Шведская казка прагучала ў Гродне

Па-шведску і па-беларуску пачулі казку навучэнцы 2 класа гродзенскай гімназіі № 10. У госці да іх завітала шведская пісьменніца Ева Суса, аўтар 34 дзіцячых кніжак. Сустрэча адбылася ў рамках візіту дэлегацыі Пасольства Каралеўства Швецыя ў Рэспубліку Беларусь.

Гімназісты не толькі пачулі расказ аўтара аб казках, урыўкі з кнігі “Снежны чалавек у Мінску”, якая перакладзена на беларускую мову, як і папярэдні твор — “Снежны чалавек”, але і сталі ўдзельнікамі майстар-класа. Пафантазіраваць і намаляваць снежнага чалавека і яго прыгоды дзеці маглі разам з мастаком-ілюстратарам Кацярынай Дубовік. Дарэчы, Кацярына выйграла конкурс на афармленне кнігі, якая зараз будзе і ў гімназічнай бібліятэцы.

Дэлегацыя пасольства на чале з Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Каралеўства Швецыя ў Рэспубліцы Беларусь Марцінам Обергам пабывала ў гродзенскіх універсітэтах — дзяржаўным імя Янкі Купалы, аграрным і медыцынскім. Марцін Оберг прадставіў праграмы навучання ў Швецыі, а таксама правёў перамовы з кіраўніцтвам УВА аб супрацоўніцтве ў галіне адукацыі і навукі. У Гродзенскім дзяржаўным універсітэце гасцям расказалі аб узаемадзеянні з універсітэтамі Швецыі па міжнароднай праграме “Балтыйскі ўніверсітэт”.

У ГрДУ імя Янкі Купалы для студэнтаў факультэта мастацтваў і дызайну прайшла лекцыя “Ілюстрацыя ў дзіцячай кнізе. Супрацоўніцтва пісьменніка і мастака”. Гродзенскія студэнты таксама пазнаёміліся з творчасцю студэнтаў факультэта міжнародных адносін Белдзяржуніверсітэта, якія прадставілі на беларускай мове ўрывак з твора шведскага пісьменніка Аўгуста Стрындберга.

Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.
Фота аўтара.

Тэрыторыя сяброўства

У рамках першай азнаямленчай паездкі ў беларускі рэгіён Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Каралеўства Швецыя ў Рэспубліцы Беларусь Марцін Оберг адкрыў выставу выпускніцы Віцебскага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта Людмілы Хрысцесевай Sustainidentity, наведаў ВДУ імя П.М.Машэрава, Полацкі дзяржаўны ўніверсітэт і адзіную ў нашай краіне ўстанову агульнай сярэдняй адукацыі, у якой выкладаецца шведская мова, — гімназію № 2 Віцебска.

Выстава Sustainidentity адкрылася ў рамках Тыдня Швецыі ў Віцебску пры падтрымцы Пасольства Каралеўства Швецыя ў Рэспубліцы Беларусь. Асновай экспазіцыі яе аўтар зрабіла туалі — прататыпы гатовых вырабаў адзення шведскіх дызайнераў. Людміла атрымала вышэйшую адукацыю ў ВДТУ па спецыяльнасці “Дызайн касцюма і тканін”, а пасля пераезду ў Швецыю вучылася ў Стакгольмскім каледжы мастацтваў і дызайну і ў Стакгольмскім універсітэце, супрацоўнічала з сусветна вядомымі мадэльерамі. На адкрыцці выставы яна прызналася, што рада вярнуцца ў горад, дзе калісьці вучылася, убачыць сваіх выкладчыкаў і асабіста сказаць ім: “Ганаруся тым, што вы мяне вучылі”. Тры аб’екты экспазіцыі мастачка перадала ў падарунак Віцебску.Марцін Оберг быў прыемна здзіўлены, што ў Віцебскім дзяржаўным універсітэце імя П.М.Машэрава і Полацкім дзяржаўным універсітэтах студэнты вывучаюць шведскую мову.

— Гэта дае нам трывалую базу для развіцця адносін паміж Швецыяй і Рэспублікай Беларусь, — падкрэсліў дыпламат. — На жаль, пакуль атрымліваецца так, што вы больш ведаеце пра нас, чым мы пра вас. Калі я даведаўся, што, акрамя ўніверсітэтаў, у Беларусі ёсць яшчэ і гімназія, дзе вывучаюць шведскую мову, прычым не ў сталіцы, а ў Віцебску, то вырашыў яе наведаць. Работу па наладжванні адукацыйных і культурных сувязей паміж нашымі краінамі, якую ажыццяўляюць віцебскія педагогі, мы высока ацэньваем і спадзяёмся, што ў будучыні выпускнікі гімназіі працягнуць вывучэнне шведскай мовы на больш высокім узроўні.

У напрамку выкладання моў гімназія № 2 з’яўляецца ўнікальным суб’ектам айчыннай адукацыйнай прасторы. На цяперашні момант тут прапаноўваюць для вывучэння 9 замежных моў: англійскую з першага класа на паглыбленым узроўні і з 5 класа як прадмет; іспанскую, нямецкую, французскую або кітайскую з 5 класа як прадмет на выбар і польскую, шведскую, італьянскую, а з гэтага навучальнага года яшчэ і арабскую мову як факультатыў.

— У нас наладжана эфектыўнае ўзаемадзеянне з Віцебскім дзяржаўным універсітэтам імя П.М.Машэрава па ўсіх адукацыйных напрамках, — паведаміў дырэктар гімназіі Канстанцін Кісялёў. — Найбольш цесна мы супрацоўнічаем з філалагічным факультэтам. На базе гімназіі створаны і плённа працуе вучэбна-навукова-метадычны лінгвістычны цэнтр, мы рыхтуем і выдаём шмат сумесных прадуктаў, у тым ліку метадычных распрацовак. Наш метадычны бюлетэнь выходзіць двойчы ў год і рассылаецца ва ўсе ўстановы адукацыі вобласці. У гімназіі дзейнічаюць філіялы ўніверсітэцкіх кафедраў, і такім чынам навучэнцы і педагогі своечасова атрымліваюць кансультацыйную дапамогу ад вядучых выкладчыкаў — кандыдатаў і дактароў навук. Яны ж з’яўляюцца кансультантамі нашых даследчых праектаў. У тым, што тычыцца лінгвістыкі, літаратуразнаўства ў кантэксце навукова-даследчай дзейнасці, гімназія займае ў рэгіёне лідарскія пазіцыі. Нарэшце, нярэдка заняткі па замежнай мове ў гімназіі і ва ўніверсітэце праводзяць адны і тыя ж выкладчыкі, такія як Ма Лун (кітайская мова), Таццяна Сініца (шведская мова), Дзмітрый Сакалоўскі (арабская мова). Важна і тое, што ў нас працуюць або носьбіты мовы, або выкладчыкі з дыпломамі ўніверсітэтаў тых краін, мовы якіх вывучаюцца. Напрыклад, Наталля Яфімава вучылася ў Беластоку, настаўнікі Ганна Міненка і Ганна Апанасенка (англійская мова), Ганна Карэнка (нямецкая мова), Ларыса Скрабнёва (французская мова), Алена Токарава (іспанская мова) прайшлі адпаведныя замежныя стажыроўкі.

Як адзначыў Канстанцін Кісялёў, на працягу апошніх 20 гадоў гімназія праводзіць вялікую работу па міжшкольных абменах. З 1999 года абмены ажыццяўляюцца з гімназіяй горада Мельбе, што ў Швецыі: за гэты перыяд гэтую краіну наведалі каля 300 навучэнцаў і ўсе настаўнікі замежных моў. У рамках абменаў арганізоўваюцца сумесныя навукова-даследчыя канферэнцыі, пасяджэнні дыскусійнага клуба, ствараюцца сумесныя праекты, выпускаюцца зборнікі на англійскай, рускай і шведскай мове, навучэнцы ўдзельнічаюць у міжнароднай гульні “Дэбаты”. Таксама быў арганізаваны абмен мастацкімі фотавыставамі. У 2012 і 2014 гадах педагогі і навучэнцы з Мельбе былі актыўнымі ўдзельнікамі І і ІІ Міжнародных канферэнцый “Дыялог моў і культур у ХХІ стагоддзі”, што прайшлі на базе гімназіі ў Віцебску.

— Мы рыхтуемся прымаць ІІІ Міжнародную канферэнцыю “Дыялог моў і культур у ХХІ стагоддзі”. Карыстаючыся выпадкам, хочацца выказаць падзяку за супрацоўніцтва “Настаўніцкай газеце”, якая рэгулярна асвятляе гэтую падзею. Чакаецца нават больш моцнае дыпламатычнае прадстаўніцтва, чым на мінулых канферэнцыях, у тым ліку афіцыйнае запрашэнне будзе накіравана Надзвычайнаму і Паўнамоцнаму Паслу Каралеўства Швецыя, — раскрыў планы на будучыню Канстанцін Кісялёў. — Таксама сёння мы абмеркавалі з нашымі гасцямі перспектыву стварэння цэнтра шведскай культуры і мовы на базе гімназіі, але гэта будзе магчыма непасрэдна пры ўдзеле Шведскага інстытута.

Таццяна БОНДАРАВА.
Фота аўтара.

Парадак атрымання права на жыхарства ўскладняецца

З гэтага часу атрымаць пасведчанне на права жыхарства ў Швецыі стане больш складана. Як паведамляюць СМІ, улады краіны ўзмацнілі правілы прадастаўлення пасведчання на права жыхарства.

Гэты закон уступіў у сілу 20 ліпеня. Адказны за юрыдычныя пытанні Міграцыйнага ўпраўлення Фрэдрык Беўер расказаў, што гэта прывядзе да сур’ёзных змен для тых, хто звяртаецца ў службу з заявамі.

Паведамляецца таксама, што парламент Швецыі яшчэ месяц назад адобрыў закон, які ўступіў у дзеянне ў сераду. Вядома, што дзейнічаць ён будзе на працягу трох гадоў. Так, новыя правілы абмяжоўваюць выдачу пасведчанняў на права жыхарства ў краіне і ўскладняюць уз’яднанне са сваякамі.

Прыняцце закона з’яўляецца вымушанай мерай, на якую ўрад пайшоў пасля вялікага наплыву бежанцаў у 2015 годзе, колькасць якіх дасягнула 160 тысяч.

Паводле даных Міжнароднай арганізацыі па міграцыі, з пачатку 2016 года ў Еўропу прыбылі каля 200 тысяч чалавек.

Пагранічны кантроль захоўваецца

Тэрмін дзеяння пагранічнага кантролю ў Швецыі прадоўжаны з 9 лютага да 9 сакавіка. Як праінфармавала ўрадавая канцылярыя, “умовы, на падставе якіх была ўведзена гэтая мера, застаюцца ў сіле”.

9 сакавіка пытанне прадаўжэння пагранічнага кантролю зноў будзе разгледжана.
“Гэтая мера дала нам больш эфектыўны кантроль за тымі, хто прыязджае ў краіну, а таксама магчымасць навядзення парадку і гарантавання бяспекі”, — адзначыў у паведамленні для друку міністр унутраных спраў Швецыі Андэрс Ігеман.
Раней кіраўнік МУС паведамляў, што ўлады Швецыі маюць намер дэпартаваць каля 80 тысяч мігрантаў, якія прыбылі ў краіну ў 2015 годзе і чый запыт на прадастаўленне прыстанішча быў адхілены.
У 2015 годзе ў Швецыю з насельніцтвам 9,8 млн чалавек прыбыло каля 163 тысяч бежанцаў. Гэта рэкордны ў Еўрасаюзе паказчык у разліку на душу насельніцтва. Паводле прагнозу міграцыйнага ведамства, у 2016 годзе колькасць новых перасяленцаў можа дасягнуць 140 тысяч чалавек. Швецыя сярод краін Еўрасаюза стала другой па прывабнасці дзяржавай, уступіўшы Германіі.
Урад Даніі 2 лютага прыняў рашэнне на 20 дзён прадоўжыць тэрмін дзеяння мер пагранкантролю на мяжы з ФРГ, уведзеных 4 студзеня. Аб гэтым заявіла міністр па пытаннях інтэграцыі і іміграцыі каралеўства Інгер Стойберг на сумеснай прэс-канферэнцыі са сваім шведскім калегам Морганам Юхансанам. Паведамлялася, што меры будуць дзейнічаць да 23 лютага і могуць быць узмоцнены і прадоўжаны ў будучыні. Паводле слоў І. Стойберг, дацкая паліцыя па-ранейшаму будзе ажыццяўляць выбарачныя праверкі дакументаў і надгляд аўтамабіляў, якія перасякаюць нямецка-дацкую граніцу.

Фарміраваць уласны погляд

Юрась КАЛАСОЎСКІ, настаўнік беларускай мовы і літаратуры магілёўскай гарадской гімназіі № 1, рэдактар гімназічнай газеты “Статус-КВО”:

— Паездка ў Швецыю на летнюю школу па медыяадукацыі прынесла мне не толькі мноства ўражанняў ад прыроды і ладу жыцця скандынаўскай краіны, якая, паводле даследаванняў, займае адно з першых месцаў у свеце ў рэйтынгу шчасця, але дазволіла азнаёміцца з вопытам шведскіх медыяадукатараў і журналістаў і такім чынам атрымаць карысныя веды і навыкі, якія спатрэбяцца пры стварэнні гімназічнай газеты.З 2010 года я з’яўляюся рэдактарам гімназічнай газеты “Статус-КВО”, рэдкалегія якой, дарэчы, у 2013 годзе перамагла на Рэспубліканскім фестывалі-конкурсе дзіцячых СМІ “Свежы вецер”, які штогод праводзіць часопіс “Народная асвета”. Маючы педагагічную і журналісцкую адукацыю, імкнуся фарміраваць у сваіх вучняў медыяграматнасць, развіваць навыкі крытычнага мыслення, уменне самастойна рабіць высновы і меркаванні на аснове аналізу інфармацыі з розных крыніц. Менавіта таму, едучы на медыяшколу ў Швецыю, стараўся ўзяць для сябе як мага больш карыснай інфармацыі, якая б найперш тычылася работы з інфармацыяй і стварэннем медыятэкстаў. Адразу скажу, што мае жаданні цалкам спраўдзілі і нават пераўзышлі мае чаканні.
Адзін з арганізатараў летняй школы Ёран Андэрсан (педагог з вялікім стажам, кансультант сайта “Медыякомпас”) прывёў прыклад журналісцкага даследавання, якое робяць шведскія падлеткі.
Здзівіла тое, што на шведскіх сайтах можна знайсці вучнёўскія ролікі, у якіх выкарыстаны маніпулятыўныя тэхналогіі з мэтай справакаваць ілжывае ўяўленне пра які-небудзь факт. Напрыканцы роліка вучні расказваюць, як яны рабілі гэта. Такім чынам дзеці вучацца распазнаваць метады маніпуляцыі.
Не менш карыснай была сустрэча з настаўнікам Ларсам-Эрыкам Халем, былым кансультантам вучэбнага сайта “Медыякомпас”. Спадар Халь расказаў, што прэса, а тым больш штодзённыя газеты, — цудоўная крыніца інфармацыі, а сама работа з газетамі дазваляе фарміраваць медыяграматнасць вучняў, вучыць іх не толькі ствараць медыятэксты, але і арыентавацца ў глабальнай інфармацыйнай прасторы.
Улічваючы тое, што спорт з’яўляецца важнай часткай жыцця большасці вучняў, Ларс-Эрык выкарыстоўвае гэта ў сваёй рабоце. Ён адзначыў, што добры артыкул з добрай інфаграфікай вельмі карысны для работы з вучнямі. Напрыклад, артыкул “Гульня ў дзвюх асобах” пра Алімпіяду ў Сочы ён раздаў кожнаму вучню, задаўшы пытанне аб тым, які пасыл імкнецца перадаць аўтар артыкула чытачам. Для пашырэння кругагляду ён прапанаваў дзецям скарыстацца Google-картамі, каб знайсці месца, дзе адбываюцца падзеі, або вэб-камерамі для анлайн-прагляду падзей.
Таксама можна прапанаваць дзецям напісаць ліст герою артыкула. Ларс Халь прывёў прыклад, калі яго вучні напісалі ліст членам алімпійскай зборнай Швецыі, вядомым спартсменам. Пазней з вучнёўскіх лістоў атрымалася скласці ажно дзве брашуры.
Яшчэ адно заданне, якое прадугледжвае работу з друкаваным выданнем: неабходна здзейсніць пошук інфармацыі, напрыклад, крымінальнага характару. У гэтым выпадку адна група павінна зрабіць падборку артыкулаў пра дарожна-транспартныя здарэнні; другая група — пра злачынствы, звязаныя з крадзяжамі; трэцяя — пра злачынствы, не звязаныя з інтарэсамі іншых груп. Падчас работы дзеці імкнуцца знайсці адказ на пытанні: “Колькі насілля навокал?”, “Ці ёсць рызыка таго, што я стану ахвярай злачынства?”. Калі вучні заканчваюць работу, разам з настаўнікам абмяркоўваюць пытанні, пачынаючы з малога: з сябе, сям’і, горада, а потым пераходзяць да большых маштабаў — краіна, свет. Чым больш аспектаў можа высветліць вучань падчас адказаў, чым больш аргументаў ён прыводзіць, тым вышэй яго адзнака.
Адным з ключавых паняццяў шведскай мадэлі медыяадукацыі з’яўляецца “здольнасць фарміраваць уласнае меркаванне”, грунтуючыся на аналізе інфармацыі з розных крыніц.
Вяртаючыся са Швецыі, думаў пра тое, што магу змяніць у стварэнні школьнай газеты, як найбольш эфектыўна фарміраваць медыяграматнасць вучняў. І думкі зводзіліся да адной высновы: не абмяжоўвацца напісаннем артыкулаў, а працаваць з рознымі крыніцамі інфармацыі, шукаць і абмяркоўваць, даваць магчымасць кожнаму выказацца.

Алена АРЭШКА, загадчыца дзіцяча-юнацкай тэлестудыі Мінскага дзяржаўнага палаца дзяцей і моладзі:

— Не разумець важнасць медыяадукацыі для дзяцей і моладзі — ментальна жыць у іншым неінфармацыйным часе. Пакінуць дзяцей у атачэнні соцень тысяч паведамленняў, якія пранікаюць у розум і душу, без аналітычных інструментаў, якія дазваляюць у іх арыентавацца, — недаравальна. Гэта мы даўно зразумелі ў дзіцяча-юнацкай тэлестудыі Мінскага дзяржаўнага палаца дзяцей і моладзі. У тэлестудыі 14 гурткоў па ўсіх напрамках электронных і друкаваных СМІ. І натуральна, што, даючы базавыя веды журналісцкіх прафесій, педагогі на кожных занятках так ці інакш закранаюць тэмы пошуку, стварэння, адбору інфармацыі, прывучаюць да крытычных адносін да яе. Як загадчык тэлестудыі палаца я зразумела, што праблемы на шляху прасоўвання медыяадукацыі ў нас у асноўным ствараюцца дарослымі, якія часам проста супраціўляюцца новым кампетэнцыям і не заўсёды разумеюць, як важна навучыць дзяцей працаваць з інфармацыяй, прычым не ў тэхнічным, а ў аналітычным плане.
Удзячна арганізатарам паездкі ў Швецыю на курсы па медыяадукацыі як з беларускага, так і прымаючага боку, таму што нарэшце змагла ўбачыць тое, да чаго мы павінны імкнуцца, — комплекснае і сістэматычнае навучанне дзяцей абыходжанню з медыя, якое пранізвае і ахоплівае ўсе ступені атрымання сярэдняй адукацыі.
І не важна, што тэхнічнае забеспячэнне ў школах Швецыі надзвычай якаснае, гэта не самае галоўнае, што забяспечвае высокі ўзровень медыяадукацыі. Ключавым з’яўляецца тое, што неабходнасць медыяадукацыі ў іх не дэбатуецца, а ўваходзіць як інтэгральная частка ў рэальныя вучэбныя планы. Шведскія педагогі выдатна разумеюць, што дзяцей трэба вучыць арыентавацца ў рэальнасці, створанай СМІ, бо яна часта падмяняе сабой сапраўднае жыццё. Ужо ў пачатковай школе дзеці вучацца “гуляць” з інфармацыяй, выяўляючы схемы яе стварэння, выкрываючы і агаляючы яе механізмы.
Адным з самых яркіх уражанняў падчас шведскіх курсаў для мяне стала новая сучасная роля школьнага бібліятэкара. У Швецыі бібліятэкары актыўным чынам удзельнічаюць у вучэбным працэсе, і менавіта яны праводзяць заняткі па пошуку і адборы інфармацыі ў інтэрнэце. Яны сталі ў Швецыі тымі, кім і павінны быць школьныя бібліятэкары сёння, — злучальным звяном паміж найвялікшым вынаходствам чалавецтва — друкаванай кнігай — і новай электроннай формай яе стварэння і спажывання, эрудзіраваным навігатарам у сусветнай павуціне.
Знаёмства са шведскай сістэмай медыяадукацыі падмацавала маю рашучасць прасоўваць яе ў той меры, якая мне даступна. Дзіцяча-юнацкая тэлестудыя штогод арганізоўвае двухдзённы гарадскі конкурс дзіцяча-юнацкіх СМІ, восеньскую і летнюю школы журналістыкі. Планую ўдзяляць на гэтых мерапрыемствах большую ўвагу медыяадукацыі, выкарыстоўваючы тэхнічныя і кадравыя рэсурсы тэлестудыі. Падчас школы журналістыкі звычайна прыцягваюцца намі да заняткаў і педагогі-куратары дзіцяча-юнацкіх СМІ горада. Спецыяльна для іх мы распрацоўваем кароткі курс па медыяадукацыі, які прадугледжвае знаёмства з відамі медыя, іх асаблівасцямі, вартасцямі і недахопамі, а таксама з ключавымі паняццямі медыяадукацыі. Падчас заняткаў мы паспрабуем забяспечыць педагогаў і некаторымі тэхналогіямі правядзення заняткаў. А станоўчы вопыт дзіцяча-юнацкай тэлестудыі мы плануем у найбліжэйшы час сістэматызаваць і распрацаваць вучэбна-метадычны дапаможнік па асновах арганізацыі вучэбна-практычнай дзейнасці вучняў па медыяадукацыі ва ўмовах дадатковай адукацыі.
І напрыканцы хачу дадаць: безумоўна, трэба ўлічваць, што ў працэсе медыяадукацыі падрастаючага пакалення павінны быць задзейнічаны многія сацыяльныя сілы. Гэта і настаўнікі ў школах, і педагогі дадатковай адукацыі, і бацькі навучэнцаў, заклапочаныя беспрэцэдэнтным уплывам СМІ на сваіх дзяцей, гэта і медыякампаніі, і органы дзяржаўнага рэгулявання. У гэтых розных дзеючых асоб розныя матывацыі дзейнасці ў сферы медыяадукацыі — ад абароны дзяцей да іх развіцця. Аднак тое, што ўсіх іх павінна аб’ядноўваць, — гэта імкненне зрабіць дзяцей і моладзь актыўнымі і, галоўнае, свядомымі карыстальнікамі СМІ. Таму так неабходна цеснае супрацоўніцтва ўсіх зацікаўленых у медыяадукацыі ў самы бліжэйшы час.

Наталля КАТЧАНКА, настаўніца англійскай мовы гімназіі Нясвіжа Мінскай вобласці:

— Кожны неабыякавы настаўнік павінен час ад часу задаваць сабе пытанне “Што я магу зрабіць, каб вучні лепш ведалі мой прадмет, каб з жаданнем ішлі на мой урок, і як іх зацікавіць на пошук новай інфармацыі?” Адказ можа быць вельмі просты — шукаць новыя падыходы ў навучанні дзяцей. Выхоўваць чалавека можна не толькі падчас пазакласных мерапрыемстваў, але і на кожным уроку.
Для мяне пошук такіх шляхоў пачаўся са знаёмства са стратэгіяй актыўнай ацэнкі ў 2013 годзе на дыстанцыйным курсе ў якасці студэнткі. Навучанне захапіла мяне па дзвюх прычынах. Па-першае, таму, што некаторыя з элементаў былі абсалютна новымі для мяне, але, як паказала практыка, эфектыўнымі для дасягнення пастаўленай мэты на ўроку. Па-другое, шмат таго, з чаго складаецца філасофія актыўнай ацэнкі, я прымяняю ў сваёй прафесійнай дзейнасці. У 2014 годзе я працягнула працаваць на дыстанцыйным курсе, але ўжо ў якасці ментара. Большасць нашых ментараў адначасова з’яўляюцца і медыяадукатарамі. Падчас нашых сустрэч я даведалася, што ў Беларусі пытанне медыяадукацыі пачало цікавіць усё больш і больш педагогаў і журналістаў. Запрашэнне на міжнародныя курсы па медыяадукацыі ў Швецыю я ўспрыняла як яшчэ адну магчымасць для таго, каб пазнаёміцца з замежным вопытам і знайсці аднадумцаў. Да заняткаў у Швецыі ў мяне былі толькі павярхоўныя веды па пытанні медыяадукацыі. Школа, у якой я працую, не з’яўляецца інавацыйнай пляцоўкай і не выдае сваю газету ў параўнанні з тымі ўстановамі, якія зацікаўлены павышэннем медыякультуры сваіх вучняў.
Пяць дзён у Кальмары былі інфарматыўна насычанымі і змястоўнымі. Мы сустракаліся і з настаўнікамі, і з журналістамі. Колькі цікавых ідэй я пачула за гэтыя дні! Іх можна рэалізаваць і на ўроках англійскай мовы, і на інфармацыйных і класных гадзінах. Галоўная задача школы — выхоўваць асобу з маральна-этычнымі каштоўнасцямі і крытычным мысленнем.
У канцы XX стагоддзя наша краіна лічылася самай чытаючай у свеце. А што адбываецца зараз? Таму адна з задач, якая стаіць перад медыяадукацыяй, — стымуляваць насельніцтва да чытання (не прымушаць, а зацікавіць). Як паказвае прыклад Швецыі, пачынаць трэба з пачатковай і сярэдняй школы. Ларс-Эрык Халь, настаўнік малодшых класаў, падзяліўся з намі каштоўнымі знаходкамі са сваёй практыкі. Усё не так складана, як падаецца на першы погляд. Галоўнае — знайсці цікавы артыкул (пажадана з ілюстрацыямі), прыдумаць пытанні да загалоўка ці ілюстрацый, якія могуць выклікаць дыскусію (з вопыту работы з актыўнай ацэнкай, так званыя ключавыя пытанні). І вось тады дзецям самім захочацца прачытаць артыкул да канца і праверыць, ці спраўдзіліся іх прагнозы. Другая ідэя — ліст да цікавага чалавека (гэта можа быць знакамітая асоба ці проста чалавек, пра якога хацелася б больш даведацца). Галоўная ўмова — ліст павінен быць напісаны ад рукі. Электронныя паведамленні могуць трапіць у “спам”, іх можна праігнараваць, а вось класічны ліст накладвае нейкі маральны абавязак, і на яго нельга не адказаць. Такая форма работы карысная тым, што дзеці вучацца ветліва звяртацца да адрасата, правільна фармуляваць пытанні, якія іх цікавяць, а потым з нецярпеннем чакаюць адказаў. Яшчэ адна цудоўная ідэя — падборка найбольш значных падзей за тыдзень, іх абмеркаванне, а на наступным тыдні правядзенне тэста на праверку ведаў.
Акрамя гэтага, я абавязкова прапаную кіраўніцтву сваёй школы ўвесці факультатыўны курс па медыяграматнасці для вучняў 3—4 класаў. Гэта ўжо не шведская ідэя, а распрацоўка нашых беларускіх калег з НІА.

Медыяадукацыя як асабістая бяспека

Медыяадукацыя — актуальная тэма не толькі для Швецыі, але і для Украіны, Казахстана, Арменіі і Беларусі, — аб гэтым гаварылі ў сваіх выступленнях удзельнікі летняй школы.

Украіна

Нашы найбліжэйшыя суседзі — украінцы, апынуўшыся ўвязанымі ў інфармацыйную вайну, на сабе адчулі, што медыякампетэнтнасць — гэта веды і навык, якія проста ратуюць жыццё. Людзі перасталі давяраць медыя з-за адсутнасці ў многіх журналістаў адданасці патрыятычным каштоўнасцям і самаідэнтыфікацыі. Таму дэлегацыя Украіны лічыць, што медыяадукацыя ў іх краіне будзе толькі пашырацца. — Медыяадукацыя шырока крочыць па Украіне з лёгкай рукі Акадэміі ўкраінскай прэсы, — заўважыла загадчыца кафедры методыкі выкладання замежных моў і літаратуры Харкаўскай акадэміі бесперапыннай адукацыі кандыдат педагагічных навук Галіна Дзегцярова.Некалькі гадоў назад ва Украіне распачаўся ўсеўкраінскі эксперымент па ўкараненні медыяадукацыі ў вучэбна-выхаваўчы працэс у агульнаадукацыйных установах, у якім задзейнічаны педагогі 7 абласцей і сталіцы. Адметна, што рэгіёны, якія не ўвайшлі ў эксперымент, адкрылі свой, рэгіянальны, па гэтай тэме. Сучасная медыадукацыя пазіцыяніруецца як частка асноўных правоў грамадзян на свабоду выказвання і права на інфармацыю ў падтрымку дэмакратыі.
Як расказала дырэктар Акадэміі ўкраінскай прэсы Аксана Валашанюк, за 3,5 года 55 тысяч украінскіх настаўнікаў адкрылі для сябе медыяадукацыю. У асноўным гэта адбывалася падчас курсавой перападрыхтоўкі ва ўстановах павышэння кваліфікацыі настаўнікаў. Значным дасягненнем апошняга года медыяпедагогі Украіны лічаць з’яўленне падручніка “Асновы медыяграматнасці”. Ён адрасаваны настаўнікам, якія працуюць з вучнямі 8—9 класаў. Да падручніка яшчэ распрацавана праграма і канспекты ўрокаў.
Цэнтральнай тэмай ва Украіне сёлета стала работа з прэсай. Дзеці, якія прайшлі ў мінулым годзе летнюю медыяшколу, у якой, дарэчы, удзельнічалі і беларускія педагогі, сёлета стваралі сваю газету, дзе яны асэнсоўвалі слова “свобода”. Атрымалася прафесійнае даволі выданне, якое ад тэкстаў да вёрсткі і дызайну выканана сіламі вучняў.
Беларускія педагогі сёлета ў якасці падарунка ад украінскіх медыяпедагогаў атрымалі метадычны дапаможнік “Як стварыць сучасную школьную газету”. Аўтар выдання медыятрэнер Сяргей Чарняўскі, а пераклаў дапаможнік на беларускую мову і адаптаваў для беларускай рэчаіснасці настаўнік магілёўскай гімназіі № 1 Юрась Каласоўскі.
Сёлетні навучальны год для Украіны стаў знакавым яшчэ таму, што ў медыяасвету ўключыліся бібліятэкары. Як паведаміла Аксана, з трэнінгам “Практычная медыяадукацыя” яны аб’ехалі ўсю краіну, дзе коратка і практычна прадставілі бібліятэкарам методыку развіцця ў дзяцей крытычнага мыслення, уменне дэкадзіраваць тэксты, працаваць з інфармацыяй. Работнікі бібліятэк, дарэчы, як і настаўнікі, трапляючы на заняткі па медыяадукацыі, адзначаюць, што медыяадукацыя — актуальная тэма, якая патрабуе сур’ёзнага вывучэння.
Галіна Дзегцярова расказала, што ў Харкаўскай вобласці робяць стаўку на падрыхтоўку медыяпедагогаў, якія панясуць затым веды сваім калегам у навучальныя ўстановы. З гэтай мэтай быў распрацаваны спецкурс і дапаможнік, які атрымаў грыф Міністэрства адукацыі і навукі Украіны. Аўтары дапаможніка — спецыялісты ў сваіх тэмах. Водгукі аб курсе самыя станоўчыя.
Як падзялілася Галіна, у Харкаўскай акадэміі бесперапыннай адукацыі лічаць, што медыяадукацыяй у школе з дзецьмі займацца ўжо нават і позна, таму запрасілі ў свой рэгіянальны эксперымент па медыяадукацыі педагогаў дашкольных устаноў.
Пра работу навучальных устаноў па ўкараненні медыяадукацыі можна азнаёміцца праз іх сайты. Галіна прапанавала зазірнуць на сайты гімназій № 14 і № 172 Харкава. На сайце гімназіі № 14 размешчаны матэрыялы, якія ствараюць настаўнікі і дзеці. Дарэчы, настаўніца замежнай мовы і літаратуры 14-й харкаўскай гімназіі ў мінулым годзе стала пераможцай гарадскога конкурсу “Настаўнік года”, на якім яна прадстаўляла свае напрацоўкі па выкарыстанні медыя ў выкладанні прадмета.
Як адзначыла загадчыца Цэнтра практычнай псіхалогіі і сацыяльнай работы Палтаўскага абласнога інстытута паслядыпломнай педагагічнай адукацыі імя М.В.Астраградскага Кацярына Мулік, у стандартах адукацыі ва Украіне не прадугледжана ўключэнне медыяграматнасці ў адукацыйны працэс, таксама ніводнага слова там не сказана пра медыякампетэнтнасць вучняў, і гэта самы галоўны бар’ер па ўкараненні медыяадукацыі. У інстытуце паслядыпломнай педагагічнай адукацыі Палтаўшчыны распрацавана ўводная лекцыя па медыяадукацыі для ўсіх педагагічных работнікаў — ад дырэктараў навучальных устаноў да выхавальнікаў дзіцячых садкоў. Кацярына заўважыла, што ў іх школах яшчэ вялікая колькасць настаўнікаў няправільна разумеюць сэнс медыяадукацыі, яны лічаць, што гэта звязана з валоданнем інфармацыйнымі тэхналогіямі. Таму этап прасоўвання медыяадукацыі сярод педагагічнай грамадскасці вобласці складаецца з трох крокаў: дыягностыка, усведамленне сваёй некампетэнтнасці, азнаямленне з тэмай і зацікаўленасць пытаннем медыяадукацыі.
Ва ўстановах адукацыі Палтаўшчыны навучанне дзяцей медыяграматнасці ідзе праз стварэнне школьных газет, сацыяльнай рэкламы. Дзеці здымаюць сацыяльную рэкламу пра вайну, пра людскія страты, пра нацыянальную самаідэнтычнасць. Глядзець без слёз іх сюжэты проста немагчыма. Гэта не толькі творчасць, а яшчэ і глыбокае асэнсаванне інфармацыі, выбар дакладных крыніц інфармацыі. Раней школьныя газеты рабіліся пераважна для таго, каб іх можна было прадэманстраваць правяраючым, маўляў, работа праводзіцца, цяпер жа школьныя СМІ — гэта тое, што робяць дзеці па сваёй зацікаўленасці.
Вялікім прагрэсам лічыць дацэнт кафедры філасофіі адукацыі Днепрапятроўскага абласнога інстытута паслядыпломнай педагагічнай адукацыі кандыдат культуралогіі Вікторыя Пішчанская з’яўленне курса “Медыякультура” для вучняў 10 класа. Дарэчы, праграма курса зацверджана Міністэрствам адукацыі і навукі Украіны, таму яе можна знайсці на афіцыйных сайтах, вядома, на ўкраінскай мове. За 1 гадзіну ў тыдзень дзесяцікласнікі вывучаюць асновы медыяграматнасці, вучацца ацэньваць, атрымліваць, перадаваць інфармацыю.
У Днепрапятроўскай вобласці ў эксперыментальную дзейнасць па медыяадукацыі ўключаны 48 устаноў — 9 на ўзроўні Украіны і 39 на абласным узроўні. Такім чынам ахоплена ўся вобласць, як сельскія, так і гарадскія школы. Як расказала Вікторыя, вялікая ўвага ў іх рэгіёне ўдзяляецца медыятворчасці вучняў. У школах ствараюцца медыяклубы, газеты, прэс-цэнтры, відэастудыі, тэлебачанне, радыё. Сваю творчасць дзеці могуць прадставіць на самых розных конкурсах.

Арменія

Прадстаўнікі дэлегацыі з Арменіі заўважылі, што калі год назад слова “медыяадукацыя” рэдка ўжывалася ў іх краіне, то пасля ўкраінскага крызісу пачало гучаць вельмі шырока: тэма медыяадукацыі стала самай запатрабаванай, вакол яе ідуць пастаянныя дэбаты. Сваім вопытам медыяадукацыі грамадзян Арменіі падзяліліся супрацоўнікі Цэнтра медыяініцыятыў media.am (http://media.am). Некалькі гадоў назад распрацаваны курс і дапаможнік для настаўнікаў па медыяадукацыі, мэта якога — падрыхтаваць адукаваных спажыўцоў медыя, з крытычным мысленнем. У курсе 10 тэм, якія можна раскрыць на працягу ад 5 да 20 заняткаў, у залежнасці ад таго, якімі рэсурсамі валодае настаўнік. На першым уроку вучні знаёмяцца з тым, што такое інфармацыя, хто яе стварае, далей ідзе прапрацоўка такіх тэм, як работа з крыніцамі інфармацыі, гісторыя медыя, развіццё крытычнага мыслення, свабода і адказнасць, медыя як бізнес, новыя медыя. А ў канцы зборніка прапануецца медыяслоўнік. Курс складаецца з метадычнага і тэарэтычнага матэрыялу і электроннага дадатку — двух дыскаў. На адным дыску змешчана мультымедыйнае прадстаўленне курса, а на другім — камп’ютарная вучэбная гульня. Дарэчы, гэтая гульня ўжо стала папулярнай і была перакладзена нават на ўкраінскую мову. Работнікі цэнтра мяркуюць далей працаваць над гэтай гульнёй, зрабіць яе больш складанай, каб і дарослым людзям было цікава па ёй вучыцца.
Цэнтр медыяініцыятыў праводзіць 3—5 дзённых трэнінгаў па медыяадукацыі для настаўнікаў і бібліятэкараў. За гэты час ужо 200 настаўнікаў прайшлі гэтыя тэнінгі, бібліятэкары пачалі далучацца толькі сёлета. З пазітыўных тэндэнцый кіраўнік напрамку па медыяадукацыі Цэнтра медыяініцыятыў Лусінэ Грыгаран лічыць тое, што ў падручнік па грамадазнаўстве 9 класа ўвайшлі тэмы па медыяадукацыі, што Нацыянальны інстытут настаўнікаў дапамагае цэнтру арганізоўваць трэнінгі для педагогаў, а Міністэрства адукацыі Арменіі зацвердзіла падручнік па медыяадукацыі, створаны цэнтрам, у якасці дадатковага вучэбнага матэрыялу.
Сёлета, як падзялілася Лусінэ, яны больш працавалі са студэнтамі. Заняткі праходзілі інтэрактыўна, з абмеркаваннем розных медыятэкстаў. Таксама сярод студэнтаў быў праведзены конкурс “Медыя — гэта я”, дзе маладым людзям прапанавалі выказаць сваё меркаванне наконт таго, як яны ўспрымаюць медыя і як медыя ўздзейнічаюць на іх.
Зараз Цэнтр медыяініцыятыў распрацоўвае курс па медыяадукацыі для студэнтаў педагагічных ВНУ, а таксама канцэпцыю па медыяграматнасці. Вядзецца абмеркаванне гэтай тэмы на розных узроўнях. Прыходзіць разуменне, што медыяадукацыя моладзі — гэта не толькі місія адной школы, у гэтую справу павінны ўключацца розныя інстытуты. У планах стварэнне серыялаў пра журналістыку, каб людзі даведаліся, як на самай справе дзейнічаюць СМІ.
Цікава, што ў Арменіі ёсць медыямузей, экспазіцыі якога карыстаюцца папулярнасцю ў грамадзян. Напачатку музей “падарожнічаў” па Арменіі, а зараз займеў пастаянную прапіску ў Ерэване. Першая экспазіцыя медыямузея прысвечана землетрасенню, якое адбылося ў Арменіі ў 1988 годзе. Там сабраны архіўныя матэрыялы розных СМІ — айчынных, расійскіх, сусветных. Так людзі могуць ацаніць, якім чынам розныя медыя асвятлялі гэтую тэму.

Казахстан

Пытанні медыяадукацыі ў Казахстане, як заўважыла медыякансультант, медыятрэнер і спецыяліст у галіне новых медыя Вольга Капліна, носяць, хутчэй за ўсё, дыскусійны характар сярод навукоўцаў, блогераў, удзельнікаў сацыяльных сетак, прасунутых у галіне новых тэхналогій людзей. Яны разумеюць, што гэта актуальная і жыццёва важная тэма, аднак сур’ёзных рашэнняў у гэтым пытанні пакуль не прымаецца. — У 2012 годзе дзяржава вылучыла вялікі грант на распрацоўку канцэпцыі па медыяграматнасці. Але я гляджу на ўсё гэта з іншага боку. Слова “медыяграматнасць” не выкарыстоўваецца. Усё зводзіцца да стварэння ў навучальных установах газет, радыёстанцый, тэлебачання, работа якіх накіравана на развіццё дзіцячай творчасці, а не на развіццё крытычнага мыслення да медыяпрадукцыі. Калі пачаліся ўкраінскія падзеі, то ў Казахстане моцна занепакоіліся інфармацыйнай бяспекай (гэтае слова ў нас актыўна выкарыстоўваецца), але далей за размовы справа не рухаецца, —падсумавала Вольга.

У Беларусі таксама пакуль няма сваёй канцэпцыі медыяадукацыі. Але тэма медыяадукацыі школьнікаў усё больш стала абмяркоўвацца ў педагагічным грамадстве.
У Акадэміі паслядыпломнай адукацыі праводзяцца семінары па медыяадукацыі. Сумеснымі намаганнямі супрацоўнікаў АПА і НІА распрацавана праграма павышэння кваліфікацыі педагагічных работнікаў і спецыялістаў “Медыякампетэнтнасць педагога як фактар станаўлення медыя і інфармацыйнай культуры навучэнцаў”.
У 13 установах рэспублікі, згодна з загадам міністра адукацыі, рэалізоўваецца інавацыйны праект “Укараненне мадэлі медыяадукацыі ўдзельнікаў адукацыйнага працэсу пры дапамозе развіцця крытычнага мыслення”. Яго асноўная мэта — стварэнне сацыяльна-адукацыйнага асяроддзя, якое будзе спрыяць фарміраванню медыяграматнасці пры дапамозе развіцця крытычнага мыслення навучэнцаў.

Святлана КІРСАНАВА.
Фота аўтара.

Пакаленне медыя выбірае…

“Давярай, але пераправярай” — менавіта гэтую параду даюць сваім вучням настаўнікі і бібліятэкары гімназіі Оскарсхамна адносна пошуку інфармацыі ў інтэрнэце. І калі вучні лянуюцца і карыстаюцца толькі Wikipedia (Вікіпедыяй), то могуць нават атрымаць за работу нездавальняючую адзнаку. Вікіпедыя — гэта толькі трамплін для пошуку інфармацыі, адзначаюць педагогі. І яны маюць рацыю.

Вікіпедыя — свабодная энцыклапедыя, а гэта значыць, што ствараць і рэдагаваць яе артыкулы можа любы, таму ў ёй шмат ілжывай і неправеранай інфармацыі. (Wikipedia азначае “хуткі пошук”. Wiki ў перакладзе з гавайскай — гэта “хуткі”, а pedia з партугальскай — “пошук”.)
І мы, удзельнікі летняй школы, паспрабавалі карэкціраваць Вікіпедыю разам са студэнтамі гімназіі Оскарсхамна падчас заняткаў па грамадазнаўстве на ўроку ў Оке Нільсана. Нашай камандзе была прапанавана тэма гуманітарнай дапамогі. Мы выйшлі на Вікіпедыю на старонку “Гуманітарная дапамога” і далі волю сваёй фантазіі — уключылі ў гуманітарную дапамогу зброю, боепрыпасы, адзначылі, што не такая яна ўжо бясплатная, трэба будзе і плаціць. Зрабіць гэта было лёгка і без рэгістрацыі. Шчыра прызнаюся, што некалькі хвілін, пакуль нашы лжывыя змяненні значыліся ў Вікіпедыі, было кепска на душы — усё ж падманваем людзей сваёй інфармацыяй. Выдатна, што нашы праўкі не былі прынятыя адміністратарамі сайта і мы больш не адчувалі сябе стваральнікамі фэйкаў. Якую выснову зрабілі ў канцы заняткаў? Вікіпедыяй трэба карыстацца разумна — крытычна ставіцца да любыя даныя інфармацыі, абавязкова любыя даныя пераправяраць.
Як расказаў Оке Нільсан, артыкулы для шведскай Вікіпедыі пішуць, як правіла, маладыя мужчыны ва ўзросце да 25 гадоў з тэхнічнай адукацыяй, якія да таго ж яшчэ і не маюць сям’і. Менавіта таму інфармацыя па гуманітарным кірунку часта пададзена аднабакова. Вікіпедыя — дзецішча Google, таму калі нехта шукае інфармацыю праз гэтую пошукавую сістэму, то ў першых радах яму будзе прапанавана інфармацыя з Вікіпедыі. Недасведчаны вучань мяркуе так: калі яна першая, то значыць самая важная і праўдзівая. Інфармацыя можа быць там і праўдзівая, але варта ўсё ж пераправяраць, у Вікіпедыі даюцца спасылкі на іншыя крыніцы інфармацыі па тэме, якія трэба разгледзець. Увогуле ў гімназіі Оскарсхамна навучаннем моладзі працаваць з рознымі крыніцамі медыя займаюцца не толькі педагогі, але і бібліятэкары.
Гімназічныя бібліятэкары Лінда Крунстоль і Анет Свод заўважылі, што яны не забываюцца аб сваім галоўным прызначэнні — прывіць дзецям любоў да кнігі, навучыць іх атрымліваць задавальненне ад чытання, адкрыцця новых светаў. Разам з тым яны разумеюць, што сёння жыццёва неабходнымі з’яўляюцца кампетэнцыі па пошуку і адборы неабходнай інфармацыі, і таму лічаць сваім абавязкам узброіць гімназістаў гэтымі ведамі. Адметна, што яны працуюць у звязцы з педагогамі над выкананнем вучэбнага плана, дзе запісана, што выпускнікі гімназіі павінны валодаць навыкамі пошуку і адбору інфармацыі на лічбавай прасторы.
Многія дзеці мяркуюць, што знайсці патрэбную інфармацыю ў інтэрнэце вельмі проста, а калі нешта не знайшлі, то там такой інфармацыі няма. Але гэта не так. Ёсць шмат спецыялізаваных баз даных, якія не адразу адкрываюцца, трэба ўмець іх шукаць. Таксама інтэрнэт часта параўноўваюць з памыйніцай, бо, акрамя таго, што там шмат карыснай і дакладнай інфармацыі, хапае і інфармацыйнага смецця.

Шведы — самыя актыўныя пакупнікі газет у свеце. Як расказаў галоўны рэдактар і адказны выдавец газеты Smålandsposten (˝Барометр˝) Магнус Карлсан, паводле даследавання аднаго амерыканскага ўніверсітэта, шведская прэса адыгрывае тую ж ролю, што пабы ў Англіі ці цэрквы ў ЗША, — аб’ядноўваюць грамадства. У Швецыі можна знайсці такія населеныя пункты, дзе да 70% сем’яў чытаюць мясцовую прэсу. Гэта ўжо такая традыцыя — з раніцы піць каву і цікавіцца: а ты чытаў газету? Медыя Швецыі не адасабляюць сябе ад грамадства, яны лічаць сябе яго часткай.
Магнус адзначыў, што яны выдаюць газету не для таго, каб зарабляць грошы, а зарабляюць грошы для таго, каб выдаваць газету.

Бібліятэкары раяць гімназістам пры знаходжанні пэўнай інфармацыі альбо сайта па тэме адказаць на такія пытанні: што за крыніца інфармацыі; хто стварыў гэтую старонку і аплачвае яе знаходжанне ў інтэрнэце; хто можа быць зацікаўлены ў тым, каб інфармацыя была адкрытай для ўсіх і пададзена такім чынам; гэта першасная крыніца інфармацыі альбо другасная; калі быў створаны сайт; наколькі “свежая” інфармацыя; гэтую інфармацыю можна лічыць праўдзівай?
Пад кожным медыяпаведамленнем павінна стаяць імя яго аўтара, на кожным сайце павінны быць даныя аб яго складальніках, па якіх заўсёды можна з ім звязацца і задаць пытанні — пераканацца, што гэта сапраўдныя людзі і яны нясуць адказнасць за прадстаўленыя звесткі. Калі ж ніякіх звестак для зваротнай сувязі няма, то варта задумацца: ці трэба карыстацца гэтай інфамацыяй, гэтым сайтам, бо ўсё можа быць фэйкам. Таксама варта адзначаць, якая арганізацыя ці асоба аплачвае знаходжанне гэтага рэсурса ў інтэрнэце. Гэта могуць быць экстрэмісцкія арганізацыі, дэструктыўныя рэлігійныя аб’яднанні.
Ацаніць, наколькі інфармацыя, якую знайшлі ў сетцы, дакладная, а крыніцы яе сапраўдныя, вельмі складана. Дарослыя робяць гэта адпаведна свайму каштоўнаснаму, культурнаму, рэлігійнаму, палітычнаму і г.д. успрыманню і вопыту. Аднак дзеці з-за абмежаванасці ведаў і вопыту вызначаюць стаўленне да інфармацыі, у большай ступені арыентуючыся на меркаванне таго асяроддзя, у якім знаходзяцца. Бібліятэкар прывяла такі прыклад. Яны з гімназістамі шукалі матэрыял пра камп’ютары і наткнуліся на паведамленне пра першыя камп’ютары, якія былі вельмі вялікіх памераў — з дом. На што сямнаццацігадовы хлопец усклікнуў, што такога не можа быць — гэта фэйк! Ён прывык трымаць у руках планшэт і не мог уявіць іншых памераў разумную машыну. Бібліятэкар прапанавала прадоўжыць пошук, у выніку якога было знойдзена пацвярджэнне таго, што першыя камп’ютары сапраўды былі волатамі.
Сайты могуць быць створаны і выкладчыкамі, напрыклад, для таго, каб праверыць, як іх вучні засвоілі правілы па рабоце з інфармацыяй. Так было з сайтам пра В.А.Моцарта. Вучні атрымалі заданне падрыхтаваць паведамленне пра вялікага аўстрыйскага кампазітара і калі праз пошукавую сістэму сталі яе шукаць, то адразу трапілі на партал, зроблены выкладчыкам з наўмысна падмененымі фактамі. Вучням такія сайты падабаюцца — усё зразумела, ёсць патрэбныя фотаздымкі, няшмат тэксту. І вось настаўнік запытаўся ў іх: “Адкуль вы ўзялі, што там праўдзівая інфармацыя пра Моцарта, бо невядома, хто стварыў гэты сайт, якія першакрыніцы аўтар пры гэтым выкарыстоўваў, вы правяралі даныя на іншых парталах?” Праз такія вось “навучальныя” сайты і ловяцца ленаватыя вучні.
Важна яшчэ ведаць, падаецца гэтая інфармацыя з першых рук ці гэта ўжо перадрук. У апошнім выпадку можна сустрэцца з недакладнасцямі, памылкамі. Гэта як у гульні “Сапсаваны тэлефон” — калі апошні чалавек агучвае зусім іншае слова, чым тое, што сказаў першы чалавек у ланцужку.
Каб у гімназістаў алгарытм пошуку і адбору інфармацыі быў даведзены да аўтаматызму, бібліятэкары імкнуцца кожны раз, перад тым як уключыць пошукавую сістэму, паўтарыць з імі важныя пытанні, якія дапамогуць выбраць правільную інфармацыю і не памыліцца. Пры гэтым яны не перастаюць паўтараць студэнтам: не спыняйце свой пошук на адным сайце, крыніцы інфармацыі, шукайце пацвярджэнне знойдзеным фактам, супастаўляйце іх, параўноўвайце, пакуль не пераканаецеся, што гэтая інфармацыя адпавядае рэчаіснасці.

к 8-й(сайт) У гімназіі Оскарсхамна пад адным дахам выдатна навучаюцца і, безумоўна, кантактуюць маладыя людзі з рознымі запытамі, памкненнямі, талентамі. Адны авалодваюць рабочымі прафесіямі, другія — музычнымі, трэція больш увагі ўдзяляюць агульнаадукацыйным прадметам. Усяго ў гімназіі вучацца больш за тысячу студэнтаў.
Дарэчы, у гімназіі ёсць яшчэ некалькі дадатковых аддзяленняў — для маладых імігрантаў, якія вывучаюць шведскую мову, для дзяцей з асаблівасцямі ў развіцці і для дарослых людзей, якія пажадалі атрымаць дадатковую адукацыю. Адбор у гімназію праводзіцца на падставе атэстатаў аб заканчэнні 9 класаў, прымаюцца маладыя людзі, якім не больш за 20 гадоў. Вядома, што на прэстыжнае аддзяленне накшталт грамадазнаўства ёсць конкурс, таму выберуць тых, хто ў школе атрымліваў лепшыя адзнакі. Яны якраз і плануюць пасля заканчэння гімназіі паступаць у ВНУ. Тыя, хто жадае навучыцца нешта рабіць рукамі, выбірае рабочыя прафесіі. Спіс вялікі, і перавагі ў кожнага свае. Тут асвойваюць прафесіі для будаўніцтва, прамысловасці, транспарту, металургіі, бытавога абслугоўвання. Рабочым прафесіям аддаюць перавагу да 40% гімназістаў.
Школьная адукацыя ў Швецыі бясплатная. Дзяржава аплачвае гарачае харчаванне школьнікаў, падручнікі, канцылярскія прылады.
Навучанне ў агульнаадукацыйнай школе Швецыі абавязковае дзевяцігадовае. Пасля 9 класаў вучні могуць па жаданні працягнуць навучанне ў гімназіі — вышэйшай інтэграванай школе. На сёння гэтым правам карыстаюцца каля 97% школьнікаў. Навучэнцам прапануецца вялікая колькасць адукацыйных праграм, прычым пераход з адной праграмы ў іншую практычна не абмежаваны. Вучэбныя праграмы адукацыйнай сістэмы Швецыі маюць розную працягласць і ўключаюць тры асноўныя напрамкі: аднагадовы прафесійны, двухгадовы тэхнічны і трохгадовы акадэмічны. Апошнія два напрамкі выбіраюць маладыя людзі, якія плануюць паступіць у ВНУ.
Адметна, што сярод шведскай моладзі педагагічная прафесія непапулярная, таму сённяшнія шведскія педагогі заклапочаны, хто заўтра прыйдзе на працу ў школу. Разам з тым у школах працуе вялікая колькасць мужчын.

Заходзячы ў інтэрнэт, трэба ведаць, што гугл і іншыя пошукавыя сістэмы захоўваюць інфармацыю аб тым, што чалавек раней шукаў, ствараюць своеасаблівы профіль карыстальніка. Таму спасылкі, што прапануюцца на інфармацыю, якую вы запытваеце, улічваюць тое, што вы глядзелі раней.
Быць уважлівым трэба не толькі з інфармацыяй, але і з фотаздымкамі. Пасля цунамі ў Паўднёвай Азіі па інтэрнэце хутка распаўсюдзіўся фотаздымак пра гэтае здарэнне. І мала хто засумняваўся, што гэта можа быць не так. Спецыялісты па цунамі адразу адзначылі, што гэты здымак не адтуль. Найперш яны адрэагавалі на вышыню хвалі. Яшчэ было вядома, што пры цунамі ў Паўднёвай Азіі гарады не пацярпелі. Так высветлілася, што здымак зроблены падчас цунамі, але ў Чылі і ў іншы год.
Бібліятэкары гімназіі Оскарсхамна раяць сваім студэнтам распрацаваць сваю стратэгію пошуку інфармацыі. Галоўнае, каб чалавек разумеў, пра што ён хоча даведацца. Гугл і іншыя пошукавыя сістэмы прапануюць часам мільёны старонак, тады трэба звузіць пошук, а калі адказаў мала, то пашырыць пошук. Калі прапануецца не тое, што трэба, то варта ўдакладніць запыт. Важна знайсці правільныя пошукавыя словы. Для гэтага патрэбна сур’ёзна задумацца: якую інфармацыю трэба знайсці, якія словы могуць выкарыстоўваць тыя, хто мае патрэбную інфармацыю, альбо ўзгадаць імёны і прозвішчы людзей, якія распрацоўвалі гэтую тэму. Шукаць трэба рознымі спосабамі.
Хто жадае, хто шукае, той заўсёды знаходзіць. Галоўнае — не здавацца пры няўдачах і не спыняцца на дасягнутым. І заўсёды пераправяраць інфармацыю.

Святлана КІРСАНАВА.
Фота аўтара.

Пад крытычным вуглом

Да любых медыяпаведамленняў ставіцца крытычна і разумець значнасць медыя ў жыцці грамадства — менавіта гэтаму навучаюць дзяцей у шведскіх школах.

Якім чынам гэта робяць шведскія настаўнікі, мы даведаліся падчас сустрэчы з Ларсам-Эрыкам Халем. На некалькі гадзін мы ператварыліся ў вучняў Халя і на сабе праверылі яго метады па арганізацыі дыскусіі ў класе, па рабоце ў групах, прысвечанай таму, як чытаць газеты, працаваць з рознымі медыяпаведамленнямі. Ларс Халь перакананы, што вучні не змогуць зразумець, як працуюць медыя, калі не будуць выкарыстоўваць медыя штодня ў сваім жыцці — падчас вучобы і адпачынку. Ён імкнецца ўключаць работу з медыя ў любыя ўрокі ў розных кантэкстах так часта, наколькі гэта магчыма, але заўсёды абгрунтавана. Слухаючы вопытнага медыяадукатара, мы пагадзіліся, што магчымасцей шмат, трэба толькі захацець нешта рабіць і ўключыць крэатыўнасць. Вось некаторыя варыянты работы настаўніка па медыяадукацыі з дзецьмі. Найперш медыяадукацыя ажыццяўляецца на занятках. Ларсу як настаўніку грамадазнаўства і асноў рэлігіі гэта рабіць дастаткова лёгка. На прадмеце “Асновы рэлігіі”, як расказаў Халь, гаворка ў асноўным ідзе не столькі пра сусветныя рэлігіі, колькі пра каштоўнасць кожнага чалавека на зямлі, пра тое, як людзі павінны жыць у згодзе і паразуменні. Згодна з вучэбным планам па грамадазнаўстве, вучні на занятках разглядаюць пэўныя законы, сістэму пакарання, існуючыя праблемы ў крымінальнай сферы і г.д. І тут Халь лічыць вельмі дарэчным уключыць работу з медыя, асабліва з друкаванымі СМІ. Ён расказаў, як яго вучні шукалі інфармацыю крымінальнага характару. Клас падзяліўся на групы. Адна здабывала інфармацыю пра правапарушнні на дарогах, другая — пра насілле, трэцяя — пра крадзяжы, чацвёртая — пра тэрарызм, пятая — пра нянавісць да людзей і г.д. Адметна, што калі вучні паглыбіліся ў тэму, то іх першая выснова была такая: “Як жа мы жывём у гэтым свеце, дзе столькі насілля!” Сапраўды, свет можа здавацца вельмі небяспечным, калі толькі чытаць навінную калонку са здарэннямі. А калі падысці больш крытычна да інфармацыі і формы яе падачы, то становіцца зразумела, што рызыка таго, што канкрэтны чалавек стане ахвярай, невялікая. Аднак карціна, якую ствараюць СМІ, вельмі сур’ёзная і пераканаўчая. Дастаткова адной навіны пра наркотыкі ў школе — і многія ўжо вераць, што наркадылеры проста “жывуць” у навучальных установах.

У вучэбным плане па шведскай мове для вучняў 11 класа агульнаадукацыйнай школы пазначана: у працэсе навучання прадмету школьнікам павінна прадстаўляцца магчымасць развіваць веды пра тое, як можна фармуляваць асабістыя меркаванні, думкі ў розных відах тэкстаў і на розных медыяплатформах.

Такія падборкі навін вучні робяць для таго, каб затым паразважаць пра тое, як ствараюцца навіны, пра правы чалавека, правілы жыцця — ад школьных да дзяржаўных. Ларс узгадаў, што аднойчы на агульнанацыянальным тэсціраванні па шведскай мове вучням прапаноўвалася паразважаць аб перавагах і недахопах змяшчэння правапарушальнікаў у турмы: якім чынам турма ўплывае на правапарушальніка, яго сяброў, сям’ю, грамадства ўвогуле? Адзнака залежыць ад колькасці аргументаў і абгрунтаванняў, якія прадставіць вучань: чым іх больш — тым яна вышэйшая. Дыскусіі Ларс імкнецца арганізоўваць са сваім вучням кожны тыдзень. Дзе ён шукае тэмы для іх? З розных медыя, у тым ліку і з сацыяльных сетак, якімі карыстаюцца яго вучні. У такім выпадку большая верагоднасць таго, што ім гэтая тэма будзе блізкай і цікавай. Або настаўнік прапануе вучням самастойна вызначыць навіну тыдня. Ён раіць ім уважліва чытаць загалоўкі першай паласы газет і выбіраць цікавую для сябе навіну, затым выразаць яе з газеты, прыклейваць на ватман. Пасля гэтага кожны вучань піша свой тэкст пра сваю навіну тыдня, але не перапісвае газетны матэрыял, а перадае інфармацыю сваімі словамі, расстаўляе свае акцэнты, шукае да тэксту адпаведны малюнак або фотаздымак. У канцы тыдня кожны вучань зачытвае сваю навіну перад класам, пасля чаго ідзе абмеркаванне. Вучань абавязкова адзначае, чаму ён спыніў свой выбар на гэтай навіне, чаму яна мае права называцца навіной тыдня. Дарэчы, вучні падшэфнага класа Халя самі неаднойчы станавіліся героямі навін. Адметна, што мясцовыя СМІ з вялікай увагай і цікавасцю ставяцца да жыцця школы, яны частыя госці ў навучальных установах, з ахвотай расказваюць дзецям пра свае журналісцкія будні. Газеты шукаюць шмат станоўчага ў школе, пастаянна пішуць пра гэта. Раз у год у шведскіх школах праходзіць так званы Тыдзень газет, калі ўстанова бясплатна атрымлівае на працягу вучэбнага тыдня газету, з якой дзеці актыўна працуюць. Рэдакцыі таксама карысна атрымаць такую глыбінную крытыку ад сваіх чытачоў, хоць і будучых, — зваротную сувязь. Ларс расказаў нам пра два выпадкі, калі вучні яго падшэфнага класа з’явіліся на старонках СМІ. Першы раз — калі яны ўдзельнічалі ў экалагічным праекце па зборы адпрацаваных батарэек. Карысць ад удзелу ў такім праекце “два ў адным” — не наносіцца шкода роднай прыродзе і прывіваецца добры навык. Перш чым уключыцца ў экалагічны праект, вучні шукалі інфармацыю па зборы, утылізацыі і перапрацоўкі выкарыстаных батарэек і зразумелі, што ўтылізацыя з’яўляецца адной з самых складаных праблем. На працягу месяца вучні збіралі адпрацаваныя батарэйкі і сабралі іх цэлую тону. Гэты факт выклікаў здзіўленне не толькі ў нас, але і ў мясцовай прэсы. Пра юных абаронцаў прыроды зрабілі рэпартаж у газеце і відэасюжэт. Так дзеці пабывалі ў ролі тых, у каго бяруць інтэрв’ю, адчулі, якія пры гэтым чалавек перажывае эмоцыі. І калі ім самім потым было дадзена заданне ўзяць інтэрв’ю, то яны ўжо ведалі, як гэта робіцца. У другі раз выхаванцы Ларса сталі медыйнымі персонамі падчас перапіскі з вядомымі спартсменамі. Спорт — адна з любімых тэм у Швецыі, а спартсмены, вядома, з’яўляюцца кумірамі многіх. І Ларс як добры настаўнік карыстаецца гэтым, каб развіць у дзяцей уменне працаваць з медыя. Зразумела, што такая падзея, як Алімпіяда ў Сочы, не засталася па-за ўвагай педагога. Ларс прапанаваў дзецям найперш падумаць над загалоўкам аднаго артыкула пра Алімпіяду: што меў на ўвазе журналіст, называючы тэкст “Гульня ў двух тварах”? Два твары — чые, гэта як, гэта пра што? На фотаздымку побач з артыкулам дзеці бачаць двух шведскіх спартсменаў і выказваюць здагадку, што гаворка можа ісці пра іх. Затым працягваюць разважанні, што гэта можа быць рэклама краіны і рэгіёна ці самых значных для Швецыі двух відаў спорту. Калі розум дзяцей накіроўваць правільна, то яны пачынаюць бачыць шырэй, а не толькі тое, што адлюстравана на фотаздымку або ў тэксце. Ларс задае дзецям тэму, дае хвілінку падумаць, затым абмеркаваць у парах, пасля чаго жадаючыя могуць выступіць перад класам са сваім меркаваннем. Вельмі каштоўны ў гэты момант пошук і агучванне варыянтаў адказаў. Настаўнік у гэты час мабільны, мае выхад у інтэрнэт і можа падмацаваць меркаванне дзяцей фотаілюстрацыяй або фактамі. Ларс Халь зрабіў так, што яго выхаванцам зімовая Алімпіяда ў Сочы запомніцца надоўга. Можна сказаць, што яны сталі яе ўдзельнікамі, — не сапраўднымі, канечне, а віртуальнымі. У падшэфным класе Ларса бацька адной з навучэнак працуе ў камандзе нацыяльнай лыжнай зборнай — дапамагае рыхтаваць лыжы да спаборніцтваў. Настаўнік запрасіў яго ў клас на сустрэчу з вучнямі, тыя ўзялі ў яго інтэрв’ю. А падчас гутаркі ўзнікла ідэя напісаць лісты любімым спартсменам. Кожны вучань выбраў спартсмена і ўзяўся пісаць яму, абавязковая ўмова — пісаць трэба ад рукі. А бацька дзяўчынкі ўзяў на сябе адказнасць перадаць гэтыя пасланні дзяцей спартсменам. Вучні стараліся, расказалі ў лістах пра сябе, пра тое, чым яны займаюцца, чым цікавяцца, запыталіся ў спартсменаў пра іх дзіячыя хобі і мары. Затым школьнікі нават здзейснілі віртуальную экскурсію ў алімпійскі горад. (Зараз інтэрнэт прапаноўвае магчымасць захапляльнага вандравання па свеце з дапамогай карт, можна гуляць па вуліцах розных гарадоў, вывучаць іх архітэктуру.)

Ларс-Эрык Халь настаўнік пачатковых класаў, у мінулым — кансультант вучэбнага сайта “Медыякомпас”. Ларс-Эрык працуе ў муніцыпальнай школе невялікая горада Нясшо з 30 тысячамі жыхароў, дзе выкладае грамадазнаўства, геаграфію, гісторыю, асновы рэлігіі. Яго спецыялізацыя — работа з дзецьмі з асаблівымі патрэбамі. А не так даўно Ларс стаў яшчэ і спецыялістам па развіцці ўстановы. (Пасля апошняй праведзенай у Швецыі адукацыйнай рэформы ў школах з’явілася новая штатная адзінка — спецыяліст па развіцці ўстановы.) Школа, у якой працуе Ларс Халь, невялікая — усяго 9 класаў, яе наведваюць 180 дзяцей 6—13 гадоў. Навучальная ўстанова гатова прымаць вучняў у 6 гадзін раніцы (калі бацькам трэба рана на работу) і зачыняецца прыкладна ў 18.30 (пакуль бацькі не прыйдуць за апошнім дзіцем). Школа інтэграваная, у ёй вучыцца шмат дзяцей-мігрантаў (каля 22%), а таксама дзяцей з асаблівымі патрэбамі. Менавіта для работы з дзецьмі з асаблівымі патрэбамі ва ўстанове працуе спецыяльны настаўнік. Зараз у Швецыі працягваюцца дэбаты па ацэньванні ведаў вучняў. З 2013 года былі ўведзены адзнакі ў 6 класах, раней і такога не было. Урад выступае за тое, каб вучні атрымлівалі адзнакі як мага раней. І для гэтага было вырашана правесці адукацыйны эксперымент па выстаўленні адзнак у 4 класе. У эксперымент трапілі 100 школ з ліку добраахвотнікаў. На думку Халя, адзнакі ў пачатковай школе не садзейнічаюць павышэнню ўзроўню ведаў. Так, для вучняў, якія вучацца добра, адзнака — гэта стымул, а для дзяцей, якія нічога добрага ад сябе ўжо і не чакаюць, — гэта толькі дадатковы тормаз у развіцці. Дзённікі ў шведскіх школах адсутнічаюць. Вучні самі нясуць адказнасць за тое, што ім трэба выканаць, і самі вырашаюць, куды і як запісваць заданні, атрыманыя ад настаўніка на занятках. У шведскіх школах практыкуецца індывідуальны падыход да вучняў: кожнаму прапаноўваецца індывідуальнае заданне. Усе кабінеты аснашчаны сучаснай тэхнікай, у настаўніка ёсць доступ да інтэрнэту. Вучань можа напісаць работу, сфатаграфаваць або адсканіраваць яе і вывесці на інтэрактыўную дошку.

Лісты сталі каштоўнымі падарункамі для абодвух бакоў — спартсменаў і вучняў. Адметна, што лыжнікі, нягледзячы на сваю занятасць перад важным спаборніцтвам, адказалі дзецям на іх пасланні, не забыўшыся параіць ім, як можна стаць выдатнымі лыжнікамі. Для дзяцей спартсмены сталі прыкладам, як трэба развівацца, да чаго імкнуцца. І вядома, што перапіска школьнікаў з нацыянальнай лыжнай зборнай стала асновай для матэрыялу ў газеце. Уявіце, 10-гадовы хлопчык атрымлівае ліст ад зоркі лыжнага спорту — ці ж гэта не топавая навіна! “Пашанцавала!” — падумалі іншыя падлеткі. Безумоўна, дзецям пашанцавала, у тым ліку і з такім настаўнікам. Ларс вучыць дзяцей быць адкрытымі, умець ладзіць зносіны з людзьмі, выкладаць свае думкі і пажаданні ў пісьмовым выглядзе. Як вядома, на Алімпіядзе ў Сочы шведская зборная стала чэмпіёнам — “золата” на эстафеце атрымалі як мужчыны, так і жанчыны. Вучні Ларса лічаць, што ў тым “золаце” ёсць і іх заслуга, бо яны ўсім сэрцам хварэлі за сваіх сяброў па перапісцы. Ларс Халь шукае для сваіх вучняў самыя цікавыя формы работы, якія стымулююць дзіцячую цікаўнасць, развіваюць аналітычныя здольнасці і творчыя задаткі. Магчыма, нехта з іх стане журналістам, але самае галоўнае, што яго вучні вырастуць адукаванымі карыстальнікамі медыя, не дазволяць сабой маніпуляваць і будуць ствараць свае медыяшэдэўры.

Святлана КІРСАНАВА. Фота аўтара.

Компас у свеце слоў і вобразаў

Хто лічыць, што “чацвёртая ўлада” — гэта толькі прыгожая метафара ў адносінах да медыя (СМІ), той недаацэньвае або нават не ўяўляе яе рэальны ўплыў на нашы думкі, пачуцці і дзеянні, на фарміраванне нашага ўяўлення пра свет. Медыя нярэдка асэнсавана падмяняюць рэчаіснасць.

Наша грамадства яшчэ не прызнае неабходнасці медыяадукацыі, блытае гэтае паняцце з уменнем карыстацца камп’ютарам і інтэрнэтам на занятках і ў штодзённым жыцці. У Швецыі кожны школьнік ведае, што медыяадукацыя — гэта вывучэнне медыя. З пачатковых класаў яны знаёмяцца з тым, як ствараюцца і распаўсюджваюцца медыятэксты, вучацца ацэньваць і інтэрпрэтаваць іх змест, самі складаюць медыяпаведамленні і праз усё гэта развіваюць свае аналітычныя і крытычныя здольнасці. Такая вялікая ўвага медыяадукацыі ў Швецыі ўдзяляецца не таму, што нацыянальныя СМІ хочуць мець як мага больш чытачоў (гэтая мэта таксама ёсць, але яна далёка не першая), самае галоўнае — умацаванне дэмакратыі і свабоды слова праз навучанне дзяцей крытычнаму аналізу любых паведамленняў, развіццё ў іх здольнасці быць незалежнымі і актыўнымі карыстальнікамі медыя і разам з тым творчымі і інтэрактыўнымі стваральнікамі асабістых паведамленняў. Ва ўсіх установах адукацыі ідзе навучанне дзяцей крытычнаму падыходу да медыякантэнту, азнаямленню з тым, як працуюць розныя медыя, якую ролю яны адыграваюць у жыцці грамадства. Медыяпедагогамі выступаюць як настаўнікі розных прадметаў (асабліва гуманітарных і грамадазнаўчых), так і бібліятэкары. Ім не трэба вынаходзіць веласіпед, як і што рабіць з дзецьмі па выхаванні ў іх медыякампетэнтасці, бо ім у дапамогу створаны метадычныя медыярэсурсы Mediekompass (“Медыякомпас”) (http://www.mediekompass.se) і Мik-runnet (“Прастора медыя і камунікацый”) (https://mik.statensmedierad.se), а яшчэ на нацыянальным радыё і тэлебачанні ёсць спецыяльныя перадачы па гэтай тэме.

Ва ўсіх установах адукацыі Швецыі дзеці навучаюцца крытычнаму падыходу да медыякантэнту, знаёмяцца з тым, як працуюць розныя медыя, якую ролю яны адыгрываюць у жыцці грамадства, як на занятках, так і па-за імі.

У падрыхтоўцы “Медыякомпаса” прымалі ўдзел як педагогі (у прыватнасці, вядучы нашай летняй школы па медыяадукацыі Ёран Андэрсан), так і журналісты — супрацоўнікі газет. Некалі “Медыякомпас” быў прадстаўлены ў друкаваным і лічбавым выглядзе, зараз працуе толькі як сайт. “Медыякомпас” — падказка настаўнікам, якія падзеі ў краіне і ў свеце лепш разглядаць з вучнямі, якія пры гэтым выкарыстоўваць методыкі і практыкаванні. Сёння ім актыўна карыстаюцца каля 11 тысяч шведскіх педагогаў. Кожны тыдзень настаўнікам прапануецца для разгляду 2 сюжэты і 1 актуальная падзея, а таксама даюцца парады, якім чынам іх лепш разглядаць з дзецьмі. Так, пачаткоўцы, напрыклад, павінны засвоіць, як працаваць з інфармацыяй у штодзённым жыцці і падчас навучання, як шукаць і ацэньваць інфармацыю, атрыманую з розных крыніц. У гімназіях па праграме “Грамадазнаўства” ёсць нават спецыялізацыя “Медыя”, дзе навучэнцы вучацца аналізаваць розныя з’явы ў грамадстве і распазнаваць прычыны і наступствы з дапамогай грамадазнаўчых тэрмінаў, тэорый, мадэлей і метадаў; шукаць і крытычна інтэрпрэтаваць інфармацыю з розных крыніц, а таксама ўмець ацэньваць значэнне і дакладнасць гэтых даных; прадстаўляць свае веды ў галіне грамадазнаўства ў розных формах прэзентацыі.Цікава, што навыкі медыяграматнасці правяраюцца ў вучняў на дзяржаўным узроўні падчас правядзення так званага агульнанацыянальнага тэсціравання па трох прадметах — матэматыцы, англійскай і шведскай мовах. У тэсціраванні ўдзельнічаюць вучні 3, 6, 9 класаў і гімназісты. Па шведскай мове прапануецца напісаць навінны матэрыял або эсэ па пэўнай тэме. Дарэчы, стварэнне медыяпаведамленняў уваходзіць у праграму навучання шведскай мове. Такая пісьмовая работа дэманструе здольнасць вучня граматна выказваць свае думкі.
Згодна са шведскім вучэбным планам, медыякампетэнтнасць вучняў ацэньваецца па чатырохбальнай шкале, па чатырох F— fakta, färdigheter, förståelse, förtrogenhet. Так, на першым узроўні (факты) вучні павінны валодаць асновай пабудовы новых ведаў; на другім (уменне) — знаходзіць інфармацыю, прадстаўляць яе ў новым выглядзе; на трэцім (разуменне) — разумець, пра што ідзе гаворка ў тэксце, вылучаць галоўную думку; на чацвёртым, самым высокім узроўні (паглыбленае разуменне), — упэўнена карыстацца ведамі, рабіць ацэнку любога медыяпаведамлення.
Сайт па медыграматнасці з назвай Мik-runnet быў створаны ў Швецыі па ініцыятыве Дзяржаўнага медыйнага савета. Яго мэта — зрабіць дзяцей і маладых людзей больш свядомымі карыстальнікамі медыя і абараніць іх ад шкоднага ўздзеяння медыя. Як падкрэсліў Ёран, стварэнне такого рэсурсу, вядома, патрабуе пэўных ведаў і значных грашовых укладанняў, але гэта таго вартае, і таму сёння гэты медыярэсурс можна з гордасцю нават прадстаўляць на экспарт.
На медыярэсурсе Мik-runnet асобна прадстаўлена інфармацыя для бібліятэкара і для настаўніка. Далей старонка за старонкай тлумачыцца, як можна правесці вучэбныя заняткі для вучняў розных класаў. У Ёрана, напрыклад, азнаямленне з гэтымі метадычнымі рэкамендацыямі заняло дзве гадзіны. Першая частка — чатыроххвілінны відэаматэрыял пра тое, што, як толькі нараджаецца чалавек, інфармацыя пра гэта распаўсюджваецца з велізарнай хуткасцю. Затым даюцца цікавыя статыстычныя звесткі: 45% дзяцей ва ўзросце двух гадоў ужо выходзілі ў інтэрнэт; 80% дзяцей ва ўзросце 12 гадоў маюць смартфон, таму ў іх увесь свет у кішэні; facebook лічыцца 3-й самай вялікай краінай свету; кожную гадзіну на YouTube выкладаецца 100 гадзін відэа; каля 6 мільярдаў людзей кожны дзень уключаюць пошуковую сістэму Google. Новы медыйны ландшафт уплывае на тое, як мы вучымся, чаму мы вучымся і хто нас вучыць. З гэтага можна зрабіць выснову: новы медыйны ландшафт патрабуе новыя веды і магчымасці: уменне знайсці, прааналізаваць і крытычна ацаніць інфармацыю, уменне выказаць свае думкі і стварыць свой кантэнт у розных медыя, зразумець ролю масмедыя ў грамадстве. Гэта тое, што называюць медыяграматнасцю.
На сайце Мik-runnet таксама можна абмяркоўваць розную інфармацыю, аналізаваць яе, фармуляваць пытанні. Напрыклад, аб існуючай нянавісці ў інтэрнэце: хлопчык піша паведамленне адной дзяўчынцы: “Ты такая дурніца, таму лепш ідзі і застраліся”. Ёран падчас абмеркавання ў класе тэмы нянавісці ў інтэрнэце запытаўся ў школьнікаў: “Калі выходзіш у сеціва, то павінен усё цярпець?” І пятнаццацігадовыя падлеткі давалі станоўчы адказ: “Так, трэба цярпець”. Па іх меркаванні, сацыяльныя медыя — гэта несапраўднасць, там можна сказаць адно аднаму тое, чаго ў жыцці ніколі не скажаш. Настаўнік павінен так сфармуляваць пытанні, каб дзеці, абмяркоўваючы праблему нянавісці ў інтэрнэце, зразумелі, што няма розніцы паміж сапраўдным жыццём і тым, што адбываецца ў сацыяльных медыя. Далей прапануюцца пытанні для дыскусій. Напрыклад, наколькі важная ананімнасць, калі мы выходзім у інтэрнэт? Асноўнае адрозненне сапраўднай журналістыкі ад паведамленняў у сацыяльных медыя ў тым, што пад кожным артыкулам стаіць сапраўднае імя і прозвішча аўтара радкоў, яго нумар тэлефона або электронны адрас. Журналісты вымушаны пісаць праўдзіва, бо на наступны дзень іх атакуюць званкамі і паведамленнямі ўважлівыя чытачы. А ў сетцы ўладарыць ананімнасць. Можна пісаць усё, што жадаеш, і не адказваць за гэта. Таму цкаванне са школьнага двара перамясцілася ў сацыяльныя сеткі. Дзецям неабходны веды аб тым, як паводзіць сябе ў сетцы, як рэагаваць на цкаванне. Увогуле, сацыяльныя медыя — гэта асобная тэма, бо сёння яны з’яўляюцца неад’емнай часткай штодзённага жыцця вялікай колькасці людзей, якія пастаянна абнаўляюць свае статусы на Facebook, размяшчаюць фотаздымкі на Flickr і Instagram, шукаюць навіны праз Twitter і будучае месца працы праз LinkedIn, загружаюць відэа на YouTube. Але не толькі простыя людзі карыстаюцца сацыяльнымі медыя. Палітыкі, міністры, акцёры, кіраўнікі кампаній таксама выкарыстоўваюць іх платформу ў сваіх мэтах. Канечне, у сацыяльных медыя пануе ананімнасць, і часам цяжка праверыць дакладнасць зместу паведамлення. Але разам з тым сацыяльныя медыя далі людзям новыя магчымасці, каб выказаць свае думкі і каб даведацца пра жыццё іншых.Шмат цікавай інфармацыі пра сацыяльныя медыя мы пачулі з вуснаў журналіста газеты “Барометр” Эмелі Лунд. Я ў сваім нататніку запісала параду для свайго сына, якую настаўнікі таксама могуць перадаць сваім вучням: ніколі не пісаць пасты ў сацыяльных медыя, знаходзячыся ў дрэнным настроі, бо абавязкова знойдуцца нядобразычліўцы, якія падальюць алею ў вогнішча, і стане яшчэ горш, або выкарыстаюць твой настрой у сваіх карыслівых мэтах. Таксама не трэба пісаць таго, што не павінны ведаць таты, мамы, бабулі з дзядулямі і, канечне, настаўнікі, а ў дачыненні да дарослых — яшчэ і кіраўніцтва. Дарэчы, шведскія настаўнікі “не сябруюць” са сваімі вучнямі ў сацыяльных медыя. Вось вам і тэма для абмеркавання ў класе ці на старонках нашай газеты: ці могуць настаўнікі знаходзіцца ў адной сацыяльнай сетцы са сваімі вучнямі?
Не так даўно Савет па правах чалавека ААН апублікаваў даклад, прысвечаны ананімнасці і шыфраванню ў інтэрнэце, дзе адзначаецца, што ананімнасць і шыфраванне дазваляюць ажыццяўляць правы чалавека на свабоду думкі і выказвання. З гэтым нельга не пагадзіцца, але, з іншага боку, для некага свабода — гэта ўсёдазволенасць і безадказнасць.
Падчас лекцыі Лізы Б’юрваль, вядомага ў Швецыі эксперта і аўтара кніг па мове нянавісці ў інтэрнэце, мы зразумелі, што тэма нянавісці сёння самая актуальная. Мы, дарослыя, павінны зрабіць усё, каб абараніць дзяцей ад пагроз, абразлівых паведамленняў, падману, насілля, уцягнення ў розныя арганізацыі падчас іх знаходжання ў інтэрнэце. Нянавісць заўсёды звязана з пагрозамі, страхам, гвалтам і злачынствамі. Як паведаміла Ліза, больш за 50% шведскіх журналістаў (у большасці жанчыны) падвяргаліся пагрозам, атрымлівалі паведамленні з непрыемнымі выказваннямі, якія ў асноўным зыходзілі ад экстрэмісцкіх груповак. Як не стаць ахвярай нечай нянавісці? Зразумела, што трэба перасцерагаць дзяцей, што яны могуць у інтэрнэце сустрэцца з дэструктыўнай прапагандай па распальванні сацыяльнай варожасці, абвастрэнні супярэчнасцей у грамадстве, абуджэнні нізкіх інстынктаў. Як яе распазнаць? Вельмі складана. Прапагандай займаюцца адукаваныя людзі, яны ўмеюць па-майстэрску маніпуляваць свядомасцю і пачуццямі людзей. Ад Лізы мы атрымалі карысныя парады: аналізаваць, да якіх пачуццяў апелююць аўтары паведамленняў — нацыяналістычных або агульначалавечых; як апісваюцца пагрозы, якія пры гэтым выкарыстоўваюцца словы — напрыклад, звязаныя з такімі небяспечнымі прыроднымі з’явамі, як шторм, ураган; як параўноўваюць людзей — напрыклад, з агрэсіўнымі драпежнымі жывёламі.
На занятках у шведскіх школах дзяцей яшчэ вучаць адрозніваць, якая інфармацыя праўдзівая, а якая з’яўляецца фэйкам (падманам). Журналісты спецыяльна падрыхтавалі для гэтых мэт вучэбныя матэрыялы. Напрыклад, у адным з іх расказваецца пра янота — небяспечнага звера, разносчыка шаленства. Рэпартаж вельмі пераканальны, бо на відэа мы бачым агрэсіўных янотаў, якія нас пужаюць. Ды і ўрачы на відэа ў адзін голас гавораць, што з янотамі трэба быць вельмі асцярожнымі. Пасля прагляду паловы сюжэта вучням задаюцца пэўныя пытанні на разуменне і ўспрыманне відэа. Затым прапаноўваецца паглядзець другую частку відэа, дзе журналіст расказвае, як яна рабіла гэты рэпартаж. І тут дзеці даведваюцца, што ўрачы і іншыя спецыялісты — гэта сапраўдныя людзі, прафесіяналы, але яны гаварылі пра іншых жывёл, а не янотаў, а мантаж зроблены так, нібыта яны кажуць пра янотаў.

У школьную праграму навучання швецкай мовы ўваходзіць стварэнне медыяпаведамленняў.

Каб не апынуцца ў пастцы падману, трэба валодаць інструментамі вызначэння фэйкаў, маніпуляцый. Гэта цэлае мастацтва, і на адных занятках ім не авалодаеш. У шведскіх дзяцей ёсць магчымасць папрактыкавацца не толькі на школьных занятках, пад кіраўніцтвам сваіх настаўнікаў і бібліятэкараў, але і самастойна ці з бацькамі, гледзячы тэлебачанне і слухаючы радыё. У Швецыі ёсць спецыяльнае адукацыйнае радыё, ды і на тэлебачанні шэраг праграм прысвечаны медыяадукацыі. Напрыклад, на адукацыйным радыё быў падрыхтаваны медыялізаваны серыял па 30 хвілін на 7 праграм пра тое, як крытычна ставіцца да інфармацыі, як па-рознаму прадстаўляецца інфармацыя, пра патрабаванні да фотаздымкаў і г.д. З гэтага адукацыйнага радыё звярнуліся да медыяпедагогаў, у прыватнасці да Ёрана, з просьбай падрыхтаваць перадачу для настаўнікаў і вучняў па пытаннях медыя. Так, з 7 праграм атрымалася невялікая брашура на 70 старонак, дзе апісаны змест праграмы, заданне для выканання, спасылкі, якія можна выкарыстоўваць. Пасля апісання кожнай тэмы прапануецца спецыяльнае заданне з пытаннямі на разуменне тэксту.
Кожную пятніцу ў 9 гадзін раніцы на дзіцячым тэлебачанні выходзіць 17-хвілінная праграма “Маленькая школа — актуальныя падзеі”. Пасля падачы розных навін гледачам прапануецца крыжаванка, якая накіравана на праверку таго, як тыя зразумелі, засвоілі і запомнілі навіны.
Медыяадукацыя ў Швецыі — гэта цэласная сістэма, якая накіроўваецца дзяржавай. Яе асноўная мэта — развіваць будучых грамадзян, якія ўмеюць успрымаць, аналізаваць і ацэньваць медыятэксты, а таксама творча прадстаўляць сябе і сваю пазіцыю ў розных медыяпаведамленнях.

Святлана КІРСАНАВА.
Фота аўтара.