Сябруем са спортам круглы год

Гэты навучальны год у Поразаўскай сярэдняй школе Свіслацкага раёна даў чарговы старт цікаваму падарожжу не толькі да новых ведаў, але і да спартыўных перамог. І вельмі важна, каб нашы навучэнцы вандравалі здаровымі і бадзёрымі.

Здароўе — адна з галоўных каштоўнасцей для кожнага чалавека. І нас, настаўнікаў фізічнай культуры і здароўя, гэта асабліва хвалюе. У нашай школе вялікая ўвага ўдзяляецца арганізацыі фізічнага выхавання навучэнцаў. І для гэтага створаны добрыя ўмовы. У распараджэнні вучняў — спартыўная зала і спартыўныя пляцоўкі, адпаведная матэрыяльная база.

Сярод нашых навучэнцаў многа пераможцаў раённых, абласных і рэспубліканскіх спартыўных спаборніцтваў. Нас вельмі радуе іх адданасць спорту і шматлікія перамогі. Акрамя таго, на працягу некалькіх гадоў Поразаўская школа з’яўляецца прызёрам раённай круглагадовай спартакіяды.

У пасялковым парку, які знаходзіцца побач з нашай установай адукацыі, нядаўна з’явілася новая бегавая дарожка, спартыўныя і дзіцячыя гульнявыя пляцоўкі. Гэта, несумненна, унясе свой уклад ва ўмацаванне здароўя не толькі школьнікаў, але і дарослага насельніцтва пасёлка.

Не пустуюць спартыўныя пляцоўкі і падчас канікул. Нашы вучні, іх сябры, якія прыязджаюць да сваякоў на адпачынак, а таксама выпускнікі часта наведваюць школьны стадыён. Валейбол, баскетбол, футбол, разнастайныя рухавыя гульні… Вясёлыя галасы чуваць на школьным двары ў любую пару года. А мы, несумненна, гэтаму вельмі рады.

Раман СУХАЧОЎ,
настаўнік фізічнага выхавання і здароўя Поразаўскай сярэдняй школы
Свіслацкага раёна Гродзенскай вобласці.

Настаўнік, які ідзе ў нагу з часам

Мы часта вымаўляем слова “настаўнік”, але не задумваемся, якую вялікую ролю адыгрывае ён у жыцці кожнага чалавека. Колькі працы, сілы, душы, цярпення ўкладае педагог у кожнага свайго вучня, каб ён вырас шчаслівым. У Ільюшынскай сярэдняй школе традыцыйна арганізоўваецца маштабнае мерапрыемства “Сустрэча з цікавым чалавекам”. І гэтым чалавекам абавязкова павінен быць настаўнік. Сёлета героем сустрэчы стаў настаўнік фізічнай культуры і здароўя Віктар Іванавіч Акулёнак.

Стаць настаўнікам фізічнай культуры Віктар Іванавіч задумаў яшчэ ў дзяцінстве. Шмат займаўся спортам самастойна, выступаў на спаборніцтвах, адстойваючы гонар роднай Ушацкай школы. Аб высокіх дасягненнях і не думаў. Але склалася так, што пасля заканчэння васьмі класаў паступіў у Віцебскі тэхнікум фізічнай культуры на спецыяльнасць “Лёгкая атлетыка”. Менавіта там юнак пачаў выступаць на спаборніцтвах па марскім мнагаборстве, быў капітанам каманды на рэспубліканскіх спаборніцтвах у Пінску, Віцебску, Мінску, і ўсюды яго каманда займала першыя месцы. У 1979 годзе В.І.Акулёнак быў капітанам зборнай БССР на Усесаюзным чэмпіянаце ў Жданаве (цяпер Марыупаль). Мала хто ведае, што Віктар Іванавіч — кандыдат у майстры спорту па марскім мнагаборстве. Гэтая дысцыпліна ўключае ў сябе 2 кіламетры веславання на марскіх ялах, 5 парусных гонак, крос на 1500 метраў, 400 метраў плавання і стральбу. Дарэчы, у асабістым заліку па стральбе з дробнакалібернай вінтоўкі на адлегласці 50 метраў са становішча лежачы Віктар Іванавіч заняў трэцяе месца (196 ачкоў з 200 магчымых). Акрамя таго, В.І.Акулёнак — кандыдат у майстры спорту па веславанні.

Пасля вучобы Віктару Іванавічу давялося папрацаваць адзін год у адной са школ Ушацкага раёна. Была таксама служба ў арміі ў часці Маскоўскай ваеннай акругі. Там В.І.Акулёнку нават прапаноўвалі застацца, але ён цвёрда вырашыў вярнуцца на радзіму і працаваць настаўнікам фізічнай культуры. Завочна скончыў Віцебскі педінстытут і канчаткова сфарміраваўся як настаўнік.

Ішоў час. З пачатку 80-х гадоў мінулага стагоддзя многае змянілася. Змяніліся адукацыйныя стандарты, падыходы да заняткаў. Віктар Іванавіч таксама крочыць у нагу з часам, але ў навучанні дзяцей выкарыстоўвае закладзеныя з маладосці веды. На занятках настаўніка паміж ім і вучнямі пануе поўнае ўзаемаразуменне. У свае 55 гадоў ён не толькі растлумачыць, але і прадэманструе, як выканаць тое ці іншае практыкаванне.

Сваю педагагічную дзейнасць В.І.Акулёнак працягнуў у нашай Ільюшынскай школе. Мы вельмі рады, што побач з намі працуе такі настаўнік, і ўдзячны яму за цеплыню, уважлівасць і павагу да кожнага з нас. Жадаем яму новых спартыўных дасягненняў і творчага палёту.

Жанна КРАМІН,
намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце
Ільюшынскай сярэдняй школы Ушацкага раёна.

Петлі TRX, або Яшчэ адзін спосаб зрабіць урок фізічнай культуры цікавым

Сучасны этап развіцця сістэмы фізічнай падрыхтоўкі характарызуецца абнаўленнем зместу навучання, пошукам новых форм і метадаў павышэння ўзроўню фізічнай падрыхтаванасці школьнікаў. Дзякуючы згуртаванай і творчай рабоце педагогаў метадычнага аб’яднання фізічнай культуры сярэдняй школы № 161 Мінска, быў рэалізаваны шэраг цікавых праектаў, якія дазволілі па-новаму глянуць на развіццё фізічных якасцей на ўроку фізічнай культуры.

Гісторыя дным з такіх праектаў стала ўкараненне элементаў функ­цыянальнай падрыхтоўкі ў адукацыйны працэс. Мы ўжо не раз расказвалі пра гэта, а сёння хочам пазнаёміць вас з петлямі TRX — трэнажорам для функцыянальнай трэніроўкі, які дазваляе прапрацаваць усё цела. Трэніроўкі TRX набіраюць усё большую папуляр­насць сярод прыхільнікаў фітнесу, іх усё часцей можна ўбачыць у сучасных трэнажорных залах. Ці могуць практыкаванні з петлямі TRX быць укаранёны ў адукацыйны працэс у агульнаадукацыйнай школе? Зараз мы паспрабуем адказаць на гэтае пытанне.

Гісторыя стварэння TRX

Упершыню ідэя выкарыстання стропаў з петлямі ў якасці трэнажора для прапрацоўкі ўсіх мышачных груп узнікла ў амерыканскага салдата марской пяхоты Рэндзі Хетрыка. А ўсё таму, што марскія пехацінцы пастаянна знаходзіліся на палявых выхадах і ўдзельнічалі ў марш-кідку, а браць з сабой цяжкія штангі, гантэлі і трэнажоры было практычна нерэальна. Таму Рэндзі вырабіў з падручных матэрыялаў, выкарыстоўваючы парашутныя стропы, гэтую сістэму, якая аказалася вельмі эфектыўнай для падтрымання салдат у выдатнай фізічнай форме. Звольніўшыся з радоў марской пяхоты, Хетрык заснаваў фірму TRX, якая займаецца вытворчасцю розных сістэм для трэніроўкі са сваёй вагой, у тым ліку петляў TRX. Абрэвіятура TRX — Total Body Resistance (“агульнае супраціўленне цела”).

Па сутнасці, TRX — гэта замена трэнажорнай залы ў адной універсальнай прыладзе, якую можна насіць з сабой. Вы можаце замацаваць петлі TRX дома, на вуліцы (на дрэвах) або ў паездцы. Нягледзячы на ўяўную геніяльную прастату, заняткі на трэнажоры TRX патра­буюць пэўнай практычнай і тэарэтычнай падрыхтоўкі настаўніка.

Плюсы і мінусы петляў TRX

Станоўчыя якасці TRX:

*— няма восевай нагрузкі на пазваночнік, што дае магчымасць работы з гэтым трэнажорам людзям, якія маюць праблемы і захворванні апорна-рухальнага апарату;

*—— у работу ўключаюцца мышцы кора (комплекс мышцаў, якія адказваюць за стабілізацыю таза, бёдраў і пазваночніка) і глыбокія мышцы-стабілізатары, якія падтрымліваюць ваш пазваночнік прамым, прадухіляючы парушэнне паставы і выпраўляючы яе;

*—— павышэнне функцыянальных магчымасцей арганізма; вы становіцеся больш моцнымі, трывалымі і можаце выконваць складанакаардынацыйныя рухі;

*—— універсальнае выкарыстанне ў любым месцы (дома, на вуліцы), мацуецца практычна да ўсяго (дрэва, слуп, дзверы, труба);

*—— прапрацоўваюцца абсалютна ўсе мышцы цела;

*—— трэніроўкі даступны ўсім узро­ставым катэгорыям людзей;

*—— магчымасць выбіраць любую ступень і інтэнсіўнасць нагрузкі;

*—— можна займацца з любой паталогіяй, аднак для кожнага дыягназу будзе пэўны набор практыкаванняў.

Мінусаў у петляў TRX няма, хаця ёсць рызыка траўматызму, калі вы выконваеце складанакаардынацыйныя рухі са скачкамі, у выпадку няправільнай пастаноўкі нагі магчымы траўмы звязак.

Трэнажор мае простую будову і ўмяшчаецца ў невялікую сумку. Яго можна браць з сабой на прагулку або ў паездку.

Методыка пабудовы заняткаў

Праграмы трэніровак можна падзяліць па ўзроўнях складанасці: праграма для пачаткоўцаў (рэабілітацыя, развіццё рухавасці і стабільнасці), функцыянальная трэніроўка і кругавая трэніроўка.

Заняткі для пачаткоўцаў змяшчаюць некалькі нескладаных практыкаванняў: жымавыя, цягавыя і расцягванне. Ступень нагрузкі можна рэгуляваць вышынёй і размяшчэннем рамянёў. Элементы гэтай трэніроўкі мэтазгодна прымяняць з навучэнцамі 5—6 класаў пры пачатковым асваенні элементаў гімнастыкі, пры правядзенні заняткаў СМГ.

Функцыянальная трэніроўка накіравана на павелічэнне сілавой трываласці і рэкамендавана навучэнцам 7—9 класаў, якія маюць сярэдні і вышэйшы за сярэдні ўзровень фізічнай падрыхтаванасці. На такіх занятках выконваюцца практыкаванні трох базавых разнавіднасцей: прысяданні (выпады), жымавыя практыкаванні і цягавыя, а таксама розныя іх мадыфікацыі, якія выконваюцца строга па падыходах з пэўнай колькасцю паўтарэнняў з мэтай развіцця спецыяльных фізічных якасцей.

Кругавая трэніроўка разлічана на навучэнцаў з добрым узроўнем падрыхтаванасці. Комплекс практыкаванняў выконваецца па крузе: выпады, прысяданні, жымавыя практыкаванні ў розных зыходных становішчах, цягавыя практыкаванні, развядзенне рук і ног. Усе практыкаванні выконваюцца без перапынку на адпачынак або з невялікім адпачынкам паміж практыкаваннямі (у залежнасці ад падрыхтаванасці).

Комплексы практыкаванняў

Праграма трэніровак можа ўключаць розныя комплексы практыкаванняў. Напрыклад, хлопчыкі ацэняць практыкаванні для свабодных верхніх канечнасцей і плечавога пояса: згінанне і разгінанне рук ва ўпоры; згінанне і разгінанне рук у вісе, рукі ўздоўж тулава; развядзенне рук ва ўпоры.

Папулярныя практыкаванні на петлях для дзяўчат: выпад убок; выпад на адной назад; выпад на адной назад, нага ў пятлі; выпад убок, нага ў пятлі; прысяданні. Гэтыя практыкаванні накіраваны на ўмацаванне мышцаў ягадзіц, прэса.

Трэнажор дазваляе выконваць практыкаванні, якія спрыяюць умацаванню мышцаў, што ўдзельнічаюць ва ўтрыманні корпуса, мышцаў-стабілізатараў: падыманне таза ў адваротным упоры; падыманне таза ва ўпоры; скручванне ва ўпоры; упор на локцях, ногі ў петях.

Выкананне гэтых практыкаванняў не толькі будзе спрыяць вырашэнню задач вучэбнага плана, а таксама створыць умовы для павышэння цікавасці да заняткаў фізічнай культурай.

Агульныя рэкамендацыі для заняткаў на трэнажоры TRX

*— перад заняткамі на самім трэнажоры трэба абавязкова правесці спецыяльную размінку;

*—— рэгулюйце нагрузку з дапамогай вугла размяшчэння цела і вышыні прымацавання трэнажора;

*—— пачынайце з невялікіх нагрузак, паступова ўскладняючы, мадыфікуючы практыкаванні і павялічваючы колькасць паўтарэнняў;

*—— займайцеся рэгулярна, каб мышцы прывыклі да нагрузкі.

Супрацьпаказанні і перасцярогі

Асаблівасць заняткаў на гэтым трэнажоры такая, што ад правільнай позы цела залежыць эфектыўнасць практыкаванняў. На першых этапах навучання лепш строга кантраляваць навучэнцаў і навучыць усім асаблівасцям работы на трэнажоры з мэтай прадухілення траўматызму.

Што да супрацьпаказанняў, то для гэтага віду заняткаў іх практычна няма, за выключэннем захворванняў сэрца, пры якіх супрацьпаказана любая фізічная нагрузка, і гіпертаніі.

Трэніроўка на трэнажоры TRX бяспечная і падыходзіць для ўсіх узростаў. Комплекс практыкаванняў і далейшая праграма трэніроўкі ў рамках урока павінна быць разлічана ў адпаведнасці з узроўнем фізічнай падрыхтаванасці навучэнцаў і ўлічваць змест асноўнай часткі заняткаў, быць асновай для развіцця фізічных якасцей, якія спрыя­юць асваенню інварыятыўнага кампанента праграмы.

Праграма трэніровак з петлямі TRX прымушае працаваць усе групы мышцаў, асабліва тыя, якія падтрымліваюць становішча цела ў прасторы і адказваюць за паставу. Трэнажор дазваляе як прапрацаваць паасобныя ўчасткі цела, так і палепшыць каардынацыю, паставу, не нашкодзіўшы пры гэтым суставам і пазваночніку.

Для выканання звычайнай праграмы ў пазаўрочны час выберыце 7—8 практыкаванняў і выконвайце іх па чарзе. Не забывайце адпачываць паміж імі. Для самастойнай кругавой трэніроўкі адбіраецца 10 практыкаванняў, якія паўтараюцца па крузе. У выніку трэба зрабіць максімальную колькасць кругоў з невялікімі перадышкамі паміж імі за пэўны час.

Пры асваенні базавых практыкаванняў трэба павышаць нагрузку не толькі за кошт колькасці паўтарэнняў і падыходаў, а таксама за кошт змены вугла стропаў і змяншэння апоры (на адной або на дзвюх нагах), з якімі можна пазнаёміцца на тэматычных сайтах у інтэрнэце і ў спецыяльнай літаратуры.

Ідэя рэалізацыі нашага падыходу ў развіцці фізічных якасцей навучэнцаў — у пераходзе ад тлумачэння да разумення, ад кантролю да самаразвіцця, ад кіравання да самакіравання. І тут асноўная задача педагога — зносіны, узаемаразуменне з навучэнцамі, пошук новых ідэй, цікавых напрамкаў і фарміраванне ўмоў для сістэматычных заняткаў спортам і пастаяннага самаўдасканальвання навучэнцаў.

Дзмітрый МІРАНОВІЧ,
настаўнік фізічнай культуры і дапрызыўнай падрыхтоўкі
сярэдняй школы № 161 Мінска.
Фота аўтара.

Восеньскія канікулы з радасцю і карысцю

Цікавымі і карыснымі былі восеньскія канікулы ў Радамльскім ВПК дзіцячы сад – сярэдняя школа. Асаблівая ўвага ў нашай установе падчас канікул удзялялася здароваму ладу жыцця, развіццю фізічнай культуры і спорту. Кожны дзень нашы навучэнцы мелі магчымасць займацца міні-футболам, валейболам, настольным тэнісам, гуляць у шашкі і шахматы. Таксама працавала ў гэты час і трэнажорная зала. Для вучняў малодшых і сярэдніх класаў была праведзена спартландыя “Пасябруй са спортам”.

Не пуставалі падчас канікул спартыўная і трэнажорная залы і ў вячэрні час, прычым з задавальненнем займаліся спортам тут як школьнікі, так і дарослыя жыхары аграгарадка Радамля.

На працягу двух гадоў ва ўстанове існуе клуб “Крылаты дазор”, удзельнікі якога на восеньскіх канікулах праводзілі назіранне за птушкамі, арганізоўвалі віктарыны і конкурсы для вучняў пачатковых класаў.

Значная увага ў нашай школе ўдзяляецца патрыятычнаму выхаванню. Робіцца гэта на простых, звычайных рэчах, выкарыстоўваючы краязнаўчы падыход. Так падчас канікул вучні наведалі помнікі і брацкія воінскія пахаванні ў вёсках Александроўка, Будзіна, Заложжа і навялі там неабходны парадак. Таксама ў выніку тэматычнай, пазнавальнай экскурсіі ў школьны музей вучні даведаліся шмат цікавага аб гісторыі сваёй малой радзімы ў гады Вялікай Айчыннай вайны і ў мінулы час. Цікава прайшла экскурсія на «Замкавую гару», месца дзе ў XII-XVII стст. існаваў замак радзімічаў.

Яскрава прайшоў школьны конкурс, прысвечаны 125-годдзю з дня нараджэння Максіма Багдановіча “Мой Максім Багдановіч”, дзе вучні малявалі асацыятыўны партрэт пісьменніка, чыталі яго творы.

Алена РАГУЕВА,
намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце
Радамльскага ВПК дзіцячы сад – сярэдняя школа.

Вялікія перамогі пачынаюцца з маленькіх

На Маларытчыне — шмат педагогаў, здольных павесці за сабой, зацікавіць і захапіць, улюбіць у сябе і свой прадмет. Да ліку такіх адносіцца настаўнік фізічнай культуры і здароўя Віталь Ануфрыевіч Пішчык з Мельніцкай базавай школы. Гэта надзвычай цікавы, неардынарны, шчыры, сардэчны і спагадлівы чалавек, які ўмее падабраць ключыкі да сэрцаў вучняў. Ён імкнецца на асабістым прыкладзе прапагандаваць здаровы і актыўны лад жыцця, прыцягваць пад спартыўныя сцягі дзяцей, іх бацькоў і настаўнікаў.

— Заўсёды кажу вучням, што фізічная культура — гэта не толькі ўрок у школьным раскладзе, — гаворыць В.А.Пішчык. — Гэта найперш прафілактыка захворванняў і ўмацаванне здароўя. Урокі ў спартыўнай зале і на свежым паветры загартоўваюць і ўмацоўваюць арганізм, дапамагаюць расці здаровымі, быць фізічна актыўнымі, дужымі і спрытнымі.

Сам Віталь Ануфрыевіч спортам займаецца з дзяцінства. З выбарам жыццёвага шляху праблемы не было. З 7 класа ён, вучань Мельніцкай васьмігадовай школы, пастаянна ўдзельнічаў у абласных спаборніцтвах па лёгкай атлетыцы. Юнак сур’ёзна, мэтанакіравана і рэгулярна рыхтаваўся да спартыўных мерапрыемстваў. Перамогі ў спаборніцтвах надавалі стымул трэніравацца, каб наступны раз паказаць лепшы вынік. У хлопца была запаветная мара, да якой ён ішоў не адзін год, — стаць прафесійным спартсменам. Але жыццёвыя абставіны перапісалі планы юнака. Пасля школы ён паступіў на спартфак Брэсцкага педагагічнага інстытута імя А.С.Пушкіна.

Маладога спецыяліста прыгледзеў тагачасны дырэктар Маларыцкай дзіцячай спартыўнай школы Мікалай Германюк, які планаваў узяць яго трэнерам па лёгкай атлетыцы. Але набліжаўся новы навучальны год, а ў Мельніцкай базавай школе не было настаўніка фізічнай культуры. У гэтую ўстанову і быў накіраваны Віталь Ануфрыевіч, у працоўнай кніжцы якога — усяго адзін запіс аб прыёме на работу. Настаўнік ніколі не пашкадаваў, што 25 гадоў назад пагадзіўся працаваць у роднай школе.

Віталь Ануфрыевіч актыўна прапагандуе сярод вучняў заняткі фізкультурай і спортам, культуру здаровага ладу жыцця. І гэта ў педагога атрымліваецца выдатна, пра што сведчаць шматлікія факты.

— Да саракагадовага ўзросту штогод удзельнічаў у абласных спаборніцтвах па лёгкай атлетыцы і турыстычных злётах, — расказвае В.А.Пішчык. — Узяў за правіла: калі на ўроках — кросавая падрыхтоўка, то неабходныя дыстанцыі абавязкова прабягаю разам з вучнямі. Так пачаў рабіць з першых дзён педагагічнай работы. Не адыходжу ад гэтай традыцыі і сёння. Вучняў вельмі стымулюе, калі побач з імі дыстанцыю бяжыць настаўнік.

Пытаюся ў Віталя Ануфрыевіча:

— З чаго складаецца здаровы лад жыцця?

— Сёння модна быць здаровым і весці актыўны лад жыцця, — адказвае В.А.Пішчык. — Здаровы лад жыцця складаецца з выхавання ў раннім дзяцінстве здаровых навыкаў, прафілактыкі шкодных звычак, ведаў пра іх негатыўны ўплыў на арганізм чалавека і яго здароўе. Здаровы лад жыцця — гэта і рацыянальнае харчаванне, фізічна актыўнае жыццё, выкананне правіл асабістай гігіены…

Настаўнік удзяляе вялікую ўвагу захаванню і ўмацаванню фізічнага і псіхалагічнага здароўя вучняў, выхоўвае ў іх беражлівыя і адказныя адносіны да ўласнага здароўя, фарміруе гігіенічныя навыкі, прапагандуе здаровы і актыўны лад жыцця. Гэтага можна дасягнуць толькі пры якаснай арганізацыі ўрокаў фізкультуры і падчас спартыўна-аздараўленчай работы ў школе.

— У нашай школе створана добрая матэрыяльна-тэхнічная база для фізкультуры і пазакласнай работы, — расказвае дырэктар установы І.Б.Шышук. — Педагогі ўдзяляюць вялікую ўвагу пытанням здаровага ладу жыцця і заняткам фізічнай культурай. Так, для вучняў 1—4 класаў штодзень перад урокамі праводзіцца ранішняя гімнастыка. 16 выхаванцаў школы (з 76) ужо ўдзельнічалі ў розных абласных спаборніцтвах. Вучні 1—9 класаў вучацца плаванню ва ўніверсальным спартыўным цэнтры “Жамчужына” Маларыты. Усе дзеці, пачынаючы з 4 класа, добра трымаюцца на вадзе і ўмеюць плаваць. Як правіла, раз у месяц у школе праводзіцца дзень здароўя, некалькі разоў на год — спартландыя для вучняў “На старт!”. Вучні з нецярпеннем чакаюць тыдні спорту і здароўя, шашачныя турніры, спартыўныя эстафеты, спартландыю “Тата, мама, я — спартыўная сям’я”, спаборніцтвы па гульнявых відах спорту, лыжныя прагулкі, катанні на каньках. Традыцыйна на базе школы двойчы ў год (вясной і восенню) праходзяць раённыя спаборніцтвы па лёгкаатлетычным кросе сярод юнакоў і дзяўчат, дзе галоўным суддзёй нязменна з’яўляецца В.А.Пішчык. Праводзяцца ва ўстанове адукацыі і алімпійскія дні. Падчас апошняга з іх, “Спорт высокіх дасягненняў”, адбылася сустрэча з майстрам спорту міжнароднага класа па цяжкай атлетыцы Ірынай Мішчук і кандыдатам у майстры спорту па цяжкай атлетыцы Інай Захарчук.

— Многія школьнікі пасля ўрокаў з задавальненнем наведваюць спартыўныя секцыі, — гаворыць В.А.Пішчык. — Пры правядзенні заняткаў прытрымліваюся прынцыпу: спорт для дзяцей, а не дзеці для спорту. Асноўнай мэтай фізічных практыкаванняў з’яўляецца не выхаванне чэмпіёнаў, а падрыхтоўка школьных спартсменаў, выяўленне здольнасцей для іх далейшага ўдасканальвання, развіцця ў дзіцяча-юнацкай спартыўнай школе ці ў школе алімпійскага рэзерву. Вынік карпатлівай працы — перамогі на розных спаборніцтвах раённага і абласнога ўзроўню. Усе ўзнагароды беражліва захоўваюцца ва ўстанове адукацыі. Спартыўныя зоркі школы — гэта шасцікласнікі Яўген Назарук і Марыя Захарчук, сямікласнікі Настасся Кірылава, Аляксандра Косік і Дар’я Косік.

В.А.Пішчык лічыць, што, развіваючы фізічныя здольнасці школьнікаў, трэба працаваць так, каб вучні маглі выканаць нарматывы, справіцца з існуючымі патрабаваннямі. Зразумела, гэта не ва ўсіх вучняў атрымліваецца адразу, таму некаторыя з іх пачынаюць страчваць цікавасць да прадмета. Задача настаўніка — падтрымаць вучняў словам, растлумачыць, што любая вялікая перамога абавязкова пачынаецца з маленькай.

Ёсць у Віталя Ануфрыевіча педагагічная мара — выгадаваць алімпійскага чэмпіёна ці чэмпіёна Еўропы. Але найперш настаўнік хоча, каб усе яго вучні былі здаровымі і ніколі не забывалі дарогу ў спартыўную залу і басейн, на стадыён і тэнісны корт. Каб здаровы лад жыцця вялі ўсё жыццё.

Мікалай НАВУМЧЫК,
намеснік дырэктара па вучэбна-метадычнай рабоце
Маларыцкай раённай гімназіі.

Фота аўтара.

Дзень здароўя

Выдатнае здароўе, моцнае і загартаванае цела, спрыт, моцная воля, сфарміраваныя ў працэсе заняткаў фізічнай культурай і здароўем, з’яўляюцца добрай асновай для інтэлектуальнага і разумовага развіцця чалавека. Дасягнуць высокай фізічнай дасканаласці, пазбавіцца ад некаторых прыроджаных і набытых фізічных недахопаў можна толькі шляхам правільнага і сістэматычнага выкарыстання фізічных практыкаванняў.

На жаль, да гэтага часу многія бацькі не разумеюць вялізнага аздараўленчага значэння фізічнай культуры, не надаюць належнай увагі фізічнаму выхаванню сваіх дзяцей. Таму задача выкладчыка — тлумачыць станоўчае ўздзеянне фізічнай культуры на агульны стан здароўя і фізічнае развіццё дзяцей.

Як паказвае практыка, дзеці з павышаным рухальным рэжымам, якія актыўна займаюцца фізічнай культурай, лепш за сваіх аднагодкаў паспяваюць ў вучобе. Акрамя таго, у іх павышаецца ўстойлівасць да прастудных захворванняў.

У Курманаўскім ВПК дзіцячы сад — сярэдняя школа стала добрай традыцыяй правядзенне спартыўных мерапрыемстваў. Восьмага кастрычніка ва ўстанове адукацыі прайшоў Дзень здароўя для навучэнцаў 3-11 класаў. Спартыўнае мерапрыемства спрыяла паляпшэнню навыкаў шпаркасці, спрыту, арганізаванасці, развіццю сілы і спрыту навучэнцаў.

Аляксандр БЛАХІН,
настаўнік фізічнай культуры і здароўя
Курманаўскага ВПК дзіцячы сад — сярэдняя школа Мсціслаўскага раёна.

Педагагічная неабходнасць

Праблема выкладання прадмета “Фізічная культура і здароўе” ў школе не з’яўляецца новай. У сучасным грамадстве дзеці ў большасці сваёй вядуць маларухомы лад жыцця, рэдка наведваюць спартыўныя секцыі і аб’яднанні па інтарэсах. Ды і на ўрокі фізічнай культуры ходзяць без цікавасці, часта прапускаюць іх.

У той жа час сучасны свет патрабуе фізічна моцных, здаровых, мэтанакіраваных стваральнікаў прагрэсу. Таму ўрок фізічнай культуры з’яўляецца стрыжнем фарміравання і выхавання фізічна здаровай, гарманічна развітой асобы.

Што ж зрабіць, каб урок фізкультуры стаў любімым у школьнікаў? Як прывабіць дзяцей у спартзалу і на стадыён? Неабходна змяніць свае адносіны да ўрока нам самім, настаўнікам. Свет мяняецца, а мы, настаўнікі фізічнай культуры, не спяшаемся… Часта ўрок як вёўся па пэўнай методыцы 30 гадоў назад, так вядзецца і сёння. У свет лічбавых тэхналогій, інтэрнэту, глабальнай інфармацыйнай сеткі мы спрабуем навучыць дзяцей даўнейшым дзедаўскім спосабам.

Якое ж дачыненне маюць камп’ютарныя тэхналогіі да ўрока фізічнай культуры, калі дзеці і так мала рухаюцца? На працягу пяці гадоў у Капцёўскай сярэдняй школе Гродзенскага раёна рэалізоўваўся рэспубліканскі інавацыйны праект “Укараненне электронных сродкаў навучання (ЭСН) на ўроках фізічнай культуры па раздзелах “Футбол”, “Баскетбол”, “Лёгкая атлетыка”, “Спартыўна-аздараўленчы турызм”. Асноўным напрамкам праекта быў спартыўна-аздараўленчы турызм. Электронны падручнік стаў адкрыццём як для нас, так і для ўсёй сістэмы выкладання ў цэлым.

Па-першае, варта прызнаць, што любы настаўнік фізкультуры (нават вышэйшай катэгорыі) не ў стане прафесійна паказаць і растлумачыць, адпаведна, і якасна навучыць усім відам спорту, якія прапаноўваюцца комплекснай праграмай. Па-другое, пры дапамозе ЭСН аблягчаецца падрыхтоўка да ўрока, паляпшаецца яго якасць, удасканальваецца методыка навучання. Па-трэцяе, настаў час пачаць гаварыць з нашымі навучэнцамі на адной мове — мове камп’ютарных тэхналогій. Уменні і навыкі, атрыманыя пры дапамозе ЭСН, лепш засвойваюцца, чым пры паказе толькі настаўнікам. Урок становіцца больш цікавым, дынамічным, эмацыянальным. Прычым шчыльнасць урока не толькі не змяншаецца, а нават павялічваецца. Па-чацвёртае, пры дапамозе ЭСН адпрацоўваюцца і карэкціруюцца нават самыя нязначныя элементы тэхнічных прыёмаў, якія незаўважныя пры стандартным навучанні. А навучэнцы могуць самастойна выпраўляць свае памылкі, працуючы з электронным падручнікам.

У выніку інавацыйнага праекта наша школа, у якой вучыцца ўсяго 162 навучэнцы, заняла ў раёне лідзіруючыя пазіцыі па баскетболе, футболе, лёгкай атлетыцы. Навучэнцы выступаюць на абласных і рэспубліканскіх спаборніцтвах, маюць прызавыя месцы. Прычым штатных трэнераў у нас няма. А па спартыўным турызме школа стала адной з самых моцных школ Гродзенскай вобласці.

Дарэчы, напрыканцы жніўня вучні Капцёўскай сярэдняй школы ўдзельнічалі ў спартыўным паходзе 1-й катэгорыі складанасці па Гомельскай вобласці. За дзевяць паходных дзён было пройдзена 103 кіламетры. Капцёўскія турысты наведалі Рэчыцу, Светлагорск, Жлобін, вёскі і аграгарадкі Гомельшчыны, пазнаёміліся з гісторыяй і культурай краю, з побытам і жыццём мясцовых жыхароў, наведалі мясціны баявой славы беларускага народа часоў Вялікай Айчыннай вайны, правялі працоўны дэсант па прывядзенні ў парадак мемарыяла воінам-вызваліцелям у вёсцы Антонаўцы Жлобінскага раёна. У гэтых мясцінах дзейнічаў славуты партызанскі атрад “Смерць фашызму!”. Мемарыял знаходзіцца на рацэ Ола за 10 км ад Светлагорска, дзе ў 1944 годзе фашысты расстралялі і спалілі 1720 жыхароў, з якіх 970 — дзеці.

Трэба адзначыць, што навучэнцы нашай школы за лета прайшлі тры спартыўныя паходы 1 і 2 катэгорыі складанасці: па Гродзенскім раёне, Гомельскай вобласці і ўкраінскіх Карпатах. Разам гэта складае 320 кіламетраў.

І самае галоўнае: урок фізічнай культуры стаў любімым у нашых школьнікаў, а прадмет — самым галоўным у школе.

Сяргей ПАЎЛЕНКА,
настаўнік фізічнай культуры і здароўя
Капцёўскай сярэдняй школы Гродзенскага раёна.

Працяг — у вучнях

У настаўніка фізічнай культуры і здароўя Паўлавіцкай сярэдняй школы імя Г.А.Худалеева Кіраўскага раёна Валерыя Вароніча ў дзяцінстве была маса захапленняў. Яго цікавіла ўсё вакол. Акрамя вучобы ў школе, ён паспяваў наведваць разнастайныя гурткі: музычны, харэаграфічны, авіямадэльны, спартыўны, шашачны… Аднак, калі прыйшоў час вызначацца з прафесійным шляхам, прыярытэт аддаў спорту. І прычым вырашыў стаць не спартсменам, а педагогам.

— У выпускных класах я зразумеў, што менавіта заняткі спортам прыносяць мне найбольшае задавальненне. А яшчэ больш падабалася далучаць да спорту іншых. Тады і вырашыў працягваць адукацыю на факультэце фізічнага выхавання Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы, стаць настаўнікам фізкультуры. Гэтая прафесія не толькі дае магчымасць займацца любімай справай усё жыццё, але і ўкладваць у вучняў свой патэнцыял спартсмена, чалавека, педагога, — гаворыць Валерый Іванавіч.

Атрымаўшы дыплом, малады спецыяліст Вароніч па размеркаванні паехаў у родны Кіраўск. Але абставіны склаліся так, што ў гарадскіх школах вакантных месцаў не аказалася. А вось у сярэдняй школе ў Паўлавічах якраз не хапала настаўніка фізкультуры.

— Калі прыйшоў туды на працу, думаў, што гэта ўсё часова: адпрацую належны тэрмін і знайду вакансію ў горадзе. Але праўду гавораць, што няма нічога больш пастаяннага, чым часовае. У гэтай навучальнай установе выдатны педагагічны калектыў, мудрае кіраўніцтва, добрыя вучні. Тут я адразу адчуў сябе на сваім месцы, — расказвае Валерый Вароніч.

У Паўлавіцкай школе Валерый Іванавіч працуе на працягу вось ужо 23 гадоў. За гэты час ён выпрацаваў свае методыкі выкладання. Усе без выключэння навучэнцы з задавальненнем ідуць на ўрокі фізічнай культуры і здароўя. Прагульшчыкаў у педагога няма, дысцыпліна на занятках жалезная.

— Я стараюся захапіць, зацікавіць дзяцей прадметам, бо прымусам абудзіць любоў да фізкультуры і спорту не атрымаецца, — лічыць Валерый Вароніч. — Узровень фізічнай падрыхтоўкі дзяцей у класах розны. Таму выкарыстоўваю на ўроках рознабаковыя методыкі, заданні, зыходзячы пры гэтым з магчымасцей і цікавасці вучня. Стараюся таксама, каб урокі былі сістэмнымі, паэтапна вялі дзяцей да фізічнага самаўдасканалення. Матывацыю да заняткаў фізкультурай павышаю і асабістым прыкладам, — гаворыць Валерый Іванавіч.

Са сваімі вучнямі ён сустракаецца і ў пазаўрочны час. Спартыўная зала і гульнявыя пляцоўкі школы працуюць амаль бесперапынна. Заняткі спортам, спаборніцтвы тут праходзяць па вечарах, суботах і ўлетку. Неад’емнай часткай педагагічнай дзейнасці Валерыя Вароніча з’яўляюцца таксама правядзенне для вучняў турыстычных паходаў, велапрабегаў, арганізацыя палатачных летнікаў.

Не забываецца настаўнік і пра здольных да спорту дзяцей. Запрыкмеціўшы такіх вучняў яшчэ ў пачатковых класах, Валерый Іванавіч на працягу астатніх гадоў навучання займаецца з імі дадаткова ў індывідуальным парадку. Такі падыход прыносіць адпаведны вынік. На працягу апошніх васьмі гадоў навучэнцы Паўлавіцкай сярэдняй школы з’яўляюцца пераможцамі раённай спартакіяды школьнікаў. Уваходзячы ў склад зборных каманд вобласці, яны перамагаюць на такіх спаборніцтвах, як мнагаборства “Здароўе”, “Снежны снайпер” і інш.

Акрамя дасягненняў вучняў, у скарбонцы Валерыя Вароніча нямала і асабістых. Ён прызёр раённага конкурсу “Настаўнік года”, пераможца рэспубліканскіх конкурсаў метадычных распрацовак “Час футбола”, “Здаровае лета”. Неаднаразова адзначаўся ганаровымі граматамі мясцовых выканаўчых улад.

— Прыемна, што добрасумленная праца не застаецца незаўважанай. Але больш значны для мяне мой працяг у вучнях, — падкрэслівае Валерый Іванавіч. — Многія з іх сталі настаўнікамі, трэнерамі, добрымі кіраўнікамі ў сферы фізічнай культуры і спорту. Менавіта гэта лічу сваім галоўным педагагічным дасягненнем.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота аўтара.

“Малыя летнія алімпійскія гульні” ў “Праменьчыку”

Пакуль спартсмены з усяго свету, у тым ліку і нашы землякі, змагаюцца за званне чэмпіёнаў на летніх Алімпійскіх гульнях у Бразіліі, педагогі спрабуюць выхаваць ім годную змену ці проста пазнаёміць з гісторыяй Алімпійскіх гульняў, прывіць цікавасць да фізічнай культуры і спорту.

Так, у гомельскім дашкольным цэнтры развіцця дзіцяці “Праменьчык” правялі “Малыя летнія алімпійскія гульні”.

Як паведаміла намеснік загадчыка дашкольнай установы Вера Конан, правядзенню свята папярэднічала вялікая работа. Педагогі знаёмілі выхаванцаў з гісторыяй узнікнення Алімпійскіх гульняў і алімпійскай атрыбутыкай, у групах праводзіліся гутаркі, а хлопчыкі і дзяўчынкі развучвалі вершы, песні, загадкі, прыказкі і прымаўкі на адпаведную тэму, разглядалі рэпрадукцыі, ілюстрацыі з відамі спорту, альбомы “Знакамітыя спартсмены-землякі”, “Беларусь — спартыўная краіна”. Акрамя таго, супрацоўнікамі цэнтра было арганізавана знаёмства выхаванцаў са спартыўнымі пляцоўкамі, спартыўнымі палацамі і комплексамі нашага горада.

Тэма алімпійскага руху прайшла і праз гульнявую дзейнасць дзяцей. Вялікі ўклад у арганізацыю і правядзенне свята ўнеслі педагогі старшых груп, музычныя кіраўнікі і кіраўнік фізічнага выхавання. Педагогі актыўна ўдзельнічалі ў правядзенні трэніровачных эстафет і іх элементаў, былі абноўлены і папоўнены матэрыяламі і атрыбутамі спартыўныя куткі груп, а выхаванцы падрыхтавалі матэрыялы для выстаў “Мы са спортам сябруем” і “Алімпійская сімволіка”.

Не засталіся ўбаку і сем’і выхаванцаў. Бацькі ўдзельнічалі ў анкетаванні аб фарміраванні ў сваіх дзяцей станоўчых адносін да фізкультуры і спорту, стваралі з дзецьмі сямейныя газеты. Дзеці старшых груп наведалі разам з бацькамі футбольны матч на адным са стадыёнаў абласнога цэнтра.

Адкрыццё “Малых летніх алімпійскіх гульняў” традыцыйна пачалося з узняцця сцяга і запальвання алімпійскага агню. Героямі свята сталі Лета, Алімпішка і госць з Бразіліі. Тут жа былі і клоўны, якія забаўлялі жартоўнымі конкурсамі балельшчыкаў.

У праграме спартыўнага свята каманды-ўдзельніцы пазмагаліся за ўзнагароды ў эстафетах з алімпійскімі факеламі “Перадача Алімпійскага агню”, абручамі “Алімпійская эмблема”, “Калясніца”, эстафеце “Скачкі з гантэлямі” і інш.

Пасля таго як журы назвала пераможцаў, каманды атрымалі ўзнагароды — медалі і салодкія прызы.
“Малыя летнія алімпійскія гульні” ў “Праменчыку” запомняцца дзецям не толькі спартыўнымі спаборніцтвамі. У завяршэнне свята для іх быў падрыхтаваны дзіўны сюрпрыз. На пляцоўку на сапраўднай пажарнай машыне выехалі роставыя лялькі — заяц Фiлька і ліса Лілька, і пачаліся гульні з вадой.

— Арганізоўваючы такое спартыўнае свята, мы кіраваліся перш за ўсё матывамі здароўезберажэння выхаванцаў, ідэямі навучыць іх працаваць у камандзе і выхаваць пачуццё ўзаемадапамогі, — расказала загадчык дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці “Праменьчык” Ларыса Яськова. — Заняткі спортам прывіваюць дзіцяці такія немалаважныя якасці, як смеласць, мэтанакіраванасць, рашучасць, працавітасць, упартасць. Усё гэта, безумоўна, дапаможа ў жыцці кожнаму дзіцяці, незалежна ад таго, звяжуць яны сваю будучыню са спортам ці не. Таму мы маем намер і далей развіваць ва ўстанове алімпійскія традыцыі.

Наталля ЛУТЧАНКА.

Ці стане жаба царэўнай?

Маючы зносіны з настаўнікамі фізкультуры, я сярод іншага цікаўлюся, як яны адносяцца да ідэі безадзнакавага навучання. Пераважную большасць адказаў можна аб’яднаць фразай: “Яны і так не хочуць займацца…”. Ці такім магутным стымулам з’яўляецца для навучэнца атрыманая адзнака? Напрыклад, калі ён прабег 30 метраў на “тры”, ці будзе гэтая “тройка” з’яўляцца прычынай для развіцця ім сваіх скорасных якасцей? А калі на “дзесяць”? Усё — стоп, бо я дасягнуў мяжы, я дасканалы? І ўвогуле, з чым або з кім параўноўваць? З нарматывам? Але ж і “адзінка”, і “дзясятка” — станоўчыя адзнакі. Значыць, вынікі і на “адзінку”, і на “дзясятку” — норма? Што тады не норма і навошта градацыя “нармальнасці”? І яшчэ, я добры, калі мы з Ягорам прабеглі на “дзесяць”, але ён усё ж абагнаў мяне?

Рыхтуючыся да чарговага семінара, я яшчэ больш упэўніўся ў думцы пра неабходнасць пераходу да безадзнакавай сістэмы навучання па прадмеце “Фізічная культура і здароўе”. На цяперашні момант для ўсіх навучэнцаў агульнаадукацыйнай школы, аднесеных па стане здароўя да асноўнай і падрыхтоўчай групы, абавязковымі з’яўляюцца два ўрокі фізкультуры і “Гадзіна здароўя і спорту”. ГЗС — факультатыў, але абавязковы; ГЗС — факультатыў, але настаўнік за яго выстаўляе адзнакі ў журнал (дарэчы, толькі бягучыя); ГЗС — факультатыў, але запісваецца на старонках, адведзеных для фізкультуры. ГЗС — суперфакультатыў або недаўрок? Не стану апісваць сістэму ацэньвання па прадмеце “Фізічная культура і здароўе”, скажу толькі, што настаўніку, для таго каб паставіць адзнаку за чвэрць, перш неабходна на аснове бягучых вывесці тры, а то і чатыры прамежкавыя…

Крытыкуеш — прапаноўвай! Прапаноўваю. Псіхолаг і філосаф Эрых Фром, звяртаючыся да праблемы адносін чалавека да навакольнага свету, увёў паняцце арыентацыі. Ён вылучаў плённую і шэраг няплённых арыентацый. Плённая арыентацыя — гэта рэалізацыя чалавекам яго магчымасцей, стваральных здольнасцей. Да плённай арыентацыі здольны любы чалавек, не скалечаны ментальна або эмацыянальна. Чалавек з плённай арыентацыяй — гэта, па выказванні Эрыка Берна, “прынц”. Пазіцыя “прынца” такая: “Я — добры, Ты — добры” (сітуацыя поспеху). Людзі з няплённай арыентацыяй — “жабы”. Іх пазіцыі адрозніваюцца: “Я — добры, Ты — дрэнны” (перавага), “Я — дрэнны, Ты — добры” (дэпрэсіўнасць), “Я — дрэнны, Ты — дрэнны” (безнадзейнасць). Пазіцыі “жаб” апрыёры няплённыя. “Жабамі” — нараджаюцца, “прынцамі” — становяцца. Задача настаўніка — спрыяць станаўленню “прынцаў”: актуалізацыі ў навучэнцаў плённай арыентацыі.

У цяперашні момант ацэньванне па прадмеце “Фізічная культура і здароўе” носіць параўнальны характар, накіраваны ВОНКІ: “Я — нарматыў”. Гэта выклікае ланцуговую рэакцыю: “Я — клас”, “Я — паралель”, “Я — школа” і г.д. Гэтыя параўнанні заўсёды няплённыя. Калі перавага на карысць “Я”, то мы спрыяем станаўленню, выказваючыся тэрміналогіяй Э.Берна, карычневай “жабы” (“Я — добры, Ты — дрэнны” — перавага). Адваротная сітуацыя дае нам або зялёную (“Я — дрэнны, Ты — добры” — дэпрэсіўнасць), або шэрую (“Я — дрэнны, Ты — дрэнны” — безнадзейнасць) “жабу”. У сістэме “Я — нарматыў” няма месца “прынцу”. Відавочна, што неабходны пераход да безадзнакавай сістэмы ацэньвання, якая носіць параўнальны характар, накіраваны на сябе: “Я — Я ранейшы”. У якасці эталона для параўнання выступае не нарматыў і адпаведны яму бал, а ранейшае найлепшае дасягненне самога навучэнца. Ацэньванне ажыццяўляецца настаўнікам выключна ў слоўнай форме. Канечне, гэтая сістэма не выключае параўнанняў тыпу “Я — клас”, “Я — паралель”, “Я — школа”. Аднак цяпер акцэнт робіцца выключна на сабе: я добры (дрэнны) не ад таго, што ты дрэнны (добры), а таму, што ў мяне ёсць ці няма прыросту. Такім чынам падтрымліваецца імкненне навучэнца трапіць у пазіцыю “прынца”, падкрэсліваецца яго індывідуальнасць.

Менавіта пра індывідуальнасць трэба весці гаворку, бо фізічныя якасці (скорасныя, сілавыя і г.д.) у кожнага вельмі ІНДЫВІДУАЛЬНЫЯ. Калі настаўнік фізкультуры падае каманду: “Вышэй тэмп!”, ён звяртаецца да кожнага навучэнца індывідуальна. Але калі следам гучыць каманда: “Не расцягвацца!” або “Падцягніся!”, то тут ужо ідзе апеляцыя да ўсяго класа, дапускаючы тым самым, што ён (клас) таксама надзелены фізічнымі якасцямі і што ён не вытрымаў тэмпу нейкага эталона. Не існуе агульнага эталона! Таму на пытанне “Я добры, калі Ягор усё ж абагнаў мяне?”, існуе адзіна правільны адказ: “І я добры, І Ягор добры, таму што мы абодва прабеглі ў СВАІМ максімальным тэмпе”.

Максім МІКУЛІЧ,
настаўнік фізічнай культуры і здароўя
Ясенскага дзіцячага сада — сярэдняй школы Асіповіцкага раёна
Магілёўскай вобласці, член клуба “Крыштальны журавель”.