Прэмія пяцікласніку

Самыя таленавітыя навучэнцы і студэнты Гродзеншчыны, якія дасягнулі поспехаў у вучобе і навуковых даследаваннях, у творчых конкурсах і на спартыўных пляцоўках, адзначаны прэміяй Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта імя Аляксандра Дубко.

Прэмія ўручаецца з 1997 года, а з 2001-га носіць імя Героя Сацыялістычнай Працы і Героя Беларусі былога старшыні Гродзенскага аблвыканкама А.І.Дубко. Яго жыццё — прыклад самаадданай працы і грамадзянскай пазіцыі. Аб гэтым знакамітым чалавеку заўсёды расказваюць лаўрэатам прэміі, а як ганаровы госць на цырымоніі прысутнічае Эма Нічыпараўна — жонка Аляксандра Іосіфавіча Дубко.

Юных талентаў сардэчна павіншаваў намеснік старшыні Гродзенскага аблвыканкама Віктар Лісковіч.

— Гродзеншчыне ёсць кім ганарыцца, — сказаў Віктар Андрэевіч. — Таленавітых дзяцей значна больш, чым стыпендыятаў прэміі. Гэта радуе, і мы будзем ствараць усе ўмовы для таго, каб яны развіваліся, удасканальваліся, вучыліся і сталі годнымі грамадзянамі сваёй краіны.

Праз год прэмія будзе ўручацца 20-ы раз. На цырымонію, як паведаміў В.А.Лісковіч, запросяць першых узнагароджаных. У дадатак да ўжо існуючага электроннага рэсурсу “Нашы перамогі”, у які занесены звесткі аб дасягненнях прадстаўнікоў Гродзеншчыны ва ўсіх галінах і які размешчаны на сайце аблвыканкама, будзе створаны банк даных аб лаўрэатах прэміі імя А.І.Дубко.

У 2016 годзе прэміяй адзначаны студэнты гродзенскіх універсітэтаў, навучэнцы прафесійна-тэхнічных і сярэдніх спецыяльных устаноў, школ і гімназій Гродзенскай вобласці — усяго 39 чалавек. Сярод іх студэнт біятэхналагічнага факультэта Гродзенскага дзяржаўнага аграрнага ўніверсітэта, дыпламант міжнародных навуковых канферэнцый, дэлегат V Усебеларускага народнага сходу Аляксей Дашук; студэнтка факультэта эканомікі і кіравання ГрДУ імя Янкі Купалы, аўтар 19 публікацый, дыпламант Рэспубліканскага конкурсу навуковых работ студэнтаў Вікторыя Мядзведзева.

Першапачаткова прэмія ўручалася студэнтам ВНУ і школьнікам. Некалькі гадоў назад у лік стыпендыятаў сталі ўваходзіць навучэнцы прафесійна-тэхнічных і сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў. Сярод адзначаных у гэтым годзе — навучэнка Гродзенскага дзяржаўнага музычнага каледжа лаўрэат міжнароднага конкурсу піяністаў Карына Варабей і двухразовы чэмпіён Еўропы і чэмпіён свету сярод юніёраў па скачках на батуце навучэнец Гуманітарнага каледжа ГрДУ імя Янкі Купалы Артур Мікішка.

11 дыпломаў заваявалі прадстаўнікі Гродзенскай вобласці на Рэспубліканскім конкурсе прафесійнага майстэрства WorldSkills Belarus — 2016. Прэміямі імя А.І.Дубко адзначаны навучэнка Гродзенскага дзяржаўнага каледжа тэхнікі, тэхналогіі і дызайну Вольга Кушнер, навучэнец Гродзенскага дзяржаўнага політэхнічнага каледжа Дзяніс Чабарачка, Арцём Ждончык з Мірскага дзяржаўнага мастацкага прафесійна-тэхнічнага каледжа, Мікалай Маркевіч з Гродзенскага дзяржаўнага прафесійна-тэхнічнага каледжа камунальнай гаспадаркі і навучэнец Гродзенскага дзяржаўнага прафесійнага электратэхнічнага каледжа імя Івана Шчаснага Яўген Тарэвіч.

А самым юным узнагароджаным стаў пяцікласнік гімназіі № 1 Слоніма Марат Леў — пераможца першынства Беларусі і Еўропы па шашках. Разам з ім на сцэну падняліся трохразовы пераможца заключнага этапу Рэспубліканскай алімпіяды па матэматыцы навучэнец сярэдняй школы № 11 Ліды Антон Барскі; пераможца Рэспубліканскага конкурсу работ даследчага характару па геаграфіі навучэнец Радунскай сярэдняй школы Воранаўскага раёна Уладзіслаў Вайткун; навучэнец гімназіі № 2 Гродна, пераможца Міжнароднага адукацыйнага конкурсу “Алімпіс-2015”, лаўрэат І ступені Рэспубліканскага агляду-конкурсу дзіцячай творчасці “Прывітанне, свет!”, дыпламант II ступені рэспубліканскага агляду-конкурсу “Лідар года — 2016”, фіналіст дзіцячага тэлевізійнага конкурсу “Талент краіны” Аляксей Суцько.

Ад імя лаўрэатаў прэміі навучэнка сярэдняй школы № 31 Гродна пераможца заключнага этапу Рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах “Беларуская мова” і “Беларуская літаратура” Марыя Шапялевіч падзякавала кіраўніцтву вобласці за падтрымку таленавітай моладзі. Словы ўдзячнасці за вялікі ўдзел у іх дасягненнях і перамогах былі выказаны настаўнікам і бацькам, якія таксама прысутнічалі на ўрачыстай цырымоніі.

Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.
Фота аўтара.

Выбіраем WorldSkills

Пераможцы — 2016

Абліцовачныя работы — Дзмітрый Пісараў, Філіял РІПА “Індустрыяльна-педагагічны каледж”.

Каменныя работы — Аляксандр Лукашэнка, Мсціслаўскі дзяржаўны будаўнічы каледж.

Сталярныя работы — Андрэй Барышнікаў, Расійская Федэрацыя (“золата”); Арцём Капуста, Мінскі дзяржаўны прафесійны ліцэй № 5 транспартнага будаўніцтва (“серабро”).

Выраб мэблі — Іван Скорб, Беларускі дзяржаўны тэхналагічны універсітэт.

Цяслярныя работы — Валянцін Пасюцін, філіял БДТУ “Віцебскі дзяржаўны тэхналагічны каледж”.

Электрамантажныя работы — Канстанцін Цітоў, Магілёўскі прафесійны электратэхнічны каледж.

Малярныя і дэкаратыўныя работы — Аляксандр Градовіч, Барысаўскі дзяржаўны прафесійны будаўнічы ліцэй.

Сухое будаўніцтва і тынкавальныя работы — Дзмітрый Гардзей, Яўген Лауш, Мірскі дзяржаўны мастацкі прафесійна-тэхнічны каледж.

Сантэхніка і ацяпленне — Андрэй Кірыковіч, Кобрынскі дзяржаўны політэхнічны каледж.

Тэхніка халадзільных установак і кандыцыянавання паветра — Аляксандр Печкуроў, Мінскі дзяржаўны механіка-тэхналагічны прафесійна-тэхнічны каледж.

Дызайн адзення — Вольга Кушнер, Гродзенскі дзяржаўны каледж тэхнікі, тэхналогій і дызайну.

Графічны дызайн — Вольга Броўкіна, Мінскі дзяржаўны мастацкі каледж імя А.К. Глебава.

Адміністраванне сеткавых інфармацыйных сістэм — Павел Лукашык, Беларуская дзяржаўная акадэмія сувязі.

Праграмнае забеспячэнне для бізнесу — Павел Паўлюшчык, Мінскі дзяржаўны каледж электронікі.

Інфармацыйныя кабельныя сеткі — Андрэй Сачышын, Беларуская дзяржаўная акадэмія сувязі.

Вэб-дызайн — Аляксандр Сіманок, Гомельскі дзяржаўны машынабудаўнічы каледж.

Такарныя работы на станках з ПК — Юрый Касач, філіял РІПА “Каледж сучасных тэхналогій у машынабудаванні і аўтасэрвісе”.

Фрэзерныя работы на станках з ПК — Аляксей Лабко, Беларускі нацыянальны тэхнічны ўніверсітэт.

Электроніка — Арцём Дабрынін, філіял БДУІР “Мінскі радыётэхнічны каледж”.

Тэхнічнае праектаванне CAD — Кірыл Каціла, Брэсцкі дзяржаўны тэхнічны ўніверсітэт.
Мехатроніка — Павел Раманаў, Мікалай Якубаў, Гомельскі дзяржаўны тэхнічны ўніверсітэт імя П.В.Сухога.

Мабільная робататэхніка — Аляксандр Мацвяйчук, Андрэй Часлоў, Брэсцкі дзяржаўны тэхнічны ўніверсітэт.

Зварачныя работы — Сяргей Мацкевіч, ЗАТ “Амкадор-Пінск”.

Рэстаранны сэрвіс — Кацярына Бохан, Мінскі дзяржаўны прафесійна-тэхнічны каледж кулінарыі.

Кулінарнае мастацтва — Анастасія Дзямідава, Магілёўскі дзяржаўны ўніверсітэт харчавання, рэстаран “Амстэрдам”.

Кандытарскае мастацтва — Злата Шпак, Гродзенскі дзяржаўны прафесійна-тэхнічны каледж кулінарыі, Анастасія Данілава, Дзяржаўны прафесійны ліцэй №10 Магілёва.

Цырульніцкае мастацтва — Надзея Кашцялян, Брэсцкі дзяржаўны каледж сферы абслугоўвання.

Кузаўны рамонт аўтамабіля — Дзмітрый Зубкоў, філіял РІПА “Мінскі дзяржаўны аўтамеханічны каледж імя акадэміка М.С.Высоцкага”.

Аўтамабільныя тэхналогіі — Аляксей Шчара, філіял РІПА “Мінскі дзяржаўны аўтамеханічны каледж імя акадэміка М.С.Высоцкага”.

Чэмпіёны  JuniorSkills — 2016

“Мабільная робататэхніка”

(Узроставая катэгорыя 10—13 гадоў) Максім і Яўген Стручыстыя, гімназія № 40 Мінска.
(Узроставая катэгорыя 14—17 гадоў) Дзмітрый Яцкевіч, Павел Дрыга, гімназія № 10 Мінска.

“Прамысловая робататэхніка”

(Узроставая катэгорыя 10—13 гадоў) Вадзім Валасевіч, Арцём Чаўлытка, гімназія-інтэрнат Мядзела.
(Узроставая катэгорыя 14—17 гадоў) Максім Клімовіч, Аляксей Русакоў, Мінскі дзяржаўны палац дзяцей і моладзі.

“Прататыпаванне”

(Узроставая катэгорыя 10—13 гадоў) Давід Такарчук, Дзяніс Усовіч, сярэдняя школа в.Чэрні Брэсцкай вобласці.
(Узроставая катэгорыя 14—17 гадоў) Паліна Чарняўская, Паліна Ахрамчук, адукацыйны цэнтр Парка высокіх тэхналогій.

“Тэхналогіі беспілотных лятальных апаратаў”

(Узроставая катэгорыя 10—13 гадоў) Максім Парфяновіч, Андрэй Верхаводка, Цэнтр творчасці дзяцей і моладзі Барысаўскага раёна.
(Узроставая катэгорыя 14—17 гадоў) Максім Грачуха, Ягор Сакалоў, цэнтр творчасці дзяцей і моладзі Барысаўскага раёна.

“Інжынерны дызайн CAD”

(Узроставая катэгорыя 14—17 гадоў) Марыя Стрыгун, Аліна Халаімава, Магілёўскі дзяржаўны політэхнічны каледж.

“Нейрапілатаванне”

(Узроставая катэгорыя 14—17 гадоў) Уладзіслаў Місачэнка, Мэрсэдэс Ярашэвіч, Рэспубліканскі цэнтр інавацыйнай і тэхнічнай творчасці.

“Сістэмнае адміністраванне”
(Узроставая катэгорыя 14—17 гадоў) Сяргей Слуцкі, Іван Букачоў, Магілёўскі дзяржаўны політэхнічны каледж.

У трэндзе рабочая прафесія

Пераможца нацыянальнага чэмпіянату ў кампетэнцыі “Кандытарскае мастацтва” Анастасія Данілава з Дзяржаўнага прафесійнага ліцэя №10 Магілёва. Яе салодкая ўсходняя казка стала своеасаблівым пасланнем Беларусі наступнаму Міжнароднаму чэмпіянату WorldSkills, які адбудзецца ў Аб’яднаных Арабскіх Эміратах.

У Мінску прайшоў II Нацыянальны конкурс прафесійнага майстэрства WorldSkіlls Belarus — 2016. Сёлетні чэмпіянат перавысіў папярэдні па ўсіх параметрах. Удзельнікаў стала больш амаль удвая — 288 канкурсантаў. Лепшыя з лепшых прыехалі ў сталіцу з усіх рэгіёнаў і прадставілі ў спаборніцтве вядучыя прадпрыемствы нашай краіны, установы адукацыі ўсіх узроўняў — пачынаючы ад прафесійна-тэхнічнага і заканчваючы вышэйшым. Удзельнікі конкурсу дэманстравалі сваё прафесійнае майстэрства ў 33 кампетэнцыях на рабочых пляцоўках, абсталяваных пры ўдзеле 60 айчынных і замежных кампаній. З усіх кампетэнцый — 11 абсалютна новыя, 4 — дэманстрацыйныя. Акрамя беларускіх канкурсантаў у нацыянальным чэмпіянаце прынялі ўдзел прадстаўнікі Расіі, Казахстана, Украіны, Фінляндыі, Швейцарыі, Паўднёвай Карэі.

Разнастайна было прадстаўлена экспертнае супольніцтва чэмпіянату, у склад якога ўвайшлі 258 экспертаў. Сярод іх вопытныя прафесіяналы, а таксама былыя ўдзельнікі і пераможцы мінулых спаборніцтваў WorldSkіlls. Маштабнасць мерапрыемства пацвердзіла: з кожным годам умацоўваецца прэстыж рабочай прафесіі, расце яе папулярнасць у маладзёжным асяроддзі, прафесія рабочага становіцца трэндавай. Сёння адбываецца змяненне самога вобраза рабочага, які не толькі працуе рукамі, але і прымяняе інжынерныя веды. Усё гэта ўплывае на зместавае насычэнне прафесійнай адукацыі, імкненне вучыць нашых навучэнцаў на апярэджанне і тым самым у поўнай меры задавальняць патрэбы эканомікі ў высокакваліфікаваных кадрах. WorldSkіlls стаў выдатнай пляцоўкай для прадстаўлення прафесійнага майстэрства, пазіцыянавання нашай краіны ў сусветнай эканамічнай прасторы і тым самым далучэння замежных інвестараў да развіцця нашай эканомікі.

Упершыню ў рамках чэмпіянату сярод школьнікаў краіны быў праведзены конкурс JuniorSkills Belarus з мэтай ажыццяўлення ранняй прафарыентацыі і асваення сучасных прафесійных кампетэнцый. У конкурсе прынялі ўдзел больш за 80 вучняў ва ўзросце 10—17 гадоў, якія спаборнічалі па 8 кампетэнцыях. Для павышэння папулярнасці і ўсведамлення значнасці рабочых прафесій для юных наведвальнікаў чэмпіянату, педагогаў і бацькоў былі арганізаваны інтэрактыўныя прафарыентацыйныя пляцоўкі “Усе грані прафесіі”, дзе можна было пазнаёміцца з рабочымі прафесіямі і тымі ўстановамі, дзе вядзецца іх падрыхтоўка. Па выніках WorldSkills Belarus — 2016 будзе сфарміравана нацыянальная зборная, якая будзе прадстаўляць Рэспубліку Беларусь на Міжнародным чэмпіянаце WorldSkills Competition — 2017 14—19 кастрычніка 2017 года ў Абу-Дабі (ААЭ). Плануецца таксама ўд зел нашай каманды ў чэмпіянаце Euroskills у Гётэборгу (Швецыя) у снежні 2016 года.

Ала КЛЮЙКО.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.

Адкрыць свой рэстаран

Сёлета чэмпіянат WorldSkills аб’яднаў звыш 250 маладых людзей, якія засвойваюць рабочыя прафесіі ў навучальных установах Магілёўшчыны. Конкурсы прафесійнага майстэрства сярод навучэнцаў праводзіліся ў вобласці і раней. Рух WorldSkills дазволіў вывесці гэтую работу на новы ўзровень.

— Ва ўдзеле ў гэтых спаборніцтвах зацікаўлены і самі навучэнцы, і ўстановы адукацыі, — адзначыў начальнік упраўлення адукацыі аблвыканкама Уладзімір Рыжкоў. — Для маладых людзей чэмпіянат магчымасць адтачыць прафесійныя навыкі і веды, для навучальных устаноў — убачыць недахопы ў вучэбных праграмах. Увогуле, спаборніцтвы WorldSkills сталі важным этапам у сістэме падрыхтоўкі рабочых кадраў для розных сфер дзейнасці рэгіёна. Яны дазваляюць прыцягнуць увагу да рабочых прафесій, павысіць іх прэстыж, а таксама палепшыць якасць і змест навучання. Паводле слоў кіраўніка, па выніках рэгіянальнага этапу WorldSkills у каманду вобласці ўвайшоў 21 удзельнік. У дванаццаці конкурсных кампетэнцыях гэтыя навучэнцы сталі лепшымі. Нягледзячы на маладосць, яны паказалі сябе сапраўднымі прафесіяналамі. А ўсё таму, што кожны з іх сапраўды захоплены выбранай прафесіяй.

Так, пераможца кампетэнцыі “Абліцовачныя работы” Уладзіслаў Зайцаў вучыцца ў Магілёўскім прафесійным ліцэі № 9 імя А.П.Старавойтава. У будаўнічай сферы працуе вялікая колькасць сваякоў хлопца, у тым ліку бацька і старэйшы брат. Уладзіславу праца на будоўлі таксама прыйшлася па душы, таму ён і вырашыў працягнуць сямейную дынастыю. Дарэчы, навучальную ўстанову малады чалавек выбіраў мэтанакіравана.

— Дзявяты ліцэй не так даўно з чырвоным дыпломам скончыў мой брат, — расказаў Уладзіслаў. — Ён і парэкамендаваў мне прыйсці атрымліваць прафесію менавіта сюды. Я прыслухаўся і не пашкадаваў. Тут сапраўды выдатныя педагогі і майстры. Іх кампетэнтнасць дазваляе хутка асвоіць асновы рамяства. А такія спаборніцтвы, як WorldSkills, спрыяюць удасканаленню прафесійнага майстэрства. Удзельнічаючы ў абласным этапе конкурсу, я шмат чаму новаму навучыўся. А яшчэ пераканаўся: прафесія абліцоўшчыка-плітачніка запатрабаваная і перспектыўная, таму зварочваць з выбранага прафесійнага шляху не планую.

Па словах майстроў вытворчага навучання Настассі Мароз і Валянціны Глушаковай, намаганні ўсяго выкладчыцкага калектыву ліцэя накіраваны на якасную прафесійную падрыхтоўку навучэнцаў. Для максімальнага засваення імі вучэбнай праграмы пры ўстанове дзейнічае рэсурсны цэнтр. Асаблівую ўвагу ў ліцэі ўдзяляюць таксама рабоце з высокаматываванымі навучэнцамі. Вынік такога падыходу адпаведны. Сёлета сярод пераможцаў рэгіянальнага конкурсу ёсць яшчэ адзін прадстаўнік дзявятага прафесійнага ліцэя. Мікіта Лазарэнка па выніках спаборніцтваў быў прызнаны лепшым зваршчыкам.
— Прафесія зваршчыка прыцягвала мяне даўно, — паведаміў Мікіта. — Гэта вельмі адказная, але ў той жа час цікавая работа. Пры дапамозе электрода, а таксама свайго жадання і ўменняў можна вырабіць любую канструкцыю. Але ж усё павінна быць зроблена якасна, бо ад гэтага наўпрост залежыць надзейнасць і тэрмін прыдатнасці вырабаў. Каб стаць высокакваліфікаваным зваршчыкам, трэба шмат працаваць, пастаянна ўдасканальваць майстэрства. Удзел у конкурсе WorldSkills менавіта гэтаму і спрыяе.

А для пераможцы ў кампетэнцыі “Дызайн адзення” навучэнкі Магілёўскага эканамічнага прафесійна-тэхнічнага каледжа Вікторыі Самалазавай чэмпіянат WorldSkills стаў чарговым штуршком да самаразвіцця.

— Я з дзяцінства хацела ствараць уласныя мадэлі адзення, якія будуць падабацца і прыносіць радасць людзям, — па-дзялілася Вікторыя. — Зараз мару ста ць вядомым дызайнерам і адкрыць сваё атэлье. Але дасягнуць поспеху можна, пастаянна знаходзячыся ў творчым пошуку, удасканальваючы прафесійныя навыкі, таму і навучанне ў каледжы, і ўд зел у спаборніцтвах — гэта своеасаблівы крок на шляху да маёй мары.

Карысць чэмпіянату WorldSkills у плане прафесійнага станаўлення адзначаюць і іншыя ўдзельнікі зборнай каманды вобласці. Пераможцу кампетэнцыі “Рэстаранны сэрвіс” студэнтку Магілёўскага ўніверсітэта харчавання Яну Буглак спаборніцтвы навучылі якасна і рацыянальна выконваць сваю работу, не зважаючы ні на якія знешнія фактары. Навучэнец Асіповіцкага прафесійна-тэхнічнага каледжа Дзмітрый Мазанік, прызнаны лепшым у кампетэнцыі “Цырульніцкае мастацтва”, пераканаўся ў правільнасці выбару прафесіі і будзе далей імкнуцца стаць вядомым майстрам сваёй справы.

Амбіцыйныя планы на будучыню і ў пераможцы кампетэнцыі “Кулінарнае мастацтва” студэнткі Магілёўскага ўніверсітэта харчавання Настассі Дзямідавай. Дзяўчына хоча стаць шэф-кухарам, а магчыма, нават адкрыць свой рэстаран. Для дасягнення гэтай мэты Насця пастаянна займаецца самаадукацыяй, павышае свой прафесійны ўзровень на практыцы і стажыроўках. Чэмпіянат WorldSkills яна разглядае як бясцэнны вопыт, прыступку, якая ў далейшым дапаможа дасягнуць жаданых вяршынь кар’ернай лесвіцы.

Як адзначае галоўны эксперт кампетэнцыі “Кулінарнае мастацтва” дацэнт кафедры тэхналогіі прадукцыі грамадскага харчавання і мясапрадуктаў Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта харчавання Вольга Мацыкава, спаборніцтвы WorldSkills сапраўды з’яўляюцца той пляцоўкай, якая дазваляе мэтанакіраванай і таленавітай моладзі дасягнуць поспеху, павышае іх запатрабаванасць і канкурэнтаздольнасць на рынку працы.

— Напрыклад, прызёр чэмпіянату сярод краін СНД Мікіта Цвяткоў зараз ужо шэф-кухар, вядучы кулінарнай праграмы на ТВ, — падкрэсліла Вольга Уладзіміраўна. — Ён стаў экспертам у нашай кампетэнцыі, актыўна займаецца падрыхтоўкай сёлетніх канкурсантаў. Хацелася б адзначыць высокую зацікаўленасць удзельнікаў спаборніцтвамі. Маладыя людзі сапраўды захоплены выбранай справай, імкнуцца пазнаваць новае, у іх мноства крэатыўных ідэй. Іх запал натхняе на павышэнне прафесійнай кампетэнтнасці і нас, педагогаў. Пераможцы магілёўскага этапу WorldSkills — нагляднае пацвярджэнне таго, што ў прафесіяналаў ёсць дастойная маладая змена, а ў рэгіёна — надзейная будучыня.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.

Аляксандр ЛУКАШЭНКА: “Беларусь будзе ўзорна-паказальнай краінай у плане развіцця прафесійна-тэхнічнай адукацыі”

Упэўненасць у гэтым выказаў кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з прэзідэнтам міжнароднай некамерцыйнай асацыяцыі WorldSkills International Сайманам Бартлі.

2 (1)Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што ў Беларусі захавалі і ўдасканалілі сістэму прафесійна-тэхнічнай адукацыі. Працэс яе аптымізацыі, мадэрнізацыі прадаўжаецца. “Гэта зразумела, яна павінна развівацца і аптымізавацца, мадэрнізавацца кожны год, — сказаў прэзідэнт. — Беларусь будзе ўзорна-паказальнай краінай у плане развіцця прафесійна-тэхнічнай адукацыі”.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што Беларусь — адзіная на постсавецкай прасторы і, мабыць, ва Усходняй Еўропе краіна, дзе прафтэхадукацыі ўдзяляецца столькі ўвагі. “Сёння былыя рэспублікі Савецкага Саюза просяць нас, каб мы дапамаглі ім падрыхтаваць кадры па рабочых спецыяльнасцях, паколькі тая сістэма, якая была ў іх у часы Савецкага Саюза, аказалася разбуранай”, — канстатаваў Аляксандр Лукашэнка.

У Беларусі ж на гэты момант функцыянуюць больш як 150 устаноў прафесійна-тэхнічнай адукацыі. Больш за ўсё ўвагі ўдзяляецца стварэнню найноўшай матэрыяльнай базы, каб маладыя людзі маглі атрымаць самую сучасную спецыяльнасць і працаваць на самай сучаснай вытворчасці. Вялікая ўвага ўдзяляецца таксама вытворчаму навучанню. “Мы робім усё для таго, каб чалавек, які прыйшоў для атрымання прафтэхадукацыі, мог з першага дня займацца сваёй прафесіяй. Каб ён змог ацаніць свае магчымасці, схільнасці да той ці іншай працы і азнаёміцца са сваёй будучай прафесіяй, зрабіць вывад, ці правільна ён арыентаваны і ці тая гэта работа, якой яму давядзецца займацца, магчыма, усё жыццё”, — адзначыў кіраўнік дзяржавы.

Сайман Бартлі ў сваю чаргу расказаў, што на пасадзе прэзідэнта WSI ён мае намер “выкарыстоўваць беларускі вопыт для таго, каб паказаць краінам-суседзям і сусветнай супольнасці, што розніца паміж рабочымі і выпускнікамі ВНУ не такая вялікая”.

“Гэта павінен быць паўнацэнны, планамерны працэс. Упэўнены, што вопыт Беларусі важны не толькі для краін СНД, але і для ўсёй сусветнай супольнасці”, — сказаў прэзідэнт WSI.

Беларусь — другая пасля Расіі краіна СНД, якая стала членам WorldSkills International. Гэта адбылося ў 2014 годзе.

WSI — некамерцыйная міжнародная арганізацыя, створаная ў 1946 годзе для павышэння прэстыжу прафесійнай адукацыі, прыцягнення моладзі ў вытворчы сектар эканомікі, папулярызацыі рабочых прафесій і спецыяльнасцей.

(Па матэрыялах БелТА.)

Вызначыліся ў прафесіі і перамаглі

Хто пабудуе прыгожы і трывалы дом і напоўніць яго зручнымі рэчамі? Хто зробіць нас прыгожымі — ад прычоскі да касцюма? Гэта зробяць яны — маладыя людзі, якія сёння авалодваюць прафесіяй у сценах ліцэяў, каледжаў, вучылішч. Лепшыя з іх прадэманстравалі сваё майстэрства на абласным этапе конкурсу WorldSkills.

37 навучэнцаў прафесійных устаноў Гродзенскай вобласці і адзін малады рабочы прынялі ўдзел у рэгіянальным этапе адкрытага конкурсу прафесійнага майстэрства WorldSkills Belarus. У гэтым годзе яны спаборнічалі ў шасці кампетэнцыях.
На ўрачыстым адкрыцці конкурсу, якое адбылося ў Гродзенскім дзяржаўным прафесійным ліцэі будаўнікоў № 1, удзельнікаў пазнаёмілі з умовамі яго правядзення, гісторыяй сусветнага чэмпіянату, прадставілі членаў журы — а гэта былі прызнаныя майстры сваёй справы, прадстаўнікі прамысловых прадпрыемстваў, будаўнічых арганізацый, сферы бытавога абслугоўвання. Вітаючы маладых прафесіяналаў, намеснік начальніка ўпраўлення адукацыі Гродзенскага аблвыканкама Алег Рахунок адзначыў, што ўдзельнікі конкурсу ўжо з’яўляюцца пераможцамі, таму што зрабілі адзін з галоўных выбараў жыцця — вызначыліся ў прафесіі.
І спаборніцтва пачалося… Заданні ўдзельнікі атрымалі складаныя. Член экспертнай групы электразваршчык 5 разраду ААТ “Гроднажылбуд” Руслан Данцоў паказвае чарцяжы-заданні: зварыць трубу ў незваротным становішчы, таўровае злучэнне, сасуд. Гэтыя заданні патрабуюць ад удзельнікаў прадэманстраваць валоданне ўсімі відамі зваркі. Ад абліцоўшчыкаў патрабавалася ўменне абліцаваць пліткай вертыкальную і гарызантальную паверхню па прапанаваным эскізе, улічвалася і веданне тэхнікі бяспекі. Цырульнікі рабілі прычоскі для вяселля, сталяры — аконныя рамы.
Два дні напружанай працы выявілі пераможцаў. У маі на рэспубліканскім этапе конкурсу ў Мінску Гродзеншчыну будуць прадстаўляць: у кампетэнцыі “Цырульніцкае мастацтва” — навучэнка Гродзенскага дзяржаўнага прафесійна-тэхнічнага каледжа бытавога абслугоўвання насельніцтва Аляксандра Тарасевіч, “Дызайн адзення” — Вольга Кушнер з Гродзенскага дзяржаўнага каледжа тэхнікі, тэхналогіі і дызайну. Лепшым у кампетэнцыі “Абліцовачныя работы” стаў прадстаўнік Навагрудскага дзяржаўнага сельскагаспадарчага прафесійнага ліцэя Віталь Каралько, а Артур Аксень з Гродзенскага дзяржаўнага політэхнічнага каледжа лідзіраваў у кампетэнцыі “Каменныя работы”. Пацвярджэннем ісціны, што дома і сцены дапамагаюць, стала першынство двух прадстаўнікоў Гродзенскага дзяржаўнага прафесійнага ліцэя будаўнікоў № 1 — Андрэй Жамойдзік прызнаны лепшым зваршчыкам, а Раман Лебедзь — лепшым сталяром.
Запомнім гэтыя імёны. Яны ўпрыгожаць наша жыццё… І яны ж, магчыма, прадставяць Беларусь на сусветным фінале WorldSkills у Абу-Дабі. Хварэем за сваіх!

Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.
Фота аўтара.

На старце WorldSkills

На Магілёўшчыне праходзіць рэгіянальны этап міжнародных спаборніцтваў WorldSkills.

Конкурс, які накіраваны на павышэнне прэстыжу рабочых прафесій, сабраў разам пяцьдзясят двух таленавітых навучэнцаў прафесійных каледжаў і ліцэяў вобласці. — Спаборнічаюць канкурсанты ў дзевяці кампетэнцыях: каменныя, сталярныя, абліцовачныя, зварачныя работы, дызайн адзення, кандытарскае і кулінарнае мастацтва, рэстаранны сэрвіс, цырульніцкае мастацтва. Усе ўдзельнікі сапраўды захоплены выбранай справай, таму майстэрства ўдзельнікаў ацэньваюць спецыяльна запрошаныя эксперты — аўтарытэтныя спецыялісты ў сваіх сферах, — расказала метадыст абласнога ўпраўлення фінансава-гаспадарчага і метадычнага забеспячэння ўстаноў адукацыі Святлана Бурко.
Паводле яе слоў, абласны этап спаборніцтваў WorldSkills будзе доўжыцца да сярэдзіны сакавіка. Па ацэнцы прадэманстраваных уменняў і навыкаў журы вызначаць лепшых канкурсантаў.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота аўтара.

Медаль за працу, або У чым гонар рабочай прафесіі

Сутыкнуўшыся з праблемай недакамплектавання ўстаноў дашкольнай адукацыі і пачатковай школы педагагічнымі кадрамі, камітэт па адукацыі Мінгарвыканкама наважыўся вырашыць яе сваімі сіламі за кошт устаноў прафесійнай адукацыі. У Мінскім каледжы сферы паслуг была пачата падрыхтоўка выхавальнікаў дашкольных устаноў, а ў гэтым навучальным годзе — настаўнікаў пачатковых класаў. Як гэта адбывалася і што ўвогуле характэрна для сённяшняй прафесійнай школы сталіцы, як расце ў сталіцы рух WorldSkills і JuniorSkills, нашым чытачам расказала загадчыца сектара прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі камітэта па адукацыі Мінгарвыканкама А.І.ЧАРНЫХ.

— Алена Іванаўна, сістэма прафесійна-тэхнічнай адукацыі толькі што адзначыла сваё 75-годдзе. Пройдзены доўгі і цярністы шлях яе развіцця. А што характэрна для сённяшняй сталічнай прафтэхшколы?
— Сталічная прафесійна-тэхнічная адукацыя, безумоўна, вельмі змянілася за апошні час. Ёй характэрна дынамічнае развіццё, укараненне інавацый, пашырэнне спектра прафесій згодна з тымі патрабаваннямі, якія прапаноўвае рынак працы. Інавацыйныя падыходы паўплывалі і на структуру сістэмы прафесійнай адукацыі. На сённяшні дзень у нас налічваецца 12 каледжаў, 8 прафесійных ліцэяў і 2 установы сярэдняй спецыяльнай адукацыі — гэта каледж сферы абслугоўвання і каледж электронікі. Новы, больш высокі статус атрымаў у гэтым годзе Мінскі ліцэй лёгкай прамысловасці, які стаў прафесійна-тэхнічным каледжам лёгкай прамысловасці і комплекснай лагістыкі. Ва ўстанове адкрыты ўзровень сярэдняй спецыяльнай адукацыі, дзе вядзецца падрыхтоўка кадраў менавіта для лагістычнага спектра эканомікі, які сёння вельмі запатрабаваны. Адкрыццё такой спецыяльнасці, як “Комплексная лагістыка”, цалкам апраўдана, таму што гэтая галіна вельмі бурна развіваецца і патрабуе камплектавання высакакласнымі спецыялістамі. Папярэдне мы заключылі дагаворы з лагістычнымі цэнтрамі і, адпаведна, пад іх заказ будзем рыхтаваць кадры. Сёлета на гэтую спецыяльнасць мы ажыццявілі прыём навучэнцаў на базе 9 класаў і сфарміравалі з іх адну вучэбную групу, столькі ж навучэнцаў узялі на ўзровень сярэдняй спецыяльнай адукацыі.

— Алена Іванаўна, ці справіліся вы сёлета з прыёмам?
— У гэтым годзе кантрольныя лічбы прыёму ва ўстановы прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі склалі 4842 чалавекі. Гэтая лічба ў асноўным стабільная з году ў год. Мы, па сутнасці, справіліся з прыёмам, хаця па-ранейшаму існуе дэмаграфічны спад і пакуль колькасць выпускнікоў школ не павялічваецца. Перашкаджае набраць навучэнцаў у поўным аб’ёме існуючая тэндэнцыя паступлення выпускнікоў школ у вышэйшыя навучальныя ўстановы. Звычайна ў прафтэхустановы паступаюць тыя, хто не паступіў ва УВА.
Калі браць установы сярэдняй спецыяльнай адукацыі, то там праблем з камплектаваннем не было. У каледжы сферы паслуг мы пачалі падрыхтоўку выхавальнікаў дашкольных устаноў і настаўнікаў пачатковай школы. Як вядома, некалькі гадоў запар існавала праблема недахопу кадраў у адукацыйнай галіне менавіта па гэтых прафесіях. Ёсць вакансіі пакуль і сёння, асабліва ў новых мікрараёнах. Безумоўна, мы павінны былі адрэагаваць на такую сітуацыю, найбольш аператыўна выправіць яе, бо нашы школы заставаліся без неабходных педагогаў, а дзіцячыя садкі — без выхавальнікаў. Мы вырашылі змяніць сітуацыю ў лепшы бок за кошт асабістых сіл. У каледжы сферы паслуг набралі дзве групы навучэнцаў па спецыяльнасці “Дашкольнае навучанне” пасля 9 класаў, а ў гэтым годзе — выпускнікоў 9-х класаў па спецыяльнасці “Пачатковае навучанне”. Пасля 11 класаў на завочнае навучанне набралі 15 чалавек. На завочнае навучанне ў нас было 3 чалавекі на месца. Мы нават не разлічвалі на такі інтарэс сярод моладзі да педагагічнай сферы. Гэта пацвярджае, што прэстыж настаўніцкай прафесіі сярод маладых людзей паступова ўзнімаецца. Улічваючы тое, што запатрабаванасць у кадрах па гэтых прафесіях пакуль застаецца, прыём у наступным годзе будзе павялічаны.
Каб забяспечыць паступленне абітурыентаў на гэтыя прафесіі ў поўным аб’ёме, мы цесна працавалі з упраўленнямі адукацыі ўсіх раёнаў сталіцы. Там акумулявалася інфармацыя аб існуючых вакансіях, і згодна з гэтымі данымі мы маглі сфарміраваць аб’ём падрыхтоўкі. У школах вялася актыўная прафарыентацыйная работа сярод навучэнцаў. У выніку паступалі ў каледж не выпадковыя падлеткі, а матываваныя, якія ўсвядомлена выбралі педагагічную дзейнасць.

— Прафесія рабочага сёння набывае новыя рысы адпаведна міжнародным тэндэнцыям, мяняецца погляд на рабочую прафесію і з боку моладзі, але любоў да рабочай прафесіі пакуль у зародку ў маладзёжным асяроддзі…
— Відавочна, што трэба шукаць больш эфектыўныя рычагі ўздзеяння на свядомасць нашых падлеткаў, каб іх выбар усё ж быў скіраваны на рабочую прафесію. Сёння трэба фарміраваць светапогляд у маладых людзей, што паспяховасць жыццёвага шляху вызначаецца не толькі тым, што ты атрымаў вышэйшую адукацыю. Атрыманы дыплом яшчэ не дае гарантыю ўдала ўладкавацца ў жыцці, атрымаць высокую пасаду і вялікі заробак. Самы аптымальны варыянт — пачынаць свой жыццёвы шлях з набыцця рабочай прафесіі, з умення нешта рабіць сваімі рукамі, а потым удасканальваць свае веды на іншых узроўнях адукацыі, больш высокіх, і гэтым паступовым шляхам дайсці да атрымання вышэйшай адукацыі, але ж не адразу, а прыступка за прыступкай, раз за разам назапашваць прафесійны патэнцыял.
Такі светапогляд трэба фарміраваць у дзяцей з маленства, пачынаць прафарыентацыю не з выпускных класаў у школе, а як мага раней. І, безумоўна, знаходзіць усё новыя і новыя варыянты да павышэння інтарэсу нашых дзяцей да рабочай прафесіі. Магчыма, вельмі дарэчы выкарыстаць і сусветны вопыт, у прыватнасці, міжнародны рух JuniorSkills, які прыйшоў і ў нашу краіну. Для яго паспяховага развіцця мы падрыхтаваны.
Я маю на ўвазе дзейнасць на базе прафтэхустаноў аддзяленняў дапрафесійнай падрыхтоўкі або тых самых вучэбна-вытворчых камбінатаў, якія мы захавалі і якія сёння прадукцыйна працуюць, у тым ліку і ў прафарыентацыйнай рабоце. У 2013 годзе адбылася перадача вучэбна-вытворчых камбінатаў у сістэму прафесійнай адукацыі. Такія камбінаты створаны ў прафесійным ліцэі № 5 транспартнага будаўніцтва, у каледжы мантажных і пад’ёмна-транспартных работ, каледжы лёгкай прамысловасці і транспартнай лагістыкі, ліцэі № 14 дрэваапрацоўчай вытворчасці і транспартнага будаўніцтва. Дзеці, якія праходзяць курс прафесійнай падрыхтоўкі ў гэтых камбінатах, нярэдка выбіраюць рабочую прафесію. Гэта значыць, што педагогі змаглі паўплываць на іх прафесійны выбар і зацікавіць рабочай прафесіяй. Цяпер у аддзяленнях дапрафесійнай падрыхтоўкі вучацца каля 4 тысяч школьнікаў па 24 прафесіях. Пералік прафесій, па якіх вучаць школьнікаў у ВВК, пастаянна карэкціруецца, уводзяцца новыя, больш сучасныя, з улікам патрабаванняў, якія прад’яўляе рынак працы. Навучанне праводзіцца адзін раз у тыдзень. Пасля заканчэння навучання школьнікам прысвойваецца мінімальны разрад. Як правіла, у школьнікаў у час навучання ў такіх аддзяленнях павышаецца інтарэс да працоўнай дзейнасці з ранняга ўзросту, яны актыўней удзельнічаюць у алімпіядах па працоўным навучанні. Такім чынам, гэтыя аддзяленні дапрафесійнай падрыхтоўкі дазваляюць пасеяць у душы нашых падлеткаў зерне любові да працы, якое мы будзем прарошчваць у іх далейшым жыцці.

— Вельмі важны ў гэтым удзел устаноў прафесійнай адукацыі. Як заваёўваюць яны сваю папулярнасць?
— Сёння дастаткова імкліва мяняецца матэрыяльна-тэхнічная база навучальных устаноў. Яна больш сучасная, высокатэхналагічная, што дазваляе праводзіць практычнае навучанне на адным узроўні з рэальнай вытворчасцю. Увогуле, змест навучання фарміруецца разам з заказчыкамі кадраў, што ўрэшце дазваляе рыхтаваць менавіта тых рабочых і спецыялістаў, якія цалкам адаптаваны да сучаснай вытворчасці.
З улікам патрэб эканомікі, канкрэтных заказчыкаў кадраў пералік прафесій, па якіх рыхтуюць установы прафесійнай адукацыі, пастаянна абнаўляецца, удасканальваецца. Калі яны не запатрабаваны, то мы можам іх выключыць увогуле, увесці новыя, на якія ёсць попыт. Для гэтага выходзім на рынак працы, непасрэдна на раённыя службы занятасці, на самі прадпрыемствы і арганізацыі. Кожная навучальная ўстанова заключае з імі адпаведныя дагаворы, каб пасля заканчэння вучобы выпускнікі ўстаноў атрымалі канкрэтнае рабочае месца. Найбольш запатрабаванымі ў гэтым годзе сталі такія прафесіі, як кухар, цырульнік, маляр-тынкоўшчык-абліцоўшчык-плітачнік, укладчык падлогавых пакрыццяў, слесар па рамонце аўтамабіляў, вадзіцель аўтамабіляў для міжнародных перавозак, машыніст аўтамабільнага крана.
У рамках прафарыентацыйнай работы штогод нашы ўстановы прафесійнай адукацыі ўдзельнічаюць ва ўжо вядомай міжнароднай спецыялізаванай выставе “Адукацыя і кар’ера”. Кожная з іх прадстаўляе на ёй стэнд з поўнай інфармацыяй аб сваёй дзейнасці. Таксама выкарыстоўваецца друкаваная прадукцыя, выступленні агітбрыгад з ліку навучэнцаў і педагогаў гэтых устаноў, праводзяцца майстар-класы. Школы таксама ўдзельнічаюць у выставе. Для школьнікаў праводзяцца экскурсіі па выставе, сустрэчы з калектывамі навучальных устаноў, з самімі навучэнцамі.
Гэтая выстава стала правадніком для развіцця і міжнароднага супрацоўніцтва. Так, у рамках правядзення ХII выставы “Адукацыя і кар’ера” прайшоў міжнародны круглы стол “Прафесійная адукацыя моладзі: вопыт, інавацыі, праблемы і перспектывы”. У выніку работы было падпісана 6 дагавораў аб супрацоўніцтве паміж маскоўскімі і мінскімі ўстановамі прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі. У прыватнасці, вучэбна-метадычны цэнтр па прафесійнай адукацыі заключыў дагавор з дэпартаментам адукацыі Масквы, Мінскі ПТК швейнай вытворчасці супрацоўнічае з Маскоўскім тэхналагічным каледжам № 24, Мінскі ПТК кулінарыі — з каледжам сферы паслуг № 32 Масквы, Мінскі прафесійны ліцэй №12 — з Маскоўскім будаўнічым тэхнікумам № 30, Мінскі ПТК лёгкай прамысловасці і комплекснай лагістыкі — з Маскоўскім тэхналагічным каледжам № 21. Мы праводзім сумесныя вэб-семінары, круглыя сталы, абмен дэлегацыямі. Нашы маскоўскія калегі прыязджалі ў Мінск для святкавання 75-годдзя прафтэхадукацыі нашай краіны. Адназначна, гэтае супрацоўніцтва — перспектыўны кірунак у развіцці сталічнай прафесійнай адукацыі, яно прыносіць нам новыя ідэі, свежыя думкі, дае багаты вопыт, таму мы вельмі даражым ім.
Ёсць яшчэ адзін вопыт. На базе Мінскага ПТК дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва імя М.А. Кедышкі адкрыўся вучэбны салон-магазін ПрафМайстар” для рэалізацыі прадукцыі, вырабленай у вучэбных майстэрнях падчас вытворчага навучання і вытворчай практыкі. У магазіне функцыянуюць тры секцыі: будаўніцтва і машынабудаванне; лёгкая прамысловасць, швейная вытворчасць і сфера паслуг;дэкаратыўна-прыкладное мастацтва.

— Сапраўдным дасягненнем сталічнай прафесійнай адукацыі можна лічыць адкрыццё рэсурсных цэнтраў, дзейнасць якіх у значнай меры паўплывала на выдатнае выступленне беларускай каманды ў міжнародных спаборніцтвах WorldSkills.
— Гэта так. Сталічныя рэсурсныя цэнтры з’яўляюцца пляцоўкай для падрыхтоўкі канкурсантаў для рэгіянальных і міжнародных спаборніцтваў на ўзроўні сусветных аналагаў. Там праходзіла трэніроўка нашых канкурсантаў да І Нацыянальнага чэмпіянту WorldSkills Belarus, а потым да міжнародных, якія адбыліся ў Расійскай Федэрацыі і Бразіліі. І, як вядома, удзельнікі беларускай каманды з Мінска дастойна выступілі на гэтых спаборніцтвах, аб чым сведчыць медаль WorldSkills, заваяваная навучэнкай Мінскага ПТК швейнай вытворчасці Вольгай Закрэўскай.
Цяпер у Мінску дзейнічаюць чатыры рэсурсныя цэнтры. Гэта цэнтр, створаны на базе Мінскага ПТК швейнай вытворчасці па спецыяльнасці “Швейная тэхналогія і вытворчасць швейных вырабаў”, на базе Мінскага прафесійнага ліцэя № 12 будаўнікоў па спецыяльнасці “Аддзелачныя будаўнічыя работы”, рэсурсны цэнтр па падрыхтоўцы, перападрыхтоўцы і павышэнні кваліфікацыі рабочых і спецыялістаў у галіне халадзільнага і кліматычнага абсталявання на базе Мінскага механіка-тэхналагічнага ПТК і па спецыяльнасцях “Мехатроніка”, “Мікраэлектроніка”, “Тэхналогія вытворчасці вырабаў электроннай і мікраэлектроннай тэхнікі”, а таксама падрыхтоўкі, перападрыхтоўкі і павышэння кваліфікацыі спецыялістаў у галіне робататэхнікі і мікраэлектронікі на базе Мінскага каледжа электронікі. У гэтых цэнтрах ажыццяўляецца інтэграцыя матэрыяльна-тэхнічных, інфармацыйных і інтэлектуальных рэсурсаў адукацыі, ажыццяўляецца вучэбна-метадычнае суправаджэнне адукацыйнага працэсу — адным словам, рэсурсныя цэнтры — гэта цэнтры інавацый. Яны забяспечаны найноўшым абсталяваннем, новымі тэхналогіямі, метадычнымі напрацоўкамі, тут працуюць высокакваліфікаваныя педагагічныя кадры, педагогі-наватары.
Аснасціць цэнтры па самым апошнім слове тэхнікі дапамагаюць спонсары, вядучыя прадпрыемствы і арганізацыі. Напрыклад, у механіка-тэхналагічным каледжы рэсурсны цэнтр аснашчаны за кошт базавага прадпрыемства “Хладон”, які выдаткаваў на абсталяванне цэнтра вялікую суму грошай. Дапамагае аснашчаць рэсурсны цэнтр у каледжы электронікі прадпрыемства “Інтэграл” і інш. Дадаткова аказваецца спонсарская дапамога з боку замежных інвестараў. Яны дастаткова трывала ўмацаваліся на нашым рынку і маюць патрэбу ў добра падрыхтаваных кадрах, таму гатовы ўкладваць сродкі ў іх падрыхтоўку, набываць неабходныя матэрыялы і абсталяванне, каб навучанне будучых рабочых цалкам адпавядала іх запытам.

— Як рыхтуецеся да арганізацыі і правядзення наступных WorldSkills і JuniorSkills?
— У мінулым годзе мы праводзілі гарадскі WorldSkills па шэрагу кампетэнцый на базе навучальных устаноў таго ці іншага профілю. Пераможцы рэгіянальнага спаборніцтва прынялі ўдзел у І Нацыянальным чэмпіянаце WorldSkills Belarus па 9 кампетэнцыях. Гэта 4 кампетэнцыі будаўнічага профілю, рэстаранны сэрвіс, кандытарскае, кулінарнае, цырульніцкае мастацтва і дызайн адзення. Па гэтых жа кампетэнцыях будзем выступаць і ў наступным годзе. Рэспубліканскі інстытут прафесійнай адукацыі пачынае серыю рэспубліканскіх інструктыўна-метадычных нарад па кожнай з кампетэнцый, па якіх плануецца ўдзел нашых канкурсантаў на будучых міжнародных спаборніцтвах, і згодна з прынятымі рашэннямі будзем пачынаць работу ў рамках WorldSkills на рэгіянальным узроўні і па ўключэнні ў яго юніёрскага спаборніцтва. У нас створана гарадское вучэбна-метадычнае аб’яднанне, скіраванае на падрыхтоўку і арганізацыю WorldSkills на рэгіянальным этапе, на яго метадычнае забеспячэнне, на распрацоўку заданняў. У аб’яднанне запрошаны лепшыя педагогі, кіраўнікі ўстаноў, метадысты, вытворцы, веды і вопыт якіх, безумоўна, паўплываюць на якасную падрыхтоўку сталічнай каманды да ўдзелу спачатку ў гарадскіх, а потым і рэспубліканскіх спаборніцтвах WorldSkills, а магчыма, і міжнародных. Балазе, вопыт у заваёўванні медалёў у нас ужо ёсць.

Інтэрв’ю ўзяла Ала КЛЮЙКО.
Фота аўтара.

WorldSkills — каштоўныя інвестыцыі ў будучыню

У год 75-годдзя айчыннай сістэмы прафесійна-тэхнічнай адукацыі, бясспрэчна, самым значным крокам у яе дынамічным развіцці з’яўляецца ўступленне Рэспублікі Беларусь у сусветную арганізацыю WorldSkills International і ўдзел беларускай каманды ў спаборніцтвах WorldSkills. Аб гэтай падзеі расказвае першы прарэктар Рэспубліканскага інстытута прафесійнай адукацыі афіцыйны дэлегат WorldSkills Эдуард Мечыслававіч КАЛІЦКІ.

— У час цырымоніі адкрыцця сусветнага чэмпіянату ў Сан-Паўлу старшыня Міжнароднай арганізацыі WorldSkills Сайман Бартлі адзначыў, што гэтае спаборніцтва — свята, якое аб’ядноўвае свет. І ён не перабольшыў. У час гэтага маштабнага працоўнага форуму панаваў байцоўскі дух і адначасова дух еднасці народаў, краін і кантынентаў. Яго цяжка было не заўважыць у атмасферы ўсёабдымнага трыумфавання. Ці настолькі вялікі сёння аўтарытэт WorldSkills?
— Гэта, безумоўна, так. WorldSkills International — арганізацыя трывалая, добранадзейная, якая ўжо замацавала свой аўтарытэт ва ўсім свеце. У ёй адсутнічае дыскрымінацыя, палітычныя аспекты, гэты рух збліжае, аб’ядноўвае краіны ўсіх кантынентаў, нашу моладзь. Гэтая арганізацыя як алімпійскі рух, які ідзе толькі на карысць кожнаму ўдзельніку і ўвогуле краінам.Па сутнасці, сёння ідзе глабалізацыя прафесійнай адукацыі, што, безумоўна, мае станоўчы эфект для сусветнай эканомікі і для кожнай з краін-удзельніц паасобку. З улікам гэтых тэндэнцый рух WorldSkills з кожным годам пашыраецца і набывае ўсё новыя рысы. Калі ён толькі-толькі распачынаўся, а гэта быў далёкі 1946 год, у WorldSkills Іnternational уваходзілі толькі дзве краіны — Партугалія і Іспанія. З часам колькасць краін узрастала і ў 2015 годзе дасягнула 74, што ахоплівае каля 80 працэнтаў насельніцтва ўсяго зямнога шара. Як бачна, значэнне руху WorldSkills ужо пацверджана часам і не падвяргаецца сумненням ці нейкаму недаверу як з боку перадавых краін, так і тых, што развіваюцца. Трэба сказаць, што побач з такімі магутнымі дзяржавамі свету, як Японія, Карэя, Францыя, Германія, у гэтай арганізацыі знаходзяцца краіны Афрыкі, Лацінскай Амерыкі. Безумоўна, знамянальнай падзеяй з’яўляецца ўваходжанне ў WorldSkills у 2014 годзе Рэспублікі Беларусь.

— Вядома, што ў час правядзення спаборніцтваў у бразільскім горадзе Сан-Паўлу адбылося пасяджэнне кангрэса WorldSkills. Якая тэма размовы была асноўнай?
— Гэты кангрэс з’яўляецца кіруючым органам руху WorldSkills, збірае прадстаўнікоў усіх краін, іх афіцыйных дэлегатаў і традыцыйна праводзіцца ў час конкурсу. Звычайна на пасяджэннях кангрэса вызначаецца палітыка руху, абмяркоўваюцца злабадзённыя пытанні арганізацыі і правядзення сусветных спаборніцтваў, вырашаюцца задачы на перспектыву. На гэты раз абмяркоўваліся і некаторыя праблемы. Сёння відавочна, што арганізаваць такое маштабнае спаборніцтва, як WorldSkills, з кожным годам становіцца ўсё цяжэй з-за колькасці краін-удзельніц і ўзрастаючай колькасці прадстаўленых кампетэнцый, што вядзе да істотнага павелічэння колькасці канкурсантаў. На сёлетнім спаборніцтве ў Сан-Паўлу было 50 кампетэнцый, але праз два гады іх, магчыма, стане яшчэ больш. Цяжка арганізаваць на якасным узроўні спаборніцтвы такога маштабу, таму на гэтым кангрэсе вялася размова аб тым, як будзе развівацца рух у найбліжэйшы час і на перспектыву да 2025 года. Як вядома, разам з рухам WorldSkills сёння таксама імкліва развіваецца рух ЕuroSkills, які, мяркуючы па назве, праводзіцца для краін Еўропы. WorldSkills праводзіцца адзін раз у два гады, і паміж гэтымі сусветнымі спаборніцтвамі праводзіцца ЕuroSkills. Такім чынам, атрымліваецца, што конкурсы такога кшталту праводзяцца штогод.
Цяпер гэтыя два рухі ідуць амаль паралельна адзін аднаму, і яны амаль што не перасякаюцца. Мы прывыклі менавіта да ступеньчатай арганізацыі спаборніцтваў, калі пераможцы рэгіянальнага конкурсу потым спаборнічаюць на рэспубліканскім узроўні. У руху WorldSkills, на жаль, такой градацыі няма, і кожны з такіх конкурсаў праходзіць амаль сам па сабе. Таму было б лагічна, каб пераможцы ЕuroSkills выступалі на сусветным спаборніцтве WorldSkills.
Узнікае пытанне, як суаднесці гэтыя два рухі, як зрабіць іх дапаўненнем адзін аднаго, як арганізаваць прамую сувязь паміж іх кіруючымі органамі. Магчыма, ёсць неабходнасць у будучыні рэарганізаваць гэтыя два конкурсы, праводзіць іх паэтапна, спачатку па рэгіёнах асобных кантынентаў і краін. Напэўна, трэба праводзіць адборачныя спаборніцтвы, а потым пераможцаў збіраць на сусветным чэмпіянаце WorldSkills. Як бачна, новы фармат гэтага спаборніцтва вельмі неабходны, і сёння актыўна вядзецца яго пошук.

— Якую фінансавую падтрымку мае сёння рух WorldSkills? Ці ёсць у яго спонсары?
— Хачу сказаць, што гэтае мерапрыемства вельмі дарагое. Магчыма, яно сябе акупляе, калі весці разлікі на перспектыву. Сапраўды, гэтае спаборніцтва пазіцыянуе развіццё працоўных рэсурсаў, матывуе моладзь на атрыманне рабочай прафесіі, павышае імідж прафесійнай адукацыі як асновы падрыхтоўкі кадраў для эканомікі. Гэта сапраўды каштоўнае ўкладанне інвестыцый у нашу будучыню. Але калі гаварыць непасрэдна пра само правядзенне конкурсу, то для гэтага, безумоўна, неабходны вялікія сродкі. Толькі некалькі працэнтаў у бюджэт спаборніцтва прыўносяць краіны-ўдзельніцы у выглядзе ўзносаў, а гэта зусім малая сума. Таму нельга абысціся без магутных сусветных спонсараў. На гэты раз у Сан-Паўлу львіную частку затрат узяла на сябе кампанія Samsung, якая ў значнай меры спансіравала правядзенне гэтага мерапрыемства, падрыхтавала падарункі ўсім удзельнікам конкурсу. Афіцыйным дэлегатам чэмпіянату, кіраўнікам дэлегацый былі падараваны iPad з начынкай аб прафесійных стандартах WorldSkills. Трэба сказаць, што такіх спонсараў, як Samsung, якія ўлічваюць глабалізацыю эканомікі і бачаць эканамічны сэнс у падтрымцы руху WorldSkills, даволі шмат.

— Ці стане наяўнасць прафесійных стандартаў WorldSkills дзейсным матывам для распрацоўкі прафесійных стандартаў у нашай сістэме прафесійнай адукацыі?
— Наяўнасць прафесійных стандартаў WorldSkills паслужыла для нашай сістэмы прафесійнай адукацыі першай спробай па кожнай з 50 кампетэнцый, прадстаўленых на міжнародным спаборніцтве, распрацаваць прафесійныя стандарты, вызначыць кваліфікацыйныя патрабаванні і
функцыі па кожнай прафесіі. Гэта сапраўды вельмі дарагі падарунак для нас. На сённяшні дзень з’явілася рэальная магчымасць дакрануцца да міжнароднага вопыту на практыцы.Трэба прызнаць, што раней такой магчымасці не было. Мы маглі паехаць у канкрэтную краіну, наведаць канкрэтную навучальную ўстанову, але гэта быў не сусветны абагульнены вопыт. Здабыць яго мы можам сёння за кошт удзелу ў руху WorldSkills. Менавіта на ім збіраюцца лепшыя кадры з усяго свету па той ці іншай прафесіі, рэальна дэманструюцца найноўшыя тэхналогіі, методыкі падрыхтоўкі, сучаснае аснашчэнне рабочых месцаў. Гэта бясцэнны вопыт, які мы павінны выкарыстоўваць у нашай сістэме прафесійнай адукацыі. Вельмі прыемна, што на ўзроўні кіраўніцтва краіны, нашага ўрада мы атрымалі станоўчы водзыў, і сёння рыхтуецца пастанова аб пераглядзе прафесійных стандартаў і кваліфікацыйных характарыстык на аснове прафесійных стандартаў WorldSkills. У Міністэрстве працы і сацыяльнай абароны створаны структура прафесійнага стандарту і механізмы для яго распрацоўкі. Калі яны будуць адобраны, то на іх аснове мы будзем распрацоўваць прафесійныя стандарты.

— Вельмі прыемна, што дзве нашы ўдзельніцы, цырульніца Алеся Назарава і закройшчыца Вольга Закрэўская, атрымалі медалі за высокія вынікі ў Міжнародным спаборніцтве WorldSkills у Сан-Паўлу, станоўчыя вынікі паказалі і іншыя нашы канкурсанты. Гэта, безумоўна, уздымае імідж і канкрэтнай установы, дзе вучацца ўдзельнікі WorldSkills, і ў цэлым прафесійнай адукацыі нашай краіны. Як будзе выкарыстоўвацца ў далейшым іх вопыт?
— Безумоўна, мы збіраемся выкарыстаць вопыт нашых удзельнікаў WorldSkills, іх высокія вынікі ў маштабе ўсёй прафесійнай адукацыі нашай краіны. Згодна з правіламі WorldSkills Іnternational і як адзначыў яе старшыня Сайман Бартлі, канкурсант можа толькі адзін раз удзельнічаць у спаборніцтве WorldSkills, а эксперты і трэнеры — да 10 разоў. Значыць, мы можам выгадаваць з былых удзельнікаў спаборніцтва новых экспертаў і трэнераў для далейшых сусветных спаборніцтваў. Таму важна іх не выпусціць з поля зроку, задзейнічаць іх у гэтым руху. Большасць удзельнікаў, якія ўжо не могуць выступаць у далейшых конкурсах, гатовы ўдасканальваць свае веды і ўменні, узбагачаць свой вопыт і выкарыстоўваць яго на новых спаборніцтвах, дзе яны могуць выступіць у ролі трэнераў. Акрамя таго, удзельнікаў спаборніцтваў WorldSkills мы будзем далучаць да работы ў якасці лектараў на факультэце павышэння кваліфікацыі ў РІПА, яны могуць праводзіць майстар-класы як на факультэце для слухачоў, так і ў навучальных установах. Іх асабісты аўтарытэт заслужаны, дастаткова высокі і можа паўплываць на ўзняцце іміджу самой навучальнай установы і ў цэлым прафесійнай адукацыі. І гэтаму ўжо ёсць рэальнае пацвярджэнне. Напрыклад, у час уступнай кампаніі навіна аб тым, што навучэнец Мінскага каледжа кулінарыі ўдзельнічаў у спаборніцтве WorldSkills у Бразіліі, паўплывала на выбар прафесій рэстараннага сэрвісу многімі абітурыентамі, і план прыёму ў каледж быў паспяхова выкананы.

— Як паўплывае вопыт удзельнікаў WorldSkills на фарміраванне экспертнай супольнасці?
— Да нядаўняй пары фарміраванне экспертнай супольнасці было слабым месцам як у колькасных, так і ў якасных адносінах. На жаль, у экспертную супольнасць уваходзяць пакуль толькі адзінкавыя асобы з ліку выкладчыкаў устаноў вышэйшай, прафесійна-тэхнічнай, сярэдняй спецыяльнай адукацыі, прадстаўнікоў дзяржаўных прадпрыемстваў і арганізацый, малога і сярэдняга бізнесу. Яны, безумоўна, добра падрыхтаваны, але адзінае, чаго ім не хапае, гэта міжнароднага вопыту, непасрэдна кантактаў з калегамі з іншых краін. Таму, адназначна, усіх канкурсантаў, трэнераў, экспертаў, якія пабывалі на спаборніцтвах WorldSkills-2015, мы задзейнічаем у фарміраванні экспертнай супольнасці. Усе нашы ўдзельнікі сёлетняга WorldSkills наладзілі цесныя стасункі з іншымі краінамі, і мы мяркуем, што гэта стане падставай для больш канструктыўных зносін нашых экспертаў з замежнымі. Плануем таксама падключаць у большай меры нашых работадаўцаў, якія маглі б у галіновых саветах уплываць на развіццё прафесійнай адукацыі нашай краіны як у цэлым, так і ўдзельнічаць у стварэнні прафесійных стандартаў для розных кваліфікацый на аснове міжнароднага вопыту, і ў першую чаргу WorldSkills. Такім чынам, мы будзем фарміраваць экспертную супольнасць з ліку тых экспертаў, якія маюць айчынны і міжнародны вопыт па развіцці прафесійнай адукацыі. Карысным тут будзе таксама стварэнне групы экспертаў на ўзроўні СНД. Плануецца арганізаваць экспертны клуб у кожнай краіне Садружнасці.

— Якія задачы на найбліжэйшы час ставіць перад сабой Рэспубліканскі інстытут прафесійнай адукацыі?
— У РІПА распачалася работа па падборы навучальных устаноў, якія стануць вядучымі ў развіцці і ўдасканаленні прафесійнай падрыхтоўкі па той ці іншай прафесіі і на базе якіх можна будзе павышаць майстэрства нашых навучэнцаў. Далучаць усе аднапрофільныя ўстановы да гэтага працэсу нерацыянальна, і не хопіць рэсурсаў, а стварыць адзін рэсурсны цэнтр было б мэтазгодна — такім чынам можна стварыць кропкі росту па кожнай канкрэтнай прафесіі. На рабочай нарадзе, якую плануем правесці ў найбліжэйшы час, мы будзем абмяркоўваць гэтую тэму, выслухаем меркаванні ўдзельнікаў спаборніцтва, экспертаў, трэнераў, і на аснове атрыманых высноў распрацуем праграму далейшых дзеянняў па падрыхтоўцы нашай каманды да наступнага конкурсу WorldSkills, па развіцці сістэмы прафесійнай адукацыі на аснове ўдзелу нашай краіны ў спаборніцтвах WorldSkills. Важна, каб гэты працэс быў незваротны і забяспечваў устойлівае развіццё краіны.
Згодна з праграмай будзе распрацаваны план работы РІПА і Міністэрства адукацыі, дзе будзе перагледжана абнаўленне зместу падрыхтоўкі кадраў па той ці іншай прафесіі, навучання майстроў вытворчага навучання і падрыхтоўкі выкладчыкаў для ўстаноў прафесійнай адукацыі, праведзена ацэнка вучэбна-матэрыяльнай базы навучальных устаноў, вучэбнай і дапаможнай літаратуры. Безумоўна, у далейшым неабходна ажыццяўляць пераход на модульнае навучанне, што дазволіць пад асобны модуль адпрацоўваць кожную функцыю. Пры гэтым важна будзе не тое, што навучэнец атрымаў дыплом, а якую ён атрымаў кваліфікацыю.
Мяркуецца стварыць 20 рэсурсных цэнтраў, аснашчаных па апошнім слове тэхнікі. Яны стануць своеасаблівымі маякамі, рэпернымі кропкамі, на якія будуць арыентавацца іншыя навучальныя ўстановы і накіроўваць у рэсурсныя цэнтры для навучання сваіх педагогаў і навучэнцаў. Спадзяёмся, што нам удасца гэта ажыццявіць пры падтрымцы дзяржавы, іншых інвестараў, якія ўсведамляюць значнасць развіцця прафесійнай адукацыі для інавацыйнай эканомікі і вытворчасці канкурэнтаздольнай прадукцыі.

— Напэўна, сёння неабходна вызначыць тыя важныя для эканомікі нашай краіны прафесіі, якія трэба развіваць і ўдасканальваць у далейшым.
— Сёння ў рэчышчы міжнародных тэндэнцый мы падыходзім да развіцця прафесійнай адукацыі не агулам, а кропкава, мяркуем браць яе не ў цэлым, а толькі асобную прафесію і рухаць, удасканальваць яе згодна з міжнароднымі патрабаваннямі. Выбар прафесій павінен зыходзіць з унутраных інтарэсаў і патрэб эканомікі, каб быў сэнс укладваць рэсурсы. І неабавязкова, каб гэты выбар быў заснаваны на тых прафесіях, якія прадстаўляе сёння WorldSkills. Пры гэтым мы будзем абавязкова павялічваць колькасць прафесій, па якіх нашы канкурсанты будуць выступаць на наступных спаборніцтвах WorldSkills. Перад Міжнародным конкурсам WorldSkills-2017 у 2016 годзе ў Мінску будзе праводзіцца ІІ Нацыянальны чэмпіянат прафесійнага майстэрства. Мы мяркуем, што пры павелічэнні колькасці прафесій і, адпаведна, удзельнікаў наша спаборніцтва будзе займаць ужо не палову футбольнага манежа, як было на першым чэмпіянаце, а ўсю яго плошчу. Мы будзем вызначаць узровень прафесійнай падрыхтоўкі нашых навучэнцаў з дапамогай як айчынных суддзяў і экспертаў, так і міжнародных, якіх мы плануем запрасіць, каб можна было, як кажуць, іншымі вачамі паглядзець, як падрыхтаваны наш канкурсант, як у цэлым вядзецца падрыхтоўка па той ці іншай прафесіі, ці правільным кірункам мы ідзём. WorldSkills з’яўляецца рухальнай сілай развіцця прафесійнай адукацыі. Сёння гэта не толькі рухальная, але і вымяральная сіла, якая паказвае, што і як мы робім у сістэме прафесійнай адукацыі з міжнароднага пункту гледжання і ці сугучныя нашы крокі з міжнароднымі.

Інтэрв’ю ўзяла Ала КЛЮЙКО.
Фота аўтара.

“Мяне натхняе праца”

Майстэрства цырульніка даўно перасягнула межы простай стрыжкі ці фарбавання валасоў. Сёння ў пашане спецыяліст, які валодае самымі перадавымі напрамкамі, здольны ператвараць сваю прафесію ў сапраўднае мастацтва. Тады ён ужо не проста цырульнік, ён — стыліст. Гэтую думку майстры і выкладчыкі спецдысцыплін Гомельскага каледжа бытавога абслугоўвання стараюцца данесці да кожнага навучэнца, які прыйшоў да іх спасцігаць азы цырульніцкай справы.
Віртуозна валодаць нажніцамі, ствараць цудоўныя вобразы і сапраўдыя шэдэўры з валасоў можна навучыцца. Неабходна толькі адно — жаданне. І тады жыццё можа несці вас па хвалях, падымаючы ўсё вышэй. Тыя, каму давялося вучыцца ў Марыны Аляксандраўны ДЗЕРАВЯНКА, добра ведаюць гэтую ісціну. Тым больш што яна сама з’яўляецца прыкладам таго, наколькі далёка ў прафесійным майстэрстве можа завесці чалавека жаданне.

Любоў да цырульніцкага майстэрства ў дзяўчыны з’явілася яшчэ ў школьныя гады, калі ў 10 класе яна пачала вывучаць асновы цырульніцкай справы ў вучэбна-вытворчым камбінаце. Год навучання ўжо даў пэўныя веды, якія дзесяцікласнікі павінны былі замацаваць на практыцы.
— Менавіта тады, у час практыкі, я адчула ўсю прывабнасць прафесіі цырульніка, бо тэорыя ніякіх асаблівых пачуццяў не выклікала, — прызнаецца субяседніца. — Вучылася, таму што неабходна было разам з атэстатам аб заканчэнні сярэдняй школы атрымаць рабочую прафесію. Такі быў парадак у той час. А калі давялося апынуцца на рабочым месцы, дакрануцца да кожнага кліента, зразумець, што ты маеш яго давер (ён прыйшоў да цябе, каб ты зрабіў яго прыгожым), усё гэта дазволіла па-іншаму паглядзець на справу.У 11 класе Марына ўжо цвёрда ведала, што яна будзе цырульнікам, нават не разглядала нічога іншага.
Школьныя экзамены прайшлі, адгрымеў выпускны баль, і, прыклаўшы да атэстата ўсе неабходныя дакументы, дзяўчына накіравалася ў каледж бытавога абслугоўвання, які ў той час яшчэ меў статус вучылішча. Зараз яна ўспамінае, што не адчувала ніякіх цяжкасцей, паўтара года вучобы даліся ёй лёгка, хацелася даведвацца больш і больш, хацелася тварыць. А натхняльнікам для будучага цырульніка была яе майстар Т.І.Усольцава.
Каледж Марына скончыла з дыпломам з адзнакай, а наперадзе яе чакала работа ў адной з цырульняў горада. Хапіла дзяўчыны толькі на паўгода, мабыць, спакой і аднастайнасць — не яе сябры, неяк засумавала яна ў сваёй цырульні. Да таго ж ніяк не пакідала адчуванне таго, што быццам нешта не зрабіла, не давяла да канца. І тады непаседлівая выпускніца каледжа ўспомніла, што, маючы дыплом з адзнакай, яна можа працягнуць вучобу ў Віцебскім індустрыяльна-педагагічным каледжы. Зноў сабрала дакументы і падалася на поўнач краіны атрымліваць спецыяльнасць тэхнолага. Яшчэ тры гады вучобы, новыя веды, новыя ідэі — і яшчэ адзін дыплом у руках. Час заканчэння каледжа і пачатак новай працоўнай дзейнасці, як успамінае сёння мая субяседніца, — гэта час, калі яна аказалася на ростанях. “Я чакала якіх-небудзь прапаноў адносна месца работы, на той час мяне, як здаецца цяпер, зацікавіла б першае, што прапанавалі”, — дзеліцца Марына Аляксандраўна.
Не вядома, як магло б скласціся прафесійнае жыццё нашай гераіні, калі б у гэты момант ёй не патэлефанавалі з яе роднага гомельскага вучылішча і не запрасілі паспрабаваць сябе ў ролі майстра. Так Марына Дзеравянка вярнулася ў родныя сцены, дзе пачаўся новы віток творчай дзейнасці. А праз год, у 2005 годзе, адміністрацыя каледжа прапанавала былой выпускніцы асвойваць прафесію выкладчыка спецдысцыпліны. Марына згадзілася. Гэта быў рашаючы момант як для выкладчыцы дысцыпліны “Цырульніцкае майстэрства і дэкаратыўная касметыка”, так і для каледжа.
Цырульнік — прафесія творчая. Каб выхаваць добрага майстра, неабходна творча падыходзіць да заняткаў, будаваць іх на практычнай аснове. Не менш важна ўмець зацікавіць навучэнцаў: знайсці для іх нешта захапляльнае, нязвыклае, даць ім магчымасць развіваць і рэалізоўваць свой творчы патэнцыял. І ўсё гэта Марыне Аляксандраўне ўдаецца рабіць на дзіва лёгка.
— Яна наша зорачка, — гаворыць метадыст каледжа Валянціна Еўдасёва. — Заняткі Марына Аляксандраўна праводзіць на высокім узроўні, будуючы работу па прынцыпе “ад прафесіяналізму да творчасці”.
Майстэрства выкладчыцы і яе вучаніц пацверджана мноствам дыпломаў на конкурсах рознага ўзроўню. Штогод дзяўчынкі, якіх рыхтуе Марына Дзеравянка, прывозяць перамогу з міжнароднага конкурсу па цырульніцкім мастацтве “Неўскія берагі”, які праходзіць у Санкт-Пецярбургу. У мінулым годзе ў рэспубліканскім адборы конкурсу прафесійнага майстэрства WorldSkills навучэнка каледжа Дар’я Лазарчук заняла 1-е і 3-е месцы ў розных катэгорыях і па выніках конкурсу сярод 11 канкурсантак выйшла на 3-е прызавое месца.
— Ці шмат таленавітых дзяўчат прыходзяць у каледж, каб набыць прафесію цырульніка? — пытаюся ў сваёй субяседніцы.
— Таленавітых шмат, — чую ў адказ, — а вось такіх, якія па-сапраўднаму жывуць гэтым, якія ўспрымаюць цырульніцтва як высокую навуку, як мастацтва, — адзінкі.
— І яны застаюцца ў вашай памяці…
— Безумоўна. Больш за тое, у выкладчыцкім сэнсе яны адкрываюць нешта новае для мяне.
Адным з такіх адкрыццяў для Марыны Аляксандраўны стала нядаўняя выпускніца Настасся Зорына. Вельмі сціплая дзяўчынка, няўпэўненая ў сабе, але таленавітая. “Неяк угаварыла яе паехаць на міжнародны конкурс, — расказвае выкладчыца. — Згадзілася, грошы на паездку аддала. І раптам усхвалявалася, занепакоілася, вырашыла не прымаць удзел у конкурсе. Толькі грошай ёй вярнуць ужо не змаглі, і, пашкадаваўшы трат, Насця паехала. Вярнулася з сур’ёзнага конкурсу сціплая дзяўчынка пераможцай і нібы перарадзілася: набыла ўпэўненасць, веру ў сябе. Цяпер я сваім вучаніцам расказваю гэты выпадак як прытчу — вельмі добры і дзейсны псіхалагічны момант”.
Марына Аляксандраўна вучыць сваіх падапечных ніколі не спыняцца, не замыкацца на манатоннай рабоце, не прывязвацца да крэсла, а тварыць, эксперыментаваць, займацца самаадукацыяй. Сама яна таксама бесперапынна вучыцца, каб паспяваць за часам і быць цікавай для вучняў. А натхняе на гэта сама выкладчыцкая праца, якая, як кажа Марына Аляксандраўна, не ставіць жорсткіх рамак і дае вялікі прастор для творчасці.

Наталля ЛУТЧАНКА.
Фота аўтара.