Бачыць асобу ў кожным вучню

Сорак тры гады плённай працы. Менавіта столькі аддаў дзейнасці ў сферы адукацыі першы народны настаўнік Беларусі Валерый Васільевіч Барашкоў.

Не сказаць, каб ён марыў аб педагогіцы з дзяцінства. У школе яго прываблівалі дакладныя дысцыпліны. Гэтае захапленне, а яшчэ добры прыклад у асобе настаўніцы матэматыкі Дзіяны Канстанцінаўны Алейнікавай і абумовілі яго прафесійны лёс. Закончыўшы сярэднюю школу № 2 Чавус, Валерый Барашкоў працягнуў адукацыю на фізіка-матэматычным факультэце цяперашняга МДУ імя А.А.Куляшова. Аднак пасля атрымання дыплома настаўнічаць стаў не адразу — захапіўся навукай. Нейкі час быў супрацоўнікам філіяла Інстытута фізікі пры акадэміі навук. А потым жыццёвыя абставіны склаліся так, што Валерый Васільевіч апынуўся ў якасці педагога ў сельскай школе ў родным Чавускім раёне.

— Аб тым, што змяніў навуку на педагогіку, ніколі не шкадую, бо менавіта ў педагагічнай дзейнасці змог рэалізаваць сябе, — кажа Валерый Барашкоў.

Зараз, ужо больш як 25 гадоў працуючы ў 1-м абласным ліцэі, ён не ўяўляе для сябе іншага шляху, акрамя як настаўніцкага. Педагогіка — яго прызванне. І адметна, што, маючы за плячыма вялікі прафесійны вопыт, Валерый Васільевіч усяляк імкнецца да ўдасканальвання свайго майстэрства. На сённяшні дзень ён мае вышэйшую кваліфікацыйную катэгорыю, валодае ўласным педагагічным почыркам, распрацаваў аўтарскую педагагічную тэхналогію навучання.

— Адзін з тых, хто працуе ў ліцэі з першых дзён яго заснавання. Сапраўды неардынарны педагог, прафесіянал высокага ўзроўню. Пастаянна ўкараняе ў вучэбны працэс перадавыя педагагічныя распрацоўкі, імкнецца зрабіць навучанне максімальна эфектыўным, — так адзываецца пра Валерыя Барашкова дырэктар ліцэя Пётр Шылаў.

Сам жа Валерый Васільевіч мяркуе, што калі прымушаць дзяцей вучыцца, гнацца за высокімі паказчыкамі паспяховасці, то нічога значнага не дасягнеш. А вось калі ўмела зацікавіць іх прадметам, матываваць на канкрэтныя дзеянні, то вынік будзе адпаведным. На сваіх занятках В.В.Барашкоў прымяняе розныя адукацыйныя методыкі.

— Кожны клас індывідуальны, кожны вучань — асоба. Таму і падыходы да выкладання прадмета трэба вар’іраваць. Сваю ролю ў засваенні ведаў адыгрывае і спрыяльная атмасфера ўзаемаадносін паміж дзецьмі і настаўнікам, — адзначае суразмоўца.

Даволі часта на ўроках Валерый Барашкоў выкарыстоўвае ўласна распрацаваную тэхналогію адкрытага навучання. Ён стымулюе навучэнцаў на самастойны пошук ведаў, а сам выступае толькі куратарам іх пазнавальнай дзейнасці. Важным фактарам для якаснага навучання педагог лічыць і метапрадметнасць.

На яго думку, паспяховасць у класе таксама шмат у чым залежыць ад прафесіяналізму настаўніка, таму педагогам трэба заўсёды крытычна адносіцца да сябе, нягледзячы на пэўныя дасягненні, імкнуцца да ўдасканальвання сваёй працы. Сам Валерый Васільевіч так і робіць. Будучы заслужаным, а цяпер і народным настаўнікам краіны, ён пастаянна знаходзіцца ў прафесійным развіцці. Актыўна дзеліцца сваім вопытам і з калегамі. Перыядычна праводзіць аўтарскія курсы павышэння кваліфікацыі ў Магілёўскім абласным інстытуце развіцця адукацыі, чытае лекцыі ў Акадэміі паслядыпломнай адукацыі, выступае з дакладамі на канферэнцыях і семінарах. Акрамя таго, Валерый Барашкоў актыўна займаецца распрацоўкай аўтарскіх вучэбных кніг і дапаможнікаў.

Важнае месца Валерый Васільевіч адводзіць рабоце з адоранымі навучэнцамі. Ён стараецца своечасова разгледзець здольнасці кожнага вучня і дапамагчы рэалізацыі іх талентаў. Трэба сказаць, у яго гэта вельмі добра атрымліваецца. Толькі за час працы настаўнікам у 1-м абласным ліцэі Валерый Барашкоў падрыхтаваў 99 пераможцаў трэцяга і 77 пераможцаў заключнага этапу Рэспубліканскай алімпіяды па фізіцы. Яго вучні заваявалі 9 прызавых медалёў і адзін пахвальны водзыў на міжнародных фізічных алімпіядах. Поспехі навучэнцаў, тое, што многія з іх выбіраюць фізіку за аснову сваёй прафесіі, — лепшая ўзнагарода для настаўніка. Дасягненні выпускнікоў матывуюць яго на яшчэ больш плённую працу з цяперашнімі вучнямі. Сёння Валерый Васільевіч ужо на заслужаным адпачынку, але працягвае настаўнічаць. Ліцэісты заўсёды рады сустрэчы з педагогам, бо кожны яго ўрок ператвараецца для іх у адкрыццё, адкрыццё таямніц складанай, але такой цікавай навукі фізікі.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота аўтара.

У апантаных вучняў навучыцца і настаўнік

Да прафесійнага свята педагогаў сёлета настаўнік фізікі і астраноміі гімназіі № 1 Ліды Віктар Баляслававіч Чункевіч за шматгадовую эфектыўную прафесійную дзейнасць па развіцці інтэлектуальных і творчых здольнасцей навучэнцаў быў узнагароджаны нагрудным знакам Міністэрства адукацыі “Выдатнік адукацыі”.

За апошнія тры гады вучнямі Віктара Баляслававіча атрыманы 33 дыпломы на розных этапах Рэспубліканскай алімпіяды па фізіцы і астраноміі, у тым ліку 8 — на заключным этапе рэспубліканскай алімпіяды. Двойчы яго дзеці станавіліся членамі каманды Рэспублікі Беларусь і ўдзельнічалі ў міжнародных алімпіядах па астраноміі і астрафізіцы. Так, у верасні 2010 года Павел Лявоненка ў складзе каманды школьнікаў краіны прымаў удзел у IV Міжнароднай алімпіядзе па астраноміі і астрафізіцы (у Пекіне) і атрымаў пахвальны водгук. У жніўні 2014 года ў VIII Міжнароднай алімпіядзе па гэтых жа прадметах (у Румыніі) удзельнічаў Сяргей Бірыч.

Больш чым за 10 гадоў педагог падрыхтаваў шмат пераможцаў раённых, абласных і рэспубліканскіх алімпіяд, удзельнікаў турніраў юных фізікаў. На працягу многіх гадоў яго навучэнцы паспяхова здаюць цэнтралізаванае тэсціраванне па фізіцы. У 2016 годзе Аляксандр Герман атрымаў сертыфікат з вынікам 100 балаў, сярэдні ж бал вучняў Віктара Баляслававіча склаў 68, што значна вышэй, чым абласны паказчык — 36,2 бала.

На сваіх занятках настаўнік у першую чаргу ўдзяляе асаблівую ўвагу практычнай накіраванасці ведаў. Каб зрабіць урокі больш эфектыўнымі, выкарыстоўвае сучасныя сродкі навучання. Фізіка для многіх яго вучняў становіцца прэстыжным заняткам, сферай рэалізацыі алімпіядных памкненняў, а з цягам часу і прафесіяй. Педагог кіруе алімпіяднай школай, заняткі ў якой дапамагаюць паглыбляць веды па прадмеце і дасягаць поспехаў.

“Я заканчваў школу ў вёсцы Солы Смаргонскага раёна, — расказаў Віктар Баляслававіч. — У старшых класах настаўніца фізікі захапіла мяне алімпіяднымі задачамі, я пачаў цікавіцца электронікай, у кнігах і часопісах знаходзіў электронныя схемы, выпайваў розныя дэталі са старых тэлевізараў. Аднойчы зрабіў радыёпрыёмнік. Пасля школы паступіў у БДУ на фізічны факультэт, які скончыў у 1985 годзе. Па размеркаванні вярнуўся працаваць у свой раён, а праз два гады пераехаў у Ліду, дзе ўладкаваўся ў сярэднюю школу № 7, якая затым стала гімназіяй”.

У педагагічнай рабоце, лічыць настаўнік, ёсць шмат плюсоў. Самы галоўны з іх у тым, што работа са школьнікамі, іх адкрытае, шчырае светаўспрыманне дае адчуванне ўласнай маладосці. Віктар Баляслававіч аддае рабоце шмат часу. Як правіла, ён у гімназіі з васьмі гадзін раніцы і да шасці вечара. Настаўнік вядзе ва ўстанове школу алімпійцаў, узначальвае і раённую школу па падрыхтоўцы да алімпіяд, аказвае дадатковыя платныя паслугі.

“Галоўнае, каб педагог знайшоў зацікаўленых у сваім прадмеце вучняў, — гаворыць Віктар Баляслававіч. — Але важна не проста зацікавіць, больш складана падтрымліваць і развіваць гэтую цікавасць. Ніколі не лічыў, што мой прадмет самы галоўны. Многім дзецям веды па фізіцы патрэбны толькі для падтрымання агульнага развіцця і эрудыцыі, фарміравання правільнага светаўспрымання і разумення правіл тэхнікі бяспекі. Да прыроджаных гуманітарыяў прад’яўляю крыху меншыя патрабаванні, але гэта не значыць, што яны не могуць атрымаць дзясятку па фізіцы.

У першую чаргу імкнуся даваць дзецям базавыя веды па прадмеце, якія дазваляюць ім самастойна працаваць і ўдасканальвацца. Калі вучань “узяў базу”, мая задача — накіроўваць яго далейшы працэс навучання, дапамагаць, кансультаваць. Упэўнены, што значна больш вучняў могуць паказваць выдатныя вынікі. Але чаму не ўсе яны ў высокай ступені рэалізоўваюць свой патэнцыял? На мой погляд, многім не хапае пэўнага фанатызму. У вучобе, як і ў спорце, трэніроўкі павінны быць амаль штодзённымі. Найбольш апантаныя навучэнцы вымушаюць і настаўніка заўсёды трымаць сябе ў форме. Я і сам часам вучуся ў дзяцей, якія выйшлі на высокі алімпіядны ўзровень. Калі Сяргей Бірыч збіраўся на Міжнародную алімпіяду па астраноміі, то мы з ім, можна сказаць, рыхтаваліся разам. Тлумачылі адно аднаму, што камусьці з нас было незразумела”.

Зараз настаўнік займаецца з Антонам Міхайлавым — сёлетнім пераможцам Рэспубліканскай алімпіяды па астраноміі, які мае шанс паехаць на міжнародную алімпіяду. Юнак захапляецца астраноміяй з дзяцінства і хоча ў будучыні працаваць у гэтай сферы. Раней паспяхова ўдзельнічаў у алімпіядах па матэматыцы і фізіцы.
Пераможцы рэспубліканскіх алімпіяд — гэта сапраўды ўнікальныя людзі. Іх дасягненні асобным радком пазначаны ў адукацыйнай сферы. Але не менш важнымі, лічыць Віктар Баляслававіч, з’яўляюцца жыццёвыя і прафесійныя поспехі вучняў, якія, стаўшы дарослымі, з удзячнасцю ўспамінаюць пра сваіх любімых настаўнікаў.

Надзея ЦЕРАХАВА.

Быць з вучнем максімальна блізка

Выкладанне любога школьнага прадмета можна зрабіць цікавым, а вучняў неабходна трымаць як мага бліжэй да сябе — так лічыць настаўнік фізікі гомельскай сярэдняй школы № 27 Валерый Ігаравіч Клюка. Менавіта па гэтых правілах будуе сваю дзейнасць малады педагог.

Валерый Ігаравіч адносіцца да тых настаўнікаў, якія могуць рэалізаваць сябе ў любой установе адукацыі. Пасля заканчэння фізічнага факультэта Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Францыска Скарыны малады спецыяліст быў накіраваны на першае месца працы ў адну са школ гарадскога пасёлка Карма настаўнікам фізікі і інфарматыкі. Там бы і застаўся, калі б сямейныя прычыны не прымусілі вярнуцца ў Гомель. Пяць гадоў В.І.Клюка паспяхова выкладае фізіку ў адной з лепшых школ абласнога цэнтра.

— Калі я сюды прыйшоў, у мяне ўжо сфарміравалася пэўнае кола інтарэсаў, — дзеліцца Валерый Клюка. — Мне хацелася рэалізаваць сябе ў розных напрамках, пачынаючы з праграмавання, аб чым я заўсёды марыў, і заканчваючы такім нестандартным на той час відам дзейнасці, як робататэхніка. Прычым я разглядаў гэта не як асобныя заняткі па інтарэсах ці факультатывы. Было жаданне ўплесці сучасныя кірункі ў свой прадмет, звязаць усё разам. Мне бачылася гэта праз папулярызацыю навукі, бо хацелася нечым пастаянна дзяліцца з дзецьмі, з калегамі ды і самому даведвацца аб чымсьці новым.

Валерый Ігаравіч пачаў з пошуку аднадумцаў. І першым быў аднакурснік настаўнік фізікі адной з гомельскіх школ Сяргей Валянцінавіч Шэйбут. Потым далучыліся іншыя педагогі. Так калегі пачалі рэалізоўваць адразу некалькі праектаў. Галоўны з іх — праект “Навука — дзецям”. Творчыя настаўнікі стварылі канал на YouTube, дзе пачалі размяшчаць свае навуковыя відэаролікі, адкрылі свой сайт, які папаўнялі самастойна напісанымі пазнавальнымі артыкуламі, апісаннем правядзення доследаў і іншай цікавай інфармацыяй. Мэта простая — матываваць навучэнцаў заняцца навукай. Праз год гэтая работа дала вынік: да гомельскіх педагогаў-энтузіястаў пачалі звяртацца людзі з іншых навуковых суполак, прасілі дазволу выкарыстоўваць іх матэрыялы, дзяліліся вопытам. Было наладжана плённае супрацоўніцтва.

Сёння аднакурснікі-аднадумцы Валерый Клюка і Сяргей Шэйбут выпусцілі ў свет кнігу пад назвай “Энцыклапедыя механізмаў, ці Як устроена ўсё навокал”, якая выйшла ў расійскім выдавецтве “Фенікс” тыражом у пяць тысяч экзэмпляраў. На 80-ці старонках пазнавальнай энцыклапедыі змешчаны цікавыя артыкулы, дапоўненыя ілюстрацыямі, большую частку з якіх, дарэчы, намалявалі самі аўтары.

— Развіваючы наш праект, мы выношвалі ідэю выпусціць невялічкія брашуркі на старонак пятнаццаць-дваццаць, якія проста маглі б раздаваць зацікаўленым, — расказвае гісторыю з’яўлення кнігі Валерый Клюка. — Пра кнігу думкі былі таксама, але мы не ведалі, як гэта робіцца, з чаго пачынаць, да каго звяртацца… І вось аднойчы з намі звязалася расійскае выдавецтва і прапанавала напісаць кнігу, у аснову якой будуць пакладзены нашы распрацоўкі.

Пра гэта можна было толькі марыць, і маладыя настаўнікі сур’ёзна ўзяліся за справу. Два з паловай месяцы штодзённай працы над матэрыяламі кнігі — і, нарэшце, яна ўбачыла свет. Валерый Ігаравіч прызнаецца, што адчувае вялікую радасць ад таго, што работа над праектам “Навука — дзецям” вылілася ў кнігу. Але больш важным для аўтара з’яўляецца тое, што яна можа стаць памочнікам для калег у справе папулярызацыі сярод дзяцей фізікі і навукі ўвогуле. Фізіка — цікавы прадмет, аднак наўрад ці кожны вучань захопіцца ім, калі настаўнік не паспрыяе гэтаму.

— Я лічу, што калі дзіця ў сёмым-восьмым класе не матывавана на фізіку, то да яго цяжка дастукацца, — расказвае Валерый Клюка. — Імкнуся рознымі спосабамі зацікавіць сваіх вучняў, бо простае выстаўленне ў журнал дрэнных адзнак ніяк не паўплывае на матывацыю. Абапіраюся ў многім на наш праект “Навука — дзецям”. Я прыходжу на ўрок, і ў мяне ёсць добры матэрыял, сабраны за тры гады, — тыя ж відэаролікі, артыкулы, каштоўныя спасылкі.

Галоўны козыр маладога настаўніка ў справе матывацыі — пазаўрочная дзейнасць з навучэнцамі. Атрымаўшы спасылкі на сайт і на канал з відэаролікамі, дзеці, для якіх сёння камп’ютар — неад’емны атрыбут вольнага часу, абавязкова, няхай і без пэўнай мэты, захочуць прагледзець матэрыял. Раз, другі, трэці, і, як вынік, у многіх з’яўляецца жаданне паспрабаваць сябе ў нейкіх праектах ці доследах. Прычым кожны вучань можа напісаць настаўніку фізікі ў сацыяльных сетках у любы час, задаць пытанні, параіцца ці нешта высветліць, абмеркаваць.

— Я заўсёды на сувязі, і калі дзеці нешта выконваюць, рашаюць задачы, тэсты, яны ў любы час могуць мне напісаць, — гаворыць настаўнік фізікі. — Я сваіх вучняў імкнуся трымаць максімальна блізка да сябе. Гэта і ёсць мая методыка. Канечне, яна патрабуе шмат сіл і часу і, магчыма, не на сто працэнтаў дзейнічае, тым не менш я бачу вынікі ў зацікаўленасці навучэнцаў.

У многіх юнакоў і дзяўчат гэтая зацікаўленасць выліваецца ў праектную дзейнасць. Самыя яркія работы прадстаўляюцца ў розных конкурсах і займаюць пераможныя месцы.

На дасягнутым малады настаўнік і яго калегі спыняцца не збіраюцца. Зараз, напрыклад, яны пачалі развіваць партал дыстанцыйнага навучання фізіцы і хіміі, паступова будуць уключаны і іншыя прадметы, што дасць вучням магчымасць атрымліваць дадатковыя веды па пэўных прадметах. А наперадзе яшчэ шмат задум, якія, безумоўна, будуць рэалізаваны.

Наталля ЛУТЧАНКА.
Фота аўтара.

Жыццё на выдатна

Ёсць настаўнікі, якія не столькі знаёмяць навучэнцаў са сваім прадметам, колькі падштурхоўваюць іх да самастойных адкрыццяў, выпрацоўваюць у вучняў уменне разважаць і творча мысліць. Менавіта да такой катэгорыі педагогаў адносіцца намеснік дырэктара па вучэбна-метадычнай рабоце настаўнік фізікі Магілёўскага дзяржаўнага абласнога ліцэя № 3 Ігар Генадзьевіч Лашкевіч.

Не сказаць, што Ігар Генадзьевіч марыў аб педагогіцы. А вось фізікай ён захапляўся сур’ёзна, паспяхова ўдзельнічаў у алімпіядным руху. Любоў да складанай навукі яму прывіў школьны настаўнік Леанід Рыгоравіч Гімпельсон.

— У некаторай ступені Леанід Рыгоравіч дапамог мне вызначыцца з прафесіяй. На выбар фізмата цяперашняга МДУ імя А.А.Куляшова як месца для працягу навучання паўплываў і прыклад старэйшага брата, які таксама ў свой час пайшоў па настаўніцкім шляху, — расказвае Ігар Генадзьевіч.

Яго студэнцкія гады праляцелі непрыметна, бо былі насычаны падзеямі. Жыццё на фізіка-матэматычным факультэце кіпела. Тагачасны дэкан Ягор Ягоравіч Сянько ўмеў кансалідаваць студэнтаў і выкладчыкаў падчас сумесных мерапрыемстваў. Ігар Лашкевіч пастаянна ўдзельнічаў у іх, але паспяваў выступаць і на студэнцкіх алімпіядах, не забываў пра вучобу. Скончыўшы школу з залатым медалём, у ВНУ імкнуўся да такога ж выніку. Дыплом з адзнакай дазволіў маладому настаўніку выбіраць будучае месца працы.

— У той час толькі з’яўляліся ўстановы новага тыпу. Мне было цікава паспрабаваць свае сілы ў сучаснай навучальнай установе, таму і прыйшоў працаваць у трэці абласны ліцэй, — расказвае Ігар Генадзьевіч.

Пра тое рашэнне ён ні разу не пашкадаваў. З трэцім ліцэем звязана большая частка яго выкладчыцкай дзейнасці, тут ён адбыўся як педагог, змог рэалізаваць свой настаўніцкі патэнцыял.

— Майму прафесійнаму станаўленню вельмі дапамог педагагічны калектыў ліцэя. А нашага дырэктара Канстанціна Міхайлавіча Грыгаровіча і намесніка дырэктара па вучэбнай рабоце Тамару Мікалаеўну Вінаградаву я лічу сваімі настаўнікамі не толькі ў педагогіцы, але і па жыцці, — падкрэслівае Ігар Лашкевіч.

Акрамя падтрымкі з боку калег, прафесійнаму росту маладога настаўніка спрыяла і яго асабістае імкненне да дасканаласці. Прынцып рабіць усё на выдатна ён захаваў і ў працоўнай дзейнасці. Дарэчы, такім падыходам да справы Ігар Генадзьевіч кіруецца і зараз, хоць з’яўляецца вельмі вопытным настаўнікам і мае за плячыма звыш дваццаці гадоў педагагічнага стажу.

— Калі бярэшся за справу, рабіць яе трэба якасна і добрасумленна. Толькі так атрымаецца дасягнуць выніку, — упэўнены суразмоўца.

І ў яго гэта атрымліваецца — усё рабіць добра. Ігар Лашкевіч штодня займаецца шматлікімі адміністрацыйнымі справамі ліцэя. Ён курыруе эксперыментальную і інавацыйную дзейнасць установы, метадычную работу з настаўнікамі, сістэму даліцэйскай падрыхтоўкі і многія іншыя кірункі. Яго працоўны дзень распісаны па хвілінах. А ўсё таму, што як сапраўдны настаўнік ён не змог адмовіцца ад выкладання.

Свае ўрокі Ігар Лашкевіч будуе так, каб на іх было цікава кожнаму вучню. А яшчэ ён перакананы, што любыя атрыманыя чалавекам веды не павінны заставацца мёртвым грузам у яго галаве. Іх неабходна выкарыстоўваць у канкрэтных жыццёвых сітуацыях, таму галоўнае на занятках гэтага педагога — кампетэнтнасны падыход. Ігар Генадзьевіч не проста дае вучням веды. Ён вучыць іх займацца навучаннем самастойна і ўмець прымяняць атрыманыя веды і навыкі ў рэальнасці. Такі метад дазваляе дзецям зразумець, што фізіка акружае іх усюды ў штодзённым жыцці.

Разумець фізіку навучэнцы Ігара Лашкевіча вучацца таксама пры дапамозе методыкі канструявання задач. Разам з педагогам вучні самі прыдумляюць заданні, шукаюць на іх адказы і рашэнні. Падобныя падыходы робяць складаны прадмет больш лёгкім для ўспрымання.

Паспявае Ігар Генадзьевіч і раскрываць вучнёўскія таленты. Больш за тое, стварэнне спрыяльных умоў для рэалізацыі здольнасцей адораных навучэнцаў для яго з’яўляецца адным з найважнейшых кірункаў работы.
— У 2001 годзе я быў кіраўніком абласной каманды на заключным этапе Рэспубліканскай алімпіяды па фізіцы ў Баранавічах. Тады два мае вучні Павел Бяляўскі і Сяргей Коваль упершыню сталі пераможцамі алімпіяды. Менавіта тады я зразумеў, што лепшай узнагароды для настаўніка, чым дасягненні вучняў, быць не можа, — адзначае Ігар Лашкевіч.

Сёння педагог выпрацаваў выразную сістэму работы са здольнымі навучэнцамі. Акрамя амаль штодзённых уласных заняткаў з такімі навучэнцамі, Ігар Генадзьевіч арганізаваў супрацоўніцтва з выкладчыкамі УВА Магілёва. А яшчэ ён перыядычна выязджае з вучнямі на заняткі ў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт. Узаемадзеянне з калегамі па падрыхтоўцы вучняў да ўдзелу ў алімпіядным руху прыносіць адпаведны вынік. Толькі на працягу двух апошніх гадоў навучэнцы Ігара Генадзьевіча заваявалі дзевяць дыпломаў на трэцім і чатыры дыпломы на заключным этапе Рэспубліканскай алімпіяды па фізіцы. Асабліва выдатна праяўляе сябе Валянцін Дарафееў. У трынаццацігадовым узросце ён ужо з’яўляецца неаднаразовым прызёрам розных этапаў, у тым ліку рэспубліканскага, алімпіяды па фізіцы.

Але нават калі ў вучняў нешта не атрымліваецца, педагог вучыць іх не апускаць рукі, бо невырашальных задач не існуе. Поспех спрыяе ўпартым, а работа над уласнымі памылкамі дае неацэнны вопыт. Пацвярджэнне гэтага — гісторыя аднаго з вучняў Ігара Лашкевіча — Ягора Маковіча. У дзясятым класе таленавіты хлопчык не змог дасягнуть высокага выніку на заключным этапе рэспубліканскай алімпіяды, а, дзякуючы падтрымцы педагога і ўласным намаганням, праз год не толькі стаў пераможцам на алімпіядзе ў сваёй краіне, але і атрымаў пахвальны водзыў на Міжнароднай алімпіядзе па фізіцы.

Поспехі вучняў для Ігара Генадзьевіча справа прыярытэтная. Радуе яго і тое, што ўласная плённая праца не застаецца незаўважанай. Неаднаразова Ігар Лашкевіч быў адзначаны дыпломамі і граматамі мясцовых выканаўчых улад, Міністэрства адукацыі. Высокая ацэнка педагагічнай дзейнасці дае яму сілы для таго, каб працягваць рух наперад у прафесійным удасканаленні.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота аўтара.

Заўсёды ў руху наперад

Стаўшы некалі на педагагічны шлях, намеснік дырэктара па вучэбна-метадычнай рабоце і па сумяшчальніцтве настаўнік фізікі Магілёўскага абласнога ліцэя № 1 Уладзімір Грабцэвіч не зварочвае з яго на працягу вось ужо дваццаці пяці гадоў.

З прафесіяй ён вызначыўся яшчэ падлеткам. З 9-га класа вучыўся ў эксперыментальнымм педагагічным класе, які дзейнічаў на базе Княжыцкай сярэдняй школы Магілёўскага раёна і быў тады адзіным у вобласці.

— З намі займаліся не толькі школьныя настаўнікі. Перыядычна на ўрокі прыходзілі выкладчыкі з цяперашняга МДУ імя А.А.Куляшова. Не сказаць, што мы, вучні, былі захоплены настаўніцкай працай. Між тым пасля выпуску ўсе працягнулі адукацыю па педагагічным профілі, — успамінае Уладзімір Іванавіч.

Праз гады настаўнічаюць з іх нямногія. Сярод тых, хто застаўся верным прафесіі, — Уладзімір Грабцэвіч.

— У мяне таксама былі больш прывабныя ў матэрыяльным плане перспектывы. Але я думаю, што, калі выбраў для сябе нешта, трэба працягваць пачатае. Мэтанакіравана рухацца наперад у адным напрамку, — лічыць Уладзімір Іванавіч.

Прафесійнае станаўленне гэтага неардынарнага настаўніка адбылося ў сярэдняй школе № 10 Бабруйска. З горадам на Бярэзіне звязана шаснаццаць гадоў яго педагагічнай дзейнасці. Пасля Уладзіміра Іванавіча запрасілі ў Магілёўскі абласны ліцэй.

Прынцып пастаяннага ўдасканальвання — аснова педагагічнай дзейнасці Уладзіміра Грабцэвіча. Увесь час удасканальваючыся сам як педагог, ён патрабуе гэтага і ад сваіх вучняў. Ён вучыць іх ісці наперад, спасцігаючы новае і сістэматызуючы тыя веды, якія яны атрымалі раней.

Уладзімір Грабцэвіч старанна падыходзіць да планавання кожнага ўрока. Для павышэння эфектыўнасці заняткаў, каб дзеці лепш засвойвалі і запаміналі матэрыял аб няпростых фізічных з’явах, падчас тлумачэння тэмы ён прыводзіць даступныя прыклады, параўнанні са штодзённага жыцця.

— Фізіка даволі складаная навука, — кажа Уладзімір Іванавіч. — Мова формул зразумелая далёка не ўсім, таму стараюся наблізіць навуку да рэальнага жыцця. Тады фізіка становіцца прадметам нескладаным для ўспрымання. Мы заўсёды выкарыстоўваем на ўроках нешта блізкае, зразумелае, а кабінет фізікі ператвараецца ў творчую лабараторыю, — дадае педагог.

Варта адзначыць, што Уладзімір Грабцэвіч распрацаваў для сваіх вучняў спецыяльныя заданні, якія выразна дыферэнцыраваны і маюць некалькі ўзроўняў складанасці. Асаблівасць заданняў у тым, што праз іх дзеці самавызначаюцца, у класе ўтвараюцца групы рознага зместу і розных спосабаў засваення вучэбнага матэрыялу. Акрамя асаблівых заданняў, настаўнік арганізаваў і дыстанцыйнае навучанне. Ён самастойна стварыў інтэрнэт-сайты — afportal.ru і fizportal.ru. У свой час гэтыя праекты былі адзначаны прызавымі дыпломамі на Рэспубліканскім конкурсе “Камп’ютар. Адукацыя. Інтэрнэт”. Педагагічныя распрацоўкі Уладзіміра Іванавіча паспрыялі істотнаму павышэнню цікавасці ліцэістаў да вывучэння фізікі. Прычым узнікла гэтая цікавасць нават у тых дзяцей, для якіх фізіка не з’яўляецца профільным прадметам.

Такія ж метады Уладзімір Іванавіч выкарыстоўвае і пры рабоце з адоранымі навучэнцамі. З кожным вучнем ён працуе па індывідуальнай праграме, кожнаму дае свабоду дзеянняў, ажыццяўляючы толькі ненадакучлівы кансультатыўны кантроль за іх падрыхтоўкай.

Наогул, на яго думку, трэба не чакаць таленавітых вучняў, а ствараць умовы для раскрыцця здольнасцей усіх дзяцей.

— Патэнцыял ёсць у многіх навучэнцаў, настаўніку трэба толькі яго разгледзець і здолець развіць. Але зрабіць гэта можа толькі педагог з высокім прафесійным узроўнем. Для гэтага і патрэбна пастаяннае ўдасканальванне майстэрства і адукацыйных методык, бо тыя метады работы, якія давалі выдатны вынік пяць гадоў назад, сёння ўжо могуць быць не зусім актуальнымі. Каб вучням было цікава на ўроках і цікава з настаўнікам, трэба сачыць за зменамі навокал і ўкараняць усё эфектыўнае ў сваю дзейнасць, — падкрэслівае Уладзімір Грабцэвіч.

Такім падыходам да работы ён не толькі кіруецца сам як настаўнік, але і як намеснік дырэктара падштурховае да самаразвіцця калег — увесь педагагічны калектыў ліцэя. Нядзіўна, што кіраўнік установы Пётр Шылаў характарызуе свайго намесніка цалкам станоўча.

— Сапраўдны майстар сваёй справы, які мае свой прафесійны почырк. Для яго выкладчыцкай дзейнасці характэрна творчае стаўленне да прадмета, высокі прафесіяналізм, пошук новых падыходаў да працэсу навучання, улік індывідуальнасці кожнага ліцэіста, імкненне да максімальна глыбокага раскрыцця магчымасцей навучэнцаў, — адзначыў Пётр Уладзіміравіч.

У такім водзыве дырэктара няма ніякага перабольшання. Вучні, якія прайшлі “школу Грабцэвіча”, паказваюць выдатныя веды на выпускных экзаменах, цэнтралізаваным тэсціраванні. Так, сёлета фізіку на ЦТ здавалі сорак шэсць ліцэістаў. Іх сярэдні вынік склаў 63,71 бала, што з’яўляецца вельмі добрым паказчыкам працы Уладзіміра Грабцэвіча і яго калегі — настаўніка фізікі Аляксандра Саковіча.

Выдатна праяўляюць сябе навучэнцы Уладзіміра Іванавіча і ў алімпіядным руху. Тое, што амаль палова яго класа прымае ўд зел у раённай алімпіядзе, у ліцэі норма. Ды і да таго, што кожны год хтосьці з навучэнцаў абавязкова становіцца прызёрам заключнага этапу Рэспубліканскай алімпіяды па фізіцы, ва ўстанове таксама прывыклі.

Актыўная прафесійная дзейнасць Уладзіміра Грабцэвіча не засталася незаўважанай. Ён — неаднаразовы лаўрэат прэміі спецыяльнага фонду прэзідэнта па сацыяльнай падтрымцы адоранай моладзі і спецыяльнай прэміі Магілёўскага аблвыканкама ў сферы адукацыі. Неаднойчы Уладзімір Іванавіч узнагароджваўся і ганаровымі граматамі, у тым ліку ад Міністэрства адукацыі. Сёння настаўнік лічыць сябе шчаслівым чалавекам, бо ад сваёй прафесійнай дзейнасці атрымлівае сапраўднае задавальненне.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота аўтара.

Падручнік павінен адлюстроўваць асаблівасці мадэлі школы

З Ларысай Арцёмаўнай Ісачанкавай, вядучым навуковым супрацоўнікам лабараторыі матэматычнай і прыродазнаўчай адукацыі Нацыянальнага інстытута адукацыі, кандыдатам фізіка-матэматычных навук, дацэнтам, мы знаёмы даволі даўно. Памятаю, як падчас першай нашай сустрэчы яна расказвала пра свой новы падручнік па фізіцы. Гэта было ў 2009 годзе.

Тады Ларыса Арцёмаўна мяне вельмі ўразіла сваім прафесіяналізмам і жаданнем зрабіць школьную фізіку прывабнай для вучняў. І ёй гэта ўдалося. Разам са сваімі аднадумцамі і паплечнікамі яна здолела зрабіць такі падручнік, па якім можна вучыцца самастойна. Пераканацца ў гэтым давялося на ўласным вопыце. Дачка ў 6 і 7 класах да ўрокаў фізікі рыхтавалася толькі па падручніку і самастойна. Я рада, што і далей фізіку яна будзе вывучаць па Ісачанкавай.

Сёння нагодай для сустрэчы стала перамога рукапісу Ларысы Арцёмаўны з яе суаўтарамі ў рэспубліканскім конкурсе па стварэнні вучэбных дапаможнікаў. Зразумела, нельга было не выкарыстаць нагоду, каб даведацца пра асаблівасці аўтарскай лабараторыі прызнанага майстра.

— Ларыса Арцёмаўна, хачу пачаць з віншаванняў. Вы сталі пераможцай конкурсу на лепшы падручнік па фізіцы. Я і шматлікія настаўнікі вельмі рады гэтаму.

— Дзякуй вялікі, але гэта не толькі мая перамога, а ўсяго нашага аўтарскага калектыву. Першы выпуск нашага вучэбнага дапаможніка для 7 класа быў у 1998 годзе. Статус падручніка ён атрымаў у 2009 годзе. Наступны выпуск падручніка “Фізіка-7” адбыўся ў 2013 годзе (пасля перамогі ў конкурсе школьных падручнікаў у 2012 годзе).

У 2016 годзе ў сувязі з абнаўленнем зместу адукацыйных праграм зноў быў аб’яўлены конкурс, праўда, у адрозненне ад 2012 года, прадстаўлялася не поўная версія падручніка, а толькі асобны раздзел. Напэўна, гэта правільна, бо так можна прыцягнуць да ўдзелу большую колькасць аўтараў (аўтарскіх калектываў). У гэтым годзе ў конкурсе падручнікаў фізікі ўдзельнічалі 4 аўтарскія калектывы.

— Вы не проста вопытны аўтар, вы прызнаны аўтарытэт. Вашы вучэбна-метадычныя комплексы па фізіцы з’яўляюцца аднымі з лепшых.

— Нашым аўтарскім калектывам створаны сучасны вучэбна-метадычны комплекс (ВМК), у які ўваходзяць: падручнік, кніга для настаўніка (паўрочныя метадычныя рэкамендацыі), зборнік задач, сшытак для лабараторных і эксперыментальных даследаванняў, рабочы сшытак, тэсты.

У рамках навуковай тэмы ў Нацыянальным інстытуце адукацыі распрацаваны і выдадзены кантрольна-вымяральныя матэрыялы, дыдактычныя сцэнарыі ўрокаў, вучэбныя праграмы факультатыўных заняткаў, дыдактычныя матэрыялы для вучняў і метадычныя рэкамендацыі для настаўнікаў.

На III з’езд настаўнікаў і работнікаў адукацыі дзяржаў — удзельніц СНД (2014 год) мы прадстаўлялі на агляд яго ўдзельнікаў — спецыялістаў адукацыі розных краін — вучэбна-метадычны комплекс па фізіцы для 7 класа. ВМК атрымаў высокую ацэнку.


На сённяшні дзень нашым аўтарскім калектывам распрацаваны, выдадзены і выкарыстоўваюцца ў адукацыйным працэсе ў VII—IX класах 3 падручнікі па фізіцы, тры кнігі для настаўніка, 3 зборнікі задач па фізіцы. Гэта абавязковыя складнікі вучэбна-метадычнага комплексу.

Акрамя таго, ёсць сшыткі для лабараторных работ і эксперыментальных даследаванняў, рабочыя сшыткі, тэсты для бягучага кантролю вынікаў вучэбнай дзейнасці вучняў, кантрольна-вымяральныя матэрыялы, дыдактычныя сцэнарыі ўрокаў і іншыя вучэбныя выданні. За якасць выдадзенай прадукцыі мне не сорамна. Больш за тое, “Фізіка-7”, “Фізіка-8”, “Фізіка-9” маюць грыф падручніка.

— Хацелася б, каб вы спыніліся на працэсе стварэння падручніка і раскрылі вашы канцэптуальныя падыходы. Гэта магчыма?

— Канечне. Часта можна пачуць не вельмі добрую ацэнку нацыянальных падручнікаў і жаданне вярнуцца да тых падручнікаў, якія былі ў СССР. Але ні Расія, ні Беларусь, ні любая іншая краіна былога СССР не можа выкарыстоўваць старыя падручнікі, бо змянілася мадэль школы, а падручнік павінен адлюстроўваць асаблівасці гэтай мадэлі.

Змяніліся патрабаванні соцыуму да ўзроўню падрыхтоўкі выпускніка, да яго дзейнасных якасцей. Сучасныя адукацыйныя стандарты і адукацыйныя праграмы агульнай сярэдняй адукацыі прапаноўваюць новую форму вымярэння вынікаў вучэбнай дзейнасці навучэнцаў — кампетэнцыі.

Кампетэнтнасны падыход у адукацыйным працэсе прадугледжвае авалоданне вучнямі спосабамі самастойнага атрымання і засваення ведаў. Сучасны падручнік у сувязі з гэтым павінен мець дзейнасную, практыка-арыентаваную накіраванасць, мець даступную для ўсіх вучняў мову выкладання, утрымліваць дастатковы тэарэтычны і практычны матэрыял.

Наш аўтарскі калектыў прытрымліваецца такой структуры падручніка:

— панарамная старонка раздзела з інтрыгуючымі пытаннямі, адказаць на якія навучэнец зможа пасля вывучэння раздзела;

— кожны параграф пачынаецца з матывацыйна-стымулюючых уводзін;

— у канцы параграфа — галоўныя высновы па тэме параграфа, кантрольныя пытанні, адказы на якія і ёсць дыягностыка ступені разумення вывучанага матэрыялу.

Мэтай рубрыкі “Для дапытлівых” з’яўляецца развіццё цікавасці да фізікі, забеспячэнне допрофільнай падрыхтоўкі, каб у канцы 9 класа навучэнец быў гатовы да свядомага выбару свайго далейшага шляху.

У падручніку прадугледжаны практыкаванні, якія змяшчаюць набор задач практычнай накіраванасці і прыклады рашэння задач па тэме. Усё гэта дае вучням магчымасць самастойна авалодваць тэарэтычнымі і практычнымі ведамі па пэўнай тэме.

— Ларыса Арцёмаўна, заўсёды цікава пазнаёміцца з “кухняй” стварэння падручніка. Напрыклад, у вас гатовы рукапіс. Што з ім неабходна зрабіць, каму паказаць, з кім узгадніць, каб ён трапіў у выдавецтва і атрымаў шанс выйсці ў адукацыйны эфір?

— Першапачаткова рукапіс трапляе ў секцыю фізікі і астраноміі навукова-метадычнага савета пры Міністэрстве адукацыі Рэспублікі Беларусь, дзе з ім грунтоўна знаёмяцца высокакваліфікаваныя спецыялісты (вучоныя Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, педагогі ўстаноў вышэйшай адукацыі, лепшыя настаўнікі школ, ліцэяў, гімназій).

Хачу сказаць, што секцыя фізікі вельмі строгі, але справядлівы суддзя. Прызначаюцца рэцэнзенты. Пасля рэцэнзавання і дапрацоўкі, згодна з заўвагамі членаў секцыі і рэцэнзентаў, рукапіс разглядаецца на прэзідыуме і бюро навукова-метадычнага савета. Пры станоўчых рашэннях усіх інстанцый рукапіс выдаецца з грыфам “вучэбны дапаможнік”.


Далей з выдадзеным дапаможнікам на жнівеньскіх нарадах знаёмяцца настаўнікі фізікі. Аўтары атрымліваюць у свой адрас пытанні і рэкамендацыі настаўнікаў па паляпшэнні якасці вучэбнага дапаможніка.

Падручнікам гэты дапаможнік становіцца толькі пасля вельмі сур’ёзнай доследнай праверкі яго якасці. У доследнай праверцы задзейнічана вялікая колькасць устаноў адукацыі, настаўнікаў-практыкаў, бацькоў, вучняў. Пасля абмеркавання вынікаў праверкі і дапрацоўкі вучэбны дапаможнік пры наступным выданні можа атрымаць грыф падручніка. Падручнікі па фізіцы для 7, 8, 9 класаў маюць такі грыф.

Я, напэўна, расчаравала тых крытыкаў, якія лічаць, што падручнікі “пякуцца” ў лабараторыях універсітэтаў. Скажу больш: як толькі я пагадзілася па просьбе Міністэрства адукацыі стварыць нацыянальны падручнік па фізіцы, запрасіла ў суаўтары добрага настаўніка-практыка Ю.Д. Ляшчынскага. Акрамя таго, я пайшла ў сярэднюю школу выкладаць фізіку ў 7 класе, каб праверыць наш праект падручніка на канкрэтных вучнях у канкрэтным класе.

Аднак, безумоўна, над падручнікам трэба працаваць увесь час. Заўсёды ёсць тое, што можна палепшыць, змяніць, прыбраць, дапоўніць. Хачу выказаць словы падзякі Міністэрству адукацыі, кафедры агульнай фізікі БДУ, на якой я працавала, за скарачэнне майго аб’ёму гадавой вучэбнай нагрузкі на 50% . Гэта стварыла вельмі спрыяльныя ўмовы для падрыхтоўкі рукапісу. Цяпер па меры магчымасці такія ўмовы ствараюцца ў Нацыянальным інстытуце адукацыі.

— Сёння, калі мы гаворым пра стварэнне падручнікаў, то найперш адштурхоўваемся ад базавых, профільных класаў і адноснай завершанасці навучання на ІІ ступені агульнай сярэдняй адукацыі. Думаю, што і вы пры стварэнні сваіх падручнікаў кіраваліся новымі арыенцірамі?

— Змест падручніка рэалізоўвае змест вучэбнага прадмета, што вызначаецца вучэбнай праграмай. Якасць вучэбнай праграмы вельмі важная, яе выкананне з дапамогай усіх складнікаў ВМК з’яўляецца гарантам падрыхтоўкі выпускніка, які адказвае запытам дзяржавы і грамадства. Пераход на профільнае навучанне на III ступені агульнай сярэдняй адукацыі ў кантэксце адноснай завершанасці зместу базавай адукацыі прывёў да неабходнасці абнаўлення зместу фізікі.

Адносная завершанасць базавай адукацыі зусім не азначае, што ў 7, 8 і 9 класах у падручніках трэба прадставіць змест ад механікі да квантавай фізікі. Мяркую, што навучэнцы гэтых класаў павінны засвоіць тыя веды, якія дадуць ім магчымасць быць у гармоніі з навакольным асяроддзем, паспяхова ажыццяўляць працоўную дзейнасць або паспяхова працягнуць далейшае адукацыю. Такія веды яны могуць атрымаць, вывучаючы фізіку на ўзроўні з’яў, якія даступны ім у адпаведнасці з псіхафізіялагічнымі магчымасцямі.

— Праблемным пытаннем пры вывучэнні фізікі з’яўляецца выкарыстанне інфармацыйных тэхналогій. Камп’ютар, планшэт, інтэрнэт — сябры ці ворагі навучэнца?

— Няма сумненняў, што шэраг галін, напрыклад, медыцыну, паліграфію, сувязь і іншыя, гэтыя тэхналогіі вывелі на кардынальна новы ўзровень. А што назіраем у адукацыі, асабліва ў адносінах да малодшага школьнага ўзросту? А ў фізіцы, дзе рэальны эксперымент замяняюць на віртуальны? І чаму супрацоўнікі такіх карпарацый, як Google, Apple, Yahoo, Hewlett-Packard, сваіх дзяцей аддаюць у звычайную школу, у якой няма нават камп’ютара?

Мне здаецца, ва ўсім павінна быць разумная дастатковасць. Там, дзе нельга паставіць рэальны дослед (у атамнай і ядзернай фізіцы), карысны будзе віртуальны эксперымент. Інтэрактыўныя мадэлі даюць магчымасць значна пашырыць умовы задач, разнастаіць спосабы праверкі ведаў вучняў, павысіць узровень самастойнасці пры выкананні заданняў, наладзіць эфектыўную сувязь з бацькамі і інш.

На маю думку, сучасны вучэбна-метадычны комплекс па фізіцы павінен уключаць як складнік электронныя адукацыйныя рэсурсы.

— Ларыса Арцёмаўна, яшчэ хочацца спыніцца на афармленні падручнікаў. Дзеці любяць колер, вялікі шрыфт і шмат карцінак, але пакуль гэтага не хапае.

— Безумоўна, хацелася б, каб сучасны падручнік меў добры дызайн. Рука навучэнца абавязкова пацягнецца да кнігі, якая прываблівае ўвагу неардынарным, цікавым афармленнем як вокладкі, так і тэксту.

Як было б добра, калі б фармат кнігі павялічылі. Павялічаны фармат дазваляе зрабіць разварот кнігі адзіным цэлым (на ім можна размясціць матэрыял усяго параграфа).

У развароце павінна прысутнічаць “паветра”, а палі робяць візуальна тэкст старонкі больш свабодным. Вылучэнні ў тэксце лепш рабіць на каляровых плашках, а не проста дробным шрыфтам. У гэтым выпадку тэкст стане галоўным.

Бясспрэчна тое, што афармленне падручніка павінна прывабліваць навучэнцаў. Ён павінен быць не толькі зручным носьбітам інфармацыі, але і творам мастацтва.

— Абсалютна з вамі згодна. Вялікі дзякуй за размову і поспехаў вам і вашым паплечнікам.

Вольга ДУБОЎСКАЯ.

Штодзённік настаўніка

Так называецца адкрыты педагагічны інтэрнэт-партал, які прызначаны для інфарматызацыі дзейнасці педагогаў і адміністрацыі ўстановы адукацыі пры арганізацыі адукацыйнага працэсу, а таксама для ўзаемадзеяння педагагічных работнікаў на розных узроўнях. Аўтар-стваральнік інтэрнэт-партала — настаўнік фізікі і інфарматыкі Грабоўскага дзіцячага сада — сярэдняй школы Гомельскага раёна Кірыл Аляксандравіч Дземусёў. Распрацоўка педагога была ўдастоена дыплома І ступені на Рэспубліканскім конкурсе “Камп’ютар. Адукацыя. Інтэрнэт”.

— Апошнім часам усё часцей абмяркоўваюцца пытанні стварэння электронных адукацыйных прастор ва ўстановах адукацыі, раёнах, абласцях. Важна разумець, што ўяўляе сабой такая прастора. Часцей за ўсё яе называюць адзінай па прычыне неабходнасці ўніфікацыі спосабаў яе выкарыстання зацікаўленымі асобамі і ўзаемадзеяння яе кампанентаў паміж сабой, — гаворыць Кірыл Аляксандравіч. — Адзіную электронную адукацыйную прастору рацыянальна падзяляюць на тры складнікі, якія перакрыжоўваюцца і ўзаемадзейнічаюць паміж сабой праз установу адукацыі: гэта прастора для адукацыі навучэнцаў, прастора для ўзаемадзеяння педагогаў і адміністрацыі з навучэнцамі і іх законнымі прадстаўнікамі (часцей пад гэтым разумеюць інтэрнэт-сайт установы) і прастора для ажыццяўлення кіравання адукацыйным працэсам і ўзаемадзеяння педагагічнай грамадскасці па пэўных пытаннях.

Укараненне інфармацыйных тэхналогій у адукацыйны працэс у якасці сродку навучання школьнікаў адбываецца актыўнымі тэмпамі і прымае ўсё больш сучасныя і перспектыўныя формы. Што ж тычыцца сродкаў арганізацыі і кіравання адукацыйным працэсам, то ў гэтай галіне існуе некаторая свабодная ніша, якую неабходна запаўняць. І, нягледзячы на сродкі аўтаматызацыі кіраўніцкіх працэсаў ва ўстановах, якія існуюць даволі доўгі час, падчас работы ўзнікаюць задачы, граматную інфарматызацыю якіх на сёння не рэалізоўвае ніводны электронны сродак. Праект “Штодзённік настаўніка” і мае на мэце забеспячэнне электроннага суправаджэння дзейнасці педагогаў у арганізацыі адукацыйнага працэсу і яго кіраванні, а таксама для іх дыстанцыйнага ўзаемадзеяння.

“Штодзённік настаўніка” з’яўляецца модульным праектам: для кожнага педагога прадастаўляецца магчымасць выкарыстання толькі неабходных для яго функцый, якія адпавядаюць яго патрэбам. Незалежна ад месца, дзе знаходзіцца карыстальнік, праект дазваляе ўсім удзельнікам адукацыйнага працэсу атрымліваць пэўныя перавагі.

Педагогу: весці каляндарна-тэматычнае планаванне ў электронным выглядзе (аўтаматычна расставіць даты планавання, мяняць яго ў адпаведнасці са зменамі ў раскладзе); аператыўна атрымліваць доступ да ўласнага раскладу, раскладу любога класа, раскладу званкоў установы адукацыі; рабіць занатоўкі і планаваць дзейнасць падчас урокаў; фіксаваць адзнакі навучэнцаў у электронным журнале; арганізаваць рэйтынгавую сістэму ацэньвання; аналізаваць паспяховасць навучэнцаў у аўтаматычным рэжыме; аператыўна атрымліваць інфармацыю ад метадыстаў і разлічваць на іх кваліфікаваную дапамогу ў вырашэнні педагагічных праблем; павышаць прафесійную кампетэнтнасць праз удзел у дыстанцыйных семінарах; задаваць пытанні і абменьвацца меркаваннямі на педагагічным форуме; абменьвацца асабістымі паведамленнямі.

Класнаму кіраўніку: аператыўна атрымліваць доступ да асабістай інфармацыі навучэнцаў у любым месцы з любой прылады; фіксаваць пропускі навучэнцамі заняткаў і прычыны гэтых пропускаў у хуткай і зручнай форме, атрымліваць інфармацыю аб колькасці пропускаў за пэўны прамежак часу; мець доступ да выніковых адзнак навучэнцаў, атрымліваць інфармацыю аб сярэднім бале, дынаміцы адзнак кожнага канкрэтнага вучня.

Адміністрацыі ўстановы адукацыі: скласці расклад у адпаведнасці з нормамі СанПіНа; інтэграваць расклад у афіцыйны сайт установы, раздрукаваць для размяшчэння на стэндзе; аператыўна вызначаць занятасць педагогаў для кожнага канкрэтнага дня тыдня; аналізаваць наведвальнасць навучэнцаў; атрымліваць дэталёвы аналіз якасці выкладання; аператыўна мець доступ да асабістых даных навучэнцаў; задаваць пытанні і абменьвацца меркаваннямі на педагагічным форуме; выкарыстоўваць убудаваныя магчымасці размеркавання прэміяльнага фонду.

Метадысту раённага і абласнога ўзроўняў: арганізоўваць дыстанцыйныя семінары па кейс-тэхналогіі; аказваць метадычную дапамогу праз стварэнне прадметных метадычных блогаў раённага і абласнога ўзроўняў; арганізоўваць метадычны дыялог з настаўнікамі-прадметнікамі для аператыўнага вырашэння ўнутраных пытанняў.

Партал “Штодзённік настаўніка” даступны па адрасе webnastaunik.by. Са штодзённікам зручна працаваць як са стацыянарнага камп’ютара ці ноўтбука, так і з мабільнага ўстройства. Акрамя таго, усе функцыі даступныя праз інтэрнэт і не патрабуюць устаноўкі якога-небудзь праграмнага забеспячэння.

Па словах К.А.Дземусёва, магчымасці партала дзеляцца на дзве групы — закрытыя (непублічныя) для кожнага пэўнага кола педагогаў і адкрытыя для ўсіх зарэгістраваных карыстальнікаў. Так, рэалізацыя непублічных функцый не дазваляе педагогам розных устаноў адукацыі атрымліваць інфармацыю адно аднаго, а дзяленне карыстальнікаў на спецыялізацыі гарантуе фільтрацыю семінараў, якія праводзяцца, адкрытых метадычных блогаў і г.д.

Падрыхтавала Наталля КАЛЯДЗІЧ.

Не капіруе, а адаптуе

Яўген Пархоменка працуе настаўнікам фізікі ў Перарастоўскім дзіцячым садзе — сярэдняй школе Добрушскага раёна пакуль толькі 4 гады, але ў педагагічным асяроддзі знаходзіцца ўсё сваё жыццё. Яго бацькі — настаўнікі, якія і натхнілі сына на педагогіку, няглядзечы на тое, што ён бачыў і адваротны бок гэтай прафесіі. Але, як заўважыў сам Яўген, яго не пужалі ні стосы сшыткаў, ні кучы папер, з якімі працавалі штодзень бацькі. Пасля заканчэння Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Францыска Скарыны Яўген стаў настаўнічаць. У школу трапіў па размеркаванні і адразу пагрузіўся ў яе вірлівае жыццё.

Адчувалася, што Яўген з настаўніцкай сям’і. Яго маці Наталля Валянцінаўна — настаўніца матэматыкі, а бацька Іван Валянцінавіч — былы настаўнік рускай мовы і літаратуры, таму ў педагагічным і вучнёўскім калектывах мой суразмоўца адаптаваўся адразу. І пытанні: “Як вас сустрэла школа?”, “З якімі цяжкасцямі давялося сутыкнуцца?” успрыняў нават як дзіўныя. Але пасля ўсё ж адказаў: “Нармальна. Да калег заўсёды можна звярнуцца з пытаннем, ды і з дзецьмі склаліся добрыя адносіны. Праблем з адаптацыяй не ўзнікла. А вопыт, як гаворыцца, прыходзіць з гадамі, таму калі і ўзнікалі праблемы, то па ходзе ўсё вырашалася. Акрамя таго, заўсёды можна звярнуцца да бацькоў, якія дадуць параду”.

Яўген Іванавіч стварае ўражанне спакойнага і ўдумлівага педагога, які імкнецца не толькі да ўдасканалення, але і да аналізу таго, што адбываецца вакол. З вучнямі ён будуе партнёрскія адносіны і глыбока перакананы ў тым, што найпершая задача педагога — зняць з сябе карону. “Гэта неабходна, каб быць з вучнем на адной прыступцы. Інакш яго не зразумееш і не ўспрымеш як партнёра. Тут яшчэ важна захаваць баланс субардынацыі: не задушыць сваім аўтарытэтам і не дапусціць панібрацтва. Баланс прыходзіць на ўзроўні адчуванняў, і я імкнуся ў сябе такое шостае пачуццё развіваць”, — працягваў нашу размову педагог.

Далей Яўген Пархоменка, гаворачы пра свой прафесійны рост, адзначыў, што пачынаючы настаўнік і той, хто хоць ужо некаторы час папрацаваў, — два абсалютна розныя настаўнікі. Прынамсі, цяпер яму не трэба падрабязна распісваць планы-канспекты сваіх урокаў. Не, ён іх, канечне, рыхтуе, але на дапамогу прыйшлі інфармацыйныя тэхналогіі, таму зараз, калі назапашана ўрочная база, на першы план выходзіць адаптацыя напрацовак да канкрэтнага класа. Свае ўрокі Яўген Іванавіч праводзіць без шпаргалак, тым больш што не заўсёды ўдаецца весці заняткі запланаваным рэчышчы. Стыхія ў выглядзе настрою класа, яго жадання ці нежадання працаваць па прапанаванай схеме можа ўсё разбурыць. У такой сітуацыі ратуе ўменне імправізаваць.

Па меркаванні майго суразмоўцы, эфектыўны ўрок — гэта той, на якім настаўнік дасягнуў пастаўленай мэты, што азначае: навучэнцы могуць самастойна аперыраваць паняццямі і разумеюць сутнасць фізічных з’яў, якія вывучаюцца. А ўрок, дзе ўсе атрымалі “дзясяткі”, не эфектыўны, а хутчэй нават дзіўны. Калі дзеці працуюць з жаданнем і агеньчыкамі ў вачах нягледзячы на адзнакі, а пасля званка сыходзяць з добрым настроем — гэта ўжо ідэальны ўрок. Дасягаць такога эфекту дапамагаюць самыя розныя метады і прыёмы.

Разам з тым погляды на методыку выкладання пачынаючага Яўгена Іванавіча і цяперашняга змяніліся прынцыпова. Гэта адбылося пасля знаёмства са стратэгіяй актыўнай ацэнкі. У мінулым годзе ён закончыў дыстанцыйныя курсы па засваенні актыўнай ацэнкі, затым у Яўгена Іванавіча была магчымасць пабываць у навучальных установах Варшавы (Польшча), дзе практыкуецца актыўная ацэнка.

“Спачатку мне было проста цікава. Быццам бы я раблю тое самае, але пры звароце да актыўнай ацэнкі атрымліваецца іншы вынік. Актыўная ацэнка больш дэмакратычная ў адносінах да вучня. Асабліва гэта адчуваецца, калі выкладанне ідзе ў межах традыцыйнага ўрока.

Калі гаварыць пра яе прымяненне на маіх уроках, то ў чыстым выглядзе не выкарыстоўваю, а адаптую да стандартаў нашай адукацыйнай сістэмы. Мне падабаецца, што ў стратэгіі актыўнай ацэнкі няма адзнакі. Там неабходна кожнаму ў класе напісаць каментарый. Канечне, гэта вельмі затратная справа, але тое, што яна дае значна лепшыя вынікі, факт. Класіка ў нашым постіндустрыяльным грамадстве не заўсёды эфектыўная”, — адзначыў Яўген Пархоменка.

Увогуле, па яго меркаванні, універсальнай методыкі не існуе. Ды і немагчыма, каб адна і тая ж методыка падыходзіла для кожнага настаўніка і ўсіх вучняў без выключэння. Як заўважыў мой суразмоўца, сёння, каб знайсці “ключык” да кожнага навучэнца, трэба шукаць падыходы. Менавіта яны становяцца ключавымі ў наладжванні ўзаемаадносін паміж настаўнікам і вучнем.

***

Затым педагагічныя і метадычныя здабыткі Яўгена Іванавіча папоўнілі веды па медыяадукацыі. Медыяадукацыю настаўнік разглядае як адзін са шляхоў павышэння цікавасці да прадмета. З гэтай досыць новай для беларускай педагогікі з’явай ён пазнаёміўся ў знакамітым летніку для настаўнікаў, які штогод ладзіцца ў Альхоўцы. А ўсё новае натхняе на перамены ў сабе. Гэтак жа здарылася і з настаўнікам фізікі Перарастоўскага дзіцячага сада — сярэдняй школы, які вырашыў капнуць глыбей і рабіць навучэнцаў медыякампетэнтнымі на сваіх уроках.

“Мы з вамі жывём у медыяпрасторы, якая ствараецца рознымі спосабамі: інтэрнэтам, тэлебачаннем, газетамі, часопісамі. Пры гэтым усе навіны могуць быць пададзены абсалютна з розных бакоў. Усё залежыць ад мэты выдання або журналіста. Вобразна кажучы, у кожнага свая праўда. Менавіта таму важным з’яўляецца фарміраванне ў навучэнцаў прынцыпаў крытычнага мыслення і ўмення аналізаваць інфармацыю.

На курсах у Альхоўцы гаварылася пра тое, як сфарміраваць гэтую самую медыякампетэнтнасць. Не аспрэчыш, што гэта задача абсалютна кожнага настаўніка. Работа ў гэтым напрамку можа праводзіцца як на класных ды інфармацыйных гадзінах, так і практычна на кожным уроку па кожным прадмеце. Здавалася б, усё проста на ўроку інфарматыкі. Там ёсць шмат спосабаў займацца гэтым пытаннем. Як жа гэта можна зрабіць на ўроках фізікі? Зноў жа нічога складанага няма. Найперш, для таго каб нешта сфарміраваць, трэба ведаць, што мы фарміруем.

Вось вам элементарны прыклад. Абсалютна кожны з настаўнікаў фізікі расказвае пра радыеактыўнасць і ядзерныя рэакцыі. Гаворым мы і пра атамныя электрастанцыі, выкарыстанне якіх мае як станоўчыя, так і негатыўныя наступствы. Калі мы хочам сфарміраваць у вучняў негатыўнае стаўленне да гэтага пытання, то інфармацыю можна паднесці з дапамогай адпаведнага відэароліка, якіх на YouTube вельмі шмат. Калі ж мы хочам, каб у навучэнцаў з’явілася станоўчае стаўленне да атамных электрастанцый, то мы зноў можам паказаць адпаведны відэаролік.

А цяпер давайце паглядзім на ўсё крыху інакш. Выкладчыкі таксама людзі, і ў кожнага сваё стаўленне да гэтай тэматыкі. І менш за ўсё патрэбна, каб мы як транслятары інфармацыі навязвалі сваё меркаванне дзецям. Я ўвогуле на уроках гавару, што дзеці маюць права сумнявацца ў той інфармацыі, якую ім даю. Яны маюць права адстойваць свой пункт гледжання. І такія дзеці ёсць, няхай іх і нямнога.

Дык як жа павінен зрабіць сучасны педагог, даючы любую інфармацыю? Натуральна, мы павінны паказаць навучэнцам два відэафрагменты і дапамагчы знайсці залатую сярэдзіну. Гэта значыць, і ў першым відэа — праўда, і ў другім — таксама. Толькі аўтары як першага, так і другога роліка нешта не агучылі, і карцінка атрымалася аднабокай. А ісціна недзе пасярэдзіне. І мы павінны разам з дзецьмі знайсці гэтую ісціну, што з’яўляецца развіццём крытычнага мыслення і медыякампетэнтнасці”, — патлумачыў Яўген Іванавіч.
На прынцыпах медыяадукацыі грунтуецца ўся ўрочная дзейнасць педагога. Ён увесь час дае падставы сумнявацца, і яго вучні пастаянна шукаюць адказы на пытанні кшталту: гэта добра ці дрэнна, карысна ці шкодна, неабходна ці можна абысціся? На яго думку, неабходна разгледзець усе варыянты, каб дзеці пасля без сумнення выбралі самы правільны.

Прыведзены вышэй прыклад Яўген Іванавіч разглядаў са сваімі вучнямі на факультатыве. Спачатку яны пагаварылі пра тое, што атамная энергетыка — гэта добра, адносна танна, калі ўсё працуе ў штатным рэжыме, то не наносіць шкоды навакольнаму асяроддзю. А з другога боку, мы маем аварыю на Чарнобыльскай АЭС. І дзеці разважалі, апелюючы аргументамі і фактамі.

“Прывяду яшчэ адзін прыклад. На ўроках мы вельмі часта звяртаемся да асоб навукоўцаў-фізікаў, але, як правіла, гаворым пра тое, калі жыў і чым адметны чалавек. Карацей, асабліва не паглыбляемся ў асобу. Але ж тут ёсць над чым паразважаць. Напрыклад, над тым, хто з’яўляецца вынаходнікам тэорыі адноснасці: Эйнштэйн або Пуанкарэ? У навуковых колах спрэчкі працягваюцца па сённяшні дзень”, — працягваў настаўнік.

Урокі з пастаноўкай праблемы вымагаюць карпатлівай падрыхтоўкі настаўніка. Паставіць праблемнае пытанне — палова справы. Самае складанае — спрагназаваць ход такога ўрока. Ніколі не ведаеш наперад, куды прывядуць думкі і разважанні вучняў, таму настаўніку трэба ўвесь час быць напагатове, каб адказаць на самае неверагоднае пытанне або накіраваць клас у патрэбнае рэчышча.

Быць заўсёды ў інтэлектуальным тонусе Яўгену Іванавічу дапамагае самаадукацыя і рознага кшталту курсы павышэння кваліфікацыі, з якіх ён вяртаецца з новымі ідэямі для сваіх урокаў. Педагог не прыхільнік сляпога капіравання. Усе метадычныя прыёмы ён адаптуе пад сябе і сваіх вучняў. Акрамя актыўнай ацэнкі і медыяадукацыі, ёсць у метадычнай скарбонцы Яўгена Іванавіча і досвед па перавернутым класе. І педагог дакладна ведае, з якімі вучнямі перавернуты клас спрацуе, а з якімі такая задума не прынясе ніякай карысці. У яго разуменні сучасны настаўнік — гэта свайго роду кампілятар розных методык і тэхналогій. Дзецям падабаецца, калі на ўроках прысутнічае разнастайнасць.

***

У размове з Яўгенам Іванавічам не магла абмінуць увагай і новаўвядзенне наступнага навучальнага года, калі фізіка будзе вывучацца з 7 класа. Сярод навукоўцаў існуе меркаванне, што гэта не вельмі добра, што такім чынам мы робім крок назад. Аднак настаўнікі-практыкі, наадварот, адзначаюць: такое рашэнне было апраўданым. Маўляў, у шостым класе дзеці ўсё роўна не ўспрымалі фізіку так, як некалі меркавалася. Яна для іх была занадта цяжкім прадметам.

Гэтую навіну настаўнік фізікі з Перарастоўскага дзіцячага сада — сярэдняй школы таксама ўспрыняў з пазітывам. І гэта нягледзячы на тое, што такія перамены выклікаюць пэўную страту гадзін на вывучэнне прадмета. “Насамрэч, шасцікласнікі з-за свайго ўзросту яшчэ не ў стане ацэньваць крытычна тое, пра што з імі мы гаворым на ўроку фізікі. Адзінае, з таго што забралі ў шостым класе, можна было б вярнуць у дзявятым, дзе дзвюх гадзін катастрафічна не хапае і дзе вывучаюцца дастаткова няпростыя тэмы. Ды і якасць фізічных ведаў у нашых школьнікаў зніжаецца”, — мяркуе настаўнік.

На яго думку, такую сітуацыю можа выправіць профільнае навучанне і перадпрофільная падрыхтоўка. Пагаджуся з Яўгенам Іванавічам, які адзначыў, што сістэма адукацыі павінна быць больш гібкай у адносінах да кожнага вучня. Нельга ўсіх зрабіць аднолькава гарманічнымі асобамі. Гэта ў прынцыпе немагчыма ўжо таму, што мы ўсе розныя ад прыроды. Профільнае навучанне задае вектар развіцця кожнага вучня. Цяпер вельмі важна правільна раздзяліць змест базавага і профільнага навучання.

“Безумоўна, кожны вучань павінен валодаць неабходнай колькасцю ведаў па фізіцы. Але як вызначыць гэтую неабходную колькасць? Магчыма, у базавых класах трэба тлумачыць фізічныя паняцці, з’явы, каб вучань ведаў, што такое ёсць і для чаго гэта патрэбна. Калі пасля ён адчуе неабходнасць паглыбіцца ў нейкую тэму або ў фізіку ўвогуле, то ён гэта зробіць, не сумнявайцеся. Наша задача — дапамагчы і накіраваць”, — працягваў свае разважанні Яўген Пархоменка.

Мне ж хочацца дадаць, што Яўген Іванавіч — педагог з вялікім патэнцыялам. Ён чалавек шырокіх поглядаў, са сваёй сістэмай меркаванняў. Яго імкненне да аналізу рэчаў і падзей з фармуляваннем абгрунтаваных высноў прываблівае вучняў і робіць іх не толькі медыякампетэнтнымі, але і сапраўднымі асобамі.

Вольга ДУБОЎСКАЯ.

Падрыхтоўка алімпіяднікаў мае свае традыцыі

Больш як 300 знаўцаў астраноміі, фізікі і матэматыкі з’ехаліся ў Гомель, каб паспаборнічаць за перамогу ў заключным этапе рэспубліканскай алімпіяды па гэтых вучэбных прадметах.

Найбольшая колькасць удзельнікаў была ад Гомельскай вобласці і Мінска — 45 і 43 адпаведна. 33 навучэнцы прадстаўлялі Ліцэй БДУ. Акрамя таго, сёлета ў алімпіядзе па-за конкурсам прынялі ўдзел 12 навучэнцаў з Расійскай Федэрацыі. Юнакі і дзяўчаты з Масквы, Санкт-Пецярбурга і Калінінграда спрабавалі свае сілы ў прыродазнаўчых прадметах разам з беларускімі равеснікамі. Палова каманды расійскіх юных інтэлектуалаў набрала высокую колькасць балаў і атрымала дыпломы І ступені. У астатніх — дыпломы ІІ і ІІІ ступеней і адзін пахвальны ліст. Удзел у алімпіядзе — гэта сапраўдная адвага. Колькі хваляванняў даводзіцца перажыць удзельнікам падчас выканання заданняў! А як неспакойна б’ецца сэрца, пакуль яны чакаюць вынікаў! І вось надыходзіць той дзень. Зала запоўнена знаўцамі прыродазнаўчых навук. Вядучы са сцэны гаворыць, што складаныя выпрабаванні засталіся ў мінулым. Але для навучэнцаў яны скончацца толькі пасля атрымання запаветных дыпломаў пераможцаў. А калі не, то выпрабаванні працягнуцца пасля вяртання ў сцены родных школ, гімназій і ліцэяў, таму што алімпіяднікі — моцныя духам і мэтанакіраваныя людзі, і яны абавязкова будуць працаваць над сабой, каб наступны раз паказаць лепшыя вынікі.
Узнагароды пачаліся з пахвальных лістоў Міністэрства адукацыі. Перад іх уручэннем прарэктар Віцебскага абласнога інстытута развіцця адукацыі Аляксандр Гелясін пажартаваў: “Прашу тых, каму я зараз буду ўручаць пахвальныя лісты, моцна мяне не лаяць. Так, гэта не дыпломы, але ж гэта пэўнае дасягненне: такім чынам журы спрабуе адзначыць тых, каму крышачку не хапіла балаў”. Такіх юнакоў і дзяўчат было 28.
З больш як 300 удзельнікаў алімпіяды 146 атрымалі дыпломы пераможцаў. Лепшыя вынікі паказалі навучэнцы сталічных устаноў адукацыі (33 дыпломы), Гродзенскай і Гомельскай абласцей (23 і 22 дыпломы адпаведна), Ліцэя БДУ (19 дыпломаў).
Лепшыя веды па астраноміі прадэманстравалі прадстаўнікі Гомельскай і Гродзенскай абласцей. Добрая падрыхтоўка ў гэтых навучэнцаў і па такіх прадметах, як фізіка і матэматыка. Абысці іх змаглі толькі навучэнцы з мінскіх школ і гімназій.

Дыпломы І ступені атрымалі:
* па астраноміі: Ян Пяткевіч (11 клас, Ліцэй БДУ), Данііл Барысевіч (11 клас, гімназія № 3 Гродна);
* па фізіцы: Максім Рэзуноў (9 клас, сярэдняя школа № 10 Рэчыцы Гомельскай вобласці), Мікалай Зунікаў (9 клас, сярэдняя школа № 33 Гомеля), Яўген Дзядкоў (8 клас, гімназія № 1 Барысава Мінскай вобласці), Мікіта Стрыжак (10 клас, Ліцэй БДУ), Яўген Шарамед (10 клас, гімназія № 10 Мінска), Мікіта Ігнацюк (10 клас, ліцэй № 1 Брэста), Павел Курач (10 клас, ліцэй № 1 Брэста), Багдан Звяжынскі (11 клас, Ліцэй БДУ), Павел Цай (11 клас, гімназія № 29 Мінска), Эрык Камлык (11 клас, Гродзенская гарадская гімназія), Ян Лагоўскі (11 клас, Ліцэй БДУ);
* па матэматыцы: Ігар Каралёў (7 клас, сярэдняя школа № 31 Віцебска), Іван Прылепскі (8 клас, Вілейская гімназія № 1 Мінскай вобласці), Павел Іванін (8 клас, гімназія № 41 Мінска), Уладзіслаў Сявец (9 клас, гімназія № 41 Мінска), Мацвей Станкевіч (9 клас, Магілёўская гарадская гімназія № 1), Андрэй Нарадзецкі (9 клас, гімназія № 13 Мінска), Ілья Пчалінцаў (10 клас, Ліцэй БДУ), Ягор Дубовік (гімназія № 51 Гомеля), Аляксандр Юран (10 клас, Ліцэй БДУ), Антон Палюховіч (10 клас, Ліцэй БДУ), Мікіта Сямёнаў (11 клас, гімназія № 41 Мінска), Антон Шарамет (11 клас, гімназія № 41 Мінска), Барыс Серанкоў (11 клас, гімназія № 41 Мінска), Андрэй Асанаў (11 клас, гімназія Шчучына Гродзенскай вобласці).
Спецыяльныя прызы міністра адукацыі Рэспублікі Беларусь атрымалі: самы юны ўдзельнік алімпіяды па матэматыцы навучэнец 7 класа сярэдняй школы № 31 Віцебска Ігар Каралёў і самыя юныя ўдзельнікі алімпіяды па фізіцы навучэнец 8 класа гімназіі № 1 Барысава Мінскай вобласці Яўген Дзядкоў і навучэнец 10 класа гімназіі № 1 Ліды Гродзенскай вобласці Антон Міхайлаў.

Вучняў, якія прадэманстравалі асабліва высокія вынікі, узнагародзілі спецыяльнымі прызамі ад старшыні Гомельскага аблвыканкама і старшыні Гомельскага гарвыканкама. Спецыяльныя прызы міністра адукацыі юным інтэлектуалам уручыў намеснік міністра адукацыі Віктар Якжык, які прыняў удзел у закрыцці заключнага этапу алімпіяды. Ён пажадаў навучэнцам далейшых поспехаў і нястрымнага жадання дасягаць новых вяршынь.
“У цэлым удзельнікі алімпіяды паказалі высокі ўзровень падрыхтоўкі, — адзначыў Віктар Віктаравіч у гутарцы з журналістамі. — І гэта нядзіўна, бо матэматыка і фізіка — тыя прадметы, па якіх нашы дзеці паказваюць выдатныя поспехі на міжнародных алімпіядах. Я не памылюся, калі скажу, што ў нас ужо склаліся пэўныя традыцыі ў падрыхтоўцы алімпіяднікаў як па гэтых прадметах, так і па іншых”.

Наталля ЛУТЧАНКА.
Фота аўтара.

Інтэлектуальныя баі фізікаў

Юныя аматары фізікі Мінскай вобласці сабраліся на сёмы турнір фізікаў. Змяняючы ў баях ролі дакладчыкаў, апанентаў і рэцэнзентаў, яны дэманстравалі сваю зацікаўленасць фізічнымі з’явамі і добрыя веды. Для рашэння турнірных задач дзеці стваралі абсталяванне, праводзілі эксперыменты, прачыталі тысячы старонак падручнікаў, вывучылі дзясяткі формул і зрабілі мноства вылічэнняў.

70 хлопчыкаў і дзяўчынак у складзе 14 каманд прынялі ўдзел у турніры. Яны прадстаўлялі 11 раёнаў. Нясвіжскі і Слуцкі раёны прадставілі па дзве каманды. Лепшых вызначалі члены журы, у склад якога ўвайшлі выкладчыкі, аспіранты і студэнты фізічнага факультэта і факультэта радыёфізікі і камп’ютарных тэхналогій БДУ.
У фінале сустрэліся 4 каманды: зборныя Любанскага і Старадарожскага раёнаў, каманды Нясвіжскай гімназіі і сярэдняй школы № 1 Смілавіч Чэрвеньскага раёна.Сёмы турнір меў свае асаблівасці. Так, упершыню на фінальных баях паралельна з галоўным журы працавала яшчэ адно — маладзёжнае. У склад яго ўвайшлі капітаны каманд, якія не дайшлі да фіналу. Яны вызначалі каманду, чыё выступленне ў фінале, на іх думку, было найбольш яскравым. Прыз маладзёжнага журы атрымала каманда Нясвіжскай гімназіі. Удзельнікі каманды адправяцца на экскурсію ў Музей навукі (паездка ў якасці падарунка).
Сур’ёзнасць і напружанасць баёў крыху зменшыла жараб’ёўка, якая праводзілася ў жартоўнай форме. Каб вызначыць парадак выступленняў і ролі ў баях, каманды спаборнічалі ў далёкасці запуску папяровых самалётаў, а таксама тлумачылі сваім камандам фізічныя тэрміны з дапамогай жэстаў.
Удзельнікі турніру паказалі глыбокія веды прадмета і ўменне весці навуковую дыскусію, перамогу ж святкавала каманда сярэдняй школы № 1 Смілавіч Чэрвеньскага раёна, якую падрыхтавалі настаўнікі Ірына Леанідаўна Сераокая і Анатоль Канстанцінавіч Шабусаў.

Дар’я РЭВА.
Фота аўтара.