Журавінка ў руках і журавель у небе

- 11:51Культура

А ці ведаеце вы, дзе гарантавана можна паназіраць за жураўлямі? І ўбачыць іх не пару і не дзве, а сотні ці нават тысячы?..

І ці ведаеце вы, дзе растуць самыя смачныя журавіны? Магчыма, не самыя салодкія, затое мясцовыя жыхары спрактыкаваліся гатаваць з іх такія цудоўныя стравы!.. Той журавінавы пірог, які я набыла ў адной бойкай гаспадыні, буду ўспамінаць, напэўна, цэлы год — да наступнага верасня.

Нездарма сюды, як тыя жураўлі, злятаюцца тысячы людзей з усёй краіны і ўжо нават з замежжа. Сёлета надвор’е было зусім нялётным, аднак аматараў прыгожых птушак і смачных ягад гэта не спужала. Мы ўсё роўна прыехалі, каб наталіцца гэтым багаццем восеньскіх пахаў, смакаў, краявідаў і галасоў.

Запрашаем і вас у Мёры — чароўны беларускі горад, ваколіцы якога так палюбілі жураўлі! Ды і журавіны! Гаючых ягад у балоце Ельня хопіць на ўсіх…

Жураўлі і журавіны Мёрскага краю

Фестываль пад такой назвай стаў ужо традыцыйным для рэгіёна. У нядзелю, 15 верасня, горад прымаў гасцей сёмы раз.

Зараз у разгары сезон збору журавін — спрадвечны промысел мясцовых жыхароў. І кожны год у гэты час на балоце Ельня больш за 4 тысячы жураўлёў і дзясяткі тысяч гусей збіраюцца для адлёту ў вырай. Абедзве падзеі нязменна прыцягваюць увагу аматараў прыроды. На мёрскім фэсце можна паласавацца свежымі журавінамі, напоямі і стравамі з гэтых ягад, а таксама паназіраць за жураўлямі. Арнітолагі з грамадскай арганізацыі “Ахова птушак Бацькаўшчыны” заўсёды ладзяць на палях пляцоўкі для назіранняў, абсталёўваюць іх добрай оптыкай — такім чынам, усе жадаючыя могуць убачыць гэтых неверагодных птушак.

Арнітолагі расказваюць, што жураўлі жывуць да 30 гадоў і ніколі не мяняюць сваіх партнёраў. Калі ствараюць пару, то ўжо назаўсёды разам. Два гады назад жыхары Мёраў вырашылі ўвекавечыць гэтую каштоўную і для людзей якас ць і ўстанавілі ў горадзе скульптуру “Жураўліная вернасць”. Цяпер тут часта можна бачыць маладых, якія клянуцца адно аднаму ў вечным каханні. У рамках фестывалю побач са скульптурай адбылася ўрачыстая рэгістрацыя шлюбу “Жураўлінае вяселле”. А створаны ў горадзе клуб маладой сям’і называецца “Жураўлінай сцежкай”.

Так, спакваля журавель становіцца сапраўдным брэндам Мёраў, іх птушкай шчасця. На фестывальнай пляцоўцы, якая традыцыйна разгарнулася ў гарадскім парку “Паўвостраў”, жураўлі былі паўсюль: на магнітах, кубках, торбах. З цеста, з плюшу, з травы, з лазы. Выстава-продаж вырабаў народных майстроў насіла сімвалічную назву “Жураўліная скарбонка”, а на майстар-класах выявамі гэтых птушак госці размалёўвалі пернікі. Кожны хацеў прывезці дадому хаця б маленькага жураўліка — на ўдачу, на добрую будучыню, на сямейнае шчасце.

Такім жа жаданым для гасцей здабыткам былі і мёрскія журавіны — чыстыя, буйныя, спелыя, здаецца напоўненыя здароўем. Вядома, надзець бы боты, узя ць вядро — і скіравацца ў Ельню, знайсці і самой набраць сакавітых ягад! Нямнога, каб яны не перасталі быць далікатэсам, але і нямала, каб пачаставаць блізкіх… Людзі, якія прадаюць ягады, пасмейваюцца з маіх мрояў, ка­жуць: збіраць журавіны — нялёгкая праца. Але ўсё роўна вельмі хочацца ў Ельню!

Разам для грамады і прыроды

Сёлета журавінава-жураўліны фэст стаў часткай вялікага праекта “Разам для грамады і прыроды: узмацненне працэсу развіцця ў Мёрскім раёне праз супрацоўніцтва мясцовай улады і грама­дзянскай супольнасці”. Праект рэалізоўваецца пры фінансавай падтрымцы Еўрапейскага саюза і скіраваны на паляпшэнне жыцця жыхароў Мёршчыны на аснове рэалізацыі прынцыпаў устойлівага развіцця рэгіёна. З гэтай прычыны ў рамках фестывалю прайшоў семінар, дзе прадстаўнікі Мёраў, а таксама госці абмеркавалі магчымасці міжнароднага супрацоўніцтва для ўстойлівага развіцця тэрыторый.

Менеджар праекта “Разам для грамады і прыроды” Алег Сівагракаў заўважыў, што, каб быць у трэндзе міжнароднага супрацоўніцтва і партнёрства, трэба “тусавацца” ў міжнародных кампаніях.

— Я заклікаю вас кантакта­ваць, аб’ядноўвацца, прапаноўваць свае ідэі, — звярнуўся да прысутных спецыяліст. — Удзель­нічайце ва ўсіх абменах вопытам і абмеркаваннях, самі арганізоўвайце такія падзеі. Рабіце добрыя справы і расказвайце пра гэта. Дзякуючы супрацоўніцтву, вам не давядзецца штораз выдумляць веласіпед, вы будзеце знаходзіць новыя шляхі і лепшыя рашэнні.

Алег Уладзіміравіч назваў важныя, на яго погляд, навыкі, неабходныя для эфектыўнага міжнароднага супрацоўніцтва: веданне замежнай мовы, уменне звярнуць на сябе ўвагу, зацікаўленасць і парадак (напрыклад, варта своечасова адказваць на электронныя пісьмы), камандная праца.

— Пачынаць трэба з малога. Вялікія праекты часта вырас­таюць з дробных спраў, — заўважыў Алег Сівагракаў.

Эксперт Латвійскага сельскага форуму Арыс Адлерс па­дзяліўся з прысутнымі вопытам сваёй краіны ў развіцці міжнароднага супрацоўніцтва на карысць развіцця сельскіх тэрыторый.

— Праблемы сельскіх тэрыторый часта аднолькавыя, — сказаў спецыяліст. — Напрыклад, Латвія ахвотна пераймае вопыт іх вырашэння ў краін Балкан і Чорнага мора. Многае ў свеце ўжо зроблена, таму нельга замыкацца ў сваіх межах, трэба дзяліцца ведамі і супрацоўнічаць.

Пазней, ужо на фестывальнай сцэне, тэму супрацоўніцтва і адзін­ства ўздымалі іншыя спікеры. У прыватнасці, еўрапейскі фармат мёрскага фэсту адзна­чыў кіраўнік аддзела праграм су­працоўніцтва прадстаўніцтва Еўрапейскага саюза ў Беларусі Берэнд дэ Гроат.

— Цудоўны дзень, — заўважыў дыпламат, стоячы пад халодным дажджом. — Сёння зранку я ўбачыў тут выдатную прыроду, убачыў жураўлёў Мёрскага краю. І быў вельмі ўражаны, назіраючы за імі ў натуральным асяроддзі. Я трапіў на цудоўны фестываль, які лічу сімвалам яднання Мёрскага краю з Еўропай.

Алег Сівагракаў заявіў, што жураўлі і журавіны могуць стаць выдатным сусветным брэндам. І адна з задач праекта “Разам для грамады і прыроды” — прасоў­ваць гэты брэнд.

— Вось хтосьці падумаў: а дзе ж паназіраць за жураўлямі? І ўсе адразу: у Мёрах! А дзе паесці самых смачных журавін? У Мёрах! Гэта абавязкова будзе, — упэўнены Алег Уладзіміравіч.

Ельня

Вядома, Мёрскі край немагчыма ўявіць без Ельні — уласна кажучы, усё пачыналася адсюль. Найбуйнейшае ў краіне верхавое балота са шматлікімі азёрамі і выспамі (Рэспубліканскі ландшафтны заказнік). Лёгкія Еўропы. Жураўліны і журавінавы рай. А насамрэч — космас. Бяскрайняя тэрыторыя з неверагоднымі пейзажамі. Пабываўшы тут аднойчы, хочацца вярнуцца…

Дагэтуль я бачыла Ельню сонечнай і ўтульнай. Але зараз цяжкае вадзяністае неба апусцілася нізка над балотам, і прырода здавалася не надта дружалюбнай. Моцны вецер і дождж пераўтварылі прывычны пейзаж: Ельня стала выглядаць як сапраўдная тундра — самотная, меланхалічная. Зрэшты, усё такая ж загадкавая і прыгожая.

Адметна, што ў Ельні, нягле­дзячы на надвор’е, было даволі мнагалюдна. Фестывальныя мерапрыемствы не мелі на ўвазе арганізаваных паездак на балота (жураўлі прылятаюць сюды толькі ўначы, а днём кормяцца на палях). Тым не менш людзі масава, на ўласных аўтамабілях, прыяз­джалі, каб убачыць знакамітую Ельню.

Мы накіраваліся на балота разам з кіраўніком грамадскай арганізацыі “Ахова птушак Бацькаўшчыны” Аляксандрам Вінчэўскім — і гэта асаблівая ўдача. Прайсціся па экалагічнай сцежцы з вядомым арнітолагам, задаць пытанні, пачуць прафесійныя тлумачэнні — дарагога варта. Наша балотная вандроўка атрымалася надзвычай пазнавальнай і цікавай.

Як і марыла, я сабрала ў балоце жменьку журавін — знайшла некранутую купінку ля сцежкі. Жураўля, праўда, не злавіла, затое ўбачыла іх багата. Як мне патлумачылі ў Мёрах, гэта вельмі добры знак: “жураўлі і журавіны” — must see (трэба ўбачыць) кожнай восенню. Птушкі абяцаюць здзяй­сненне мар, а ягады — добрае здароўе.

Вядома, я буду рада і налета паехаць у Мёры. Нягледзячы на вар’яцкае надвор’е, якое выпала сёлета на фестывальны дзень, там было надта хораша!

Галіна СІДАРОВІЧ.
Фота Казіміра БЛАЖЭВІЧА.