3 тысячы рублёў з пазабюджэтнага фонду.

— Надзвычай адказна падышоў да справы і педагагічны калектыў, — адзначае настаўніца фізічнай культуры 20-й школы Н.С.Прасмыцкая. — Настаўнікі фізкультуры разам з будаўнікамі фарбавалі спартыўнае абсталяванне, абнаўлялі разметку ў зале, пакрывалі лакам падлогу і аднаўлялі на сценах малюнкі. Падышлі да работы з душой, бо лічым, што ў школе павінна панаваць атмасфера дамашняй утульнасці і цеплыні.

Дзякуючы намаганням педагогаў і партнёраў школы, вучні прыйшлі 1 верасня ў светлую абноўленую спартыўную залу. Дарэчы, у рамонтных работах актыўна ўдзельнічалі і дзеці. Гэта вельмі важна, бо вучыць шанаваць уласную працу.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.