Час харыстаў не прайшоў!

Сёння вялікая рэдкасць, калі дзіця спявае ў хоры. Для большасці гэта — перажыткі мінулага, калі ўсіх вучылі быць як усе: хадзіць строем, апранацца аднолькава, вучыць рачоўкі, спяваць хорам. Сучасная ж моладзь імкнецца быць у цэнтры ўвагі і ва ўсім выдзяляцца: ад эпатажнага вобраза да неардынарнага хобі. А калі ўсё ж гаворка ідзе пра вакальнае развіццё, то ў марах толькі эстрадная кар’ера і зноў-такі са сваім уласным стылем. Таму выхаванцы Мінскага дзяржаўнага палаца дзяцей і моладзі хутчэй выключэнне з правіл.

30 гадоў славы

У гэтыя дні заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь хор “Крынічка” Мінскага дзяржаўнага палаца дзяцей і моладзі святкуе чарговую круглую дату — 30-годдзе. Час харыстаў яшчэ не прайшоў, аб гэтым гаворыць тое, што ў хоры ў трох узроставых групах больш за 150 чалавек! Самым маленькім няма і 4 гадоў, а права голасу для старэйшых харыстаў тут не абмяжоўваецца гадамі. Ёсць нават дарослыя харысты, якія спяваюць у старшай групе, а іх дзеці ў малодшай групе. На іх юбілейны канцэрт, які пройдзе ў Дзяржаўнай філармоніі ў суботу, даўно няма ніводнага білета.

Калектыў — жаданы госць і на замежных пляцоўках. Хор “Крынічка” — лаўрэат фестывалю поліфанічнай музыкі ў Італіі, фестывалю творчых калектываў “Міленіум-2000” у Вялікабрытаніі, фестывалю харавых калектываў у Нідэрландах. Геаграфія гастрольных паездак юных спевакоў шырокая — Германія і Аўстрыя, Польшча і Румынія, Нідэрланды і Італія, ЗША і Вялікабрытанія, Францыя і Балгарыя і інш. Некалькі гадоў назад хор “Крынічка” быў удастоены генеральнай аўдыенцыі ў Іаана Паўла II у Ватыкане. Прымаў удзел калектыў і ў міжнародных дабрачынных акцыях, напрыклад, у ходзе адной з іх, “Дзеці — дзецям”, якая праходзіла ў ЗША і мела сваёй мэтай збор грошай для хворых дзяцей Беларусі, было сабрана 10 тысяч долараў, якія былі перададзены ў дзіцячую бальніцу № 3 Мінска.

Людміла Уладзіміраўна Налівайка, канцэртмайстар старшага хору “Крынічка”, запэўнівае, што сакрэт такога поспеху — у асобе стваральніка і нязменнага мастацкага кіраўніка, дырыжора Наталлі Віктараўны Суханавай, якая, нягледзячы на сваю знешнасць — далікатная, невысокая, стрункая, — унутры мае неверагодны стрыжань, дзякуючы чаму з поспехам закруціла гэты велізарны механізм пад назвай “хор”, які тры дзесяцігоддзі ні на дзень не прыпыніўся і, наадварот, толькі набірае свой ход. Вось чаму Людміла Уладзіміраўна не перастае здзіўляцца ўжо 25 гадоў, якія працуе з ёй поруч.

“Пачынала Наталля Віктараўна з маленькай групы, якая хутка пашыралася, — успамінае Людміла Уладзіміраўна. — Так з’явіліся малодшы і сярэдні хор, атрымалася база для пераходу ў розныя ўзроставыя групы: не набіраць, а рыхтаваць сабе харыстаў — шмат значыць. Выхоўваючыся разам з маленькага ўзросту, яны вельмі адданыя калектыву, жывуць яго жыццём, нягледзячы на тое, што ў будучыні яны перагружаны школай, вучобай, сям’ёй, дзецьмі, — час для заняткаў знаходзяць заўсёды.

Безумоўна, сакрэт і ў самім рэпертуары. Калі мы не знаходзім у класічным варыянце тое, што шукаем, мы ствараем яго самі: у нас працуюць лепшыя ў горадзе аранжыроўшчыкі і гукарэжысёры. У нашым рэпертуары і сучасныя дзіцячыя песні, што дапамагае пашыраць дзіцячы кругагляд і выхоўваць музычнасць, і эстрада, і класіка, і фальклор, і дуэты, і квартэты. Удзельнікі хору спяваюць на некалькіх мовах — англійскай, італьянскай, лацінскай, беларускай, рускай, нямецкай, іўрыце. Пры харавым калектыве існуе фальклорны гурт, у рэпертуары якога — народныя беларускія песні з элементамі танца ў суправаджэнні народных інструментаў.

Мы выкарыстоўваем дзіцячыя здольнасці так, што атрымліваецца шоу. У нас няма статычнасці, праграмы яркія, насычаныя. Калі новыя людзі трапляюць на нашы канцэрты, яны крыху збянтэжаны такой шматпланавасцю. І за 30 гадоў наш рэпертуар ні разу не паўтарыўся. Мы робім стаўку і на атмасферу — яна ў нас цёплая, сямейная, душэўная. Дзецям тут камфортна. Вось чаму, нягледзячы на тое, што сёння дзяцей зацікавіць чымсьці вельмі цяжка, нашы рады папаўняюцца. Ды і мы, адчуваючы дзіцячую энергію, не маем права старэць”.

Фінансы спяваюць рамансы…

“Калі гаварыць увогуле пра Беларусь, то, на жаль, сёння харавыя спевы не вельмі папулярныя, — гаворыць Наталля Віктараўна Суханава. — Некалі ў нас было шмат школ і харавых аддзяленняў. Увесь Мінск спяваў, было шмат дастойных калектываў ва ўсёй краіне.

Падчас навучання ў кансерваторыі мне пашчасціла вучыцца ў Віктара Уладзіміравіча Роўды, народнага артыста Беларусі і СССР, мастацкага кіраўніка і галоўнага дырыжора Акадэмічнага хору Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі Рэспублікі Беларусь. Тады мы часта выязджалі ў Прыбалтыку на святы песні. Былі велізарныя пеўчыя палі і гучалі харавыя калектывы тысячы па дзве харыстаў! Гэта была харавая культура.

Сёння ж мы — аблічча палаца і, на шчасце, творчасць хору не губляе актуальнасці, ніводнае знаёмства з установай не праходзіць без “Крынічкі”.

Так спрабуе патлумачыць поспех і папулярнасць хору яго кіраўнік, сціпла ўтойваючы свае ўласныя намаганні.

Невядомы кумір

А пачынаюцца гэтыя намаганні з самага складанага — матываваць дзіця спяваць менавіта ў хоры, растлумачыць, што, нават стоячы ў некага за спінай, можна быць навідавоку, знайсці аргументы, што аўдыторыя можа любіць творчасць калектыву, нават не ведаючы імён усіх яго ўдзельнікаў, што, аб’ядноўваючы галасы рознай сілы і тэмбру, музыка набывае аб’ём, гарманічнасць. Наталля Віктараўна ўпэўнена, што тлумачыць гэта дзіцяці — дарэмная трата часу: яно ўсё роўна гэтага не зразумее, — лепш даць яму адчуць гэта. І пакуль дзіця сябе спрабуе, Наталля Віктараўна робіць стаўку на бацькоў. Ім яна і тлумачыць, што любому артысту, які плануе кар’еру на эстрадзе, усё роўна неабходна прайсці акадэмічную школу спеваў. Такая школа — значная дапамога і для паступлення і навучання ў музычнай школе. Пройдзеш гэтую прыступку, навучышся валодаць голасам — ідзі на эстраду.

І сапраўды, напачатку амаль усе ўспрымаюць хор як прыступку на эстраду, але ж саступаць з яе, маючы ўсе правы і магчымасці, асабліва ніхто не спяшаецца. І справа не толькі ў тым, што эстрадная кар’ера патрабуе вельмі вялікіх сродкаў, а ў тым, што нікому ўжо не трэба творчасці па-за межамі хору. Дарэчы, калі ёсць жаданне, і ў калектыве ў эстраднай групе ёсць магчымасць рабіць сольную кар’еру. Толькі жадаючых спяваць сола тут няшмат.

Наталля Марцінкевіч спявае ў хоры яшчэ з часоў сваёй вучобы ў школе з харавым ухілам. Яна ўжо вырасла, атрымала адукацыю, працуе менеджарам па продажы, але не развітваецца з хорам — 25 гадоў спявае ў калектыве.

“Я прыйшла ў хор гадоў у 11 і амаль адразу трапіла ў канцэртную групу да Наталлі Віктараўны, — успамінае Наталля. — Мне падабалася ўсё — і калектыў, і тая атмасфера, якая ў нас была. І думак кінуць усё гэта ў мяне не было ні разу. Дагэтуль мы сустракаемся, рэпеціруем, адзначаем разам усе святы, разам адпачываем, тэлефануем адно аднаму, прычым не толькі з нагоды репетыцый”.

У хоры амаль палову свайго пакуль яшчэ кароткага жыцця спявае і дачка Наталлі — 8-гадовая Паліна. Дзяўчынка, як і мама, з дзяцінства любіць спяваць, але для яе было вельмі важна здзейсніць сваю мару — спяваць з мамай на адной сцэне.

“Каб дзіця зацікавіць хорам, дастаткова хоць раз узяць яго на рэпетыцыю, — тлумачыць захопленасць музыкай у сваёй дачкі Наталля. — У нашым хоры большасць навічкоў — тыя, хто трапіў на наш канцэрт. Ён разбівае ўсе стэрэатыпы пра хор, сярод якіх самы галоўны — што ў ім губляецца індывідуальнасць. У хоры кожны ведае сваё месца, ведае, што толькі ён можа праспяваць сваю партыю так, як спявае ён. Харавыя калектывы, якія былі некалі даўно, і наш — розныя рэчы. У нас не адзін саліст, як было некалі, а ледзь не кожны”.

Але, на думку Наталлі, у хоры ёсць яшчэ больш значнае, чым уласная рэалізаванасць: “Хор — гэта другое жыццё, духоўнае. Музыка шмат дае чалавеку. Гэта іншае вымярэнне, у якім — свае перажыванні, радасці, надзеі. Пераступаеш парог палаца — і абстрагуешся ад усіх сваіх праблем. Гэта аддушына. І, безумоўна, усім нам падабаецца спяваць, падабаецца тое, што мы робім”.

З гэтым згодны і Аляксей Півавар. Яму 25 гадоў, і 15 з іх ён спяваў у хоры. Яшчэ да нядаўняга часу вучыў палітычныя навукі ў магістратуры аднаго з універсітэтаў Бельгіі для работы ў ААН, але ўсё роўна яго вабіць музыка.

“Кожны раз, калі прыязджаў на канікулы, прыходзіў на хор — проста сядзеў і слухаў, — гаворыць Аляксей. — Цяпер я зноў сюды вярнуўся, бо тут я знаходжу тое, чаго не магу знайсці больш нідзе”.

Рэпертуар-«салянка» для любой аўдыторыі

Не дае зрабіць хор толькі кароткім этапам свайго жыцця і сама творчасць. “Калі хлопцы, якім ужо за 20, на вуліцы сустрэчным скажуць, што ідуць на хор, тыя пакруцяць пальцам ля скроні — у такім узросце — і на хор? — усміхаецца Наталля Віктараўна. — Але яны кажуць, што ў нас незвычайны хор. Мы ў сваім рэпертуары маем творы на любую аўдыторыю. Мы не ведаем, дзе ў нас заўтра будзе канцэрт, таму праграма наша будуецца так, каб было ўсяго патрошку, каб было цікава любому гледачу. І такая “салянка” — і блок духоўнай музыкі, і свецкай, народнай, блок эстраднай музыкі, руска-еўрапейскай класікі — стала традыцыяй кожнага канцэрта”.

Дарэчы, што да аўдыторыі, то ёсць вялікая розніца ва ўспрыманні творчасці “Крынічкі” аўдыторыяй. Па словах Наталлі Віктараўны, юныя беларусы ўспрымаюць намнога спакайней, і ўвогуле вялікай патрэбы ў жывым гучанні ў іх, на жаль, няма — большасці з іх хапае тэлебачання. А вось дарослыя ўспрымаюць харавыя спевы захоплена, асабліва за мяжой. Сярод іх заўсёды ёсць мігранты з Беларусі, і калі гучыць “Белавежская пушча” ці нешта такога кшталту, яны выціраюць слёзы. Яны падыходзяць пасля канцэрта да артыстаў і доўга гутараць з імі пра музыку, пра творчасць, пра Беларусь.

З музыкай па жыцці

Адчуўшы, якая гэта асалода — спяваць для тых, хто гэта цэніць, многія з выхаванцаў “Крынічкі” самі мараць пра музычную кар’еру. Вось чаму яны прыязджаюць на рэпетыцыі з усяго горада, з розных школ, розных змен, розных УВА. Самы рабочы дзень — нядзеля. Толькі ў гэты дзень яны могуць праводзіць зводныя рэпетыцыі. Удзельнікі калектыву шмат гадоў запар не ведаюць, што такое адпачынак у нядзелю. У іх няма ні канікул, ні свят — усе вольныя дні яны ў палацы.

“Некаторыя нашы выхаванцы звязваюць жыццё з музыкай, — гаворыць Наталля Віктараўна. — Напрыклад, Таццяна Клімянкова — кіраўнік хору, Настасся Гіль вучыцца ў Пецярбургу ў кансерваторыі на вакальным аддзяленні, Марыя Фішман скончыла музычнае вучылішча, а Алёна Якавук яшчэ вучыцца там на вакальным аддзяленні. Надзея Кароль вучыцца ў Акадэміі музыкі, Таццяна Шуранкова і Святлана Карасёва атрымалі спецыяльнасць “Эстрадны вакал” у Інстытуце сучасных ведаў. Саша Няхай яшчэ школьніца і спявае сольна. Можна доўга пералічваць, але ўсё роўна іх будзе куды менш, чым тых, хто вучыцца і працуе па іншай спецыяльнасці, але працягвае спяваць у нашым хоры. Мне прыемна, што яны ўжо не могуць без музыкі. Яны тут знайшлі сяброў і адлучыцца ад іх ім складана. Гэта мяне найбольш радуе, і я лічу гэта галоўным дасягненнем нашага калектыву”.

Калі бачыш такіх паслядоўнікаў, можна быць упэўненым, што колькасць беларусаў, аматараў жывой музыкі, будзе павялічвацца — і на сцэнах, і ў залах. І залы будуць напаўняцца тымі, хто будзе ацэньваць выканаўцаў не па дэцыбелах, якія выдавалі калонкі, а па тым паслясмаку, які застаецца ад адчування аб’ёму і глыбіні гуку ў некалькі дзясяткаў галасоў.

Святлана НІКІФАРАВА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА і з архіва хору “Крынічка”.

З песняй па жыцці

І праз далечаў даль, і скрозь шолах начны
Я змагу расказаць, што мне скажуць яны…

А расказаць можна шмат, бо хор “Світанак” гімназіі № 7 Маладзечна ў чарговы раз пацвердзіў званне народнага хору. Рэпертуар калектыву самы разнастайны: старадаўнія беларускія песні, руская і замежная класіка, беларускія народныя песні ў апрацоўцы сучасных аўтараў. Можна пачуць і ўсім вядомую “Ой, цветет калина”, і музычныя творы на словы У.Карызны, і сібірскую скарагаворку, і чылійскую народную песню і г.д.


Хор настаўнікаў “Світанак” мае багатую гісторыю. Ён быў заснаваны яшчэ ў сярэдняй школе № 7 у 1969 годзе Мікалаем Георгіевічам Елісеенкавым. А ў 1991 годзе хор атрымаў званне “народны” (узорны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь). На сённяшні дзень калектыў налічвае 28 чалавек. Гэта настаўнікі і работнікі гімназіі, а кіруе з 1995 года незвычайным хорам Вольга Паўлаўна Бялько.

Харавы калектыў шмат робіць для прапаганды музычнай культуры сярод вучняў, бацькоў, насельніцтва. Ужо традыцыйнымі сталі выступленні хору для жыхароў мікрараёна і гасцей гімназіі, спецыяльныя канцэрты для ветэранаў вайны і працы ў санаторыях Маладзечанскага раёна. Адметна, што хор “Світанак” пастаянна ўдзельнічае ў гарадскіх святах і фестывалях.

Калектыў вядомы не толькі ў горадзе, але праявіў сябе і на фестывалі-конкурсе харавой музыкі “Рэха”, стаўшы лаўрэатам.

У рамках Года гасціннасці “Світанак” арганізаваў творчую сустрэчу з народным ансамблем “Вербніца” (Брэст) і яго кіраўніком кампазітарам Віктарам Фяцісавым. Нагодай для радасці стала поўная зала аматараў народных і акадэмічных спеваў. Менавіта такія сустрэчы — імпульс творчай дзейнасці калектыву.

У 2015 годзе народны хор адзначыў сваё 45-годдзе вялікім канцэртным выступленнем. Сярод ганаровых гасцей прысутнічаў кампазітар і прадзюсар Алег Елісеенкаў. Ён адзначыў высокі ўзровень выканаўчага майстэрства калектыву.

Я з табой, а ты, а ты са мною,

Як дзве зорачкі ў адной.

Менавіта так можна сказаць пра кіраўніка і ўдзельнікаў народнага хору “Світанак”, якія не з’яўляюцца прафесійнымі музыкантамі, але жывуць любоўю да песні, да гімназіі, у якой працуюць.

Таццяна РАДКЕВІЧ,
намеснік дырэктара гімназіі № 7 Маладзечна