Супрацоўніцтва для паляпшэння якасці

У Хоцімскім раёне актыўна развіваюць супрацоўніцтва з расійскімі ўстановамі адукацыі.

Як паведаміла выконваючая абавязкі начальніка мясцовага аддзела адукацыі Надзея Барадзіна, узаемадзеянне галоўным чынам накіравана на абмен вопытам у сферы культуры, адукацыі, спорту, турызму, духоўна-маральнага і грамадзянска-патрыятычнага выхавання моладзі.

— Беларуская і расійская сістэмы адукацыі ў многім падобныя. Сумесная адукацыйная дзейнасць дазваляе зрабіць працэс выхавання і навучання дзяцей больш якасным. Нам сапраўды ёсць чаму павучыцца адно ў аднаго. Таму мы імкнёмся да ўстанаўлення трывалых узаемаадносін з расійскімі навучальнымі ўстановамі, — адзначыла Надзея Сцяпанаўна.

Па яе словах, зараз ужо наладжана плённае ўзаемадзеянне з Ершыцкім раёнам Смаленскай вобласці, Суражскім і Клятнянскім раёнамі Бранскай вобласці. У рамках адпаведных пагадненняў распрацаваны сумесныя планы работы. Адметна, што, акрамя паляпшэння арганізацыі вучэбна-выхаваўчага працэсу, супрацоўніцтва з расійскім бокам добра ўплывае і на актывізацыю пазабюджэтнай дзейнасці хоцімскіх навучальных устаноў.

Так, надоечы педагогі і навучэнцы раёна прадставілі ў смаленскім горадзе Ершычы канцэртную праграму, якая дэманстравала ўсю шматграннасць хоцімскіх талентаў. На сцэне хацімчане выступалі з эстраднымі і народнымі песнямі, танцавальнымі нумарамі. Абыякавым канцэрт не пакінуў нікога, у сувязі з чым такую ж праграму плануецца прадставіць у іншых прыгранічных рэгіёнах Расіі.

Увогуле, у найбліжэйшы час на Хоцімшчыне накіраваны на пошук новых агульных кропак судакранання з суседнімі ўстановамі адукацыі. У планах — арганізацыя турыстычных паслуг, адпачынку для расійскіх школьнікаў. Ідэй і задумак мноства. Распрацаваныя мерапрыемствы будуць накіраваны на паляпшэнне якасці адукацыі і рознабаковае развіццё навучэнцаў.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота прадастаўлена Хоцімскім аддзелам адукацыі, спорту і турызму.

Музейная практыка як фактар паспяховасці навучэнцаў

Рэспубліканскі семінар кіраўнікоў музеяў устаноў адукацыі “Музей установы адукацыі — цэнтр актывізацыі пошукавай, даследчай і праектнай краязнаўчай дзейнасці” адбыўся ў Віцебскай вобласці. Арганізатарамі семінара выступілі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, Рэспубліканскі цэнтр экалогіі і краязнаўства, упраўленне адукацыі Віцебскага аблвыканкама, абласны Палац дзяцей і моладзі і Віцебскі райвыканкам. Адкрыццё форуму прайшло на базе Віцебскага абласнога краязнаўчага музея.

Гасцей семінара віталі загадчык аддзела выхаваўчай работы ўпраўлення адукацыі Віцебскага аблвыканкама Валерый Кунашка, намеснік дырэктара па вучэбна-метадычнай рабоце Рэспубліканскага цэнтра экалогіі і краязнаўства Лідзія Каліноўская і загадчык аддзела краязнаўства і патрыятычнага выхавання Рэспубліканскага цэнтра экалогіі і краязнаўства Аляксандра Кравец. З праблемамі і здабыткамі сучаснай прафесійнай музейнай адукацыі азнаёміла загадчык кафедры гісторыі Беларусі і музеязнаўства Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў, доктар гістарычных навук, прафесар Марыя Бяспалая. Перспектывы развіцця Дзяржаўнага каталога Музейнага фонду Рэспублікі Беларусь акрэсліў намеснік дырэктара Нацыянальнага гістарычнага музея Аляксандр Храмы. Вопытам стварэння эфектыўных мадэлей узаемадзеяння дзяржаўнага музея з установамі адукацыі вобласці падзялілася загадчык навукова-асветніцкага аддзела Віцебскага абласнога краязнаўчага музея Алена Зорына.

— Асаблівую ўвагу мы ўдзяляем праектам, якія дапамагаюць актывізаваць пошукавую, даследчую і праектную краязнаўчую дзейнасць, — адзначыла Аляксандра Кравец. — Наша мэта не арганізаваць музей у кожнай школе, а стварыць прывабны для гасцей адукацыйны цэнтр, дзе акумулююцца артэфакты мясцовай гісторыі і культуры і жыве памяць аб падзеях мінулага пэўнай мясцовасці.

Мясцовы краязнаўчы матэрыял найбольш блізкі, наглядны, а таму менавіта ён дазваляе навучэнцам успрыняць працэс станаўлення і развіцця нацыянальнай культуры. Дзякуючы музейным прадметам навучэнцы асабіста судакранаюцца з рэгіянальнымі гістарычнымі падзеямі, фактамі і такім чынам замацоўваюць, пашыраюць атрыманыя на ўроках веды. Моладзь выступае не як спажывец прадукту музейнай дзейнасці, а як актыўны яго стваральнік. Сённяшняя задача — арганічна ўключыць музейную дзейнасць у адукацыйны працэс.

Удзельнікі семінара з цікавасцю азнаёміліся з вопытам выкарыстання архіўных дакументаў у краязнаўчай рабоце, які прадставіла вядучы архівіст дзяржаўнага архіва Віцебскай вобласці Святлана Мясаедава. Аб ролі музеяў устаноў адукацыі Віцебшчыны ў грамадска-патрыятычным выхаванні вучнёўскай моладзі расказаў настаўнік гісторыі Віцебскага кадэцкага вучылішча дацэнт кафедры гісторыі Беларусі ВДУ імя П.М.Машэрава Мікалай Півавар.

Ва ўстановах адукацыі краіны дзейнічае каля 1,5 тысячы музеяў. Важная задача, якая стаіць перад іх кіраўнікамі, — захаваць цікаўнасць дзяцей і падлеткаў, разумна далучыць іх да музейнага жыцця праз паходы, экспедыцыі, экскурсіі, вандроўкі, што з’яўляюцца неад’емнай часткай музейнай дзейнасці і асабліва прывабліваюць моладзь. Безумоўна, інфармацыйнае забеспячэнне адукацыйнага працэсу музеямі ўстаноў адукацыі немагчымае без шырокага выкарыстання сучасных тэхнічных сродкаў, што дае навучэнцам прастору для самастойнасці і ініцыятывы. Актуальнымі застаюцца пошук новых адукацыйных тэхналогій і гатоўнасць педагогаў выкарыстоўваць іх у сваёй рабоце, арганізацыя віртуальных музеяў, экспазіцый і выстаў, краязнаўчых гульняў, інтэрнэт-канферэнцый і г.д. Пацвярджэннем актыўнага прымянення музеямі ўстаноў адукацыі сучасных тэхналогій стала паспяховая прэзентацыя іх дзейнасці на нацыянальных форумах “Музеі Беларусі” ў Гродне, Гомелі і Магілёве.

У рамках работы семінара госці пазнаёміліся з лепшымі музеямі ўстаноў агульнай сярэдняй і вышэйшай адукацыі Віцебскай вобласці. Сістэму грамадзянска-патрыятычнага выхавання моладзі ва ўстановах адукацыі раёна прадставіла начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Віцебскага райвыканкама Вольга Разанава. Да абмеркавання вопыту работы музеяў устаноў адукацыі па актывізацыі захавання гісторыка-культурнай спадчыны праз праектную дзейнасць музеяў запрасілі намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце Цэнтра дзяцей і моладзі Віцебскага раёна Наталля Прыгожая, кіраўнік школьнага гісторыка-этнаграфічнага музея настаўніца беларускай мовы і літаратуры Вымнянскага дзіцячага сада — сярэдняй школы Віцебскага раёна Наталля Вінаградава і загадчык народнага гісторыка-этнаграфічнага музея “Гісторыя Заронаўскага краю” Людміла Нікіціна. Акрамя згаданых музеяў Віцебскага раёна, госці наведалі музейны комплекс “Горад дзяцінства” на базе ясляў-сада № 11 абласнога цэнтра, а таксама музеі ВДУ імя П.М.Машэрава, у тым ліку народны музей гісторыі ўніверсітэта, народны музей П.М.Машэрава, народны літаратурны музей і народны музей біялагічнага факультэта.

— Музей не толькі адлюстроўвае гісторыю і выступае крыніцай гістарычных звестак, але і фарміруе ў чалавека асабістае стаўленне да гістарычных фактаў і такім чынам набывае важную ролю ў выхаванні маладога пакалення, — акцэнтавала ўвагу прарэктар ВДУ па выхаваўчай рабоце кандыдат гістарычных навук Ірына Бондал. — Менавіта таму ў нашым універсітэце музеі, а іх у нас 6, заўсёды былі і з’яўляюцца неад’емнай часткай сістэмы выхаваўчай работы.

Таццяна БОНДАРАВА.
Фота аўтара.

Працавітая, спеўная, шчодрая

Прыгажуня восень зноў паклікала ў Віцебск педагогаў і навучэнцаў, руплівых гаспадароў і таленавітых майстроў. У першы дзень кастрычніка на пляцоўцы каля Палаца спорту з раніцы пачалася выстава-продаж прадукцыі, вырабленай ва ўстановах адукацыі рэгіёна.

А дкрываючы адно з самых папулярных гарадскіх восеньскіх мерапрыемстваў, начальнік упраўлення адукацыі Віцебскага аблвыканкама Дзмітрый Хома ўручыў узнагароды лідарам сельгасвытворчасці. У гэтым годзе лепшымі з лепшых прызнаны майстры вытворчага навучання Ульскага дзяржаўнага прафесійнага ліцэя сельскагаспадарчай вытворчасці імя Л.М.Даватара Іван Барадаўка і Віктар Гамзюк, іх калегі з Коханаўскага дзяржаўнага прафесійнага ліцэя сельскагаспадарчай вытворчасці Арцём Малашкевіч і Леанід Гарбачоў, з Дубровенскага дзяржаўнага прафесійнага ліцэя сельскагаспадарчай вытворчасці Дзмітрый Сушчэвіч і Аляксандр Савулаў, слесар-рамонтнік Высоцкага дзяржаўнага прафесійнага ліцэя сельскагаспадарчай вытворчасці Віктар Андрэеў, загадчык вучэбнай гаспадаркі Полацкага дзяржаўнага прафесійнага ліцэя сельскагаспадарчай вытворчасці Святлана Захарава і майстар вытворчага навучання азначанай установы адукацыі Васіль Чумак.

— Гэта 36-я па ліку выстава-продаж. З 2002 года яны праходзяць у абласным цэнтры, а таксама ў Оршы і Полацку, — расказаў начальнік аддзела прафесійна-тэхнічнай, сярэдняй спецыяльнай і вышэйшай адукацыі Віцебскага аблвыканкама Сяргей Каваленка. — Як заўсёды, “Восеньскі карагод” прапанаваў сельскагаспадарчую прадукцыю, вырашчаную ў вучэбных гаспадарках і на прышкольных участках. Акрамя таго, прадстаўлены сувеніры, эксклюзіўнае адзенне і абутак, мэбля, бялізна, прадметы дэкаратыўна-прыкладной творчасці, элітны маладняк свойскіх жывёл, саджанцы пладовых дрэў, дэкаратыўныя расліны, прадукты харчавання — ад алею і мёду да смачнай выпечкі. Шырокі асартымент, гарантаваная якасць, цэны больш нізкія, чым звычайна, за аналагічны тавар — усё гэта забяспечвае ўстойлівы попыт. Сёлета ў выставе-продажы ўдзельнічалі 30 устаноў прафесійнай адукацыі, 4 рэспубліканскія каледжы, 9 аддзелаў адукацыі і 2 школы-інтэрнаты. Выручка ад рэалізацыі перавысіла 71 тысячу рублёў.

Немагчыма ўявіць “Восеньскі карагод” без выступленняў юных артыстаў. У чатырохгадзіннай канцэртнай праграме прыняло ўдзел больш за 700 выхаванцаў гурткоў, студый і аб’яднанняў па інтарэсах устаноў дадатковай адукацыі. І, канечне, выстава-продаж — гэта заўсёды яшчэ і эфектыўны інструмент прафесійнай арыентацыі, яркая панарама поспехаў і магчымасцей устаноў прафесійнай адукацыі. Прычым панарама інтэрактыўная: не проста з густам аформленыя гандлёвыя месцы, дзе можна пабачыць і набыць сапраўды ўнікальныя рэчы (у тым ліку экспанаты, адзначаныя дыпломамі Рэспубліканскай выставы-конкурсу дэкаратыўна-прыкладной і тэхнічнай творчасці), але і горад майстроў з цікавымі прэзентацыямі, дэфіле тэатраў мод, майстар-класамі па цырульніцкім мастацтве, салома і лозапляценні, карвінгу, стварэнні кветак з цукерак. Аб паспяховым гандлі яскрава сведчылі чэргі, а неўзабаве паўпустыя і нават зусім пустыя кузавы аўтамабіляў, яшчэ пару гадзін назад даверху напоўненыя мяхамі з бульбай, морквай, буракамі, цыбуляй, зернем. Усюды дзейнічалі скідкі на пакупкі ад 10% для ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны і педагагічнай працы, заслужаных настаўнікаў і работнікаў адукацыі. Плануецца, што лепшыя экспазіцыі з прадстаўленых на “Восеньскім карагодзе” прымуць удзел у абласным фестывалі-кірмашы працаўнікоў сяла “Дажынкі-2016” у райцэнтры Сянно.

Таццяна БОНДАРАВА.
Фота аўтара.

У прыярытэце — развіццё сеткавага ўзаемадзеяння

Пасяджэнне гарадскога метадычнага аб’яднання па інфарматызацыі “Сеткавае ўзаемадзеянне ўдзельнікаў адукацыйнага працэсу шляхам сучасных інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій” прайшло напярэдадні новага навучальнага года ў сталіцы ў рэжыме анлайн. У ім прынялі ўдзел спецыялісты ўпраўленняў адукацыі, спорту і турызму адміністрацый раёнаў Мінска, намеснікі дырэктараў устаноў адукацыі, якія курыруюць пытанні інфарматызацыі, кіраўнікі раённых, школьных метадычных аб’яднанняў педагогаў. Арганізатарамі мерапрыемства выступілі супрацоўнікі Цэнтра інфармацыйных рэсурсаў сістэмы рэгіянальнай адукацыі Мінскага гарадскога інстытута развіцця адукацыі.

У рэжыме анлайн

У цэнтры ўвагі ўдзельнікаў пасяджэння былі пытанні арганізацыі сеткавага метадычнага ўзаемадзеяння ў педагагічнай практыцы ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі шляхам выкарыстання сучасных ІКТ, тэхнічных сродкаў навучання, дыстанцыйных і воблачных тэхналогій, 3D-тэхналогій, элементаў робататэхнікі ў адукацыйным працэсе, арганізацыі профільнага навучання.
Па словах начальніка Цэнтра інфармацыйных рэсурсаў сістэмы рэгіянальнай адукацыі МГІРА Наталлі Валянцінаўны Сакаловай, мэтай метадычнага аб’яднання з’яўляецца стварэнне ўмоў для павышэння эфектыўнасці адукацыйнага працэсу ва ўмовах сеткавага метадычнага ўзаемадзеяння ўстаноў адукацыі. Ужо пяты год пасяджэнні праходзяць у дыстанцыйнай форме ў сістэме Moodle. Гэтая форма садзейнічае эканоміі часу і выдаткаў на правядзенне мерапрыемства, стварае адзінае адукацыйнае асяроддзе, адкрывае магчымасць індывідуальнага тэмпу навучання, спрыяе авалоданню педагогамі сучаснымі камп’ютарнымі і тэлекамунікацыйнымі тэхналогіямі. Педагагічныя работнікі маюць магчымасць незалежна ад месца знаходжання ў любы зручны для сябе час зайсці ў сістэму і азнаёміцца з матэрыяламі эфектыўнага педвопыту.
У Мінску ўкаранёна комплексная мадэль адзінай інфармацыйнай адукацыйнай прасторы, якая імкліва абнаўляецца і становіцца мабільнай. Ва ўстановах адукацыі горада створана тэхнічная інфраструктура. Усе ўстановы агульнай сярэдняй адукацыі аснашчаны камп’ютарнай тэхнікай і камп’ютарнымі класамі. Колькасць устаноў адукацыі, у якіх выконваецца стандарт (не больш за 30 навучэнцаў на 1 камп’ютар), у мінулым навучальным годзе склала 93, 9% для навучэнцаў 5—11 класаў. Па стане на 2014/2015 навучальны год большасць устаноў адукацыі падключаны да інтэрнэту з дапамогай інтэрнэт-тэхналогіі ADSL (HDSL) — 86, 64%, dial-up (камутуемы) — 3,45%, RС кабель-мадэм — 4,74%, тэхналогіі Ethernet — 2,59%, і маюць бесправадную сетку — 0,43%, іншае — 2,16%.
Як адзначыла Н.В.Сакалова, у цяперашні час у сувязі з інтэнсіўным развіццём інфармацыйных тэхналогій актуальнай застаецца задача мадэрнізацыі тэхнічнай інфраструктуры ўстаноў адукацыі. Аналіз стану матэрыяльна-тэхнічнай базы паказаў высокі ўзровень зношанасці камп’ютарнай тэхнікі: 10,3 % камп’ютараў у Мінску выкарыстоўваецца больш за 10 гадоў — гэта тэхніка, якая патрабуе замены.

Электронная школа

З верасня 2013 года ва ўстановах адукацыі Мінска рэалізоўваецца рэгіянальны пілотны праект “Апрабацыя мадэлі кіруемага развіцця адукацыйных паслуг для фарміравання і стымулявання самаадукацыйнай дзейнасці навучэнцаў сродкамі інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій” (“Электронная школа”). Рэалізацыя праекта вядзецца ў напрамку ўкаранення анлайн-рашэнняў па прадастаўленні інфармацыйных сэрвісаў (электроннага журнала, дзённіка, раскладу заняткаў), што дазволіць стварыць аснову для пераходу на сістэму электроннага дакументаабароту ва ўстановах адукацыі, знізіць выдаткі на пабудову і суправаджэнне лакальных інфармацыйных структур і баз даных. Для аўтаматызацыі працэсаў збору, захавання і перадачы інфармацыі аб адукацыйным працэсе асноўным інструментам павінны стаць інтэлектуальныя дакументы навучэнцаў на аснове пластыкавых смарт-картак.
Педагогі штодзень уносяць адзнакі і каментарыі да іх у электронны дзённік навучэнцаў. Перавагай гэтага сэрвісу з’яўляецца зручнасць у атрыманні актуальнай інфармацыі па дамашніх заданнях і школьных падзеях у любы час і пры дапамозе любой персанальнай камп’ютарнай прылады, падключанай да інтэрнэту.
“Карта навучэнца” ўяўляе сабой комплексны інструмент, які сумяшчае ў сабе ўніверсальны дакумент і банкаўскую плацежную картку. Для ўстаноў адукацыі на аснове “карты навучэнца” даступны наступныя функцыі: бескантактны пропуск ва ўстановы адукацыі, магчымасць правядзення разлікаў у гандлёвых аб’ектах, безнаяўная аплата гарачага харчавання, ключ аўтарызацыі ў камп’ютарным класе, чытацкі білет у бібліятэцы, праязны білет у гарадскім транспарце. Плануецца, што да 2016 года ў праект “Электронная школа” будуць уцягнуты ўсе сярэднія навучальныя ўстановы.

З адукацыйным азартам

У сучасных умовах усё часцей узнікае патрэба ў неабходнасці арганізацыі сеткавага метадычнага ўзаемадзеяння сродкамі ІКТ для развіцця патэнцыялу навучэнцаў і задавальнення іх адукацыйных запытаў. Выкарыстанне сеткавага ўзаемадзеяння дазволіць вучыць і выхоўваць навучэнцаў, не выводзячы іх са звыклага кола зносін, стварыўшы ўмовы для развіцця і рэалізацыі іх індывідуальных магчымасцей.
Па меркаванні начальніка аддзела інфарматызацыі Цэнтра інфармацыйных рэсурсаў сістэмы рэгіянальнай адукацыі Алены Мікалаеўны Емяльянавай, пабудова мадэлі эфектыўнага і паспяховага сеткавага метадычнага ўзаемадзеяння адбываецца па наступных прынцыпах: адукацыйнага азарту (інтарэс стымулюе памяць, увагу і садзейнічае значнаму павышэнню актыўнасці і працаздольнасці); тэарэтычнай і інфармацыйнай карэктнасці (абавязковай умовай сеткавага метадычнага ўзаемадзеяння з’яўляецца адкрытае насычанае інфармацыйнае асяроддзе, якое адрозніваецца навуковасцю, даступнасцю, дакладнасцю); навігацыі і змястоўнай упарадкаванасці (змест сеткавага ўзаемадзеяння набывае ўстойлівыя формы, якія дазваляюць эфектыўна падключацца да яго на розных этапах адукацыйнага працэсу новым удзельнікам, але пры гэтым граматна і карэктна сістэматызаваць і ўпарадкоўваць узаемадзеянне з рознымі ўдзельнікамі сеткавай супольнасці); адукацыйнай адказнасці і эфектыўнасці.
Эфектыўнасць сеткавага ўзаемадзеяння ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі ў адзіным адукацыйным асяроддзі залежыць ад інфармацыйна-камунікацыйнай інфраструктуры рэгіёна: структуры рэсурсных цэнтраў, размеркавання адукацыйных рэсурсаў, сістэмы кіравання лічбавымі патокамі.
Адной з пераваг адукацыйнага працэсу ва ўмовах сеткавага ўзаемадзеяння з’яўляецца магчымасць навучання па індывідуальных адукацыйных траекторыях. Індывідуальная траекторыя дасягнення пастаўленай мэты выбудоўваецца навучэнцам сумесна з настаўнікам як з дапамогай існуючых для агульнага навучання элементаў, так і з дапамогай дадатковага набору метадычных элементаў.
Як падкрэслівалася, сеткавае метадычнае ўзаемадзеянне ўстаноў адукацыі можа быць ажыццёўлена шляхам выкарыстання педагагічнай тэхналогіі “навучанне ў супрацоўніцтве”. У адрозненне ад традыцыйных форм сумеснай групавой работы, яна характарызуецца наступнымі аспектамі: узаемазалежнасць усіх членаў групы, асабістая адказнасць кожнага члена групы за ўласныя поспехі і поспехі сваіх таварышаў, сацыялізацыя дзейнасці навучэнцаў у групах, агульная ацэнка работы групы, якая складаецца з ацэнкі формы зносін навучэнцаў у групе і акадэмічных вынікаў работы.
Несумненнымі перавагамі сеткавага метадычнага ўзаемадзеяння з’яўляецца магчымасць прыцягнення высакакласных выкладчыкаў для ўдасканалення арганізацыі навучання адораных вучняў. Акрамя таго, пры сеткавым узаемадзеянні адбываецца распаўсюджванне інавацыйных распрацовак. Інавацыі ва ўмовах адукацыйнай сеткі набываюць эвалюцыйны характар, што звязана з бесперапынным абменам інфармацыяй і абменам вопытам адораных вучняў адно з адным.
Па меркаванні А.М.Емяльянавай, развіццё сеткавага метадычнага ўзаемадзеяння навучальных устаноў сродкамі ІКТ садзейнічае выпрацоўцы новых метадаў і форм для выкарыстання ў адукацыйным працэсе, групавых форм паводзін, фарміраванню вучэбных груп і супольнасцей, аб’яднаных агульнай вучэбнай дзейнасцю, наяўнасцю непасрэдных кантактаў у пэўнай групе, павышэнню матывацыі навучэнцаў і як вынік якасці адукацыі.

“STEAM-акадэмія”

Таццяна Сяргееўна Дыбоўская, метадыст аддзела Цэнтра інфармацыйных рэсурсаў сістэмы рэгіянальнай адукацыі, прадставіла ўдзельнікам пасяджэння магчымасці лабараторыі робататэхнікі “STEAM-акадэмія”, якая была аснашчана ў межах міжнароднага праекта “Inovest 530417-Tempus -1-2012-1-De-Tempus-Smhes — “Усходняе партнёрства ў сферы педагагічных інавацый у межах інклюзіўнага навучання” і прызвана стаць своеасаблівай стажыровачнай пляцоўкай для педагагічных работнікаў устаноў адукацыі ў авалоданні асновамі работы з робататэхнікай, перадавымі тэхналогіямі лега, для абмену эфектыўным педагагічным вопытам, а таксама прадаставіць магчымасць вучыцца на базе лабараторыі з педагогамі, выкладчыкамі, якія маюць адпаведны ўзровень адукацыі.
На думку Т.С.Дыбоўскай, стварэнне лабараторыі дазваляе сфарміраваць у навучэнцаў базавыя ўяўленні ў сферы інжынернай культуры, развіваць інтарэс навучэнцаў да прыродазнаўчых і дакладных галін навукі, фарміраваць нестандартнае мысленне, а таксама пошукавыя навыкі ў вырашэнні прыкладных задач, развіваць творчы патэнцыял падлеткаў і моладзі ў працэсе канструявання і праграмавання робатаў.
У якасці асноўнага абсталявання пры навучанні школьнікаў робататэхніцы ў лабараторыі прапаноўваюцца лега-канструктары Mindstorm. Тэхналагічныя наборы лега арыентаваны на вывучэнне асноўных механічных прынцыпаў і элементарных тэхнічных рашэнняў, якія ляжаць у аснове ўсіх сучасных канструкцый і прылад. Лега з’яўляецца і самастойным сродкам развіццёвага навучання, і пераважным наглядным дапаможнікам.
Асяроддзе праграмавання Lego Mindstorms Education NXT дазваляе навучэнцам пазнаёміцца з асновамі праграмавання і навучыцца кіраваць сабранымі мадэлямі. Навучэнцы знаёмяцца з тэхналогіяй стварэння пэўнай мадэлі робата і кіравання пабудаванай мадэллю. Сабраная канструкцыя далучаецца да мікракамп’ютара, які ўяўляе сабой праграмуемы блок лега, што функцыянуе як аўтаномны камп’ютар. Ажыўшая мадэль ажыццяўляе рухі і ўключае розныя кіруемыя элементы, зыходзячы з паказанняў датчыкаў.
— Заняткі па робататэхніцы нацэлены на фарміраванне ў вучняў навыкаў праектнай і вучэбна-даследчай дзейнасці. Выкарыстанне робататэхнікі будзе садзейнічаць ранняй прафарыентацыі навучэнцаў. Элементы гульні, якія, несумненна, прысутнічаюць пры першапачатковым знаёмстве з курсам, матывуюць навучэнца, падводзяць яго да пазнання складаных фундаментальных асноў дарослага канструявання і праграмавання, — мяркуе Т.С.Дыбоўская.
Лабараторыя робататэхнікі адкрывае перад навучэнцамі і педагогамі новыя інавацыйныя магчымасці: спалучэнне тэорыі і практыкі, фарміраванне матывуючага творчага асяроддзя, інструмент для ўвасаблення ідэй.
Дзейнасць лабараторыі робататэхнікі прапаноўвае для навучэнцаў, педработнікаў устаноў адукацыі і шырокага кола слухачоў наступныя формы арганізацыі адукацыйнага працэсу: павышэнне кваліфікацыі для педагогаў горада, кансультацыйная дзейнасць, метадычныя мерапрыемствы (семінары, семінары-практыкумы, майстар-класы), анлайн-мерапрыемствы.

Лабараторыя інавацыйных тэхналогій

З мэтай развіцця інавацыйных форм рэалізацыі вочнай і завочнай адукацыі на аснове ўкаранення элементаў дыстанцыйных адукацыйных тэхналогій, накіраваных на павышэнне кваліфікацыі педкадраў у галіне выкарыстання ІКТ, на павышэнне даступнасці адукацыйных паслуг і развіцця безбар’ернага адукацыйнага асяроддзя горада, на базе МГІРА створана лабараторыя інавацыйных тэхналогій “Адукацыя без межаў”. Як паведаміла начальнік аддзела інфарматызацыі Цэнтра інфармацыйных рэсурсаў сістэмы рэгіянальнай адукацыі Іна Пятроўна Арцюхова, задачы лабараторыі наступныя: інфармацыйна-метадычнае і тэхнічнае суправаджэнне ўкаранення элементаў дыстанцыйных тэхналогій у адукацыйны працэс; распаўсюджванне перадавога педагагічнага вопыту ў гэтай сферы; ажыццяўленне дзейнасці, накіраванай на далейшае развіццё інфармацыйнага асяроддзя інстытута ў галіне ўкаранення дыстанцыйных форм навучання, а таксама выкарыстанне розных форм сеткавага метадычнага ўзаемадзеяння з іншымі суб’ектамі адукацыі па пытаннях выкарыстання і ўкаранення дыстанцыйных тэхналогій.
Пра воблачныя тэхналогіі ў адукацыйным працэсе паведаміла начальнік аддзела тэлекамунікацый і інфармацыйнага забеспячэння Цэнтра інфармацыйных рэсурсаў сістэмы рэгіянальнай адукацыі Святлана Ігараўна Каляда. Воблачныя тэхналогіі дазваляюць захоўваць, рэдагаваць, а таксама дзяліцца цікавымі файламі і дакументамі з сябрамі і калегамі. Патрэба ў падобных сэрвісах для адукацыі прадыктавана неабходнасцю мець асабістую заўсёды даступную і лёгка кіруемую інфармацыйную прастору настаўніка, навучэнца і як варыянт бацькоў, якія могуць перасякацца пэўным чынам, ствараючы сумесную адукацыйную прастору. Такі падыход у корані мяняе ролю настаўніка ў школе, ператвараючы яго з лектара, кантралёра ў кансультанта, партнёра. У выніку ўкаранення воблачных тэхналогій адбываецца шэраг змяненняў у адукацыйным працэсе: навучэнцы маюць магчымасць ажыццяўляць навучанне ў любы час і ў любым месцы, дзе ёсць інтэрнэт, павышаецца інтэрактыўнасць навучання, узнікае магчымасць хутка ствараць, адаптаваць і тыражаваць інфармацыйныя рэсурсы і адукацыйныя сэрвісы падчас адукацыйнага працэсу; навучэнцы могуць ажыццяўляць зваротную сувязь з настаўнікам шляхам выкарыстання шырокага набору адукацыйных сэрвісаў; узровень персаналізацыі інфармацыйна-адукацыйнай прасторы становіцца высокім.

У інтэрактыўным свеце

Інтэрактыўныя сродкі навучання ўсё актыўней уваходзяць у адукацыйны працэс. Аб развіцці творчага патэнцыялу педагогаў шляхам выкарыстання інтэрактыўных сродкаў навучання расказала начальнік аддзела тэхнічных сродкаў навучання і дыстанцыйнай адукацыі Цэнтра інфармацыйных рэсурсаў сістэмы рэгіянальнай адукацыі Таццяна Уладзіміраўна Чалдышкіна. Паводле яе слоў, эфектыўнасць прымянення інтэрактыўных сродкаў вызначаецца трыма ўзаемазвязанымі аспектамі яе забеспячэння — тэхнічным, метадычным і арганізацыйным. Тэхнічнае забеспячэнне ўключае ў сябе адаптацыю, асваенне сучасных інтэрактыўных сродкаў навучання, якія выкарыстоўваюцца для перадачы інфармацыі навучэнцамі, для арганізацыі зваротнай сувязі ад вучняў да выкладчыка, кантролю ведаў, правядзення самастойных заняткаў, адпрацоўкі і дакументавання інфармацыі. Але нават звышсучасныя інтэрактыўныя сродкі навучання не забяспечаць неабходнага эфекту без пэўнай метадычнай падрыхтоўкі і распрацоўкі дыдактычных матэрыялаў. У якасці інтэрактыўных сродкаў навучання выкарыстоўваецца інтэрактыўная прыстаўка, інтэрактыўная дошка, праектар, сістэма інтэрактыўнага апытання і галасавання, дакумент-камера, фабрыка друку, праграмнае забеспячэнне для распрацоўкі ўласных інтэрактыўных сродкаў навучання ў адукацыйным працэсе.
У Мінску вядзецца работа па вывучэнні, абагульненні, распаўсюджванні перадавога педагагічнага вопыту ў галіне выкарыстання сучасных інтэрактыўных сродкаў навучання. З мэтай пашырэння і ўкаранення практычнага выкарыстання сучасных тэхнічных сродкаў навучання быў праведзены конкурс “Інтэрактыўны свет ведаў”.
У межах конкурсу педагогі прадэманстравалі аптымальнае спалучэнне педагагічных тэхналогій і магчымасці ўкаранення сучасных інтэрактыўных сродкаў навучання. Так, робячы высновы аб эфектыўнасці ўзаемадзеяння інтэрактыўнага камплекта тэхнікі Epson з інструментамі праграмнага абсталявання RM Easiteach Next Generation, настаўніца пачатковых класаў сярэдняй школы № 45 Таццяна Мікалаеўна Слабадзянік адзначае, што іх мэтазгодна выкарыстоўваць як на этапе падрыхтоўкі да ўрока, так і на этапах самога ўрока. Інтуітыўна зразумелая панэль інструментаў праграмнага забеспячэння, банк медыярэсурсаў, віджэтаў, а таксама магчымасць укараняць і адкрываць уласныя электронныя вучэбныя матэрыялы дазваляе лёгка і проста падрыхтаваць вучэбныя заняткі для першакласнікаў у цікавай і даступнай форме, у адпаведнасці з такімі прынцыпамі, як нагляднасць і даступнасць. Банк віджэтаў дазваляе педагогу ў кароткі прамежак часу ствараць дыдактычныя гульні. Выкарыстанне сучасных інтэрактыўных сродкаў навучання павышае ўвагу, цікавасць навучэнцаў да вылічальнай тэхнікі і тым самым стварае ўмовы для фарміравання іх вылічальнай культуры.
Кожны педагог, які працуе ў 5 класе, ведае, як складана ўтрымліваць увагу дзяцей, якія яшчэ ўчора лічыліся пачаткоўцамі, бо вобразнае мысленне ў іх дамінуе над слоўна-лагічным. З улікам гэтага была створана работа настаўніцы рускай мовы і літаратуры сярэдняй школы № 118 Мінска Ірыны Уладзіміраўны Канаваленка. Інтэрактыўны ультракароткафокусны праектар выкарыстоўваецца педагогам на этапе мэтавызначэння, праверкі дамашняга задання, актуалізацыі ведаў, на этапе засваення новых ведаў, вырашэння праблемнай сітуацыі, у групавой рабоце, а таксама на этапе рэфлексіі. Ірына Уладзіміраўна прымяняе лічбавую дакумент-камеру пры праверцы практыкавання для хуткага рэдагавання работ навучэнцаў, пры разгадванні навучэнцамі крыжаванак. Абсталяваванне можа быць выкарыстана ў якасці відэакамеры для запісу з наступнай дэманстрацыяй, а таксама для аператыўнай дэманстрацыі вынікаў галасавання. Дзякуючы выкарыстанню мультымедыятэхналогій вучэбны матэрыял становіцца больш наглядным, зразумелым і запамінальным.

***

Пасля вывучэння прапанаваных матэрыялаў у сістэме Moodle ўдзельнікам пасяджэння было прапанавана прайсці анлайн-тэсціраванне. Тым настаўнікам, якія паспяхова з імі справіліся, былі выдадзены імянныя электронныя сертыфікаты ўдзельніка. Вопыт паказвае, што такая форма правядзення метадычных аб’яднанняў запатрабавана педагагічнай грамадскасцю. Па меркаванні педагогаў, гэтая форма дазваляе вывучаць матэрыялы ў індывідуальным тэмпе, незалежна ад месца жыхарства, стану здароўя, самастойна планаваць час, месца і працягласць заняткаў, эфектыўна рэалізоўваць зваротную сувязь.
— Інфармацыйнае грамадства, якое пастаянна развіваецца, вылучае новыя патрабаванні да адукацыі, яе якасці і зместу, — падкрэсліла Н.В.Сакалова. — У сувязі з гэтым доўгатэрміновая мэта інфарматызацыі сістэмы адукацыі Мінска заключаецца ў стварэнні і аказанні на аснове мадэлі кіруемага развіцця электронных адукацыйных паслуг. Вызначана і зона найбліжэйшага развіцця: мадэрнізацыя тэхнічнай інфраструктуры інфарматызацыі сістэмы адукацыі, развіццё кадравага патэнцыялу, забеспячэнне сеткавага ўзаемадзеяння ўдзельнікаў адукацыйнага працэсу, фарміраванне адукацыйнага асяроддзя на базе воблачных тэхналогій, распаўсюджванне дыстанцыйнай формы атрымання адукацыі, пашырэнне міжнароднага супрацоўніцтва ў сферы выкарыстання ІКТ.

Наталля КАЛЯДЗІЧ.
Фота аўтара.

Новыя члены педагагічнай сям’і

Сёлета на работу ва ўстановы адукацыі Валожынскага раёна накіраваны 28 маладых спецыялістаў. Яны робяць першыя крокі па сваёй прафесійнай сцяжынцы. А крочыць лягчэй і весялей, калі адчуваеш падтрымку і надзейнае плячо таварыша побач. Таму кожны год на старце маладых педагогаў падтрымліваюць старэйшыя калегі. І ў гэтым годзе прайшла ўжо традыцыйная сустрэча супрацоўнікаў раённага аддзела адукацыі, спорту і турызму Валожынскага райвыканкама з маладымі спецыялістамі, размеркаванымі ва ўстановы адукацыі раёна.

Педагагічную моладзь на сустрэчы вітала Наталля Чарнышова, начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Валожынскага райвыканкама. Наталля Анатольеўна павіншавала педагогаў з пачаткам працоўнай дзейнасці, пажадала ім быць актыўнымі, кампетэнтнымі і не абыякавымі да сваёй справы, а таксама заверыла, што ўсе яны могуць разлічваць на падтрымку кіраўніцтва і калег. Старт-трэнінг “Мая прафесійная будучыня: мары, чаканні, засцярожлівасць” дапамог усім уключыцца ў сумесную дзейнасць і падзяліцца сваімі ўражаннямі пра першае месца працы, калектыў, а таксама задаць спецыялістам пытанні, якія хвалююць моладзь. У мерапрыемстве ўзяла ўдзел Марыя Камінская, старшыня раённай арганізацыі Беларускага прафесійнага саюза работнікаў адукацыі і навукі. Марыя Мікалаеўна расказала аб сацыяльна-эканамічнай падтрымцы маладых спецыялістаў, якія працуюць ва ўстановах адукацыі: якія правы яны маюць, якімі льготамі могуць скарыстацца.
Падтрымаць маладых педагогаў прыехаў Канстанцін Буйко. Канстанцін Канстанцінавіч і сам нядаўна ўдзельнічаў у такой сустрэчы ў якасці маладога спецыяліста. Час мінуў незаўважна, і вось ужо два гады ён працуе настаўнікам матэматыкі ў Багданаўскім дзіцячым садзе — сярэдняй школе. Педагог стаў пераможцам раённага этапу конкурсу “Педагагічны старт-2015”. Канстанцін Канстанцінавіч выступіў з эсэ “Формула поспеху маладога педагога”, якое стварыў для конкурсу, а таксама падзяліўся сакрэтамі прафесійнага поспеху.
Галіна Васільеўна Лушнова, метадыст вучэбна-метадычнага кабінета, расказала маладым спецыялістам, што яны будуць не толькі настаўнікамі, але адначасова і вучнямі ў раённай школе маладога спецыяліста. Наваяўленыя “вучні” парадаваліся, што ў плане работы школы мноства цікавых мерапрыемстваў, сярод якіх не толькі адукацыйныя, але і адпачынкавыя, напрыклад, экскурсіі па Валожыншчыне, спартыўныя спаборніцтвы, турзлёт. Вялікую цікавасць у маладых педагогаў выклікала падрыхтаваная для іх выстава метадычных матэрыялаў “Маладому спецыялісту ў дапамогу”.
Такія мерапрыемствы ў Валожынскім аддзеле адукацыі лічаць добрым стартам для маладых педагогаў. Гэтыя сустрэчы праходзяць у атмасферы добразычлівасці, узаемаразумення і спрыяюць паспяховай адаптацыі на працоўным месцы, наладжванню адносін супрацоўніцтва і ўзаемадзеяння маладых спецыялістаў і педагагічнай грамадскасці раёна. Але галоўнае, яны дапамагаюць маладым педагогам адчуць, што яны не адзінокія, бо сталі часткай вялікай дружнай педагагічнай сям’і.

Дар’я РЭВА.

Музей у гільзе

Падведзены вынікі Рэспубліканскага конкурсу музеяў баявой славы ўстаноў адукацыі “Іх подзвіг мы ў сэрцы захоўваем”. Конкурс праводзіўся ў рамках героіка-патрыятычнай акцыі навучэнскай моладзі “Дзякуй салдатам Перамогі за тое, што не ведаем вайны” і быў прысвечаны 70-й гадавіне вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і 70-годдзю перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне.

Конкурс аб’яднаў дзве значныя даты ў гісторыі нашага народа і ў адрозненне ад іншых музейных конкурсаў сістэмы адукацыі праводзіўся на працягу трох гадоў. Яго ўмовы былі аб’яўлены яшчэ ў 2013 годзе і прадугледжвалі правядзенне чатырох этапаў. Як паведаміла загадчык аддзела краязнаўства і патрыятычнага выхавання Рэспубліканскага цэнтра экалогіі і краязнаўства Аляксандра Яўгенаўна Кравец, асноўныя мэты конкурсу — удасканаленне грамадзянска-патрыятычнага выхавання навучэнцаў, далучэнне іх да пошукавай і даследчай дзейнасці па вывучэнні гісторыі і баявога мінулага малой радзімы, актывізацыя дзейнасці музеяў баявой славы па ўвекавечванні памяці абаронцаў Айчыны, папаўненне экспазіцый, вывучэнне і абагульненне перадавога музейнага вопыту.
Музейны гонар кожнага раёна абаранялі некалькі музеяў, аднак на заключны этап было адабрана 56 (хоць, па ўмовах, павінна было быць 42), якія прайшлі папярэднія раённыя, абласныя выпрабаванні і заваявалі права прадставіць рэгіёны на рэспубліканскім узроўні. Усяго ў конкурсе ўдзельнічала некалькі соцень музеяў і музейных пакояў баявой славы. На суд журы былі дасланы не проста папяровыя справаздачы аб дзейнасці музеяў, але і сапраўдныя экспанаты. Напрыклад, калектыў сярэдняй школы № 1 Шчучына прадставіў матэрыял у скрыні, відаць, з-пад пераноснага тэлефоннага апарата, гімназія № 5 Гродна ў якасці вокладкі выкарыстала афіцэрскі планшэт. Аднак найбольш арыгінальнымі ў плане афармлення атрымаліся работы сярэдняй школы № 9 Барысава (спецыяльная скрыня была напоўнена не толькі папяровай справаздачай, але і шматлікімі ваеннымі фотаздымкамі лётчыкаў авіяпалка “Нармандыя — Нёман”, якому і прысвечаны школьны музей) і сярэдняй школы № 28 Гродна, калектыў якой палажыў конкурсную работу ў… вялізную гільзу, няхай і стылізаваную, папяровую. Найбольш грунтоўныя работы прадставілі Магілёўская і Віцебская вобласці. Хоць дэкаратыўнае афармленне работ і не прадугледжана ўмовамі конкурсу і не з’яўлялася галоўным крытэрыем пры вызначэнні пераможцаў, аднак пры аднолькавай колькасці балаў перавага ўсё ж аддавалася знешне прывабнай рабоце.
Першапачаткова пераможцаў планавалася вызначыць па дзвюх намінацыях: “Экспазіцыя” і “Музей установы адукацыі”. Аднак пасля знаёмства рэспубліканскага журы з конкурснымі работамі стала відавочна, што музеі, якія дзейнічаюць некалькі дзесяцігоддзяў, і музеі, адкрытыя некалькі гадоў назад, прадставілі зусім розныя па змесце і напоўненасці фактычным матэрыялам работы. Таму літаральна ў апошні момант было вырашана ўвесці трэцюю намінацыю — “Музейны дэбют”. І гэта правільна, бо параўноўваць, скажам, музеі сярэдняй школы № 9 Барысава, сярэдняй школы № 34 Магілёва, сярэдняй школы № 120 Мінска або музей “Лёс салдата” Рагачоўскага раённага цэнтра турызму і краязнаўства дзяцей і моладзі і музеі Імянінскай сярэдняй школы Кобрынскага раёна або сярэдняй школы № 3 Чэрвеня не зусім карэктна. Гэта тое ж самае, што вывесці на адзін рынг баксёраў рознай вагавой катэгорыі.
Па выніках работы рэспубліканскага журы пераможцамі прызнаны: у намінацыі “Музейны дэбют” — музей баявой славы сярэдняй школы № 3 Чэрвеня (кіраўнік Г.У.Тамковіч); у намінацыі “Экспазіцыя” — гісторыка-краязнаўчы музей Воранаўскай сярэдняй школы Віцебскага раёна (кіраўнік І.І.Кротава); у намінацыі “Музей установы адукацыі” — музей “Лёс салдата” Рагачоўскага раённага цэнтра турызму і краязнаўства дзяцей і моладзі (кіраўнік Г.В.Цітовіч) і музей баявой славы 290-й стралковай дывізіі сярэдняй школы № 34 Магілёва (кіраўнік Н.А.Гарцуева).
Знайсці сёння нешта незвычайнае, арыгінальнае па тэме вайны, папоўніць экспазіцыю музея баявой славы адметнымі экспанатамі не так і проста. Таму падобныя конкурсы праводзяцца не кожны год, а з нагоды юбілейных дат. Наступны конкурс музеяў баявой славы, як плануецца, будзе прымеркаваны да 75-годдзя Перамогі.

Ігар ГРЭЧКА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.

Творчасць, прафесіяналізм, ІТ-тэхналогіі

Пасяджэнне Асацыяцыі кіраўнікоў устаноў адукацыі па тэме “Фарміраванне і развіццё інфармацыйна-камунікацыйных кампетэнцый адміністрацыі, педагогаў і навучэнцаў праз работу рэсурсных цэнтраў устаноў адукацыі” адбылося ў Оршы.

Прадстаўнікі педагагічнай грамадскасці азнаёміліся з вопытам работы ўпраўлення адукацыі аблвыканкама, аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама, устаноў адукацыі горада і раёна па выкарыстанні інавацыйных падыходаў, вырашэнні ключавых праблем развіцця сучаснай адукацыі, захаванні традыцый і ажыццяўленні інавацыйнай дзейнасці. У пасяджэнні прынялі ўдзел намеснік міністра адукацыі Раіса Сідарэнка, начальнік упраўлення адукацыі Віцебскага аблвыканкама Іван Шчурок, прарэктар па навукова-метадычнай рабоце Акадэміі паслядыпломнай адукацыі старшыня Беларускага педагагічнага таварыства Галіна Нікалаенка, кіраўніцтва Аршанскага райвыканкама і аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама, кіраўнікі і педагогі ўстаноў адукацыі раёна. Сустрэча праводзілася з мэтай развіцця прафесійных кампетэнцый кіраўнікоў устаноў адукацыі па забеспячэнні якасці адукацыйнага працэсу шляхам прадстаўлення і распаўсюджвання лепшых кіраўніцкіх практык.
— Тэма сустрэчы вельмі шырокая, — адзначыла Раіса Сідарэнка. — Мы гаворым, што сістэма адукацыі развіваецца стабільна. Разам з тым вяртаемся да лепшых прыкладаў педагагічнага вопыту, да профільнага навучання. Напярэдадні пасяджэння калегіі Міністэрства адукацыі мы сабраліся разам з дырэктарамі ўстаноў адукацыі абмеркаваць шэраг надзённых праблем. Гэта тычыцца як інавацыйнай дзейнасці, так і ўзаемадзеяння ўсіх удзельнікаў адукацыйнага працэсу. Можна сказаць, мы гэта праходзілі, нічога складанага ў вяртанні профіляў няма, але на самай справе ўсё не зусім так. Мінула даволі многа часу, і проста зрабіць кальку і перанесці старую мадэль на 2015 год ужо немагчыма.
— Вяртанне да профільнага навучання — правільны і цалкам мэтазгодны крок, — зазначыў Іван Шчурок. — Неабходнасць такога рашэння пацвердзілі час і жыццё, яго вітае настаўніцтва Віцебшчыны. Орша сур’ёзна працуе і дынамічна развіваецца ў азначаным напрамку. Для гэтага створаны рэжым найбольшай спрыяльнасці на ўсіх узроўнях — ад маштабнай падтрымкі ўстаноў адукацыі з боку органаў улады да арганізацыі работы з педагагічнымі кадрамі і гатоўнасці настаўнікаў да інавацыйнай дзейнасці. Аднак, безумоўна, ёсць і шэраг пытанняў, над якімі трэба сур’ёзна падумаць.
Першая частка пасяджэння была арганізавана ў Лядовай арэне. Увазе гасцей Оршы былі прапанаваны прэзентацыі ўстаноў дадатковай адукацыі горада і раёна па экалагічным, тэхнічным, авіяцыйным, фізкультурна-турыстычным і творчым напрамку. Дарэчы, Орша адна з нямногіх захавала такую прафілізацыю. Начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Андрэй Загурскі праінфармаваў аб дзейнасці дзвюх спартыўных школ і рабоце фізкультурна-аздараўленчага клуба “Орша” з насельніцтвам па месцы жыхарства. Затым удзельнікаў запрасілі ў канферэнц-залу на выставу-прэзентацыю рэсурсных цэнтраў устаноў адукацыі Оршы. Сустрэча праходзіла ў рэжыме актыўнага дыялогу. Настаўнікі і навучэнцы сярэдняй школы № 2 расказалі пра вопыт апрабацыі і ўкаранення мадэлі навучання з выкарыстаннем індывідуальных электронных прылад ва ўмовах установы сярэдняй адукацыі; прадстаўнікі гімназіі № 2 — пра выкарыстанне ІТ у рабоце школьнай бібліятэкі, а інтэрактыўнай дошкі — у арганізацыі адукацыйнага працэсу на першай ступені навучання. З напрацоўкамі па ўкараненні інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій і электронных сродкаў навучання ў адукацыйны працэс па фізіцы знаёміла на сваёй пляцоўцы сярэдняя школа № 9. Вопытам арганізацыі работы школьнага музея з дапамогай ІТ-тэхналогій і выкарыстаннем магчымасцей ІТ-тэхналогій пры пабудове інфармацыйнай адукацыйнай прасторы ўстановы падзяліўся педагагічны калектыў сярэдняй школы № 12, а іх калегі з сярэдняй школы № 15 прапанавалі да разгляду асновы творчай распрацоўкі ўрока матэматыкі з дапамогай ЭСН і ІКТ — стварэнне віртуальнага кабінета матэматыкі. Цікавыя праекты прэзентаваў кожны з рэсурсных цэнтраў.
Па словах намесніка старшыні райвыканкама Алега Смірноўскага, сістэма адукацыі раёна мае сваю гісторыю. Так, у 1631 годзе ў Куцеінскай друкарні Спірыдонам Собалем быў выдадзены першы на ўсходнеславянскіх землях буквар. Прыемна, што летась гэтую святыню аднавілі і цяпер яна ёсць на Аршаншчыне. У нашы дні гісторыя атрымала цікавы працяг: Галіна і Сяргей Трафімавы склалі свой аршанскі буквар — ён выдаецца ўжо трэці год і стаў традыцыйным падарункам першакласнікам. Па падручніку аршанскага настаўніка-метадыста Валерыя Герасімава па ўсёй краіне займаюцца навучэнцы 1—7 класаў. У школах Оршы і Аршанскага раёна вучыліся многія знакамітыя пісьменнікі, прадстаўнікі творчай эліты, дзяржаўныя дзеячы. У нашы дні адукацыйны працэс у навучальных установах раёна ажыццяўляе больш за 3 тысячы педагогаў, а ўсяго працуе звыш 6 тысяч работнікаў сферы адукацыі, спорту і турызму, навучаннем ахоплена 21 тысяча дзяцей.
Андрэй Загурскі правёў для ўдзельнікаў пасяджэння прэзентацыю сістэмы адукацыі Аршанскага раёна і акцэнтаваў увагу на інфарматызацыі як умове і рэсурсным забеспячэнні ўвядзення профільнага навучання на прыкладзе ўстаноў адукацыі раёна. Пытанні арганізацыі профільнага навучання ў дзейнасці кіраўніка ўстановы адукацыі закранула ў сваім выступленні дырэктар гімназіі № 10 Мінска старшыня савета Асацыяцыі кіраўнікоў устаноў адукацыі Марына Ільіна. Праблемы і перспектывы арганізацыі профільнага навучання былі ў цэнтры ўвагі педагогаў, кіраўнікоў і прадстаўнікоў органаў кіравання адукацыяй, грамадскіх аб’яднанняў падчас пасяджэння за круглым сталом.
Яркімі старонкамі сустрэчы на аршанскай зямлі сталі экскурсіі па горадзе і наведванне гімназіі № 1. Паказальнае выступленне навучэнцаў, якія займаюцца ў класах МНС, знаёмства з унікальнай віртуальнай школай, творчымі калектывамі гімназіі пакінулі незабыўныя ўражанні.
— У Аршанскім раёне рэалізоўваецца 14 рэспубліканскіх інавацыйных і 6 абласных творчых праектаў, да іх сёлета далучыўся эксперыментальны рэспубліканскі праект, звязаны з апрабацыяй новай сістэмы выніковай атэстацыі ў 9 класе, — расказаў Андрэй Загурскі. — З наступнага навучальнага года яшчэ адна школа пачне работу па рэалізацыі Рэспубліканскага інавацыйнага праекта “Укараненне мадэлі выкарыстання інтэрактыўных электронных сродкаў навучання ў адукацыйным працэсе ўстановы агульнай сярэдняй адукацыі”.
Вялікае значэнне ў інфарматызацыі адукацыі мае адпаведнае матэрыяльна-тэхнічнае забеспячэнне, удасканальванне і развіццё творчага патэнцыялу работнікаў, абагульненне і распаўсюджванне перадавога педагагічнага вопыту. Сёння ўсе ўстановы раёна ў дастатковай ступені абсталяваны камп’ютарнай тэхнікай, падключаны да высакахуткаснага інтэрнэту. Сфарміравана адзіная інфармацыйна-адукацыйная прастора, у цэнтры якой — афіцыйны інтэрнэт-партал аддзела. Яго функцыянаванне разглядаецца як мэтавы рэсурс узаемадзеяння з педагагічнай і бацькоўскай аўдыторыяй. Створанае сваімі сіламі і апрабаванае праграмнае забеспячэнне “План работы”, “Планёрка”, “Кадры”, “Алімпіяды”, “АСК “Школа”, “Інтэрнэт-дзённік” і іншыя дазваляюць вырашаць праблемы работы з вялікімі аб’ёмамі інфармацыі. Ва ўсіх установах адукацыі Оршы і ў большасці ўстаноў раёна шырока выкарыстоўваюцца дыстанцыйныя тэхналогіі, асабліва пры арганізацыі работы з адоранымі навучэнцамі. Пры гэтым актыўна задзейнічаны як афіцыйныя сайты ўстаноў, так і асабістыя сайты настаўнікаў-прадметнікаў. Розныя катэгорыі педагогаў праходзяць курсы павышэння кваліфікацыі ў дыстанцыйнай форме. Сур’ёзны матэрыяльна-тэхнічны рэсурс раёна ствараецца дзякуючы супрацоўніцтву з Паркам высокіх тэхналогій. Тэматыка работы рэсурсных цэнтраў — зараз іх 28 — дастаткова разнастайная і ахоплівае ўсе напрамкі дзейнасці ўстановы адукацыі, ад адміністрацыйнага да выхаваўчага. Навукова-метадычнае суправаджэнне цэнтраў, аналіз вынікаў іх дзейнасці, а таксама арганізацыю ўзаемадзеяння педагогаў па адпаведнай тэматыцы ажыццяўляе вучэбна-метадычны кабінет аддзела.
— Не прэтэндуючы на глабальныя адкрыцці, мы стараемся вывучаць эфектыўны вопыт калег і напрацоўваць свой уласны. У выніку ў нашым раёне назапашаны вялікі вопыт работы і па ўкараненні інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій у адукацыйны працэс і кіраўніцкую дзейнасць, і па арганізацыі інавацыйнай дзейнасці ва ўстанове адукацыі, рабоце рэсурсных цэнтраў, — паведаміў Андрэй Загурскі. — Такім чынам, Аршанскі раён гатовы выступіць інавацыйным цэнтрам па выкарыстанні ІТ-тэхналогій, у тым ліку і пры арганізацыі профільнага навучання.

Таццяна БОНДАРАВА.
Фота аўтара.

Справаздача на справаздачу аб справаздачы? Камп’ютар вам у дапамогу

З прыняццем пастановы Міністэрства адукацыі аб рэкамендаваным пераліку дакументаў, якія неабходна рыхтаваць настаўнікам, многія з іх уздыхнулі з палёгкай: ва ўсялякім разе, у іх з’явіўся арыенцір, да якога можна імкнуцца. Іншая справа — адміністрацыя ўстаноў адукацыі: у іх пералік неабходных да падрыхтоўкі дакументаў надзвычай вялікі. Так, прыблізная службовая інструкцыя намесніка дырэктара па выхаваўчай рабоце — гэта тры старонкі тэксту, кожны радок якой, па сутнасці, мае на ўвазе падрыхтоўку той ці іншай паперы. А да гэтага часам неабходна дадаць і “вынаходніцтва” мясцовых улад і розных ведамстваў.
Шляхам простага апытання пэўнай колькасці намеснікаў дырэктара па выхаваўчай рабоце давялося ўпэўніцца: для іх гэтая тэма надзвычай актуальная і балючая. Хтосьці з абурэннем скардзіўся на неабходнасць рыхтаваць “справаздачу на справаздачу аб справаздачы”, хтосьці, здаецца, ужо змірыўшыся з непазбежным, стомлена на працягу паўгадзіны пералічваў апошнія справаздачы і даведкі, якія неабходна было падрыхтаваць. Але сэнс ва ўсіх аповедах, па сутнасці, адзін і той жа: у сваім традыцыйным выглядзе такая колькасць дакументаў — справаздач, даведак, інфармацый, характарыстык і г.д. — проста непад’ёмная для гэтай катэгорыі работнікаў і, што галоўнае, пры сённяшнім падыходзе бессэнсоўная: колькасць у гэтым выпадку ніяк не пераходзіць у якасць, хутчэй наадварот.
На гэтым фоне асабліва здзівілі словы намесніка дырэктара адной з сельскіх школ: “Так, пералік неабходных да вядзення дакументаў намеснікамі дырэктара вельмі вялікі. Але гэтую дзейнасць, насамрэч, можна зрабіць больш простай і эфектыўнай — з дапамогай увядзення электроннага дакументаабароту”.
Як гэта адбываецца на справе? І ці сапраўды выкарыстанне інфармацыйных тэхналогій спрашчае выкананне прафесійных задач прадстаўнікам адміністрацыі ўстаноў? Пра ўсё гэта мы і спыталі ў Святланы Міхайлаўны Бушміч, намесніка дырэктара па выхаваўчай рабоце Любчанскай сярэдняй школы Навагрудскага раёна Гродзенскай вобласці.

Хацелі як лепш. А атрымалася?..

Сумненні наконт больш лёгкага выканання прафесійных задач прадстаўнікамі адміністрацыі школ пры ўвядзенні пэўных інфармацыйных тэхналогій невыпадковыя. Дастаткова прыгадаць вопыт выкарыстання ў некаторых школах краіны сістэм “электронных дзённікаў”. Справа, як падаецца асабіста мне, надзвычай добрая і зручная для бацькоў і дзяцей і прызваная мадэрнізаваць пэўныя працэсы ў школе, на практыцы прынесла педагогам дадатковы галаўны боль. Замест запаўнення, вобразна кажучы, адной паперы, яны зараз запаўняюць дзве — у звычайным выглядзе і электронным. Ці не здарыцца так і з кіраўніцкай дзейнасцю?
Святлана Міхайлаўна пераконвае: не. Электронны дакументаабарот сапраўды знізіць “папяровую” нагрузку. У гэтым спецыяліст упэўнена, нягледзячы нават на тое, што сёння ў Любчанскай школе электронны дакументаабарот уведзены далёка не ў поўным аб’ёме.
Укараненне новых тэхналогій ва ўстанове — гэта, так бы мовіць, двухбаковы рух: неабходнасць і зручнасць гэтага разумеюць у самой школе электронны дакументаабарот, разам з тым пэўныя працэсы ініцыіруюцца і мясцовым аддзелам адукацыі, спорту і турызму.
— У апошні час у школах значна павялічыўся дакументаабарот. Работа з дакументамі аднімае нямала часу, ды і сіл, — пацвярджае агульную думку Святлана Міхайлаўна. — Асноўная складанасць заключаецца ў тым, што работа з дакументацыяй з’яўляецца неад’емнай часткай дзейнасці намесніка дырэктара па выхаваўчай рабоце, педагога-арганізатара, сацыяльнага педагога, класных кіраўнікоў, патрабуючы не столькі назапашвання яе, колькі сістэмнага аналізу з наступнымі высновамі і рэкамендацыямі. Таму ўзнікае неабходнасць павышэння эфектыўнасці работы ўстановы адукацыі з дапамогай змяншэння часу, неабходнага для запаўнення ўсёй дакументацыі, якая выкарыстоўваецца школай у працэсе яе дзейнасці. Такім чынам, паўстае пытанне аб аўтаматызацыі кіравання дакументаабаротам. У сувязі з гэтым ва ўстановах адукацыі вельмі актыўна развіваюцца інфармацыйныя тэхналогіі, яны атрымліваюць усё больш шырокае распаўсюджванне і прымяненне. І наша школа — не выключэнне. Гэта звязана з тым, што аб’ём інфармацыі, якая апрацоўваецца і выкарыстоўваецца школай у працэсе функцыянавання, пастаянна ўзрастае, а бягучая інфармацыя абнаўляецца. Выкарыстоўваючы інфармацыйныя тэхналогіі, можна перавесці ўсю дакументацыю школы ў электронны выгляд, што павышае зручнасць апрацоўкі дакументаў, а таксама эфектыўнасць функцыянавання школы. Зыходзячы з рэалій нашага часу, можна зрабіць выснову, што традыцыйная форма вядзення дакументаабароту састарэла і павінна быць заменена на электронную.

Рэсурсы звычайныя

Прызнацца, словы спецыяліста я ўспрыняла з пэўным скептыцызмам: не кожная школа, асабліва сельская, можа пахваліцца неабходнымі ўмовамі для дасягнення гэтых важных задач — сучаснымі персанальнымі камп’ютарамі для адміністрацыі і тым больш настаўнікаў, наяўнасцю лакальнай сеткі, доступу ў інтэрнэт, не кожная можа дазволіць сабе і ўкараненне неабходнага праграмнага забеспячэння — гэта каштуе нятанна. Між тым Святлана Міхайлаўна развейвае мае сумненні.
— Усё гэта ў той ці іншай ступені вырашальна, калі ёсць зацікаўленасць каманды — не толькі школы, але і раёна, — упэўнена спецыяліст. — Што тычыцца наяўнасці камп’ютараў, то сёння ў нашай школе, напэўна, як і ў любой іншай, ёсць камп’ютарны клас. Так, машыны не апошняй мадыфікацыі, але для навучання дзяцей і выканання прафесійных задач педагогаў і адміністрацыі найноўшых тэхналогій і не трэба. Ёсць рабочыя камп’ютары і ў дырэктара, намеснікаў дырэктара — гэта патрабаванне часу. Даўно дзейнічае лакальная сетка, ёсць доступ у інтэрнэт — гэта ж неабходна не толькі для выканання прафесійных задач адміністрацыяй, але і ўвогуле наладжвання эфектыўнага адукацыйнага працэсу.
Што да дарагога софта, то пэўным чынам спрасціць выкананне прафесійных задач, па словах намесніка дырэктара, можна і пры дапамозе стандартных праграм.
— Сучасныя камп’ютарныя праграмы прызначаны для таго, каб хутка апрацоўваць вялікія аб’ёмы інфармацыі, праводзіць падлікі, захоўваць у структураваным выглядзе вялікія інфармацыйныя масівы, хутка апрацоўваць вялікія аб’ёмы інфармацыі, ажыццяўляць пошук неабходных даных, прадстаўляць інфармацыю ў зручна аформленым выглядзе. Усё гэта можна зрабіць з дапамогай стандартных устаноўленых практычна ў кожнага праграм, — пераконвае спецыяліст. — Узоры даведак, шаблоны дакументаў — Word, табліцы — Exсel. Гэтыя праграмы не даюць магчымасці аўтаматычна рабіць нейкую выбарку, але робяць працэс падрыхтоўкі папер значна больш хуткім — дастаткова адзін раз увесці даныя, каб потым выкарыстоўваць іх у розных справаздачах. А калі яшчэ асвоіць звычайную школьную праграму па інфарматыцы, напрыклад, па тэме “Базы даных”, то можна аўтаматычна рабіць тыя ці іншыя падлікі, штосьці параўноўваць, выбіраць і г.д.
Сёння ў Любчанскай сярэдняй школе даведачна-аналітычны матэрыял назапашваецца і размяшчаецца па тэматычных папках, дазваляючы пры неабходнасці ўносіць карэктывы ва ўжо існуючыя дакументы, выяўляючы тэндэнцыі ў выхаваўчай рабоце, прагназуючы перспектывы далейшага развіцця. Формы планаў разнастайныя: тэкставыя, графічныя, у выглядзе плана-сеткі. Галоўнае, яны дапамагаюць у рабоце, зручныя ў выкарыстанні і адлюстроўваюць перспектывы выхавання, а таксама развіццё выхаваўчай сістэмы школы.
У прыватнасці, для намесніка дырэктара па выхаваўчай рабоце ў школе ў электронным выглядзе ёсць электронная нарматыўная прававая база, распрацаваны адзін з раздзелаў гадавога плана школы — “Ідэалагічная і выхаваўчая работа”, база даных па вучнях і іх бацьках, банк даных па напаўняльнасці гурткоў і секцый, напаўняльнасці шостага школьнага дня, выніковасці ўдзелу ў раённых, абласных, рэспубліканскіх конкурсах, колькасным аналізе ўзроўню злачыннасці, кантроль за арганізацыяй выхаваўчай дзейнасці класнымі кіраўнікамі, метадычная скарбонка.
Выхаваўчая работа ў любой установе адукацыі пачынаецца з класнага кіраўніка. Ад таго, наколькі граматны, цікавы, ініцыятыўны класны кіраўнік, ці адкрыты ён да новых і сучасных аспектаў выхаваўчай работы, ці баіцца адысці ад стэрэатыпаў, у многім залежыць атмасфера ў вучнёўскім калектыве і сярод педагогаў школы. Таму ў школе імкнуцца зменшыць і папяровую нагрузку для класных кіраўнікоў. Так, для іх распрацаваны ў электронным выглядзе шаблоны плана ідэалагічнай і выхаваўчай работы класнага кіраўніка, сацыяльна-педагагічнай характарыстыкі класа. Да таго ж па просьбах класных кіраўнікоў быў распрацаваны электронны варыянт партфоліа класа, электронная метадычная скарбонка.
— Выхаваўчы працэс немагчымы без наладжанай сістэмы дыягностыкі якасных і колькасных характарыстык эфектыўнасці функцыянавання і тэндэнцый развіцця выхаваўчай сістэмы. Галоўнай мэтай гэтай сістэмнай дыягностыкі якасці выхавання з’яўляецца прагназаванне і кіраванне якасцю выхаваўчага працэсу, — дадае Святлана Міхайлаўна. — Таму існуе і такая папка, як “Маніторынг”, якая ўключае ў сябе анкеты, тэсты, дыягностыкі, графікі, табліцы і інш.
У цэлым жа ўсё гэта дазваляе сфарміраваць адзіную базу даных навучэнцаў, бацькоў, работнікаў установы адукацыі, аўтаматызаваць віды справаздачнасці школы, весці электронны архіў па ўсіх відах дакументацыі, якая выкарыстоўваецца школай, упэўнена спецыяліст. Адзіная складанасць — неабходна шмат часу для ўвядзення ўсіх даных на першапачатковым этапе.

Апраўданыя выдаткі

Разам з тым сёння ў Любчанскай сярэдняй школе, як і ў іншых школах гэтага раёна, нараўне са стандартнымі праграмамі выкарыстоўваецца і прафесійнае, спецыяльнае праграмнае забеспячэнне для аўтаматызацыі кіраўніцкага працэсу ў школе. Гаворка ідзе аб праграмна-тэхналагічным комплексе “ПараГраф”, які дапамагае і раённай уладзе больш аператыўна атрымліваць інфармацыю, а самой школе значна спрашчае жыццё.
— Ініцыятыва і, адпаведна, выдаткі па ўкараненні гэтага прадукту прыйшлі з боку рэгіянальных органаў кіравання адукацыяй, — расказвае спецыяліст. — Задача работнікаў школы была толькі ў тым, каб асвоіць яго і якасна выкарыстоўваць у штодзённай дзейнасці.
— “ПараГраф” — гэта шматфункцыянальная сістэма, спецыяльна арыентаваная на агульнаадукацыйныя навучальныя ўстановы, якая дазваляе аўтаматызаваць шматлікія элементы кіраўніцкай дзейнасці: вядзенне базы даных, аўтаматычны выбар даных з зададзенымі параметрамі, падрыхтоўка ў электроннай і друкаванай форме разнастайных спісаў, справаздач, складанне вучэбных планаў і размеркаванне нагрузкі, шматфактарны аналіз паспяховасці, складанне раскладу і ажыццяўленне замен і іншае. Асобна ўнесены даныя па супрацоўніках: адукацыя, спецыяльнасць, стаж, павышэнне кваліфікацыі і іншае, — расказвае спецыяліст. — Пры гэтым даныя ўводзяцца толькі адзін раз у адным з раздзелаў праграмы, а затым становяцца даступнымі для ўсіх астатніх. Адпаведна, у адным месцы можна атрымаць практычна поўную інфармацыю пра аб’ект, нават калі яна адносіцца да розных сфер, а пры адборы інфармацыі можна выкарыстоўваць самыя разнастайныя параметры.
Створаная база даных, насамрэч, дае шмат магчымасцей для аналізу выхаваўчага працэсу. З яе дапамогай можна праводзіць маніторынг выхаванасці, сачыць за пропускамі навучэнцаў, атрымаць звесткі пра бацькоў навучэнцаў. Складаная праграма толькі тым, што, як і стандартныя праграмы, патрабуе ўвядзення вялікай колькасці даных. Але ў далейшым, упэўнены ў школе, гэтыя выдаткі поўнасцю вяртаюцца.

***

Безумоўна, гаварыць сёння аб поўным пераходзе ў названай установе на электронны дакументаабарот рана: не ўсё, што магчыма, аўтаматызавана, электронныя дакументы нярэдка, як і раней, дубліруюцца папяровымі. Тым не менш тое, што робіць адміністрацыя ўстановы і мясцовыя органы кіравання адукацыяй для пераходу на новыя тэхналогіі, паказальна. Найперш тым, што названая ўстанова — гэта звычайная, па сутнасці, сельская школа, з такімі ж звычайнымі рэсурсамі, матэрыяльнымі, асобаснымі. І калі ў іх атрымліваецца, то атрымаецца і ў іншых. А гэта дае магчымасць спадзявацца на тое, што чаканыя вынікі Канцэпцыі інфарматызацыі сістэмы адукацыі Рэспублікі Беларусь на перыяд да 2020 года могуць быць выкананы. Сярод іх, прынамсі, скарачэнне дакументаабароту ва ўстановах адукацыі ў тры разы.

Наталля ІЛЬІНА.

За гонар Айчыны, з клопатам пра будучыню

Паспяховая вучоба, спартыўныя дасягненні, мэтанакіраваная падрыхтоўка да службы ў радах абаронцаў Айчыны; строгі распарадак дня, узорная дысцыпліна і па-дамашняму ўтульная, добразычлівая атмасфера, якая пануе ва ўстанове адукацыі; афіцэры запасу поруч з лепшымі настаўнікамі ў якасці педагогаў; дзясяткі выпускнікоў, якія служаць ва Узброеных Сілах, органах пагранічнай службы і ўнутраных спраў, унутраных войсках, Следчым камітэце, Дзяржаўным камітэце судовых экспертыз, органах і падраздзяленнях па надзвычайных сітуацыях Рэспублікі Беларусь і займаюцца навуковай дзейнасцю, працуюць на ўніверсітэцкіх кафедрах і кіраўніцкіх пасадах… Немагчыма аб’яднаць усё гэта разам? Вопыт Віцебскага кадэцкага вучылішча даказвае: немагчымага няма.

“Гонар маем!”

Дзяржаўная ўстанова адукацыі “Віцебскае кадэцкае вучылішча” была створана ў 2011 годзе па рашэнні Віцебскага аблвыканкама шляхам рэарганізацыі Лужаснянскай школы-інтэрната-гімназіі для здольных і таленавітых дзяцей Віцебскай вобласці. Унікальны інавацыйны вопыт педагагічнага калектыву дазваляе ўдзяляць павышаную ўвагу патрыятычнаму выхаванню і фізічнай культуры пры высокім узроўні падрыхтоўкі навучэнцаў па агульнаадукацыйных дысцыплінах.
— У комплексных спаборніцтвах сярод навучэнцаў кадэцкіх і Мінскага сувораўскага ваеннага вучылішчаў Рэспублікі Беларусь па ваенна-прыкладных відах спорту мы на працягу двух гадоў саступаем толькі сувораўцам, — расказаў дырэктар установы адукацыі Сяргей Лагвіненка. — Нашы кадэты ўваходзяць у склад каманды “Юны дынамавец”: чатыры гады запар у агульным заліку зборная ўтрымлівае 1 месца. Добрыя вынікі ў нас у баскетболе, футболе, валейболе, цяжкай атлетыцы, плаванні. Мы штогод удзельнічаем у грамадзянска-патрыятычнай кадэцкай змене навучэнцаў Саюзнай дзяржавы “За гонар Айчыны” ў Нацыянальным дзіцячым адукацыйна-аздараўленчым цэнтры “Зубраня”. Амаль усе гады ў камандным заліку мы былі першыя, толькі ў 2012 годзе — другія. Сёлета ўпершыню кадэты вучылішча ўдзельнічалі ў ваенна-патрыятычнай змене навучэнцаў сувораўскіх ваенных (нахімаўскага ваенна-марскога) і кадэцкіх вучылішчаў Беларусі і Расіі ў Анапе: па выніках змены ў нас 1 месца. Наша ўстанова актыўна супрацоўнічае са 103-й гвардзейскай асобнай мабільнай ваенна-паветранай брыгадай, на базе якой ажыццяўляецца падрыхтоўка кадэтаў у скачках з парашутам, — усяго кадэтамі выканана 118 скачкоў.

“Ад пазнання да творчасці”

Канферэнцыя даследчых работ навучэнцаў пад такой назвай праводзіцца ў вучылішчы штогод.
— Хоць нашы работы пакуль і не адрозніваюцца акадэмічнай глыбінёй даследавання навуковых праблем, але, рыхтуючыся да канферэнцыі, навучэнцы набываюць навыкі працы з літаратурай, вучацца аналізаваць інфармацыю, правільна афармляць работу, набываюць навыкі публічнага выступлення — усё гэта спатрэбіцца ім у будучыні, — упэўнена намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Таццяна Васільева.
Трэба сказаць, што кадэты ўдзельнічаюць у самых розных конкурсах і праектах: “Шураві”, конкурсах сачыненняў, інтэрнэт-праекце “Вызваленне”. У гэтым навучальным годзе кадэт узвода 11 “А” класа Мікіта Пахоменка (кіраўнік Мікалай Півавар) атрымаў дыплом І ступені на абласной навукова-практычнай канферэнцыі навучэнцаў Віцебскай вобласці з работай па гісторыі “Рэйд на Віцебск у 1942 годзе”. Сам Мікалай Васільевіч вельмі цікавы, захоплены сваёй справай чалавек, апантаны краязнавец і кіраўнік эколага-краязнаўчага клуба “Дзвіна”. Менавіта дзякуючы яму кадэты пабывалі ў многіх гістарычных мясцінах Віцебшчыны. Не цураюцца маладыя людзі і вытанчаных мастацтваў. У вучылішчы працуе гурток “Проба пяра”, якім кіруе Іна Лунёва. На рахунку яе выхаванцаў — серыя зборнікаў творчых работ, апошні па часе выдання быў прысвечаны Дню маці. Навучэнцы робяць спробы выдаваць свае газеты. Вельмі цікавыя выпускі атрымліваюцца ва ўзвода 9 “Б” класа, і гэта невыпадкова: выхавальнік Вячаслаў Салдаценкаў — асоба творчая, ён і ідэю падкажа, і аформіць дапаможа. Работа кадэта 9 “Б” класа Таццяны Шумаровай была адзначана дыпломам ІІ ступені абласнога літаратурнага конкурсу, прысвечанага 70-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Высокі ўзровень падрыхтоўкі дэманструюць кадэты і ў Рэспубліканскай алімпіядзе па вучэбных прадметах. Усяго за тры гады ў вучылішчы было 12 пераможцаў заключнага этапу спаборніцтва, прычым іх колькасць з году ў год прырастае. Так, па выніках другога этапу алімпіяды 2014/2015 навучальнага года ў кадэтаў 30 дыпломаў, а ў мінулым годзе было 19 — прыкметны рост. Кадэты Кацярына Бакан і Ілья Мілашэнка сталі пераможцамі раённага тура алімпіяды па фінансавай граматнасці, арганізаванай Беларусбанкам.
Сярод лепшых з лепшых і выпускніца мінулага года Дар’я Піталенка. Дзяўчына двойчы была пераможцай заключнага этапу Рэспубліканскай алімпіяды па грамадазнаўстве. Яна ўзнагароджана знакам адрознення “За выдатныя поспехі” трох ступеней. Максім Ціўнэль тройчы быў пераможцам заключнага этапу Рэспубліканскай алімпіяды па геаграфіі, ён — лаўрэат прэміі спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў. Чацвёра кадэтаў вучылішча, у тым ліку і Максім, узнагароджаны медалём “За служэнне Радзіме з дзяцінства”, заснаваным Беларускім саюзам сувораўцаў і кадэтаў.
Гаворачы аб дасягненнях, нельга абысці ўвагай і высокія вынікі цэнтралізаванага тэсціравання: 100 балаў па матэматыцы і фізіцы ў Паўла Іванова, па матэматыцы — у Аляксандра Марцінайціса, па біялогіі — у Антона Жанеўскага, па 100 балаў на ЦТ маюць пераможцы трэцяга этапу рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах — іх налічваецца 37 чалавек.

Акадэмічны гарадок для кадэтаў

Віцебскае кадэцкае вучылішча знаходзіцца ў Лужасне — фактычна ў прыгарадзе Віцебска. Месца, дзе размяшчаецца ўстанова адукацыі, выбрана надзвычай удала: гэта адасоблены ўчастак паміж невялікім лясным масівам і маляўнічым берагам Заходняй Дзвіны. Лужасна звязана з Віцебскам маршрутамі гарадскога аўтобуса (дабрацца да вучылішча з абласнога цэнтра на грамадскім транспарце можна за лічаныя хвіліны), непадалёк ёсць аддзяленне сувязі і банкамат. Акрамя таго, установа мае ўласны транспарт, які забяспечвае выезд кадэтаў на спартыўныя спаборніцтвы, экскурсіі, іншыя мерапрыемствы. Тэрыторыя своеасаблівага акадэмічнага гарадка аб’ядноўвае ўсе вучэбныя, спартыўныя, бытавыя і адміністрацыйныя аб’екты. Вучылішча па праву можа ганарыцца сваёй матэрыяльна-тэхнічнай базай. Яна адна з лепшых не толькі ў рэспубліцы, але і ў краінах СНД, што пацвярджаюць шматлікія госці ў складзе дэлегацый з блізкага і далёкага замежжа. Згодна з дзяржаўнай праграмай “Дзеці Беларусі”, на тэрыторыі тады яшчэ гімназіі ў 2009 годзе ўзведзены культурна-аздараўленчы цэнтр, які ўключае ў сябе актавую залу на 275 месцаў, спартыўную залу для гульнявых відаў спорту з трыбунамі на 300 месцаў, 25-метровы плавальны басейн на пяць дарожак з сучаснай сістэмай ачысткі вады, трэнажорныя залы. Зараз спарткомплекс уключае футбольнае поле са штучным пакрыццём, хакейную пляцоўку, гандбольную залу. Дзякуючы ўвазе і падтрымцы абласных і раённых улад, матэрыяльна-тэхнічная база ўстановы пастаянна ўдасканальваецца ў адпаведнасці з патрабаваннямі адукацыйнага працэсу. У вучэбных кабінетах устаноўлена сучаснае абсталяванне, кадэты забяспечаны класамі для самападрыхтоўкі, ёсць бібліятэка з кніжным і мультымедыйным фондамі, доступ да сеткі інтэрнэт. У распараджэнні навучэнцаў — цір, страявая пляцоўка, танцавальная зала і кадэцкае кафэ.
Выдатны падарунак — новы спальны корпус — атрымалі навучэнцы Віцебскага кадэцкага вучылішча ў першы вучэбны дзень 2015 года.
Як паведаміў Сяргей Лагвіненка, у новым кадэцкім інтэрнаце адсвяткавалі наваселле 200 з 261 навучэнца. Да гэтага яны жылі ў больш сціплых умовах, а цяпер размясціліся з камфортам: у кожным з блокаў жылога корпуса — па два ўтульныя і светлыя пакоі на 2 і 3 чалавекі, душавая, туалет. На ўсіх паверхах прадугледжаны бытавыя памяшканні, на першым — сталовая, класы для самападрыхтоўкі, якія можна выкарыстоўваць як шматфункцыянальныя памяшканні, інтэрактыўны лазерны цір, у падвальных памяшканнях — пральны камбінат і склад харчавання. Адкрыццё корпуса было прымеркавана да пачатку вучэбных заняткаў пасля зімовых канікул і супала з завяршэннем акцыі “Нашы дзеці”, таму разам з сімвалічным ключом намеснік старшыні аблвыканкама Уладзімір Цярэнцьеў уручыў дырэктару вучылішча сертыфікат на 100 млн рублёў на закупку аргтэхнікі. Дарэчы, на гэтыя ж мэты ў канцы 2014 года ўжо было выдзелена 50 млн рублёў.
— Узвядзенне новага будынка вялося два гады і абышлося ў 35 млрд рублёў, 20 з іх выдзелена з абласнога бюджэту, — адзначыў Уладзімір Цярэнцьеў. — У мінулым годзе конкурс у вучылішча склаў 2,7 чалавека на месца. Да нас едуць дзеці з іншых абласцей, таму што ў Лужасне створаны самыя лепшыя ўмовы для вучобы, прафесійнай падрыхтоўкі, адпачынку. У перспектыве, пасля рамонту старога спальнага корпуса, набор дзяцей можна будзе павялічыць. Я ўпэўнены, што ўсе выхаванцы вучылішча стануць сапраўднымі патрыётамі нашай Беларусі.
Намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Валянціна Малах асаблівую ўвагу звярнула на аспекты псіхалагічнай адаптацыі і рознабаковага асабістага развіцця навучэнцаў.
— У нашым калектыве ўсе педагогі памятаюць, што вучылішча для кадэтаў — не толькі навучальная ўстанова, але і дом, дзе яны знаходзяцца кругласутачна, а значыць, павінны адчуваць сябе зручна і камфортна, — адзначыла Валянціна Васільеўна. — Безумоўна, шыкоўны студзеньскі падарунак для навучэнцаў — новы спальны корпус — гэтаму яшчэ больш паспрыяе.

Працяг абавязкова будзе

Па словах Сяргея Лагвіненкі, умацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстановы будзе працягвацца. На сёння ўжо ўзгоднены праект на будаўніцтва кантрольна-прапускнога пункта на ўваходзе — да гэтага абавязвае рэжым вучылішча, плануецца адкрыць залу для спартыўных адзінаборстваў — пад яе збіраюцца рэканструяваць аднапавярховы будынак былой пральні.
— Па выніках наведвання гэтай установы адукацыі Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь Аляксандрам Лукашэнкам было дадзена даручэнне палепшыць матэрыяльна-тэхнічную базу. Сёння можна з гонарам сказаць, што мы гэтае даручэнне выканалі, — падкрэсліў начальнік упраўлення адукацыі Віцебскага аблвыканкама Іван Шчурок. — Як і тое, што рашэнне адкрыць вучылішча, прынятае ў 2011 годзе аблвыканкамам і асабіста яго старшынёй Аляксандрам Косінцам, было беспамылковае: установа даказала сваю запатрабаванасць. Толькі за тры гады яе існавання ў статусе кадэцкага вучылішча 63 выхаванцы паступілі ў профільныя УВА. Для нас важная падрыхтоўка спецыялістаў для любой галіны, але, лічу, тое, што ў рэспубліцы ўдзяляецца вялікая ўвага падрыхтоўцы будучых абаронцаў Айчыны, — надзвычай актуальна. Мы мэтанакіравана працуем з дзецьмі, у якіх ёсць схільнасці да ваеннай службы, да паступлення ў профільныя ўстановы вышэйшай адукацыі. На тэрыторыі Віцебскай вобласці знаходзяцца два кадэцкія вучылішчы. Другое з іх, Полацкае, мае багатыя традыцыі і гісторыю, высокі патэнцыял і добрыя перспектывы для далейшага развіцця. На сёння перад упраўленнем адукацыі, абласным і раённым выканаўчымі камітэтамі пастаўлена задача стварыць у Полацку базу, аналагічную той, што існуе ў Лужасне. Думаю, што праз некоторы час мы да гэтага прыйдзем. Беларусь укладвае ў адукацыю вялікія грошы, але і мае вялікую аддачу ад выдаткаваных сродкаў. І гэтая палітыка — правільная, абгрунтаваная, патрэбная і неабходная для нашай будучыні.

Таццяна БОНДАРАВА.
Фота аўтара.

Сакрэты правільнага харчавання

Яшчэ старажытнагрэчаскія мудрацы прыйшлі да высновы, што ежа ўплывае не толькі на самаадчуванне чалавека, але і на яго настрой, разумовую дзейнасць і нават адказвае за духоўнае здароўе. “Мы ёсць тое, што мы ядзім”, — сцвярджаў “бацька медыцыны” Гіпакрат. “Мы жывём не для таго, каб есці, а ядзім для таго, каб жыць”, — развіваў далей гэтую думку яго сучаснік — знакаміты філосаф Сакрат.

Мінулі тысячагоддзі, а тэма здаровага харчавання застаецца актуальнай і, наогул, становіцца ўсё больш вострай. Сёння мы спрабуем з самага маленства навучыць дзяцей правільна харчавацца. На жаль, у большай ступені ў гэтым зацікаўлены педагогі, а бацькі ў сваёй асноўнай масе пакуль займаюць, хутчэй, нейтральную пазіцыю. Тым не менш установы адукацыі спрабуюць далучаць бацькоў да вывучэння гэтай праблемы, абудзіць у іх асабістую зацікаўленасць адносна харчавання дзіцяці.
— Калі дзеці падрастаюць, важна навучыць іх самастойна прытрымлівацца правільнага рэжыму харчавання незалежна ад нагляду дарослых, — упэўнены начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Рагачоўскага райвыканкама П.М.Гузелевіч. — Вось чаму арганізацыя якаснага рацыянальнага харчавання зараз з’яўляецца адным з прыярытэтных напрамкаў нашай дзейнасці.
Рагачоўскі раён у гэтым сэнсе — адзін з лепшых прыкладаў. Пераканацца ў гэтым можна было падчас чарговага абласнога семінара па харчаванні ва ўстановах адукацыі, які праходзіў у Рагачове. Правядзенне падобных семінараў можна называць традыцыяй упраўлення адукацыі Гомельскага аблвыканкама. Мэта мерапрыемства простая: падзяліцца лепшым вопытам, абмеркаваць хвалюючыя пытанні. А педагогі, вядома, заўсёды імкнуцца да лепшых вынікаў, і калі яны бачаць цікавыя задумкі і напрацоўкі, то стараюцца не проста паўтарыць іх, а развіць далей, як кажуць, капнуць глыбей.
У аснову семінара лягло вывучэнне розных форм харчавання выхаванцаў і навучэнцаў ва ўстановах адукацыі, дзе роля арганізатара належыць аддзелам адукацыі, спорту і турызму райвыканкамаў. Трэба адзначыць, што на Гомельшчыне плануюць поўнасцю ўскласці пытанне арганізацыі харчавання дашкалят і школьнікаў на аддзелы адукацыі. Аб гэтым гаварылася яшчэ вясной, на мінулым семінары. Канечне, пытанняў узнікала шмат. Але справа здаецца непамерна цяжкай, пакуль за яе не ўзяўся. Зараз ужо шмат прыкладаў, калі арганізацыя харчавання ажыццяўляецца раённымі аддзеламі адукацыі. Калі гаварыць непасрэдна пра Рагачоўскі раён, то харчаванне дзяцей ва ўстановах адукацыі тут часткова бяруць на сябе акцыянернае таварыства “Альтаір” і Рагачоўскае райспажыўтаварыства.
Па словах П.М.Гузелевіча, у цэлым па раёне доля навучэнцаў, якія атрымліваюць харчаванне, складае больш за 90 працэнтаў. Сёння не апошнюю ролю адыгрываюць школьныя буфеты, дзе кожны можа купіць гарачую гарбату, пячэнне, булачку і іншыя прысмакі. Гэта выйсце ў першую чаргу для тых дзяцей, якія адмаўляюцца ад харчавання ў сталоўцы.
— Канечне, мы зацікаўлены, каб кожны школьнік атрымліваў гарачае харчаванне, таму шукаем розныя падыходы і формы, — гаворыць Пётр Міхайлавіч. — Ва ўстановах агульнай адукацыі, напрыклад, дзейнічае сістэма папярэдніх заявак па меню заўтрашняга дня. Прапануецца некалькі комплексаў абедаў, і дзеці могуць выбіраць тое, што ім больш падабаецца.
Але ж у аснове харчавання дзяцей ляжыць якасць як прадуктаў, так і прыгатаваных страў. І вось тут на першае месца выходзіць забяспечанасць кадрамі і тэхналагічнае абсталяванне харчаблокаў. Дзіця можа адмовіцца есці ў школе ці ў дзіцячым садзе тое, што дома звычайна прымае з задавальненнем. Аргумент будзе просты: “Нясмачна”. Добры кухар — гэта знаходка, тым больш для адукацыйнай установы. Але ж школьнае меню значна прасцей за рэстараннае і ўключае ў сябе даволі простыя стравы. “Можа, кухару не хапае стымулу”, — падумалі ў аддзеле адукацыі, спорту і турызму Рагачоўскага райвыканкама і аб’явілі раённы конкурс сярод кухараў устаноў адукацыі “Майстар сваёй справы”. Дарэчы, фіналісты спаборніцтва дэманстравалі ўдзельнікам семінара свае здольнасці: правялі майстар-клас па прыгатаванні дэсертаў, нарэзцы агародніны і ўпрыгожванні страў. У гэты ж дзень яны атрымалі ўзнагароды і падарункі за перамогу. Начальнік упраўлення адукацыі Гомельскага аблвыканкама С.І.Парошын даручыў арганізаваць падобныя конкурсы ў кожным раёне. Таму не выключана, што ўжо ў надыходзячым годзе задума рагачоўцаў увойдзе ў спіс традыцыйных абласных мерапрыемстваў у сферы адукацыі.
Яшчэ адна цікавая навіна, якой падзяліўся прымаючы бок, — раённы саміт па харчаванні. Стварылі яго ў Рагачове па распараджэнні старшыні райвыканкама. Цяпер гэты грамадскі орган не толькі сочыць за тым, як і чым кормяць дзяцей і падлеткаў, але і займаецца пытаннямі прыцягнення ўвагі грамадскасці да праблем здаровага харчавання насельніцтва. У склад саміту ўваходзяць прадстаўнікі вучнёўскага самакіравання, бацькі, спецыялісты ўстаноў адукацыі і іншых зацікаўленых структур, а таксама грамадскіх арганізацый.
Традыцыйна падчас семінара ўдзельнікам быў прадэманстраваны лепшы вопыт па арганізацыі харчавання ў некаторых установах адукацыі раёна. Пры наведванні Побалаўскай сярэдняй школы, напрыклад, гаворка ішла аб закладванні агародніны і садавіны, якая, дарэчы, была вырашчана на прышкольных участках. Сельскім установам адукацыі ў гэтым сэнсе пашанцавала больш, чым тым, якія размешчаны ў гарадах. Акрамя таго, што вакол школы звычайна дастаткова зямлі, у вёсцы можна па згодзе з мясцовымі ўладамі ўзяць дадатковы зямельны надзел. І такіх прыкладаў у вобласці нямала. Зразумела, каб запоўніць сховішчы для агародніны, і дзецям, і педагогам прыходзіцца папрацаваць. Затое якая карысць! Па-першае, гэта спрыяе змяншэнню кошту на харчаванне дзяцей. Па-другое, дае магчымасць зарабіць грошы: сябе забяспечылі, а лішак прадалі. Менавіта так робяць у Побалаўскай школе. “Праз некалькі гадоў наш школьны яблыневы сад прынясе плады”, — пахвалілася дырэктар установы Г.В.Талкачова. А сад гэты якраз быў закладзены ў дзень семінара і атрымаў цудоўную назву — “Дружба”. Кожны аддзел адукацыі, спорту і турызму вобласці пасадзіў тут сваё дрэўца. Першая ж яблынька была пасаджана начальнікам упраўлення адукацыі С.І.Парошыным. І гэта зноў жа традыцыя. Такіх пладовых дрэў на школьных участках у розных раёнах вобласці пасаджана шмат. А ва ўстановах адукацыі Ельскага раёна і ў Мазырскім дзіцячым доме былі закладзены вінаграднікі.
Удзельнікі семінара таксама наведалі рагачоўскую сярэднюю школу № 5, дзе да навучальнага года быў праведзены сур’ёзны рамонт школьнай сталовай з заменай састарэлага абсталявання на сучаснае. Работнікі дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці пазнаёмілі гасцей з формамі арганізацыі харчавання дашкалят у сваёй установе, а таксама раскрылі сакрэт прыцягнення бацькоў да сумеснай работы ў напрамку здаровага харчавання. На гэтую тэму педагогам быў прапанаваны цікавы спектакль з удзелам выхавальнікаў, дзяцей і бацькоў.
Падзяліцца ўражаннямі, падвесці вынікі і намеціць новыя задачы спецыялісты ўпраўлення адукацыі аблвыканкама на чале з начальнікам С.І.Парошыным, начальнікі аддзелаў, прадстаўнікі абласнога савета па харчаванні сабраліся за круглым сталом. Былі закрануты пытанні абнаўлення тэхналагічнага абсталявання харчаблокаў і іх санітарнага стану, неабходнасці прышкольных участкаў і многія іншыя.

Наталля ЛУТЧАНКА.
Фота аўтара.