Праблемы трэба вырашаць разам

Надзённыя праблемы і актуальныя пытанні сістэмы адукацыі краіны дэталёва абмяркоўвалі падчас сустрэчы міністра адукацыі Ігара Карпенкі з лепшымі прадстаўнікамі настаўніцтва Магілёўшчыны.

Акрамя міністра адукацыі, удзел у канструктыўным дыялогу прынялі старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па адукацыі, навуцы, культуры і сацыяльным развіцці Ірына Старавойтава, старшыня Пастаяннай камісіі па навуцы, адукацыі і культуры Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Ігар Марзалюк, начальнік упраўлення адукацыі Магілёўскага аблвыканкама Уладзімір Рыжкоў.

У пачатку гутаркі міністр расказаў аб асноўных праблемах сістэмы адукацыі, адзначыў перспектывы развіцця сферы. На яго думку, дасканалага разгляду патрабуе сёння работа па стварэнні новых падручнікаў, унясенні змяненняў у Кодэкс аб адукацыі.

Новую рэдакцыю кодэкса плануецца ўнесці ў Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу да 1 ліпеня, каб на восеньскай сесіі пачаўся яго разгляд у першым чытанні. Зараз вядзецца актыўная работа па ўнясенні дапаўненняў і змяненняў у галоўны дакумент педагогаў. Па словах Ігара Карпенкі, парламентарыям ужо накіраваны для вывучэння новаўвядзенні, каб загадзя прапрацоўваць іх ва ўзаемадзеянні з міністэрствам. Звяртаючыся да настаўнікаў, міністр заклікаў іх да ўдзелу ў абмеркаванні гэтага важнага заканадаўчага акта.

Што тычыцца распрацоўкі падручнікаў, то новыя вучэбныя дапаможнікі з’явяцца ў агульнаадукацыйных установах да канца 2020 года. Работа па іх падрыхтоўцы таксама інтэнсіўна вядзецца. І вельмі важна, што да гэтай справы ўсебакова прыцягваюцца настаўнікі-практыкі. Яны выступаюць у якасці і аўтараў, і рэцэнзентаў падручнікаў. Справядлівасць конкурснага адбору ў гэтым напрамку будзе знаходзіцца на асаблівым кантролі ў профільным ведамстве.

— Педагагічнай грамадскасці неабходна звярнуць асаблівую ўвагу і на арганізацыю шостага школьнага дня, узмацненне працоўнага выхавання дзяцей. У цэлым суботні дзень праходзіць ва ўстановах адукацыі нядрэнна, у гэтым пераканаўся асабіста. Але элементаў працоўнага навучання ў мерапрыемствах, якія праводзяцца, пакуль недастаткова. Думаю, менавіта педагогі здольны падказаць, якія дапаўненні нам варта ўнесці ў школьную суботу, — сказаў Ігар Карпенка. — Увогуле, у вырашэнні ўсіх практычных пытанняў трэба ісці ад жыцця. Кіраўнікам адукацыйнай галіны варта навучыцца чуць голас настаўнікаў. Менавіта такім чынам мы зможам дасягнуць таго, каб сістэма адукацыі стабільна функцыянавала, развівалася, адпавядала рэаліям часу, выклікам сучаснага грамадства, — адзначыў Ігар Васільевіч.

Міністр мае намер у найбліжэйшы час праехаць па ўсіх рэгіёнах, каб на свае вочы пабачыць, як функцыянуюць не толькі гарадскія, але і сельскія малакамплектныя школы, як праходзіць аптымізацыя, як арганізаваны падвоз навучэнцаў, а таксама з мэтай працягнуць наладжванне двухбаковага дыялогу з настаўніцтвам краіны. Гэтыя словы выклікалі вялікае ажыўленне ў зале. Магілёўскія педагогі звярталіся да міністра з пытаннямі і прапановамі, дзяліліся сваімі меркаваннямі наконт розных аспектаў адукацыйнай дзейнасці. Так, першы народны настаўнік Беларусі выкладчык фізікі абласнога ліцэя № 1 Валерый Барашкоў выказаў занепакоенасць зніжэннем узроўню падрыхтоўкі будучых настаўнікаў.

— Пакуль гэтая работа наладжана не зусім належным чынам. Між тым якаснага навучання немагчыма дасягнуць без прафесійных педагогаў, — падкрэсліў Валерый Васільевіч.

Народны настаўнік акцэнтаваў увагу і на тым, што рэзкія рэформы ў сферы адукацыі непрымальныя. На нейкія змены трэба ісці свядома, добра прадумаўшы, якія рэакцыі яны выклікаюць. Выступіў Валерый Барашкоў і з прапановай: Міністэрству адукацыі штогод рабіць дэталёвы маніторынг работы навучальных устаноў у рэгіёнах.— Выразная статыстыка і аналітыка функцыянавання рэгіянальных устаноў адукацыі сапраўды стане той асновай, на якой мы будзем удасканальваць нашу работу, прымаць правільныя кіраўніцкія рашэнні, — падтрымаў прапанову Ігар Карпенка.

Агучыў Ігар Васільевіч таксама ідэю стварэння грамадскага савета пры міністры. Першы, каго ён бы хацеў там бачыць, — народны настаўнік Валерый Барашкоў.

— У склад такога савета варта ўключыць таксама шэраг іншых педагогаў-практыкаў, а магчыма, і бацькоў, і лепшых вучняў. Ведаючы меркаванні ўсіх зацікаўленых бакоў на розныя праблемы, атрымаецца знаходзіць найбольш эфектыўныя шляхі павышэнныя якасці адукацыі, — падкрэсліў кіраўнік адукацыйнага ведамства.
У ходзе дыялогу неаднаразова ўзнімалася праблема масавасці вышэйшай адукацыі. Рэйтынг прэстыжнасці рабочых прафесій нізкі, моладзь павальна нацэлена на навучанне ва ўстановах вышэйшай адукацыі, а эканоміцы сёння патрэбны рабочыя кадры. Каб змяніць сітуацыю, установам ССА і ПТА трэба больш чуйна рэагаваць на змены на рынку працы, знаходзіць дзейсныя формы прафарыентацыі. Варта наладзіць алгарытм работы і з заказчыкамі кадраў. Яны павінны несці адказнасць за працаўладкаванне падрыхтаваных рабочых і спецыялістаў.

Прысутныя на сустрэчы разважалі і аб патрэбнасці выканання настаўнікамі неўласцівых ім абавязкаў, дзейнасці педагагічных класаў, прафесійным развіцці выкладчыкаў. Пэўны рэзананс у зале выклікала пытанне аб неабходнасці падліку сярэдняга бала школьных атэстатаў. Меркаванні гучалі розныя. Была закранута агульная аб’ектыўнасць выстаўлення адзнак, прапаноўвалася ўвесці адказнасць настаўнікаў за завышаныя балы, калі выпускнік не пацвярджае іх на ЦТ. Адзінай высновы так і не прагучала, але адназначна, што гэтая вострая тэма яшчэ будзе разгледжана.

Пасля заканчэння карыснай размовы Ігар Васільевіч арыентаваў настаўніцтва на далейшую работу адзінай камандай. Пастаўленыя перад сістэмай адукацыі задачы будуць цалкам выкананы толькі тады, калі працаваць над іх рэалізацыяй разам.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота аўтара.

З увагай да якасці адукацыйнага працэсу

Актуальныя пытанні развіцця сістэмы адукацыі мінскага рэгіёна абмеркавалі на семінары-нарадзе ўпраўлення адукацыі Мінаблвыканкама. Мерапрыемства гасцінна прымала Жодзіна.

Удзел у семінары-нарадзе ўзялі прадстаўнікі ўпраўлення адукацыі Мінскага аблвыканкама, МАІРА, намеснікі начальнікаў аддзелаў адукацыі, спорту і турызму рай(гар)выканкамаў, намеснікі дырэктараў па вучэбнай рабоце абласнога ліцэя і кадэцкага вучылішча, санаторных школ-інтэрнатаў.

Шчыра вітаючы гасцей у Жодзіне, Ірына Яўгенаўна Дуванава, начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Жодзінскага гарвыканкама, пазнаёміла прысутных з сістэмай адукацыі горада. У горадзе 6 школ і адзін ВПК, 2 гімназіі, 11 дашкольных устаноў адукацыі, Цэнтр дадатковай адукацыі, Цэнтр карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі, сацыяльна-педагагічны цэнтр, а таксама 2 дамы сямейнага тыпу. Педагогі Жодзіна працуюць старанна, творча і маюць падставы ганарыцца сваёй работай. Упэўніцца ў гэтым удзельнікі семінара маглі, наведаўшы адкрытыя заняткі і семінары-практыкумы, падрыхтаваныя педагогамі школ і гімназій горада. Так, напрыклад, Ірына Міхайлаўна Палянская, настаўніца рускай мовы і літаратуры Жодзінскай жаночай гімназіі, запрасіла на лінгвістычны эксперымент “Выяўленча-выразныя магчымасці простага сказа”. Майстар-клас “Фарміраванне медыйнай кампетэнцыі навучэнцаў” правяла Эла Мікалаеўна Якубоўская, настаўніца фізікі гімназіі № 1 Жодзіна. Фрагмент міжшкольнага факультатыву па падрыхтоўцы да рэспубліканскай прадметнай алімпіяды “Рашэнне камбінаваных задач” прадэманстравала Валянціна Васільеўна Гранстрэм, настаўніца хіміі Жодзінскай жаночай гімназіі.

Прадставілі ўстановы адукацыі горада і свой вопыт па арганізацыі летняга адпачынку дзяцей. Удзельнікі мерапрыемства даведаліся аб духоўна-маральным кругласутачным лагеры “Вытокі”, прадстаўленым гімназіяй № 1, перасовачным турыстычным лагеры, арганізаваным у сярэдняй школе № 5, кругласутачным лагеры працы і адпачынку сярэдняй школы № 9 і абаронча-спартыўным лагеры, прадстаўленым Цэнтрам патрыятычнага выхавання моладзі “Вектар”.

Семінар-нарада праходзіў у Жодзінскай жаночай гімназіі. Аб установе адукацыі расказала яе дырэктар — Людміла Васільеўна Талмачова — у сваім выступленні і падчас экскурсіі па гімназіі. У адзінай у краіне жаночай гімназіі вучацца 177 дзяўчат. Для іх навучання і развіцця створана цудоўная матэрыяльная база — басейн, спартыўная, трэнажорная і харэаграфічная залы, абсталяваныя кабінеты. Штогод 70—80% выпускніц працягваюць навучанне ва ўстановах вышэйшай адукацыі, выбіраючы традыцыйна медыцынскі, лінгвістычны, педагагічны ўніверсітэты. Важнай часткай адукацыйнага працэсу гімназіі лічыцца выхаванне ў дзяўчат гаспадарлівасці і добрых манер, для іх праводзяцца заняткі па розных відах рукадзелля, этыкеце і модзе. Вялікая ўвага ўдзяляецца і медыяадукацыі: дзяўчат вучаць стварэнню кагнітыўнай камп’ютарнай графікі, фота- і відэапрадуктаў рознага кшталту. У пачатковых класах дзяўчаты выдаюць часопісы аб гімназічным жыцці, а ў старшых класах — газету “ГІМНАЗіЯ”, якая некалькі гадоў запар становіцца прызёрам Рэспубліканскага фестывалю-конкурсу дзіцячых СМІ “Свежы вецер”. У гімназіі рэалізоўваецца інавацыйны праект па медыяадукацыі. Актыўна і паспяхова займаюцца выхаванкі гімназіі даследчай дзейнасцю, з задавальненнем становяцца ўдзельніцамі “Клуба маладых адкрывальнікаў”. Яшчэ адзін кірунак, які знайшоў сваё развіццё ва ўстанове, — пошукавая дзейнасць, якую ажыццяўляе пошукава-даследчы атрад “Кацюша”. Дэвізам гімназіі стаў выраз “Вучымся не для школы, а для жыцця”.

На семінары быў разгледжаны шэраг пытанняў. Начальнік аддзела дашкольнай, агульнай сярэдняй, прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі ўпраўлення адукацыі Мінскага аблвыканкама Алена Віктараўна Марцінкевіч асвятліла вынікі кантролю за арганізацыяй адукацыйнага працэсу ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі, у тым ліку ў частцы выканання патрабаванняў санітарных норм і правіл. Галоўны спецыяліст аддзела Ганна Анатольеўна Беца прааналізавала вынікі вывучэння арганізацыі ўліку дзяцей, якія падлягаюць навучанню на ўзроўні агульнай сярэдняй адукацыі. Метадыст цэнтра выхаваўчай работы МАІРА Таццяна Аляксандраўна Куняўская дала ацэнку камплектаванню санаторных школ-інтэрнатаў, звярнуўшы ўвагу на неабходнасць усталявання сістэмнага ўзаемадзеяння паміж раённымі аддзеламі адукацыі і цэнтральнымі раённымі бальніцамі, а таксама падкрэсліла недапушчальнасць фармальнага падыходу да камплектавання такіх устаноў.

Завяршыўся семінар-нарада наведваннем Беларускага аўтамабільнага завода, дзе госці даведаліся не толькі аб гісторыі і дасягненнях горадаўтваральнага прадпрыемства, але і аб сацыяльным праекце па прафарыентацыі “Міншчына прамысловая”, які тут рэалізоўваецца.

Дар’я РЭВА.
Фота аўтара.

Ініцыятывы знаходзяць рэальнае ўвасабленне

Пасля візіту кіраўніка нашай дзяржавы А.Р.Лукашэнкі ў Ісламскую Рэспубліку Пакістан у Беларусь прыбыла дэлегацыя прадстаўнікоў сістэмы адукацыі гэтай краіны на чале з генеральным дырэктарам арганізацыі Roots International Schools Валідам Муштакам.

За тры дні знаходжання госці з Пакістана змаглі грунтоўна азнаёміцца з сістэмай адукацыі нашай краіны. Яны пабывалі ва ўстановах рознага ўзроўню — ад дзіцячага садка да вышэйшай школы. У планах прыбывання дэлегацыі было і наведванне Рэспубліканскага інстытута прафесійнай адукацыі і непасрэдна яго філіяла — Індустрыяльна-педагагічнага каледжа, дзе госці з Пакістана азнаёміліся з вучэбным працэсам будучых спецыялістаў па вытворчасці мэблі, з дзейнасцю рэсурснага і вучэбнага цэнтраў. У Нацыянальным цэнтры мастацкай творчасці дзяцей і моладзі, Рэспубліканскім цэнтры інавацыйнай і тэхнічнай творчасці Валід Муштак разам са сваімі калегамі азнаёміўся з беларускай сістэмай дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі, якая мае добрыя вынікі ў выхаванні маладога пакалення, у развіцці творчых талентаў навучэнцаў. Дэлегацыя наведала таксама дзіцячы садок № 208, гімназію № 10 Мінска, БДУ і БДУІР.

Маршрут візіту завяршыўся ў Міністэрстве адукацыі. Кіраўнік галіновага міністэрства М.А.Жураўкоў шчыра павітаў гасцей з Пакістана.

— За гэтыя тры кароткія дні мы вельмі зблізіліся і сталі добрымі сябрамі, — заявіў Міхаіл Анатольевіч. — Ваш візіт стаў працягам нашых адносін. Мы зрабілі ўсё магчымае, каб прыбыванне ў Беларусі запомнілася вам надоўга, тым больш што праграма візіту была настолькі насычанай, што вы маглі азнаёміцца з рознымі навучальнымі ўстановамі, а таксама з установамі дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі, з нашымі вядучымі ўніверсітэтамі. Цяпер вы маеце рэальнае ўяўленне аб нашай краіне, аб нашай адукацыйнай галіне. Таму тыя ініцыятывы, якія мы намецілі з вамі ў час знаходжання ў Пакістане, мы можам паспяхова рэалізоўваць у найбліжэйшай будучыні.

— Мы шчыра дзякуем вам за вельмі цёплы прыём, які адчулі за гэтыя дні, — адзначыў Валід Муштак. — Да нашага асабістага вопыту па развіцці сферы адукацыі ў Пакістане мы дададзім багатыя здабыткі беларускіх калег.

Валід Муштак падзяліўся сваімі пачуццямі, якія перапаўнялі яго пры наведванні ўстаноў адукацыі Мінска, падчас сустрэч з дзецьмі, студэнтамі, педагогамі.

— Нас чакала сяброўская атмасфера з боку кіраўнікоў і педагагічнага калектыву кожнай з устаноў, — расказаў Валід Муштак. — Мы былі прыемна ўражаны прафесійным майстэрствам педагогаў, якія не толькі нясуць веды сваім выхаванцам, але і накіроўваюць іх у самастойнае жыццё, разам з імі вызначаюць арыенціры, якія неабходны сёння кожнаму маладому чалавеку для ўступлення ў самастойнае жыццё.

Як падкрэсліў Валід Муштак, у супрацоўніцтве паміж краінамі ў сферы адукацыі найбольш прадукцыйным можа быць комплекснае ўзаемадзеянне, якое ахоплівае ўстановы адукацыі ўсіх узроўняў. Напрыклад, ужо ў найбліжэйшы час мяркуецца пашырыць абмен школьнікамі і студэнтамі, арганізаваць анлайн-трансляцыю з установамі агульнай сярэдняй адукацыі, непасрэдна са школьнікамі. Магчыма, будзе даволі цікавым праект сумеснага ўніверсітэта, які будзе ажыццяўляцца разам з БДУІР.

Міхаіл Жураўкоў падтрымаў прапановы Валіда Муштака і выказаў свае.

— Я мяркую, што, маючы вялікі вопыт у развіцці прафесійнай адукацыі, ва ўзаемадзеянні каледжаў з універсітэтамі, у бесперапыннасці прафесійнай адукацыі, мы можам прапанаваць пакістанскаму боку свае напрацоўкі і развіваць супрацоўніцтва ў гэтым напрамку больш інтэнсіўна, — заявіў Міхаіл Анатольевіч.

Акрамя таго, М.А.Жураўкоў выказаў прапанову развіваць не толькі адукацыйныя сувязі, але і культурныя.

— Мы можам арганізоўваць паміж нашымі дзецьмі, навучэнскай моладдзю сумесныя культурныя, спартыўныя, забаўляльныя мерапрыемствы, каб яшчэ больш зблізіць нашы краіны і нашы народы, — падкрэсліў Міхаіл Анатольевіч. — Я запрашаю дзяцей з Пакістана ў Нацыянальны дзіцячы адукацыйна-аздараўленчы цэнтр “Зубраня” на тэматычную міжнародную змену.

Напрыканцы сустрэчы Валід Муштак падпісаў мемарандумы аб супрацоўніцтве з Міністэрствам адукацыі, БДУІР і РІПА.

Ала КЛЮЙКО.
Фота аўтара.

Віктар Болатаў: “Ацэнка павінна паказваць вучню яго слабыя і моцныя бакі”

Спецыялісты з розных краін удзяляюць асаблівую ўвагу ацэнцы якасці адукацыі школьнікаў. Вынікі кантрольных, тэстаў і маніторынгаў дазваляюць экспертам ацаніць рэальную карціну ў сістэме адукацыі. Як сёння сфера ацэнкі якасці адукацыі развіваецца ў Расіі? Ці могуць вынікі маніторынгаў станавіцца нагодай для адміністрацыйных рашэнняў? Пра гэта напярэдадні ІІ Міжнароднай канферэнцыі “Выкарыстанне вынікаў даследаванняў якасці адукацыі: праблемы і перспектывы” карэспандэнту МІА “Расія сёння” расказаў прэзідэнт Еўразійскай асацыяцыі ацэнкі якасці адукацыі Віктар Болатаў.

— Віктар Аляксандравіч, нядаўна ў Кыргызстане завяршылася канферэнцыя, на якой абмяркоўваліся пытанні ацэнкі якасці адукацыі школьнікаў краін СНД. Як сёння гэтая сфера развіваецца ў Расіі?

— Міжнародныя эксперты адзначылі поспехі Расіі пры падрыхтоўцы і правядзенні Адзінага дзяржэкзамену. Яны высока ацанілі працэдуру яго правядзення. Па агульным меркаванні, за апошнія два гады давер расіян да працэдуры АДЭ рэзка ўзрос. Што тычыцца маніторынгу якасці адукацыі школьнікаў, то тут нам ёсць чаму павучыцца ў нашых суседзяў. Самі мы пакуль робім у гэтым кірунку першыя крокі ў выглядзе маніторынгу вынікаў навучання ў пачатковай школе і маніторынгу індывідуальнага прагрэсу вучняў за першы год навучання ў школе. Гэты вопыт выклікаў вялікую цікавасць у нашых замежных калег, якія прысутнічалі на канферэнцыі.

— Наколькі сёння актуальная тэма ўнутрыкласнага і ўнутрышкольнага ацэньвання?

— Эксперты з розных краін сыходзяцца ў меркаванні, што прыйшоў час займацца стварэннем культуры такога ацэньвання. На канферэнцыі мы дамовіліся аб арганізацыі міжнароднай рабочай групы па стварэнні падручніка для настаўнікаў, дзе будзе прапісана, што такое сучасныя віды ацэнкі і як з імі працаваць.
Другая рабочая група зоймецца стварэннем сеткавага вучэбнага цэнтра па павышэнні кваліфікацыі і перападрыхтоўцы настаўнікаў. Тут, безумоўна, будзе выкарыстаны вопыт расійскіх летніх школ па псіхаметрыцы, якія праводзіліся НДУ “Вышэйшая школа эканомікі”, а таксама вопыт Расійскага трэнінгавага цэнтра.

— Прынцыпы ўнутрышкольнага ацэньвання пакуль толькі абмяркоўваюцца ў асяроддзі спецыялістаў ці ўжо ўкараняюцца ў школах?

— У Расіі найбольш разгорнутая і структураваная практыка ўнутрышкольнага ацэньвання склалася ў школах міжнароднага бакалаўрыята, але не толькі ў іх. Пытаннямі ацэньвання займаюцца многія школы. У кожным расійскім рэгіёне ёсць школы, якія сур’ёзна ставяць пытанне аб выкарыстанні сучасных метадаў ацэньвання.
Увогуле, унутрышкольнае ацэньванне так ці інакш існавала ў расійскіх школах заўсёды. Любы настаўнік заўсёды ставіў адзнакі за паспяховасць, заўсёды ў нас былі пераводныя экзамены. Але сёння ўсім стала відавочна, што трохбальнай сістэмы ацэньвання не хапае для добрага ацэньвання. Трэба рабіць разгорнутую ацэнку, каб дзіця магло разумець, што ў яго атрымліваецца, якія навыкі або кампетэнцыі ў яго добра растуць, а якія не вельмі.

Мы называем такі падыход фарміраваннем ацэньвання, калі мэта ацэнкі — дапамагчы дзіцяці разабрацца ў тым, што ў яго западае. Ацэнка павінна служыць не для кваліфікацыі або дыскваліфікацыі вучня (“Сядай, “два”!” або: “Малайчына, “пяць”!”), а для таго, каб дапамагчы дзіцяці і забяспечыць яго развіццё. Гэтага ж, дарэчы, патрабуюць і новыя расійскія адукацыйныя стандарты.

— Некалькі гадоў назад вы казалі пра тое, што ў Расіі будуць праводзіцца маніторынгі гатоўнасці да навучання ў сярэдняй і старшай школе. Якая сітуацыя з гэтымі маніторынгамі на сённяшні дзень?

— Маніторынг гатоўнасці да навучання ў старшай школе мы пакуль не запусцілі. А па гатоўнасці да навучання ў сярэдняй школе ёсць эксперыментальныя маніторынгі, якія працуюць у розных рэгіёнах. Ёсць і нацыянальныя даследаванні якасці адукацыі (“Ніка”), дзе ацэньванне праводзіцца па 8 клас.

Вядома, тут пакуль ёсць над чым працаваць і што абмяркоўваць. Галоўнае — такая практыка пачынае дзейнічаць. Нашы кіраўнікі ад дырэктараў школ да міністраў адукацыі суб’ектаў Расійскай Федэрацыі паступова прывыкаюць да думкі, што па выніках маніторынгу нельга нікога караць (як, зрэшты, і заахвочваць), інакш яны атрымаюць скажоную карціну. Калі мы хочам па выніках маніторынгу ўбачыць рэальную карціну таго, што адбываецца ў школах, то, кіраўнікі, трымайце рукі далей ад перніка і бізуна!

— Раскажыце, калі ласка, аб маніторынгах у пачатковай школе.

— Па-першае, у гэтых маніторынгах вывучаецца не толькі прадметнае навучанне школьнікаў, але і яго прагрэс па асобасных якасцях, матывацыя, цікавасць да пэўнага прадмета. Расійскія і міжнародныя вынікі маніторынгаў адназначна сведчаць пра тое, што матывацыя дзіцяці да вывучэння таго ці іншага прадмета — гэта ледзь не самае галоўнае ў яго паспяховасці па гэтым прадмеце.

Мы пачалі вывучаць і школьнае асяроддзе. Ніхто не заклікае мераць патрыятызм дзяцей у балах, але ўмовы ў школе для выхавання грамадзянскай пазіцыі мы пачынаем ацэньваць. Мы перасталі арыентавацца толькі на ацэнку ведаў па вучэбных прадметах і сталі выкарыстоўваць больш шырокі кантэкст, пачалі вывучаць сітуацыю ў сям’і. Адна справа — калі дзіця з сям’і, дзе тата з мамай з вышэйшай адукацыяй, іншая справа — калі адукацыя мамы абмяжоўваецца пачатковай школай.

Розным дзецям даступныя розныя адукацыйныя траекторыі. Нельга папракаць слабага вучня за тое, што ён не паступае ў МДУ. Гэтак жа не трэба скрозь пальцы глядзець на тое, што ў моцнага вучня невысокія балы па АДЭ, хоць у яго і тата, і мама з вышэйшай адукацыяй, дома ёсць камп’ютар і г.д. Гэта значыць, што спецыялісты пачынаюць глядзець глыбей і на кантэкстныя паказчыкі.

— Як тады могуць існаваць рэйтынгі школ?

— Што толку параўноўваць школу пры МДУ і школу ў датацыйным дэпрэсіўным сельскім раёне? Што толку ад таго, што мы паставілі адну на першае месца, а другую на апошняе? Ніхто і не сумняваўся, што з першай усё ў парадку, а з другой — не вельмі. У гэтым плане параўноўваць трэба тыя школы, якія знаходзяцца ў аднолькавых умовах па ўзроўні адукаванасці бацькоў і па магчымасці выкарыстоўваць знешнія рэсурсы.

Параўноўваць трэба школы пры Маскоўскім, Санкт-Пецярбургскім і Новасібірскім дзяржаўных універсітах. Якія балы дзеці атрымліваюць у гэтых школах, маючы такія рэсурсы, і чаму? Школы з дэпрэсіўных раёнаў трэба параўноўваць адну з адной. Варта ставіць на першы план лепшыя школы, якія нават у дрэнных умовах, пры нізкім сацыяльна-эканамічным статусе сям’і, пры дэпрэсіўнасці рэгіёна, пры нізкай аснашчанасці камп’ютарамі паказваюць добрыя вынікі. Трэба зразумець, што робяць гэтыя школы, пераадольваючы складаныя ўмовы працы, і як гэтую практыку можна зрабіць здабыткам усіх астатніх школ.

— Якія задачы ў галіне развіцця ацэнкі стаяць цяпер перад айчыннай адукацыяй?

— Найперш гэта задача кадравага забеспячэння. У нас не хапае кваліфікаваных псіхаметрыкаў, тэстолагаў. Але ж кожны суб’ект федэрацыі сёння пачынае сваю работу ў гэтым кірунку. Яшчэ трэба навучыць настаўнікаў, дырэктараў школ, кіраўнікоў правільна выкарыстоўваць вынікі аб’ектыўнага ацэньвання — не з мэтай пакараць невінаватых і заахвоціць недатыкальных, а з мэтай павысіць якасць адукацыі. Адным словам, кадры патрэбны. Кадры, кадры і кадры.

Уладзімір РЫЖКОЎ: “Будзем працягваць рух наперад”

Уладзімір Уладзіміравіч Рыжкоў ведае ўсе асаблівасці функцыянавання сістэмы адукацыі знутры. Ды і як інакш, ён жа стаіць ля руля ўсёй адукацыйнай галіны Магілёўскай вобласці. Аднак да гэтай высокай пасады ён прайшоў доўгі прафесійны шлях, які пачынаўся са школы, дзе працаваў звычайным настаўнікам-фізікам. Вопыт, атрыманы за гады працы ва ўстановах рознага профілю, на розных, у тым ліку і кіруючых, пасадах, дазваляе яму сёння добра арыентавацца ва ўсіх тонкасцях і перыпетыях дзейнасці сістэмы адукацыі рэгіёна і ўпэўнена весці галіну да паляпшэння работы па многіх паказчыках.

— Вядома, далёка не ўсе задуманыя станоўчыя змены адразу паспяхова рэалізуюцца, не ўсе стандарты і даведзеныя планы, нягледзячы на ўсеагульнае імкненне, атрымліваецца выконваць. Але мы да гэтага імкнёмся. Дакладней нават будзе сказаць, што да максімальна эфектыўнага выканання сваёй працы імкнецца кожны магілёўскі педагог. Напэўна, менавіта гэтае імкненне, а таксама канкрэтныя арганізацыйна-практычныя меры па ўмацаванні матэрыяльна-тэхнічнай базы, павышэнні якасці адукацыі, задавальненні запытаў насельніцтва ў адукацыйных паслугах дазваляюць нашай сферы адукацыі стабільна функцыянаваць і мэтанакіравана развівацца, — кажа Уладзімір Рыжкоў.

І сапраўды, за апошнія пяць гадоў удалося дасягнуць станоўчай дынамікі развіцця па многіх напрамках дзейнасці рэгіянальнай сістэмы адукацыі. У вобласці забяспечана выкананне ўсіх устаноўленых нарматываў дзяржаўных сацыяльных стандартаў, створаны неабходныя ўмовы для рэалізацыі права кожнага дзіцяці на дастойную і якасную адукацыю.

— За апошні час значная работа праведзена па паляпшэнні матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстаноў адукацыі. У планавым рэжыме праводзяцца капітальныя і бягучыя рамонты навучальных устаноў, актыўна будуюцца і ўводзяцца ў эксплуатацыю новыя. У Магілёве і Бабруйску пабудаваны пяць дашкольных устаноў на 1055 месцаў. Новая сярэдняя школа на 1020 месцаў з’явілася ў мікрараёне Спадарожнік абласнога цэнтра. Завершана будаўніцтва другога вучэбнага корпуса са спартыўнай, актавай заламі і харчаблокам сярэдняй школы № 2 у Горках і прыбудовы да сярэдняй школы № 2 у Слаўгарадзе. Акрамя таго, уведзена ў эксплуатацыю 28 дзіцячых дамоў сямейнага тыпу. Адметна і тое, што ў рэгіёне з кожным годам павышаецца прафесійны ўзровень педагогаў. Практычна кожны педагагічны работнік сёння мае вышэйшую адукацыю, а звыш сямідзесяці шасці працэнтаў ад агульнай колькасці — вышэйшую або першую кваліфікацыйную катэгорыю, — адзначае начальнік абласнога ўпраўлення адукацыі.

Паводле яго слоў, гэтыя фактары спрыяюць удасканаленню работы ва ўстановах адукацыі ўсіх тыпаў. Так, у дашкольнай адукацыі работа арыентавана на індывідуальнасць кожнага дзіцяці і запыты яго сям’і, дасягнута варыятыўнасць адукацыйнага працэсу, крокавая даступнасць навучальных устаноў. Дарэчы, даступнасць дашкольнай адукацыі забяспечваецца не толькі за кошт будаўніцтва новых устаноў, але і аптымізацыі сеткі існуючых. Эфектыўным спосабам павелічэння колькасці месцаў для атрымання дзецьмі дашкольнай адукацыі стала вяртанне ў сетку будынкаў, якія эксплуатаваліся не па назначэнні. Такая мера за апошнія некалькі гадоў дазволіла адкрыць дзіцячыя сады на 50—75 месцаў у Касцюковічах, Бялынічах, Горках і Шклове.

Дынамічна развіваецца і сістэма агульнай сярэдняй адукацыі вобласці. Як заўважае начальнік упраўлення адукацыі аблвыканкама, з улікам дэмаграфічнай сітуацыі і асаблівасцей развіцця раёнаў тут таксама працягваецца аптымізацыя. Усебаковая падрыхтоўка да такога кроку і шырокая растлумачальная работа з насельніцтвам дазваляюць правесці аптымізацыю бесканфліктна і накіраваць яе на паляпшэнне якасці навучання. Напрыклад, стварэнне ў сельскай мясцовасці вучэбна-педагагічных комплексаў “дзіцячы сад — школа” шляхам аб’яднання забяспечвае пераемнасць дашкольнай і школьнай адукацыі і, як вынік, павышэнне паспяховасці дзяцей у засваенні вучэбных праграм.

Улічваецца і эканамічны напрамак функцыянавання агульнаадукацыйных устаноў. У рэгіёне паспяхова рэалізуецца эксперыментальны праект па нарматыўным фінансаванні. Першыя яго вынікі былі станоўчымі: павысілася самастойнасць устаноў у плане кіравання бюджэтнымі сродкамі, іх адказнасць за паказчыкі работы, значна палепшылася матэрыяльна-тэхнічная база, павялічылася заработная плата педагагічных работнікаў. Зараз да нарматыўнага фінансавання далучыліся яшчэ 45 навучальных устаноў.

— Вялікая работа вядзецца педагогамі і па развіцці здольнасцей навучэнцаў. Гэта прыносіць адпаведны вынік. Штогод школьнікі заваёўваюць медалі на міжнародных, рэспубліканскіх алімпіядах па вучэбных прадметах, розных інтэлектуальных конкурсах. Сёння амаль трэць выпускнікоў магілёўскіх школ маюць сярэдні бал атэстата вышэйшы за 8,5. Калі казаць пра цэнтралізаванае тэсціраванне, то вобласці ўдалося палепшыць свае паказчыкі па рускай, беларускай і французскай мовах, матэматыцы, грамадазнаўстве і сусветнай гісторыі, біялогіі і геаграфіі. У нас павялічылася колькасць выпускнікоў з сертыфікатамі ў максімальныя сто балаў. Больш стала і ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі, якія ўваходзяць ва ўмоўны рэспубліканскі рэйтынг лепшых. Па выніках леташняга цэнтралізаванага тэсціравання ў гэты спіс увайшлі тры ліцэі, пяць гімназій і чатыры сярэднія школы, — падкрэсліў Уладзімір Уладзіміравіч.

У дзейнасці ўстаноў сярэдняй спецыяльнай і прафесійнай адукацыі галоўная мэта таксама рух наперад. Паўсюдна ў навучальных установах гэтага профілю імкнуцца да арганізацыі падрыхтоўкі спецыялістаў і рабочых на максімальна высокім узроўні. З гэтай мэтай на базе лепшых устаноў ПТА функцыянуюць рэсурсныя цэнтры, якія дазваляюць актыўна трансліраваць і ўкараняць эфектыўныя педагагічныя напрацоўкі. Павышэнню якасці навучання спрыяе таксама аптымізацыя, а менавіта далучэнне прафесійных ліцэяў да адпаведных профільных каледжаў. На дадзены момант у рэгіёне ўжо функцыянуюць тры такія шматузроўневыя ўстановы прафесійнай адукацыі інтэграванага тыпу. Гэтыя адукацыйныя кластары дазваляюць больш прадукцыйна выкарыстоўваць матэрыяльна-тэхнічныя, кадравыя і фінансавыя рэсурсы, а таксама спрыяюць арганізацыі бесперапыннай адукацыі.

Дасягнуты пэўныя поспехі і ў іншых напрамках дзейнасці. Павысілася даступнасць адукацыі для дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, ва ўстановах назіраецца актыўны пераход да ідэй інклюзіўнага навучання. Больш за пяцьдзясят пяць працэнтаў магілёўскіх школьнікаў ахоплены арганізаванымі формамі пазаўрочнай занятасці ва ўстановах дадатковай адукацыі — гэта самы высокі паказчык у рэспубліцы. У рэгіёне дзейнічае зладжаная сістэма работы па сямейным уладкаванні дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў. Сёння ў замяшчальных сем’ях пражываюць звыш 84 працэнтаў сірот, і гэты паказчык таксама вышэйшы за сярэднерэспубліканскі.

Як відаць з усяго пералічанага, настаўніцтва Магілёўшчыны ўмее мэтанакіравана працаваць. Кожны педагог зацікаўлены ў інтэнсіўным развіцці галіны. Да чаго ж настаўнікі будуць імкнуцца ў найбліжэйшай будучыні?
— Стаяць на месцы, спыняцца на дасягнутым мы не будзем. Трэба працягваць рухацца наперад. Сфера адукацыі павінна адпавядаць патрабаванням часу, забяспечваць умовы для сацыяльна-эканамічнага развіцця рэгіёна. Зрабіць гэта атрымаецца толькі праз павышэнне якасці навучання, эфектыўнасці адукацыйных паслуг. Шырокія магчымасці ў гэтым плане адкрывае профільнае навучанне. На сённяшні дзень у вобласці ўжо функцыянуюць амаль трыста профільных класаў. У планах — павелічэнне іх колькасці і развіццё дапрофільнай падрыхтоўкі вучняў, — адзначыў Уладзімір Рыжкоў.

Паводле яго слоў, плануецца таксама ўдасканальваць эканамічны складнік дзейнасці навучальных устаноў, бо сістэма адукацыі не павінна быць адарванай ад эканомікі. Працягнецца работа па пашырэнні платных адукацыйных паслуг, пазабюджэтнай дзейнасці, узбуйненне ўстаноў адукацыі, аптымізацыя рэсурсаў. Аднак аптымізацыя — не самамэта. У першую чаргу будзе ўлічвацца нават не эканомія сродкаў, а паляпшэнне адукацыйнага працэсу, бо ў малакамплектных класах або школах неабходнага ўзроўню якасці адукацыі дасягнуць складана.

— Планаў і ідэй шмат. Будзем сумеснымі намаганнямі працаваць над іх рэалізацыяй, — рэзюмаваў кіраўнік сферы адукацыі Магілёўшчыны.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота аўтара.

Галіна БЯЛЯЕВА: “Праблемы трэба вырашаць сумесна”

Галіна Мікалаеўна Бяляева працуе ў сістэме адукацыі з 1995 года. За гэты час яна прайшла шлях ад педагога-арганізатара да намесніка дырэктара сярэдняй школы № 34 Магілёва. Сёння яна мае кваліфікацыйную катэгорыю “настаўнік-метадыст”, з’яўляецца выдатнікам адукацыі, лаўрэатам конкурсу прафесійнага майстэрства “Настаўнік года”, членам рэспубліканскага клуба “Крыштальны журавель”, аўтарам шэрага электронных сродкаў навучання па гісторыі і краязнаўстве. Знаходзячыся на пасадзе намесніка дырэктара, Галіна Мікалаеўна працягвае выкладаць. Акрамя таго, у яе атрымліваецца сумяшчаць актыўную педагагічную дзейнасць з грамадска значнай работай. Галіна Бяляева — член гарадскога Савета дэпутатаў, двойчы станавілася дэлегатам Усебеларускага народнага сходу.

Яе паспяховасць і здольнасць усё паспяваць тоіцца ў простым. Яна любіць тую справу, якой займаецца. А яшчэ не толькі праяўляе ініцыятыву, але і ўмее рэалізоўваць свае ідэі. Немалаважны таксама ўважлівы падыход Галіны Мікалаеўны да кожнай, нават малазначнай справы.

— Я сапраўды люблю сваю прафесію, бо педагагічная дзейнасць дае магчымасць гарманічна сумяшчаць розныя сацыяльныя ролі. У залежнасці ад сітуацыі, я магу быць кіраўніком, археолагам, музейным работнікам, супрацоўнікам архіва. Але галоўная мая роля ўсё ж настаўнік. Гэта не проста прафесія, а яшчэ і высокае званне ў дзіцячым разуменні, таму яму неабходна адпавядаць, — адзначае Галіна Бяляева.

Адпавядаць званню настаўніка яна стараецца праз максімальную рэалізацыю свайго прафесійнага патэнцыялу. Кожная яе ідэя, задума прама ці ўскосна накіраваны на ўдасканаленне якасці навучання і выхавання вучняў.

Адным з асноўных напрамкаў развіцця сферы адукацыі на найбліжэйшае пяцігоддзе будзе інфарматызацыя адукацыйнага працэсу. Гэтай тэмай Галіна Мікалаеўна займаецца на працягу ўжо 10 гадоў, актыўна ўкараняючы ў структуру правядзення ўрокаў прагрэсіўныя, інавацыйныя формы работы. Усведамляючы зацікаўленасць сучасных школьнікаў камп’ютарам, яна перыядычна распрацоўвае аўтарскія вучэбныя праграмы, іншыя электронныя сродкі навучання. На сённяшні дзень сумесна з праграмістам Ірынай Галіфаст яна стварыла шматлікія вучэбныя электронныя інфармацыйныя рэсурсы. Гэта мультымедыйныя энцыклапедыі “Гісторыя Магілёва”, “Кастрычніцкі раён: 50 гадоў развіцця”, інтэрактыўная гістарычная карта “Абарона Магілёва: 23 гераічныя дні”, вучэбны трэнажор “Па старонках гісторыі Магілёва”, мультымедыйная гульня “Гербы Магілёўшчыны”. Характэрна, што кожны з пералічаных электронных сродкаў навучання распрацаваны на аснове рэгіянальнага кампанента. На думку педагога, менавіта з дапамогай мясцовых, добра знаёмых навучэнцам прыкладаў можна не толькі дасягнуць высокай паспяховасці па прадмеце, але і аказаць станоўчы ўплыў на фарміраванне пачуцця грамадзянскасці і патрыятызму ў дзяцей.

Дарэчы, грамадзянска-патрыятычнаму выхаванню вучняў Галіна Мікалаеўна ўдзяляе асаблівую ўвагу. Яна з’яўляецца аўтарам праграмы факультатыўных заняткаў “Генеалагічнае дрэва маёй сям’і”, якая атрымала грыф Нацыянальнага інстытута адукацыі. На аснове яе праектаў ва ўстановах адукацыі краіны былі адкрыты рэспубліканскія інавацыйныя пляцоўкі “Укараненне аўтарскай праграмы выхавання навучэнцаў сродкамі музейнай педагогікі”, “Укараненне аўтарскіх электронных сродкаў навучання і выхавання ў працэс грамадзянска-патрыятычнага выхавання навучэнцаў”.

Галіна Мікалаеўна пастаянна дзеліцца сваім вопытам з калегамі. Свае распрацоўкі яна прадстаўляе на шматлікіх канферэнцыях і семінарах рознага ўзроўню, у навукова-метадычных артыкулах. Адметна, што настаўніца паспявае даваць экспертную ацэнку падручнікам па сусветнай гісторыі і гісторыі Беларусі, распрацаваным для агульнаадукацыйных устаноў рэспублікі. Знаходзіць час яна і для работы са сваімі высокаматываванымі і адоранымі навучэнцамі. У гэтым плане ў яе таксама свая методыка.

— Над развіццём здольнасцей таленавітых вучняў педагогі нашай школы працуюць не ў адзіночку, а сумесна. У нас створаны адпаведныя метадычныя аб’яднанні, у рамках работы якіх педагогі-прадметнікі разам працуюць над падрыхтоўкай навучэнцаў да розных інтэлектуальных конкурсаў, — расказвае Галіна Бяляева.

І сама Галіна Мікалаеўна, і астатнія педагогі школы прытрымліваюцца меркавання, што пэўнымі здольнасцямі валодае кожнае дзіця. А вось каб іх раскрыць, настаўнік павінен пастарацца даць вучню магчымасць адчуць сябе запатрабаваным, паспяховым.

— Сітуацыю поспеху, радасць перамогі дзеці запамінаюць назаўсёды. І ў далейшым ім хочацца яе паўтарыць, яны пачынаюць імкнуцца да новых вучэбных вышынь. Такім чынам, галоўнай матывацыяй для дзяцей служыць вера ў іх сілы і ўсебаковая падтрымка з боку дарослых: педагогаў, бацькоў, — падкрэслівае педагог.

Пра тое, што падобны падыход апраўдвае сябе, красамоўна сведчаць дасягненні вучняў Галіны Бяляевай. Пры падтрымцы любімай настаўніцы навучэнцы сярэдняй школы № 34 займаюцца даследчай дзейнасцю, удзельнічаюць у археалагічных раскопках, шукаюць малавядомыя факты гісторыі горада ў архівах, выступаюць на канферэнцыях, публікуюцца ў зборніках навуковых работ. Вучні Галіны Мікалаеўны з’яўляюцца лаўрэатамі спецыяльнага фонду прэзідэнта па падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў. А ўсё таму, што яны перамагаюць у міжнародных конкурсах, розных этапах Рэспубліканскай алімпіяды па гісторыі, Рэспубліканскім конкурсе даследчых работ па вучэбных прадметах. Прычым асобныя даследчыя праекты дзяцей атрымліваюць актыўнае распаўсюджванне. Так, распрацаваны Ульянай Глазковай электронны інфармацыйны рэсурс “Бяспечны маршрут” па рашэнні Міністэрства адукацыі стаў прыкладам для стварэння аналагічных прадуктаў ва ўсіх школах краіны.

З’яўляючыся чалавекам з актыўнай жыццёвай пазіцыяй, Галіна Мікалаеўна пільна сочыць за развіццём, зменамі і новаўвядзеннямі, якія адбываюцца ў сферы адукацыі. На яе думку, галіна дастаткова дынамічна развіваецца, але разам з тым прысутнічае і шэраг пэўных праблем.

— Узяць, напрыклад, профільнае навучанне. Вядома, шмат у чым гэтае новаўвядзенне мае станоўчы характар. Але на мой суб’ектыўны погляд, яно не да канца дапрацаванае. Дзеці аказаліся залішне загружанымі. Яны вымушаны “цягнуць” і базавы ўзровень, і павышанае вывучэнне пэўных прадметаў. Мне здаецца, варта перагледзець вучэбныя праграмы. Можа, у нейкай ступені палегчыць для навучэнцаў профільных класаў вывучэнне няпрофільных прадметаў, бо зараз нашы дзеці часта хварэюць па прычыне менавіта залішняй вучэбнай перагрузкі, — сцвярджае Галіна Бяляева.

Настаўніца таксама прапануе больш аб’ектыўна падыходзіць да здачы школьнікамі нарматываў па фізкультуры. Галіна Мікалаеўна мяркуе, што яна павінна быць варыятыўнай.

— Індывідуальны ўзровень фізічнай падрыхтоўкі вучняў не заўсёды адпавядае агульным узроставым нормам. У аднаго вучня добра атрымліваецца здаць усе нарматывы, а другі фізічна гэтага зрабіць не можа, і, нягледзячы на ўсе свае намаганні, атрымлівае нізкую адзнаку. Усё гэта аказвае негатыўны ўплыў на матывацыю дзяцей да заняткаў фізкультурай у цэлым, — падкрэслівае Галіна Бяляева.

Яе хвалюе і мэтазгоднасць правядзення ў 4 класе ўрокаў па прадмеце “Мая Радзіма Беларусь”. Прадмет гэты, па словах педагога, патрэбны і цікавы, але складаны для ўспрымання чацвёртакласнікамі. Да таго ж непасрэдна вывучаць гісторыю Беларусі навучэнцы пачынаюць толькі ў 6 класе.

— Гэта прыводзіць да таго, што з цяжкасцю атрыманыя ў выніку вывучэння курса “Мая Радзіма Беларусь” веды дзеці забываюць. Значыць, ёсць падстава для разважанняў: можа, будзе лепш падзяліць змест прадмета на 4 і 5 класы, каб захаваць пераемнасць? — задаецца пытаннямі Галіна Мікалаеўна.

Яшчэ яна думае, што трэба звярнуць увагу і на змест вучэбных праграм па рускай мове і літаратуры.

— Цяпер на кожным уроку мовы дзеці атрымліваюць новы тэарэтычны матэрыял. На замацаванне ведаў на практыцы часу мінімум, а часта і зусім няма. Гэта негатыўна адбіваецца на ўзроўні пісьменнасці навучэнцаў, — адзначае Галіна Бяляева.

Задумваецца настаўніца і над іншымі надзённымі пытаннямі ў дзейнасці агульнаадукацыйных устаноў. Праблемы пакуль ёсць. Вядома, над імі трэба разважаць. Галіна Мікалаеўна лічыць, што гэта лепш рабіць агульнымі намаганнямі ўсёй педагагічнай грамадскасці. Менавіта такім чынам атрымаецца знайсці найбольш эфектыўныя шляхі іх вырашэння і далейшага руху наперад.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота аўтара.

Павышаць якасць адукацыйнага асяроддзя

На базе Брэсцкага абласнога інстытута развіцця адукацыі адбылася ХХІІ Міжнародная навукова-практычная канферэнцыя “Рэсурсы развіцця якасці адукацыйнага асяроддзя для эфектыўнай самарэалізацыі асобы”. Арганізатарамі мерапрыемства выступілі ўпраўленне адукацыі Брэсцкага аблвыканкама, Брэсцкі абласны ІРА і Міжнародная акадэмія навук педагагічнай адукацыі (Масква).

Адкрываючы пленарнае пасяджэнне, начальнік абласнога ўпраўлення адукацыі Ю.М.Прасмыцкі азнаёміў удзельнікаў канферэнцыі з сістэмай адукацыі Брэстчыны: “Развіццё адукацыйнай галіны абумоўлена рэгіянальнымі асаблівасцямі. Сістэма адукацыі вобласці займае лідзіруючыя пазіцыі ў краіне па шэрагу напрамкаў дзейнасці. Сённяшняя задача галіны — суаднесці эканамічныя патрабаванні з запытамі сучаснай адукацыі, грамадства, педагагічнай навукі, рынку працы… Высокакваліфікаваныя педагагічныя кадры вобласці паспяхова вырашаюць прафесійныя задачы”.

— Падобныя канферэнцыі дазваляюць падзяліцца каштоўным вопытам, абмеркаваць і вырашыць важныя пытанні, актуальныя для розных краін, — адзначыла прэзідэнт Міжнароднай акадэміі навук педагагічнай адукацыі, доктар педагагічных навук, прафесар К.І.Артамонава. — Адной з надзённых задач сучаснай адукацыі з’яўляецца няўхільнае павышэнне яе якасці на розных узроўнях. Міжнародная акадэмія навук педагагічнай адукацыі аб’ядноўвае навуковы патэнцыял каля 4 тысяч кандыдатаў і дактароў навук, якія працуюць над вырашэннем агульных задач, звязаных з эфектыўным навучаннем і выхаваннем школьнікаў.


Рэктар Брэсцкага абласнога ІРА Ю.А.Іваноў засяродзіў увагу на праблеме выніковасці вучэбна-выхаваўчага працэсу: “Гэтая праблема абумоўлена нерэалізацыяй натуральнай патрэбы асобы ў самаўдасканаленні, самавыхаванні, самаразвіцці і самаадукацыі. Страта інтарэсу дзяцей да вучобы з’яўляецца глабальнай праблемай. Сучасная адукацыя не адпавядае патрэбам выхавання творчай асобы. Дзецям навязваюцца розныя віды дзейнасці замест свабоднага выбару яе мэты. Таму неабходна сур’ёзнае пераасэнсаванне школьнай педагагічнай практыкі”.

Кандыдат педагагічных навук дацэнт Брэсцкага абласнога ІРА Л.Р.Германовіч гаварыла пра кіраўніцкія і арганізацыйна-педагагічныя рэсурсы развіцця культурна-адукацыйнага асяроддзя ўстановы адукацыі ва ўмовах рэалізацыі Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адукацыі.

Шмат цікавых думак пра рэсурсы развіцця адукацыйнага асяроддзя выказаў вядомы навуковец, доктар педагагічных навук, прафесар П.І.Трацьякоў з Масквы: “Сучаснае развіццё адукацыйнага асяроддзя выклікае трывогу і заклапочанасць, бо хутчэй шкодзіць, чым дапамагае вырашаць вучэбна-выхаваўчыя задачы. Галоўнымі рэсурсамі развіцця гэтага асяроддзя з’яўляюцца прагназаванне, а не звычайная канстатацыя мэты ўрока, прадукцыйная дзейнасць, рэфлексія, эфектыўныя формы і метады навучання і інш. Вялікую ролю ў развіцці адукацыйнага асяроддзя адыгрываюць педагагічныя тэхналогіі і інавацыі. На жаль, іх укараненне і выкарыстанне не з’яўляюцца актыўнымі і паўсюднымі”.

Доктар педагагічных навук прафесар Н.А.Шарай з Масквы расказала пра асаблівасці кіравання адукацыйнымі комплексамі. Выконваючы абавязкі рэктара філіяла МДУ ў Ташкенце (Узбекістан) А.Б.Маманазараў вёў гаворку пра інавацыі ў прафесійнай падрыхтоўцы кадраў. Метадыст Акадэміі паслядыпломнай адукацыі А.І.Дабрынеўская падзялілася вопытам інавацыйнай дзейнасці ва ўстановах адукацыі Беларусі.

Пасля пленарнага пасяджэння работа канферэнцыі прадоўжылася ў трох секцыях: “Развіццё адукацыйнага асяроддзя дашкольнага ўзроўню адукацыі”, “Рацыянальнае кіраванне адукацыйнымі арганізацыямі: пошукі, праблемы і вырашэнне” і “Прафесійная адукацыя: развіццё адукацыйнай прасторы”. У цэнтры ўвагі педагогаў, метадыстаў і навукоўцаў былі пытанні, звязаныя з фарміраваннем асноў пажарнай бяспекі ў дашкольнікаў, выкарыстаннем цімбілдынгу ў развіцці інклюзіўных працэсаў у дашкольных установах і інавацыйных тэхналогій у асобасным і маўленчым развіцці дашкольнікаў, арганізацыяй кадэцкіх класаў і перспектывамі развіцця кадэцкай адукацыі, стварэннем прававых асноў развіцця адукацыйнай прасторы і рэсурсаў адукацыйнага асяроддзя вучэбных заняткаў у дзіцячых садах і школах, арганізацыяй работы з адоранымі вучнямі і г.д.

Па выніках канферэнцыі была прынята рэзалюцыя. Наступная міжнародная канферэнцыя пройдзе ў Смаленску (Расія).

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.
Фота аўтара.

Асноўная задача — новая якасць адукацыі

Сістэма адукацыі Брэстчыны развіваецца ў рэчышчы дзяржаўнай адукацыйнай палітыкі з улікам рэгіянальных асаблівасцей. Аб праблемах галіны і задачах на новы навучальны год расказвае начальнік упраўлення адукацыі Брэсцкага аблвыканкама Юрый Мікалаевіч Прасмыцкі:

— Асноўная задача органаў кіравання адукацыяй і педагогаў — новая якасць адукацыі, якая закранае якасныя змены ў яе структуры, арганізацыі, змесце, кадравым патэнцыяле, рэгіянальных запытах… Сучасны настаўнік павінен умець працаваць у новых умовах, быць мабільным, творчым, мэтанакіраваным і ініцыятыўным, імкнуцца да пастаяннага самаразвіцця і самаўдасканалення, забяспечваць варыятыўнасць адукацыйнага працэсу.

Адным з актуальных пытанняў развіцця адукацыйнай галіны ў сучасных умовах з’яўляецца забеспячэнне эканамічнай эфектыўнасці яе функцыянавання. З гэтым звязана аптымізацыя адукацыйнай сеткі, якую варта разумець не як бяздумнае скарачэнне ўстаноў адукацыі і кадраў, а як пошук найбольш эфектыўнай мадэлі работы. Аптымізацыя не павінна пагаршаць функцыянаванне галіны. Вызваленыя рэсурсы неабходна накіроўваць на яе развіццё. Трэба вучыцца абыходзіцца меншымі сродкамі, але не на шкоду сістэме.

У новым навучальным годзе намаганні органаў кіравання адукацыяй будуць накіраваны на забеспячэнне даступнасці дашкольнай адукацыі ў гарадах, фарміраванне яе эфектыўнай мадэлі і павышэнне якасці ў сельскай мясцовасці. Неабходна актыўна ўкараняць новыя формы адукацыйных паслуг для дашкольнікаў, пашыраць сетку дзіцячых садкоў з улікам станоўчай дэмаграфічнай сітуацыі, улічваць пры праектаванні і будаўніцтве жылых дамоў магчымасць размяшчэння на першых паверхах кампактных (убудаваных) ясляў-садоў.

У сістэме агульнай сярэдняй адукацыі трэба выбудоўваць мадэль, здольную эфектыўна функцыянаваць у новых эканамічных, юрыдычных і арганізацыйных умовах. У цэнтры павышанай увагі — профільнае навучанне. Важна не захапляцца колькаснымі паказчыкамі, а трымаць на пастаянным кантролі кваліфікацыйны ўзровень настаўнікаў, якія працуюць у профільных класах і групах, вучэбна-матэрыяльную базу выкладання профільных прадметаў, выніковасць вучэбнага працэсу, у тым ліку алімпіяднага руху. У Брэстчыны, лічу, шмат рэзервовых магчымасцей для паляпшэння сітуацыі ў гэтым напрамку.

У сістэме прафесійнай адукацыі неабходна больш цесна ўзаемадзейнічаць з арганізацыямі — заказчыкамі кадраў, фарміраваць аптымальныя аб’ёмы і структуру падрыхтоўкі спецыялістаў з улікам перспектыўных патрэб высокатэхналагічных галін эканомікі і сацыяльнай сферы, пашыраць і забяспечваць мэтавую падрыхтоўку кадраў.

Установы вышэйшай адукацыі Брэстчыны павінны ўлічваць рэальныя кадравыя патрэбы вобласці пры адкрыцці новых спецыяльнасцей і вызначэнні кантрольных лічбаў прыёму. Рэгіён мае патрэбу ў спецыялістах, якія задзейнічаны ў транспартнай і лагістычнай інфраструктуры, трансгранічных паслугах, сельскай гаспадарцы, захаванні прыродных і культурных багаццяў, развіцці ўнутранага і знешняга турызму, экатэхналогій і малых інавацыйных прадпрыемстваў, экспарце інфармацыйных паслуг.

Шмат нявырашаных пытанняў застаецца ў выхаваўчай дзейнасці. Работа ў гэтым напрамку павінна ўключаць пабудову рэгіянальнай мадэлі, якая абапіраецца на гістарычныя і культурныя асаблівасці вобласці, спартыўную і адукацыйную інфраструктуру. Задача педагогаў — стварыць для кожнага дзіцяці індывідуальную траекторыю развіцця, дапамагчы рэалізаваць інтэлектуальныя і творчыя здольнасці ў цікавых і карысных відах дзейнасці, забяспечыць другасную занятасць непаўналетніх, выпрацаваць эфектыўныя механізмы барацьбы са шкоднымі звычкамі і рознымі залежнасцямі.

Патрабуе пашырэння міжнароднае супрацоўніцтва з мэтай папулярызацыі дасягненняў нацыянальнай і рэгіянальнай адукацыі, выкарыстання замежнага вопыту для развіцця чалавечага патэнцыялу.

Сярод прыярытэтных задач — мадэрнізацыя матэрыяльна-тэхнічнай і нарматыўнай базы адукацыйнай галіны.

Будучыня свету — за эканомікай ведаў. Суправаджаць унікальныя высокадакладныя тэхналогіі можа толькі высокаадукаванае пакаленне. Таму вырошчванне інтэлектуальнай і вытворчай сілы сучаснай эканомікі — задача сённяшняй школы. Кожны настаўнік павінен усведамляць сваю адказнасць за гэта.

Запісаў Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.

Міжшкольная гульнявая эканамічная прастора

У апошнія гады ў сацыяльна-эканамічным развіцці Рэспублікі Беларусь адбыліся відавочныя пазітыўныя змены ў галіне вызначэння правіл вядзення бізнесу, накіраваныя на паляпшэнне дзелавога клімату і павышэнне інвестыцыйнай прывабнасці нашай дзяржавы. На вышэйшым дзяржаўным узроўні прызнаецца значнасць і неабходнасць фарміравання эканамічнай прадпрымальніцкай культуры грамадства пры пабудове цывілізаваных рыначных адносін.

Такая сітуацыя дыктуе неабходнасць унясення істотных карэктываў у падрыхтоўку школьнікаў да жыцця і працы. Нацыянальная стратэгія сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь на перыяд да 2020 года вызначае працэс фарміравання прадпрымальніцкага мыслення як неад’емны элемент у сістэме адукацыі.

На думку Г.Ф.Бядулінай, дацэнта кафедры эканамічнай сацыялогіі Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэта, асабліва важна забяспечыць эканамічную дасведчанасць моладзі, стварыць адэкватную новым умовам сістэму эканамічнай падрыхтоўкі, якая прадугледжвае не толькі авалоданне школьнікамі неабходнымі ведамі, але і стварэнне ўмоў для фарміравання актыўнага суб’екта эканамічнай дзейнасці.

Адным з кірункаў рэалізацыі дзелавой эканамічнай актыўнасці чалавека з’яўляецца прадпрымальніцкая дзейнасць. Каб пазбегнуць немалых выдаткаў запозненага развіцця прадпрымальніцкіх уменняў і навыкаў, неабходна як мага больш ранняя арыентацыя моладзі на гэты від дзейнасці. Такая работа павінна пачынацца ў школе, у рамках асобаснага і прафесійнага самавызначэння і прафарыентацыі вучняў.


Арыентацыя сучаснай сельскай школы на фарміраванне эканамічнай і прадпрымальніцкай культуры вучняў з’яўляецца аб’ектыўнай патрэбай, якая дыктуецца рэаліямі сучаснасці і запытамі будучыні. Моладзь, атрымаўшы адпаведную адукацыю, будзе мець магчымасць для самарэалізацыі ў сельскай мясцовасці.

Як стаць дзелавымі людзьмі, дасягнуць поспеху, каб вярнуцца на малую радзіму і ўвасобіць вобраз жаданай будучыні ў рэальнасць?

Адказ на гэтае пытанне трэба будзе атрымаць вучням сельскіх школ (Войстамскага ясляў-сада — сярэдняй школы, Жодзішкаўскага ясляў-сада — сярэдняй школы, Залескага ясляў-сада — сярэдняй школы, Сінькоўскага ясляў-сада — сярэдняй школы) падчас рэалізацыі рэспубліканскага інавацыйнага праекта “Укараненне мадэлі фарміравання прадпрымальніцкіх кампетэнцый у вучняў сельскай школы ва ўмовах сацыяльнага партнёрства”.

Істотную дапамогу ў навукова-метадычным забеспячэнні працэсу рэалізацыі праекта аказваюць кансультант Г.Ф.Бядуліна, каардынатары Л.А.Кіўлюк і А.У.Слінко.

Гатоўнасць педагагічных калектываў да рэалізацыі гэтага праекта пацвярджаецца дастатковым узроўнем прафесіяналізму педагагічных кадраў (у сярэднім 95% педагогаў з вышэйшай адукацыяй, 75% педагогаў маюць першую і вышэйшую кваліфікацыйную катэгорыю) і іх матывацыяй да інавацыйнай дзейнасці, наяўнасцю вопыту ў распрацоўцы і рэалізацыі рэспубліканскіх інавацыйных праектаў.

Паспяхова рэалізоўваецца сацыяльнае партнёрства, якое разглядаецца ўстановамі як дзейсны інструмент уключэння ў абмеркаванне і вырашэнне праблем развіцця адукацыі шырокага кола зацікаўленых суб’ектаў.
Рэалізацыя праекта выклікала змены ў арганізацыйнай структуры кіравання, метадычнай сеткі. Так, былі створаны інавацыйныя, творчыя, ініцыятыўныя групы, цэнтры прадпрымальніцкіх ініцыятыў.

Установамі адукацыі была прынята ідэя аб арганізацыі міжшкольнай гульнявой эканамічнай прасторы, якая аб’ядноўвае чатыры сельскія школы — удзельніцы праекта. У кожнай школе створаны свае супольнасці: эканамічная гульнявая галактыка ў Жодзішкаўскім яслях-садзе — сярэдняй школе, школьнае агенцтва “Бізнес-клас” у Сінькоўскім яслях-садзе — сярэдняй школе, вучэбна-практычны цэнтр “Выберы будучыню сёння” дзейнічае ў Залескім яслях-садзе — сярэдняй школе. Школа юнага прадпрымальніка “Формула поспеху” была адкрыта ў Войстамскім яслях-садзе — сярэдняй школе.

Ідэя стварэння міжшкольнай гульнявой эканамічнай прасторы стала прывабнай для дзяцей, што дазволіла праз сацыяльна значную дзейнасць фарміраваць у іх здольнасць да спасціжэння дарослага грамадства.

Гэтая ідэя патрабавала распрацоўкі Канцэпцыі развіцця міжшкольнай гульнявой эканамічнай прасторы, у аснову якой пакладзены тэорыя дзейнасці А.М.Лявонцьева, тэорыі развіццёвага навучання Д.Б.Эльконіна — В.В.Давыдава і перыядызацыі дзіцячага развіцця Д.Б.Эльконіна.

На думку Д.Б.Эльконіна, вядучай дзейнасцю малодшага школьнага ўзросту з’яўляецца вучэбная дзейнасць, падлеткавага ўзросту — інтымна-асобасныя зносіны, старэйшага школьнага ўзросту — вучэбна-прафесійная дзейнасць. Вядучая дзейнасць належыць да матывацыйна-патрэбнаснай сферы, што дазволіць навучэнцам рэфлексаваць уласныя паводзіны ўнутры розных калектыўных узаемаадносін, ацэньваць свае паводзіны, зрабіць правільны і адказны выбар свайго будучага месца ў дарослым грамадстве і звязанага з ім профілю далейшага навучання. Для таго каб патрэбы дзяцей ператварыліся ў матыў, неабходна прадставіць педагагічна аформленыя прадметы дзейнасці, здольныя задаволіць патрэбы дзяцей.

Стварэнне міжшкольнай гульнявой эканамічнай прасторы дазволіць навучэнцам у працэсе зносін заняць адпаведнае месца ў супольнасці сабе падобных, браць прыклад з дарослых, вучыцца самастойнасці і ўменню бра ць на сябе адказнасць за вынік дзейнасці, атрымаць магчымасць самасцвярджэння і самавыяўлення. Фарміраванне прадпрымальніцкіх кампетэнцый у навучэнцаў сельскай школы, эканамічнай культуры — галоўны напрамак дзейнасці міжшкольнай гульнявой эканамічнай прасторы (МГЭП).

У Канцэпцыі развіцця міжшкольнай гульнявой эканамічнай прасторы дакладна вызначана мэта, якая заключаецца ў стварэнні міжшкольнай гульнявой эканамічнай прасторы для фарміравання эканамічнай і прадпрымальніцкай культуры вучняў, здольнасці да засваення дарослага грамадства. Сфарміраваны задачы, якія накіраваны на ўключэнне вучняў у МГЭП, пашырэнне сувязей з сацыяльнымі партнёрамі, стварэнне Малой завочнай акадэміі бізнесу, якая будзе садзейнічаць падрыхтоўцы і матывацыі педагогаў да арганізацыі комплекснага мэтанакіраванага працэсу фарміравання прадпрымальніцкіх кампетэнцый у школьнікаў, аб’яднанне намаганняў педагогаў, бацькоў, сацыяльных партнёраў па забеспячэнні школьнікаў магчымасцямі для прафесійнай пробы прадпрымальніцкіх кампетэнцый з улікам сучаснага рынку працы і асаблівасцей рынку працы свайго рэгіёна.

Наяўнасць ініцыятыўнай групы педагагічных работнікаў, у склад якой уваходзяць прадстаўнікі розных устаноў (дырэктар, намеснікі дырэктара, псіхолагі, актыўныя і адказныя настаўнікі), — абавязковая ўмова, неабходная для стварэння МГЭП. Члены ініцыятыўнай групы вызначаюць агульную стратэгію развіцця мадэлі міжшкольнай гульнявой эканамічнай прасторы.

Кожны педагагічны работнік у рамках МГЭП мае свае абавязкі: дырэктар — стварэнне матывацыі свайго педагагічнага калектыву на развіццё МГЭП, вырашэнне адміністрацыйных пытанняў, звязаных з вылучэннем дадатковых рэсурсаў, агульная каардынацыя работы, супрацоўніцтва з сацыяльнымі партнёрамі; намеснікі дырэктара — каардынацыя работы настаўнікаў-наватараў, забеспячэнне метадычнага суправаджэння інавацыйнай дзейнасці, арганізацыя і правядзенне сумесных мерапрыемстваў з запрашэннем навучэнцаў усіх устаноў, якія ўваходзяць у праект; настаўнікі-наватары — стварэнне ў вучняў матывацыі на ўдзел у рабоце МГЭП, арганізацыя індывідуальнага падыходу па выбары форм удзелу школьнікаў у МГЭП для дасягнення максімальнага выніку, правядзенне работы з бацькамі па тлумачэнні неабходнасці ўдзелу дзяцей у дзейнасці МГЭП; педагогі-псіхолагі — правядзенне дзелавых гульняў, трэнінгаў з педагагічным складам, правядзенне трэнінгаў і іншых мерапрыемстваў з дзецьмі ў рамках МГЭП, ажыццяўленне аналізу дынамікі развіцця МГЭП.

Вядучымі відамі дзейнасці навучэнцаў у рамках МГЭП з’яўляюцца: навучанне па асновах эканамічных ведаў у 5—11 класах, дзелавыя, ролевыя, комплексныя, імітацыйныя гульні, алімпіяды, конкурсы, кірмашы бізнес-ідэй, канферэнцыі, семінары-практыкумы, майстар-класы, бізнес-праекты, дыстанцыйнае навучанне, самаадукацыя, экскурсіі, акцыі, майстар-класы, майстэрня псіхолага, сустрэчы з цікавымі людзьмі, прэзентацыя школьнай бізнес-кампаніі “Дзелавая моладзь”, сустрэчы з паспяховымі людзьмі. Асаблівая роля адведзена Малой завочнай акадэміі бізнесу.

Малая завочная акадэмія бізнесу (МЗАБ) — найважнейшая структура ў міжшкольнай гульнявой эканамічнай прасторы, якая спрыяе падрыхтоўцы і матывацыі педагогаў да арганізацыі комплекснага мэтанакіраванага працэсу фарміравання прадпрымальніцкіх кампетэнцый у вучняў сельскай школы ва ўмовах сацыяльнага партнёрства.

Дзейнасць МЗАБ рэгулюецца Палажэннем аб Малой завочнай акадэміі бізнесу, зацверджаным пратаколам пасяджэння раённага метадычнага савета. Вызначаны мэта, задачы, структура і функцыі МЗАБ, у якую ўваходзіць рэктарат, дэканат, выкладчыцкі склад, навучэнцы, філіялы Малой завочнай акадэміі бізнесу ў Войстамскім, Жодзішкаўскім, Залескім, Сінькоўскім яслях-садах — сярэдніх школах.

Установамі адукацыі праект яшчэ не завершаны, але мэтанакіраваная работа ў гэтым кірунку, актыўнае ўзаемадзеянне з сацыяльнымі партнёрамі, творчае супрацоўніцтва настаўнікаў, вучняў і бацькоў дазволіць дасягнуць пазітыўных вынікаў у фарміраванні прадпрымальніцкіх кампетэнцый у вучняў сельскай школы.

Валянціна БАРЭЙКА,
метадыст Смаргонскага раённага вучэбна-метадычнага кабінета.

Сфарміруем своеасаблівую дарожную карту

Сёння «Настаўніцкая газета» адкрывае новую рубрыку, прысвечаную правядзенню 29—30 жніўня Рэспубліканскага педагагічнага савета, на якім мяркуецца правесці дзелавую, канструктыўную размову педагагічнай грамадскасці аб развіцці адукацыі нашай краіны на найбліжэйшы час, аб існуючых праблемах і аб шляхах іх вырашэння. Удзельнікамі нарады стануць кіраўнікі сістэмы адукацыі, дырэктары навучальных устаноў, настаўнікі, метадысты. Кожны з чытачоў “Настаўніцкай газеты” можа далучыцца да размовы на нашых старонках і выказаць свае прапановы і пажаданні. Пачынае нашу размову міністр адукацыі М.А.Жураўкоў.

Па традыцыі новы навучальны год пачынаецца ў кожным рэгіёне са жнівеньскай канферэнцыі педагагічных работнікаў, якая з’яўляецца своеасаблівай мяжой паміж мінулым і новым навучальным годам. Такія канферэнцыі — гэта і падвядзенне вынікаў мінулага навучальнага года з усімі яго дасягненнямі і праблемнымі пытаннямі, і планаванне работы на найбліжэйшы навучальны год. Такім чынам, рэгіянальныя канферэнцыі ўяўляюць сабой у сукупнасці своеасаблівую дарожную карту развіцця сістэмы адукацыі Беларусі на найбліжэйшую перспектыву.

Як веер, жнівеньскія канферэнцыі падхопліваюцца ва ўстановах адукацыі, няхай гэта будзе ўстанова дашкольнай або агульнай сярэдняй, або прафесійна-тэхнічнай, або вышэйшай адукацыі. І ўжо ў кожнай канкрэтнай навучальнай установе з улікам традыцый, дасягнутых вынікаў і намечаных перспектыўных напрамкаў педагагічныя калектывы дэталёва плануюць сваю працу на найбліжэйшы навучальны год.

Новы 2016/2017 навучальны год асаблівы — старт яму дасць 30 жніўня Рэспубліканскі педагагічны савет. Форум, які мае адбыцца, — гэта лагічнае завяршэнне даволі доўгага перыяду актыўнага абмеркавання шматлікіх прапаноў, выпрацоўкі рашэнняў па развіцці і ўдасканаленні сістэмы адукацыі нашай дзяржавы. Я спадзяюся, што савет стане значнай падзеяй для краіны, дзе мы выразна абазначым і ўзгоднім напрамкі далейшага развіцця адукацыі.

Пры падрыхтоўцы да нашага форуму на сустрэчах з педагагічнымі калектывамі школ, ліцэяў, каледжаў, членамі саветаў устаноў вышэйшай адукацыі, інстытутаў развіцця адукацыі, грамадскімі аб’яднаннямі педагогаў, у індывідуальных і групавых дыскусіях і гутарках мы абмяркоўваем шляхі развіцця сістэмы адукацыі (далейшы курс развіцця нацыянальнай сістэмы адукацыі).

Кіраўнікі ведамства, начальнікі структурных падраздзяленняў, прадстаўнікі падведамасных арганізацый толькі за май правялі ўжо больш за 30 сустрэч ва ўсіх рэгіёнах краіны. Яшчэ больш актыўную работу трэба будзе выканаць у ліпені — жніўні. На працягу ўсіх летніх месяцаў будзе праходзіць маніторынг прапаноў і пытанняў для абмеркавання на савеце.

Безумоўна, галоўным вектарам развіцця сістэмы адукацыі павінна быць павышэнне якасці адукацыі і ўніфікацыя ўсіх яго ступеней. Якія складнікі якасці адукацыі? Што трэба зрабіць на дзяржаўным узроўні, а якая роля кожнага з удзельнікаў адукацыйнага працэсу ў павышэнні якасці адукацыі? Якія стандарты вышэйшай адукацыі? Якім павінен быць сучасны адукацыйны працэс ва ўніверсітэце? Пытанняў мноства, варыянтаў адказаў на іх не менш. На педагагічным форуме неабходна зацвердзіць узгодненае адзінае рашэнне.

Развіццё навукі і навуковага сегмента ў адукацыйным працэсе таксама павінна стаць адной з галоўных тэм савета. Нам патрэбны тэхнічныя і эканамічныя ўздымы, а без адукацыі і навукі гэта немагчыма. Для стварэння канкурэнтаздольнай эканомікі неабходны веды, ініцыятыва і творчасць. Без крэатыўнага падыходу да вырашэння любой задачы з боку настаўніка, выкладчыка, навучэнца або студэнта мы так і будзем вырашаць задачы па шаблоне і шукаць адказ у канцы падручніка.

Яшчэ адно важнае пытанне — актыўнае ўкараненне інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій у адукацыю. Навучэнцы і студэнты даўно ўжо з імі на “ты”, а вось ці гатовы да гэтага настаўнікі і выкладчыкі? І, галоўнае, трэба зрабіць так, каб інфармацыйныя тэхналогіі працавалі на адукацыйны працэс, на якасць адукацыі, а не толькі запаўнялі нішу баўлення часу.

Не менш актуальнай з’яўляецца тэма прафарыентацыі навучэнцаў. На жаль, чамусьці прынята лічыць, што гэта задача школы. Але хто зацікаўлены ў тым, каб на прадпрыемства прыйшлі высокакваліфікаваныя і творчыя спецыялісты? Безумоўна, кіраўнік прадпрыемства, арганізацыі. І на педагагічным савеце вельмі хацелася б знайсці той залаты ключык, з дапамогай якога мы зможам прыцягнуць работадаўцаў да заняткаў з дзецьмі, да арганізацыі дапрафесійнай і прафесійнай падрыхтоўкі.

Не апынецца па-за ўвагай і пытанне павышэння прэстыжу самой прафесіі педагога. З аднаго боку, роля выкладчыка і настаўніка павінна стаць больш важкай у грамадстве. Настаўнік — гэта слова павінна пісацца толькі з вялікай літары і прамаўляцца выключна з павагай. З іншага боку, немалаважны матэрыяльны аспект.

Перспектыўным напрамкам бачыцца фінансаванне школ зыходзячы з нарматыўнага разліку затрат на аднаго навучэнца, а таксама ўвядзенне галіновай сістэмы аплаты працы. Гэта ў значнай ступені дазволіць палепшыць матэрыяльную базу школ і павысіць узровень заработнай платы педагогаў. Ці гатовы рэгіёны да такога фінансавання, як праходзіць эксперымент, калі да яго падключыцца ўся краіна, — яшчэ цэлы блок пытанняў для абмеркавання.

Сістэма адукацыі — гэта вялікі, складаны, унікальны арганізм, дзе душэўная цеплыня і мудрасць, прафесійная зацікаўленасць і смеласць дазваляюць ствараць дзівосны свет, здзяйсняць вялікія адкрыцці. Давайце разам зробім нашых дзяцей шчаслівымі, а настаўнікаў — упэўненымі ў неабходнасці іх працы!