ІТ супраць злачыннасці

Сёння інфармацыйныя тэхналогіі шырока прымяняюцца ў розных сферах жыцця, і, дзякуючы ім, многія задачы (сацыяльныя, вытворчыя і нават палітычныя) вырашаюцца хутчэй, дакладней і больш якасна. Не абмінулі ІТ і такую спецыфічную галіну, як крыміналістыка. Сучасныя метады даследавання слядоў злачынстваў, ідэнтыфікацыі людзей і апрацоўкі атрыманай інфармацыі вывелі гэтую навуку на новы ўзровень.

Пра гэта, у прыватнасці, ішла размова на чарговым пасяджэнні мінскай суполкі H-Files. Крыміналіст Павел Антонаў расказаў прысутным аб выкарыстанні інфармацыйных тэхналогій у генетычнай, дактыласкапічнай і фанаскапічнай экспертызах, аб штучных нейронных сетках і партрэтнай ідэнтыфікацыі асобы. Завяршылася падзея крымінальнай гульнёй “Што кратаў айцішнік?”: жадаючыя з аўдыторыі пагадзіліся на даследаванне сваіх далоняў. Праз пэўны час Павел Антонаў паабяцаў расказаць, што краталі гэтыя людзі на працягу тыдня, які папярэднічаў даследаванню.


На пасяджэнні суполкі H-Files выступіў таксама доктар медыцынскіх навук урач-хірург Ула­дзімір Хрышчановіч, аўтар трох патэнтаў, манаграфіі і звыш 200 публікацый у айчынных і замежных навуковых выданнях. Гэта была ўжо трэцяя яго сустрэча з ІТ-спецыялістамі, дзе ён расказваў пра тыповыя хваробы праграмістаў. На першых дзвюх гаворка ішла пра астэахандроз і варыкоз. А на гэты раз урач гаварыў пра гемарой — “хваробу, смешную для тых, хто на яе не пакутуе”. Ён даў прысутным каштоўныя рэкамендацыі, выконваючы якія можна пазбегнуць гэтай хваробы цывілізацыі. Удзельнікі суполкі выказалі пажаданне, каб на адной з будучых сустрэч для іх арганізавалі лекцыю спецыяліста, які б расказаў, як пазбегнуць праблем са зрокам.

Завяршылася падзея крымінальнай гульнёй “Што кратаў айцішнік?”. Даследаваўшы далоні ўдзельнікаў, крыміналіст Павел Антонаў можа расказаць, да чаго яны дакраналіся на працягу апошняга тыдня.

Раней, каб знайсці злачынцу, следчы перш за ўсё шукаў сведак злачынства і яго матыў, — расказвае Павел Антонаў. — Гэтыя метады і зараз прымяняюцца, але яны не вельмі надзейныя, бо калі няма прамога матыву злачынства і адсутнічаюць сведкі, то злачынца можа застацца непакараным. Таму калі ў свеце адбылася навукова-тэхнічная рэвалюцыя, спосабы барацьбы са злачыннасцю сталі мяняцца. Напачатку нейкі Уільям Гершаль, які доўгі час працаваў паліцэйскім у Індыі, заўважыў, што на пальцах чалавечых рук ёсць адметны ўзор, і папілярныя лініі ў кожнага чалавека індывідуальныя. Потым гэтае назіранне сталі вывучаць іншыя даследчыкі, і ў выніку была распрацавана сістэма кваліфікацыі адбіткаў пальцаў. Былі выяўлены асобныя прыкметы, якія дазвалялі адрозніць адзін адбітак ад другога.

Крыміналіст расказаў, што ўсе адбіткі пальцаў захоўваюцца ў спецыяльнай картатэцы (следатэцы), і калі здараецца злачынства, знойдзеныя на яго месцы адбіткі супастаўляюцца з наяўнай базай. Раней гэта была даволі складаная работа, якая аднімала шмат часу і рэсурсаў. Але са з’яўленнем інфармацыйных тэхналогій усе адбіткі пальцаў сталі алічбоўвацца і працэс пошуку істотна паскорыўся.

— Зрэшты, і гэта было няпроста, — заўважыў Павел Антонаў. — Малюнкі накладваліся адзін на адзін, паварочваліся патрэбным чынам, звяраліся, і эксперт рабіў выснову, наколькі яны супа­даюць. Пазней з’явіліся першыя матэматычныя мадэлі, якія разбівалі адбіткі на асобныя ўчасткі і параўноўвалі іх паміж сабой. Але і гэта было даволі працаёмка. Сёння эксперты выкарыстоўваюць найбольш прасунуты алгарытм: на адбітках пальцаў аўтаматычна знаходзяцца кантрольныя кропкі, якія супастаўляюцца з базай пошуку, — і літаральна праз некалькі секунд можна атрымаць спасылку на падазронага, калі яго адбіткі ёсць у гэтай базе. Такі прыём вельмі дапамагае ў расследаванні злачынстваў.

Павел Антонаў паведаміў, што адбіткі пальцаў доўга захоўваюцца на металічных паверхнях, бо пота­тлушчавыя сляды маюць крыху кіслае асяроддзе, і ад кантакту з ім метал пачынае карадзіраваць. Доўга трымаюцца адбіткі на паперы, шкле і іншых гладкіх паверхнях. Цікава, што неабавязкова, каб адбіткі пальцаў былі ідэальна захаванымі. Экспертам дастаткова атрымаць 7 адрозных прыкмет (кропкі, дэльты і г.д.), каб даказаць, што адбітак належыць пэўнаму чалавеку.

— Нягледзячы на тое, што, як лічыцца, ва ўсіх людзей розныя адбіткі пальцаў, гэта навукова не даказана, — заўважыў Павел Антонаў. — Проста за стагоддзе прымянення дактыласкапіі не было знойдзена двух аднолькавых адбіткаў. Нават у блізнят з аднолькавым ДНК малюнак на пальцах хоць і падобны, аднак усё роўна адрозніваецца.


Завяршылася падзея крымінальнай гульнёй “Што кратаў айцішнік?”. Даследаваўшы далоні ўдзельнікаў, крыміналіст Павел Антонаў можа расказаць, да чаго яны дакраналіся на працягу апошняга тыдня.

Што да генетычнай экспертызы, то адпаведны метад стаў магчымы дзякуючы адкрыццю брытанскага генетыка Алека Джэфрыса, зробленаму ў 80-х гадах ХХ стагоддзя.

— У кожнай клетцы чалавечага арганізма ёсць зыходны код, які вызначаецца ўнікальнай паслядоўнасцю чатырох нуклеатыдаў у ланцужку ДНК (можна сказаць, што мы ўсе закадзіраваны ў чацвярцічнай сістэме), — паведаміў Павел Антонаў. — Гэтым феноменам зацікавіліся крыміналісты і пачалі даследаваць “генетычныя адбіткі” пры ідэнтыфікацыі людзей. Так, калі на месцы злачынства знойдзены нейкія доказы (валасы, кроў, сліна і г.д.), з гэтых рэчываў выдзяляюцца клеткі, якія ўтрымліваюць ДНК. У выніку палімеразнай ланцуговай рэакцыі можна сказаць, якому чалавеку нале­жыць даследаваная ДНК. Аднак калі супадзенне адбіткаў пальцаў прымаецца за 100-пра­цэнтны доказ, то ў выпадку з ДНК спецыялі­сты падышлі з большай матэматычнай строгасцю. Тут гавораць пра верагод­насць 99,99%, бо, каб сцвяр­джаць пра абсалютнае супадзенне, трэба ведаць геном усіх людзей, якія жывуць на планеце. (Дарэчы, у аднаяйкавых блізнят ДНК супадаюць.)

Павел Антонаў паведаміў, што генетычная экспертыза даволі дарагая (напрыклад, толькі вада, якая прымяняецца для даследавання, каштуе каля 60 еўра за 100 мл), але гэта сябе апраў­двае.

— Калі чалавек, які задумаў злачын­ства, ведае, што яго лёгка могуць знайсці па генатыпе, — гэта можа стрымаць ад супрацьпраўных дзеянняў, — заўважыў крыміналіст.

Фанаскапічная экспертыза дазваляе ідэнтыфікаваць людзей па іх галасах.

— Гэта даволі дакладны метад даследавання, — заўважыў Павел Антонаў. — Гук уяўляе сабой ваганне паветра, якое можна прадставіць у выглядзе хвалі, што характарызуецца амплітудай і даўжынёй. З дапамогай камп’ютарнага аналізу яе можна раскласці на мноства іншых, больш простых, хваль. У адной секун­дзе аўдыязапісу маўлення ўтрымліваецца некалькі тысяч характэрных прыкмет. Яны аналізуюцца, і з высокім працэнтам верагоднасці можна сказаць, належыць голас пэўнаму чалавеку ці не належыць. Акрамя матэматычнага аналізу, спецыялісты робяць лінгвістычны аналіз маўлення. Так, запіс размовы злачынцы працягласцю адну гадзіну па адной толькі ненарматыўнай лексіцы дае магчымасць ідэнтыфікаваць яго з вялікай ступенню дакладнасці.

Вядомы метад даследавання — партрэтная ідэнтыфікацыя. Ёсць спосаб, калі эксперт візуальна выяўляе характэрныя прыкметы. Як заў­важыў Павел Антонаў, адна толькі вушная ракавіна ўтрымлівае 5 прыкмет — і гэтага амаль дастаткова, каб адназначна ўстанавіць знешнасць чалавека.

— Адзін з дакладных метадаў партрэтнай ідэнтыфікацыі — метад гнуткай пабудовы графаў, — расказаў крыміналіст. — Гэта калі выява твару чалавека прапускаецца праз спецыяльныя фільтры, і такім чынам выяўляюцца кантрольныя кропкі: вочы, бровы, падбародак і інш. На аснове такіх кропак выбудоўваецца граф, які захоўваецца ў базе даных. Калі з’яўляецца асоба, якую трэба ідэнтыфікаваць, твары параўноўваюцца па гэтых кропках і з верагоднасцю 95-97% сістэма выдае вынік. Мінусы сістэмы: твар трэба “зняць” у розных ракурсах і пажадана ў розных эмацыянальных станах; у вылічальным плане гэта таксама даволі складаны алгарытм — апра­цоўка выяў твараў для ўнясення іх у базу эталонаў патрабуе вялікіх рэсурсаў.


H-Files — мінская суполка спецыялістаў, якія працуюць на скрыжаванні інфармацыйных тэхналогій і медыцыны. Праект ажыццяўляецца намаганнямі IT House — пляцоўкі для развіцця ідэй у сферы інфармацыйных тэхналогій, якая дзейнічае на базе Белдзяржуніверсітэта. Мэта — аб’яднаць спецыялістаў з розных сфер і паставіць IT на службу здароўю і якасці жыцця людзей.

Сёння ва ўсім свеце моцна развіваюцца нейронныя сеткі — матэматычныя мадэлі, пабудаваныя па прынцыпе арганізацыі і функцыянавання сетак нервовых клетак жывога арганізма. Складанасць заключаецца ў тым, каб “навучыць” нейронную сетку распазнаваць аб’екты.

— Мы бачым, што калі нейронная сетка была навучана распазнаваць пэўныя вобразы, то яна ўсюды будзе шу­каць менавіта іх, — заўважыў Павел Антонаў. — Напрыклад, нейронная сетка, навучаная шукаць птушак, разгледзіць птушак ва ўсім, нават у кветках сланечніка. Пакуль што складана стварыць універсальную нейронную сетку. Так, можна навучыць яе распазнаваць твары, але на кожны новы твар яе давядзецца перавучваць. Зараз у Японіі ўжо распрацоўваюцца новыя методыкі, якія дазваляюць распазнаць чалавека не па твары, а па паходцы, — і яны значна больш эфектыўныя.

Паліграф (дэтэктар хлусні) выкарыстоўваецца ў крыміналістыцы ўжо больш за стагоддзе і ўвесь час тэхнічна і метадычна ўдасканальваецца. Сёння найбольш прасунутыя паліграфы могуць з дакладнасцю да 98% паказаць, хлусіць чалавек ці не. Яны адсочваюць вялікую колькасць параметраў: пульс, дыханне, тэмпературу цела, актыўнасць пэўных участкаў галаўнога мозга і г.д.

— Калі чалавек гаворыць праўду, то задзейнічаны ўчасткі мозга, якія адказваюць за памяць, а калі чалавек хлусіць, то актывізуюцца ўчасткі, адказныя за творчасць, — адзначыў Павел Антонаў.

Галіна СІДАРОВІЧ.
Фота з архіва суполкі H-Files.

Пісьмо — гэта чыста чалавечая функцыя,

або Яшчэ раз пра ЧЫСТАпісанне

Сёння нярэдка можна пачуць ад людзей, як тых, хто працуе ў сферы інфармацыйных тэхналогій, так і тых, хто вывучае сістэмы адукацыі ў розных краінах, што ўжо няма неабходнасці вучыць дзяцей якаснаму ручному пісьму. Маўляў, камп’ютары забяспечваюць выразны тэкст, рэдагаванне, павялічваюць хуткасць узнаўлення думкі. Прыкладам з’яўляецца той факт, што ў некаторых штатах ЗША чыстапісанне пераведзена ў разрад неабавязковых прадметаў. Але ці ўсё так проста?

Навучанне пісьму ўключае ў сябе два важныя складнікі: арфаграфію (правапіс) і чыстапісанне. Арфаграфія мае на ўвазе правільнае напісанне слоў і фраз, і ёй вучаць некалькі гадоў. Асноўная задача чыстапісання ў тым, каб навучыць малодшых школьнікаў правільна і акуратна пісаць ручкай на паперы. У школьным выкладанні гэта азначае навучыць дзяцей прыгожаму, выразнаму пісьму.

У такіх азіяцкіх краінах, як Японія, Карэя і Кітай, чыстапісанне або каліграфія — гэта ад зін з відаў выяўленчага мастацтва, і яму ўдзяляецца асаблівая ўвага. Каліграфія — мастацтва прыгожага пісьма, на аснове якога ствараюцца рукапісныя лагатыпы (адмыслова распрацаванае арыгінальнае напісанне поўнага ці скарочанага наймення), — ужываецца ў графіці, пры распрацоўцы шрыфтоў, у графічным дызайне, рэлігійным мастацтве. Да каліграфіі адносіцца і гатычнае пісьмо, якое дало пачатак гатычным шрыфтам у лацінцы, а славянскія шрыфты ў кірыліцы развіліся са статутнага пісьма. Усё гэта ажыццявiлася толькі дзякуючы пісьму на паперы.

Кнігадрукаванне было вынайдзена Гутэнбергам у XV стагоддзі. У друкарскім станку выкарыстоўвалася клішэ шрыфту (штамп для адбітка) — адмыслова створаныя вобразы літар алфавіта, блізкія да рукапісных. Пазней былі прыдуманы і працяглы час выкарыстоўваліся персанальныя друкавальныя машынкі. Распрацоўка шрыфтоў ажывілася са з’яўленнем камп’ютараў. Аднак стандартызаваная работа на камп’ютары з дапамогай рэдактара будзе эфектыўнай толькі пры ўмове ўжо сфарміраванага ў чалавека ўнутранага маўлення.

У музыцы спевака ніколі не дапусцяць на вялікую сцэну, калі ён не асвоіў сальфеджыа. Яму абавазкова трэба прайсці курс сальмізацыі — дамагаючыся дакладнасці выканання шляхам шматразовага распеву мелодый з дапамогай нот, тонік, выконваць музычныя дыктоўкі і г.д. Для таго каб выпрацаваць прыгожы почырк, таксама патрабуецца шматразовае паўтарэнне і замацаванне напісання адных і тых жа літар у пропісях. У гэтым працэсе ўдзельнічае некалькі цэнтраў кары галаўнога мозгу: маторны, які забяспечвае рухальныя навыкі пісьма, зрокавы і слыхавы, а таксама зоны сумежных аналізатараў, якія адказваюць за ўспрыманне і ацэнку напісанага.

Пісьмо адносіцца да адвольных актаў і ўяўляе сабой складаную сістэму рухаў. Для выканання любога адвольнага дзеяння ў чалавека абавязкова ўключаюцца цэнтры галаўнога мозгу. Адбываецца апрацоўка інфармацыі: навошта гэта трэба, што я ведаю пра гэтае дзеянне, што мне для гэтага патрэбна, які магчымы вынік. Пры фарміраванні навыкаў пісьма ў дзіцяці з’яўляецца ўяўленне аб працэдуры: пісьмовыя прылады (аркуш, ручка і г.д.), як трымаць ручку і як ёй карыстацца і, нарэшце, распазнаванне літар і лікаў.

Першапачаткова функцыя пісьма фарміруецца ў дзіцяці ў працэсе паўтарэння за дарослым пэўнага набору рухаў рукой, ім запамінаецца паслядоўнасць дзеянняў, і пры дапамозе зроку і слыху гэта замацоўваецца ў памяці. Пры досыць працяглым паўтарэнні ў кары галаўнога мозгу фіксуецца вобраз слова і суаднясенне яго з пэўным аб’ектам або з’явай, будуецца сувязь паміж імі, што спрыяе фарміраванню абстрактна-лагічнага мыслення. Бо літары і іх спалучэнні — гэта абстрактныя сімвалы, якіх не існуе ў прыродзе. Пісьмо — гэта чыста чалавечая функцыя, і ўменне ім карыстацца вызначае ўзровень цывілізаванасці чалавека.

Пры навучанні пісьму ў кары галаўнога мозгу дзіцяці фіксуецца вобраз слова і суаднясенне яго з пэўным аб’ектам або з’явай, будуецца сувязь паміж імі, што спрыяе фарміраванню абстрактна-лагічнага мыслення. Бо літары і іх спалучэнні — гэта абстрактныя сімвалы, якіх не існуе ў прыродзе. Пісьмо — гэта чыста чалавечая функцыя, і ўменне ім карыстацца вызначае ўзровень цывілізаванасці чалавека.

Калі сфарміруецца дастаткова навыкаў, дзіця зможа самастойна, намаганнем уласнай волі выконваць усе дзеянні. Пры адсутнасцi ў малодшага школьніка пастаяннага правільнага паўтарэння рухаў, неабходных пры пісьме, у яго не фарміруецца памяць на неабходныя рухі рукой, у яго мозгу не фіксуецца іх паслядоўнасць (маторная памяць).

Сам працэс пісьма патрабуе пастаяннай актыўнасці ўсіх органаў пачуццяў (зроку, дотыку, слыха-маўленчай памяці). Навучанне пісьму мае на ўвазе знешні стымул — дыктоўку, калі педагог прамаўляе тэкст услых, а таксама сачыненне, калі выкарыстоўваецца ўнутранае маўленне. Канспектаванне лекцый забяспечвае лепшае засваенне матэрыялу ў адрозненне ад прэзентацый, бо пры чытанні друкаванага тэксту ў аналіз і запамінанне інфармацыі ўключаецца менш зон кары галаўнога мозгу, чым пры яго адвольным, асэнсаваным напісанні. Акрамя таго, у гэтым выпадку вялікую ролю адыгрывае асоба самога лектара як генератара эмацыянальных рэакцый у слухачоў — і гэта спрыяе запамінанню інфармацыі. Вядома, што пры чытанні чалавек запамінае ад 7 да 10%, у той час як пры пісьме — да 25% інфармацыі.

Вядомы вучоны-псіхолаг Л.С.Выгоцкі лічыў, што выхаванне цесна звязана з навучаннем: у працэсе навучання элементарнаму дзеянню дзіця паралельна засвойвае агульны прынцып гэтага дзеяння. А засвоіўшы прынцып, дзіця можа прымяніць яго для выканання іншых заданняў. Больш высокія ступені адукацыі, у адрозненне ад вузкапрафесійнай, вучаць менавіта прынцыпу дзеяння. У раннім узросце дзіця асвойвае шляхам паўтарэння тыя віды дзейнасці, якія прыходзяць да яго звонку, ад асяроддзя. Дзякуючы гэтаму, знешняя дзейнасць пераходзіць ва ўнутраныя структуры псіхікі — з’яўляецца ўнутранае маўленне. Л.С.Выгоцкі сфармуляваў асноўны закон культурнага развіцця: у развіцці дзіцяці любая функцыя з’яўляецца два разы — спачатку яго вучаць звонку, а потым яна прайграецца ўжо самім дзіцем, гэта значыць, становіцца псіхалагічнай. Ён лічыў, што гэты закон вызначае развіццё ўвагі, памяці, мыслення, маўлення, эмоцый, волі. Праз зносіны з аднагодкамі і дарослымі ў дзіцяці з ранняга ўзросту фарміруецца маўленне. Пазней, з выспяваннем іншых цэнтраў мозгу (пасля 6 гадоў), з’яўляецца пісьмо. У працэсе школьнага навучання ў дзіцяці фарміруецца почырк.

Немагчыма прадказаць, якія менавіта схільнасці і здольнасці дзяцей будуць рэалізаваны ў старэйшым або сталым узросце. Аднак адсутнасць трывалых навыкаў пісьма абмяжуе іх у выбары прафесіі або роду дзейнасці, прымусіць саромецца сваёй непісьменнасці.

Існуе важны напрамак, які вывучае пісьмова-рухальныя навыкі чалавека і вызначае ўзроўні валодання ім пісьмовым маўленнем. Гэта почырказнаўства, якое шырока выкарыстоўваецца ў крыміналістыцы. Почырк валодае індывідуальнасцю. І калі літары налазяць адна на адну, маюць розную вышыню, а радок хіліцца то ў адзін, то ў другі бок, то можна з упэўненасцю сказаць, што ў такога чалавека ёсць парушэнне маторыкі і/ці каардынацыі. Педагогі канстатуюць, што сёння почырк некаторых маладых людзей нагадвае клінапіс.

Пісьмо з’яўляецца абавязковым навыкам для людзей многіх прафесій: урачоў, юрыстаў, журналістаў. Калі дзіця 6—7 гадоў прыходзіць у школу, існуючая праграма забяспечвае роўныя для ўсіх магчымасці для развіцця. У працэсе асваення навыкаў пісьма і ліку ствараюцца ўмовы для праяўлення таленту. Немагчыма прадказаць, якія менавіта схільнасці і здольнасці дзіцяці будуць рэалізаваны ў старэйшым або сталым узросце. Аднак адсутнасць трывалых навыкаў абмяжуе яго ў выбары прафесіі або роду дзейнасці, прымусіць саромецца сваёй непісьменнасці. Напрыклад, паўстагоддзя назад у нашым грамадстве многія дарослыя людзі не вымаўлялі некаторыя гукі — картавілі або валодалі невыразнай гаворкай. Зараз такі чалавек звяртае на сябе ўвагу, яму могуць адмовіць у атрыманні работы ў многіх прафесіях. Дзякуючы развітой сістэме дапамогі лагапедаў і дэфектолагаў, культурны ўзровень грамадства значна павысіўся.

Канспектаванне лекцый забяспечвае лепшае засваенне матэрыялу ў адрозненне ад прэзентацый, бо пры чытанні друкаванага тэксту ў аналіз і запамінанне інфармацыі ўключаецца менш зон кары галаўнога мозгу, чым пры яго адвольным, асэнсаваным напісанні. Вядома, што пры чытанні чалавек запамінае ад 7 да 10%, у той час як пры пісьме — да 25% інфармацыі.

Правільнае пісьмо на паперы заўсёды будзе запатрабавана, таму што тэхнічныя сродкі маюць шмат слабых бакоў: яны выходзяць з ладу, іх работа магчыма толькі пры наяўнасці электрычнасці і г.д. Важным момантам з’яўляюцца і носьбіты інфармацыі. Напрыклад, дыскеты, якія існавалі 20 гадоў назад, у прынцыпе немагчыма выкарыстоўваць на сучасных камп’ютарах, і запісаная на іх інфармацыя стала недаступнай. Акрамя таго, калі ў дзіцяці слабы зрок, то наўрад ці ён зможа бесперапынна працаваць за экранам манітора без пагрозы для здароўя. Творчая праца заў-сёды абапіраецца на індывідуальныя веды і дасягненні.

І напрыканцы: калі ваша дзіця апынецца ў экстрэмальнай сітуацыі і зможа паслаць вам вестку аб дапамозе, то яго жыццё будзе залежаць ад таго, наколькі хутка і дакладна ў вас атрымаецца прачытаць тое, што ім напісана.

Канстанцін КАРАНЕЎСКІ,
дзіцячы ўрач-неўролаг, малодшы навуковы супрацоўнік БДУІР.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.

У трэндзе інфарматызацыі

Сучаснае развіццё інфармацыйных тэхналогій аказвае ўсё большы ўплыў практычна на ўсе сферы жыццядзейнасці чалавека. Не абыходзіць яно і сучасную педагогіку. Як змянілася педагогіка пад уплывам ІКТ? Ці прывядуць інтэрнэт і анлайн-навучанне да татальных змяненняў у педагагічнай навуцы, асабліва ў дыдактыцы, ужо да канца найбліжэйшага дзесяцігоддзя? Што такое электроннае навучанне?

Як падрыхтаваць і правесці сеткавы ўрок? Як змяніліся прафесійныя кампетэнцыі настаўніка, да чаго варта рыхтаваць студэнта педагагічнай УВА? Гэтыя і многія іншыя пытанні былі абмеркаваны на Міжнароднай навукова-практычнай анлайн-канферэнцыі “Дыдактыка сеткавага ўрока”. Яна была арганізавана Беларускім дзяржаўным педагагічным універсітэтам імя Максіма Танка з мэтай развіцця сеткавай адукацыі і віртуальнага акадэмічнага абмену прадстаўнікоў навукова-педагагічнай грамадскасці па абмеркаванні тэорыі і практыкі электроннага навучання.

Да ўдзелу ў канферэнцыі былі запрошаны студэнты педагагічных спецыяльнасцей, магістранты, аспіранты, выкладчыкі ВНУ, навуковыя супрацоўнікі, кіраўнікі і педагогі ўстаноў адукацыі. Да абмеркавання пытанняў у рэжыме анлайн далучыліся ўстановы вышэйшай адукацыі — партнёры, сярод іх БарДУ, МДУ імя А.А.Куляшова, ВДУ імя П.М.Машэрава і інш., 11 рэсурсных цэнтраў і ўпраўленні адукацыі, спорту і турызму краіны, педагагічныя класы.

Цікавы дыялог адбыўся з вядучымі спецыялістамі ў галіне электроннага навучання — акадэмікам Расійскай акадэміі адукацыі, доктарам педагагічных навук, прафесарам, кіраўніком Цэнтра інфарматызацыі адукацыі Інстытута кіравання адукацыяй РАА Ірэнай Веньямінаўнай Роберт, членам-карэспандэнтам РАН, прафесарам, доктарам тэхнічных навук, дырэктарам Інстытута матэматыкі і інфарматыкі, загадчыкам кафедры інфарматыкі і прыкладной матэматыкі Маскоўскага гарадскога педагагічнага ўніверсітэта Сяргеем Георгіевічам Грыгор’евым.

Ужо на пачатку пленарнага пасяджэння, якое прайшло ў выглядзе панэльнай дыскусіі, яго мадэратар — кандыдат педагагічных навук, дацэнт, начальнік Цэнтра развіцця інфармацыйных тэхналогій БДПУ імя Максіма Танка Аксана Анатольеўна Мініч запрасіла ўдзельнікаў у межах жывога дыялогу абмеркаваць пытанні, якія тычацца інфарматызацыі адукацыі, змяненняў у педагогіцы, паразважаць, якім чынам электроннае навучанне ўплывае на ролю настаўніка ў сучасным грамадстве і куды мы павінны рухацца далей пры распрацоўцы праграм падрыхтоўкі педагога для работы ў зусім новых умовах.

Студэнты БДПУ імя Максіма Танка прадставілі прысутным вынікі апытання, якое праводзілася сярод студэнтаў, вучняў школ і гімназій Мінска наконт таго, што такое электроннае навучанне. Большасць апытаных маюць няпоўнае ўяўленне аб электронным навучанні, яны лічаць, што гэта навучанне з выкарыстаннем электронных матэрыялаў і інтэрнэту. У школах электроннае навучанне прадстаўлена або на нізкім узроўні, або адсутнічае ўвогуле. У навучальных установах буйных гарадоў яно развіваецца больш хутка. Была высветлена заканамернасць, што ў студэнтаў пераважаюць электронныя вучэбныя матэрыялы, а ў вучняў школ — папяровыя. У школах настаўнікі не ў поўнай меры выкарыстоўваюць ўсе магчымасці ІКТ, бо ў іх няма дастатковага тэхнічнага забеспячэння ці проста адсутнічаюць навыкі выкарыстання ІКТ. А вось ва УВА інфармацыйна-камунікацыйныя тэхналогіі развіты намнога вышэй.

Як адзначалася, на сённяшні момант няма адзінага разумення, што такое электроннае навучанне. Некаторыя вучоныя лічаць, што можна гаварыць пра такое паняцце, як «е-дыдактыка», або «інфармацыйная педагогіка». У чым жа сэнс электроннага навучання? Па словах І.В.Роберт, пад электронным навучаннем разумеецца навучанне без выкладчыка з дапамогай арганізаванага доступу да электронных адукацыйных рэсурсаў. Аднак выкладчык усё роўна прысутнічае, і яго роля павінна быць заўсёды на адпаведным узроўні.
— Да эпохі інфарматызацыі адукацыі інфармацыйнае ўзаемадзеянне адбывалася паміж двума кампанентамі: выкладчык — студэнт, настаўнік — вучань. Парадыгмальныя змяненні ў дыдактыцы, педагогіцы, сістэме адукацыі адбыліся са з’яўленнем інтэрактыўных інфармацыйных рэсурсаў, інтэрактыўных сродкаў адукацыйнага прызначэння, з’явіўся трэці кампанент — інтэрактыўны электронны рэсурс. Гэты трэці кампанент валодае нечалавечымі магчымасцямі: ні адзін выкладчык за долі секунды не можа знайсці і вывесці на экран тую інфармацыю, якая неабходна ў пэўны момант у пэўнай вучэбнай сітуацыі. Аднак часта электронны адукацыйны рэсурс не выкарыстоўваецца інтэрактыўна. І тое, што мы бачым на самай справе, калі ўзаемадзейнічае вучань з электронным рэсурсам, электронным навучаннем назваць складана, — заўважыла І.В.Роберт. — Сучаснае электроннае навучанне рэалізавана з дапамогай інтэлектуальных інфармацыйных сістэм прыкладнога і інструментальнага прызначэння. Яны могуць выдаваць не проста інфармацыю, але і ажыццяўляць адміністраванне паміж вучэбным цэнтрам і цэнтрамі доступу. І ў сувязі з гэтым з’явіўся тэрмін “размеркаванае навучанне”. Вось у гэтым ключы электроннае навучанне падаецца сучасным.

На сёння электроннае навучанне больш разумеецца як тэхналогія, пераважае тэхналагічны падыход, калі ёсць пэўны сродак, сеткавыя рэсурсы і педагог прымяняе іх па шаблоне традыцыйнага навучання, не падмацоўваючы новымі формамі сеткавага ўзаемадзеяння педагагічнага характару. Патрэбнага педагагічнага эфекту, хутчэй за ўсё, такое ўзаемадзеянне не прыносіць. І гэтае неразуменне выклікае ў многіх выкладчыкаў эфект адхілення. Адбываецца навязванне новых сродкаў, ад якіх няма патрэбнага эфекту. І гэта таксама з’яўляецца своеасаблівым ступарам для распаўсюджвання электроннага навучання ў сістэме адукацыі.

На думку доктара педагагічных навук, прафесара кафедры педагогікі, старшага метадыста Цэнтра інфармацыйных тэхналогій і дыстанцыйнай адукацыі Бурацкага дзяржаўнага ўніверсітэта Любові Німажапаўны Руліенэ, на сённяшні дзень страчваецца традыцыйная вучэбная функцыя дыдактыкі, мы сутыкаемся з функцыяй кіруючай, інфармацыйнай, агітацыйнай. Інтэрактыў — гэта не толькі ўзаемадзеянне з камп’ютарам, электронным падручнікам, а яшчэ і паміж навучэнцамі. На жаль, сёння стаіць праблема вярнуць навучэнца ў кантактнае навучанне, традыцыйныя акадэмічныя зносіны. Зараз ужо не складана арганізаваць электроннае навучанне (усе нашы студэнты і школьнікі валодаюць шматлікімі гаджэтамі), важна ажывіць навучанне.

Удзельнікі канферэнцыі выказалі свае меркаванні наконт разумення азначэння “сеткавы ўрок”, а таксама яго арганізацыі. Як лічыць І.В.Роберт, існуе паняцце педагагічнага тэрміна і паняцце слэнгу. Вось сеткавы ўрок — гэта слэнг. Калі гаварыць пра тэрмін, то яго трэба разгарнуць у змястоўным аспекце. Сеткавы ўрок — гэта нетрадыцыйны ўрок, які мае пэўныя часавыя абмежаванні, на якім выкарыстоўваюцца сеткавыя адукацыйныя рэсурсы, што маюць магчымасць актыўна ўзаемадзейнічаць з карыстальнікам у межах пэўнай прадметнай галіны ці прадметных галін. Пазітыўныя моманты сеткавага ўрока: лектар можа гаварыць на вялікую аўдыторыю і мае прамы кантакт з удзельнікамі гэтай аўдыторыі; любы аб’ём інфармацыі, патрэбны ў канкрэтны момант у пэўным аспекце ў пэўнай прадметнай галіне, можна запатрабаваць, атрымаць і выкарыстоўваць; прыцягненне ўвагі навучэнцаў да таго, што адбываецца на экране; магчымасць выказаць пытанні, не раскрываючы сябе як чалавека, які задае пытанні. Негатыўныя моманты: чалавечыя зносіны выключаны, выпустошваецца псіхалагічны кампанент непасрэднага ўзаемадзеяння; прывыкаючы да гэтых зносін, вучань ці студэнт лічыць, што гэта камфортна, зручна, і міжволі ён прымае рашэнне часта ўзаемадзейнічаць віртуальна.

Як падкрэслівалася, варта размяжоўваць, якія заняткі мэтазгодна праводзіць з дапамогай складнікаў сеткавага ўрока, а якія — не. Так, напрыклад, некаторыя віртуальныя лабараторныя работы па фізіцы і хіміі рэкамендуецца праводзіць з дапамогай сеткавага ўрока, бо там вялікая колькасць параметраў, якія за 20—30 хвілін можна вывесці, адкрыць заканамернасць, якая вывучаецца. На рэальным уроку гэтага дасягнуць, як правіла, немагчыма.

На фізіка-матэматычным факультэце БДПУ імя Максіма Танка практыкуецца правядзенне падобных заняткаў па фізіцы. Эксперыментальная база многіх устаноў адукацыі Беларусі пакідае жадаць лепшага, на кафедры ёсць магчымасць прадэманстраваць і лабараторныя работы, і фізічныя з’явы больш якасна, чым гэта можна зрабіць у школе. І тут бачыцца несумненная перавага сеткавага ўрока, паколькі да работы падключаюцца і філіял кафедры, і зацікаўленыя школы.

Удзельнікі канферэнцыі мелі магчымасць задаць пытанні расійскім вучоным. У прыватнасці, іх цікавіла, як уплывае правядзенне сеткавых урокаў на стан здароўя вучняў, ці эфектыўнае ўкараненне ў адукацыйны працэс электронных дзённікаў і журналаў. Што тычыцца апошняга пытання, то І.В.Роберт мяркуе, што любая аўтаматызацыя руцінных работ заўсёды пазітыўная, іншая справа, каб не перабраць меры, каб з гэтага не зрабіць сістэму назірання за навучэнцам і настаўнікам. На думку С.Г.Грыгор’ева, калі б электронныя дзённікі і журналы замянялі свае папяровыя аналагі, то было б вельмі зручна. А школы вымушаны дубліраваць інфармацыю, і гэта, па сутнасці, дадатковая нагрузка на навучэнца і настаўніка.

Яшчэ адно пытанне, якое было разгледжана на мерапрыемстве, — фарміраванне кампетэнцый настаўніка ва ўмовах сучаснага развіцця грамадства, электроннага навучання, сеткавага ўрока як трэнду сённяшняй адукацыі.

Як расказала Л.Н.Руліенэ, сёлета ў Бурацкім дзяржаўным універсітэце адкрыта магістарская праграма “Арганізацыя і суправаджэнне электроннага навучання”, распрацаваны курсы не толькі па навукова-метадычным забеспячэнні, а і па нарматыўных асновах, маркетынгу і менеджменце электроннага навучання. Выкладанне ў межах магістарскай праграмы будзе спалучаць вочнае і дыстанцыйнае навучанне.

Старшы выкладчык кафедры хіміі ВДУ імя П.М.Машэрава Аляксей Аляксандравіч Белахвостаў расказаў аб фарміраванні ІТ-кампетэнцый настаўнікаў хіміі. Можна выдзеліць некалькі катэгорый гэтых кампетэнцый: базавыя (уменне авалодаць камп’ютарам, працаваць з пакетамі Microsoft, PowerPoint і інш.), прадметна-спецыяльныя (уменні ствараць мадэлі камп’ютарных формул, трохмерных структур, выкарыстоўваць віртуальны хімічны эксперымент), прадметна-метадычныя (уменні праводзіць урок з выкарыстаннем сацыяльных сетак, прымяняць хімічныя калькулятары для рашэння задач і інш.). Ва ўніверсітэце ўведзены спецкурс “Гатоўнасць настаўніка да выкарыстання ІКТ”.

Зацікавіла прысутных і пытанне наконт асаблівасцей навучання настаўнікаў: рыхтаваць іх у цэлым да арганізацыі электроннага навучання ці весці падрыхтоўку па прадметных галінах? Тут меркаванні экспертаў падзяліліся: адны лічаць, што ўсе настаўнікі павінны быць падрыхтаваны да выкарыстання ў сваёй дзейнасці ІКТ, іншыя — што павінна быць свая спецыфіка выкладання прадмета. На думку прарэктара па вучэбнай рабоце БДПУ імя Максіма Танка В.М.Зелянкевіча, у падрыхтоўцы педагога павінны быць базавы кампанент і варыятыўная частка.

***

У межах правядзення канферэнцыі студэнты наведалі лекцыі расійскіх гасцей “Праектаванне інфармацыйна-адукацыйнай прасторы ва ўмовах інфарматызацыі адукацыі”, “Сеткавае ўзаемадзеянне пры падрыхтоўцы магістраў педагагічнага напрамку па профілі “Мехатроніка, робататэхніка, электроніка” і інш. У другі дзень работа канферэнцыі была арганізавана па секцыях “Сеткавы ўрок: сучасныя дыдактычныя мадэлі”, “Фарміраванне базавых кампетэнцый навучэнцаў на аснове педагагічных тэхналогій электроннага навучання”, “Лабараторыя творчасці Web 2.0: сеткавая навукова-даследчая дзейнасць навучэнцаў”, для ўдзельнікаў былі праведзены майстар-класы “Практыка электроннага навучання”.

Наталля КАЛЯДЗІЧ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.

Сучасна — пра традыцыі

Візітоўкай любой установы адукацыі, як вядома, з’яўляецца музей. А музею вядучай педагагічнай альма-матар краіны проста наканавана быць узорнай візітоўкай, сумяшчаць лепшыя традыцыі музейнай педагогікі з дасягненнямі сучасных інфармацыйных тэхналогій. Менавіта такі музей і быў урачыста адкрыты 21 лістапада ў Беларускім дзяржаўным педагагічным універсітэце імя Максіма Танка па ініцыятыве рэктара Аляксандра Іванавіча Жука.

21 лістапада 1914 года — адкрыццё Мінскага настаўніцкага інстытута. 1936 год — Мінскаму дзяржаўнаму педагагічнаму інстытуту прысвоена імя А.М.Горкага. 2 верасня 1944 года — аднаўленне дзейнасці МДПІ. 1966 год — І Зорны паход студэнтаў і выкладчыкаў па месцах баявой і працоўнай славы. 1995 год — прысваенне Беларускаму дзяржаўнаму педагагічнаму ўніверсітэту імя народнага паэта Беларусі Максіма Танка. 2007 год — уступленне ў Еўразійскую асацыяцыю ўніверсітэтаў…

Гэта толькі невялікая частка асноўных вех гісторыі БДПУ. А колькі такіх вех у асабістым студэнцкім жыцці можа назваць кожны з выпускнікоў? Першая лекцыя, першы залік, першы экзамен, першая практыка, першы дзяржаўны экзамен… Пра ўсе гэтыя вехі (агульнаўніверсітэцкія і асабістыя) расказваюць фотаздымкі, архіўныя матэрыялы, пісьмы і ўспаміны, разнастайныя прадметы. Экспазіцыя арыентавана на выпускнікоў і выкладчыкаў розных пакаленняў, але ў першую чаргу сённяшніх студэнтаў.

— Наша альма-матар адзначае Дзень універсітэта, а ў святы прынята рабіць падарункі. Абноўленая экспазіцыя музея — гэта своеасаблівае падарожжа ў часе, аповед пра дзейнасць сучаснай навучальнай установы, якая набыла дзяржаўнае і міжнароднае прызнанне. У музеі прадстаўлены ўнікальныя экспанаты, якія раскрываюць дынаміку развіцця і станаўлення ўніверсітэта на гістарычным фоне развіцця краіны і ўклад ВНУ ў развіццё адукацыі Беларусі. Гэта жывая памяць пра людзей і падзеі, пра студэнтаў, выкладчыкаў і рэктараў, чые імёны ўпісаны ў летапіс універсітэта. Мы па праве ганарымся дасягненнямі нашых выпускнікоў, вядомых дзеячаў навукі, культуры, адукацыі. Музейны матэрыял паказвае наведвальнікам пераемнасць пакаленняў, захаванне традыцый, — адзначыў Аляксандр Іванавіч Жук.

Кожны стэнд музея — гэта дзесяцігоддзе жыцця ўстановы. Значная частка фондаў даступна наведвальнікам у электронным выглядзе. У інфакіёсках размешчаны не толькі гістарычныя дакументы, але і сучасныя фота- і відэаматэрыялы, якія адлюстроўваюць насычанае вучэбнае, культурнае, грамадскае і спартыўнае жыццё флагмана педагагічнай адукацыі краіны. У кожнага экспаната ёсць QR-код, які дае наведвальнікам магчымасць пры дапамозе гаджэтаў і спецыяльнага дадатку атрымаць падрабязную інфармацыю аб тым ці іншым дакуменце. Абноўленая экспазіцыя разам з мастацкай галерэяй “Асветнікі зямлі беларускай” стане асновай музейна-адукацыйнай прасторы ўніверсітэта і будзе цікавая не толькі студэнтам, але і навучэнцам профільных педагагічных класаў, абітурыентам, гасцям універсітэта.

Адкрыццё музея прайшло ў цёплай сямейнай атмасферы, паколькі сённяшнія выкладчыкі і студэнты, а таксама прадстаўнікі розных пакаленняў выпускнікоў — гэта адна вялікая педагагічная сям’я. “Мне заўсёды радасна пераступаць парог роднай альма-матар, я ніколі не бываю тут госцем. Ва ўніверсітэце робіцца многае, каб захаваць і перадаць лепшыя традыцыі педагагічнага майстэрства будучым пакаленням. Экспазіцыя будзе расказваць пра гэтыя традыцыі і выхоўваць студэнцкую моладзь”, — адзначыў акадэмік-сакратар аддзялення гуманітарных навук і мастацтваў НАН Беларусі, член-карэспандэнт, доктар гістарычных навук, прафесар, выпускнік 1975 года Аляксандр Аляксандравіч Каваленя.

102 гады — гэта цэлая эпоха, гэта прыкладна 20 пакаленняў студэнтаў, якія разам з выкладчыкамі дзякуючы сваёй плённай вучобе, навуковай дзейнасці, актыўнаму грамадскаму жыццю стваралі летапіс універсітэта. Традыцыі працягваюцца, летапіс дапаўняецца, экспазіцыя ўзбагачаецца…

Ігар ГРЭЧКА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.

Як пашырыць межы ўрока

Пастаяннае павелічэнне аб’ёму інфармацыі і абмежаванасць вучэбнага часу абумоўліваюць неабходнасць інтэнсіфікацыі навучання, распрацоўкі і ўкаранення нетрадыцыйных тэхналогій, якія грунтуюцца на выкарыстанні вылічальнай тэхнікі з прымяненнем актыўных метадаў навучання ва ўсёй іх разнастайнасці і комплекснасці.

Існуючая класна-ўрочная сістэма перастае задавальняць патрэбы падрастаючага пакалення ў набыцці ведаў. Узровень прымянення інфармацыйных тэхналогій у адукацыйным працэсе становіцца недастатковым, і інфармацыйнае поле вучэбных заняткаў звужаецца, таму ёсць неабходнасць пераходу на новы ўзровень прымянення інфармацыйных тэхналогій у працэсе навучання праз пашырэнне межаў урока. Гэты пераход абумоўлены тым, што інфармацыйныя тэхналогіі гарманічна інтэграваны ў жыццё падрастаючага пакалення.

Станоўчага выніку ў вучэбна-выхаваўчым працэсе немагчыма дасягнуць без разумення патрэб і накіраванасці інтарэсаў навучэнцаў. Асабліва сучасным маладым людзям падабаецца асваенне і выкарыстанне найноўшых дасягненняў навукі і тэхнікі. Са светам камп’ютараў звязаны інтарэсы многіх школьнікаў, і менавіта гэты рэсурс неабходна выкарыстоўваць для актывізацыі іх пазнавальнай дзейнасці, для павышэння цікавасці да прадметаў школьнага курса. Інфармацыйныя тэхналогіі ў цяперашні момант разглядаюцца як новая педагагічная стратэгія ў вучэбна-выхаваўчым працэсе.

Развіццё актыўнага, дзейнаснага пачатку ў працэсе навучання, раскрыццё і выкарыстанне творчых здольнасцей кожнага навучэнца ажыццяўляюцца праз фарміраванне пазнавальных патрэб шляхам арганізацыі пошуку ведаў у працэсе вывучэння вучэбнага матэрыялу і задавальненне гэтых патрэб, што можа быць забяспечана стварэннем спецыяльных электронных сродкаў навучання (ЭСН), даведнікаў.

Як у гэтым могуць дапамагчы ЭСН? Прымяненне ЭСН з’яўляецца новым падыходам да арганізацыі адукацыйнага працэсу.

Выкарыстанне разнастайнасці форм і сродкаў інфарматызацыі адукацыі, якая склалася на сённяшні дзень, павінна быць нацэлена на дасягненне максімальнай дыдактычнай эфектыўнасці працэсу навучання. Разам з тым найбольшы дыдактычны эфект можа быць дасягнуты толькі пры комплексным выкарыстанні асобных сродкаў сучасных інфармацыйных і тэлекамунікацыйных тэхналогій на розных відах заняткаў у інфармацыйна-пошукавай, эксперыментальна-даследчай і самастойнай вучэбнай дзейнасці, а таксама дзейнасці навучэнцаў па апрацоўцы інфармацыі, прадстаўленні і атрыманні ведаў.

Стварэнне і ўкараненне ЭСН набывае асаблівую актуальнасць у рамках рэалізацыі Дзяржаўнай праграмы “Канцэпцыя інфарматызацыі сістэмы адукацыі Рэспублікі Беларусь на перыяд да 2020 года”, у абнаўленні зместу вучэбных праграм, аптымізацыі адукацыйнага працэсу і разгрузкі навучэнцаў.

Для сістэмы адукацыі актуальным становіцца наступны лозунг: “Сучасны навучэнец — мабільны навучэнец!”. Такі навучэнец — школьнік, гімназіст, ліцэіст — павінен мець пастаянны доступ да электронных адукацыйных рэсурсаў і паслуг, у тым ліку ва ўстанове адукацыі, дома, у дарозе.

Сёння ўсё больш настаўнікаў пераадольваюць абмежаваны погляд на камп’ютар толькі як на тэхнічны сродак навучання, прызначаны для дэманстрацыі асобных слайдаў, тэкстаў і гатовых праграм. Усё шырэй уваходзіць у практыку стварэнне ўласных адукацыйных электронных рэсурсаў. Настаўнік можа сам ствараць электронныя даведнікі з прымяненнем спецыяльных праграм і выкарыстоўваць іх на сваіх занятках, што спрыяе структураванню вучэбнай інфармацыі на розных стадыях адукацыйнага працэсу. Гэта патрабуе высокага ўзроўню валодання педагогамі інфармацыйна-камунікацыйнымі тэхналогіямі (ІКТ) і вялікіх часавых затрат. Разам з тым аддача ад работы, як правіла, акупляе затрачаны дадатковы час, паколькі здольныя навучэнцы, далучаныя да гэтага працэсу, вельмі паглыбляюцца ў прадмет, які вывучаецца, а настаўнікі больш глыбока асвойваюць тэхналогію стварэння сучасных сродкаў інфармацыйнага забеспячэння як адукацыйнай, так і сваёй прафесійнай дзейнасці. Уменні і навыкі, якія фарміруюцца пры выкарыстанні ІКТ, у сучасных умовах прымаюць агульнаадукацыйны і агульнаінтэлектуальны характар і могуць быць перанесены на вывучэнне вучэбных прадметаў з мэтай стварэння цэласнай інфармацыйнай прасторы ведаў навучэнцаў, што паслужыць дасягненню інфармацыйнай кампетэнтнасці навучэнцаў.

Прычыны, якія падахвоцілі мяне да распрацоўкі электроннага даведніка і яго выкарыстання ў адукацыйным працэсе, — недахоп распрацаваных нацыянальных ЭСН, адаптаваных для выкарыстання ў сярэдняй школе, складанасць устаноўкі існуючых ЭСН, недахоп метадычных распрацовак.

Перада мной была пастаўлена мэта распрацаваць ЭСН “Даведнік па тэгах HTML” і апрабаваць яго ў сярэдняй школе на ўроках інфарматыкі навучэнцамі 11 класаў для павышэння эфектыўнасці і якасці вывучэння тэмы “Асновы вэб-канструявання”.

Ідэя стварэння электронных даведнікаў вельмі актуальная. Пры размяшчэнні даведніка ў інтэрнэце да яго маюць доступ навучэнцы, з ім лёгка працаваць, ёсць магчымасць раздрукаваць матэрыял. Электронны даведнік карысны вучням пры выкананні дамашніх і творчых заданняў.

Работа над праектам ажыццяўлялася на працягу некалькіх месяцаў. На падрыхтоўчым этапе быў падабраны матэрыял, створаны эскізы інтэрфейсу і сцэнарыі асобных блокаў даведніка. Пры рабоце з тэкстам даведачнага матэрыялу выканана яго структурызацыя з вызначэннем дакладнага пераліку ўсіх неабходных тэм, выкарыстаны розныя прыёмы, уключаючы шрыфтавае вылучэнне, гіпертэкст. Напісанне сцэнарыя выконвалася з улікам магчымасцей выбранага праграмнага забеспячэння і наяўных зыходных матэрыялаў. Поўны сцэнарый электроннага даведніка заснаваны на выкарыстанні звычайнага тэксту і гіпертэксту са спасылкамі на звязаныя раздзелы, таблічнай інфармацыі, ілюстрацыйнага матэрыялу.

У працэсе адбору вучэбнага матэрыялу ўлічваліся складанасць і цяжкасць успрымання інфармацыі як суадносіны вопыту настаўніка і матэрыялу даведніка.

Матэрыял у даведніку выкладаецца такім чынам, што кожны навучэнец мае магчымасць карыстацца рознымі інструментальнымі праграмнымі сродкамі; інтэрактыўныя магчымасці рэалізаваны з дапамогай укаранення ў вэб-старонку гіперспасылак, для кожнага арганізавана магчымасць паўтарэння вучэбнага матэрыялу.

Выкананы і іншыя дыдактычныя крытэрыі: прымяняльнасці (частаты выкарыстання паняццяў), навізны інфармацыі, даступнасці і прыдатнасці форм прадстаўлення матэрыялу, якія выбіраюцца. Выкарыстанне тэхналогіі гіпертэксту дазваляе істотна павялічваць колькасць матэрыялу за кошт увядзення дадатковых і тлумачальных тэкстаў.

Даведнік складаецца з 12 раздзелаў з падрабязным тлумачэннем і ілюстрацыямі для нагляднасці. Структура інтэрфейсу аднаўзроўневая. Выбраны раздзел для вывучэння адлюстроўваецца ў галоўным акне, што палягчае навігацыю па даведніку, дазваляе непасрэдна звярнуцца да любога яго элемента.

Работа з электронным даведнікам забяспечвае настаўніку аптымізацыю часу на падрыхтоўку і правядзенне ўрока; сістэму кантролю ведаў навучэнцаў; магчымасць рэалізаваць узроўневую дыферэнцыяцыю навучання за кошт прыцягнення дадатковых матэрыялаў, якія дазваляюць задаволіць патрэбы вучняў з розным узроўнем асваення вучэбнага матэрыялу; пашырэнне інфармацыйнага поля; магчымасць стварэння сваіх калекцый электронных рэсурсаў, асабістых матэрыялаў.

Перавагі выкарыстання электроннага даведніка:

1. Хуткі і лёгкі абмен інфармацыяй (перадача па электроннай пошце, размяшчэнне ў глабальнай сетцы).

2. Магчымасць друку (пры неабходнасці, карыстальнік можа раздрукаваць любую старонку даведніка).

3. Магчымасць рэдагавання і дапаўнення (для гэтага неабходна веданне мовы гіпертэкставай разметкі HTML).

На заключным этапе вывучэння тэмы “Асновы вэб-канструявання” навучэнцам 11 класаў было прапанавана распрацаваць фрагмент сайта па адной з тэм школьных вучэбных прадметаў. Гэта садзейнічала фарміраванню і развіццю даследчых навыкаў і ўменняў школьнікаў.

Галоўная дыдактычная асаблівасць электроннага даведніка як новага віду адукацыйных рэсурсаў — у тым, што ў адрозненне ад традыцыйных падручнікаў даведнік фарміруецца як інтэрактыўны адкрыты рэсурс, ён можа пастаянна пашырацца і ўдасканальвацца. Дзякуючы адкрытасці, змястоўная і структурная аснова дазваляе забяспечваць інтэграцыйныя сувязі тэм, якія вывучаюцца. Дапускаецца пабудова індывідуальнай адукацыйнай траекторыі, стварэнне ўласных мадэлей, выбар інструментарыю, магчымасць рацыянальнага спалучэння калектыўных і індывідуальных форм і спосабаў пазнавальнай дзейнасці.

Работа над удасканаленнем даведніка будзе працягнута ў наступных напрамках: напаўненне даведніка матэрыяламі (павелічэнне колькасці тэрмінаў), удасканаленне даступнасці матэрыялаў, удасканаленне сістэмы навігацыі, укараненне пошукавай сістэмы. Таксама ёсць магчымасць выкарыстання дадатковых тэхналогій стварэння даведніка, якія трэба будзе вывучыць (напрыклад, распрацоўка аўтаматычных тэстаў з дапамогай мовы гіпертэкставай разметкі HTML).

Улічваючы ступень гатоўнасці навучэнцаў да калектыўнай работы, іх ініцыятыўнасць, самастойнасць, старшакласнікі могуць удзельнічаць у напаўненні ЭСН. Такая сумесная работа спрыяе развіццю структурнага мыслення, актывізуе творчыя працэсы і дае магчымасць свабоднага выбару рэсурсаў для ўвасаблення задум нароўні са сродкамі, забяспечвае дадатковыя магчымасці пазнання, развіцця асобы навучэнца, праяўлення яго індывідуальнасці, стварае дадатковую матывацыю навучання.

Даведнік размешчаны на персанальным сайце http://marinankrivitskaya.umi.ru/predmety/informatika/ для больш шырокай аўдыторыі. Як адзін з рэжымаў выкарыстання электроннага даведніка можна разгледзець дыстанцыйнае навучанне.

Марына КРЫВІЦКАЯ,
настаўніца інфарматыкі сярэдняй школы № 2 Мазыра.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.

Быць творцам ці трапіць у залежнасць?

Як знайсці сябе ў свеце камп’ютараў

Вясной у бізнес-інкубатары IT House, што дзейнічае на базе БДУ, была арганізавана суполка спецыялістаў H-Files. Яна аб’яднала людзей, якія працуюць у галіне медыцыны і інфармацыйных тэхналогій, з тым, каб на скрыжаванні гэтых дзвюх сфер маглі нараджацца новыя цікавыя праекты.

Удзельнікі суполкі штомесяц сустракаюцца ў бізнес-інкубатары, дзе абмяркоўваюць інфармацыю пра высокія тэхналогіі ў медыцыне і абменьваюцца ўласным вопытам. У мінулую суботу адбылася ўжо чацвёртая падобная сустрэча.

Хэдлайнерам мерапрыемства стала Кіра Мезяная — урач-псіхіятр з вялікім вопытам работы, аўтар шматлікіх даследаванняў і артыкулаў на тэму розных відаў залежнасці. На сустрэчы спецыялістаў H-Files гаворка ішла пра такую пагрозу сучаснаму грамадству, як камп’ютарная залежнасць.

Ужо другі год Кіра Мікалаеўна Мезяная ўдзельнічае ў даследаваннях камп’ютарнай залежнасці, якія праводзяцца па ініцыятыве Міністэрства адукацыі на базе БДУІР. Зрэшты, гэтую тэму яна пачала даследаваць значна раней.

— Чатыры гады назад сумесна з выкладчыкамі, інжынерамі, аспірантамі БДУІР мы распрацавалі першую анкету, — расказала Кіра Мікалаеўна. — У некаторых рэчах я не разбіралася, бо не гуляю ў камп’ютарныя гульні, а супрацоўнікі ўніверсітэта з’яўляюцца актыўнымі карыстальнікамі і ведаюць гульні і гульцоў. Так мы змаглі пранікнуць ва ўнутраную сутнасць праблемы.

Студэнты ахвотна пагадзіліся ўдзельнічаць ва ўсіх апытаннях (тым больш што яны ананімныя). Аднак ужо апрацаваўшы першыя анкеты, даследчыкі зразумелі, што праблема камп’ютарнай залежнасці існуе.

Па выніках першага анкетавання адхіленні ў псіхіцы былі выяўлены прыкладна ў 10% апытаных студэнтаў. Перш за ўсё гаворка ідзе пра аўтаномны віртуальны вобраз. Гэта значыць, што студэнты могуць бачыць персанажы сваіх гульняў не толькі ў камп’ютары, але і ў рэчаіснасці, літаральна побач з сабой.

У апошніх анкетах эксперты даследавалі ўзровень асабістай і сітуацыйнай трывогі ў студэнтаў. Высветлілася, што ён вельмі высокі: адпаведна 37% і 35%. Пры гэтым трывога непасрэдна звязана з камп’ютарнай залежнасцю.

— Увогуле, непакой уласцівы чалавеку як фактар адаптацыі, — тлумачыць Кіра Мікалаеўна. — Але даказана, што калі ён устойлівы, то негатыўна ўздзейнічае на функцыі ўвагі, памяці і мысленне, а таксама ўплывае на сон. Вучоныя з Санкт-Пецярбурга некалі праводзілі сур’ёзныя даследаванні якасці сну ў асоб, якія ўдзельнічалі ў баявых дзеяннях, і даказалі прамую сувязь паміж парушэннем сну і ўзроўнем асабістай трывогі. І мы можам сказаць, што камп’ютарныя гульні пагружаюць карыстальнікаў ва ўмовы баявой абстаноўкі: высокі ўзровень асабістага непакою і парушаны сон. Больш як 80% апытаных мінскіх студэнтаў бачаць кашмарныя сны.

Прааналізаваўшы структуру сноў, даследчыкі ўстанавілі, што каля 13% студэнтаў бачаць дзіўныя сны, каля 13% — адчуваюць сваю выбранасць.

— Часам можна назіраць, што людзі сядзяць за камп’ютарам з вельмі велічным выглядам, — расказвае Кіра Мікалаеўна, — і гэта не дзіўна. У адной з анкет мы запыталіся ў нашых рэспандэнтаў, ад чыйго імені яны гуляюць у камп’ютарныя гульні. Высветлілася, што са 140 чалавек ад свайго імені дзейнічаюць 47 чалавек, ад імя Бога — 10 чалавек, ад імя д’ябла — 4 чалавекі. Зразумела, што некаторыя адчуваюць сябе выбранымі! Што да апошніх чацвярых людзей, то, здавалася б, гэта малая колькасць. Але можна толькі ўявіць, што адбываецца ў іх унутры, калі яны кіруюць ад імя цёмных разбуральных сіл. Таму нават адзінкі падобных людзей — гэта небяспечна.

Паводле апытання, гульня дапамагае студэнтам задаволіць свае жаданні (35%). Адчуваюць узбуджэнне, задавальненне і прыліў адрэналіну 20%. Самаліквідацыя прымальная для 34% апытаных.

Спецыялісты звяртаюць увагу на эфект прысутнасці, які дае камп’ютарная гульня: чалавек можа адчуць сябе часткай віртуальнага свету. У выніку ён пазбаўляецца ад грузу звыклых перажыванняў, адчувае лёгкасць і, забываючы пра тое, што ёсць у яго сапраўдным жыцці, стварае сабе новую біяграфію. Цалкам уваходзячы ў створаны вобраз, ён страчвае памяць пра сябе.

На гэты час эксперты апыталі каля 600 студэнтаў па розных анкетах у БДУІР і больш за 100 студэнтаў у БНТУ. Акрамя таго, сёлета правялі апытанне школьнікаў — 97 васьмікласнікаў і 43 адзінаццацікласнікаў (пароўну хлопчыкаў і дзяўчынак).

— Прыкметай камп’ютарнай залежнасці лічыцца знаходжанне за гульнямі і ў сацыяльных сетках 40 і больш гадзін на тыдзень, — гаворыць Кіра Мезяная. — Калі браць за аснову гэты паказчык, то залежнымі можна лічыць 38% студэнтаў (гульні займаюць 55% ад агульнага часу іх знаходжання ў віртуальным свеце).

Даследчыкі таксама выявілі, што за два апошнія гады тэрмін карыстання камп’ютарам у 19-гадовых людзей павялічыўся больш, чым на год. Так, калі раней 19-гадовыя хлопцы і дзяўчаты мелі ў сярэднім 9 гадоў “камп’ютарнага стажу”, то зараз — 10,5 года. А гэта значыць, што ўзрост знаёмства дзяцей з камп’ютарам істотна панізіўся.

Каб гульня зацягнула, многім хапае паўгода. Потым пачынаецца працэс разбурэння асобы. На жаль, многія псіхічныя расстройствы і асацыяльныя паводзіны людзей рэдка звязваюцца непасрэдна з камп’ютарнай залежнасцю, бо вельмі мала навуковых даследаванняў на гэты конт. Калі з’явіцца адпаведная метадалогія, многія, напэўна, будуць ашаломлены. А пакуль што грамадства не ўсведамляе небяспекі, якая хаваецца за “бяскрыўдным” сядзеннем перад маніторам.

Суполка H-Files бізнес-інкубатара IT House пры падтрымцы генеральнага партнёра ISsoft распачынае новы праект па вырошчванні ІТ-спецыялістаў — Human Incubator. Для пачатку выбралі дзве мэтавыя групы: ІТ-распрацоўшчыкі і бізнес-аналітыкі. Людзям будзе прапанавана прайсці курс адпаведнага навучання. І тыя, хто штомесяц да канца года будзе наведваць заняткі і рухацца па адмысловым плане, у тым ліку выконваць індывідуальныя дамашнія заданні, пры гэтым пакажа сябе актыўным удзельнікам, змогуць, прамінуўшы стадыю падачы рэзюмэ, прайсці прафесійнае субяседаванне на прадмет працаўладкавання.

“Ужо напрыканцы гэтага года многае можа змяніцца ў вашым жыцці і вашай кар’еры”, — заявіў кіраўнік бізнес-інкубатара IT House -Аляксандр Мялешчанка.

Гульцы, як і іншыя залежныя людзі, звычайна не прызнаюць сваёй залежнасці. Яны расцэньваюць гульню як пераключэнне на новую, больш цікавую сферу дзейнасці. А сваякі часта ўвогуле ўсё ўспрымаюць наадварот: калі сын збіраецца паступаць у БДУІР ці ўжо вучыцца там і праседжвае цэлымі суткамі за камп’ютарам — то ён стане вялікім праграмістам і будзе атрымліваць шмат грошай. Між тым трэба быць вельмі ўважлівымі да дзяцей і старацца распазнаць небяспеку загадзя.

Ёсць тэорыя аб хімічнай прыродзе камп’ютарнай залежнасці. Падчас гульні ў чалавека выдзяляюцца эндарфіны, адрэналін, як у гульцоў за рулеткай. Пры гэтым захапляе і сам працэс — азарт, дзеянне, атмасфера. Здавалася б, можна атрымаць дозу адрэналіну ў іншых месцах, хапае ж экстрэмальных відаў спорту, але камп’ютарных гульцоў надзвычай складана пераарыентаваць. Навошта кудысьці бегчы, намагацца, калі дома можна атрымаць такое ж задавальненне! Таму камп’ютарная залежнасць — гэта тое, што лягчэй прадухіліць, чым пераадолець.

— Калі здараюцца страшныя выпадкі дзіцячых злачынстваў, то з усіх бакоў чуюцца воклічы неразумення. Бацькі здзіўляюцца: “Не можа быць! Ён жа такі добры, любіў жывёл!” Настаўнікі расказваюць, што ён выдатна вучыўся і ўвогуле з добранадзейнай сям’і… Але, можа, трэба паглядзець, у якія гульні гуляла дзіця. І, можа, самі “добранадзейныя” бацькі набывалі яму гэтыя гульні або проста заплюшчвалі вочы на тое, што дзіця гадзінамі праседжвала за камп’ютарам, — гаворыць Кіра Мезяная.

Мы вельмі шмат гаворым пра камп’ютарную залежнасць, але пры гэтым выдатна разумеем: далёка не ўсе пабягуць у дзіцячы пакой глядзець, чым насамрэч жыве сын ці дачка. Дамашняе дзіця, якое бавіць час за камп’ютарам, павінна выклікаць не замілаванне, а насцярожанасць. Бо жыццё — яно не ў маніторы, а на вуліцы, на прыродзе, на лецішчы, побач з роднымі і сябрамі.

Вынікі даследаванняў Кіры Мезянай публікаваліся ў розных навуковых часопісах. Акрамя таго, яна напісала кнігу, якая зараз рыхтуецца да друку. А ў бізнес-інкубатар Кіру Мікалаеўну прывяла ідэя стварыць стартап, які дапаможа гульцам і іх блізкім змагацца з камп’ютарнай залежнасцю.

— Падчас гульні ў чалавека адбываецца моцны выкід адрэналіну: у яго павышаецца сэрцабіцце, ціск, павялічваецца потавыдзяленне і інш. Усе параметры можна заме-раць, — тлумачыць Кіра Мікалаеўна. — І можна зрабіць гаджэт, напрыклад напульснік, які б кантраляваў стан чалавека і, калі той загуляецца, падаваў пэўны сігнал бацькам або абмежаваў у дзеяннях самога гульца і г.д. Я лічу, што такі інструмент быў бы карысным і запатрабаваным і ў іншых сферах.

Гэта была прапанова Кіры Мезянай беларускаму бізнесу. Акрамя таго, яна ўпэўнена, што нашай краіне неабходна дзяржаўная праграма па правядзенні даследаванняў у галіне камп’ютарнай залежнасці. Вынікам маглі б стаць рэкамендацыі па пераадоленні згаданай праблемы, што стала б важным крокам для забеспячэння грамадскай бяспекі.

Галіна СІДАРОВІЧ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.

Новыя выклікі патрабуюць новых рашэнняў

Укараненне інфармацыйных тэхналогій у выхаваўчую работу абмеркавалі ўдзельнікі рэспубліканскага практыка-арыентаванага семінара “Інфарматызацыя выхаваўчага працэсу ў вышэйшай школе”. Удзел у семінары прынялі прадстаўнікі Міністэрства адукацыі і Рэспубліканскага інстытута вышэйшай школы, кіраўнікі выхаваўчых структур універсітэтаў краіны.

Намеснік начальніка ўпраўлення па справах моладзі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь Таццяна Сіманоўская, адкрываючы семінар, падкрэсліла, што ў Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы назапашаны значны вопыт па ўкараненні сучасных тэхналогій не толькі ў навуковую і адукацыйную дзейнасць, але і ў выхаваўчы працэс.

Гаспадары мерапрыемства прадставілі вопыт прымянення такіх тэхналогій у грамадзянска-патрыятычным і маральным выхаванні студэнтаў. Загадчык кафедры журналістыкі Тамара Піваварчык расказала аб новых інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогіях у ідэалагічнай рабоце з моладдзю.


— Інтэрнэт выклікаў з’яўленне не толькі новых відаў дзейнасці і новых форм камунікацыі, але і новых сацыяльных груп і ідэалагічных канструкцый, — адзначыла Тамара Анатольеўна. — У ГрДУ, улічваючы гэтыя працэсы, укараняюць новыя тэхналогіі эфектыўнага кіравання інфармацыйнымі патокамі. Асабліва хочацца адзначыць студэнцкія медыягрупы, удзельнікі якіх кіруюць кантэнтам на сайтах, задаюць тон на форумах і ў блогах пры абмеркаванні падзей. Яны забяспечваюць аператыўнае абнаўленне інфармацыі на сайтах (у тым ліку ў выхадныя дні), кругласутачнае мадэрыраванне груп у сацыяльных сетках, выкарыстанне сеа-аптымізацыі, работу з інструментамі Google Analytics. Акрамя афіцыйных акаўнтаў ГрДУ, адміністратарам якіх з’яўляецца Цэнтр па сувязях з грамадскасцю, у сацыяльных сетках прадстаўлены акаўнты пярвічнай арганізацыі БРСМ, каардынацыйнага студэнцкага савета ўніверсітэта, творчага цэнтра, прафкама студэнтаў, студэнцкага гарадка, а таксама “Вечарынкі ГрДУ”, “Alma-mater ГрДУ імя Янкі Купалы”. Наша агульная задача — гэта стварэнне нацыянальнага, інтэгральнага, мабільнага і інтэрактыўнага асяроддзя абмену інфармацыяй, якое б прапагандавала сапраўдныя каштоўнасці і такім чынам аказвала ўплыў на светапогляд людзей.

Аб інфармацыйных тэхналогіях у грамадзянска-патрыятычным выхаванні студэнтаў на прыкладзе рэалізацыі праекта “Жывая гісторыя” расказаў метадыст аддзела падтрымкі і рэалізацыі маладзёжных праектаў і ініцыятыў упраўлення выхаваўчай работы з моладдзю ГрДУ Сяргей Іваноў.


У кожным універсітэце краіны ёсць уласны і па многіх параметрах унікальны вопыт выкарыстання ІКТ у выхаваўчым працэсе. Сваімі напрацоўкамі падзяліўся і намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце студэнцкага гарадка Белдзяржуніверсітэта Дзмітрый Мікулка, які расказаў аб інфармацыйным забеспячэнні выхаваўчай работы ў інтэрнатах. Вопыт выкарыстання ІКТ у сямейным выхаванні моладзі прадставіла начальнік аддзела выхаваўчай работы з моладдзю Брэсцкага дзяржуніверсітэта імя А.С.Пушкіна Таццяна Кошык, аб выкарыстанні ІКТ у дзейнасці сацыяльна-педагагічнай і псіхалагічнай службы гаварыла начальнік гэтай службы Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта інфарматыкі і радыёэлектронікі Іна Сівохіна.

Вынікі работы першага дня семінара падвяла Т.А.Сіманоўская.

Другі дзень работы рэспубліканскага практыка-арыентаванага семінара пачаўся з прэзентацыі аўтаматызаванай інфармацыйнай сістэмы “Электронны журнал куратара”. Гэты праект ініцыіраваны Рэспубліканскім інстытутам вышэйшай школы і ГрДУ. Начальнік аддзела ідэалагічнай і выхаваўчай работы ў вышэйшай школе РІВШ Святлана Сергяюк адзначыла перспектыўнасць такой формы работы, якая дапаможа аптымізаваць дзейнасць куратара вучэбнай групы. Удзельнікі семінара мелі магчымасць апрабаваць электронны журнал, убачылі яго магчымасці. Практычныя заняткі па рабоце з ЭЖК правялі супрацоўнікі інфармацыйна-аналітычнага цэнтра ГрДУ.

Завяршыўся семінар круглым сталом, да якога далучыўся намеснік міністра адукацыі Рэспублікі Беларусь В.В.Якжык. Віктар Віктаравіч адзначыў, што інфарматызацыя павінна выкарыстоўвацца на карысць развіцця выхаваўчага працэсу.

Падчас круглага стала абмяркоўваліся таксама пытанні прафарыентацыйнай работы і арганізацыі вольнага часу студэнтаў, былі падведзены вынікі мінулага навучальнага года ў сферы выхаваўчай і ідэалагічнай работы. В.В.Якжык звярнуў увагу і на тыя кірункі работы, якія будуць актуальнымі ў новым навучальным годзе. Сярод іх — грамадска значная падзея ў жыцці краіны — выбары ў парламент.

На думку ўдзельнікаў семінара, такія практыка-арыентаваныя мерапрыемствы трэба праводзіць пастаянна. Месцамі іх правядзення стануць тыя УВА, дзе будзе з’яўляцца і ўкараняцца новы вопыт, карысны ўсім удзельнікам адукацыйнага і выхаваўчага працэсу.

Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.
Фота Кацярыны КАЛАНТАЙ.

IT вачамі дзяцей

У бізнес-інкубатары Парка высокіх тэхналогій урачыста ўзнагародзілі пераможцаў конкурсу “#IT_link — 2016”. Гэты конкурс праз творчасць знаёміць дзяцей з IT- прафесіямі і новымі інфармацыйнымі тэхналогіямі.

Конкурс упершыню быў праведзены ў мінулым годзе і адразу набыў папулярнасць сярод хлопцаў і дзяўчат. Сёлета арганізатары — адміністрацыя Парка высокіх тэхналогій, упраўленне адукацыі Мінаблвыканкама і Мінскі абласны ІРА — праводзілі конкурс другі раз, і зноў знайшлося мноства жадаючых паўдзельнічаць з усёй Беларусі. Галоўная мэта “#IT_link — 2016” — папулярызацыя тэхнічнай адукацыі сярод моладзі, развіццё тэхнічных і творчых уменняў.

На конкурс яго ўдзельнікі даслалі 493 работы. Найбольш актыўнымі былі самыя юныя канкурсанты — навучэнцы 1—3 класаў, якія спаборнічалі ў намінацыі “Я малюю праграміста” і прадставілі 336 работ. Маленькія школьнікі ў работах з дапамогай розных тэхнік выяўленчага мастацтва стараліся перадаць сваё ўяўленне аб гэтай прафесіі. Найлепш з задачай справіліся Станіслаў Місюра, выхаванец ЦТДіМ Чэрвеня, Ганна Ціцянок, навучэнка гімназіі № 58 Гомеля, і Соф’я Чуклай, якая вучыцца ў гімназіі № 1 Наваполацка. Яны і сталі дыпламантамі І ступені ў намінацыі.

У намінацыі “Свет інфармацыйных тэхналогій” бралі ўдзел навучэнцы 4—6 класаў. Ім прапанавалася стварыць калажы, якія прадстаўляюць вобразы і аб’екты, звязаныя са светам інфармацыйных тэхналогій, сучасныя IТ-трэнды, тэхналогіі будучыні. 100 работ, якія дзеці даслалі на конкурс у гэтай намінацыі, здзівілі журы не толькі фантазіяй аўтараў, але і разнастайнасцю матэрыялаў, якія выкарыстоўваліся. Дыпломам І ступені ў намінацыі былі ўзнагароджаны Дар’я Бычанок, выхаванка ЦТДіМ Смілавіч, і Хрысціна Фазлеева, вучаніца сярэдняй школы № 19 Оршы.

Навучэнцы 7—9 класаў удзельнічалі ў конкурсе ў намінацыі “Прафесія ў IТ”. Перад імі стаяла задача стварыць праект, які з’яўляецца вынікам творчай работы навучэнца, накіраванай на папулярызацыю прафесій, звязаных з інфармацыйнымі тэхналогіямі. Адна з умоў конкурсу — праект павінен быць прадстаўлены мэтавай аўдыторыі — навучэнцам устаноў агульнай сярэдняй адукацыі — да перадачы яго на конкурс. Лепшымі ў гэтай намінацыі сталі Міхаіл Ледаховіч з Бараўлянскай гімназіі, Вікторыя Глек, вучаніца сярэдняй школы № 10 Віцебска, і Андрэй Красіцкі з гімназіі № 1 Наваполацка.

На цырымонію ўзнагароджання хлопцаў і дзяўчат запрасілі ў Парк высокіх тэхналогій. Тут іх сустракала выстава лепшых конкурсных работ, а пераможцы ў намінацыі “Прафесія ў IТ” асабіста пазнаёмілі канкурсантаў са сваімі праектамі. Арганізатары падрыхтавалі для 56 дзяцей-дыпламантаў цудоўныя прызы: планшэты, смартфоны, ноўтбукі, знешнія жорсткія дыскі, лічбавыя фотарамкі, наборы канструктара Lego. Старэйшыя ўдзельнікі конкурсу адправіліся на экскурсію ў кампаніі, якія з’яўляюцца рэзідэнтамі Парка высокіх тэхналогій, а для самых маленькіх быў прапанаваны забаўляльны квест. І, безумоўна, дзеці, дзякуючы сваёй працы і завяршальнаму мерапрыемству конкурсу, сталі ведаць крыху больш пра цікавы і загадкавы свет IТ.

Дар’я РЭВА.
Фота прадастаўлена адміністрацыяй ПВТ.

Быць навучаным ці быць паспяховым?

Як часта, гледзячы на малых дзяцей, мы захапляемся палётам іх фантазіі, арыгінальным тлумачэннем прачытаных казак і прагледжаных мульцікаў, уменнем літаральна з нічога ствараць дзіўныя ўзоры тэхнікі і бачыць незвычайнае ў звычайным. Дарослым заўсёды здаецца, што новае пакаленне дзяцей больш разумнае і кемлівае, чым папярэдняе.
Але, на жаль, праходзіць пэўны час і… куды што дзяваецца? Падлеткі ўжо не толькі перастаюць марыць пра вялікае, многія з іх нічога не хочуць, акрамя гульняў і айфонаў. Размаўляць са старшакласнікамі (асабліва ў прысутнасці настаўнікаў) увогуле складана: на ўсе пытанні маладыя людзі адказваюць не тое, што насамрэч думаюць, а тое, што, як ім падаецца, ад іх хочуць пачуць. За 11 гадоў ні настаўнікі, ні бацькі, ні нават самі дзеці не заўважаюць, як недзе ў нетрах школы страчваецца індывідуальнасць, нівеліруецца ўсялякая дзівакаватасць — ніхто ўжо не марыць змяніць свет! — і ўсе становяцца аднолькава “нармальнымі”.
Пра тое, чаму трэба цаніць і развіваць дзіцячае непадабенства і на ўсіх этапах жыцця заахвочваць у дзецях творчасць, мы гутарым з Аляксандрам МЯЛЕШЧАНКАМ, адным з заснавальнікаў стартап-руху ў нашай краіне, а сёння кіраўніком бізнес-інкубатара IT House — пляцоўкі, якая дзейнічае на базе БДУ і “вырошчвае” спецыялістаў суполкі і праекты ў сферы інфармацыйных тэхналогій.

— Усе геніі калісьці былі дзецьмі. І нельга сказаць, што ўсе яны ў маленстве падавалі вялікія надзеі. Кажуць, таго ж Томаса Эдысана настаўнікі ўвогуле лічылі дурнаватым. Напэўна, і ў сучаснай школе ёсць дзеці з задаткамі геніяльнасці, але з праблемамі ў агульнай паспяховасці. Якія шансы ў такіх дзяцей не згубіцца, не растраціць сваю ўнікальнасць і потым праявіць сябе ў дарослым жыцці?
— Сапраўды, многія з вялікіх людзей не мелі ў маленстве выбітных вынікаў. На жаль, школьная сістэма дзейнічае ў жорсткіх рамках пэўных стандартаў, парушаць якія не пажадана. Парушальнікі атрымліваюць негатыўную этычную ацэнку (“ты дрэнны вучань, двоечнік, бяздарнасць”). І геніі, якія многія рашэнні бачаць па-іншаму, не ўпісваюцца ў гэтую сістэму.
Школа скіравана на падрыхтоўку хутчэй маленькіх бухгалтараў, чым творчых асоб. Для таго каб быць выдатнікам, трэба акуратна, па схеме паўтарыць тое, што напісана ў падручніку. Тады ты малайчына, разумніца, прыклад для класа.
Але ці сапраўды гэты крытэрый правільны? Напрыклад, калі я вучыўся ў школе, у нашым класе была такая выдатніца. Усе дзіву даваліся, калі яна выходзіла да дошкі і слова ў слова, як у падручніку, адказвала дамашняе заданне. Аднойчы ў старшых класах у нас была алімпіяда па матэматыцы, і наша выдатніца заняла перадапошняе месца. Яна вельмі пакрыўдзілася і заявіла, што больш ні ў якіх алімпіядах удзельнічаць не будзе.
Праблема ў тым, што заахвочваюцца выдатнікі, якія ўмеюць даслоўна паўтарыць прачытанае, і ў той жа час няма належнай увагі “троечнікам”, якія могуць нестандартна думаць (хай сабе пры гэтым памыляюцца) і самастойна шукаць рашэнні. А між тым менавіта гэтыя дзеці ў большай ступені здольныя праявіць сябе ў будучыні.
Як вынік, школа не падабаецца дзецям. Ды і каму спадабаецца, калі цябе 11 гадоў будуць трымаць у жорсткіх рамках і прымушаць пераказваць тэксты?!

— Добра, калі дзіця, якое не ўпісваецца ў школьную сістэму, знаходзіць падтрымку дома, у сям’і. Мудрыя бацькі не стануць рабіць трагедыі з дрэнных адзнак дзіцяці, дазволяць яму развівацца ў сваім тэмпе, вывучаць тое, што яму цікава. Але ж так бывае не заўсёды…
— Так, у нас, на жаль, і ў сем’ях — жорсткая сістэма. У нашым класе была яшчэ адна дзяўчынка-выдатніца, так бы мовіць, выдатніца паняволі. Мы вучыліся яшчэ па пяцібальнай сістэме, і ёй дазвалялася прыносіць дадому толькі пяцёркі. За чацвёркі яе білі папругай, а за тройку саджалі на ноч у склеп (сям’я жыла ў прыватным сектары). Пару разоў яна атрымлівала тройкі па спевах, і пасля начавала ў халоднай цемры. Уявіце: гэта Мінск на мяжы ХХІ стагоддзя.
Насуперак чаканням, у дарослым жыцці выдатнікі часта не дэманструюць вялікіх поспехаў. Я часта назіраю гэта, калі на 3—4 курсе яны прыходзяць у стартап-праекты. Выдатнікі надта залежаць ад чужых ацэнак, а таму вельмі баяцца памыліцца, баяцца зрабіць штосьці не так, таму цяжка чакаць ад іх нейкіх прарыўных рашэнняў.
Адметна, што на сіндром выдатніка пакутуюць пераважна дзяўчаты. Асабліва часта гэта здараецца пры высокапастаўленых бацьках. Напрыклад, бацька — старшыня якога-небудзь выканкама, і дзяўчына з дзяцінства знаходзіцца на вачах, ад яе патрабуюцца ўзорныя паводзіны. У выніку яна часта здраджвае сваім асабістым інтарэсам дзеля знешняй формы, і гэта дэструктыўна адбіваецца на ўсім яе жыцці.

— Многія думаюць, што геніі нейкія асаблівыя: павінны выйграваць ва ўсіх у шахматы, рашаць у галаве шматузроўневыя задачы і г.д. А калі дзіця звычайнае, то ніхто ад яго нічога не чакае і не імкнецца ўкладвацца ў яго…

Праблема ў тым, што заахвочваюцца выдатнікі, якія ўмеюць даслоўна паўтарыць прачытанае, і ў той жа час няма належнай увагі “троечнікам”, якія могуць нестандартна думаць (хай сабе пры гэтым памыляюцца) і самастойна шукаць рашэнні.

— Калі чалавек не хоча працаваць, не мае мэты, а, як многія зараз, хоча ляжаць на канапе і націскаць на кнопкі, то ўкладвай у яго, не ўкладвай — наўрад ці што атрымаецца. Зрэшты, укладанні павінны быць, і гэта найперш бацькоўская любоў, агульная падтрымка і раскрыццё тых моцных якасцей, якімі дзіця адорана ад прыроды.
Часта ў бацькоў ёсць моцныя стэрэатыпы аб выхаванні дзяцей. Напрыклад, я звязаны з матэматыкай і інфармацыйнымі тэхналогіямі і, натуральна, хацеў бы гэтага ад свайго дзіцяці. Або дзіця нараджаецца ў музычнай сям’і — і бацькі чакаюць ад яго добрых музычных здольнасцей. Аднак трэба зразумець: не нам вырашаць, кім стануць нашы дзеці. Няхай шукаюць сябе і знаходзяць у іншых навуках, мастацтве, спорце. Што з таго, калі яны будуць непадобнымі на нас, з чаго гэта яны павінны быць на кагосьці падобнымі?
І яшчэ адно важнае ўкладанне ў дзяцей — асабісты прыклад. Нішто так не матывуе дзіця да развіцця, як паспяховыя бацька ці маці. Таму, калі хочаце, каб дзеці вас слухаліся, будзьце паспяховымі.

— Давайце, Аляксандр, зноў вернемся да школы. Практычна ўсе дзеці ў пачатковых класах любяць і разумеюць матэматыку. Але праходзіць пэўны час — і матэматыка для многіх становіцца непад’ёмнай навукай. Што адбываецца? Дзе губляецца тое важнае звяно, на якім трымаецца інтарэс дзяцей да гэтага прадмета?
— На мой погляд, усе людзі выразна дзеляцца на гуманітарыяў і тэхнароў. У адных пераважае вобразнае мысленне, у другіх — абстрактна-аналітычнае. І гэта настолькі жорсткае дзяленне, што мы ўжо замучыліся з гуманітарыямі ў ІТ-сферы. Так, намаганнямі волі яны могуць навучыцца рашаць пэўныя задачы, а калі ўдосталь памучыцца, то нават дасягнуць нейкага сярэдняга ўзроўню. Але ці варта здзяйсняць такія подзвігі? Гуманітарыі павінны займацца тым, што ў іх лепш за ўсё атрымліваецца, — гісторыяй, музыкай і г.д. І не трэба катаваць іх матэматыкай: яна ім не патрэбна.
Я сам матэматык, аднак добра разумею стаўленне дзяцей да гэтай навукі. Зараз ім не тлумачыцца, і ўжо нават забыта, для чаго ж старажытныя грэкі прыдумалі геаметрыю. Ім даюць 6 законаў трыганаметрычных пераўтварэнняў, потым дыфуры, рады і г.д. — сухія, абстрактныя веды, якія невядома адкуль і для чаго. Таму школьнікам і студэнтам на занятках сумна. Напачатку, калі матэматыка яшчэ вельмі простая, яны разумеюць, як яе можна прымяніць, напрыклад, рэшту палічыць у магазіне. А дзе, скажыце, у звычайным жыцці ім выкарыстаць тангенсы і катангенсы?
Дарэчы, гэтым наша адукацыя моцна адрозніваецца ад заходняй. Я не хачу сказаць, што наша дрэнная: многія прафесары БДУ не саступаюць стэнфардскім. Але адрозненне паміж імі ў тым, што стэнфардскі прафесар у сваёй лекцыі на кожны пастулат знойдзе прыклады практычнага прымянення. У нас гэтага, на жаль, няма.
Мы надта шмат усяго спрабуем засунуць у дзіцячыя галовы, а яны ўжо праз некалькі месяцаў нічога не памятаюць. Я лічу, што вучням трэба даваць больш практычных ведаў: як выжываць у горадзе, на прыродзе, як суіснаваць у соцыуме з людзьмі. Я матэматык-праграміст, але толькі пасля 30 гадоў жыцця пачаў цікавіцца навакольным асяроддзем. І тут раптам высветлілася, што я нават не ведаю дрэў у Мінску. Вы можаце, напрыклад, адрозніць граб, бук і ясень? А мы гэта бачым штодня.

— Сапраўды, у школе вывучаюць амаль што вышэйшую матэматыку, грамадазнаўства, эканамічную геаграфію, а ў дарослым жыцці людзі не ўмеюць рабіць важныя рэчы: адкрыць уласную справу, распачаць будаўніцтва дома, прымножыць свае зберажэнні. Усяму трэба вучыцца практычна з нуля.
— Так, вопыт паказвае, што рэальных заданняў з жыцця ў школе надзвычай мала. Здавалася б, што прасцей: зрабіць, напрыклад, скрыншот з банкаўскіх сайтаў аб дэпазітах, і няхай дзіця разлічыць, у залежнасці ад шэрага ўмоў, дзе лепш размясціць грошы. Зробіць вучань такое — і адразу адчуе, што недарэмна ў школу ходзіць.
І яшчэ адна праблема: людзі 11 гадоў вучацца, атрымліваюць атэстат сталасці і пры гэтым сябе зусім не ведаюць. Простыя пытанні, якія адразу ставяць студэнтаў у тупік: “З якой хуткасцю вы пішаце?”, “Вы хутчэй пішаце ці друкуеце?”. Вядома, што па каналах успрымання людзі дзеляцца на “слухачоў” (лягчэй успрымаюць інфармацыю на слых), “гледачоў” (лягчэй успрымаюць тэксты) і “гаваруноў” (не зразумеюць, пакуль самі не прагавораць). Спытайце ў студэнтаў: “Вы хто?” Не ведаюць. І так што ні вазьмі.

— IT House праводзіць шмат розных семінараў, трэнінгаў, сустрэч, задача якіх — актывізаваць маладых людзей, вызваліць іх творчую энергію, дапамагчы ім рэалізавацца. На выязных мерапрыемствах вы сустракаецеся ў тым ліку са школьнікамі. Скажыце, Аляксандр, якая частка беларускай моладзі, на ваш погляд, самая крэатыўная, адкрытая і найбольш здольная генерыраваць цікавыя ідэі?
— Праводзілася даследаванне па ўзроўні крэатыўнасці сярод школьнікаў розных краін. Напрыклад, расійскія школьнікі самы высокі ўзровень крэатыўнасці паказвалі ў 2 класе, а вучні выпускных класаў займалі адно з апошніх месцаў. За гады вучобы ў школе з іх зжылі ўвесь крэатыў.
Сустракаючыся з вучнямі пачатковых класаў, мы бачым, што яны не баяцца фантазіраваць, мысляць у маштабах краіны і нават больш глабальна. На жаль, з гадамі дзеці становяцца ўсё больш і больш няўпэўненымі.
Калі яны паступаюць ва ўніверсітэт, мне патрэбна даволі шмат часу, каб вярнуць іх да жыцця. Уявіце, прыходзіш першы раз на першы курс, пытаешся штосьці, і адказ заўсёды адзін і той жа — магільнае маўчанне. Гэтых маладых людзей так зацюкалі за школьныя гады, што любая спроба наладзіць з імі дыялог ці гутарку церпіць паразу. І гэта пры тым, што ў мяне — найлепшы кантынгент: факультэт прыкладной матэматыкі і інфарматыкі БДУ. І вось недзе праз месяц пачынаюць гучаць першыя нясмелыя галасы, пакрысе студэнты пачынаюць гаварыць.

Сустракаючыся з вучнямі пачатковых класаў, мы бачым, што яны не баяцца фантазіраваць, мысляць у маштабах краіны і нават больш глабальна. На жаль, з гадамі дзеці становяцца ўсё больш і больш няўпэўненымі.

На жаль, многія людзі нясуць груз сваёй заціснутасці ў дарослае жыццё. Асаблівасць беларусаў у тым, што мы ніколі не займаем у зале першыя рады, топчамся на ўваходзе ў кафэ — усё гэта ідзе са школы.
Давайце гаварыць канструктыўна: у чым мэта адукацыі? Каб чалавек быў паспяховым! Але для гэтага патрэбен шэраг якасцей. Калі ўзяць праграміста, то гэта тэхнічныя навыкі (ён павінен ведаць мову і тэхналогію) і чалавечыя якасці. Чалавек павінен умець працаваць у камандзе, тлумачыць свой пункт гледжання і неканфліктна пераконваць, разумець, што такое тайм-менеджмент, ведаць правілы бізнес-перапіскі і г.д. Пажадана, каб і вопыт першых стартапаў чалавек атрымаў яшчэ ў школе. Але хіба школа і ўніверсітэт вучаць усяму гэтаму? Чым там займаюцца? Трыганаметрыяй? Інтэграламі? Калі мы ставім мэтай выхаваць паспяховага чалавека, трэба даваць яму веды, каштоўныя для жыцця.

Гутарыла Галіна СІДАРОВІЧ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.

Інтэрактыўнае асяроддзе на ўроках біялогіі

Прымяненне інфармацыйных камп’ютарных тэхналогій на ўроках біялогіі спрыяе стварэнню яркага мультысенсорнага інтэрактыўнага асяроддзя навучання з амаль неабмежаванымі магчымасцямі, якія аказваюцца ў распараджэнні і настаўніка, і вучня. Камп’ютарныя тэхналогіі дазваляюць арганізаваць працу на ўроку такім чынам, каб не толькі насыціць вучняў вялікай колькасцю ведаў, але і развіваць іх інтэлектуальныя, творчыя здольнасці, уменне самастойна набываць новыя веды, працаваць з рознымі крыніцамі інфармацыі.

Сучаснае грамадства ставіць перад настаўнікамі задачу развіцця асобасна значных якасцей школьнікаў, а не толькі перадачу ведаў. Веды выступаюць не як мэта, а як сродак развіцця асобы. Вялікія магчымасці для гэтага дае выкарыстанне інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій. Мэтазгодна іх выкарыстоўваць на розных этапах урока. На этапе праверкі дамашняга задання эфектыўны прыём «Электроннае дамашняе заданне». Напрыклад, напісаць сачыненне ад імя саматычнай (палавой) клеткі на тэму «Што адбываецца са мною падчас дзялення» або стварыць інтэрактыўную схему «Спосабы дзялення» (у залежнасці ад узроўню ІКТ-кампетэнтнасці навучэнца), захаваўшы працы ў электронным выглядзе.
Такі метадычны прыём, як “Электронныя рэцэнзіі” дазваляе праверыць не толькі аб’ём і правільнасць ведаў, але і глыбіню, усвядомленасць, гнуткасць і аператыўнасць, уменне выкарыстоўваць на практыцы. Навучэнцам прапануецца «творчае афармленне» тэмы, напрыклад, «Спосабы дзялення клетак» (індывідуальна або групавы праект) з выкарыстаннем камп’ютарных тэхналогій. Гарманічнае спалучэнне тэксту, ілюстрацый, гукаў могуць паказаць, як навучэнец бачыць і чуе тэму.На этапе вывучэння новай тэмы праца па засваенні неабходнага матэрыялу можа быць арганізавана з выкарыстаннем наступных метадычных прыёмаў.
Праца з логіка-сэнсавай мадэллю, напрыклад, на ўроку «Будова стрававальнай сістэмы». Запаўненне кожнай з восей каардынат спрыяе развіццю агульна-біялагічных паняццяў аб узаемасувязі будовы і функцый органаў стрававання, камунікатыўных навыкаў вучняў, іх пазнавальных інтарэсаў, інтэлектуальных і даследчых уменняў.
Аналіз засваення вучэбнага матэрыялу па раздзеле «Батаніка» паказвае, што горш за ўсё школьнікі засвойваюць жыццёвыя цыклы раслін, дрэнна ведаюць і пазнаюць расліны. Выкарыстанне камп’ютарных тэхналогій дазваляе вырашыць гэтую праблему. Так пры вывучэнні раздзела «Разнастайнасць расліннага свету» выкарыстоўваю праграму, якая дазваляе дапаўняць і складаць жыццёвыя цыклы споравых і насенных раслін. Школьнікі не толькі тэарэтычна засвойваюць этапы жыццёвага цыкла, але і наглядна ўспрымаюць стадыі развіцця, могуць іх параўноўваць, вылучаць асаблівасці будовы, складаць правільную паслядоўнасць, што спрыяе лепшаму разуменню і засваенню вучэбнага матэрыялу.
Фарміраваць уменне аналізаваць інфармацыю і фармуляваць вывады дазваляе такі прыём, як прагляд відэаролікаў. Вывучаючы тэму «Форменныя элементы. Лейкацыты», школьнікам прапануецца відэафрагмент «Запаленне, выкліканае стрэмкай». Прааналізаваўшы фрагмент, навучэнцы вылучаюць асаблівасці будовы і функцыянавання ў арганізме чалавека такіх форменных элементаў, як лейкацыты. Дэманстрацыя партрэта І.І. Мечнікава з загадзя падрыхтаваным паведамленнем вучня пра вучонага і яго ўклад у навуку найлепшым чынам спрыяе засваенню неабходнага матэрыялу.
З мэтай стварэння на ўроку праблемных сітуацый выкарыстоўваю прыём “Што б гэта значыла?”. Напрыклад, пры вывучэнні тэмы “Апладненне ў кветкавых раслін” (7 клас) арганізоўваю прагляд відэафрагмента. Аднак у пэўны момант адключаю гук, і навучэнцам неабходна пракаменціраваць тое, што яны бачаць на экране. Пасля гэтага можна альбо прагледзець яшчэ раз фрагмент з гукам, альбо не вяртацца да прагляду, калі навучэнцы паспяхова справіліся з заданнем.
Засвоіць матэрыял аб асаблівасцях працякання працэсаў мітозу і меёзу ў 10 класе дазваляе прыём “А далей?”. Арганізую працу такім чынам, што ў пэўны момант спыняю кадр, а вучні, пасля разумовага эксперымента спрабуюць апісаць далейшае працяканне працэсу.
Пры вывучэнні раздзела «Насенныя расліны», для фарміравання ўменняў адрозніваць асноўныя тыпы суквеццяў ў прыродзе, можна прапанаваць заданне «Ствары пару: расліна-суквецце», сэнс якога заключаецца ў тым, што навучэнцы да паказаных на слайдзе схемах суквеццяў падбіраюць адпаведныя расліны, раскрываюць характэрныя рысы кожнага суквецця. Гэта заданне актывізуе разумовую дзейнасць навучэнцаў, дазваляе яшчэ раз успомніць не толькі асаблівасці будовы суквеццяў, але і вылучыць розных прадстаўнікоў расліннага свету, вядомых або раней ім невядомых, для якіх характэрны той ці іншы тып суквецця.
Дамашняе заданне мэтазгодна арыентаваць на 2 групы навучэнцаў: вучні з нізкім узроўнем матывацыі + вучні з сярэднім узроўнем матывацыі і вучні з сярэднім узроўнем матывацыі + высокаматываваныя вучні. Для школьнікаў вызначаны мінімум, які абавязкова павінен быць выкананы, але, у той жа час, застаецца прастора для ініцыятывы. Навучэнцы маюць магчымасць праяўляць свае здольнасці і складаць асабістыя прэзентацыі, што пашырае дыяпазон умоў для крэатыўнай дзейнасці навучэнцаў і псіхалагічнага росту асобы, развіваючы самастойнасць і павышаючы самаацэнку.
Правядзенне Тыдня біялогіі, падрыхтоўка і ўдзел у алімпіядах па біялогіі, конкурсах «Сініца», прыродаахоўных мерапрыемствах і акцыях «Чысты двор», «Наш дом — планета Зямля», «Дапаможам птушкам-сябрам» прывіваюць цікавасць да прадмета.
Такім чынам, выкарыстанне інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій у навучанні біялогіі не толькі актуальна, але і адказвае на патрэбы вучняў, дазваляе развіваць пазнавальную актыўнасць і цікавасць у вучняў, стварае ўмовы для рэалізацыі асноўных прынцыпаў цэласнага педагагічнага працэсу і правілаў навучання (ад простага да складанага, ад канкрэтнага да абстрактнага); развіцця крэатыўнасці дзяцей.

Марына БЕЛАГАЛОВАЯ,
настаўніца біялогіі сярэдняй школы № 23 Гродна.