Памяць пра бессмяротнае імя

Гэта быў сапраўдны ўрок жыцця. У выставачную залу Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Францыска Скарыны прыйшлі вучні 8 “Б” класа сярэдняй школы № 27 Гомеля разам з настаўнікам-практыкантам гістарычнага факультэта Уладзімірам Смольскім. На выставе, прысвечанай 73-й гадавіне вызвалення Гомеля ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, дзеці не толькі ўбачылі дакументальныя матэрыялы аб тых, хто мужна змагаўся з ворагам, але і сустрэліся з жывой сведкай вайны — дачкой героя гомельскага падполля Дзмітрыя Басакава Ірынай Дзмітрыеўнай Лемешавай-Басакавай.

Вайна адабрала ў яе дзяцінства і бацьку. Дзмітрый Яўцехавіч Басакаў, інжынер-будаўнік, застаўся ў Гомелі для ўзвядзення абарончых збудаванняў, а калі нямецкія войскі ўвайшлі ў горад, разам з іншымі патрыётамі арганізаваў партыйна-камсамольскае падполле. 10-гадовая Іра выконвала розныя даручэнні бацькі, рабіла свой уклад у барацьбу з фашыстамі. А калі здраднік выдаў Басакава і яго арыштавалі, у турму забралі і маленькую дачку падпольшчыка. Яна зведала жорсткія катаванні, але мужна трымалася на допытах, нічога не сказала немцам пра бацьку, яго паплечнікаў, пра сувязь з партызанамі.

— Фашысты па мне стралялі — не забілі, голадам марылі — выжыла, па марозе і снезе гналі басанож — не замерзла, — падзялілася горкімі ўспамінамі са школьнікамі дачка героя.

Пасля гэтых слоў вучаніца Вераніка Канопліч прызналася: “Калі я ўбачыла слёзы на вачах Ірыны Дзмітрыеўны, разгледзела ў іх і смутак, і радасць. Смутак ад страты бацькі, родных, якіх адабрала вайна. Радасць ад таго, што людзі памятаюць пра тых, хто змагаўся за вызваленне роднай зямлі”.

Увазе падлеткаў было прадстаўлена партфоліа пра жыццёвы і гераічны шлях Д.Басакава і яго дачкі, падрыхтаванае Уладзімірам Смольскім і дацэнтам Тамарай Пятроўнай Гаранінай. У матэрыяле сабраны архіўныя дакументы, успаміны ветэранаў вайны, родных і сяброў героя, яго партрэты, фотаздымкі з сямейнага архіва, урачыстых мітынгаў каля мемарыяла “Слава героям-падпольшчыкам”, на мармуровай пліце якога высечана проз­вішча Д.Басакава. Як част­ка валанцёрскага праекта “Бессмяротныя імёны” парт­фоліа захавае ў памяці нашчадкаў імя бясстрашнага абаронцы Радзімы і зойме дастойнае месца ў Гомельскім абласным музеі баявой славы.

Школьнікі даведаліся таксама шмат цікавага і пра іншых удзель­нікаў гомельскага падполля (Рамана Цімафеенку, Івана Шылава, Яўгена Хоміча, Фёдара Прыходзьку) з прэзентацыі выставачнага праекта “Есть имена и есть такие даты, — они нетленной сущности полны…”, якую правёў Уладзімір Смольскі. Працавалі над праек­там члены валанцёрскага атрада “Памяць” гістарычнага факультэта ГДУ імя Францыска Скарыны.

Да юных гасцей звярнулася куратар праекта “Бессмяротныя імёны”, кандыдат філасофскіх навук, дацэнт Т.П.Гараніна. Яна падкрэсліла, што маладому пакаленню сёння вельмі важна даведацца пра лёс кожнага, хто змагаўся з ворагам у падполлі, вызваляў родны горад, каб заўсёды памятаць пра іх подзвіг і быць удзячнымі за шчасце жыць пад мірным небам.

Ірына Дзмітрыеўна Лемешава-Басакава напісала аб сустрэчы ў кнізе водгукаў: “Школьнікі лавілі кожнае наша слова — маё і настаўніка-практыканта, душой і сэрцам адчулі, што такое вайна і хто яе героі. Я пераканалася, што не перарываецца сувязь пакаленняў”.

Тамара ДУБЯК.
Фота Уладзіміра ЧЫСЦІКА.

Будзе смачна есці!

Гомельская сярэдняя школа № 27 невыпадкова аказалася ў ліку пераможцаў Абласнога агляду-конкурсу па паляпшэнні якасці і бяспечнасці харчавання, аб’яўленага ўпраўленнем адукацыі Гомельскага аблвыканкама.

Сёння харчаблок гэтай установы — паказальны прыклад для многіх, хаця зусім нядаўна кіраўніцтву ўстановы прыходзілася бясконца вырашаць прадпісанні розных кантралюючых службаў, асабліва санітарна-эпідэміялагічнай. Спатрэбіліся тры гады, каб выйсці на зусім новы ўзровень і паставіць кропку ў спісе прэтэнзій да арганізацыі харчавання ў школе.

Сярэдняя школа № 27 — адна з лепшых школ абласнога цэнтра. Трапіўшы ў яе сцены, вы ніколі не здагадаецеся, што гісторыя прыгожага знадворку і знутры будынку налічвае 80 гадоў. Некалі гэтая ўстанова насіла назву 1-й Сталінскай школы, а вучыцца ў ёй было вялікім гонарам. Сёння, дарэчы, як і раней, многія бацькі мараць уладкаваць сваё дзіця ў гэтую ўстанову. Штогод набор першакласнікаў ажыццяўляецца ў адзін дзень.

Прыгожая гісторыя. Але стары будынак ставіць сур’ёзныя пытанні, звязаныя з рамонтам. З аднаго боку — цяжка прыцягнуць нейкія фінансавыя сродкі, з другога — і тэхнічна няпроста выканаць нейкія будаўнічыя работы. Пры адсутнасці бюджэтнага фінансавання ўсё кладзецца на плечы выключна спонсараў і папячыцельскага савета.

— Патрабаванні цэнтра гігіены і эпідэміялогіі пастаянна аднаўляюцца, а ў нас нават само памяшканне харчаблокаў было дрэнна прыстасавана для харчавання дзяцей, — расказвае дырэктар школы Святлана Кубышкіна. — Вось чаму кіраўніцтва так высока ацаніла рамонт харчаблока, які мы выканалі самастойна. Ды і самі мы не нарадуемся такім зменам.

Гэта, насамрэч, вялікая справа. Справіліся без прыцягнення бюджэтных сродкаў, усё зроблена выключна за спонсарскія і бацькоўскія грошы. А гэта не мізэрныя сумы, бо рамонт быў амаль капітальны, толькі што праводзіўся за пазабюджэтныя сродкі, без праектна-каштарыснай дакументацыі і гаспадарчым спосабам. Толькі на абедзенную залу было затрачана 16 400 рублёў. Ад былой сталоўкі, мяса-рыбнага і гарачага цэхаў засталіся толькі сцены, усё астатняе, разам са старым абсталяваннем, было дэманціравана. Падлогу, сцены, столь, абсталяванне — поўнасцю ўсё замянілі.

Над дызайнам працавала сама Святлана Васільеўна. Не дзіўна, бо пра яе кажуць: “Не проста дырэктар, а і шавец, і кравец, і каваль, і стругаль”. Ідэю дырэктара ажыццяўлялі разам настаўнікі і бацькі. Настаўнікі малявання распісвалі калоны і малявалі карціны, каб упрыгожыць сталоўку, настаўнікі працоўнага навучання шылі шторы.

Параўноўваю здымкі былога харчаблока школы з тым, што ёсць зараз, і разумею радасць работнікаў сталовай, вучняў, настаўнікаў і кіраўніцтва ўстановы. Цяпер выраз “Смачна есці!” тут вельмі дарэчы.

Наталля ЛУТЧАНКА.
Фота аўтара.

Быць з вучнем максімальна блізка

Выкладанне любога школьнага прадмета можна зрабіць цікавым, а вучняў неабходна трымаць як мага бліжэй да сябе — так лічыць настаўнік фізікі гомельскай сярэдняй школы № 27 Валерый Ігаравіч Клюка. Менавіта па гэтых правілах будуе сваю дзейнасць малады педагог.

Валерый Ігаравіч адносіцца да тых настаўнікаў, якія могуць рэалізаваць сябе ў любой установе адукацыі. Пасля заканчэння фізічнага факультэта Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Францыска Скарыны малады спецыяліст быў накіраваны на першае месца працы ў адну са школ гарадскога пасёлка Карма настаўнікам фізікі і інфарматыкі. Там бы і застаўся, калі б сямейныя прычыны не прымусілі вярнуцца ў Гомель. Пяць гадоў В.І.Клюка паспяхова выкладае фізіку ў адной з лепшых школ абласнога цэнтра.

— Калі я сюды прыйшоў, у мяне ўжо сфарміравалася пэўнае кола інтарэсаў, — дзеліцца Валерый Клюка. — Мне хацелася рэалізаваць сябе ў розных напрамках, пачынаючы з праграмавання, аб чым я заўсёды марыў, і заканчваючы такім нестандартным на той час відам дзейнасці, як робататэхніка. Прычым я разглядаў гэта не як асобныя заняткі па інтарэсах ці факультатывы. Было жаданне ўплесці сучасныя кірункі ў свой прадмет, звязаць усё разам. Мне бачылася гэта праз папулярызацыю навукі, бо хацелася нечым пастаянна дзяліцца з дзецьмі, з калегамі ды і самому даведвацца аб чымсьці новым.

Валерый Ігаравіч пачаў з пошуку аднадумцаў. І першым быў аднакурснік настаўнік фізікі адной з гомельскіх школ Сяргей Валянцінавіч Шэйбут. Потым далучыліся іншыя педагогі. Так калегі пачалі рэалізоўваць адразу некалькі праектаў. Галоўны з іх — праект “Навука — дзецям”. Творчыя настаўнікі стварылі канал на YouTube, дзе пачалі размяшчаць свае навуковыя відэаролікі, адкрылі свой сайт, які папаўнялі самастойна напісанымі пазнавальнымі артыкуламі, апісаннем правядзення доследаў і іншай цікавай інфармацыяй. Мэта простая — матываваць навучэнцаў заняцца навукай. Праз год гэтая работа дала вынік: да гомельскіх педагогаў-энтузіястаў пачалі звяртацца людзі з іншых навуковых суполак, прасілі дазволу выкарыстоўваць іх матэрыялы, дзяліліся вопытам. Было наладжана плённае супрацоўніцтва.

Сёння аднакурснікі-аднадумцы Валерый Клюка і Сяргей Шэйбут выпусцілі ў свет кнігу пад назвай “Энцыклапедыя механізмаў, ці Як устроена ўсё навокал”, якая выйшла ў расійскім выдавецтве “Фенікс” тыражом у пяць тысяч экзэмпляраў. На 80-ці старонках пазнавальнай энцыклапедыі змешчаны цікавыя артыкулы, дапоўненыя ілюстрацыямі, большую частку з якіх, дарэчы, намалявалі самі аўтары.

— Развіваючы наш праект, мы выношвалі ідэю выпусціць невялічкія брашуркі на старонак пятнаццаць-дваццаць, якія проста маглі б раздаваць зацікаўленым, — расказвае гісторыю з’яўлення кнігі Валерый Клюка. — Пра кнігу думкі былі таксама, але мы не ведалі, як гэта робіцца, з чаго пачынаць, да каго звяртацца… І вось аднойчы з намі звязалася расійскае выдавецтва і прапанавала напісаць кнігу, у аснову якой будуць пакладзены нашы распрацоўкі.

Пра гэта можна было толькі марыць, і маладыя настаўнікі сур’ёзна ўзяліся за справу. Два з паловай месяцы штодзённай працы над матэрыяламі кнігі — і, нарэшце, яна ўбачыла свет. Валерый Ігаравіч прызнаецца, што адчувае вялікую радасць ад таго, што работа над праектам “Навука — дзецям” вылілася ў кнігу. Але больш важным для аўтара з’яўляецца тое, што яна можа стаць памочнікам для калег у справе папулярызацыі сярод дзяцей фізікі і навукі ўвогуле. Фізіка — цікавы прадмет, аднак наўрад ці кожны вучань захопіцца ім, калі настаўнік не паспрыяе гэтаму.

— Я лічу, што калі дзіця ў сёмым-восьмым класе не матывавана на фізіку, то да яго цяжка дастукацца, — расказвае Валерый Клюка. — Імкнуся рознымі спосабамі зацікавіць сваіх вучняў, бо простае выстаўленне ў журнал дрэнных адзнак ніяк не паўплывае на матывацыю. Абапіраюся ў многім на наш праект “Навука — дзецям”. Я прыходжу на ўрок, і ў мяне ёсць добры матэрыял, сабраны за тры гады, — тыя ж відэаролікі, артыкулы, каштоўныя спасылкі.

Галоўны козыр маладога настаўніка ў справе матывацыі — пазаўрочная дзейнасць з навучэнцамі. Атрымаўшы спасылкі на сайт і на канал з відэаролікамі, дзеці, для якіх сёння камп’ютар — неад’емны атрыбут вольнага часу, абавязкова, няхай і без пэўнай мэты, захочуць прагледзець матэрыял. Раз, другі, трэці, і, як вынік, у многіх з’яўляецца жаданне паспрабаваць сябе ў нейкіх праектах ці доследах. Прычым кожны вучань можа напісаць настаўніку фізікі ў сацыяльных сетках у любы час, задаць пытанні, параіцца ці нешта высветліць, абмеркаваць.

— Я заўсёды на сувязі, і калі дзеці нешта выконваюць, рашаюць задачы, тэсты, яны ў любы час могуць мне напісаць, — гаворыць настаўнік фізікі. — Я сваіх вучняў імкнуся трымаць максімальна блізка да сябе. Гэта і ёсць мая методыка. Канечне, яна патрабуе шмат сіл і часу і, магчыма, не на сто працэнтаў дзейнічае, тым не менш я бачу вынікі ў зацікаўленасці навучэнцаў.

У многіх юнакоў і дзяўчат гэтая зацікаўленасць выліваецца ў праектную дзейнасць. Самыя яркія работы прадстаўляюцца ў розных конкурсах і займаюць пераможныя месцы.

На дасягнутым малады настаўнік і яго калегі спыняцца не збіраюцца. Зараз, напрыклад, яны пачалі развіваць партал дыстанцыйнага навучання фізіцы і хіміі, паступова будуць уключаны і іншыя прадметы, што дасць вучням магчымасць атрымліваць дадатковыя веды па пэўных прадметах. А наперадзе яшчэ шмат задум, якія, безумоўна, будуць рэалізаваны.

Наталля ЛУТЧАНКА.
Фота аўтара.

Сапраўдныя героі

15 гадоў пры нашай школьнай бібліятэцы працуе клуб “Патрыёт”. Яго мэта — выхаванне ў падрастаючага пакалення патрыятызму, гонару за сваіх дзядоў і прадзедаў, якія выстаялі ў найцяжэйшых выпрабаваннях і адстаялі свабоду і незалежнасць нашай Радзімы. Колькі цікавых мерапрыемстваў праведзена клубам за гэты час, колькі сустрэч з ветэранамі Вялікай Айчыннай вайны — жывымі сведкамі знамянальных падзей!

Традыцыйнымі сталі ўрокі памяці. Нядаўна такі ўрок пад назвай “Чалавек з легенды” быў праведзены ў 7-х класах у гонар Кірылы Пракопавіча Арлоўскага. Ініцыятарамі правядзення мерапрыемства сталі самі навучэнцы, большасць з якіх жыве на вуліцы названай у гонар героя. Мужнасць гэтага чалавека, яго невычэрпная жыццёвая сіла, любоў да Радзімы і асабісты ўклад у развіццё краіны — прыклад сапраўднага патрыятызму. На мерапрыемстве прысутнічалі ветэран Вялікай Айчыннай вайны Уладзімір Іванавіч Лазарэнка, які працаваў з Арлоўскім ў цяжкі пасляваенны час. Паслухаўшы аповяд ветэрана, навучэнцы ўсвядомілі, што недастаткова гаварыць пра любоў да роднага краю, неабходна праяўляць любоў у справах.Нельга не сказаць пра Урокі Памяці “Іх імёнамі названы…”, якія прайшлі ў 6-х класах. Вучні прачарцілі маршруты вуліц, названых імёнамі знакамітых суайчыннікаў Якубоўскага, Арлоўскага, Сурганава, Лазарэнкі, потым здзейснілі экскурсіі па вызначаным маршруце. На класных гадзінах, куды былі запрошаны ветэраны, дзеці падзяліліся ўражаннямі ад паходу. Кожны год у лістападзе праходзяць Сіманаўскія чытанні. Хоць Канстанцін Сіманаў ня быў магіляўчанінам, але Магілёў праславіў на стагоддзі. У старшых класах гучаць вершы і апавяданні пісьменніка. Чытаючы іх, школьнікі далучаюцца да ваеннага побыту, свету франтавога братэрства, глыбокіх роздумаў пра лёс Радзімы. У лютым праходзяць патрыятычныя вечары, прысвечаныя Дню абаронцаў Айчыны. Разам з членамі клуба “Патрыёт” рыхтуюць іх навучэнцы 10-х класаў. Ні адзін з вечароў не праходзіць без удзелу ветэранаў. Школьнікі заўсёды рады Міхаілу Мікалаевічу Мігаю, Уладзіміру Іванавічу Лазарэнку, Раісе Мікіцічне Талкачовай, Лізавеце Пятроўне Хомчанка, а таксама ветэрану вайны ў Афганістане Аляксею Данілавічу Бялову. Няма ні аднаго класа, дзе б не пабывалі ветэраны з аповедамі пра сваё баявое мінулае. Не забытая праца з кнігай. Канферэнцыі па творах Васіля Быкава “Абеліск”, Канстанціна Вараб’ёва “Гэта мы, госпадзі”, Івана Навуменкі “Сорак трэці”, падрыхтаваныя членамі клуба, дапамаглі дзецям зразумець якой цаной дасталася нам Перамога, мірнае жыццё.
Асабліва шмат сустрэч з ветэранамі праводзяцца ў маі, калі наш народ адзначае Дзень Перамогі. На канцэртах, навукова-практычных канферэнцыях, уроках патрыятызму ветэраны самыя жаданыя госці. Вось словы нашых вучняў пасля адной з такіх сустрэч: “Дзякуючы ветэранам мы даведаліся сапраўдныя падрабязнасці нашай гісторыі”, “Я зразумеў, наколькі жудасны фашызм, мы не павінны дапусціць паўтарэння гэтых падзей”, “Я паважаю і захапляюся гэтымі людзьмі. Я цяпер ведаю, хто яны — сапраўдныя героі”.

Валянціна ТАРАСЕНКА,
загадчыца бібліятэкі сярэдняй школы № 27 Магілёва.