Сапраўдных грамадзян выхоўваюць сапраўдныя педагогі

Наталля Іванаўна Качанава, намеснік прэм’ер-міністра нашай краіны, прыняла ўдзел у пашыраным пасяджэнні Асацыяцыі кіраўнікоў устаноў адукацыі. Пасяджэнне адбылося ў Паплаўскім дзіцячым садзе — сярэдняй школе Бярэзінскага раёна Мінскай вобласці. Сустрэча была прысвечана тэме “Фарміраванне грамадзянскай кампетэнтнасці навучэнцаў сродкамі вучэбных прадметаў”, аднак размова педагогаў з намеснікам прэм’ер-міністра выйшла далёка за яе межы.

Асацыяцыя кіраўнікоў устаноў адукацыі ўваходзіць у склад Беларускага педагагічнага таварыства. Сёння БПТ — гэта 16 секцый, 5 клубаў, 4 асацыяцыі, каля тысячы зарэгістраваных членаў і яшчэ больш удзельнікаў разнастайных мерапрыемстваў. Кожнае мерапрыемства — гэта непасрэдная ініцыятыва педагогаў-практыкаў, накіраваная на вырашэнне актуальных праблем сістэмы адукацыі. Гэта тычыцца і тэмы, выбранай для абмеркавання на пасяджэнні асацыяцыі. З тым, што тэма гэтая надзвычай актуальная, згадзілася і ганаровая госця пасяджэння: “Педагог не толькі выкладае прадмет, але і з’яўляецца выхавальнікам. Сёння фарміраваць духоўна-маральныя каштоўнасці, грамадзянскую пазіцыю, патрыятызм вельмі важна, бо выгадаваць і выхаваць чалавека — гэта найважнейшая задача. Колькі б мы ні гаварылі аб эканамічных паказчыках, галоўнае ў краіне — людзі”, — падкрэсліла Н.І.Качанава.

Выхаванне грамадзяніна — гэта звышзадача адукацыі, а грамадзянская кампетэнтнасць выступае як ключавая, надпрадметная. І магчымасці для фарміравання гэтай кампетэнтнасці прадастаўляе практычна кожная школьная дысцыпліна. Як гэта магчыма, паказалі на практыцы настаўнікі-метадысты, удзельнікі асацыяцыі “Імкненне”. Яны арганізавалі падчас пасяджэння міні-ўрокі. Так, Інеса Уладзіміраўна Зубрыліна, старшы выкладчык МДЛУ і настаўніца гімназіі № 24 Мінска, паказала ўрок англійскай мовы. Падчас заняткаў умоўныя вучні, якімі сталі на 20 хвілін калегі-педагогі, вучыліся на англійскай мове выказваць пачуцці, якія выклікаюць у іх дзяржаўныя сімвалы. Як можна выхоўваць найлепшыя маральныя якасці дзяцей і разбураць негатыўныя стэрэатыпы, паказала на міні-ўроку беларускай літаратуры Галіна Анатольеўна Сухава, настаўніца гімназіі № 5 Віцебска. Як родная прырода можа дапамагчы захаваць здароўе, расказала сваім вучням на занятках Алена Уладзіміраўна Цілюпа, настаўніца сярэдняй школы № 3 Крычава. Людміла Аляксееўна Кушнярова, настаўніца гімназіі № 1 Мінска, разам з удзельнікамі ўрока шукала рашэнне праблемы сапраўдных і лжывых меркаванняў. Як можна цікава і па-сучаснаму выхоўваць сапраўднага грамадзяніна, патрыёта і проста добрага чалавека на ўроку гісторыі, прадэманстраваў настаўнік сярэдняй школы № 11 Маладзечна Віктар Эдуардавіч Жук.

Месца сустрэчы было выбрана невыпадкова. Паплаўскі ВПК — установа, якую складана назваць звычайнай. 5 гадоў назад кіраўніцтва вырашыла перавесці адукацыйную практыку з рэжыму функцыянавання ў рэжым інавацыйнага развіцця. Амбіцыйныя планы паспяхова былі здзейснены. Многа гаворыць толькі той факт, што ў гэтай сельскай установе, дзе працуюць усяго 25 педагогаў, палова з іх асвоілі ўменне ствараць аўтарскія электронныя сродкі навучання. Сюды, для таго каб набрацца вопыту, з задавальненнем едуць калегі з розных рэгіёнаў. У Паплаўскім дзіцячым садзе — сярэдняй школе быў рэалізаваны інавацыйны праект “Укараненне аўтарскіх электронных сродкаў навучання і выхавання ў сістэму грамадска-патрыятычнага выхавання навучэнцаў”. Зараз у Паплавах працуюць над новым інавацыйным праектам “Укараненне мадэлі Рэспубліканскага інавацыйнага цэнтра як кампанента адзінай адукацыйнай прасторы”. Аб гэтым расказаў дырэктар ВПК Віталь Мікалаевіч Дудко.

Пасяджэнне прадоўжылася выступленнем Наталлі Іванаўны Качанавай. Намеснік прэм’ер-міністра адразу запрасіла педагогаў да дыялогу і адказала на іх пытанні. Сустрэча прайшла пасля знакавай падзеі — Паслання прэзідэнта беларускаму народу і Нацыянальнаму сходу, таму пагаварыць было аб чым. Так, Наталля Іванаўна закранула пытанне становішча маладых педагогаў: “Важнае і сур’ёзнае пытанне, каб педагогі прыходзілі і заставаліся ў прафесіі. Для гэтага патрэбна матывацыя. Чарговы раз кіраўнік дзяржавы паставіў перад намі задачу вывучыць сітуацыю з зарплатамі маладых спецыялістаў і маладых педагогаў увогуле. Ужо сёння многія кіраўнікі, зацікаўленыя ў тым, каб малады педагог застаўся ў яго працаваць, знаходзяць формы і метады заахвочвання педагога. Задача пастаўлена, сітуацыя будзе вывучана, меры па падтрымцы маладых педагогаў будуць прыняты”.

Намеснік прэм’ер-міністра адзначыла, што лічыць прафесію педагога прэстыжнай, што ісці ў прафесію павінны не проста моцныя выпускнікі, а тыя, хто сапраўды хоча працаваць настаўнікам. Калі педагог сваю прафесію не любіць, то пакутаваць будзе і ён сам, і дзеці. Таму і з’явілася прапанова аб залічэнні ў педагагічныя УВА без экзаменаў выпускнікоў профільных педагагічных класаў пры наяўнасці хадайніцтва і станоўчых рэкамендацый ад калектыву школы, высокіх балаў атэстата. “Якой бы цудоўнай ні была матэрыяльная база школы, калі няма ў ёй педагога з яго ведамі і вопытам навучання і выхавання, то выніку не будзе. Педагог — ключавое звяно ў сістэме адукацыі”, — лічыць Наталля Качанава.

Звярнула ўвагу Наталля Іванаўна і на магчымасць з’яўлення незалежнай атэстацыі пасля заканчэння базавай школы, каб у 10 клас ішлі найбольш здольныя да вучобы дзеці. Тым больш што ў краіне працуюць цудоўныя ўстановы прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі, дзе моладзь можа сябе рэалізаваць. Аднак апошнім часам склаліся пэўныя стэрэатыпы наконт неабходнасці выключна вышэйшай адукацыі. Іх трэба разбураць і мяняць мысленне не толькі дзяцей, але і іх бацькоў, каб усе разумелі, што важна выбраць менавіта тую справу, якой чалавек шчыра хоча займацца.

Наталля Іванаўна пацвердзіла, што працягнецца работа па аптымізацыі сеткі ўстаноў адукацыі, аднак адзначыла, што праводзіць гэтую работу трэба асцярожна і ўдумліва, прадумваючы перспектывы. Працягнецца і работа над укараненнем сістэмы фінансавання ўстаноў адукацыі, заснаванай на колькасці навучэнцаў. Аднак і гэты падыход патрабуе глыбокага вывучэння і ўважлівага стаўлення да кожнай установы.

Падводзячы вынікі, Наталля Іванаўна Качанава адзначыла, што адукацыя — сістэма дынамічная, сітуацыя мяняецца. Каб сачыць за гэтымі зменамі, праходзяць шматлікія сустрэчы з педагагічнымі работнікамі. Па выніках гэтых сустрэч, выказаных прапаноў, глыбокага аналізу ў Кодэкс аб адукацыі будуць унесены адпаведныя дапаўненні і змены.

Дар’я РЭВА.
Фота аўтара.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *