Ідэальная чысціня і добразычлівыя людзі

12 красавіка быў завяршальны, але дастаткова насычаны дзень знаходжання ў нашай краіне прадстаўнікоў азербайджанскай дэлегацыі, якая прыляцела для ўдзелу ў Днях моладзі Азербайджанскай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь. У сераду госці з сонечнай краіны наведалі Музей сучаснай беларускай дзяржаўнасці, а таксама змаглі ўбачыць сталіцу Беларусі ва ўсёй прыгажосці падчас аўтобуснай экскурсіі па горадзе.

Ва ўводнай зале Музея сучаснай беларускай дзяржаўнасці прадстаўлены макеты самых знакамітых архітэктурных помнікаў Беларусі, якія былі пабудаваны і рэканструяваны ў перыяд незалежнасці краіны, у тым ліку Нацыянальнай бібліятэкі і комплексу “Мінск-Арэна”. Ва ўводнай зале размешчаны таксама гербы беларускіх гарадоў. Адзін клік экскурсавода па “разумным экране” — і перад намі невялікі мультфільм — гатовы адказ на пытанне аднаго з азербайджанскіх сяброў пра значэнне выявы на гербе Брагіна.

Азербайджанскія госці падчас экскурсіі задавалі мноства пытанняў, часам параўноўвалі дасягненні Беларусі і Азербайджана. Асаблівую цікавасць выклікалі першыя беларускія грошы, вядомыя як “зайчыкі” і “вавёркі”, не засталіся без увагі і знакамітыя купоны — таксама плацежная гісторыя нашай краіны. Азербайджанцы былі прыемна здзіўлены сучаснымі адкрыццямі і дасягненнямі беларусаў у галіне медыцыны і навукі, сельскай гаспадаркі і машынабудавання. Па словах нашых гасцей, асабліва іх уразілі велізарныя БелАЗы, з якімі давялося пазнаёміцца падчас паездкі ў Жодзіна.

Напрыканцы экскурсіі ў электроннай кнізе водгукаў музея з’явілася яшчэ адно прывітанне ад новых наведвальнікаў: “Цудоўнай краіне Беларусь ад сонечнага Азербайджана”. Яго аўтар — Валерыя Гусейнзадэ (больш вядомая ў Азербайджане пад псеўданімам Rilaya) — маладая спявачка, вядомая па ўдзеле ў міжнародным праекце “Вялікая сцэна” і нацыянальным адборачным туры “Еўрабачанне-2013”, у якім дзяўчына дайшла да фіналу. Азербайджанская прыгажуня з задавальненнем падзялілася ўражаннямі аб наведванні нашай краіны: “Мне вельмі спадабаўся беларускі народ, не ў кожнай краіне ўбачыш такіх людзей — добрых, пяшчотных і вельмі шчырых. Мне вельмі спадабаліся вялікія, шырокія праспекты. Аднак самае дзівоснае ў Мінску і ў іншых гарадах, якія мы наведалі, — гэта ідэальная чысціня, літаральна ідэальная. Магу з упэўненасцю сказаць, што рэдка такое ўбачыш! Мяне гэта вельмі здзівіла, і я ганаруся, што ў вас менавіта так. Акрамя таго, мяне ўразіў музейны комплекс “Дудуткі”, а таксама цудоўны Нясвіж. Увогуле для нашай дэлегацыі ўсё было цікавым і пазнавальным і прайшло проста на вышэйшым узроўні. Я рада, што наведала Беларусь. Вялікі вам дзякуй, цудоўны народ, цудоўная краіна, цудоўны горад!”

Завяршыўся візіт азербайджанскай дэлегацыі экскурсіяй па сталіцы. А ўвечары іх ужо чакаў самалёт, які вярнуў гасцей у сонечны Азербайджан, пакінуўшы ў памяці ўспаміны пра гасцінную Беларусь. Будзем зноў рады вітаць вас, сябры!

Людміла ГУРСКАЯ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *