Навагоднія вандроўкі па Гродзеншчыне

Для вучняў 7 i 6 класаў Алекшыцкай сярэдняй школы зімовыя канікулы пачаліся з аўтобуснай экскурсіі ў маёнтак Каробчыцы. Там яны прынялі актыўны ўдзел у каляднай анімацыйнай праграме i дапамаглі вырваць Сонца-Каляду з рук суровага Зюзі, каб вярнуць яго на неба. Прадстаўленне, якое праходзіла ў інтэрактыўным рэжыме, акунула школьнікаў у дахрысціянскую эпоху, дзе адбылося знаёмства са старажытнымі славянскімі багамі. Каб прайсці прапанаваныя імі выпрабаванні, давялося праявіць сілу, кемлівасць, дасціпнасць, вынослівасць. Як i ў кожнай навагодняй казцы, не абышлося без выхадак Бабы Ягі, але яе хітрыкі рассыпаліся ад з’яўлення Дзеда Мароза. Казка скончылася песнямі, вершамі, карагодамі вакол прыгажуні ёлкі і, вядома ж, падарункамі ад Дзеда Мароза і Снягурачкі.

На зваротнай дарозе шкoльнiкi наведалі святочны Гродна, змаглі набыць гасцінцы для родных i атрымаць уражанні ад выставы італьянскіх веласіпедаў “Усё жыццё ў адным веласіпедзе”, што разгарнулася ў Гродзенскім мyзеі гісторыі рэлігіі. У даступнай i забаўляльнай форме экскурсавод расказала пра быт італьянцаў першай паловы XX стагоддзя, ix прафесіі i захапленні. Вялікае здзіўленне выклікала знаходлівасць i майстэрства рабочых, якія здолелі ператварыць звычайны веласіпед у цэлую майстэрню, а то i цэх на колах. 3 30-ці прадстаўленых экспанатаў найбольш запомніліся спецыялізаваныя майстэрні-веласіпеды пажарных, токара, малочніка, мясніка, цырульніка, лялечніка, доктара, клоўна.

Дадому школьнікі вярталіся стомленыя, але задаволеныя. Усім запомніцца гэтая незвычайная паездка. Так пачалася незабыўная казка зімовых канікул.

Улад КУРЧЫЦКІ,
вучань 7 класа Алекшыцкай сярэдняй школы
Бераставіцкага раёна Гродзенкай вобласці.

Serdecznie witamy

Турызм, як вядома, не ведае межаў. Нават 2-гадзіннае праходжанне дзяржаўнай мяжы паміж Рэспублікай Беларусь і Рэспублікай Польшча зусім не стаміла ўдзельнікаў праграмы прафесійнай мабільнасці “Выкарыстанне рэсурсаў экскурсійнай і краязнаўчай дзейнасці ў сучасным адукацыйным працэсе ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі і дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі Рэспублікі Польшча”, якую падрыхтавалі Рэспубліканскі цэнтр экалогіі і краязнаўства сумесна з Польскім турыстычна-краязнаўчым таварыствам пры падтрымцы Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь і Пасольствам Рэспублікі Беларусь у Рэспубліцы Польшча. Пашпартны кантроль, аўтамабільная чарга — усё гэта толькі ўзмацніла радасць сустрэчы з польскімі калегамі.

Гасцінныя людзі

У першыя чатыры дні зімы нас чакала насычанае знаёмства з прадстаўнікамі Польскага турыстычна-краязнаўчага таварыства, наведванне турыстычных і мала­дзёжных баз краіны-суседкі, прагулкі па брукаваных вулачках Любліна і Кракава. Гэтыя старадаўнія гарады невыпадкова былі выбраны месцамі рэалізацыі праграмы прафесійнай мабільнасці. Люблін і Кракаў славяцца не толькі вялікай колькасцю помнікаў архітэктуры, але і развітой турыстычнай інфраструктурай. Нам сапраўды было на што паглядзець і з чым азнаёміцца. Польскія калегі гасцінна сустракалі, а мы ветліва ўсміхаліся, зацікаўлена расказвалі, а мы ўважліва слухалі, актыўна паказвалі, а мы з цікаўнасцю разглядвалі і ў самых патаемных куточках душы марылі пра тое, што хутка настане той час, калі вуліцы і нашых гарадоў напоўняць натоўпы замежных турыстаў.

Мы марылі і пры гэтым працягвалі ўважліва слухаць, разглядваць, задавалі дадатковыя пытанні, дзяліліся ўражаннямі. Сяброўскія кантакты ўстанавіліся вельмі хутка. Нават перакладчык не заўсёды быў патрэбны. Часам дастаткова было ўсмешкі, асаблівай інтанацыі ў голасе, выразу твару, погляду. Хаця, безумоўна, калі б не цікавы аповед нашых калег, паўнацэннай беларуска-польская турыстычна-края­знаўчая сяброў­ская сустрэча наўрад ці атрымалася б. І першыя словы, якія мы пачулі на гасціннай польскай зямлі, былі такія: “Serdecznie witamy na polskiej ziemi!” Люблінскія педагогі не толькі сардэчна віталі, але і сардэчна, захоплена дзяліліся вопытам сваёй работы. Нас яны сапраўды чакалі з нецярпеннем.

Частка першая

Наша падарожжа можна ўмоўна раздзяліць на дзве часткі. Першая — гэта знаёмства з вопытам арганізацыі турыстычна-краязнаўчай работы, патрыятычнага выхавання ва ўстановах адукацыі Польшчы, распрацоўкай турыстычных маршрутаў. Другая — знаёмства з асаблівасцямі прэзентацыі нашымі суседзямі адметнасцей роднай зямлі. Наколькі выдатна гэта атрымліваецца ў палякаў, што варта пераняць беларусам, каб максімальна наблізіцца да нашых штогадовых планаў па прыцягненні замежных турыстаў у краіну, а дакладней, у нашы далёка не самыя бедныя на архітэктурныя помнікі гарады, раскажам у наступную суботу ў выхаваўчым дадатку “Шосты дзень”. Пакуль што першая частка нашага падарожжа: турыстычна-краязнаўчая работа, патрыя­тычнае выхаванне, распрацоўка маршрутаў. Знаёміцца бу­дзем на прыкладзе дзейнасці люблінскага Аб’яднання эканамічных школ імя Аўгуста і Юліюша Ветэраў і Цэнтра горнага турызму Польскага турыстычна-краязнаўчага таварыства, што ў Кракаве.

Традыцыі і сучаснасць

Першыя словы вітання на гасціннай польскай зямлі мы невыпадкова пачулі ў люблінскім будынку Аб’яднання эканамічных школ імя Аўгуста і Юліюша Ветэраў. Па-першае, гэта адна з архітэктурных візітовак горада. Па-другое, школа мае багатую гісторыю, традыцыі, у тым ліку традыцыі выхаваўчай работы з навучэнцамі. Што ж, крыху гісторыі, а таксама вопыту.

У ХІХ стагоддзі ў рамесна-гандлёвым асяроддзі Любліна ўзнікла ідэя стварэння прафесійнага вучылішча, якое давала як агульную, так і працоўную адукацыю. Улічваючы патрэбы жыхароў, люблінскае купецкае таварыства стварыла нядзельна-камерцыйнае ву­чылішча. Афіцыйна школа пачала працаваць 5 снежня 1866 года. Спачатку вучылішча размяшчалася ў будынку ўрадавай пачатковай мужчынскай школы на вуліцы Езуіцкай. Нядзельна-камерцыйнае вучылішча павышала кваліфікацыю будучых гандляроў. Каб даць моладзі магчымасць атрымаць вышэйшую адукацыю ў політэхнічных або спецыялізаваных вышэйшых навучальных установах, купцы адкрылі ў 1902 годзе сямікласную гандлёвую школу. Школа карысталася папулярнасцю, таму з’явілася патрэба ўзвесці новы будынак. Найбольш актыўны ўдзел у рабоце школы прымалі браты-прамыслоўцы Аўгуст і Юліюш Ветэры. Менавіта сям’я Ветэраў купіла зямельны ўчастак для ўзвядзення новага будынка школы на вуліцы Бернардынскай. Будаўніцтва доўжылася з 1905 па 1906 год. Пяціпавярховы неагатычны будынак з чырвонай цэглы стаў візітоўкай Любліна. У Санкт-Пецярбургу быў атрыманы дазвол на тое, каб весці ўрокі па-польску, за выключэннем гісторыі і геаграфіі Расіі. Гандлёвая школа Любліна стала ў Каралеўстве Польскім першай установай з польскай мовай навучання.

Пад сучаснай назвай “Аб’яд­нанне эканамічных школ імя Аўгуста і Юліюша Ветэраў” установа функцыянуе з 1975 года. Школа працягвае багатыя традыцыі, праслаўляючы імёны яе заснавальнікаў і апекуноў. Багаты збор школьнай хаты памяці (аналаг нашых школьных музеяў гісторыі ўстановы адукацыі), штогадовыя з’езды выпускнікоў, дзейнасць Таварыства выхавальнікаў і сяброў Ветэраў суіснуе з сучаснымі вучэбнымі кабінетамі, найноўшымі вучэбнымі праграмамі. Спалучэнне 150-гадовай традыцыі і гісторыі з неабходнасцю дынамічнага развіцця школы ўплывае на міжнароднае супрацоўніцтва, якое пастаянна развіваецца. Удзел у еўрапейскіх праграмах дазваляе навучэнцам пашыраць веды, развіваць моўныя і прафесійныя здольнасці, знаёміцца з гісто­рыяй і культурай іншых краін, удасканальваць веды, атрыманыя па пэўнай спецыяльнасці, у тым ліку спецыяльнасцях турыстычнага профілю.

Майстры турыстыкі і выхавання

Так, выпускнікі школы па спецыяльнасці “Тэхнік гасцінічнай справы” валодаюць ведамі па гасцінічнай справе, маркетынгу, сучаснай бухгалтэрыі, юрыдычных і эканамічных асновах. Свае веды юнакі і дзяўчаты паглыбляюць падчас прафесійнай практыкі і практычных заняткаў у самых лепшых гасцініцах Люблінскага ваяводства, а таксама падчас стажыровак у гасцініцах Францыі і Германіі. Пасля заканчэння вучобы па спецыяльнасці “Тэхнік турыстычнага абслугоўвання” выпускнікі могуць самастойна складаць турыстычныя праграмы, арганізоўваць турыстычныя мерапрыемствы, рыхтаваць прапановы на польскай і замежнай мовах, працаваць у бюро падарожжаў, цэнтрах турыстычнай інфармацыі, дамах адпачынку, муніцыпальных установах, звязаных з турыстыкай Польшчы і краін Еўрасаюза. Выпускнік можа весці і асабістую дзейнасць у галіне турыстычных паслуг. Сярод партнёраў Аб’яднання эканамічных школ імя Аўгуста і Юліюша Ветэраў школы турызму і гасціннасці Францыі, Іспаніі і Германіі, якія займаюць лі­дзіруючыя пазіцыі ў рэйтынгу школ гасцінічнай справы ў Еўропе. Вучні люблінскай школы прахо­дзяць стажыроўку ў самых лепшых гасцініцах, а выкладчыкі павышаюць сваю кваліфікацыю падчас абмену вопытам з калегамі школ — партнёраў турыстычнага абслугоўвання і гасцінічнай справы.

Адной з задач школы з’яўля­ецца замацаванне сярод навучэн­цаў памяці пра людзей, якія прая­вілі гераізм у барацьбе за неза­леж­насць краіны падчас Першай і Другой су­светных войнаў, а таксама ў пасляваенны час. Су­працоўніцтва з таварыствамі патрыятычнага характару дае магчымасць выхавання маладога пакалення ў духу праўды пра герояў польскай гісторыі. Моладзь і настаўнікі гісторыі разам з люблінскім аддзелам саюза сібіракоў прымаюць удзел у пахо­дзе жывой памяці Сібіры, які ла­дзіцца штогод у верасні ў Беластоку. Аб’яднанне эканамічных школ імя Аўгуста і Юліюша Ветэраў атрымала спецыяльны медаль за гістарычную дзейнасць і замацаванне памяці пра герояў і гісторыю Польшчы.

Таварыства турыстычнае

Паспяховасць развіцця школьнай турыстычна-краязнаўчай справы залежыць ад многіх фактараў і ў першую чаргу ад энтузіязму і зацікаўленасці асобных педагогаў. Ёсць асоба — ёсць вынік. А калі за справу бярэцца не адна асоба, калі турыстычна-краязнаўчай справай займаецца каля 60 тысяч чалавек (менавіта столькі членаў налічвае Польскае турыстычна-краязнаўчае таварыства), то якасць работы павялічваецца адпаведна ў 60 тысяч разоў. Членамі таварыства распрацавана каля 76 тысяч кіламетраў маршрутаў па розных ландшафтах. Больш за 11 тысяч у гарах, больш за 38 тысяч па нізіннай мясцовасці і каля 20 тысяч кіламетраў веласіпедных трас. Таварыства займаецца не толькі турызмам, але і праблемамі аховы навакольнага асяроддзя, помнікаў архітэктуры і прыроды. Менавіта Польскае турыстычна-краязнаўчае таварыства выступіла арганізатарам праграмы прафесійнай мабільнасці з польскага боку, што свед­чыць пра зацікаўленасць таварыства ў пашырэнні турыстычна-краязнаўчага супрацоўніцтва з беларускімі педагогамі.

— Сваю дзейнасць таварыства пачало ў 1873 годзе, калі Польшчы як краіны яшчэ не існавала на палітычнай карце свету. Сёння 302 філіялы таварыства дзейні­чаюць у розным асяродку: у школах, пры ўніверсітэтах, у арміі, там, дзе людзі цікавяцца турызмам, прыродай, гісторыяй краіны і хочуць нешта зрабіць на ­карысць Ра­дзімы. Сябрамі таварыства з’яў­ляюцца людзі рознага ўзросту, вялікая колькасць і навучэнцаў. У 2015 го­дзе таварыствам было праведзена 20 891 мера­прыемства, у якіх прынялі ­ўдзел каля 600 тысяч чалавек, з якіх 253 тысячы навучэнцаў. Право­дзяцца і выставы. У мінулым го­дзе ў іх ­удзельнічалі каля 175 тысяч чалавек. Таварыства — гэта яшчэ і каля 100 бібліятэк, у якіх захоўваецца 300 тысяч кніг, і 8 музеяў. Дарэчы, ёсць экспазіцыя, прысвечаная папе Яну Паўлу ІІ, які быў выдатным турыстам і вельмі любіў горы, водныя паходы на байдарках. Свая бібліятэка ёсць і ў Цэнт­ры горнага турызму. Тут сабрана каля 27 тысяч тамоў пра горы, ­архіўныя матэрыялы. Самы стары экзэмпляр датуецца 1639 годам. Адкрыта бібліятэка была ў 1874 годзе і да сённяшняга часу яна папаўняецца. Дарэчы, уся картатэка змешчана ў інтэрнэце. Таварыству нале­жыць каля 160 аб’ектаў нерухомасці. Гэта гасцініцы, базы адпачынку, хостэлы, кемпінгі, дамы турыстаў, водныя станцыі. Першы хостэл быў закладзены ў 1874 годзе ў Татрах і знаходзіўся над возерам Марское Вока. Некаторым аб’ектам каля 100 гадоў, і яны з’яўляюцца помнікамі архітэктуры, — дзеляцца супрацоўнікі кракаўскага Цэнтра горнага турызму Польскага турыстычна-краязнаўчага таварыства.

Паспяховасць развіцця турыстычна-краязнаўчай справы зале­жыць і ад яшчэ аднаго фактару: сумяшчэння традыцый з сучаснасцю. У дзейнасці Польскага турыстычна-краязнаўчага таварыства гэта можна прасачыць на прыкла­дзе абазначэння турыстычных маршрутаў. Акрамя таго, што выдадзены даведнік, дзе змешчаны выявы знакаў, якімі абазначаюцца маршруты рознага тыпу, распрацаваны і спецыяльны дадатак для мабільных прылад. Знакі, распрацаваныя членамі таварыства, не толькі дапамагаюць турыстам паспяхова прайсці марш­рут, не збіцца са шляху, яны, так бы мовіць, антывандальныя. Устаноўка знакаў, асабліва ў цяжкадаступных горных мясцінах, — справа ня­простая. Каб абараніць гэтыя знакі ад вандалаў, было вырашана змясціць на іх выя­вы святых. Цікавы вопыт. Чаму б яго не пераняць?

“Залатыя боцікі”

Усё новае — гэта добра забытае старое. Нам яшчэ пашчас­ціла жыць у тыя часы, калі за прахо­джанне пэўнай колькасці маршрутаў па роднай зямлі, выкананне тых ці іншых турыстычных нарматываў уручаўся значок “Юны турыст СССР” — невялікі, металічны, бліскучы, з выявай сіняга неба і белай палаткі. Памятаеце, калі вам на грудзі чаплялі гэтую турыстычную ўзнагароду, ад пачуццяў ты быў гатовы ў найбліжэйшыя дні не прос­та абысці, а літаральна аббегчы ўсе куточкі роднай зямлі. Маленькі значок, а якая матывацыя для турыстычных здзяйсненняў! У нашай краіне пакуль што гавораць пра аднаўленне гэтай добрай традыцыі. У Польшчы яна не перарывалася з 1935 года. За гэты час значкі атрымалі больш за паўтара мільёна чалавек. Пры гэтым вя­дзецца рэестр уладальнікаў. У кожнага значка ёсць свой нумар, і калі ўладальнік згубіць значок, то па нумары зможа яго аднавіць. Але ж і назва якая ў значка! Гэта не проста значок І, ІІ або ІІІ ступені. Самым юным турыстам выдаецца значок “сямімільныя боцікі”. Для атрымання “сярэб­раных боцікаў” навучэнец павінен прай­сці 30 км турыстычных маршрутаў, а на “залатыя боцікі” — 50. Уручэнне значкоў — выдатны спосаб далучэння дзяцей да турызму.

Беларусь запрашае!

Як вядома, 23 жніўня 2016 года Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь падпісаў загад № 318, паводле якога замежныя грамадзяне мо­гуць у бязвізавым парадку тэрмінам да 5 сутак наведваць турыстычна-рэкрэацыйны парк “Аўгустоўскі канал”. Навіна аб падпісанні загаду хутка разляцелася ў турыстычным асяродку Польшчы. Зацікавіліся выдатнай магчымасцю наведаць Беларусь і ўдзельнікі кракаўскага байдарачнага клуба. Яны плануюць здзейсніць водны паход на байдарках па Аўгустоўскім канале, потым праплыць па Нёмане да Друскінінкая. Калі паход пройдзе ўдала, то палякі абавязкова распрацуюць новыя водныя маршруты па Беларусі. “Канечне, пройдзе ўдала!” — сказалі беларускія педагогі ў адзін голас. Як толькі кіраўнік кракаўскага байдарачнага клуба звярнуўся з просьбай дапамагчы ў распрацоўцы марш­руту першага паходу па беларус­кай вадзе, яго тут жа акружылі нашы “воднікі”. На стале адразу з’явілася карта, пачалося складанне маршрутаў, абмеркаванне месцаў начлегу, стая­нак. Аператыўна, хутка, усё, як і павінна быць у сапраўдных турыстаў.

Польшча вітае!

“У Беларусі дзейнічае 55 цэнт­раў дадатковай адукацыі турыстычна-краязнаўчага профілю, якія ма­юць свае базы. Кожны з гэтых цэнтраў гатовы ласкава сустрэць вас і арганізаваць размову з людзь­мі, якія плённа працуюць у сферы турызму”, — адзначыла дырэктар Рэспубліканскага цэнт­ра экалогіі і краязнаўства Алена Уладзіміраўна Ануфровіч. У сваю чаргу польскія партнёры адзначылі, што кожны з 302 філіялаў Польскага турыстычна-краязнаўчага таварыства таксама гатовы прымаць беларускія дэлегацыі. Калі пачуццё спазнаваць нашы краіны ўзаемнае, то яно можа перарасці ў моцнае, шчырае сяброў­ства. Першыя крокі для гэтага беларускія педагогі ўжо зрабілі. Пра тое, як мы крочылі па брукаваных вулачках старадаўняга Любліна і Кракава, пра тое, што бачылі і чулі, якім вопытам польскіх сяброў па прыцягненні ў краіну замежных турыстаў узбагаціліся, чытайце ў наступную суботу.

Ігар ГРЭЧКА.
Фота аўтара.

Незабыўная экскурсія

На восеньскіх канікулах навучэнцы Верасніцкай сярэдняй школы і Малешаўскай базавай школы пабывалі ў Нясвіжы і наведалі Нясвіжскі замак, касцёл і магільны склеп. Дзеці даведаліся пра гісторыю замка, змаглі акунуцца ў тыя далёкія часы, прадставіць, як жылі багатыя князі, як адпачывалі, прымалі гасцей, палявалі, як вялася абарона замка, горада ад ворагаў.

Не менш цікава было і ў касцёле. Экскурсавод так расказвала дзецям пра гісторыю касцёла, магільным склепе, што здавалася, яшчэ ледзь-ледзь і яны будуць не ў 21 стагоддзі, а ў 20.

Я думаю, навучэнцы будуць доўга ўспамінаць Нясвіжскі замак і раіць іншым наведаць гэты гістарычны горад. А ў душы кожны для сябе, напэўна, сказаў: «Да новай сустрэчы, Нясвіж!»

Таццяна КОМАР,
настаўніца рускай мовы і літаратуры Верасніцкай сярэдняй школы.

Маршрутамі пазнання

Эканамічная і экскурсійная дзейнасць, складанне турыстычна-краязнаўчых маршрутаў, міжнароднае супрацоўніцтва, эфектыўнае выкарыстанне баз пражывання, кадравае забеспячэнне — вось няпоўны пералік прыярытэтных кірункаў турыстычна-краязнаўчай і эколага-біялагічнай дзейнасці, якія абмяркоўвалі на мінулым тыдні на базе Рэспубліканскага цэнтра экалогіі і краязнаўства ўдзельнікі пасяджэння Рэспубліканскага савета дырэктараў устаноў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі адпаведных профіляў.

* Своечасовае мерапрыемства. Пасяджэнне было актуальным і своечасовым мерапрыемствам, паколькі праводзілася па гарачых слядах міністэрскай калегіі, прысвечанай пытанням арганізацыі ідэалагічнай і выхаваўчай работы, якія і з’яўляюцца асновай дзейнасці цэнтраў турыстычна-краязнаўчага і эколага-біялагічнага профіляў.

— Вы з’яўляецеся кіраўнікамі тых устаноў дадатковай адукацыі, дзе дзяцей вучаць любіць і даследаваць родную зямлю, клапаціцца пра яе дабрабыт. Аднак вы адказваеце не толькі за якасць правядзення ідэалагічнай і выхаваўчай работы з навучэнцамі, але за і стварэнне бяспечных умоў працы сваіх супрацоўнікаў, іх матэрыяльны дабрабыт. Ад вашага прафесіяналізму як кіраўніка ўстановы ў многім залежыць паспяховасць яе функцыянавання. Міністэрства адукацыі заўсёды адстойвала і будзе адстойваць інтарэсы сістэмы дадатковай адукацыі. Аднак многае залежыць і ад вашай актыўнай жыццёвай пазіцыі, — звярнулася да ўдзельнікаў пленарнага пасяджэння начальнік упраўлення сацыяльнай, выхаваўчай і ідэалагічнай работы Міністэрства адукацыі Марыя Аляксандраўна Саротнік.

* Актыўная пазіцыя. Удзельнікі пасяджэння якраз і з’яўляюцца кіраўнікамі з актыўнай жыццёвай пазіцыяй. Напрыклад, дырэктар Мазырскага цэнтра турызму і краязнаўства дзяцей і моладзі Анатоль Васільевіч Пунтус у сферы дзіцяча-юнацкага турызму з 1985 года, а 23 гады ён кіраўнік установы дадатковай адукацыі — вялікі жыццёвы і прафесійны вопыт. Анатолю Васільевічу было чым падзяліцца з калегамі: “Гісторыя развіваецца па спіралі. Многія з нас памятаюць, што пікам развіцця дзіцяча-юнацкага турызму былі 80-я гады. Мы шмат падарожнічалі, дабіраліся нават да Далёкага Усходу. У 90-я гады пачалася аптымізацыя, нас аб’ядноўвалі, скарачалі, закрануў гэты працэс і нашу ўстанову адукацыі. У 1997 годзе станцыю юных турыстаў аб’ядналі з клубам юных маракоў і стварылі цэнтр падлеткаў. У 2000-я гады пачаўся новы этап нашай дзейнасці, быў створаны Цэнтр турызму і краязнаўства дзяцей і моладзі, які дзейнічае да сённяшняга часу”.

Мазырскі цэнтр турызму і краязнаўства дзяцей і моладзі — даволі вялікая ўстанова. У ёй займаюцца 1360 навучэнцаў. Канечне, дасягненне высокіх паказчыкаў у колькасці навучэнцаў — не асноўная мэта дзейнасці цэнтра, галоўнае — якасць работы. Адзін з сакрэтаў паспяховасці — цеснае супрацоўніцтва з аддзелам адукацыі, спорту і турызму Мазырскага райвыканкама. “Дырэктар павінен быць дырэктарам, адчуваць сябе кіраўніком, які клапоціцца пра кожнага свайго супрацоўніка. Для паспяховай работы нам неабходна выбудоўваць партнёрскія ўзаемаадносіны з усімі зацікаўленымі арганізацыямі і ў першую чаргу з кіраўніцтвам аддзела адукацыі, спорту і турызму”, — адзначыў Анатоль Васільевіч.

* Карыснае супрацоўніцтва. Сярод грамадскіх арганізацый, з якімі варта наладжваць партнёрскія адносіны, трэба назваць БРСМ і БРПА. “Нашы планы мерапрыемстваў у многім пераклікаюцца, аднак мы павінны заўсёды прыходзіць да ўзаемаразумення, знаходзіць кансэнсус. Калі розныя людзі займаюцца адной справай — гэта добра, гэта ідзе толькі на карысць справе. Мерапрыемствы, якія праводзяцца сумесна з рознымі структурамі, пройдуць больш якасна”, — адзначыла дырэктар Рэспубліканскага цэнтра экалогіі і краязнаўства Алена Уладзіміраўна Ануфровіч.

Тэма супрацоўніцтва шырокая, асобным пунктам у ёй вылучаецца міжнароднае супрацоўніцтва. Выезды дзяцей і педагогаў за мяжу з мэтай абмену вопытам у турыстычна-краязнаўчай, экскурсійнай, эколага-біялагічнай дзейнасці — гэта, безумоўна, добра, аднак апошнім часам назіраюцца выпадкі невыканання кіраўнікамі ўстаноў адукацыі патрабаванняў дзеючага заканадаўства па арганізацыі ўдзелу навучэнцаў у паходах, турах, экскурсіях як на тэрыторыі нашай краіны, так і за мяжой. Ёсць звесткі, калі з дырэктарамі ўстаноў адукацыі не ўзгадняюцца выезды арганізаваных груп навучэнцаў за мяжу, экскурсійныя туры арганізоўваюцца без уліку ўзроставых і псіхафізічных асаблівасцей навучэнцаў, суправаджаючыя асобы неналежным чынам забяспечваюць абарону правоў і законных інтарэсаў навучэнцаў.

— У мэтах рэгулявання пытанняў арганізацыі ўдзелу навучэнцаў у паходах, турах, экскурсіях на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь і ў адукацыйных мерапрыемствах за мяжой распрацаваны шэраг нарматыўных прававых дакументаў. Пры арганізацыі выезду навучэнцаў за мяжу ў вучэбны час прыярытэт павінен аддавацца адукацыйным мерапрыемствам. Трэба памятаць, што карыстанне паслугамі іншых арганізацый ажыццяўляецца на дагаворнай аснове ў адпаведнасці з заканадаўствам. Фарміраванне і напрамак арганізаваных груп навучэнцаў для ўдзелу ў адукацыйных мерапрыемствах за мяжой магчымы толькі пры прадастаўленні ва ўстанову адукацыі адпаведных дакументаў. Трэба памятаць, што кіраўнікі ўстаноў адукацыі нясуць персанальную адказнасць за арганізацыю выезду навучэнцаў за мяжу ў вучэбны час, таму ўпраўленням адукацыі аблвыканкамаў, камітэту па адукацыі Мінгарвыканкама, аддзелам адукацыі, спорту і турызму рай(гар)выканкамаў неабходна ўзмацніць кантроль за эфектыўнасцю ўдзелу навучэнцаў у адзначаных мерапрыемствах, — паведаміла загадчык сектара патрыятычнага выхавання РЦЭіК Алена Віктараўна Сідарэнка.

* Экскурсійная дзейнасць. У кожнай установы дадатковай адукацыі ў залежнасці ад яе профілю — свае кірункі выхаваўчай і эканамічнай дзейнасці. Для цэнтраў турызму і краязнаўства адным з актуальных з’яўляецца аказанне платных экскурсійных паслуг. “Сёння сістэма дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі прадстаўлена 76 цэнтрамі турыстычна-краязнаўчага і экалагічнага профіляў, большая частка мае сумешчаны турыстычна-краязнаўчы і эколага-біялагічны профілі. На жаль, не заўсёды нашы цэнтры на высокім узроўні праводзяць турыстычна-экскурсійную работу з навучэнцамі. І прычыну трэба шукаць у недастатковай канкурэнтаздольнасці цэнтраў турызму і краязнаўства на рынку турыстычных паслуг”, — адзначыла дырэктар РЦЭіК.

З мэтай упарадкавання арганізацыі турыстычна-экскурсійнай дзейнасці быў распрацаваны шэраг дакументаў, са зместам якіх можна азнаёміцца на сайце аддзялення краязнаўства Рэспубліканскага цэнтра экалогіі і краязнаўства. У гэтых дакументах, у прыватнасці, рэкамендавана ўстановам адукацыі пры планаванні экскурсій звяртацца ў рэгіянальныя ўстановы дадатковай адукацыі турыстычна-краязнаўчага профілю. Ці дапамагаюць гэтыя рэкамендацыі на практыцы? Звернемся яшчэ раз да слоў пра актыўную жыццёвую пазіцыю кіраўніка ўстановы, пра наладжванне цеснага супрацоўніцтва з кіраўніцтвам аддзела адукацыі, спорту і турызму, грамадскімі арганізацыямі. Думаю, у гэтых словах і трэба шукаць адказ.

— Рэспубліканскім цэнтрам экалогіі і краязнаўства сумесна з Нацыянальным інстытутам адукацыі і абласнымі цэнтрамі дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі быў створаны пералік экскурсійных маршрутаў, рэкамендаваных для наведвання навучэнцамі. Змест гэтых экскурсій адпавядае зместу вучэбных праграм, узроставым і псіхафізічным асаблівасцям навучэнцаў. Распрацаваны і ўзгоднены намеснікамі міністраў адукацыі Беларусі і Расіі падобныя маршруты па тэрыторыі Саюзнай дзяржавы, — паведаміла Алена Уладзіміраўна Ануфровіч.

Пры складанні плана экскурсійнай паездкі варта выкарыстоўваць рэгіянальныя турыстычна-экскурсійныя магчымасці, рабіць акцэнт на атрыманні і сістэматызацыі ведаў па малой радзіме. Найбольш эфектыўна атрымліваць такія веды дазваляюць магчымасці ўстаноў дадатковай адукацыі, якія валодаюць кваліфікаванымі кадрамі, матэрыяльнай базай, сучаснымі методыкамі выкарыстання турызму і краязнаўства ў адукацыйным працэсе. Аднак ці змогуць установы дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі стаць манапалістамі на рынку экскурсійных паслуг? Адказ тут можа быць розным. Калі знаёмішся з багатым вопытам Слуцкага цэнтра турызму, то напрошваецца адказ “так”. Аднак ёсць установы дадатковай адукацыі, штатны расклад якіх не дазваляе быць манапалістам на рынку турыстычна-экскурсійных паслуг для навучэнцаў пэўнага раёна.

Кожная ўстанова дадатковай адукацыі валодае сваім кадравым патэнцыялам. У кожнага рэгіёна таксама свае магчымасці і асаблівасці арганізацыі экскурсійных паслуг для навучэнцаў. Напрыклад, у абласных цэнтрах і сталіцы папулярнасцю карыстаецца арганізацыя сямейных свят. Дык чаму б цэнтрам дадатковай адукацыі не заняць і тут сваю нішу? Тым больш што ёсць станоўчыя прыклады. Трэба сапраўды займаць актыўную жыццёвую пазіцыю. Папаўняць пазабюджэт можа не толькі “экскурсіёнка”, але і платныя гурткі. Аднак выбар платных гурткоў павінен быць эканамічна абгрунтаваным, кіравацца трэба інтарэсамі дзяцей і бацькоў. Напрыклад, у Гомельскай вобласці папулярнасцю карыстаюцца краязнаўчыя гурткі, дзе выкладанне вядзецца на англійскай мове. Эканамічна выгадным можа быць і арганізацыя заняткаў па прамысловым альпінізме.

* Кадравае забеспячэнне. Пытанне кадравага забеспячэння ў сферы дзіцяча-юнацкага турызму, асабліва маладымі педагогамі, па-ранейшаму застаецца актуальным. Аднак яго можна вырашыць. Звернемся да вопыту Мазырскага цэнтра турызму і краязнаўства дзяцей і моладзі. У гэтай установе адукацыі ўсё ў парадку не толькі з колькасцю навучэнцаў, але і з кадравым патэнцыялам. Праблема кадравага складу вырашана дзякуючы педагогам-сумяшчальнікам.

* Самапрэзентацыя і самапазнанне. Паспяховая дзейнасць любой установы адукацыі, у тым ліку цэнтраў турыстычна-краязнаўчага і эколага-біялагічнага профіляў, залежыць ад многіх фактараў, у першую чаргу ад прафесіяналізму адміністрацыі, педагагічнага калектыву. Не менш важным фактарам з’яўляецца і самапрэзентацыя. “Мы мала сябе піярым. Трэба часцей гаварыць у сродках масавай інфармацыі пра сваю штодзённую дзейнасць, якую мы не лічым нечым гераічным і якую менавіта гераічнай лічаць далёкія ад сістэмы дадатковай адукацыі людзі”, — адзначыла Алена Уладзіміраўна Ануфровіч.

Самапрэзентацыя — карысная справа. Не менш карысныя і самапазнанне, самааналіз. Распрацоўваць маршруты пазнання роднай зямлі, пра што актыўна гаварылася падчас пасяджэння, гэтак жа важна, як і займацца пазнаннем сваёй дзейнасці. Што я магу? На што я здольны? Што могуць і на што здольны мае калегі? Шчыры адказ на гэтыя пытанні дазволіць паспяхова вырашыць задачы, якія стаяць перад сістэмай дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі.

Ігар ГРЭЧКА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.

Вяртанне да вытокаў — вялікая стваральная энергія

Памятаю, як у школьныя гады падчас чарговага наведвання бібліятэкі нашым гуртком вясковы бібліятэкар сказала: “Дзяўчаты, а ці не жадаеце далучыцца да маіх даследаванняў пра мінулае нашага краю?” — “Канечне!” — ні на хвіліну не задумваючыся, у адзін голас згадзіліся мы. Цётка Валя была не проста бібліятэкарам, а цікавым жывым чалавекам, сапраўднай актывісткай. Яна беражліва збірала звесткі пра вядомых людзей нашай вёскі, рабіла выставы ў бібліятэцы, кіравала самадзейным ансамблем сельскага клуба і сама спявала так, што, здавалася, у такт ёй пачыналі іграць струны тваёй душы… Пра даўнія абрады і святы ведалі ўсе вяскоўцы, зноў жа дзякуючы цётцы Валі. Нас, школьнікаў, яна таксама заўсёды прыцягвала да ўдзелу, і новая прапанова бібліятэкара не магла нас не зацікавіць.

Мы даведаліся пра пана, які валодаў раней землямі, дзе цяпер стаяла наша вёска, пра яго маёнтак, ад якога засталіся толькі старыя дрэвы і прыгожая ўзгорыстая мясцовасць за аколіцай. Але самым цікавым для нас, падлеткаў, было важнае заданне: пагаварыць з вясковымі старажыламі, запісаць усё, што яны раскажуць пра мінулае.

Чаму так важна захаваць спадчыну? Таму што народ павінен ведаць сваю гісторыю, а кожны чалавек — свае карані, таму што пакінутае нам продкамі — гэта сапраўды каштоўны скарб, які ўмяшчае ў сабе вопыт, традыцыі, жыццёвую мудрасць.

Вельмі прыемна, што сёння таксама ёсць нямала людзей, якія даследуюць мінулае, пішуць гісторыю сваёй малой радзімы і, што важна, спрабуюць зацікавіць гэтым малодшае пакаленне. У першую чаргу гэта педагогі. На Гомельшчыне такіх энтузіястаў-настаўнікаў шмат. Настаўнік гісторыі і грамадазнаўства Ворнаўскай сярэдняй школы Кармянскага раёна Валерый Валер’евіч Варганаў — адзін з іх.

Выпускнік Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.А.Куляшова ўсю сваю дзейнасць прысвячае дзецям, любімай прафесіі і роднай Кармяншчыне. Проста выкладаць прадмет — гэта не пра Валерыя Валер’евіча. Ён настаўнік-метадыст, краязнаўца, займаецца пытаннямі методыкі выкладання гісторыі, вывучэннем і папулярызацыяй гістарычнай і духоўнай спадчыны роднага краю, аўтар шэрага майстар-класаў, якія праводзіць на раённым, абласным і рэгіянальных узроўнях. У гэтым годзе была зацверджана праграма факультатыўных заняткаў “Гісторыя Кармяншчыны”, створаная вясковым настаўнікам, ім былі падрыхтаваны і метадычныя матэрыялы да факультатыву.

Валерый Варганаў — аўтар шматлікіх публікацый у газетах і часопісах, а таксама кніг “Алімпіяды па гісторыі: з вопыту работы”, “Нарысы гісторыі Кармяншчыны”, “Методыка вывучэння Вялікай Айчыннай вайны”, “Настаўнік пасля ўрокаў”, “Тапанімічны слоўнік Кармянскага раёна” і інш.

Тапанімічны слоўнік — адна з самых цікавых і каштоўных прац. Нарадзіўся слоўнік напярэдадні святкавання 450-годдзя гарадскога пасёлка Карма, якое раённы цэнтр адзначыў летась. А папярэднічала гэтаму ініцыятыва вучняў Ворнаўскай школы, якія раней пад кіраўніцтвам Валерыя Варганава, свайго настаўніка гісторыі, склалі “Тапанімічны слоўнік зямель Ворнаўскага сельскага савета”. Дзеці з вялікай цікавасцю збіралі звесткі і вывучалі паходжанне назваў, вядомых з маленства. А колькі гордасці было ў юных даследчыкаў за сваю дзейнасць і разуменне таго, якую карысную справу яны робяць! Мабыць, натхнёныя такім вопытам, у раёне падхапілі ідэю. Настаўнікі гісторыі, рускай і беларускай мовы стварылі творчую групу, задзейнічалі сваіх вучняў — і пачалася вялікая работа.

— Актыўнае ўзаемадзеянне вучняў і педагогаў раёна дало свой плён, — гаворыць Валерый Валер’евіч. — Было зафіксавана і апрацавана каля паўтары тысячы мясцовых тапонімаў і мікратапонімаў, якія ўвайшлі ў “Тапанімічны слоўнік Кармянскага раёна”. І, паверце, гэтая акцыя значна актывізавала патрыятычную работу з вучнямі.

Настаўнік упэўнены, што такое даследаванне можа зацікавіць школы, краязнаўцаў, усіх тых, хто неабыякавы да нашай духоўнай спадчыны. На яго думку, сёння неабходна імкнуцца захаваць хаця б тое, што яшчэ можна захаваць. Дарэчы, з “Тапанімічнага слоўніка Кармянскага раёна” вырас яшчэ адзін праект — электроннае выданне краязнаўчага даведніка, які можа працаваць у інтэрактыўным рэжыме і пастаянна карэкціравацца, папаўняцца новымі артыкуламі, спасылкамі, ілюстрацыямі і інфармацыяй. Такім чынам, у вучняў цяпер ёсць магчымасць адправіцца ў захапляльнае віртуальнае падарожжа ў часе і прасторы, дзе перад імі пройдуць многія пакаленні, эпохі, людзі, стагоддзі. Акрамя таго, у слоўніку разам з тлумачэннем тапонімаў змяшчаюцца дакладныя гістарычныя звесткі аб населеных пунктах раёна — першых згадках у гістарычных крыніцах, аб уладальніках, гістарычных падзеях і гэтак далей.

— Па тапонімах мы можам вывучаць духоўныя традыцыі і побыт нашых продкаў у розныя гістарычныя перыяды, — тлумачыць Валерый Варганаў. — Таму многія тэмы ўрокаў могуць быць дапоўнены краязнаўчым матэрыялам, адкрытым самім вучнем і прадстаўленым у якасці гістарычнай даведкі, паведамлення, вучнёўскай даследчай работы. А гэта вялікі стымул для творчасці і далейшых краязнаўчых пошукаў.

Калі настаўнік зацікаўлены сам, ён абавязкова зможа зацікавіць вучняў. Тапанімічны слоўнік далёка не адзіная даследчая работа ворнаўскіх школьнікаў. Асаблівы ўклад унеслі яны разам са сваімі педагогамі і ў іншыя краязнаўчыя праекты, якія папярэднічалі юбілейнай даце райцэнтра. Пры дапамозе настаўніка гісторыі дзеці самі падрыхтавалі заданні да першай раённай краязнаўчай алімпіяды, прысвечанай датам вызвалення і перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне, тым самым пацвердзіўшы веданне як гісторыі ўвогуле, так і гісторыі сваёй малой радзімы.

Цікавасць у мясцовых дзяцей да мінулага з’явілася невыпадкова. У Ворнаўскай сярэдняй школе адраджэнне нацыянальных і агульначалавечых каштоўнасцей даўно стала асновай выхавання падрастаючага пакалення. Краязнаўства на ўроку і ў пазакласнай рабоце — галоўны напрамак і сродак грамадзянска-патрыятычнага фарміравання асобы вучня. Так лічаць педагогі вясковай школы. І гэта не проста словы. Увесь педагагічны калектыў працуе па краязнаўчай тэматыцы ў адпаведнасці з распрацаванай гісторыкам В.В.Варганавым праграмай “Наш край”. Так, пачатковыя класы працуюць па напрамку “Наш радавод”, настаўнік геаграфіі — па экалагічным краязнаўстве, настаўнік фізічнай культуры — па краязнаўчым турызме, выкладчыца абслуговай працы і выяўленчага мастацтва — па адлюстраванні побыту, духоўных традыцый і культуры ў выяўленчым мастацтве, філолагі працуюць над моўна-этнаграфічным багаццем і традыцыямі беларускага народа.

Што можа абудзіць у дзяцей цікавасць да мінуўшчыны? Перш за ўсё, лічыць Валерый Валер’евіч, гэта магчымасць дакрануцца да сваіх каранёў.

— Толькі вяртанне да сваіх вытокаў, зварот да свайго роду, сваёй малой радзімы, яе традыцый і спадчыны здольны выклікаць вялікую стваральную энергію, — упэўнены настаўнік. — Знаёмства з мясцовай гісторыяй дапамагае вучням адчуць прыналежнасць да роднай зямлі і нацыянальнай еднасці, повязь часоў і пакаленняў.

Сапраўды, жаданне даведацца як мага больш пра сваіх прашчураў, “адкапаць” нейкія таямніцы зямлі, на якой ты вырас і ўзгадаваўся, уласціва кожнаму пакаленню. Сучаснымі дзяўчатамі і хлопцамі авалодваюць тыя ж пачуцці, што ахоплівалі нас, трынаццацігадовых дзяўчынак, якія па загадзе бібліятэкара цёткі Валі збіралі ўспаміны старажылаў і запісвалі жаласлівыя песні, якія дайшлі ў вуснай форме да нашых дзён.

А яшчэ музей. Школьны этнаграфічны музей, у які мы цягнулі знойдзеныя недзе на паддашку ў бабулінай хаце ручнікі, посцілкі і дзіўныя для нас розныя прылады працы і побыту. Гэта якраз і ёсць прамы дотык да мінулага, пра які гаворыць ворнаўскі гісторык. І ў гэтым, мабыць, галоўны сэнс школьных музеяў. Такі музей не павінен быць проста для парадку, проста нейкім памяшканнем з шыльдай на дзвярах, якія адчыняюцца толькі ў нейкіх асаблівых выпадках. Ён павінен быць цэнтрам грамадзянска-патрыятычнага выхавання школьнікаў, пры неабходнасці выкарыстоўвацца і ў адукацыйных мэтах. Як у ворнаўскай школе.

Два музеі — краязнаўчы і музей-мемарыял акадэміка АН БССР М.Д.Несцяровіча — добрая падмога педагогам не толькі ў мерапрыемствах пэўнага выхаваўчага кірунку, але і ў правядзенні ўрокаў, прыцягненні дзяцей да даследчай дзейнасці. Напрыклад, мемарыяльны пакой славутага земляка стаў асновай для даследчай работы аб ваенным лёсе будучага акадэміка, над якой працаваў настаўнік гісторыі разам са сваімі вернымі памочнікамі — вучнямі. На прыкладзе жыцця і дзейнасці знакамітага выпускніка школы вучні пачынаюць адчуваць гонар за родную зямлю, што нарадзіла такога чалавека, бачаць прыклад таго, якіх вяршынь можна дасягнуць, калі сумленна і нястомна працаваць.

— Перш чым выкарыстоўваць мясцовы гістарычны матэрыял у вучэбным працэсе, неабходна вызначыць яго месца, сувязі і суадносіны з агульнагістарычным матэрыялам, — дзеліцца вопытам настаўнік-метадыст. — Краязнаўчы матэрыял можа выкладацца на занятках як педагогам, так і выхаванцамі. Самае галоўнае, каб педагог пры сістэматычным уключэнні краязнаўчага матэрыялу ў адукацыйны працэс імкнуўся сфарміраваць у выхаванцаў пэўную сістэму ведаў пра родны край (галоўныя этапы яго развіцця, адметныя асаблівасці, месца і значэнне ў гістарычным развіцці краіны).

Яшчэ адным эфектыўным сродкам навучання і выхавання ў Ворнаўскай сярэдняй школе лічаць экскурсійную работу. Так дзеці паглыбляюць свае веды, лепш засвойваюць матэрыял, а іншы раз і маюць магчымасць на свае вочы ўбачыць тое, аб чым чыталі ў падручніку гісторыі. Вучні Валерыя Валер’евіча могуць пахваліцца цікавымі ўражаннямі, якія атрымалі, пабываўшы на месцах гістарычных падзей, каля гістарычных помнікаў, у музеях, архівах і бібліятэках, паблукаўшы па прыродна-ландшафтных комплексах.
Можна казаць, што сучасныя дзеці не цікавяцца мінулым, не разумеюць сувязі пакаленняў, што наогул іх інтарэсы абмяжоўваюцца гаджэтамі і сацыяльнымі сеткамі. Але гэта не больш чым адгаворкі пры нежаданні займацца пошукамі цікавых форм работы. Між тым прыдумваць тут асабліва не трэба: ёсць мноства простых, але эфектыўных метадаў. Вось вам невялічкая сельская школа. Але ж які размах! Тут зрабілі стаўку на краязнаўства — і, як бачым, гэта дапамагае не толькі настаўніку гісторыі, але і ў цэлым школе, паколькі на гэтым будуецца выхаваўчы працэс.

Валерый Валер’евіч Варганаў — чалавек незвычайны. Цалкам захоплены любімай справай і дзецьмі, ён на дзіва лёгка паспявае ісці ў нагу з часам, бясконца ўносіць нешта новае ў выкладанне прадмета, у краязнаўчую дзейнасць, у выхаванне сваіх юных падапечных. А яны плацяць яму сваёй любоўю, добрымі ведамі, дасягненнямі ў конкурсах, алімпіядах, навукова-даследчых канферэнцыях і проста дасягненнямі ў жыцці.

Наталля ЛУТЧАНКА.

Пра гісторыю на Sightseeing bus

Незвычайны аўтобус з’явіўся на вуліцах Ваўкавыска падчас Тыдня ўстаноў дадатковай адукацыі. Бясплатныя экскурсіі на спецыяльным аўтобусе праводзіліся для школьнікаў раённага цэнтра на працягу тыдня.

Ужо з першага дня тыдня ў Ваўкавыскім раённым цэнтры турызму і краязнаўства дзяцей і моладзі стартавалі займальныя мерапрыемствы, якія прадугледжвалі правядзенне дзён адкрытых дзвярэй “Дзверы адкрываем — у Цэнтр турызму запрашаем”, рэкламна-інфармацыйных кампаній i акцый, выстаў турысцкага рыштунку, конкурсна-гульнявых, фізкультурна-спартыўных і турыстычных праграм.

Акцыя Sightseeing bus (экскурсійны аўтобус) была накіравана на актывізацыю вывучэння роднага краю, выхаванне адказнасці за зберажэнне культурна-гістарычных і прыродных здабыткаў Ваўкавышчыны. Аўтобус прыцягваў увагу жыхароў горада сваёй незвычайнасцю, яркасцю, рэкламай і інфармацыйнымі матэрыяламі.

Экскурсія па любімым горадзе пачыналася з галоўнай плошчы горада — плошчы імя Леніна, якую ўпрыгожвае скульптура воўка — сімвала нашага горада. Далей маршрут пралягаў да аднаго з самых старых будынкаў Ваўкавыска (1805 года) — ваенна-гістарычнага музея імя П.І.Баграціёна. Сёння ў ім сабрана ўся гісторыя горада. Далей — урочышча Парахаўня. Тут, за адзін кіламетр на поўдзень ад горада знаходзяцца магілы ахвяр фашызму.

Нарэшце аўтобус пад’ехаў да падножжа Шведскай гары. Менавіта з яе пачынаецца гісторыя пачатковага перыяду жыцця горада. Існуе легенда, што Шведскую гару падчас вайны насыпалі шведскія салдаты над магілай свайго военачальніка. З гары адкрываецца захапляючая панарама горада!

Кожная вуліца, сквер, помнік маюць сваю ўнікальную гісторыю. І аб усім гэтым даведаліся навучэнцы ўстаноў адукацыі горада. Усяго за тыдзень з гістарычнымі месцамі Ваўкавыска пазнаёміліся 250 навучэнцаў з 8 устаноў адукацыі Ваўкавыска. Экскурсіі з імі праводзілі не толькі нашы супрацоўнікі, але і навучэнцы, якія атрымалі ліцэнзію на правядзенне экскурсій пасля знаходжання і навучання ў профільным перасовачным палатачным лагеры “Мерыдыян”.

Цікавасць да акцыі з боку навучэнцаў сведчыць пра тое, што яе трэба зрабіць традыцыйнай. Плануем распрацаваць новыя экскурсійныя маршруты як па горадзе, так і па Ваўкавыскім раёне і далучаць да іх навучэнцаў сельскіх устаноў адукацыі.

Галіна ХОМІЧ,
намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце
Ваўкавыскага раённага цэнтра турызму і краязнаўства дзяцей і моладзі.

Пад ветразем адкрыццяў

Гэтымі днямі вучням і гасцям Паўстынскай сярэдняй школы Слуцкага раёна Мінскай вобласці няма калі сумаваць. Менавіта адсюль пад кіраўніцтвам настаўніка рускай мовы і літаратуры Ігара Жыціна дзеці пракладуць маршрут па розных пунктах краіны, адкрываючы іх з нечаканага для сябе боку.

Праект пад назвай “Пілігрым” нарадзіўся ў 2010 годзе. Ён спалучае ў сабе экскурсію і навучанне арганізацыі маладзёжна-даследчых экспедыцый краязнаўчага характару. На працягу дзевяці дзён удзельнікі падарожнічаюць па пэўным маршруце, які распрацоўваюць самі. Ён падзелены на 2 часткі — экскурсійную і вучэбную. У першай дзеці адпрацоўваюць зацверджаны маршрут, а ў другой іх вучаць выходзіць з розных сітуацый.


Як адзначае куратар праекта Ігар Жыцін, перад удзельнікамі ставіцца звышзадача: ім прапаноўваецца расказаць пра Беларусь сваякам, якія прыехалі з-за мяжы. Задача дзяцей на гэтым этапе — з любога пункта краіны зрабіць цікавы, пазнавальны маршрут, паказваючы пры гэтым розныя гістарычныя аспекты і не абмяжоўваючыся буйнымі аб’ектамі: Белавежскай пушчай, Мірам, Нясвіжам і Брэсцкай крэпасцю. Ім ёсць з чаго выбіраць — у Беларусі некалькі тысяч помнікаў.

У якасці галоўнай перашкоды для правядзення мерапрыемства Ігар Жыцін, смеючыся, называе толькі пагаршэнне надвор’я — ніколі не ўзнікала цяжкасцей ні з наборам людзей, ні з фінансаваннем, ні з транспартам. Да таго ж, адзначае куратар, ёсць людзі і арганізацыі, якія кожны раз прыходзяць на дапамогу.
Для распрацоўкі маршруту запрашаюцца ўдзельнікі з розных рэгіёнаў. Адметна, што месцы для наведвання прапаноўваюцца не настаўнікамі, а самімі вучнямі. Затым вызначаецца маршрут, які абяцае быць цікавейшым за астатнія. Даведацца аб правядзенні экскурсіі можна на сайце Беларускай асацыяцыі клубаў ЮНЕСКА, а каб прыняць удзел у ёй, неабходна запоўніць анкету, размешчаную там жа. Пры адборы дзяцей улічваецца іх матываванасць.


Сёлета ў лік дваццаці чатырох удзельнікаў увайшлі прадстаўнікі Слуцка, Салігорска, Мінска, Гродна, Брэста, Жлобіна і Маладзечна. Падарожнікі вырашылі наведаць Віцебскую вобласць. На шляху яны адкрылі для сябе Барысаў, Чарэю, Сянно, Бешанковічы, Ушачы і іншыя населеныя пункты. У Мёрах падарожжа ненадоўга спынілася, бо менавіта тут праходзіць вучэбная частка. Пасля праз Шаркаўшчыну і Глыбокае ўдзельнікі паедуць на Вілейскае вадасховішча, дзе адбудзецца адна з самых цікавых падзей маршруту — пасвячэнне ў пілігрымы.

Пасвячэнне праводзіцца з 2011 года і ўжо стала неад’емнай часткай падарожжа. Кожны ўдзельнік дасць адмысловую клятву. “Матываванасць праглядаецца ў вачах кожнага дзіцяці, і гэтаму немагчыма нарадавацца”, — заўважыў Ігар Жыцін.

Ірына ІВАШКА.
Фота з архіва Ігара ЖЫЦІНА.

Падарожжа ў чароўны свет Івана Мележа

Як усім вядома, 2016 год – Год культуры. Гэты год вельмі багаты на святы: мы ўжо адзначылі дні нараджэння Анатоля Кудраўца, Янкі Сіпакова, Івана Шамякіна. 8 лютага 2016 года – 95-годдзе з дня нараджэння І.П.Мележа. Гомельская гімназія №36 носіць яго імя з 1996 года. Безумоўна, настаўнікі і вучні гімназіі да гэтага свята рыхтаваліся разам. Перш за ўсё, была арганізавана адукацыйная гісторыка-літаратурная экскурсія ў вёску Глінішчы Хойніцкага раёна Гомельскай вобласці.

Усе вучні вельмі хваляваліся, бо такое важнае і ў той жа час доўгачаканае вандраванне ўскалыхнула ўсе пачуцці і эмоцыі ад прачытаных твораў Івана Мележа. Дзеці не толькі ўзгадвалі “Палескую хроніку” – адзін з самых знакамітых твораў пісьменніка, але і суадносілі сябе з галоўнымі героямі твора: хлапчукі ўяўлялі сябе Васілём, а дзяўчынкі – Ганнай. Пад размовы і ўспаміны час дарогі мінуў хутка, і ўсе вельмі плаўна перайшлі ў свет вялікага аматара беларускай мовы, традыцый, гісторыі, у свет Івана Мележа. Вось тая знакамітая дзічка, вось і помнік творцу, і школа, якая з гонарам носіць яго імя – усё гэта не толькі нагадвае пра творы пісьменніка, але і дазваляе адчуць яго думкі. Сапраўды, Глінішчы – вёска напоўненая жыццём Івана Мележа: нават пасля яго смерці мы адчулі гэтую цудоўную атмасферу, вялікую душэўнасць. Безумоўна, гэтаму спрыяюць і жыхары, якія не забываюць пра свайго земляка. Яшчэ больш акунуцца ў творчую атмасферу дазваляе музей Івана Мележа, у якім захавана ўсё, што датычыцца яго жыцця і творчасці. Загадчыца музея Любоў Рубан не толькі дала магчымасць пахадзіць па пакоях, але і расказала, што ў музеі ёсць і сапраўдныя рэчы творцы: друкавальная машынка, канапа, кнігі з яго бібліятэкі, падпісаныя пісьменніку, а таксама паліто, капялюш, партфель. Гэтыя экспанаты здаваліся нам нейкімі чароўнымі. Вось гэтая машынка “Ундэрвуд”, на якой былі надрукаваны знакамітыя творы, і ты бачыш яе на свае вочы – гэта фантастыка! Безумоўна, нельга не адзначыць і цёплы прыём у мясцовай школе. Дырэктар і супрацоўнікі ўстановы прадэманстравалі нам глінішчанскую гасціннасць. Седзячы ў зале з кубачкам гарбаты, кожны вучань і настаўнік адчуў не толькі ўрачыстасць сустрэчы, але і душэўнасць, шчырасць, добразычлівасць. Сапраўды, Іван Мележ і яго творы яднаюць не толькі эпохі, але і людзей. Музычны падарунак ад гімназіі – на сцэне спявалі не толькі дзеці, але і настаўнікі.
Вось так мы не толькі пабывалі на радзіме вялікага пісьменніка, а і пасябравалі з такімі ж аматарамі твораў Івана Мележа. І мы паехалі дадому не толькі з выдатнымі эмоцыямі, але і з удзячнасцю і павагай да вялікага сына зямлі беларускай, да Івана Паўлавіча Мележа.

Алеся РЭШАНОК,
студэнтка ІІІ курса ГДУ імя Ф.Скарыны,
выпускніца гімназіі №36 Гомеля імя І.Мележа.

“Які цудоўны гэты свет, паглядзі!”

Так спяваецца ў адной вядомай песні. І сапраўды, колькі прыгожых мясцін навокал, славутасцей! Трэба толькі жаданне і ўменне іх убачыць. Можна любавацца сваімі звычнымі роднымі мясцінамі, а можна адправіцца ў падарожжа або на экскурсію.

Менавіта так і зрабілі вучні Алекшыцкай сярэдняй школы, што на Бераставіччыне. Яны пабывалі з экскурсіяй у суседнім Ваўкавыскім раёне, у школе № 8 райцэнтра з польскай мовай навучання. Чутка аб створаным там музеі лесу, асабліва аб гасцінных гаспадарах, хутка разышоўся па суседніх раёнах. Дайшоў ён і да нас. Школьны аўтобус заўсёды гатовы да падарожжаў, вучні — таксама.
Сустрэла нас пані Вераніка, настаўніца геаграфіі. Коратка расказала аб школе, правяла ў музей. Дарэчы, гэта музей пяці пачуццяў, там можна паглядзець, паслухаць, паспрабаваць, панюхаць, дакрануцца. Мы ўбачылі чучалы птушак, рогі аленяў, ласёў, гербарыі раслін, вырабы з драўніны, інструменты для іх апрацоўкі і многае іншае. Паслухалі запісы спеваў птушак, цікавую інфармацыю экскурсавода. Затым удыхалі водар лясных траў, якія ўпрыгожвалі куток ароматэрапіі. І самае прыемнае — паспрабавалі на смак чай з гэтых зёлак, варэнне з розных ягад, дасталі сваё пячэнне. Духмяны чай, прысмакі, выпечка, відэаролік аб тым, як вырабляюць запалкі, — цудоўнае спалучэнне прыемнага з карысным.
На развітанне пані Вераніка падарыла кожнаму госцю музея лесу прыгожую расфарбаваную шышку сасны, якую можна разгледзець, панюхаць, памацаць, а магчыма, і паслухаць!

Аксана БОЛБАТ,
класны кіраўнік 5 класа Алекшыцкай сярэдняй школы Бераставіцкага раёна.

Пра армію і мірнае неба

Вучні Дубненскай сярэдняй школы Мастоўскага раёна наведалі воінскую часць № 05733 Гродна. Галоўнай мэтай экскурсіі стала выхаванне ў моладзі патрыятычных пачуццяў, гонару за сваю краіну, народ, павагі да ваеннаслужачых Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь. Сустрэча прайшла захапляльна. Вайскоўцы прадэманстравалі навучэнцам таварыскасць, узаемаразуменне, узаемадапамогі, добразычлівасці, вытрымкі, мужнасці, патрабавальнасці да сябе.

Экскурсія, якую праводзілі для хлопчыкаў і дзяўчынак вайскоўцы часткі, уключала ў сябе наведванне культурных, бытавых і ваенна-спартыўных аб’ектаў. Школьнікі даведаліся аб нялёгкай армейскай службе. Найбольшую ўрачыстасць наша сустрэча набыла яшчэ і таму, што яна адбылася напярэдадні Дня абаронцаў Айчыны.
Заключным этапам падарожжа па вайсковай частцы стала знаёмства са зброяй і ваеннай тэхнікай, што асабліва спадабалася дзецям. Вайскоўцамі быў праведзены майстар-клас па разборцы і зборцы аўтамата, выкарыстанню індывідуальных сродкаў абароны. Вялікі інтарэс выклікала ў школьнікаў эфектнае выступленне байцоў спецыяльнага падраздзялення. Стрэлы, выбухі, дымавыя шашкі, дасканала адпрацаваныя прыёмы — усё гэта перанесла юных гледачоў у атмасферу ваеннай аперацыі. Навучэнцы атрымалі рэальнае ўяўленне аб службе ў сучаснай арміі. Пасля экскурсіі вучні ўсхвалявана дзяліліся ўражаннямі, выказвалі захапленне нашай краінай, мірам і спакоем на беларускай зямлі.

Таццяна КАРЖЭЦКАЯ,
педагог-арганізатар Дубненскай сярэдняй школы Мастоўскага раёна.