Праекты важныя, маладзёжныя

Азбуку для маленькіх беларусаў, дзе да кожнай літары падабраны запамінальныя малюнак і верш, якія расказваюць пра гісторыю і традыцыі краіны, а таксама азбуку ў выглядзе электроннага сродку навучання прадставіла на абласны этап Рэспубліканскага конкурсу “100 ідэй для Беларусі” майстар вытворчага навучання Гродзенскага дзяржаўнага каледжа тэхнікі, тэхналогіі і дызайну Наталля Катовіч.

Гэты праект, а таксама распрацоўка старшага выкладчыка кафедры металазнаўства і рэсурсазберагальных тэхналогій Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы Аляксандра Антонава і студэнта 5 курса факультэта інавацыйных тэхналогій машынабудавання Дзмітрыя Слесара “Металапалімерныя ролікі стужкавых канвеераў” і новы метад лячэння плоскаступнёвасці ў дзяцей, распрацаваны асістэнтам кафедры траўматалогіі Гродзенскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта Генадзем Кошманам, адзначаны як самыя лепшыя і перспектыўныя і будуць прадстаўляць Гродзенскую вобласць на рэспубліканскім фінале конкурсу.

На абласной выставе-прэзентацыі дэманстраваліся 24 праекты ў шасці намінацыях — гэта пераможцы занальных этапаў, якія прайшлі на Гродзеншчыне сёлета восенню. Узрост удзельнікаў конкурсу — ад 14 да 31 года, маладых навукоўцаў — да 35 гадоў. Так, годна былі прадстаўлены наступныя наватарскія распрацоўкі навучэнцаў: праект плаваючай ГЭС прапанаваў навучэнец Жалудоцкай сярэдняй школы імя В.Урублеўскага Шчучынскага раёна Аляксандр Брэзін; навучэнец сярэдняй школы № 3 Ашмян Сяргей Мірановіч прадэманстраваў біярэзанатар для лячэння электрамагнітным выпраменьваннем; Антоній Мархоцкі з гімназіі Шчучына распрацаваў дадатак па фізіцы для android, які дапаможа абагульніць, сістэматызаваць і папоўніць веды па прадмеце; рэканструкцыю комплексу будынкаў былога піваварнага завода ў Гродне прадставіў навучэнец Гродзенскага дзяржаўнага політэхнічнага каледжа Андрэй Аутка; навучэнец сярэдняй школы № 1 Ліды Раман Бубен даследаваў фізічныя ўласцівасці штучных мускулаў з палімернай лёскі, а навучэнцы гімназіі № 1 Навагрудка Андрэй Куц і Ягор Анішчык разам з настаўнікам працоўнага навучання і чарчэння Андрэем Андрэевічам Саўко прэзентавалі механізаваны станок для нарэзкі пластыкавых бутэлек на стужкі і карысныя вырабы, якія можна з гэтага зрабіць: шчоткі, кошыкі, стужкі для падвязкі раслін. Тут, як кажуць, адходы ідуць у даходы. Як расказалі хлопцы, яны ў школе і дома карыстаюцца прыладамі, якія вырабляюць на ўроках працоўнага навучання.

Былі прадстаўлены і сацыяльныя праекты.

— У дзень выбараў у парламент краіны мы арганізавалі дзіцячы ўчастак, дзе хлопчыкі і дзяўчынкі выбіралі любімага казачнага героя ў адпаведнасці з правіламі галасавання на дарослых участках. Такім чынам мы паказалі маленькім грамадзянам выбарчую сістэму, яны адчулі адказнасць за свой выбар, — расказвае старшыня пярвічнай арганізацыі БРСМ метадыст інфармацыйна-аналітычнага цэнтра абласнога інстытута развіцця адукацыі Святлана Гурбанава. — Для вучняў 12-й школы мы правялі мерапрыемства “Выбіраем разам у Год культуры”. Ім была прапанавана выстава работ гродзенскіх мастакоў, а аўтар карціны, якая найбольш спадабалася, Васіль Мартынчук правядзе са школьнікамі майстар-клас. Выбары праходзілі з раздачай бюлетэняў. Былі падрыхтаваны кабінкі і скрыні для галасавання.

Ацэньвалі праекты члены экспертнага савета, у які ўвайшлі прадстаўнікі органаў дзяржаўнага кіравання, прамысловых прадпрыемстваў.

З праектамі азнаёміліся старшыня Гродзенскага аблвыканкама Уладзімір Васільевіч Краўцоў і старшыня Гродзенскага абласнога Савета дэпутатаў Ігар Георгіевіч Жук. У.В.Краўцоў адзначыў актуальнасць і перспектыўнасць маладзёжных праектаў.

— Пляцоўкай для рэалізацыі многіх праектаў можа стаць філіял Парка высокіх тэхналогій, які пачынае работу ў Гродне, а таксама тэхналагічны парк, адкрыццё якога зараз абмяркоўваецца з Гродзенскім дзяржаўным універсітэтам, — адзначыў старшыня аблвыканкама.

Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.
Фота аўтара.

100 ідэй і мільён магчымасцей

Старт рэгіянальным этапам конкурсу “100 ідэй для Беларусі” быў дадзены на Міншчыне. Першая ў гэтым годзе абласная выстава-прэзентацыя Рэспубліканскага маладзёжнага конкурсу прайшла ў Барысаве. Барысаў-Арэна, якая гасцінна прымала мерапрыемства, здаецца, месца, якое найбольш падыходзіць для правядзення конкурсу. Яе выгляд такі ж фантазійны і неверагодны, як і ідэі, якія тут агучваліся.

Асноўная мэта конкурсу “100 ідэй для Беларусі” — актывізаваць дзейнасць маладых беларусаў, вучоных і вынаходнікаў у галіне інавацыйнай дзейнасці. І гэтая задача, безумоўна, вырашаецца: штогод колькасць удзельнікаў спаборніцтва на Міншчыне павялічваецца. Так, сёлета на першапачатковым этапе было прадстаўлена больш за 300 праектаў. У пяці занальных адборах, якія прайшлі ў Маладзечанскім, Салігорскім, Стаўбцоўскім, Мінскім і Барысаўскім раёнах, удзельнічала больш за паўсотні работ. 27 праектаў, якія стварылі канкурсанты 15 раёнаў Міншчыны, заваявалі права экспанавацца на абласной выставе-прэзентацыі.

Аўтары 12 праектаў атрымалі пуцёўку ў фінал рэспубліканскага конкурсу. Сярод іх ёсць як вопытныя даследчыкі, так і пачаткоўцы. Напрыклад, Уладзімір Пасавец, супрацоўнік Універсітэта грамадзянскай абароны МНС, са сваім праектам удзельнічаў раней у іншых навуковых і інавацыйных конкурсах. Работа заняла не адзін год, і ў выніку аўтару разам з камандай аднадумцаў удалося стварыць нанаматэрыялы для вузлоў трэння. Над гэтай праблемай працуюць навукоўцы ўсяго свету. А навучэнцы Праўдзінскай сярэдняй школы Пухавіцкага раёна Ягор Калач, Ілья Ільін і Артур Войстрыкаў робяць пакуль што першыя крокі ў навуцы і вынаходніцтве, аднак таксама прадставілі годны праект: яны стварылі прыбор, які з дапамогай геатэрмальнай энергіі прадухіляе зімой гібель рыбы ў азёрах і сажалках.

Некаторыя канкурсанты былі ўжо добра знаёмыя журы: яны раней паспелі заявіць пра сябе ў фінале і на сёлетні абласны этап прыйшлі з новым праектам. Напрыклад, Максім Буракоў, які жыве ў Смалявічах і вучыцца ў Мінскім каледжы прадпрымальніцтва, у мінулым годзе атрымаў прыз за створаную ім камп’ютарную гульню “Штурм Рэйхстага”. Сёлета ён прэзентаваў новую гульню — “Хачу ў БРСМ”, якая папулярызуе гэтую арганізацыю, а таксама грамадскую і валанцёрскую дзейнасць у краіне. Навучэнцы Маладзечанскага гандлёва-эканамічнага каледжа Дзмітрый Каспяровіч і Аляксандр Стафановіч таксама ўдзельнічалі ў конкурсе ў мінулым годзе, аднак узнагарод на фінальным этапе не атрымалі. Хлопцы рукі не апусцілі, а стварылі новы праект “Сэрвіс патокавага прайгравання музыкі MusicGO” і спадзяюцца ўзяць рэванш. Дарэчы, вялікая колькасць праектаў у сферы IT, прысвечаных распрацоўцы мабільных дадаткаў і электронных адукацыйных рэсурсаў, — адметная рыса сёлетняга конкурсу.

Для ўдзельнікаў абласнога этапу была аргнізавана работа стартап-школы, у якой прадстаўнікі Беларускай асацыяцыі клубаў ЮНЕСКА дзяліліся сакрэтамі паспяховай прэзентацыі праекта, яго папулярызацыі праз сацыяльныя сеткі, а таксама знаёмілі з азамі менеджменту. Безумоўна, гэтыя веды будуць карыснымі як для фіналістаў конкурсу, так і для аўтараў новых праектаў.

— Ідэя праекта “100 ідэй для Беларусі” ўнікальная тым, што кожны малады чалавек — школьнік гэта, студэнт або спецыяліст — мае магчымасць быць пачутым і ўбачаным, — кажа Дзмітрый Варанюк, першы сакратар Мінскай абласной арганізацыі БРСМ. — У нашай моладзі — мноства ідэй, аднак куды пайсці з гэтымі ідэямі, ведаюць далёка не ўсе. Мы ж ствараем умовы, калі для годнага прымянення і рэалізацыі сваёй ідэі дастаткова прыйсці ў тэрытарыяльны камітэт БРСМ.

Многія творчыя і ініцыятыўныя маладыя людзі скарысталіся такой магчымасцю. Ідэі, прапанаваныя на конкурсе, ужо рэалізоўваюцца на Міншчыне. У дзень правядзення абласной выставы ў адным з цэхаў БелАЗа ў Жодзіне была ўрачыста замацавана шыльда з лагатыпам конкурсу “Рэалізавана ў рамках праекта “100 ідэй для Беларусі”. У 2015 годзе фіналістам рэспубліканскага этапу конкурсу стаў Дзмітрый Мельнік, інжынер-тэхнолаг упраўлення галоўнага тэхнолага. У сваім праекце ён прапанаваў замяніць на прадпрыемстве існуючыя асвятляльныя прыборы на святлодыёдныя. Ідэя была рэалізавана на новых участках завода і дала магчымасць эканоміць да 70 працэнтаў электраэнергіі.

Спецыяльнымі шыльдамі да канца года плануецца адзначыць усе рэалізаваныя ў рамках конкурсу інавацыйныя распрацоўкі на Міншчыне. І, мяркуючы па паспяховых выступленнях прадстаўнікоў вобласці на ўсіх этапах конкурсу, колькасць такіх знакавых шыльд штогод будзе павялічвацца.

Дар’я РЭВА
Фота аўтара.

100 ідэй для інавацыйнай эканомікі

Грамадскае аб’яднанне “Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі” плануе выбудаваць сістэму грантаў для ўдзельнікаў Рэспубліканскага маладзёжнага конкурсу “100 ідэй для Беларусі”. Аб гэтым паведаміла каардынатар праекта Алеся Віннік.

Яна расказала аб планах па развіцці праекта. “Мы плануем выбудаваць сістэму грантаў і падтрымкі аўтараў праектаў як фінансава, так і інфармацыйна, прапрацоўваецца пытанне дзеяння своеасаблівых пластыкавых картак для інтэлектуальнай моладзі — пераможцаў Рэспубліканскага маладзёжнага конкурсу “100 ідэй для Беларусі”. Хацелася б, каб гэты конкурс у далейшым трансфармаваўся ў маштабны форум навукі і інавацый, што будзе садзейнічаць руху маладых навуковых кадраў”, — адзначыла яна.

Прэзентацыю новых ідэй і распрацовак арганізатары праекта “100 ідэй для Беларусі” сёлета пачалі ў кастрычніку. За гэты час у рэгіёнах краіны праведзена больш за 130 выстаў з удзелам экспертаў рэспубліканскага ўзроўню. Так званыя занальныя этапы (раённыя, гарадскія) праекта прайшлі ўпершыню, многія з іх у фармаце стартап-мерапрыемстваў з запрашэннем мясцовых бізнесменаў і інвестараў. Экспертныя саветы вызначылі лепшыя праекты для ўдзелу ў рэгіянальных этапах і прынялі рашэнне аб укараненні некаторых на мясцовым узроўні.

Цяпер БРСМ дае старт рэгіянальным адборачным турам конкурсу. У лістападзе — снежні яны пройдуць ва ўсіх абласцях і Мінску. Арганізатары падвядуць вынікі і вызначаць пераможцаў папулярнага маладзёжнага праекта ў студзені — лютым 2017 года. Аднаму з праектаў фіналу камерцыйная кампанія прадаставіць грашовы грант у памеры $5 тысяч. Усяго ў рэспубліканскай выставе-прэзентацыі плануецца прадставіць каля 120 праектаў. Упершыню ў склад рэспубліканскага экспертнага савета, акрамя прадстаўнікоў навукі, бізнесу, адукацыі, маладых і паспяховых прадпрымальнікаў, міжнародных экспертаў, увойдуць пераможцы конкурсу “100 ідэй для Беларусі” мінулых гадоў. Да фіналу, паводле слоў Алесі Віннік, будзе выдадзены своеасаблівы каталог з гісторыямі поспеху маладых распрацоўшчыкаў, чые ідэі і праекты па выніках удзелу ў конкурсе “100 ідэй для Беларусі” ўжо рэалізаваны.

Вынікам правядзення конкурсу на працягу пяці гадоў з’яўляецца не толькі рэалізацыя праектаў, але і стварэнне ўдзельнікамі конкурсу “100 ідэй для Беларусі” суб’ектаў гаспадарання. Напрыклад, пераможца конкурсу 2013 года Павел Бацылеў і фіналіст конкурсу 2012 года Вадзім Васкевіч стварылі ІТ-кампанію па распрацоўцы і папулярызацыі сайтаў, якая сёння паспяхова развіваецца і рэалізоўвае ІТ-праекты. “У мэтах аб’яднання аўтараў і прадастаўлення магчымасці працаваць у камандзе аднадумцаў будзе створаны банк рэалізаваных праектаў з кантактамі”, — сказала Алеся Віннік.

Каардынатар праекта дадала, што да канца 2016 года па ўсёй краіне плануецца адзначыць укаранёныя інавацыйныя распрацоўкі спецыяльнымі таблічкамі з лагатыпам конкурсу “Рэалізавана ў рамках “100 ідэй для Беларусі”. З гэтай мэтай у праграму запланаваных рэгіянальных выстаў-прэзентацый уключана наведванне арганізацый і прадпрыемстваў, дзе і былі ўкаранёны маладзёжныя распрацоўкі, прадстаўленыя на конкурс, якія ўжо сёння прыносяць карысць і ўносяць рэальны ўклад у развіццё беларускай эканомікі. З верасня 2011 года ў адрас арганізатараў конкурсу паступіла больш за 9 тысяч заявак. Толькі за мінулы год атрымана 2,5 тысячы новых прапаноў ад моладзі.

“Пантэон беларускай асветы”: карыстайся ўласным розумам

Cярод праектаў, якія трапілі сёлета ў фінал Рэспубліканскага конкурсу “100 ідэй для Беларусі”, было няшмат маладзёжных ініцыятыў культуралагічнага кірунку. Некалькі тыдняў назад мы ўжо знаёмілі нашых чытачоў з цымбалісткай студэнткай магілёўскага філіяла Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі Валерыяй Ільюшэнка, якая трапіла ў фінал конкурсу са сваім праектам крэатыўных цымбалаў, на якіх яна выконвае музыку самых розных сучасных маладзёжных плыняў — ад trance да R’n’B. Сёння знаёмім чытачоў яшчэ з адным культурніцкім праектам фіналістаў конкурсу “100 ідэй для Беларусі” — “Пантэон беларускай асветы (серыя навукова-папулярных фільмаў)”. Яго аўтары — два маладыя вучоныя з Інстытута філасофіі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі — малодшы супрацоўнік інстытута Надзея Ільюшэнка і старшыня Савета маладых вучоных гэтай установы Міхаіл Завадскі. Іх задума адначасова простая і складаная, іх матывы выразныя і празрыстыя, іх амбіцыі, здаецца, ураўнаважаны з іх магчымасцямі. Зрэшты, спытаем пра ўсё асабіста ў Надзеі Ільюшэнка і Міхаіла Завадскага.

— Надзея, Міхаіл, як узнікла ідэя такога праекта? І як знайшлі вы адно аднаго, як прыйшлі да супрацоўніцтва?
Надзея. Ідэя праекта нарадзілася не ўчора. Яна існуе ўжо некалькі гадоў, і першапачаткова я распрацоўвала яе разам з адной калегай з нашага інстытута, якая на сённяшні дзень тут ужо не працуе. Але, натуральна, кінавытворчасць, нават калі гаворка ідзе пра кароткаметражныя навукова-папулярныя фільмы, не можа быць справай аднаго чалавека. Патрэбна каманда. І першым чалавекам, які зацікавіўся гэтай справай, быў Міхаіл. Разам з ім мы сёння і думаем над тым, каб ідэя стварэння цыкла кароткаметражных фільмаў пад брэндавай назвай “Пантэон беларускай асветы” была рэалізавана ў канкрэтны прадукт. Безумоўна, мы бяром у разлік найперш тое, што сучасная культура візуальна арыентаваная, сёння фільмы пра гісторыю беларускай асветы, філасофіі хутчэй знойдуць свайго гледача, чым кнігі — свайго чытача. Міхаіл. Мяне сапраўды захапіла гэтая ідэя — расказаць у цікавай, даступнай і ў той жа час няспрошчанай форме пра нашых асветнікаў на кінамове. Тым больш, як паказвае аналіз нашага сённяшняга рынку медыяпрадуктаў, такая ніша насамрэч ёсць. Так, раней ужо былі створаны дакументальныя фільмы, прысвечаныя асобным асветнікам — Ефрасінні Полацкай, Францыску Скарыне і інш. Дзейнасць некаторых нашых мысліцеляў, напрыклад, Ігната Дамейкі, разглядаецца ў шэрагу выпускаў вядомага тэлепраекта Белтэлерадыёкампаніі “Адваротны адлік”. Але такога, каб была створана цэлая канцэптуальная серыя фільмаў, прысвечаная гісторыі менавіта нашай інтэлектуальнай культуры, філасофскай і грамадска-палітычнай думкі Беларусі, дагэтуль не было. І таму мы спадзяёмся, што цыкл фільмаў пра беларускіх асветнікаў мог бы стаць без перабольшання ўнікальнай з’явай.

— І ўсё-такі ў плане кінамовы, рэжысуры вы плануеце арыентавацца на якія-небудзь вядомыя ўзоры, напрыклад, тыя ж выпускі з “Адваротнага адліку” або дакументальныя фільмы Юрыя Цвяткова, Алега Лукашэвіча і інш.?
Надзея. Усе прыклады, якія вы толькі што згадалі, — гэта хоць і дакументальныя, але поўнаметражныя фільмы, працяглыя тэлеперадачы. У нас жа гаворка ідзе менавіта пра кароткаметражныя фільмы, фактычна відэаролікі. І, безумоўна, падрабязна расказаць пра нашых герояў мы не зможам. Тым не менш засяродзіцца на нейкіх вельмі важных аспектах філасофіі таго ці іншага асветніка — з улікам менавіта адукацыйных мэт нашага праекта — цалкам магчыма. Адзін з семантычных модуляў у планах-праспектах сцэнарыяў фільмаў цыкла “Пантэон беларускай асветы” так і прапісаны: “Інтрыга — асноўны “нерв” філасофіі (светапогляду) героя, вакол якога разгортваюцца падзеі”.

— Калі ўжо зусім канкрэтна, колькі фільмаў вы плануеце ўключыць у серыю “Пантэон беларускай асветы” і якая будзе працягласць кожнай стужкі?
Міхаіл. Плануецца падрыхтоўка 25 відэаролікаў, кожны — працягласцю 8—10 хвілін. Ну, можа, 15… У залежнасці ад матэрыялу.

— Дарэчы, пра матэрыял. У буклеце, прадстаўленым на фінале конкурсу “100 ідэй для Беларусі”, вы пералічваеце цэлы шэраг асоб, якім збіраецеся прысвяціць свае фільмы. Калі глянуць на гэты пералік, то можна ўбачыць імёны як вельмі знакамітых фігур (Францыска Скарыны, Ефрасінні Полацкай, Кірылы Тураўскага і г.д.), так і не вельмі вядомых (напрыклад, Андрэя Волана, Анёла Доўгірда, Антонія Скарульскага). Па якім прынцыпе адбіраліся персаналіі?
Міхаіл. Наогул, першапачатковая назва праекта гучала як “Вяртанне з забыцця”. Іншымі словамі, спачатку мы думалі звярнуць увагу ў першую чаргу на малавядомыя постаці, хаця яны і зрабілі вельмі істотны ўклад у развіццё не толькі беларускай, але і агульнаеўрапейскай культуры. Вы звярнулі ўвагу, напрыклад, на фігуру Анёла Доўгірда. Сапраўды, малавядомае ў нас імя… Але гэты філосаф у свой час палемізаваў з шэрагам мысліцеляў, выступаў з крытыкай ідэй самога Імануіла Канта, і тая палеміка істотна паўплывала на далейшае развіццё асветніцкай думкі ўсёй Еўропы. І нават сёння ў Інстытуце філасофіі Нацыянальнай акадэміі навук штогод праводзіцца міжнародная канферэнцыя “Доўгірдаўскія чытанні”, названая ў гонар філосафа.
Надзея. А потым, шукаючы канцэпцыю ўсёй серыі фільмаў, мы ўсё-такі вырашылі ўключыць у спіс нашых герояў і вядомых асоб, так бы мовіць, упісаць невядомых у кантэкст вядомых, каб паказаць гісторыю філасофскай думкі Беларусі менавіта ў развіцці, у непарыўнасці і пераемнасці. Мы можам гэта зрабіць, бо нашымі вучонымі назапашаны багаты фактаграфічны матэрыял у галіне даследавання беларускай філасофскай, асветніцкай спадчыны. Згадаць хоць бы выдадзеную супрацоўнікамі Інстытута філасофіі НАН Беларусі капітальную шасцітомную працу “Гісторыя філасофскай і грамадска-палітычнай думкі Беларусі”.

— Магчыма, наіўнае пытанне, і ўсё ж. Ці спадзеяцеся вы адкрыць або ўжо адкрылі нешта зусім новае з жыцця і дзейнасці, уласна самой філасофіі нашых асветнікаў? Можа быць, нават самыя сапраўдныя сенсацыі…
Надзея. Ну, каб ужо нейкія нечуваныя сенсацыі, — гэта наўрад ці. Але для шырокага кола гледачоў, мне здаецца, будзе нечаканым ужо сам гэты ракурс — менавіта на інтэлектуальную культуру, на мысленне, на філасофію.
Міхаіл. Ужо нават самі некаторыя асобы стануць для шырокай публікі адкрыццём, калі людзі даведаюцца, наколькі ўплывовым быў іх голас — інтэлектуальны, навуковы. У канчатковым выніку наша мэта — паспрыяць разуменню таго, наколькі Беларусь упісана ў гэтым сэнсе ў агульнаеўрапейскія традыцыі.

— Сляды навуковай і творчай дзейнасці, асабістага жыцця многіх вашых герояў трэба шукаць не столькі ў Беларусі, колькі за мяжой (у Польшчы, Расіі, Літве). Ці плануюцца выезды за мяжу падчас здымак?
Міхаіл. Такія выезды рэгулярна робяцца. І, безумоўна, мы разглядаем варыянты відэаздымкі за мяжой, скажам так, у месцах асаблівай канцэнтрацыі інтэлектуальнай сілы таго ці іншага часу, напрыклад, у Віленскім універсітэце.
Надзея. Усё будзе залежаць ад фінансавання…

— Гэта, напэўна, і ёсць самае балючае пытанне ў сувязі з рэалізацыяй праекта?
Міхаіл. Мы разглядаем два фарматы работы. Першы — гэта такі поўны камплект магчымасцей: працягласць да 15 хвілін, добрая камп’ютарная графіка, задзейнічанне прафесійных акцёраў і аператара, выезды за мяжу і г.д. Адпаведна, гэта будзе азначаць адзін кошт. А другі варыянт больш сціплы: меншая працягласць фільмаў, прыцягненне да здымак студэнтаў Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў і Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў, якія б працавалі на аматарскіх пачатках, у якасці валанцёраў… І тут ужо быў бы іншы — значна меншы — кошт.

— Якой вы бачыце аўдыторыю вашых фільмаў?
Надзея. Безумоўна, гэта найперш моладзь — вучнёўская, студэнцкая. Таксама настаўнікі, выкладчыкі гуманітарных дысцыплін. Фільмы з серыі “Пантэон беларускай асветы” маглі б выкарыстоўвацца ў адукацыйным працэсе ў якасці дадатковага матэрыялу да лекцый, семінараў. Яны маглі б быць уключаны ў электронныя падручнікі па гісторыі культуры і думкі Беларусі. Без лішняга пафасу нам хочацца думаць, што серыя мае вялікі патэнцыял у плане фарміравання нацыянальнай самасвядомасці падрастаючага пакалення, захавання нацыянальнай гістарычнай памяці.
Міхаіл. Таксама мы прадумваем варыянты, каб распаўсюджваць фільмы “Пантэона беларускай асветы” праз інтэрнэт-платформы, сацыяльныя сеткі і г.д. Сюжэты фільмаў могуць быць перапрацаваныя для радыёпраграм. А яшчэ ёсць задума варыянта з перакладам на англійскую мову спецыяльна для замежнага гледача, каб гэтыя стужкі можна было дэманстраваць, напрыклад, на навуковых канферэнцыях з удзелам замежнікаў у якасці своеасаблівай рэкламы інтэлектуальнай спадчыны Беларусі.

— Надзея, Міхаіл, як (ці) перасякаецца гэты праект з тым, чым вы прафесійна займаецеся ў Інстытуце філасофіі?
Надзея. Ён перасякаецца наўпрост, бо тут, у інстытуце, мы з Міхаілам займаемся пытаннямі практычнай філасофіі, праблемай практызацыі філасофскіх ведаў. Як зрабіць так, каб філасофія магла выйсці з акадэмічнай аўдыторыі ці з філасофскіх кніг да шырокага грамадства, да звычайных людзей, якія, хоць і не чытаюць філасофскіх прац, але для іх таксама вельмі важныя пытанні пра сэнс жыцця, мэты жыцця і г.д.? І якраз наш праект — у нечым адказ на гэтае пытанне.
Міхаіл. Нядаўна разам з Надзеяй мы скончылі працаваць над праектам, прысвечаным існаванню філасофскіх ведаў у горадзе ў неакадэмічных неінстытуялізаваных формах. Тут ёсць праблема, тут ёсць відавочная дыстанцыя паміж прафесіяналамі-філосафамі і філосафамі з вуліцы, кабінетнымі вучонымі і людзьмі ў горадзе. Паміж першымі і другімі элементарна няма кантакту. Хаця на самай справе і філасофскія веды, і інтэлектуальная культура (культура крытычнага мыслення, крытычнага стаўлення да рэчаіснасці) — усё гэта запатрабавана самай шырокай аўдыторыяй.

— Напрыканцы, калі дазволіце, некалькі гэтакіх разняволеных, можа быць, нават дзіўнаватых пытанняў… Як вядома, грэчаскае слова “пантэон” перакладаецца як “храм усіх багоў”. Надзея, Міхаіл, а асобы, якім вы збіраецеся прысвяціць свае фільмы, для вас богі?
Надзея. Якое добрае пытанне! (Усміхаецца. — М.Ч.) Я не магу сказаць, што яны для мяне богі, але яны, напэўна, богі для гісторыі, культуры і асветы Беларусі. Асобы, пра якіх трэба ведаць. І не проста ведаць, а разумець тое, з чым яны звярталіся да людзей. І звяртацца ў сваю чаргу да іх.
Міхаіл. Безумоўна, пантэон беларускай асветы — гэта метафара. Мы не бралі такую шырокую тэму, як нацыянальныя героі Беларусі, хаця яна і вельмі запатрабаваная. Мы ўзялі больш вузкую тэму, у якой з’яўляемся спецыялістамі. Але гэтымі асобамі, героямі нашых будучых фільмаў, таксама можа ганарыцца кожны беларус.

— Цікава было б даведацца пра вашы асабістыя самыя вялікія прыхільнасці з шэрага выбраных вамі гістарычных постацей…
Міхаіл. Гэта Анёл Доўгірд, пра якога я ўжо згадваў. Казімір Нарбут, які напісаў грунтоўную працу па логіцы і здабыткі якога вельмі высока ацэнены еўрапейскімі вучонымі. Ігнат Абдзіраловіч, які заклаў асновы сучаснага культуралагічнага разумення Беларусі. Ну, і, безумоўна, Францыск Скарына. Ён як светач.
Надзея. А ў маім выпадку гэта Казімір Лышчынскі, які зрабіў вялікі ўклад у развіццё філасофіі і паплаціўся нават жыццём за свае погляды. Адам Міцкевіч — пра яго наогул можна гаварыць вельмі і вельмі доўга, блукаючы па яго беларускіх, польскіх, літоўскіх, нават французскіх слядах. І — я тут цалкам пагаджуся з Міхаілам — Ігнат Абдзіраловіч, які, з аднаго боку, падсумаваў, а з другога боку, пачаў новую старонку беларускага мыслення.

— Самае апошняе. Калі гэта можна, калі ласка, выкажыце лаканічна асноўную формулу (думку, пастулат) філасофіі беларускіх асветнікаў. Ці, напрыклад, некалькі такіх тэз.
Надзея. Так з ходу было б занадта прэтэнцыёзна выводзіць нейкую квінтэсэнцыю калектыўнай думкі ўсіх гэтых людзей, бо яны жылі ў розны час, думалі пра розныя рэчы… Мне здаецца, гэта тэма асобнай гутаркі.
Міхаіл. А я ўсё ж рызыкну. На мой погляд, у якасці аднаго з пастулатаў беларускія асветнікі прызнаюць… (Задумваецца. М.Ч.) Фактычна, яны рэалізоўваюць у сваіх працах знакаміты дэвіз Імануіла Канта, які заключаецца ў наступным: карыстайся ўласным розумам, карыстайся ўласным мысленнем, крытыкуй тое, што табе гавораць, правярай, удакладняй, абгрунтоўвай, але самастойна даходзь да тых высноў, якія прапаноўвае табе грамадства!

Каментарый калегі

Вера Белакрылава, старшы навуковы супрацоўнік Інстытута філасофіі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, выконваючая абавязкі вучонага сакратара ўстановы: “Задача фарміравання нацыянальнай самасвядомасці сёння па-ранейшаму актуальная. Яе фарміруюць з розных элементаў, яе ствараюць, як мазаіку, яе збіраюць, як пазл. І ўжо, так бы мовіць, па факце ў нацыянальнай самасвядомасці прысутнічаюць народныя традыцыі, абрады, песні, танцы і г.д. Гэта такі стэрэатып у шырокай масавай свядомасці. Пры гэтым часта не ўлічваецца, забываецца інтэлектуальны, інтэлігенцкі складнік. Тое, што ў нас здаўна былі не толькі песні і танцы вясковыя. У нас было і іншае — высокі інтэлектуальны прадукт. Вось гэты прабел якраз і запаўняюць аўтары праекта “Пантэон беларускай асветы”.

Мікола ЧЭМЕР.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.

Шоу тэхналогій

У панядзелак у Нацыянальным выставачным комплексе “БелЭкспа” праходзіла самая маштабная інтэлектуальная барацьба ў сферы маладзёжных інавацый — фінал Рэспубліканскага конкурсу “100 ідэй для Беларусі”. Яе кульмінацыяй стала вызначэнне дзесяці пераможцаў — аўтараў самых перспектыўных інавацыйных распрацовак. І пераможцы, і шэраг іншых фіналістаў, якія не ўвайшлі ў іх лік, атрымалі грашовыя гранты на рэалізацыю сваіх ідэй, падарункі і падтрымку ад партнёраў конкурсу.

Стаўка на інтэрактыў

Усяго ў фінале было прадстаўлена 116 праектаў, якія былі адабраны з больш як дзвюх тысяч. Свае распрацоўкі маладыя вучоныя, вынаходнікі і пачынаючыя бізнесмены прадставілі ў 10 кластарах — ад традыцыйных прамысловых тэхналогій і вытворчасці, медыцыны, мабільных і біятэхналогій, робататэхнікі да энергазберажэння, рацыянальнага прыродакарыстання, аграпрамысловых, інфармацыйна-камунікацыйных і авіякасмічных тэхналогій. У склад экспертнага савета ўвайшлі вучоныя, педагогі, маладыя і паспяховыя прадпрымальнікі, міжнародныя эксперты і прадстаўнікі конкурсу мінулых гадоў.
На гэты раз арганізатары зрабілі асаблівы акцэнт на правядзенні майстар-класаў — на пляцоўках БелЭкспа хімічныя рэчывы змешваліся, квадракоптары ляталі, робаты выконвалі свае функцыі, у прадстаўленыя гульні можна было пагуляць, рухавікі рухаліся, вышывальныя машыны вышывалі, прадукцыю ў секцыі “Харчовая прамысловасць” можна было прадэгуставаць… Сакрэтам поспеху маладых перспектыўных кампаній і эфектыўнай арганізацыяй бізнесу дзяліліся прадпрымальнікі “Бізнес-школы ІПМ”, якая першая і адзіная ў краіне створана па мадэлі еўрапейскіх устаноў бізнес-адукацыі. “З кожным годам конкурс захоплівае не толькі ўсё больш неабыякавых маладых людзей, але і тых, хто нават не думаў аб распрацоўцы інавацый, якія дазваляюць рэалізавацца самому і быць карысным для дзяржавы. Прадстаўленыя праекты — гэта пэўны паказчык таго, наколькі эфектыўна ажыццяўляецца супрацоўніцтва моладзі і дзяржавы, якая падтрымлівае пачаткоўцаў навукоўцаў”, — адзначыў Ігар Бузоўскі, намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, і дадаў, што сёння маладзёжныя ініцыятывы не фантастычныя, а іх аўтары не хварэюць юнацкім максімалізмам: “Гэта рэальныя ідэі, якія прынясуць даход і асобным прадпрыемствам, і галіне ў цэлым. Ёсць сапраўды прарыўныя рэчы, якія годна ацэньваюцца і Нацыянальнай акадэміяй навук, і Дзяржаўным камітэтам па навуцы і тэхналогіях, і ў цэлым дзяржавай. Я шчыра спадзяюся, што тыя задумкі, якія ёсць у юнакоў і дзяўчат, будуць рэалізаваны і не абмяжуюцца прэзентацыямі на выставах”.
Пра гэта гаварыў і першы намеснік старшыні прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Сяргей Чыжык, выступаючы перад удзельнікамі конкурсу і запрашаючы іх у акадэмію навук: “Магчыма, вашы ідэі стануць стартам у навуковай кар’еры. Кожны з вас, хто прайшоў такое сіта, дастойны таго, каб атрымаць навуковае званне і працягнуць кар’ерны рост у навуцы”.
Звяртаючыся да фіналістаў конкурсу, Віктар Якжык, намеснік міністра адукацыі Рэспублікі Беларусь, падзякаваў усім удзельнікам: “Дзякую вам усім за працу, бо праекты — гэта вынік карпатлівай напружанай інтэлектуальнай працы, і добра, што ёсць пляцоўкі, на якіх яны атрымліваюць маральнае і матэрыяльнае задавальненне. Мы падтрымліваем і будзем падтрымліваць гэты рух, пачынаючы ўжо са школьнага ўзроўню. Дарэчы, у гэтыя дні ў Нацыянальным дзіцячым лагеры “Зубраня” праходзіць змена “Свежыя ідэі — яркія праекты”, куды з’ехаліся самыя актыўныя школьнікі з усёй краіны, якія прымалі ўдзел у праекце “100 ідэй для Беларусі” ці толькі збіраюцца ў яго ўключыцца”.

Квадракоптары: заручаемся паветранай дапамогай

На выставе традыцыйна шырока была прадстаўлена намінацыя “Прамысловыя і будаўнічыя тэхналогіі. Вытворчасць”. Тут былі і сучаснае бачанне архітэктурных рашэнняў пры будаўніцтве дзіцячага садка і школы, і рашэнне недахопу парковак у дварах за кошт пашырэння іх на зялёнай зоне, усталяваўшы на яе спецыяльныя экарашоткі. Некалькі аўтараў прапаноўвалі новае выкарыстанне для другаснай сыравіны: выкладчык ГрДУ імя Янкі Купалы Аляксанр Варанцоў распрацаваў склад лакафарбавага пакрыцця для пешаходных пераходаў з адходаў шкловытворчасці, якая пераўзыходзіць па якасці і святлоадбівальнасці існуючыя аналагі; навучэнец сярэдняй школы № 35 Віцебска Арцём Аўчыннікаў распрацаваў будаўнічыя матэрыялы з шэрсці, палавіння, саломы; студэнты БРУ — з пластыку; аспірант ГДТУ імя П.В.Сухога Яўген Шматок распрацаваў смарт-крышталь са шкла, які мяняе свае аптычныя якасці пры змяненні знешніх умоў — асветленасці, тэмпературы і інш. Такі матэрыял шырока выкарыстоўвацца ў архітэктуры ў свеце, у нас пакуль гэтыя тэхналогіі неасвоеныя. Яўген паспрабаваў гэта выправіць. Самымі духмянымі былі стэнды Дар’і Раманчук, выхаванкі Мінскага дзяржаўнага абласнога каледжа, і Аксаны Бурак, педагога Выверскага дзіцячага сада — базавай школы (Маладзечанскі раён Мінскай вобласці), якія прадставілі праекты па стварэнні сваімі рукамі духоў і араматызатараў на аснове натуральных кампанентаў.
У дзясятку пераможцаў у гэтай намінацыі ўвайшла распрацоўка Аліны Марышавай, малодшага навуковага супрацоўніка лабараторыі высокіх ціскаў Фізіка-тэхнічнага інстытута НАН Беларусі, якая распрацавала ўнікальны спосаб штампоўкі ключавых дэталей калайдара, і Антона Любахінца, першакурсніка БрДТУ, які распрацаваў сістэму выратавання на вадзе, у цэнтры якой — квадракоптар. Прынцып такі: пры ўваходзе на тэрыторыю пляжа чалавеку выдаецца бранзалет з GPS-модулем. Калі чалавек пачынае тануць, націскае на кнопку на бранзалеце, тым самым пасылаючы сігнал пра сваё месцазнаходжанне на камп’ютар, а адтуль імгненна падаецца сігнал на пускавую ўстаноўку і запускаецца квадракоптар, які дастаўляе чалавеку выратавальны жылет. Па падліках юнака, самым дарагім тут будзе квадракоптар — яго кошт складзе каля 750 долараў, на астатняе дастаткова будзе 250 долараў. У межах аднаго пляжа такая сістэма акупіцца за адзін сезон.
Дарэчы, што тычыцца квадракоптараў, то яны правілі балем на сёлетнім конкурсе, як на мінулых — робаты. А прычынай стала шырокая сфера іх прымянення і вялікі кошт, бо ўсе квадракоптары маюць замежную прапіску, а аўтары сёлетніх распрацовак прапаноўваюць свае паслугі ў распрацоўцы айчынных аналагаў, якія будуць значна таннейшымі за імпартныя. Акрамя таго, распрацоўшчыкі айчынных мадэлей пашырылі спектр іх прымянення. Так, навучэнец сярэдняй школы № 1 Нясвіжа Максіміліян Клімовіч патлумачыў, што яго квадракоптар можна выкарыстоўваць у рабоце службаў па надзвычайных сітуацыях (кантроль пажарнай бяспекі), міліцыі (патруляванне зон), прадпрыемстваў сельскай гаспадаркі (назіранне за пасевамі), лясніцтва і рыбалоўства (лесаахова і кантроль рыбнага промыслу), кампаній, якія займаюцца геадэзіяй, інстытутаў геаграфіі і геалогіі і інш. Юлія Плюта, студэнтка БДУІР, распрацоўваючы плату кіравання для свайго квадракоптара, аснасціла яе наборам датчыкаў — акселерометрам, гіграскопам, барометрам, што дазволіць на аснове іх паказчыкаў карэкціраваць алгарытм палёту. Падыдзе гэта для выкарыстання як мультыкоптараў, так і самалётаў, планераў, верталётаў, лодак. Галоўнай асаблівасцю платы Юліі стала функцыя аўтапілота, дзякуючы якой апарат можа самастойна перамяшчацца па зададзеных пунктах без аператара. Гэтыя і іншыя мадэлі беспілотных лятальных апаратаў былі выдзелены ў новую намінацыю — “Нацыянальная бяспека і абараназдольнасць”.

Навіны ў белым халаце

Вельмі перспектыўнымі назвалі эксперты многія распрацоўкі, прадстаўленыя ў намінацыі “Медыцына, фармацыя, медыцынская тэхніка і вытворчасць”. Напрыклад, згаданы вышэй Антон Любахінец прадставіў вынаходніцтва для людзей з парушэннямі зроку, якое дазволіць замяніць ім кій: змешчаны на руцэ прыбор апавяшчае пра перашкоду, якая знаходзіцца перад чалавекам, і адлегласць да яе. Асабліва актуальнымі могуць быць новыя метады лячэння жоўцекамянёвай хваробы, гепатыту С, зажыўлення ран на скуры. Некаторыя ўжо паспяхова прымяняюцца. Напрыклад, інавацыйны метад лячэння тэрмічных апёкаў скуры ў дзяцей шляхам прымянення ўнутрывеннага лазернага апраменьвання крыві, які распрацаваў Аляксандр Глуткін, асістэнт кафедры дзіцячай хірургіі Гродзенскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта, паспяхова прымяняецца ў Гродзенскай дзіцячай клінічнай бальніцы. Як паказала практыка прымянення, гэты спосаб ачышчае кроў ад назапашаных у ёй прадуктаў парушанага працэсу абмену рэчываў — выніку тэрмічнага пашкоджання скуры.
Вялікі рэзананс сярод экспертаў і гасцей выклікала распрацоўка супрацоўнікаў Інстытута генетыкі і цыталогіі НАН Беларусі “Даследаванне генатыпу пацыента для вызначэння паспяховасці лячэння сардэчна-сасудзістай паталогіі прэпаратамі “Варфарын” і “Клопідагрэл”. Сутнасць у тым, што, перш чым назначаць дазіроўку, трэба вывучыць ДНК пацыента. Гэта дазволіць прагназаваць эфектыўнасць тэрапіі названымі прэпаратамі ў пацыентаў, якія перанеслі сардэчна-сасудзістыя захворванні. Гэтая распрацоўка ўвайшла ў лік фіналістаў.
Дзясятку пераможцаў папоўніў і праект супрацоўнікаў Беларускай медыцынскай акадэміі паслядыпломнай адукацыі — анлайн-сэрвіс для прасоўвання і продажу камплекта паслуг у сферы медыцынскага турызму. “Экспарт медыцынскага турызму — перспектыўная галіна развіцця нашай рэспублікі, — гаворыць аўтар праекта Ганна Раманюк. — Гэтая галіна дазваляе падняць прэстыж дзяржавы на сусветным узроўні і з’яўляецца адной з крыніц прыцягнення ў краіну замежнай валюты. Так, у 2014 годзе ўстановамі аховы здароўя Мінска аказана замежным грамадзянам медыцынскіх паслуг на суму, эквівалентную 10 млн долараў.
Калі ў сярэднім 1 турыст прывозіць у краіну 1 тысячу долараў, то 1 медыцынскі турыст — 3—4 тысячы. Але праблема ў тым, што замежныя грамадзяне мала ведаюць аб магчымасцях медыцынскіх устаноў Беларусі, якія, дарэчы, па многіх пазіцыях пераўзышлі сваіх замежных калег. Таму наш партал змяшчае ўсебаковую інфармацыю па ўсіх ключавых экспартаарыентаваных напрамках аказання высокатэхналагічнай медыцынскай дапамогі, якая прадастаўляецца медыцынскімі ўстановамі Рэспублікі Беларусь, актуальную інфармацыю па пытаннях візавай падтрымкі і медыцынскага страхавання. На партале забяспечана магчымасць атрымання паслуг трансферу, браніравання жылля для замежных пацыентаў і асоб, якія іх суправаджаюць, паслуг спецыялізаванага медыцынскага перакладчыка і інш.”.

Ты тое, што ты ясі

У намінацыі “Біятэхналогіі. Хімічная і харчовая прамысловасць” асабліва актыўнымі былі навучэнцы школ і гімназій краіны. Яны прапаноўвалі свае метады ачысткі нафтаўтрымліваючых сцёкавых вод, рэгенерацыі нітратаў серабра ў школьнай лабараторыі. Навучэнкі гімназіі Дзяржынска распрацавалі рэцэпт канцэнтраванага курынага булёну без шкодных дабавак, а навучэнцы сярэдняй школы № 70 Мінска імя Л.Н.Гурцьева наладзілі выраб хлеба з расліннымі дабаўкамі, якія здольны папаўняць недахоп амінакіслот. Студэнтка ГрДУ імя Янкі Купалы Ірына Чарнякова раслінныя кампаненты (кукурузныя лісты, бульбяны крухмал і інш.) выкарыстала для вытворчасці аднаразовага біяраскладальнага посуду, які не шкодны ні для чалавека, ні для прыроды. З гэтай намінацыі ў пераможцы выйшаў праект Аляксея Кляцкова, аспіранта Інстытута фізіка-арганічнай хіміі НАН Беларусі “Карысныя прадукты на аснове 4-хлорызатыязолаў”. За складанай навуковай назвай хаваецца вытворчасць прадуктаў для людзей, хворых на анкалогію.
Вытворчасць карысных прадуктаў, іх захаванне было задачай і ў фіналістаў у намінацыі “Аграпрымысловыя тэхналогіі і вытворчасць. Сельская гаспадарка”. Асабліва цікавымі былі распрацоўкі супрацоўнікаў Нацыянальнай акадэміі навук. Яны зрабілі ўпэўненыя крокі ў арганічным земляробстве, у вытворчасці і пашырэнні асартыменту сухіх сняданняў, араматызацыі алкагольнай прадукцыі — супрацоўнікі Навукова-практычнага цэнтра НАН Беларусі па харчаванні ўпершыню стварылі навуковую базу па выкарыстанні драўніны дуба пры вытворчасці алкагольнай прадукцыі і распрацавалі ўнікальны араматычны спектр напіткаў, што дазволіла стварыць новыя беларускія брэнды. Навучэнка клецкай сярэдняй школы № 1 Вікторыя Васількевіч распрацавала экалагічна чысты антысептычны прэпарат для апрацоўкі фруктаў “Антыгніль”, які дазволіць без усялякай шкоды для здароўя чалавека захоўваць свежымі плады і ягады і не страчваць вітаміны ў іх. У гэтым сектары пераможцамі сталі супрацоўнікі Навукова-практычнага цэнтра НАН Беларусі па земляробстве Алена Далгова і Юрый Шашко з распрацоўкай высокадакладнага метаду ідэнтыфікацыі ўзбуджальнікаў, якія выклікаюць захворванні раслін.

“Делу — время, а потехе — час”

У намінацыі “Інфармацыйна-камунікацыйныя тэхналогіі і авіякасмічныя тэхналогіі” самымі перспектыўнымі аказаліся праект студэнтаў Беларускай дзяржаўнай акадэміі авіяцыі “Віртуальны комплекс для даследавання электраабсталявання перспектыўных лятальных апаратаў” і інтэрактыўны экран-прадавец Мікіты Забалоцкага з БДУ “Люстэрка 3D”. Канкурэнцыю ім паспрабавалі скласці аўтары мабільных гульняў, інтэрнэт-парталаў, сацыяльных сетак і інтэрнэт-праектаў.
Падобны кантэнт прапаноўваўся і ў намінацыі “Мабільныя тэхналогіі”. Але з усіх мабільных гульняў і дадаткаў для дзяцей была аддадзена перавага мабільнаму навучанню. Так, у дзясятку пераможцаў увайшоў мультымедыйны праект “Школьны эксперымент” ад творчай групы Пліскай сярэдняй школы імя В.А.Мікуліча і БДУ. Увазе карыстальнікаў прапаноўваюцца відэазапісы лабараторных работ, цікавых эксперыментаў па фізіцы, займальныя дэманстрацыі — цяпер неабавязкова мець дарагое абсталяванне, каб на свае вочы ўбачыць эксперыменты з ім. Ёсць у аўтараў і мабільная версія для аперацыйнай сістэмы Android. Гэты прадукт ужо выклікаў цікаваць у навучэнцаў іншых школ нашай краіны і замежжа.

Урокі ад шапавалаў і ноткі фолк-транса: модная гісторыя

Самай шматлікай была намінацыя “Сацыяльная сфера”, якая ўвабрала ў сябе ажно 36 праектаў. Частка з іх заклікана вярнуць сучаснікаў у мінулае: гэта і інтэрактыўныя пазнавальныя гульні, прысвечаныя гісторыі асобных гарадоў і Беларусі ўвогуле, стварэнне музея рэтракамп’ютараў (студэнты БДУіР сабралі ўжо сотні экспанатаў), педагог Цэнтра дзяцей і моладзі Віцебскага раёна прадставіла перасовачны “Музейны дыліжанс на колах часу”. Інстытут філасофіі НАН Беларусі прадставіў цыкл кароткаметражных навукова-папулярных відэаролікаў пад агульнай назвай “Пантэон беларускага асветніцтва”, прысвечаных творчай біяграфіі знакамітых і не вядомых шырокай аўдыторыі асветнікаў і мысліцеляў. Самыя творчыя ўдзельнікі фіналу прадставілі свае новыя праекты, але з аўтэнтычнымі ноткамі. Так, Валерыя Юльюшэнка з Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, дыпламантка шматлікіх міжнародных музычных конкурсаў, стыпендыят Прэзідэнцкага фонду па падтрымцы таленавітай моладзі, прадставіла сучасны погляд на беларускія цымбалы. Яна стварае арыгінальныя кампазіцыі, у якіх сінтэзуе класічнае гучанне з такімі сучаснымі музычнымі кірункамі, як электра-поп, рок, транс, джаз і інш. Мікс сучаснасці і аўтэнтыкі прадэманстраваў Дзяніс Наліўка, навучэнец Мінскага дзяржаўнага прафесійна-тэхнічнага каледжа швейнай вытворчасці, падчас паказу калекцыі школьнай формы з элементамі традыцыйнага беларускага арнаменту. Дарэчы, не так даўно Дзяніс завязаў творчыя кантакты з пераможцай мінулага конкурсу “100 ідэй для Беларусі” Веранікай Клюевай. Вынікам іх супрацоўніцтва стала новая калекцыя маладзёжнага адзення, паказ якой стаў сюрпрызам для ўсіх прысутных. Вышываныя матывы на прадукцыі Навукова-тэхналагічнага парка БНТУ “Палітэхнік” ужо вядомы экспертам конкурсу — іх аўтары ў мінулым годзе прапаноўвалі сваю ідэю па стварэнні дызайн-цэнтра вышыўкі Fainy.by і сталі пераможцамі. Для маладых мадэльераў фінал стаў своеасаблівай справаздачай: за гэты год ім удалося ажыццявіць свае ідэі напоўніцу: галаўныя ўборы, футболкі, халаты, верхняе адзенне, сувенірная прадукцыя і нават вясельныя сукенкі, адзенне для нованароджаных і многія іншыя рэчы атрымалі адмысловы выгляд.Аўтэнтычныя ноткі ў свае вырабы шчодра ўнеслі і юныя шапавалы з Дрыбінскага раённага гісторыка- этнаграфічнага музея (Магілёўская вобласць). З 2009 года шапавальства (валянне шапак, валёнкаў, рукавіц) было ўключана ў дзяржаўны спіс нематэрыяльнай гісторыка-культурнай спадчыны Рэспублікі Беларусь, але супрацоўнікі музея мараць, што гэтае майстэрства будзе ўключана ў Спіс сусветнай спадчыны ЮНЕСКА, што дазволіць усяму свету даведацца пра непаўторны нацыянальны промысел Беларусі. Аўтары праекта хочуць, каб беларусы і замежныя госці мелі магчымасць пабыць навучэнцамі “Школы юных шапавалаў”, у якой вопытныя майстры будуць знаёміць іх з шапавальскім рамяством, даваць урокі па вывучэнні ўнікальнай умоўнай мовы шапавалаў “Катрушніцкі лемязень”, паказваць, як ствараюцца валёнкі, і каб усе маглі зрабіць сабе на памяць сувенір у выглядзе міні-валёнкаў ці валянай цацкі. Гэтая ідэя была падтрымана саветам конкурсу адназначна і замкнула дзясятку пераможцаў.

Стартап — ад тэорыі да практыкі

Усе 10 пераможцаў атрымалі гранты (кожны амаль 12 млн рублёў) ад Беларускага інавацыйнага фонду, смартфоны ад кампаніі Huawei і пуцёўкі на Міжнародны маладзёжны конкурс “100 ідэй для СНД”, які пройдзе ў красавіку і на якім маладыя людзі прадставяць свае праекты. Прызы ад партнёраў конкурсу ў выглядзе грашовых сертыфікатаў ад 3 да 30 млн на развіццё ўласнага бізнесу, сертыфікатаў на бясплатнае навучанне ў летняй школе па абароне інтэлектуальнай уласнасці чакалі многіх іншых фіналістаў.
Галоўны прыз конкурсу — узнагароды і сертыфікат у памеры 120 мільёнаў беларускіх рублёў — спецыяльны прыз ад кампаніі “Кока-Кола Беўрыджыз Беларусь” — дастаўся аўтарскаму калектыву праекта “Кавітацыйны вадапенны насадак пажарнага ствала” з Камандна-інжынернага інстытута МНС Рэспублікі Беларусь у складзе Андрэя Камлюка, Хаана Чан Дык і Аляксандра Грачуліна. “Пры тушэнні пажараў найбольш шырока выкарыстоўваюцца ручныя пажарныя ствалы, — тлумачыць Андрэй Камлюк. — Самым распаўсюджаным з іх з’яўляецца ствол СРК-50. Ён прымяняецца для фарміравання распыленага і кампактнага струменя вады і з-за сваіх канструктыўных асаблівасцей не можа выкарыстоўвацца для падачы пены. Для пашырэння магчымасцей гэтага ствала мы прапанавалі выкарыстоўваць кавітацыйны вадапенны насадак, які дазволіць у якасці вогнетушыльнага рэчыва выкарыстоўваць і ваду, і пену. Такая ўніверсальнасць забяспечыць высокую эфектыўнасць пажаратушэння, а таксама паменшыць расход вогнетушыльных рэчываў і як вынік — экалагічны ўрон ад пажаратушэння”.
Як адзначылі эксперты, сёлетнія праекты фіналістаў вельмі добра падрыхтаваныя, прадуманыя, правільна складзеныя бізнес-планы. Відавочна, намаганні ў гэтым кірунку не прайшлі дарма. Так, па словах Алесі Віннік, каардынатара праекта БРСМ “100 ідэй для Беларусі”, у 2015 годзе па краіне прайшло 768 стартап-мерапрыемстваў, 30 семінараў-практыкумаў, 93 трэнінгі фінансавай адукацыі і 28 праграм дыстанцыйнага навучання.
Распрацоўкі фіналістаў мінулых гадоў з поспехам пацвердзілі свой інавацыйны статус і сталі пераможцамі конкурсу інавацыйных праектаў на Міжнародным маладзёжным форуме навукі і інавацый краін БРІКС і ЕАЭС. Гэта Наталля Шчамялёва з праектам “Распрацоўка і стварэнне новых ветэрынарных прэпаратаў з павышанай эфектыўнасцю для тэрапіі паразітарных хвароб сельскагаспадарчых жывёл”, Кірыл Ляўкоў з праектам “ТурбаСфера — энергазберагальная ўстаноўка для ўтылізацыі энергіі залішняга ціску прыроднага газу”, Сяргей Саламевіч з праектам “Біяразыходжвальныя супрацьпухлінныя прэпараты для лакальнай хіміятэрапіі злаякасных пухлін: “Тэмадэкс” і “Праспідэлонг”. З мэтай камерцыялізацыі праектаў моладзі, выяўлення і ўкаранення інавацыйных праектаў і навукова- тэхнічных распрацовак, а таксама стымулявання і падтрымкі адоранай і таленавітай моладзі пры грамадскай арганізацыі “БРСМ” у лістападзе 2015 года быў створаны Савет маладых прадпрымальнікаў. Па словах Алесі Віннік, у найбліжэйшыя некалькі гадоў плануецца стварэнне бізнес-інкубатара, укараненне сістэмы грантаў і эліт-карт для інтэлектуальнай моладзі — пераможцаў Рэспубліканскага маладзёжнага конкурсу “100 ідэй для Беларусі”. Арганізатары спадзяюцца, што яшчэ больш актывізуе моладзь і заахвоціць прапаноўваць свае ідэі і тое, што нядаўна ўпершыню ў Дзяржаўную праграму інавацыйнага развіцця Рэспублікі Беларусь на 2016—2020 гады было ўключана фінансаванне конкурсу “100 ідэй для Беларусі” больш на 2,3 мільярда рублёў.

Святлана НІКІФАРАВА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА
і Яўгенія ПАМЫТКІНА.

Трапілі ў дзясятачку!

У аўторак вырашылася галоўная інтрыга для маладых вынаходнікаў Беларусі. З дзвюх тысяч інавацыйных праектаў і навукова-тэхнічных распрацовак, якія былі пададзены на конкурс “100 ідэй для Беларусі” ў 2014 годзе, у фінал выйшлі сто, а ўжо з іх была выбрана дзясятка лепшых. Традыцыйна арганізатарам конкурсу выступіў Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі.

Эканоміка чакае прарыўных ідэй

Адным з першых маладзёжныя інавацыі і іх патэнцыял ацаніў старшыня Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Міхаіл Мясніковіч.
“Праекты, якія выйшлі ў фінал конкурсу, сталі для мяне адкрыццём, — прызнаўся Міхаіл Уладзіміравіч. — Здавалася б, у пэўных галінах нешта новае ўжо складана прыдумаць, а моладзь знаходзіць удалае рашэнне”. Ён выказаў пажаданне, каб наватары больш актыўна прапаноўвалі свае праекты і ў эканамічнай сферы. “Мы бачым, што традыцыйнай эканоміцы неабходна абнаўленне. Трэба фарміраваць новую вытворчасць, тэхналагічныя ўклады. Не замест старых, а ў дапаўненне да іх. Таму ўсе прапановы, якія тычацца, напрыклад, біятэхналогій, маюць вялікі патэнцыял”.
Вынікі чарговага конкурсу падвёў і Ігар Бузоўскі, намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, які і быў арганізатарам гэтага конкурсу тры гады назад. “Першыя крокі мы рабілі з асцярожнасцю, бо не ведалі, ці будзе конкурс падтрыманы моладдзю, ці будзе цікавы структурам, закліканым займацца навукай, адукацыяй. Але мы не прагадалі. Конкурс з кожным годам прырастае, кожны яго ўдзельнік знаходзіць сваю нішу, прычым часта зусім не тую, якую мы плануем. Мы б хацелі атрымаць ідэі, прарыўныя для краіны, для эканомікі, для сацыяльнай сферы, а часта атрымліваем нешта іншае, але не менш значнае. Мы атрымліваем фарміраванне ў моладзі імкнення да самаўдасканалення, да развіцця. А гэта куды больш важная перамога, чым тыя вузкапрофільныя, у якіх мы і вызначаем пераможцаў”.

У трэндзе — робаты

Кожны аўтар, працуючы над сваім праектам і падаючы заяўку на конкурс, марыў, што менавіта яго работа стане лепшай. Бо перамога — значыць атрыманне гранта на яго рэалізацыю. А гэта ўжо магчымасць пераўтварыць ідэю ў прадукт, перанесці яго з паперы ў жыццё. Так, экспазіцыю выставы-прэзентацыі склалі сто праектаў. Усе яны ў 2014 годзе атрымалі высокую ацэнку абласных і мінскага гарадскога экспертных саветаў конкурсу. Нацыянальны выставачны комплекс “БелЭкспа” быў разбіты на пяць інтэрактыўных пляцовак: прамысловыя тэхналогіі і вытворчасць, медыцына, ахова здароўя і біятэхналогіі, ІТ-праекты і робататэхніка. Менавіта сярод іх і была вызначана топ-дзясятка пераможцаў. Яе мы і прадстаўляем вашай увазе.
З ранку да самага вечара каля экспазіцыі Аб’яднанага інстытута праблем інфарматыкі НАН Беларусі не было дзе яблыку ўпасці. Тут робаты зрабілі сапраўдны фурор. У прыватнасці, яны самастойна шукалі выхад з лабірынта, далі фору прафесійным хакеістам, спрытна забіваючы галы ў вароты, — аўтары праекта зрабілі гульнявое поле для роба-хакея. Ад жадаючых узяць у рукі пульт і паспрабаваць кіраваць танкаробатамі не было адбою. Члены журы падтрымалі аўтараў праекта: Сяргея Герасюту, загадчыка сектара робататэхнікі, Рыгора Пракаповіча, вядучага навуковага супрацоўніка, і Уладзіслава Сычова, навуковага супрацоўніка згаданай установы, якія прапанавалі праводзіць у Беларусі рэгулярныя нацыянальныя спаборніцтвы робатаў па правілах, аналагічных спартыўным. А ў перспектыве, магчыма, будуць і спаборніцтвы міжнароднага ўзроўню.
Неад’емнай часткай праекта гэтай жа ўстановы стала распрацоўка нацыянальнага вучэбна-метадычнага комплексу па тэхналогіях робататэхнікі для вышэйшых і сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў і школ. У яго аснове — робататэхнічны канструктар у празрыстым пластыкавым корпусе, што, па словах аўтара, зробіць празрыстай і відавочнай для навучэнцаў работу саміх механізмаў.
Нягледзячы на тое, што другі пераможца ў гэтай намінацыі Аляксандр Дубавіцкі, навучэнец гімназіі № 29 Мінска, яшчэ школьнік, яго робат нездарма выклікаў у прысутных шматзначную паўзу. Не ўсе адразу згаджаліся верыць, што робату, “прафесійнаму” пыласосу, можна надаць цэлы спектр функцый: спецыяліста службы па надзвычайных сітуацыях, паведамляльніка, картабудаўніка, метэаролага, замяняльніка любой энцыклапедыі ці проста субяседніка. Падрабязна з распрацоўкай Аляксандра мы знаёмілі нашых чытачоў у адным з апошніх нумароў.
Тое, што робататэхніка сёлета ў трэндзе, канчаткова даказаў і Арсеній Коласаў з сярэдняй школы № 34 Гродна — яшчэ ад зін знаёмы нашым чытачам вынаходнік. Яго біяморфны робат ужо заваяваў перамогу на шматлікіх конкурсах, у тым ліку і на абласным этапе конкурсу, а цяпер трапіў і ў дзясятку лепшых праектаў краіны. У яго аснове таксама поліфункцыянал. “На яго прынцыпах можна распрацаваць універсальны транспартны сродак для бытавой, медыцынскай і ваеннай сфер, здольны прыстасоўвацца да любых умоў перамяшчэння. А можна ствараць і больш складаныя мадэлі — экзашкілет, андроід, “разумны” пратэз”, — расказаў Арсеній.

За бяспеку і прыгажосць

У намінацыі “Прамысловыя тэхналогіі і вытворчасць” перамогу атрымалі таксама тры праекты. Так, Павел Максімаў, старшы выкладчык Камандна-інжынернага інстытута МНС Рэспублікі Беларусь, прапанаваў забяспечваць пажарныя аварыйна-выратавальныя падраздзяленні генератарамі пажаратушыльнага аэразолю. Як патлумачыў аўтар, за кошт ахалоджвання пажаратушыльнай сумесі прыстасавання павялічыцца эфектыўнасць тушэння пажараў і бяспекі ратавальнікаў-пажарных. Генератар таксама можа быць выкарыстаны для абароны людзей і матэрыяльных каштоўнасцей ва ўсіх відах транспарту і аб’ектах рознага прызначэння.
Дзмітрый Бусел, навуковы супрацоўнік Інстытута агульнай і неарганічнай хіміі НАН Беларусі, таксама выступае за бяспеку. Ён распрацаваў унікальны матэрыял для стварэння палос для пешаходных пераходаў і прыпынкаў, на якіх немагчыма будзе паслізнуцца ні ў галалёд, ні ў дождж.
Вераніка Клюева, чацвёртакурсніца Мінскага дзяржаўнага прафесійна-тэхнічнага каледжа швейнай вытворчасці, як і належыць дзяўчыне, клапоціцца пра прыгажосць і моду. Яна — суаўтар калекцыі мадэляў адзення “Віленскі шлях”. Пакуль гэта пяць камплектаў жаночага адзення з ільняных тканін натуральных нявыбеленых колераў, аздобленых ручной і машыннай вышыўкай “па сетцы — філейнай” і “мярэжкай” з элементамі і сімваламі Рэчы Паспалітай.

Прэпараты са статусам “не мае аналагаў”

Асабліва амбіцыйнымі распрацоўкі аказаліся ў медыцыне. Так, Дзяніс Адамчык і Сяргей Саламевіч, малодшыя навуковыя супрацоўнікі Навукова-даследчага інстытута фізіка-хімічных праблем УП “Унітэхпрам БДУ”, распрацавалі проціпухлінныя прэпараты для прафілактыкі анказахворванняў “Праспідэлонг” і “Тэмадэкс”, аналагаў якім у свеце няма. Блізкі па дзеянні амерыканскі прэпарат хоць значна саступае па эфектыўнасці, каштуе ў сотні разоў даражэй за распрацоўку нашых суайчыннікаў.
На імпартазамяшчэнне медыкаментаў арыентавалася і Настасся Лапко, аспірант, малодшы навуковы супрацоўнік Інстытута біяарганічнай хіміі НАН Беларусі. У полі яе ўвагі — рэўматоідны артрыт і сістэмная чырвоная ваўчанка. “Замежныя сарбенты на аснове В-дамена пратэіну А каштуюць вельмі дорага, хоць і даказана, што яны выклікаюць шэраг негатыўных пабочных эфектаў, з-за чаго падобныя прэпараты ў Беларусі не выпускаюцца. А стварэнне гэтага гемасарбенту на аснове прынцыпова новага ліганда, які не мае сусветных аналагаў, пераўзыходзіць усе існуючыя прэпараты, істотна выйграючы ў кошце”, — тлумачыць на сваёй, медыцынскай мове ўнікальнасць распрацоўкі Настасся. Акрамя таго, што гэты праект увайшоў у дзясятку лепшых, яго аўтар атрымала яшчэ і грант ад Міжнароднага фонду супрацоўніцтва і партнёрства Чорнага мора і Каспійскага мора ў памеры 10 млн рублёў.
Арыгінальны прэпарат распрацавала і Наталля Шчамялёва, старшы навуковы супрацоўнік Інстытута эксперыментальнай ветэрынарыі імя С.Вышалескага. Гэта комплексны прэпарат для ветэрынарыі, галоўнае ў ім тое, што разам з проціпаразітарным дзеяннем ён валодае яшчэ і імунастымулюючымі і прэбіятычнымі ўласцівасцямі.

Музей віртуальны, тэатр рэальны

У намінацыі “Інфармацыйныя тэхналогіі” перамога дасталася Леаніду Ганчару, навучэнцу сярэдняй школы № 12 Гродна і аўтару праекта “Віртуальны музей тэхнікі часоў Вялікай Айчыннай вайны”. Гэта ўжо гатовы інфармацыйна-адукацыйны прадукт, які трэба будзе толькі папаўняць. Усе мадэлі тэхнікі можна выкарыстоўваць для стварэння анімацыйных фільмаў у 3D-графіцы і фільмаў-рэканструкцый, ілюстрацый пры вывучэнні гісторыі.
Спецыяльнай намінацыі экспертнага савета ўдастоены праект Марыі Воінавай, студэнткі МДЛУ “Тэатр для дзяцей “Разам у казку”. Усе студэнцкія пастаноўкі адаптаваны да разумення і асэнсавання дзецьмі з парушэннямі інтэлекту. Праект дзейнічае ўжо на працягу двух гадоў і з кожным месяцам пашырае сваю “тэатральную” геаграфію: ахоплівае ўсё больш і больш дзіцячых дамоў, прытулкаў і іншых устаноў не толькі ў Мінску, але і ў вобласці.

Поспех забяспечыць граматны бізнес-план

Тое, што многія маладзёжныя ідэі з фінальнай сотні годныя, адзначыў і Павел Гейзлер, член журы, прафесар кафедры эканомікі прамысловых прадпрыемстваў БДЭУ, дырэктар Саюза юрыдычных асоб “Рэспубліканская канфедэрацыя прадпрымальнікаў”. Але ён выказаў сваю заклапочанасць тым, што часта гэтыя ідэі губляюцца з-за абы-як зробленых бізнес-планаў — аднаго з галоўных складнікаў эканамічнай выгады ад праекта.
“Нашай эканоміцы на ўсіх узроўнях не хапае граматнасці, — гаворыць Павел Сяргеевіч. — Надакучыла чуць пра нерэнтабельнасць заводаў, прадпрыемстваў, у якія ўкладваюцца мільярды, пра залежы прадукцыі на іх складах, пра пошукі вінаватых. Я ўпэўнены, вырашэнне гэтай глабальнай для нашай краіны праблемы трэба пачынаць са стартапаў, з бізнес-школ, дзе б слухачы вучыліся ўсё да дробязей прадумваць яшчэ на стадыі ідэі”.
Пра тое, што правядзенне стартап-школ, стартап-уік-эндаў па ўсёй краіне цяпер стане прыярытэтным кірункам БРСМ, заявіла каардынатар Рэспубліканскага маладзёжнага конкурсу “100 ідэй для Беларусі” Алеся Віннік. З гэтай мэтай тэрытарыяльныя камітэты заключылі дагаворы з гарадскім і абласнымі тэхнапаркамі, дзе ёсць арганізацыі, установы і прадпрыемствы, якія рэалізуюць інавацыйны прадукт. Напрыклад, пагадненні аб узаемным супрацоўніцтве па развіцці стартап-руху, уключаючы арганізацыю і правядзенне конкурсаў бізнес- і інавацыйных праектаў сярод студэнтаў, конкурсу “100 ідэй для Беларусі”, заключаны паміж Гродзенскім абласным камітэтам і Гродзенскай абласной установай фінансавай падтрымкі прадпрымальнікаў, Віцебскім абласным камітэтам БРСМ і Магілёўскім гарадскім цэнтрам развіцця малога прадпрымальніцтва. Падключыцца маладзёжнаму саюзу да агульнадзяржаўнай праграмы рэалізацыі стартап-мерапрыемстваў дапамагае і Міністэрства эканомікі Рэспублікі Беларусь. Толькі на бягучы год запланавана 29 такіх вучэбных мерапрыемстваў па ўсёй краіне.

Святлана НІКІФАРАВА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА
і Лізаветы ДАБРЫЦКАЙ.

Была б ідэя — рэалізаваць дапаможам!

Днямі завяршыўся адбор фіналістаў вядомага конкурсу для маладых распрацоўшчыкаў і наватараў “100 ідэй для Беларусі”. Разавая акцыя, арганізаваная БРСМ, ператварылася ў маштабны праект, які прыносіць значную фінансавую карысць усяму грамадству. Дарэчы, сёлета ўпершыню можна атрымаць не толькі гранты на рэалізацыю праектаў, якія сёлета складуць каля 11 мільёнаў кожны з дзясятка лепшых, але і значныя грашовыя бонусы для іх аўтараў. Стаўкі зроблены. Пераможцы вызначацца ў студзені, а пакуль паглядзім, хто ж прэтэндуе на гэтае званне.

Стаўка на эканамічны эфект

Прамысловасць, хімічныя тэхналогіі, энергетыка, радыёэлектроніка, — без новых ідэй не засталася ні адна галіна. Дарэчы, як паказвае практыка, самыя лепшыя з іх ідэямі застаюцца зусім нядоўга. Так, мабільны дадатак “Хімія Х-10”, створаны школьнікам, а цяпер студэнтам БДУ Паўлам Бацылевым, спампавалі на свае гаджэты амаль 70 тысяч чалавек. Калі аналагаў гэтай праграме няма і дагэтуль, то тэхналогія Святланы Ліры па выкарыстанні палімерных дабавак пры ўкладцы асфальтабетону з поспехам замяніла імпартны аналаг і тым самым дазволіла сэканоміць дзяржаве значныя сумы. Праект па стварэнні доследна-прамысловай вытворчасці сілумінаў і кампазітаў на аснове алюмінію Паўла Лушчыка не толькі паспяхова рэалізоўваецца і ўжо патрабуе пашырэння вытворчасці — ён стаў лепшым маладзёжным інавацыйным праектам Саюзнай дзяржавы.
Сёлета таксама прапанаваны ідэі, якія абяцаюць неблагі эканамічны эфект. Некаторыя ўжо працуюць. Так, манаблокі дызеля М756, якія выкарыстоўваюцца ў прамысловых цеплавозах і прыгарадных дызелях і ў Беларусі, і ў іншых краінах СНД, часта выходзяць са строю, але з-за нерамонтаздольнасці манаблокі проста замяняюцца на новыя, прычым толькі імпартныя. Інавацыйны спосаб іх аднаўлення Аляксандра Зянкевіча, маладога работніка чыгункі, ужо апрабаваны на спецыяльным участку дэпо Ліды і за год дазволіў дзяржаве сэканоміць амаль паўтара мільярда беларускіх рублёў.
Альтэрнатыву замежным матэрыялам знайшоў і Віктар Кудла, асістэнт кафедры аператыўнай хірургіі і тапаграфічнай анатоміі Гродзенскага медыцынскага ўніверсітэта. Сярод лідараў у рэгіёне аказаўся і яго праект па выкарыстанні беларускага фтарапласту для лячэння ран парэнхіматозных органаў.
Прыемна ўразіў экспертаў і дзесяцікласнік гродзенскай школы № 34 Арсень Коласаў, які стварыў прататып біяморфнага робата, што паўтарае лакаматорныя рухі жывых арганізмаў, тэхнічна паўтарыў вынайдзеныя самой прыродай спосабы рухацца. “Чалавек для перамяшчэння прыдумаў кола, але гэта штучны спосаб, — тлумачыць Арсень. — Жывёлы ў прыродзе перамяшчаюцца з дапамогай крылаў, ног, плаўнікоў, і таму для іх практычна няма непраходных месцаў. Я хацеў стварыць робата, які паўтарае рухі каня, які хутка бегае, горнага казла, які лоўка карабкаецца, гепарда, які далёка скача, вадамера, які ўмее слізгаць па вадзе, — у залежнасці ад праграмы перамяшчэння”.
У перспектыве хлопец збіраецца стварыць такога робата ў большым маштабе, а потым — з выкарыстаннем прамысловых тэхналогій і з адпаведных матэрыялаў. Такі робат, на думку вынаходцы, можа быць незаменным у медыцыне, для патрэб праваахоўных і сілавых структур, Міністэрства па надзвычайных сітуацыях. Універсальны робат-памочнік можа быць разведчыкам, сапёрам, ахоўнікам, патрульным, ратавальнікам, ён здольны свабодна пранікаць унутр памяшкання, падымацца па лесвіцах, удзельнічаць у эвакуацыі.
Цікавы праект прадставілі выхаванцы Гродзенскага абласнога цэнтра тэхнічнай творчасці — віртуальны музей тэхнікі часоў Вялікай Айчыннай вайны. Ён уяўляе сабой рэсурс, у якім будуць дзве экспазіцыі — віртуальныя 3D-мадэлі — копіі ваеннай тэхнікі розных мадыфікацый і стралковая зброя. Тут можна будзе пачытаць тактыка- ці лётна-тэхнічную характарыстыку, гістарычную даведку, паглядзець відэаматэрыялы. Ёсць у музеі і інтэрактыўныя карты галоўных ваенных аперацый. Гульнявы модуль дазваляе карыстальніку прыняць удзел у рэальных падзеях восені 1942 года. У перспектыве аўтары праекта плануюць пашырыць і разнастаіць экспазіцыі і распрацаваць некалькі сцэнарыяў рэальных баёў. Будзе папаўняцца музей і інтэрактыўнымі ілюстрацыямі, анімацыйнымі фільмамі і фільмамі-рэканструкцыямі. Усё гэта дазволіць школьнікам бліжэй пазнаёміцца з падзеямі ваеннай гісторыі, што, на думку аўтараў, можна будзе выкарыстоўваць на тэматычных школьных уроках і пазакласных мерапрыемствах. Для завяршэння праекта неабходна больш дасканалая камп’ютарная тэхніка, дадатковая мультымедыялабараторыя, якая запланавана пры Цэнтры тэхнічнай творчасці. Таму, безумоўна, гэтую справу паскораць 50 мільёнаў рублёў, якія аўтары праекта атрымалі ад мэра горада падчас абласной выставы.

Шукаем сляды барока

Разнастайныя і карысныя праекты прадставілі жыхары Віцебшчыны. Так, сваю дапамогу ў стварэнні безбар’ернага асяроддзя прапанаваў студэнт Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта Барыс Канавальчук. Распрацаваныя ім вертыкальныя пандус-платформы без сумнення прыйшліся б даспадобы людзям, якія маюць парушэнні апорна-рухальнага апарату, яны б змаглі замяніць існуючыя сёння пандусы ці даць магчымасць зайсці ў тыя будынкі, дзе пандусаў увогуле няма.
У фінал трапілі адразу два вынаходствы навучэнцаў сярэдняй школы № 1 Дуброўна. Адзінаццацікласнік Максім Кісялёў у альтэрнатыўную крыніцу энергіі пераўтварыў звычайныя дзверы, а дакладней механізм, які дазваляе ім адчыняцца і зачыняцца. Навучэнец 9 класа Яўген Богінаў распрацаваў датчык, які дапамагае вызначыць месца ўцечкі патокаў паветра. Аказваецца, нават папулярныя сёння вокны з ПВХ не панацэя ад уцечкі цяпла, і пры няправільным рэгуляванні падчас устаноўкі яны могуць прылягаць няшчыльна. Каб высветліць гэта, дастаткова правесці прыборам па перыметры: калі ваша жытло дзеліцца сваім цяплом з вуліцай, загараецца чырвоны святлодыёд. Дарэчы, прастату і эфектыўнасць ужо ацанілі віцебскія інжынеры-энергетыкі падчас прэзентацыі на выставе ў Віцебску, дзе і правялі тэст-драйв.
Студэнтка Віцебскага тэхналагічнага ўніверсітэта прыгажуня Ганна Мядзелец не толькі на сцэне падчас конкурсу “Міс Беларусь” паказала сваю добразычлівасць і дружалюбнасць. У жыцці дзяўчына таксама цэніць сяброўства, ёй цяжка ўявіць сябе без сяброў. Да таго ж яна вырашыла дапамагчы ветэранам Вялікай Айчыннай вайны пабудаваць анлайн-масты паміж імі і іх франтавымі сябрамі, сустракацца з якімі многім складана. Для гэтага яна выкарыстала сучасныя гаджэты.
Наталля Дзмітрыеўна Мядзведзева выкладае права ў Віцебскім дзяржаўным прафесійным ліцэі імя М.П.Шмырова, але па першай адукацыі яна менеджар па турызме і таму ў ліцэі стала кіраўніком аб’яднання па інтарэсах “Музейная справа”. Журы высока ацаніла распрацаваную яго выхаванцамі экскурсію “Застылая музыка барока”. Гэты маршрут дазволіць патэнцыяльным турыстам акунуцца ў гісторыю мастацка-культурнай спадчыны Віцебска і адчуць асалоду ад уік-энду ў Віцебску. “Нашы выхаванцы не толькі вучацца ствараць такія турыстычныя маршруты, самі атрымліваюць асалоду ад вандровак, але, атрымаўшы сертыфікаты экскурсаводаў, зарабляюць на правядзенні ў вольны ад заняткаў час экскурсій. А часам у дзяцей распрацаваныя экскурсійныя маршруты выкупляюць турыстычныя фірмы”, — адзначае Наталля Дзмітрыеўна.

Ад цукровага дыябету выратуе тапінамбур?

Па задумцы Вольгі Масольд, інжынера аддзела жыллёвай камунальнай гаспадаркі, аўтара праекта “Падарожжы Маграяшы”, пашыраць кругляд, знаёміцца з помнікамі архітэктуры, гісторыі, прыроды і культуры, вядомымі падзеямі і асобамі Беларусі можна і падчас звыклых штодзённых маршрутаў. Праекты-эскізы на тэматычнае афармленне прыпынкаў будуць прадстаўлены ў фінале.
Трапіў у лік лепшых ідэй Магілёўшчыны і праект студэнтаў 2 курса Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі. Яны прапаноўваюць пабудаваць завод па перапрацоўцы тапінамбуру, нават прадставілі яго макет. “Сыравінай для завода стане высокаўраджайная і непатрабавальная культура, якая ўтрымлівае ў сабе вялікія канцэнтрацыі такіх карысных рэчываў, як пекцін і інулін. Яны замаруджваюць развіццё цукровага дыябету, паляпшаюць страваванне, ачышчаюць арганізм ад шлакаў і таксінаў — карысць іх можна пералічваць доўга, — гаворыць адзін з аўтараў Валянцін Аланазараў, студэнт БСГА. — Тэхналогія перапрацоўкі комплексная, на ўсіх этапах вылучаюцца карысныя рэчывы, а з іх адходаў вырабляюць пратэінавыя зялёныя канцэнтраты, якія з поспехам можна выкарыстоўваць для харчавання жывёлы”.
Школьніца Карына Шведава і супрацоўніца Ленінскага раённага камітэта БРСМ Дар’я Лазоўская прадставілі электронную гульню “Сакрэты беларускай мовы”. З яе дапамогай карыстальнікі змогуць з лёгкасцю навучыцца правільна пісаць па-беларуску, засвояць правілы і асаблівасці правапісу. Навучэнец Глускай гімназіі Канстанцін Костка (кіраўнік — настаўнік працоўнага навучання Міхаіл Уладзіміравіч Шарамет) прапанаваў увазе дзеючыя эксперыментальныя мадэлі гідраэлектрастанцыі для атрымання электрычнай энергіі за кошт цячэння вады ў рацэ без пабудовы плаціны. Цікавую прыладу — перфапамочнік — распрацавала Ангеліна Бузурная, навучэнка Ленінскага дзіцячага сада — сярэдняй школы Бабруйскага раёна.

Цяпло забяспечаць рапсавыя палі

Прэзентацыя інавацыйных распрацовак Гомельшчыны таксама ўвабрала ў сябе цікавыя і неардынарныя прапановы маладых наватараў. Гэта і праекты, накіраваныя на развіццё інтэрнэт-тэхналогій, сельскай гаспадаркі і валанцёрскай дзейнасці, паляпшэнне рэстараннага сэрвісу, экалагічна-бяспечнай вытворчасці і шмат іншых ідэй.
Напрыклад, маладыя спецыялісты адкрытага акцыянернага таварыства “Брагін-аграсэрвіс”, якое спецыялізуецца на вытворчасці алею з рапсавага семя, сумесна са студэнтамі Гомельскага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта імя П.В.Сухога прапанавалі ідэю пераўтварэння адходаў у даходы. З рапсавай макухі, якая застаецца пасля вытворчасці алею, з дабаўленнем саломы можна атрымліваць энергаэфектыўныя і адначасова бяспечныя паліўныя прадукты. Студэнты Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта транспарту прадставілі прапановы па выкарыстанні экзашкілетаў, накіраваных на павелічэнне сілы чалавека, якія можна прымяняць у фізічнай працы і медыцынскай галіне.
Удзел у фінале Галіне Ласаевай, галоўнаму спецыялісту Навабеліцкай раённай арганізацыі БРСМ, забяспечыў яе сацыяльны праект “E-People — электронныя паслугі ўсім без выключэння”. Праект накіраваны на тое, каб дапамагчы насельніцтву разабрацца з магчымасцямі атрымання электронных дзяржаўных паслуг і практыкай іх выкарыстання. “Гэты рэсурс будзе асабліва карысны для людзей старэйшага пакалення, якія, з аднаго боку, з’яўляюцца самымі актыўнымі карыстальнікамі дзяржаўных паслуг, а з другога — ім цяжэй за ўсё даюцца новыя метады работы, — гаворыць Галіна Вячаславаўна. — У рамках праекта плануюцца бясплатныя семінары на базе дзяржаўных устаноў і арганізацый, праводзіць якія будуць дапамагаць “інфармацыйныя валанцёры”. Акрамя таго, будзе створаны дадатковы сайт, дзе будзе змяшчацца інфармацыя пра час і месца правядзення чарговага семінара. Для тых, хто авалодае практычнымі навыкамі атрымання электроннай дзяржаўнай паслугі, на сайце будуць размешчаны спасылкі на web-сайты органаў дзяржаўнай улады, мабільныя плацежныя сістэмы, адзіны партал электронных паслуг”.

Была школа звычайная, стане зберагальная

Пераўтварэнне энергіі ветру ў электрычнасць, энергазберажэнне, бія- і нанатэхналогіі — у самых розных сферах прадставіла свае праекты моладзь Мінска і Міншчыны. Адным з новаўвядзенняў мінскага этапу конкурсу стала адкрытая прэзентацыйная пляцоўка ўдзельнікаў і публічны фармат пасяджэнняў экспертнага савета. Падчас абароны праектаў былі арганізаваны майстар-класы прафесійнай і аматарскай накіраванасці. Падчас выставы праводзілася галасаванне сярод наведвальнікаў.
Аспіранты навукова-даследчага інстытута фізіка-хімічных праблем БДУ прадставяць і ў фінале сваю распрацоўку — аналагі замежных супрацьпухлінных прэпаратаў для лакальнай хіміятэрапіі злаякасных новаўтварэнняў тэмадэкс і праспідэлонг. Як адзначаюць аўтары, бліжэйшы аналаг па эфектыўнасці каштуе каля 18 тысяч долараў за ўпакоўку. Кошт жа распрацаваных айчынных прэпаратаў складзе каля 300 долараў, што ў 60 разоў ніжэй за замежныя.
Супрацоўнікі замежнага таварыства “Рэкардз менеджмент” не любяць траціць час, стоячы ў чэргах. У якасці вырашэння гэтай праблемы яны прапанавалі сайт Ocheredi.by, дзе будуць размяшчацца ўсе сацыяльна значныя аб’екты Беларусі. Яго перавагі ў тым, што любы жадаючы зможа не толькі скарыстацца паслугамі ў адным напрамку (напрыклад, талон да ўрача), але і стаць у электронную чаргу ў розных напрамках, пачынаючы ад абанемента ў басейн і заканчваючы пастаноўкай у яе дзіцяці для атрымання месца ў дзіцячым садку. Усе паслугі будуць праходзіць з мінімальным электронным плацяжом, сродкі з якога будуць перанакіроўвацца на дабрачыннасць і на стварэнне новых праектаў на аснове сайта.
У фінале за гранты будзе весці барацьбу і выпускнік Пліскай сярэдняй школы Іван Клячкоўскі, аўтар праекта “Памочнік турыста”. Гэта вынаходства для тых, хто збіраецца ў падарожжа, але не ведае англійскай мовы. Яно ўвабрала ў сябе карысныя парады і самыя распаўсюджаныя англійскія фразы. Цяпер юнак працуе над функцыяналам і дапаможнікам, дзякуючы якому можна будзе не толькі праслухаць патрэбную фразу, але і пачаць вывучэнне англійскай, а ў перспектыве і нямецкай мовы.
Перспектыўную мадэль мадэрнізацыі тыпавога будынка школы 70-х гадоў мінулага стагоддзя і пераўтварэнне яе ў школу ўстойлівага развіцця прапанавалі навучэнцы Уздзенскай сярэдняй школы № 2 імя Кандрата Крапівы Глеб Гоцман і Андрэй Малькевіч. Яны распрацавалі праект і макет энергаэфектыўнай школы з выкарыстаннем энергазберагальных тэхналогій, у тым ліку і тых, якія выкарыстоўваюць у якасці альтэрнатывы традыцыйным энерганосьбітам другасную сыравіну і аднаўленчыя віды прыродных рэсурсаў.
Сур’ёзная заяўка на поспех у Аляксандра Хацкевіча, маладога спецыяліста ААТ “БелАЗ”. Ён сканструяваў падвеску для транспартных сродкаў вялікай грузапад’ёмнасці. Гэта дасць дадатковую ўстойлівасць грузавікам падчас пад’ёму вялікіх грузаў.

Замест катара і каманды спецыялістаў — маленькі робат

Праекты моладзі Брэстчыны мелі пераважна сацыяльны напрамак. Так, Вольга Мельнічук, студэнтка БрДТУ, прадставіла праект будынка дзіцячага рэабілітацыйнага анкалагічнага цэнтра. Яго асаблівасць у самой планіроўцы, якая дазволіць выхаванцам цэнтра адчуць сябе як дома. Навучэнец сярэдняй школы № 7 Брэста Іван Федарук стварыў універсальны індыкатар напружання, электрамагнітнага поля і інфрачырвонага выпраменьвання. Па словах хлопца, прылада можа знайсці простыя няспраўнасці ў электраправодцы, праверыць спраўнасць радыёэлементаў і прылад і шмат чаго яшчэ. Навізна вынаходства ў тым, што пры нізкім напружанні (1,2 В) яно выконвае ажно 12 функцый, якія адсутнічаюць у мультыметрах і ў большасці прамысловых індыкатараў.
У краіне наладжаны збор батарэек, але прадпрыемства па іх перапрацоўцы пакуль яшчэ няма. Свае ідэі на гэты конт прапанавалі брэстаўчане. Праект зацікавіў не толькі мясцовых кіраўнікоў — ужо падпісаны дагавор па яго рэалізацыі з польскімі інвестарамі. Станіслаў Філіманюк, аўтар ідэі, зазначыў, што складзіраванне батарэек уяўляе вялікую небяспеку для экалогіі. Акрамя таго, рэалізацыя гэтага праекта дазволіць здабываць элемент літый на тэрыторыі нашай краіны. Па-першае, ён вельмі дарагі, па-другое — незаменны ў медыцыне, многіх галінах прамысловасці.
Свае перспектыўныя ідэі прадстаўнікі лабараторыі робататэхнікі Брэсцкага тэхнічнага ўніверсітэта прапануюць ужо не ўпершыню. Цяпер на суд журы яны прадставілі сапраўднае міні-судна, якое можа рухацца аўтаномна з прымяненнем GPS. Яно прызначана для збору даных пра вадаём з прывязкай да карты. Таксама яго можна выкарыстоўваць для забору проб вады, вымярэння глыбіні вадаёма, тэмпературы вады, салёнасці і іншай інфармацыі, якая неабходна для ацэнкі экалагічнага стану вадаёма, прагназавання і маніторынгу паводак. Як патлумачыў Антон Канашук, студэнт БрДТУ, раней для гэтага трэба было наймаць катар і каманду спецыялістаў, а цяпер гэтую работу можа замяніць маленькі робат.

Сістэма стартапаў многім дапаможа рэалізавацца

“Важна, каб наш праект не быў абмежаваны канкрэтнымі мэтамі, задачамі, іх вырашэннем, а стаў пастаянна дзеючым, — падкрэсліла Алеся Віннік, каардынатар конкурсу. — Таму ў гэтым годзе мы вырашылі зрабіць яго міжведамасным конкурсам, які стаў кансалідуючым звяном на ўзроўні краіны. У гэтым годзе распрацавана дакладная сістэма грантаў. Акрамя таго, у цесным супрацоўніцтве з Міністэрствам эканомікі мы плануем выпрацаваць сістэму стартапаў. Аўтарам ідэй для іх рэалізацыі неабходна ведаць, як правільна пісаць праекты, складаць бізнес-планы, арыентавацца на рынку працы і разумець, куды рухацца далей у сучаснай эканамічнай сітуацыі. Усяму гэтаму яны будуць вучыцца на семінарах і трэнінгах. Акрамя таго, з мэтай падтрымкі і навучання крэатыўнай моладзі БРСМ мы наладзілі супрацоўніцтва з расійскім фондам “Сколкава”, прапрацоўваецца магчымасць удзелу пераможцаў конкурсу ў летнім лагеры расійскага Адкрытага ўніверсітэта Сколкава”.
Наступны 2015 год — гэта год маладзёжных ініцыятыў. І сёння кожны можа быць упэўнены, што іх не толькі выкажуць і пачуюць, але і падтрымаюць.

Святлана НІКІФАРАВА.

Наватары Міншчыны: робім стаўку на экапраекты

Атрымаць магчымасць вучыцца ў школе будучага, усёй сям’ёй адпачыць у вяровачным парку або правесці выхадныя на зялёных маршрутах — гэтыя і іншыя прапановы выказалі самыя ініцыятыўныя маладыя людзі падчас падвядзення вынікаў Мінскага абласнога этапу конкурсу “100 ідэй для Беларусі ў Нацыянальным дзіцячым адукацыйна-аздараўленчым цэнтры “Зубраня”. З 70 праектаў, якія разглядаліся на працягу бягучага года, былі выбраны 9 лепшых.

І вучыцца, трэніравацца, і прыродай любавацца

Пакуль усе гэтыя прапановы існуюць толькі на паперы, але іх аўтары і арганізатары конкурсу спадзяюцца, што хутка яны будуць рэалізаваны. Так, Андрэй Малькевіч, дзесяцікласнік з уздзенскай сярэдняй школы № 2 імя К.Крапівы, марыць калі не сам павучыцца, то хаця б праз некалькі гадоў прывесці свайго малодшага брата ў тую эрганамічную школу, макет якой ён прадставіў на конкурс. Тут і адмысловая кацельня, і сонечныя батарэі, і калектар, які будзе збіраць дажджавую ваду, — юнак прадумаў і пралічыў усё да дробязей. Марамі пабудаваць такую школу жыве і ўвесь калектыў установы, якая з’яўляецца рэсурсным цэнтрам Мінскай вобласці па пытаннях энергазберажэння. Тут ужо сем гадоў вядзецца сістэмная мэтанакіраваная работа з педагогамі, навучэнцамі і бацькамі па фарміраванні культуры энерга- і рэсурсазберажэння. Але, па іх меркаванні, рабіць гэта было б больш эфектыўна, маючы такую эрганамічную платформу.
Барысаўскі раён прэзентаваў адразу два праекты, аўтарам якіх выступіла Ірына Пракурат, маркетолаг Барысаўскага мясакамбіната, актывістка пярвічкі БРСМ. Яна заклапочана недахопам месцаў для актыўнага сямейнага адпачынку ў невялікіх гарадах і раённых цэнтрах, што, канечне, абумоўлена іх высокім коштам. Ірына прапанавала альтэрнатыву дарагім гарналыжным комплексам, маштабным спартыўным аб’ектам і паркам з атракцыёнамі — вяровачны парк “Кенгуру-парк”. Сама па сабе ідэя не новая. Напрыклад, у Еўропе такі парк за апошнія гады заваяваў безліч прыхільнікаў. Толькі ў Швейцарыі дзейнічае 46 вяровачных паркаў.
“Кенгуру-парк” — гэта комплекс вяровачных перапраў для дзяцей і дарослых, размешчаных на вышыні ад 1 да 20 метраў. Лепш, калі ён будзе размяшчацца ў лясным масіве, што дасць магчымасць наведвальнікам любавацца прыродай і дыхаць свежым паветрам. Па праекце ён павінен мець не менш як тры маршруты (два для дарослых, адзін для дзяцей), разлічаныя на розны ўзровень падрыхтоўкі — ад простых да па-сапраўднаму экстрэмальных перапраў. У сярэднім на іх праходжанне спатрэбіцца каля гадзіны. Найвышэй ацэняць такі парк людзі, якія шукаюць новыя эмоцыі і экстрэмальныя адчуванні.
Усё прадумана і па тэхніцы бяспекі: будуць працаваць вопытныя інструктары, выкарыстоўвацца адпаведны рыштунак, альпінісцкая страхоўка з тросамі і карабінамі, злучаная з лініяй бяспекі парку і якую госць не зможа выпадкова адшпіліць.
Безумоўна, такі лабірынт прыгод упрыгожыў бы любы горад, а магчыма, мог бы стаць і яго візітоўкай. А яшчэ, па меркаванні Ірыны, надаць гораду непаўторнасць могуць… сметніцы. Канечне, для гэтага яны павінны стаць сапраўднымі творамі мастацтва. Цэлую калекцыю такіх незвычайных сметніц прадставіла на суд журы суаўтар праекта Віялета Краўцова, якая выконвае абавязкі першага сакратара Барысаўскай раённай грамадскай арганізацыі БРСМ. Сёлета споўнілася 130 гадоў з часу з’яўлення першай сметніцы. — Як усё вытанчанае, яна з’явілася ў Парыжы па загадзе прэфекта Эжэна Рэнэ Пубеля. Першыя сметніцы ўяўлялі сабой бляшаныя бітоны з-пад алею ці віна або драўляныя, абабітыя бляхай, скрыні. За столькі гадоў яны амаль не змяніліся і звычайна ўяўляюць усё тыя ж бляшаныя скрыні, якія часта не выконваюць і свайго прамога прызначэння. Як паказала даследаванне аўтараў, у палове выпадкаў смецце з’яўляецца на вуліцах толькі таму, што сметніцы непрыкметныя і здалёк іх не відаць. Выправіць сітуацыю дапамогуць і дызайнерская дапрацоўка ўжо ўстаноўленых урн, напрыклад, упрыгожванне іх вінілавымі наклейкамі, што патрабуе мінімум выдаткаў, яркім графіці, а таксама размяшчэнне на вуліцах і плошчах тэматычных урн ці аўтарскіх арт-аб’ектаў.
Каб вакол было прыгожа, заклапочаны і навучэнцы Песачанскай сярэдняй школы імя С.А.Умрэйкі (Капыльскі раён). Іх праект “Укараненне мадэлі ландшафтнага добраўпарадкавання і азелянення тэрыторыі ва ўмовах аграгарадка “Мая маляўнічая Радзіма” — гэта спроба стварыць ідэальную мадэль маленькага свету кветак. Для гэтага навучэнцы 5—11 класаў ператварыліся ў каманду ландшафтных дызайнераў, заняткі ў якіх праходзяць толькі адну гадзіну на тыдзень на ўроках працоўнага навучання. За год яны не толькі тэарэтычна асвоілі гэтую справу, але і рэалізавалі свае творчыя ідэі: міні-праекты “Шчаслівае дзяцінства” на прышкольнай тэрыторыі і “Традыцыі ўчора і сёння” пры Цэнтры культуры. З верасня ландшафтным мальбертам для іх творчых задум будуць тэрыторыі дзіцячага садка і ўчастковай амбулаторыі. Тут плануецца рэалізаваць міні-праекты “Свет казак” і “Фітатэрапія”. У 2015/2016 навучальным годзе запланаваны праект “Гэты дзівосны свет”, які павінен кардынальна змяніць тэрыторыю каля будынкаў адміністрацыі саўгаса, паштовага аддзялення сувязі і магазіна, а таксама зону адпачынку ў лясным масіве каля ракі Нёман. Акрамя таго, гэты праект стаў штуршком для некалькіх старшакласнікаў атрымаць прафесійную падрыхтоўку ў сферы ландшафтнага праектавання і азелянення.

Вандроўка па валожынскіх гасцінцах

Праекты навучэнцаў гімназіі № 1 Валожына, якіх у абласны фінал трапіла адразу два, распрацаваны для турыстаў. Госці з Валожыншчыны ўпэўнены, што іх край мае ўсе шансы стаць адным з турыстычных цэнтраў Рэспублікі Беларусь, бо яго неверагоднае прыроднае багацце і сканцэнтраванасць на яго прасторах славутасцей архітэктуры здольна зацікавіць нават самых патрабавальных турыстаў. Так, адзінаццацікласніцы Дар’я Бразоўская і Наталья Грыко распрацавалі інфармацыйна-даведачную геаінфармацыйную сістэму Валожына.
“У наш час ні адзін з буйных гарадоў Беларусі не абыходзіцца без цэнтралізаванай сістэмы захавання, абнаўлення і прадастаўлення карыстальнікам інфармацыйна-даведачных даных, — гаворыць Наталля. — Для Валожына і ўсяго Валожынскага раёна першым крокам на гэтым шляху можа стаць стварэнне адзінага турыстычнага інфармацыйнага рэсурсу, які мог бы прадставіць карыстальнікам поўную інфармацыю пра месцы адпачынку, турыстычныя маршруты. Дарэчы, у іх лік увайшлі гісторыка-культурны маршрут “Валожын гістарычны” і гісторыка-патрыятычны — “Іх памятае свет выратаваны”, якія склалі навучэнцы нашай гімназіі”.
Яшчэ адзін праект па распрацоўцы турыстычных маршрутаў прадставіла настаўніца геаграфіі і метадыст гэтай жа гімназіі Святлана Вітольдаўна Федарака: “Мы з навучэнцамі правялі сацапытанне і высветлілі, колькі часу ў сучасных сем’ях адводзіцца на зносіны бацькоў з дзецьмі. Не проста што атрымаў у школе, пакажы дзённік, зрабі ўрокі, паеш і дабранач, а менавіта зносіны: размовы пра кнігі, жыццё, планы на будучыню. І вынікі былі катастрафічныя: у многіх сем’ях размовы такога кшталту імкнуцца да нуля. Гэта стала штуршком для распрацоўкі нашых сямейных маршрутаў выхаднога дня”.
На сённяшні дзень іх распрацавана тры: пешыя двухдзённыя “Партызанскія сцежкі Налібоцкай пушчы” і “Лужанскія казкі” і байдарачны “Таямніцы Бярэзінскіх лукавін”. Ёсць задума ўключыць і конныя экскурсіі, але пакуль з гэтым яшчэ ёсць пэўныя цяжкасці. Першы маршрут, які складае 56 кіламетраў (больш як палова — пешшу), пазнаёміць турыстаў з партызанскім рухам на тэрыторыі Валожыншчыны ў перыяд Вялікай Айчыннай вайны і парадуе дзівоснай прыроднай разнастайнасцю ландшафтных заказнікаў “Налібоцкі” і “Скразная даліна ракі Заходняя Бярэзіна”, гідралагічнага заказніка “Чырвоны Бор” і іншых вартых увагі месцаў. Маршрут “Лужанскія казкі” складае 49 кіламетраў. Свежае паветра, пешыя прагулкі з прыпынкамі ў дзівосных месцах, прыемныя воку пейзажы, чароўныя легенды, помнікі архітэктуры, мноства цэркваў і касцёлаў, магчымасць паназіраць за прыродай, зрабіць унікальную відэа- і фотаздымку нікога не пакінуць раўнадушным. Усё гэта найлепш спрыяе зносінам бацькоў і дзяцей. Акрамя таго, турыстам не трэба турбавацца пра палаткі, спальнікі, спортінвентар, абсталяванне для прыгатавання ежы — усё гэта будзе чакаць іх на спецыяльна абсталяваных пляцоўках. Байдарачны маршрут “Таямніцы Бярэзінскіх лукавін” праходзіць па Заходняй Бярэзіне і мае працягласць 35 кіламетраў. Тыя, хто яго выбера, наведае ландшафтны заказнік “Скразная даліна ракі Заходняя Бярэзіна”, геамарфалагічны помнік прыроды Сіняя гара, некалькі цэркваў і касцёлаў ХІХ стагоддзя і шэраг іншых славутасцей раёна.
Распрацаваўшы зялёныя маршруты, навучэнцы зразумелі, што яны самі па тэхніцы бяспекі не могуць праводзіць турыстычныя паходы. Але знайшлі выйсце: пракансультаваўшыся ў спецыялістаў аддзела адукацыі, спорту і турызму Валожынскага райвыканкама, яны вырашылі ўключыць свае маршруты ў іх дзейнасць. Праўда, для маштабнага выкарыстання зялёныя маршруты павінны мець фінансавае абгрунтаванне. Тады старшакласнікі распрацавалі каштарысы для кожнага маршруту, куды ўключылі затраты на харчаванне і праезд турыстаў, арэнду і падвоз абсталявання, паслугі прафесійных інструктараў, адлічэнні ў фонд сацабароны насельніцтва і Белдзяржстрах, а таксама заклалі 20-працэнтны ўзровень рэнтабельнасці. У гэтай рабоце ім дапамог факультатыўны курс “Асновы эканомікі і прадпрымальніцкай дзейнасці”, які ў гімназіі выкладае С.В.Федарака. Акрамя таго, навучэнцы выдалі турыстычныя карты і буклеты, зрабілі турыстычныя анатацыі. Цяпер жадаючых правесці выхадныя на прыродзе ўсёй сям’ёй хоць адбаўляй, тым больш, што кошт за гэтыя паслугі невысокі — ад 199 да 307 тысяч рублёў у залежнасці ад маршруту.

Умець зарабляць і эканоміць

Безумоўна, эканамічная дасведчанасць — адна з галоўных рыс адукаванага чалавека. І таму, як трэба зарабляць грошы, прысвяціў свой праект юрысконсульт Дзяніс Гумянюк з Чэрвеньскага раёна. Ён прапанаваў стварыць на базе свайго раёна “Біржу дзелавых ініцыятыў”, якая дазволіць развіваць маладзёжнае прадпрымальніцтва. Акцэнт аўтар робіць на тым, каб прадаставіць усю інфармацыю пра вольныя вакансіі на месцах, што ў сваю чаргу пойдзе на карысць і раёну, і работніку, які не будзе адпраўляцца на заработкі ў буйныя гарады.
Студэнт Беларускага інстытута правазнаўства Віталь Карлюкевіч прадставіў сваё бачанне вырашэння яшчэ адной актуальнай праблемы для моладзі — будаўніцтва жылля. Галоўная ідэя яго “Маладзёжнага метра” ў тым, што ў будаўніцтве сваіх кватэр будуць прымаць удзел самі жыльцы, што значна знізіць кошт.

Інавацыі па-зубраняцку

Трэба адзначыць, што месцам сустрэчы НДЦ “Зубраня” быў выбраны невыпадкова: на гэтай змене тут сабраліся самыя актыўныя ўдзельнікі руху. А вядома, што поруч з аднадумцамі і вернымі паплечнікамі куды прасцей ажыццявіць тыя ідэі, якія яшчэ ўчора здаваліся малаверагоднымі.
Як адзначыла дырэктар цэнтра Надзея Генадзьеўна Ануфрыева, гэта далёка не першая сустрэча з лідарамі БРСМ, якія з’яўляюцца пастаяннымі ўдзельнікамі лідарскіх змен. Калі дзеці аб’яднаны адной справай, адной ідэяй, размаўляюць на адной мове, то і стымулююць адно аднаго. Акрамя таго, з імі працуюць зацікаўленыя ў наватарскай справе педагогі. Гэты творчы мікс часта дапаўняюць сустрэчы, заняткі з вядомымі ў навуцы людзьмі — супрацоўнікамі і выкладчыкамі Парка высокіх тэхналогій, БДУ, БНТУ, Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Дарэчы, “Зубраня” на ўсіх зменах прапаноўвае дзецям прыняць удзел у конкурсе “100 ідэй для Беларусі”. Усе зубраняцкія інавацыйныя праекты трапляюць у “Скарбонку ідэй”, якая тут нядаўна была ўсталявана.
“Першапачаткова мы разглядаем дзіцячыя ідэі на нашым форуме “Вектар на будучыню” па профілі змены, — расказвае Надзея Генадзьеўна. — Магчыма, лета — не самы плённы перыяд у гэтых адносінах, але падчас вучобы ў гэтым кірунку кіпіць работа. Тут нарадзілася мноства сацыяльных праектаў, якія ўжо рэалізуюцца, у прыватнасці, “Лідар-клуб для моладзі”, і якія мы распрацоўвалі калектыўна на працягу некалькіх змен, напрыклад, “Бібліятэка для моладзі”, якая будзе працаваць на базе былога Дома дзіцячай творчасці. Шэраг праектаў меў практычную карысць. Нядаўна дзеці даследавалі арганізацыю энергазберажэння ў “Зубраняці”. Яны высветлілі, што два абсалютна аднолькавыя корпусы — “Лясны” і “Лазурны” — спажываюць розную колькасць электраэнергіі. Прааналізаваўшы паказчыкі лічыльнікаў, якія вядуць аўтаматычны запіс, вымераўшы ўзровень асветленасці, дзеці прыйшлі да высновы: прычынай стала тое, што ў карпусах выкарыстоўваюцца лямпачкі рознага тыпу, і яны па-рознаму размешчаны, а гэта адпаведна ўплывае на энергаэфектыўнасць. На гэта мы раней не звярталі ўвагі. Зараз стараемся выканаць усе рэкамендацыі, якія распрацавалі дзеці. Падчас адпачынку група юных хімікаў займалася даследаваннем прадуктаў харчавання, зрабіла іх дэталёвы аналіз і вынікі прадставіла ў форме вядомай тэлепраграмы “Кантрольная закупка”. Для нас гэта было таксама карысна”.
Пра рэалізацыю яшчэ адной зубраняцкай ідэі расказала Алена Раманюк, адзінаццацікласніца Коханаўскай сярэдняй школы імя І.П.Кожара. У мінулым годзе яна адпачывала ў “Зубраняці” на валанцёрскай змене Адвагі і міласэрнасці і стала адным з ініцыятараў дзевяцідзённага палатачнага лагера на тэрыторыі “Зубраняці”.
“Яго сутнасць у тым, што ён збірае тых падлеткаў, якія займаюцца валанцёрствам, — тлумачыць Алена. — Так, на працягу лета на дзевяць дзён сюды з’язджаюцца лідары асацыяцый беларускіх гайдаў і скаўтаў, члены грамадскіх арганізацый “БРСМ”, “Ліга дабравольнай працы моладзі”, Беларускай асацыяцыі клубаў ЮНЕСКА, Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа і іншых. Узроставыя межы — ад 12 да 17 гадоў. Прыязджаюць яны абавязкова са сваімі кіраўнікамі, адпачываюць, атрымліваюць асалоду ад жыцця ў палатках і, канечне, праводзяць заняткі па сваіх кірунках, майстар-класы, трэнінгі. Трэба адзначыць, што папулярнасць гэтаму лагеру дапамог заваяваць і кошт пуцёвак, які не дасягае і 300 тысяч рублёў”.
Дарэчы, ужо наступным летам фіналісты Мінскага абласнога этапу змогуць адпачыць у гэтым палатачным “Зубраняці” — запрашэнні яны ўжо атрымалі. А цяпер іх задача — годна прадставіць свае праекты на рэспубліканскім этапе, бо экспертны савет вырашыў дапусціць да яго ўсе дзевяць праектаў.

 

Святлана НІКІФАРАВА.

Імпартазамяшчэнне па-магілёўску

Прайшло ўсяго толькі два месяцы, як завяршыўся мінулагодні этап Рэспубліканскага конкурсу “100 ідэй для Беларусі” і былі названы яго пераможцы. А цяпер ужо ва ўсю кіпіць работа па распрацоўцы новых ідэй. Ужо пададзена больш за сто заяў з усіх рэгіёнаў. Нядаўна ў Магілёўскім абласным метадычным цэнтры народнай творчасці і культурна-асветніцкай работы на выставе-кірмашы былі прадстаўлены самыя цікавыя праекты магілёўскай моладзі. Асаблівую ўвагу прысутных прыцягнулі распрацаваныя Цімафеем Тамковічам (сярэдняя школа № 45 Магілёва) і Уладам Шыкуновым (Ліцэй Беларуска-Расійскага ўніверсітэта) мабільныя памочнікі, галоўная ідэя якіх — выконваць звыклую работу на адлегласці і з мінімальнымі высілкамі.

Пакарміць ката… тэлефонным званком

Час, калі дарослыя скардзяцца, што дзеці надта захапляюцца гаджэтамі, відавочна, пачынае адыходзіць у нябыт. У той жа час маладыя людзі пастаянна даказваюць, што для іх камп’ютар, тэлефон ці планшэт — інструмент для ажыццяўлення самых смелых тэхнічных ідэй. Сапраўды, часта з’яўляюцца вельмі цікавыя распрацоўкі, якія потым з інфармацыйных носьбітаў “перакачоўваюць” на паліцы магазінаў і набываюць папулярнасць у пакупнікоў.
Так, ужо сёння тыя, хто бачыў электронную кармушку дзесяцікласніка Цімафея Тамковіча, запісваюцца ў патэнцыяльныя пакупнікі. І хлопец спадзяецца, што хутка яе змогуць ацаніць гаспадары хатніх жывёл.
Цімафея заўсёды турбавала праблема перапрацоўкі смецця. І, у прыватнасці, праблема старых тэлефонаў. “Раней старыя тэлефоны прадавалі і куплялі, бо новы набыць было дорага, — гаворыць Цімафей. — Сёння ж мабільныя аператары прапаноўваюць мноства бюджэтных мадэляў, а дарагія апараты прадаюць у растэрміноўку, і штомесячная плата па кішэні кожнаму. Таму старыя тэлефоны сёння ніхто не купляе. Вось і атрымліваецца, што “мабільнае” смецце назапашваецца ў нашых дамах. І выкінуць шкада, і карыстацца ім ужо ніхто не будзе. Я купіў сабе новы тэлефон, але хацеў прымяніць і стары апарат”.
А ідэю падкінула дваровая кошка, якая жыла на дачах. Дакладней, яна падкінула Цімафею кацяня, да якога хлопец прывязаўся і не мог пакінуць там на пагібель. Пад восень забраў падгадаваную Нюсю дадому. І калі пачаліся заняткі ў школе, малое заставалася дома галоднае. Пакінуць корм кату на дзень немагчыма: ён з’есць усё зарáз. Была думка купіць прыладу, якая дазволіць карміць Нюсю па загадзя запісанай праграме, але гэта аказалася вельмі дорага. Вось тут Цімафей і знайшоў прымяненне старому тэлефоннаму апарату. Ён стаў галоўным складнікам электроннай кармушкі. Яшчэ спатрэбіліся такія “інгрэдыенты для фізікаў”: пластыкавыя кантэйнеры, мікраматорчык з рэдуктарам са старога касетнага плэера, абрэзкі пліты ДСП, канцылярская гумка, падшыпнік, самарэзы, фольга, бляха, оптапара, рэле, правады і батарэйка.
“Кармушка ўяўляе сабой дыск з кантэйнерамі, напоўненымі кормам, — тлумачыць Цімафей. — Прынцып яго работы вельмі просты: калі на дынамік ці вібраматорчык тэлефона паступае званок, рухавік прыводзіць у рух дыск, а як толькі кантэйнер супадае з адтулінай над латком, размыкаецца рухомы кантакт, дыск спыняецца і высыпаецца корм. Так да наступнага тэлефоннага званка. Такая кармушка можа выкарыстоўвацца для ўсіх жывёл з падворка, а таксама птушак, у тым ліку і дэкаратыўных”.
З усіх дэталяў трэба было набыць оптапару, рэле і батарэйку, што склала ўсяго толькі 40 тысяч рублёў. Для параўнання: аўтаматычная кармушка для сабак і катоў у сярэднім каштуе каля 400 000 (замежныя мадэлі дасягаюць амаль 2,5 мільёна рублёў) і спрацоўвае яна выключна па таймеры, а пра дыстанцыйнае кіраванне размовы не ідзе. Функцыя кармлення па таймеры ў прыборы Цімафея таксама прадугледжана. Акрамя таго, Цімафей разам са сваім навуковым кіраўніком настаўнікам фізікі Сяргеем Вячаслававічам Шэбекам яго яшчэ ўдасканаліў: можна вызначаць, у якім аб’ёме даць корм і які менавіта корм з трох магчымых. Пры жаданні можна скласці разнастайны рацыён для свайго гадаванца на цэлы дзень.
Кармушкай вельмі зацікавіліся адзінокія пажылыя людзі, якія маюць хатніх гадаванцаў. Для іх гэта цудоўная магчымасць не турбавацца за сваіх жывёл, якіх яны пакідаюць дома, калі на выхадныя едуць у госці ці на дачу.

Паліць грады адным “клікам”

Мабільны тэлефон стаіць у цэнтры распрацоўкі і Уладзіслава Шыкунова, адзінаццацікласніка Ліцэя Беларуска-Расійскага ўніверсітэта. Яго бацькі з ранняй вясны і да восені кожныя выхадныя праводзяць на дачы. Любая паездка за межы Беларусі становіцца для яго сям’і недасягальнай, бо шкада пакінуць у разгар лета дачу, дзе ўсё высахне і дарма прападзе ўся праца. Цяпер Уладзіславу засталося пратэсціраваць сістэму. Нарэшце можна будзе атрымаць асалоду ад адпачынку на моры ўсёй сям’ёй, бо цяпер паліць грады на дачы і ўвогуле трымаць яе пад кантролем можна і з марскога ўзбярэжжа. А лепш, каб гэта зрабіла самая заўзятая дачніца — мама — адным “клікам” ці кнопкай “мабільніка”.
“Падобныя сістэмы ўжо распрацаваны і выпускаюцца многімі кампаніямі, — расказвае Уладзіслаў. — Напрыклад, сістэма, распрацаваная кампаніяй A.P.Technology, мае магчымасць кіраваць асвятленнем, кліматычным абсталяваннем, жалюзі і роль-аканіцамі, мультымедыйным абсталяваннем, сістэмай бяспекі. Кампанія Kärcher прадстаўляе разнастайныя сістэмы для паліву раслін. У інтэрнэце ёсць таксама апісанне некаторых сістэм аўтаматычнага кіравання, распрацаваных энтузіястамі. Аднак кошт базавых мадэляў гэтага абсталявання дасягае некалькіх тысяч долараў, прычым у рамках такіх сістэм звычайна вырашаюцца праблемы абслугоўвання кватэры (ці дома) або прысядзібнага ўчастка. Але і я, і мае навуковыя кіраўнікі настаўнікі фізікі Сяргей Віктаравіч Гусеў, Аляксандр Эдуардавіч Плятнёў і Аляксандр Георгіевіч Сугакевіч лічым, што праблемы аўтаматычнага кіравання дачнага дома і ўчастка павінны вырашацца ў комплексе. І галоўнае — распрацаваць сістэму, якая будзе па цане, даступнай масаваму карыстальніку”.
Большасць дачнікаў і самі ўсведамляюць, што танней раз у год, напрыклад, падчас асенніх кірмашоў, закупіць агародніну на ўвесь год. Але па традыцыі ці па звычцы або проста таму, што хочуць вырасціць на сваіх участках экалагічна чыстыя агуркі і памідоры для дзяцей ці ўнукаў, людзі кожны сезон, кожную вольную хвілінку праводзяць на дачах.
Па задумцы Уладзіслава, ратаваць ад спякоты ўраджай можна, узяўшы ў рукі замест водаправоднага шланга камп’ютарную мышку ці мабільны тэлефон. А можна і гэтага не рабіць: “Разумная дача” прадугледжвае і аўтаматычны паліў. У парніках ёсць датчыкі, якія пры высыханні глебы прымушаюць гідранасос уключацца. Прычым для кожнага тыпу глебы будзе свая дапушчальная мяжа. Калі раптам нехта захоча адчуць сябе гаспадаром у вашым доме, на тэлефон прыйдзе паведамленне. Сістэма не дасць пашкодзіцца адрамантаваным столям і сценам: калі пачынаюцца замаразкі і тэмпература ў доме паніжаецца да пэўнага ўзроўню, уключаецца ацяпленне. Не прыйдзецца гаспадару гадаць, ці ўсюды выключыў святло, ці не пакінуў уключаным прас, калі ад’язджаў з дачы. А калі збярэцца на дачу асеннім ці зімовым днём, зможа загадзя ўклю-чыць абагравальнік.
Для дэманстрацыі магчымасцей сістэмы Уладзіслаў сабраў дэманстрацыйны стэнд, на якім кожны святлодыёд інфармуе пра стан нагрузкі ці механізма. Так, для паліву парніковых раслін у разрыў паміж водаправодам і распыляльнікамі ўстанаўліваецца кран з электрычным кіраваннем ці ў якасці нагрузкі падключаецца насос, які ўключаецца па таймеры ці датчыку вільготнасці. Калі вільготнасць глебы менш за ўстаноўлены парог, уключаецца паліў. Такім чынам можна кантраляваць расход вады. Тэмпературны рэжым у парніку кантралюецца датчыкам тэмпературы. У выпадку стабільнага надвор’я тэмпературны рэжым можна забяспечваць з дапамогай таймера, а пры выхадзе значэння тэмпературы за ўстаноўленыя рамкі мікракантролер кіруе награвальным ці ахаладжальным устройствам. Для аховы памяшканняў насупраць лазернага святлодыёда ўстанаўліваецца датчык. Пры перасячэнні “парушальнікам” праменя спрацоўвае апавяшчэнне. Гэта можа быць і гукавы сігнал, і электроннае апавяшчэнне, і іншыя варыянты.
“Сістэма аховы мае вядомыя прынцыпы, але сутнасць не ў ёй, — тлумачыць Уладзіслаў. — Асноўнай маёй задачай было распрацаваць сістэму паліву і ацяплення, а ахова будынка дачы з’явілася ў маёй сістэме, каб паказаць яе ўніверсальнасць, якой можна надаць абсалютна любыя функцыі. У бліжэйшы час я планую дабавіць яшчэ датчык шкодных газаў, і сігналізацыя спрацуе, калі адбудзецца ўцечка газу; датчык руху для аўтаматычнага ўключэння святла, калі чалавек заходзіць у памяшканне ці выходзіць на двор, і некаторыя іншыя”.
Падчас прэзентацыі былі прапановы паклапаціцца і аб тым, каб “Разумная дача” разам з тым, што яна стала эканамічнай, максімальна знізіла выдаткі за газ, награванне вады і яе расход, каб яшчэ і сама плаціла па рахунках. Па словах аўтара, тэхнічна гэта зрабіць нескладана, але няма неабходнасці: сёння і так спрошчана сістэма аплаты, і ўжо даўно ніхто не стаіць у чэргах для аплаты такіх паслуг.
Безумоўна, вызначальны ў гэтай сістэме кошт, які цалкам залежыць ад колькасці функцый. А кожная функцыя — гэта дадатковы датчык. Іх Уладзіслаў распрацоўваў і збіраў самастойна, але іх можна набыць у магазіне. Цана вагаецца ад 50 да 80 тысяч. Так, кошт датчыкаў для “Разумнай дачы” склаў каля 50 долараў, але асноўны кошт самой сістэмы складзе кошт абсталявання.
Праект Уладзіслава ўжо паспеў заваяваць гучныя перамогі. Напрыклад, яго ацанілі на BelSEF (Беларускім навукова-інжынерным конкурсе). На Рэспубліканскім конкурсе даследчых работ у секцыі “Інфарматыка” ён атрымаў абсалютную перамогу і залаты медаль. Літаральна ў бліжэйшыя дні праект адправіцца ў Нарвегію на міжнародны конкурс.
Дарэчы, праект, які хлопец прадстаўляе, не першы раз заваёўвае ўвагу журы. У мінулым годзе, напрыклад, яго распрацоўка “Арганізацыя сувязі транспарту і энергазабеспячэння месяцовых баз” была ўдастоена дыплома на Рэспубліканскай канферэнцыі-конкурсе “Адысей: мы і космас”, дыплома I ступені Усерасійскага конкурсу юнацкіх даследчых работ імя У.І.Вярнадскага, спецыяльнага дыплома Міжнароднай навуковай канферэнцыі школьнікаў “Сахараўскія чытанні”.
Пажадаем нашым маладым вынаходнікам поспехаў!

 

Святлана НІКІФАРАВА.

Пяць ідэй з топ-дзясяткі года належыць педагогам і школьнікам

З дзвюх тысяч распрацовак Рэспубліканскага маладзёжнага праекта БРСМ “100 ідэй для Беларусі”, якія трапілі ў рукі экспертаў рэгіянальных саветаў і Мінска на працягу 2013 года, на гэтым тыдні была вызначана дзясятка лепшых. Менавіта яны прызнаны экспертамі, у склад якіх увайшлі вядомыя вучоныя, канструктары, выкладчыкі УВА, прадпрымальнікі, венчурныя інвестары і іншыя спецыялісты, самымі перспектыўнымі для рэалізацыі ў нашай краіне. З іх пяць праектаў — ідэі педагогаў і навучэнцаў!
Канкурэнцыя для вучоных за школьнай партай

Перспектыўнымі для практычнай рэалізацыі сталі навукова-тэхнічныя распрацоўкі па пяці намінацыях, і ў трох з іх аўтарамі выступілі педагогі і навучэнцы. Так, у намінацыі “Прамысловасць” Віктар Варапаеў, старшы выкладчык Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы, атрымаў падтрымку сваёй распрацоўкі — тэхналогіі вытворчасці ўнікальных матэрыялаў для патрэб энергетычнага комплексу. У намінацыі “Хімічныя тэхналогіі і біятэхналогіі” быў выбраны для рэалізацыі праект Аляксандры Пілат “Сінтэз малібдату амонію”, навучэнкі 9 класа сярэдняй школы № 1 Клецка Мінскай вобласці, якая распрацавала тэхналогію вытворчасці ўгнаення для раслін з перагарэлых электрычных лямпачак. У намінацыі “ІТ-тэхналогіі” пераможцам стаў “Мабільны дапаможнік па хіміі Х10” навучэнца сярэдняй школы № 3 Старых Дарог Мінскай вобласці Паўла Бацылева. У мабільным дадатку ёсць калькулятар малярных мас, табліца Мендзялеева, канвертар велічынь, а таксама ёсць магчымасць рашаць задачы па хіміі і атрымліваць іх тлумачэнне. Пра гэтыя дзве распрацоўкі наша газета расказвала напрыканцы снежня 2013 года. А сёння прапануем з рэальных праектаў пераключыцца на віртуальныя: адразу тры такія праекты ў намінацыі “Сацыяльная сфера” атрымалі вышэйшую адзнаку экспертаў.

Віртуальнае падарожжа ва “ўчора” і “сёння”

Віртуальнае падарожжа па Беларусі прапануе здзейсніць Кірыл Аляксандравіч Дзёмусеў, які працуе настаўнікам інфарматыкі і фізікі Грабаўскага дзіцячага сада — сярэдняй школы Гомельскага раёна. Сама па сабе ідэя не новая. Часта турысты, збіраючыся ў замежную краіну, могуць спачатку завочна пазнаёміцца з самымі цікавымі мясцінамі і славутасцямі, каб потым убачыць іх на свае вочы. Толькі вось такую экскурсію нельга пакуль здзейсніць ні па адной з беларускіх вёсак. Кірыл Аляксандравіч прапануе ўвазе карыстальнікаў інтэрнэту пачаць знаёмства з Беларуссю менавіта з маленькіх населеных пунктаў, але ад гэтага не менш цікавых, чым некаторыя гарады.
“Так, пра гарадскія славутасці нашы землякі ведаюць шмат, а, скажам, пра нашу Грабаўку чулі хіба толькі жыхары нашага раёна. А на самай справе ў яе вельмі багатая гісторыя, — гаворыць Кірыл Аляксандравіч. — Пра адну школу столькі можна расказаць! Пра былы панскі маёнтак, пра ліпавыя прысады, празваныя Алеяй Кахання, пра курган, з якім звязаны легенды, пра запаведнік, дзе растуць рэдкія першацветы. Гэты спіс можна працягваць. Ды і цікавых вёсак у нас і, думаю, у кожным рэгіёне шмат”.
Краявідамі навакольных вёсак Кірыл Аляксандравіч і яго выхаванцы любаваліся праз фотааб’ектывы падчас паходаў і экскурсій. І за амаль чатыры гады (менавіта столькі ён працуе ў школе) іх назбіралася вельмі многа. Спачатку аформілі каталог, а потым для зручнасці стварылі сайт: інфармацыя наносіцца на карту — так зручней пашыраць геаграфію, і, натуральна, карыстальнікаў будзе куды больш. Так, сёння больш за 20 школ раёна падтрымалі ідэю Кірыла Аляксандравіча: таксама ўзброіліся фотаапаратамі, ствараюць свае базы фатаграфій, збіраюць звесткі пра цікавыя гістарычныя факты і жыхароў і дасылаюць у Грабаўку да настаўніка і яго выхаванцаў, а тыя хутка змесцяць іх на сайце http:// grabovka.comoj.com/virtual-belarus.

Старонкамі гісторыі з мышкай у руцэ

Захапленне камп’ютарам і роднымі краявідамі падштурхнулі да стварэння адметнай віртуальнай прасторы і Уладзіслава Лаўцэвіча, васьмікласніка з Глыбоцкай раённай гімназіі Віцебскай вобласці. Адразу два яго праекты выдзеліў рэспубліканскі экспертны савет — сайты “Дзень беларускай пісьменнасці” і “Віртуальны тур па музеях Глыбоччыны”.
“Мае равеснікі намнога часцей карыстаюцца камп’ютарам, чым кнігай, — гаворыць Уладзіслаў. — Таму натуральна ствараць той прадукт, які з большай верагоднасцю будзе актуальным. За дзевятнаццаць гадоў, што адзначаецца Дзень беларускай пісьменнасці, гэтае свята стала значнай падзеяй культурнага жыцця краіны. Кожны год яно праводзіцца ў адным з беларускіх гарадоў, і 1 верасня 2012 года мы прымалі яго ў нашым горадзе. Адкрыццё сайта я прымеркаваў да гэтай даты”.
Сайт www.belpismennost12.ucoz.ru працуе на беларускай мове з перакладам на 35 моў свету. На яго старонках можна знайсці матэрыялы пра гісторыю гарадоў — сталіц правядзення свята ў розных рэгіёнах, гісторыю развіцця пісьменнасці на Беларусі, гісторыка-культурную спадчыну краіны, знакамітых асветнікаў. Тут змешчаны матэрыялы пра ўсе гарады, якія станавіліся сталіцамі Дня беларускай пісьменнасці, прычым аўтарам большасці з іх з’яўляецца сам Уладзіслаў.
Першапачаткова хлопец разлічваў, што яго праект спадабаецца выключна тым, хто цікавіцца нацыянальнай культурай і гісторыяй, магчыма, карысным будзе падчас падрыхтоўкі паведамленняў і школьных рэфератаў. Але папулярнасць яго пераўзышла самыя смелыя спадзяванні падлетка: з пачатку лета — больш за паўтары тысячы наведвальнікаў. А калі сайт пачаў працаваць, акрамя беларускай і рускай моў, яшчэ і на замежных, да іх дадаліся 23 тысячы наведвальнікаў з 43 краін свету!
Другі яго сайт — “Віртуальны тур па музеях Глыбоччыны” — яшчэ адзін падарунак таленавітага навучэнца любімаму гораду і яго гасцям: сёлета Глыбокае адзначыць 600-годдзе. Інфармацыя прадстаўлена на розных мовах свету і ў розных формах: 3D- панарама, прэзентацыя, флэш-кніга, фотаздымкі (http:// virturglubokoe.ucoz.ru). Дарэчы, калі гаварыць пра тэхнічнае выкананне, то, нягледзячы на свой пакуль яшчэ кароткі век, навучэнец — сапраўдны ас. Па словах яго настаўніцы інфарматыкі Лідзіі Анатольеўны Раманчук, Уладзіслаў апантаны яе прадметам з 4 класа. Сёння для яго няма цяжкасцей па выкананні самых складаных задач як праграміста. Галоўны яго клопат — пастаяннае напаўненне сайта, пашырэнне яго панарамы да маштабу вобласці. Уладзіславу будуць выдзелены сродкі, каб перавесці сайты на платны хостынг з доменным імем .by, а таксама размясціць банеры сайта на магчымых дзяржаўных рэсурсах.
Экспертнаму савету хлопец прадставіў і дзве друкаваныя кнігі: “Дзень беларускай пісьменнасці”, якую пераклаў на пяць моў, і “Віртуальны тур па музеях Глыбоччыны”. Магчыма, хутка мы зможам іх пагартаць, набыўшы ў кніжным магазіне.
Дарэчы, гэта не першыя і, відавочна, не апошнія крэатыўныя ідэі таленавітага падлетка. Ён разам з мамай Людмілай Мікалаеўнай, — прызёры раённага конкурсу на лепшы эскіз лагатыпа да Дня беларускай пісьменнасці. Лагатып Уладзіслава можна ўбачыць на вуліцах горада, а па лагатыпе мамы наладжана вытворчасць значкоў, якія можна набыць у кіёсках Белсаюздруку.
Віталь Пятровіч Брэль, начальнік упраўлення па справах моладзі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, член экспертнага савета, адзначыў: “Па-першае, прыемна ўразіў надзвычай прафесійны ўзровень гэтых сайтаў, нягледзячы на тое, што Уладзіслаў — вучань усяго толькі восьмага класа. Па-другое, гэтыя праекты — зварот да нашай культуры, творчасці. У сувязі з тым, што пачаўся Год гасціннасці, яны будуць актуальнымі. Цікавая і сама ідэя — падарожжа па экспазіцыях музеяў Глыбоччыны ці прапанова пачаць вывучаць Беларусь з роднай вёскі Кірыла Аляксандравіча Дзёмусева. У нас вельмі многа жывапісных мясцін з багатай гісторыяй, і наша моладзь не ведае, якім багаццем мы валодаем, а замежныя турысты — тым больш. Таму такія сайты — гэта магчымасць зацікавіцца прыгажосцю, гісторыяй, культурай нашай Беларусі, і, упэўнены, гэта дасць штуршок прама ад манітораў накіравацца ў тыя мясціны, пра якія так жывапісна і жыва расказваюць і паказваюць педагог і навучэнец”.

Спрасціць шлях ідэі ад паперы да рынку

Многія праекты хоць і не трапілі ў топ-10, але не страцілі права на жыццё. Так, ужо рэалізавана каля чвэрці праектаў, якія былі заяўлены ў 2013 годзе, а гэта — галоўная мэта кожнага аўтара. У якасці інвестараў сёння выступаюць і камерцыйныя арганізацыі (напрыклад, “Савушкін прадукт” ужо рэалізуе адзін з праектаў з выкарыстаннем новых тэхналогій вытворчасці сыроў), Беларускі інавацыйны фонд, установы вышэйшай адукацыі, мясцовыя органы ўлады. У Гомелі, напрыклад, ужо дзейнічаюць велапаркоўкі, прапанаваныя Аляксандрам Кузьмянковым, рэалізаваны амаль усе сацыяльныя праекты. Ды і іншыя краіны цікавяцца распрацоўкамі маладых беларускіх вынаходнікаў. Так, Расійская Федэрацыя зацікавілася спадарожнікам BelSat, аўтарамі якога сталі студэнты БДУ. Хутка ён будзе запушчаны ў вытворчасць у Расійскай Федэрацыі.
“Сфера, пачынаючы ад прыватных і заканчваючы дзяржаўнымі структурамі, вялізная, але мы стараемся яе яшчэ пашыраць, — гаворыць першы сакратар ЦК БРСМ Ігар Іванавіч Бузоўскі. — Але, каб атрымаць фінансаванне на рэалізацыю праектаў, маладыя людзі павінны не толькі падаць ідэю, а мы дапамагчы знайсці інвестара, неабходна даказаць, што менавіта іх распрацоўка заслугоўвае грант. Для гэтага неабходна скласці бізнес-план, а, як мы пераканаліся, менавіта гэтая частка — самая складаная для ўдзельнікаў праекта. Зараз мы супрацоўнічаем з Нацбанкам Рэспублікі Беларусь у межах праекта “Фінансавая граматнасць” і ў яго межах плануем правесці трэнінгі і вучэбныя семінары для ўдзельнікаў праекта “100 ідэй для Беларусі”, каб распрацоўшчыкі ведалі, што такое бізнес-план і як яго складаць, як адкрыць рахунак, атрымаць крэдыт, у чым прынцып фінасавай работы. Першы крок у гэтым кірунку мы зрабілі, зацікаўленых шмат, першыя семінары ўжо адбыліся.
Плануецца, што спросціцца і алгарытм падачы заявак, хаця, здавалася б, сёння падаць ідэю вельмі проста: літаральна ў кожнай навучальнай установе, у буйных гандлёвых цэнтрах і на прадпрыемствах устаноўлены скрынкі з лагатыпам — так званыя скарбонкі ідэй. Менавіта адтуль яны трапляюць у раённыя саветы, дзе праходзяць адбор для абласных этапаў, а потым — у Рэспубліканскі экспертны савет”.
“Як паказала практыка, часта меркаванне наконт значнасці праектаў суб’ектыўнае, — тлумачыць Ігар Іванавіч. — Так, раённым экспертным саветам можа падацца праект нецікавым ці такім, які з-за вялікага кошту, па іх меркаванні, немагчыма будзе рэалізаваць. Мы плануем, што хутка можна будзе з любой вёскі, любой навучальнай установы падаваць заяўкі адразу на рэспубліку, мінуючы рэгіянальныя экспертныя камісіі. Акрамя таго, зараз вывучаецца нарматыўная база арганізацый, якія праводзяць стартапы, каб уключыць маладзёжныя праекты ў іншыя конкурсныя праграмы. Гэта дазволіць большай колькасці праектаў атрымаць фінансавую падтрымку”.
Закліканы дапамагчы ў гэтым і праект Наталлі Гарадзецкай і Уладзіміра Дзмітрыева, супрацоўнікаў студыі дызайну ChesterStudio, які таксама ўвайшоў у дзясятку пераможцаў. Яны прапанавалі стварыць вялікую віртуальную маладзёжную інавацыйную пляцоўку, дзе будуць сабраны ўсе ідэі, якія прапанавала і яшчэ прапануе наша моладзь. Гэтая пляцоўка будзе месцам сустрэчы патэнцыяльнага грантадаўца, інвестара і аўтараў распрацовак.
“Рэалізацыя перспектыўных інавацыйных праектаў, прыцягненне сродкаў на іх рэалізацыю — лагічны працяг Рэспубліканскага конкурсу “100 ідэй для Беларусі”, — гаворыць Наталля Гарадзецкая. — Больш за 6000 праектаў, пададзеных аўтарамі ў рамках праекта, змогуць знайсці сваё практычнае прымяненне, увасабленне ў вёсках, аграгарадках, абласных і раённых цэнтрах. Ідэя нашага партала — дыялог з інвестарамі напрамую і бясплатна, тым больш, што многія праекты дабрачынныя, якія ўвогуле не прадугледжваюць матэрыяльную выгаду”.
Дарэчы, гэтым праектам ужо зацікавіліся некаторыя інвестары. У іх ліку Мінскі гарадскі тэхнапарк і Навукова-тэхналагічны парк БНТУ “Палітэхнік”, якія выказалі жаданне прыняць у ім удзел і гатовы праінвесціраваць аўтарскія распрацоўкі.

 

Святлана НІКІФАРАВА.