Супрацоўніцтва для паляпшэння якасці

У Хоцімскім раёне актыўна развіваюць супрацоўніцтва з расійскімі ўстановамі адукацыі.

Як паведаміла выконваючая абавязкі начальніка мясцовага аддзела адукацыі Надзея Барадзіна, узаемадзеянне галоўным чынам накіравана на абмен вопытам у сферы культуры, адукацыі, спорту, турызму, духоўна-маральнага і грамадзянска-патрыятычнага выхавання моладзі.

— Беларуская і расійская сістэмы адукацыі ў многім падобныя. Сумесная адукацыйная дзейнасць дазваляе зрабіць працэс выхавання і навучання дзяцей больш якасным. Нам сапраўды ёсць чаму павучыцца адно ў аднаго. Таму мы імкнёмся да ўстанаўлення трывалых узаемаадносін з расійскімі навучальнымі ўстановамі, — адзначыла Надзея Сцяпанаўна.

Па яе словах, зараз ужо наладжана плённае ўзаемадзеянне з Ершыцкім раёнам Смаленскай вобласці, Суражскім і Клятнянскім раёнамі Бранскай вобласці. У рамках адпаведных пагадненняў распрацаваны сумесныя планы работы. Адметна, што, акрамя паляпшэння арганізацыі вучэбна-выхаваўчага працэсу, супрацоўніцтва з расійскім бокам добра ўплывае і на актывізацыю пазабюджэтнай дзейнасці хоцімскіх навучальных устаноў.

Так, надоечы педагогі і навучэнцы раёна прадставілі ў смаленскім горадзе Ершычы канцэртную праграму, якая дэманстравала ўсю шматграннасць хоцімскіх талентаў. На сцэне хацімчане выступалі з эстраднымі і народнымі песнямі, танцавальнымі нумарамі. Абыякавым канцэрт не пакінуў нікога, у сувязі з чым такую ж праграму плануецца прадставіць у іншых прыгранічных рэгіёнах Расіі.

Увогуле, у найбліжэйшы час на Хоцімшчыне накіраваны на пошук новых агульных кропак судакранання з суседнімі ўстановамі адукацыі. У планах — арганізацыя турыстычных паслуг, адпачынку для расійскіх школьнікаў. Ідэй і задумак мноства. Распрацаваныя мерапрыемствы будуць накіраваны на паляпшэнне якасці адукацыі і рознабаковае развіццё навучэнцаў.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота прадастаўлена Хоцімскім аддзелам адукацыі, спорту і турызму.

Надаць навучанню новую якасць

“Сістэма адукацыі Хоцімскага раёна Магілёўскай вобласці функцыянуе і развіваецца ў кірунку падтрымкі дзяцінства, атрымання якаснай дашкольнай, агульнай сярэдняй, дадатковай і спецыяльнай адукацыі. Педагогі ўдзяляюць вялікую ўвагу асобасна арыентаванаму навучанню, рэалізоўваюць на практыцы ўсе патрабаванні да сучаснага ўрока, у тым ліку праз выкарыстанне ў вучэбна-выхаваўчым працэсе інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій і электронных сродкаў навучання”, — паведаміла в.а.начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму Надзея Сцяпанаўна БАРАДЗІНА.

— Раскажыце, калі ласка, пра асноўныя дасягненні вашых навучэнцаў? Якія адукацыйныя праблемы сёння ў раёне на першым плане?

— У 2016 годзе ў вышэйшыя навучальныя ўстановы краіны паступіла амаль палова нашых выпускнікоў. Лепшыя вынікі былі ў Забелышынскай сярэдняй школе, 75% выпускнікоў якой сталі студэнтамі ўніверсітэтаў, Тросцінскім вучэбна-педагагічным комплексе (66,7% выпускнікоў) і сярэдняй школе № 1 Хоцімска (58,8%). Па выніках удзелу ў цэнтралізаваным тэсціраванні 2016 года нашы навучэнцы прадэманстравалі добрыя веды па рускай мове, біялогіі, гісторыі Беларусі, сусветнай гісторыі, грамадазнаўстве. Але па англійскай мове апынуліся ўсё ж на апошніх пазіцыях у вобласці.

Мы ганарымся сваімі спартыўнымі дасягненнямі: у 2016 годзе аддзел адукацыі, спорту і турызму Хоцімскага райвыканкама восьмы раз заняў першае месца ў вобласці ў круглагадовай спартакіядзе школьнікаў.

Створаны ў раёне і банк даных таленавітай і адоранай навучэнскай моладзі, у якім зараз 30 навучэнцаў. З кожным годам колькасць школьнікаў 4—11 класаў, якія ўдзельнічаюць у раённых алімпіядах па вучэбных прадметах, павялічваецца. У 2016 годзе вучаніца сярэдняй школы № 2 Хоцімска Дар’я Баравікова заваявала дыплом ІІІ ступені на абласным этапе алімпіяды па рускай мове і літаратуры. У сакавіку бягучага года навучэнцы раёна прынялі ўдзел у Расійска-Беларускай алімпіядзе па рускай мове і матэматыцы для дзевяцікласнікаў у Суражы Бранскай вобласці. У выніку па рускай мове дыпломам ІІІ ступені адзначана вучаніца сярэдняй школы № 2 Карына Джавукцян, па матэматыцы — навучэнка гэтай жа школы Яўгенія Башлыкова (дыплом ІІ ступені), а навучэнцы сярэдняй школы № 1 Марыя Янкіна і Аляксандр Рабцаў адзначаны дыпломамі ІІІ ступені.

На жаль, у апошнія гады школьнікі раёна не ўдзельнічаюць у заключных этапах рэспубліканскіх прадметных алімпіяд. Лічу неабходным працягваць правядзенне алімпіяд для малодшых школьнікаў, максімальна аналізаваць іх вынікі пры адборы і далейшай падрыхтоўцы дзяцей да ўдзелу ва ўсіх этапах рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах.

Аб выніковасці работы па фарміраванні даследчай культуры навучэнцаў сведчаць іх перамогі ў конкурсах даследчых работ рознага ўзроўню. У 2016 годзе работа вучняў сярэдняй школы № 2 Хоцімска Дзмітрыя Хучава і Кірыла Старасценкі адзначана дыпломам ІІІ ступені па выніках Рэспубліканскага конкурсу навукова-даследчых работ у секцыі “Беларуская мова”. Гэтыя школьнікі ўдастоены прэміі спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў. У абласным конкурсе даследчых работ заваяваны тры дыпломы вучнямі сярэдняй школы № 1.

У мінулым годзе Ксенія Лысенка з сярэдняй школы № 2 Хоцімска была адзначана дыпломам за выніковы ўдзел у абласным этапе алімпіяды Саюзнай дзяржавы “Расія і Беларусь: гістарычная і духоўная еднасць”. А Паліна Сідарэнка з сярэдняй школы № 2 заняла першае месца ў вочным туры алімпіяды па фізіцы сярод навучэнцаў Магілёўскай вобласці, арганізаваным факультэтам матэматыкі і прыродазнаўства Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.А.Куляшова.

— Як вы ацэньваеце дэмаграфічную сітуацыю на Хоцімшчыне? Якія меры па аптымізацыі сістэмы адукацыі прымаеце?

— У 2016/2017 навучальным годзе ў 18 установах адукацыі раёна выхоўваецца і вучыцца 1616 дзяцей (423 дашкольнікі, 1193 школьнікі). У параўнанні з 2011 годам колькасць навучэнцаў зменшылася на 297 дзяцей. Дэмаграфічная сітуацыя ў раёне адлюстроўвае, што ва ўстановах дашкольнай адукацыі колькасць дзяцей на тым жа ўзроўні, а ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі памяншаецца. У сувязі з малой напаўняльнасцю ўстановы агульнай сярэдняй адукацыі рэарганізоўваюцца. Усе вызваленыя педагагічныя работнікі працаўладкоўваюцца. Для дзяцей арганізаваны падвоз у іншыя ўстановы адукацыі. З 1 верасня 2017 года плануецца закрыццё Яльнянскага ясляў-сада — пачатковай школы, дзе ў гэтым навучальным годзе вучыцца і выхоўваецца толькі 13 дзяцей.

— Як вырашаюцца праблемы абароны правоў дзяцей, прафілактыкі нядобранадзейнасці сем’яў і сацыяльнага сіроцтва?

— Гэтыя пытанні для ўсіх педагогаў раёна з’яўляюцца галоўнымі. Важна дапамагчы кожнаму дзіцяці знайсці сваё месца ў жыцці. Работа па ўліку дзяцей, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы, вядзецца не толькі на стадыі іх выяўлення, а мае прафілактычны кірунак пры ўдзеле ўсіх зацікаўленых структур. На 1 лістапада такіх дзяцей у раёне было 42 (у 26 сем’ях). Каб папярэдзіць падобныя з’явы, ва ўстановах адукацыі ідзе пошук новых і ўдасканаленне традыцыйных форм і метадаў выхавання і супрацоўніцтва з сям’ёй. Развіваюцца, напрыклад, грамадскія ініцыятывы бацькоў у форме клубаў, саветаў, бацькоўскіх канферэнцый, гутарак за круглым сталом, вечароў пытанняў і адказаў для бацькоў па праблемах выхавання дзяцей і прафілактыкі шкодных звычак. На такія сустрэчы запрашаем медыцынскіх работнікаў, работнікаў праваахоўных органаў і інш. Праводзім таксама сумесныя культурна-масавыя і фізкультурна-аздараўленчыя мерапрыемствы, экскурсіі. Асаблівую ўвагу педагогі ўдзяляюць уключэнню ў арганізаваную дзейнасць тых непаўналетніх дзяцей, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы або стаяць на ўліку ў інспекцыі па справах непаўналетніх і ўнутрышкольным уліку. Ва ўстановах агульнай сярэдняй і дадатковай адукацыі створана сістэма аб’яднанняў па інтарэсах, клубаў, секцый рознай накіраванасці. Напрыклад, у Хоцімскім раённым фізкультурна-спартыўным клубе арганізаваны пастаянныя заняткі ў спартыўных секцыях на бясплатнай аснове для дарослых, дзяцей і падлеткаў.

— Якія новыя ідэі, праекты вы плануеце рэалізоўваць?

— Новы кірунак развіцця, які ўжо прынёс нам адчувальны вынік, — турыстычны. Хоцімскі раён прыняў удзел у экскурсійна-турыстычнай выставе “Прафтур-2016”. Праводзіцца сумесная работа з суседнімі абласцямі Расійскай Федэрацыі ў сферы турыстычна-экскурсійнай і спартыўнай дзейнасці. У красавіку 2016 года ў райцэнтры прайшоў Міжнародны юнацкі турнір па валейболе, у якім прынялі ўдзел каманды з Магілёва, Клічава, Хоцімска, а таксама Гардзееўкі і Клетні Бранскай вобласці. Па стане на 11 жніўня 2016 года экспарт турыстычных паслуг у раёне выкананы на суму 10,5 тысячы долараў пры плане 7 тысяч долараў.

Надзея ЦЕРАХАВА.