Сэрца аддаюць дзецям

У Гродзенскай вобласці ў 858 апякунскіх, 313 прыёмных сем’ях, 24 дзіцячых дамах сямейнага тыпу выхоўваецца амаль 1800 дзяцей. Першы фестываль замяшчальных сем’яў “Сэрца аддаю дзецям” сабраў 19 сем’яў з усіх раёнаў вобласці.

— Два гады назад мы правялі конкурс сярод сем’яў, якія выхоўваюць прыёмных дзяцей, і ўбачылі вялікую зацікаўленасць бацькоў не толькі ў зносінах, але і ў атрыманні новых ведаў і кампетэнцый, — гаворыць начальнік аддзела выхаваўчай і сацыяльнай работы ўпраўлення адукацыі Гродзенскага аблвыканкама Таццяна Асмалоўская.

Менавіта так, каб усе ўдзельнікі — а самаму малодшаму было два гады — маглі атрымаць новыя веды, прадставіць свае сем’і, а таксама і адпачыць, быў арганізаваны фестываль упраўленнем адукацыі, Гродзенскім абласным інстытутам развіцця адукацыі і Гродзенскім абласным камітэтам Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі. Фестываль праходзіў у жывапісным месцы — на базе абласнога дзіцячага аздараўленчага лагера “Юнацтва”, у сасновым бары, на беразе Нёмана.

У першы дзень работы фестывалю адбылося самапрадстаўленне сем’яў, дзе яны паказвалі своеасаблівы сямейны альбом, выстава іх творчых работ. Сям’я Карпіцкіх з Астраўца прадэманстравала ўменні ўсіх шасці дзяцей: малюнкі, вырабы з прыроднага матэрыялу, мяккія цацкі. А галоўнай майстрыхай тут лічыцца бабуля Ірэна — на выставе быў прадстаўлены яе ўласны куток.

Калі дарослыя займаліся дарослымі справамі, дзеткі маглі бавіцца з клоўнамі, гуляць з валанцёрамі, а ўвечары на фестываль завіталі гродзенскія байкеры.

Правядзенню фестывалю замяшчальных сем’яў папярэднічала вялікая работа. У дарослых удзельнікаў цікавіліся тым, на якія пытанні яны б хацелі атрымаць адказы. Значны блок быў прысвечаны пытанням псіхалагічнага характару. Майстар-класы “Дыягностыка і карэкцыя стану дзіцяці”, “Спакойныя бацькі — шчаслівыя дзеці”, “Сямейная медыяцыя як форма вырашэння сямейных канфліктаў” правялі практычны псіхолаг Гродзенскага абласнога грамадскага аб’яднання практычных псіхолагаў Наталля Тальвінская, кандыдат медыцынскіх навук псіхатэрапеўт Эльвіра Хмяльніцкая, кандыдыт псіхалагічных навук загадчык кафедры ўзроставай і педагагічнай псіхалогіі ГрДУ імя Янкі Купалы Аксана Шульга.

Быў і творчы блок — майстар-класы па выяўленчым мастацтве, па рабоце з кінетычным пяском, развіцці дробнай маторыкі ў дзяцей малодшага ўзросту, танцатэрапіі, фларыстыцы “Сувенір на шчасце”, па дэкаратыўна-прыкладным мастацтве “Лялькі-ахоўніцы” і “Дамавічок Кузя”. Змене рытмаў садзейнічалі агульная ранішняя зарадка, турыстычна-забаўляльная праграма “Тата, мама, я — турыстычная сям’я” і спартландыя “Вясёлыя старты”.

— Галоўнай мэтай фестывалю мы лічылі павышэнне прафесійнага майстэрства замяшчальных бацькоў, павышэнне ўзаемаразумення паміж бацькамі і дзецьмі, уменне арганізаваць сямейны адпачынак і развіваць дзяцей, — расказвае адзін з арганізатараў фестывалю метадыст аддзела сацыяльнай работы і прававой аховы дзяцінства Гродзенскага абласнога інстытута развіцця адукацыі Наталля Клімовіч. — На працягу двух дзён можна было атрымаць кансультацыі ў спецыялістаў Нацыянальнага цэнтра ўсынаўлення Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, Гродзенскай абласной арганізацыі Беларускага прафесійнага саюза работнікаў адукацыі і навукі.

Усе ўдзельнікі фестывалю атрымалі не толькі новыя веды, але і перамогу ў намінацыях. Так, сям’я Савіных з вёскі Ятвезі Ваўкавыскага раёна прызнана лепшай у намінацыі “Сузор’е талентаў”. Алена Міхайлаўна і Дзяніс Аляксандравіч выхоўваюць шасцярых уласных і чацвярых прыёмных дзяцей.

— Усе нашы дзеці дружныя, паміж імі няма саперніцтва ці рэўнасці, — гаворыць Алена Міхайлаўна. — На фестывалі я ўбачыла шмат такіх сем’яў. І я не ведаю ніводнага з прыёмных бацькоў, хто б не любіў сваіх дзяцей.

Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.
Фота Юліі АНІКЕВІЧ.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *